epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віктар Супрунчук

«Singen...»

 

Верыце ці не, толькі сабака застрэліў Міхея, школьнага сябра Браніслава Акімавіча. Самы лепшы пляткар такое не прыдумаў бы, але ж вось як яно можа быць.

Жыў Міхей у роднай вёсцы і рабіў у калгасе шафёрам. Любіў, калі дазвалялі, са стрэльбай пахадзіць па балоце, у лесе. Які ўжо там ён быў паляўнічы, мо за ўвесь час прынёс з дзесятак зайцоў і качак.

Вывазілі тады ў калгасе лес з-за Ясельды. Ну і ўзяў з сабой Міхей стрэльбу. Не паспеў зачыніць дзверцы, як ускочыў у кабіну да яго сабака. Прыехаў Міхей у Шчытнае, спыніўся на палянцы, дзе ўжо было некалькі машын, і шафёры, пастаўшы кругам, яшчэ пакуль расказвалі розныя байкі. Міхей вылез з кабіны са стрэльбай і выпусціў на волю сабаку. Той адразу заскакаў вакол яго, спрабуючы лізнуць у твар. Калі Міхей апусціў стрэльбу прыкладам на зямлю, сабака неспадзеўкі лапай зачапіў за спускавы курок, а стрэльба была зараджана. Грымнуў стрэл, і на вачах у нічога пакуль не разумеючых людзей упаў Міхей з акрываўленай галавой. Сабака спачатку спалохаўся і адбег, падціснуўшы хвост, а потым зноў пачаў скакаць ля гаспадара, здзіўляючыся, чаму ён не падымаецца з зямлі...

Пабыў на пахаванні старога сябра Браніслаў Акімавіч і вярнуўся дамоў у горад сумны, ціхі, як у ваду апушчаны. Здавалася, захварэў, а калі ўявіць, што наогул у яго выгляд не асілка, дык на рабоце пачалі думаць: нешта з ім здарылася. Але з далікатнасці нічога не распытвалі. Звычайна людзі імкнуцца зразумець міжнародныя праблемы, а тое, што баліць суседу, не надта іх турбуе і не цікавіць.

Браніслаў Акімавіч невысокі ростам, кульгае на правую нагу і на плячах — горб. З твару гэты чалавек нічога, можна сказаць, нават сімпатычны: чарнявы, валасы густыя, зрэдзь перасыпаныя сівізной, а вочы цёмна-сінія, ажно блішчаць. Штогод выклікалі яго на медыцынскую камісію, нібыта мог выздаравець, і зноў пацвярджалі другую групу інваліднасці.

Жаніўся Браніслаў Акімавіч позна, недзе пасля сарака гадоў, таму дзеці ў яго былі яшчэ малыя, нават не хадзілі ў школу. Наогул, быў ён чалавек вясёлы, ні з кім не сварыўся. Хоць ягоных жартаў баяліся, язык меў востры, дый галаву разумную. Нездарма заўважана: калі прырода адбірае адно, дык кампенсуе нечым іншым. Бывае жанчына прыгожая, але без цара ў галаве, а бывае розуму аж занадта, а на твар і глянуць нецікава. Тое ж і ў мужчын, усе ж — людзі...

Але ніхто на рабоце не ведаў і нават жонка Надзея, што гарбатым Браніслаў Акімавіч стаў з вайны. Было яму мо шэсць гадоў, і яны разам з Міхеем гулялі ў двары. Раптам адчыніліся веснічкі і ў двор увайшлі немцы. Кур паелі ўжо і, відаць, хацелі пацешыцца, паздзекавацца з дзяцей. Загадалі Міхею і Браніславу: «Аufstehen! Singen!» Што значылі гэтыя словы, хлопцам было вядома. Плачучы, скрозь слёзы, зацягнулі «Перапёлачку». Немцам іхняя песня не спадабалася, і яны пайшлі, але, адыходзячы, адзін з іх, даўгалыгі весялун з губным гармонікам, вінтоўкай перацягнуў па спіне спярша Браніслава, а потым і Міхея. Міхею дык і нічога ад гэтага, пабалела — і ўсё. Браніслаў ад удару страціў прытомнасць, бо фашыст трапіў прыкладам у пазваночнік,— і доўга хварэў. У вёсцы думалі, што памрэ. Аднак выжыў на шчасце ці на гора, толькі з гарбом на вузкіх, худых плячах, і правая нага зрабілася кароткая і амаль сухая. Гледзячы на яго вясёлы твар, ніхто дагэтуль не мог сказаць, што ён хворы ці пакрыўджаны жыццём.

Засумаваў Браніслаў Акімавіч пасля таго, як недарэчна загінуў Міхей. Быў ён адзіны сябра, перад якім можна было раскрыць душу, проста і аб усім пагаварыць. Дый шмат што яшчэ звязвала іх, як людзей блізкіх і параднёных вайной. Пахавалі Міхея, і мо праз месяц пачало сніцца: нібыта яны малыя і нехта вялізны, страшны камандуе ім: «Аufstehen! Singen!» З крыкам прачынаўся Браніслаў Акімавіч, палохаў жонку, дзяцей. Потым ляжаў да раніцы з расплюшчанымі вачыма і не мог болей заснуць.

Здавалася, што і свае бухгалтарскія абавязкі на заводзе ён пачаў горш выконваць, на дзень пазней тэрміну здаў справаздачу за квартал. І ўсе вырашылі: Браніслаў Акімавіч захварэў. Урэшце і яму самому ўжо так падалося, бо як надыходзіла ноч, у галаве гучала: «Аufstehen! Singen!» Цяпер ён нават баяўся класціся спаць. Дый нібыта зноў ачуўся боль на спіне, у тым месцы, куды стукнуў вінтоўкай немец.

Аднойчы, панура ідучы па вуліцы, Браніслаў Акімавіч апынуўся перад шыкоўным, поўным чалавечага гуду і музыкі, рэстаранам. Памарудзіўшы трохі, зайшоў у прасторную залу. Яму знайшлі месца, і ён заказаў сёе-тое паесці. Не спяшаўся, ні аб чым не думаў, проста адпачываў. Яго ўвагу прыцягнула група замежных турыстаў, якія сядзелі ў двух кроках ад століка і гучна весяліліся. Ён прыслухаўся да іх гаворкі і зразумеў, што гэта немцы. І, як бы пацвярджаючы яго здагадку, сусед па століку, малады хлопец у белай майцы з тыгрынай галавой на грудзях, сказаў:

— Турысты з ФРГ...

Больш з іх былі пажылыя людзі і, відаць, яны не адчувалі, што ў чужой краіне, паводзілі сябе спакойна і ўпэўнена. Гэта адразу заўважыў Браніслаў Акімавіч і між волі ўжо слухаў іхнюю гаворку, і з кожнай хвілінай нервы рабіліся ўсё тужэйшымі, а ў галаве запульсавала: «Аufstehen! Singen!»

— Што з вамі? Вам блага? — крануў яго за руку хлопец.

— Не, мне добра, вельмі добра,— прамовіў Браніслаў Акімавіч, і нейкая сіла падхапіла з крэсла і змусіла ісці да таго стала. Гэта было нешта такое ж, як, стоячы на балконе шматпавярховага дома, глядзіш уніз і хочаш скочыць, нібы магнітам цягне да сябе зямля. Магнітам былі для Браніслава Акімавіча людзі, чыя мова выклікала ў яго свядомасці словы, якія гучалі ў галаве, быццам молат аб кавадла.

Калі ён падышоў і ўтаропіўся цёмнымі ад прыхлынутай крыві вачыма, гамана за сталом сціхла і ўсе пачалі насцярожана глядзець на гэтага маленькага кульгавага гарбуна. Танклявым, амаль дзіцячым голасам ён выкрыкнуў:

— Аufstehen!

Якуюсь долю хвіліны за сталом яшчэ сядзелі, потым, разгублена пераглядаючыся, падняліся.

— Singen! — зноў крыкнуў ён.

Цішыня.

— Singen! — паўтарыў, махнуўшы рукой.

І гэтыя людзі заспявалі: спярша нясмела, нядружна, а затым усмешкі на іх тварах узніклі, і яны ў лад, узяўшыся за рукі, павялі з настроем сваю тамтэйшую, мабыць, вясёлую песню...

Неўзабаве з міліцыі на завод прыслалі паперу. Браніслава Акімавіча запрасілі на таварыскі суд, які зацягнуўся надоўга, таму што падсудны на пытанні не адказваў.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com