epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Супрунчук

Рамонак мой

 

Вясной нашу брыгаду накіравалі ў гэтую вёску. Лінію электраперадач засталіся дарабляць некалькі чалавек, дый то з тых, хто падленьваўся працаваць. Майстар Гарбусь пачынаў новы ўчастак. З людзьмі надзейнымі, праверанымі, хоць бы за адзін сезон.

З упраўлення прыйшоў аўтобус, стары, дабіты рабацяга, які перавёз за свой век сотні мантажнікаў і ўсё яшчэ цягнуў нялёгкі воз. Нас папярэдзілі: ад’язджаем праз тыдзень. Аднак нічога канкрэтнага Габрусь не гаварыў, і мы спакойна жылі на сваіх кватэрах, якія сталі амаль роднымі.

— Заўтра, хлопцы, у тры гадзіны.— Габрусь уважліва абвёў вачыма нашы твары і шматзначна пастукаў пальцам па шыі.— Гэтага ні-ні, інакш...— і папрасіў: — Навошта з чырвонымі насамі прыязджаць у новыя мясціны?

Я сеў ззаду, агледзеўся. Ля кожнага мантажніка стаялі чамаданы, мяшкі, сумкі з наклеенымі малюнкамі. Гэтымі малюнкамі абдарыў усіх Паськевіч, які летась дэмабілізаваўся з арміі.

Не было толькі Паліны Вярбіцкай. Яна — адзіная дзяўчына ў брыгадзе. Прыйшла да нас пасля вучылішча. Была Паліна невысокая, са светлымі валасамі, як рамонак. Здзіўлялі яе вочы — густога васільковага колеру. Трошкі псавалі іх рыжыя кароценькія павекі. За тыя месяцы, што яна працавала з намі, я, здаецца, не чуў ад яе ніводнага слова. Дзяўчына сядзела звычайна дзе-небудзь у кутку і слухала, аб чым гаварылі мантажнікі. Майстар даваў ёй заданні не надта важныя і лёгкія.

— Цып-цып, куранятка! — жартаваў у добрым настроі Габрусь.

Спачатку мы рагаталі, а пасля... Наш начальнік разумеў, дзе канчаецца сяброўскі смех і пачынаецца здзек з чалавека.

Мінула каля дваццаці хвілін, а Паліна не ішла. У аўтобусе нават сёй-той заспяваў. Габрусь круціў носам, але маўчаў. Потым не вытрымаў, выйшаў курыць.

— Эй, рамізнік, гані бізуном свае коні! — падняўся Іван Шабер.

Бачу, майстар кінуў цыгарэту і адчыніў дзверы ў аўтобус.

— Казік! — гэта ён да мяне.— Прашу, скокні да Вярбіцкай. Здарылася з ёй што-небудзь?

— Якая халера яе возьме! — крычыць Шабер.

Паліна жыла ў завулку, бліжэй да рэчкі, якраз там, дзе пачынаецца лес. Пяць хвілін хады. Прабег плошчу, ускочыў у двор і без стуку, па-вясковаму, у хату... І аслупянеў каля парога. Перад сабой убачыў незнаёмую дзяўчыну ў элегантным паліто. Валасы, нібы пераспелая жытняя салома, ляжалі на плячах. Палініны вочы з цікавасцю сачылі за мной.

— Цябе чакаем,— сказаў я і схапіў маленькі чамадан, таксама з Паськевічавай замежнай прыгажуняй. Паліна ішла наперадзе, а я памалу цягнуўся ўслед. Дзе падзелася тое паніклае, шэрае дзяўчо? Так думалася мне.

Звонка стукалі па брукаванай вуліцы абцасы, вецер расхінаў паліто, і былі відаць стройныя, дужыя ногі.

Я ішоў і паціху дакараў сябе. Ці варта было шукаць нечага на танцах у суседніх вёсках. Альбо ехаць з сябрамі за трыццаць кіламетраў у раённы гарадок, дзе ў парку спрабавалі пазнаёміцца з дзяўчатамі. Гэта ў нас называлася «забіць кліна». Звычайна вярталіся сумныя, расчараваныя. Гаворак, праўда, было на тыдзень. Успаміналі, як Шабер ці Паськевіч пыталіся:

— Дзяўчынка, а дзяўчынка, можа, вы хочаце з намі куды-небудзь прайсці? А вы не любіце цукерак «кіс-кіс»?

— Паліна! Ты не хочаш цукерак «кіс-кіс»? — сказаў я невядома чаму.

Вярбіцкая азірнулася на мяне, нічога не адказала. Мы падышлі да аўтобуса, каля якога курыў Габрусь. Відаць, ён хацеў вылаяць Паліну так, каб яна надоўга запомніла.

— Бачыш!..— сказаў ён такім тонам, з якога пачынаецца крык, і раптам змоўк. Майстар перахапіў чамадан у мяне, дапамог Паліне ўлезці ў аўтобус.

— Ну, такую дзяўчыну я магу чакаць і гадзіну,— шафёр першы парушыў цішыню.

— Сядай каля мяне,— майстар зняў чамадан на падлогу.

— Якая ружа! — цмокнуў Паськевіч.— Дзе ты хавалася да гэтага часу?

Мне хацелася, каб Паліна села побач са мной. Калі я хвалююся, чырванее твар, таму нахіліўся да акна. З двара выйшла мая былая гаспадыня. Раніцай яна нават заплакала, прасіла хоць слоўца дасылаць ёй калі-небудзь. У цёткі Марыі быў адзін сын і таксама недзе блукаў па свеце. Зімой ён быў тут у адпачынку. Мы з ім пасябравалі і вечарамі сядзелі за шахматнай дошкай.

— Казік, можна, я сяду тут? — спакойнае і ласкавае цяпло ішло з вачэй дзяўчыны. Нібы зачараваны, я хітнуў галавой.

Да жыцця мае адносіны былі простыя: загадвалі — рабіў, пыталіся — адказваў. Не ўяўляў я, што самы апошні мантажнік у брыгадзе, якім, на маю думку, была Вярбіцкая, можа зацікавіць мяне.

Ад Паліны ішоў густы пах духоў. Спадылба глянуў на яе. Павекі трошкі падфарбавала, і ад гэтага вочы пацямнелі, нос, маленькі і кірпаты, рабіў твар дзяўчыны вясёлым.

— Колькі гадзін будзем ехаць, Казік? — Яна распранулася. Паліто паклала на калені. У сукенцы Вярбіцкая была худзенькая, куды толькі прапала няўклюднасць, якую надавала ёй рабочая вопратка.

— Вечарам будзем на месцы.

— Блага. Гэта ж пакуль уладкуемся па кватэрах...— Паліна сумна ўсміхнулася: — Шкада развітвацца з гэтай вёскай. У маіх гаспадароў дзіўны сабака. Яны называюць яго Боська. Калі чужыя куры пачынаюць бойку з нашымі, дык ён адразу бяжыць на дапамогу сваім. Смешна, праўда?

— Праўда,— згадзіўся я.

— Чаго наша прыгажуня схавалася ў цёмным кутку? — п’яны Шабер зарагатаў. Мне стала непрыемна, ды я стрымаўся.

Каб быў я султан,

Я б меў тры жонкі

І сярод іх абавязкова Паліну...

Шабер ішоў да нас. Напэўна, ад яго чакалі нечага смешнага, вясёлага. Толькі мне рабіліся ненавіснымі гэтыя роўныя і белыя, як цукар, зубы, якімі ён адкрываў бутэлькі віна, парослы чорнымі валаскамі твар. Я прыціснуўся бліжэй да Паліны і адчуў, як яна ўся дрыжыць. Не думаючы, што можа быць потым, я памалу падняўся. На здранцвелых нагах зрабіў адзін крок.

— Ха! — сказаў Шабер. — Абаронца, здаецца, ужо ёсць у майго птушаняці. Дык зараз вырву рукі і пастаўлю замест іх палкі. Бач, шчанюк...— працягваў ён здзіўлена.

— Адыдзі і сядзь на месца, — ціха сказаў я, нічога больш не бачачы, акрамя расхрыстанай кашулі і белых ад злосці вачэй.

Упэўнены, каб ён ударыў сваім натрэніраваным кулаком, я лёг бы на падлогу. Так я думаў пазней, а тады Шабер падняў руку, і за яе ўхапіліся хлопцы.

— Супакойся, а то я цябе хутка на чыстыя прасціны ў асобны пакой адвязу,— сказаў майстар Габрусь.— Ваяўнічы нешта сёння ты, браце. Астудзіся, бо ўспомню ўсё, што забыў, і блага табе, Шабер, будзе.

Далей мы ехалі не размаўляючы. Зацягнуў песню Паськевіч, але яго не падтрымалі. Перад самай вёскай шафёр замармытаў:

 

Адзін дзень, другі дзень,

Адна ноч, друга ноч,

О, Франё, Франё,

Чо будзе з намі!

 

На яго хтосьці гаркнуў, і ён збянтэжана скончыў сваю песню. Паліна нервова камячыла хустачку ў руках, і зноў мне здалася яна той напалоханай дзяўчынкай, якая штодзень раніцай сядзела ў глухім кутку склада электраматэрыялаў.

Кватэры на новым месцы ўжо былі падрыхтаваны. Як мы развіталіся з Палінай, не помню. Чамаданчык ёй я вынес з аўтобуса. Яна затрымалася на момант, пастаяла, схіліўшы галаву, і паціху пайшла. Пасля ўсё хутчэй і хутчэй...

Электралініі ў гэтай вёсцы праводзілі даўно. Трэба было мяняць слупы, дзе-нідзе асвятленне. Таму мы адразу ўзяліся за работу.

З раніцы да вечара я ездзіў на нашу базу па матэрыял. Часцей за ўсё грузілі мы іх уручную, бо кран быў ці то сапсаваны, ці то на «калыме». Лаянка з хітрым, чорным, як жук, загадчыкам склада нічога не давала: усе ведалі, што ён дзеліць грошы з кранаўшчыком, але... не злавілі — не злодзей.

Рабілі мы, як кажуць, ад душы: грузілі на машыну слупы, бетонныя пасынкі, барабаны з дротам. Пад канец дня рукі пачыналі дрыжаць. Павячэраўшы, я засынаў адразу: прыязджалі з базы мы каля дванаццаці гадзін ночы, а паднімаліся з першымі пеўнямі. У гэтыя дні я не бачыў Паліну.

І вось мы запоўнілі свае склады матэрыяламі. Майстар Габрусь загадаў усім быць раніцай у яго ў канторцы — невялікім будане, зробленым Паськевічам з дошак, што засталіся ад абсталявання.

Мяне здзівіла, што Паліна весела размаўляла з Шаберам. Яна была ў новай зялёнай ватоўцы, валасы падтрымлівала блакітная хустачка. Паліна не сядзела наперадзе, але і не ў кутку, як раней.

Пяцімінутка зацягнулася. І я задумаўся аб сваім: як там маці сама пасадзіць бульбу. У калгасе з дзесятак коней, астатніх здалі на мясакамбінат. Каб узараць канём соткі, трэба дачакацца сваёй чаргі. Летась нарыхтоўшчыку за тое, што даў каня ўзараць агарод, заплацілі трыццаць рублёў. Па рублю за кожную сотку...

Нібы хто пацягнуў мяне за руку, паклікаў. Так мне раптам здалося. Я азірнуўся — і ўсярэдзіне штосьці здрыганулася. На мяне глядзела Паліна. Яна не слухала Шабера, па позірку было відаць: думкі яе недзе далёка.

— Казік, пойдзеш старшым мяняць асвятленне кароўніка,— пачуў я голас майстра.— У дапамогу табе... каго ж табе даць?

— Можна, я пайду з ім? — сказала Паліна.

— Правільна. Астатнім — на бандаж слупоў. Ідзіце,— сказаў Габрусь.

Я ўзяў інструменты, дрот і пайшоў з канторкі. Праз хвіліну пачуў, як стукнулі дзверы.

— Пачакай. Не бяжы так хутка.— Паліна дагнала мяне.

— Чаму ты захацела са мной рабіць? — Я чамусьці пачынаў злавацца і ўжо шкадаваў, што не адмовіўся ад Паліны: лепш узяў бы з сабой каго з хлопцаў.— Бачу, Шабер табе даспадобы, ішла б з ім.

Твар у Паліны паружавеў, вочы змянілі свой колер з сіняга на чорны, вусны пакрыўджана скрывіліся. Але — толькі на імгненне.

— Ну і дурань ты, Казік. Конь божы, вось ты хто.

Да абеду мы не размаўлялі. Злосць мая даўно прайшла, і я разумеў, што яна недарэчная і нават смешная. Мне хацелася падысці да Паліны, спытаць у яе, як жыла два тыдні пасля нашага прыезду ў вёску. Я ў думках шукаў словы, з якіх можна было б пачаць гаворку. Ці добрая кватэра? Што яна тут бачыла? Як часта кіно ў клубе?

Нарэшце я не вытрымаў:

— Паліна!

— Што?

— Падыдзі...

— Калі патрэбна, і сам можаш, не пан...

І я падышоў.

— Чаго? — шырока расплюшчаны чыстыя вочы. Сапраўды, які я конь божы: столькі часу была побач — і нуль увагі. На галаву ёй са страхі насыпалася саламяная пацяруха, і не зразумець было, дзе валасы, а дзе — салома: усё аднаго колеру. Я асцярожна счысціў з плеч Паліны смецце і... забыўшыся аб усім, абняў яе. Рэзкі штуршок у грудзі працверазіў мяне. Я ледзь не стукнуўся галавой у слуп, што падтрымліваў дах будынка.

— Звар’яцела? — сказаў я, але адразу змоўк, бо Паліна ўжо стаяла перада мной і спачувальна пыталася:

— Ты не моцна ўдарыўся? Прабач, Казік, міленькі...

— Не,— сказаў я. Паліна была побач. Я абхапіў яе, штосілы прыціснуў да сябе, чакаючы новага штуршка. Бачыў яе вочы, удзячныя і радасныя. Адчуваў рукі, мяккія і пяшчотныя... Незнаёмы і дзівосны пах ідзе ад саламяных валасоў, і я ўжо цалую павекі, вусны, кірпаты нос, кожную кропку на нечакана блізкім і родным твары...

Гэты дзень скончыўся для мяне вельмі рана і хутка, бо не ўяўляў, як пакіну Паліну на доўгую ноч. Бедныя тыя людзі, якія не зразумелі, што трэба берагчы кожную гадзіну і кожную хвіліну шчасця, калі яно прыходзіць да цябе.

— Ты мне спадабаўся яшчэ перад тым выпадкам у аўтобусе. Я назірала за табой, слухала, што гаворыш... Мне ты здаваўся надта сур’ёзным. Я так хацела ўбачыць цябе гэтыя тыдні.

— Таму добрая з Шаберам?

— Кінь, не трэба так,— яна закрыла мне далонню рот. — Я хачу падабацца толькі табе. Якія ў цябе разумныя вочы. Ты мой самы прыгожы...

— Ды не. Я зусім-зусім непрыгожы. Бач, які ў мяне крывы і доўгі нос. Чорныя, быццам у грака, валасы, і вочы недзе далёка схаваныя і злыя.— Я падхапіў яе на рукі і пранёс некалькі крокаў.

— Не трэба, яшчэ ўбачаць,— ласкава, але настойліва яна вызвалілася з маіх абдымкаў.

...Я працаваў так, быццам мяне нехта, як казала маці, гнаў у карак. Усё мне было ў радасць. Побач я бачыў Паліну. Я забыў, што месяц не пісаў маці, што не адаслаў ліст сябру ў армію, што ў раённым горадзе тры разы на тыдзень танцы...

Раніцай у канторцы мы сядзелі побач. Габрусь зноў даручыў нам адну работу, і брыгада гэта ўспрыняла быццам бы з павагай. Вядома, не абыходзілася без жартаў:

— Казік, ты наш першы кавалер.

— Паліна, скажы, што гэта вы ўчора з Казікам вечарам рабілі, га?

Аднак гэты смех мяне не турбаваў, дый ці слухаў я, што гаварылі хлопцы. Я бачыў: яны зайздросцілі мне. Неяк нечакана расквітнела Паліна, узнялася прыгожай кветкай.

Мабыць, да пэўнага часу яна гэтага не разумела, але позіркі мужчын, іх грубаватая пачцівасць патрохі рабілі сваё. Паліна стала ўпэўненая і рашучая. І такой падабалася мне яшчэ больш. Не казаў я ёй пра свае пачуцці, але, думаю, Паліна ўсё адчувала сэрцам. Адкуль прыйшло каханне, што так ускалыхнула маю душу?

Ёй было дзевятнаццаць гадоў, мне — крыху больш. І я верыў у сваё каханне.

У другой палове дня мяне выклікаў майстар Габрусь. У канторцы быў незнаёмы пажылы чалавек.

— Гэта майстар з Лукомля. Ім тэрмінова патрэбен спецыяліст па трансфарматарах. Я хачу, каб ты паехаў.

— На колькі дзён?

— Не менш чым на месяц,— адказаў майстар з Лукомля.

— Згодзен з умовай, калі разам са мной паедзе...

— Вярбіцкая,— сказаў Габрусь.— Нельга. Нас таксама цісне тэрмін, і ты гэта ведаеш.

— Тады не еду.

— Я цябе прашу гэта зрабіць для мяне,— сказаў Габрусь.

— Добра... Толькі паеду раніцай.

Паліна правяла мяне далёка за вёску, дзе — я так папрасіў — мяне чакала машына. Паліна была сумная, пад вачамі ў яе чарнелі кругі, бо гэта ноч была для нас бяссоннай.

— Паліна, едзем разам.

— А што скажа майстар? Не, нельга так.

— Ніхто нічога не будзе гаварыць.

— Не магу...

Абяцаны месяц стаў трыма месяцамі мітусні і клопату, без выхадных. Штурмавалі апошні блок электрастанцыі, і наша начальства чакала, калі можна будзе рапартаваць вышэйшаму начальству.

Я паслаў Паліне пісьмо. Атрымаў і ад яе. Яна пісала, што ў брыгадзе ўсё добра, пісала яшчэ пра свой смутак, пра нашу будучую сустрэчу.

Не магу дараваць сабе: з-за рознай мітусні не напісаў ёй пісьма — пісаць наспех не хацелася, не мог...

А пасля, калі надумаў, трэба было вяртацца ў сваю брыгаду. Я непакоіўся: два месяцы пошта не прыносіла вестак ад маёй Паліны.

Праехаўшы дзень і ноч на спадарожнай машыне, раніцай я быў у вёсцы. Пакінуў чамадан на кватэры — і ў канторку, да майстра Габруся. Я спяшаўся і думаў, як зараз сустрэнемся з Палінай і застанемся ўдваіх. Нецярпліва адчыніў дзверы, пераступіў парог. Паліны не было. Я прабег вачыма раз-другі па тварах хлопцаў. Каля акна чарнела постаць Шабера. Злосная і хітрая ўсмешка блукала па яго вуснах.

— Дзе Паліна?

— Паехала...— сказаў Паськевіч.

— У камандзіроўку, Габрусь?

— Не, зусім. Звольнілася...

— Навошта ты ёй такі? — нахабна глядзеў на мяне Шабер.

— Хто табе сказаў?

— Мне не трэба казаць...

На сцяне вісеў пажарны інструмент, і я, не думаючы, што будзе пасля, схапіў рыдлёўку і кінуў яе ў Шабера. Але толькі шыба паляцела з акна. Шабер выйшаў. Следам пайшлі хлопцы.

Мы засталіся ў канторцы з майстрам.

— Чаму яна паехала?

— Раскажы, як працавалася ў Лукомлі. Пашанцавала табе.

— Праўда тое, што Шабер...

— Кінь. Прыйшоў з упраўлення загад, у якім табе падзяка за работу на электрастанцыі.

— Майстар, ты мне зубы не загаворвай! Я пытаюся, што было...

— Спасу не было ад Шабера, вось і паехала,— сказаў неахвотна Габрусь і ўпікнуў: — За тры месяцы мог наведаць. Часу не было? Захацеў, дык знайшоў бы...

Я ўспомніў радасць ад кожнага дня з Палінай, яе гарачыя абдымкі, бясконцыя словы пра каханне...

Шабер нікуды не знікне, мы з ім яшчэ пагаворым. Але спачатку я знайду Паліну.

 


1984-1985?

Тэкст падаецца паводле выдання: Супрунчук В. Недзе баліць ля сэрца: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 247с.
Крыніца: скан