epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Супрунчук

Жывеш толькі раз

Раздзел першы
  1
  2
  3
Раздзел другі
  1
  2
  3
Раздзел трэці
  1
  2
  3
  4
  5
  6
Раздзел чацвёрты
  1
  2
  3
  4
  5
  6
Раздзел пяты
  1
  2
Раздзел шосты
  1
  2
  3
Раздзел сёмы
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
Раздзел восьмы
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
Раздзел дзевяты
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
Раздзел дзесяты
  1
  2
  3


 

Д. С.

 

Раздзел першы

 

1

Холад ахапіў рукі, ногі, твар, было адчуванне, нібыта жывога ўмуравалі. Ён сабраў усю сваю сілу і выбавіўся з пасткі. Але цяпер ён трапіў на нейкі востраў. Калючы дрот густымі, як павуцінне, радамі перакрыжаваў зямлю. Чорнае сонца зусім не грэла, дзьмуў наравісты і злы вецер, кідаў у твар пясок і дробныя каменьчыкі. Тады ён паспрабаваў бегчы, але не змог, ногі былі нібыта прывязаны да бетоннай паласы, на якой ён апынуўся.

Там-сям яшчэ дыміла гарэлае жалеза, і яно пахла смерцю, якая недзе схавалася у гэтых ямінах, за танкамі-інвалідамі і машынамі, ад якіх застаўся толькі цень. І раптам ён пачуў піск, быццам наступілі нагой на гумавую цацку. Аднак, азірнуўшыся вакол, нічога не ўбачыў.

Яму не было ўжо холадна. Падэшвы ног як падпальвалі паяльнай лямпай. Ён пачаў задыхацца ад гарачыні, ад агню, які ўспыхнуў з усіх бакоў і папоўз проста да бетоннай дарогі, знішчаючы рэшткі танкаў і машын, але не чапаючы калючага дроту. Ён падумаў, што не выратуецца з гэтага пекла, і заплюшчыў вочы. Стаяў так, здалося, доўга-доўга. Пасля адчуў, што гарачыня слабее і ўжо дзьме ветрык, астуджвае перагрэтае цела. Ён стомлена садзіцца проста на дарогу і думае: дзе гэта ён, куды трапіў, чаму востраў без людзей? А піск мацнее, і гэта ўжо не піск, а выццё, нечым падобнае на ваўчынае. Ён спрабуе зразумець, адкуль яно. Узнімаецца на ногі і жахаецца: усюды па калючым дроце скачуць і бегаюць шэрыя пацукі, іх процьма.

Ён усхопліваецца і бяжыць, бяжыць ад гэтых пачвар — яны чамусьці ў чорных круглых шапках з чэрапам і касцямі. Дарога спыняецца ля мора, чорнага, нібыта смала, мора, маўклівага, без аніводнай хвалі да самага небасхілу.

І ён успамінае, што тут узарвалі атамную бомбу, тут загінула жывое і згарэла мёртвае. Толькі пацукі пачалі размнажацца з неверагоднай хуткасцю. Востраў людзей стаў прытулкам пацукоў. Але як выжыў ён і чаму адзін?.. Гэтая думка, як свярдзёлак, точыць галаву, праходзіць праз усё цела. Ён гатовы памерці, толькі б не бачыць гэтых пацукоў і калючага дроту, і паратунак ад іх у цёмнай, як бездань, вадзе. Ён бяжыць проста ў мора...

Фёдар Васільевіч прачынаецца ў халодным поце. На дварэ вые, скавыча, стогне, як ад болю, завіруха, ірве шыфер з даху. Жоўтае, быццам малодзіва, святло стомлена лье начнік у спальні: жонка заснула, не выключыла. І трэба ж такое сасніць: пацукі ў чорных шапках з чэрапам і касцямі, калючы дрот...

Жонка заварушылася, і з яе спаўзла коўдра. Ён паправіў, падняўся з ложка, паціху ступаючы босымі нагамі, выйшаў на кухню. Чаму гэткі сон прысніўся, Фёдар Васільевіч ведаў: учора да ночы чытаў кніжку «Нараджэнне бомбы» і нарыс «Белая смерць у лагуне». Званілі з Мінска, што ў раён прыедзе вядомы фізік-ядзершчык родам з гэтых мясцін, дык хацелася падрыхтавацца збольшага, каб не быць зусім некампетэнтным субяседнікам.

Пасля такіх жахаў не заснеш. Адразу падумаў пра дзяцей. Немагчыма проста ўявіць, што калі-небудзь гэта ўсё здарыцца. Што будзе вайна... Перад кім і ў чым вінаватыя дзеці?.. Цяпер, калі яму ўжо сорак гадоў, Фёдар Васільевіч зразумеў для сябе чалавечую простую мудрасць: шчасце людзей у дзецях. І мо таму, што яны прадаўжальнікі жыцця.

Ён нацягнуў цеснаватыя валёнкі, бо чаравікі сушыліся на печцы, надзеў кажух і адчыніў дзверы. Прыслухаўся, ці не разбудзіў дзяцей і жонку, але яны спакойна спалі, і выйшаў на двор.

З цяпла мароз здаўся моцным, ажно кінула ў дрыжыкі. Ён шчыльней загарнуў кажух на грудзях і падняў каўнер.

Снег рыпеў пад нагамі, вецер прыціх. Фёдар Васільевіч прыпыніўся, пастаяў, паслухаў начную цішыню. Потым прайшоў яшчэ крыху па вуліцы. І раптам успомніў тое, што моцна турбавала ў апошнія дні. Ці трэба пайсці на кампраміс з Антушковым? Ці хоць трошкі закрыць вочы на махлярства Пінчука і разабрацца з ім у сябе ў раёне, не выносячы смецце з хаты? Ён разумеў, што ад таго, якое рашэнне прыме ў гэтай няпростай сітуацыі, будзе залежаць ягоны аўтарытэт у раёне. «Працаваць толькі пачынаю... Калі ж надрукуюць артыкул у газеце — пляма на раён і на мяне як першага сакратара...»

Адразу за горадам быў шырокі лабаты пагорак, з якога гойсалі ўдзень дзеці. Увесь парэзаны лыжамі і санкамі, як шпорамі, і толькі пасярэдзіне раўнюткі, наезджаны машынамі, пас дарогі. Фёдар Васільевіч дайшоў да вяршыні пагорка, адкуль былі відаць і Мамонькі, і Ярцавічы, і Вайцяшын, і Антосеў лес. Дагэтуль не выпадала часу, каб вось так спакойна пастаяць, паглядзець на зямлю, па якой ён штодзень ездзіў, спяшаўся, баючыся спазніцца, і нават не думаў, што гэтая зямля такая прыгожая і блізкая для яго.

 

2

У райком Фёдар Васільевіч любіў прыходзіць, калі там яшчэ нікога з супрацоўнікаў не было. Толькі прыбіральшчыца цётка Зіна мыла падлогу ў кабінетах. Ёй было ўжо за шэсцьдзесят, і жыла яна адна, у хатцы на Чырвонаармейскай вуліцы. Цётка Зіна курыла папяросы «Беламорканал» і ўсім гаварыла «ты».

Яна прыставіла швабру да сцяны, дастала з кішэні старэнькага, але вельмі чыстага халата папяросу, падзьмула ў яе і сціснула муштук. Прыкурыла і спытала:

— Кіраваць?

— Кіраваць,— адказаў Фёдар Васільевіч.

Гэтае пытанне цётка Зіна задавала амаль кожную раніцу. Потым яны гаварылі аб міжнародным жыцці і спорце (жанчына любіла футбол) і разыходзіліся. Сёння цётка Зіна чамусьці нават не ўспомніла Афганістан і Нікарагуа. Па сярдзітым твары і па тым, як часта пацягвала папяросу, было відаць, што яна не ў гуморы.

— Як дачка, што піша? — спытаўся Фёдар Васільевіч, бо цётка Зіна вельмі ганарылася дачкой, якая абараніла кандыдацкую дысертацыю і працавала дацэнтам у медыцынскім інстытуце.

— Ат! — махнула рукой.— Што з ёй здарыцца: за разумнай галавой і рукам лёгка. Вот усю раніцу сапсаваў. Не пускала, аднак, як чарвяк, прапоўз. Кажа: «Пасяджу ціха»,— ялейным галаском перадражніла некага.— Сядзіць ціха, а думае ліха. У яго з адной губы і горача, і сцюдзёна. Гавару яму: цябе нават пры панах затаўклі б, а цяпер шкадуюць. Як жа ж, кожная халера мае права...

— Пра каго вы, цётка Зіна? — ужо зацікавіўся Фёдар Васільевіч.

— Ат, што тут! — яна кінула ў вядро з бруднай вадой папяросу і павярнулася да швабры, але перадумала, ухапіла вядро і панесла яго ў прыбіральню.

Вось так часта: пачынае цётка Зіна нешта расказваць і раптам абрывае сваю споведзь, нечага злуецца, а пасля здагадвайся, што хацела сказаць. Штосьці трывожыць яе, турбуе, але яна не гаворыць. Можа, падае свой знак вайна: цётка Зіна была ў партызанах, і яе моцна кантузіла ў сорак чацвёртым. У гэтым яна прызналася Фёдару Васільевічу, калі аднойчы месяц праляжала ў бальніцы. Тады ж стала вядома, што і медаль «За адвагу» ў яе быў, але некуды прапаў. На шчасце, хутка знайшоўся: украў суседскі хлопец, дзесяцікласнік Міця Антусік, і прадаваў за чырвонец на базары. Міліцыя, канечне, яго затрымала, і Фёдар Васільевіч сам вярнуў медаль гаспадыні. Ад радасці цётка Зіна ажно заплакала, а пасля доўга яшчэ, мо з гадзіну, расказвала пра свае ваенныя гады.

Ён увайшоў у прыёмную, і адразу насустрач яму падняўся з крэсла ля стала сакратаркі нізенькі дзядок у чорным, ледзь не да пят, кажуху, у валёнках. Дзядок трымаў у адной руцэ салдацкую шапку-вушанку, а ў другой — кірзавую сумку, накшталт тых, што носяць з сабой каморнікі і геадэзісты.

Фёдар Васільевіч павітаўся і ўзяўся за дзверы свайго кабінета, заўважыўшы, што стары толькі нахіліў лысую галаву з акуратна падстрыжанымі бачкамі, крыху паварушыў вуснамі, нібыта пажаваў, але слоў «добры дзень» альбо «прывітанне» не вымавіў. Яго кароткія вусы стаялі тарчма, як голкі.

«Бач, які шляхціч!» — падумаў Фёдар Васільевіч. Каб не траціць часу, ён адразу сеў за стол. Розныя думкі ўзнікалі па дарозе ў райком. Пакуль ніхто не званіў, варта было б іх запісаць. Мо якраз будуць да месца ў прамове.

Ён палажыў перад сабой стос белай паперы, узяў ручку, напісаў некалькі радкоў, перачытаў іх. І здзівіўся: зусім нецікава. Словы нейкія перакручаныя, быццам іх пад прымусам заганялі ў радкі і заціскалі абцугамі. Ажно непрыемна чытаць.

Штосьці яму перашкаджала і думаць, і пісаць, нібыта нехта падглядваў з-за спіны. Фёдар Васільевіч падняў вочы ад стала: у дзвярах пераступаў з нагі на нагу дзядок. Усміхнуўся і ўпэўнена падышоў да Фёдара Васільевіча. Шапку паклаў на стол, а сумку навесіў на крэсла і сеў, расшпільваючы на грудзях кажух. І ўсё гэта моўчкі, спакойна, як у сваёй хаце. Фёдар Васільевіч чакаў, што будзе далей. А госць прычасаўся, паправіў вузельчык зялёнага гальштука.

— Слухаю вас,— нарэшце не вытрымаў Фёдар Васільевіч.— Вам нешта патрэбна?

— Мне? — чамусьці здзівіўся госць.— Нічога. А вось табе!.. Што, можа, перашкодзіў, дык не турбуйся: адзін раз жывём, не спяшайся. Старыя людзі гаварылі,— ён узняў уверх палец,— паспееш з козамі на торг. Альбо таксама вельмі разумна: шчыраму сэрцу і чужая болька баліць.

— Вы па якой справе? — непрыемна рэзнула панібрацкае «табе». І сядзеў гэты чалавек надта вольна, самаўпэўнена і нахабна: быццам гаспадар кабінета быў ён, а не Фёдар Васільевіч. Валасы ў яго былі нейкага пясочнага колеру: не сівыя і не светлыя, і такое ж шчацінне кусцілася на шчоках.

— Мая справа простая і правільная, як неба альбо дарога, што вунь бяжыць праз плошчу і за горад. І куды яна цягнецца, як Сож ці Днепр,— невядома. Усё гэта — прэлюдыя, а музыка — пасля. Пяройдзем?

— Толькі хутчэй, у мяне мала часу,— папярэдзіў Фёдар Васільевіч,— і наогул...— ён не скончыў фразы, таму што дзядок нецярпліва перапыніў яго катэгарычным узмахам рукі. Вочы з жоўтых сталі рудымі, і паміж астраўкамі шчаціння на шчоках пагусцела чырвань.

— Што такое наогул? Да цябе прыйшоў народ,— з патэтыкай сказаў стары,— народ, а яго трэба слухаць і слухацца. Начальнікаў — як мураўёў, мо мільён... За кошт каго яны жывуць? За кошт народа, за наш кошт. Каб табе было вядома, мяне зваць Кузьма Ільіч Магільніцкі. Ясна? Ну вось. Чаго я прыйшоў сюды, што мяне прывяло? Клопат пра народ. Пакуль толькі адно... Няўжо ты не чуў пра мяне? Я — член нашай роднай партыі...

— Не меў гонару,— сказаў Фёдар Васільевіч, прыглядаючыся да гэтага чалавека і думаючы, што, мабыць, ён хворы, шызафрэнік. Мо і не хворы, але ж адхіленні ёсць.

— Значыць, пасля інстытута ты працаваў аграномам, так?

— Так...

— Потым быў старшынёй калгаса, інструктарам абкома партыі. Вот мне цікава — ета павышэнне ці не, калі цябе з абкома накіравалі сакратаром райкома партыі? Толькі праўду кажы.

— Павышэнне,— выціснуў з сябе Фёдар Васільевіч. Наканавана яму ноччу сядзець над прамовай, такая дарагая для яго ранішняя гадзіна пройдзе ў размове з дзедам, які невядома што хоча. І адкуль ён ведае, дзе працаваў сакратар райкома? Нібыта дасье мае на яго. Дзе набраў столькі звестак, усё роўна як хадзіў следам што цень? Дзядок дык дзядок!.. Што за душой у гэтага дзядка: адно нахабства альбо нешта большае?

— Мабыць, ты ўсё-ткі праштрафіўся? Скажы лепш шчыра,— не збаўляў свайго пракурорскага тону гэты незвычайны наведвальнік,— бо ўсё роўна дазнаюся. Я такі, ого!

— Хто ж вы? — гэтая размова перастала быць смешнай, трэба было ўжо ставіць кропку.

— Цікава, цікава! Хто за праўду гарой, той сапраўдны герой. Не знаеш?

— Не...

Дзядок расшпіліў верхнія гузікі ў зялёным кіцелі, выцягнуў пашпарт, падаў Фёдару Васільевічу. Пашпарт як пашпарт, у ім фотакартка і прозвішча: Магільніцкі Кузьма Ільіч. 1919 года нараджэння. Нарадзіўся ў вёсцы Любавічы Дняпроўскага раёна. Пашпарт атрымаў у раённым аддзеле міліцыі.

— Значыць, Магільніцкі. Ну і што? — Фёдар Васільевіч вярнуў пашпарт і нецярпліва глянуў на гадзіннік.— Прабачце, мне трэба ехаць...

— Як гэта ехаць? Бачыш? — дзядок выцягнуў з сумкі тоўсты стос паперы, сшытай у некалькіх месцах чорнай ніткай.— Гэта ўсё копіі скаргаў на кіраўнікоў, начальнікаў, якія перашкаджаюць нармальна жыць трудяшчамуся народу.

— І куды гэтыя скаргі?

— Ва ўсе інстанцыі-станцыі,— дзядок пачаў загінаць пальцы на руках.— Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР — раз, Савет Міністраў СССР — два, ЦК КПСС — тры, Камітэт савецкіх жанчын — чатыры, пальцаў не хопіць ні на маіх, ні на тваіх руках і нагах. Цяперака зразумеў, хто такі Магільніцкі? Ото-та ж. Глядзі, а то таксама трапіш пад маё пяро! — з пагрозай вымавіў Магільніцкі і пачаў збірацца. Нетаропка зашпіліўся, надзеў шапку і падаў кашчавую, без двух пальцаў руку.— Ты, сакратар, на вялікай пасадзе, але народ усё відзіць, так што... — ляпнуў па сумцы і пайшоў з кабінета: у дзвярах бліснуў шырокім радам металічных зубоў.

Фёдар Васільевіч пасядзеў крыху, гледзячы на крэсла, у якім яшчэ хвіліну назад быў Магільніцкі, прыпамінаючы, з якой самаўпэўненасцю і нахабствам той размаўляў, і падзівіўся гэтаму. Запісаў на календары — Магільніцкі Кузьма Ільіч. Потым падышоў да акна, адчыніў яго. На зямлю імкліва ляцелі, нібыта спяшаліся, белыя матылі. Зіма ўжо бралася па-гаспадарску, адкідваючы ў людзей апошнія спадзяванні на тое, што раптам абыдзецца без марозу і завей. Было багата рабіны, якая паспела недзе адразу пасля другога — яблычнага — спаса: чырвоныя гронкі, як усё роўна маленькія цяпельцы, палымнелі па ўсім раёне. Прагноз на гэты раз спраўдзіўся — тым больш што яшчэ быў толькі пачатак зімы.

 

3

Фёдар Васільевіч сеў за стол і зразумеў, што сёння ўжо нічога не напіша. Растрывожыла яго размова з Магільніцкім. І нахлынулі думкі, якія неаднойчы турбавалі. Зноў усплыло ў галаве: ці раблю ўсё так, як трэба рабіць першаму сакратару?

Канечне, ён штодзень у райкоме, амаль без выхадных. Нарады, сходы, і па раёне нібыта шмат ездзіць, спрабуе нічога не выпусціць з-пад увагі...

Зразумела, што партыя — гэта жывыя, рэальныя людзі. Розныя людзі. І ёсць такія, як Магільніцкі... І такія, якім, пэўна, не месца ў партыі, але яны яшчэ і пры добрай пасадзе. Дый у партыю прыйшлі, каб заняць гэтую пасаду. Нешта, здаецца, не тое робіцца вакол...

Ён устаў і пачаў туды-сюды хадзіць па кабінеце. Фёдар Васільевіч, мабыць, упершыню нават сабе да канца адкрываўся... Шмат гаворым адно, а робім зусім іншае. Ці ж я сам так, бывае, не раблю? Канечне, спрабую не рабіць... Людзі маўчаць, нібыта з усім згодны, але адчуваю, што накіпела ў іх на душы і рана ці позна яны спытаюць, як мы кіравалі і кіруем. Галоўнае, што гэтак думаў не толькі ён. Колькі разоў ужо гаварыў з добра знаёмымі сакратарамі, дый яшчэ раней з Кузакіным, што патрэбны нейкія змены ў жыцці, бо доўгі час самі сябе ашуквалі і ашукваюць. Усё складаней пераконваць людзей, што так павінна быць, а не інакш... Урэшце, мала толькі думаць, перажываць, трэба нешта рабіць, каб разварушыць хоць бы свой раён. Улада дадзена дастатковая...

Ён ніколі не думаў, нават не мог уявіць, што ў краіне склалася такая сур'ёзная сітуацыя, якая, цяпер гэта ўжо відаць, не абмінула і раён. Фанфары, рапарты... Чаму ж ён маўчыць, нечага чакае? Што яшчэ малады сакратар, не мае права? Дык гэта не так! Мусіць, тут найбольш звычка быць асцярожным з кіраўніцтвам, а раптам блага падумаюць пра яго. І ўсё-ткі больш чакаць нельга. Хто за яго пачне работу па ачышчэнні раёна ад хціўцаў і ашуканцаў?

Месяц назад Фёдар Васільевіч быў у першага сакратара абкома. І ў гаворцы выказаў думку, што партыйныя органы існуюць, каб ажыццяўляць палітычнае кіраўніцтва. Ім, маўляў, трэба выхоўваць кадры, а не здабываць і размяркоўваць па гаспадарках машыны альбо мінеральныя ўгнаенні. Для гэтага ёсць інжынеры і аграномы. Сакратар уважліва выслухаў, не перапыніў, нібыта згадзіўся з Фёдарам Васільевічам, а ў канцы размовы безапеляцыйна: райком мае дачыненне да ўсяго. За благі ўраджай спярша спытаюць райком партыі. Спытаюць, безумоўна, і з інжынера, і з агранома, але спярша адкажа сакратар райкома.

Вось так. І займаецца ён сапраўды ўсім. Ажно злосць часам бярэ. Колькі вывезлі на поле арганікі, колькі ацялілася кароў, колькі адрамантавана трактароў — пра ўсё звоняць у райком. А дзеля чаго, навошта райсельгасупраўленне? За што там людзі грошы атрымліваюць? Сіл няма больш усё гэта бачыць і чуць. Бюракратычнае кола круціцца, круціцца і не буксуе... І ў райкоме проста ўжо ўкараніўся стыль тэлефонных размоў. Баімся людзей, таму што яны ўзнімаюць пытанні, на якія не можам адказаць, бо часам робім не тое, што гаворым. Я таксама малавата сустракаюся з людзьмі, папракаў сябе Фёдар Васільевіч. І сам паціху ператвараюся ў чыноўніка. Шмат, вельмі шмат фікцыі, фальшу... І што я чакаю? Калі нехта прыедзе і зменіць усё? Ну, не зойме раён першае месца. Урэшце, няхай любое месца, але папраўдзе, каб пасля з чыстым сумленнем можна было глядзець людзям у вочы. Жыць гэтак больш немагчыма. Жывеш толькі раз на гэтай зямлі... Трэба, каб людзі адчулі сябе гаспадарамі на справе, а не на словах. Усё толькі словы, словы... Мо таму і веру ў праўду некаторыя людзі страцілі. А гэта вельмі небяспечна, калі страчана вера. Як вярнуць яе?..

І ўсё-ткі адчуваецца, што вось-вось адбудуцца нейкія зрухі... Не могуць не адбыцца!

Фёдар Васільевіч зірнуў на гадзіннік; няйнакш зараз зойдуць у кабінет сакратары. Ён спыніў сваю хаду і мо яшчэ хвіліну стаяў у цяжкім роздуме.

 

 

Раздзел другі

 

1

Адчыніўшы дзверы, другі сакратар Генадзь Міхайлавіч Зайцаў прыпыніўся ў парозе і спытаў:

— Можна, Фёдар Васільевіч?

— Заходзьце.

Услед за Зайцавым увайшлі старшыня райвыканкома Кішковіч і сакратар па прапагандзе Любоў Філімонаўна Ніскун. Павітаўшыся, паселі паўкругам ля стала-прыстаўкі. З гэтымі людзьмі Фёдар Васільевіч сустракаўся па некалькі разоў на дзень. Ён быў удзячны папярэдніку свайму: здавалася, памочнікі былі надзейныя. За паўгода, што Фёдар Васільевіч кіраваў раёнам, у іх не ўзнікала ніякіх непаразуменняў. Калі не лічыць розныя дробязі...

Зайцаў быў сёння ў новым цёмна-шэрым касцюме з чырвоным гальштукам у белыя кропачкі. Па-спартыўнаму стройны, падцягнуты. Яшчэ малады чалавек. Убачыўшы Зайцава, Фёдар Васільевіч успомніў, што ўчора ў абкоме партыі яго спыталі, як Генадзь Міхайлавіч працуе і ці можна рэкамендаваць яго старшынёй райвыканкома ў адзін з раёнаў вобласці. І Фёдар Васільевіч, крыху падумаўшы, адказаў загадчыку аддзела абкома, што ён сам яшчэ малады сакратар і яму патрэбен Зайцаў. Хоць бы год няхай пабыў другім сакратаром. Ведаў Зайцаў пра гэтую гаворку ці не, па яго знешнім выглядзе нельга зразумець.

Пакуль ішла агульная размова, гаварыў, як звычайна, больш за ўсіх старшыня райвыканкома Кішковіч. Ён, здавалася, ведаў пра ўсе падзеі, вялікія і малыя, якія адбываліся ў раёне. Сам ён тутэйшы, з вёскі Кішковічы, дзе ў большасці жыхароў гэткае прозвішча. Некалі Кішковіч быў, як і Фёдар Васільевіч, старшынёй калгаса. І цяпер, бывала, гразіўся пайсці ў калгас, хоць у самы заняпалы. Фёдар Васільевіч аднойчы пасмяяўся з яго, маўляў, гэта толькі словы. Прывык да мяккага крэсла.

Сакратар па прапагандзе Любоў Філімонаўна Ніскун была яшчэ маладая і незамужняя. Твар у яе смуглявы і тонкі, вусны трошачкі фарбавала ружовай памадай. Доўгія каштанавыя валасы а акуратным праборам пасярэдзіне Любоў Філімонаўна закручвала гуляй. Калі Фёдар Васільевіч упершыню ўбачыў яе, дык падумаў, што яна падобная на індыянку, не хапала толькі кропелькі на лобе і залатых, з далонь, завушніц. Яна жыла недалёка ад райкома партыі, у трохпавярховым доме займала двухпакаёвую кватэру па суседству з Зайцавым.

— Што абяцаюць сіноптыкі? — перапыніла Любоў Філімонаўна Кішковіча, які са смехам расказваў пра свайго суседа, што нарабіў самалёцікаў і навешаў на ўсіх дрэвах у садзе. Думае гэтак вызначыць надвор’е, сочыць за самалёцікамі, як імі забаўляецца вецер, і запісвае нешта ў сшытак.

Пасмяяўся і Фёдар Васільевіч, выцягнуў з папкі аркуш паперы, на якім былі распісаны прагнозы метэаслужбы па рэспубліцы на двое сутак. Знайшоўшы свой раён, уздыхнуў і перадаў зводку Любові Філімонаўне, якая прабегла вачыма па радках, паківала галавой і паклала зводку перад Зайцавым і Кішковічам. Весялосць як рукой зняло са старшыні райвыканкома. Прагнозы, мала сказаць, былі несуцяшальныя, яны выклікалі трывогу: мароз абяцалі больш трыццаці градусаў. Звесткі прыляцелі ўжо з Віцебскай вобласці: сталі вядомыя выпадкі, калі замарозіла водаправод, засыпала снегам дарогі, а найгорш было тое, што рвала радыятары і трубы ацяплення. Холад шырокім фронтам ахопліваў усю Беларусь і з кожнай гадзінай набліжаўся да Палесся. Канечне, да зімы рыхтаваліся, але людзі прывыклі ўжо, што апошнія гады ў снежні, студзені і лютым, калі павінны шалець завеі, ідзе дождж,— і Фёдар Васільевіч быў проста ўпэўнены: там-сям абы-як уцяплілі памяшканні. У многіх гаспадарках ужо амаль вычарпаны ліміт на бензін, на салярку. Начальнік райсельгасупраўлення выкленчыў у Мінску з дзесятак тон вадкага паліва. Аднак гэта была, канечне ж, кропля ў моры. На салярцы працавалі трактары, некаторыя аўтамабілі і кацельныя. Аб усім гэтым раптам падумаў Фёдар Васільевіч, і стала вельмі пагана на душы. Прыціхлі сакратары і старшыня райвыканкома, чакалі, што скажа ён...

У кабінеце было цёпла і ўтульна, надзейна аберагалі ад марозу і сцюдзёнага ветру дванаццацісекцыйныя радыятары абапал тоўстых, па дзве з паловай цагліны, сцен. Усё-ткі яшчэ быў не той холад, што мог прыціснуць сваёй жорсткай лапай з такой сілай, якую цяжка перамагчы. Фёдару Васільевічу здалося, быццам Любоў Філімонаўна глядзіць на яго жаласліва, у вачах спачуванне, ад унутранага напружання нават смуглявы твар пабялеў і вастрэйшы, сухі стаў яе акуратны нос з невялікай гарбінкай.

— Праз два дні Новы год,— чамусьці ціха сказаў Зайцаў.— Заўтра ў школе ёлка... Дырэктар прасіла зайсці.

— Ну дык і зайдзі,— Фёдар Васільевіч хацеў яшчэ дадаць, што бацькоўскіх абавязкаў ніхто з яго не здымае, але загудзеў чырвоны апарат, і сакратар райкома паспешліва зняў трубку. Усе прысутныя зразумелі, што ён гаворыць з першым сакратаром абкома партыі Герасімавым.

— Добрай раніцы, Фёдар Васільевіч! Віншую цябе і ўсіх людзей раёна з Новым годам!

— Дзякую, і вас з Новым годам, Васіль Яўсеевіч,— сказаў Фёдар Васільевіч.

— Пра холад ведаеш, рыхтуецеся сустракаць?

— Ведаем і рыхтуемся, Васіль Яўсеевіч...

— Глядзіце, таму што мароз можа нам Новы год сапсаваць. Яшчэ раз праверце фермы, ацяпленне...

Яны пагаварылі яшчэ мо хвіліны дзве-тры і развіталіся, сакратар абкома палажыў трубку.

— Холад, мароз...— Фёдар Васільевіч паправіў гальштук, ускалмаціў рукою валасы, пасля дастаў з кішэні грабеньчык, прычасаўся.— Васіль Яўсеевіч усіх віншуе з Новым годам... Збяромся заўтра ў восем нуль-нуль. Усім ехаць па гаспадарках, як планавалася раней. Калі трэба будзе, прашу меры прымаць адразу, гледзячы па сітуацыі.— Яго раптам ахапіў неспакой, зрабілася неяк не па сабе. Нельга было, каб гэта заўважылі, і Фёдар Васільевіч падняўся з-за стала, даючы зразумець: гаворка скончана.

— Хто застанецца тут? — не адыходзіў ад стала старшыня райвыканкома.— Некаму і тут трэба быць?

— Сакратаркі ў прыёмных: у маёй і тваёй,— сказаў Фёдар Васільевіч.— Дарэчы, мне здаецца, Уладзімір Іванавіч, што ты даўно не быў у сваім былым калгасе?

Кішковіч паціснуў плячыма і вінавата адвёў вочы ўбок, закашляўся.

— Вот прастуда ніяк не вылезе...— сказаў ён.

— А ты схадзі ў лазню ды парай, парай яе!

— Спрабаваў, спрабаваў...— крактаў старшыня райвыканкома, зачыняючы за сабой дзверы.

Фёдар Васільевіч хуценька пераабуўся ў валёнкі, якія трымаў у шафе на выпадак вялікага холаду, нацягнуў кажушок. Апрануты ўжо, вярнуўся да акна, каб паглядзець на тэрмометр: за тую гадзіну, што правёў у кабінеце, чырвоны слупок апусціўся яшчэ на адзін градус. Пляскатая гурба снегу, якую накідала ветрам перад уваходам, напаўзала на ганак. Адчыніліся цяжкія жалезныя дзверы, і, уцягнуўшы шыю ў каўнер паліто, выбег на вуліцу Кішковіч, за ім — намеснік начальніка райсельгасупраўлення Папіна ў доўгім, ледзь не да пят, белым кажуху. Яны прабіліся праз гурбу і зніклі за рогам будынка, дзе быў гараж райвыканкома.

Пасля званка сакратара абкома Фёдар Васільевіч усё-ткі трохі паспакайнеў, цешыла думка, што такі ж самы клопат не ў іх адных, турбуюцца, як выстаяць у гэтую сцюжу, і ў вобласці, і ў рэспубліцы. І сапраўды, якая розніца, што гэтае выпрабаванне выпала ў першую сакратарскую зіму — мароз, канечне ж, для ўсіх аднолькавы.

Фёдар Васільевіч шчыльней ахутаў шыю тоўстым, у дзве столкі, шалікам, які жонка купіла летась у Маскве і падарыла яму на дзень нараджэння, нацягнуў на вушы шапку з цёмна-карычневага пыжыка. Справа ад дзвярэй стаяла шафа з люстэркам, у якім ён убачыў хударлявага і даўгалыгага чалавека. У яго быў сумнаваты твар з доўгім вострым носам і падціснутай ніжняй губой.

Ён выйшаў з кабінета і здзівіўся таму, як многа ў прыёмнай людзей. У яго ж быў не прыёмны дзень. Праўда, да сакратара можна было зайсці ў любы час. Хоць сяды-тады яму было не зусім зручна.

Насустрач Фёдару Васільевічу імкліва падняўся з крэсла пухлявы чорнавалосы мужчына ў дублёнцы — старшыня райспажыўсаюза Стома.

— Фёдар Васільевіч...— тонкім галаском пачаў ён, але першы сакратар перапыніў, звяртаючыся да ўсіх, хто быў у прыёмнай: — Вы, таварышы, усе да мяне? Ці мо да другога сакратара?

— Усе, усе,— загаманілі, заварушыліся, беручы ў шчыльнае кола Фёдара Васільевіча. «А ты навошта тут?» — крыху зласнавата падумаў ён пра сакратарку, якая з вінаватым выглядам стаяла за сваім сталом і вось-вось, здавалася, заплача.

— Што ў вас? — спытаў ён у бабулькі, якая сядзела, абапёршыся на кульбаку.— Вы супакойцеся, сядзіце, не ўставайце.

— Сыночак, мне б дроў ці тарфы, а то зусім няма чым у печы паліць. Старая, дык нікому ўжо не патрэбная... Вот хаджу, хаджу, а я ж і ў партызанах, сынок мой, была...— З мокрага чырвонага вока выпаўзла сляза і скацілася па раўчуку-маршчыне да падбародка. Рука, сухая і худая, здаецца, відаць косці, дрыжыць, а ў вачах крыўда як запяклася.

— Будзе вам тарфа,— Фёдар Васільевіч падвёў бабульку да сакратаркі.— Запішыце, калі ласка, Тамара Пятроўна, прозвішча і адрас. Потым перадасце ў гартоп. Скажыце, што гэтае пытанне на маім кантролі. Прабачце, таварышы, зараз няма часу з вамі гаварыць. Запішыце, калі ласка, у Тамары Пятроўны свае скаргі, просьбы, а яна прыме рашэнні па іх альбо перадасць мне. Бачыце,— ён махнуў рукою на акно,— які мароз, няма часу сядзець у кабінетах.— Ён, злуючыся на сябе, што і так затрымаўся доўга і нічога не паспеў зрабіць зранку, калі яму заўсёды добра працуецца, шпарка накіраваўся на выхад. Услед за ім патрусіў Стома, таропка зашпіляючы дублёнку. Калі спусціліся з чацвёртага паверха на трэці, старшыня райспажыўсаюза дагнаў Фёдара Васільевіча і ледзь не ў вуха загугнявіў, глытаючы словы. Спярша Фёдар Васільевіч не зразумеў, што гаворыць Стома, і прытрымаў хаду, каб той мог ісці побач з ім.

— Гаварыце карацей...

— Я і кажу, Фёдар Васільевіч, мне хлопцы па-свойску перакінулі на базу дзве жаночыя югаслаўскія дублёнкі, боты аўстрыйскія, а таксама,— Стома абмераў позіркам постаць сакратара райкома,— якраз на вас фінскі касцюм і кажух, прабачце, дублёнка...

Фёдар Васільевіч дайшоў да першага паверха і ўсё маўчаў. Стома, мусіць, разгубіўся ад гэтага і таксама нічога больш не гаварыў, чакаючы, што скажа сакратар райкома. Фёдар Васільевіч думаў: «Звычайны падхалімаж ці нешта іншае? Мо хоча быць сваім чалавекам, каб забяспечыць надзейную падтрымку сакратара? Тады можна нікога не баяцца: «У мяне за плячыма першы сакратар. Жонцы яго дублёнку і аўстрыйскія боты дастаў, яго апранаў...» А мо дарэмна думаю так пра чалавека?» Нічога не сказаў Фёдар Васільевіч Стоме з таго, што думаў. Агледзеў старшыню райспажыўсаюза і, нібыта жартуючы, асцярожна даткнуўся рукой да яго пляча.

— Люкс-мадэрн?

— І вам будзе такая дублёнка, Фёдар Васільевіч...

— Не, не трэба.

— А можа?..

— Не,— лагодна сказаў Фёдар Васільевіч,— нічога не трэба. Дарэчы,— успомніў раптам ён,— мне скардзіліся, што часам не бывае малака ў магазіне. Я гэтага не разумею, Ціхан Парфіравіч. Будзьце ласкавы, зрабіце, каб малако ўсё-ткі было ў магазінах штодня. Вот так. Вас папярэдзілі, каб заўтра ў восем былі ў райкоме?

— Як жа ж, папярэдзілі,— уздыхнуў Стома.— Еду ў раён, па магазінах... Усё-ткі не разумееце вы, Фёдар Васільевіч, душу кааператараў.

— Сур'ёзна? — нават спыніўся сакратар райкома ад здзіўлення. Здаецца, Стома толькі ў рот начальству заглядваў, лавіў кожнае яго слова, а ты ж бач, як загаварыў, і нават злосць у вачах бліснула, але раптоўна знікла, не пакінуўшы ніякага адбітку на твары. Мабыць, адчуўшы, што перабольшыў у сваёй смеласці, Стома пачаў адступаць назад.

— Ды я ж пажартаваў, Фёдар Васільевіч, хто лепш за вас ведае праблемы кааператараў...

— Ладна, Ціхан Парфіравіч, калі я не разумею праблемы кааператараў, дык калі-небудзь і пагаворым з вамі пра іх.

З вестыбюля Стома вярнуўся назад, на другі паверх, а Фёдар Васільевіч ад ганка рушыў подбегам, адчуваючы, як гараць ад злога ветру шчокі і нос, сухім, нібы пыл, снегам забівае, слепіць вочы. Ускочыў у гараж, дзе ўжо вуркатаў напагатове «ўсюдыход», у якім сядзеў пажылы, за пяты дзесятак, вадзіцель Міхаіл Аляксандравіч. Фёдар Васільевіч зваў яго так заўсёды.

— Вот, ледзь вырваўся,— выдыхнуў ахаладзелымі вуснамі.— Паганяйце каня!

У машыне, абшытай унутры ўцяпляльнікам, было цёпла, як у пакоі. Трохі пахла бензінам і адэкалонам «Шыпр». За шклом лютавала завея, шпурляла жорсткі снег у брызент, які гудзеў быццам ветразь. Аднак шашу яна не запакавала. Мо таму, што безупынна рвалі яго машыны ўчэпістымі коламі, дый зранку працаваў тут бульдозер. З шашой злучаліся палявыя дарогі, яны былі амаль схаваны пад снегам, ужо было цяжка разабраць, дзе дарога, а дзе поле. І гэта ўстрывожыла Фёдара Васільевіча, у думках паспрабаваў уявіць, якое цяпер становішча па ўсім раёне. Сакратар райкома ведаў, што з некаторых гаспадарак яшчэ не вывезлі ранішняе малако на малаказавод, не маглі прабіцца, і туды накіравалі бульдозеры. Толькі ці дайшлі яны?

Проста перад імі, быццам у канцы шашы, на Добрахінінскім лесе ляжала чырвонае, як гарачае жалеза, круглае сонца. Па краях яго былі нейкія цёмныя плямы-кропелькі. Завея вар’яцела, узнімала ў паветры тоны снегу, пераносіла з месца па месца, засцілаючы белы свет, толькі чырвонае кола сонца каціла па вершалінах дрэў далёкага лесу. Спраўдзіліся прагнозы: як густа, буйна і магутна гаспадарыла ў агні ягад рабіна, так і зіма бралася на ўсю моц, прыйшла не госцяй, а гаспадыняй. Даўно не было гэткіх ядраных маразоў, снежных кругаверцяў на Беларусі, акурат з тых часін, як пачалася меліярацыя,— што ні год, надвор’е псавала настрой людзям сваёй гнілой сырасцю, грыпам. Нібыта прыроду закілзалі, як наравістага каня, і ўзнялі на дыбкі: блага і чалавеку, і жывёле.

За ноч навеяла гурбы снегу і ў горадзе, але яго збольшага прыбралі, адкрылі шлях аўтобусам. І мала хто спазніўся на работу з-за таго, што шалела завея і прыціскаў мароз. Гараджане з цёплых кватэр, крыху пачакаўшы на вуліцы аўтобуса, без вялікага клопату і нерваў дабіраліся ў свае таксама цёплыя цэхі, кабінеты.

А мароз насядаў на зямлю, ужо затрашчалі дрэвы пад яго націскам, шукалі прытулак каля жытла сініцы, снегіры і вераб’і. Усё навокал прыціхла, стаілася. Толькі чалавеку не было спакою.

 

2

З усяе сілы трэсла Паліна за тоўстыя плечы мужа, чый храп, здавалася, быў чуваць на двары, і не магла дабудзіцца. Ужо дзеці, паснедаўшы, збіраліся ў школу, хоць і не было яшчэ вядома, ці будуць заняткі па гэткім шалёным марозе; яна аб’ехала фермы, пабыла ў майстэрні, а Станіслаў усё ніяк не мог ачухацца з учарашняга. Толькі прысутнасць дзяцей стрымлівала Паліну, бо цярпенне ў яе канчалася: біццё па твары не дапамагала. Яна наважвалася лінуць на мужа сцюдзёнай вады.

Дзеці, прыціхлыя і напалоханыя, у паліто сядзелі ля парога і, апусціўшы галовы, чакалі, калі нарэшце маці завязе іх у школу: у такую завею можна было заблудзіць. Амаль штодня бачылі яны бацьку на падпітку, ён нецвярозы дурнеў, быў змрочны, зачыняўся ў гасцёўні і спяваў песні.

Як гаворыцца, паўбяды, калі б Станіслаў быў даглядчыкам ці пастухом, хоць таксама нельга давяраць п’яніцу статак, але яшчэ горш тое, што муж яе галоўны інжынер калгаса. Ён даўно павінен быць на рабоце, тым больш у такую непагадзь, ці мала што можа здарыцца. А людзі скажуць: іншых караеш за выпіўкі, а муж — вунь якая цаца, начальнік, кіраўнік, але не чалавек — помпа. «Каб ты смалы напіўся!» — злавала Паліна. Колькі гаворана-перагаворана, каб не піў, абяцаў колькі разоў і кроплі не браць. Дык жлукціць, толькі налівай. Два дні назад бажыўся і маліўся, што апошні раз. І на — падарунак, нібыта ў самае сэрца ўдарыў. Даняньчылася, усё шкадавала, дый сорамна перад людзьмі: як жа ж, старшыня калгаса, а без мужа. Цярпела, рабіла выгляд, што не заўважае тых хітрых, здзеклівых усмешак, з якімі ёй паведамлялі, што Станіслаў Андрэевіч спіць пад плотам. Ледзь не з радасным тварам дзякавала за вестку і бегла, каб схаваць свой сорам і знявагу. І так было траха не кожны дзень. «У, свалата!» — нічога, акрамя нянавісці і пагарды, гэты чалавек, раней часу растаўсцелы, з азызлым тварам і дрыготкімі рукамі, ужо не выклікаў.

Паліна азірнулася, дзеці сядзелі на кухні. Падумала, што Станіслаў апошнія гады быў ёй, дый Паўліку і Галіне, чужым. «Трэба канчаць,— з халоднай рашучасцю вырашыла яна,— больш не магу і не хачу...» Шмат жанчын жывуць і без мужоў, абы дзеці былі, а яны ў яе ёсць. Чым з такім жыць, дык лепш без яго. Прынамсі, будзеш ведаць, што ніхто ў цябе пад плотам сярод дня не ляжыць і людзям глядзець у вочы не сорамна.

З запісной кніжкі Паліна вырвала аркуш паперы і вялізнымі літарамі напісала: «Прачнешся, адразу ў кантору, да мяне ў кабінет!» Прыціснула аловак да паперы так, што ён зламаўся.

— Мама, мы ў школу спознімся,— зазірнула з кухні дачка, перавяла позірк з маці на бацьку, разгублена перасмыкнула плечукамі: усё бачыць і чуе, нічога не схаваеш. Паліна абхапіла дачку, прыціснула маленькую да сябе. І так яны стаялі, здалося, вельмі доўга, пакуль зноў Галіна не напомніла пра школу.

— Чакай,— пацалаваўшы ў лоб, пасадзіла дачку на канапу і ўзялася за тэлефон. Расхваляваўшыся, толькі на чацвёрты раз набрала нумар школы. Трубку паднялі адразу, нібыта чакалі званка. Гэта быў дырэктар школы, які мо яшчэ з хвіліну крычаў пра дарогі, а потым ужо спытаў, хто патрэбен.

— Ці будуць заняткі? — Дырэктар пазнаў яе і прыцішана, паспакайнела адказаў, што заняткаў не будзе. Па такой завеі і марозе няхай дзеці лепш сядзяць дома.

У хаце было непрыбрана, да таго ж Станіслаў параскідаў вопратку па падлозе: кажух ляжаў ля парога, пінжак і штаны ля канапы, кашуля пад ложкам, левы бот — на табурэтцы на кухні, а правы — у гасцінай. Як бура наляцела і парушыла парадак, што Паліна з дачкой тры дні назад наводзілі ў хаце. Станіслаў ужо, мусіць, забыў, калі сам прыбіраў; спіну не гне, рукі не сіверыць у халоднай вадзе, адмываючы падлогу ад бруду, што за тыдзень нанясуць нагамі і гаспадары, і госці. Няёмка ж чалавека разуваць ля парога і прымушаць хадзіць басанож па ахаладзелых дошках, а на ўсіх пантофляў не накупляеш. Завялі гэтую моду ў горадзе, і той-сёй падхапіў яе ў вёсцы: такую чысціню маюць, што няма жадання заходзіць да іх. Хоць, з іншага боку паглядзеўшы, можа, гэта і неблагая завядзёнка, бо таму ж Станіславу хоць солі на хвост насыпай, усё роўна пуд гразі набярэ на боты і нясе праз усю хату аж да тэлевізара. Скажаш, каб ногі выцер, дык нібыта не чуе: адно бадзяга, слова добрага не варты.

Загадаўшы дзецям не выходзіць на вуліцу, Паліна на ногі нацягнула дзве пары шкарпэтак і абула валёнкі, падшытыя лямцам, на галаву завязала белую пуховую хустку.

Пад Станіславам зарыпеў ложак, і яна падумала, што муж прачнуўся, але ён са спіны павярнуўся на правы бок. Падушка была ў нейкіх пісягах, якія языкамі паўзлі да прасціны. Яе ледзь не званітавала, і Паліна хутчэй зачыніла дзверы ў спальню, каб не бачыць мужа. Дзеці па-ранейшаму маўчалі, не распранаючыся, сядзелі на канапе. Галіна трымала сумку з кніжкамі на каленях. Выдатніца, першая вучаніца ў класе, яна ніяк не магла ўцяміць, чаму гэта не трэба ісці ў школу, дый як можна прапусціць заняткі? Паўлік, адчувалася, наадварот, быў рады, што заставаўся дома. Усё гэта зразумела Паліна па вачах дзяцей, пацалавала адно і другое, забрала з шафы пальчаткі і выйшла з цёплай хаты. Ад марозу і калючага снегу, што нёс вецер, на імгненне ажно заплюшчыла вочы.

Машыну Паліна пакінула на вуліцы ля варот, і яе аблажыла з усіх бакоў гурбамі. Яшчэ б затрымалася — і засыпала б снегам «уазік» дарэшты. Кабінка астыла, і голыя пальцы ўжо крыху прыліпалі да жалеза. Паліна ўключыла запальванне і паспрабавала завесці рухавік, але ён толькі, як прастуджаны, кашляў. У злосці і нецярплівасці яна ціснула то на акселератар, то ўключала стартэр. Нарэшце, выматаўшы нервы, рухавік чмыхнуў воблакам пары і дыму, які праз нябачныя шчыліны запоўніў кабінку. Паліна ўключыла пярэдні мост, бо хто ведае, якая стала дарога.

Трывожыла, ці вывезлі малако з маленькай вёскі Любавічы, якая была найбольш аддалена ад цэнтральнай сядзібы. На планёрцы ў сем гадзін Паліна сказала загадчыку майстэрні Ляксею Капусце накіраваць туды бульдозер з санямі і бачыла, як трактар пайшоў у Любавічы. Яна, можа, і не паехала б цяпер услед. Але тэлефон нешта не працаваў. Гэта і падштурхнула ў дарогу.

Абмінуўшы кантору, Паліна павярнула машыну на Пятроўскі гасцінец, па якім было найбліжэй да Любавіч. Звычайна зімой гэтай дарогай ездзілі толькі на трактарах, аднак яна чамусьці верыла, што і «ўазік» пройдзе таксама.

На шчасце, перад тым як выпаў снег, зямлю скавалі маразы. Дзе было балота і калдобіны — быццам паклалі асфальт, дарога стала роўная. Толькі ля кожнага ўзгорка альбо дрэва павырасталі гурбы свежага снегу, які замаскіраваў усе небяспечныя месцы ад чалавечага вока. Паліна гэта зразумела пасля таго, як машыну раптам кінула ўніз, а потым з гэткай жа сілай уверх і ледзь не кульнула на правы бок, дзе метраў на трыццаць уздоўж гасцінца цягнулася глыбокая яма з-пад выбранага торфу. Паліна затармазіла, зняла з рукі пальчатку і выцерла з твару кроплі поту. Яшчэ б некалькі сантыметраў, і не мінаваць прорвы, што хавалася пад снежнаю коўдраю. Трэба ж, зусім забыла пра яму, дый, канечне, не варта было ехаць гэтай дарогай.

Прыадчыніла дзверцы і зірнула на стары гасцінец: каляіну ўжо занесла снегам, нібыта і не ехала тут. Тады жанчына спалохалася, і страх падштурхнуў яе, прымусіў думаць і разважаць больш цвяроза, чым звычайна. Звыклыя да шафёрскай працы рукі і ногі (часта ездзіла без вадзіцеля) амаль аўтаматычна пераключалі рычагі і педалі. Паліна ледзь не фізічна адчувала, калі трэба прытармазіць, калі павялічыць хуткасць альбо павярнуць управа ці ўлева. Яна нібыта злілася ў адно з машынай, стала нейкім яе механізмам, без якога не будзе руху па гэтай адпрасаванай ветрам і марозам дарозе, што была схавана ў белым мроіве. Зрабіла глупства, недаравальнае нават для васемнаццацігадовай дзеўчынёхі, а не як маці дваіх дзяцей і старшыні калгаса! Было б правільна, каб ёй за гэта далі вымову, але... трэба ехаць далей, бо вярнуцца назад яшчэ складаней.

Ёй стала горача, уся аблівалася потам. Супакойвала пакуль тое, што бездакорна працаваў рухавік і машына тараніла гурбы, прабівала сабе дарогу ў замеці. Раптам Паліна ўспомніла, як год назад у непагадзь, хоць і быў меншы снегапад, дый вецер не рваў з-пад ног зямлі, загінуў Васюкевіч, старшыня з Чырванаярскага раёна. Паехаў ён з шафёрам праверыць на балоце сена, і гэткаю ж дарогаю праз тарфянік трошкі з’ехалі ўбок, а там возера, слабенькім лядком зацягнутае. Не паспелі агледзецца, як апынуліся ў вадзе... Паліна вучылася з Васюкевічам на адным курсе ў сельгасакадэміі, і шафёр ёй пасля расказваў і плакаў: «На маіх вачах тоне, заклінавала дзверцы ў машыне... Я паспеў выскачыць, а ён — не, і нічагусенькі, нічым не магу памагчы яму...» Такая смерць неспадзявана напаткала чалавека, яму б толькі жыць, калгас прыняў усяго гады два назад. Ёй аднойчы прысніўся Васюкевіч, яна шкадавала яго і, здавалася, нават бачыла, як машына, калыхаючыся, ломіць лёд і знікае ў чорнай вадзе.

Паліна паглядзела на Жэнькава балота, парослае рэдзенькім альхоўнікам і сасной, на лес, што пачынаўся на дваццатым кіламетры, і яскрава ўявіла гэты малюнак. Яна, не адрываючыся, глядзела перад сабой праз невялікае акенца, якое ледзь расчышчалі дворнікі на аблепленым снегам шкле.

Калі б не вядучы пярэдні мост, яна наўрад ці праехала б гэтым гасцінцам, разбітым яшчэ ўвосень трактарамі. Дзякуй богу, не забыла ўключыць, і ён не падвёў, працаваў. У калгасе такі галоўны інжынер, што няма ніякай гарантыі. Забыў пра ўсё: пра сям’ю, работу — за бутэльку можа прадаць, як кажуць, родных бацьку і маці, не тое што жонку... Яна не магла ўспомніць, калі Станіслаў быў апошнім часам цвярозы, інакш ужо не ўяўляе яго, як з чырвоным, нібы распараным, тварам і з шклянымі вачыма: «Пэ-аліна! Ідзь сюды!.. Халера ясная... Палкоўнік, як жысць?!» Паліна аж уздрыгнула ад агіды да чалавека, які быў бацькам яе дзяцей і якога некалі, мусіць, яна любіла. Урэшце, колькі можна цярпець: змагаецца з калгаснымі п’янтосамі, а тут свой у хаце. Хто ж яе будзе слухаць, які яна старшыня пасля гэтага. Паліна застагнала ад крыўды, бяссілля, і слёзы пацяклі з вачэй, яе аж закалаціла ў плачы. Спыніла машыну, бо магла з’ехаць з дарогі ў балота, паклала галаву на баранку і дала волю слязам. Яна плакала і галасіла, праклінаючы сваю долю і той час, калі пазнаёмілася са Станіславам, дэмабілізаваным матросам, вясёлым і гаваркім, які здаўся ёй найпрыгажэйшым за ўсіх хлопцаў на свеце. І разам са слязьмі прыйшла палёгка для душы, святлела ўваччу і ў галаве, спакайнела на сэрцы, якое балела раніцай, нібыта нехта забіў цвік у спіну пад левай лапаткай. Усхліпваючы, Паліна вылезла з машыны, набрала ў жменю крупчастага калючага снегу і памылася ім. Твар быццам укалола іголкамі, адразу прыхлынула кроў, і калі паглядзела на сябе ў люстэрка, убачыла мокры чырвоны твар з чырвонымі вачамі. Пасмы мокрых валасоў вылезлі з-пад хусткі і віселі над лобам. Паліна дастала з кішэні кажушка скамечаную хусцінку, чыстымі рагамі выцерла твар, потым знайшла сярод папер выпадак, калі надарыцца ісці на прыём да высокага начальства, каб выпрасіць будматэрыялы ці тэхніку. Як ні кажы, але ўсе мужчыны, а на адказных пасадах амаль усюды яны, любяць паглядзець на прыгожую, дагледжаную маладую жанчыну; на кабету ў кажуху і ў старых ботах, з растрапанымі валасамі ніхто і не гляне. Калі ж і трапіш на прыём, дык усё роўна наўрад ці адразу вырашыш пытанне. У гэтым Паліна пераканалася на практыцы, і не адзін раз. Не хацела яна, і каб людзі ў Любавічах пабачылі старшыню разгубленай, заплаканай і непрыгожай.

Паліна ўжо арыентавалася па лесе, чуб якога высунуўся якраз насупраць гасцінца. Небяспечны кавалак дарогі быў ззаду. Кіламетры тры сасняком — і за кустамі відаць вёска. У лесе было зацішней, хоць і тут дарогу засыпала снегам. Аднак там-сям былі відаць цёмныя плешыны. За павароткай, як з’ехала з гасцінца, пад высокай елкай яна прыкмеціла стажок сена, які быў складзены на тоўстае галлё і прыкрыты ад завеі шырокімі яловымі лапамі. Чалавек, што злажыў гэты стажок, быў з розумам і вопытам: сена перазімуе, і ніякі вецер не сарве, не разнясе яго, і дождж яму не страшны. «Нехта, мусіць, з любавіцкіх паставіў...— прыкінула яна,— альбо з тых, хто працуе на меліярацыйным канале?» Заўважыла Паліна і вялікае кастрышча дроў, прыхаваных таксама недалёка ад дарогі. Той, хто нарыхтаваў іх, быў упэўнены, што сюды чужы не даедзе, ніхто не перашкодзіць забраць дамоў. Мо калі іншым разам старшыня спыніла б машыну і паглядзела б дровы, але цяпер яна толькі занатавала ў памяці гэты факт, яшчэ не ведаючы, што потым будзе рабіць: ці то праверыць, чыя гэта работа, ці то пашле машыну, каб забралі бярвенне на пілараму. Лес быў калгасны, і Паліна нешта не помніла, каб камусь дазваляла тут, ля гасцінца, з боку тарфяніку нарыхтоўваць дровы. Не паехала б гэтай дарогай, падумалася ёй, дык і не ведала б, што робіцца з гэтага краю калгаса. Тое, што сама ўбачыш, ніхто не падкажа, ніводзін памочнік.

Яна паехала цішэй, каб не наляцець на якое дрэва, цвёрда трымала ў руках руль. На нейкі момант забылася пра мужа і клопат, з ім звязаны, пра свае асабістыя справы. Цяпер яе запаланіла думка — як тут, у вёсцы. Углядаючыся ў смугу, што засціла дарогу, нецярпліва чакала, калі вынырнуць з гушчару дрэў і хмызу хаты. Паліне здалося, што блага зачынены дзверцы з левага боку, паціснула на ручку, але яна не павярнулася.

Мінуўшы тоўстую крывулю-сасну, упрытык з якой расла елка (іх называлі дзве сястры), машына пакаціла ў лагчыну, дзе пераскочыла па лёдзе замёрзлы ручай, бо па мастку даўно не ездзілі, ускараскалася на пагорак, і Паліна была ўжо метраў за трыста ад любавіцкай фермы.

З неспакоем і бояззю ўзіралася старшыня, спрабавала яшчэ ў машыне здагадацца, што тут. На вялікай хуткасці падляцела да фермы, ля якой не было ніводнага чалавека. Рэзка затармазіўшы, у правыя дзверцы выбралася з машыны. І адразу яе вочы спыніліся на воданапорнай вежы, што ўзвышалася над гурбамі снегу. Штосьці здалося незвычайнае ў ёй, вельмі яна была шырокая. Паліна, доўга не думаючы, пабегла да вежы, не адчуваючы нават ветру, які на ўзвышшы проста лютаваў. Яна бегла па цаліку, правальваючыся па калені ў снег, аж пакуль не зачапілася за нешта і ўпала, балюча выцяўшыся тварам аб халодную скарынку. Але ўсхапілася ўмомант з зямлі, і тое, пра што падумала, хоць і суцяшала сябе надзеяй, усё-ткі было перад яе вачыма: вежа з верху да нізу абрасла магутным панцырам лёду. І калі па дарозе праз балота і лес у яе былі нейкія сумненні, спадзяванні, што раптам абыдзецца — лютавалі ж маразы і раней,— дык цяпер стала ясна: водаправод на ферме не працуе. Аднак і яшчэ не было страху: па загаду старшыні летась на двары выкапалі два калодзежы, вады можна нанасіць вёдрамі, хоць гэта і нялёгка.

Паліна абышла вежу вакол, прыкідваючы, якую капейчыну будзе каштаваць калгасу рамонт, і, схаваўшы твар ад ветру ў каўнер кажушка, павольна падалася ад кароўнікаў.

Акаваныя жалезам вароты яна, высільваючыся, ледзь адчыніла, сарваўшы намёрзлы ўнізе лёд са снегам. У тамбуры паміж знешнімі і ўнутранымі дзвярыма, канечне, было зацішна, але мароз ціснуў не менш, чым на дварэ. «І гаварыла, гаварыла ж, уцяплі дзверы... Гаварыла ж...— успомніла нядобрым словам брыгадзіра любавіцкай брыгады.— Цябе б патрымаць хоць бы ноч у гэтым кароўніку...» Таксама аматар чаркі, як і Станіслаў. Ух, каб іх, усіх гультаёў, халера пабрала!

Як толькі пераступіла парог, адчула, што і ў самім кароўніку не надта цёпла. Нібыта не было тут паравога ацяплення, не стаялі дзве сотні кароў, а ў прыбудовачцы, у радзільным аддзяленні, не грэліся пад электрычнымі лямпамі на мяккай ячнай саломе цяляткі. Калі вочы трошкі асвоіліся з паўзмрокам, што панаваў у памяшканні (яна яшчэ пакуль не разумела, чаму не гараць электрычныя лямпачкі), Паліна, прыгледзеўшыся, убачыла, што падлога ў інеі, які, быццам заразны грыб, уладарыў і на столі, і на кармушках, і на паілках, і нават белай была поўсць у кароў. Перад каровамі ляжаў сілас, але яны не елі. Жывёла раўла, быццам стагнала, скардзілася на мароз, ад якога не баранілі людзі. Трэба моцны холад, каб каровы не захацелі есці.

Насустрач Паліне з глыбіні кароўніка выбеглі загадчыца фермы Клімянкова з даяркамі, залямантавалі.

— Ціха! — закрычала старшыня і нават нагой тупнула. Мусіць, гэта зрабіла больш для сябе, чым для іх. Сказала: — Спакойна, спакойна!

Жанчыны прыціхлі, разгублена стоўпіліся вакол Паліны, з надзеяй чакаючы, што яна нешта вырашыць, зробіць, усё-ткі старшыня калгаса.

— Што? — спытала яна, хоць сама паспела ўжо і ацаніць, і зразумець, што здарылася на ферме.

— Скавала, замарозіла сістэму ацяплення, парвала трубы,— у Клімянковай затрэсліся плечы.— Цяляткі замярзаюць...

— Шчо ж ты маўчыш! — упікнула яе Паліна і, гулка тупаючы па бетоннай падлозе настылымі валёнкамі, пашыбавала ў закутак.— Тэлефон працуе? — спытала яна ў Клімянковай, якая паспяшала за старшынёй.

— Нешта сапсаваўся,— усхліпнула загадчыца фермы.— Невядома ўжо, што і рабіць... Добра, што вы, Паліна Ігнатаўна, прыехалі.

Нешта яшчэ гаварыла гэтая дзеўчынёха, што пасля тэхнікума прыехала ў іхні калгас. Хоць шкада было яе, але накіравала на ферму ў Любавічы. У вёсцы, акрамя старога халасцяка Гешы, хлопцаў няма. Клімянкова непрыгожая, маленькая, заўсёды ў сіняй ватоўцы і гумовіках: калі ў моднае апранацца і для каго? Значыцца, узяла на сябе грэх Паліна, пасылаючы яе ў Любавічы, дзе дзяўчына страціла, мусіць, апошні шанц выйсці замуж. Хоць дзе знойдзеш, а дзе страціш — невядома.

Паліне раптам стала горача, і яна расшпіліла кажушок, зняла з рук пальчаткі і голай далоняй ухапілася за засаўку, каб адчыніць дзверы ў клетку з цяляткам. Рука яе прыліпла да жалеза, ледзь адарвала. Клімянкова асвятляла дарогу ліхтарыкам, хоць і так ужо відаць было дзе што.

Маленькае чорна-белае цялятка ляжала, неяк зусім па-чалавечы скурчыўшыся, у кутку ля сцяны, пакрытай тоўстым слоем інею. Мабыць, шукала цёплае месца, а прыткнулася да халоднага. Не гледзячы пад ногі, Паліна амаль упала на калені каля цялятка, падняла яму галаву, што бездапаможна ляжала пысай у саломе, абмацала ўсё тулава: жывёліна пакуль была жывая. Заміргала вачамі, уздрыгнула, выгнулася, нібыта збіралася ўскочыць са сваёй схаладзелай пасцелі. Паліна больш не раздумвала, скінула з сябе кажушок і падхапіла цялятка на рукі. Выбралася з клеткі і, баючыся, што не данясе, крыкнула Клімянковай: «Памажы!»

Яны занеслі цяля ў машыну і вярнуліся па другое. І тады Паліна падумала: а куды яна павязе іх па марозе?

Яна папрасіла Клімянкову паклікаць жанчын, якія насілі ваду з калодзежа. Даярак было толькі пяць, а цялят намнога больш. Нешта трэба было рабіць і з некаторымі каровамі, без цяпла яны маглі прапасці.

Паліна была ў світэры, але ўпарылася, несучы цяля. Не адчувала марозу, хоць хвіліну назад яе кідала ў дрыжыкі ад думкі, што прыйдзецца вылазіць з машыны. Даяркі наогул былі без рукавіц і з голымі рукамі выбягалі на мароз. Жанчыны чакалі, што скажа старшыня калгаса. Каровы ўжо раўлі так, нібыта плакалі,— чулі бяду.

 

3

Амаль ніколі не снедаў Пятро, як ні прасіла Фрося, толькі чаю з пустым хлебам вып’е, і ўсё. А сёння быццам хтось прымусіў яго паесці. На золку выйшаў у двор і не пазнаў наваколле: Любавічы ўхутала, закідала снегам. Холад сабачы, у садзе дрэвы трашчаць ад марозу. Пятро думаў, акалее, зубы ўжо ляскалі, калі ўскочыў назад у хату. Хоць упоперак горла станавілася ежа, але з’еў і бульбяныя аладкі з кіслым малаком, і яечню, а ўжо напаследак выпіў паўлітровы кубак гарбаты з булкаю, намазанай маслам. Ад нязвыклага цяжару ў жываце ледзь падняўся з-за стала. Рагатала з яго Фрося, памагала апранацца.

Як пачаліся завеі, Клімянкова ўпрасіла Пятра адвозіць з фермы трактарам малако, бо што ні дзень машына з малаказавода то не даходзіла да вёскі, то псавалася. Ён згадзіўся, бо ўсё роўна ездзіў на работу на цэнтральную сядзібу, дабіраўся як папала. Дык лепш ужо на сваім «Кіраўцы».

На ферме было штось няладнае. Калі яны з Фросяй прыйшлі, лямпачкі ў кароўніку не гарэлі, радыятары былі халодныя. Даяркі хадзілі з ліхтарамі, лаючы электрыка Гешу Зайца.

Выдаілі кароў уручную. Пятро дапамог жонцы. Бітоны з малаком паставілі на санях, палазы якіх былі з тоўстага швелеру, акурат для «Кіраўца». Летась Пятро сам некалькі дзён варыў электразваркай гэтыя сані. Яны былі акуратныя і нават прыгожыя, як кожная рэч, зробленая ягонай рукою.

Звычайна ездзіла з ім здаваць малако загадчыца фермы Клімянкова, а тут толькі перадала Пятру паперы, каб аддаў у кантору калгаса, і са слязьмі — дзеўка маладая, вельмі ўсё да сэрца бярэ — шыбанула ад трактара ў цёмны, як ноч, кароўнік. Хацеў быў паклікаць Пятро Фросю, нешта ёй трэба было б сказаць, але што — не вырашыў. Пастаяў ля дзвярэй, паслухаў, як жанчыны галёкаюць у кароўніку, уздыхнуў, сеў на трактар і паехаў. Праз балота, па старым гасцінцы, ехаць не рызыкнуў. Замець такая, што ўтопіш трактар, а потым бяда — да канца жыцця не расплацішся.

Ледзь праехаў Пятро Любавічы: гурба на гурбе. Мінуў хатку Хрысці Манашкі, трыянгуляцыйную вышку, і дарога ўбілася ў лес. Думаў, там менш надзьмула снегу, менш напластавала гурбаў, але праехаў з паўкіламетра і зразумеў, што ўсюды аднолькава: вецер ірве дрэвам чубы, белыя крупы сыплюць і сыплюць.

Нічога ўперадзе не відаць: дзе дрэва, дзе дарога. Спыніўся Пятро, вылез з кабіны ў смаляную чарнату, якую шкуматаў, лютуючы, вецер, трывожна стала на душы, і нават крыху спалохаўся, але не за сябе, а за малако, што плюхалася ў бітонах на санях. Шкада было працы жанчын, дый гэта ж не вада, а малако... «Вот глупства лезе ў галаву...» — абарваў свае думкі Пятро. Залез назад у кабіну і, чуючы, з радасцю, як магутна ракоча трактар, рушыў па дарозе. Ён ехаў павольна. Да болю ў вачах узіраўся Пятро ў снежную замець, але, акрамя імклівых белых рысак, якія няспынна секлі паветра, нічога не было відаць. Заставалася толькі спадзявацца, што пашанцуе і ён усё-ткі выедзе з гэтага палону: праз гадзіну ці трохі менш павінна ўжо світаць.

Трактар прасоўваўся па дарозе марудна, здавалася, стаяў на месцы. І Пятро не вытрымаў, зноў спыніўся, вылез з кабіны і прайшоў некалькі крокаў, каб хоць нагамі адчуць шлях, калі вочы не бачаць яго. Ішоў, правальваючыся ў снег, але знізу была цвёрдая зямля. Гэта абнадзеіла Пятра, што рухаецца ўсё-ткі па дарозе і, мабыць, памалу дабярэцца да цэнтра калгаса. Галоўнае было выбрацца на асфальт, да якога заставалася не больш за тры-чатыры кіламетры. А гэта — дробязь, не пехатой жа ісці...

Пятро зноў сеў за руль і дадаў крыху хуткасці, бо надта непрыемна так ехаць, паўзці, як чарапаха. Ды лепш бы ён гэтага не рабіў, бо да асфальту заставалася нават менш, чым чатыры кіламетры; калі б было відно і не ішоў снег, убачыў бы, пэўна, таполі, што раслі ўздоўж дарогі, машыны, якіх заўсёды шмат тут.

Раптам трактар нахіліўся ўлева, потым яго падкінула ўгару. Пятро з усіх сіл націснуў нагой на тормаз, але машына, звычайна вельмі паслухмяная і чуйная, адразу не спынілася, а пасунулася яшчэ на некалькі метраў.

Пятро абышоў вакол трактара, і ад таго, што ўбачыў, стала трохі не па сабе: значыцца, ён ужо ехаў не па дарозе, а абочынай і да бяды было недалёка. Ён навобмацак пералічыў бітоны на санях і збіраўся сесці за руль, як вочы нарэшце заўважылі, што трактар нахіліўся і левае кола быццам у яме. Аднак Пятро сеў назад у кабіну, пераключыў хуткасць, каб адным рыўком вырваць трактар з ямы і вярнуць на дарогу. Рухавік працаваў як у ліхаманцы, затрэслася кабіна, але з месца «Кіравец» не зрушыўся. Пятро ціснуў і ціснуў на газ, спрабаваў выехаць, падаючы трактар узад-уперад. Нічога не атрымлівалася. І тады ён нібыта аслаб, бяссільна апусціў рукі і нерухома сядзеў хвілін дзесяць — пятнаццаць. Потым скінуў з сябе вайсковы бушлат, які захаваўся з тых часін яшчэ, калі служыў у арміі, і застаўся ў суконнай, на ваце, безрукаўцы, надзетай паверсе тоўстага світэра. Выцягнуўшы з-пад сядзення сякеру, Пятро выскачыў з кабіны і ўзяў з саней рыдлёўку.

На адкрытым месцы было немагчыма стаяць, вецер збіваў з ног, сцябаў снегам па вачах, па твары. Пятро палажыў сякеру на сані, каб выпадкам не згубіць. Падбіраў на рыдлёўку снег, што быў як мука, і кідаў, кідаў, але гурба ля трактара не змяншалася, а, здаецца, расла. Тады Пятро з яшчэ большай ярасцю, амаль з нянавісцю запрацаваў. Яму стала горача і захацелася піць. Ён зачэрпнуў жменю снегу. Аднак штосьці стрымала, і ён высыпаў снег. Толькі асмяглым языком аблізаў вусны.

Стаміўшыся, Пятро прытуліўся спіной да кола, перадыхнуў. Чарната вакол не зменшылася, хоць ён і ведаў, што вось-вось пачне світаць. Дзень ужо быў на парозе. І трэба спяшацца, каб не спазніцца з малаком... Пятро ўзяў сякеру і подбегам накіраваўся да лесу. Выбраў высокую, смалістую яліну ў густым убранні зялёных лап, пашкадаваў яе, але ўсё роўна пачаў секчы. Як апантаны, махаў і махаў сякерай, са звонам стукаючы па цвёрдым дрэве. Некалькі разоў Пятро націскаў плячом на яліну, спрабуючы зваліць яе. Ужо канчаліся цярпенне і сіла, калі нарэшце дрэва хіснулася, затрашчала і ўпала на кусты ядлоўцу. Ледзь стоячы на нагах ад стомы, Пятро абцерабіў яліну, пасек на тры часткі. Гэта заняло яшчэ з паўгадзіны. І тут ён убачыў, што выплылі з цемры дрэвы, снег набыў свой колер, але ўсё навокал было яшчэ быццам зацягнута неадбеленым зрэбным палатном.

Адчуваючы, як ледзь вытрымлівае цяжар спіна, Пятро перанёс бярвёны да трактара. Зноў думаў адкінуць снег, але, разважыўшы, рыдлёўку паклаў назад на сані. Ён пачаў утоптваць бярвёны адно ля аднаго побач з колам. Разлічваў на тое, што снег вельмі мяккі і свежы, а дрэва цяжкое і павінна ўтапіцца аж да зямлі. І сапраўды бярвёны схаваліся ў снезе. Для большай надзейнасці Пятро высек танклявую бярозу, завастрыў яе і абухом загнаў упрытык з бярвёнамі. Толькі цяпер ён паглядзеў на гадзіннік: ужо амаль тры гадзіны ён стаяў на гэтым месцы. Пятро прывязаў да кабіны рыдлёўку, кінуў у скрынку з інструментам пад сядзеннем сякеру і сеў за руль. Рукі трохі дрыжалі. Ён спакваля дадаваў газу і, калі нага націснула педаль да ўпору, адчуў, што трактар, нібыта рухаючыся да скачка, нахіліўся ўперад. Рухавік роў на ўсе свае магутныя лёгкія. Пятро крыху адпусціў педаль газу і зноў націснуў да канца. Трактар ірвануўся, нешта затрашчала, і дрэвы паплылі міма акна кабіны. Пятро праехаў яшчэ метраў дваццаць, затармазіў. Не вылазячы з трактара, паглядзеў туды, дзе хвіліну назад стаяў. Яма ўжо заплыла снегам, і толькі тырчала з яе патрушчанае бервяно. Здалося, што адзін бітон ссунуўся з саней. Пятро злез з трактара, праверыў мацаванне на бітонах і толькі тады паехаў. Завея ўзмацнілася, і снег схаваў дарогу, лес, поле. Аднак Пятро, насцярожаны, гатовы да нечаканасцей, пільна ўзіраўся перад сабой і вёў трактар.

 

Раздзел трэці

 

1

Шыбіны ў вокнах былі моцна размаляваны марозам, і нічога не відаць, што на дварэ, ці суціхла завея. Нават у хаце ад падлогі браўся холад, і не хацелася нікуды ісці ў такое надвор’е, калі добры гаспадар сабаку на вуліцу не выганіць. Нешта бурчала ля печы матка, але Геша, па мянушцы Касы Заяц, не вельмі яе слухаў. Пад падушкай ляжалі цыгарэты, а ў жываце даўно смактала, і ён з асалодай закурыў.

Геша ляжаў з цяжкай, атупелай галавой і спрабаваў успомніць, як яны ўчора разышліся з галоўным інжынерам пасля застолля, якое ім наладзіла бабка за тое, што адрамантавалі электраправодку ў хаце. Помніў, як садзіліся за стол, а як дабраўся дамоў — не мог зразумець. Матка забразгала вілкамі на кухні, ставіла чыгуны ў печ. Ці бачыла яна, як вярнуўся з работы? Мабыць, не, бо інакш ужо крык стаяў бы на ўсю хату.

Не жаніўся Геша з-за маткі: ніводная дзяўчына, з якой Геша ў маладосці гуляў, не падабалася ёй. Заляцаўся ён некалі і да Паліны, раслі, лічы, разам, дый суседзямі былі, але ж матка гаварыла, што будзе благая гаспадыня, надта языкатая. Аж вунь як усё стала. Вывучылася тая самая Палінка-малінка і камандуе іхнім калгасам. «Благая гаспадыня...» — абыякава і спакойна ўспамінаў Геша тую далёкую ўжо гаворку з маткай. Цяпер яму было ўсё роўна, за яго думала матка, вырашала, што і як рабіць. Зрэдзь яна гнала самагонку ўпотай, і ён піў — колькі душы хацелася. Але гэта было на каляды, грамніцы, вялікдзень альбо троіцу. Чаму далучыла яна да гэтых свят і грамніцы, Геша не разумеў, але і не пытаўся ў маткі; будзь яго воля, дык хай бы занесла ў свой спіс і Міколу, і спаса, і спленне. Ён гатоў адзначаць усе дні.

Дакурыўшы цыгарэту, Геша дрыготкімі рукамі нацягнуў ватовыя штаны, байкавую кашулю, апрануў безрукаўку з аўчыны; летась за яе аддаў у райцэнтры ва універмагу пяцьдзесят рублёў і не шкадаваў, бо сам такую не пашыеш. Быў у Любавічах кравец-гарбун Антоль, Гешаў сябра, але ўжо колькі гадоў, як згарэў ад віна. Ранічкай жонка ўбачыла ў яго ў роце сіні агеньчык, падняла спадніцу, каб заліць, ды позна. На хаўтурах Геша плакаў, а праз тыдзень ледзь не ажаніўся з Антолевай жонкай, ды матка забрала яго ў яе з печы і — у карак, у карак — загнала дахаты. Усю дарогу кляла кабету і называла лярвай, курвай на ваце, што забыла бога, прадала душу чорту. Больш Геша ў Антолевай жонкі не быў, бо знайшла яна сабе недзе маладога зусім хлопца, які працаваў на тарфяніку. Там ужо Гешу не было што рабіць. Мабыць, толькі ляжаць на печы. Але ён не галодны, дагледжаны, а тое, што за яго ўсё матка вырашае, дык на здароўе ёй, абы менш думаць.

Геша нясмела падышоў да гардзін, якія дзялілі хату на дзве палавіны, адгарнуў іх і выглянуў на кухню. Матка налажыла поўную міску бліноў, у патэльні духмяна сквірчэла сала, і тут жа на стале стаяла міска капусты.

— Шчо, прачнуўся, валацуга,— сустрэла матка Гешу.— Будзе табе, як гарбатаму Антолю...

— Ат,— пацягнуўся Геша да капусты, ухапіў жменю і — у рот.

— Будзе табе ат. Вось памру — і згарыш у гіене вогненнай,— матка не па ўзросту мела апетыт, налажыла ў талерку таўканіцы, трохі скварак, капусты. Ела і запівала малаком. Шчокі чырвоныя, на галаве ніводнага сівога воласа, а калі зазлуе, дык вочы гараць, што вугельчыкі ў печы. Тады Геша шапку ў рукі і да вечара ў хаце не з’яўляецца. Яшчэ яго і на свеце не было, як матку празвалі Марфай Царыцай. Ні з кім з суседзяў яна не вадзілася, адно толькі заходзіла да Хрысці Манашкі, што жыла ля самага лесу ў нізенькай, пад гонтай, халабудзе. Хрысця мо раз была ў іхняй хаце, але Геша быў на падпітку і таму не чуў, пра што гаварылі матка з госцяй, якія вялі размовы. Хоць нічога цікавага, на яго думку, манашка не магла сказаць: ах, бог на небе і на зямлі, Хрыстос вернецца, як і пайшоў.

— Нешчо сягоння свету нямашака,— сказала матка,— пайшоў бы паглядзеў?

— Ат, паспею,— у вачах у Гешы сінія, жоўтыя, чырвоныя кругі. Каб не дзюбнуцца на падлогу. І дзе тое здароўе падзелася. Прысеў ён да стала, прымусіў сябе з’есці скварку, таўканіцы і выпіў гладышку кіслага малака. Нібыта зноў на свет нарадзіўся, пад’еў яшчэ капусты, і зусім стала добра.

— Па абедзе пойдзеш да Хрысці...— загадала матка, не падымаючы галавы ад талеркі, і Геша ажно пазайздросціў яе апетыту. У такім узросце ён, канечне, і дзесятай долі не зможа ні зрабіць, ні з’есці, як яна.

— Навошта? — усё-ткі трэба ж яму быць на рабоце. Як-ніяк, а лічыўся калгасным электрыкам у вёсках Любавічы, Гудзевічы і Маленькія. Пра гэта ён помніў. Пры магчымасці любіў сачкануць, але ж баяўся начальства і, ведаючы характар старшыні, штодзень выходзіў на работу. Хоць не абавязкова зранку, мог і ў абед: электрыкаў не вельмі кантралявалі.

Матка не адказала на Гешава пытанне, таму ён зноў сказаў, збіраючыся легчы на ложак яшчэ на гадзіны дзве:

— Шчо там не бачыў? Рабіць больш няма чаго?

У коміне раве вецер, хата, здаецца, дрыжыць. Снегам пляскае і пляскае ў акно. У пакоі паўзмрок, і Геша шчоўкае выключальнікам, але электрычная лямпачка не гарыць. Нарэшце дайшоў сэнс матчыных слоў, што святла няма. Ён электрык, і на яго дурную галаву прычына ў тым, што выключыўся трансфарматар на падстанцыі ля фермы, а чаго выключыўся — тут ужо так проста не вызначыш, тым больш седзячы ў хаце.

— Па абедзе пойдзеш да Хрысці,— паўтарыла матка, уздыхнула і нечакана для Гешы дастала аднекуль з-пад печы цёмную бутэльку, закаркаваную анучкай, і, яшчэ раз уздыхнуўшы, наліла паўшклянкі.— Палячыся, а то...— не скончыла сваю думку, забрала бутэльку са стала, але ўжо не схавала на старое месца, выйшла ў сенцы, і чуваць было, як грукнула дзвярыма ў каморы. Геша доўга не думаў, глынуў пітва і сеў снедаць як мае быць. Хоча, каб пайшоў да Хрысці,— калі ласка, яму не цяжка.

— Толькі глядзі,— гаварыла матка, прыбіраючы са стала,— рабі ўсё, што Хрысця скажа,— памаўчала, пасля дадала: — Зусім ад бога адбіўся. Да д’ябла ў бутэльку залез.

— Дык нішто д’ябал, прыемны,— рагатнуў Геша.

— Не багахульствуй... Патап так казаў, і бог прыбраў... Гэта матка пра Гешавага брата, які ў семнаццаць год з’ехаў у Данбас і за дваццаць пяць гадоў быў у Любавічах толькі тры разы. А летась атрымалі тэлеграму, што забіла яго ў шахце. Матка не паехала на пахаванне, ездзіў адзін Геша. Нават пасля смерці не даравала старэйшаму сыну Марфа Царыца тое, што не паслухаў яе і не застаўся ў вёсцы. Было і яшчэ між імі нешта, але Геша гэтым не цікавіўся, лічачы, што ў кожнага свая галава на плячах.

Святла не было, і ніхто не пытаўся ў Гешы, хоць ужо амаль дзесяць гадзін. Ён падхапіўся з-за стала, зайшоў у другую палавіну хаты, пастаяў ля ложка, паправіў падушку і, крэкчучы, нагнуўся, каб зняць з ног валёнкі. Але нейкі чарвяк грыз унутры, выклікаючы страх. Канечне, штосьці здарылася. Пры такой завеі было б дзіўна, калі б нічога не сапсавалася. Аднак вінаваты ў гэтым ён альбо не — вось галоўнае. Згарэла падстанцыя, ну і на здароўе, абы ён быў ні пры чым. А калі нешта зрабіў не так, як трэба, і цяпер во гэта... святла няма. Ці мала было выпадкаў, што святло не гарэла? Мільён! Ад гэтай думкі Геша павесялеў, але ўсё роўна лажыцца не стаў. Прысланіўся спіной да цёплай печкі і закурыў; дзеля забавы пускаў з рота колцы дыму, яны прыгожа чапляліся адно за адно і ляцелі ланцугом да столі. Матка бразгатала посудам, мармытала штосьці пад нос, а потым напаўголаса заспявала царкоўную песню, псалом. Бог ляціць па небе і ўсё бачыць і чуе, што робяць людзі на зямлі. Тыя, хто не верыць у гэта, трапяць у пекла, ім падсмажаць пяты на вогнішчы і напояць гарачай смалой. Але ёсць рай, куды дарога ўсім святым, адданым богу людзям. Прывык да яе спеваў Геша, з маленства чуў і пра бога, і пра д’ябла і ўжо не надта прыслухоўваўся. Матцы спевы, а яму гарэлка: кожны мае сваю ахвоту. Няхай што хоча пяе, у нас нікому гэта не забаронена. Наліла б яшчэ паўшклянкі, дык, можа, і сам заспяваў бы. Да ўсялякай работы патрэбен настрой, жаданне, а калі гэтага няма, нават мазгі не слухаюцца. Чалавек жа не свіння, што наелася мяшанкі і на бок у салому. Чалавеку дай падумаць галавой, яму прастора, як паветра, неабходна. «Вось мне,— думае Геша,— не дай прасторы, волі, дык магу невядома шчо ўтварыць. Ласкава трэба са мной, ласкава...» Думкі заблыталіся, ён спрабуе далей разважаць, але ніяк не знойдзе канца іх, і ўрэшце затуманеная галава забывае, што турбавала.

— Э, шчо я хацеў вас спытаць? — звяртаецца ён да маткі.— Э, етае... свінячая яго морда... Святла нямашака.

— Нямашака. На тое воля боская,— важна гаворыць Марфа Царыца, але не вытрымлівае і з істэрыкай крычыць: — Каб не п'янтосы, дык было б!

Шукае тое слова Гета, якое, адчувае, трэба сказаць, і не можа знайсці. На страсе загрымела, заляпала дошка ад ветру, нібыта хтосьці просіць, каб пусцілі ў хату схавацца ад сцюжы. І быццам запалілі свечку, якая асвятліла цёмны калідор, і ўжо відаць, куды ісці, што шукаць.

— Э, етае... свінячая морда яго,— загаманіў Геша ўстрывожана,— а мяне ніхто не пытаў, не будзіў, калі я спаў?

— Цябе пабудзіш,— азвалася матка,— хоць з дубальтоўкі страляй, усё роўна не пачуеш. З фермы гэная смаркатая начальніца прыходзіла.

— Ну і шчо? — адышоў Геша ад печкі, стаў на праходзе.

— Як шчо? — здзівілася матка.— Як сноп ляжаў...

— Ну і шчо? — бліжэй пасунуўся сын.

— А тое, шчо заплакала і пабегла, як ашпараная... Са святлом, мабыць, сёе-тое не тое...

Занепакоіўся Геша. Турбаваўся не таму, што святла не было, а таму, што спалохаўся за сябе, каб не пагарэць з-за гэтай маладой смаркачкі, загадчыцы фермы. Даложыць, і тады даказвай: не піў, не курыў, не спаў, а працаваў на радасць калгаса і суседзяў. І гэтая думка падштурхнула Гешу, ён апрануў кажух, надзеў шапку са скураным жоўтым верхам, перацягнуўся дзягай. На рукі прымераў рукавіцы з двума пальцамі.

— Я пайшоў,— Геша з вялікім шкадаваннем ступіў з цеплыні ў завею. Наўздагон вылецела матчына:

— Не забудзь пра Хрысцю!

Што ўжо яна так надакучае са сваёй Хрысцяй? Сабраліся: адна царыца, а другая — манашка. З матчыным гонарам — на крывой казе не пад’едзеш — ёй бы дружыць са старшынёй калгаса.

Вецер дзьмуў з поўначы, ад балота, ярасна, здавалася, на вачах перасоўваў з месца на месца гурбы снегу, пад якім ужо былі пахаваны платы, студні, маладыя дрэвы ў садах. Геша рухаўся павольна, здзіўляючыся перамене, што адбылася з наваколлем за ноч. Ісці было нялёгка, снег не трымаў чалавека, які абліваўся потам і караскаўся па гурбах, паныла думаючы аб тым, як будзе рамантаваць на гэткім марозе падстанцыю, нешта рабіць. Геша падаў, мацюкаючыся, падымаўся і ішоў далей, хоць і памалу. Нарэшце ззаду засталася хата Мікалая Карабля, і ён узняўся на лысы, без ніводнага дрэўца, пагорак, ад якога рукой падаць да фермы. Трэба было яшчэ прайсці поле, крокаў трыста. Восенню па ім пасеялі жыта. Тыдні тры назад поле было ў крамяных зялёных кусціках. Узялося жыта расці моцна, ажно, здаецца, ірвалася з зямлі. Цяпер снег нібы вапнай выбеліў поле, накрыў сваім абрусам і пагнаў па ім, як па стале, пазёмку.

Геша прыпыніўся ля Караблёвага хлява, стаў у зацішку, каб перадыхнуць. З гэтага боку ферма была навідавоку. І ён адразу ўбачыў перад кароўнікам жоўты старшынёўскі «ўазік». Ва ўсёй акрузе на машыне такога колеру ездзіла толькі старшыня іхняга калгаса. Геша ўжо не сумняваўся, што менавіта Паліна была на ферме. Ён дастаў з-за пазухі цыгарэту і, закурыўшы, пачаў думаць, як незаўважна падысці да кароўніка і зрабіць выгляд, што на ферме рупіцца даўно. Ён ужо наважыўся перасячы поле, борздзенька ўскочыць у падстанцыю, што знаходзілася ў невялікім цагляным будынку.

Геша дакурыў цыгарэту, надзеў рукавіцы і падрыхтаваўся бегчы праз поле. Акінуў вачыма ўсю тэрыторыю фермы, цікуючы, каб не было на двары людзей. Засмуціў выгляд воданапорнай вежы — надта шмат лёду было на ёй, усё роўна як нехта спецыяльна замарозіў. Ён прыгледзеўся: аварыя адбылася таму, што не стала электраэнергіі. Значыцца, могуць яго абвінаваціць у гэтым? У роце стала суха і горка, у горле быццам наждаком хто паскроб. «Усё-ткі трэба ісці...» — вырашыў Геша. У кароўніку адчыніліся дзверы, і Паліна з загадчыцай фермы нешта вынеслі на руках і палажылі ў машыну. «Эх, свінячая яго морда, прападаць, дык з музыкай!» Апусціў Геша ў шапцы вушы, завязаў іх шнурочкам пад падбародкам і, тужэй зацягнуўшы дзягу на кажуху, падаўся да фермы.

 

2

Ад’ехаўшы ад горада кіламетраў з пяць, Фёдар Васільевіч уключыў рацыю, і адразу трэск, піск, галасы ўварваліся ў машыну. Ва ўсіх гаспадарках раёна былі такія рацыі, і цяпер яны, канечне, працавалі, запоўнілі эфір. Але гэтая гамана не была бессістэмнай, яна кантралявалася дыспетчарскай сельгасупраўлення. Фёдар Васільевіч слухаў, што гаварылі па рацыі, і нічога пакуль трывогі не выклікала. Ён ужо хацеў адключыць рацыю, як раптам пачуў пазыўныя начальніка райсельгасупраўлення. Дыспетчар усхваляваным голасам — ён неяк бачыў яе: дзяўчынка пасля дзесяцігодкі, нейкая родзічка старшыні райвыканкома,— мо пяць разоў гукнула: «Сокал-3».

Калі начальнік райсельгасупраўлення адклікнуўся, дзяўчына звонка, як радасную навіну, паведаміла, што малако з калгаса «Перамога» яшчэ не прывезлі і наогул там не ведаюць, дзе старшыня. Мароз у зоне тарфянікаў дваццаць дзевяць з паловай градусаў.

— Як не знаюць? — уставіў слова і сакратар райкома.

— Не ведаю,— прызналася дзяўчына.

Як гэта можа прапасці старшыня калгаса, хоць і жанчына,— глупства. Нешта, мусіць, там здарылася, вось і запанікавалі. У складаных сітуацыях часцей губляліся мужчыны, а не жанчыны.

Фёдар Васільевіч яшчэ не так добра ведаў раён і людзей, каб не сумнявацца ў сваіх ацэнках. За паўгода ён толькі пазнаёміўся збольшага з актывам. Людзей шмат, а што ні чалавек, то характар. Ён больш-менш вывучыў супрацоўнікаў райкома партыі, хто на што быў здольны. Раней здавалася, што работа першага сакратара ўсё-ткі прасцейшая, аднак чым далей адыходзіў час, калі ён прыняў раён, тым мацней Фёдар Васільевіч адчуваў, наколькі адказная справа даверана яму. Пра гэта яны не раз ужо з жонкай позна вечарам, калі, вярнуўшыся з раёна, адпачываў, гаварылі і зрэдзь спрачаліся. Яму была дадзена вялікая ўлада, але не меншая за яе была і адказнасць.

У раёне была няпростая абстаноўка, і ён думаў, ці так усё робіць, як трэба. Мо варта зараз было застацца ў райкоме? Па тэлефоне пагаварыў бы з усімі... Раптам чакаюць недзе яго парады альбо дапамогі? Хоць каму трэба пагаварыць, можа звязацца па рацыі... Усё-ткі трэба не з чужых слоў ведаць, што і дзе робіцца, пабачыць...

На шашы, якую не паспяваў расчышчаць бульдозер, параслі снежныя барханы. У трох месцах Фёдар Васільевіч убачыў складзеныя ў кучы драўляныя шчыты. Іх павінны былі паставіць з абодвух бакоў шашы ад снежных заносаў і не паставілі. Вырашылі — снегам занясе гэтыя дошкі да вясны. Хто спытае за іх? Маўляў, зіма суровая, снегу шмат. І ўсё...

Рацыя трашчала, але Фёдара Васільевіча не выклікалі, і ён нікога не трывожыў. Ад самага пачатку работы першым сакратаром райкома партыі бязлітасна крытыкаваў тых, хто па рознай дробязі бег раіцца з раённым кіраўніцтвам. Таму і разлічвалі на сваю сілу цяпер, самі шукалі выйсця і звярталіся да яго толькі тады, калі інакш было немагчыма.

Да «Перамогі» даехалі хутчэй, чым сакратар райкома меркаваў. У канторы галоўны эканаміст, жанчына з прычоскай, як стог сена, паведаміла яму тое ж, што і дыспетчар сельгасупраўлення. Раніцай старшыня была на нарадзе, а потым знікла. Дома яна паснедала, села ў машыну і паехала. На дварэ такая завіруха, ці доўга замерзнуць у дарозе: рухавік заглухне, бензін скончыцца і што тады? Нібыта хтось бачыў, як Паліна Ігнатаўна паехала да тарфянікаў, а там дарога на Любавічы, але па ёй цяпер не ездзяць.

Галоўны эканаміст аказалася вельмі малога росту, амаль карліцай, з кароткімі маленькімі ножкамі. Падбегла да тэлефона, пакруціла дыск, паказваючы, што не можа дазваніцца ў Любавічы. Сакратар партарганізацыі быў у суседняй вёсцы, на свінакомплексе, нешта там зламалася, дык рамантавалі. Іншым разам Фёдар Васільевіч заехаў бы туды, аднак, падумаўшы, вырашыў ехаць у Любавічы.

Жанчыны, якія былі ў кабінеце, рабілі выгляд, што старанна працуюць, а самі насцярожана пазіралі на яго. Фёдар Васільевіч усміхнуўся, і на тварах жанчын з’явіліся ўсмешкі. Насцярожанасць знікла, і яны пачалі разглядваць госця. Ён распытаў, якой дарогай лепш ехаць на Любавічы. Тлумачыла ўжо не галоўны эканаміст, а маладая дзяўчына ў чырвоным світэры, з доўгаю касою.

Выходзячы з канторы, Фёдар Васільевіч сутыкнуўся вочы ў вочы з высокім мужчынам у такім жа, як у яго, чорным кажушку, з чырвоным, быццам толькі з лазні, тварам, які здаўся яму знаёмым. Мармытнуўшы нешта пад нос, чалавек праскочыў міма так хутка, што сакратар райкома не паспеў яго затрымаць. Фёдар Васільевіч запыніўся на ганку, і мо праз колькі хвілін мужчына выбег назад на двор. Крутнуўся, убачыўшы сакратара райкома, угнуў галаву.

— Вы куды гэта? — спытаў Фёдар Васільевіч.

— А так...— адмахнуўся мужчына і прапаў у снежнай замеці. Не пабяжыш жа ўслед. Дый ці варта... Хоць у маладыя гады Фёдар Васільевіч мог бы і пабегчы.

Гэта было, калі ён яшчэ працаваў сакратаром камітэта камсамола тэхнікума. Аднойчы вечарам выйшаў на двор (тады ён крыху курыў). Да яго з цемры, а ў райцэнтры ліхтары вельмі рэдка гараць на слупах на вуліцы, не кажучы пра двары, парослыя кустамі, што садзяць аматары-садаводы,— наблізіліся, як здалося, дзве дзяўчыны. У хустках, у сукенках і плашчах. Адна папрасіла цыгарэту, і, калі ён палез у кішэню, другая ўдарыла нечым цвёрдым па галаве, што ён ледзь устаяў на нагах. Невядома, чым скончылася б, калі б упаў. Пэўна, блага для яго, таму што і пасля гэтага ўдару ў Фёдара Васільевіча месяц балела галава. Аднак ён не ўпаў і амаль дзве гадзіны ў злосці лётаў па гарадку, шукаў злачынцаў, пераапранутых у жаночае. Праз некалькі дзён, даведаўшыся пра гэта, у райкоме гаварылі, што яму трэба было выклікаць міліцыю і з ёю шукаць злачынцаў. Але ж гэта было б не ў яго характары тады. З гадамі ён стаў больш памяркоўны і разважлівы, пачаў сябе стрымліваць. Зразумеў, што адказвае не толькі за сябе і сваю сям’ю — яму давераны лёс раёна.

Міхаіл Аляксандравіч, вадзіцель, які маўчаў дагэтуль, сказаў, што чырванатвары мужчына, які здаўся знаёмым Фёдару Васільевічу, муж старшыні калгаса.

У Любавічы яны паехалі новаю дарогаю. Райкомаўскі вадзіцель не рызыкнуў у гэткую замець ехаць праз балота, хоць і асушанае. У той самы момант, калі Геша Заяц нарэшце адважыўся пакінуць сваю схованку за Караблёвым хлявом, Фёдар Васільевіч пад’язджаў ужо да вёскі.

Сакратар райкома сутыкнуўся з Палінай у дзвярах. Яны з Клімянковай неслі на кажушку цяля ў машыну. Жанчыны, убачыўшы Патоліча, дружна войкнулі і ледзь не выпусцілі сваю ношу з рук. Ён спытаў: «Куды? — і здагадаўся: — Да людзей у хаты?» Паліна, дрыжучы ад холаду, зусім акалела, крыкнула ў кароўнік:

— Фрося, паехалі!

Таропка выйшла ў гумовіках жанчына гадоў пад трыццаць — трыццаць пяць, прыгожая, апранутая, як і ўсе даяркі, у чорны халат, з-пад якога была відна ватоўка. Павіталася, з цікавасцю агледзеўшы Фёдара Васільевіча з ног да галавы.

— Мо памочнікам будзеце? — сказала яна і смела паглядзела ў вочы. Улезла ў машыну да старшыні, асцярожна прычыніла за сабою дзверцы.

Магла б і далажыць, што тут робіцца, падумаў Фёдар Васільевіч. Усё-ткі першы сакратар райкома партыі...

— Паедзем і мы,— сказаў ён вадзіцелю.

Да вёскі было недалёка, і яны хутка спыніліся каля хаты. Паліна зноў у світэры выскачыла з машыны. Аднак Фёдар Васільевіч прымусіў яе апрануцца, і з вадзіцелем, хоць і памаглі ім жанчыны, занеслі абодвух цялят у хату, асцярожна палажылі ля печы на подсцілку.

Пасярэдзіне вуліцы яны спыніліся ля крыху ўжо састарэлай хаты з прыбудовай пад чырвонай польскай чарапіцай, з вялікай клуняй і хлеўчукамі. Відаць, колісь гаспадар жыў заможна, а потым ці то рукі у яго сталі нядужымі, ці то прапала жаданне даглядаць сваю гаспадарку. Фёдар Васільевіч адчыніў веснічкі ў двор, але прыпыніла Фрося, засумнявалася:

— Не возьме Царыца ў хату...

— Якая царыца?

— Ды ў гаспадыні такая мянушка,— сказала Фрося.— Не возьме...

— Ну-тка, пайшлі,— ён рашуча накіраваўся ў двор. Ля клуні загаўкаў, пачаў дзерці з-пад сябе снег вялізны, як цяля, чорны з белымі плямамі сабака.

Пераглянуліся Паліна з Фросяй, нічога не сказалі, пайшлі з першым сакратаром у хату. На ганку Паліна абагнала Фёдара Васільевіча: цёмна ў сенцах, можна заблудзіцца.

З заснежанага двара дык і сапраўды здалося цёмна ў хаце. Насустрач ім выйшла рослая жанчына ў чорнай хустцы, па-манаску нізка завязанай на вочы. На іхняе прывітанне яна не адказала, спадылба глядзела на людзей, чакала, скрыжаваўшы рукі на грудзях. Была ў яе паставе нейкая сіла, якая падпарадкоўвала, гняла, і нават Фёдар Васільевіч адчуў сябе не вельмі ўтульна ў гэтай хаце. У жанчыны быў велічны і адчужаны позірк.

У хаце было чыста прыбрана, падлога блішчэла. У верхнім правым кутку вісела пачарнелая ад старасці карціна, падобная на ікону, з надпісам, абраная з двух бакоў цюлем. Пад гадзіннікам з шышкінскімі мядзведзямі быў прыбіты вялізны каляндар з партрэтам спевака і акцёра Кікабідзе. Шырокая печ абліцована каляровай кафляй. На кожнай плітцы свой малюнак: і дзядзька з дудкаю, і вясёлыя цёткі, і цэлыя сцэнкі яшчэ з дарэвалюцыйнага жыцця. Фёдар Васільевіч падышоў да печы, правёў рукой па кафлі.

— Прыгожа! Вот бы цяпер нашыя майстры навучыліся так рабіць,— сказаў, звяртаючыся да жанчын і ў першую чаргу да гаспадыні. Аднак выраз твару ў яе не змяніўся, і яна ніяк не адрэагавала. Маўчанне рабілася ўжо даўгаватым, надта дэманстратыўна Марфа Царыца паказвала ім на дзверы. Невялікая разгубленасць, якая, відаць, была ў старшыні, прайшла, і Паліна пачала гаворку з гаспадыняй.

— Марфа Мінаўна, трэба цялят ратаваць. У кожную хату на які тыдзень-два даём... Дык і вам прывезлі.

— Навошта мне. Я старая,— растуліла вусны гаспадыня,— няма здароўя.

— Гэта на тыдзень. Усяго два цяляткі,— упрошвала Паліна. Фёдар Васільевіч пакуль маўчаў.

— Мне шчо тыдзень, шчо дзень. Нямашака здароўя,— голас у Марфы Царыцы мяккі і круглы, зусім не адпавядае яе постаці. Жанчыны з такім голасам цудоўна спяваюць калі не ў клубе, дык на клірасе.

— Мароз жа, памерзнуць цяляткі. Памажыце, Марфа Мінаўна, калгасу. Трэба...— не вытрымаў Фёдар Васільевіч, ступіў бліжэй да старой і стаў якраз насупраць акна. Цяпер яго твар быў адкрыты святлу, якое ледзь прабівалася скрозь размаляваную марозам шыбіну. На момант позіркі іх сустрэліся. Марфа Царыца ўважліва разглядала Фёдара Васільевіча. І ён заўважыў, што жанчына разгубілася. Яна па-старэчы пажавала вусны, пакашляла. З твару знікла ганарыстасць, вочы нібыта патухлі, у іх з’явіўся страх. Было зразумела, што гаспадыня нечага спалохалася. Але ж наўрад ці Марфа Царыца ведала, хто ён, дый ці пабаялася б першага сакратара? Аднак штось на яе падзейнічала. Яна пашаптала, апусціўшы галаву, і таропка вымавіла:

— Здаюся на вашу літасць... Заносьце, але на тыдзень.

— Вот ведзьма,— гаварыла Фрося,— здароўя ў яе нямашака. Трох свіней трымаць, дык здароўе ёсцека. Каб цябе чэрці з’елі дый не падавіліся.

Здалося, завея крыху супакоілася, толькі зрэдзь гнаў вецер па полі снежныя крупы. Чырвонае сонца скінула з сябе воблакі, як апратку, і слаба, стомлена свяціла на вёску, лес, раку. Звязаўся Фёдар Васільевіч па рацыі з дыспетчарскай. Дзяжурная паведаміла пра абстаноўку ў раёне. Пакуль ён гаварыў па рацыі, Паліна з Фросяй аб нечым шапталіся.

— Што за сакрэты? — Фёдар Васільевіч сабраўся ўжо ад’язджаць. Трэба было спяшацца: зімовы дзень кароткі. Здаецца, толькі развіднела, а ўжо цямнее. Па такім марозе ды вятрыску не вельмі добра ездзіць уначы. Канечне, калі ёсць пільная патрэба, дык не паглядзіш ні на надвор’е, ні на позні час.

— Хвёдар Васільевіч, мо паабедаем,— нечакана сказала Фрося і ажно зачырванела ад сваёй смеласці. Дагэтуль ні разу не даводзілася ёй размаўляць з першым сакратаром.— Усё роўна ж паесці трэба. Унь дзе сонца... Дый мне цялятак завязём.

— Сонца нізка, вечар блізка, у маім акне цямно,— пажартаваў Фёдар Васільевіч.— Нас чакаюць.

— Ай, ну шчо кажаце, мы тут разам напрацаваліся. У мяне ў печы капуста ў чыгуне, таўканіца са свежай скваркай, грыбочкі-рыжыкі, як тыя чыжыкі. Калі ж не паямо, дык як рабіць далей будзем? Дый Паліна Ігнатаўна даложыць вам, шчо і як. Пагаварыць жа з-за работы так і не змаглі... Паліна Ігнатаўна, запрашайце дарагога госця,— Фрося ўхапіла Паліну за рукаў, пацягнула да сакратара райкома.— Людцы, хто чужому шкадуе, хай свайго не мае.

— Мо перакусім, Фёдар Васільевіч? — нерашуча прамовіла старшыня.— Дзе яшчэ будзе якая нагода?

Ён азірнуўся на шафёра, той старанна выціраў анучкай пярэдняе шкло. Плечы ў Міхаіла Аляксандравіча ўздрыгвалі.

— Толькі хуценька, Фрося, як вас па бацьку?

— Восіпаўна, Восіпаўна,— узрадавалася даярка.— Дык пайшлі. Мая хата хоць і з краю, але недалёка. Кінем шчо-небудзь на зуб, каб весялей было.

Хата ў Фросі новая, абкладзеная белай сілікатнай цэглай, а вуглы — чырвонай. Праз тры крокі ад ганка — летняя кухня.

З выгляду такая ж хата, толькі меншая.

Усярэдзіне хата была вельмі ўтульная, на падлозе ляжалі дываны, а ў вялікім пакоі і на сцяне вісеў дыван. На падаконніках, табурэтках, на падлозе стаялі вазоны.

— Жывём на пяць,— паказвала сваё гняздо Фрося,— дый блага жыве зараз адно лайдак. Абы галава на плячах і здароўе. Як цяперака ўжо людзі жывуць, дык ніколі так не было. Вот і мая мама-нябожчыца казала: раней жылі — слёзы лілі, а цяперака жывём — песні пяём,— і заспявала Фрося:

 

Выйдзем ў поле, поле ды калгаснае,

І цябе палоніць далягляд,

Кожны колас жыта, жыта каласістага

Гаварыць з табой ад сэрца рад.

Э-эх, гаварыць з табой ад сэрца рад...

 

Вот любіла мая мамулечка гэтую песню! Бывала, я яшчэ малая была, ідзём лён ірваць альбо жыта жаць, а я маме вот з такога ўзросту памагала, і пяём. Ці помніце, Паліна Ігнатаўна?

— Як жа ж, помню, Фрося.— Паліна аб нечым задумалася, сядзела і міжволі гладзіла рукой хустку, гладзіла.

— Сёння ж у вас будуць спецыялісты з электрасетак,— сказаў Фёдар Васільевіч,— калі яны ўжо не ў калгасе.— Ён шчоўкнуў выключальнікам, і лямпачка заблішчала вясёлым агеньчыкам. Ад яго адразу нібыта пацяплела на душы ў Паліны, бо знервавала сябе, ідучы да Фросі абедаць: на ферме невядома што з ацяпленнем, з вадой, з электрычнасцю, а яна — есці. Адчувала, пра гэта ж думае і першы сакратар, але, паслухаўшы яго гаворку па рацыі, упэўнілася. што ён нейкія меры прыняў. Аднак у раёне не адна гэта вёска, не адна гэта ферма. І ў іншых, відаць, калгасах не лепш, чымсь у «Перамозе». Нарабілі бяды завіруха з марозам, і, хто ведае, што можна чакаць ад надвор’я, калі сонца чырвонае, як кроў. На яе памяці такой суровай зімы, здаецца, не было. Нездарма заўважыла маці і сказала Паліне: увосень бярозы пачалі жаўцець знізу, значыцца, на вялікі холад. Ды нешта ўжо каторы ранак не чуваць, каб спявалі пеўні. Помніла таксама Паліна, як на Кастрычніцкія святы, ужо ж восень даўно на дварэ, пачула яна неяк пад вечар гром. У маі гэта звычайная з’ява, але ж не ў лістападзе?

— От я ўжо вас пачастую дык пачастую,— без перапынку малола языком Фрося.— Гэта ж, як гаворыцца, еш, пакуль рот свеж, а завяне — і муха не загляне. А мы ж паршука тыдзень як закалолі: ёсцека і мяска свежае, і кілбаса, пальцам пханая, і салцісон, і рулет... Сядайце, сядайце, таварыш сакратар, таварыш вадзіцель, Паліна Ігнатаўна, у крэсліца мяккае, на канапу. У мяне ўсё акуратна і чыста. Дочкі, хоць і малыя яшчэ, памагаюць, клапоцяцца, разумніцы мае. Абедзве вучацца на пяць і чатыры. Кажу, будзеце двойкі атрымліваць, пойдзеце з маткай кароў за хвасты вадзіць. А вывучыцеся, дык настаўніцамі, можа, будзеце альбо хоць бы заатэхнікамі. Ліха іх не бяры, не надта перарабляюцца, а грошы атрымліваюць неблагія. Ну, гэта ўжо як захочуць, ім лепш відаць... Я, дурная, сем класаў скончыла, ды ўся мая акадэмія, інстытут мой на ферме. Бачыце, якія ў мяне рукі.— Фрося закасала рукаў кофты да локця і паказала ў сініх тоўстых жылах руку.— Ох, ноччу ногі баляць, але тэрпатынай натру, і нічога — на золку самі ляцяць на ферму... Мо на мароз па сто грамаў крамнага віна, бутэлька ў мяне ёсцека яшчэ з лета. Мой гаспадар не вельмі любіць.

— Не трэба, Фрося. Глядзець, не тое што піць, не магу на гэта,— перапыніла Паліна, падсунула табурэтку да стала і села побач з Фёдарам Васільевічам, спіной да дзвярэй.— Столькі бяды нарабіла гэта гадасць, колькі лёсаў загубіла, шчо, на мой лад, даўно пара забараніць яе зусім альбо прадаваць па рэцэпту, як лякарства.

— Праўда, праўда, Паліна Ігнатаўна,— усё бегала ад печы да стала Фрося, несла новыя стравы. Спадабаліся ёй госці, дый ніколі раней не даводзілася гаварыць з першым сакратаром райкома партыі, не тое што сядзець за адным сталом у сваёй хаце.— Шафёру дай бутэльку, пастуху дай, тарфы прывязуць ці дроў — таксама дай, інакш ніхто нічога не зробіць. Гэта не лічачы грошай, якія бяруць. Акурат абіралаўка.

Усё было на стале смачнае, наўрад ці ў рэстаране такое пакаштуеш. Прапараная і пратушаная ў печы страва — гэта ж не звараная на газавай пліце. Хоць, канечне, каб быў галодны, то і печаную рэдзьку з’еў бы.

Елі спачатку моўчкі і неяк похапкам — мо таму, што Фёдар Васільевіч нецярпліва паглядваў на гадзіннік. Фрося зразумела, што пройдзе яшчэ трохі часу — і яна не зможа з сакратаром пагаварыць. Трэба было выкарыстаць момант. На дварэ, калі вазілі па хатах цялят, Фрося шаптала пра гэта старшыні, і тая абяцала перамовіцца з Фёдарам Васільевічам, але чамусь як вады ў рот набрала.

— Я вот шчо думаю, Хвёдар Васільевіч. Прабачце ўжо мне, дурной бабе, але ж каму шчо баліць, той аб тым і гаварыць,— сказала Фрося.— Гэта ж ліха шчо робіцца, не можам купіць сабе гумовікі, ватоўкі. Як жа ж нам працаваць на ферме? Прывязуць калі-нікалі ў лаўку шчо-небудзь, дык той, хто на рабоце, нічога не бачыць. І ўжо ж колькі мы гаварылі, і да таго ж Стомы Паліна Ігнатаўна ездзіла. Усё абяцанкамі-цацанкамі нас частуе. Словам, сыты галоднага не разумее. Мая ватоўка толькі для пудзіла агароднага вартая, але нашу, бо нямашака новай. Мне дык ладна, я жанчына нішто сабе, а як іншым быць?.. І гэтак усё, даражэнькі Хвёдар Васільевіч, куды ні кінь — усюды клін. А Марфа Царыца смяецца, во, кажа, давялі да чаго бальшавікі: колькі гадоў ад вайны, а гумовікаў не купіць, прасцірадла па знаёмству альбо за свінню ў райзагу толькі прыдбаеш. Смяецца, а мой бацька косці парыць недзе пад Кёнігсбергам, аддаўшы жыццё за Савецкую ўладу. Яна ж на печы ўсю вайну праседзела. Ніводнага дня не працавала ў калгасе. Здароўя ў яе нямашака, старая! У, поскудзь!.. Ой, загаварылася, прабачце мне, Хвёдар Васільевіч. Не толькі мне гэта баліць, усім блага. Вот і думаю, а можа, новы сакратар райкома шчо-кольвечы і зменіць. Паганэш?1 Папіце шчэ кампоціку з сушаных груш ды яблыкаў, ён густы, вітамінаў у ім багата.

І кампот быў смачны, як усе стравы. Пасля капусты з мясам, таўканіцы, кілбасы — смажыць. Здаецца, выпіў бы два такія кубкі.

— А дзе ж ваш муж? — спытаўся Фёдар Васільевіч, папіўшы кампоту.

— Ой, ён, бядак, на трактары павёз малако. Па гэткім снезе машыне не прабіцца. Ён у мяне працавіты, добры чалавек. Аднак ёсцека ў нас яшчэ адна пільная справа, Хвёдар Васільевіч. Дзесяць хвілін затрымаю, ужо не крыўдуйце.

— Нічога,— сказаў ён.

Вадзіцель, падзякаваўшы гаспадыні, выйшаў з хаты. Да суседняга калгаса яны даедуць за паўгадзіны, калі дарога ёсць, і трэба, канечне, ехаць, але хацелася паслухаць гэтую маленькую жвавую жанчыну. Яна не саромелася і не баялася яго, і гэта спадабалася. Нечым Фрося была падобная на маці Фёдара Васільевіча, хоць была намнога маладзейшая за яе. Гэтак жа хуценька гаманіла, не магла доўга сядзець ля стала. Ёй здавалася, што нечага не хапае, бясконца клапацілася пра гасцей і была ім так рада, ажно ўся свяцілася. «Мама ж з гэтых мясцін»,— падумалася Фёдару Васільевічу. Няёмка нават роднай маці прызнавацца, што забыў, дзе жылі колісь ягоныя дзяды. Дый не надта думаў пра гэта, рос у Заброддзі, адтуль паехаў у белы свет, а ў мясцінах, дзе матчыны карані, ніколі не быў і не мог ведаць, што надарыцца магчымасць... Любавічы, Любічы. Панасевічы... Цьмяна варочаецца ў галаве, але не проста ўспомніць назву вёскі, якую чуў, калі шчэ пад стол пешшу хадзіў. А без кораня нават палын не расце. У кожнага чалавека павінен быць свой корань.

— Усё апавядаю пра гандлярскія справы, але ж каму шчо: галоднаму хлеб, лысаму расчоска,— зачырванелася Фрося: перажывала, што затрымлівае сакратара райкома, але ўжо не магла спыніцца.— Ёсцека ў нас, не, была яшчэ паўгода назад свая невялічкая крама, небагаты ў ёй быў выбар, але хлеб прывозілі. Добры ці кепскі — гэта іншае. Працавала ў крамцы Гэлька Забала, дзяўчына чэсная, ніколі капейку не ўкрадзе. Дык нехта з нашых, свіння заўсёды знойдзецца, напісаў у райспажыўсаюз, шчо яна аблічвае дзяцей. Прыехала камісія: пузаты дзядзька з вобласці, наш Стома і рэвізоры. Шчо яны зрабілі! Падгаварылі дзевяцігадовага суседскага хлопчыка купіць у Гэлькі цукру, круп і хлеба. Атрымалася, нібыта хлопцу недадала дванаццаць капеек. Тут жа рэвізоры склалі акт, і нашу Гэльку звольнілі. І не вінаватую ні ў чым. Хлопец жа потым знайшоў дзірку ў кішэні, праз якую гэтыя капейкі ўпалі за падкладку. Але чалавека звольнілі. Ні хлопец, шчо з малога возьмеш, ні яго бацькі нікуды не едуць, каб праўду расказаць. Ім сорамна, і баяцца... Куды бедная Гэлька ні хадзіла і ні ездзіла, а ёй адказ — усё правільна. А дзе тое правільна, калі дзеўка невінаватая. Краму зачынілі, і кропка. Па хлеб ногі б’ём аж за пяць кіламетраў. Гэта калі ў Ваўкі, а нямашака там — у Здзітава, за дзесяць. Я вот гляджу, не першы год на белым свеце жыву: не дай бог свінні рог — бо і неба скапае. Гэлька злодзей! Хто сам такі, на другога кладзець знакі. Вот шчо хацела я вам сказаць, Хведар Васільевіч. Гавару, як у бацюшкі на споведзі: толькі праўду. Ай, напляла кашалёў,— сказала, выгаварыўшыся, Фрося. Сарамліва адвярнуўшыся, выцерла рогам фартуха вусны, а потым рукі, глянула на Паліну, як старшыня ўспрыняла яе прамову, і дадала з жартам: — Брахаць — не цэпам махаць: брахнуў і аддыхнуў.

— Апошні акорд,— прамовіла Паліна.— Нездарма мы цябе дэпутатам выбралі. Толькі часцей у раёне з трыбуны выступай, каб усе чулі.

— Нічога, добра гаварылі,— сказаў Фёдар Васільевіч.— Дзякуй вам вялікі, гаспадыня, за абед, за смачныя стравы і за шчырую размову... Сядзеў бы і слухаў да ночы, але ж работы шмат. Дый мароз цісне...

Укрыўшыся адной хусткай, выбегла з хаты праводзіць іх Фрося і, як ні прасілі, каб вярнулася, не паслухала, чакала, пакуль не ад’ехалі машыны ад яе двара. Праз задняе шкельца Фёдар Васільевіч бачыў, як махала яна маленькай чырвонай, настылай на марозе рукой, а потым, нібыта васемнаццацігадовае дзяўчо, шыбанула праз веснічкі і знікла за гурбай снегу, якая вырасла за той час, што яны абедалі. А вецер зноў набіраў сілу, злосна гнаў снежныя крупы, сыпаў іх і сыпаў на зямлю, выпрабоўваючы людзей сваёй зацятасцю.

 

1 Магчыма?

3

Не любіў Віктар Сямёнавіч зіму. Яму было холадна, мерзлі ногі. Не памагалі ні цёплыя шкарпэткі, ні боты на футры. Ён як увайшоў у кабінет, адразу — да радыятара пагрэцца. У маладосці не баяўся ніякага марозу, а цяпер нібыта кроў стыне ў жылах.

Пастаяў крыху, прытуліўшыся каленямі да радыятара, і здалося, што цёпла стала нагам. Ад гэтага палепшыўся настрой, можна было працаваць. Ён яшчэ памарудзіў, адчуваючы, як цеплыня нібыта ўліваецца ў яго цела. Цішыня ў пакоі, ніхто не перашкаджае думаць. Яшчэ маўчаць тэлефоны. Раптам Віктар Сямёнавіч пачуў, што нехта вельмі ўпэўнена адчыняе дзверы ў кабінет. Нават без стуку.

Увайшоў вялізны чалавек у расшпіленым данізу паліто. Пакункі, якія трымаў у руках, кінуў на стол і моцна абняў яго.

— Добрага здароўечка, Віктар Сямёнавіч!

— Здароў, здароў, Васіль! — зморшчыўся Антушкоў, незадаволена вызваляючыся з абдымкаў.— Калі ўжо зменіш характар? Шум, грукат...

— Навошта мяняць?! — рагатнуў госць.— Навошта, Віктар Сямёнавіч?..

— Куды сабраўся?..

— Еду ў Маскву на курсы павышэння кваліфікацыі. А ў вас хутка пяцідзесяцігоддзе. Як не павіншаваць свайго настаўніка, чалавека, якому я ўдзячны за ўсё, што маю. І кандыдацкая дысертацыя, і пасада намесніка дырэктара інстытута... Дзякуй вам і Савелію Яфімавічу, вашаму вернаму вучню, у якога я шмат вучыўся...

— Васіль, ты не на сходзе,— перапыніў госця Антушкоў. Бесцырымонны і нават грубы гэты былы аспірант, але ўмее гаварыць з начальствам, не забывае, хто вывеў яго ў людзі.

— Я нядоўга, павіншую вас... Вось падарунак... Праз гадзіну поезд і — паехаў.

— Ладна... Сядай,— Антушкоў запрасіў Говінава не да свайго рабочага стала, яны селі ў кутку ля кніжнай шафы на мяккія крэслы.— У нас...— Віктар Сямёнавіч зірнуў на гадзіннік,— дзесяць хвілін.

— Мне больш і не трэба.— Говінаў разгарнуў пакунак і, як фокуснік, выцягнуў з паперы лупатага драўлянага мядзведзя, няйнакш, зробленага ўручную. Здалося, звер нібыта жывы. Зараз зараве...

Віктар Сямёнавіч узяў у рукі мядзведзя, асцярожна правёў пальцам па вачах, якія блішчалі жывым святлом, пашча ашчэрана.

— Ну дзякуй... Парадаваў,— сказаў Антушкоў.— Такога экземпляра ў мяне яшчэ няма.

— Во, бачыце! — Говінаў падняўся з крэсла і пачаў чытаць з паперкі: — Дарагі і шаноўны Віктар Сямёнавіч! Дазвольце мне ад сябе і ад калектыву нашага інстытута павіншаваць Вас з пяцідзесяцігоддзем...

— Што ты, што ты...

— Вы сустракаеце свой дзень нараджэння ў росквіце сіл. Вы, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, былі намеснікам старшыні аблвыканкома, першым сакратаром райкома партыі, дырэктарам інстытута, а цяпер займаеце яшчэ больш важную пасаду — адказны работнік рэспубліканскага маштабу. І гэта дзякуючы таксама Вашаму таленту, вялікаму розуму наш інстытут няблага працуе апошнія гады. Жадаю здароўя, новых поспехаў у Вашай нялёгкай справе...

— Хопіць, хопіць! — абарваў Антушкоў прамоўцу.— Можаш свой прывітальны адрас пакінуць. Пасля пачытаю на сон. А за падарунак дзякуй. На дзень нараджэння, можа, цябе і запрашу... Паглядзім... Масква не так далёка, як здаецца...

— З радасцю прыеду,— Говінаў зазірнуў у вочы.— Адданых вам сяброў не забывайце... Я вам заўсёды гатоў служыць...

— Дзякуй... Шчасліва даехаць,— сказаў Віктар Сямёнавіч.— Ты вось што... Пазвані мне на тым тыдні...

— Ёсць, Віктар Сямёнавіч! — Говінаў прыбраў са стала паперу, у якую быў загорнуты мядзведзь, забраў з сабою.— Я паехаў.

— Шчасліва.

Говінаў спіной выйшаў у дзверы, спатыкнуўшыся аб парог. Было чуваць, як павітаўся з сакратаркай. І зноў ціха.

Віктар Сямёнавіч паглядзеў на мядзведзя, здалося, не на тым месцы стаіць. Перанёс бліжэй да рабочага стала. Падумаў, што трэба будзе спытацца ў Говінава, хто рабіў гэтага звера.

Падышоў да акна: на вуліцы холадна, людзей падганяў злы вецер. Здаецца, гурбаў столькі не было, калі ехаў у машыне на работу. Ад гэтага малюнка Віктару Сямёнавічу стала знобка. Ён пацёр рукі, патрымаў на радыятары і сеў за стол.

Правільна ён ацаніў некалі Гобінава. Гэты не забудзе таго, што зрабіў яму Антушкоў. Зайшоў павіншаваць з юбілеем, хоць да яго яшчэ амаль два месяцы. Вывучыў біяграфію свайго настаўніка: кім быў і дзе быў...

Віктар Сямёнавіч пагартаў паперы і неспадзеўкі ўспомніў, як дваццаць гадоў назад таксама лютавала зіма і ён сядзеў у сваім кабінеце, скурчыўшыся за сталом, у гэткі ж час у глухім, заснежаным раёне так званай сярэдняй Расіі. Загадаў сакратарцы, каб усім гаварыла, што яго няма. Ён чытаў у «Правде» матэрыялы Пленума ЦК і не верыў сваім вачам: стыль работы і метады кіраўніцтва, якія настойліва ўкараняў у сваім раёне, у газеце прызнаваліся заганнымі. Яшчэ два гады назад, калі яго здымалі з намесніка старшыні аблвыканкома, першы сакратар абкома, малады чалавек са стомленым тварам, тактоўна і абыходліва пагаманіў з Віктарам Сямёнавічам, маўляў, не позна ўсё пачаць з іншага боку, тым больш пасылалі яго першым сакратаром райкома партыі, хоць і ў збяднелы раён, які не акрыяў яшчэ ад цяжару вайны.

У Віктара Сямёнавіча быў намер падняць эканоміку за год-два — як-ніяк ён меў ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук — і вярнуцца ў абласны цэнтр, прынамсі, на ранейшую пасаду: ён адказваў за гандаль, бальніцы... Мінуў час, але ніякіх вялікіх змен не адбылося. Мала таго, каб выканаць план, Антушкоў загадаў калгасам здаць на мясакамбінат ледзь не ўсё пагалоўе кароў. Яму было важна закрыць па ўсіх паказчыках год, а там — хоць патоп. Некаторыя старшыні калгасаў супраціўляліся, не выконвалі загады, але Віктар Сямёнавіч усё-ткі прымусіў гэтых «нігілістаў», як ён іх называў, перавыканаць план па продажы мяса. І, мабыць, абышлося б, але нехта з раёна напісаў пра яго метады кіраўніцтва ў ЦК. Была камісія, а цяпер, нібыта спецыяльна, адбыўся пленум, які асуджаў валявы стыль партыйнай работы. Антушкоў ведаў, што гэтак жа, як ён, і іншыя сакратары там-сям прадавалі мяса і малако дзяржаве, і таму ўжо звыкся з думкай: усё робіцца правільна, і гэтак будзе заўсёды. І гэтая думка нават супакойвала яго, надавала ўпэўненасці. Але раніцай, калі ён толькі зрабіў фіззарадку, памыўся і расціраў цела шырокім вафельным ручніком, адчуваючы бадзёрасць, пазваніў стары сябра, аднакурснік па Ціміразеўскай акадэміі, Васіль Фядосавіч, які быў намеснікам загадчыка арганізацыйнага аддзела абкома партыі. Ён доўга не гаварыў, не пажадаў добрай раніцы, не развітаўся, сказаў толькі два словы: цябе здымаюць. Чым такая навіна, дык лепш зусім яе не ведаць. Ён думаў, мабыць, што аказвае сяброўскую дапамогу, робіць вялікую ласку. Як жа ж, маральна падрыхтаваў: праз гадзіну «хуткая дапамога» везла ў бальніцу з інфарктам. Пленум райкома, на якім вызвалілі з пасады першага сакратара, адбыўся ўжо без Віктара Сямёнавіча. Той-сёй вырашыў тады, што Антушкоў прападзе, але навошта была кандыдацкая ступень: дурань не абараніў бы яе. Сваю навуку Віктар Сямёнавіч ведаў, да яе былі ў яго здольнасці большыя, чым да кіруючай работы.

Спярша ён моцна пакрыўдзіўся, але пакуль лячыў свой першы інфаркт, памалу супакоіўся, і калі выпісаўся з бальніцы, яго чакала запрашэнне ў сельскагаспадарчы інстытут. Памог Васіль Фядосавіч, не забыў свайго аднакурсніка. І хоць гэта была іншая рэспубліка, але адразу вырашылася і з кватэрай, і з пасадай. Хутка Віктара Сямёнавіча было не пазнаць: на сямейным савеце з жонкай ён вырашыў пісаць доктарскую дысертацыю. Трэба аддаць належнае: выступаць Антушкоў умеў і любіў, на партсходах і вучоных саветах ягоны голас грымеў; ён падтрымліваў саюзнікаў і крытыкаваў праціўнікаў. Яго проста не маглі не заўважыць і не адзначыць. Ён быў актыўны і няблага ведаў сельскую гаспадарку. Ніхто ў інстытуце не здзівіўся, калі Віктара Сямёнавіча выбралі членам парткома, а потым членам вучонага савета, членам мясцкома, і зусім правільна ацанілі, калі Антушкова прызначылі загадчыкам кафедры. Першае, што ён зрабіў, разабраўся з кадрамі. Хацелася мець сваю кафедру і каб кожны, хто працаваў на ёй, быў хоць трошкі, але абавязаны яму. Гэтага ён дасягнуў вельмі проста: звольніў некалькіх супрацоўнікаў, з якімі не было ўзаемаразумення, і ўзяў тых, якія былі патрэбны. Яны ўвесь час помнілі, чым абавязаны Віктару Сямёнавічу, і два гады памагалі яму пісаць доктарскую дысертацыю. Цяпер Антушкоў адчуў сябе калі не на кані, дык побач з ім. Пасля абароны доктарскай дысертацыі перыферыйны сельгасінстытут быў ужо не для яго. Яму было мала зводзіць рахункі паміж супрацоўнікамі кафедры, інтрыгаваць сакратара парткома, які раптам заўважыў, што ў Антушкова валявы стыль кіраўніцтва, і пачаў крытыкаваць Віктара Сямёнавіча і нават паставіў пытанне аб вызваленні ад пасады загадчыка кафедры. Але зноў не вытрымала сэрца, бо гаварыў сакратар парткома вельмі непрыемныя і несправядлівыя, як здавалася, словы на адкрытым сходзе інстытута, дзе прысутнічала мо тысячу чалавек. І зноў быў у Віктара Сямёнавіча інфаркт. Адляжаўшыся ў бальніцы, ён перавёўся бліжэй да сталіцы — у адзін з інстытутаў. Васіль Фядосавіч займаў ужо высокую пасаду, але не забыў пра сябра. Антушкоў стаў дырэктарам інстытута. Адразу ў яго ўзнікла столькі ідэй, што шмат хто наверсе прызнаў Віктара Сямёнавіча вучоным ледзь не ўсесаюзнага маштабу. Аднак цяпер трымаўся ён сціпла, адзяваўся у недарагі шэры касцюм, на галаве летам, увосень і вясной была кепачка з гузікам, і нават мала калі бачылі, каб быў у яго на шыі гальштук.

У Антушкова шырокі твар з квадратным падбародкам, вочы блакітныя, вялікія. Калі Віктара Сямёнавіча прызначылі дырэктарам інстытута, на яго вуснах быццам запалілі, як электрычную лямпачку, усмешку. З гэтай усмешкай ён сустракаў і доктара навук, і лабарантку. Віктар Сямёнавіч інтрыг не распачынаў, дый не было з кім. Да яго прыслухоўваліся і ў міністэрстве, і ў Саўміне, і не толькі там. Аўтарытэт Антушкова яшчэ ўзняўся на нарадзе па праблемах сельскай гаспадаркі, на якой ён выступіў з прамовай. Аднаму з маскоўскіх гасцей спадабаўся пафас Віктара Сямёнавіча, хоць і некаторыя ягоныя ідэі здаліся авантурнымі. На абедзе, дзе прысутнічаў і Антушкоў, гэты госць здзівіўся, што такі разумны і перспектыўны вучоны толькі дырэктар інстытута. І вось аднойчы Віктар Сямёнавіч развітаўся са сваімі былымі калегамі. Яго чакала работа ў сталіцы рэспублікі. Цяпер ён мог кіраваць не толькі якім-небудзь намеснікам старшыні аблвыканкома, але і больш адказнымі людзьмі. Няхай хто сказаў бы, што ён не здольны камандаваць, няхай успомніў бы тыя далёкія гады, калі Антушкоў дрыжаў за пасаду сакратара райкома. Многія з тых, хто абвінаваціў яго ў валюнтарызме, даўно на пенсіі альбо і не выраслі з раёнаў, дзе працуюць якімісь старшынямі калгасаў ці кіраўнікамі райсельгастэхнікі. Сустрэць бы гэтых разумнікаў, думаў не раз Віктар Сямёнавіч, глянуць ім у вочы, а потым тых, хто яшчэ працуе, адправіць на пенсію, каб ведалі, каму пагражалі. Аднак гэтыя думкі ўзнікалі рэдка, таму што ўсё-ткі было шмат работы.

У Віктара Сямёнавіча быў прасторны кабінет з засланай дыванамі падлогай. На сценах партрэты акадэмікаў Вавілава, Паўлава, Ціміразева, таксама Энгельгарта, а за спіной — партрэт Карла Маркса. Сцены абшыты пад дуб. На стале стаяла невялікая чыгунная статуэтка чалавека, твар якога быў амаль схаваны пад кепкай, насунутай на вочы. Толькі пры моцным асвятленні і добра прыгледзеўшыся можна было заўважыць нейкае падабенства гэтай статуэткі з Віктарам Сямёнавічам. Але з тых, хто наведваў кабінет, ніхто, мабыць, не разглядваў статуэтку, дый усе лічылі, што гэта адзін з паважаных Антушковым акадэмікаў-аграрнікаў мінулага. Пра гэта падабенства здагадалася прыбіральшчыца, якая штораніцы была ў пакоі і выцірала пыл, але нікому не гаварыла пра сваё адкрыццё — ёй было ўсё роўна.

Цяпер ужо ніхто не бачыў Віктара Сямёнавіча ў кепачцы і ў расхрыстанай кашулі. Знікла і ўсмешка з вуснаў, позірк быў як нож. Часта ён бачыў, як ад ягоных пытанняў бянтэжыліся падначаленыя. Вельмі рэдка, вяртаючыся з паездак па раёнах, Віктар Сямёнавіч быў у гуморы. Здавалася, што старшыні калгасаў не разумеюць яго палітыкі. Аднак тыдзень назад у Дзяпраўску старшыня райвыканкома зрабіў яму прыемны падарунак. Пра гэта Антушкоў успомніў раніцай, як толькі ўвайшоў у свой кабінет. Ён нарэшце зразумеў, што яго турбавала вечарам. Перагарнуўшы назад два лісткі календара, ён прачытаў запіс: газета, калгас, старшыня. Віктар Сямёнавіч ганарыўся сваёй пунктуальнасцю і крыху парадаваўся за сябе — што ён усё помніць. Поўны сілы і здароўя падыходзіць да свайго пяцідзесяцігоддзя. Што інфаркты, нават не баліць ніводзін зуб.

Віктар Сямёнавіч паглядзеў на сябе ў люстэрка і застаўся задаволены сваім выглядам. Твар амаль без маршчын, шыя дужая, мускулістая, як у барца. Ён успомніў, што трэба пазваніць рэдактару газеты.

— Іван Данілавіч,— сказаў Антушкоў,— пашліце ў Дзяпраўскі раён разумнага хлопца. Там ёсць калгас «Маяк», пра які трэба расказаць усёй рэспубліцы, навучыць на яго прыкладзе гаспадарыць. Потым правядзём на базе гэтай гаспадаркі семінар... — Ён трохі памаўчаў і дадаў, паціскаючы на апошнім слове: — Калі напіша, няхай пакажа мне, ясна?

Мо яму не трэба было так гаварыць з рэдактарам, але нічога: строгасцю не сапсуеш. Занадта шмат ліберальнічаем: хто хоча — твой загад выканае, а хто і пасмяяцца можа. Але ж гэтак толькі не ў Антушкова. Пад яго дудку ўсе будуць скакаць, няхай адчуваюць і ведаюць: калі звоніць Віктар Сямёнавіч, значыцца, па сур’ёзнай і вельмі важнай справе. Дробязі яго не цікавяць, дробязныя пытанні для дробязных людзей. Тут не маштаб раёна альбо вобласці. Ён клапоціцца аб рэспубліцы, і гэта бачаць усе. І калі б не дробязі, накшталт гэтага марозу і завірухі, ад якіх запанікавалі ў раёнах, маўляў, псуюцца сістэмы ацяплення, з-за снегу не завезці кармы на фермы, яму б не пачало зноў ціснуць у левым баку. Трэба ўзяць сябе ў рукі. Інакш яму хана: не можа быць кіраўніком псіх, як сказала, хоць і жартуючы, жонка. І ўсё-ткі, калі ласка, не паспеў пазваніць рэдактару газеты, як выедзе чалавек у дарогу, туды, куды пажадаў Антушкоў. Так павінна быць заўжды, аўтарытэт за адзін дзень не створыш, а вось калі чалавек пачуе мноства разоў, што гэта ідэя Віктара Сямёнавіча, прапанова Антушкова, рашэнне Антушкова, ён пабаіцца не зрабіць тое, што яму загадваюць.

Аднак хопіць пра рэдактара і яго рэдакцыю, зашмат ім увагі, якой яны не заслугоўваюць. Бывае, што крытыкуюць не тых, каго трэба.

Рука Віктара Сямёнавіча міжволі пацягнулася да кнопкі, націснула яе. Ледзь толькі ў прыёмнай празвінеў званок, сакратарка ўжо стаяла ў парозе. На гэты раз была ў светла-зялёным касцюме і ў белым світэры. Жонка так не ўмела адзявацца, хоць і грошай хапала, купляла дарагія рэчы, але ўсе яны былі на ёй як чужыя. Каму што дадзена: жонцы — розум, а сакратарцы — уменне падабацца мужчынам, а гэты талент жанчыне таксама трэба. Паглядзеў на мілы тварык, і неяк настрой узняўся, у галаве праяснілася, і хочацца працаваць так, як ён умее і можа.

— Вось што, Алена Гаўрылаўна,— дзеля чаго ж ён выклікаў яе, каб хоць не падумала, што проста так: глянуць на пекную жанчыну і супакоіць свае нервы,— забярыце папку, я падпісаў паперы...

Сакратарка ледзь-ледзь усміхнулася, варухнула верхняй губой, апусціла вочы і падышла да стала, узяла папку з паперамі і, нячутна ступаючы па дыване, панесла сваё стройнае цела. Ля дзвярэй яна азірнулася, і зноў такая ж усмешка ці яе падабенства мільганула на твары. Канечне, прыгожая жанчына, але ён не разумеў тых начальнікаў, якія фліртуюць са сваімі сакратаркамі, пераступаюць мяжу службовых адносін. Калі б ён дазнаўся, што ў некага з яго падначаленых вось такая амурная гісторыя, звольніў бы.

Зноў у дзвярах узнікла сакратарка, хоць ён не выклікаў яе,— маўляў, просіць прыняць таварыш Актаненка.

— Даўно чакае?

— Мінут сорак пяць...

— Выклічу... Пакуль заняты,— сказаў Антушкоў. Актаненка няхай пачакае ў прыёмнай, пасядзіць як просты чалавек, пахвалюецца, падумае, навошта выклікаў Віктар Сямёнавіч. Яшчэ зусім нядаўна ён мог нават не павітацца, не заўважыць Антушкова. Што было, тое не забыта. Перш-наперш чалавекам трэба быць і не лічыць кагосьці дурнейшым за сябе. Ён ужо быў дырэктарам інстытута, як аднойчы пазванілі, што яго хоча бачыць таварыш Актаненка. Колькі ён перажыў, перадумаў, седзячы ў прыёмнай. Нарэшце таварыш Актаненка выйшаў з кабінета і, не павітаўшыся, раскрычаўся за тое, што недзе памерзла бульба. Але пры чым тут інстытут?.. Размова ішла пры сведках, пры сакратарцы, якая ўсміхалася гэтак жа, як цяпер у яго. І Віктар Сямёнавіч вырашыў патрымаць Актаненку гадзіны дзве ў прыёмнай, а потым запрасіць у кабінет. Аднак, крыху супакоіўшыся, падумаў, што ў іх атрымаецца непрыемная гаворка, ён сарвецца на крык, а гэта рабіць не варта, бо перахвалюецца, і можа забалець сэрца.

Усё-ткі Віктар Сямёнавіч выйшаў з кабінета і запрасіў Актаненку зайсці. Прапускаючы яго, пачуў, як востра запахла нейкім танным адэкалонам. Такі адэкалон некалі піў рабочы Кузьма ў яго лабараторыі ў сельгасінстытуце. Падумалася, што начальнік упраўлення, амаль міністр, мог бы папырскацца лепшым адэкалонам. Касцюм быў на Актаненку не першай, як гаворыцца, свежасці, у цёмную пасачку, купіў мо пятнаццаць гадоў назад. У гэтым касцюме ён тады прымаў Віктара Сямёнавіча. Здавалася, і сам ён не змяніўся, толькі мяшкі пад вачыма пабольшалі, нібыта наліліся вадой.

— Садзіцца не запрашаю,— пачаў Віктар Сямёнавіч.— Мароз дзярэ за вушы. Прашу асабіста,— падкрэсліў ён, гледзячы ў вочы Актаненку,— і перадайце гэта сваім супрацоўнікам: трэба праверыць кожную ферму. Ясна?

— Ясна.

— Актаненка,— калі той ужо выходзіў, сказаў Віктар Сямёнавіч.— З газеты ў Дзяпраўскі раён едзе карэспандэнт, пашліце з ім свайго чалавека. Хай паможа журналісту. Трэба распаўсюдзіць вопыт калгаса «Маяк». Ведаеце яго, былі там?

— Ведаю і быў...— падумаўшы, прамовіў Актаненка,— але...

— Што але? Увесь час хвалім адзін-два калгасы, забываючы многія, у якіх таксама добра працуюць людзі.

Гэта ўжо Віктар Сямёнавіч больш гаварыў для сябе, чым для Актаненкі, таму што пасля артыкула ў газеце ў калгасе «Маяк» можна будзе правесці рэспубліканскі семінар. Толькі б не падвёў рэдактар са сваім карэспандэнтам. Хоць, урэшце, такое проста немагчыма ўявіць.

 

4

Пад вечар, аб’ехаўшы некалькі гаспадарак, Фёдар Васільевіч завярнуў у «Маяк». З-за павароткі яны здалёк убачылі вялікую вёску, якая пачыналася вуліцай з двухпавярховых цагляных дамоў. Ахутаная снегам, у палоне марозу, яна была як у паўсне. Там-сям з комінаў нізка слаўся дым.

Кантора калгаса была на другім баку вёскі, і, канечне, у ёй сядзеў і чакаў першага сакратара райкома партыі старшыня Пінчук. Хоць гэта было і не ў яго правілах — некага чакаць.

Зусім нядаўна, восенню, на бюро райкома мо ўпершыню за апошнія гады Пінчуку аб’явілі вымову за тое, што калгас кепска падрыхтаваўся да зімы. Пакаралі старшыню справядліва, маглі б і больш строга. Ён пакрыўдзіўся і з таго часу ў райком не заходзіў: пад выглядам, што хворы, на нарады пасылаў свайго намесніка альбо сакратара парткома. Высока нёс сябе Пінчук: у калгасе быў адбудаваны свінагадоўчы комплекс, куды амаль штотыдзень ездзілі з экскурсіямі то з іншых гаспадарак, то слухачы розных курсаў, то студэнты. Нядаўна ў «Маяку» пабываў і Віктар Сямёнавіч Антушкоў, адказны работнік са сталіцы. Старшыня райвыканкома, які суправаджаў яго, гаварыў, што Антушкову спадабаліся і Пінчук, і гаспадарка. Фёдар Васільевіч у той дзень ездзіў на пленум абкома партыі, таму не змог сустрэцца з госцем. Што калгас багаты і перадавы, яму гаварылі адразу ж, як толькі стаў першым сакратаром. Пакуль не мог ён зразумець Пінчука, не атрымлівалася нешта ў іх размова: калі яны сустракаліся, заўсёды гаварыў Фёдар Васільевіч, а Пінчук іранічна, прыплюшчыўшы вочы, слухаў і, з усім згаджаючыся, ківаў галавой. Адчувалася, што старшыня чалавек хітры, сябе ў калгасе паставіў так, што ніхто супраць слова не скажа. У яго ружовая, на паўгалавы, лысіна, вакол якой рэдзенькая палоска рудых валасоў: вочкі маленькія, у пухлінах броў. Як убачыў Фёдар Васільевіч гэтыя хітрыя вочкі і прыплюснуты шырокі нос, дык запомніў Пінчука, здаецца, назаўжды.

Адкуль даведаўся старшыня, што першы сакратар ужо ў вёсцы, аднаму яму вядома, але, калі машына пад’ехала да канторы, Пінчук стаяў на ганку. Чакаў. Быў ён у шэрым дэмісезонным паліто, на галаве шапка з белага труса, на нагах чорныя валёнкі ў глыбокіх галёшах, нібыта бахілы з аўтамабільнай камеры. У руках трымаў сукаватую, з арэшніку, кульбу.

На твары ў Пінчука не было радасці, але як толькі Фёдар Васільевіч вылез з машыны, старшыня ажно расплыўся, вочы быццам большыя сталі, у іх такое шчасце, можна было падумаць — сустрэліся старыя сябры.

— Даражэнькі наш Фёдар Васільевіч,— аж кінуўся, кульгаючы, з прыступак, ухапіў руку першага сакратара, трос яе, сціскаў, ледзь не скакаў.— Рады бачыць у калгасе «Маяк». Я ўжо затурбаваўся: казалі, паехаў наш бацька, а яго ўсё няма, хоць бяры і пасылай насустрач бульдозер. Гэта ж такая завіруха, а ў дарозе ўсё можа быць. Усё можа. У нас ёсць дзед Балабуха,— не спыняючыся, гаварыў старшыня,— дык што прыдумаў народ. Будзе дождж альбо засуха, скажа дзедуль Балабуха. А ён сказаў: будзе ўвесь студзень замець, завіруха. Замерзлі, не? Ото і добра, абы так. Просім,— схіліў ён перад Фёдарам Васільевічам галаву, і аблавушка спаўзла на вочы і, каб не падхапіў рукой, упала б у снег. Ён прапусціў перад сабой першага сакратара і, прыпыніўшыся, сказаў нешта шафёру.

Хоць кульгавы быў Пінчук, але спрытны, па прыступках узнімаўся з дапамогай кульбакі, як альпініст. Па сваіх гадах ён не мог быць інвалідам вайны. Нагу Пінчуку перабіла некалі бервяном у лесе, а ўрача не знайшлі адразу. Замець, сцюжа. Завезлі мужчыны яго да бацькі ў хату, у тым месцы, дзе была рана, з двух бакоў прылажылі дошчачкі, абвязалі паркалем, а зверху яшчэ туга перацягнулі рэменем. Урач жыў за пяцьдзесят кіламетраў, да яго не прабіцца, якія пасля вайны машыны — тры кані на вёску. Перацярпеў Пінчук, вымучыўся дарэшты, але, мусіць, магутнае ў яго было здароўе, бо сышоў жар і памалу хлопец ачомаўся. Вясной вылез з хаты на сонца. Фёдар Васільевіч, пачуўшы гэтую гісторыю, паспачуваў чалавеку. Цяпер Пінчук мог абганяць на сваёй кульгавай назе многіх са здаровымі нагамі. Пра яго сувязі Фёдару Васільевічу расказвалі розныя байкі. Але ж гэта ўсё былі проста словы, і Пінчук быў для яго пакуль што незразумелым чалавекам.

Ішоў па канторы сакратар райкома, ззаду пастукваў кульбай Пінчук, і думалася, што некалі ва ўсіх калгасах будуць гэткія ж будыніны, з зімовым садам і басейнам. Мільёны тры тут пакладзена, а ці варта такое рабіць? Канечне, прыгожа, і хараство нікому вочы не коле, а, наадварот, радасць дае і жыць весялей. Людзям ужо мала дробненькага, местачковага шчасця. Пабачыўшы свет, і самім хочацца не быць горшымі, абдзеленымі.

На другі паверх, дзе быў кабінет Пінчука, Фёдар Васільевіч не пайшоў, завярнуў у дыспетчарскую, вялікі пакой, у якім стаяла два рады збітых разам крэслаў, і сеў у крайняе, запрашаючы побач сесці і старшыню. Праз якую хвіліну сюды ж зайшлі галоўны бухгалтар і сакратар парткома, былы інструктар райкома. Яшчэ нехта зазірнуў у пакой, але Пінчук махнуў рукою, і дзверы зачынілі. Галоўны бухгалтар цяжка дыхаў і пацеў, выціраў пот насавічком, нібыта стаяла гарачыня.

— Толькі коратка і канкрэтна, Кастусь Арыстархавіч,— павярнуўся сакратар райкома да старшыні,— далажыце, якое становішча на фермах і на комплексе.

— Мо спярша паабедаем, Фёдар Васільевіч, а потым...

— Я не галодны. Прашу,— сказаў сакратар райкома, і Пінчук адразу спахмурнеў. Ён нават змяніўся ў твары.

— Мы ўлічылі заўвагі камісіі,— пачаў старшыня,— фермы ўцяплілі. Марозу не баімся, што ён нам. Паказчыкі па раёне не сапсуем. Правільна гавару? — ён быццам раіўся з сакратаром парткома, які на ўсе яго словы ківаў галавою.— На адной маленькай фермачцы, скажу шчыра, радыятары парвала, але ўжо рамантуем. Так што ў нас як тады. Каб у пашане быць, трэба працу любіць.

— Дык добра, зараз паедзем паглядзім. Як на комплексе? — пытаўся Фёдар Васільевіч, ужо шкадуючы, што зайшоў у кантору, трэба было спярша кіраваць на фермы і не траціць час.

— Наш комплекс найлепшы калі не ў рэспубліцы, дык у вобласці. Усе парасяткі здаровыя, сто працэнтаў застаюцца жывыя. Фёдар Васільевіч, пачытайце паперы. Пакажы, бухгалтар,— Пінчук павярнуўся да галоўбуха, які ад увагі першага сакратара зноў таропка пачаў выціраць твар насоўкай, з жоўтай скураной папкі выцягнуў аркуш паперы з акуратна расстаўленымі, як салдаты ў шарэнзе, лічбамі. Фёдар Васільевіч паперу схаваў у кішэню.

— Вот, колькі часу назад быў у нашым калгасе таварыш Антушкоў. Далажу я вам, Фёдар Васільевіч, што яму гаспадарка спадабалася, а калі развітваліся, выказаў думку, што варта вопыт «Маяка» ў свінагадоўлі распаўсюдзіць. Ён казаў, што вам пазвоніць. Ці званіў? — падняў галаву Пінчук, а ў вачах хітрыя агеньчыкі, чакае, як адрэагуе сакратар райкома, маўляў, шыбаючы на чужы лоб — і свой падстаўляй. І гэтая хітрасць такая была адкрытая, што межавала з нахабнасцю.

— Званіў,— сказаў Фёдар Васільевіч і паўтарыў, расцягваючы словы,— зва-ніў! Клапаціўся і прасіў, каб райком падтрымаў яго ідэю. Калі ўсё так, як вы гаворыце, мы, канечне, ніколі не будзем супраць, а, наадварот, усяляк ухвалім работу калгаса «Маяк», яго праўлення і, відаць, старшыні. Гэта значыць вашу, таварыш Пінчук. Цяпер пакажыце ўсё тое, пра што гаварылі.

— Ды інакш і нельга, Фёдар Васільевіч, чы магу я што-небудзь хаваць ад свайго першага сакратара альбо няхай і простага чалавека, які захоча пазнаёміцца з калгасам? Ніколі. Навошта! Вы паглядзіце, што ў свеце робіцца. Гэта ж не ведаеш, чы будзеш заўтра, чы ўбачыш ранак. Нейкія, слухайце, НЛА лётаюць, талеркі. Чы бачылі, Фёдар Васільевіч, у газеце, нібыта ў Эстоніі лётаў гэты неапазнаны аб’ект. У нас ёсць і газета. Пакажы, бухгалтар,— зноў адкрылася тая скураная папка, і Пінчук перадаў газету, але сакратар райкома толькі прачытаў, за які яна дзень, і вярнуў гаспадару.

— Едзем,— рашуча падняўся Фёдар Васільевіч, даючы гэтым зразумець, што размова ў канторы скончана.

Пакуль кульгаў Пінчук з прыступкі на прыступку, спускаўся да машыны, думаў, куды павезці сакратара, каб не ўбачыў усяго, што яму і не варта бачыць. Марудна ішоў па абледзянелым бетоне, не прымаючы падтрымкі, хоць і сказаў Фёдар Васільевіч, каб бухгалтар альбо сакратар парткома памаглі свайму старшыні.

— Навошта крыўдзіце, Фёдар Васільевіч,— як пасашком, стукаў Пінчук кульбай па прыступках,— я хоць і з перабітай нагой, але яшчэ спартсмен, магу нават вас абагнаць. Калі хочаце... Але ж я вам скажу, Віктару Сямёнавічу вельмі спадабалася ў нас, вельмі. Кажа, прышлю вучоных з інстытута, хай вывучаць вопыт. Вот разумны чалавек, такога не кожны дзень убачыш. Мы з ім і пра НЛА пагаварылі, ведае шмат цікавага пра лятаючыя талеркі. На такой адказнай пасадзе чалавек, але са мной гаманіў па душах, сказаў, што будзе помніць і дапамагаць. Вот такіх гасцей я люблю, Фёдар Васільевіч, а што ад райкома возьмеш, акрамя вымовы з занясеннем ці без занясення, нічога?

Надта ўжо спакойна адчуваў сябе старшыня, нібыта яго не трывожылі завіруха, мароз, што, здаецца, стаў яшчэ мацнейшым.

Пінчук не пайшоў да сваёй машыны, сеў да сакратара райкома на задняе сядзенне.

— Паехалі, камандзір! — паляпаў Пінчук вадзіцеля па плячы.— Да лесу, на комплекс.

Іх абагнала машына, у якой сядзелі бухгалтар і сакратар парткома, бліснула чырвонымі стоп-сігналамі, паказваючы, каб ехалі за ёй. Яны рушылі следам, і, калі паварочвалі на другую вуліцу, райкомаўскі вадзіцель неяк дзіўна хітнуўся грудзьмі на баранку руля, быццам хацеў легчы на яе, але адразу сеў па-ранейшаму. Фёдар Васільевіч паглядзеў на яго. У Міхаіла Аляксандравіча дрыжалі рукі на баранцы.

— Спыніцеся,— папрасіў сакратар райкома. Вадзіцель затармазіў, але машына метраў мо дзесяць ляцела юзам, хоць і ехалі яны няхутка.

— Што з вамі, Міхаіл Аляксандравіч? — устрывожана спытаўся Фёдар Васільевіч.— Ці не захварэлі?

— Не, не,— запярэчыў вадзіцель,— нешта млосна стала раптам...

— Перасядзем у маю машыну, хай адпачне,— прапанаваў Пінчук.

— Ужо нішто сабе,— ненатуральна бадзёра сказаў вадзіцель,— магу ехаць.

Фёдар Васільевіч угледзеўся ў яго твар, вусны былі засмяглыя і парэпаныя. Столькі праехалі — і не заўважыў, што чалавек хворы, мо і з тэмпературай. Не інакш, грып.

— Вось што,— вырашыў сакратар райкома,— хлопцы няхай пераходзяць да нас, а ваша машына адвязе Міхаіла Аляксандравіча ў паліклініку, а потым дамоў.

— Здаровы я, здаровы, Фёдар Васільевіч...

— Гэта заўтра ад урача даведаемся.

— А вы як?..

— Сам буду за шафёра. Не хвалюйцеся, Міхаіл Аляксандравіч, даеду.— Фёдар Васільевіч перасеў на месца вадзіцеля. Вадзіў ён машыну як прафесіянал, таму што сеў упершыню за руль ледзь не дваццаць гадоў назад. У школе атрымаў правы шафёра трэцяга класа і да арміі папрацаваў на аўтабазе, і ў салдацкія гады круціў баранку. І потым у жыцці было многа выпадкаў, калі ездзіць даводзілася без вадзіцеля. Дый проста любіў Фёдар Васільевіч калі-нікалі ўспомніць былую прафесію, нібыта вяртаўся ў юнацтва.

Ён павольна ехаў вёскай, і здавалася — не будзе канца гэтым прыгожым, пад шыферам і бляхай, хатам, шчыльна абгароджаным штыкетнікам, з гаражамі для легкавушак. У «Маяку» людзі жылі багата, адсюль найбольш прасілі ў райкоме і райвыканкоме, каб памаглі набыць «Жыгулі» альбо «Волгу». «Масквічоў» і «Запарожцаў» не бралі. У Моркавічах з даўніх часоў вырошчвалі гуркі, памідоры і кветкі на продаж. Цяпер у руках мелі свой транспарт, і вялікія адлегласці тутэйшым жыхарам не былі перашкодай: везлі ў Ленінград, Мінск, Брэст, Гомель — хто куды надумае і дзе даражэйшы кірмаш. Як толькі Фёдар Васільевіч прыйшоў у раён, другі сакратар Зайцаў аднойчы сказаў, нібыта і сам Пінчук не супраць зарабіць грошай на гэтай вытворчасці, але ён не паверыў і потым спытаў неяк у Пінчука, чаму не вырошчваюць гуркі ў калгасе. Добры прыбытак быў бы. Старшыня пераконваў, што на гэтым яны не заробяць, вялікія грошы на цяпліцу, і з комплексам цяжка: карміць няма чым свіней.

Ля некаторых хат цяпліцы курэлі дымам. «Мабыць, кветкі растуць?» — падумаў Фёдар Васільевіч.

— У вас, Кастусь Арыстархавіч, свая цяпліца ёсць? — спытаў ён у Пінчука, прыкідваючы, якая ж хата старшыні сярод гэтых дамоў, але вызначыць не змог,— усе былі новыя, ашаляваныя альбо абкладзеныя цэглай.

— Навошта яна мне? І так клопату во! — старшыня падняў руку над галавой.— Гэта калі пайду на пенсію... Хачу, Фёдар Васільевіч, параіцца з вамі. Усё-ткі ў нас буйнейшы ў раёне свінакомплекс з выдатнымі паказчыкамі. Мы падумалі... Вот, гляньце сюды, помнікі розныя героям ёсць, героям кніг таксама. А каму, скажыце, з тых, хто нас поіць і корміць, мы паставілі помнік? Нікому, ніякай удзячнасці не выказаў чалавек, а кормяць яго і карова, і гусь, і курыца, і авечка...

— Каму ж вы хочаце паставіць помнік? — спытаў Фёдар Васільевіч.

— Свінні!.. Мы нават чарцёж зрабілі.

— Каму?!

— Свінні,— Пінчук здзівіўся, што сакратар не зразумеў яго.

— Свіння на п’едэстале. Так, ці што?

«Мо жартуе?» — падумаў Фёдар Васільевіч.

— Так,— сур’ёзна гаварыў Пінчук.

— Дзе ж гэта? — спыніў Фёдар Васільевіч машыну каля комплексу і выскачыў з кабіны.— Пакажыце — дзе?

— Вось тут, проста перад вокнамі, на ўзгорку,— паказаў месца для помніка старшыня.

— Значыць, свіння на п’едэстале! — усклікнуў Фёдар Васільевіч і так яскрава ўявіў гэты помнік, што не вытрымаў і зарагатаў.— З кім вы прыдумалі гэта, ці доўга думалі? Ну, браце... А чаму б казе помнік не паставіць? Павесялілі вы мяне, Кастусь Арыстархавіч, павесялілі. Многа грошай, Пінчук, маеце, няма куды пакласці? Пакажыце мне помнік аднавяскоўцам, што загінулі на вайне. Хоць не трэба, бачыў яго. Сорамна, сорамна,— пацямнеў тварам Фёдар Васільевіч.— Свінні ставіце помнік. А вы зрабіце людзям добры. Сорамна мне за вас... Адчыняйце вароты,— нецярпліва пайшоў сакратар райкома да прахадной. На ганак выскачыў дзядок у белым кажуху да пят і загарадзіў дарогу.

— У нас, таварыш начальнік, каранцін. На целіторыю не пускаем чужых.

— Гэта ж сакратар райкома, Яўхім, ці не бачыш? — Пінчук павітаўся з вартаўніком за руку і адчыніў дзверы, прапускаючы Фёдара Васільевіча, але нечакана дзядок забег у прахадную і выставіў перад сабою стрэльбу.

— Каранцін! — закрычаў ён.— Назад!

— От чорт стары,— сказаў Пінчук,— яго не ўгаворыш, Фёдар Васільевіч, не пусціць. Яўхім, адчыні дзверы!

— Таварыш прадсядацель, вы мне самі загадалі нікога не пускаць,— адгукнуўся з-за дзвярэй вартаўнік.— Нечага заразу разносіць па свеце!

— Не пусціць дзед,— нібыта радуючыся, сказаў Пінчук.— Што будзем далей рабіць?

— Паедзем па фермах, а комплекс пакінем на ваша сумленне. Сёння веру, што там парадак, а заўтра... заўтра не будзе каранціну...

— Што, вы мяне ў нечым падазраяце? — пакрыўдзіўся Пінчук.— Не шкадую здароўя, не абедаўшы, чакаў вас.

— Нічога я не падазраю і мяркую, што не будзе падставы для гэтага,— сказаў Фёдар Васільевіч.

А кароткі зімовы дзень канчаўся. Паветра нібыта гусцела, набіраючы цёмны колер. Чырвонае кола сонца знікла за лесам, пакінуўшы на небе ружовы след. І хоць да райцэнтра была няблізкая дарога, але Фёдар Васільевіч паехаў па фермах і развітаўся з Пінчуком і яго памочнікамі ўжо на добрым прыцемку. Старшыня настойваў, каб узяў калгаснага шафёра, але ён адмовіўся, бо трэба было б гнаць яшчэ адну машыну.

Ад’язджаў Фёдар Васільевіч з «Маяка» з нейкім незразумелым пакуль пачуццём, не разабраўся ён у Пінчуку, не спадабаліся дэманстратыўная хітрасць яго дый тое, што надта часта ўспамінаў Антушкова, падкрэсліваючы свае з ім адносіны. «Што ж, пажывём пабачым...» — думаў сакратар райкома, прыслухоўваючыся да гуду рухавіка. У баку бензіну было дастаткова, і хутка па такой, у сумётах, дарозе (летам, канечне ж, хутчэй) ён будзе ў райкоме партыі.

«Толькі б перажыць гэтыя маразы, а там лягчэй...— І сам сабе ўсміхнуўся: калі гэта тая палёгка, невядома, якая будзе вясна, а потым лета...— Не мне думаць пра палёгку. Перажывём маразы, перажывём... Усё-ткі малайчына Паліна Ігнатаўна і гэтая Фрося... Дый, урэшце, не такі ўжо благі Пінчук...»

 

5

Вузкія палосы святла выхапілі чорную постаць чалавека, які хаваў твар ад ветру ў каўняры і махаў рукою, просячы падвезці. Фёдар Васільевіч спыніў машыну і адчыніў дзверцы, запрашаючы незнаёмца ў кабіну. Той важка сеў на задняе сядзенне, расшпіліў кажух, і Фёдар Васільевіч убачыў пад ім міліцэйскі кіцель. Мужчына закурыў і па-прыяцельску паляпаў сакратара райкома па плячы.

— Што, дружа, спалохаўся інспектара ДАІ чы не? — ад яго патыхала моцным перагарам.— Не бойся, я сягоння добры, але за дабрату плаціць трэба. Падвязі-тка мяне ў Моркавічы, там каханка чакае, чую, ажно пішчыць, не церпіцца ўбачыць. Таўстамясая і салодкая, вух! Паварочвай аглоблі, і хутчэй, а то зазлую.

Спачатку Фёдар Васільевіч хацеў выгнаць гэтага нахабніка з машыны, але падумаў, што варта ўсё-ткі паехаць з ім, паслухаць, што будзе гаварыць. Сакратар развярнуўся і па не занесенай яшчэ снегам дарозе, якую пакінуў за сабой усюдыход, пакіраваў назад, у Моркавічы.

— Як каханку зваць? — спытаўся ў мужчыны.— Мо ведаю?

— Адкуль? Нешта морда мне твая незнаёмая,— сказаў той.— Моркавічы ведаеш?

— Ну...

— Перадапошняя адсюль хата. У ёй жыве мая красуня Дуня. Вот, я табе скажу, смаката і дзёрзкая баба. Мужа адсылае да сястры ў карты гуляць, а са мной увесь вечар. Выпускае з хаты праз гарышча. Кажа, шчо ёй экзотыка. А тры дні назад быў на газу і скочыў з гарышча ды на сабачую будку. Барбос узняў такі енк, што па ўсіх Моркавічах сабакі завылі. Думаў, галіфэ парве, а не — спалохаўся, воўчае мяса, міліцыянера, адчуў, што ў кабуры пістоль. Хоч, раскажу, як з гэтай б... знюхаўся?

— Раскажы,— нічым не выдаваў сябе Фёдар Васільевіч, вырашыў цярпець балбатню да канца.— Раскажы,— паўтарыў ён.

— Шапнуў мне старшыня калгаса кульгавы Пінчук, што гоніць Дуня самагонку. Прымай меры. Хоць я і не ўчастковы, а інспектар ДАІ, але ўсё роўна міліцыянер, гонар мундзіра патрэбна абараняць. Прыходжу да гэтай самай Дуні і бачу: гоніць. У бітоне брага, а ў трохлітровых слоіках самагонка. Як завыла, заенчыла, нібыта хтось памёр, а муж яе, Радзівон, мы з ім у школе вучыліся, ведае, сабака, мяне, з хаты вон, уцёк. Я складаю акт, яна на калені, а потым цягне, цягне... Чы вытрымаеш супраць такой бабішчы? Пасля ад радасці ўзялі мы з ёй па добрай чарцы і пасябравалі.

— Не баішся, што начальства даведаецца? — дражніў свайго пасажыра Фёдар Васільевіч; надта ўжо развязаў хмель язык.

— Хто, я? Ха-ха-ха! Ды яшчэ мяне да Дуні па самагонку пасылалі, начальніку ДАІ з навару чырвонец-два даю. Мяне, браток, не купіш за рубель дваццаць. Я вот, калі хочаш ведаць, чаму ў міліцыі працую? Мне цікава, і вельмі люблю глядзець, як вы, шафяругі, дрыжыце перада мной. Мне гэта лепшае лякарства. Вот шчо значыць, калі ў руках улада! Раней хто я быў — свінапас і Ванька-наркот, жыў у вёсцы Любавічы і піў штодзень «чарніла» з Гешам Зайцам, яго матка вельмі ў бога верыць, як усё роўна, не тут гаворачы, сектантка. Падумаў, Паліна прадсядацелем стала, Мікалай маёрам, а я шчо — горшы чы дурнейшы? Ого, розум у мяне, як у міністра. З арміі прыйшоў — і ў міліцыю. Многа мне не трэба — шырокая лычка на пагоне. І шчо мы назіраем? Паліна прадсядацелем стала, а перада мной галаву схіляе, Мікалай схіляе, а чаму? У маіх руках улада, зразумеў? — ён выцягнуў перад тварам Фёдара Васільевіча масіўны, у чорных валасках кулак і паматляў ім ля носа.— Мая ўлада на дзесяць кіламетраў, але па іх усе едуць, не абмінеш, і ўсе ведаюць, шчо недзе тут стаіць Іван Карнілавіч. Ох, баяцца, мне ажно смешна, верыш чы не? Чаго ты такі маўклівы? Нешта твая морда мне незнаёмая. Не ўбачыў, што за нумар у машыны, снегам заляпіла. Даўно за баранкай?

— Не вельмі,— паціснуў плячыма Фёдар Васільевіч,— нядаўна.

— Во, во, калі б даўно ездзіў, я б цябе запомніў. Каго возіш, мо з раённых бугроў?.. Ты знаеш, я ім не зайздрошчу: сягоння — бугор, а заўтра — яма. Здзіўляе, шчо людзі не ўмеюць жыць, а канчаюць інстытуты, акадэміі, і шчо? Анічога — жыццё не разумеюць. Мне б вышэйшую адукацыю, я б пакамандаваў ужо і пасаду заняў бы, калі не міністра, дык штосьці недалёка. Дай мне волю і ўладу, я, браце, усіх бы прымусіў... на вушах хадзіць і чэсць аддаваць. Хочаш, і цябе пазнаёмлю з Дуняй? Не бойся, з табой Іван Карнілавіч. Са мной можна смела ісці ў разведку. Слухай, недзе ўсё-ткі я тваю морду бачыў, але дзе — не помню, хоць забі...

— Можа, і бачылі, Іван Карнілавіч,— гаварыў сакратар райкома.— Свет не такі ўжо вялікі, як здаецца.

— Мая Дуня, браце, пекная жанчына і, шчо рэдка сустракаецца ў жанчын, разумная. Наперад усё ведае, заплануе, свайго цюху-панцюху выганіць, мне стварае аператыўную прастору. Адчуваю, шчо на яе паклаў вока і Пінчук, старшыня калгаса, але навошта Дуні кульгавы смарчок. Вот ты мне скажы, можа Дуня прамяняць мяне на гэтага кульгавага качара? Мяне цікавіць твая мужчынская думка.

— Чаму ж не? Усё-ткі ён старшыня, прастора, а ў цябе толькі дзесяць кіламетраў дарогі, а тое, што кульгавы, дык абы здаровы...

— Цьфу, ялдык тваю, нічога не панімаеш,— старшына закурыў чарговую цыгарэту — у кабіне было ўжо столькі дыму, што Фёдар Васільевіч прыадчыніў фортку, каб трохі прадула свежаком. Старшына нешта гудзеў сабе пад нос, яго, відаць, пацягнула ў сон, бо галава хілілася на грудзі, але ён ускідваў яе, асалавелымі вачамі ўзіраўся ў сакратара райкома і смактаў, смактаў цыгарэту. Калі ўехалі ў Моркавічы, здалося, што і сон прапаў у яго, увесь падабраўся, грабеньчыкам прычасаў вусы, чорны кудлаты чуб.

— Вот такім і любіць мяне Дуня,— сказаў урачыста і для большага свайго аўтарытэту моцна ляпнуў мядзведжай рукой па плячы. Ад гэтага нечаканага штуршка Фёдар Васільевіч ледзь не з'ехаў з дарогі ў кювет.

— Хочаш перакуліцца,— працадзіў праз зубы, бо пашкадаваў ужо, што паехаў з гэтым нахабнікам.

— Стой, прыехалі! — закрычаў старшына, і не паспеў Фёдар Васільевіч затармазіць, як ён адчыніў дзверцы.— Знацца, так, чакаеш мяне гадзіну тут, а пасля вязеш дахаты,— і толькі машына спынілася, як ён выскачыў з кабіны, паслізнуўся, упаў спіной у гурбу, лаючыся, падняўся, увесь белы і шырокі, быццам мядзведзь, і пашыбаваў да хаты, што стаяла акурат па суседству з канторай калгаса, а паміж імі было поле, ля плота абсаджанае дрэвамі, мабыць, вішняй ці сліўкай: у гэтых мясцінах не было звычкі садзіць уздоўж вуліцы бярозу, клён альбо ліпу, хоць зрэдзь і яны сустракаліся.

«Столькі работы, і, як хлапчук, паехаў з гэтым...» — упікнуў Фёдар Васільевіч сябе і ўзлаваўся, захадзіў ля машыны. Усё, здаецца, ясна з гэтым інспектарам. Трэба было яго адразу завесці ў райаддзел... «Паеду... Хоць не, усё ж дачакаюся. Гэта толькі здаецца, што дробязная справа, не вартая ўвагі сакратара райкома...» Ён ужо не мог адступіць. Дый гэта не ў яго характары. Яму яшчэ не было зразумела, як і што будзе рабіць. Мабыць, усё ж трэба пачакаць? Як старшына стаў панам на гэтых дзесяці кіламетрах? Не за дзень, не за два і не знойдзеш вінаватага, хоць пры жаданні, безумоўна, магчыма? «Знойдзем...» Што, не ведалі пра яго старшыня райвыканкома, Зайцаў, старшыні калгасаў, а начальнік міліцыі дзе? Сам жа сказаў: Івана Карнілавіча заўважаюць здалёк усе, хто праязджае па тэрыторыі раёна па гэтай магістралі. Гэта сігнал, што ў райаддзеле жывуць, як у балоце, спакойна і лагодна, а ў райкоме партыі ці то не ведаюць, ці то не заўважаюць, а гэта значыць, што і ён, першы сакратар, засляпіў вочы.

Спачатку ў хаце, куды зайшоў старшына, было цёмна, а потым ва ўсіх вокнах успыхнула святло, на белым фоне фіранак замільгацелі чалавечыя фігуры, пачуўся ляскат, грукнулі дзверы, і з лаянкай скочыў з сенцаў чалавек, з размаху ўпаў у снег, падхапіўся і, цяжка дыхаючы, сапучы, як стомлены конь, трушком выбег на вуліцу. Быў ён без шапкі, у расшпіленым кажушку, з пустымі рукамі. Па блішчастых гузіках на пінжаку пазнаў у ім Фёдар Васільевіч старшыну. Нешта хутка развітаўся ён са сваёй каханкай ці мо не прыняла.

Старшына толькі на хвіліну затрымаўся ля веснічак, і хоць цераз вуліцу не бег, але ішоў порстка, толькі снег курэў з-пад ног.

— Завадзі сваю кабылу, паехалі,— сеў у машыну, падняў каўнер кажуха і прагна задыміў цыгарэтай.

— Дзе ж твая шапка? — абыякава спытаў Фёдар Васільевіч і ўжо ў люстэрку ўбачыў, што з хаты на ганак выйшаў мужчына і штосьці цёмнае выкінуў на дарогу.

— Тармазні, га? — папрасіў старшына, калі ад’ехалі метраў дваццаць. Прабег назад, падняў тое цёмнае з снегу, і Фёдар Васільевіч здагадаўся, што гэта шапку выкінуў мужчына.

Вярталіся з Моркавіч без размоў, старшына сядзеў нібыта з поўным ротам вады. Фёдар Васільевіч помніў, што ў яго была сумка — відаць, засталася там, у хаце. Не стаў успамінаць пра яе, хоць карцела, чакаў, калі міліцыянер разгаворыцца. Прарвала старшыну вельмі хутка, на твары адбіліся разгубленасць і здзіўленне, яму было няўцям, ніяк не даходзіла, што выгналі з хаты, і не абы-як папрасілі, а прымусілі. І гэтае нязвыклае для яго становішча бачыў шафёр, які ўсё ўсміхаецца і паблісквае шкельцамі акуляраў (Фёдар Васільевіч вадзіў машыну ў акулярах). У старшыны ўнутры ўсё кіпела, шукала выйсця і вылілася ракою слоў, якім, здалося, не будзе супынку.

— А, сука дык сука,— ледзь не крычаў ён, шукаючы мужчынскай падтрымкі ад Фёдара Васільевіча,— не інакш, дамовілася з Радзівонам. Яшчэ заўчора была лагодная і ласкавая, як кошка. Не магла ж за дзень змяніцца, ператварыцца ў змяю? Зайшоў у хату і хацеў ёю заняцца, а мяне па галаве, па галаве і па спіне. Мусіць, біў, сабака, салдацкім рэменем. У Радзівона ён вісеў на вушаку. Адкуль у яго гэтая смеласць, не інакш, Дуня падгаварыла, яе работа. Чым жа яе не ўлагодзіў? Не можа ж быць, каб паміж імі згода была? Дуня не тая жанчына. Бач, ужо забылася, як на каленях прасіла, каб акт не складаў, нікому пра самагонку не расказваў. Пакуль баліць, дык крычыць, а як загаілася, пра ўсё забылася. Але ж я не забыў, у мяне, браце, памяць добрая на ўсё. Асмялеў Радзівон, гордасць з’явілася, не хоча, каб жонка з Іванам Карнілавічам пагаварыла. Ну-ну,— пагрозліва гудзеў старшына і падазрона пазіраў на Фёдара Васільевіча.— Глядзі, каб ні-ні... ніводная душа, а то ўмомант правы забяру. Потым год будзеш за мной хадзіць. Нічога-нічога, я шчэ з імі разлічуся. Зноў Дуня на каленях папаўзе, прасіць будзе. Ух, я ўжо адыграюся, адвяду душу...

— За пасаду не хвалюешся?

— З мяне пагоны здымуць? — перакасіла твар у старшыны, так яго ўразілі гэтыя словы.— Рукі кароткія. Няхай паспрабуюць. Калі хочаш ведаць, у мяне родны дзядзька ў абкоме вялікі бугор. Панцеляймон Якаўлевіч надзярэ за пляменніка, ужо ён прапаноўваў пайсці на павышэнне ў абласны апарат, ды я не згадзіўся. Мне дзесяць кіламетраў даражэйшыя. Панцеляймон Якаўлевіч сілу мае, ого, будзь здароў, ніякія мне раёны не страшныя, пляваць хацеў я на іх. Ну, Дунька, паплачаш, паскачаш, я табе пакажу, як Івана Карнілавіча ў каршэнь выганяць з хаты.

Перабраўшы ў памяці імёны супрацоўнікаў апарату абкома партыі, Фёдар Васільевіч успомніў, каго зваць Панцеляймонам Якаўлевічам. Гэта быў Рагуля, нізенькі мужчына з лысай галавой. З ім Фёдар Васільевіч сустракаўся адзін раз, месяцы тры назад, калі афармлялі паперы на новую машыну для райкома і ўзнікла дробязная праблема, якую Рагуля вырашыў вельмі хутка. Значыцца, Іван Карнілавіч пад яго абаронай. У райаддзеле пра гэта ведаюць і баяцца сапсаваць сабе службу, а можа, і карыстаюцца сваяцтвам старшыны і інструктара абкома?

Ужо не шкадаваў Фёдар Васільевіч, што патраціў столькі часу на язду з Іванам Карнілавічам. Не паехаў бы — і пра многае не ўведаў бы першы сакратар, і працягвалася б эпапея з дзесяццю кіламетрамі. Людзі думалі б, што райком партыі абараняе гэтую свалату, якую б варта выкінуць з машыны, сарваць пагоны.

Запацелі шкельцы акуляраў, Фёдар Васільевіч зняў іх і паклаў у кішэню. Здалося, ад злосці нават лепш стаў бачыць.

Усё-ткі ён стрымліваў сябе, слухаў п'яную балбатню старшыны.

Пасля той сціх, мусіць, задрамаў. І тады Фёдар Васільевіч канчаткова вырашыў для сябе, што з ім рабіць.

Даехаўшы да плошчы Леніна, павярнуў машыну ўлева ад райспажыўсаюза і вулачкай выбраўся да белага двухпавярховага дома, што стаяў на ўскраіне Дзяпраўска. У гэтым доме тыдні два назад размясціўся раённы аддзел унутраных спраў, перабраўшыся са старой драўлянай будыніны. Яшчэ на рабоце быў начальнік аддзела Радзецкі, яму, як кажуць, проста з рук у рукі і перадаў Фёдар Васільевіч інспектара ДАІ, які хоць трохі і працверазіўся, але ўсё роўна быў без тармазоў.

Фёдар Васільевіч уключыў рацыю, застаўшыся адзін у машыне. Чакаўся мароз амаль трыццаць пяць градусаў. Ад гэтай весткі ажно стала холадна і здалося, быццам на ім не цёплыя валёнкі, а галёшы, абутыя проста на босыя ногі. Ён нават глянуў уніз і затупаў на месцы, заварушыў здубянелымі пальцамі. Калісьці расказвалі яму, што чалавек можа ўнушыць сабе чортведама што, і ён не паверыў, пасмяяўся.

Цяпер, успомніўшы гэта, здзівіўся, як імгненна рэагуе нервовая сістэма чалавека, хоча гэтага ён альбо не.

Як ні быў стомлены Фёдар Васільевіч, але паехаў не дамоў, а на работу. У яго было правіла — вяртаючыся з раёна, абавязкова заязджаць у райком. Пра гэта ведалі не толькі супрацоўнікі апарату. І той-сёй, каб патрапіць на прыём да першага сакратара, прыходзіў вечарам і чакаў, хоць і дзяжурныя сарамацілі, маўляў, Фёдару Васільевічу трэба адпачыць, у яго таксама сям’я, дзеці чакаюць — гэта не дапамагала: заўсёды зацемна людзі сустракалі яго ў прыёмнай.

Хацелася, каб зараз у райкоме, акрамя дзяжурнага, нікога не было: застаўся б у кабінеце адзін, трошкі папрацаваў бы.

Выйшла так, як думалася Фёдару Васільевічу,— пэўна, наведвальнікаў напалохаў мароз. Інструктар аргаддзела Васюкоў, малады высокі хлопец з саламянымі валасамі, які месяц назад быў другім сакратаром райкома камсамола, далажыў, што званілі Антушкоў Віктар Сямёнавіч і з рэдакцыі газеты. Прасілі забраніраваць нумар у гасцініцы спецыяльнаму карэспандэнту і галоўнаму спецыялісту з Міністэрства сельскай гаспадаркі. Яны будуць збіраць нейкі матэрыял па загаду Антушкова. «Па такім марозе толькі і збіраць матэрыял...» — іранічна падумаў Фёдар Васільевіч.

 

6

Ноччу адбылося тое, чаго ніхто ў раёне не чакаў і не мог прадбачыць. Мароз раптоўна апаў, і пачалася адліга. Слупок тэрмометра ўзняўся амаль да плюс сямі градусаў. Сярод ночы пайшоў моцны дождж, а пад раніцу мокры снег.

Фёдара Васільевіча разбудзіў тэлефонны званок. Як толькі зняў трубку, пачуў усхваляваны, нават, здалося, спалоханы голас дзяжурнага па райкоме Васюкова!

— Бяда, Фёдар Васільевіч, парвала электралініі.

— Еду,— як мага спакойна сказаў, трохі падумаў і загадаў: — Выклічце Зайцава, Кішковіча, першага сакратара райкома камсамола, начальніка міліцыі, начальніка райсельгасупраўлення, загадчыкаў аддзелаў райкома партыі, начальніка райэлектрасетак, кіраўніка райсельгастэхнікі...

— Начальнік райэлектрасетак тут,— паведаміў Васюкоў.

— Што-небудзь здарылася, Федзя? — спытала жонка.

— Пакуль нічога не магу сказаць,— ён, ужо адзеты, пацалаваў Ліду і пабег з пакоя. На ганку, паслізнуўшыся, Фёдар Васільевіч ледзьве ўтрымаўся на нагах, дабраўся да машыны. На шчасце, рухавік запрацаваў адразу, і, крыху прагрэўшы яго, выехаў з двара.

Вуліца была пад ледзяной скарынкай, якую спакваля прысыпаў цяжкі, перанасычаны вільгаццю снег. Машыну цягнула ўбок, і спатрэбілася нямала сілы, каб поначы ўсё-ткі даехаць да райкома.

Стрымгалоў узляцеў Фёдар Васільевіч на чацвёрты паверх. У прыёмнай яго чакалі начальнік райэлектрасетак трыццацігадовы вусач Картузаў і начальнік раённай міліцыі Радзецкі, чалавек у гадах. Толькі ўвайшлі ў кабінет, адчыніліся дзверы і з’явіліся Зайцаў, Ніскун, Кішковіч, першы сакратар райкома камсамола Лахвіч. Праз якую хвіліну падышлі і астатнія, каго выклікаў дзяжурны.

Не распранаючыся, паселі за доўгім сталом, куды паказаў ім першы сакратар. Здалося, што ў кабінеце пачало цямнець. Фёдар Васільевіч падняў вочы ўгору: лямпачкі гаслі. Яшчэ імгненне, і зрабілася зусім цёмна. У начальніка міліцыі быў ліхтарык, уключылі яго і паклалі пасярэдзіне стала.

— Ніхто не чакаў такіх перападаў тэмпературы,— начальнік райэлектрасетак развёў рукамі.— На лініях перадач утварыліся наледзі. Вага аднаго метра проваду амаль чатыры-шэсць кілаграмаў. Пад цяжарам лёду рвуцца правады і падаюць апоры ліній электраперадач. Я толькі што з раёна. Сягоння шчэ не спаў,— глуха дадаў Картузаў.— Абясточаны фермы ў вёсках Моркавічы, Здзітава, Сялец, Нарутавічы, Ласасіна, Лясковічы... Найбольшы ўдар стыхіі на райцэнтр. Яна ішла неяк бокам... Абясточана палова Дзяпраўска, выйшлі са строю кацельныя... Усюды вялізныя заносы. Паглядзіце, як снег ідзе,— паказаў Картузаў рукой на вуліцу.— Нашы брыгады на лініях працуюць, але ім трэба дапамога, Фёдар Васільевіч. Многа палягло апор, пакруціла іх...

Першы сакратар падышоў да акна: цемрадзь пакуль хавала ўсё. Рэзка павярнуўся, агледзеў прысутных. Сказаў ціха, але нібы чаканячы кожнае слова:

— У раёне надзвычайнае становішча... Трэба падняць усё насельніцтва. Задача — ачысціць ад снегу горад і вёскі, як хутчэй. Прадпрыемствы павінны працаваць. Ствараем аператыўны штаб па барацьбе са стыхіяй. Я яго ўзначалю. Мае намеснікі: старшыня райвыканкома і другі сакратар. Начальнік міліцыі, забяспечце парадак. Так... Павел, падніміце ўсю моладзь раёна, пакажыце, на што здольны райком камсамола. Дзейнічай! — сказаў Фёдар Васільевіч.— Мы звяжамся з кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Будзем накіроўваць людзей вам на дапамогу, Картузаў. Аднак каб кожнаму была работа.

— Забяспечым, хопіць усім...

— І галоўнае, аб чым хацеў сказаць: мы павінны сёння падняць усіх камуністаў...

Праз некалькі хвілін былі размеркаваны абавязкі паміж членамі штаба, і ўсе разышліся. Калі Фёдар Васільевіч выйшаў з кабінета, супрацоўнікі райкома былі на сваіх рабочых месцах. Чуўся тупат ног на паверхах, дзе знаходзіліся райвыканком, райком камсамола, упраўленне сельскай гаспадаркі.

Як толькі развіднела, Фёдар Васільевіч з Кішковічам аб’ехалі горад. Дрэвы трашчалі пад цяжарам галалёду і снегу, там-сям на вуліцах ляжалі паваленыя слупы электралініі. Вуліцы, двары былі перапоўнены снегам, які ішоў не перастаючы. Зноў набіраў моцы мароз і нібыта ў бетон ператвараў мокрую кашу. Ужо выехалі бульдозеры, скрэперы, ішлі з рыдлёўкамі людзі. Фёдар Васільевіч глядзеў, глядзеў, прыкідваў.

— Мала людзей,— сказаў старшыня райвыканкома.— Канечне, прадпрыемствы спыняць нельга...

— Дзе гэта наша радыё? — раптам спытаўся Фёдар Васільевіч, хоць і сам ведаў, што радыёвузел на першым паверсе Дома Саветаў. І адразу павярнуў з вуліцы Горкага на Партызанскую — калі б не ўсюдыход, не прабіўся б — і пагнаў машыну да цэнтра.

Недалёка ад плошчы, дзе стаяла купка людзей з рыдлёўкамі, пакінуў старшыню райвыканкома разабрацца, чаму не працуюць.

Радыёвузел быў зачынены, і хвілін дзесяць шукалі дзяўчыну-загадчыцу. Убачыўшы першага сакратара, яна разгубілася.

Фёдар Васільевіч папрасіў падрыхтаваць радыёвузел да работы.

— Будзеце гаварыць? — заплюскала вачамі, ніяк не магла ўключыць апаратуру.

— Буду...— ён думаў, што скажа людзям, якія знайсці словы, каб дайшлі да сэрцаў.

— Калі ласка,— нарэшце запрасіла дзяўчына да мікрафона.

Здалося, што вельмі суха ў роце, ён напіўся цёплай, нясвежай вады, адкашляўся і сеў перад мікрафонам.

— Дарагія таварышы! Звяртаецца да вас ад імя ўсіх камуністаў раёна першы сакратар райкома партыі Патоліч. Як у гады ваеннага ліхалецця, каб адстаяць родны край ад ворага, звярталіся да народа, так цяпер і я звяртаюся да вас, каб разам адстаяць наш горад, нашы вёскі, перамагчы стыхію. Снег, дождж, адліга, мароз і зноў снег нарабілі шмат бяды. Бяда прыйшла да нас, таварышы! — павысіў ён голас і падняўся з крэсла, гаварыў далей стоячы.— Прашу кожнага, у каго хоць трошкі ёсць у руках сілы, выйсці на расчыстку двароў, вуліц, дарог ад снегу. Вас сустрэнуць прадстаўнікі аператыўнага штаба па барацьбе са стыхіяй. У першую чаргу звяртаюся да камуністаў, камсамольцаў, пакажыце прыклад самаадданай працы... Перабоі з вадой, цяплом і электраэнергіяй часовыя... Веру, што ўсе дзяпраўцы, каму дазваляе здароўе, выйдуць на барацьбу са стыхіяй. Прашу па любым пытанні званіць, прыходзіць у райком партыі, дзе знаходзіцца аператыўны штаб, да мяне...

 

Чысцілі дарогі старыя і школьнікі, моладзі было шмат.

Фёдар Васільевіч хадзіў ад адной групы людзей да другой, гаварыў, раіўся. Падумаў: правільна зрабіў, што выступіў па радыё. На Кастрычніцкай вуліцы ён прыкмеціў пажылога чалавека ў старэнькай зялёнай ватоўцы, які адкідваў снег з дарогі шырокай, зробленай з фанеры, лапатай.

— Не цяжка вам? — крануў яго за плячо.

— Цяжка, цяжка... А калі свет угору нагамі стаў,— прабурчаў стары і павярнуўся тварам да сакратара райкома.— А, таварыш Патоліч! Прыгожа ты гаварыў, прыгожа... Што, не пазнаеш Магільніцкага?

Угледзеўся Фёдар Васільевіч і пазнаў дзядка, Кузьму Ільіча, які прыходзіў да яго з сумкай сваіх скаргаў на раённых кіраўнікоў.

— Помню, Кузьма Ільіч, помню. Дзякуй вам за працу! — ён паціснуў старому руку і заспяшаўся ў машыну.

Яго бачылі ва ўсіх канцах горада, і наўрад ці хто сказаў бы, дзе можна знайсці першага сакратара праз паўгадзіны. Фёдар Васільевіч быў на рамонтным заводзе, на якім варылі металічныя канструкцыі для апор высакавольтнай лініі,— амаль тры кіламетры яе было знішчана стыхіяй каля Моркавіч,— калі яму перадалі, што праз дзесяць хвілін пазвоніць першы сакратар абкома партыі. Патоліч чакаў званка ў кабінеце дырэктара, чый нумар дала сакратарка Герасімаву.

— Дапамога патрэбна? — адразу спытаў Васіль Яўсеевіч.— Ці сам пераможаш зіму?

— Трэба, трэба,— сказаў Фёдар Васільевіч.

— Паможам. Я дамовіўся з камандаваннем ваеннай акругі. З хвіліны на хвіліну пад’едуць салдаты з тэхнікай. Забяспечце ім фронт работы. Што яшчэ?

— Памажыце раёну з вадкім палівам... Як у іншых раёнах?

— Нармальна, найбольш складана ў вас... Усім, што трэба, паможам. Беражы людзей. Калі што, звані мне. Жадаю поспехаў.

Відаць, больш падрабязна аб становішчы ў Дзяпраўску далажыў Герасімаву Зайцаў, які ўвесь час знаходзіўся ў райкоме. Ён быў накшталт начальніка аператыўнага аддзела штаба, усе звесткі з раёна і горада аб барацьбе са стыхіяй паступалі да яго. К абеду Дзяпраўск быў амаль расчышчаны ад снегу. На некалькіх вуліцах аднавілі лініі электраперадач.

 

Раздзел чацвёрты

 

1

Дзверы ў кароўніку зарыпелі так гучна, што, здалося, пачулі ў вёсцы, а хацелася ціхенька, незаўважна заскочыць за гэтыя сцены, дзе пахла цялятамі, саломай і наогул стаяў пах, да якога Геша прывык з дзяцінства і нават любіў, бо ён быў звязаны з вясной, калі дыхалася лёгка, і ногі беглі борзда па дарозе, і ўвесь свет рабіўся блізкі і родны. Крадком Геша прабег па кароўніку, хоць і сам не ведаў, чаго зараз сюды пацягнула, а трэба было быць на падстанцыі, і ўзрадаваўся, не бачачы старшыні калгаса. Можна смела ісці да падстанцыі і глядзець, што там здарылася, ніхто не ўпікне, не сапсуе настрой. Пасвістваючы, ён пайшоў да дзвярэй, ад якіх было бліжэй да падстанцыі. З гэтага боку летась у кароўніку адгарадзілі пакой, каб трымаць бітоны, вёдры і тут ж мыць іх; побач быў яшчэ пакой адпачынку, альбо, як называлі, чырвоны куток. Паліна ўдумала, паставіла ў ім тэлевізар. Цяпер дзверы ў пакоях зачынены, не чуваць, каб хтось там быў. Геша падумаў, што мо ёсць малако ў бітонах. Даяркі калі-нікалі пакідалі для дзіцячага садзіка і бальніцы. Ён не доўга вагаўся, бо зноў сушыла ў роце, пераступіў парог і — да бітона: падняў крышку — пусты, у другім тое ж самае. У трэцім бітоне павінна быць малако, відаць, што нямыты. Ён толькі нахіліўся, як нешта цёмнае засланіла яму вочы. Хацеў адкінуць яго, але не змог: за рукі нехта ззаду трымаў. Геша рвануўся — не памагло. Пачуў, што хіхікаюць: здагадаўся — даяркі жартуюць. Колькі ж іх тут, калі не скрануцца з месца.

— Здурнелі, чы шчо? — заматаў ён галавой, мяркуючы гэтак скінуць з вачэй павязку, не інакш хустку, бо ад яе пахла духамі, а на ферме толькі Шурка Руская карысталася духамі, фарбавала памадай вусны. Гэта Геша змікіціў і адчуў слабасць у жываце. Шурка магла ўтварыць такое, што потым усё жыццё будуць успамінаць.

— Шурка,— ласкава папрасіў Геша,— шчо ты мне, свінячая морда, сваю паркалёўку на вочы завязала, а нутка здымі.

Ніхто не адказаў, хоць і захіхікалі. Геша размахнуўся нагой, мусіць, у некага папаў, бо жанчына войкнула ад болю.

— Супакойся! — сказалі яму і павялі некуды, штурхаючы ў спіну. Цёмна ў вачах было нядоўга, Гешу прысланілі да сцяны і гэтак жа раптоўна, як завязалі, знялі павязку. Ён агледзеўся, пашукаў выхад з пакоя. Напроці Гешы. як трыбунал, сядзелі Шурка Руская, Галіна Апрасава, Вольга Данілюк і Маня Кірзіч. Усе жанчыны яго ўзросту, толькі Шурка маладзейшая. Прывёз яе Васіль Скролат з Саратава, служыў там; нібыта сваіх дзяўчат мала.

— Куды падзеў святло? — сказала Галіна Апрасава, тоўстая жанчына, якая мела пяцёра дзяцей. Старэйшая яе дачка Вольга прыдуркаватая, але памагае маці на ферме.— П'янтос няшчасны. Зусім прапіў мазгі.

— Не за твае п’ю,— агрызнуўся Геша.

— Дзе ты быў зранку? — пыталася Вольга, чарнявая і худая жанчына, злая на ўвесь свет. Калі яе паслухаць, дык яна такая бедная, няшчасная, хворая, што здзіўляешся, адкуль у яе сіла хадзіць па зямлі, працаваць і завіхацца ля сваіх нутрый.

Самая небяспечная з жанчын для Гешы — Маня. Яна і свайго мужа Міхала, калі той возьме чарку, не шкадуе, кажуць, што перабіла аб яго галаву ўсе талеркі, летам спаць у хату не пускае. Вочы ў яе злыя, натапырылася і маўчыць. Яе жанчыны паважаюць і слухаюцца лепш, чым загадчыцу фермы Клімянкову. Трэба было б, пакуль Маня штось удумае, выскачыць з пакоя. А Шурка Руская ўсё вытанцоўвае ля Гешы. скаліць зубы і хустачкай перад яго носам памахвае. «Ат, лярва,— думае ён,— пападзіся мне ў рукі, правучу дык правучу...» Але нікога вучыць ён не будзе, не хопіць смеласці, дый ахвота на гэта патрэбна, а яе ў Гешы няма. Мо гадоў дваццаць назад і заціснуў бы дзе ў цёмным кутку Шурку Рускую, і пажартаваў бы з ёй, колькі душа хацела б. Зараз жа не да таго.

Крыўдна, што дзяўчаты здзекуюцца з яго.

— Апошні раз папярэджваем. Хай толькі зноў не будзе электрычнасці,— нарэшце загаварыла Маня.— Ён, панімаеце, спіць, а мы рукі абмарожваем, цяляткі гінуць. Цябе, кот смаркаты, мала расстраляць. Чакай, дабяромся, скончыцца наша цярпенне, адальюцца табе нашыя слёзы!.. Няхай ідзе рамантуе, там хлопцы з райцэнтра прыехалі ўжо... А то, бач. Царыца век пражыла, як у Хрыста за пазухай, і гэты той жа дарогай. Хочаш патрапіць у рай, а мы цябе ў пекла запіхнём.

Сцярпеў Геша абразу, шыбануў з пакоя, мармычучы праклёны, якія ведаў і чуў ад маткі. Ужо на вуліцы падумаў, што хай лепш з яго паздзекуюцца даяркі, чым сустракацца з Палінай і першым сакратаром райкома партыі, якога ён заўважыў на ферме. Жанчыны маглі і пабіць па сваёй прастаце, а гэтыя начальнікі зрабілі б усё па закону.

 

Пад вечар Геша, наладзіўшы з хлопцамі з раённых электрасетак падстанцыю, пацягнуўся дахаты. Вецер, здавалася, зусім ашалеў, шпурляў у твар шорсткі, як пясок, снег, збіваў з ног. Геша прайшоў палову ўжо дарогі, калі ўспомніў, што матка прасіла зайсці да Хрысці Манашкі. Ахвоты не было ніякай, аднак павярнуў у завулак, бо матка пячонку прадзяўбла б.

Калі ад фермы сякая-такая дарога была, дык у гэтым кутку, дзе жыла Хрысця, гурбы насыпала ўпоравень з хатамі. Мінула колькі там часу, і як заслона над зямлёй апусцілася: цёмна стала, ніводнага чалавека насустрач, толькі вецер вые, як воўк.

Хрысціна хата прытулілася да лесу і схавалася ад вятрыску; вакол яе таксама нанесла шмат, але вялізных гурбаў не відаць. Дрэвы стрымлівалі завею, прыкрывалі сядзібу. У двары ад веснічак была выбрана ў снезе дарога. Мусіць, Хрысця ўдзень пашчыравала з рыдлёўкай, якую прыткнула ля ганка побач з дзеркачом. Геша ўзяў яго ў рукі, каб ачысціць валёнкі ад снегу, і пазнаў: гэты венік ён рабіў увесну. Тады маладой ракіты паўвоза нарэзаў, кашоў наплёў, венікаў навязаў.

Зайшоў у сені, ледзь у цемры клямку знайшоў. Відаць, Хрысця пачула ягоныя крокі, адчыніла сама.

У Хрысці хата невялікая і беднаватая, на падлозе адзін рад даматканых палавікоў, у цёмным кутку — іконы. Мо і не хацеў бы назваць Хрысцю манашкай, а назавеш, убачыўшы яе. У чорнай хустцы, у чорнай сукні. Твар сухі, танклявы, але сама не худая, жанчына ў целе. На шыі маршчынкі не заўважыш, скура гладкая, невялікі двайны падбародак. Жыве Хрысця як хоча, ніхто ёй не перашкаджае. Быў у яе хаце Геша і аднаму здзівіўся: ля ложка на паліцах ляжалі тоўстыя, у рудых вокладках кнігі. У маткі толькі адна была кніжка, падобная на гэтыя: біблія. «Няўжо ета ўсё бібліі?» — падумаў Геша цяпер і, буркнуўшы «добры вечар», накіраваўся да паліц. Вельмі ж хацелася даведацца, што за кніжкі сабрала ў сваёй хаце Хрысця. Узяў у рукі кніжку, ад яе чамусьці пахла дымам, і ледзь не выпусціў з рук — цяжкая, што цагліна. Пагартаў і не зразумеў, навошта ўсё гэта Хрысці: каб пагаварыць з богам, досыць і адной бібліі. Матка яе штодзень чытае і ніяк не закончыць.

— Ну, шчо ў цябе? — прысеў на ўслоне, шырока расставіўшы ногі, і снег з валёнак пасыпаўся на палавік, на якім красаваліся чырвоныя ружы і зялёнае лісце.

— Генечка! — Хрысця схілілася перад ім у паклоне.— Патрэба невялікая ў мяне, але аддзячу, не турбуйся. Усё будзе па-боску. Сама не магу ета зрабіць, цябе папрашу: зарубай, калі ласачка, індыка.

— Ета мы можам,— узрадаваўся Геша, бо чакаў, што гаспадыня папросіць па якія дровы ехаць альбо снег адкідаць ад хаты.— Давай індыка. Сякера ёсцека?

— Як жа, ёсцека,— падала яму Хрысця невялічкую сякеру з крамным пафарбаваным тапарышчам.— Мо не зусім гострая, дык брусок прынясу?

— Нічога, галаву адсячэ,— Геша крануў ногцем лязо сякеры — тупое, зазубленае: што здзіўляцца, калі без гаспадара хата.— Паказвай свайго арла!

Хрысця павяла яго ў нізенькі катушок, злеплены з аполкаў і галля. Усярэдзіне было цёмна і цёпла, хоць, здавалася, мароз і завея выстудзілі яго наскрозь. У кутку заварушыліся куры.

— На, свяці,— падала Хрысця пляскаты ліхтарык. Батарэйка ў ім была, мусіць, новая, бо свяціў, што пражэктар. Жанчына выбрала індыка, ухапіла за крылы і падняла, прыціснуўшы да грудзей.— Вазьмі,— перадала Гешу,— тут, на калодцы, і сячы, а я выйду, не магу глядзець на кроў. У мяне сэрца спыняецца. Засячэш, павесь на хвілінку на плот, няхай кроў сцячэ.

— Ідзі, ідзі, а то шчэ паляціш з капытоў,— сказаў ён.— Гатуй вячэру, мо ж зарабіў?

— Зарабіў, зарабіў, Генечка!

Патрымаўшы трохі індыка між штыкецінамі, Геша панёс яго ў хату. Варта было б, каб ён яшчэ павісеў на плоце, але ж на такім марозе здубянееш. Дый Геша не абедаў, і есці хацелася, смактала ў жываце. Добра, што зайшоў да Хрысці, хоць настрой палепшаў. Правільна людзі баюць, што ў жыцці за чорнай паласой заўсёды ідзе светлая. Не можа ж быць з ранку да ночы чарната, ёсць іншае на свеце, без якога не трэба і жыць.

Калі Геша прыйшоў у хату, на стале сквірчэла паўнюткая патэльня смажанага сала з мясам і яечняй, стаяла міска капусты, запраўленая цыбуляй і алеем, духмяная пара ўзнімалася ад бульбін-пасоленак.

— Сядай і еш,— запрасіла Хрысця,— а я покі індыка абскубу. Дасць бог здароўя, летам зноў пасаджу індычку на яйкі. Добрая птушка, лепш, чымсь качка і нават чымсь курыца. Мяса, Генечка, як у парасяці. У мяне гаспадарка неблагая, я ж кабета, дзякуй богу, не бяды, не такая ўжо і старая, як табе здаецца. Зубы шчэ ўсе цэлыя... Я, канечне, старэйшая за цябе, Генечка, мо гадкоў на пяць, але ж, мне здаецца, гэта перад богам не перашкода. У мяне і грошай крышку ёсць на чорны дзень, магу і на тваю кніжку перакласці сотні дзве-тры...

Слухаў Геша Хрысцю і не разумеў, пра што яна гаворыць, якія кашалі пляце. Няўжо замуж сабралася? «Здурнела на старасці год»,— вырашыў ён.

— Мама, Генечка, нічога не маець супраць, наадварот, гэта яна ўдумала,— вяшчала Хрысця,— а ў яе, ого, не галава, а Дом Саветаў. Трэба слухаць маму. Яна правільна, мусіць, гаворыць — гэта боская воля, пра яе людзі забываюць, а потым усё жыццё няшчасныя, і толькі нястомнай малітвай можна вярнуць давер і павагу бога. Ты, Генечка, не бойся, я жанчына чыстая, у манастыры прывучаная. І хоць вера там была не зусім правільная, папоўская, бо поп жыве не святым духам, а сваім брухам, але Хрыстос адзін ва ўсіх.

Падпіўшы, Геша павесялеў і слухаў Хрысцю як анекдот. Прыдумала ж матка, каб ён ажаніўся, дый шчэ з Манашкаю.

— Смяхоцце! — крычаў Геша і пальцам паказваў на Хрысцю.— Оно, паглядзі на сябе ў люстэрка, на каго ты падобна! На чорта ты падобна, а куды ж тваю, замуж захацела!

— Свят, свят, свят,— спалохалася гаспадыня,— ізыдзі д’ябал з галавы яго неразумнай, вызвалі душу грэшную, адпусці грахі. Я жанчына разумная, не глядзі як на вар’ятку,— працягвала Хрысця.— Калі манастыр закрывалі, дык каторыя бралі транты, маці ігумення дазваляла, посуд, а я прыцягнула во гэныя ксёнжкі. А чаму, Генечку ты мой мілы? Скажу табе, калі ўжо нас бог яднае. Гэтым ксёнжкам цаны нямашака. Нават за адну можна тышчу атрымаць, з розумам прадаючы. У людзей цяперака грошай шмат, не ведаюць, шчо з імі рабіць, і за ксёнжку такую не пашкадуюць тое, шчо папрашу. Здзіўляцца няма чаго: на гэтую паперу вялікія людзі свой розум, свае мазгі пералажылі...

— Унь як! — ужо з павагай глядзеў на чорныя кніжкі Геша і паспрабаваў палічыць, колькі ж іх на паліцах, атрымлівалася каля пяцідзесяці тамоў. Калі перавесці на грошы, дык пяцьдзесят тысяч рублёў. У Гешы бульбіна ўпоперак горла стала, перахапіла дыханне, і ён закашляўся, замалаціў сябе па грудзях рукамі. Ледзь аддыхаўся, ад здзіўлення не ведаў, што сказаць, толькі пераводзіў вочы з гаспадыні на кніжныя паліцы. Падумаў, выдумляе Манашка, мо схавала грошы ў кніжках, але скуль у яе столькі, у ватоўцы ходзіць і летам, і зімой. Падняўся з услона, падышоў да кніжак, пагартаў, грошай не знайшоў сярод жоўтых старонак. Паспрабаваў чытаць, але спатыкнуўся на першым жа слове і паставіў кніжку на паліцу.

— О, у тваёй матулі галава! — узняла палец Хрысця.— Ты яе кепска ведаеш. Яна моцна аддадзена богу, душу сваю ад грахоў даўнюсенька ачысціла... Аднак нейкі грэх у яе шчэ, мусіць, ёсцека. Без грахоў таксама няможна. Кажа мне ўчора: хачу перад смерцю, дажыўшы да старасці, быць зусім чыстай перад богам. Калі будзе другое прышэсце Хрыста, хачу сустрэць гэта як сапраўдная веруючая. Во галава! Ты ж у маткі цяперака адзіны сын, брата нямашака. А чаму? Таму шчо матку не слухаў, і бог прыбраў, як супраціўніка свайго. Усё па закону. Ты, Генечка, слухай маму, інакш бог зазлуе, ягоны гнеў страшны, кара немінучая, ад яго мяча нікуды не ўцячэш: усюды знойдзе і ўпадзе боскі меч на галаву, бяздумную і грэшную. Ратуй нас, госпадзі божа, ратуй ад геены вогненнай, ад мяча твайго гострага і бязлітаснага на грэшнікаў вялікіх і нежаданых табе,— замахала Хрысця галавой, кланяючыся перад бажніцай.

Жанчына дашчыпала індыка, памыла яго гарачай вадой з мылам у эмаліраваным тазіку і спрытна рассекла нажом тушку на часткі. Кілаграма паўтара мяса загарнула ў выцвілую старэнькую хустку.

— Не забудзь. Матуля любіць крупнік з індыком. Я некалі ў горадзе была, дык бачыла: такі кусман індыка каштуе мо пяць рублёў. І тое мяса ветрам смярдзіць. Шчо хочаш: кормяць хіміяй, каб хутчэй раслі, а я чыстым хлебам і бульбачкай, ніякай атруты не дадаю. Трэба ўжываць толькі тое, шчо бог даў, а не тое, шчо людзі выдумалі. Адкуль, думаеш, розныя ракі ў чалавека,— з яды. З хіміі выходзіць хімія, а не індычынае мяса.

— І шчо, Хрысця, сапраўды кніжка тысячу каштуе? — Геша размяк, захацелася штосьці добрае сказаць гаспадыні, пахваліць яе. Мо кніжку падорыць, у магілу з сабой не забярэ.— Смачную вячэру прыгатавала мне, і жанчына ты на ўсе сто.

— Бач, ты і прызнаў гэта, Генечка.— Хрысця развязала хустку, зняла яе, рукою правяла па радкаватых валасах, запляла тоненькую касу і закруціла яе на патыліцы, прышпіліўшы грэбенем.— Падумай, коцік, і сёння-заўтра збяромся разам і вырашым, як нам жыць: табе і мне, выконваючы волю матулі, быць у адной хаце, у адным ложку, а ёй — ад граху душу вызваліць. Ты дапамажы, дапамажы мамцы, коцік. Са святымі ў рай пападзеш, роўная будзе дарога.

— Мне шчо рай, шчо пекла, адна халера,— сказаў Геша і сабраўся дахаты, у чужых ён ніколі ў жыцці не начаваў. Хоць недалёка, але на вуліцы замець, страшна нос паказаць. Можна было б затрымацца, але ж усё роўна потым ісці.

— Пайду дамоў,— уздыхнуў Геша,— пара,— і дадаў, нібыта просячы ў яе прабачэння:— Знаеш, жаніцца мне не з рукі, і потым — навошта жаніцца? Матка хоча, няхай сама і жэніцца.

Аднак Хрысця не збянтэжылася, падышла да яго, глянула ў вочы, потым палажыла рукі на плечы і, не нахіляючыся, пацалавала ў лоб сухімі вуснамі.

— Не бяры, Генечка, грэх на душу. Матуліна галава ўдумала гэта, не табе мяняць і не мне.

Калі б такое яму гаварылі ў дваццаць пяць гадоў ці хоць у трыццаць, ён падумаў бы і, можа, згадзіўся б. Але Хрысця забыла, што Геша пяты дзесятак хутка размяняе, няхай знойдзе іншага дурня. Дамаліліся з маткай...

— Бывай, накарміла ад пуза,— адзеўся і, не аддзячыўшы за вячэру, яшчэ раз азірнуўшыся на кніжкі, забраў са стала мяса, што загарнула яму з сабой Хрысця.

Ішоў дахаты і думаў: «Замуж захацела. Мне і з маткай няблага. Сіла ў яе яшчэ ёсць, перажыве і маладога. Унь сына калі пахавала, і не відно было, каб плакала. Бог даў, і бог забраў, усё ў руках боскіх...»

У сумненнях, непрывычных для яго, прыйшоў дахаты Геша Заяц. Матка якраз вячэрала, сёрбала крупнік з малаком. Глянуў на яе сын і здзівіўся: за тыя гадзіны, што не быў дома, яна пастарэла. Не паверыў вачам, зноў прыгледзеўся. Не, не памыліўся. Вочы праваліліся, шчокі запалі, на твары — маршчыны. «Мо захварэла?» — спалохаўся Геша. Узрост у маткі немалы, хвароба калі ўчэпіцца, дык будзе кепска. Ён больш спужаўся за сябе, што застанецца адзін у гэтай старой хаце.

— З'явіўся, валацуга,— сказала матка.— Зноў душу д'яблу прадаваў? Быў у Хрысці?..

— Быў...

— Ну і шчо?..,

— Анічога. Мяса дала на суп.

Матка прайшла па хаце роўнай упэўненай хадой, ганарыста трымаючы галаву. Прасачыў за ёй Геша — і адлягло: здаровая.

— Бачыў старшыню Паліну Ігнатаўну? — памаліўшыся, спытала матка.

— Бачыў.

— Хто гэта з ёю быў? Такі цыбаты і чарнявы, як шпак...

— Першы сакратар райкома партыі.

— Якое прозвішча ў яго? — раптам выгукнула матка.

— Якая розніца,— сказаў Геша.

— Я ж цябе пытаю,— узлавана загаварыла матка.— Калі ведаеш, кажы, а не...

— Нібыта зваць яго Хведар Васільевіч, а прозвішча ці то Канопліч, ці то Патоліч... Мне ўсё роўна, я райкомамі не цікаўлюся. Мне б смачна паесці і паспаць.

— Оно і відаць. Выгадавала дурня, на старасці нямашака да каго прыхіліцца. О божа мілы, божанька! Дык кажаш, Хведар Васільевіч...— задуменна сказала матка.— Значыцца, Хведзька, Фядул..— Раптам галава ў яе задрыжала, маці ўсхліпнула і, схапіўшыся за сэрца, ляпнулася на калені, але пашанцавала — тварам і грудзьмі на ложак, на падушку.

Матка стагнала і плакала. Потым, укленчыўшы каля ложка, малілася, голасна спявала свае песні. Суняць яе было немагчыма, і Геша, паназіраўшы крыху за маткай, заснуў. Сніліся чорныя кніжкі, на кожнай з іх ляжала па тысячы рублёў, а збоку на ўслоне сядзела прыгожая маладая Хрысця Манашка і шчасліва ўсміхалася яму.

 

2

Казак толькі вярнуўся з камандзіроўкі, яшчэ не адпісаўся,— а матэрыял ён сабраў цікавы, пра такі марыць кожны журналіст,— як яго выклікаў рэдактар і папрасіў паехаць у Дзяпраўскі раён з супрацоўнікам Міністэрства сельскай гаспадаркі.. Спрачацца і нешта даказваць не мела сэнсу, таму што папрасіў сам Віктар Сямёнавіч Антушкоў.

Гасцініца была неблагая. Кожнаму заказалі асобны нумар, вокнамі ў двор, каб не чуваць было вулічнага тлуму. І гэты маленькі клопат трохі супакоіў Віталя. Раніцай яго разбудзіў Антон Казіміравіч, супрацоўнік міністэрства. Віталь падняўся без крыўды на рэдактара, са звычайным рабочым настроем, калі ўсе думкі пра справу, сабраўся за якіх пяць — дзесяць хвілін. Схадзілі з Антонам Казіміравічам у сталоўку і паснедалі. Хутка яны былі ў прыёмнай першага сакратара райкома партыі. Казак па сваёй журналісцкай звычцы, не затрымліваючыся, накіраваўся да дзвярэй кабінета, але дарогу борздзенька перагарадзіла сакратарка і не пусціла.

— Ідзе бюро,— строга сказала яна.— Вы да каго, таварышы? — і, атрымаўшы адказ, папрасіла пачакаць.

Казак, прачытаўшы на дзвярах кабінета прозвішча, успомніў, што з гэтым чалавекам ён сустракаўся раней, калі той быў старшынёй райвыканкома. Тады яны разам ездзілі цэлы дзень па раёне, шмат гаварылі. Фёдар Васільевіч здаўся яму цікавым чалавекам, сучасным кіраўніком, і Віталь думаў напісаць калі-небудзь пра яго нарыс. Усё-ткі прыемна, што не памыліўся, высока ацэньваючы былога старшыню райвыканкома. Варта было ехаць, каб сустрэцца з ім. Віталь прыпомніў, як яны з Фёдарам Васільевічам спрачаліся, не маглі вырашыць, чые вершы больш цікавыя: Ахматавай ці Цвятаевай. Урэшце згадзіліся, што ў кожнай паэтэсы па-свойму арыгінальныя творы і цікавыя. І яшчэ Патоліч запрашаў паглядзець Энцыклапедычны слоўнік Бракгаўза і Эфрона, восемдзесят шэсць тамоў, але было позна ўжо. А наступнай раніцай Віталь паехаў у суседні раён.

Здавалася, Антон Казіміравіч драмаў, адкінуўшы сівую галаву да сцяны. Было яму пад пяцьдзесят. За паўдня знаёмства Віталь пачуў ад Антона Казіміравіча мо некалькі слоў, той зацята маўчаў, нібы штосьці абдумваў.

Трэба было нешта вырашаць, не сядзець жа тры гадзіны ў прыёмнай, бо раней бюро не скончыцца. Якраз прынеслі свежыя газеты, Віталь паглядзеў іх, перадаў Антону Казіміравічу.

— Не шанцуе мне сёння,— сказаў, звяртаючыся да сакратаркі,— не шанцуе...

— Адпачывайце, паглядзіце наш горад.

— Мы ж нетурысты,— ён уздыхнуў і спытаў у свайго напарніка: — Што рабіць будзем, Антон Казіміравіч?

Той звёў у гармонік маршчыны на лобе. Гэта, пэўна, азначала, што ён не ведае.

— Тамара Пятроўна, праз гадзіну звяжыце мяне з Мінскам,— пачуў Віталь, азірнуўся і ўбачыў у дзвярах Фёдара Васільевіча, які зусім не змяніўся, нібыта нават памаладзеў і здаваўся яшчэ вышэйшым у цёмным касцюме. Па вачах зразумеў, што і першы сакратар успомніў яго.

— Прабачце,— сказаў Фёдар Васільевіч,— Віталь...

— Дзянісавіч,— падказаў Казак і першым працягнуў руку.

— Рады бачыць вас, Віталь Дзянісавіч. Мусіць, гэта вы з газеты, а таварыш з міністэрства? Нешта вы на два тыдні запазніліся. Бывае, бывае... Вас, здаецца, зваць Антон Казіміравіч?

— Так, так,— падаў голас Антон Казіміравіч.— Намеснік начальніка эканамічнага аддзела.

— Ясна, ясна. Шкада, пакуль не магу ўдзяліць увагі, ідзе бюро,— развёў рукамі сакратар райкома.— Хоць, калі ёсць жаданне, дазволім прысутнічаць.

— З радасцю,— сказаў Віталь.

— Калі не супраць, я зайду ў сельгасупраўленне,— выказаў свой намер Антон Казіміравіч.

— Калі ласка. Вам дадуць якія трэба лічбы, даведкі...

На Казака ніхто, здалося, не звярнуў увагі, былі заняты размовай, якая ішла на высокіх нотах, але прыціхла, як толькі першы сакратар сеў за стол.

— Думаю, члены бюро не будуць супраць, калі на нашым пасяджэнні папрысутнічае карэспандэнт газеты Віталь Дзянісавіч,— сказаў Фёдар Васільевіч і паказаў на Казака, якому нічога не заставалася, як падняцца.— Працягнем, таварышы, работу...

Памалу Віталь асвоіўся, агледзеўся. У кабінеце было шмат людзей. Недалёка ад яго сядзеў сівавалосы падпалкоўнік міліцыі, не інакш як начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў. Падумаў, ці ёсць тут старшыня калгаса, пра які трэба пісаць. Віталь паспрабаваў вызначыць яго сярод гэтых людзей. Спыніўся на трох мужчынах, якія паводзілі сябе незалежна, упэўнена і да якіх часта звяртаўся першы сакратар райкома. Аднак гэта маглі быць раённыя кіраўнікі: старшыня райвыканкома альбо другі сакратар ці яшчэ хто-небудзь.

— Мы звярнуліся да пытання, якое, здавалася, нам лёгка вырашыць, нічога ў ім складанага, проста па-гаспадарску трэба клапаціцца пра заўтрашні дзень,— Фёдар Васільевіч круціў у правай руцэ аловак і раз-пораз пастукваў ім аб стол.— Некаторыя таварышы білі сябе ў грудзі: усё зробім, падрыхтуемся да зімы, мароз нам не страшны. Нябось у кватэрах і шчылінкі няма. Мяне бянтэжыць тое, што ўсе гэта разумеюць, хораша гавораць, а пасля атрымліваецца, што, акрамя слоў, ніякай справы. Я павінен вам усім тут падзякаваць за самаадданую барацьбу з марозам, са стыхіяй. Але ў некаторых гаспадарках, арганізацыях, на прадпрыемствах вялі барацьбу з-за сваёй безадказнасці, нядбайнасці. Як вынік кепскай падрыхтоўкі да зімы — знізіліся надоі малака па раёне... Вот скажыце, Іван Кандратавіч, колькі гадоў вы працуеце старшынёй калгаса?

— Восем ужо,— падняўся сусед Казака з чорнымі, як вугаль, валасамі невысокі мужчына.

— Вы не ведалі, што зіма будзе? — пастукваў алоўкам па стале першы сакратар.

— Чаму ж, ведаў, але райсельгастэхніка не паставіла мне новыя трубы для ацяплення...— хрыпла сказаў старшыня калгаса,— грошы ім заплацілі, а труб нямашака.

— Што ты адразу — трубы, трубы,— крыкнуў, мусіць, кіраўнік райсельгастэхнікі.— А дзверы за цябе таксама павінна рамантаваць сельгастэхніка? Прабач, таварыш Козел, за цябе ні я, ні мае людзі ўцяпляць тамбуры ў кароўніках не будуць.

— Вас, Іван Кандратавіч, папярэджвалі на мінулым бюро. Вы абяцалі, што ўсе недахопы, выяўленыя камісіяй, за тыдзень выправіце. Вы падманулі членаў бюро, што ў калгасе будзе парадак,— сказаў першы сакратар.

— Ды ў нас піларама зламалася, пакуль адрамантавалі, а мароз, знаеце, не чакае... Але мы з сакратаром партарганізацыі сабралі камуністаў, пагаварылі, знаеце, па душах...

— І нічога не зрабілі. Так, таварыш сакратар партарганізацыі? — звярнуўся Фёдар Васільевіч да суседа старшыні калгаса, маладога хлопца. Той трошкі памарудзіў, але падняўся, нічога не адказаў на пытанне. Атрымалася паўза, усе маўчалі, чакаючы, што скажа.

— Вінаватыя мы,— нарэшце парушыў цішыню парторг,— але абяцаю, што паправім дзела.

— Паправім дзела, паправім дзела! — раздражнёна прагаварыў прыгожы мужчына, які сядзеў побач з першым сакратаром, адзін з тых трох, каго выдзеліў Казак.

«Нехта з членаў бюро,— падумаў Віталь,— магчыма, старшыня райвыканкома альбо другі сакратар, толькі не старшыня калгаса. У кабінеце першага сакратара, ды яшчэ на пасяджэнні бюро, паводзяць сябе так упэўнена старшыні, у каго на грудзях Зорка Героя ці чый калгас вельмі багаты».

— Гэта ж самае,— працягваў мужчына,— вы з Козелам гаварылі на мінулым бюро. Што, думаеце, мы сабраліся жартаваць, гладзіць па галоўцы? Толькі за тое, што каровы на ферме ў Навасёлках суткі былі без кармоў, трэба выключаць з партыі. Падумаеш, снегу многа, мароз... У калгасе ёсць тэхніка. Трактар не дайшоў, вазіце сена, сілас на конях. А ці ж вас не папярэджвалі на раённым семінары, што трэба кармы назапашваць і складваць ля фермаў, каб не была страшнай непагадзь, каб зручней было жывёлаводам? Усё роўна Козел зрабіў, як захацеў. У мяне прапанова, Фёдар Васільевіч, аб’явіць і старшыні калгаса, і сакратару партарганізацыі строгую вымову з занясеннем ва ўліковую картку. Абавязаць таксама: у двухдзённы тэрмін забяспечыць нядзельны запас кармоў на фермах. Кантроль за выкананнем ускласці на загадчыка сельгасаддзела таварыша Іваніцкага. У будучым, калі гэтыя таварышы не выправяць недахопы ў жывёлагадоўлі, вызваліць іх ад пасад. У раёне ёсць спецыялісты, якіх можна рэкамендаваць і старшынямі калгасаў, і сакратарамі партарганізацый.

Казак заўважыў, што той-сёй з прысутных перазірнуўся, і невядома было, ці ўхваляюць яны гэтую прапанову, ці не. Пэўна, кожны з іх падумаў, што мог апынуцца на месцы таго ж Козела.

— Хто хоча выказацца па гэтым пытанні? — рэзка стукнуў алоўкам Патоліч.— Інструктар Валеўскі?

— Слухаю, Фёдар Васільевіч,— падняўся хударлявы чалавек з сіваватымі валасамі.

— Калгас у вашай зоне, якую курыруеце, так?

— Так.

— Чаму ж вы не ведаеце, што робіцца ў вашай партыйнай арганізацыі? Калі апошні раз былі там?

— Месяц назад,— не надта цвёрда сказаў інструктар.

— Што вы рабілі?

— Правяраў скаргу на старшыню калгаса загадчыцы фермы Васькевіч.

— Правяралі скаргу на ферме і не бачылі, у якім яна стане? — ажно выгукнуў Фёдар Васільевіч.— Калі, нарэшце, навучымся быць бліжэй да жыцця, слухаць людзей... Менш трэба займацца гаварыльняй, пустаслоўем, а больш канкрэтнай работай. Гаворым, гаворым, а планы не выконваем, надоі малака зніжаюцца, на фермах парадку няма. Мы збіраемся на бюро райкома партыі не для таго, каб канстатаваць праблемы і недахопы, а іх вырашаць...

Казак бачыў, што Патоліча слухаюць надзвычай уважліва, некаторыя запісваюць. І Казаку было прыемна, быццам сам вёў бюро райкома партыі і гаварыў рэзкія, але справядлівыя словы, ад якіх апускалі галовы і хавалі вочы.

Варта было сабе нешта запісаць. Дастаўшы з кішэні блакнот і аўтаручку, Казак усё-ткі не стаў пісаць, бо на яго пачаў глядзець прыгажун, дый Фёдар Васільевіч раз-пораз кідаў позіркі. Безумоўна, людзей часам бянтэжыць, калі іх словы запісвае журналіст, і не кожны здольны тады спакойна гаварыць.

Фёдар Васільевіч усіх, хто выступаў на бюро, слухаў, здалося, з іранічным выразам твару, пазіраў на карэспандэнта. Ён таксама ўспомніў, як разам ездзілі па раёне, дзе быў старшынёй райвыканкома, і гэты хлопец тады спадабаўся яму. Потым, чытаючы газету, знаходзіў прозвішча Казака пад нарысамі і артыкуламі і часам радаваўся за ўдалы, востры матэрыял, што напісаў знаёмы журналіст.

Фёдар Васільевіч не спяшаўся вынесці пакаранне Козелу, верыў чамусьці ў сумленне старшыні калгаса, урэшце ж той працаваў няблага. Ён прапанаваў аб'явіць абодвум кіраўнікам калгаса вымову з занясеннем ва ўліковую картку. Большасцю галасоў прапанову сакратара райкома падтрымалі.

Панурыўшыся і хаваючы вочы, Козел і сакратар партарганізацыі калгаса пайшлі з кабінета. Усе, хто прысутнічаў на бюро, сачылі за імі, і, мабыць, нехта спачуваў, нехта ў душы быў задаволены, што самога абмінула чарга трымаць адказ тут, дзе пытаюць надзвычай сур'ёзна і нават сурова.

— Фёдар Васільевіч, таварышы члены бюро, абяцаю, што не пашкадую здароўя, сілы, але... але зраблю так, як было сказана,— прамовіў, ужо стоячы на парозе, Козел.

— Абяцанкі-цацанкі,— сказаў другі сакратар,— колькі мы гэта чулі, ажно на зубах аскома...

Казак чакаў, што скажа Фёдар Васільевіч, але той маўчаў, слухаў Зайцава.

Чуваць было, як дзынкнуў тэлефон у прыёмнай (дзверы былі прыадчынены) і сціх, сакратарка зняла трубку. Адсунуўшыся з крэслам ад стала, Фёдар Васільевіч падняўся, падышоў да акна, адчыніў фортку, з вуліцы запахла марозам, снегам, елкамі, якія раслі перад будынкам.

— Мы павінны верыць людзям,—не паварочваючыся, сказаў першы сакратар, адкашляўся і дадаў, зноў павярнуўшыся да ўсіх: — Верыць да апошняга... Аднак гэта не значыць, што некаму будзе палёгка,— усміхнуўся шырока, па-юначы.— А з Козела, калі падмане, не апраўдае давер, тры скуры здымем. Ну, не тры, а адну — абавязкова.

І ўсмешка пабегла па тварах, нібыта асвятліла на хвіліну кабінет. Казаку здалося, што сусед, падпалкоўнік міліцыі, цяжка ўздыхнуў, надта ў яго быў змрочны выгляд. Што ж, служба складаная, мала вясёлага. Хоць, канечне, многае залежыць і ад чалавека. Народ прыдумаў: яблык да яблыні недалёка падае; ці — якія дрэвы, такія і плады. Можа, у падпалкоўніка такі ж хмурны і нелюдзімы быў бацька. У Фёдара Васільевіча адкрыты, сімпатычны твар, з такімі людзьмі проста гаварыць. Адчуваеш да яго давер. Вось такі і павінен быць партыйны работнік, думаў Казак, просты, шчыры і даступны людзям.

 

3

«Хоць бы Антон Казіміравіч падабраў матэрыял па калгасе»,— непакоіўся Казак. Ён прыкмеціў, што Фёдар Васільевіч перамовіўся аб нечым з другім сакратаром, пасля павёў вачыма па кабінеце, быццам шукаючы кагосьці.

— Радзецкі! — сказаў гучна. І адразу, здалося, нібыта ўсе насцярожыліся. Падпалкоўнік міліцыі падняўся з крэсла.

— Дзе наш герой, прабачце, ваш герой? — паправіўся першы сакратар.

— Тут, Фёдар Васільевіч, з сакратаром партарганізацыі,— далажыў падпалкоўнік.

— Запрашайце,— сказаў першы сакратар.

Адчыніліся дзверы, і ўвайшлі капітан, пэўна, сакратар партарганізацыі, і вялізны мурлаты старшына, на галаву вышэйшы за свайго начальніка. У яго на твары былі здзіўленне і разгубленасць, маўляў, навошта спатрэбіўся. Аднак спалоханым старшыну назваць нельга было.

— Радзецкі, вы выканалі маю просьбу? — першы сакратар гаварыў павольна.— Ці забыліся?

— Выканаў, Фёдар Васільевіч.

— Ну, дык дайце....

Падпалкоўнік дастаў з кішэні два аркушы паперы з машынапісным тэкстам і аддаў Патолічу.

— Дык вось, таварышы, гаварылі мы пра кадры, але не скончылі.— Фёдар Васільевіч прайшоўся па кабінеце да дзвярэй і спыніўся ля старшыны.— Дзень добры, Іван Карнілавіч. Ці пазналі?

— Пазнаў...— сказаў старшына.

— Мусіць, цяжка было тады назаўтра,— дапытваўся Фёдар Васільевіч.

— Цяжка...— прызнаўся старшына і крыва пасміхнуўся, не разумеючы, гаворыць сакратар райкома сур’ёзна ці жартуе, але той больш нічога не сказаў і вярнуўся за стол.

— Мне, Іван Карнілавіч, яшчэ цяжэй,— памаўчаўшы, вымавіў Фёдар Васільевіч.— Гэта колькі гадоў чалавек пляміў гонар савецкага міліцыянера,— і ніхто нічога... Да чаго дайшоў: вызначыў сабе дзесяць кіламетраў дарогі і, як татара-мангол, аблажыў данінай шафёраў. І нібыта так павінна быць — усе маўчалі, давалі, а ён, што клешч, смактаў... Трэба было першаму сакратару райкома партыі, зусім выпадкова, два тыдні назад, натрапіць вечарам на гэтыя дзесяць кіламетраў, каб нарэшце злавіць крывасмока за руку. Што вы, Радзецкі, скажаце?

— У нас былі сігналы,— нясмела загаварыў начальнік міліцыі,— але, па-першае, старшына не зусім падначалены кіраўніцтву райаддзела, бо ён інспектар ДАІ, а па-другое, у яго знаходзіліся абаронцы, адвакаты, якія спынялі нас, і, па шчырасці, я не раз аказваўся ў дурнях. Мне гразілі пальцам, каб не браў многа на сябе. А я... мне, Фёдар Васільевіч,— расхваляваўся начальнік міліцыі,— мала да пенсіі.

— Дык вы што, памянялі партыйнае сумленне, прынцыповасць, вернасць доўгу на пенсію? Чаму не прыйшлі ў райком партыі, да першага сакратара, а не было б мяне — да другога сакратара, і не сказалі: Фёдар Васільевіч, ці... на мяне ціснуць, прымушаюць закрываць вочы на антызаконныя дзеянні старшыны Іванова, Пятрова? Што самае страшнае ў гэтай гісторыі — тое, што старшына быў камуністам (не магу гаварыць «ёсць», бо лічу: яму няма месца ў партыі). Варта спытаць і з таго, хто рэкамендаваў старшыну ў партыю,— як мне вядома, толькі два гады, як ён прыняты.

Казак бачыў, што многія чамусьці ледзьве стрымліваюцца, каб не засмяяцца. Толькі ў чарнявай жанчыны ў сінім касцюме, яшчэ маладой і прыгожай, выраз твару нават не змяніўся. Сядзела яна з нейкімі патухлымі вачыма. Здалося, з нянавісцю пазірала на старшыну. Хто гэтая жанчына, Казак толькі мог здагадвацца: яна магла быць і швачкай, і даяркай, і дырэктарам. На пальцах у жанчыны не было ніводнага пярсцёнка. Толькі ў вушах блішчалі маленькія чырвоныя, як бруснічкі, завушніцы.

Пасля Фёдара Васільевіча выступаў старшыня партыйнай камісіі, бялявы, з вялікімі залысінамі, паўнаваты мужчына. Ён гаварыў марудна, ледзь не праз слова робячы паўзу, і пазіраў на першага сакратара, нібыта хацеў спытацца, ці правільна дакладвае. Казак перавёў позірк з яго на старшыну і ўразіўся той перамене, што адбылася з ім. Здалося, твар у таго стаў шэры, а вочкі зусім зніклі ў кусцістых чорных бровах. Магутныя шырокія плечы, якім было цесна ў кіцелі, апусціліся. Відаць, чалавек перажывае і шкадуе, толькі аб чым — у душу не залезеш. Можа, зразумеў сваю памылку, а можа, бядуе, што не будзе падуладных дзесяці кіламетраў? Наўрад, каб ён за некалькі гадзін, нават дзён, змяніўся, думаў Казак. Вось табе жывы матэрыял для фельетона. Назваць яго накшталт: «Князь дарогі» альбо «Князь на дзесяці кіламетрах». Гэтыя загалоўкі Віталь запісаў у блакнот, раптам спатрэбяцца.

— Можна мне сказаць? — падняла па-вучнёўску руку жанчына ў сінім касцюме.

— Калі ласка, Паліна Ігнатаўна,— прамовіў першы сакратар і, мусіць, для Казака назваў яе: — Слова мае старшыня калгаса «Перамога».

У руках жанчына трымала хустачку, якую камячыла і складвала, нарэшце схавала яе ў рукаў.

— Мы з адной вёскі з Іванам, з Любавіч,— гаварыла, быццам разважала жанчына,— і амаль разам раслі, хоць ён крыху старэйшы. Так шчо ведаю яго даўно. Знаеце: я не здзівілася таму, што адбылося. Гэты фініш для яго невыпадковы. Свіння заўсёды знойдзе гразь, а Іван даўно шукаў яе. Ён зайздросціў, шчо я вучылася ў інстытуце, а ён — не, быў гультай, прывык да лёгкага хлеба. Ён і ў міліцыю пайшоў, бо пачуў, шчо там нібыта лягчэй, чым у калгасе. Вот правільна сказаў першы сакратар: незразумела, як гэты амаральны чалавек папаў у партыю?.. Падтрымліваю прапанову выключыць яго з нашых радоў, бо запляміў гонар камуніста і савецкага міліцыянера, а таксама аб'явіць вымову таварышу Радзецкаму за кепскую палітыка-выхаваўчую работу ў калектыве раённага аддзела ўнутраных спраў. І яшчэ што скажу. Можна, Фёдар Васільевіч?

— Калі ласка, калі ласка...

— Галасую за суровае пакаранне яшчэ і таму, што ў сваёй хаце такая бяда ёсць і мо прыйдзецца звяртацца да вас па дапамогу, каб выгнаць яе...

— Пра якую гэта бяду ты, Паліна Ігнатаўна? — загаварыў другі сакратар Зайцаў.

— Фёдар Васільевіч ведае,— сказала старшыня,— У мяне ўсё.

— Якія ў вас былі сігналы, таварыш Радзецкі? — звярнуўся Патоліч да начальніка міліцыі.

— Магу прачытаць,— сказаў падпалкоўнік.

— Чытайце...

Калі члены бюро пачалі галасаваць, былы ўжо старшына міліцыі выпрастаўся і, як здалося Казаку, падлічваў, колькі рук паднялося за выключэнне з партыі. Вочкі, як свярдзёлкі, свідравалі ўсіх, хто быў перад ім. Начальнік міліцыі, які сядзеў упоруч з ім, пасунуўся ўбок.

— Вы выключаны з партыі,— аб’явіў першы сакратар,— пакладзіце партыйны білет.

Старшына зварухнуўся не адразу, быццам да яго не дайшоў яшчэ сэнс таго, што сказаў чалавек, які падвозіў у Моркавічы і адтуль вёз дамоў, а ён, страціўшы ўсялякую пільнасць, гаварыў, гаварыў і вось цяпер паплаціўся за гэта. Ён неяк хітнуўся разам з крэслам уперад, па-вайсковаму, так, як ніколі не дакладваў нават начальніку, бо не баяўся, падышоў да стала і дрыготкімі рукамі паклаў кніжачку ў чырвонай вокладцы. Расхваляваўся старшына не за партыйны білет, што забіралі, а за сябе. Гэта кніжачка хоць не дала вялікай улады, але, здавалася, страхавала ад непрыемнасцей, з ёй было спакойна жыць. Ён шукаў, якую б займець палёгку ў жыцці з дапамогай гэтай чырвонай кніжачкі, верыў, што прыйдзе час, і яго, як члена партыі, прызначаць на афіцэрскую пасаду, дадуць спярша лейтэнанта, а потым... потым зойме кабінет начальніка. Камандаваць будзе не горш за Радзецкага, які, інтэлігенцкая душа, праз слова гаворыць «калі ласка», «дазвольце», «прабачце»... І раптам усе мары, спадзяванні паляцелі да чорта, за адзін вечар, за дзве гадзіны, калі даўгалыгі сакратар ехаў сам за рулём. Як сеў да яго ў машыну, тады яшчэ падумаў, што недзе бачыў гэтага чалавека, і неаднойчы, але быў п’яны і не мог прыгадаць, хто ён. Здалося, што гэта сон альбо нейкая недарэчнасць: зараз зазвоніць белы тэлефонны апарат на стале ў першага сакратара — і сваяк з абкома загадае спыніць усё. Толькі ніхто не званіў, не турбаваўся пра яго.

Старшына агледзеўся, прабег вачыма па тварах людзей, якіх ведаў даўно, але больш па нумарах машын, што іх вазілі, і зразумеў: спачування не будзе ні ад каго. І зноў ён успомніў сваяка, Панцеляймона Якаўлевіча. Не можа быць, каб пакінуў яго ў бядзе, не выратаваў. Усё ж працуе ў абкоме, пасада вышэйшая, чымсь у гэтых начальнікаў. Павесялеў старшына, плечы выпрастаў і галаву падняў смела, глянуў на першага сакратара дзёрзка, нахабна.

— Хочаце што-небудзь сказаць? — спытаўся Фёдар Васільевіч.

— Я буду пісаць! — з выклікам выгукнуў ён.— Пісаць буду, пабачым шчэ, чыя возьме!

Выказаўся — і нібы перахапіла дыханне, на большае галава не варыць. Стаяў, рукі ў кулакі сціснуўшы. Была б на тое яго воля, ляпнуў бы каму-небудзь з гэтых начальнікаў па вязах, каб крывёй заплыў: даў бог сілы, ды няможна. Калі цяпер не пасадзілі, тады турма...

— Гэта ваша права,— сказаў першы сакратар,— вы свабодны... З сённяшняга дня можаце таксама не лічыць сябе міліцыянерам.

— Так, так,— падскочыў начальнік райаддзела.— Загад, Фёдар Васільевіч, падпісаны. Я вам аддаў...

Калі за былым старшыной зачыніліся дзверы, Казак пачуў, як нехта ўздыхнуў.

— Не проста выключаць з партыі чалавека,— загаварыў першы сакратар і паўтарыў, падкрэсліваючы: — Не проста. Тым больш мы павінны своечасова высвятляць кожны выпадак, які ганьбіць партыю. Недзе мы праваронілі гэтага Івана Карнілавіча. Не веру, што ён стаў такім ужо ў дзяцінстве. Не... Хоць, канечне, нахабства ў яго шмат, але гэта таксама вынік яго «княжання» на дзесяці кіламетрах. Адным словам, выпаў чалавек з калектыву. Ён быў сам-насам з дарогай. Мо ёсць падстава завесці на яго крымінальную справу і правесці следства? Вы зразумелі, таварыш Радзецкі?

— Зразумеў, Фёдар Васільевіч,— азваўся начальнік міліцыі.

— Гэтым зоймецца пракуратура...— сказаў першы сакратар.— Правядзіце ў райаддзеле адкрыты партыйны сход, раскажыце людзям як ёсць. Сябе не шкадуйце. Трэба калі-нікалі і за свае памылкі адказваць. Вось так! Здаецца, Генадзь Міхайлавіч, непрыемныя справы на сёння ўсе? — невядома, пытаўся ў другога сакратара ці раіўся з ім Фёдар Васільевіч.

— Відаць, усе...

Значыць, усе. Тады дазвольце выканаць адзін прыемны абавязак.— Першы сакратар падышоў акурат да таго месца, дзе сядзелі дзве жанчыны.— Гэта нават не абавязак... Гэта прыемная справа. Карацей, дазвольце ад імя бюро райкома партыі і ад сябе асабіста павіншаваць нашага таварыша, старшыню калгаса «Перамога» Паліну Ігнатаўну Арахоўскую з днём нараджэння і пажадаць ёй здароўя, шчасця і поспехаў у рабоце, надзвычай складанай і адказнай.

Нібыта полымем успыхнулі шчокі ў жанчыны. Відаць, яна разгубілася, не чакала гэтага віншавання. А Фёдар Васільевіч дастаў аднекуль з-за свайго стала і ўжо нёс букет чырвоных гваздзікоў. Ён аддаў старшыні кветкі, паціснуў руку, а пасля, засмяяўшыся, пацалаваў яе.

 

4

Да акна кабінета першага сакратара прынадзіўся лётаць сівы, з чорнай спінкай голуб. Ён ляцеў, як самалёт, і падаў грудзінай на бляху, пакрытую шурпатым лёдам. Голуб вуркатаў, глядзеў блішчастым вокам у пакой. Што знайшоў ён на гэтым карнізе, дзе, акрамя снежных круп, нічога не было? Мо адчуваў цяпло, якое сачылася з дома праз шчылінкі, і хацеў пагрэцца ў люты, бязлітасны мароз альбо шукаў паратунку ад голаду? Фёдар Васільевіч лёгенька пастукаў пальцам па шыбіне насупраць птушынай галавы, але голуб і не зварухнуўся, быццам акалеў, прымёрз лапкамі да карніза. Тады Патоліч адчыніў фортку і пасыпаў уніз хлебных крошак, якіх трохі сабраў у кішэні кажуха. Вока ў голуба нібы ажыло, хітнулася галава.

Фёдар Васільевіч яшчэ крышку пастаяў ля акна, назіраючы, як порстка падбіраў голуб хлебныя крошкі, потым, быццам дзякуючы, ударыў у шыбіну дзюбай, завуркатаў і, сарваўшыся з карніза, паляцеў. Правёўшы яго позіркам, Фёдар Васільевіч усё роўна як вярнуўся з вуліцы ў свой кабінет, успомніў, што нядаўна тут было шмат людзей, ішло бюро райкома. Адчуў стому: ён не абедаў, і есці не хацелася. Дастаў з шафы бутэльку мінеральнай вады, наліў паўшклянкі і выпіў. У вачах усё яшчэ стаяў былы старшына Іван Карнілавіч, якога выключылі з партыі. Лічы, лёс чалавека парушыўся. А мо гэта і лепш для яго і грамадства? Відаць, так...

Тэлефоны маўчалі, сакратарка не пераключыла іх на кабінет, і ад нязвыклай цішыні, ад стомы ажно звінела ў вушах. Недзе ў кішэні пінжака ляжала пісьмо ад маці, раніцай жонка аддала яму. Вырашыў прачытаць, хоць збіраўся гэта зрабіць вечарам. Нажніцамі разрэзаў канверт з малюнкам мінскага галоўпаштамта, і адтуль выпаў складзены ў чатыры столкі аркуш паперы ў клетку са школьнага сшытка. Маці пісала акуратным почыркам, нездарма яна выкладала ў пачатковай школе. Было цікава чытаць яе пісьмы, асабліва ён даражыў імі цяпер — ужо дзесяць гадоў, як не стала бацькі. Калі Фёдара Васільевіча выбралі першым сакратаром, ён адразу паведаміў маці пра гэта, і яна ў адказ напісала, што рада за яго, але і баіцца: надзвычай адказная пасада. Як, між іншым, упамінала, што нарадзілася ў Дзяпраўскім раёне, у вёсцы Любавічы.

Ён клікаў маці да сябе, хацеў, каб жыла з ім, але яна адмаўлялася. Маўляў, тут бацькава магіла дый, лічы, усё жыццё прайшло. Куды на старасці год ехаць, зрывацца з гнязда. Была ў Фёдара Васільевіча сястра Галіна, якая жыла ў суседняй вёсцы. Часцей наведвалася да маці, чым сын, аднак усё роўна штодзень не набегаеш, калі свая сям’я і гаспадарка.

Пісала яшчэ, што прадала нядаўна карову. Ранейшыя пісьмы былі больш бадзёрыя, аптымістычныя. І ён зразумеў, што пара ехаць па маці. Дровы ў хлеўчуку, несці іх праз увесь двор — сіла трэба. Не па сабе Фёдару Васільевічу, як падумаў, што маці мо мерзне ў астылай хаце і нікога побач. Усё, трэба забіраць... Толькі як? Можа, пазваніць першаму сакратару абкома Герасімаву, каб дазволіў паехаць на дні два. Павінен жа зразумець яго Васіль Яўсеевіч... Здаецца, не было прычыны сказаць, што першы сакратар Дзяпраўскага райкома партыі шкадуе сябе ў працы, хоць зверху лепш відаць...

Сорамна казаць каму, што ў маці быў год назад, і то два тыдні, бо яны ехалі сям’ёй на поўдзень. Сын перахварэў запаленнем лёгкіх, і ўрачы параілі пагрэць у Ялце ці ў Місхоры. Роднае ж дзіця, шкада, які бацька хоча, каб яно ляжала ў бальніцы. Ад’язджалі з вёскі ранічкай, і маці выйшла правесці ажно за ваколіцу. Стаяла маленькая і сівенькая, пад старым раскідзістым клёнам, па галінах якога лазіў ён з сябрамі ў маленстве і неаднойчы падаў. Вочы ў маці былі сумныя і вусны дрыжалі. Яна ўсё гладзіла ўнука, прасіла яго, каб слухаўся бацькоў, бо там, куды едуць, чужыя людзі і трэба трымацца адно аднаго. Мабыць, ёй моцна хацелася пагладзіць гэтак жа сына, але саромелася — у яго на галаве ўжо там-сям прабівалася сівізна. Вось так, клён за якіх трыццаць гадоў галіны свае выцягнуў далёка ўшыркі, угору, кара патаўсцела, і чалавек пачаў сівець... Здаецца, заплюшчыш вочы і ўбачыш маці маладой, з доўгімі русявымі валасамі, яна смяецца, смяецца і падкідвае на руках...

— Фёдар Васільевіч,— у кабінет зазірнула сакратарка,— другі раз прабіваюцца да вас з абкома, з фінансавага аддзела. Пераключыць?

— Давайце! — ён схамянуўся ад роздуму, галава зноў стала здольная цвяроза разважаць, хоць і не паспеў падумаць, з якой нагоды турбуе фінаддзел. Зняў трубку, правёў рукой па вачах, быццам сагнаў з іх туман успамінаў.

— Вітае вас, Фёдар Васільевіч, Рагуля з фінаддзела,— пачуў ён глухаваты голас.— Панцеляймон Якаўлевіч.

— Дзень добры, дзень добры...

— Я вось па якой справе,— няўпэўнена загаварыў Панцеляймон Якаўлевіч.— Мо і не варта было б, але, ведаючы вас, Фёдар Васільевіч, вырашыў пазваніць... На бюро райкома слухалі старшыну, міліцыянера?

— Так, слухалі і выключылі з партыі, знялі з работы,— жорстка сказаў Патоліч.— Заслужыў.

— Можа, я і не званіў бы, але гэты старшына, сукін сын, мой сваяк і вельмі блізкі сваяк, сын маёй роднай сястры. Разумееце?

— Чаму ж не.

— Што можна яшчэ зрабіць, каб неяк зменшыць пакаранне, не знішчаць зусім чалавека? — гаварыў Панцеляймон Якаўлевіч, настырна гудзеў у тэлефонную трубку, ціснуў на Фёдара Васільевіча, не даваў яму слова ўставіць.— Колькі гадоў служыў, меў граматы, удзячнасці ад міністра ўнутраных спраў, і тут раптам усё да чорта. Ці не перагнулі вы палку? Мо паспяшаліся, і, калі не позна, адмяніце рашэнне, а я думаю, клопат пра чалавечы лес ніколі не будзе раннім ці познім, ён можа быць альбо своечасовы, альбо ніякі. І мы, партыйныя работнікі, перш-наперш абавязаны бачыць у асобе чалавека, а калі ён пахіснуўся, паправіць і даць магчымасць стаць на правільны шлях. Ці не так?

— Усё так,— згадзіўся Фёдар Васільевіч,— але ёсць адна дэталь: ён запляміў гонар савецкага міліцыянера і даўно перастаў быць камуністам. Карацей, гэта доўгая гаворка. Калі хочаце, можам пазнаёміць з пратаколам бюро: рашэнне было аднагалосным. Каб не паспяшаліся, схапілі б за руку: ён браў хабар у вадзіцеляў. Не забывайце, што стаяў ваш сваяк на буйной міжгародняй трасе, па якой штодзень праязджаюць дзесяткі машын.

— Зразумела... Рашэнне вы ўжо не зменіце,— памаўчаўшы, прагаварыў Панцеляймон Якаўлевіч.— Усяго добрага.

— І вам таксама,— адказаў Фёдар Васільевіч і думаў змоўчаць, аднак вырвалася: — А пра машыну не забылі?

— Забірайце... І хутчэй,— неяк стомлена і абыякава сказаў Панцеляймон Якаўлевіч.— Калі ласка, не гаварыце пра нашу размову нікому... Я проста ўсяго не ведаў...

«Аператыўна старшына дзейнічае»,— падумаў першы сакратар. Значыць, нічога ён не зразумеў з таго, што тут гаварылі, анічагусенькі! І гэты Панцеляймон Якаўлевіч рызыкант, не пабаяўся званіць амаль незнаёмаму чалавеку. Але калі б што здарылася з сястрой Галінай, ці не пазваніў бы ён, не паспрабаваў бы высветліць? Безумоўна, ён таксама чалавек, і сэрца баліць за родных і блізкіх. Аднак ёсць нейкая мяжа дазволенага, якую пераступаць нельга. Высвятляць акалічнасці справы — адно, а ціснуць на людзей, якія займаюцца гэтай справай,— зусім іншае.

— Карэспандэнт з таварышам з міністэрства выехалі ў «Маяк»? — спытаў Фёдар Васільевіч па селектары ў другога сакратара, у якога пасля бюро быў у кабінеце Казак.

— Мінут дваццаць як паехалі,— адказаў Зайцаў.

— Хто з нашых з імі паехаў?

— Інструктар аргаддзела Маліноўскі. Гэта якраз ягоная партарганізацыя.

— Ясненька, ясненька. Вы абедалі, Генадзь Міхайлавіч?

— Перакусіў у буфеце.

...Па часе павінен прыйсці ўжо са школы сын. Фёдар Васільевіч прыходзіць дамоў — Ясік ужо спіць, ідзе на работу — той яшчэ спіць. Мусіць, тыдзень, як глядзеў яго дзённік. Фёдар Васільевіч пазваніў дамоў, але трубку доўга не падымалі. Нарэшце пачуў сынаў голас і пазнаў у ім свае ноткі: «Алё! Вас слухаюць!»

— Здароў, начальнік! Што робіш? Пэўна, тэлевізар уключыў?

— Не, татка, урокі раблю. Татка, я сягоння ў ціры з пяці патронаў выбіў трыццаць ачкоў,— падзяліўся радасцю сын.— Мішка выбіў толькі дваццаць.

— Малайчына. Вывучыш урокі — гадзінку пагуляй у двары, пабегай. Потым пачытай кніжку, бо нешта спатыкаешся пры чытанні. Паабедаў?

— Паеў, татка. З’еў тушаную капусту з мясам, суп, папіў кампот. Калі прыйдзеш дахаты? Мо на лыжах з горкі пакатаемся? Возьмем мамку, Светку — паедзем...— ласкава гаварыў сын, крыху шапялявіў, у яго ўперадзе выпаў зуб.

— Сынуля, работы шмат. Паспрабую прыехаць раней,— падумалася, што ў нядзелю трэба адкласці ўсе справы і паехаць з сям’ёй на лыжах.

— Добра, татка, да пабачэння. Мішка прыйшоў урокі рабіць.

Вырашыў пазваніць і жонцы. Як правіла, падымала трубку яе начальніца Леганцова. Але цяпер жонка сама падняла трубку, і ён успомніў, што Леганцова ў санаторыі. Не паспеў яшчэ загаварыць, як яна здагадалася, хто звоніць.

— Ты паабедаў? Што маўчыш? Хочаш язву нажыць?

Фёдар Васільевіч задаволена хмыкнуў, усё-ткі прыемна, калі пра цябе клапоцяцца. Увечары жонка нешта сябе блага адчувала, ён пра гэта помніў.

— Як галава? Схадзіла да ўрача?

— Няма мне калі хадзіць. Ты ж знаеш, што Леганцова ў санаторыі. Гадавую справаздачу трэба рабіць. Дый наогул работы вышэй галавы. Да мяне прыйшлі, прабач,— заспяшалася жонка.

— Адну хвілінку,— папрасіў Фёдар Васільевіч,— ты не чытала маміна пісьмо?

— Вядома, не...

— Карацей, трэба яе забіраць. Думаю, ты не супраць?

— Яшчэ пытаешся. Заўтра ж едзь і забірай. Усё, няма часу, цалую,— хуценька адтарабаніла жонка, і ён не паспеў сказаць, што затрымаецца, як заўсёды,— у трубцы пачуліся кароткія гудкі.

Ён паабедаў у буфеце. Вярнуўшыся ў кабінет, прагледзеў зводкі за дзень па продажы і вытворчасці мяса, малака, нарыхтоўцы торфу. Усе гаспадаркі нібыта ішлі з апярэджаннем у параўнанні з мінулым годам. Аднак гэты ўзровень быў вельмі нетрывалы. Ніяк не маглі ачухацца ад маразоў, замеці. Фёдар Васільевіч штодзень дэталёва аналізаваў табліцы і лічбы, што рыхтавала эканамічная служба раёна.

Зводка была някепская, па гэткім бязлітасным марозе магло быць і горш. Сярод лідэраў быў і калгас «Перамога». Успомніў, як радасна чырванела на бюро Паліна Ігнатаўна, як вазілі яны разам цялят па хатах...

Пачуў, нібыта хтось у шыбу пальцам тукаў. Ажно на карнізе прымасціўся знаёмец, сівы голуб, і з ім была шэранькая галубка — прывёў сяброўку на пачастунак. Яна трывожна ўскідвала галоўку. Фёдар Васільевіч пашарыў у кішэнях, у шафе, але ні хлеба, ні крошак не знайшоў. «Бач, унадзіліся»,— падумаў Фёдар Васільевіч і хацеў грукнуць у шыбу, сагнаць птушак, але чамусьці выйшаў у прыёмную і, саромеючыся, добра, што нікога не было з наведвальнікаў, папрасіў у сакратаркі лустачку хлеба. Кінуў з акна, але не пацэліў на карніз. Хлеб упаў на роўную пляцоўку, туды ж шухнулі галубы.

 

5

Фёдар Васільевіч збіраўся ў дарогу, пазваніў у гараж, каб рыхтавалі машыну.

— Тутака да вас адзін... грамадзянін просіцца,— у сакратаркі поўныя вочы смеху.

— Калі хутка, няхай зойдзе,— Фёдар Васільевіч распрануўся.— Прасіце...

— Але ж ён...— пераміналася сакратарка, круціла на пальцы пасмачку валасоў ля скроні.

— Не цягніце, не цягніце, гаварыце хутчэй. Ехаць трэба.

— Ой, Фёдар Васільевіч, да вас бацюшка.

— Запрашайце бацюшку ці матушку...

Сакратарка выйшла, у дзвярах паявіўся высокі мужчына, які ветліва павітаўся і, агледзеўшыся, прысеў на крэсла напроці акна.

— Я айцец Юльян,— пачаў ён, памарудзіў крыху і гаварыў далей: — Прыйшоў да вас не як да партыйнага дзеяча, бо лічу, што маеце дачыненне не толькі да малака і мяса, кармоў, але і душы чалавека...

Мо ён і не поп? Валасы кароткія, вусоў і барады няма, адзеты ў недарагі цёмна-шэры касцюм, на шыі гальштук. Хоць бяры і спытай які дакумент, што ён поп. Ды, мусіць, сакратарка яго ведала. Варта было б і яму ведаць у твар раённага папа. У Дзяпраўску царква стаяла метраў за трыста ад плошчы, у закутку. Восенню Фёдар Васільевіч неяк ішоў міма, бачыў бабуль у двары, якія сядзелі на лаўках.

— Слухаю вас...— сказаў ён, бо поп замоўк, чакаючы, мабыць, якое ўражанне зрабіў на першага сакратара райкома партыі.— Працягвайце.

— Яшчэ ні разу я не быў у райкоме, хоць райвыканком наведваю. Сувязь з уладай трымаю цесную і пастаянную. Прывяла мяне да вас справа грамадская, якая турбуе і ўдзень і ўначы. Можа, не прыйшоў бы да вас, але падумаў, што ніхто больш не вырашыць. Беларускі народ з сівой мінуўшчыны ў немалой колькасці быў праваслаўны, і гэта наша славянская вера. Царква была — як цяпер Дом культуры, мо нават і лепш.

Што гэта поп хоча? Надта ж доўгі ўступ. Ці не пераадрасаваць яго да старшыні райвыканкома? Але ж ён таксама наведвальнік, і нельга адмаўляць у прыёме. Малады яшчэ з выгляду, твар гладкі. Хоць чаму яму быць у маршчынах? Што ён, на ферме працуе, ночы не спіць, перарабляецца?..

— Прабачце,— перабіў Фёдар Васільевіч айца Юльяна.— Колькі вам гадоў, і як вы сталі свяшчэннікам?

— О, паважаны Фёдар Васільевіч,— ажывіўся айцец Юльян,— гэта доўгая гісторыя, і, калі ў вас ёсць час, я раскажу?

— Часу няма, але расказвайце. Трэба ж ведаць, хто ў раёне поп.

— Няма пытанняў. Значыць, аб узросце. Мне трыццаць восем гадоў.

«На два гады маладзейшы за мяне. Амаль равеснікі. Што ж гэта ты ўпадабаў такі хлеб?»

— «Надежда, долго не сбывающаяся, томит сердце, а исполнившееся желание — как древо жизни»,— сказана ў кнізе кніг — Бібліі. Вам, мусіць, цікава ўсё пра мяне ведаць, а мо і ведаеце? Родам я з Палесся таксама, з вёскі Беражок. Мо чулі? Ну дык вось... Як кажуць, пуці гасподні неіспавядзімы. Скончыў дзесяцігодку, а пасля саўгастэхнікум, па спецыяльнасці бухгалтар. Пачаў працаваць рэвізорам. Ездзіў па магазінах і правяраў. Жыў з бацькамі ў вёсцы, бо яна недалёка ад райцэнтра. А ў Беражку такая царква, такая царква, дагледжаная, прыгожая. Служыў у ёй, прабачце, айцец Фёдар. Голас, як звон, сам чарнявы, барада, як смала, і ледзь не да пояса. Мужчына на ўсе сто. Калі, бывала, запяе, здаецца, шыбы дрыжаць. Мне вельмі падабаліся спевы, і я пачаў спяваць у царкоўным хоры.

— Трэба было запісацца ў мастацкую самадзейнасць...

— Па-першае, яе не было, а па-другое, мне цяпер здаецца: гасподзь сказаў мне: любоўю вечнай я палюбіў цябе і таму звяртаю да цябе сваю ласку. Дык вось у нядзелю спяваю ў хоры, а штодзень рэвізую магазіны. І вот, значыць, гэта было рыхтык летам. Быў у нас старшыня райпа Казуля Восіп Рыгоравіч, надта непрыемны чалавек. За трыццаць сярэбранікаў, як Іуда Іскарыёт, прадаў душу д’яблу... Кажа мне Казуля: едзь у Бабровічы і правер магазін. Вось была д’ябальская душа... У Бабровічах працавалі месяц усяго маладыя дзяўчаты. Да іх магазінам загадвала адна, няхай прабачыць мне гасподзь слова брыдкае, лярва, якая крала колькі хацела, бо ў Казулі была каханкай. Нішто, выпуталася, не пасадзілі, а перавялі ў суседнюю вёску. А ў Казулі быў на мяне зуб. Сапраўды, за зло сваё паганец будзе непрызнаны, ад яго адракуцца, а праведны і пры смерці сваёй мае нейкую надзею.

— Гэта вельмі і вельмі спрэчна, айцец Юльян...

— Мо і спрэчна, калі вам здаецца. Але я быў на сходзе, некалькі разоў крытыкнуў Казулю. Думаю, навошта гэта пасылае ў Бабровічы, але ж я падначалены — трэба ехаць. Дзень пасядзеў у магазіне, другі — валасы тырчма падняліся: не хапае дзесяць тысяч рублёў. Не магу зразумець, не дае бог розуму, як такое выйшла. Месяц працуюць, ніякага вопыту, і па вачах бачу — шчырыя і, мабыць, дурныя, вясковыя ж дзеўкі, а дзесяць тысяч як карова языком злізала. Гэта ўмець трэба! І туды і сюды, а пасля і кажу: турмой пахне, любенькія. Яны ў плач, у енк, ледзь не на калені перада мной — ратуй, дзядзечка, што хочаш зробім і дамо. Ах ты, гасподзь праведны, а мне нічога ніякага не трэба. Падумаў я, падумаў, і прыйшло мне нябеснае азарэнне. Кажу: за дзень дзе хочаце вазьміце па тысячы рублёў, а астатнія паспрабую спісаць. Гэта ж несправядліва, каб ні за што ні пра што дзяўчаткі прапалі. Не па-боску гэта было б.

Знайшлі недзе мае дзяўчаткі грошы, палажылі ў касу. Я зрабіў, прызнаюся вам як амаль свайму пастыру, духоўніку, такі-сякі шахер-махер і еду да Казулі,— айцец Юльян ласкава ўсміхнуўся.— Дакладваю, маўляў, парадак. Казуля пачытаў маю паперку і ў крык: падкупілі, хлусня і гэтак далей. Па ім атрымліваецца, што ўжо я прадаў душу за трыццаць сярэбранікаў. Выцягвае ён са стала іншы акт, дзе напісана, што ў магазіне ў Бабровічах не хапае дзесяць тысяч рублёў. Тут я, паважаны Фёдар Васільевіч, і сеў. Казуля хуценька збірае праўленне райпа, і мяне разам з дзяўчаткамі адным махам, як страціўшага давер, нібыта казнакрада, звальняюць па артыкуле, з запісам у працоўную кніжку. Што я ні крычаў там, што ні даказваў — аказаўся канём божым.

Прыехаў дахаты, а назаўтра паспяваў у хоры і потым расказаў айцу Фёдару сваю адысею. Ён мне правільна сказаў: не забудзь бога, і ён табе дапаможа. Аднак дома я сеў і напісаў пісьмо ў рэдакцыю газеты, у Мінск. Расказаў сваю адысею і ў канцы дадаў: калі не памогуць вывесці на чыстую ваду ліхаімца Казулю, пайду ў лона царквы. Хочаце верце, а хочаце не — толькі праз тры дні ў Беражку была карэспандэнтка. Але яна спазнілася, за ноч я ўсё перадумаў і ў панядзелак быў ужо ў сваёй вёсцы дзячком... Потым вучыўся ў духоўнай семінарыі, акадэміі. Аднак малайчына была тая карэспандэнтка. Высветліла папраўдзе: Казулю выгналі, маіх дзяўчатак аднавілі на рабоце, а я стаў служыць усявышняму. Лепш адзін сухар і з ім мір, чым дом, поўны заколатай жывёлы, і з разладам.

— А калі ж у Дзяпраўск прыехалі? — пытаецца Фёдар Васільевіч.

— Служыў у Віцебску, там вялікі прыход. Цяпер перавялі сюды — купіў хатку. Але да гэтага шэсць месяцаў жыў у гасцініцы. Іду неяк позна са службы, ужо цёмна было. Пераходзяць мне дарогу, прабач мне ўсявышні, тры смаркачы, бачу, што нетутэйшыя. Кажуць, давай, поп, грошы, а то рызу здымем. Ах, думаю, паганцы! Здымаю з шыі крыж сярэбраны, а ён цяжкі, як падняць,— і кажу ім: калі ўмажу гэтай дзясніцай боскай каму ў лоб, каму ў пысу, дык кранты тады вам. Малако ж на губах мамчына не абсохла, а тэж, давай грошы яму. Замахнуўся крыжам, яны і дай бог ногі. Што ж, думаюць, калі поп, дык не ўлындзіць у лоб?

— А як жа, айцец Юльяп, хрысціянскае: калі ўдарылі ў адну шчаку, падстаўляй другую?

— Злыя людзі, паганцы не разумеюць справядлівасці, а тыя, хто шукае госпада, разумеюць усё...— хітра зажмурыўся айцец Юльян.

— Ці верыце вы ў бога?

— Як сказаць: чым далей, тым мацней. Мы ж не супраць Савецкай улады, мы міратворцы. На гэтую дзейнасць накіроўвалі і патрыярх Алексій, і патрыярх Пімен. Мая матухна Людміла штораніцы малако здае: па два літры... З каровай надта пашанцавала — як фабрыка. Чым магу, садзейнічаю ўмацаванню і росквіту нашай краіны. Аднак, Фёдар Васільевіч, далёка адышлі ад тэмы, дзеля якой заняў вашы найкаштоўнейшыя хвіліны. Усё-ткі людзі нашы ў большасці праваслаўныя, а тутака... Вы, напэўна, ведаеце вёску Любавічы і былі ў ёй. Там пачынае дзейнічаць секта, шкодная і райкому, і, мушу прызнаць, царкве праваслаўнай. Я перш-наперш думаю пра грамадскі інтарэс. Ініцыятары яе і галоўныя дзеячы Марфа Сінягурская, па мянушцы Царыца, і Хрысця Апалевіч, па-мясцоваму Манашка. Гэтая жанчына сапраўды была некалі ў манастыры, займалася блудам, яе хацелі выгнаць, але тут і манастыра не стала. Цяпер яна забылася на праваслаўную веру... У Хрысці Манашкі багатая бібліятэка старажытных царкоўных і свецкіх кніг, якія яна ўкрала, мяркую, у манастыры. Аднойчы, калі яшчэ не сябравала з Марфай Сінягурскай, я быў у яе: папрасіла, каб паспавядаў дома. Гэтыя кніжкі бачыў. Між намі гаворачы, была мара, што хоць адну кніжку падорыць, бо люблю кнігі, у мяне шмат твораў па філасофіі: Боруха Спінозы, Бабёфа, Жан-Жака Русо... Удумалі людзей з панталыку збіваць, д’ябальскай верай забіваюць галовы. У мяне просьба, паважаны Фёдар Васільевіч... Проста грамадскі доўг, знаеце... Усяго найлепшага. Пайду, а то вашы найкаштоўнейшыя хвіліны цякуць, як вада ў рацэ Еўфрат.

Айцец Юльян пакланіўся і ўсё спрабаваў заглянуць у вочы першаму сакратару. Відаць, не мог зразумець, як успрыняў той яго аповяд. Нічога не сказаўшы яму, Фёдар Васільевіч тым не менш быў узрушаны, хоць і не паказваў выгляду. Відавочна было, што поп не зманіў, аднак надумаў выкарыстаць у сваіх мэтах райком партыі. Разлічыў проста: разгоняць секту, значыцца, людзі пойдуць у царкву. Прымітыўна прыдумаў, але не без хітрасці. Кепска, што новыя секты арганізуюць... Марфа Царыца? Ці гэта не тая, што ваўчыцай сустрэла іх, калі з Палінай Ігнатаўнай і даяркай Фросяй ратавалі цялятак у Любавічах?

— Зайдзіце,— пазваніў Фёдар Васільевіч загадчыку аддзела прапаганды Клімковічу, які прыйшоў у райком працаваць усяго на месяц раней за яго. Не зусім яшчэ вывучыў раён і мог, канечне, не ведаць, што ў нейкай вёсачцы нараджаецца секта. Мо нават у Любавічах і не быў?

— Слухай, даражэнькі,— на парозе ўжо сустрэў пытаннем Клімковіча. — Што гэта за арганізацыя з’явілася ў калгасе «Перамога», у вёсцы Любавічы? Ці аддзел прапаганды райкома партыі не ў курсе?

— У курсе, Фёдар Васільевіч. Я хацеў сёння далажыць вам,— таропка, нібыта апраўдваючыся, сказаў загадчык аддзела прапаганды.— Калі папраўдзе, дык гэтую інфармацыю нам даў ананім па тэлефоне. Я праверыў і высветліў, што нейкі рух там ёсць. Завадатарам жанчына па мянушцы Марфа Царыца. Аднак закон яны не парушаюць. Усё ў межах закона, збіраюцца зарэгістравацца. Да забароненых сект яны нібыта не адносяцца. Вось уся інфармацыя, Фёдар Васільевіч.

— Кажаш, ананім пазваніў па тэлефоне? Ці не гэты самы ананім быў зараз у мяне? І ведаеш хто? Айцец Юльян.

— Дзяпраўскі поп? — здзівіўся Клімковіч.— Навошта гэта яму?

— Пашырае сферу свайго ўплыву. Хоча нашымі рукамі пракласці дарогу сабе ў рай. Хітры поп...

 

6

Моцна стомлены, пад’ехаў Фёдар Васільевіч да свайго дома. У цёплай машыне хіліла на сон, а як вылез з кабіны, мароз і пранізлівы вецер нібыта венікам змялі з яго марудлівасць і санлівасць. Не чуючы, што крычаў-пытаўся вадзіцель, перабег ад варотцаў да ганка па двары, занесеным за дзень снегам. Святло было толькі ў гасцінай. Не інакш жонка глядзела тэлевізар альбо вязала. Куды Фёдар Васільевіч ні ехаў, жонка заказвала яму кнігі па вязанні, якія займалі ўжо цэлую паліцу ў шафе. Ліда любіла пачынаць вязаць новыя рэчы, але, за невялікім выключэннем, так і не зрабіла ні світэра яму, ні плацця сабе, бо атрымлівалася нешта не тое, што хацелася, і яна распускала звязанае.

З Лідай яны жылі амаль дзесяць год ужо. Аднак калі б яго спыталі, ці любіць жонку, наўрад ці змог бы адказаць. Мусіць, прывык да яе. Двое дзяцей нарадзілі, адна сям’я. Здаецца, іншую жанчыну і не мог бы ўявіць сваёю жонкаю.

Дагэтуль помніць, як пазнаёміліся з Лідай. Памёр яго бацька, і ён вяртаўся з пахавання, самотны і няшчасны, у Мінск, дзе вучыўся ў вышэйшай партыйнай школе. На вачах накіпалі слёзы, калі ўспамінаў труну і мноства людзей, якія сабраліся з усёй вёскі, каб ушанаваць памяць бацькі. Прыехаўшы ў горад, Фёдар Васільевіч не пайшоў адразу ў інтэрнат, а завярнуў у скверык недалёка ад Ленінскага праспекта. Сядзеў, сядзеў на лаўцы, ніяк не мог супакоіцца. Мабыць, слязінка пакацілася з вока па шчацэ, ён выцер яе і пачуў, што яго пытаюцца, ці не прынесці вады. Фёдар хацеў адказаць рэзка, каб адчапіліся, але ўбачыў побач з сабой невысокую худзенькую і зялёную, як травінка, дзяўчыну, у якой, здалося, блішчалі вочы, нібыта была хворая. Дзюбка носа ў яе была смешна задрана ўгору. І раптам ён расказаў ёй пра сваё жыццё, пра смерць бацькі, якога вельмі любіў. Дзяўчына слухала Фёдара і не суцяшала, не гаварыла нічога. Калі ён скончыў сваю споведзь, Ліда адхілілася, адсунулася, мо палічыўшы, што больш не патрэбна гэтаму маладому мужчыну. Ёй трэба было ехаць да цёткі праз увесь горад, і Фёдар пайшоў за дзяўчынай — сам таго не ведаючы, шукаў падтрымкі. І дзяўчына, гледзячы сваімі вялізнымі вачыма, павяла за сабою, нешта расказвала пра сябровак, пра вучобу ў інстытуце. Яна была на першым курсе, і ўсё было ўпершыню. Здавалася казкай, што з ёй гавораць вучоныя і мудрыя людзі. Праз некалькі гадзін у Фёдара было ўражанне, быццам Ліду ён ведае даўно. Чаму пацягнуліся адно да аднаго, што ўтрымала яго каля Ліды, ён доўга не мог зразумець. Пасля сустрэчы ў скверыку яны маглі стаць добрымі сябрамі ці наогул больш не ўбачыцца, а ён як прысох. І нават калі пажаніліся, Фёдар не ведаў, ці любіць яе. З Лідай было надзейна.

Яны пераязджалі з месца на месца, жылі ў абласным горадзе і ў сталіцы, калі ён працаваў інструктарам у ЦК партыі, потым зноў вярнуліся ў раён. За дзесяць год Ліда ні разу не ўпікнула, моўчкі збірала рэчы і ехала, куды яго накіроўвалі. Нарадзіліся спярша Ясік, а потым Светка. Як амаль усе дзеці, хварэлі, у сталіцы ўрачы лепшыя, чым у раёне, і была магчымасць застацца там. Лідзе ён пра гэта сказаў. Не было ні плачу, ні крыку. Яна толькі ўсміхнулася, пацалавала яго і прамовіла: «Рашай сам — табе добра, дык і нам таксама».

Ён працаваў ужо другім сакратаром райкома партыі. Ноччу, калі вярталіся са справаздачна-выбарнага сходу, на іхні «ўазік» наляцеў грузавік, якім кіраваў п’яны вадзіцель. Шафёру гэтая аварыя абышлася перапудам, а Фёдара Васільевіча з пераламанымі нагамі, беспрытомнага завезлі ў бальніцу. Вылежаўся ён тады, пасля ад аднаго паху медыкаментаў ледзь не рабілася блага. Першыя тыдні пасля аварыі жонка начавала ў палаце, была і за санітарку, і за медсястру, а цешча глядзела Ясіка — выклікала яе Ліда з вёскі.

Праз год, як яны пажаніліся, ён адвёз жонку ў раддом. Нарадзілася дзіця мёртвае, і Фёдар Васільевіч моцна перажываў. Мабыць, больш за жонку, хоць і супакойваў, песціў, як ляльку, здавалася, пыл здзьмухваў з яе. І яны баяліся пачынаць усё спачатку, ён баяўся за Ліду, бо яна таксама ледзь не памерла, але праз тры гады нарадзіўся Ясік, які быў падобны на дзеда, бацьку Фёдара Васільевіча. Светка з’явілася ў сям’і таму, што сын хацеў сястрычку: маўляў, ва ўсіх ёсць, а ў яго няма.

Жонка нарадзіла Фёдару Васільевічу дваіх дзяцей, і ён быў удзячны ёй за гэта. Ды не толькі за гэта, галоўнае было тое, што яна разумела яго заўсёды. Яму было добра з ёю, як з сястрой, як з маці. Але не было гарачай любові, ад якой чалавек здольны страціць розум. Мо таму, што ён ажаніўся амаль у трыццаць гадоў.

Аднойчы, калі жонка была з Ясікам у цешчы, Фёдар Васільевіч выпадкова пазнаёміўся з маладой прыгожай жанчынай, дырэктарам школы з суседняга раёна. Ліда ёй не раўня: была яна статная, з чорнымі валасамі, модна апранутая. Пазнаёміў з жанчынай даўні сябра яшчэ па тэхнікуме, што кіраваў у тым раёне сельгастэхнікай. Яе звалі Алена Вітольдаўна. Колькі часу яны былі разам у адной кампаніі, яна не спускала чорных, як вугаль, вачэй з Фёдара Васільевіча. Ён спачатку ад такой увагі адчуў сябе няёмка, але мала-памалу весялеў і ўжо цвёрда паглядваў насустрач чорным вачам. Чым бы скончылася знаёмства, цяжка сказаць, таму што на ўвесь вечар тады ён забыў і жонку, і сына. Потым было сорамна перад сабой, і перад былым сябрам, і нават перад жанчынай, якая ніяк не магла даўмецца, чаму раптам ён усхапіўся і пачаў ліхаманкава збірацца ў дарогу, нічога не тлумачачы і не адказваючы на яе пытанні. Сябра на яго пакрыўдзіўся, але праз тыдзень прыехаў у райком партыі прасіць, каб памаглі з запчасткамі для зернеўборачных камбайнаў. Аб прыгожай жанчыне не ўспамінаў, толькі ўсё падміргваў і рагатаў. Скончылася тым, што Фёдар Васільевіч карэктна выправіў яго ў прыёмную і больш не бачыў былога аднакурсніка: той уцёк гэтак жа імкліва, як і з’явіўся ў раёне.

...Фёдар Васільевіч паціху зачыніў за сабою дзверы на ключ, распрануўся. Есці не хацелася, толькі спаць. Ён прайшоў калідорам да спальні, але, успомніўшы пра святло ў гасцінай, заглянуў туды. Нявыключаны тэлевізар мільгацеў экранам і ледзь чутна гудзеў. Гэты шум не перашкаджаў жонцы спаць. Яна згарнулася клубком у мяккім крэсле. Ногі накрыла клятчастым пледам, у руцэ трымала клубок нітак, і на падлозе ляжалі таксама ніткі. Учора было паўсвітэра ўжо, а сёння, відаць, нешта не спадабалася, і яна распусціла сваю работу.

Ліда спала і ўсміхалася, як шчаслівае дзіця. Пад галавой у яе Фёдар Васільевіч убачыў мышынага колеру кажушок. Жонка даўно марыла купіць сабе такі, але то грошай не хапала, то не было ў продажы. Пра гэтую самую сваю мару Ліда прызналася неяк пасля таго, як нарадзіла Светку, і сама ж пасмяялася з сябе.

Прысеўшы насупраць жонкі, Фёдар Васільевіч разглядваў яе твар, родны і даўно знаёмы, аж да маленькіх маршчынак, што промнямі разбегліся ад вачэй. Тонкая дзіцячая шыя, худзенькія плечы, якія падтрымлівалі яго ў цяжкія гадзіны.

Мусіць, адчуўшы позірк, Ліда заварушылася і скінула з ног плед. У яе таргануліся павекі, падняліся ўверх і адкрылі вялікія чыстыя блакітныя вочы, нібыта і не спала.

— Федзь-ка! — выдыхнула яна.— Ты так позна... Не еў? Пайшлі на кухню. Зрабіла тваю любімую бабку...

Падхапілася на ногі, правяла рукой па твары, праганяючы сон. Яна ледзь даставала галавой яму да грудзей — прыўзнялася на пальчыках і цмокнула ў шчаку.

— Ой, я такая вінаватая... Будзеш сварыцца... Пратрынькала ўсе грошы. Глянь, які цуд!

Жонка ўхапіла з крэсла кажушок і мігам апранула, зашпіліла на ўсе гузікі. Апранаха была ўзорам кравецкай работы, як улітая. Кажушок быў не проста шэрага, а нейкага шэра-блакітнага, нават жамчужнага колеру. Футра на каўняры, на манжэтах і ўнізе доўгае, бліскучае. Кажушок упрыгожваў віты, крыху цямнейшы, але таксама шэра-блакітны шнур, якімі былі зроблены малюнкі на рукавах і спераду. Ад такой адзежыны не магла б адмовіцца ніводная жанчына, і Ліда не была выключэннем. Ён не супраць таго, што купіла гэты кажушок, але не хацелася, каб людзі думалі, нібыта жонка першага сакратара райкома партыі шыкуе.

— Насі на здароўе,— сказаў Фёдар Васільевіч.— У якім магазіне купіла?

— Знаеш, Федзя,— Ліда вінавата ўскінула бровы і развяла рукамі,— на раён толькі дзве такія дублёнкі прывезлі...

— Значыць, дзве? Адну — жонцы першага сакратара, а другую — каму?

— Не ведаю. Думаю, што Алене Сідараўне, жонцы старшыні райвыканкома.

— Значыць, дзвюм першым дамам раёна... І дзе ж ты купіла гэты кажушок? — ён сеў на табурэтку — калі пачынаў нервавацца, раздражняла мяккае сядзенне.

— Старшыня райспажыўсаюза Стома паклікаў у кабінет і прадаў там...

— Мо і машыну даў — завезці дахаты?

— Даў, Федзя... Федзька, я ўсё жыццё такі хацела, ён мне нават сніўся,— скрывіла вусны Ліда,— я ж маладая яшчэ жанчына, і мне таксама хочацца прыгожа адзецца.

— Ты ведаеш, што ты нарабіла? — ён ажно сціснуў скроні далонямі, нечакана забалела галава.— Хоць уяўляеш? Як мне людзям у вочы глядзець: не паспеў стаць першым сакратаром, а ўжо грабе ўсё. Ён жа, поскудзь, цябе, дурніцу, купіў за гэты кажух. Ёсць, урэшце, у тваёй галаве мазгі? Інакш ужо я не магу гаварыць. Што яшчэ ён табе прапаноўваў?

— І табе кажух, але... але я сказала, што ў нас няма больш грошай,— заплакала Ліда, вінавата апусціўшы галаву, акурат падлетак, а не дарослая жанчына.— Як убачыла такую прыгажосць, мне нібыта розум адняло. У мяне ж зімовае паліто такое, што сорамна хадзіць, даяркі лепш адзеты, чым жонка першага сакратара.

— А ты захацела лепш за ўсіх?! Хто даў мне права і табе карыстацца чорным ходам? Столькі гадоў з табой пражыў і не думаў ніколі, што ты мне можаш вось такую пілюлю паднесці. Заўтра ўвесь райцэнтр, калі не ўвесь раён, будзе гаварыць, што першы сакратар райкома з жонкаю забіраюць з магазінаў усё самае лепшае. Не хапае мне, каб ананімку ў ЦК партыі напісалі. Хоць я не баюся гэтых ананімак, але ж гэта будзе праўда, і я нічым, ніяк не змагу даказаць, што ачарнілі, што ўсё хлусня. Гэта ты разумееш?! — не стрымаўся Фёдар Васільевіч і закрычаў.

— Дзяцей пабудзіш,— у жонкі збялеў твар, і ён сціх, хоць ярасць ажно кіпела ў ім. З невідушчымі вачыма падышоў да акна, адчыніў насцеж, высунуў на марознае паветра галаву і колькі хвілін стаяў так. Жонка плакала, і яе худзенькія плечукі нервова торгаліся. Валасы, быццам кудзеля, павіслі, зблытаныя. Фёдар Васільевіч быў ужо гатовы папрасіць прабачэння ў жонкі, каб супакоіць, бо злосць адхлынула і верх узяў жаль. Аднак жа ён мо тысячу разоў гаварыў, каб асцерагалася такіх хітрыкаў. А варта было ўбачыць кажух, як забылася аб усім на свеце. Ну Стома, ну Стома. Ты хітрун, але не на таго натрапіў...

— Заўтра ж вернеш кажух,— сказаў Фёдар Васільевіч.

— А чаму я за свае грошы не магу купіць кажух? — усхліпнула Ліда.

— Як ты не зразумееш,— гаварыў ён,— ты купіла не ў магазіне, а ў кабінеце старшыні райспажыўсаюза. У магазіне, калі ласка. Гэта — адно. Другое — ты жонка першага сакратара райкома партыі. Я змагаюся з несумленнымі гандлярамі, хачу навесці парадак у раёне, а ты мне — падножку!

— Прабач, Федзечка, прабач! — жонка ўткнулася яму ў грудзі, наскрозь прамачыла слязьмі кашулю. Ледзь супакоіў. Ноччу прачнуўся ад таго, што яна сутаргава ўздрыгвала.

 

Раздзел пяты

 

1

— Маруська, Людка! І дзе вы, сарокі бясхвостыя, падзеліся?! — гукала сваіх дачок Фрося. Яна набірала бульбу ў склепе, па лесвіцы крыху падняла кош угору, а з вуліцы павінны былі падхапіць дочкі.— Маруська!

— Тутака я, мамо,— схілілася дачка над склепам, падбегла нарэшце і другая, падхапілі, высыпалі бульбу ў мех. Хоць малыя шчэ дзяўчаткі, але памочніцы. Змалку прывыкнуць да працы, выйдуць замуж, лягчэй жыць будзе, а там ўсё самой — мамы няма.

Да вячэрняй дойкі было трохі часу, і Фрося вырашыла ўправіцца па гаспадарцы. Пятро прыйдзе дамоў, калі на вуліцы цёмна — у склеп не палезеш, а ў сцёпцы бульбы засталося на дзень зварыць. Сабе хапіла б, але ж свінням ды карове насыпай штодзень двухвядзёрны чыгун.

— Колькі ўжо кашоў набралі? — спыталася ў дачок. Падумала, хоць бы не выпацкалі свае новыя куртачкі, а то пасля слязьмі зальюцца. Во дзеўкі, здаецца, сама такой не была плаксай. Як што не па іх, вочы мокрыя. Але ж свая кроў, хочацца, каб былі не горшыя, чым у людзей. Падрастуць, мо ў інстытут пойдуць, а калі і не, дык усё роўна, рана ці позна,— збірайся замуж. Такі век нейкі — надта шмат развялося векавух. Спадабалася, мусіць, мужчынам, як жарабцам, гайсаць ад адной да другой, не спыняючыся. Ці ж пажадаеш сваім дзецям такой долі?

— Мамо, поўны мех,— сказала Маруська. Яна ў пятым класе і надта хуткая. Людка шчэ падумае, а яна ўжо зробіць. Нічога не будзе дзіўнага, калі першая і замуж выскачыць.

Пакуль Фрося вылезла са склепа, дзяўчаткі завязалі мех шнурком, павалілі яго на санкі і пацягнулі да хаты. Быў бы дома Пятро — і тры мяхі бульбы можна б набраць, у сцёпцы не памерзла б.

— Стойце, сарокі бясхвостыя! — спалохалася Фрося, што дочкі ўдумаюць яшчэ самі несці мех у хату. Грыжу нарвуць, потым мала бальніцы — замуж ніхто не возьме, дзяцей не родзяць, а яна хоча ўнукаў дачакацца. Цяпер жа маладыя бабулькі: сама можа радзіць, а тут і дачка паспела — атрымлівай, мамка, падарунак!

Разам зацягнулі мех у сцёпку, высыпалі бульбу ў цяплейшы куток. Можна было б і адпусціць дзяўчат, каб урокі вучылі, але варта даць ім яшчэ работу, каб адчувалі смак у працы, а не ў гульбе.

— Дайце, дзяўчаткі, вады карове. Мусіць, піць ужо хоча,— сказала Фрося.— ды падсцяліце ў хляве. І сечкі, здаецца, мала, нарэжце трохі.

— Добра, мамачка! — Маруська цмокнула ў левую шчаку, а Людка — у правую, і паляцелі да хлява. «Сарокі бясхвостыя!» — задаволена падумала Фрося. Прыемна, калі дзеці растуць паслухмяныя, працавітыя, на старасці бацькам падтрымка. Хоць, капечне, малыя дзеткі — малыя бедкі, а вялікія дзеткі — вялікія бедкі; як вырастуць — сам не заснеш.

Фрося забегла ў хату, прыбрала, апратала ў сенях, у каморы. Штодзень трэба глядзець парадак: як толькі палёгку сабе даў — усё, там засмечана, там нешта не на месцы ляжыць. Толькі ў сваёй хаце работы столькі, што не пераробіш.

Фрося на хвілінку прысела, пад каленам забалела нага, нібыта перацяла жылы. Ёй дапамагала тарпатына, шкіпінарнае масла, і яна нацерла нагу. Цяпло ў калена прыйшло ад лыткі, і боль спаў.

Хоць на дойку ісці было рана, але Фрося пачала збірацца. Колькі ўжо дзён, як ацяпленне на ферме падрамантавалі і даяркі забіралі з хат цялят, якіх развезлі ў дзень аварыі. Той-сёй з калгаснікаў нічога не меў супраць, калі цяляткі пабудуць і даўжэй, Паліна Ігнатаўна абяцала кожнаму заплаціць за догляд. Аднак Марфа Царыца ўжо двойчы прыходзіла да Фросі і пыталася, калі ад яе забяруць, як яна гаварыла, падарунак. Загадчыца фермы Клімянкова падала ў кантору заяўку на машыну, і яе абяцалі прыслаць па абедзе. Варта было папярэдзіць людзей, каб не адыходзілі з хат, ці мала які клопат у кожнага. У тыя ж Ваўкі схадзіць па хлеб і па цукар. Абяцаў першы сакратар райкома адчыніць магазін у Любавічах, але ніякіх змен яшчэ не было. І ў Фросі пачала з’яўляцца думка, што Фёдар Васільевіч такі ж пустамеля, як і старшыня райспажыўсаюза Стома.

Дочкі, напаіўшы карову, гналі яе ад студні ў хлеў, а яна матляла галавой, упіралася. Маруська ўзяла з плота гумовы шланг, перацягнула па рэбрах. Карова брыкнула, задраўшы хвост, пабегла па двары.

— А каб цябе гэтай гумай?.. Шчо б тады пяяла? — узлавалася Фрося.— Ты з ёй па-чалавечы, ласкава, а то, бач, разумная, гумай!

Маруська разгубілася, вось-вось заплача. Фрося пашкадавала дачку, лагодна сказала:

— Ну-ну... Гэта я, каб помніла, калі сама гаспадыняй будзеш. Жаласць трэба мець да ўсяго, бо чалавек без жаласці горш за гэтага сабаку. Я пабегла, вы тут, сарокі бясхвостыя, глядзіце гаспадарку. Да бацькавага прыходу распаліце печку. Увечары, калі ўрокі паробіце і будзе час, прыходзьце на ферму, паможаце, бо сягоння шмат работы.

Марфа Царыца жыла праз плот, і Фрося падалася да яе, падумала, хай супакоіць яе душу тым, што нарэшце палегчаць жыццё, забраўшы беднае цялятка. Такая ўжо старая, не здужае зусім, а паглядзіш на спіну — гладкая, як кабыла панская. І сын, Геша Заяц, паўдуркам пражыве жыццё, быццам песню прапяе, ніякіх клопатаў, аб адной толькі гарэлцы. Каб ён ад гэтай гары зусім акасеў. Хоць і дрэнна праклёны гаварыць, але пра такога лайдака лепшае і сказаць шкада, язык не паварочваецца.

Ішла Фрося да Марфы Царыцы — нібыта на ланцугу туды цягнулі, як на катаргу, але ж не ісці не магла, бо цялятка было ад Зоркі з яе групы, дый каб не з яе, усё роўна забіраць трэба. Усе людзі з раніцы выпалілі ў печы, а ў гэтай гаспадыні дымок з коміна. Мусіць, тарфой паліць, але ж нейкі шчэ пах убіваецца — ці не самагонку распачала Марфа Царыца? Вот жа ведзьма, не баіцца, што ўнюхае ўчастковы альбо хто-небудзь у вушы начальству ўкладзе.

Вялізны сабака забразгатаў ланцугом, узвіўся з будкі і заенчыў, высалапіўшы вузкі чырвоны язык. Не даставаў ён да Фросі, а ўсё роўна боязна, калі сарвецца — куды ўцячэш? Фрося паправіла хустку, пашукала ля дзвярэй дзеркача і, не знайшоўшы, рукавіцаю збіла снег з валёнак. Рабіла ўсё павольна, нібы хацела адкласці надалей непрыемную сустрэчу з Марфай Царыцай і размову з ёй. Вот дык пашанцавала на суседку, колькі побач жылі, а мо дваццаць слоў сказалі адна адной. Колісь свякруха Фросіна расказвала, што і маці ў Марфы была такая ж ваўкаватая і нелюдзімая, і бачылі людзі, як яна з распушчанымі валасамі, у сарочцы бегала па гародзе і па пастаўніку, ды ўжо ледзь не забралі яе ў Магілёўцы, дзе і пры панах былі ўрачы па дурнях, аднак паспела схавацца ў лесе, а потым улады забылі — вайна грукала недзе за лесам: ішлі Саветы. Дык па раду куры чубатыя — дачка недалёка адышла ад маці. «Жывуць паразіты, хлеб белы ядуць, не працуючы»,— думала Фрося, уваходзячы ў хату. Яшчэ ў сенцах пачула пах брагі. Усё ж гнала Марфа Царыца самагонку, але навошта, не сыну ж п’янтосу.

Пасярод хаты сядзелі на ўслонах Марфа Царыца і Хрысця Манашка, абедзве распараныя, упацелыя, як з лазні, і скублі гусей. Вакол падлога абсыпана пер’ем і пухам. Ледзь толькі Фрося адчыніла дзверы — скразняк узняў у паветра пушынкі. Жанчыны аб нечым гаварылі, і, відаць, Марфа Царыца нешта даказвала сваёй сяброўцы, бо голас яе ажно грымеў у хаце. Убачыўшы Фросю, яны змоўклі, насцярожана глядзелі на яе. «Пэўна, перашкодзіла я ім, баяцца, што адчую пах самагонкі. Ці не святкаваць сабралася Марфа Царыца?»

— Цётко, будзем цялятка забіраць сягоння,— сказала Фрося і, хоць быў намер ні на хвіліну не затрымлівацца, чамусь села на табурэтку, паставіўшы ногі на посцілку, каб не забрудзіць фарбаваную сурыкам падлогу.

— Бог пачуў маю малітву. Ці ёсць у мяне здароўе на такую працу. Гэта ўжо мусова, шчо зробіш. У каго сіла, у таго ўлада,— забубніла Марфа Царыца.

— Ды вы, цётко, калгасу памаглі, а то б беднаму цялятку канец — не выжыла б у такі мароз.

— Знаеш шчо, Фрося, у мяне нямашака здароўя на ваша цялятка. Мне б са сваім разабрацца, за п’яніцам сынам і памерці не магу. На каго пакіну гаспадарку — карову, свінню, курэй. А ты мне са сваім цялём. Табе трэба, ты камуністка, кепска будзеш у калгасе працаваць — забяруць партыйны білет і ў клубе не пусцяць у прэзідзівум.

— А ці не сорамна вам такое, цётко, казаць? — задзела за жывое Фросю. Каму б і даравала гэткія пустыя словы, але толькі не Марфе Царыцы, якая за ўсё жыццё нават травінку не вырвала на калгасным полі. А цяпер паверыла ў бога і стала найразумнейшая ў Любавічах.— Хто даў гэтую хату? Ці елі вы гусей пры панах? Ужо, відаць, забылі, што былі лахудрамі і за яйка куплялі ў краме шклянку лёку. Бач, якія вы тоўстыя, гладкія кабылы тутака паселі. Пад задніцамі ўслон выгнуўся, а вам усё камуністы блага робяць: тое не даюць, тое забіраюць. Самі ж, раз’еўшыся, самагонку гоніце і булкі пытляваныя ядзіце,— выгукнула Фрося і дадала, няхай ад страху пахудзеюць трошкі: — Вот перадам, шчо самагонку варыце, участковаму. Будзе вам геена вогненная.

— Зыдзі з вачэй, сатана! — залямантавала Марфа Царыца.— Каб твая карова малака не давала, вон з хаты!

— Непрыгожа лаяцца, цётко, ай як непрыгожа, божачка язык адсячэ,— стрымлівала сябе Фрося, гаварыла спакойна, яшчэ ж цялятка не забрала, а то б сказала і не тое. — Унь якія гусі ў вас, не інакш, да свята рыхтуецеся? Дык навошта злавацца, шчо мне да вашай самагонкі, хоць заліцеся ёю. Але ж я падумала: вера не дазваляе.

— Шчо ты знаеш пра нашу веру,— адгукнулася Хрысця Манашка.— Ці можаш ты разумець тое, аб чым душа смуткуе.

— Дый я нічога такога, шчо ведаю з сямі класаў і калідора?

— У кожнага чалавека ў душы цемра, пакуль ён не адкрыецца богу. Ніколі не позна вярнуцца на боскую дарогу,— памякчэла Марфа Царыца.— Шчо тваё жыццё цяпер — адна мітусня, хаўрус з д’яблам і яго служкамі — чарцямі. О, чорт цікуе за чалавечай душой і, каб зацягнуць у сваю сець, дорыць розную смакату. Не вер яму, д’яблу, ні на капейку не вер! Жыццё чалавека пачынаецца толькі пасля смерці. Вось калі ён пападае ў рай. Вось дзе камунізм, пра які ты гаворыш са сваімі таварышамі. Там усе роўныя: няма ні старшынь, ні брыгадзіраў, ні страхагентаў, ні дэпутатаў. Шчо тут ты маеш, хоць і камуністка, які рай? Ходзіш у задрыпанай спадніцы, у ватоўцы і ў гумавых ботах, з парэпанымі рукамі. Нашая старшыня адзета як заможная пані, спадніца на ёй дарагая, мо якіх па дваццаць рублёў за метр, вусны падмаляваны, толькі бізуна ў руках не хапае. Мой бацька, які меў багата сваёй зямлі і млын, і то не раскашаваў так. А то бач... пані на ўсе сані!

— Але, але, і я кажу,— заківала галавой Хрысця Манашка,— пані на ўсе сані...

— І калі чалавек верыць у бога, дык ён павінен баяцца, шчо святы дух адвернецца ад яго за грахі,— прапаведавала Марфа Царыца.— Грэх чалавеку — шчо Хрысту крыж, і трэба несці яго. Для гэтага не шкадаваць ні свайго жыцця, ні жыцця дзяцей сваіх.

— Шчо ты, цётко, гаворыш нейкую лухту,— не ўтрымалася Фрося.— Ды дзеці ж — самае святое, шчо ёсць на зямлі, дзеля чаго чалавек жыве. Як у цябе язык павярнуўся такое сказаць. Старая жанчына, да магілы бліжэй, чым да крамы, а яна вярзець поскудзь. Калі б сваімі вушамі не чула, не паверыла б. Цьфу табе.

Як глянула Фрося ў вочы Марфы Царыцы, спалохалася. Здалося, агонь у іх палаў, твар ажно скрывіла ад лютай нянавісці. Не заўважаючы сама як спіной, не паварочваючыся, адышла да дзвярэй. Намацала клямку, націснула яе. Пераступіўшы парог, з сілаю ляпнула дзвярыма, выскачыла на ганак і толькі на двары ўздыхнула на поўныя грудзі. «Каб па табе нават сабакі не завылі, як памрэш! Каб цябе чэрці на тым свеце ў сто вузлоў завязалі!» — кляла яна Марфу Царыцу і бегла па двары, не зважаючы на брэх сабакі, які рваў ланцуг.

— Цьфу! — плюнула Фрося на вуліцы ў бок хаты.

Яна забылася нават ватоўку зашпіліць і хустку не завязала, але не адчувала марозу. Якраз пад’ехала машына — Паліна Ігнатаўна выдзеліла лятучку з цёплай будкай. Побач з шафёрам у кабінцы сядзела Клімянкова. Захутала галаву ў хустку, і вачэй не відаць, толькі нос, што дзюбка ў дзятла, тырчыць.

— Нешта вы лаецеся, Фрося Восіпаўна? — як заўсёды здзіўляючыся, нібыта толькі на свет нарадзілася, спытала яна.

— Гэта табе, дзеўко, прыснілася,— Фрося зашпілілася і як ні ў чым не бывала сказала: — Спужалася так сабакі, шчо ногі дрыжаць. Мо Ларыён сходзіць сам па цялятка ў гэты двор?

— Мая работа баранку круціць, а ваша — хвасты,— зарагатаў шафёр.— Ідзі сама, калі хош.

— Ну, Ларыён, ты ж мужчына, і такі прыгожы, дужы, а мы шчо — сарокі,— падлізвалася Фрося.— Няўжо і ты сабакі спужаўся? Не паверу!

— Мо я схаджу, Фрося Восіпаўна? — нясмела сказала Клімянкова.

— Куды, на злом галавы?! Парве спадніцу, ваўчыска, і пойдзеш бліскаць...— не хапала, каб загадчыца фермы, гэнае зялёнае дзяўчо, ішла. Яе Марфа Царыца не пасаромеецца, нагаворыць сваёй лухты поўны кош.— Ты ж, Ларыён, на марозе сённяшнім заслужыў добрую вячэру,— націснула Фрося.

— Канечне, такая халадэча, не давядзі гасподзь. Заслужыў,— горача пацвердзіў той і пачаў вылазіць з кабінкі.— Ладна, у якой там халабудзе цялё? Забяру...

Здзіўленай Клімянковай, што ніяк не магла даўмецца, чаму Фрося наладзіла гэтую валтузню, яна сказала хоць і паўшэптам, але выразна:

— Не лезь наперад бацькі ў пекла. Для гэтага чарцей досыць... «Мне баранку круціць, а вам хвасты»,— перадражніла Ларыёна. Зрабіла гэта смешна, надзьмуўшы шчокі і вылупіўшы вочы. Клімянкова, якая намерзлася, збіраючы цялят, стамілася і ў дадатак не абедала, ад чаго нос зусім апусціла, але калі Фрося смешна туды-сюды валюхалася ля машыны, звонка зарагатала.

— Ой, цётачко, ой, цётко Фрося, не смяшыце, бо жывот баліць!

— Ці то болька, Лізавета. Прыйдзе час радзіць — тады і забаліць. Цяперка адна забава.

 

2

Станіслаў ужо не адзін тыдзень толькі лічыўся галоўным інжынерам, бо, засляпіўшы вочы гарэлкай, забываў пра свае абавязкі, а размяркоўваў тэхніку, арганізоўваў работу на машынным двары дый праводзіў нарад штораніцы загадчык майстэрні Ляксей Капуста, які два гады назад вярнуўся з арміі. Ён яшчэ халасцякаваў. Восенню збіраўся на завочнае аддзяленне сельгасакадэміі. Быў ён цягавіты. І Паліна, паназіраўшы, як Ляксей размаўляе з людзьмі, наогул упраўляецца з усёй работай, нарэшце вырашыла для сябе тое, на што ніяк не магла адважыцца.

Каб сабраць у вядро слёзы, якімі яна мачыла падушку доўгімі зімовымі начамі, дык, мусіць, цераз край паліліся б. Гэта яшчэ пасада такая, што ўвесь час занятая і нават глянуць на сябе ў люстэрка няма калі, а то хоць вешайся. Намурзаецца, як свіння мулу, і навошта яму сям’я, калгас. Па абедзе заехала ў майстэрню: ідзе насустрач Станіслаў — не твар, а карыкатура, спрабуе загаварыць, слоў не можа звязаць — мычыць, як бык. Апоўначы прыпоўз дахаты. Як пераступіў парог, спатыкнуўся і ўпаў на карачкі. На чатырох, быццам жывёла, дакараскаўся да канапы і захроп. Дзеці ад страху папрачыналіся, сядзяць у кутках і плачуць. Во радасць, бацька прыпоўз.

Даведалася Паліна, што піў Станіслаў з Гешам Зайцам і ў той дзень, калі замарозіла батарэі вадзянога ацяплення на ферме ў Любавічах і згарэла падстанцыя. Хацела аддаць пад суд, але пашкадавала: бацька яе дзяцей. Але чым такі бацька, дык лепш без яго.

Раніцай дачакалася, калі прачнуўся Станіслаў, з агідай глянула на азызлы, у сініх пражылках твар алкаголіка і адвярнулася, каб не званітавала ад выгляду і пахаў, ад якіх нельга было дыхаць у пакоі.

— Вот што, п’янюга! — сказала груба, інакш не магла, не знайшлося добрага слова гэтаму чалавеку.— Не хачу напаследак псаваць нервы з табой. Пішы заяву на звальненне па ўласным жаданні. Я дамовілася, на тым тыдні нас развядуць. Мая прапанова — паедзь туды, дзе станеш мужчынам.

— Шчо я, не мужчына? — хітнуўся з канапы Станіслаў.— Хто бацька гэтых байструкоў? Я! — стукнуў сябе ў грудзі.

— Гэта ўжо чула. Ты — алкаголік, а гэта не мужчына і не жанчына. Ты — паразіт!

— Я майстар, я інжынер, а ты шчо, курва! Губы нафарбавала. Хвастом круціш перад...

— Замаўчы, мярзотнік,— так хацелася ўсмаліць яму аплявуху, але стрымала сябе, бо п’яны Станіслаў вар’яцеў і лез біцца. Навошта ёй высвятляць адносіны такім чынам, калі ўсё і так ужо ясна. Аднак прамовіла катэгарычна:

— Тры дні, мяркую, табе хопіць, каб сабраць рэчы? І папярэджваю: заявішся ў дом п’яны — выклічу міліцыю і папрашу завезці ў выцвярэзнік. Як сказала, так і зраблю.

Станіслаў хістаўся перад дзвярыма, ніяк не мог нацягнуць на ногі боты. Нібыта якую рэч, спіхнула яго Паліна з дарогі і выйшла з хаты. Была знешне спакойная, а хацелася закрычаць, заплакаць, каб са слязьмі выцекла з душы крыўда на сваю нялёгкую жаночую долю, каб стала лягчэй дыхаць, бо не было моцы цярпець.

Ад хаты завярнула Паліна на машынны двор, да майстэрні. Хто з трактарыстаў альбо шафёраў не ў рэйсе — усе тут. У пакоі, дзе праводзяць нарад, надымілі.

— Што гэта труціцеся?! — крыкнула з парога.— Адчынілі б фортку...

— Нам Станіслаў Андрэевіч забараніў, для здароўя шкодна,— зарагатаў нехта ў кутку.

— Ціха, ціха! — падняўся з-за стала Ляксей Капуста.— Усім зразумела, што рабіць? Дык нямашака чаго плёнтацца тутака, ідзіце працаваць.

Усе, хто быў у пакоі, выйшлі адразу, ведалі характар старшыні. Застаўся Капуста, лыпаў вачыма, маўляў, вінаваты, што затрымаліся ў майстэрні, але ж... і развёў рукамі.

— Вот што, Ляксей... Нешто вылецела з галавы, як цябе па бацьку?

— Парфёнавіч...

— Ляксей Парфёнавіч, з сённяшняга дня выконвай абавязкі галоўнага інжынера калгаса. Збяром праўленне і зацвердзім.

— Ды я... шчо вы, шчо вы! — запярэчыў Капуста.— Няёмка мне... Станіслаў жа Андрэевіч?

— Станіслаў Андрэевіч падаў заяву на звальненне. Увосень паступай вучыцца. А то прышлюць з інстытута — і застанешся без работы. Бяры гэтых «атлётаў» у рукі і дзейнічай. Не бойся, памагу.

— Не баюся. Проста нязвыкла трошкі,— сказаў Капуста,— але буду старацца.

— Пастарайся, даражэнькі, пастарайся, вельмі прашу! Жэнішся, кватэру дадзім. Што да дзяўчат не ходзіш? Унь Клімянкова — прападае дзеўка, тэхнікум скончыла, працавітая. За ёй будзеш, як за сцяной, і бяды не ўведаеш.

— Ды шчэ не думаў я, Паліна Ігнатаўна...— аднекваўся Ляксей Капуста.— І часу нямашака, работы шмат.

— Ты ж малады, дужы. Дваццаць два гады — толькі і працаваць. Толькі палку не перагні. Слухай людзей і вер ім. Табе даём вялікую ўладу, але не задзірай нос...

— Шчо мне задзіраць...

— Э, не такія спатыкаліся, пане браце... Я спадзяюся, што з табой гэта не здарыцца, Ляксей,— гаварыла старшыня хлопцу, і ён быў гатоў пайсці за яе ў агонь і ваду, зрабіць усё, што скажа. Пра такую, як яна, жанчыну Ляксей марыў, цішком назіраючы за Палінай. Ён разгубіўся, надта ўжо нечаканым быў загад старшыні. Хоць Ляксей і ўсё рабіў за галоўнага інжынера, аднак у яго за спіной быў цень Станіслава Андрэевіча, які па закону адказваў за інжынерна-тэхнічнае забеспячэнне. Ён жа проста па сваёй ініцыятыве працаваў за двух, яму гэта было цікава. Пра адказнасць Ляксей не думаў, таму што быў спакойны за майстэрню.

— Што гэта ты як хмара стаў? — Паліна Ігнатаўна штурхнула яго ў плячо, спыталася задзірліва: — Шкадуеш, што мужчынам нарадзіўся?

— Думаю...

— Правільна, думай. Цяперака пайшлі да людзей, замацуем тваю ўладу. Ды не бойся ты!

Не паспелі яны зайсці ў майстэрню, як усе, хто там быў, нібыта ведалі, пра што гаманілі старшыня з Ляксеем, падышлі, чакалі моўчкі, без рэплік і жартаў, якімі любяць сустракаць начальства.

— Што сабраліся, дарагія таварышы, мо сход які ў вас, Ляксей Парфёнавіч? — сказала Паліна Ігнатаўна, прабегла вачыма па тварах: былі тут слесары, шафёры, трактарысты, не інакш, папрацавала бабскае радыё.— Калі сабраліся ўжо, дык ведайце: з сённяшняга дня галоўны інжынер калгаса «Перамога» — таварыш Капуста Ляксей Парфёнавіч. Прашу любіць і паважаць. Чалавек ён хоць малады, але перспектыўны. Яшчэ старшынёй калгаса будзе.

Было прыемна, але і горка бачыць, як узрадаваліся людзі, пачуўшы навіну. Яна нібыта развіталася са Станіславам і з той сваёй часткай жыцця, калі яны былі разам.

— Ігнатаўна, вот за гэта дзякуй! — падышоў да яе трактарыст Пятро, муж Фросі з Любавіч.— Ляксей справядлівы хлопец,— мусіць, думаў сказаць яшчэ нешта, але, паглядзеўшы на бледны твар і запалыя вочы старшыні, якая не спала ўсю ноч, толькі пачухаў патыліцу і ўздыхнуў. Не стаў гаварыць пра мужа старшыні ні благога, ні добрага. Ведае Паліна Ігнатаўна ўсё пра Станіслава Андрэевіча не горш за яго, калі адважылася зняць з работы. У калгасе ўсе бачылі, як піў і гуляў, нібыта канец свету, муж старшыні, чалавек з вышэйшай адукацыяй, не нейкі там шафёр ці трактарыст. Іншага даўно вытурылі б з калгаса, а тут ніякай на яго ўправы. Па хатах загаварылі, што старшыня патурае мужу. Шмат хто спачуваў Паліне, асабліва жанчыны. І тое, што цярпела столькі, тлумачылі адным: дзецям патрэбен бацька.

Хоць, урэшце, чым такі паганец, дык хай ідзе лепш сена сабакам касіць.

— Цяпер, спадзяюся, не будзе скаргаў на тое, што галоўнага інжынера няма на рабоце,— сказала Паліна. Людзі разумелі яе, адчувалі, як цяжка ёй гаварыць пра мужа, і тактоўна віншавалі Капусту з пасадай, каб не зрабіць балюча старшыні. Паціскалі Ляксею руку і адыходзілі да сваіх рабочых месц, не збіраючыся ў купкі, як мелі звычай рабіць пасля ўсялякіх сходаў. І Паліна ацаніла гэтую тактоўнасць, павагу да яе, цёплая хваля прыхлынула да сэрца, і захацелася паплакаць, каб трохі лягчэй стала на душы. Каб Капуста не заўважыў, што ў яе ўздрыгваюць вусны, яна перавязала хустку, амаль хаваючы твар, зачарпнула кубкам сцюдзёнай вады ў вядры, якая, здалася, абпаліла горла, і зубы ажно занылі ад холаду.

— Як людзі п’юць яе? — выцерла Паліна слёзы, што ўсё-ткі з’явіліся на вачах.— Пакаштуй, оно, галоўны інжынер!

Ляксей глынуў і закашляўся, але ж ваду дапіў. Старшыня з усмешкай назірала.

— Што ў мароз сюды трэба наліць? Не ведаеш, таварыш галоўны інжынер?

— Скуль я ведаю, Паліна Ігнатаўна. Дый галоўны інжынер я дваццаць мінут, і, мусіць, яшчэ нават загаду нямашака.

— Для гэтага не трэба быць галоўным інжынерам, трэба быць чалавекам. Пашлі каго-небудзь з хлопцаў у сталоўку па чай, не салодкі, але гарачы. Не піць жа людзям ваду як лёд. На бюлетэнях у дваццаць разоў больш страцім, чым на чаі з булкай і маслам. Зразумеў?

— Чаму ж не.

— Правядзі мяне крыху,— папрасіла Паліна Ігнатаўна.— Яшчэ табе што скажу.

Яны выйшлі на вуліцу. Вецер улёгся, але мароз трымаўся немалы: рукі без пальчатак стылі.

— Хачу папрасіць цябе, Ляксей,— сказала старшыня,— таго, хто п’е на рабоце,— на таварыскі суд. І штрафаваць будзем. Раз заплаціць пяцьдзесят рублёў, другі — тады яму жонка штаны здыме. Дзе п’янства, там калецтва і ўсе няшчасці. Чуй, як пагарэў Іван Карнілавіч, інспектар ДАІ? Мой, дарэчы, сусед з Любавіч. У цябе таксама небяспечная работа. Будзеш ездзіць па запчасткі, а іх не так проста атрымаць.

— Ведаю я, Станіслаў Андрэевіч расказваў,— захацелася ўставіць слова Ляксею.

— Менш слухай Станіслава Андрэевіча,— гнеўна сказала Паліна Ігнатаўна,— з яго прыклад не бяры. Сама вінавата, трэба даўно было яго ў карак гнаць з галоўнага інжынера. Мо б яшчэ чалавекам быў. А так пшык выйшаў: ні мужа, ні чалавека, ні бацькі, ні работніка. Усё ўтапіў у гарэлцы. Будзеш ездзіць па запчасткі ці там яшчэ па што — ні-ні... Увойдзеш у смак і прападзеш. Падбяры сабе памочнікаў. Хлопцы ж ёсць надзейныя. Той жа Пятро. Ён камуніст, бацька клапатлівы і працуе сумленна. І больш, больш давярай камуністам. Вось так, даражэнькі Ляксей. Веру, што будзе ўсё добра, хачу верыць.

З гэтага дня новае жыццё пачыналася ў Ляксея Капусты, яму здавалася, што ўсе ў калгасе і нават у раёне ведаюць, які давер заслужыў ён у старшыні Паліны Ігнатаўны. Яго бацька, аднарукі Парфён ужо колькі гадоў пасвіў кароў, маці хадзіла ў брыгаду. Абое былі неадукаваныя, ледзь чыталі кніжку і, канечне, ніколі не марылі і не думалі, што іхні Ляксей можа стаць такім вялікім начальнікам у калгасе. Самае большае, што яны прарочылі свайму сыну,— гэта быць механізатарам: работа пачэсная, заробак неблагі і тэхніка ў руках, не трэба нікога прасіць, каб прывёз сена альбо дроў.

Калі ж скончыў Ляксей тэхнікум, а пасля арміі яго нечакана прызначылі загадчыкам майстэрні,— стары Капуста, зняўшы ўсе грошы, якія былі на ашчаднай кніжцы, купіў бярвення, перабраў хату і аблажыў яе цэглай. Кароў ён пасвіў ужо ў капелюшы, жонка купіла сабе новую плюшаўку. З гэтага ўсяго Ляксей толькі пасміхаўся, але нічога не гаварыў супраць, наадварот, радаваўся за бацькоў, што ажылі, адчулі сябе людзьмі, бо колькі помніў — заўсёды нечага ў іх не хапала. Канечне, гэтак было ва ўсіх, ніяк не маглі ачуняць ад вайны, але ім цяжэй было: на шыі сядзела восем дзяцей. Во будзе радасць бацькам, калі скажа, што з сённяшняга дня ён — галоўны інжынер калгаса,— думаў Ляксей.

Але за давер трэба плаціць, і ён не пашкадуе ні сіл, ні здароўя.

 

Раздзел шосты

 

1

Адпрасіўшыся ў першага сакратара абкома партыі, Фёдар Васільевіч паехаў па маці. Свінню, казу і курэй збылі, пакінуўшы толькі гарластага пеўня і адну курыцу, якая нібыта была добрая квахтуха. Хату, падумаўшы ўсе разам, бо падышла і Галіна, вырашылі не прадаваць. Аднак і забіваць дошкамі вокны таксама не хацелася, і маці запрасіла жыць дзвюх маладых настаўніц, якія пакуль не мелі пастаяннай кватэры, а жылі на прыватнай. Грошай з іх яна не ўзяла, толькі папрасіла, каб даглядалі хату і трымалі, як сваю: чыста і акуратна. Гаварыла гэта маці вельмі асцярожна, баючыся пакрыўдзіць дзяўчат.

Пераначаваўшы, пачалі збірацца ў дарогу. Калі ўжо ўсе рэчы палажылі ў машыну, маці села на парог і заплакала.

— Ці вярнуся сюды? — вымавіла яна дрыготкімі вуснамі.

Захліпала носам і Галіна, якая прыбегла правесці іх, на мужа пакінуўшы малое дзіця. Потым яны ніяк не маглі развітацца, стаялі абняўшыся, і Фёдар Васільевіч не прыспешваў іх.

У машыне маці амаль усю дарогу маўчала, нібыта задрамала. Хто яе не ведаў, не паверыў бы, што гэтая сівенькая вясковая бабулька са спрацаванымі рукамі, якім ніколі ў жыцці не было адпачынку, выкладала ў школе, вучыла дзяцей роднай мове. Фёдар Васільевіч пазнаў таямніцу кніг дзякуючы ёй, маці. І шмат людзей помнілі яе, настаўніцу. Яна, як усе вяскоўцы, трымала карову, садзіла агарод. Мо таму і была блізкая ім, што жыла гэтак жа, як і ўсе.

Машына імчала па асфальце, спакваля пагойдвалася. Відаць было, што маці аб нечым задумала. Яна ўглядалася ў акно, нешта шаптала. Потым павярнулася да сына.

— Я тут не была ад самай вайны. Усё ніяк не магла... Спярша не было часу, а потым...— сказала яна, пажалілася.— Нічога не пазнаю... Колькі разоў збіралася паехаць і нібыта баялася. Выйду з хаты, пастаю і назад, а трэба было... Усё нейкія клопаты. Чым больш гадоў мінала, тым цяжэй было зрушыць з месца. Аднак усё ж думала ехаць. Хоць перад смерцю. Нават сёлета ўжо збіралася ў дарогу.

— Папрасілі б мяне,— загаварыў Фёдар Васільевіч,— з’ездзіў бы з вамі.

— Хацелася самой, сынок... Хоць цяперака пабачу вёсачку, дзе радзілася. Ці ёсць яна, Федзечка?

— Ёсць, мама. Быў там. Калі скажаце, тады і з’ездзім.

— Дзякуй, сынок. Пабачым... Хай снег трохі сыдзе. Хачу вясны дачакацца, а потым папрашу ў цябе нешта.

— Сакрэтнічаеце, мама... Першаму сакратару райкома партыі ўсё можна гаварыць.

— Усё, ды не пра ўсё. Ты ж не поп, а я ў бога не веру,— маці зноў задумалася. Прамовіла: — Гэта ж колькі часу мінула. Паехала, як ад немцаў уцякала... Трохі пабыла ў партызанах. З бацькам тваім там і пазнаёмілася. Ты — выліты бацька... Ён высокі быў, як ты, прыгожы, з чарнявымі вусамі, як у Будзённага. Як убачыла яго — і ўсё: закахалася. Хоць трымалася строга, дый пасля таго, што перажыла, мне здавалася, я ператварылася ў лёд... А вот Васіль яго растапіў, гэны лёд.

Такое маці гаварыла пра бацьку ўпершыню, і па ёй было відаць, што яна нібыта ўсё перажывала нанава. Твар быццам памаладзеў, і маршчынкі разгладзіліся, яшчэ не выцвілыя вочы глядзелі светла.

— Я хацела разам з ім хадзіць у разведку, на чыгунку, а ён не пускаў. І як ні імкнулася хоць раз наведацца ў Любавічы, была там у мяне справа — не дазволілі. Была ў нашым атрадзе яшчэ адна дзяўчына, баявая, смелая і душэўная. Пад канец вайны мы з ёй моцна пасябравалі. Бывала, залезем на нары, накрыемся кажухом чы шынялём з галавой і шэпчамся амаль да раніцы, а часам і вока не заплюшчыш — адразу на кухню. Людзям жа есці трэба. І куды гэта Зінку лёс пагнаў? Цікава было б сустрэцца...— задуменна сказала маці.— У яе прозвішча было незвычайнае. Вот забылася, галава садовая. Верыш чы не, але нядаўна прысніліся мая бедная нябожчыца сястра Галінка і Зіна. Здаецца, успомніла... Яна вырасла ў дзетдоме, і нейкі дурань даў ёй прозвішча там Цэмянтова.

— Як, кажаце,— перапытаў Фёдар Васільевіч, бо раптам узнікла здагадка, але ён пакуль не хацеў выказваць яе.

— Цэмянтова Зіна.

— Яна па бацьку не Спірыдонаўна?

— Сыночак, адкуль мы ведалі, як каго па бацьку. Звярталіся проста па імені. Зіна, дый і ўсё. А што? Мо ты што ведаеш?

— А-а...

Фёдар Васільевіч ужо амаль не сумняваўся, што сяброўка маці па партызанскім атрадзе Зіна Цэмянтова і тэхнічка ў райкоме партыі цётка Зіна адзін чалавек. Калі ў яе прапаў медаль, ён чытаў аўтабіяграфію жанчыны і неаднойчы гаварыў з ёй. Яна называла тыя ж мясціны, дзе ваяваў партызанскі атрад, у якім была маці. Аднак Фёдар Васільевіч змоўчаў, не расказаў аб сваім адкрыцці. Яму захацелася зрабіць маці сюрпрыз, наперадзе многа часу, цётка Зіна жыве недалёка. Было б у іх жаданне, хай сустракаюцца. Пасля вайны мінула ўжо сорак гадоў, яшчэ ці пазнаюць адна адну.

— Тут усюды былі балоты,— углядалася маці ў акно,— яны ратавалі нас ад немцаў у блакаду. Цяперака па іх на машыне ездзяць. Жыта сеюць... Журавін, Федзечка, нямашака. Згінулі начыста. Захацелася мне неяк кісялю з журавін, а дзе ўзяць? Мо ў горадзе ў магазіне прадаюць? Але адкуль яны будуць там, калі балот нямашака. Мо дзе і ёсць, але ў нас няма. Так, сынок, ці не?

— Так...— згадзіўся ён, бо помніў, як з маці здавалі нарыхтоўшчыку па некалькі мяхоў журавін за восень. І не толькі яны, для ўсёй вёскі гэта быў заробак: спярша збіралі чорныя ягады, пасля дурніцы, брусніцы, і апошняя ягада была — журавіны. Маці штогод варыла бруснічнае варэнне з грушамі. Было смачна. Ён таксама любіў есці бульбу з брусніцамі.

— Ці многа людзей жыве шчэ ў Любавічах? — спыталася маці.— Да вайны там было дзвесце пяцьдзесят хат.

— Мусіць, хат семдзесят ёсць. Так, Міхаіл Аляксандравіч? — звярнуўся ён да вадзіцеля, які працаваў першы тыдзень пасля хваробы.

— Прыблізна так, Фёдар Васільевіч,— адазваўся той,— шмат пустых хат з забітымі вокнамі. Гаспадары памерлі, а іхнія дзеці ў горадзе. Некаторыя прыязджаюць гарод садзіць.

— Хвалююся, сынок,— сказала маці,— ажно сэрца шчыміць. Ужо шкадую, што згадзілася ехаць. Як вот Ліда?

— Што гэта ўдумалі? Ліда даўно настойвала, каб ехаў па вас. Весялей, мама, будзе, дый нам крыху лягчэй. Мне складана забіраць дачку з садзіка, дый Ліда затрымліваецца на рабоце. Паможаце нам, калі ўжо баіцеся без працы сядзець. Каля хаты і гародзік — пяць сотак, куры бегаюць па двары.

Машын па дарозе было нямнога, дзень ужо хіліўся к вечару, і вадзіцелі спяшаліся дамоў. Зімой у дарозе начаваць небяспечна, хоць, калі прымусяць абставіны, нічога не зробіш, будзеш спаць, дзе надарыцца. Абы адпачыць і не замерзнуць.

Мінуўшы мост, ля якога бальшак разыходзіўся на некалькі дарог, яны павярнулі міма шарэнгі паласатых слупоў направа, з’ехалі ўніз, пад мост, і апынуліся на шырокім і раўнюткім, як узлётная паласа, гасцінцы. Бетон быў пасярэдзіне амаль чысты ад снегу і лёду і высушаны марозам.

Маці сядзела задуменная, адкінуўшыся на заднім сядзенні. Баючыся патрывожыць яе, Фёдар Васільевіч маўчаў.

Шмат гадоў назад ён ехаў гэтай дарогай на танку. Паднялі іх па трывозе, і яны, не затрымліваючыся, рушылі з ваеннага гарадка. А ў гэты дзень да яго павінна была прыехаць маці, і ён перажываў, што не сустрэўся з ёй.

Рухаліся ўпоцемку даўжэзнаю калонаю, спрабавалі здагадацца, які будзе маршрут. Фёдар быў на тры гады старэйшы за салдат свайго ўзвода, бо давалі некалькі разоў адтэрміноўку, працаваў тады камсоргам саўгаса-тэхнікума, але ўсё роўна трохі разгубіўся, хоць і не паказваў выгляду. Думаў, проста вучэбная трывога, але хлопцы пярэчылі. І толькі на другія суткі, калі спыніліся адпачыць трохі ў лесе, нампаліт сказаў ім пра падзеі ў Чэхаславакіі. Ён помніць, як пасуровелі ў салдат твары. Фёдар турбаваўся за маці, ведаў яе характар, што будзе моцна перажываць. Канечне, маці ўсіх салдат з нецярпеннем тады чакалі ад сыноў лістоў.

Блага ж ведаў ён да таго часу сваю маці. Усе гэтак, мусіць, ведаем сваіх мацярок. Калі адыходзяць назаўсёды, тады ўспамінаем, шкадуем і спрабуем зразумець іх.

Стаялі ля горада і чакалі каманды грузіцца на цягнік. Дзень цягнуўся марудна, і ўсе былі ў напружанні. Фёдар думаў аб тым, што варта напісаць пісьмо, пакуль не зрушылі з месца, каб супакоіць бацькоў, падаць ім вестку пра сябе. І раптам гукнуў камандзір узвода старшы лейтэнант Апанасенка: «Патоліч!» Ён быў увесь напяты, клубок нерваў, і, пачуўшы вокліч, шыбануў так, што, паслізнуўшыся на траве, ледзь не расквасіў галаву аб шпалы. Падбег да камандзіра і аслупянеў: прыхілілася да вагона жанчына ў белай хустачцы, у светлай у сінюю гарошыну кофтачцы. Гэта была маці. Яна паклікала: «Сынок, сыночак!» Ён так узрадаваўся, што забыў нават спытацца, як маці знайшла яго тут, за сотні кіламетраў, на невялікай станцыі, хто падказаў дарогу. Яна пільна агледзела Фёдара з ног да галавы. Прызналася потым: здавалася, што ён паранены... А ён і не трапіў у Чэхаславакію, два месяцы прастаялі ля граніцы ў поўнай баявой гатоўнасці.

Колькі Фёдар Васільевіч помніў, бацька заўсёды слухаўся маці. Калі яна моцна сварылася, бацька закурваў сваю люльку з чорным муштуком і пыхкаў, брэнькаючы на мандаліне. Так да канца жыцця і не навучыўся добра іграць. Бацькі жылі спакойна і дружна. Маці адразу занемагла, калі бацька памёр, згорбілася і без кульбакі не выходзіла з хаты.

Раптам Фёдар Васільевіч успомніў, што забылі матчыну кульбаку ў двары ля плота. Ён перахіліўся цераз сядзенне назад, спадзеючыся, што ўсё-ткі палка ў машыне, але не знайшоў. Фёдар Васільевіч ажно разнерваваўся: маці ж прывыкла да сваёй кульбакі. «Вот недалэнга!» — узлавана падумаў пра сябе.

Але калі прыехалі дамоў і маці даведалася, што забылі яе кульбаку ў вёсцы, не засмуцілася, толькі пасмяялася; ля яе ўжо церліся, як кацяняты, унукі, лашчыліся, і вочы ў бабулі былі перапоўнены шчасцем.

 

2

— З прыездам, Фёдар Васільевіч! — гудзеў у трубку старшыня райвыканкома. У Кішковіча была манера, як толькі зойдзе ў свой кабінет, званіць першаму сакратару. Нібыта дакладваў, што ўжо на рабоце.

— Здароў, Уладзімір Іванавіч! Як кіравалі з Зайцавым без мяне?

— Стараліся. Ёсць цікавая навіна. Хачу зайсці.

— Заходзь, калі навіна, і яшчэ цікавая.— Фёдар Васільевіч перабіраў паперы, якіх сабралася шмат, пакуль ездзіў па маці. На большасці з іх ён пісаў зверху рэзалюцыю, якому аддзелу райкома адказваць. Адно пісьмо было ад Кузьмы Ільіча Магільніцкага. Што ж такое ён піша і што хоча? Пісьмо было напісана ў афіцыйным стылі: «Паважаны першы сакратар райкома! Паведамляю і даводжу да ведама, што, па маіх даных, у калгасе «Перамога», адкуль я родам, не зусім гладка з маральнага боку. Вядома, што палітычная эканомія тлумачыць адносіны паміж людзьмі як важныя і прадугледжаныя прыродай. І гэтыя адносіны ператвараюцца ў жанчыны і ў мужчыны ў нешта большае, чым проста ў фізіялагічную блізкасць. Сям’я — вось што пастаўлена галоўным пастулатам ва ўсіх пытаннях, прысвечаных браку. («Балбатун, хоць бы часу не адымаў у людзей, піша галімацью і патрабуе адказу»,— падумаў Фёдар Васільевіч.) Мяне ўражвае тое, што на вачах у народа адбываецца недарэчная з’ява: жонка выганяе з кватэры мужа, а муж турыць у шыю жонку. Дзеці не паважаюць бацькоў, а бацькі ненавідзяць дзяцей. І вось кульмінацыя: што, думаеце, робяць людзі, людзі пры пасадах, якія павінны нас вучыць, быць прыкладам мне? Старшыня калгаса «Перамога» выгнала ў карак свайго мужа, п’яніцу і лайдака. Ці правільна яна зрабіла? Не, няправільна. Хто вінаваты ў тым, што ён стаў такім? У першую чаргу сама Паліна Ігнатаўна. І яе трэба спытаць па ўсёй строгасці савецкіх законаў. З прывітаннем ваш сябра Магільніцкі Кузьма Ільіч».

«Во, ужо і сябра»,— падумаў сакратар райкома. Ён працягнуў ліст Кішковічу, які толькі што зайшоў у кабінет. Старшыня райвыканкома прачытаў, пахмыкаў, а потым засмяяўся, крыху, здалося, сумнавата.

— Каб быў маладзейшы хоць гадоў на дзесяць, сам ажаніўся б з Палінай,— сказаў Кішковіч.— Але што рабіць з гэным Магільніцкім, галава не варыць. Ён можа давесці да вар’яцтва сваімі лістамі. Яшчэ не раз напіша. Барацьбіт! — з пагардай вымавіў Кішковіч.— Гэты барацьбіт усю вайну прасядзеў у пограбе, а калі нашы прыйшлі і пачалася мабілізацыя — прытварыўся эпілептыкам. Так і «валяў Ваньку» ўсё жыццё, а цяпер стаў раптам барацьбітом за праўду і справядлівасць. Мала таго, быў прыхварэў, дык ледзь не дабіўся сабе інваліда Вялікай Айчыннай вайны. Задурыў галаву людзям, нейкія даведкі дастаў, і ўжо герой. Добра, я дазнаўся і спыніў гэтую камедыю. Затое потым ён што толькі не пісаў на мяне, ніяк не мог супакоіцца: старшыня райвыканкома Кішковіч парушае сацыялістычную дэмакратыю. От поскудзь! Хоць і нядобра так гаварыць пра старога чалавека, але на іншае язык не паварочваецца.

— Спачуваю табе, Уладзімір Іванавіч, але памагчы нічым не магу... Калі будзем праводзіць партыйна-гаспадарчы актыў? Мо прызначым на сярэдзіну месяца? Нам жа павінны ўручаць пераходны Чырвоны сцяг, усё ж заваявалі другое месца ў рэспубліцы па продажы малака.

— Давайце на сярэдзіну месяца,— згадзіўся Кішковіч,— перад гэтым правядзём сесію райсавета. Фёдар Васільевіч, учора быў цікавы званок са сталіцы. Мне паведамілі, што на вобласць выдзелілі дзесяць тысяч тон канцэнтратаў. У нас жа хутка не будзе чым карміць свіней. Не шкодзіла б трохі камбікармоў даць і каровам. Пакуль надоі ідуць з прыростам, але патрымаюцца маразы — і замінусуем. Мы з начальнікам райсельгасупраўлення паспрабавалі вырашыць гэтае пытанне, але нічога не атрымалася. Мо б пазванілі ў абком?

— Учора размеркавалі канцэнтраты ці пазаўчора? — спытаўся Фёдар Васільевіч.— Звесткі дакладныя?

— Сто працэнтаў. Размеркавалі пазаўчора, можна званіць.

Некалькі месяцаў, як Фёдар Васільевіч прыйшоў у раён, адносіны паміж ім і старшынёй райвыканкома былі нацягнутыя. Кішковіч спачатку пры сустрэчах з першым сакратаром быў надзьмуты, хадзіў з пакрыўджаным тварам. Сваіх паводзін ён не хаваў, як і прычыну, пра якую ведалі ў раёне. Кішковіча збіраліся выбраць першым сакратаром. Дагэтуль ён працаваў старшынёй калгаса, другім сакратаром райкома, дый ужо старшынёй райвыканкома адбыў амаль пяць гадоў. Сам мясцовы, няблага ведаў раён, кадры. Нішто не павінна было перашкодзіць заняць яму пасаду першага сакратара райкома партыі. Аднак пры размове ў абкоме з першым сакратаром Герасімавым надта многа гаварыў: «Я лічу, я зрабіў, я пабудаваў, я прыдбаў», дый трымаўся так, быццам ужо зацверджаны. Васілю Яўсеевічу гэта не спадабалася...

Вярнуўся Кішковіч у раён з высока ўзнятай галавой. Аднак на пленум першы сакратар абкома Герасімаў прыехаў з высокім маладым чалавекам, якога прадставіў членам райкома як іх будучага першага сакратара. Маўляў, рэкамендуецца ЦК КПБ і абкомам. Гэтыя словы Кішковіч палічыў ледзь не аплявухай пры ўсім народзе. Апошнімі намаганнямі волі прымусіў сябе сядзець, хацелася выйсці з залы. Такі жэст першы сакратар абкома яму не дараваў бы, а ўніз падаць каму ахвота. Пасля ён убачыў, як тыя ж падхалімы, якія бегалі ля яго, віншавалі Фёдара Васільевіча. Сваю крыўду Кішковіч перажываў балюча, некалькі разоў хапала сэрца, і ад думак страшэнна балела галава. Спачатку ён хаваў свае перажыванні ад людзей, тым больш ад падначаленых, а потым быццам расслабіўся, і ўсе ўбачылі, як непрыгожа выглядае чалавек, якога з’ядаюць чорная зайздрасць і амбіцыя.

Некалькі месяцаў Фёдар Васільевіч назіраў, а пасля не вытрымаў: запрасіў да сябе.

— Што гэта з сябе кісейную барышню строіш? — пачаў ён адразу, як Кішковіч сеў ля стала.— Уладай цябе абдзялілі? Забраў з тваіх рук партфель? Пакінь фанабэрыю, людзі ўжо смяюцца з цябе. Колькі нам працаваць разам, не ведаю, але думаю, што доўга... Інакш цярпець не буду. Хопіць два месяцы хадзіць з апушчаным носам. Смешна!

Кішковіч нічога не прамовіў у адказ, варочаўся ў крэсле і выціраў хусцінкай лоб. Выходзячы з кабінета, глуха сказаў: «Усяго найлепшага...»

Тыдзень яго не было ў райвыканкоме, бюлетэніў. А калі выйшаў на работу, было відаць, што пахудзеў і маршчын прыбавілася на твары. Аднак глядзеў весела і ўсмешліва, якім прывыклі яго бачыць.

Адносіны паміж першым сакратаром і ім не былі сяброўскія ці прыяцельскія, але і не варожыя, ладзілі і памалу прывыклі адзін да аднаго.

— Спярша пазвонім загадчыку сельгасаддзела абкома,— сказаў Фёдар Васільевіч,— папросім падтрымаць бедны Дзяпраўскі раён.

Але загадчык сельгасаддзела быў на нейкай нарадзе, і калі вернецца ў абком, невядома. Відаць, свае прапановы ён ужо выказаў.

— Апанас Кірылавіч! — тэлефаністка злучыла Фёдара Васільевіча з намеснікам загадчыка сельгасаддзела Туравым, які раней працаваў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі ў Дзяпраўскім раёне і павінен быў спрыяць землякам.— Вітаюць вас з цэнтра рэспублікі. З Дзяпраўска. Не ведалі, што ён цэнтр? Дык мы тут жывём, а сталіца ля нас.

— Пазнаў, пазнаў,— па-хлапечы звонка гаварыў Тураў,— сягоння толькі вас успаміналі, Фёдар Васільевіч, а ўжо і на дроце. Як у Дзяпраўску, мо вясна? Надакучыла завея, сілы больш няма цярпець?

— Да вясны, Апанас Кірылавіч, як ад сталіцы да нас. Збірайцеся да землякоў у госці. Калі прыедзеце, дык будзе вясна.

— Ха-ха-ха! — смяяўся Тураў.— Гэта праўда, ніяк не магу сарвацца. І выхадныя і прахадныя ў абкоме, хоць вясны шчэ не відаць, але яна на нас ужо цісне, і вельмі магутна.

— Скажыце, калі ласка,— па-змоўніцку загаварыў Патоліч,— два словы землякам, а мы рот на замок. Колькі тон канцэнтратаў з дзесяці тысяч размеркавалі на наш раён?

— Што? — шчыра здзівіўся Тураў.— Мы самі толькі раніцай даведаліся пра гэты камбікорм. Адкуль інфармацыя, Фёдар Васільевіч?

— Сябры, сябры, Апанас Кірылавіч,— вестка ўзрадавала Фёдара Васільевіча, і ён, каб скончыць размову, сказаў: — Чакаю ў грыбы і на рыбу. Кажуць, на Белым возеры ляшчоў — як камароў на балоце...

— Нічога? — спытаўся Кішковіч і запаліў цыгарэту, хоць ведаў, што першы сакратар не любіць, калі кураць у яго кабінеце. Праўда, на сталах стаялі попельніцы з цёмна-зялёнага шкла.

У гэтым пытанні Фёдару Васільевічу пачуліся ці то здзек, ці то іронія, ён звузіў вочы і непрыязна глянуў на субяседніка. Потым падняўся, адчыніў фортку насцеж і ўбачыў на карнізе сівога голуба, які, схаваўшы галаву ў крыллі, затаіўся ля шкла. Хоць Кішковіч быў тугадум, але і яму цюкнула: папрасіў прабачэння і патушыў цыгарэту.

Пагартаўшы даведнік апарату абкома партыі, Фёдар Васільевіч, трохі павагаўшыся, выбраў нумар сакратара па сельскай гаспадарцы Мядзвецкага. Уявіў яго поўны твар, спакойныя вочы. З Мядзвецкім даводзілася сустракацца шмат, калі Фёдар Васільевіч быў у інспектарскай групе ЦК па вобласці.

Вядома, па дробязях не турбаваў бы яго, але сядзець і чакаць было нельга. Трэба званіць.

— Але-алё! — закрычаў Фёдар Васільевіч у трубку, быццам кепска чуў, на самай справе было проста неяк няёмка.— Іван Сяргеевіч, дзяпраўцы да вас па дапамогу,— без уступаў пачаў Фёдар Васільевіч.

— Што ў вас здарылася? — пазнаў маладога сакратара райкома Мядзведкі і, мусіць, вінавата заморгаў вачыма. У яго была такая звычка.

— Дзесяць тысяч тон канцэнтратаў дзялілі па раёнах?

— Не... Адкуль ведаеш пра іх?

— Прабачце, не варона на хвасце прынесла. Нам край як трэба, хоць бы тон трыста,— прасіў Фёдар Васільевіч.

— З вялікаіі душой. Але ёсць загад — гэтыя дзесяць тысяч аддаць на дзяржаўныя свінагадоўчыя комплексы. Нічым не магу, Фёдар Васільевіч, дапамагчы. Дарэчы, дзе тыя канцэнтраты, якія былі выдзелены раёну пасля Кастрычніка?

— Колькі там было, слёзы,— сказаў Фёдар Васільевіч,— ледзь-ледзь дацягнулі да новага года. Вы ж нам знізіць пагалоўе свіней не дазволіце, так?

— Ну, так,— раздражнёна гаварыў Мядзведкі.— Дык навошта першы сакратар райкома дазваляе забіраць фонды раёна па канцэнтратах адной гаспадарцы? Што, у вас пачался гонка за лідэрам? Корміце лідэра, а астатніх трымаеце галоднымі, каб не дагналі яго?

— Якога лідэра? — не разумеў Фёдар Васільевіч.— Калі б сапраўдны лідэр быў...

— Ты ж сам аддаў амаль увесь камбікорм раёна ў калгас «Маяк». Вось перада мной зводка. Цяпер жа, як цыган, просіш,— выгаворваў Мядзведкі.

— Прабачце, такога дазволу я не даваў,— запярэчыў Фёдар Васільевіч.— Наколькі мне вядома, Пінчук выкарыстоўвае левыя шляхі...

— Левыя ці правыя, усе шляхі адны — на камбікормавы завод, а ён не прорва. Усе канцэнтраты, якія вывез «Маяк», запісаны на раён, і па зводцы відаць, што ліміт дзяпраўцамі на квартал вычарпаны.

— Як гэта так? — разгублена сказаў Фёдар Васільевіч.— Нешта не тое...

— Тое, тое, лепш кіраваць раёнам трэба і ведаць, што дзе робіцца. Падначаленыя вытвараюць чортведама што, а ты, Фёдар Васільевіч, не ў курсе. Інкубацыйны перыяд, здаецца, мінуў, пара браць лейцы ў рукі як трэба. Калі мы табе тое-сёе даравалі па маладосці, дык ужо болей не чакай. Вось што,— памякчэў сакратар абкома,— можа, перагавары з першым... Хоць наўрад што іншае скажа. Мы тут гадзіну назад, як аптэкары, кожную тону лічылі. Што такое на вобласць дзесяць тысяч. І разбярыся з «Маяком». Ведаю старшыню, Пінчук з закваскаю моцнага гаспадара. Калі трапіць што ў рукі, не выпусціць...

«Вось табе і камбікорм, і вымова, што не ўмееш кіраваць раёнам. Але лепш раней, чым пазней даведацца пра гешэфты Пінчука. У мяне сувязі, мне па-за планам дадуць камбікорм для свінакомплексу, сябры памогуць. Акурат памаглі, за кошт іншых. Відаць, вырашыў: малады сакратар, пакуль разбярэцца, што да чаго — свінні ўвесь камбікорм ужо і з’ядуць. Астатнія гаспадаркі ліха не возьме, неяк пераб’юцца».

Апусціўшы галаву, сядзеў старшыня райвыканкома, усё ніяк не мог дачытаць лісток паперы з некалькімі радкамі слоў. Ён чуў усю гаворку першага сакратара з Мядзвецкім і быў не менш за Фёдара Васільевіча збянтэжаны пачутым, калі не больш, таму што ён заўсёды падтрымліваў Пінчука, ставіў у прыклад, як трэба гаспадарыць. Еў з ім юшку на беразе Белага возера. Іх многае звязвала ў жыцці, і Уладзімір Іванавіч давяраў Пінчуку, часам нават зайздросціў яго ўменню наладзіць кантакт з людзьмі, у чыіх руках была тэхніка, запчасткі. Уладзіміру Іванавічу здавалася, што ён не змог бы так кіраваць калгасам. Адчуваў, што прызнач яго сягоння дырэктарам саўгаса, не выцягнуў бы. Адвык ён ад жывой работы, больш па душы былі яму нарады, сустрэчы ў кабінеце. Не падабалася тое, што першы сакратар зашмат ездзіць па гаспадарках, фермах, бывае на будоўлях штотыдзень, а людзі часам не могуць трапіць да яго на прыём у райкоме.

Цяпер Кішковіч быў узлаваны бессаромнай нахабнасцю Пінчука.

— Вот і вер яму, у сабакі вочы пазычыў...

— Мудры ты чалавек, Уладзімір Іванавіч,— сказаў Фёдар Васільевіч.— Вот цябе і папрашу — разбярыся з Пінчуком... Карэспандэнт з газеты шчэ там, у «Маяку»?.. Мне б хацелася на развітанне з імі сустрэцца. Убачыш — перадай маю просьбу.

 

3

«Цікава, чым гэта Пінчук спадабаўся Антушкову, які ўзяў яго адразу пад сваё крыло? Вопыт прапагандаваць на рэспубліку... Вопыт, як быць круцялём?»

Успомніў Фёдар Васільевіч, як з Пінчуком ездзілі на свінакомплекс, і толькі цяпер падумаў: ці не за нос вадзіў яго і тады старшыня. Вельмі ж прынцыповы быў дзед вартаўнік.

Асцярожны стук вывеў яго з роздуму. Дзверы адчыніліся, і, нібыта іх нельга было больш адкрыць, у вузкі праход не прайшла, а праціснулася жанчына ў кароткай чорнай шубе, у шэрай хустцы, рагі якой звісалі на плечы. Твар у жанчыны быў расчырванелы з марозу і здаўся Фёдару Васільевічу знаёмым.

— Не пазнаеце, Хвёдар Васільевіч? — замест прывітання сказала кабета, развязваючы хустку, пад якой была яшчэ адна, у чырвоныя ружы.

Жанчына смела падышла да першага сакратара, які падняўся ўжо з-за стала і чакаў яе, сама працягнула маленькую руку.

Яна весела, па-забіяцку падміргнула і спыталася:

— Не пазналі?.. Шчо ж гэта вы? — Яна развязала апошнюю хустку, адкінуўшы на плечы.

Фёдар Васільевіч пазнаў: гэта была Фрося з Любавіч.

— Чаму ж не, пазнаў,— сказаў ён, запрашаючы сесці.— Як жа вас не пазнаць, Фрося Восіпаўна?

— Птушку відаць па палёце. Ці, як у нас гавораць, злодзей злодзея здалёк пазнае. Ой, прабачце, шчо гэта я пляту кашалі,— жанчына, аднак, не засаромелася, азіралася.— Ніколі не была ў гэткім кабінеце, вот і цікава. Вы не дужа заняты?

— Як вам сказаць...— ён пачаў шукаць слова, але ў галаву палезла нешта агульнае і нецікавае. З Фросяй захацелася пагаварыць нетаропка, шчыра. У вачах яе ёсць хітрынка, без якой, мусіць, і Фрося была б не Фрося, а зусім іншая жанчына.

Яна села ў крэсла, і адчувалася, што не на хвіліну, не інакш, дамовілася з сяброўкамі, каб паглядзелі яе кароў. Акінула хуткім позіркам Фёдара Васільевіча, неяк дзіўна памыляла вуснамі.

— А вы схуднелі, чы не захварэлі выпадкам?

— Пакуль здаровы, а вы, Фрося, не змерзлі?

— Шчо вы? — узмахнула яна рукамі.— Я гарачая, дый трантаў панадзела, як цыганка. Чы не заўважылі? — здзіўлена спыталася Фрося.— Хусткі ажно тры.

— А мне здалося — дзве,— засмяяўся Фёдар Васільевіч.— Нейкая справа ёсць да мяне?

— Ёсцека, але гэная справа, шчо гума: калі цягнуць, дык канца не відаць.

— Калі канца не відаць, тады хвілінку пачакайце,— Фёдар Васільевіч выйшаў у прыёмную і папрасіў прынесці ім у кабінет чаю.

— Давайце, Фрося, пацягнем вашу гуму, каб хутчэй яе выцягнуць, мо і канец удваіх убачым.

— Рыхтык. Нам абы хутчэй, толькі адразу прабачце за праўду, Фёдар Васільевіч, хоць яна і будзе не да смаку.

— Калі ласка, Фрося Восіпаўна, у райкоме партыі толькі праўду трэба гаварыць, а вы ж і камуніст,— Фёдар Васільевіч пачакаў, пакуль сакратарка паставіць шклянкі з чаем на стол і выйдзе з кабінета. На сакратарцы былі лімоннага колеру туфлі на высокіх абцасах, і мо ён не глянуў бы на іх, але надта ўжо яны паблісквалі свежым лакам. «Няблага б і жонцы такія»,— падумаў і адразу ўспомніў кажух, які прымусіў вярнуць у магазін. І спалохаўся: раптам і гэтыя туфлі, што на сакратарцы, таксама прыдбаны ў кабінеце ў Стомы. Адагнаў ад сябе недарэчную думку. Камбікорм, туфлі, кажух, Стома, Пінчук... Ведаў, складаная работа ў першага сакратара райкома, але не ўяўляў, што настолькі; увесь раён — нібыта вузел са зблытаных рознакаляровых нітак. Пацягнеш чырвоную, за ёй жоўтая, зялёная, чорная, белая — усе колеры і адценні, якія толькі ёсць на свеце, у гэтым клубку.

— Пра нешта задумаліся? — спыталася Фрося, якая ўжо дапівала чай.

— Ведаеце... Многа ўсяго...

— Во-во,— заківала галавой Фрося,— таму і прыехала да вас, хоць сягоння і не прыёмны дзень. Нахлусіла сакратарцы, шчо вашая стрыечная сястра, яна і паверыла. Не сварыцеся на яе. Клапоціцца пра вас,— ухваліла сакратарку.

— Піце яшчэ чай,— сказаў Фёдар Васільевіч.— Як мой бацька гаварыў, у калодзежы вады многа.

— Калі так, дык вып’ю,— пацягнула да сябе Фрося і другую шклянку чаю, прысмоктваючы, гаманіла.— Але я прыехала сварыцца на вас, і моцна сварыцца.

— Калі заслужыў, значыць, варта...

Фрося дапіла чай, дастала з-пад рукава плюшаўкі хусцінку з карункамі, выцерла, нібы прамакнула, вусны.

— Значыць, так.— Яна выцягнула з кішэні другую хусцінку, развязала яе і дастала складзены ў столкі аркуш паперы, вырваны са школьнага сшытка.— Буду, як у целявізары, крыху падглядваць у паперку. Яны, граматныя, заглядваюць, а я сем класаў з калідорам скончыла. Хведар Васільевіч, калі вы былі ў Любавічах, я ж не проста ад сябе да вас звярталася. Ну, як баба на вуліцы, а як прадстаўнік народа, дэпутат раённага Савета. З-за нейчай дурной галавы ў Любавічах зачынілі краму. Хлеб не возяць, цукар, крупы. Дзе купіць? У Байкі і Ваўкі не набегаешся, а ў маразы дык зусім... Я-то яшчэ магу, дый у мяне Пятро на трактары, шчо хоч прывязе. А калі стары чалавек? Ён не здужае, дык яму шчо — ногі ў рукі і паміраць? Нямашака такога права, каб ставіць эксперыменты на людзях. Хай гэны ваш Стома на сваім пузе паставіць эксперымент, тады мо клёпкамі паварочае крыху. Хай ён, оно, з’явіцца ў Любавічы, мы-тка яму ўстроім лазню з дзеркачом. Але ж і вы, Хвёдар Васільевіч! Так ужо я хваліла, так хваліла вас жанчынам, людзям. Казала, шчо во сакратар дык сакратар цяперка ў нас! Падвялі вы, Хвёдар Васільевіч, і мяне, і сябе. А дзеўка за шчо якога ліха слёзы лье: няправільна знялі яе з работы. Во любасць зрабілі вёсцы, радасць, скажы на міласць. Вы знаеце, шчо мне сказала надоечы Марфа Царыца? Яна, паскудніца, кажа: гэта ўсё твае бальшавікі. А Хрысця Манашка падпявае. І мне, ядры яго, няма чым крыць, акрамя як хіба аблаяць...

Фёдар Васільевіч адчуў, як чырванее твар і неяк няўтульна ўжо ў кабінеце, сорамна слухаць гэтую жанчыну, хоць уцякай ад яе і закрый вушы, каб не чуць гэтых слоў, што проста дзяўбуць па яго сумленні, па гонары. Як ён мог забыць, абяцаць і не зрабіць?! Не давесці справу да канца. Ён не зрабіў элементарнае, тое, што, як азбуку, ведае нават інструктар райкома і за што ён пастаянна крытыкуе кіраўнікоў — патрабуе не хлусіць людзям, быць шчырымі перад імі. Ці быў ён сам шчыры перад гэтай Фросяй? л. Лот

— А шчо гэта з фуфайкамі ды гумовікамі? Ай, які дэфіцыт, ці як гэта артыст Райкін па радзіву гаворыць: дэфісіт. Каб таму і рукі, і ногі паадсыхалі, хто дапусціў да гэтага. Але ж вы, Хвёдар Васільевіч, навошта тутака пастаўлены? Вунька пасядзела трохі ў прыёмнай і нагледзелася: заходзяць гладкія, чысценькія, прыбраныя. Хто ні зойдзе, усё начальнікі. Дык ліха яго бяры, колькі ж тутака начальнікаў ходзіць? У калгас іх трэба накіроўваць, а то забыліся, мусіць, скуль малако, бульбачка і хлеб. Шчо, мо няпраўда?!

Знаеце, сама мо не паехала б, але жанчынкі падгаварылі. Нагаманілі мне ў вушы: вот твой знаёмы сакратар, ты з ім ад марозу цялят ратавала. Відаць, клапатлівы. Напомні, мо іншыя начальнікі не даюць яму рабіць, шчо просім. Дык, калі шкодзяць, напішам у Маскву, самому Генеральнаму сакратару партыі альбошака Церашковай Валянціне Уладзіміраўне. Яна жанчына, нас, жанок, зразумее і дапаможа, дальбожа!

Ледзь падняў вочы Фёдар Васільевіч ад стала, не мог глядзець на Фросю. Захацелася курыць, хоць колькі гадоў назад як кінуў, але варта было пахвалявацца — пачынала моцна смактаць у страўніку.

— Вось у чым пашэнціла нашаму калгасу, дык на старшыню. Ну і дзеўка, ну і дзеўка, Паліна Ігнатаўна,— з захапленнем сказала Фрося.— Усіх п’янтосаў паразганяла, у шыю вытурыла нават свайго мужа. П'янтосы спалохаліся, жонкі дома падсыпалі ім вуголля — працуюць як усё роўна я,— жанчына падміргнула Фёдару Васільевічу: — Не сумуйце ад маёй крытыкі. Гэта вам як лякарства ад прастуды. І не крыўдуйце. Я падумала: скажу ўсё як ёсць. Баяцца мне нямашака чаго. Я не начальнік, мяне не разжалуюць. Як даяркай была, ёй і буду, а не — з сахаром пайду гной дзерці. Я ж пасля вайны расла: шчо толькі не рабіла...

Фрося разгарнула адну хустку, на яе палажыла другую, трэцюю і пачала завязваць на галаву, шчыльна ўхутваючы шыю. Па ёй было відаць, што адчувала яна сябе як у сваёй хаце і нібыта была не на прыёме ў першага сакратара райкома, а ён зайшоў да яе ў госці.

— Хранічная ангіна ў мяне, во хутаю, засцерагаюся... Шчо мне жанчынкам перадаць, Хвёдар Васільевіч?

— Скажыце, што першы сакратар абяцаў...

— Э не, даражэнькі Хвёдар Васільевіч, нам абяцанкі не трэба. Я — дэпутат, прадстаўнік народа і таму прашу маю справу вырашыць адразу і цяперака.

— Гэта правільна, так. Хвілінку! Перадайце старшыні райспажыўсаюза, каб зараз жа пазваніў мне,— загадаў Фёдар Васільевіч па ўнутранай сувязі сакратарцы.

— Мы ж не просім ніякіх модных трантаў,— сказала Фрося,— навошта яны. Нам гумовікі і фуфайкі на ферму патрэбны. Няхай сітцу, ручнікоў прывязе ды дзецям што-небудзь. У раён кожны раз не паедзеш. Я помню... Унь, гляньце, запалілася кнопачка,— паказала рукой на тэлефонны апарат.

— Гэта, мусіць, наш Стома,— Фёдар Васільевіч пераключыў апарат на гучную сувязь, каб і Фрося чула, што будзе гаварыць старшыня райспажыўсаюза.— Што з планам, Ціхан Парфіравіч?

— Выконваем на сто дзесяць працэнтаў, Фёдар Васільевіч,— неяк асцярожна, узважваючы кожнае слова, гаварыў Стома. Яго напалохала тое, што першы сакратар не павітаўся, а ў раёне было вядома ўсім кіраўнікам: калі Фёдар Васільевіч, пазваніўшы па тэлефоне, першым не павітаўся, значыцца, чакай непрыемнасці. Не зусім добра атрымалася з імпартным кажухом, які Ціхану Парфіравічу вярнула жонка Патоліча, нібыта ёй вялікі і, маўляў, колер не падабаецца. Нікуды не варты быў бы ён як старшыня райспажыўсаюза, калі б не ведаў памераў абутку і вопраткі ў жонкі першага сакратара. Наогул, Стома прытрымліваўся прынцыпу і заўсёды на яго арыентаваўся: мужчынамі на семдзесят працэнтаў кіруюць жанчыны, а трыццаць працэнтаў — яго ўласная ініцыятыва, якая таксама пад уплывам жонкі.

— Значыць, з планам няблага? — сказаў Фёдар Васільевіч.— Як у вас па Любавічах? Што там з магазінам?

— Будзем нешта думаць, але...

— Ніякіх але. Магазін павінен працаваць на наступным тыдні, а з сённяшняга дня забяспечце людзей хлебам, цукрам і ўсім неабходным. Дарогу пачысцілі ўжо,— у Фёдара Васільевіча было жаданне вылаяць Стому.— Паслязаўтра арганізуйце ў Любавічах сход пайшчыкаў. На ім будзем мы са старшынёй райвыканкома. На сходзе папросіце ў людзей прабачэння за свае валюнтарысцкія гандлярскія дзеянні. А заўтра ў пятнаццаць нуль-нуль быць у мяне.

— Зразумеў, Фёдар Васільевіч, я...

— Прашу не перабіваць. З якіх гэта часін у нас сталі дэфіцытам гумовікі, ватоўкі? Чаму не забяспечылі імі жывёлаводаў, механізатараў?

— Гэта кампетэнцыя старшынь калгасаў і дырэктараў саўгасаў...

— А вы на што пастаўлены, таварыш Стома?

Ён палажыў трубку, патухла лямпачка на апараце. Фёдара Васільевіча амаль калаціла ад гэтай размовы. Трэба, абавязкова трэба перагледзець у раёне кадры і тых, хто заеўся, дбае толькі пра свой страўнік, не проста здымаць, а каб усе людзі ведалі, што абкрадваў, жыў за іхні кошт, як паразіт. Складанае гэта пытанне, але неабходна вырашаць...

— Вот цяперка, Хвёдар Васільевіч, бачу, шчо нездарма абараняла вас перад кабетамі. Ого, гэтага Стому не так проста ўзяць за рогі. Ён як ясавіцкі бык: цягнуць за рогі — упіраецца нагамі; цягнуць за ногі — упіраецца рагамі. Дык усёй талакой так пацягнулі, шчо шыю зламалі — адразу на бойню. Ну шчо, будзем развітвацца,— паднялася Фрося, стройная і прыгожая нават у сваіх трох хустках, падала першаму сакратару маленькую цвёрдую і гарачую далонь.

 

Раздзел сёмы

 

1

Два дні Пінчук вазіў па калгасе Казака з Антонам Казіміравічам, нібыта экскурсантаў: гляньце направа, а потым — налева. Тут у мяне кароўнік, а тут я пабудаваў дом, гэта я зрабіў дарогу. На трэці дзень Казак з Антонам Казіміравічам раздзяліліся, хоць старшыня і гаварыў, што лепш, чым ён, пра калгас ніхто ім не раскажа. Аднак Віталь настаяў, каб Пінчук займаўся сваімі справамі, маўляў, і так шмат часу яны забралі ў яго.

У Моркавічах свая гасцініца, і яны пасяліліся ў ёй, у райцэнтр не ездзілі. Харчаваліся ў калгаснай сталоўцы, дзе гатавалі смачна і быў выбар страў.

Наогул, калгас ім спадабаўся: шмат будавалі. Ураджай бульбы і збожжа збіралі, як у сярэдніх гаспадарках. Мабыць, Антушкоў і хацеў паказаць такі калгас, меркавалі між сабой Казак з Антонам Казіміравічам.

Зранку Віталь паехаў на свінакомплекс, а Антон Казіміравіч засеў у канторы над паперамі. К вечару яны зрабілі сабе адкрыццё: у калгасе вялізны доўг перад дзяржавай і большасць лічбаў, якія мастак прыгожа намаляваў на дошцы перад канторай,— хлусня. Нейкім чынам Пінчук шмат гадоў тлуміў галаву раённаму кіраўніцтву, не дапускаў у гаспадарку рэвізораў... Было незразумела, як мог спадабацца адказнаму работніку Антушкову гэты калгас. Казак з размоў з людзьмі, а Антон Казіміравіч па паперах нечакана для сябе высветлілі, што «Маяк» амаль не займаецца вытворчасцю кармоў, хоць у зводцы фіксуецца, нібыта на сто працэнтаў забяспечаны сваімі кармамі. Несумненна, у Пінчука былі сувязі, дзякуючы якім ён і здабываў для калгаса камбікорм. Было толькі пакуль незразумела: ці ўплывае гэта неяк на астатнія гаспадаркі раёна? Аднак высветліць гэта было лёгка. Варта толькі пазваніць у райком партыі альбо ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі.

Позна вечарам, папіўшы чаю, які ім заварыла дзяжурная, яна ж і тэхнічка, і дырэктар гасцініцы, Казак з Антонам Казіміравічам, стомленыя за дзень, ляжалі ў ложках. Святло ў пакоі не выключалі, таму што Віталь запісваў развагі супрацоўніка міністэрства. Антон Казіміравіч быў вопытны спецыяліст і хоць разумеў, што станоўчы артыкул пра калгас пісаць немагчыма, але помніў, што іх паслалі сюды па распараджэнні Антушкова, які быў тут і сустракаўся з Пінчуком.

— Якое выйсце з гэтага, не ўяўляю,— гаварыў Антон Казіміравіч, палахліва паглядваючы на Казака.— Мы не можам парушыць загад Антушкова. Што яму нашы факты, калі ён доктар навук і, мабыць, лепш за нас ведае сельскую гаспадарку. Дый вы не ўяўляеце, які характар у Віктара Сямёнавіча!

— Знаеце, характар у Віктара Сямёнавіча, у Івана Пятровіча, у Пятра Іванавіча... Але ж мы павінны аб’ектыўна разабрацца. Гэта ж факт, Пінчук плануе і піша, нібыта гэтак і ёсць, што парасяты на свінакомплексе захоўваюцца стопрацэнтна, ніводнае не здыхае. Трымае ўдвая больш свіней,— гарачыўся Віталь.— Ён авантурыст, які прыгожа ўмее паказваць тавар, а некаторыя адказныя таварышы вушы і развесілі. Ён жа паразіт — жыве за кошт дзяржавы, сваіх кармоў амаль не нарыхтоўвае.

— Што вы мне расказваеце, я і сам ведаю,— нецярпліва спыніў Казака Антон Казіміравіч,— аднак сваё прозвішча пад артыкулам, які будзеце пісаць, не хачу ставіць.

Антон Казіміравіч дастаў з кішэні пінжака трубачку з таблеткамі валідолу, палажыў адну пад язык. Адкінуўся на падушцы, здавалася, што спіць,— вочы былі заплюшчаны.

— Няўжо баіцеся Антушкова? — спытаў Віталь, але той не адгукнуўся.— Я магу напісаць артыкул і сам, але ўсё роўна раскажу, што вы былі са мной і ў апошні момант па незразумелай прычыне адмовіліся ад сааўтарства.

— Навошта вы мяне шантажыруеце? — усё ж Антон Казіміравіч не спаў, ён адкінуў з сябе коўдру і падняўся з ложка, цыбаты і худы. Запаліў цыгарэту, хоць яны і дамаўляліся не курыць у пакоі, і нервова забегаў узад-уперад. У Антона Казіміравіча была манера амаль праз слова гаварыць «прабачце».

— Прабачце, але ж вы, напэўна, не ўяўляеце, прабачце, хто такі Віктар Сямёнавіч Антушкоў...— ён нерваваўся, ледзь не ламаў рукі.— Нас паслалі па станоўчы матэрыял, па вопыт, а мы што? — спыніўся на момант і пальцам паказаў на сябе і на Віталя.— Прабачце, хто мы?

— Хто мы? — паўтарыў і Віталь.— Мы савецкія людзі і камуністы. У вас жа ёсць сумленне?

— Сумленне? — перапытаў Антон Казіміравіч.— Канечне. Толькі, прабачце, вы забылі пра загад. Дый, урэшце, мы правяраючыя, і, мусіць, трэба сказаць аб сваім уражанні Пінчуку? Ці як робіцца звычайна: напісаць даведку па выніках праверкі і даць пачытаць яму,— разгублена сказаў ён.

— Мы не правяраючыя, а спецыяльныя карэспандэнты газеты, Антон Казіміравіч,— узлавана ўскочыў з ложка і Віталь,— і не абавязаны знаёміць са сваімі вывадамі Пінчука. Вы ўяўляеце, што будзе пасля таго, як раскажам яму: таварыш Пінчук, вы авантурыст і круцель, падманулі адказнага работніка таварыша Антушкова, і таму мы раскрытыкуем вас на старонках газеты. Ведаеце, што ён зробіць?

— Прабачце, прыблізна,— спыніў сваю хаду Антон Казіміравіч і сеў на ложак.

— А я дакладна ведаю, што ён пазвоніць Антушкову і той зробіць усё, каб мы з вамі засталіся ў дурнях.— Казак падумаў, што так і можа быць. Зараз было б варта з кім-небудзь параіцца, аднак з кім? Не з Пінчуком жа? Ён успомніў першага сакратара райкома партыі, свайго знаёмца, які прыязна сустрэў іх.

— Прабачце, вось што! — усклікнуў Антон Казіміравіч, ляпнуўшы сябе далонню па лобе.— Вы ж, прабачце, казалі нібыта туташні сакратар ваш знаёмец, сябра...

— Ну і што?..

— Тады давайце, прабачце, разважаць лагічна,— Антон Казіміравіч лёг на ложак і накрыўся да грудзей коўдрай, паверх якой выцягнуў худыя, у дробных радзімках рукі.— Ён у раёне чалавек новы, авантурыста і круцяля на пасадзе старшыні калгаса наўрад ці захоча пакінуць. У яго больш зацікаўленасці ачысціць ад шалупіння раён. Значыць, прабачце, трэба яго пазнаёміць з нашымі вынікамі праверкі, і думаю, што ён не будзе супраць гэтага артыкула. Такім чынам, у нас будзе падтрымка райкома партыі, а гэта ўжо сур’ёзна. Толькі трэба так аформіць думку пра «Маяк», каб у першага сакратара не было ніякіх сумненняў наконт таго, крытыкаваць ці не...

— Мусіць, так...— згадзіўся Віталь і задумаўся. Сябра-то сябра, але ніякай дружбы яшчэ паміж імі не было. Проста адзін раз шчыра пагаварылі, і ўсё, засталіся знаёмымі. Да сяброўства далёка... Нарэшце Казак вырашыў, што і першаму сакратару пра ўсё гаварыць не варта. Ён на гэтым настаяў, і Антон Казіміравіч уступіў, таму што апошняе слова ўсё-ткі было за Казаком. Карэспандэнту пісаць артыкул і адказваць, урэшце, за кожны радок таксама яму. Але ж усё роўна яны абодва аўтары, і калі што, дык спытаюць і з аднаго і з другога.

— Ладна,— сказаў Антон Казіміравіч.— Антушкоў не вечны, а я сумленнем не гандлюю.

Потым ён узбуджана расказваў, колькі авантурыстаў і махінатараў бачыў у сваім жыцці, працуючы ў міністэрстве. І ён заўсёды быў прынцыповы, змагаўся за праўду, казаў, што ведае эканоміку сельскай гаспадаркі лепш, чым сябе. Казак недзе а другой гадзіне заснуў і не чуў гэтых усіх успамінаў. Толькі пад раніцу Антон Казіміравіч заўважыў, што сусед спіць, і тады выключыў святло.

 

2

Пасля каляд маразы спалі. Снегу было шмат, куды вокам ні кінь — усюды белы колер, дрэвы ажно паўгіналіся ад сваёй зімовай вопраткі. У гэтую зіму вельмі дапамагалі людзям коні. Там, дзе трактар не мог прайсці, конь знаходзіў сабе дарогу. У райцэнтры раптам ледзь не ўсе прыахвоціліся катацца на лыжах, і ў магазіне спартыўных тавараў раскупілі запас лыжаў, які ствараўся не адзін год, бо збыту не было, а база тавар пастаўляла.

Завіруха прыціхла, і бульдозеры прабілі дарогу праз снегавыя горы да ўсіх вёсак. Ужо больш-менш рэгулярна хадзілі аўтобусы.

Аднак з калгаснай канторы Геша Заяц дабіраўся пешшу, ішоў павольна і ўсё мацюкаўся. За тую аварыю на любавіцкай ферме з яго ўтрымалі частку зарплаты, а калі ён зайшоў у бухгалтэрыю «пакачаць правы», галоўбух сказала, што гэта яшчэ не канец, Геша будзе разлічвацца з калгасам амаль год. Узлаваны на ўвесь белы свет, Геша не дачакаўся спадарожнай машыны і аўтобуса, шыбануў па цаліку. За вёскай прачысцілі бальшак, і ён далей патупаў па ім. Ісці было не надта далёка. Мо пяць кіламетраў, а мо трохі больш.

Хоць быў сярдзіты і разнерваваўся, але змікіціў па дарозе забегчы ў краму, купіў бутэльку віна, два боханы хлеба і цукру. Маці папрасіла, бо ў хаце засталося на раз чаю папіць.

Ён мінуў поле і пайшоў лесам, мармычучы пад нос, ніяк не мог супакоіцца. Злаваў, што яго пакрыўдзілі. Старшыня калгаса несправядліва абышлася з ім, улічыла б хоць, што суседзямі колькі год былі. Усё забыла, як стала начальнікам, быццам гусей на адным пастаўніку не пасвілі. Цяпер ёй больш пашанцавала, а яму менш, але гэта не значыць, што Геша нікуды не варты чалавек і з ім можна як з мячыкам: захацеў — ляпнуў нагой альбо рукой, усё роўна паляціць.

У лесе было зацішна, і ён хутка ўпарыўся, расшпіліў ватоўку, шапку адкінуў на патыліцу. Бывала, у гэтым ляску ён ставіў драцяныя петлі на зайцоў. Здаецца, за тым узгоркам у дзяцінстве яны выкапалі з Палінай зямлянку і гулялі ў партызан.

Ціха стаяў лес, нібыта драмаў пад цяжарам зімы. Толькі зрэдзь патрэсквалі сухія галінкі, дажывалі сваё нядоўгае жыццё. Пад агромністай старой сасной вытыркаўся з-пад снегу гарбаты корань, і ад яго адыходзілі яшчэ два парасткі. Разам яны стваралі нешта накшталт сядзення, трошкі прысыпанага снегам. Геша хоць і не стаміўся, але як убачыў створанае прыродай крэсла, так і захацелася на ім пасядзець. Змахнуўшы рукавіцай снег з кораня, ён прысеў: холаду не баяўся, таму што быў цёпла адзеты.

Не ў яго звычаі было проста так сядзець, калі ў торбе ляжала бутэлька. Ён адкаркаваў яе і з рыльца пацягнуў крыху саладкаватую вадкасць. Цяпло разлілося па ўсіх жылах, і ўсё роўна ўжо было: зіма на вуліцы ці лета. Гешу захацелася спаць. Невысокая сасна, якая была за пяць крокаў ад яго, раптам захісталася у вачах, разраслася ўшыркі і замахала галінкамі, нібыта наганяючы сон...

Замёрз бы Геша, калі б не ўпаў на пень і не стукнуўся аб яго галавой. Ад удару ён ачнуўся. Кароткі зімовы дзень пачынаў чарнець, і з гушчару дрэў выпаўзаў сіні надвячорак. У гарачцы Геша ўскочыў на ногі, але нібыта хтось яго штурхнуў у плечы, і ён грымнуўся ніцма. Здалося, ногі адмерзлі. Страх падняў яго з зямлі, і калі пачалі калоць голкі ў пятах, вышэй калена, здагадаўся, што ногі самлелі, курч улез.

Геша падабраў ля елкі кіёк, узваліў на плечы мех і, хістаючыся, патупаў да Любавіч. Ён успомніў, што не скончыў лаяць Паліну Ігнатаўну і галоўбуха, але злосць прайшла. «Цяперка б у ложак»,— думаў Геша і шкадаваў, што рушыў самаходзь, а не дачакаўся спадарожнай машыны. Некалі ў гэткі час Марцін з Ясавіч не застаўся начаваць у дзядзіны. Ісці трэба было праз Сапажынскі лес, дзе і летам благая дарога. Надта разумны і хітры Марцін. Гаварылі — не ідзі. Але яму што чалавек гаворыць, што сабака брэша — адзін чорт. Пайшоў Марцін са сваім гонарам. Угрэўся і акурат у Сапажынскім лесе ўдумаў адпачыць. Сеў пад ялінай, а вакол зацішна, лес гамоніць, закалыхвае. Пахітаў галавой Марцін, паспрабаваў змагацца са сном, але ж дзе там. Былі б яму кранты, калі б той дарогай не ехаў на кані ляснік з Ласавы. Ёсць жа шчасце ў чалавека!

Ужо і снегам пачало заносіць, толькі і тырчалі з гурбы плечы і галава. Выратаваў ляснік Марціна. Паляжаў тады ў бальніцы тры месяцы. І што памарозіў, смех і грэх: калі ўмасціўся пад ялінай, прыціснула па малой патрэбе... Ад гэтых думак Геша пашыбаваў яшчэ шпарчэй. Аднак па снезе ісці было нялёгка. Захацелася піць, і ён загарнуў рукою снегу, пасмактаў яго, адчуваючы, як холад кусае за горла. Стала лягчэй дыхаць.

Калі Геша выбраўся з лесу, было ўжо зусім цёмна. Дахаты адразу ісці не хацелася. Матка пачне есці, што мала грошай прынёс. «Мо да Хрысці пайсці?» — вагаўся Геша. Жанчына спраўная, чыстая і багатая. Столькі кніжак у хаце. Калі ж прадаць іх?.. Надакучыла жыць пад абцасам у маткі, як лахудра ходзіць, нібыта вецер у полі. Але ж Хрысця старэйшая за яго. Хітрая ліса: завёў карову ў хлеў, на вуліцу не выганіш. Пакуль матка здаровая і дужая, хоць і скардзіцца на сэрца. Аднак год-другі — і застанешся, як воўк, адзін. Бялізну памыць не будзе каму, капусты зварыць. Можна, канечне, і самому прыстасавацца, ды ці ж гэта жыццё?

Ад лесу Геша арыентаваўся на ферму, дзе запалілі святло. «Зайду адпачну...» — вырашыў ён, збочыў з дарогі і пайшоў напрасткі, забыўшы, што ад лесу за фермай летась выкапалі яму, з якой бралі жвір на будаўніцтва. Успомніў пра гэта, калі нечакана шухнуў некуды ўніз, перавярнуўся, балюча выцяўшыся сцягном, і ледзь не па шыю зарыўся ў снег.

Выпаўз з ямы мокры, з абадранымі да крыві рукамі і тварам. Смылеў лоб, мусіць, пасек скуру. Нідзе не было відаць мяшка. Калі падаў, выпусціў яго з рук. Паспрабуй знайсці ў такой цемры, не хапала толькі шыю зламаць. Крэкчучы і стогнучы, Геша з цяжкасцю выпрастаўся і пачаў шукаць мех. Неспадзявана хутка знайшоў. Мех ляжаў за два крокі ад ямы. Нібыта знарок хтось палажыў яго тут.

Цягнучы ногі, як стары дзед, Геша паклыпаў да фермы. Моцы хапіла дайсці да кароўніка, у якім быў чырвоны куток. Геша ўвайшоў і амаль зваліўся на табурэтку.

У пакоі сядзела загадчыца фермы Клімянкова, штось пісала. Як глянула на электрыка, твар ажно спалатнеў.

— Геша, што з вамі? — спуджана вымавіла яна.— На вас нехта напаў?

У Гешы не было сілы гаварыць, але ён адказаў. Надта ўжо, дурніца, напалохалася, яшчэ крычаць пачне.

— Але ж, напаў,— сказаў Гета, знясілена хітнуўшы галавой,— мядзведзь...

— Ай-яй-яй, мядзведзь! — на твары ў Клімянковай быў страх. Нерашуча прапанавала: — Дайце хоць кроў змыю. Бачце, як распаласаваў лоб, не інакш, кіпцюром...

— Кіпцюром, кіпцюром,— ледзь здужаў прамовіць Геша. Дзяўчына нахілілася над ім, сваёй хусцінкай пачала выціраць кроў з твару. Скура ўжо не смылела, толькі крыху адчувалася, што на лобе рана. Рукі Клімянковай нібыта гладзілі яго, песцілі. І ад стомы Геша заплюшчыў вочы, і сівы туман паплыў перад ім. Ён адчуў, быццам хтосьці пацягнуў з-пад яго табурэтку і ён зараз кульнецца на падлогу. Каб не ўпасці, падняў рукі і абхапіў Клімянкову, якая стаяла блізка ля яго, мазала ёдам ранкі. Яна ад неспадзеўкі войкнула, і ад гэтага Геша ачнуўся, што моцна прыціснуў да сябе дзяўчыну. Мусіць, тая спалохалася, ускінулася, нервова тарганулася, як прышчамілі ёй палец.

— Пусціце! — прашаптала яна збялелымі вуснамі і ўперлася рукамі Гешу ў грудзі. Яму гэтая дзяўчына і не патрэбная была, але як заўважыў, што аж трымціць, наўмысна напружыўся, каб прытрымаць, а потым пасмяяцца.

— Пусціце! — шаптала Клімянкова. Ад барацьбы з Гешам у яе расшпіліўся ўверсе халат і бліснула белая палоска скуры. Ён глянуў на шыю дзяўчыны і неспадзявана для сябе мацней прыцягнуў. Яшчэ трохі, і Геша, як цяля, тыцнуўся вуснамі ў белую палоску. Клімянкова, вырваўшыся з яго абдымкаў, пляснула такую аплявуху, што зазвінела ў галаве.

— Здурнела? — разгублена сказаў Геша. Мо і ён ударыў бы дзяўчыну і ўжо замахнуўся рукой, хоць ні злосці, ні абразы не адчуваў.

— Памажыце! — пранізліва ўскрыкнула Клімянкова.— Памажыце!

У пакой з сахаром ускочыла Фрося. І з парога да Гешы. Як яна тут апынулася, невядома. Мусіць, сянаж каровам раздавала.

— Шчо здзекуешся з дзеўкі? — прыставіла Гешу сахор да грудзей. Цяжка зразумець, калі Фрося жартуе, а калі робіць усур’ёз. Гешу было горача, а цяпер стала холадна.

— Ты... ты з віламі не жартуй,— сказаў ён,— чуеш?..

— Шчо ён ад цябе хацеў? — спыталася Фрося ў Клімянковай.— Малайчына, як разукрасіла...

— Пусціце яго, Фрося,— папрасіла Клімянкова,— ён... ён нічога мне не зрабіў...

— Нічога? — адняла Фрося сахор ад грудзей.— Навошта ж яму морду абадрала?

— Ён сам...

— Сам? Так і паверу,— узялася Фрося ў бокі.— Мо замуж за яго хочаш?

— Што вы, Фрося,— засаромелася Клімянкова.

— Дык шчо, хай ён ідзе? — Фрося паказала на Гешу, які вырашыў, што лепей цяпер змаўчаць.

— Няхай,— згадзілася загадчыца фермы.

Перакінуўшы мех цераз плячо, Геша пацягнуўся ў вёску. «Во бабы дурныя, каб іх гром пабіў!» — лаяўся ён, але быў задаволены, што зайшоў на ферму. Рукі ў Клімянковай мяккія і ласкавыя. Маладая, на гадоў дваццаць маладзейшая за яго. Калі б жаніўся ў васемнаццаць, магла быць у яго ўжо такая дачка. Шыя ў яе, здаецца, прыгожая...

Геша плёўся, успамінаў, як спалохалася Клімянкова, убачыўшы ягоны твар у крыві. Яна шкадавала, нібыта ён быў блізкі чалавек. Дый рабаціння не так і шмат на твары. Разумная, тэхнікум скончыла. Бач, не сказала Фросі, што абдымаў яе. Гэтая прыляцела з сахаром, абаронца!

Цьфу!

Ён азірнуўся на ферму, якая была здалёк відаць. Чамусьці захацелася вярнуцца...

Насустрач сунулася нейкая постаць. Цёмна, не пазнаеш хто. Сутыкнуліся амаль твар у твар. Гэта была жанчына, і варта было ёй сказаць: «Добры вечар!», як Геша зразумеў, хто гэта.

— Здароў, Хрысця!

— Генік, ты? — ухапіла за руку.— Маці турбуецца. Кажа, дзе той гіцаль. Мо ў снег упаў і спіць...

— Навошта мне спаць, чы я дурны, чы алкаголік? — рагатнуў Геша.— Вот іду здаровы і вясёлы...

— Бачу, Генік, бачу. Мо зойдзем у маю бедную хатку? — сказала Хрысця.— Паседзімо, пагаворымо.

«Дамоў прыйдзеш, матка будзе лаяцца, крычаць. Няхай панервуецца, пачакае, трохі схуднее»,— нядобра падумаў Геша пра маці і пацягнуўся за Хрысцяй.

 

3

Прыгледзець дзяцей Паліна папрасіла суседку цётку Алену. Хоць дачка і ў пяты клас ходзіць, але да бяды не многа трэба. Паліна затрымалася ў майстэрні, дзе быў сход механізатараў. На дварэ зіма, а і да вясны ўжо недалёка: абмяркоўвалі склад звенняў на час сяўбы. Парадаваў старшыню Ляксей Капуста, які вёў сход. Хлопцы слухаліся яго, гэтага маладога, здавалася, лепш, чым яе. Аж зайздросна стала. Колькі ён галоўным інжынерам, без году тыдзень, а нібыта ўсё жыццё на гэтай пасадзе. Проста не пазнавала людзей, прыгажэйшыя сталі з Капустам, ці што? Вось што робіць павага, думала яна, бо ведала: з кожным Ляксей гаворыць пачціва, але патрабуе намнога больш, чым Уладзіслаў. Той з некаторымі піў, абдымаўся, а яго ўсё роўна ніхто не паважаў, лічылі ледзь не апошнім чалавекам у вёсцы.

Толькі надта чырванець стаў Капуста пры сустрэчах з ёй, не хапае, каб яшчэ закахаўся. Дзяўчат мала яму, ці што? Яна б пасватала Клімянкову — дзяўчына хоць і непрыгожая, але ж добрая гаспадыня будзе ў хаце. Відаць ужо цяпер па тым, які парадак на ферме. Пара Ляксею жаніцца, каб не разбэсціўся. Што ні кажы, а ў руках машына. Маладая галава — дурная, закіпіць кроў і мігам вочы заслепіць. Заўважыла, што як убачыць Ляксей яе, нібыта дурнее. Яна сярдзіта глядзіць на яго, а ў душы цёпла-цёпла, святочна.

Паліна пакінула машыну ў гаражы і вярталася дахаты пехатой. Даўно не было ў яе такога настрою, калі хацелася спяваць. Жыццё ж не скончылася, і яна не старая, трошкі за трыццаць. Іншая жанчына толькі пачынае сямейнае жыццё. Гэта ж не пры панах, калі ў трыццаць кабета мела паўхаты дзяцей і твар у яе быў што печаны яблык. «Ой, шчо гэта я, дурніца, думаю,— зазлавала на сябе,— дзеці ўжо вялікія...»

Радасць цяпер у яе адна: што дзеці здаровыя, добра вучацца, што калгас год няблага закончыў. Наўрад ці ў каго лепшыя паказчыкі ў раёне і па бульбе, і па збожжы, і па мясу, і па малаку. І цяпер не сорамна глядзець ім у вочы, пасля таго як развялася са Станіславам. Дамоў прыйдзеш, спакойна адпачнеш. Не трэба думаць пра тое, што прыпаўзе на карачках.

Быў жа некалі нармальны чалавек, пакуль не распіўся. Спярша піў патрошку на святы, а потым пайшло, паехала. Адкуль, здавалася, усё ўзялося? Перадавалі ёй, што бачылі яго ў райцэнтры з Іванам, сынам Карнілы, якога вытурылі з міліцыі. П’яніца знойдзе п’яніцу...

Падыходзячы да сваёй хаты, Паліна здзівілася: ва ўсіх вокнах гарэла святло. Навошта дзеці наладзілі гэту ілюмінацыю? Мо забылі выключыць? У акне на кухні мільгалі цені, быццам хтось махаў рукамі.

Трывожна стала на сэрцы, хоць не было прычыны непакоіцца: цётка Алена ў хаце. Мусіць, гэта яна і мітусіцца на кухні.

Было прыемна думаць пра Ляксея, пра тое, як першы сакратар пацалаваў ёй руку на бюро і павіншаваў з днём параджэння. Хацелася пабыць адной, каб гэтыя думкі патрымаліся даўжэй у галаве, каб настрой, з якім ішла дамоў, застаўся. Яна пастаяла ля клуні, абапёршыся на плот, і адчула раптам сябе шчаслівай і маладой. Думала пра Ляксея, што ў яго па-дзявочы доўгія вейкі. «Жаніцца, жаніцца яму трэба»,— супраць волі прымушала гаварыць сабе Паліна.

Цікава, а як жыве ў сям’і Фёдар Васільевіч? Здаецца, ён ласкавы і дзяцей моцна любіць? Шанцуе некаторым жанчынам у жыцці. Чым яна горшая: ні калека, ні дурная, інстытут скончыла. Доля горкая...

«Хопіць стагнаць і плакаць!» — сказала яна сабе. Святло па-ранейшаму зіхацела ва ўсіх пакоях, і Паліна ўзлавалася на дзяцей, што паляць без патрэбы столькі энергіі. Змалку сама прывучана быць ашчаднай і гэткімі ж выхоўвала малых. Ды не ўсё робіцца, як хацелася б. Ім дзесяць — дваццаць разоў паўтары адно і тое ж.

Паліна пастаяла яшчэ крыху, паўглядалася ў неба, спрабуючы здагадацца, якое назаўтра чакаць надвор’е, і пацюпала ў хату. Дзверы ў сенцах былі адчынены, і за парог накідала снегу. Яна зграбла снег на лапату, што стаяла ў куце, і выкінула на двор. Потым яшчэ падмяла падлогу, смецця назбіралася за дзень.

Яна зняла кажушок у сенцах, разулася і ўступіла ў цёплыя, абшытыя футрам пантофлі. Адчыніла дзверы ў хату — і аж дрэнна стала. На кухні было цёмна ад цыгарэтнага дыму. За сталом напроці адзін аднаго сядзелі ўжо на добрым падпітку Станіслаў з Іванам. Перад імі сала, кілбаса, капуста, усё, што было ў хаце, узялі на закусь. Абодва вясёлыя, акурат Станіслаў хваліў Івана.

Першае жаданне, якое ўзнікла ў Паліны, было схапіць бутэльку са стала і выперці з хаты былога мужа і яго сябрука. У гарачцы памкнулася да стала, але пашкадавала сябе і дзяцей.

— А, жана! — закрычаў Станіслаў.— Сядай за стол, нальем і табе сто грамаў. Праўда, Ваня?

— Але ж, чаму не наліць,— расплыўся Іван Карнілавіч і вусны аблізвае, як кот,— сядай ля мяне, гаспадынька! Вазьмі мяне замест мужа, я — ого-го! — і непрыемна зарагатаў, здалося нешта жабінае ў твары. Успомніла Паліна, што яго і ў школе жабаю называлі.

— Ну, сядай, даражэнькая Палінка-малінка! — ухапіў яе за руку Іван Карнілавіч.

— Ану адымі руку! — сказала Паліна.

— Мне крыўдна! — усклікнуў былы старшына.— Несправядліва пакрыўдзілі.

— Каго?! — Паліна з нянавісцю глянула на Івана Карнілавіча, сказала: — Глянь, якое пуза наеў, а за чые грошы, крывасмок ты? За людскія, табе не тут трэба сядзець, а за кратамі. Ты ж злодзей! Мала цябе пакаралі, мала!

Былы старшына, слухаючы Паліну, хмурнеў. Захадзілі пад скурай жаўлакі. Глядзеў на яе ўжо спадылба, пасля як ляпне рукой па стале, аж шклянкі і талеркі падскочылі.

— Ты шчо стукаеш у маім доме, ламаеш мэблю і б’еш посуд? — усхадзілася Паліна.— Вон адсюль, каб і нагі тут вашай не было. Шчо, п’янтос, думаў, жартавала з табой,— накінулася на Станіслава,— прэч з хаты разам са сваім дружбаком.

— А ты мяне не ганяй! — з выклікам загаварыў Станіслаў.— І маё тут ёсцека, а не толькі тваё. Зараз, Ваня, як пальну ёй па носе!

— Навошта жанчын біць па носе, іх трэба любіць,— спыніў яго былы старшына.— Аддай мне жонку хоць на гадзіну.

— Бяры, хоць задушыся з гэнай лярвай,— пырскаў слінай той,— але стаў за гэта мне бутэльку.

— Нямашака...

— Ладна, аддаю,— махнуў рукой Станіслаў.

Яшчэ больш расплыўся Іван Карнілавіч, падняўся, цмокае, што свіння, сваімі тоўстымі губамі. Нешта надумаў, ускінуў галаву.

— Уключы музычку! — шчоўкнуў пальцамі.— Мы з Полечкай станцуем полечку!

Цырымоніцца з імі яна ўжо не магла. Сарвала з вешалкі іхнія паліто, кінула ў рукі.

— Прэч адсюль! — ціхім дрыготкім голасам сказала Паліна.— Прэч, мярзотнікі!

— Мама! — пачула яна крык сына і ягоны плач. Азірнулася на дзверы ў гасціную: ён стаяў бездапаможны і маленькі, як беспрытульны. І гэта ў сваёй хаце?

— Апошні раз гавару — вон! — прамовіла яна.

— Куды вон? — асалавела паводзіў вачыма Станіслаў.— На мароз? Ты, б..., курва, за людзей нас не лічыш.

— Не лічу, бо вы не людзі! — крыкнула Паліна.

— Не людзі, ах ты...— Станіслаў падхапіў са стала талерку і шпурнуў у яе. Паспела ўхіліцца.

— Што б вас! — ужо не разважаючы, убегла ў гасцёўню і замкнула за сабою дзверы. Потым адкрыла шафу, выцягнула стрэльбу. Хацеў Станіслаў забраць пры разводзе, але не аддала, вырашыўшы здаць у міліцыю, ды забыла. З пачка Паліна дастала патроны і зарадзіла абодва ствалы. На хаду пацалавала дачку і сына, шапнула: «Сядзіце ціха...» Ходырам хадзілі рукі, і стрэльба здалася страшэнна цяжкаю. Паліна спынілася перад дзвярыма, як перад сцяной, праз якую доўга лезці, каб перабрацца на другі бок, дзе чуваць п’яныя галасы Станіслава і Івана. У яе руках зброя. Што пасля будзе, што скажуць людзі? А Фёдар Васільевіч, які гаварыў, што яна лепшы старшыня ў раёне? Каб хто-небудзь сказаў зараз ёй, ці правільна яна робіць. Адна... Мо пазваніць участковаму? Але позна ўжо, спяць людзі, навошта іх трывожыць. Досыць і так славы, якая ёсць...

— Ау! Дзе ж ты, мая галубка? — да дзвярэй падышоў Іван.

«Калі адчыніць дзверы... Хоць напалохаю...»

— Выходзь, па чарачцы возьмем,— сказаў Іван і ўдарыў нагой па дзвярах.

Дзеці, напалоханыя, з белымі тварамі, прыціснуўшыся адно да аднаго, сядзелі ў кутку ля шафы на канапе. Хто мае такое права, каб палохаць дзяцей?!

— Не бойцеся!— не паварочваючыся, сказала яна і адамкнула дзверы. Адчыніла іх левай рукой, трымаючы ў правай стрэльбу. Выйшла з пакоя імкліва, раскінуўшы ў бакі абедзве палавіны дзвярэй. Зрабіла мо тры крокі і ўперлася стрэльбай у Івана, які ад нечаканасці, здалося, паменшаў ростам. Штосьці гаварыў Станіслаў, але, не дакончыўшы слова, замёр з раскрытым ротам і з відэльцам у руцэ. Ён быў разуты, боты стаялі пад сталом.

— Абувайся! — хітнула стрэльбай на Станіслава. Ён паклаў відэлец, дастаў з-пад стала боты і, не накручваючы ануч, пачаў абувацца. Але анучы былі ў ботах, і ногі не ўлазілі. Нарэшце Станіслаў убачыў гэта.

Іван, не чакаючы, што скажа Паліна, падхапіў з табурэткі паліто і пачаў ліхаманкава апранацца. Калі надзеў шапку на галаву, стаў смялейшы. Узяў табурэтку, сеў ля парога. Зноў твар нахабны, а на вуснах крывая ўсмешка.

— З законам жартуеш. Я закон ведаю... — не дакончыў сваю прамову, бо Паліна павярнула на яго стрэльбу, і ён адразу, яшчэ седзячы на табурэтцы, ухапіўся рукой за клямку. Адчыніў клямку і ўскочыў з табурэткі адначасова. Не стаў чакаць свайго сябра, быццам і не было яго ў хаце. Толькі ляпнуў дзвярыма з такою сілаю, што зазвінела шкло ў акне.

— Паліна...— жаласна выгаварыў Станіслаў, які ўрэшце абуўся, але марудзіў — не апранаў паліто.— Куды мне ісці, гэта ж мая хата... Дзеці мае...

— Вон! — з нянавісцю сказала яна, стрэльбу не апусціла, трымала напагатове. Станіслаў згорбіўся, абмяк увесь, пусціў слязу. Нацягнуў паліто, а зашпіліць не здужаў — не хапіла смеласці стаяць пад мушкай.

— Куды мне?.. Якая ты жорсткая,— вымавіў, блытаючы словы, а вочы ў яго былі пустыя і абыякавыя.

Хітнуўся ўправа-ўлева, быццам вялізная лялька, у якой накруцілі спружыну, і, няўклюдна ступаючы даўно не ваксаванымі ботамі, вываліўся з хаты. Не зачыніў за сабой дзверы ў сенцах, памарудзіў на ганку і ступіў на зямлю, як праваліўся ў цемру.

Паліна выйшла ўслед за ім, спуджана паслухала вуліцу, але нічога не было чуваць, і яна хуценька зачыніла дзверы, замкнула іх. Забыўшы, што стрэльба зараджана, адкінула яе ад сябе і, сціснуўшы твар далонямі, заплакала. Больш так жыць яна не можа і не будзе!.. Але што прыдумаць, не пісаць жа заяву ў суд, нібыта былы муж хацеў забіць яе ці пагражаў спаліць хату? «Што ж я за старшыня, калі не магу наладзіць у сваёй сям’і спакой? Колькі ж гэта можна так?!»

Не хадзіць жа ёй з дубальтоўкай. Трэба здаць. Ці змагла б яна выстраліць?.. Ой, лепш пра гэта не думаць. «І супакойся, хай яны падрыжаць. Слёзы мае ад злосці і ад бяссілля. Я — жанчына, і мяне павінен абараняць мужчына. Толькі дзе ён? Ну, нічога, абышлося. Заўтра нешта будзем думаць. Толькі заўтра... На сягоння хопіць таго, што было...»

 

4

На Пленум ЦК ад Дзяпраўскага раёна былі запрошаны Фёдар Васільевіч, старшыня райвыканкома і шафёр з «Маяка», які быў кандыдатам у члены ЦК. Яго Патоліч яшчэ добра не ведаў.

Яны селі разам недалёка ад трыбуны. Знаёмыя хлопцы, з якімі Фёдар Васільевіч працаваў у апараце ЦК, расказалі, што даклад будзе вельмі цікавы. І ён, хоць матэрыялы Пленума друкуюцца ў газетах, тое-сёе вырашыў занатаваць. Не раз слухаў, як выступае першы сакратар ЦК, і ўсё ж не мог не падзівіцца яго прамоўніцкаму майстэрству, амаль акцёрскай знешнасці.

Калі першы сакратар ЦК выйшаў на трыбуну, зала сустрэла яго апладысментамі. Высокі, маладжавы, з Зоркай Героя на пінжаку — такім яго заўсёды бачылі ў калгасах, на заводах і ў інстытутах, дзе ён часта бываў. Пачаў гаварыць першы сакратар неяк ціха, даверліва, нібыта перад ім была не вялікая зала, перапоўненая людзьмі, а толькі адзін чалавек. Аўтарытэт у яго быў агромністы, ён вырас на вачах у гэтых людзей.

Фёдар Васільевіч слухаў першага сакратара і раптам успомніў, як два гады назад у раёне, дзе працаваў старшынёй райвыканкома, праходзіў рэспубліканскі семінар па сельскай гаспадарцы. Пасля падвядзення вынікаў у Палацы культуры ўсе яго ўдзельнікі выйшлі на вуліцу. Фёдар Васільевіч з першым сакратаром райкома партыі Кузакіным, як гаспадары, былі побач з першым сакратаром ЦК. На гэты час перад Палацам культуры на плошчы сабралася мноства людзей, хоць, як помніў Фёдар Васільевіч, такога загаду не было. Шмат хто трымаў кветкі ў руках. «Што гэта значыць?» — сурова спытаў першы сакратар ЦК, павярнуўшыся да кіраўнікоў раёна. Не дайшоўшы некалькі крокаў да машыны, ён завярнуў і напрасткі цераз плошчу накіраваўся да натоўпу. Некаторыя з удзельнікаў семінара пайшлі за ім. Не адставалі і Фёдар Васільевіч з Кузакіным.

Калі падышлі да людзей, першы сакратар ЦК прыпыніўся на хвіліну, нібыта аб нечым думаючы, а затым пайшоў уздоўж тратуара, паціскаючы людзям рукі. Раптам Фёдар Васільевіч заўважыў наперадзе сіваватага мужчыну ў зашмальцаванай фуфайцы. Гэта быў вядомы ўсяму раённаму гарадку Казік Парушкевіч, па мянушцы Сівы Конь. Ён збіраў анучы і штодзень ездзіў па вуліцах. Пры сустрэчы з кім-небудзь з раённага кіраўніцтва любіў пажаліцца на сваю долю і прасіў дапамагчы то з дровамі, то з газам, то абутак купіць. Аб ім у райкоме партыі і ў райвыканкоме не маглі спакойна гаварыць. Таму, убачыўшы Казіка Парушкевіча, Фёдар Васільевіч ажно здрыгануўся. Ён ужо думаў непрыкметна паклікаць начальніка міліцыі, каб той прытрымаў неяк Сівога Каня,— трэба ж было паклапаціцца пра гонар раёна. Калі Казік выкіне які нумар, дык пасля будуць казаць, што Кузакін з Фёдарам Васільевічам не змаглі наладзіць парадак на семінары. Якая можа скласціся думка аб іх, кіраўніках? Аб усім гэтым падумаў Фёдар Васільевіч і аж узрадаваўся, прымеціўшы начальніка міліцыі, які, мусіць, сам здагадаўся і таропка прабіраўся праз натоўп да Казіка Парушкевіча. Засталося мо пяць метраў, як той, нібы адчуўшы, што яму пагражае, рушыў насустрач першаму сакратару ЦК. Не паспелі ачомацца ні начальнік міліцыі, ні Кузакін, ні Фёдар Васільевіч, як Сівы Конь абмінуў апошняга чалавека ў жывой сценцы і выскачыў на тратуар. Зняў шапку, прыгладзіў рэдзенькія сівыя валасы на галаве і першым працягнуў руку сакратару ЦК. Нешта пачаў гаварыць і ўсё ціснуў, ціснуў руку. У Фёдара Васільевіча, здалося, зашчымела сэрца: наплявузгае абы-чаго. Змяніўся ў твары і Кузакін. Яны намагаліся пачуць, што Сівы Конь гаворыць, але з-за гуду натоўпу нічога не было чутно. Яшчэ крыху пастаялі Казік Парушкевіч з сакратаром ЦК, на развітанне зноў паціснуўшы рукі.

Праз паўгадзіны Фёдару Васільевічу і Кузакіну перадалі, што Сівы Конь быў у партызанах разам з сакратаром ЦК. Нібыта сказаў ён так: «Вось сустрэў старога таварыша, хоць і вялікім ты начальнікам стаў, але паціснуў руку — і можна цяпер паміраць». Сакратар спытаў у яго, ці не трэба якая дапамога, і Сівы Конь адказаў, што ўсё ёсць і нічога болей не хоча. Здзіўляліся ў раёне, доўга расказвалі гэта, быццам казку. Вось табе і Казік Парушкевіч, вось табе і Сівы Конь...

Прамоўца гаварыў палымяна, і голас быў звонкі, пранікнёны. Ціха стала ў зале, калі ён загаварыў аб пытаннях, па якіх апошнім часам было шмат скаргаў ад насельніцтва. Фёдар Васільевіч адразу ўспомніў і Фросю з Любавіч.

— У рэспубліцы, як і ва ўсёй краіне, распрацаваны і ажыццяўляюцца канкрэтныя меры,— сакратар ЦК крыху павысіў голас і, здалося, паглядзеў проста на яго,— якія накіраваны на паляпшэнне забеспячэння насельніцтва прамысловымі таварамі, на ўзмацненне патрабавальнасці да міністэрстваў, ведамстваў, арганізацый і служб, што адказваюць за парадак у гэтай сферы. Часам, на жаль, дэфіцыт тых ці іншых вырабаў узнікае пад уздзеяннем усялякага роду бязглуздых плётак, нараджаецца штучна. Так адбылося, напрыклад, з пасцельнай бялізнай, продаж якой павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам па розных відах ад трынаццаці да сарака працэнтаў. Гэтых вырабаў, якіх заўсёды было дастаткова, раптам стала не хапаць. Ясна, што ніякай аб’ектыўнай падставы для дэфіцыту тут няма. Тое самае можна сказаць і па шэрагу іншых тавараў. У сувязі з гэтым хацеў бы падкрэсліць, што і сыравінныя рэсурсы, і вытворчыя магутнасці па выпуску прадукцыі ў нас зусім не бязмежныя. Яны разлічаны на нармальны аб’ём і аптымальны рост спажывання, а не на стварэнне запасаў на будучыню. Гэта павінен зразумець кожны наш чалавек.

Становішча ўскладнілася мінулагодняй засухай, калі ўзнікла пагроза продажу прадуктаў жывёлагадоўлі насельніцтву. Мы гэтага не дапусцілі. За кошт усеагульных намаганняў, пра якія добра ведаюць гараджане, што ўдзельнічалі ў нарыхтоўцы кармоў, мы змаглі значна паменшыць страты ад стыхіі. Супрацьпастаўленыя ёй воля, энергія, арганізаванасць працоўных рэспублікі дазволілі выйсці з найскладанейшай сітуацыі. Праўда, багацейшымі мы не сталі, але зрабілі галоўнае — пагалоўе буйной рагатай жывёлы захавана...

...Фёдар Васільевіч слухаў першага сакратара ЦК, і здавалася, што зусім нядаўна быў у яго на прыёме. Дый не проста на прыёме. Мусіць, усё жыццё будзе помніць сваю сустрэчу з ім. Гучаў голас сакратара ЦК, і ў ім былі тыя ж інтанацыі, адценні. Якраз прамоўца пакрытыкаваў той раён, дзе Фёдар Васільевіч быў старшынёй райвыканкома. Праз два рады ад яго сядзеў Кузакін, які пасля кожнага слова сакратара ЦК усё ніжэй угінаў галаву. Зараз за недахопы адказваў ён адзін, узяўшы і ягоную долю цяжару на сябе. І Фёдару Васільевічу было шкада старога таварыша дый сорамна, бо і ён, значыцца, там рабіў нешта не так, як патрэбна.

...Нібыта сёння гэта было: пераначаваў першую ноч у санаторыі ў Юрмале і з адчуваннем свайго права на адпачынак раніцай выйшаў на свежае паветра, адзеўшыся ў спартыўны касцюм. Вырашыў пабегаць уздоўж мора. Можна было хоць трохі забыць пра раённыя клопаты, нарады. Ён стаяў на ганку перад санаторыем і ўзіраўся ў шэрае няласкавае мора, на якім не было відаць ніводнага карабля. Заплюшчыўшы вочы, думаў, што пачне купацца і бегаць, бегаць. І ажно скаланула, калі пачуў:

— Добрай раніцы, Фёдар Васільевіч! — На ніжняй прыступцы ганка стаяў яго вадзіцель Анатоль, які ўчора падвозіў да аэрапорта, а пасля паехаў назад у раён. Праз хвіліну стала зразумела: Цэнтральны Камітэт адклікаў усіх кіраўнікоў раёна з адпачынку ў сувязі са складаным становішчам па нарыхтоўцы кармоў. Кузакін захварэў, таму Фёдару Васільевічу, як старшыні райвыканкома, трэба ехаць на бюро ЦК, якое адбудзецца заўтра ў дзесяць.

Ён забыў пра мора, пра санаторый. Гэта ўсё ўжо было як сон. Думаў, што гаварыць на нарадзе. Ён нават не паснедаў і, не знайшоўшы свайго ўрача, не развітаўся, а знік з санаторыя, і ніхто не бачыў, як садзіўся ў машыну.

Ля райцэнтра іх сустрэлі другі сакратар райкома і начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі. Фёдар Васільевіч пагаварыў з імі мо паўгадзіны, на большае не было часу, яны перадалі яму паперы. Далей ехаў ужо супакоены, трымаў на каленях тоўстую карычневую папку, поўную дакументаў.

Ён паспеў акурат да пачатку бюро ЦК, перакінуўся слоўцам са знаёмымі, таксама запрошанымі для справаздачы па кармах, аднак ніхто нічога не ведаў. Стала ўсё зразумела, калі сакратары райкомаў і старшыні райвыканкомаў пабылі на пасяджэнні: той-сёй атрымаў вымову альбо суровую вымову з занясеннем ва ўліковую картку, некалькі чалавек былі вызвалены ад абавязкаў. Фёдар Васільевіч не лічыў, колькі разоў пераглядаў паперы, каб не заблытацца ў фактах, калі спатрэбіцца адказваць на пытанні членаў бюро. Здаецца, маральна быў гатовы. Але, калі назвалі яго прозвішча, адчуў, як задрыжалі рукі і ўзмакрэў лоб, да таго стала вусцішна. Прыхапіўшы з сабой папку, пад спачувальнымі позіркамі тых, хто яшчэ заставаўся ў прыёмнай, Фёдар Васільевіч увайшоў у залу. Там было шмат людзей, але амаль нікога не пазнаў, дый не глядзеў на іх. Ён бачыў толькі першага сакратара ЦК, які гучна гаварыў штосьці сівому пажылому чалавеку і адразу пераключыў увагу на Фёдара Васільевіча. Нейкае імгненне быццам углядаўся ў яго, нібы хацеў здагадацца, што за чалавек стаіць перад ім.

— Чаму ў вас мала нарыхтавана кармоў?! — рэзка спытаў ён.— Што перашкаджае нармальнай рабоце?

Фёдар Васільевіч нешта сказаў. Дакладней, ён адказаў, што не вырасла трава, мала лугоў у раёне. Ёсць праблемы, якія можна вырашыць толькі з дапамогай Цэнтральнага Камітэта.

Нечакана Фёдара Васільевіча падтрымаў той сівы чалавек, які напомніў, што за апошні тыдзень справы ў раёне палепшыліся, адчуваецца, што райком партыі і райвыканком сёе-тое робяць, каб выканаць план па кармах.

Сакратар ЦК уважліва выслухаў гэтага чалавека і згадзіўся з яго думкай. Астатнія члены бюро прамаўчалі.

— Едзьце ў раён,— сказаў сакратар,— і ніякіх адпачынкаў! Вельмі цяжкі год, і мы павінны быць як ніколі патрабавальнымі да кадраў. Майце на ўвазе, раён будзе на кантролі. Калі не выправіце становішча, будзем гаварыць з вамі і з першым сакратаром інакш...

...Цяпер у перапынку Фёдар Васільевіч вырашыў знайсці Кузакіна і пагаварыць з ім. Не таму, каб супакоіць, а проста падтрымаць словам, бо лічыў, што меў на гэта права. Пяцігодку яны працавалі разам, ён быў другім сакратаром, а потым па рэкамендацыі Кузакіна яго выбралі старшынёю райвыканкома.

Знаёмых сустрэў шмат, але, не затрымліваючыся, праходзіў міма. За Фёдарам Васільевічам падаўся і Кішковіч. Аднак яго неўзабаве спыніў старшыня райвыканкома з суседняга раёна.

Кузакіна не было відаць, і Фёдар Васільевіч падумаў ужо, што той мо зайшоў у які аддзел ЦК. Неспадзеўкі за купкай людзей ён убачыў высокую, прафесарскую постаць Антушкова, які гучна размаўляў, размахваючы рукамі. Побач з ім стаяў Кузакін. На яго твары была нейкая разгубленасць. Хоць і не чуваць, што гаварыў Антушкоў, але па выгляду зразумела: настроены агрэсіўна. Нічым цяпер Кузакіну не дапаможаш, а напсаваць можна сваёй падтрымкай. Фёдар Васільевіч павярнуўся і пакрочыў назад. Ля ўвахода ў залу яго ўхапіў за руку старшыня райвыканкома.

— Пытаўся Антушкоў... Перадалі, каб вы зайшлі пасля Пленума да яго. Што яму трэба?

— Бачыў яго... Дзякуй! — сказаў Фёдар Васільевіч і вырашыў, што заходзіць да Антушкова не будзе. Да канца дня ён планаваў забегчы ў абком і Белспажыўсаюз, дамовіўся са старшынёй. Калі ж зойдзеш да Антушкова, дык, ведаючы страсць Віктара Сямёнавіча пагаварыць і паразважаць, больш нікуды не патрапіш.

— Ведаеш што, Уладзімір Іванавіч,— сказаў Фёдар Васільевіч,— зайдзі ты да Антушкова. Папрасі ў яго ад майго імя прабачэння. Мне трэба зайсці ў Белспажыўсаюз. Спытае пра мяне — так і скажы.

 

5

Маці Фёдара Васільевіча, якую суседкі ўжо звалі проста Пятроўна, выправіўшы ўсіх з дому, апранула паліто, завязала цёплую хустку — падарунак сына да жаночага дня — і выйшла на вуліцу, замкнуўшы за сабою дзверы. Акурат тыдзень яна жыла ў гэтым гарадку, у якім не была ад самай вайны. Павольна ішла і, канечне, не пазнавала яго. Нічога не засталося ад таго часу, вайна падмяла сваім венікам.

На плошчы Пятроўна спынілася ля Дома Саветаў і, прачытаўшы ўсе шыльды на яго сцяне, падумала, на якім паверсе сядзіць сын. Ці відаць акно яго кабінета? Пэўна ж, было відаць, і яна мо зайшла б у райком, але ўспомніла, што Фёдар паехаў у сталіцу на Пленум. Яна агледзела Дошку гонару і перачытала пад усімі фотакарткамі надпісы, спадзеючыся знайсці знаёмае прозвішча. Аднак не ўбачыла і сумна падумала, што землякі, мусіць, кепска працуюць, калі ніхто з іх не трапіў на гэтае ганаровае месца. Яна прыпомніла многіх з Любавіч, уявіла нават, хто дзе жыў ад яе хаты. Памяць захавала твары гэтых людзей, і Пятроўна нібыта павіталася з імі. Але варта было прыгадаць суседку, хоць і далёкую, праз хат пятнаццаць, Марфу, якую называлі Марфай Царыцай, як твар спахмурнеў, апусціліся плечы, быццам непасільны цяжар лёг на іх.

Яна адышла ад Дома Саветаў, і здалося, што ніхто не бачыў яе. Але якраз нешта трэба было на першым паверсе другому сакратару Зайцаву, і ён прыкмеціў маці Фёдара Васільевіча, хацеў нават падысці, але раздумаў: ці мала якая патрэба прывяла старую сюды. Паглядзеў ёй услед, як перайшла плошчу, прыпынілася ля газетнага кіёска, нешта купіла і памалу пайшла па вуліцы. У гэты момант Зайцава паклікалі, і ён забыў пра жанчыну.

А Пятроўна метраў праз трыста зайшла ў гастраном, выбрала з усіх тавараў пакуначак цукерак. Навошта іх купіла, падумала потым: няхай унукі паласуюцца. Палажыла ў сумачку і праз хвіліну забылася пра іх.

Мароз быў немалы, але свяціла сонца, не было ветру, і таму ён не здаваўся надта моцным. Паветра празрыстае, чыстае. Ісці лёгка, хоць на нагах былі валёнкі.

Спяшацца дамоў не трэба, і Пятроўна вырашыла абысці памалу ўвесь гарадок. Ніхто ж яе ў шыю не гнаў: пройдзе за гадзіну альбо за тры. Цікава глянуць з усіх бакоў на гэтыя дамы, вуліцы, куды зноў вярнуў яе лёс праз гады.

Аднак далёка Пятроўна не зайшла. Мо за які кіламетр ад плошчы яна патрапіла на аўтастанцыю, да аднапавярховага доміка, вакол якога мітусіліся людзі, стаялі аўтобусы. Яна ўвайшла ў домік і насупраць дзвярэй убачыла на сцяне вялікую каляровую карту вобласці, а знізу — расклад работы аўтобусаў. Прабегла па іх вачыма, знайшла знаёмыя назвы вёсак. Там-сям яна была яшчэ да вайны. Наведвалася і партызанкай. Чытаючы гэты спіс, спатыкнулася, вочы спыніліся на слове «Любавічы», апусціліся ўніз па сцяне, а затым вярнуліся назад. Яна перачытала некалькі разоў назву роднай вёскі, назвала яе ўголас.

Мо яна пастаяла б яшчэ трохі і пайшла б знаёміцца з гарадком, але, павярнуўшыся ад сцяны, убачыла, што ля білетнай касы нікога няма. Спярша нясмела Пятроўна спыталася ў бялявай жанчыны ў норкавай шапцы, якая сядзела пры акне:

— Ці ёсць білеты да Любавіч? Аўтобус ходзіць туды?

Касірка растуліла ярка нафарбаваныя губы і вымавіла, абыякава гледзячы на цётку:

— Ёсцека, а як жа ж. Пакуль ёсцека.

Пятроўна падумала яшчэ спытаць, колькі каштуе білет, але пабаялася гэтага нежывога, застылага твару. Яе мучылі сумненні, яна не ведала, ці правільна робіць. Зноў адышла да карты і пачала ўзірацца ў яе, спрабуючы штосьці знайсці такое, чаго, магчыма, не бачыў ніхто іншы. «На добры лад, Хведзька адвёз бы, калі папрасіла б яго... Зіма, як аўтобусы ходзяць? Туды даеду, а — назад? Дый каго ўбачу, нікога ж, пэўна, не засталося?..»

Яна абышла аўтастанцыю, прыкмячаючы, што, нягледзячы на зіму і мароз, людзей сабралася тут многа і ўсе некуды едуць. Як мурашкі сноўдаюць сюд-туд, усе спяшаюцца, заклапочаныя, нешта патрэбна ім. Але ж гэта правільна — пакуль чалавек жывы, яму да ўсяго ёсць справа. Вось так і яна... Ці вытрымаеш, калі да Любавіч засталося якіх дзесятак кіламетраў і, калі верыць раскладу, праз паўгадзіны туды аўтобус пойдзе. Яшчэ зусім раніца, да вечара далёка, улагоджвала, супакойвала сама сябе Пятроўна, спакваля пасоўваючыся па зале ўсё бліжэй да касы, ля якой была невялікая купка людзей, але хутка яны разбегліся па сваіх аўтобусах. Не было відаць ніводнага чалавека, каб бадзяўся проста так, прыйшоўшы, як Пятроўна, з горада. Усе з сумкамі альбо з сеткамі, напакаванымі розным таварам, чым багаты райспажыўсаюзаўскія магазіны. «Мо варта і мне штось купіць, а раптам стрэну знаёмага, пачаставала б?» — падумала яна, яшчэ вагаючыся у нерашучасці.

Пэўна, касірка прыкмеціла яе, бо толькі Пятроўна апынулася напроці акенца, як тая спытала сама:

— Дык шчо, да Любавіч?

І, уражаная гэтым, Пятроўна кіўнула галавой і палезла ў кішэню паліто па грошы. Аслабелай рукой падала капейкі ў скрыначку, і больш, чым трэба, бо касірка частку адсыпала назад. Палажыўшы білет, сказала:

— Шчаслівай дарогі!

Цяпер білет быў у кішэні, недзе чакаў на вуліцы аўтобус, а яна ўсё не магла адысці ад касы, вагалася, быццам чакала нейкага штуршка, пераміналася з нагі на нагу. Потым адважылася сысці са свайго месца і, калі пачула аднекуль зверху, з дынаміка, аб’яву, што аўтобус на Любавічы выскачыла з вакзала. Прабегла вачыма па аўтобусах, што выстраіліся адзін за адным, прымаючы пасажыраў. Апошні — блакітна-белы — быў яе. Яна трушком дабегла да аўтобуса і, ледзь перавёўшы дух, перапытала ў кантралёра, ці сапраўды гэты аўтобус у Любавічы. І, пачуўшы, што гэта так, паднялася ў салон. Ёй здалося, што ўсе, хто там быў, паглядзелі на яе. Хоць, вядома, ніхто і не глянуў: зайшла старая кабета.

Пятроўна выбрала сабе месца побач з жанчынай у чорнай вялізнай хустцы, сказала ёй «Добры дзень!» і азірнулася па баках. Ёй хацелася пагаварыць з суседкай, але не ведала, з чаго пачаць, і ўсё шукала тое слова, за якое можна было б ухапіцца і цягнуць, цягнуць за нітку размову.

Загудзеў аўтобус і, набіраючы хуткасць, праз колькі часу выехаў з горада, спусціўся з лабатага ўзгорка, што выпінаўся ля ўезду, паехаў сярод палёў, дзе снег ажно зіхаціць на зімовым сонцы. «Гэта ж былі такія маразы ў сорак першым дый у сорак другім таксама...» — думае Пятроўна. І ўсё шчэ сумняваецца: мо не варта ехаць зараз у Любавічы, стане цёпла, і па вясне яна знойдзе тое месца, дзе закапалі сястру з дзецьмі. А калі не знойдзе? Шмат часу мінула. Магла і забыць... Чаму за столькі гадоў не сабралася сюды? Чаму?.. Усе прычыны дробязныя, нікчэмныя... Яна заплюшчвае вочы і бачыць балацявіну, скрозь парослую ягаднікам, усыпаную чарніцамі. Пад сасной, на ўзгорачку, з якога пачынаецца палянка, стаіць сястра, да яе прытуліліся, быццам птушаняты, дзеткі. Антосіку было два гады, а Паўліку — чатыры. За імі ззаду ляжыць на зямлі Апанас, ужо забіты... Чатыры немцы з аўтаматамі кураць, аб нечым гергечуць, нібыта не чалавека застрэлілі, а нейкага звера на паляванні... Яна ляжыць у ягадніку і нічым не можа дапамагчы сястры. Стрымлівае сябе, каб не закрычаць, не схапіць хоць сухую галіну з вострым канцом і кінуцца на гадаў з чалавечымі абліччамі.

Пятроўна глядзіць у акно, за якім узнімаецца зноў віхура. Уздоўж дарогі ляціць снежны пыл, пераганяючы аўтобус. Цягнецца яловы лес, цёмны і густы, дрэвам найбольш дваццаць — дваццаць пяць гадоў. Мусіць, пасля вайны парэзалі старадрэвіны на хаты, усё ж было спалена. Скрозь людзі будаваліся. Жанчына ўглядаецца ў прастору, але не пазнае мясцін. Гэтай дарогі, па якой борзда бяжыць аўтобус, тады не было. У райцэнтр дабіраліся кацярынінскім трактам, абсаджаным тоўстымі вербамі, не абхапіць і пяцём мужчынам. Дзе той тракт, у якім баку?

— Як гэты лес называецца? — спыталася ў суседкі. Мабыць, сказала ціха, бо тая не адгукнулася. Пятроўна паўтарыла пытанне. І жанчына, бліснуўшы вачыма-смуродзінкамі, сказала:

— Забарэцкі лес ето...— яна з цікавасцю глядзела на Пятроўну. Пэўна, хацелася даведацца, чаго незнаёмая жанчына едзе ў Любавічы.— Кажуць, шчо памешчык такі быў, Забарэцкі. Елат, мо і быў?

Забарэцкі лес Пятроўна ведала. Колькі разоў па ім сюд-туд хадзіла. Колькі ягад было, вазамі вазілі, усім хапала. Капейку з іх мелі, здаючы нарыхтоўшчыкам: гарбатаму Логісу і Яўсею Кулясу, які, свалата, усё-ткі паспеў з сынком уцячы з немцамі ў сорак чацвёртым і недзе жыве ў Лондане. Папіў крыві чалавечай, нелюдзь. І хто б мог падумаць, што гэты ласкавы, ветлівы католік, які не прапусціў ніводнай імшы ў касцёле, такім будзе катам: сам папрасіўся ў немцаў, каб прызначылі старастам, і сынка зрабіў старшым паліцэйскім. Што было?..

Аўтобус шаргацеў коламі па дарозе, на якую яна не магла выбрацца сорак гадоў. І гэта было вельмі блага, нікуды не варта зусім, але штосьці ёй перашкаджала выбраць вольную хвіліну, і яна ведала, што гэта, толькі не хацела прызнацца сабе. Лічыла, што ніхто не мае да гэтага дачынення. Акрамя яе.

— Цётачко, вам кепска? — нахілілася да яе суседка.— Нешчо вы зблажэлі?

— Не, не, нічога... Гэта дарога, відаць, мне ўжо не па сілах. Колісь, здаецца, зімою на конях хутчэй ездзілі.

— Няўжо ж? — вочы суседкі недаверліва глядзелі. Маўляў, гавары, старая, ды не загаворвайся. Калі гэта было, каб на конях абганялі машыну.

«Не верыць,— падумала Пятроўна,— значыцца, забыліся альбо няма ўжо той дарогі праз Забарэцкі лес і Мартусавыя ямы, якія зімой зацягвала лёдам. Нічога не засталося: усё меліярацыя перавярнула, з ног на галаву паставіла».

— Калі не сакрэт,— прыжмурылася суседка, падцягнула да грудзей сумку з пакупкамі, каб было ямчэй,— у госці? Так?

— Як вам сказаць,— яна сапраўды не ведала, што адказаць, чаго і куды едзе. Наўрад ці ў госці, дый да каго? Аднак трэба было гаварыць цікаўнай кабеце, каб супакоілася; тым больш што нічога сакрэтнага ў яе паездцы не было. Яна не парушыла закон, нікому благога не зрабіла, нявестка да вечара як-небудзь з унукамі разбярэцца. Яе час мінае, але пакуль не прапаў зусім, яна едзе гэтым аўтобусам, сваёй дарогай.

Жанчына паціху агледзела Пятроўну. Пэўна, спрабавала здагадацца, да каго яна едзе. Але Пятроўна зацята маўчала, у размову не ўступала. Ёй не хацелася ні з кім дзяліцца сваімі думкамі, якія пераблыталіся, не было канцоў. Яна разгубілася... Зіма, многа снегу, холад, дрэвы без лісця... Некуды ўсё схавалася, скамечылася. У скронях пачынае гучна пульсаваць кроў, здаецца, чуюць у аўтобусе, як яна б’е ў галаву. Пятроўна ведала, што павысіўся ціск. Гэтак бывае, калі яна моцна нервуецца. Вось-вось скончыцца лес, разыдзецца, як расхінуты магутнай рукой, і яна ўбачыць родную вёску, якая апошнім часам сніцца часта. Кажуць, гэта да нябожчыка. «Ну і што?» — падумала яна.

Вочы напружана, прагна шукалі ў наваколлі знаёмыя абрысы, але спрэс ляжаў снег. Усё ж ззаду заставалася многа таго, што іншым разам, калі б не была так узбуджана, заўважыла б: і бетонныя масты, пад якімі таксама ехалі машыны, і каналы, якія секлі палі на квадраты і прамавугольнікі, і цагляныя дамы. Гэта яна бачыла і ў тым раёне, дзе жыла, усё было звычайнае, як дрэвы, як зямля, але родныя мясціны, што засталіся ў памяці заняпалым краем, з вечнай беднатой і галечай, а цяпер расквітнелі,— павінны былі ўзрадаваць яе. Аднак пачуццё больш вострае і трывожнае засланіла перад ёю гэта. Здавалася, усю істоту жанчыны пранізваў далёкі ўжо боль, які тым не менш быў моцны, хоць яна думала, што сорак гадоў сваім цяжарам выціснулі яго з душы.

— Мусіць, даўно ў нас былі, цётачко? — суседка зноў падцягнула да грудзей сумку, якая спаўзала на падлогу.

— Даўно, даражэнькая, даўно,— уздыхнула яна. Падумала: сын будзе сварыцца, што паехала сама, ды яшчэ ў такі мароз. Стане аўтобус сярод поля — і куды схаваешся, ці мала такіх выпадкаў. Тэхніка ж ламаецца. Гэтак разважае іхні сусед Казімір, які працуе шафёрам, і калі спытаюць у яго, што робіць,— адзін адказ: на рамонце.

— Кажаце, даўно...— у суседкі вочы хітрыя, а твар гладкі і блішчыць. Здаровая жанчына, такая суткі будзе жаць у полі жыта і не стоміцца. Толькі навошта яна ў чорнай хустцы, мо памёр хто ў яе?

— Амаль сорак гадоў,— сказала Пятроўна.

— Мяне ў Любавічах не было тады. Ды каб была, усё роўна не помніла б: — Жанчына дастала пернік, адкусіла кавалачак, пасмактала! — Свежы, смачны, боская ежа.— Узяла яшчэ адзін пернік і падала суседцы: — З’ешце на здароўе, добры...

— Не, не хачу,— адмовілася яна,— зубоў нямашака ўжо есці пернікі. Хіба толькі з чаем.

— Рыхтык, з чаем няблага альбо з малаком. Яшчэ люблю пернікі з малодзівам. Мая сяброўка Марфа кажа, шчо ета нясмачна, а вот мне — як торт усё роўна. Дык вы, цётачко, пэўна ж, нікога ў Любавічах не помніце?

— Мусіць, так,— адказала Пятроўна.— Хто быў знаёмы ці родны, тых вайна падабрала дачыста.

— Ну дык мо я вам памагу,— сказала жанчына,— справа боская. Давайце знаёміцца: Хрысця.

— Мяне Вера Пятроўна.

— Значыцца, Пятроўна.

— Можа, і так,— згадзілася яна.— Мяне суседкі так і завуць цяпер. Я некалі ў школе працавала, настаўнічала, дзяцей вучыла. Зусім іншае, здаецца, жыццё было. Гады прайшлі, і куды што згінула...

— Справа ета боская,— замахала галавой Хрысця,— дзяцей вучыць трэба, бо цяпер надта многа недалэнгаў і басякоў вырастае. Ні табе пачцівасці, ні табе сораму, анічога. Залье вочы гарай і не саромеецца ні малога, ні старога — усё яму адзіна. А чаму? Бо ў бога людзі не вераць, няма ў іх веры і страху. Каб то баяліся бога альбо цара, яму мора па калена не было б. Усё ета ад сатаны. Уключыце, оно, радзіва: таго забілі, таго абрабавалі, таго знявечылі. І б’юцца, б’юцца, нездарма ў Бібліі напісана: хутка канец свету, бо ўладу захапіў у свае рукі сатана. Бог не хоча болей цярпець, каб свет быў пад д’яблам.

Пятроўна паслухала, паслухала суседку дый не стрымалася, бо наогул была жанчына прамая, гаварыла, што думала, не глядзела, прыемна гэта ці не, душой не крывіла.

— Кінь глупства, пані дабрадзейка. Я ўжо чула пра канец свету мо сорак год назад, перад тым як немцы прыйшлі. Быў адзін сектант у Любавічах, Лаўрэнцій Баляслававіч, аказаўся потым нямецкім шпіёнам. Чула пра такога?

— Не, не чула,— спахмурнела Хрысця і пачала таропка есці пернік,— не ведаю, не... Елат дзе што і дзе хто. Чы мала людзей плёнтаецца па свеце. Чалавек, як рыба, альбо ліса, ці той воўк, толькі ў кожнага свая морда... твар. А восцека мы і пшыехалі. Пані па-польску мувіць? А вёску ці не забылі?

— Забылася ўжо...— Пятроўна пазнавала вёску і не пазнавала. Быццам тая ж вуліца і лес з боку ад яе, але ж чамусьці ўсё чужое і вельмі далёкае, хоць, здаецца, павінна быць зусім інакш. Усе хаты, канечне, пасляваенныя. Яна помніла, як гарэла вёска быццам адно вогнішча.

Занесеныя снегам хаты нібыта драмалі, адпачывалі. Людзей на вуліцы не было, і, калі б не Хрысця, разгубілася б сярод гэтай цішыні і спакою. Дый мароз зноў браўся, мацнеў вецер, адчувалася, што к вечару можа сабрацца завея. Пятроўна, выйшаўшы з аўтобуса, раптам пашкадавала, што не засталася ў ім, усё роўна як адрэзалі ёй дарогу дамоў. Схамянулася, успомніўшы, што не даведалася, калі пойдзе ў горад аўтобус з Любавіч. Як за выратавальную, ухапілася за думку пра тэлефон, які, мусіць, ёсць тут. Прынамсі, пазвоніць Федзю, каб прыехаў на машыне і забраў. Але ж ён на Пленуме ў Мінску, і калі вернецца, хто ведае. Не блізкі свет, дый зімой не надта разгонішся, спрэс слізгата і горы снегу.

— Хрысцю, а калі назад аўтобус пойдзе? — спыталася Пятроўна.

— Паўсёмага, здаецца...

У Любавічах выйшлі з аўтобуса яны і яшчэ дзяўчынка з дзедам, які памалу клыпаў, апіраючыся на кульбаку. Калі б Пятроўна лепш угледзелася, мабыць, пазнала б яго, бо чалавек па ўсім быў тутэйшы і маладосць яго прыйшлася акурат на вайну. Але яна была занята сваім клопатам, думала, куды ёй рушыць, у якім напрамку. Пра тое, каб ісці ў лес і шукаць месца, дзе пастралялі сястру з дзецьмі і Апанаса, нельга было і думаць. У горадзе, здавалася, менш снегу, а тут ляжалі гурбы, і яна не семнаццацігадовая дзяўчынка, не здужае дайсці па такім снезе да лесу, не тое што сноўдаць па ім. «Дурная баба, дзе твае клёпкі...» — палаялася сама на сябе.

Хрысця не адыходзіла, блішчэла ружовым тварам і ўсміхалася, чакаючы, што вырашыць старая. Нешта прыцягвала да яе, і найперш, канечне, цікавасць. Хацелася ўведаць, якая патрэба прывяла ў вёску жанчыну, што не была тут сорак гадоў.

— Мо пойдземо, цётачко? — праспявала яна, перакінуўшы з рукі на руку сумку, у якой, акрамя мукі і пернікаў, былі дзве бутэлькі віна; сабралася Хрысця паклікаць Гешу з Марфай Царыцай дый давесці да ладу справу з замужжам. Была манашкай і зараз у бога верыць, але ўсявышні не забараняе мужчыну мець пад бокам, толькі каб па боскім законе. Дый нейкі гаспадар у хаце патрэбен. Марфа Царыца яшчэ здаровая і сама дроў у хату прынясе, у печы выпаліць. Калі захоча, дык і разам жыць можна, разам богу службу несці. Гэтая цётка з аўтобуса ёй нібыта і падабалася, але здавалася небяспечнай, бо была незнаёмая. Хоць і няблага такое: пазнаёміцца, а пасля сагітаваць у секту, яшчэ адна сястра будзе з імі. Марфа Царыца дзякуй скажа і блаславіць са сваім сынком на сумеснае жыццё, пра якое Хрысця не думала ў дваццаць гадоў.

— Хадземака, цётачко,— сказала яна, стаяць больш было нясцерпна. Мароз зачапіў ужо сваімі абцугамі за пальцы ног, і стала холадна ажно пад паліто.— Пайшлі! — Яна ўхапіла Пятроўну за рукаў паліто і пацягнула.— Унека, марозіска які бярэцца, халера!

І хоць Хрысця не любіла прымаць незнаёмых людзей у сваёй хаце, але ж цікавасць перамагла асцярожнасць. Манашка павяла ў госці жанчыну, якой, неспадзеўкі высветлілася, няма да каго ісці. Калі праходзілі міма фермы, Пятроўна падумала, што тут ёсць тэлефон. Калі спатрэбіцца, пазвоніць Фёдару альбо нявестцы, тая нешта змікіціць. «На машыне да Любавіч не адлегласць — смех...» — ужо зусім спакойна вырашыла для сябе Пятроўна і пайшла за Хрысцяй, якую ёй, здавалася, сёння надарыў сам лёс. Толькі не спадабалася, што надта часта тая ўспамінае бога. Але ж у кожнага свая галава, дый што не скажаш часам...

Сярод гурбаў выграблі нагамі вузенькую сцежку, як прайсці чалавеку. У бакі ад яе вытапталі, мусіць, саступаючы сустрэчнаму чалавеку дарогу, там-сям пляцоўкі, дзе можна было перачакаць, пакуль абміне. З неба сыпаўся дробны снег, усё роўна як курам проса. Пятроўна ледзьве паспявала за Хрысцяй, якая ішла шпарка. Ва ўсёй яе постаці яшчэ адчувалася нязношаная маладая сіла.

«Зазлуе Федзька...» — сказала сабе Пятроўна, задаволеная сваім учынкам, тым, што нарэшце адважылася і сабралася, паехала, не спадзеючыся ні на каго. Значыцца, яшчэ ёсць у яе моц і здароўе, рана ператварацца ў бабулю з кіёчкам, якіх шмат ля іхняга дома: клапатлівыя дзеці забяспечваюць бацькам спакойную старасць. Навошта той спакой, калі старасць. Гэта ўжо калі ногі не ідуць зусім — во, тады трэба забяспечваць. Кожны чалавек хоча, каб у яго было паўнацэннае жыццё, з клопатамі і турботамі. Калі іх няма, значыцца, сапраўды трэба забяспечваць спакой. «Бач, адважная якая. Здурнела зусім на старасці...»

 

6

У хаце Ляксея Капусты вячэралі. Маці высыпала з чыгуна ў вялікую міску духмяную бульбу, паставіла на стол у гладышцы кіслае малако. Бацька накроіў хлеба. І селі есці. У Ляксея апетыту не было, але ён змусіў сябе з’есці некалькі бульбін, крыху саладкаватых, мабыць, падмарожаных.

Яшчэ да арміі Ляксей казаў, што варта зрабіць пограб пад каморай, але бацька не згадзіўся. Маўляў, падлога будзе гніць. Затое бульба не мерзла б і не насілі б яе праз увесь двор. Успомніў Ляксей тую размову, але нічога не сказаў. Урэшце, бацька — гаспадар, і яму лепш відаць, што і як рабіць. «На свой хлеб пайду, тады збудую, як захачу...»

— Паеш шчэ пасоленак,— маці пасунула бліжэй да Ляксея міску, наліла ў кубак малака.

— Пад’еў, болей не хачу...

— Як гэта не хачу! Ты ж, сынок, цалюткі дзень на нагах, ды на марозе, на холадзе. Адкуль жа тыя сілы возьмеш. Паеш, сынок, сыночак,— прасіла маці.

— Ды не, усё, болей не магу...

— Ты як з Дзям’янавай юшкай,— падтрымаў Ляксея бацька.— Кажа чалавек: не хачу. Усё роўна пхне яму ў горла...

— Не пхну, не пхну. На тое і матка, жонка не паклапоціцца.

— Гэто гледзячы якая жонка,— сказаў Ляксей.

— Ат, усялякая. А матка е матка...

Зарыпелі дзверы ў сенцах, нехта чужы ішоў у хату, бо свае ўсе сядзелі за сталом.

— Хто гэта там, сынок?

Ляксей адчыніў дзверы, і ў хату амаль упоўз, пераваліўшыся цераз парог, барадаты мужчынка ў дарэшты зашмальцаванай ватоўцы. Шапку трымаў у руцэ. Гэта быў сусед Мікалай Цыбулька. Ён прыціснуўся плячом да вушака, прыгладзіў валасы на галаве і тады вымавіў:

— Прыемнага апетыту...

Мо якую хвіліну ў хаце была насцярожаная цішыня. Усе ўглядаліся ў нечаканага госця. Першай ачомалася маці, змахнула з краю стала шалупінне ад цыбулі і запрасіла сесці:

— І вам добрага здароўечка. Сядайце з намі...

Госць павесіў аблавушку на цвік і, не распранаючыся, бо, як заўважыў Ляксей, пад ватоўкай была толькі майка, прымасціўся на ўслоне. Лыжку не паспелі даць, і ён проста рукой ухапіў з міскі бульбіну, падзьмуў на яе, астуджваючы. Еў паціху, спадылба паглядваў на гаспадароў і маўчаў. Маці падала яму лыжку, кубак з малаком.

— Схуднеў ты, Мікалай, нешчо,— асцярожна пачаў бацька.— Не холадна табе ў ватовачцы?

— Не...— Мікалай падняў вочы ад стала. Ляксей уразіўся: у іх была пустата і абыякавасць. Зноў узяў бульбіну, кусаў пярэднімі зубамі і нібыта смактаў. Агледзеўся па баках і, пагладзіўшы бараду, прамовіў:

— Няблага жывяце. Вот бы мне такую хату... Цёплую.

Бацька хмыкнуў, незадаволена пакруціў галавой і таргануў бязрукім плячом.

— А хто табе перашкаджае? Хто?.. Дый ты жывеш у хаце.

— Жыву, жыву... Дай рубель...

— Рубель? Навошта?

Мікалай не адказаў, нібыта не чуў. Паўтарыў:

— Дай рубель...

— А рублі, браце, знаеш, у агародзе не растуць. Іх зарабіць трэба. Я за гэты рубель трыццаты год з каровамі хаджу. Нажыў мазалі на нагах і радыкуліт. А ты цалюткі дзень на печы вылежваеш і хочаш, каб я табе рубель даў. На табе ж ваду можна вазіць. Сорак гадоў маеш, а нібыта дзед, што па вёсках пасля вайны з торбай хадзіў.

Ніводная рыска не змянілася ў твары Мікалая. Пацягнуў да сябе лусту хлеба, але не еў, схаваў яе ў кішэню.

— Не даеш рубель, дай дваццаць капеек на макароны...

— А цялят даглядаць на ферму пойдзеш? — спытаў Ляксей.

— Не-а...— пахітаў галавой Мікалай.— Нямашака дурняў. Быў ужо раз пастухом.

Некалі яшчэ ў маладосці, калі вучыўся ў горадзе на токара, трапіў Мікалай у шайку. Па начах яны рабавалі адзінокіх прахожых, ажно пакуль не арыштавалі. Мікалай адседзеў дзесяць гадоў. Вярнуўся ў вёску, а бацькі памерлі ўжо. Паліну якраз старшынёй тады выбралі. Далі Мікалаю работу ў калгасе: пасвіць кароў у Сапажынскім лесе. Спачатку нібыта згадзіўся. Завезлі яму ў хатку, што была пры кароўніку, прадуктаў. Малако было на месцы.

Прабыў Мікалай у лесе тыдзень. Неяк прыехала Паліна Ігнатаўна туды пад вечар і жахнулася: каровы, відаць, паўдня прастаялі ў загарадцы — равуць, а пастуха няма. Дзе ён плёнтаўся — невядома. Аб’явіўся пасля ў вёсцы, стаяў пад магазінам і прасіў:

— Мужык, дай пятак на чай...

І цяпер, нібыта ўспомніўшы, Мікалай прамовіў:

— Дай чаю.

— Гультай ты, якіх на свеце мала,— сказаў стары Капуста.— Нічому цябе турма не навучыла.

— Правільна. Я — такі. За дзесяць гадоў палец аб палец не стукнуў. Няхай коні працуюць, у іх ногі і спіны дужыя. Мне і так добра жыць. Я — вольны чалавек.

— Оно і бачым, які ты вольны. Жабруеш па хатах...

— Нецікавыя вы людзі. Работа, работа! Вам яна мо і патрэбна, а мне — не,— зноў пацягнуў лусту хлеба Мікалай і таксама схаваў у кішэню.— Дай пятак, мужык...

— Не баішся, што назад у турму пасадзяць? — спытаў Ляксей.

— Мне што турма, а што дом родны — адна халера. Не верыш, правер,— нібыта ўсмешка кранула твар.— Дзякуй, матка, за хлеб. Пайду...

Надзеў на галаву шапку, шчыльней загарнуў на грудзях ватоўку, нейкімі нежывымі вачыма зірнуў на Ляксея і, схаваўшы іх пад калматымі бровамі, пацягнуўся з хаты. Шыя ў Мікалая была доўгая і худая, у рэдкіх чорных валасах. Ззаду ён — як хлапчук; вузкія плечы, тонкая спіна.

— Вось што робіць з людзьмі гультайства,— бацька ўздыхнуў.— Як зямля такіх носіць.

Раней жыла па суседству з Капустам у невялікай хатцы Манефа Любчына. Колькі разоў бачыў Ляксей: прыйдзе яна да маткі — сядзіць і спіць. Яшчэ ў маладосці ад яе муж уцёк.

Як памерла Манефа, праз гадоў пяць-шэсць пасяліўся ў яе хатцы з дазволу сваякоў Мікалай. У вёсцы гаварылі: адзін гультай памёр, на яго месца другі прыйшоў. А хату не называлі інакш як хатай гультаёў.

Падзякаваўшы матцы за вячэру, выйшаў Ляксей на двор. Зноў бралася завея, дзьмуў рэзкі, пранізлівы вецер, здавалася, прабіраў наскрозь. Рыпелі веснічкі ў варотах, клён сваімі галінамі лупцаваў па хаце. На гарышчы спуджана мяўкаў кот. З-за саду чуліся глухія ўдары, нібыта хтось сякераю забіваў бервяно ў замёрзлую зямлю.

Ляксей прайшоў гародчыкам, дзе ўвесну маці сеяла кветкі, пералез цераз плот і апынуўся ля Мікалаевай хаты. Грукат быў з сенцаў альбо з каморы. Ляксей не заходзіў у гэтую хату з таго часу, як пахавалі Манефу, але ж уяўляў, дзе кухня, пакой, сцёпка. Дый колькі гадоў штодзень праходзіў міма.

Крыху пастаяўшы ў нерашучасці, штурхнуў дзверы і адразу аслупянеў ад здзіўлення. Амаль ад парога ў сенцах ужо не было падлогі, толькі некалькі дошак ляжалі яшчэ ля самага ўвахода. Мікалай, нічога не бачачы, акрамя сваёй работы, разбіраў сцяну між каморай і сенцамі. Зняў ужо зверху бярвенне, на краях паўструхлелае, з высахлым сівым мохам. Відаць было, што стаміўся, цяжка дыхаў, раз-пораз выціраючы рукавом ватоўкі пот з твару. Табурэтка пад Мікалаем хісталася, і ён нібыта танцаваў для раўнавагі. Здавалася, вось-вось грымне вобзем. Аднак не падаў і сякерай усё біў і біў па сцяне.

— Мікалай! — крыкнуў Ляксей, але той не пачуў.— Э-гей! Шчо робіш?

Пэўна, моцна стаміўся Мікалай, бо не ўтрымаў сякеру пасля ўдару ў бервяно, выпусціў яе з рукі. Крэкчучы, ён памалу злез з табурэткі, сагнуўся, каб падняць сякеру, і тады ўбачыў Ляксея.

Нічога не сказаў, прысеў на бервяно. Шапку ссунуў на вочы, рукі ў кішэнях ватоўкі, згорбіўся.

— Шчо гэта робіш?

Перасмыкнуў плячыма, паварушыў густымі махнатымі бровамі.

— Будуеш?

— Ты што, мільтон? — падняў галаву Мікалай.

— Ды не... Так...

— Цікава? Скажу... У хаце холадна... На дровы. Навошта мне гэтая сцяна, падлога. Няхай гарыць, весялей будзе, га? Ха-ха-ха,— быццам смяяўся, а вочы былі нерухомыя, як у нежывога.

— Дык лес жа во, недалёка,— не разумеў Ляксей.— Папрасіў бы, і я памог бы табе прывезці дроў.

— Я — не раб, каб ісці ў лес. Мне хопіць і гэтай хаты.

— Камору разбярэш, а потым што паліць будзеш?

— А гэта навошта,— абвёў рукою Мікалай сенцы.— На зіму хопіць. Я ж не раб...

— Канечне, ты не раб, ты... Цьфу! — Ляксей з агідаю глянуў на суседа і хутчэй выскачыў з прапахлых гніллю і затхласцю сенцаў. Вецер на дварэ быў ужо такі моцны, што прымусіў сагнуцца, прыкрыць твар далонямі. За плотам Ляксей прыпыніўся: зноў ад хаты чуўся грукат...

 

7

Антушкоў заўсёды помніў, што каму даручыў, загадаў ці каго папрасіў, У яго была натрэніраваная памяць, і ён, нават дзеля форсу, амаль нічога не запісваў ні на календары, ні ў блакнот. Нейкі дробязны факт, пра які ўсе даўно забыліся, Віктар Сямёнавіч мог успомніць нечакана, здзівіўшы сваіх падначаленых. Таму супрацоўнік, атрымаўшы ад Антушкова даручэнне, імкнуўся выканаць яго ў тэрмін і якасна. Інакш пасля было б цяжка працаваць пад кіраўніцтвам Віктара Сямёнавіча. Той пачынаў штодзённа кантраляваць, прыдзірліва ставячыся да кожнага кроку супрацоўніка.

Вярнуўшыся пасля Пленума ў свой кабінет, Віктар Сямёнавіч прыняў некалькі чалавек, якія прасілі, як звычайна, тэхніку, канцэнтраты, мінеральныя ўгнаенні. Нікому ён нічога не паабяцаў і нікому не адмовіў. У яго было штосьці накшалт дзяжурнага жарту: абводзіў рукамі кабінет, маўляў, шукайце, тут няма. Таму старшыні калгасаў не любілі хадзіць да Антушкова. Ведалі, нічога не атрымаюць, ды яшчэ пачытае мараль: кепска выкарыстоўваеце ўнутраныя магчымасці і рэзервы. І гэтыя казённыя словы гучалі ў вуснах Віктара Сямёнавіча ледзь не як прысуд кіраўніку, што прыйшоў прасіць дапамогі. Нейкі сэнс быў часам у такіх адносінах да некаторых старшынь, што бясконца абівалі парогі, каб дадаткова атрымаць камбікармоў ці ўгнаенняў. Яны за кошт дзяржавы спрабавалі пакрыць сваю бяздзейнасць, пралікі. Аднак былі і такія, што заходзілі да Антушкова,— нібы ў сваю хату. Якім чынам падбіраў любімчыкаў Віктар Сямёнавіч, яшчэ ніхто не мог зразумець. Прынамсі, гэта не паддавалася логіцы і крытэрыям, па якіх прывыклі ацэньваць работу. Але пакуль яму ніхто не пярэчыў.

Чакаў Віктар Сямёнавіч сакратара райкома з Дзяпраўска ўжо амаль гадзіну, а таго ўсё не было. Ён зазлаваў, нервова захадзіў па кабінеце. Думаў, што не даруе знявагі. Інакш гэтае спазненне ён не мог сабе растлумачыць. Віктар Сямёнавіч уявіў на момант высокага чарнявага сакратара і раптам пазайздросціў яму. Здалося, што Патоліч надта шпарка крочыць па службовай лесвіцы і шмат ужо дасягнуў. Віктар Сямёнавіч у гэтым узросце сядзеў яшчэ на маленькай пасадзе.

У Антушкова была невялікая, як ён лічыў, слабасць. Ён любіў, калі яму што-небудзь дарылі. Гэта засталося з дзяцінства, тады чакаў, каб хтосьці з дарослых, прыйшоўшы да іх у госці, пачаставаў яго цукеркамі альбо прынёс цацку.

Перад наведваннем Віктарам Сямёнавічам «Маяка» Пінчук праз сваіх знаёмцаў даведаўся, што Антушкоў збірае драўляныя фігуркі звяроў. Яму падарылі вялізнага лабатага аленя з загнутымі ўгору адпаліраванымі рагамі. Такога экземпляра ў калекцыі не было.

У кабінеце Антушкова на стале для пасяджэнняў побач з бюстам чалавека ў кепачцы чарнеў на чорным дрэве па-майстэрску зроблены зубр. Там, дзе вочы ў яго, уманціраваны лямпачкі, а батарэйка ў жываце. Калі прыцемвала ў пакоі, вочы запальваліся. Наведвальнікі, хто гэта бачыў, былі ўражаны.

Ужо і вочы ў зубра засвяціліся, а Патоліча ўсё не было. Падумаў, што, можа, сядзіць у прыёмнай. Без яго дазволу сакратарка нікога ў кабінет не пускала. Адчыніў дзверы і выйшаў сам, што рабіў надзвычай рэдка. Ля ўвахода на машынцы ляпала сакратарка, а ў кутку прыёмнай, стомлена абапёршыся на падаконнік, сядзеў старшыня райвыканкома з Дзяпраўска. За якую хвіліну Антушкоў ацаніў усю сітуацыю і зрабіў вывад, што Фёдар Васільевіч альбо не захацеў з ім сустракацца, альбо проста не лічыць яго за таго кіраўніка, да якога трэба бегчы па першым слове. Ён адчуў, як унутры ў яго ўсё скаланулася: нават не мог уявіць, што нехта адважыцца пайсці супраць. Віктар Сямёнавіч ужо забыў пра той час, калі яго здымалі з сакратара райкома. Гэта было як недарэчны сон. Цяпер Антушкоў меў рэальную ўладу, дзякуючы якой яму здавалася, што ўніз па службовай лесвіцы яму дарогі няма, толькі ўверх. Ён глядзеў на Кішковіча так, нібыта той быў, прынамсі, яго падначаленым. Але Кішковіч гэтага не бачыў, бо Антушкоў стаяў у слаба асветленым месцы. Маўчанне зацягнулася. Кішковіч трохі чуў пра характар Віктара Сямёнавіча і таму адразу не кінуўся яму насустрач. Падняўся з крэсла і чакаў, што той скажа.

Сакратарка перастала друкаваць і, апусціўшы галаву, углядалася ў нейкую паперку. Мабыць, старшыня райвыканкома расказаў ёй, што запрашалі Патоліча, а не яго. Ці не спачувала яна гэтаму старшыні райвыканкома?

«Усім яны спачуваюць, гэтыя жанчыны. Быў бы мужчына на гэтым месцы, успрымаў бы ўсё як трэба...» Антушкоў ужо хацеў адправіць Кішковіча, але перамагло жаданне высветліць усё пра калгас «Маяк». Урэшце, і пра першага сакратара... Калі быў у раёне, ён заўважыў па некаторых дробязях, што ў Фёдара Васільевіча і Кішковіча дружбы няма. У гасцях у Пінчука старшыня райвыканкома разгаварыўся, і Антушкоў зразумеў, што той прэтэндаваў на большую пасаду ў раёне, чым займаў.

— Прашу! — Віктар Сямёнавіч шырокім жэстам запрасіў у кабінет старшыню райвыканкома і, убачыўшы, як Кішковіч няўпэўнена паводзіць сябе, адчуў ад гэтага задавальненне. Антушкоў затрымаўся на імгненне, сказаўшы сакратарцы, што будзе заняты доўга.

Кішковіч стаяў за некалькі крокаў ад стала, без запрашэння не сеў.

Віктар Сямёнавіч маўчаў, гартаў паперкі, штосьці шукаў у шуфлядзе. Потым наліў сабе ў шклянку вады з графіна і выпіў. Кішковіч сядзеў нібыта на іголках. Пашкадаваў, навошта згадзіўся прыйсці сюды замест першага сакратара — і зазлаваў на Фёдара Васільевіча, хоць спярша нават узрадаваўся, калі той папрасіў схадзіць да Антушкова. Як-ніяк, яны былі крыху знаёмыя з Віктарам Сямёнавічам па «Маяку». Часам узнікала думка: некалі ўспомняць пра старшыню райвыканкома з Дзяпраўска, і ад Антушкова будзе залежаць, ці зацвердзяць яго на якуюсь добрую пасаду. Усё ж Віктар Сямёнавіч адказваў за кадры сельскай гаспадаркі...

— Вы перадалі Фёдару Васільевічу, каб зайшоў да мяне? — спытаўся Антушкоў, не паднімаючы вачэй ад папер. Шкельцы яго акуляраў цьмяна блішчалі, сівая галава была трохі нахілена ўперад. Ён грудзьмі ўпіраўся ў стол, нібыта было цесна і цяжка сядзець.

— Як жа ж, сказаў,— прамовіў Кішковіч,— але нібыта яго выклікаў сакратар абкома...

— Аднак яму трэба было зайсці перш да мяне,— сказаў Антушкоў,— рана ён нос задзірае, рана... Як лічыце, Уладзімір Іванавіч? — падняў ён галаву ад папер, палажыў аловак і паглядзеў неяк шчыра, з павагай. І Кішковіч адразу супакоіўся. Нібыта ён сядзеў у сваім кабінеце з даўнім знаёмым, а мо і сябрам. Тым больш што сам займаючы адказную пасаду, надта не прывык дрыжаць перад начальствам. Раней Уладзімір Іванавіч любіў гаварыць, што далей, чым у калгас, не пашлюць, а, маючы вопыт агранома, там не прападзе. Апошнім часам Кішковіч гэтае мудраслоўе не ўспамінаў, яно ўжо здавалася недарэчным, бо сябе ён проста ўжо не ўяўляў без партфеля кіраўніка з вялікімі паўнамоцтвамі. Седзячы за адным сталом з Антушковым, адчуў сябе Уладзімір Іванавіч раўнёй з ім. Мо трохі ніжэй, але ўсё роўна недалёка...

— Мог, мог Фёдар Васільевіч забегчы на паўгадзіны,— гаварыў Віктар Сямёнавіч і паўтарыў, як аб нечым недарэчным і непрыемным: — Задзірае нос, хоць і рана... Мусіць, ён яшчэ не дарос да таго, каб быць першым сакратаром. Я некалі пра гэта гаварыў сакратару ЦК. Ваш раён складаны ў эканамічных адносінах, і патрэбен кіраўнік з жалезнай загартоўкай, які б глыбей разумеў усё. І я, напрыклад, выказваў прапанову назначыць іншага чалавека. Тым больш што ён у раёне ёсць...

Вытрымаўшы паўзу, ад якой Кішковічу стала не па сабе, Віктар Сямёнавіч паклікаў сакратарку і папрасіў прынесці ім чаю.

— Вы ж, здаецца, курыце? Дык, калі ласка, не саромейцеся... Я прапанаваў сакратару ЦК распаўсюдзіць вопыт калгаса «Маяк» на ўсю рэспубліку. Мне вельмі спадабаўся старшыня Пінчук. Якая ваша думка, Уладзімір Іванавіч?

— Нішто, нішто...— замармытаў Кішковіч. Ён ведаў, якія факты сабралі карэспандэнт з супрацоўнікам Міністэрства сельскай гаспадаркі, але палічыў за лепшае пра гэта змаўчаць.

— Не нішто, Уладзімір Іванавіч, а выдатныя — і калгас, і старшыня. Гэтага можа не заўважаць толькі ваш першы сакратар. Ведаеце, якую прапанову я выказаў сакратару ЦК? Канечне, не ведаеце. Я прапаноўваў толькі вас, Уладзімір Іванавіч, толькі вас. Ведаеце раён, даўно ў ім працуеце. Карацей, усе даныя ў вас ёсць — і раптам? Раптам пасылаюць Патоліча. Думаю, што вам было вельмі і вельмі непрыемна, Уладзімір Іванавіч? Так?

— Так...— глуха сказаў Кішковіч і нервова закурыў. Рану, якая загаілася, нечакана зноў вярэдзілі. Але да горычы прымешвалася і радасць: значыцца, тут, наверсе, яго не забылі, ведаюць, на што здольны. І менш за ўсё ён чакаў гэта пачуць ад Антушкова. Нейкі момант Уладзімір Іванавіч сядзеў як зачараваны, музыкай гучалі ў ім словы Антушкова. Здавалася, ён спрабаваў іх ацаніць на смак і колер, як звычайны прадукт. Было прыемна, хоць быццам і выйшаў з таго ўзросту, калі ад аднаго слова падзякі замірала сэрца.

— Патоліч не затрымаецца на пасадзе першага сакратара... Вы толькі слухайце мяне, Уладзімір Іванавіч, астатняе вырашым памалу. Не ўсё адразу. Разумееце, я мог бы выбраць зусім іншы калгас, не «Маяк». Ці мала гаспадарак у рэспубліцы, але я люблю даводзіць справу да канца. Спадзяюся, што вы ў гэтым мне паможаце. Жадаю вам поспехаў. Калі што будзе трэба, званіце альбо прыязджайце. З Патолічам не канфліктуйце, але вуха трымайце востра.— Антушкоў выйшаў з-за стала, высокі, элегантны мужчына з густымі сівымі валасамі, што, як карона, упрыгожвалі галаву, і падаў руку Уладзіміру Іванавічу. Яна была мяккая і бязвольная, са слабымі тонкімі пальцамі, моцна пахла адэкалонам ці духамі, якія потым яшчэ доўга адчуваў Кішковіч на сваёй руцэ.

— Я б прыехаў да вас праз два тыдні, але не магу. Наспела асабістая справа — пяцідзесяцігоддзе. Будуць віншаваць, трэба падрыхтавацца...— сказаў Антушкоў, праводзячы яго ажно ў прыёмную.— Не я першы, не я апошні...

У прыёмнай быў уключаны дынамік, і Уладзімір Іванавіч, як толькі зачыніў за сабой дзверы, пачуў голас сакратара ЦК. Перадавалі матэрыялы Пленума. Уладзімір Іванавіч пастаяў крышку, услухоўваючыся ў рашучы і па-маладому звонкі голас, азірнуўся на жоўтыя дубовыя дзверы, якія схавалі ад яго Антушкова, чамусьці стала сумна. Было адчуванне, што ён, як у дзяцінстве, зачапіўся за сук на дрэве, трапечацца, каб злезці, а не можа, хоць кашуля ужо трашчыць, вось-вось парвецца і ён гахнецца тварам уніз, на зямлю. Мусіць, у яго быў дзіўны выгляд, бо сакратарка пазірала на Кішковіча шырока адкрытымі вачыма і, мабыць, каб яшчэ трохі пастаяў у пакоі, выклікала б «хуткую дапамогу». Уладзімір Іванавіч схамянуўся, заўважыўшы яе пагляд, і пабег, махнуўшы па звычцы на развітанне галавой.

Пасля гэтай размовы не хацелася ні з кім гаварыць. Было жаданне — пабыць аднаму, узважыць на ўласных вагах усе словы, пачутыя ад Антушкова. Пра Фёдара Васільевіча ён зараз не думаў. Яму было важна зразумець, што можа даць гэтая сустрэча і якой карысці чакаць ад наступных сустрэч. Што яны будуць, Кішковіч не сумняваўся.

 

8

Як толькі Фёдар Васільевіч увайшоў у прыёмную першага сакратара абкома партыі, яго сакратарка Кацярына Сяргееўна, што працавала пры ўсіх пасляваенных чатырох першых сакратарах і ведала, здавалася, усё, што рабілася ў вобласці, ажно ўзрадавалася Патолічу.

— Вы проста малайчына, Фёдар Васільевіч, што зайшлі. Я шукаю вас, шукаю... Званіла ўжо, куды толькі здагадалася.

— Мо пуцёўку ў Сочы? — пажартаваў Патоліч.— Альбо за мяжу?

— Амаль угадалі,— загадкава сказала Кацярына Сяргееўна,— зайдзіце толькі да загадчыка арганізацыйнага аддзела.

— Мне спачатку трэба да Васіля Яўсеевіча...

— Яго няма і сёння наўрад ці будзе, — перапыніла яго сакратарка.— Ён адразу пасля Пленума паехаў у вобласць. Белспажыўсаюз праводзіць семінар па культуры абслугоўвання насельніцтва.

— Значыць, там і старшыня Белспажыўсаюза...— задуменна сказаў Фёдар Васільевіч. Планы яго паламаліся: зноў не адбудзецца сустрэча, аб якой ён прасіў яшчэ перад Новым годам.

— Канечне, там. Ідзіце да загадчыка арганізацыйнага аддзела, Фёдар Васільевіч,— пачуў голас жанчыны, выходзячы з прыёмнай.

«Вот так часта наплануеш, дамовішся, а потым — усё разляцелася. Узнікае то адна акалічнасць, то другая. Але ж людзям гэтыя акалічнасці не патрэбны, ім трэба ватоўкі, гумовікі, пасцельная бялізна, якая раптам з-за нейкага дубагаловага начальніка стала дэфіцытам. Ці вартае гэта пытанне таго, каб ім займаўся райком партыі альбо абком? Мусіць, вартае, калі патрэбна людзям...» Ён успомніў Фросю з Любавіч, якая са злосцю гаварыла пра старшыню райспажыўсаюза Стому, і з горыччу падумаў, што нібыта падмануў яе, бо дагэтуль нічога не зрабіў.

Не заходзячы ў ліфт, не прывык у ім ездзіць, Фёдар Васільевіч па лесвіцы спусціўся з шостага паверха на чацвёрты і ў калідоры ўбачыў загадчыка арганізацыйнага аддзела Кузьміча. Ненамнога старэйшы за яго, але зусім сівы. Яшчэ год назад Кузьміч быў сакратаром райкома партыі і адчуваў сябе нязвыкла на новай пасадзе. Любіў больш ездзіць па вобласці, чым сядзець у кабінеце. Быў ён чалавек рашучы і неблагі. Шмат хто ў вобласці ведаў, як Кузьміч пасварыўся з Антушковым, калі аднойчы ўвесну Віктар Сямёнавіч запатрабаваў перасеяць усю азіміну ў раёне, бо, маўляў, вымакла і не будзе ўраджаю. Кузьмічу аб’явілі вымову, але ён стаяў на сваім, не перасеяў ніводнага гектара і выгадаў: ураджай быў найлепшы ў вобласці.

Кузьміч не мог сядзець за сталом. Ён бясконца перабіраў паперы, некуды званіў. Між усім гэтым гаварыў з Фёдарам Васільевічам.

— Герасімава сёння, відаць, ужо не будзе... Значыць так, Фёдар Васільевіч. У вобласць прыехала група амерыканскіх фермераў на стажыроўку. Пакажам ім сёе-тое. Па маршруце ім трэба быць і ў тваім раёне. Вызнач калгас, пакажаш, як нашы людзі жывуць. Нехта з кіраўнікоў раёна няхай перад імі выступіць. Ты альбо Кішковіч. Мо нават лепш, каб ты. Дарэчы, як Кішковіч, ачуняў ці яшчэ ніяк не супакоіцца?

— Быццам нічога...

— Падумай, Фёдар Васільевіч, трэба амерыканцам паказаць, як дзякуючы сацыялізму жывуць нашы людзі. Якую гаспадарку вызначыш? «Маяк»? Надта яго нахвальваў Антушкоў першаму сакратару абкома...

— Падумаем, падумаем... — няпэўна сказаў Патоліч. «Вось табе, калі ласка, клопат — амерыканцы, фермеры? Аб чым з імі гаварыць, што паказваць? Ламай, сакратар, галаву, ламай!»

— Ты часам англійскую мову не ведаеш? — спытаў Кузьміч.— Лягчэй было б кантакт з імі наладзіць. А так складаней. Яны балбочуць, а ты як нямтыр стаіш. Пра што баяць, здагадвайся. Добра, што перакладчыкі ёсць.

— Што ж, калі патрэбна, сустрэнем,— прамовіў Фёдар Васільевіч.— Але аб чым з імі гаварыць?

— Іх цікавіць развіццё сельскай гаспадаркі, наш вопыт. Вот пра гэта і раскажы. Раптам узнікнуць іншыя пытанні, думаю, ты адкажаш і на іх. Ты ж сакратар райкома партыі! — павысіў голас Кузьміч.— А сакратар райкома — гэта такі чалавек, які не толькі адкажа на любое пытанне, ён пагаворыць, калі будзе патрэбна, з кіраўніком дзяржавы, прэзідэнтам альбо прэм’ер-міністрам. Так?

— Калі яны прыедуць?

— Думаю, на тым тыдні. Папярэдне толькі скажаш, у які калгас павезяце. Дамовіліся?

— Дамовіліся, канечне. Слухай, Андрэй Фёдаравіч,— сказаў Патоліч. Кузьміч палічыў ужо, што ўсё абгаворана, і расчыніў шафу, дзе вісела паліто, каб апрануцца і некуды бегчы.— Дык што вырашылі з камбікармамі, ты не ў курсе? Наш раён абдзялілі... Яшчэ месяц — і не будзе чым свіней карміць. Ім жа ж саломы не дасі?

— Ты знаеш, я кармоў не дзяліў,— Кузьміч ніякавата паглядзеў на Фёдара Васільевіча, быццам ён быў вінаваты ў тым, што раёну не далі камбікармоў.— Гэтым пытаннем асабіста займаўся Васіль Яўсеевіч. Ведаю, што нешта намахляваў твой Пінчук з «Маяка», забраў сабе ўвесь раённы фонд па канцэнтратах. Абдурыў ён, карацей, таго-сяго, пакуль вы чухрыліся. За гэтае махлярства яму варта строгую вымову аб’явіць, а то нават і з партыі выключыць. Што гэта за метады? Цяпер думай, як перазімаваць. Мо сілком забраць частку кармоў дый размеркаваць па гаспадарках?

— Відаць, так і зробім,— сказаў Фёдар Васільевіч.— Паеду дамоў. Столькі планаваў на сёння зрабіць, і нічога. Толькі што на Пленуме быў, і ўсё.

— Ясна, сам быў сакратаром. Дома як у цябе — жонка, дзеці?

— Быццам нармальна і жонка, і дзеці... Маці забраў да сябе. Старая ўжо, а старому чалавеку аднаму — што за жыццё. Хай жыве са мной, душа хоць будзе спакойная, бо за работай часу не было ездзіць. Бывай!

— Поспехаў табе! — сказаў Кузьміч.— Раён у цябе нялёгкі, але працаваць можна. Дай я цябе правяду трохі,— ён накінуў на сябе паліто, шапку і ішоў за Фёдарам Васільевічам.— Знаеш, сумую па сваім раёне. Я ж у яго столькі здароўя ўклаў, ён мне нібыта дзіця. Часам хочацца папрасіцца ў Васіля Яўсеевіча, каб адпусціў, але пакуль маўчу. Трэба і тут працаваць. А яшчэ ж мая старэйшая, Зойка, паступіла ў інстытут. Малая ж, нагляд патрэбен.

Развітваючыся ўнізе, ля паставога міліцыянера. Кузьміч прытрымаў руку Фёдара Васільевіча і нібыта зазірнуў яму ў вочы. Зябка павёўшы плячыма, паправіў на сабе паліто, захінуў яго на грудзях.

— Дык як у вас з Кішковічам? — зноў спытаўся.

— Нармальна, а ў вас што, ёсць іншыя звесткі? — здзівіўся Фёдар Васільевіч.— Працуем. Мне здаецца, Кішковіч разумны чалавек, і ўсе праблемы, пра якія ты ўспамінаеш, мы даўно вырашылі. Канфлікту няма, гэта — дакладна. Можаш мне верыць.

— Ну і добра, Фёдар Васільевіч,— Кузьміч махнуў яшчэ на развітанне рукою, пачакаў, пакуль Патоліч дойдзе да машыны.

«Пра што ён хацеў даведацца? Відаць, усё ж гэтыя пытанні задаваў нездарма...» — у сумненнях ад’язджаў Фёдар Васільевіч з горада. Мог жа Кузьміч сказаць, якое такое пытанне ўзнікла ў абкоме партыі наконт Кішковіча і яго. Аднак ці мала што можа быць?

Лепш пра гэта не думаць, а рабіць сумленна сваю справу. Сёння табе людзі давяраюць і ты першы сакратар райкома партыі, а заўтра, калі страціш гэты давер, не выберуць. Такая пасада не спадчына, якую можна перадаваць ад бацькі сыну, ад сына — унуку... Пройдзе год-другі, і, калі гэтак жа, як з Фросяй з Любавіч, нешта абяцаць і не рабіць, камуністы культурна і спакойна не выберуць нават членам райкома. Гэта будзе справядліва і па-партыйнаму. Сакратар жа існуе для людзей, для раёна, а не наадварот. Вось што рабіў бы зараз, калі б не скончыў інстытут і не стаў інжынерам? Хто б з цябе выйшаў, Фёдар Васільевіч, які спецыяліст? З вёскі не паехаў бы, у горадзе не жыў бы. Пэўна, стаў бы механізатарам, араў бы на трактары зямлю, сеяў бы жыта, садзіў бы бульбу... Быў бы неблагім трактарыстам, бо з дзяцінства прывык усё рабіць грунтоўна. Пабудаваў бы новую хату, аблажыў яе цэглай. Не, лепш ашаляваў бы дошкамі. Потым пасадзіў бы сад, у якім былі б і вішні, і сліўкі, і грушы, і яблыні, вінаград, абрыкосы, валоскі арэх. Усё ж расце на Беларусі, толькі догляд патрэбен, гаспадарскае вока. Дзяцей было б больш: не двое, а пяцёра альбо сямёра. Трымалі б карову, дзве свінні... У канцы чэрвеня кляпаў бы касу, ішоў бы на Межарэкі касіць сена. Потым у першыя маразы на санях перавозіў бы стог з сенажаці ў клуню, і дзеці завіхаліся б на вышках, цягалі б сена, радыя, што дапамагаюць бацьку. Ці было б гэта ўсё? Мусіць, было б, а чаму не? Гэтак жывуць шмат людзей на вёсцы. Ён быў бы адзін з такіх, як і ўсе.

Аднак ён скончыў інстытут, яшчэ многа чаму вучыўся ў жыцці і стаў у Дзяпраўску першым сакратаром райкома партыі. І цяпер павінен старацца, каб людзі жылі гэтак, як марыў для сябе.

«Чаму Кузьміч усё ж пытаўся пра Кішковіча?» — вярнулася да Фёдара Васільевіча ранейшая думка. Але ён так і не змог даўмецца, у сувязі з чым загадчык арганізацыйнага аддзела хацеў высветліць іхнія адносіны. Мо Кішковіча хочуць павысіць? Чалавек ён працавіты, як кіраўнік даўно вырас, і, канечне, трэба яго вылучаць. Надта рана небяспечна даваць уладу чалавеку, але ж калі стане дзедам — таксама кепска. Дык лепей у маладым узросце назначыць, хоць будзе час набрацца вопыту, вучыцца. Прынамсі, такі кіраўнік падумае аб перспектыве, не пабаіцца рызыкі, арыгінальных рашэнняў...

Ужо на вуліцы з тэлефона-аўтамата ён нечакана для самога сябе пазваніў у рэдакцыю газеты. Чамусьці, ад’язджаючы з раёна, Кішковіч з Антонам Казіміравічам не зайшлі ў райком партыі. Што яны ўбачылі ў «Маяку», ці заўважылі тое, што вядома ў абкоме партыі і яму? Трубку падняла жанчына, адказала, што Казак працуе дома, піша матэрыял. Тады Фёдар Васільевіч пазваніў у Міністэрства сельскай гаспадаркі, але і Антона Казіміравіча не было. Нібыта паехаў у камандзіроўку.

Фёдар Васільевіч не вельмі турбаваўся, што не змог перагаварыць з карэспандэнтам. Толькі на душы было трохі прыкра: думаў лепш пра чалавека, чым ён ёсць. Паспрабаваў адкінуць ад сябе гэтую думку, але не змог. Бывае, і ён памыляецца ў сваіх вывадах, назіраннях. З людзьмі працаваць, кіраваць імі не проста. Наогул, кожнага чалавека адразу не зразумееш. Калі б ён мог адразу вызначыць, хто ёсць хто, дык навошта было б столькі памочнікаў у апараце райкома. Глянуў бы толькі на аднаго, другога, і ўсё зразумела; застаецца вырашыць — пакараць або ўзнагародзіць.

«Мо дарэмна не схадзіў да Антушкова...» — падумаў Фёдар Васільевіч. Акурат дамовіўся б з ім аб спецадзенні для жывёлаводаў раёна. Хоць павінен і Кішковіч пра гэта пагаварыць.

На вуліцах горада запаліліся ўжо ліхтары, пасінела між дамоў. Неба ўсё роўна як прыціснулася да зямлі, і снег, здавалася, пачарнеў. Фёдар Васільевіч зірнуў на гадзіннік: раней, чым да ночы, наўрад ці даедуць у раён.

 

Раздзел восьмы

 

1

У канторы была толькі тэхнічка, якая грукацела швабрай у калідоры. Хвілін пятнаццаць назад зачыніў за сабой дзверы галоўны бухгалтар. Ён звычайна затрымліваўся, калі старшыня сядзела яшчэ ў кабінеце. Раптам спатрэбіцца нейкая даведка. Аднак сёння Паліна выправіла яго дамоў: трэба спраўляцца з работай за дзень.

Бухгалтэрыя зрабіла ўжо справаздачу за год, і старшыня вырашыла трохі паглядзець у канторы, што забраць з сабой дахаты. Яна перагарнула некалькі старонак: лічбаў было вельмі шмат, і стомленая за напружаны дзень галава не ўспрымала іх, не магла прааналізаваць.

У кабінет Паліна зайшла гадзіну назад, але не распраналася — батарэі гарэлі слаба. Зноў не хапала вугалю ў кацельнай. Стала знобка, і Паліна шчыльней загарнула на сабе кажушок, але не зашпіліла яго. Рукі засунула ў рукавы, як у муфту, ад аўчыны было цёпла далоням, пальцам, і гэтая цеплыня, здаецца, перайшла нават у застылыя ногі. Яна прагледзела некалькі старонак і больш не стала чытаць: згарнула паперы ў акуратны стос, палажыла ў папку з доўгімі, як у чаравіках, шнуркамі і, завязала яе. Задумалася. Вельмі трэба было б параіцца з Фёдарам Васільевічам, расказаць, як са стрэльбай выганяла былога мужа з хаты. Што ёй было рабіць? Колькі можна цярпець? Хоць, канечне, нельга так, са стрэльбай на чалавека. Што б сказаў ёй першы сакратар? Не ўхваліў бы, зразумела... Але як яна павінна была дзейнічаць з гэтымі п'янтосамі. Не ў жмуркі ж гуляць, слова чалавечага не разумеюць. Вочы засляпілі, і больш нічога не трэба.

Яна спадзявалася, што зранку Фёдар Васільевіч будзе ў райкоме, а ён — на Пленуме ў Мінску. Трэба было б пагаварыць з першым сакратаром, даверыцца яму. Зразумее, падкажа, як жыць далей... Мо і не трэба было гэтай партызаншчыны, толькі не магла яна болей, не магла. Паспрабавала ўявіць, дзе цяпер Фёдар Васільевіч, ці прыехаў ужо з Мінска. Калі і вярнуўся, дык не званіць жа дамоў па такім пытанні. Лепш пад’ехаць у райком і зайсці да яго, пагаварыць без сведкаў спачатку, а потым — як будзе, што вырашыць ён. Хацелася б, каб менш людзей ведала, але ж не схаваеш. Бабскае радыё разнясе па раёне. Але няхай сабе разносіць, затое цяпер спакойна за дзяцей, што іх маленства не будзе атручана сваркамі, лаянкай...

Паліна пачула, як ляпнулі на першым паверсе дзверы, потым зарыпелі прыступкі драўлянай лесвіцы. Нехта падымаўся на другі паверх, дзе былі кабінеты старшыні, бухгалтэрыі і эканамістаў. «Мо вартаўнік?..» — падумала Паліна, паднялася з крэсла і выпрасталася, адчуваючы стому ва ўсім целе. Агледзела кабінет: ці замкнёны сейф, ці парадак у кніжнай шафе, прыбрала паперы са стала ў шуфляду. Трэба ісці ўжо дахаты — дзеці былі адны. Няпроста жанчыне быць кіраўніком, ды яшчэ старшынёй калгаса — столькі клопату. Гэта што ўжо запрэглася ў лямку, прывыкла, але калі б на сённяшні розум прапанавалі ёй узначаліць калгас, ніколі не згадзілася б. Хоць, можа, і не адмовілася б. Такая цікавая работа, і калі галава на плячах...

Крокі наблізіліся да кабінета і сціхлі. Здалося, доўга-доўга было маўчанне, а потым пачуўся стук у дзверы. Яна ўжо збіралася сама выйсці ў калідор.

— Заходзьце! — крыкнула Паліна, але, мабыць, яе не пачулі. Тады яна падышла да дзвярэй і адчыніла. У калідоры стаяў бледны, мо ад электрычнага святла такім здаўся, і сумны Ляксей Капуста. У руках камечыў чорную шапку. Выгляд у яго быў як у хлапчука, які нашкодзіў і баіцца пакарання.

— Што такое?— падзівілася з яго Паліна, занепакоілася адразу, ці не здарылася нешта. Ад гэтай думкі ажно сэрца закалацілася.— Ну, гавары!..

— Ай, не ведаю, як і казаць...— змучана ўзмахнуў рукой і сеў ля дзвярэй на крэсла. За хвіліну Паліна перадумала аб усім, ахапіла ў думках увесь калгас, перабрала кожнага механізатара, які быў здатны што-небудзь утварыць.

— Шчо маўчыш?—узлавалася на Ляксея.— Ну...

— Паліна Ігнатаўна, знаеце...— Ён падняў галаву і зноў апусціў.— Не ведаю, што і сказаць... Толькі прашу. Я дарослы чалавек і нават галоўны інжынер з акладам дзвесце пяцьдзесят рублёў. Шчо, здаецца, нямала...

— Нешта гаворыш не тое. Гавары адразу, што здарылася. Не цягні! — перабіла яго Паліна.— Шчо мне твой аклад?!

— Паліна Ігнатаўна, я вам хачу паведаміць,— зноў мямліў Ляксей, апусціўшы вочы. Нарэшце сказаў: — Я вас люблю, Паліна Ігнатаўна...

— Шчо? — не адразу зразумела яна сэнс пачутага, бо ён быў надта далёкі ад таго, аб чым думала.— Шчо?

— Я вас люблю, Паліна Ігнатаўна! — вымавіў Ляксей і адышоў да цёмнага акна, павярнуўся спіной.

— Я вас люблю, Паліна Ігнатаўна... — прашаптала яна і развяла рукамі ад здзіўлення. Малады хлопец, які два гады назад прыйшоў з арміі, сказаў ёй, маці дваіх дзяцей, «люблю вас». Забыў, што яна амаль на дванаццаць гадоў старэйшая за яго. Якая любоў, калі дзяцей трэба гадаваць. Яна ж падумала, мо хто захварэў альбо пажар, а тут — любоў! Зразумела, у дваццаць два гады толькі і кахаць, жаніцца, замуж выходзіць. Дзяўчатам можна і раней, хоць таксама спяшацца не варта. Вось яна, выйшла ў дзевятнаццаць, розуму яшчэ не было. Засляпіў вочы, пабегла за Станіслава, не паглядзела, што ён ужо тады быў аматар выпіць. На вяселлі напіўся, ледзь ачуняў. Пайшоў па п’янай сцежцы, якой няма канца, страціў усялякую сілу волі. Адно ведае: чарку... А тут — «я вас люблю!». «Навошта, хлопец, гаварыў ты мне?.. Розныя ў нас з табой сцяжынкі ў жыцці».

— Доўга думаў? — загаварыла да хлопца, які напружана сцяўся і чакаў, што яна скажа.

Ён павярнуўся тварам да яе, праглынуў камяк, які стаяў у горле, і ахрыплым голасам прасіпеў:

— Доўга... Не мог адважыцца.

— Малайчына, адважны, не пабаяўся старшыні,— сказала Паліна і падумала, што гаворыць не тое, што трэба. А што трэба? Яна не ведала. У галаве былі банальныя, нязначныя словы, якія проста не магла казаць пасля Ляксеевых «я вас люблю». Ёй, здаецца, ніхто ніколі так не гаварыў. Нават не ўяўляла, што прыемна гэта слухаць. «Я вас люблю» — як музыка, як песня... Яна разгубілася. Гэтыя словы запоўнілі ўсю яе істоту. Не паверыла б, што так можа быць, калі б хто сказаў. Не трэба віна, ад слоў нібыта ап’янела. Ён добры хлопец. Як мужчына нават прыгожы. У яго вялікія дужыя рукі, ласкавы позірк. Яна ж не жалезная, абняць бы яго, прыціснуцца да гэтых шырокіх грудзей... Але якое мае яна права на гэта?.. Мо падысці да яго, нешта сказаць, узяўшы за рукі?..

Сабрала ўсю сваю ўнутраную сілу, не падышла да Ляксея, не схіліла галаву яму на грудзі, не абняла за маладую шыю. Міжволі, неяк разгублена, сцягнула з галавы хустку, трохі ўскудлачыўшы чорныя з кучаравінкай валасы, яны хоць і былі прыціснуты грэбенем, але ж усё роўна высока ўздымаліся над лобам. Шчокі ад хвалявання зачырванелі, і, намагаючыся не паказаць Ляксею сваёй разгубленасці, адчыніла стол і пачала перабіраць у шуфлядзе паперы.

Гэта працягвалася нядоўга, яна авалодала сабой. І наўрад ці заўважыў Ляксей яе перажыванні. Паліна зноў зачыніла стол, замкнула яго — ніколі гэтага не рабіла,— зірнула на панылага хлопца.

— Добры ты чалавек, Ляксей. Толькі больш не гавары гэтага, чуеш? — сказала Паліна, узяла пад пахі папку з гадавой справаздачай, стала ў дзвярах, запрашаючы за сабой Ляксея.— Не трэба гэтага ні табе, ні мне.

— Паліна Ігнатаўна, але ж я вас люблю,— ён прыціснуў рукі да грудзей. Толькі яна ўжо слухала яго спакойна. Яна перамагла сябе, прымусіла не ўспрымаць гэтых слоў. Хоць як магла прымусіць сваё сэрца і душу? Яна не хацела слухаць яго. Было жаданне як хутчэй выйсці з кабінета, апынуцца на марозе, пад ветрам, які шпурне ў твар прыгаршчы сухога і пякучага снегу.

— Я, Ляксей, даўно табе пасватала Клімянкову, загадчыцу фермы, а ты? — Паліна ці жартавала, ці гаварыла ўсур’ёз, і сама ўжо не ведала. Яна памалу пайшла па калідоры, а Ляксей цягнуўся ззаду і нешта хацеў усё сказаць, але яна перабівала, гучна смяялася...

 

2

— Дык кажаце, цётачко, ад вайны не былі тутака? — дапытвалася Хрысця ў Пятроўны. З-за ветру даводзілася крычаць, каб старая пачула. Ад аўтобуснага прыпынку ісці недалёка. Хрысціна хата стаяла мо за сто крокаў ад яго, якраз на тым месцы, дзе жыў перад вайной Усцін Ермалайка, сям’ю якога немцы расстралялі за сувязь з партызанамі. На тыдзень раней, чым Галіну з Апанасам. Пятроўна памятала, што і Ермалайкаву хату тады ж спалілі. Значыцца, гэтая маладзіца паставіла свой дом не так даўно. Але ж вельмі ён маленькі, і таму выгляд у яго бедны, сіроцкі. Хоць чаго здзіўляцца, калі жанчына адна і дапамогі аніякай: ні табе братоў, ні сясцёр. Пашкадавала Хрысцю, нібыта родную дачку, якой не пашанцавала ў жыцці.

Ужо ў сенцах зноў успомніла Пятроўна пра аўтобус, перапытала ў Хрысці, калі вяртаецца назад у райцэнтр. Жанчына супакоіла яе, папрасіла не хвалявацца: гэта ж не пасля вайны, куды хочаш даедзеш.

Яны ўвайшлі ў хату, і Хрысця запаліла святло. Потым прыняла ад госці паліто, павесіла на цвік ля вушака.

— Слава богу, у сваёй хаце,— сказала Хрысця.— Такі мароз на дварэ, ой-ёй-ёй... Можа, божанька злітуецца над грэшнымі людзьмі і падорыць лета цёплае? Сядайце, цётачко. Зараз унека запалю печку, звару пасоленак, гарбаты пап’ём, каб кроў у жылах лепей бегала.

Пятроўна прыціснулася да цёплай грубкі, якая яшчэ не астыла за дзень, грэла рукі, якія аж круціла ад болю ў суставах: як улез у косці рэўматызм у сорак трэцім, дык паратунку няма. Пажалілася Хрысці, і тая знайшла пад ложкам нейкае націранне ў жоўтай бутэльцы.

— Дапамагае, цётачко. Натрыце рукі, не бойцеся. Ета мухаморы ў шпірту. Надта добрае лякарства. А яшчэ ад рэўматызму дапамагае насенне блёкату ў гарэлцы альбо ў шпірту. Можна пачакі два голак кінуць у бутэльку воцату, і праз месяц — націранне. Воцат раз’ядае голкі — як іх не было. Многа што ёсць, чым лячыць рэўматызм. Але ж дахтары кажуць, шчо кожнаму чалавеку — сваё лякарства. Мне мо дапамагаюць мухаморы ў шпірту, а вам голкі ў воцаце альбо керасіна.

Нацерла Пятроўна рукі, і сапраўды зменшыўся боль. Калі стала зусім добра і яна адчула сябе амаль здаровай, успомніла, што трэба пазваніць з фермы дамоў, каб не турбавалася нявестка, дый, можа, Фёдар ужо вярнуўся са сталіцы.

Прайшлася па хаце, паглядзела: на сцяне іконы не іконы, хутчэй карціны з надпісамі на кожнай, зацікавілі Пятроўну і чорныя кніжкі ў скураных вокладках. Як былая настаўніца і адукаваны чалавек, яна ведала кошт такім кнігам. Таму ў яе адразу ўзнікла пытанне: адкуль у небагатай адзінокай вясковай жанчыны столькі старажытных кніжак? Пятроўна не спытала пра гэта ў Хрысці, змоўчала, зразумеўшы, чаму жанчына цераз слова ўспамінае бога.

— Сорак гадоў, цётачко, тут не былі? А як зараз прыехалі? — Хрысця наабірала бульбы, перамыла яе ў дзвюх водах і паставіла чыгун у грубку, у якой весела зіхацеў агонь: дровы гарэлі так, што ажно гуло ў коміне. Ці мо гэтак дзьмуў вецер? На вуліцы зрабілася цёмна, і час для Пятроўны страціў нейкую акрэсленасць. Яна не магла вызначыць, ці даўно ў хаце, ці толькі ўвайшлі з марозу, бо рэўматызм зноў пачаў грызці суставы.

— Як прыехала? — Пятроўна прыціснулася шчыльней да грубкі спіной, адчула, нібыта яна ў сваёй хаце, так добра ёй стала.— А ў мяне сын тут.

— Дзе тут? — Хрысця прынесла з сенцаў капусты і гладышку малака, наліла ў кубкі.— З пасоленкамі будзе смачнэго. Дык сын у горадзе чы ў якой вёсцы?

— У горадзе. Можа, ведаеш яго? Ён тут галоўны начальнік,— з гордасцю сказала Пятроўна,— першы сакратар райкома партыі, Фёдар Васільевіч Патоліч. Знаеш ці не?

— Адкуль мне ведаць,— абыякава прамовіла Хрысця, не звярнуўшы спярша ўвагі на пасаду цётчынага сына. Потым перапытала: — Кім, кім ён працуе?

— У райкоме партыі, першым сакратаром,— прыемна гаварыць пра сына, а тым больш у роднай вёсцы; кожнай матцы гонар, калі дзіця вырасце паважаным чалавекам.

— Унека як! — сказала Хрысця і ажно села на ўслон.— Унека як! — злажыла рукі перад сабой і штосьці зашаптала, потым падышла да ложка і стала на калені, малілася. Пятроўна спалохалася з гэтай перамены ў паводзінах гаспадыні, не ведала, што гаварыць: сядзець ці збіраць манаткі ды ісці дахаткі.

Памалілася Хрысця і назад — да печы. Высыпала з чыгуна бульбу ў алюмініевую міску, запрасіла цётку за стол.

— Ета ежа — боскі падарунак, і кожны яго мае, хто папросіць... Дык ваш сын, цётачко, вялікі начальнік над камуністамі. Але, як думаю,— кожнаму доля ад бога.

У сенцах замяўкаў кот, скрэбнуў кіпцюрамі па дзвярах. Хрысця ўпусціла яго ў хату.

— Таксамо есці захацеў, крыкся. На, паеш бульбы,— кінула бульбіну і кавалачак сала ў бляшанку з-пад кансерваў.— Вельмі здатны майстра мышэй лавіць, такі рызыкант... Здаецца, стукаюць, чы шчо?

Пятроўна прыслухалася: хтось абіваў з ног снег на ганку. Чалавек ішоў у хату ўпэўнена, не раз тут быў, відаць. Яна сядзела тварам да дзвярэй і, калі адчыніліся, адразу ўбачыла пажылую грузную жанчыну з шырокім маршчыністым тварам. Па тым, як падбегла да яе Хрысця, замітусілася і пачала заглядваць у вочы, Пятроўна здагадалася, што ў жанчыны гэтай тут вялікі аўтарытэт.

— Прыемнага апетыту,— сказала жанчына і, прыжмурыўшы вочы, уважліва паглядзела на Пятроўну.

— Дзякуем, дзякуем, цётачко. Сядайце з намі. Унека, госця ў мяне.— Хрысця ручніком махнула па ўслоне.— Сядайце, цётачко!

— Наша сястра ў Хрысце? — насцярожана глядзела жанчына, а Пятроўна спрабавала здагадацца, хто гэта. Яны былі недзе адных гадоў і, напэўна, не маглі не ведаць адна адну. Але старасць мяняе чалавека.

Хрысця зашаптала жанчыне, азіраючыся на госцю. Відаць, расказвала пра яе. Пасля яны на каленях памаліліся. Вярнуўшыся за стол, зноў прачыталі пацеры. Пятроўна сядзела і здзіўлялася. Яны з Хрысцяй елі, а жанчына адмовілася, толькі папіла вады.

— І дзе твае, сястра, яйкі, сала, нешчо бедна частуеш госцю,— сказала яна.

— І то праўда, цётачко! — падхапілася Хрысця.— Забылася пра ета зусім...

— Чакай... Памагу прынесці...— Жанчына выйшла разам з гаспадыняй, і Пятроўна пачала ўспамінаць, хто ўсё-ткі гэта можа быць. Нелюдзімыя глыбокія вочы. Позірк спадылба... Хто ж гэта пазіраў так скоса... Урэшце, навошта гадаць, зараз прыйдуць яны, і яна спытае, як зваць жанчыну.

 

А Хрысцю дапытвала Марфа Царыца, тузаючы штохвіліну за рукаў кофты:

— Навошта прывяла яе сюды, лахудра? Яе ж сын у нашым раёне галоўны д’ябал, начальнік над камуністамі. Дзе твая галава? Хочаш, каб у Сібір пагналі за Хрыстову веру? У, лахудра! Замуж яшчэ захацела, а галавы нямашака!

Хрысця апраўдвалася і не разумела, чаму так разгневалася і спалохалася Марфа Царыца. Ажно падбародак трасецца, з рота сліна ляціць. Здаецца, зараз задушыць сваімі дужымі рукамі, якія цягне да шыі.

— Шчо вы, цётачко?!

— Цётачко, цётачко! — перадражніла Марфа Хрысцю.— У каршэнь яе, у каршэнь з хаты!

— Няёмка, цётачко, неяк не па-чалавечы... Не па-боску...

— Надта ведаеш ты, як па-боску. Рабі, шчо кажу. Бульбу ёй даець з малаком, каплуна-цюры наліла б, і до. Давай, давай, а я пачакаю ў каморы. Скажы ёй, шчо папрасіла суседка памагчы нешта па гаспадарцы. Каб яе, паскудніцы, тутака нагі не было.

— Нешчо не разумею...

— Шчо тутака разумець. Ад сатаны яна, ад сатаны. Выведзі за вёску, дзе цёмна і лес. Мо і ваўкі тамака... Няхай пакутуе, а то бач, толькі мне пакуты... Ідзі! — падштурхнула старая Хрысцю.

Ніякавата адчувала сябе Хрысця, проста язык не паварочваўся, каб выгнаць з хаты гэтую сімпатычную ёй жанчыну. Але не адважылася не паслухаць Марфу Царыцу. Правяла яна Пятроўну да дарогі, па якой хадзіў аўтобус, развіталася з ёй і пабегла, бо сорамна было глядзець у вочы цётцы. Аднаго толькі не зрабіла, што загадала Марфа,— не накіравала да лесу. Амаль ноч на дварэ, і жанчына магла заблудзіць і замерзнуць. Граху на душу Хрысця браць не хацела.

Пятроўне пашанцавала: прастаяла яна на дарозе нядоўга, праз якіх дзесяць — пятнаццаць хвілін забраў яе аўтобус. Вярнулася дахаты амаль адначасова з сынам. Іх сустрэла ўсхваляваная Ліда, якая ўжо абшукала ўвесь раённы гарадок, пазваніла ў міліцыю і цяпер, убачыўшы свякруху, аж заплакала, да таго знервавалася.

Фёдар Васільевіч думаў спачатку змоўчаць, але ўсё ж не ўтрымаўся, прабраў матку за тое, што рызыкнула сама ехаць у такі час у вёску.

Раніцай ён падышоў да тэхнічкі цёткі Зіны, перамовіўся адным-другім словам. Усё яшчэ вагаўся ў сваіх здагадках, а раптам памыляецца? Хоць нічога благога ўсё роўна не будзе, калі нават і незнаёмыя жанчыны сустрэнуцца. Абедзве ваявалі ў партызанах, знойдуць, што ўспомніць.

— Вы сёння не надта заняты? — спытаў Фёдар Васільевіч.

— Не, у мяне вольнага часу багата. Вось прыбяру, і ўсё,— адказала цётка Зіна.— А шчо? Мо ў рэстаран хочаце, таварыш сакратар, запрасіць?

— Не, не ў рэстаран. Папрашу, каб вы зайшлі да мяне дахаты.

— Калі ласка. Хоць зараз.

— Не спяшайцеся, гадзінай раней ці пазней, не мае значэння...

— Добра, зайду...— здзіўлена сказала цётка Зіна.

— Дзякуй вам,— Фёдар Васільевіч падумаў, што трэба праз які тыдзень з’ездзіць з маці ў Любавічы, мо тады ўжо супакоіцца. Чакаць вясны альбо лета — не варта. Летам яна і сама на аўтобусе заедзе.

 

3

...Зводкі па малаку ўжо ляжалі на стале. Раней была завядзёнка ці звычка ў райсельгасупраўлення аддаваць гэтыя зводкі першаму сакратару амаль к абеду. А калі ён выедзе ў гаспадаркі, дык пазнаёміцца з імі ажно вечарам. Як можна кіраваць раёнам? Адвучыў Фёдар Васільевіч райсельгасупраўленне ад гэтай завядзёнкі праз месяц, як прыйшоў у Дзяпраўск. Запрасіў да сябе ўвесь планава-эканамічны аддзел, пагаварыў гадзіну, і людзі зразумелі, што ад іх патрабуе новы сакратар райкома.

Ён прагледзеў зводкі і спахмурнеў: надоі за дзень знізіліся амаль на паўкілаграма. Канечне, паўплывалі мароз, завіруха. Гэта ён ведае, але ўсё роўна недзе і кепска папрацавалі на фермах. Мароз марозам, а калі жывёла добра накормлена дый стаіць у цёплым памяшканні, не страшная і непагадзь. Камбікорм увесь у Пінчука, аднак у яго на комплексе многа свіней, якіх карміць трэба. Як гэта здарылася, што калгас нарыхтаваў мала ўласных кармоў? Дзе ж было пільнае вока райкома, дзе? А да пашы яшчэ далёка... Чым у «Маяку» кароў будуць карміць? Паўгода ў раёне, аднак таксама вінаваты... Хоць няхай і так: ён — паўгода толькі тут, а астатнія кіраўнікі ў Дзяпраўску не першы год. Няўжо не бачылі, не заўважалі стылю работы Пінчука? Вось гэтага не мог зразумець Фёдар Васільевіч.

— Мар’ян Часлававіч, што гэта ў нас робіцца? — напаўжартам, напаўсур’ёзна спытаўся першы сакратар па селектарнай сувязі ў начальніка райсельгасупраўлення Баніцкага.— Як я паехаў на Пленум, дык і надоі знізіліся? Так, ці што?

— Атрымліваецца так,— сказаў Баніцкі.

— Дык лепш бы яны павялічыліся. Вы скажыце, у чым прычына спаду?

— Мароз, холадна, Фёдар Васільевіч.

— І толькі?..

— Мяркую, што гэта звязана і з несумленнай працай людзей. Вы паглядзіце па гаспадарках. У «Перамозе» нават на сто грамаў павялічыліся надоі, а ў яе суседа, Пінчука, пайшлі ўніз. Здаецца, вопытны кіраўнік, Лідэр...

— А што вы зрабілі ўжо, каб выправіць становішча з надоямі па раёне? Ці мы так і паедзем далей уніз?

— Ды не, Фёдар Васільевіч. Нашы спецыялісты ўчора аб’ехалі ўсе гаспадаркі. Праверылі, як кормяць жывёлу, і папярэдзілі кожнага загадчыка фермы, кожнага заатэхніка, кожную даярку, каб ніводзін грам корму не змарнавалі. Ці ж гэта парадак, у «Прагрэсе» салому, не запарыўшы, без камбікорму, з кавалкамі лёду, са снегам даюць каровам. Адкуль там будуць надоі?!

— Рэвізораў паслалі ў «Маяк»?

— Учора, Фёдар Васільевіч. Не прымаў іх, скандаліў. Здзіўляе мяне, надта многа пыхі ў гэтага Пінчука.

— Вось і мяне таксама здзіўляе,— сказаў Фёдар Васільевіч.— Да нас у раён прыязджаюць амерыканцы, група фермераў. Вызначце адзін калгас, куды іх можна было б завезці і тое-сёе паказаць... Сёння ж трэба паведаміць у абком партыі. Якая ваша думка?

— У нас ёсць неблагія гаспадаркі, можна і паказаць. Мо «Перамогу»? Гаспадарка добрая, хоць там яшчэ не ўсё выдатна. Старшыня — жанчына сімпатычная разумная.

— Згодзен,— сказаў Фёдар Васільевіч. Яму здалося, што ў дзверы пастукалі. Ён не адгукаўся, працягваў размову. Адчыніліся дзверы, і нясмела ўвайшоў Стома. Быў ён не ў імпартным кажуху, а ў простым зімовым паліто з каўняром са штучнага футра. Ён спыніўся ля парога, не адважваючыся, мусіць, далей прайсці. Фёдар Васільевіч паказаў яму рукой на крэсла і, скончыўшы гутарку з Баніцкім, прамовіў:

— Што вы хацелі сказаць? Зноў дэфіцыты завезлі? Чаму не выконваеце рашэнне райкома, таварыш Стома? Вы разабраліся з пытаннем па Любавічах?

— Я прыйшоў, Фёдар Васільевіч, па гэтым пытанні. Збіраем там сягоння сход пайшчыкаў. Вы не паедзеце?

— Не магу,— прагаварыў Патоліч.— Кепска працуем, людзі скардзяцца... Едзьце самі, разбярыцеся.

— Зразумела...— Стома не выходзіў з кабінета, нечага чакаў. І раптам Фёдар Васільевіч падумаў, што трэба яму сапраўды паехаць на гэты сход і пагаварыць з людзьмі. Атрымалася ж не зусім добра: просьба даярак да гэтага часу не выканана. І Фрося прыязджала. «Біць цябе трэба, бізуном біць, таварыш сакратар...»

— А якой гадзіне сход? — спытаўся ён у Стомы.

— Дамовіліся на трынаццаць.

— Ладна. Паеду і я... Аркадзь Паўлавіч,— выклікаў ён па селектары загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі,— вы праверылі сігнал папа па Любавічах? Зайдзіце...

Стома гэтак жа ціха, як з’явіўся ў кабінеце, знік. Пасля гісторыі з кажухом, які Ліда вярнула ў магазін, Фёдар Васільевіч меў намер вельмі сур’ёзна пагаварыць са Стомам, але вырашыў пакуль пачакаць, паглядзець, як старшыня райспажыўсаюза будзе працаваць далей. Было відаць, што ён пасля выпадку з кажухом зразумеў недарэчнасць свайго ўчынку, больш нічога ўжо не прапаноўваў Лідзе, трымаўся насцярожана.

— Кажаш, высветліў? — сустрэў ён пытаннем загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Клімковіча.— Што ж вы даведаліся, Аркадзь Паўлавіч?

— Я быў у Любавічах,— сказаў той.— Сапраўды, Марфа Сінягурская з Хрысцяй Апалевіч спрабуюць арганізаваць секту, але пакуль яны толькі ўдзвюх. Факты адкрытай агітацыі новых членаў не выяўлены. Я перагаварыў з гэтымі жанчынамі. Нічога новага з іх слоў не высветліў: трымаюцца насцярожана. Будзем назіраць... Іх сектай нават не назавеш, таму і не зарэгістраваны. У суседнім раёне ёсць вялікая секта пяцідзесятнікаў, але туды ні Марфа Царыца, ні Хрысця Манашка не ездзяць. Вось і ўсё. Папрасіў нашага рэдактара раённай газеты часцей друкаваць артыкулы на антырэлігійную тэматыку. Дамовіўся з бібліятэкарамі. Яны зробяць выстаўку антырэлігійнай літаратуры. Актывізуем работу ў школах...

— Дзякую, Аркадзь Паўлавіч. Я збіраюся неўзабаве ў Любавічы на сход пайшчыкаў. Думаю, варта і вам з’ездзіць.

 

4

У Любавічах быў старэнькі брыгадны клуб, які адчынялі, калі праходзіў сход альбо прывозілі кіно. Кіно паказвалі толькі летам.

Фёдар Васільевіч з Клімковічам прыехалі ў Любавічы на хвілін дваццаць раней. Тут ужо была Паліна, відаць, яе папярэдзіў Стома, што будзе прысутнічаць першы сакратар.

Перад клубам расчысцілі сцежку і — дзе толькі знайшлі — пасыпалі жвірам. На ганку стаяла некалькі мужчын. Павітаўшыся з імі, Фёдар Васільевіч зайшоў у клуб. Не інакш, да сходу пратапілі грубку, і паветра ў памяшканні крыху нагрэлася, але не настолькі, каб можна было распрануцца. Пакой настыў ад марозу, і адчувалася сырасць. «Неблагі яшчэ домік. Калі не глядзець яго, грыб сцены з’есць»,— падумаў Фёдар Васільевіч і ў кутку ля падлогі ўбачыў языкі цвілі.

У зале было ўжо чалавек пяцьдзесят, большасць жанчыны. Уперадзе, на другой лаўцы, сядзела даярка Фрося, і Фёдар Васільевіч падышоў да яе, павітаўся. Усе, пэўна, у зале гэта заўважылі. Фёдар Васільевіч ведаў, наколькі цяпер узрасце аўтарытэт гэтай жанчыны ў вёсцы: як жа ж, сам першы сакратар райкома паціснуў ёй руку.

Начальства сабралася шмат. Акрамя Стомы з райспажыўсаюза прыехалі загадчыца гандлёвага аддзела, інструктар аддзела кадраў, а таксама быў старшыня Моркавіцкага сельпо. І калі ўжо думалі пачынаць сход, раптам адчыніліся дзверы і ў клуб зайшоў старшыня райвыканкома Кішковіч. Пасля Пленума Фёдар Васільевіч яшчэ не паспеў з ім перагаварыць. Зранку яму не званіў, падумаў, што Уладзімір Іванавіч зойдзе да яго і раскажа пра сустрэчу з Антушковым.

Фёдар Васільевіч узіраўся ў залу, спрабуючы ўбачыць каго-небудзь яшчэ з тых жанчын, якім дапамагаў ратаваць цялят на ферме, але нікога больш не прызнаў. Не заўважыў ён і Марфы Царыцы. Хіба толькі не змог разгледзець. Амаль усе жанчыны былі апрануты аднолькава: на галаве хустка, завязаная па самыя вочы, на плячах ватоўка, альбо чорная святочная плюшаўка, ці шуба. З маладых нікога не было, і ён з горыччу падумаў пра тое, што ад гэтай вёскі застанецца праз дваццаць — трыццаць год, хто будзе жыць у ёй, даглядаць і даіць кароў на ферме. Мала, вельмі мала моладзі застаецца пакуль у вёсцы. Усе едуць у горад. І што рабіць, каб неяк спыніць гэты рух, які, што б ні гаварылі — маўляў, натуральная з’ява, закон развіцця грамадства,— не патрэбны. Ці блага было б, каб дзеці гэтых цётак, што панура сядзяць зараз у зале, працавалі слесарамі, токарамі, шафёрамі не ў Мінску, а ў сваім жа Дзяпраўску?

— Пачнём, таварышы, нашу работу,— сказаў старшыня сельпо, якому даручылі весці сход. Ён гаварыў чамусьці павярнуўшыся тварам не да залы, а да першага сакратара райкома партыі. Адчувалася, што разгубіўся і ад празмернай узбуджанасці пачаў заікацца. Памалу супакоіўся і ўжо талкова далажыў парадак работы сходу і прадставіў усіх начальнікаў, большасць з якіх сядзела ў прэзідыуме. У зале толькі засталіся інструктар аддзела кадраў і Клімковіч.

Стол быў засланы чырвоным. Напроці Фёдара Васільевіча стаяў графін з вадой, але шклянкі чамусьці не было.

Як толькі старшыня скончыў сваю ўступную прамову, адразу зала загула. З лавы, што была за Фросяй, паднялася пажылая жанчына ў зялёнай ватоўцы. Узмахнула рукавіцамі, павярнуўшыся да аднавяскоўцаў.

— Дайце, оно, я скажу, людцы. Мяне зваць, таварышы начальнікі, Агрыпінай Саўкавай.

— Прайдзіце да стала,— сказаў Стома.

— Няма чаго, і тут мяне пачуюць. Шчо ето робіцца, людцы, га?! Чы мо якія мы пракажоныя, чы шчо? Хлеба купіць чы цукру — бяжы ў Байкі альбо ў Ваўкі. Ні прасціны, ні матэрыі купіць — анічога. Захацелі — зачынілі магазін, захацелі — адчынілі. І дакуль ето будзе такая дурасць? Чаму ето ніхто не спытаў у нас пра гэную дзяўчынку, пра Гэльку? Хто скажа, што яна зладзейка? Ніхто. Хто сказаў гэтак, няхай у яго язык адсохне, а калі напісаў, дык няхай рукі высахнуць у етага чмура, каб яго халера прабрала! У людзей ніхто не пытае, а робіць, як і шчо хоча. Вот скажыце мне, таварыш сакратар, і дзе тая справядлівасць? Выйдзі, Гэлька, уперад, хай глянуць на цябе начальнікі. Чы можа гэнае дзяўчо красці? Вы ў яе вочы паглядзіце! Выйдзі, Гэлька!

Відаць было, як дзяўчына ўпарцілася, не хацела выходзіць, яе падштурхоўвалі жанчыны. Яна разгубілася, засаромелася і, уся чырвоная, паніклая выйшла наперад. Гэлька была яшчэ зусім дзяўчо, апранутая даволі лёгка для зімы, у ясёнку, на галаве зялёная вязаная шапачка, а на нагах, як і ва ўсіх вяскоўцаў,— валёнкі. Яна родам з Любавіч, з вялікай сям’і, ажно сем дзяцей у іхняй хаце. Старэйшы яе брат служыў на флоце, а Гэлька засталася ў вёсцы, каб дапамагаць бацькам. Пра гэта Фёдару Васільевічу расказала перад сходам Паліна Ігнатаўна.

— Падымі вочы, не саромейся,— камандавала цётка, і Гэлька паслухалася, падняла галаву, глянула на прэзідыум вялізнымі блакітнымі вачыма, у якіх былі страх і цікавасць да чужых людзей.

— Вось я хачу сказаць,— усхапілася жанчына ў канцы залы і хутка, ледзь не крычала: — Чаму етаму Стоме паверылі, а дзяўчыне, якая рабіла сумленна, не? Шчо ета за парадак такі! Мы ж, здаецца, пайшчыкі сяльпа, грошы плоцім, етыя ўзносы, а засталіся з носам. Захочуць — чалавека, нібы смецце, выкінуць, а захочуць — нагамі па ім пройдуць. Ды Гэлька мо больш сумленная, чымсь каторы тут начальнік. Падвучылі дзіця, каб зрабіла кантрольную закупку. Гэта ж дзе ў іх галава? Дый капейкі тыя ў яго ў падкладцы ў пінжаку знайшліся. Зачынілі краму, а людзі як хочуць няхай! Чы ета правільна?! Вот тутака таварыш сакратар райкома прысутнічае, наша ўлада, няхай скажа, чы доўга будзема так жыць, чы мо заўжды хадзіць па бохан хлеба за пяць ці сем кіламетраў?

Фёдар Васільевіч слухаў гэтую жанчыну, а потым перавёў позірк на Фросю. Здалося, яна кпліва паглядвала на яго: слова не стрымаў, адказвай народу.

Старшыня райвыканкома сядзеў па левы бок ад Патоліча і, нахіліўшыся над сталом, маляваў на паперцы чалавечка. «Знайшоў час для забавы...» — раздражнёна падумаў сакратар райкома. Ён паглядзеў на астатніх членаў прэзідыума. Кожны нешта пісаў, нібыта толькі цяпер, на гэтым сходзе, узніклі геніяльныя думкі і яны спяшаліся занатаваць іх на паперы. Фёдару Васільевічу раптам захацелася піць, але шклянкі не было, толькі стаяў паўнюткі графін з вадой. Ужо нават па гэтай дэталі відаць стыль работы тых, хто арганізоўваў сход. Прывыклі працаваць для прыліку. Не паглядзелі, што першы сакратар райкома партыі будзе прысутнічаць. Грубку натапілі, падлогу быццам памылі, але на сцяне вісяць рэшткі нейкага стэнда — каму ён спатрэбіўся, навошта парвалі? Шкло ў акне выбіта, з Дзяпраўска не прыехалі, каб зашкліць...

— Вы будзеце выступаць, Фёдар Васільевіч? — зашаптаў старшыня сельпо.

— Буду, але крыху пазней...

— Тады вы мо, Ціхан Парфіравіч? — пытаўся Гаўрылюк у старшыні райспажыўсаюза.

— Я не ведаю...— прамямліў Стома, але сустрэўся з вачыма першага сакратара і асекся.— Буду.

— Папрасіце прабачэння ў людзей,— падняў галаву ад свайго малюнка Кішковіч, — а то...— і змоўчаў. Што хацеў дадаць — было невядома.

— Атрымалася не вельмі добра,— усё ж падняўся старшыня райспажыўсаюза.— Ёсць тут, канечне, наша віна. Месяц магазін быў зачынены. Вам хадзіць па хлеб далёка. Аўталаўку мы не арганізавалі.

— Не месяц, а два з паловай! — выгукнула Фрося, але Стома не паправіўся, працягваў гаварыць.

— Канечне, я прашу ва ўсіх жыхароў вёскі Любавічы прабачэння, і ў сваёй далейшай рабоце паправім становішча... Аднак пры ўсім пры тым апошняя скарга на прадаўшчыцу Забалу была, і мы павінны былі яе праверыць. Праверылі і, канечне, трохі пагарачыліся. Абяцаю вам, як старшыня райспажыўсаюза, што праз дзень, найбольш два, магазін будзе адчынены. Прадаўшчыца Забала будзе працаваць на сваім месцы. Так што шуму і гвалту вялікага не трэба рабіць. Мы разабраліся ва ўсім, і, як бачыце, магазін будзе працаваць.

Не паспеў Стома сесці на месца, як ускочыла Фрося. Відаць, трохі ўгрэлася, бо расшпіліла ватоўку і твар расчырванеўся.

— Вельмі проста ў вас атрымліваецца, Ціхан Парфіравіч: захацелі — знялі дзяўчыну з работы, захацелі — аднавілі. Нешта не зусім нам зразумелая гэтая ваша палітыка. Але ўрэшце, слава богу, магазін адчыніцца, і Гэлька будзе працаваць. Ды толькі ў нас ёсцека яшчэ адно такое пытанне. Мы вот, даяркі, з ранку да ночы на ферме, вёска нашая ад райцэнтра далёка, надта не наездзішся па крамах. Аднак жа ж мы таксама людзі, і ў нас ёсцека свае патрэбы. Чы нельга, напрыклад, прывезці сюды тыя ж прасціны, навалачкі, сітцу, крэпдышыну. Я б купіла свайму Петрусю і добры касцюм, паліто. Дый гэтак і іншыя людзі. Чы мы цяперака бедныя? Зарабляем грошы: хапае і на хлеб, і да хлеба. Але жывём мы ў які час ужо. Падумайце, колькі гадоў як ад вайны! Дык шчо пасля вайны хадзілі ў трантах, дык ета ясна. А зараз нам навошта абы-якая адзёжа? Мы шчо, горшыя, чымсь у горадзе? Усё нейкім дэфіцытам тлумачаць, а ўсе магазіны завалены таварам, за які трэба рукі адсячы. Шчо будзе, калі мы з малака зробім дэфіцыт альбо дадзім такое малако, шчо есці няможна. Дык мы ўжо можам запатрабаваць за тое ж малако і мяса, якое даём у горад, каб выраблялі на фабрыках для людзей, а не для пудзілаў у агародзе.

— Пры чым тут мы,— сказаў Стома,— райспажыўсаюз не шые касцюмы.

— А пры тым, што не трэба браць ад фабрык, прабачце, дзярмо, адмаўляцца ад яго. Вот калі яны патонуць у сваіх вырабах, тады трохі пачнуць шавяліць мазгамі. Вы, таварыш Стома, павінны патрабаваць ад фабрык, а мы патрабуем ад вас.

— Мо будзем канчаць сход, Фёдар Васільевіч? — спытаў старшыня сельпо.— Я даю вам слова.

Патоліч ужо ведаў, што гаварыць гэтым людзям, аднак усё яшчэ разважаў над тым, каб ягонае слова запомнілася, каб паверылі яму. Трэба сказаць неяк проста і шчыра. Стому яны не вераць і старшыні сельпо таксама, і іхняя надзея цяпер на райком партыі, на першага сакратара. Фёдар Васільевіч выйшаў з-за стала і, павярнуўшыся да прэзідыума, паказаў на яго рукой:

— Перад вамі мы ўсе вінаваты. І хоць папрасіў прабачэння старшыня райспажыўсаюза, але я таксама кажу: выбачайце за тое, што здарылася. Будзьце ўпэўнены, раённы камітэт партыі дасць усяму гэтаму прынцыповую ацэнку. Мы спытаем у таварышаў Стомы і Гаўрылюка за ўсё. Думаю, што пытанні, якія вы ўздымалі, можна вырашыць, дый яны будуць вырашаны. Мы ўсё зробім, каб вы маглі нармальна жыць і працаваць. Дзякуй вам, дарагія таварышы, за вашу працу! — Фёдар Васільевіч пакланіўся.— Але ж ёсць пытанні і ў мяне да вас. Вы тут гаспадары, а гляньце на гэтыя сцены, на вокны. Ці ж ёсць такое ў вашых хатах? Няма. Вунь вісеў нейкі стэнд — абарвалі, паламалі, у акне шыбу выбілі. Азірніцеся, які выгляд у гэтага клуба. Ці чакаеце, калі райком партыі з першым сакратаром прыедзе і адрамантуе яго? Колькі тут работы? Арганізуйце вясной суботнік, Паліна Ігнатаўна, і навядзіце парадак. Мне сорамна за вас, таварышы... А магазін не паслязаўтра адчыніце, а заўтра. Зразумела?

— Зразумела,— сказаў старшыня райспажыўсаюза.

...Азіраючыся на начальства, людзі памалу выходзілі з клуба.

Вецер прыціх, неба крыху ачысцілася ад хмар.

— Я быў лепшай думкі пра вас, Паліна Ігнатаўна,— пасля невялікай паўзы вымавіў сакратар райкома.— Ці вы не былі ў гэтым клубе ніколі? А калі не былі, дык тым горш. У раён прыязджаюць амерыканцы, фермеры, і я прапанаваў абкому паказаць ім вашу гаспадарку. Цяпер сумняваюся. Каб вы ўсіх нас не падвялі. Вот што яшчэ старшыня райвыканкома скажа?

— За гэты клуб, канечне, Паліне Ігнатаўне трэба даць вымову,— сказаў Кішковіч,— але ж і амерыканцаў можна прывезці. Калі яны прыязджаюць?

— Заўтра, а другой палове дня.

Паліна, схіліўшы галаву, ад сораму хавала вочы. Што было гаварыць у адказ, калі ўсё так і ёсць. За клопатамі — чым старшыня калгаса толькі не займаецца — яна сапраўды нават не помніла, калі была ў гэтым клубе. Здаецца, клуб быў увесь час замкнёны. У маленстве яна бегала сюды кіно глядзець, а потым, у старэйшых класах — на танцы пад гармонік.

— Шчо паказваць амерыканцам? — адважылася яна спытацца, трэба ж неяк рыхтавацца.— Былі ў калгасе балгары, дык паказвалі ім ферму, будаўніцтва жылых дамоў у новым пасёлку на цэнтральнай сядзібе, яшчэ тое-сёе, дый усё. Яны тады спяшаліся, іх чакалі ў аблвыканкоме, пазнаёміліся з калгасам амаль подбегам.

— Пакажаш свінаферму, машынны двор,— старшыня райвыканкома дастаў цыгарэту, размяў двума пальцамі, але не стаў закурваць, палажыў назад у пачак.— Глядзі, каб не дай бог які механізатар не выпіў.

— Не, у нас ужо такога няма. Новы галоўны інжынер навёў парадак...

— Хто гэта ў вас цяпер? — спытаў Фёдар Васільевіч.— Капуста? Размаўляў я з ім, хлопец вельмі талковы. Можна смела залічваць у раённы рэзерв кадраў. І старшынёй яшчэ будзе...

— Гэтак вы без кадраў нас пакінеце,— Паліна адчула, як кроў прыхлынула да твару, здалося, што ўсе ведаюць пра тое, як Ляксей прызнаваўся ёй у каханні, а яна не прагнала яго, з радасцю слухала. З таго часу жыве з нейкай нераўнавагай у душы. Убачыўшы Ляксея, чамусьці хвалюецца, як семнаццацігадовае дзяўчо.

— Яшчэ выхаваеце, Паліна Ігнатаўна,— сказаў Патоліч,— вопыт ужо ёсць, з людзьмі працаваць умееце. Вот і рыхтуйце раёну кадры. Я вам даю такое пастаяннае партыйнае даручэнне. Вы ж у нас член бюро райкома партыі, не проста радавы камуніст...

— Ох, гэта нялёгка...— уздыхнула Паліна Ігнатаўна.

— Канечне...

Было сонечна, і снег блішчаў, як крышталь, ажно рэзаў вочы. Адчувалася, што трохі апаў і мароз. З дахаў капала. Аднак, пакуль печка добра не нагрэла машыну, нагам было холадна.

 

5

Ён толькі падняўся з ложка, не паспеў яшчэ нават пагаліцца, як зазваніў тэлефон: званок быў міжгародні. Не здымаючы трубкі, Фёдар Васільевіч перайшоў з апаратам на кухню, шчыльна прычыніў за сабою дзверы.

— Спіш? — неяк радасна крычаў асіплым голасам Кузьміч. Патоліч адразу яго пазнаў, бо так толькі адзін загадчык арганізацыйнага аддзела абкома мог размаўляць — глытаючы словы і спяшаючыся, нібыта гналі ў каршэнь.— Ці чай п’еш?

— Не сплю і чай яшчэ не п’ю,— адказаў Фёдар Васільевіч.— Што так рана?

— Падрыхтаваліся сустракаць амерыканцаў? Імі зоймецца аблвыканком, але і мы павінны пракантраляваць. Май на ўвазе, каб было на ўзроўні. Павязеш у «Перамогу»?

— Мне з імі сустракацца альбо не?

— Няхай Кішковіч з імі будзе, але на развітанне пажадана, каб ты іх прыняў. Яны ж адукаваныя — ведаюць пра кіруючую ролю партыі. Мо і Канстытуцыю нашу чыталі. Дзе будуць яны абедаць?

— У рэстаране ў Дзяпраўску.

— Меню глядзеў?

— Глядзеў і стравы каштаваў,— засмяяўся Патоліч, — не турбуйся надта, усё зробім так, каб было добра. Хоць, урэшце, не такая вялікая падзея: падумаеш, едуць амерыканцы. Бачылі мы ўсялякіх.

— Калі яны выедуць на Дзяпраўск, вам пазвоняць.

— Хто з абкома прыедзе?

— Навошта? Хопіць і вас.

Фёдар Васільевіч адразу перазваніў Кішковічу, перадаў размову з Кузьмічом. Дзень пачынаўся нервова і ўзбаламучана. Похапкам пагаліўшыся, гэтак жа таропка сакратар райкома паснедаў, не адчуваючы смаку ежы. Дзеці яшчэ спалі, хоць была пара ўжо збірацца ў сад, у школу. Але ён не стаў іх будзіць. Жонка завядзе ў сад альбо маці.

Яшчэ здалёк Фёдар Васільевіч убачыў, што на першым паверсе Дома Саветаў у кабінеце начальніка райсельгасупраўлення гарыць святло. «Ранні птах...» — падумаў сакратар райкома пра Баніцкага. Не пайшоў да сябе на чацвёрты паверх, а завярнуў да яго ў кабінет. Калі адчыніў дзверы, Баніцкі гаварыў па тэлефоне. Фёдар Васільевіч прысеў, цярпліва чакаў, пакуль той скончыў размову.

— Прабачце, але не мог пакласці трубку,— сказаў Мар'ян Часлававіч.— Званіў начальнік абласнога ўпраўлення. Такая каша з «Маяком» заварылася... Той карэспандэнт, што быў на бюро райкома, раскрытыкаваў калгас і Пінчука. У абарону выступіў Віктар Сямёнавіч Антушкоў. Цяпер стварылі камісію, якая будзе правяраць калгас.

— Хто ў камісіі?

— Загадчык аддзела абкома партыі, намеснік начальніка абласнога сельгасупраўлення і яшчэ тры-чатыры чалавекі. Вы размаўлялі з карэспандэнтам, Фёдар Васільевіч? — спытаў Баніцкі.

— Калі ад’язджаў з раёна?

— Так...

— Не. Ён нешта ціхенька ад’ехаў. Мне гэта не зусім было зразумела.

— Дык вось,— сказаў Баніцкі і неяк разгублена памыляў губамі,— раскрытыкаваў...

— За нешта сур’ёзнае?

— Вельмі...

— Як жа ж гэта мы кіруем, Мар’ян Часлававіч? — ажно сумеўся Патоліч.— Ці то за ўвесь час рэвізіі не было ў «Маяку», не правяралі Пінчука? Як гэта зразумець?

— Калі па шчырасці, дык па-сапраўднаму і не правяралі,— прызнаўся Баніцкі,— Пінчук, Пінчук... Ён рэвізораў не пускаў у калгас. Затлуміць ім галовы, разам напішуць паперы — і ўся рэвізія. Усюды ў яго сябры, усюды падтрымка — не чапайце Кастуся Арыстархавіча. Лепшы калгас у вобласці!

— Вот што, Мар’ян Часлававіч. Адкладзіце ўсе справы, вазьміце колькі трэба людзей: эканамістаў, бухгалтараў — сягоння, край заўтра правядзіце ў «Маяку» комплексную праверку планава-фінансавай дзейнасці. Ад вынікаў работы вашай камісіі будзе залежыць пазіцыя райкома партыі. Вазьміце ў дапамогу самых прынцыповых людзей. Калі прыязджае камісія абкома?

— У канцы тыдня. Дадаткова паведамяць.

— Як прыедуць, адразу да мяне прывядзіце. І яшчэ: пазваніце, Мар’ян Часлававіч, гэтаму карэспандэнту, каб ён перазваніў мне.

— Добра...

— Хоць не, не трэба...— Фёдар Васільевіч недагаварыў, адчыніліся дзверы, і ўвайшоў старшыня райвыканкома. Ён быў у новым касцюме, у імпартным зімовым паліто, у новай бабровай шапцы.

— Думаю, чые галасы гучаць на ўвесь калідор,— бадзёра гаманіў Кішковіч.— Раней за ўсіх хацеў прыйсці, але ж бачу — ужо нехта ёсць.

— Ты, Уладзімір Іванавіч, як на парад сабраўся,— сказаў Баніцкі.

— А як жа ж...— Кішковіч з жартам прыстукнуў нагой і развёў рукамі.— З амерыканцамі гаварыць будзем. Узровень, Мар’ян Часлававіч. Лічы, у якасці дыпламата сягоння выступаю.

Фёдар Васільевіч зірнуў на старшыню райвыканкома спадылба. Твар у яго быў незадаволены. Ён узяў са стала падшыўку раённай газеты, пагартаў, шкуматаючы старонкі. Нарэшце адлажыў яе ўбок і спытаў, не гледзячы на Кішковіча:

— Што ж ты, Уладзімір Іванавіч, не расказваеш пра сустрэчу з Антушковым?

— А, нічога цікавага не было.— Кішковіч, здалося, нібыта збянтэжыўся, не чакаў гэтага пытання. Сеў на крэсла ля дзвярэй, закурыў.— Спытаў, чаму ты не прыйшоў. Спярша ўзлаваўся, а потым супакоіўся... Казаў, што вопыт «Маяка» будуць прапагандаваць. Яшчэ сёе-тое па дробязях спытаў, дый развіталіся. Амаль гадзіну вытрымаў у прыёмнай. Пінчука хваліў...

— Ну дык і ты яго хваліш,— сказаў Фёдар Васільевіч.

— Хвалю. Ён гэтага заслугоўвае, а тое, што нейкі карэспандэнт дзве-тры «блыхі» знайшоў... Усе гэтыя карэспандэнты прайдзісветы. Хто яму даў права крытыкаваць паважанага чалавека, вядомую ў вобласці, а цяпер і ў рэспубліцы гаспадарку. Ці мы тут дурнейшыя за яго? Нам партыя даверыла пасады. А ён прыехаў, тыдзень пабыў і ўжо ўсё ўбачыў і зразумеў. Мы жывём тут і нічога такога не бачым. Дык усё-ткі партыя нам даверыла...

— Даверыла, гэта правільна,— прамовіў Фёдар Васільевіч,— і карэспандэнту таксама, мабыць, даверыла. І якія мы тут разумнікі, будзе хутка відаць. Вунь Баніцкаму званіў начальнік абласнога сельгасупраўлення: едзе камісія абкома. Яна, браце, высветліць, хто дурнейшы, а хто разумнейшы. Аднак ужо і без камісіі зразумела: Пінчук на нашых вачах і з вашай маўклівай згоды рабіў што хацеў. З сябе я не здымаю адказнасці, хоць і працую ў раёне толькі паўгода, але як гэта вы дазволілі, каб за столькі гадоў у калгасе не было рэвізіі. Ды ў ідэальнай гаспадарцы, у самай лепшай будуць пралікі, таму што гэта жыццё і людзі памыляюцца. Іх часам трэба паправіць. Гэта жывая работа. Ва ўсім раёне знайшоўся адзін геній Пінчук, якому мы ўсе патуралі. Ды адзін факт з канцэнтратамі аб чым толькі гаворыць! Калі справай заняліся ЦК і абком, то я вам скажу: нам тут няма чаго рабіць. Можна падаваць заяву на звальненне. А ты, Уладзімір Іванавіч, гаворыш — карэспандэнт, карэспандэнт... Яму яшчэ трэба дзякуй сказаць, калі гэта ўсё пацвердзіцца. За тое, што вочы нам адкрыў на Пінчуковы круцельствы.

— Не ведаю, не ведаю,— запярэчыў Кішковіч.— Што ж атрымліваецца? Ён прыехаў, усё зразумеў, а мы тут сядзелі і нічога не бачылі, засляпіўшы вочы. За гэта па галоўцы не пагладзяць.

— Канечне, не пагладзяць і яшчэ спытаюць у тых, хто апякаў Пінчука,— сказаў Фёдар Васільевіч. Ён ужо быў у дзвярах, як пачуў:

— На што ты намякаеш? — старшыня райвыканкома таксама падняўся з крэсла, і па твары было відаць, што ўзлаваўся.— Кажы ўжо як ёсць: Кішковіч падтрымліваў Пінчука...

Яны разам выйшлі з кабінета: толькі на некалькі крокаў уперадзе ішоў першы сакратар райкома. Абодва маўчалі. Фёдар Васільевіч не ведаў, пра што думаў Кішковіч, але ён сябе адчуваў ніякавата. Яны ледзь не пасварыліся. Яшчэ рана рабіць, якія вывады і, магчыма, не трэба спяшацца. Але тое, што Пінчуку далі вялікую волю і празмерную самастойнасць,— гэта факт. Вельмі яму патуралі, вельмі.

Ён пачуў, як ззаду, па трэцім паверсе, ляпнулі дзверы: Кішковіч пайшоў да сябе ў кабінет. «Бач, не спадабалася...»

 

6

Амерыканцы прыехалі ў Дзяпраўск на вялікім чырвоным «Ікарусе», на якім белымі літарамі было напісана «Белоруссия». Іх суправаджала міліцэйская машына з сірэнай. Аб гэтым Фёдару Васільевічу далажыў начальнік міліцыі, як толькі амерыканцы перасеклі мяжу Дзяпраўскага раёна. У горадзе да іх далучыўся Кішковіч з загадчыкам аддзела прапаганды райкома партыі Клімковічам, і яны, не затрымліваючыся, адразу рушылі ў калгас «Перамога», дзе чакала гасцей Паліна Ігнатаўна.

Фёдар Васільевіч вырашыў так: у райком іх не павядзе, сустрэнуцца ў кабінеце Кішковіча. Амерыканцаў не вельмі многа: усе змесцяцца за доўгім сталом. Што паставіць на стол? Мінеральную ваду і кветкі, больш нічога. І пра шклянкі каб не забыліся.

Потым ён прагледзеў матэрыялы па амерыкана-савецкіх адносінах, якія падабраў яму аддзел прапаганды. У Патоліча была неблагая памяць. Прабег вачыма па газетных выразках і амаль дакладна запомніў іх змест. На раён сёння ехаць было не варта, і ён да абеду займаўся тым, што званіў у Мінск: прасіў міністра сельскага будаўніцтва, каб уключылі ў план будаўніцтва свінакомплекс, Дом культуры для райцэнтра, бо цяперашні Дом культуры месціцца ў былой драўлянай царкве. Час памалу цёк, і недзе пасля абеду ў кабінет зайшоў Клімковіч, які ўжо вярнуўся з «Перамогі». Праз акно было відаць, што «Ікарус» стаіць насупраць пошты. Сярод амерыканцаў Патоліч прыкмеціў і некалькі жанчын.

— Паабедалі? — спытаў Фёдар Васільевіч, назіраючы за гасцямі, якія разам з Кішковічам і Палінай Ігнатаўнай накіраваліся да Дома Саветаў. Той-сёй з амерыканцаў, прыпыняючыся, фатаграфаваў плошчу, будынкі, што былі на ёй. Адзін з амерыканцаў, высокі, без шапкі мужчына з сівой кудлатай галавой, павярнуў свой апарат на Дом Саветаў. Нават, здалося, на Патоліча, і Фёдар Васільевіч адышоў ад акна.

— Паабедалі. І ў «Перамозе» ўсё выдатна,— пачаў Клімковіч.

— Ладна, пасля раскажаце. Пайшлі сустракаць гасцей,— Фёдар Васільевіч паправіў гальштук перад люстэркам, прычасаў валасы, агледзеў Клімковіча і застаўся задаволены яго выглядам.— Пайшлі...

Яны ўвайшлі ў кабінет старшыні райвыканкома на некалькі хвілін раней за амерыканцаў. Падышлі Кішковіч з чарнявай перакладчыцай, якая прадстаўляла яму па чарзе: містэр Джонсан, містэр Келсі, містэр Петэрсан... Канечне, прозвішчаў ён не запомніў, але кожнаму паціснуў руку. Апошнім быў рослы негр, які нешта прагудзеў, і перакладчыца таропка сказала: містэр Бральсан.

Запрасіўшы гасцей сесці, Фёдар Васільевіч сказаў кароткую прывітальную прамову. Яны рады вітаць амерыканскіх фермераў на зямлі Дзяпраўскага раёна. Гэтая сустрэча будзе яшчэ адной цаглінай у будаўніцтве моста дружбы і міру паміж Савецкім Саюзам і Злучанымі Штатамі Амерыкі. Ён гаварыў мо хвілін пяць, не больш. Дзяўчына адначасова перакладала, і, як толькі Фёдар Васільевіч скончыў сваю прамову, усхапіўся барадаты амерыканец з двума фотаапаратамі на грудзях. Забубніў рэзка, паводзячы вузкімі вачыма то на Фёдара Васільевіча, то на Кішковіча.

— Містэр Скот пытае: чаму ў СССР забараняюць верыць у бога? У прыватнасці, прыгнятаюць пяцідзесятнікаў і хрысціян-баптыстаў? — запінаючыся, пераклала дзяўчына.

«Пачынаецца...— падумаў Фёдар Васільевіч.— Не могуць жыць, каб не ўкусіць».

— Свабода сумлення і веравызнання ў нашай краіне гарантавана законам. Прыцягваецца да адказнасці толькі той, хто парушае гэты закон. Кожны грамадзянін мае права быць католікам альбо праваслаўным альбо прымаць удзел у дзейнасці секты хоць пяцідзесятнікаў, хоць хрысціян-баптыстаў, але яна павінна быць зарэгістравана,— адчаканіў Фёдар Васільевіч і, хоць не трэба было, дадаў: — Перакладзіце ім.

— У «Перамозе» ўсё выдатна прайшло,— ціха сказаў Кішковіч.

Слухаючы старшыню райвыканкома, Патоліч непрыкметна разглядаў гасцей. Спрабаваў здагадацца, якое наступнае пытанне падрыхтавалі яны, і быў упэўнены, што адкажа на яго, але ўсё роўна недзе ў душы было трывожна, неспакойна. Ён не быў дыпламатам, не меў вопыту міжнародных сустрэч, аднак шмат гадоў аддаў рабоце з людзьмі. Дый, акрамя таго, ён з чырвоным дыпломам скончыў інстытут, вышэйшую партыйную школу. А колькі часу працаваў над сабой, хоць гэта было складана пры ягонай вельмі нялёгкай рабоце.

— Колькі гадоў вам? — пытаўся, ветліва ўсміхаючыся, смуглявы, падобны на нашых каўказцаў, сярэдняга ўзросту мужчына.

— Сорак адзін...

— Мусіць, вы ў дзяцінстве елі амерыканскую тушонку і насілі амерыканскую вопратку? — пераклала наступнае пытанне дзяўчына. Відаць, перажывае за яго, вочы напалоханыя, як у птушаняці. Не турбуйцеся, дзяўчо, ведаем мы, што сказаць.

Вельмі ўважліва і трохі нават бесцырымонна глядзелі на Патоліча амерыканцы. Яны чакалі яго адказу, мабыць, думалі, што збянтэжыцца. Але ж гэта вельмі проста.

— Так, еў аднойчы амерыканскую тушонку, аднойчы бацька прынёс вялікую такую бляшанку... Мая маці хадзіла зімой у паліто, якое было перашыта з амерыканскага шыняля... Мы не адмаўляемся, што Злучаныя Штаты па ленд-лізе давалі нам і кансервы, і адзежу, і ваенную тэхніку. Мы гэта помнім. Але, выбачайце, дапамога была не задарма.

— Аднак без Амерыкі вы не перамаглі б Гітлера,— выскачыў зноў барадаты.

Аўдыторыя заварушылася, амерыканцы, усміхаючыся, пераглядваліся між сабой.

— Вы, мабыць, дрэнна ўяўляеце, што было б з вамі, калі б не Савецкі Саюз. Ён выратаваў вас ад таго ж Гітлера. Я магу назваць вам факты, якія пацвярджаюць, што менавіта Чырвоная Армія пазбавіла амерыканцаў жахаў фашысцкай акупацыі. Яе дагэтуль помніць беларуская зямля. Дарэчы, тады, у час вайны, у Вашынгтоне разумелі небяспеку, якая пагражала Амерыцы. Пачытайце, паважаныя панове, «Пагадненні паміж Савецкім Саюзам і Злучанымі Штатамі Амерыкі аб прынцыпах, прымянімых да ўзаемнай дапамогі ў вядзенні вайны супраць агрэсіі». «Абарона Савецкага Саюза,— гаварылася ў гэтым дакуменце,— жыццёва важная для абароны Злучаных Штатаў Амерыкі». Цяпер, калі свету пагражае тэрмаядзерная катастрофа, варта было б успомніць гэты дакумент...

Ён яшчэ гаварыў, што дапамогу, якую аказвалі савецкія войскі саюзнікам, вельмі высока ацэньвалі і Чэрчыль, і Рузвельт, які быў, дарэчы, надзвычай разумным чалавекам. Ён мог яшчэ шмат аб чым расказаць, бо раптам увачавідкі ўспомніліся і бляшанка тушонкі, якую бацька выменяў на кірмашы, і паліто з амерыканскага шыняля, і «студэбекеры», што пасля вымушана была краіна вяртаць... У той час у іхнім калгасе быў адзін паўразбіты ЗІС... Фёдар Васільевіч нічога гэтага не сказаў. Адчуў, што перасохла ў горле. Адкрыў бутэльку мінеральнай вады, наліў у шклянку, выпіў. Спытаў:

— Усё пераклалі, што я сказаў?

— Усё,— пацвердзіла перакладчыца.

«Вельмі ж яна маладая,— зноў падумаў Фёдар Васільевіч.— Мусіць, толькі інстытут замежных моў скончыла. Таксама праца, важная праца... Пэўна, дайшлі мае словы да амерыканцаў, нешта яны прыціхлі».

Загаварыла жанчына ў чорным футры, не маладая і не старая, хоць, адчуваецца, пажыла ўжо нямала: вочы стомленыя і надзвычай хітрыя. Шкада, што не вывучыў англійскую мову. Пра што яна гаворыць, што хоча? Чамусьці зноў усмешкі на тварах. Надта ім весела. Урэшце, гэта няблага.

Выслухала перакладчыца амерыканку і перадае па-руску:

— Ці інструктаваў вас, Фёдар Васільевіч, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, як паводзіць сябе на гэтай сустрэчы?

«Разумнейшага не магла прыдумаць... Цётка, цётка... Гэта ж зусім прымітыўна».

— Скажыце мадам, што ў Камітэта дзяржаўнай бяспекі ёсць больш значныя задачы, чым інструктаваць першага сакратара райкома партыі, як паводзіць сябе з замежнымі гасцямі. Што іх канкрэтна па сельскай гаспадарцы цікавіць? Яны ж нібыта фермеры?

— У Савецкім Саюзе — дыктатура партыі, ці не так?— гэта пытаўся негр, і Фёдар Васільевіч здзівіўся, не чакаў ад яго.

Патоліч паглядзеў на Паліну Ігнатаўну, Клімковіча і сказаў:

— У СССР — дыктатура народа, паважаны містэр, дыктатура рабочых, сялян, інтэлігенцыі. Урэшце, дыктатура дзяцей, таму што яны — будучыня нашай краіны...

Фёдар Васільевіч абышоў вакол стала, за руку развітаўся з усімі амерыканцамі. На яго твары была ветлівая ўсмешка, ён ледзь не расшаркаўся перад дамамі, як гжэчны кавалер, і яны былі, відаць, гэтым моцна ўражаны. Патоліч да канца вытрымаў этыкет, які лічыў патрэбным на міжнародных сустрэчах, і разам з Клімковічам выйшаў, пакінуўшы амерыканцаў з Кішковічам, Палінай Ігнатаўнай і старшынёй гарсавета.

 

7

Ранічкай пабег сын на работу, нявестка пайшла з дзецьмі, і засталася Пятроўна адна ў хаце. Прысела на кухні ля акна і задумалася. Пачала ўспамінаць, як ехала ў Любавічы, як апынулася ў гасцях у Хрысці. Нібыта перагартала кніжку, паварушыла ў памяці далёкія ўжо гады маладосці і нарэшце ўспомніла, у каго былі пукатыя, як у жабы, вочы. Чаму гэта адразу не падумала пра яе, ніколі ж не забывала, а тут як розум адняло. Яна гэта была, яна, Марфа Царыца, дзеля якой і ездзіла ў Любавічы, якой ніколі не даруе смерці сястры Галіны, яе дзяцей... Значыцца, яшчэ жывая. Колькі людзей пайшло на той свет, а яна ходзіць па зямлі. Не інакш і гэтай Хрысцяй камандуе. Пэўна ж, і яе пазнала Марфа Царыца. Нездарма ж з хаты выскачыла, толькі ўбачыўшы госцю. Мусіць, спалохалася, баіцца, свалата, чакае расплаты, а яна ўжо ў хаце, стаіць ля печы. Думала, ёй будзе манна нябесная, калі ўдасць Галіну немцам, дык Апанас вернецца да яе. На такое здольны толькі вылюдак, вядзьмарка, а не чалавек. На жаль, нічым і ніяк гэта не дакажаш. Увесь доказ у яе галаве, у яе памяці. Колькі жыць яшчэ будзе, столькі і помніць.

Ад Дзяпраўска да Любавіч недалёка. Аўтобусы ходзяць. Як даехаць, яна ведае. І наколькі сілы хопіць, будзе ездзіць туды, каб Марфа Царыца бачыла яе і пакутавала. Вось гэта будзе ёй суд, ад якога не ўратуецца. Нічога, што пражыла жыццё, няхай затрапечацца ад страху душа, няхай заплача і застогне гэтак, як плакала і стагнала сястра, як плакалі дзеткі ні ў чым не вінаватыя. Мо хоць цяпер не будзе ёй спакойнага сну, ні дня, ні ночы. Відаць, думала, што памерла Пятроўна, няма ўжо яе на гэтым свеце, і ўсё — ніхто не скажа, не ведае больш пра тое, што ўдала свайго мужа Апанаса, які кахаў Галіну, немцам. Ён меў сувязь з партызанамі, перадаваў ім звесткі пра моркавіцкі гарнізон. Мо ўсё абышлося б, але на сваю галаву Апанас кахаў удовую Галіну, муж якой, Сцяпан, загінуў яшчэ на фінскай,— і для нікога ў Любавічах не было гэта сакрэтам. Дык што ўдумала змяя Марфа Царыца,— заявіла немцам, нібыта Галіна сустракаецца з партызанамі і Апанаса ўцягвае ў гэтую сувязь. Папрасіла, каб мужа вярнулі ёй, а ягоную каханку пакаралі... Сорак гадоў мінула, а быццам учора ўсё было: і расстрэл, і партызанка...

Пятроўна моцна задумалася і не адразу пачула, што стукаюць у дзверы. Мо хто да сына прыйшоў альбо суседка нешта хоча? Не было жадання бачыць каго, з некім гаварыць. Ёй хацелася пабыць адной. Але ж у дзверы настойліва стукалі, і Пятроўна памалу патэпала ў сенцы.

Ужо на вуліцы зусім развіднела, ад бялюткіх гурбаў снегу было светла, а недзе далёка за лесам пачынала ружавець сонца. Вецер не дзьмуў, дрэвы стаялі, нібыта навагоднія ёлкі, прыгожыя і святочныя. Усё гэта неяк адразу па шматгадовай звычцы ахапіла вачыма Пятроўна. На ганку яна ўбачыла пажылую жанчыну ў карычневай з белымі пасачкамі хустцы, апранутую ў недарагое паліто. Па выгляду гэтая жанчына была прыблізна адных гадоў з Пятроўнай. З-пад хусткі над правай скроняй выбілася пасмачка сівых валасоў. У руках жанчына трымала гаспадарчую сумку з блакітнай цыраты.

— Я да вас,— сказала яна,— мяне прыслаў Хведар Васільевіч...

— Заходзьце,— паказала Пятроўна рукой на дзверы, не пытаючы, навошта прыслаў яе сын. Правяла госцю ў гасцёўню, аднак не прапанавала распрануцца. Яны абедзве прыселі на канапе, уважліва глянулі адна на адну. Раптам у жанчыны задрыжалі рукі, яна з цяжкасцю развязала хустку, сцягнула яе з галавы, і рэдзенькія сівыя пасмы апалі над скронямі. Жанчына дастала з валасоў грэбень, прычасалася, скруціла тоненькі шнурочак валасоў у гулю і змацавала яе шпількай. Цяжкія, у сініх жылах рукі з абламанымі ад работы пазногцямі не маглі супакоіцца, мітусліва варушыліся, нібыта шукалі штосьці. Яны быццам жылі асобна ад твару, які заставаўся нерухомым, здалося, стаў нават паніклы і збянтэжаны. Маўчанне зацягнулася, было няёмка проста так сядзець і глядзець на незнаёмага чалавека. «Дзіўная нейкая...» — падумала Пятроўна і вырашыла паставіць на газ чайнік, хоць чаем пачаставаць госцю. Калі сын прыслаў яе, дык, пэўна ж, ведаў навошта. Яна ўздыхнула, сказала: «Прабачце, я зараз...» — і адышла ўжо да дзвярэй, пераступіла парог, як ззаду пачула хрыплае і ціхае:

— Верка, Верачка...

Яна падумала, што гэта здалося, што гэта ад любавіцкай паездкі яшчэ, ад успамінаў загучаў у ёй раптам нейчы голас.

— Вера, Верачка...— зноў выразна прамовіла жанчына, і Пятроўна павярнулася да яе тварам, спрабуючы здагадацца, хто яна.

— Не пазнаеш, старая стала зусім, але ж і ты ўжо не дзеўка... Эх ты, мама родная! — усклікнула жанчына і з падскокам пайшла па гасцінай, нагамі зграбаючы з падлогі палавікі. — Дзе ж ты, мілая, была, дзе ж ты, мілая, хадзіла, што ж ты, мілая, знайшла!..

— Зінка!..— нарэшце ўцяміла Пятроўна.— Зінка! Сяброўка ты мая ненаглядная! Дзе ж ты, мілая, хадзіла...— Цяпер ужо і яна пазнала Зінку, сваю сяброўку, з якой два гады адваявалі ў партызанскім атрадзе, з якой марылі сябраваць усё жыццё, а як разышліся, дык унь — сустрэліся праз сорак гадоў.

— Зінка...

— Верка...

Яны паселі зноў на канапе, і кожная ўсё яшчэ не магла паверыць сваім вачам, што бачыць тую ж сяброўку, якую запомніла зусім маладой дзяўчынай. І кожная шукала ў твары забытыя, але такія знаёмыя і родныя сэрцу рыскі і, урэшце, знаходзіла.

Спярша ўспаміналі пра партызанку, і Пятроўна прынесла з шафы некалькі фотакартак, якія захавала. На іх былі яны з Зінай, а таксама — Васіль, камандзір разведкі Свірыд і нейкі маскоўскі карэспандэнт, што прылятаў на самалёце і ўсё выпытваў у дзяўчат, ці ім не страшна ў атрадзе. Яны ўспомнілі, як спалі на адных нарах у зямлянцы, як у блакаду тапіліся ў балоце, але ўсё-ткі выпаўзлі з яго. Не забылі ніводнага байца і камандзіра з іхняга атрада, абмалявалі кожнага знешне, пасмяяліся з іх заляцанняў. Калі б хто паглядзеў зараз на гэтых жанчын, дык здзівіўся б: яны быццам памаладзелі. Радасць і шчасце ад сустрэчы, здалося, разгладзілі маршчыны на іх тварах, якія паружавелі і папрыгажэлі. Радасць заўсёды робіць людзей прыгожымі, якога б узросту яны ні былі.

Са смехам прыпомніла Пятроўна, як пайшлі аднойчы яны ў разведку з Лізай Валенцік, якая была на гадоў восем — дзесяць старэйшая. Да вайны Ліза скончыла інстытут, крыху папрацавала настаўніцай. Пад вечар выйшлі яны нечакана да нейкага хутара і спыніліся: а раптам немцы там? Можна было абысці яго, але ўжо сілы не было і есці вельмі хацелася. Кажа Ліза, схадзі-тка на хутар і паглядзі, ці ёсць немцы. Калі і трапіш ім у рукі, дык нічога страшнага, невялікая страта будзе для атрада і наогул для краіны: у дзяўчаці адукацыя восем класаў. Іншае яна, Ліза: за плячыма інстытут, вышэйшая адукацыя. Настаўнікі пасля вайны будуць патрэбны. Паслухала гэтую разумніцу, і такая крыўда ахапіла, ажно слёзы пацяклі з вачэй. Атрымліваецца, калі няма вышэйшай адукацыі, дык ужо не чалавек. Аднак не стала сварыцца, бо не час быў і не месца для гэтага, моўчкі пайшла на хутар, пагаварыла з гаспадарамі: немцаў не было. Пасля таго выпадку катэгарычна адмовілася хадзіць з Лізай у разведку, але чаму — нікому не сказала, хоць і дапытваўся Свірыд. Дый Васіль усё прасіў расказаць, што здарылася. А праз месяцы тры Лізка звязалася з камандзірам брыгады, былым акружэнцам. Нібыта пасля вайны ён забраў яе з сабой у Маскву. Вось такая гісторыя захавалася ў памяці і, мабыць, да смерці не забудзецца, бо звязана з часам, калі людзі сёння не ведалі, ці будуць жыць заўтра. А можа, таму, што гэта было ў маладосці. Не, яна не трымае ніякай злосці альбо крыўды, нічога не мае да Лізы, калі тая яшчэ жывая. Проста нельга забыць той час, і чым болей гадоў мінае, тым ярчэй узнікаюць у памяці вобразы сяброў-таварышаў па партызанцы, лясныя сцежкі-дарожкі і, наогул, усё добрае і дрэннае.

— Як жа ж ты жыла, Зінуля? — схамянулася Пятроўна, што загаварылася, а трэба паслухаць сяброўку, якую столькі гадоў не чула і не бачыла.

— Жыла... Як усе людзі жылі. Скардзіцца грэх, але і хваліцца няма чым... Усяго хапіла. Хоць болей слёз было, чым смеху. Выйшла я была за Кандрата Огнева. Помніш, ён быў камандзірам першага ўзвода. З акружэнцаў, з Саратава. Аказалася, што там у яго ёсць жонка і двое дзяцей. Не паехаў туды, застаўся са мной, але невялікую радасць я мела з гэтага. Піў ён моцна, дачыста папрапіваў, што ў хаце было. Сорамна на вуліцу было выйсці: адна гімнасцёрачка, у якой з атрада прыйшла, і была ў мяне... Сына нарадзіла, а потым дачку. Цягнула воз. Думала, жылы не вытрымаюць, палопаюцца. Дальбог, у атрадзе лягчэй было: надзея была, што вайна скончыцца і жыццё будзе прыгожае і радаснае. А тут ніякай радасці. Штодзень на падпітку і руку на мяне пачаў паднімаць. Вось так і жыла. А потым раз прывозяць, трапіў на лесапілцы пад ваганетку. Пражыў толькі суткі... Прасіў у мяне прабачэння і плакаў, шкадаваў, што прапіў розум. Вось так... Хоць і грэх так гаварыць, але як памёр, я нібыта свет белы ўбачыла. Зразумела, што іншае жыццё ёсць, чым дагэтуль жыла... Верыш ці не, але гадавала дваіх дзяцей, не адчуваючы вялікага цяжару. Пасля ўсяго, што было, гэта была мне адна радасць... Дзеці выраслі, людзьмі добрымі сталі...

Расказвала жанчына пра сябе спакойна, лёгка, як пра нейкага іншага чалавека. Перагортвала перад сяброўкай старонкі свайго жыцця, выгаворвалася, маючы ўдзячнага слухача. Прыемна было Пятроўне чуць, як гаварыла сяброўка пра сына, вельмі хваліла за тое, што клапоціцца пра людзей. Што паважаюць Фёдара Васільевіча людзі, і не таму, што першы сакратар райкома партыі, а проста адчуваюць і бачаць у ім свайго, блізкага чалавека. Колькі ўжо было начальнікаў, і ўсё розныя: нехта прыязджаў па чыны і па славу, нехта — каб пажывіцца або адбыць тэрмін і зноў вярнуцца ў сталіцу, ды на вышэйшую пасаду. А Фёдар Васільевіч не такі чалавек.

— Мо таму, што ў яго маці-партызанка і мая сяброўка,— сказала цётка Зіна і шчасліва засмяялася, абняла за сухія плечы Пятроўну, прыгарнулася да яе.— Ой, сябровачка ты мая, сябровачка, хоць у старасці ды сустрэліся,— гаманіла яна, не спускаючы вачэй з Пятроўны, нібыта баючыся згубіць яе, як гэта было сорак гадоў назад: — Балбачу, не магу стрымацца, словы самі лезуць з мяне... Скажы цяпер ты што-небудзь?

— Пайшлі за стол і пагамонім... Давай я цябе пачастую,— сказала Пятроўна.— Няхай хоць трохі будзе ў нас сёння свята. Га, Зіначка?!

— Давай! — усхапілася з канапы госця, подбегам рушыла за сяброўкай, але раптам спынілася, прыціснула руку да грудзей: сэрца калацілася часта-часта і балела так, што нельга было цярпець. У кішэні паліто быў валідол, і яна дастала са шклянога цыліндрыка таблетку.

Пятроўна азірнулася, не чуючы за сабой крокаў сяброўкі, і ўбачыла, што тая трымаецца рукой за сэрца.

— Што з табой, Зіначка?

— Што? Старасць, мая любая, старасць... Нічога, ужо лягчэй... Не, не, я сама.

— Мо табе карвалолу або валідолу даць? — завіхалася, непакоілася гаспадыня.

— Я ўжо ўзяла пад язык. Нашу з сабой. Гэта, Верачка, ад радасці, ад шчасця... Мне здалося, што мы вярнуліся з табой у маладосць, а старасць пагразіла пальцам: не жартуй, цётка!

Усё, што было лепшае ў хаце, Пятроўна выставіла на стол, накрыўшы яго белым накрухмаленым абрусам. Хоць колькі маглі з’есці гэтыя дзве старыя, хворыя жанчыны, толькі пакаштаваць сякія-такія прысмакі, якіх, канечне ж, не было сорак гадоў назад. Забыўшыся аб усім на свеце, сяброўкі гаварылі і гаварылі. Ім ніхто не перашкаджаў: і яны нікому таксама не перашкаджалі. Не ведаў Фёдар Васільевіч, які незвычайны і дарагі падарунак зрабіў ён матцы.

 

Раздзел дзевяты

 

1

Добрымі сябрамі развіталіся Казак з Антонам Казіміравічам у Мінску. Дамовіліся, што сустрэнуцца адразу пасля выхадных — у панядзелак або ў аўторак.

Назаўтра, паснедаўшы, Віталь выйшаў з сынам на вуліцу, той даўно прасіў бацьку навучыць катацца на лыжах. Было сонечна і марозна, паветра чыстае-чыстае, ядранае, здалося, нават з пахам сасны. Мабыць, ветрык прынёс яго з лесу, які метраў за сто ад жылога масіву.

Казак аб’ехаў з сынам некалькі разоў вакол дома, спусціўся з ім з пагорка, на якім жывым клубком мітусілася дзятва. І раптам падумаў, што траціць час, і калі іншым разам гэта было б даравальна, то цяпер трэба тэрмінова сесці за стол. З сынам можа пагуляць і жонка. Ён з ім гадзіну пабудзе, дый, калі напіша матэрыял, выйдзе зноў на вуліцу. Віталь разважаў так: старшыня калгаса «Маяк», канечне, здагадаўся, што карэспандэнты зразумелі механізм ягонай дзейнасці. За выхадныя ён нічога зрабіць не можа, але з панядзелка пачне націскаць на свае педалі, падключыць знаёмых, якія маюць уладу, а яны ў сваю чаргу, і Казак з Антонам Казіміравічам могуць не ўстаяць супраць гэтай машыны знаёмстваў і сувязей. А калі ён за выхадныя напіша артыкул і ў панядзелак ранічкай пакладзе на стол рэдактара, то яго шанцы намнога павялічацца. Гэта ўжо будзе дакумент, за які можна змагацца.

Казак яшчэ хвілін дзесяць — пятнаццаць думаў, дапамагаючы сыну ўзбірацца на горку і спускацца з яе, а потым рашуча зняў з ног лыжы, узяў іх у рукі і пашыбаваў дамоў. Жонка дастала з шафы электрычную швейную машынку і збіралася нешта шыць з сітцу. Віталь усё-ткі прымусіў яе выйсці да сына. Яму хацелася пабыць аднаму, каб ніхто не перашкаджаў абдумаць увесь матэрыял ад пачатку да канца. Як і многія журналісты, ён заўсёды доўга не мог знайсці ўдалы пачатак і канец сваіх твораў. Гэтак было і сёння. Здавалася, ён проста бачыў перад сабой радкі, ад якіх можна было б адштурхнуцца і паслядоўна раскруціць усю спружыну фактаў, якія, аб’яднаныя адной думкай і адным лагічным ланцугом, паказвалі махлярства ў калгасе «Маяк», што было непрыемна некаторым людзям. Гэтых людзей, на жаль, Казак пакуль не ведаў, хоць здагадваўся, хто яны. Найбольшым праціўнікам гэтага матэрыялу мог стаць Віктар Сямёнавіч Антушкоў. Хоць, магчыма, ён не ўсё ведаў пра калгас і, пазнаёміўшыся з фактамі, падтрымае публікацыю. Аднак гэта таксама здагадкі, і спадзявацца на іх было не варта. Калі ён у панядзелак перад планёркай пакладзе рэдактару артыкул, вось тады пра нешта можна будзе гаварыць. Пакуль жа не варта пра гэта і думаць, а трэба пісаць...

Некалькі разоў званіў тэлефон, але Віталь не падыходзіў да яго. Ён нібыта нанава перажываў усю іхнюю камандзіроўку ў гэтым калгасе. Дзякуй Антушкову, што загадаў ім узяць з сабой фотаапарат. Ён успомніў, якімі здзіўленымі і разгубленымі вачыма глядзелі ў бухгалтэрыі, калі яны фатаграфавалі паперы: ведамасці, справаздачы, квітанцыі. Не перашкаджалі толькі таму, што ведалі: карэспандэнты па загаду Віктара Сямёнавіча Антушкова рыхтуюць станоўчы матэрыял, каб распаўсюдзіць перадавы вопыт калгаса на рэспубліку. Лічбаў для гэтага трэба многа, а перапісваць іх месяца не хопіць. Яны пайшлі на гэткія хітрыкі, каб не здагадаліся, але, мабыць, Ігнатаў, сакратар парткома, штосьці пранюхаў ці ўзніклі падазрэнні, бо вельмі часта падыходзіў і панура глядзеў на яго работу. Каб неяк рэабілітаваць сябе ў вачах Ігнатава, Віталь зрабіў здымак адной неблагой даяркі. З вопыту ён ведаў, што паперы ў бухгалтэрыі могуць пры неабходнасці нават знішчыць, бывалі такія выпадкі. Цяпер жа ў яго на стале ляжалі фотаздымкі, на якіх была адлюстравана амаль уся дзейнасць калгаса за апошнія тры гады. Ніхто не зможа абвінаваціць карэспандэнтаў у тым, што падтасаваны факты, што гэта фікцыя. На фотаздымках было добра відаць, што ўсе дакументы падпісаны старшынёй калгаса і галоўным бухгалтарам. Віталь не фатаграфаваў бы гэтыя паперы, але, пагаварыўшы з Пінчуком, самаўпэўненым, з вялікай амбіцыяй чалавекам, які праз слова ўспамінаў Антушкова і казыраў знаёмствам з некаторымі кіраўнікамі рэспублікі, зразумеў, што калі не сфатаграфуе дакументы са справаздачнасцю, то не зможа даказаць, што бачыў, са сваімі фактамі застанецца з носам. А пакінуць проста так гэтую справу, забыць яе не мог. Не дазваляла сумленне. Як ён, камуніст, выкрыўшы падман, будзе маўчаць, больш таго, распаўсюджваць лухту як перадавы вопыт.

Аб адным Віталь шкадаваў, і пра гэта яны гаварылі ў дарозе з Антонам Казіміравічам: блага, што не сустрэліся перад ад’ездам з першым сакратаром райкома партыі. Пазіцыю райкома партыі трэба было калі не ўлічваць, дык хоць бы ведаць. І Казак вырашыў прыйсці ў рэдакцыю ў панядзелак раней і па тэлефоне звязацца з Фёдарам Васільевічам. Вядома, гэта будзе зусім не тое, што размова ў кабінеце першага сакратара.

Яны так спешна ад’язджалі з раёна, што гэта было падобна на ўцёкі. Але ім важна было захаваць тайну свайго адкрыцця. І Віталь забыўся аб сваёй сімпатыі да Фёдара Васільевіча і не ўлічыў нават тую акалічнасць, што Патоліч працаваў першым сакратаром райкома партыі ўсяго недзе паўгода і не мог па часе завесці ніякіх гешэфтаў з Пінчуком. Пра гэта Казак падумаў ужо цяпер, адкідваючы ўбок старонкі з рознымі варыянтамі пачатку артыкула. Назва нарадзілася яшчэ калі яны з Антонам Казіміравічам былі ў калгасе: «Ліпа». Нават стала неяк не па сабе і трывожна ад адной думкі аб тым, як зрэагуе Антушкоў, убачыўшы артыкул аб «перадавым» вопыце ў Дзяпраўскім раёне. Але ж адступаць Віталь не думаў, дый было позна ўжо і не ў яго правілах. Аднекуль з глыбіні душы памалу пачала нараджацца злосць, ярасць, калі ён зноў перагарнуў копіі дакументаў. Пачаў пісаць...

Казак працаваў зацята, сярдзіта, нібыта біўся са сваім ворагам. Ажно ўзмакрэў і не чуў, як прыйшлі з вуліцы жонка з сынам, як яны ўключылі тэлевізар, як прыходзіла да іх сяброўка, суседка, і доўга, паныла скардзілася на жыццё: што мала грошай зарабляе муж, што ў яе нецікавая работа — усё гэта прайшло незаўважна для яго. Ён жыў цяпер тым, пра што пісаў.

У суботу вечарам у Віталя быў гатовы чарнавы варыянт артыкула. Назаўтра ён гэтак жа настойліва сядзеў за сталом і працаваў. Цяпер яму трэба было выкінуць з артыкула словы, якія не мелі значэння і не неслі сэнсавай нагрузкі. Кожны радок павінен быць дакладным і канкрэтным. Калі будуць хібы ў артыкуле, аўтару гэтага не даруюць. Рэдактар можа нават не заўважыць, але чытачы прааналізуюць кожнае слова і потым пачнуць званіць рэдактару і абвінавачваць аўтара ў нізкай кваліфікацыі, у падтасоўцы фактаў і яшчэ шмат у чым. І гэта будзе не ўсё... Магчыма, ён перабольшвае значэнне свайго артыкула, можа, усё абыдзецца. І Віктар Сямёнавіч Антушкоў скажа, што Віталь Казак сапраўды партыйны журналіст, прынцыповы і, відаць, таленавіты, дзейнічаў ён правільна... «Ты ажно схуднеў ад свайго артыкула»,— сказала Віталю жонка і хадзіла вакол яго ледзь не на пальчыках, і сын не прасіў пачытаць кніжку. Яму спачувалі і падтрымлівалі ў сям’і, і гэта надавала ўпэўненасці.

Ноч Віталь не спаў, а пакутаваў. На нейкі момант засынаў, а потым зноў прахопліваўся, і галава, як электронна-вылічальная машынка аналізавала лічбы. Ён на памяць помніў амаль кожны радок і бясконца нібыта перачытваў свой твор, толькі ўсё глядзеў на будзільнік, ніяк не мог дачакацца раніцы. У шэсць гадзін Казак быў ужо на нагах. Перачытаў артыкул, некалькі слоў не спадабалася, паправіў іх, а потым, падумаўшы яшчэ крыху, выкрасліў у канцы артыкула радок. Добра, што надрукаваў сам на машынцы, не трэба будзе хвалявацца, нервавацца, чакаючы ў машынным бюро. Ён, здалося, апошні раз, прагледзеў усе старонкі, асцярожна згарнуў іх і палажыў у «дыпламат», у кішэню, якая зашпільвалася. Да пачатку рабочага дня было многа часу, але Віталь не мог сядзець у кватэры і глядзець, як марудна рухаюцца стрэлкі гадзінніка.

З мікрараёна, дзе жыў, Віталь вырашыў ісці пешшу да рэдакцыі. Адлегласць была невялікая, але ноччу пагуляла завея, і па дарозе ўсюды надзьмула гурбы снегу, якія Казак абходзіў. Пакуль дабраўся да Дома друку, дзе знаходзілася газета, ён стаміўся, але затое ж падагнаў час.

Калі распрануўся ў сваім кабінеце, у рэдакцыі яшчэ нікога не было, і ён адразу ўспомніў, што хацеў пазваніць у Дзяпраўск першаму сакратару райкома партыі. Знайшоў у сваёй запісной кніжцы нумар тэлефона Патоліча і, не вельмі спадзеючыся, што той будзе ўжо на рабоце, пачаў па кодзе набіраць Дзяпраўскі райком. З першай спробы нічога не атрымалася, на другі раз штосьці дзынкнула, потым стала ціха. І раптам ён пачуў гудкі. Значыцца, аўтамат спрацаваў і калі Фёдар Васільевіч у кабінеце, ён зараз падыме трубку. Прагудзела мо тры ці чатыры разы, але Казаку здалося, што шмат, і ён ужо збіраўся палажыць трубку на апарат.

— Алё, алё...— нечакана пачуў ён, нібыта сказанае яму проста ў вуха, і здагадаўся, што гэта гаворыць першы сакратар Дзяпраўскага райкома партыі.— Алё...

— Фёдар Васільевіч? — спытаў Казак, каб пераканацца, што гэта менавіта ён, а не дзяжурны ў прыёмнай райкома, на якога пераключана сувязь.

— Так, так...— звонка сказаў першы сакратар і пацікавіўся, хто звоніць яму гэтак рана, і Віталь трохі збянтэжыўся, бо сапраўды не павітаўся з Фёдарам Васільевічам і не назваў сябе.— Ну, нічога, нічога, зранку бывае,— засмяяўся Патоліч.

Віталь папрасіў прабачэння, што не змог зайсці ў райком і расказаць аб сваіх уражаннях аб калгасе «Маяк». Ён памаўчаў і праз невялікую паўзу сказаў пра свой артыкул.

— Зразумела, зразумела...— прамовіў першы сакратар.— Ведаеце што... Я буду ў Мінску праз два дні, давайце сустрэнемся і аб усім гэтым пагаворым. Згодны?

— Так,— сказаў Казак і хацеў дадаць, каб Фёдар Васільевіч пакуль не гаварыў Пінчуку пра артыкул, але першы сакратар палажыў трубку.

Усхваляваны размовай з Дзяпраўскам, Віталь захадзіў па кабінеце, зноў і зноў дакараючы сябе за тое, што, ад’язджаючы з раёна, яны не зайшлі ў райком партыі. А цяпер вось трэба званіць, прасіць прабачэння, тлумачыць...

Праз акно ён убачыў, як пад’ехала да ганка машына і з яе выйшаў рэдактар газеты. Казак пачакаў столькі, сколькі чалавеку патрэбна было часу, каб распрануцца, прывесці сябе ў парадак і сесці за стол — узяў артыкул і пашыбаваў да рэдактара. Разлічыў правільна: рэдактар ужо сядзеў за сталом.

— Як з’ездзіў? — спытаў ён.

— Матэрыял гатовы,— сказаў Казак і падаў артыкул.

— Ліпа, ліпа,— двойчы прачытаў назву рэдактар. — Гэта так называецца вопыт? Ладна... Антушкоў ужо цікавіўся... Прасіў паказаць яму перад выхадам у свет.

— Можа, не трэба?

— Ідзі...— падняў на яго ў сініх паўкружжах вочы рэдактар — ці то ён не спаў ноччу, ці то захварэў. Казак не спрачаўся: што ад яго залежала, ён зрабіў, астатняе не ў яго сілах. Безумоўна, артыкул быў гатовы, можна друкаваць, але Віталь не адчуваў сябе спакойным. Ад рэдактара ён выйшаў устрывожаны: не любіў, калі яго артыкулы перад публікацыяй чыталі людзі, якія не мелі ніякага дачынення да газеты. Хоць зрэдзь гэта было і неабходна.

 

2

Не магла зразумець Хрысця Манашка, што здарылася з Марфай Царыцай: пра іх вяселле з Гешам ужо гаворкі не вяла, нейкая злая стала, што ні спытай — толькі буркне, і ўсё. А час ідзе, і ці будзе яшчэ такі шанц, каб выйсці замуж. Ужо ж немаладая, і хто, акрамя Гешы, ажэніцца з ёй.

— Пачакай, пачакай трохі,— сказала Марфа Царыца і ўздыхнула.— Грахоў многа, маліся богу. І ў Гені многа грахоў... Хай душу перад богам ачысціць,— апусцілася на калені і запрасіла ў кампанію Хрысцю. Доўга маліліся, потым старая, ухапіўшыся рукою за ўслон, паднялася, крэкчучы.

— Як жа ж вы будзеце жыць?.. Ён п’е, а ты не працуеш,— Марфа наліла ў кубкі ўзвару з груш і запрасіла за стол Хрысцю. — Ці мо ў цябе шчо ёсцека?

— Трохі ёсцека, нам хопіць...— узвар быў без цукру, але пахкі, відаць, з ліпавым цветам.— Дзяцей нямашака...

— А калі пойдуць? Ой, грахоў многа, многа... Памолімся яшчэ, даруе іх божанька, тады і замуж можна. Была заўчора ў Дзяпраўску, не бачыла той цёткі, шчо прыязджала да цябе ў госці?

— Вы яе ведаеце, цётачко? — пацікавілася Хрысця, нават не здагадваючыся, які гнеў выкліча ў Марфы сваім пытаннем. У вачах бліснуў агеньчык, старая ўзмахнула рукой, адсоўваючы ад сябе кубак, і не разлічыла сілы, ён паляцеў са стала і разбіўся.

— Цьфу, сатана! — ускрыкнула Марфа Царыца.— Якая твая сабачая справа?! Ты падумай сваёй дурной мазгаўнёй перад тым, як шчо пытаеш. Ведаю, не ведаю... Я бачу, шчо яна антыхрыстава маці і сама бязбожніца. Ты вось шчо, Хрысця...— ужо спакойна загаварыла яна.— Грошы ў цябе ёсцека... Дык палажыла б трохі на кніжку Генечку. Трэба неяк улагодзіць гэтага п’янтоса. Але так палажы, каб без майго ведама яму грошы не давалі. Ну, чаго ты глядзіш на мяне так, нібыта я ў цябе штось украла? Не хоч, як хоч. Проста я табе дабра жадаю і Генечку свайму. Усё-ткі ён сын мой,— захліпала носам Марфа.

— Шчо вы, шчо вы, цётачко,— ажно прыгарнулася да яе Хрысця, абняла сваю дабрадзейку.— Усё зраблю, як скажаце.— Хвіліну падумала і дадала: — Пару сваіх кніжак з шафы прадам, і будуць грошы.

— Ну і слава, ну і слава Хрысту! — узрадавалася Марфа і зашаптала, нібыта баючыся, што нехта пачуе, хоць у хаце нікога, акрамя іх, не было.— Грэх з нас божанька здыме, і тады ваша воля і ваша шчасце. Генечка ўсё зробіць, шчо яму скажу. Ці ж ты не бачыш?

— Бачу, ой як бачу, цётачко! — сказала Хрысця.— Дык я пабягу...

— Бяжы, бяжы, галубка. Маліся за нас, маліся, і Хрыстос пачуе і пераможа антыхрыста, які згарыць у геене вогненнай,— правяла госцю Марфа з хаты, зачыніла за ёй дзверы, і зноў ахапіў яе неспакой і страх, якія адчула, убачыўшы Веру Пятроўну ў Хрысці. У куце стала на калені і зноў пачала маліцца. Звярталася да бога, каб зняў з яе грэх, ачысціў душу ад пакут. Яна механічна шаптала, а ў галаве былі іншыя думкі. Ніяк не магла апамятацца Марфа Царыца ад сустрэчы з маці першага сакратара райкома. Думала, што даўно памерла суседка і ніводзін чалавек не ведае ўжо яе грэх. Яна і сама даўно забыла пра яго. Не любіў яе Апанас, называў ведзьмай, але ж быў бацькам яе дзяцей, а тут узяў звязаўся з Галінай, якая ні тварам, здаецца, не была прыгажэйшая за яе, толькі вочы вялізныя і шыя худая і доўгая, як у бусліхі. Муж яе ў фінскую загінуў, дык яна перад Апанасам хвастом заматляла. І знюхаліся. Але і гэта няхай, цьфу, сатана. Дык стаў начаваць у яе, ужо сабраўся назусім пераходзіць жыць. А тут вайна, немцы. Апанаса раптам солтысам прызначылі. Быў жа ён ніякі не солтыс, а пярэварацень. Для немцаў нібыта камандаваў, сам жа як воўк у лес глядзеў. Якая ні была жонка, але ж заўважыла гэта. Неяк апоўначы Апанас у клуні гаварыў з незнаёмым чалавекам, а яна была ў хляве, карову даіла. Дурны і той зразумеў бы, што ў яго сувязь з партызанамі. Прыгразіла пасля: маўляў, не перастанеш да Галіны хадзіць, блага будзе. Ён жа зубы паскаліў і адразу, нібыта здзекуючыся, пацягнуўся да каханкі. Ідзе па двары, азіраецца на акно і смяецца. Потым вярнуўся і, нібыта плюнуў у вочы, сказаў: «Не люблю цябе, ведзьма!» — і пайшоў.

У Марфы тады ажно галава закружылася, і каб не ўхапілася рукой за стол, пляснулася б на падлогу. Гэтак ад злосці бывала: у вачах цёмна і сцены гойдаюцца. Ачомаўшыся, яна разважала нядоўга, накінула фуфайку на плечы, чорную хустку завязала, пакінуўшы адкрытымі толькі нос ды вочы, падалася з хаты. Было ўжо бліжэй к вечару, каровы на пастаўніку падцягваліся да вёскі.

Марфа прабегла паўз Галін гарод і, падняўшыся на пальчыках, плюнула цераз баляскі акурат на граду цыбулі. Здалося, што мала: ухапіла ля плота камень і запусціла ў пеўня, які калупаўся ў разоры, і пацэліла. Певень закрычаў як рэзаны, залопаў крыллем.

Ля хаты Ёзя Казла, у якой жыў камендант Любавіч пан Гжэуцкі, былі асаднік з-за Мормажава, што аддана служыў Пілсудскаму, а цяпер Гітлеру, Марфа затрымалася, раз-кольвечы азірнулася па баках, каб, не дай бог, хто не ўбачыў, і, амаль зусім схаваўшы твар у хустцы, шмыгнула праз веснічкі ў двор і міма вартавога паліцая Адольфа Куляса, мясцовага палячка, ускочыла да пана каменданта. Акурат у яго сядзеў нейкі немец у чорнай круглай шапцы з чэрапам. Не хацелася пры чужым гаварыць, але Гжэуцкі па-польску залямантаваў, маўляў, не бойся — усе свае. Вось яна і папрасіла гэтых дабрадзеяў, каб напалохалі Апанаса, што знюхаўся з Галінай, якая мае сувязь з партызанамі. А ён? І ён, халера. Яна яго зводзіць з пуці праведнага. Ён жа мужык разумны і бачыць толькі добрае ад новай улады. Так, трэба паўшчуваць, напалохаць гэтым. Чорны немец, як пачуў слова «партызаны», быццам падрос разам з крэслам, вушы натапырыў, і на вуснах расплылася радасная ўсмешка. Ён дастаў з кішэні тоўстую цукерку ў чырвонай паперцы і кінуў яе на край стала. «Вазьмі, пан афіцэр табе дзякуе»,— сказаў ёй Гжэуцкі. Яна, канечне, узяла гэтую цукерку і, выходзячы з пакоя, у сенцах заўважыла згорбленую постаць — жанчына мыла падлогу. Аднак Марфа не звярнула на яе ўвагі і толькі мо праз які месяц пасля таго, як Галіну з дзецьмі і Апанаса немцы, нічога ад іх не дабіўшыся, у той жа дзень застрэлілі, успомніла, хто тады прыбіраў у хаце каменданта. Гэта была Верка. І яна засталася адзіным сведкам, бо чула ўсю размову, не пачула б толькі глухая пры адчыненых дзвярах таго, як Марфа расказала пра ўсё каменданту. Сам камендант і той немец пражылі мо ад сілы два тыдні: наляцелі партызаны і пабілі іх. Калі гэта адбылося, Марфа была ў суседняй вёсцы ў братавай. А Верка з Любавіч знікла. Куды? Хто ведае: вайна падабрала тысячы людзей. Марфа цішком нават радая была гэтаму. Толькі, здаецца, у сорак пятым выпадкова спаткала Верку ў Ласасіне на кірмашы. Была яна з мужыком і малым дзіцём на руках. Паспела схавацца Марфа за возам, не заўважылі яе. У Верчыным мужыку пазнала яна сына ласасінскага лесніка Патоліча. Ніхто не бачыў, калі хавалі Апанаса, слёз на яе вачах, толькі прыгаворвала ўсё: «Боская воля, боская воля...» І цяпер яна лічыць, што гэта была боская воля, усявышні пакараў Апанаса за яго распусту, за нявернасць сям’і і дому. Ніколі Марфа пасля не пашкадавала, што зрабіла, а з гадамі яшчэ больш упэўніла сябе ў гэтым. Часам, седзячы ў адзіноце, калі Геша быў на рабоце альбо дзе-небудзь блукаў, яна ўспамінала, як жыла да вайны, у вайну, і думала над тым, як цяпер жыве. І хоць нідзе не працавала, нават катэгарычна адмовілася буракі ў калгасе палоць, у хаце быў хлеб і да хлеба, Геша няблага зарабляў, парсюкоў трымалі, а старэйшы сын у Данбасе загінуў, дык за яго яшчэ трыццаць рублёў атрымлівала. Усё роўна здавалася, што лепш жылося ёй пры паляках. Бацька меў амаль тры валокі1 зямлі і адну валоку сенажаці. Ого, яны тады былі багатыры, летам парабкаў наймалі, бо самі не маглі ўправіцца. І хоць многа зямлі мелі, аднак не раскашавалі. Толькі на свята бацька абуваў боты. Усё грошы збіраў, хацеў ёй пасаг добры даць. Прыйшлі Саветы, забралі зямлю, аб’явілі іх кулакамі, пасадзілі бацьку з маткай, сястру і брата на калёсы і павезлі на Поўнач. Былі б і Марфе белыя мядзведзі, але ж якраз у жніўні яна за Апанаса пабегла замуж, надта ўпадабала. Яе шчасце... Колькі кавалераў было, а галаву задурыла сабе Апанасам. Чуб у яго быў вельмі прыгожы і чорны, як крылле вароны. Унь і Геша такі — чым старэйшы робіцца, тым усё болей падобны на Апанаса. Гляне на яго Марфа — і, здаецца, ляпнула б качалкай па мазгаўні, забываецца, што гэта сын. Дый ніякай любові даўно да яго не адчувае. П’янтос, распуста і яшчэ тварам — нібыта Апанас. Унь колькі грахоў. Няхай моліць бога, каб вызваліў ад гэтага цяжару душу...

Думае Марфа, думае, адкуль столькі вагі ў нагах, раней лягчэйшыя былі, не падняцца з падлогі. На каленях падпаўзла да сцяны, абаперлася. На кухні зняла з падлогі палавікі, адчыніла пограб, які яшчэ Апанас рабіў у сорак першым годзе. Ужо тады меў, відаць, нейкі план, бо так акуратна выразаў люк у падлозе, што калі не ведаеш пра яго, дык і цяжка заўважыць. А ўнізе не пограб, а цэлы пакой, нават нары зрабіў і пракапаў чатыры метры нару пад свінарнік, дзе быў другі выхад. Ні разу не пакарыстаўся Апанас, не спатрэбілася...

Сышла Марфа па лесвіцы ў пограб і, запаліўшы свечку, агледзелася. Усё ж неблагі быў майстар Апанас. Колькі гадоў мінула, а зроблена нібыта ўчора. Ля нараў Марфа памалілася, зазірнула ў чорную нару, нібыта ў бездань, і хуценька зачыніла дзверцы, страшна стала.

Ледзь паспела пакласці на месца вечка і заслаць палавік, як зарыпеў ганак пад нейчымі нагамі, пачуўся кашаль. Увайшоў сын. Нешта не ладзілася ў яго на рабоце, быццам хацелі выгнаць яго з калгаса за тую аварыю на ферме. Гэта Марфа краем вуха чула цераз плот, як Фрося расказвала суседцы. Яна з імі не вадзілася. Сын закашляўся, прастуджана-хрыпла дыхаў. Хоць бы пагаліўся, а то чорная шчаціна парасла грыўкамі, як на зверы. Фуфайка зашмальцаваная, боты ажно закарэлі ад гразі, і дзе, здаецца, знайшоў яе, калі на дварэ снег — хоць бы ўзяў наваксаваў іх. «Апанасава парода,— думала Марфа.— Мой бацька калі хадзіў у ботах, дык як пан: яны ў яго блішчалі лепш, чым люстэрка».

— Мо паясі? — спытала, як распрануўся сын.

Наліла поўную міску капусты, дастала з чыгуна ладны кавалак мяса з косткай, асобна на сподачку палажыла. Яшчэ нарэзала на патэльні на скібы добра ўпрэлую бабку са шкваркамі. Збегала ў сцёпку і прынесла прапахлай антонаўкамі капусты, ружовай ад морквы і журавін. І ўрэшце дастала з-пад прыпечка загорнутую ў анучу бутэльку, закаркаваную газетай.

— Уга! — павесялеў Геша, здзіўляючыся матчынай шчодрасці і не разумеючы, з якой нагоды яна спраўляе гэты баль.

— Еш, сынок, еш... Ці ж мне табе шкада шчо? Анічагусенькі, акрамя цябе, нікога нямашака... Дык неяк трэба разам трымацца.

— Але, але, але,— ужо з апетытам сёрбаў Геша капусту.

— І гора, і шчасце, і радасць, і грахі — усё гэта наша,— гаварыла Марфа,— і якія грахі ў мяне ёсцека, дык яны табе застануцца...

Геша ківаў галавой, весялеў, не надта слухаючы, што балабоніць матка. На душы ў яго было свята, і за гэта ўдзячны ёй.

— Усё праўда,— сказаў ён,— ты ў мяне малайчына, люблю цябе. Адна ты ў мяне, нікагусенькі больш,— захліпаў носам, папаўзла сляза з вока.

— Вот, вот, вот,— узрадавалася Марфа і перасела бліжэй да сына на ўслон, азірнулася на дзверы і зашчапіла іх. Каб хто не прыйшоў, не перашкодзіў іхняй размове.— Грахоў многа, трэба прасіць у бога, каб іх забыў... Грошы ў цябе будуць, кніжку дам...

— Кніжку? Гэта някепска...— зусім добра стала ад такой навіны Гешу, усе непрыемнасці на рабоце здаліся нікчэмнымі, а пагроза Паліны, што аддасць пад суд,— смешнай. Якія прэміі, які суд, калі ўнека матка кніжку дасць. За кніжку можна калі-нікалі і на каленях пастаяць, гэта ж не сахаром дзерці гной у кароўніку.

— Грэх у мяне вялікі перад богам... І ў цябе ёсцека: любіш гару...— шаптала Марфа сыну.— Трэба папрасіць у бога, каб дараваў. Чула, як сапраўдныя браты і сёстры робяць. Мне раіў адзін брат, разумны чалавек, святы. Не ў ладах ён з бальшавікамі...

— Давай кніжку, усё зробім,— Геша быў ужо гатовы на ўсё.

— Глянь сюды,— жвава, як маладая, Марфа Царыца ўсхапілася з услона, адкінула нагой палавік убок, потым зрушыла з месца люк і падняла яго. У Гешы ад здзіўлення ніжняя сківіца адвісла. Матка спусцілася ў пограб і паклікала за сабой. У гэтым склепе ён ніколі не быў і нават не ведаў пра яго існаванне. Бульбу, моркву, капусту, яблыкі трымалі ў пограбе на двары.

— Унь як...— сказаў Геша.— Які палац і нары тутака... Неблагія таксама... Ён падышоў да нараў і лёг на іх, прымяраючыся.— Тутака і спаць можна, га? — і дурнаватая ўсмешка з’явілася на твары.

— А як жа ж, як жа ж,— гаварыла Марфа і села побач з сынам, зашаптала яму ледзь не ў вуха: — Трэба божаньку папрасіць, каб дараваў нашыя грахі. Пажыві тутака, на работу не хадзі, грошай хопіць. Ты ўнізе маліся богу, а я ў хаце.

— А ці доўга так? — раптам занепакоіўся Геша.— Тутака і здурнець можна. Грошай не захочаш.

— Нядоўга. Калі трохі пасядзіш, дык на карысць богу і роднай матцы. Кніжка ж будзе твая.

— Ладна,— падумаўшы, сказаў Геша. Чым хадзіць на працу, спрачацца са старшынёй, лаяцца з даяркамі, свінаркамі — халера іх бяры. Пабудзе крыху на курорце, адпачне, вылежыцца як мае быць. Няхай матка памоліцца... Чым блага, кніжку даюць, нічога рабіць не трэба, сядзі сабе ў пограбе... І што гэта за разумнік параіў матцы?..

— Вырашылі? — спытала Марфа.— І каб ніхто цябе не бачыў, зразумеў?

— А хто мяне ў пограбе ўбачыць? — рагатнуў Геша.

Ён напіўся, наеўся і, калі пацягнула на сон, спусціўся ў пограб, дзе матка паслала пасцель. Нават пярыну занесла, каб сыну не было мулка.

 

Наступным днём недзе пад вечар у Любавічах стала вядома, што некуды знік Геша Заяц. Пра гэта сказала сама Марфа Царыца, яго маці. А назаўтра і Паліне Ігнатаўне паведамілі, што электрык Геша не выйшаў на работу і дзе ён — ніхто не ведае.

 

1 Валока — амаль 21 га.

3

— Толькі што званіў мне Антушкоў, вельмі сярдзіты,— сказаў Кішковіч, уваходзячы ў кабінет першага сакратара.— Нешта там напісаў той пісака з рэспубліканскай газеты пра калгас «Маяк». Антушкоў абвінавачвае нас, што мы гэта арганізавалі...

— А навошта нам гэта? — спытаў Фёдар Васільевіч.— Ці ж мы ўжо такія дурныя тут усе?

— Антушкоў гаворыць, калі мы напішам хоць бы ў яго адрас пісьмо ад імя райкома партыі і райвыканкома з пратэстам супраць гэтая публікацыі, дык ён нібыта спыніць яе, а пісаку яшчэ пакараюць. Бач, яго прыслалі абагульняць вопыт, а ён крытыкаваць. Смаркач! — старшыня райвыканкома хадзіў перад сталом, гаманіў, і гэтае яго сноўданне раздражняла Патоліча.

— Ты гэта сур’ёзна ці жартуеш? — ён уважліва паглядзеў на Кішковіча.

— Сур’ёзна, а як жа ж. Калі сам Антушкоў звоніць і просіць гэтак зрабіць, дык...

— Дык чаму б табе не скочыць у калодзеж, мо гэта таксама спадабаецца Антушкову,— перапыніў Кішковіча сакратар райкома.— У нас павінна быць свая ўласная думка. Урэшце, ці не замнога бярэ на сябе Віктар Сямёнавіч? Яму пара ўжо зразумець, што раённыя камітэты падначалены не Антушкову, а ЦК партыі. І наогул, як мы можам штосьці пісаць, калі яшчэ матэрыял не выйшаў у свет. Магчыма, ён і крытычны, але ж ты і сам прызнаўся, што з некаторых часоў цьмяным уяўляецца становішча эканомікі ў «Маяку». Ты ж быў там, калі працавалі карэспандэнт з супрацоўнікам міністэрства. Райсельгасупраўленне ўчора зрабіла сякую-такую рэвізію ў «Маяку», можаш паглядзець даведку...

— Так... Але ж ты ўяўляеш, які будзе гармідар пасля гэтага артыкула? І табе, як першаму сакратару, за гэта не падзякуюць ні абком партыі, ні ЦК...

— Мы з табой, Уладзімір Іванавіч, працуем не за дзякуй...

— Ну, не ведаю, не ведаю... Я сказаў Антушкову, што ты заўтра будзеш у Мінску і, магчыма... сустрэнешся з ім.

— Можа, і сустрэнуся,— сказаў Фёдар Васільевіч.— Па ўсёй гэтай справе, якую распачаў сам Антушкоў,— надта захацеў вызначыцца,— прыязджае камісія абкома партыі. Калі мы самі не змаглі навесці парадак, дык нам памогуць.

— Антушкоў пра гэта ведае?

— Што ты мяне пытаеш? Не я ж з ім гаварыў...

— Зразумела, зразумела...— Кішковіч прысеў ля стала і неяк разгублена прамовіў: — Стома праінфармаваў, што ў Любавічах магазін адчынілі, завезлі прадукты... Можа, дадзім каманду, каб забралі частку камбікармоў з «Маяка» ў іншыя гаспадаркі? Але раптам Пінчук заўпарціцца? Можа, завезці яму саломы, сенажу? Ці дачакаемся камісіі, не будзем нічога чапаць?

— Няхай начальнік сельгасупраўлення арганізуе належны ўлік, і трэба забраць, а як жа ж. Ах, Пінчук, Пінчук...

— Вот і я так думаю... Здаецца, прынцыповы камуніст, як ён мог такое зрабіць?..

Не хацеў Фёдар Васільевіч пра гэта гаварыць, але не вытрымаў, слухаючы развагі старшыні райвыканкома, адказаў:

— Дык нібыта твой сябра?..

— Які сябра, які сябра! — замахаў рукамі Кішковіч, але, мабыць, успомніў, што расказваў сакратару райкома пра тое, як яны з Пінчуком некалі разам пачыналі працаваць старшынямі калгасаў, і пачырванеў, апусціў галаву, сказаў: — Было, было, Фёдар Васільевіч. На жаль...

— Што ж, бывае.— Патоліч замоўк. Звонка цікаў вялікі гадзіннік на сцяне. Затрашчаў тэлефон, пасля другі, але Фёдар Васільевіч не здымаў трубкі, абапёршыся падбародкам на сагнутую руку, глядзеў у акно, за якім на карнізе ўладкаваўся той самы шэры голуб.— Унадзіўся...— сказаў, на імгненне забыўшыся аб старшыні райвыканкома.

— Хто? — спытаў Кішковіч. Яму здалося, што гэта першы сакратар гаворыць не толькі пра Пінчука, але і пра яго, і прыціснутае ў душы самалюбства рванулася ўверх, і ён амаль закрычаў: —Хто ўнадзіўся?!.

— Унь голуб,—сказаў Фёдар Васільевіч.— Штодня прыляціць, сядзе на карніз і сядзіць. Ці лепшага месца яму няма?

Старшыня райвыканкома абыякава паглядзеў на акно, але, заняты сваімі думкамі, нічога не адказаў. Яму не спадабалася тое, што сакратар райкома партыі ўспомніў пра яго сяброўства з Пінчуком. І гэта пры тым, што яшчэ невядома, ці праўду пісаў карэспандэнт. Што ж будзе, калі, можа, і выявяцца нейкія махлярствы Пінчука. Ён жа не накіроўваў яго на гэта, не агітаваў займацца ашуканствам. Не, не атрымаецца чужых сабак вешаць на Кішковіча. Ён падумаў пра Антушкова і вырашыў у крайнім выпадку звярнуцца да Віктара Сямёнавіча, каб падтрымаў.

— Камісія будзе працаваць некалькі дзён,— сказаў Фёдар Васільевіч.— Я заўтра ад’еду на якіх паўдня, трэба ў Мінск. Пагаварыце з членамі камісіі. Потым і сам прыеду. Ёсць у мяне неадкладная справа ў сталіцы. Трэба пагаварыць у Дзяржплане, баюся, каб не выкінулі нас з плана будаўніцтва: Дом культуры і астатнія аб’екты. Дый буду край прасіць яшчэ адно будаўнічае ўпраўленне для раёна. Нам патрэбна свая будаўнічая база, тады раён зможа нармальна развівацца. Як жабракі, просім у суседзяў: дай кран, дай некалькі брыгад, памажы бульдозерамі, скрэперамі... Так больш працаваць немагчыма. Вы паслалі пісьмо нашаму дэпутату, міністру СССР, каб дапамог з будаўніцтвам новага малаказавода ў раёне?

— Адправілі заўчора...— Кішковіч пасядзеў яшчэ трохі і заспяшаўся.— У мяне сягоння прыёмны дзень, наведвальнікаў сабралася...

Нейкую хвіліну Фёдар Васільевіч сядзеў у роздуме, вагаючыся: усё-ткі ехаць яму ў Мінск ці не. Мо дачакацца камісіі абкома? Нарэшце вырашыў ехаць. Былі апошнія дні фарміравання планаў будаўніцтва на год, і калі не патрапіць да намесніка старшыні Дзяржплана і не перагаварыць з ім, дык іхнія аб’екты могуць згарэць, зноў давядзецца чакаць, чакаць... Дый з Антушковым, мусіць, трэба таксама сустрэцца, зусім абмінаць не варта. Інакш будзе ўжо несур’ёзна, падумае, што дзяпраўскі першы сакратар ігнаруе яго... Віктар Сямёнавіч складаны чалавек, наравісты. Займае высокую пасаду, і раён ад яго ў нечым залежыць. Вось і думай...

Аднак надта доўга думаць Фёдару Васільевічу не спатрэбілася. Зазірнула сакратарка і сказала, што на провадзе Антушкоў. Сакратар райкома зняў трубку і адразу пачуў нецярплівае:

— Фёдар Васільевіч?!.

— Добры дзень, Віктар Сямёнавіч! — першым павітаўся сакратар райкома.

— Добры, добры...— адчувалася, што ўзрадаваўся Антушкоў, пачуўшы яго голас.— Значыць, так. Чаму вы не спынілі гэтага пісаку, ён жа дыскрэдытуе саму ідэю? З вамі гаварыў Кішковіч? Выдатна, што сабраліся ў дарогу. Я вас чакаю, бо не тэлефонная размова. Як прыедзеце, адразу да мяне ў кабінет. Нельга дапусціць, каб нейкі галган вырабляў што хоча. Я ўжо з рэдактарам пагаварыў, і ён са свайго боку... Ладна, чакаю,— заспяшаўся Антушкоў і, націскаючы на кожнае слова, сказаў: — Вы павінны быць у гэтым зацікаўлены больш за ўсіх...

 

4

У нядзелю паднялася Паліна трохі пазней, чым звычайна. Дзеці яшчэ спалі. Паліна нетаропка памылася, з асалодай ільючы халодную ваду на твар.

На вуліцы яшчэ было цёмна. Скавытаў, як галодны сабака, вецер.

Яна распаліла печ, паставіла варыцца на абед капусту ў гаршку — здавалася ў ім смачнейшая страва. Падумала, што згатаваць на другое: наабірала бульбы, нацерла яе. Пасля падсмажыла сала з цыбуляй і перамяшала ўсё разам. Толькі яшчэ ўбіла некалькі яек і дадала мукі. Гэтую густую з сіняватым крухмальным адценнем масу выліла на гарачую патэльню. Няхай дзецям будзе свята: лепш за якія прысмакі любяць яны бабку. Няма часу штодзень яе пячы. Дый тады, мабыць, прыелася б.

Паліна паварушыла качаргой вуголле ў печы. Полымя ўскалыхнулася, падрасло і ажно, здалося, наблізілася да твару: стала горача. Больш дроў вырашыла не класці ў печ. Сняданак лепш згатаваць на газавай пліце. Размяшаўшы мукі з малаком, Паліна ўмомант напякла вялікую міску ружовенькіх, нібыта з агеньчыкам, блінцоў. Заварыла чаю.

Яна зайшла ў спальню, дзеці спалі. Яна пашкадавала іх, не стала будзіць. Прайшлася па хаце, тое-сёе прыбрала для парадку. Знешне быццам чыста, але ж ёй відаць, што трэба рабіць ужо генеральную ўборку. Ды ўсё рукі не даходзяць.

За стол не села, стоячы з’ела некалькі аладак, выпіла кубак чаю. Ужо была палова дзевятай. Ёй стала ажно ніякавата перад сабой, што так доўга затрымалася дома. Але ж усё-ткі была нядзеля. Нібыта выхадны. Захацелася прыгожа апрануцца, падфарбаваць вочы, зрабіць манікюр. Яна адчыніла шафу, прагледзела ўсё сваё адзенне і выбрала чырвоную сукню з аксаміту. Як купіла некалі, толькі прымерала, ні разу не надзявала. Чамусьці ў люстэрка пабаялася глядзець, няўтульна адчула сябе ў гэтай сукні: на ферму і на поле ў ёй не пойдзеш, яна для тэатра. Аднак павесіла на шыю каралі, прычапіла да вушэй завушніцы, распусціла чорныя валасы па плячах.

— Ой, мамачка, ты ж прынцэса,— нечакана пачула яна. У дзвярах стаяла дачка. Відаць, толькі прачнулася, у начной кашулі, з заспаным тварыкам, але з блішчастымі ад захаплення вачыма.

— Шчо ты, шчо ты, дачушка,— засаромелася Паліна і хацела зняць з сябе і каралі, і завушніцы.

— Не здымай, мамачка...

Густыя чорныя валасы, пульхныя яркія вусны, вялікія вочы з доўгімі чорнымі вейкамі і гэтая сукня, якая падкрэслівала стройную фігуру, рабілі жанчыну вельмі прыгожай. Зараз яна выглядала найбольш на дваццаць — дваццаць два гады. Толькі рукі, прывыклыя да сялянскай працы, з мазалямі і абламанымі пазногцямі на пальцах выдавалі ўзрост жанчыны.

— Мамулечка...— прыціснулася да яе дачка, шаптала ласкавыя словы і з любоўю заглядвала ў вочы. Так пастаялі яны трохі, і Паліна зняла святочную сукню, каралі. Як звычайна адзелася: цёмна-сіняя спадніца, шэры світэр. Валасы закалола шпількамі, завязала на галаву цёплую хустку.

— Вы тутака самі паснедайце... Я хуценька. Найбольш на гадзіну,— нібыта прасілася ў дачкі, бо нават у нядзелю была вымушана дзяцей пакінуць адных у хаце.

Учора ў райцэнтры выпадкова спаткала Магільніцкага. Прычапіўся, ледзь развіталася. Усё прасіў, каб калгас павялічыў яму пенсію.

Магільніцкага Паліна не любіла, але ніколі яшчэ ніводным паглядам ці словам не паказала гэта. Толькі два гады папрацаваў стары ў Любавічах, як стала яна старшынёй калгаса. Яго не звальнялі, сам папрасіўся з пасады, маўляў, здароўе слабое і ўзрост пажылы.

Мусіць, дзіцячая памяць самая даўгавечная, трывалая. Было лета, з громам, маланкамі. Бура зламала ў двары старога Сашка таўшчэзны клён. Ён ляжаў, патрушчыўшы платы, упоперак вуліцы. Клён, калі падаў, зачапіў у іхнім садзе вішню, на якой было шмат пладоў. Маці так шкадавала гэтае дрэўца, што ажно заплакала, а за ёй загаласіла і Паліна. Ёй было тады мо гадоў пяць.

На вуліцы стаяла многа людзей, і раптам яны ўсе разбегліся па сваіх хатах. Як маланка праскочылі між імі словы: «Агенты!» Паліна не зразумела, што гэта. Маці схапіла яе за руку і пацягнула ў двор. Яна была напалоханая, хату замыкала, пасля адмыкала. Паклікала ў сенцы Паліну. Датыкаючыся гарачымі вуснамі да вуха, зашаптала дрыготкім голасам:

— Ягадка мая, ты ж умееш замыкаць замок?.. Я схаваюся ў каморы, а ты замкні мяне. Ключ схавай. Прыйдуць у хату чужыя дзядзі, не кажы, дзе я. Скажаш, пайшла па шчаўе на востраў. Калі ўбачыш, што яны дойдуць да Зялёнага альбо Тэкліча, адамкнеш камору.

— А што гэта за дзядзі? — спыталася Паліна.

— Благія дзядзі, дзетачка.

— Дык я баюся...— Хацела заплакаць, але маці супакоіла яе, і яна зрабіла, як было сказана.

Паліна сядзела на ганку, гуляла з лялькаю, якую бацька выразаў з палена, і глядзела на вуліцу. Убачыўшы, што гэтыя людзі выйшлі з двара старога Сашка і накіраваліся да іхняй хаты, падбегла да каморы, паведаміла маці. Першым паважна крочыў міліцыянер з чырвоным тварам, які чамусьці ўсё хукаў і выціраў хусцінкаю шыю, за ім — стары Сакратарык з тэчкай, потым — нейкі, як казалі, Агент у расхрыстанай на грудзях чырвонай кашулі. Апошнім быў брыгадзір Магільніцкі. Ён падазрона паглядзеў на Паліну і злосна, скінуўшы ляльку нагой з ганка, спытаў:

— Дзе бацька, маці?

— Яны, яны...

Паліна захліпала носам, страшэнна спалохалася. Аднак успомніла матчыны словы і праз слёзы вымавіла:

— Пайшла ў гай па шчаўе...

Яе слухаў толькі Магільніцкі, астатнія, не спыняючыся, пайшлі ў хату. Але там нікога не было, і яны, незадаволеныя, вярнуліся на двор.

— Што, нічога нямашака? — спытаў міліцыянер у Магільніцкага.— Не можа такога быць,— і па драбіне палез на гарышча, сышоў назад увесь у павуціне і пыле.— Пахаваліся, куркулі, недзе... Хоць бы сала кілаграмаў з дзесяць забраць.

— Не пашкодзіла б і трыццаць,— сказаў Агент у чырвонай кашулі.— Колькі ў гэтай сям’і дзяцей?

— Шасцёра, таварыш начальнік,— адгукнуўся Магільніцкі.— Ніякая халера іх не возьме, калі і панішчымнічаюць.

Паліна здзівілася: у Магільніцкага твар таксама стаў чырвоным. Брыгадзір пачаў лаяцца на бацьку, маці, ударыў нагой у дзверы каморы.

— Сарвём замок. Мо шчо і знойдзем у кубле.

— Не, не варта. Іншым разам,— сказаў стары Сакратарык.— Парушэнне закона.

— Яці тваю, а мы не закон,— закрычаў міліцыянер, але ўсё-ткі замок яны не сталі ламаць. Курылі, аб нечым сваім гаварылі і нарэшце пайшлі далей па хатах.

Хоць не, тады Магільніцкі быў не брыгадзірам, а намеснікам старшыні. Яго пазней панізілі. Гэта ён кіраваў брыгадай у Любавічах, калі забіралі парасят і цялят ад людзей. Паліна ўжо была ў чацвёртым класе. Тое-сёе разумела. У іх таксама забралі ўвесну парсючка. Магільніцкі выпісаў нейкую паперку і аддаў матцы. Сказаў з іроніяй:

— Пакладзі за бажніцу, мо калі і грошай дадуць... Наша ўлада добрая. Цяпер не культ...

Магільніцкага больш баяліся, чым старшыні. З ім трэба было сустракацца штодзень, ад яго залежала, колькі хто заробіць працаднёў. Таму, хто яму не падабаўся, не частаваў, мог паставіць за дзень работы ў полі паўпрацадня, чвэрць працадня. Назбыткаваўся з аднавяскоўцаў. Паліна пасля восьмага класа ўсё лета працавала ў калгасе, а зарабіла пяць рублёў. Ох і кляла маці Магільніцкага. Пайшла да старшыні, а той адправіў яе назад да брыгадзіра...

«Дзе ж тая праўда,— гаварыў стары Сашко.— Ці ёсць яна?»

Запалілася тады ў душы Паліны крыўда, нібыта апякла сэрца. Марыла, што скончыць інстытут, стане вялікім начальнікам і пакарае Магільніцкага... Колькі мінула часу... А тая крыўда — як цвік у душы, толькі глыбока-глыбока...

Яна трохі прайшла па вуліцы, адчуваючы, як лёгка дыхаецца, і падумала, што мароз, мусіць, паменшаў. З ёй радасна віталіся людзі, і Паліне гэта было прыемна. Пра Магільніцкага хутка забылася.

 

5

У кабінеце Віталь быў адзін, ён нецярпліва чакаў вяртання рэдактара ад Антушкова, якому той павёз паказваць артыкул. Міналі гадзіна за гадзінай, а рэдактара ўсё не было. І ад гэтага вельмі неспакойна стала на душы, трывожна. Прадчуванне нечага благога ахапіла Віталя. Калі званіў тэлефон, ён ажно ўздрыгваў, таропка хапаў трубку. Каб неяк супакоіцца, ён зноў і зноў перачытваў другі экземпляр артыкула, і яму здавалася ў ім усё лагічным, кожны факт, кожную лічбу ведаў на памяць.

Аднак зімовы дзень ужо набліжаўся да сваёй сярэдзіны, кволае сонечнае святло ледзь прабівалася праз хмарнае неба. Мароз быў не вельмі вялікі, але ад сырога, перанасычанага вільгаццю паветра здавалася, што надта холадна, і гэты холад праз шчыліны ў акне запоўз у кабінет, зрабіў яго няўтульным. Хацелася зачыніць яго і куды-небудзь збегчы, дзе было цёпла, і, можа, нават забыць пра небяспечны артыкул, які мог стаць для яго бумерангам.

Ён не ведаў, што рэдактар ужо сустрэўся з Антушковым. Віктар Сямёнавіч прачытаў артыкул і быў ім настолькі ўражаны, што некаторы час маўчаў, нібыта сваім вачам не верачы, перагарнуў некалькі разоў старонкі. Рэдактар цярпліва і сумна глядзеў на яго. Віктар Сямёнавіч думаў: чаму гэты сівы, з дагодлівым позіркам мужчына не на пенсіі, чаму ён свайго чалавека не паставіў на месца рэдактара. «Бязвольны і нікчэмны!» — ледзь не выкрыкнуў Антушкоў, ледзь не затупаў нагамі, як рабіў некалі, калі працаваў першым сакратаром райкома партыі. Аднак тупаць і крычаць было нельга, і ён проста ўзяў чырвоны аловак і перакрэсліў ім увесь артыкул. На апошняй старонцы ён націснуў з такой сілай, што аловак зламаўся. Антушкоў сабраў старонкі ў стосік, пашукаў сашчэпку і не вытрымаў — шпурнуў паперы па стале. Яны разляцеліся веерам, і некалькі старонак упала на падлогу, але Віктар Сямёнавіч нават не скрануўся з месца, назіраў, як, крэкчучы, збірае іх рэдактар. І калі той зноў сеў, у яго быў белы твар, левае павека дрыжала. Вочы неяк патухлі, і ў іх з’явілася абыякавасць.

— Вам што было загадана?! — прыцішана сказаў Антушкаў.— Вам было загадана абагульніць вопыт работы калгаса «Маяк». У вас што, нікога няма, акрамя гэтага Казака. Гэта ж бездар, нікчэмны журналіст!.. Мне наогул незразумела, хто вам даверыў кіраваць газетай.— Антушкоў ляпнуў далонню па стале і катэгарычна заявіў: — Я забараняю друкаваць гэты артыкул. Думаю і ўпэўнены, што мяне падтрымае сакратар ЦК. Ідзіце!..

І рэдактар, адразу пастарэўшы, з шэрым тварам пайшоў з кабінета. Так пагана ён ніколі яшчэ сябе не адчуваў, але чамусьці злаваў не на Антушкова, а на Казака, які сваім артыкулам зрабіў з яго дурня. Ён не сеў у машыну, а пацягнуўся пехатой, нічога не бачачы перад сабой. Здавалася, усё яго цела калацілася яшчэ ад слоў Антушкова, які гаварыў — усё роўна як пляваў яму ў душу. Але чым бліжэй падыходзіў да рэдакцыі, тым святлеў яго позірк і запальваўся злосцю, ярасцю, якія павінны былі знішчыць таго, па чыёй віне толькі быў зняважаны. Антушкоў знікаў у памяці, быццам у тумане, а з кожным крокам набліжаўся карэспандэнт. Ён упершыню падумаў, што не ўмее кіраваць газетай, што яго падначаленыя няздатныя журналісты. Яму да пенсіі заставалася ўсяго паўгода, але ж хацелася папрацаваць яшчэ, бо сілу і здароўе ён адчуваў у сабе. І вось на табе, з-за нейкага малакасоса, выскачкі яго могуць ветліва папрасіць, каб ішоў на заслужаны адпачынак. А ён жа не хоча адпачываць, яму даволі і месяца ў год, каб набрацца моцы, яму яшчэ рана быць пенсіянерам.

Калі ён увайшоў у кабінет, адразу выклікаў Казака, і гэтак жа, як Антушкоў яму, шпурнуў Віталю яго артыкул, з той толькі розніцай, што старонкі не паляцелі на падлогу. Убачыўшы тэкст, перакрэслены чырвоным алоўкам, Віталь усё зразумеў. Атрымалася горш, чым ён чакаў.

— Няўжо вы не маглі сказаць? — толькі і прамовіў ён.

— Што сказаць, што сказаць!!! — крычаў рэдактар і махаў рукамі.— Шчанюк, малакасос! Ён жа мне слова нават не даў уставіць. Гары ты гарам са сваім артыкулам,— і, крыху супакоіўшыся, дадаў: — Ты мне не дасі дапрацаваць да пенсіі. Я таксама чалавек!..

Відаць, крык пачула сакратарка, бо прыадчыніла дзверы і зазірнула ў кабінет. Казак не звярнуў бы на яе ўвагі, калі б не ўбачыў, што яна махае яму рукой.

— Дык што мне рабіць? — спытаўся Віталь, на нейкі момант не тое што напалоханы крыкам рэдактара, а збянтэжаны весткай, якую паведаміў рэдактар.— Гэта ж не асабіста мой артыкул, гэта ж рэдакцыйнае заданне... Мо далей куды пайсці?

Рэдактар маўчаў, адвярнуўшыся да акна. Толькі нервова ўздрыгваў правы плячук: апошнія гады ўсе часцей напамінала аб сабе кантузія.

— Думай,— хрыпла прамовіў ён,— думай... Ідзі працуй... Мне не перашкаджай працаваць...

Ён, канечне, мог бы пасварыцца з Антушковым і нават, выходзячы з кабінета, ляпнуць дзвярыма. Ніколі яшчэ ў жыцці і нікому не дазваляў так гаварыць з сабой і гатовы быў запратэставаць супраць гэтага чалавека, якога не любіў і баяўся, але ў душы ўжо абудзіўся страх, дробязнае жаданне ціха і спакойна папрацаваць рэдактарам хоць два-тры гады. Ён прывык да машыны, якая штораніцы пад’язджала да яго пад’езда, да спецыяльнай паліклінікі, у якой лячылі толькі кіраўнікоў высокага рангу, да ікры, што была ў прадуктовым заказе. І не так ён прывык, як жонка і дзеці. Раней яму было нават непрыемна слухаць, калі яны хваліліся сваімі прывілеямі знаёмым, суседзям ці сябрам. Штосьці агіднае, панскае чулася спярша ў іхняй пахвальбе. Цяпер і сам ён ганарыўся сабой. Хоць адчуваў, што не стала ранейшай смеласці, адвагі спрачацца з начальствам. Адстаўка яму здавалася смерцю. Таму пазбягаў любога канфлікту...

Казак, больш нічога не гаворачы, згарнуў паперы і схаваў іх у кішэню; не хацелася, каб бачылі, як ён выходзіць з кабінета рэдактара з перакрэсленымі чырвоным алоўкам лістамі — пра яго гісторыю з калгасам «Маяк» ужо ведалі ва ўсіх аддзелах. Ён затрымаўся на парозе і, спрабуючы быць абыякавым, сказаў:

— Дзякуй за падтрымку!

Вымавіў гэтыя словы і адразу зачыніў за сабой дзверы. У рэдактара зноў закалаціўся плячук.

— Віталь, цябе ў кабінеце чакаюць з Дзяпраўска,— сказала сакратарка.

— Хто?

— Нібыта першы сакратар...

Мо іншым разам Віталю і прыемна было б сустрэцца з Фёдарам Васільевічам, але не сёння. Хоць ён і прасіў першага сакратара заехаць пры нагодзе ў рэдакцыю.

Віталь памалу ішоў па калідоры, спрабуючы неяк сябе супакоіць, настроіцца на гаворку пра калгас «Маяк» і старшыню Пінчука, і шкадаваў, што яны з Антонам Казіміравічам дарэмна тады не зайшлі ў райком партыі. Магчыма, усё было б інакш з артыкулам. Раптам Фёдар Васільевіч падтрымаў бы іх перад Антушковым...

Віталь на імгненне спыніўся перад дзвярыма свайго кабінета, усё яшчэ рыхтуючыся да сустрэчы. Потым рэзка ўвайшоў у пакой і сутыкнуўся з Патолічам амаль на парозе. Відаць, Фёдар Васільевіч збіраўся выйсці ў калідор. Твар у яго быў стомлены, калі нават не хваравіты, па бледных вуснах прабегла ледзь прыкметная ўсмешка. Павітаўся ён з Віталем прыязна, у вачах не было ні крыўды, ні злосці. Трымаўся Фёдар Васільевіч упэўнена і спакойна, і яго настрой перадаўся Казаку. Яны загаварылі як старыя знаёмыя, што рады бачыць адзін аднаго. І, гледзячы ў шчырыя вочы першага сакратара, Віталь поўнасцю даверыўся яму, расказаў, як яны правяралі калгас «Маяк», як лічылі свіней на комплексе, фатаграфавалі дакументы, не верачы сваім вачам і таму, што адкрылася. І ўрэшце палажыў перад Фёдарам Васільевічам артыкул, па якім прайшлася рука Антушкова.

— Пачытайце, мне б хацелася цяпер ведаць вашу думку. Хоць, як першы сакратар райкома партыі, вы будзеце абараняць Пінчука...

Казак пакінуў Фёдара Васільевіча аднаго ў кабінеце. Трэба было нечым заняцца, пакуль той будзе чытаць артыкул, і ён пайшоў у рэдакцыйную бібліятэку, узяў падшыўку «Правды» за мінулы год і пачаў гартаць яе, спрабуючы не думаць аб усім тым, што яго чакала. Аднак праз хвілін дзесяць ён не ўтрываў, палажыў на месца падшыўку і вярнуўся ў свой кабінет. Фёдар Васільевіч усё яшчэ чытаў артыкул. У яго збоку на стале ляжала паперка, на якой ён час ад часу нешта падлічваў. Калі скончыў чытаць, круціў галавой, чмыхаў і нарэшце папрасіў у Віталя цыгарэту.

— Я не куру...

— Дый я таксама... Проста...— ён недагаварыў, што проста яго ўсхвалявалі факты, якія прыводзіў аўтар у артыкуле. Выходзіла, пад вокам у райкома партыі Пінчук не адзін год займаўся махлярствам, вырабляў што яму хацелася. І тое, што ён працуе першым сакратаром мала часу, канечне ж, не апраўданне, і пакаранне сваё за гэта ён атрымае. Трошкі непрыемна было, што раскапаў усё гэта малады хлопец з дапамогай работніка міністэрства, якія ненамнога лепш за першага сакратара райкома партыі ведаюць праблемы эканомікі сельскай гаспадаркі, а тым больш Дзяпраўскі раён, і вельмі блага, што пра гэта стане вядома ўсёй рэспубліцы. Якую яму пазіцыю заняць? Нездарма ж званіў карэспандэнт і прасіў сустрэцца. Фёдар Васільевіч ужо ведаў — артыкул чытаў Антушкоў і катэгарычна забараніў друкаваць яго. Пацвердзілася ўсё, што прадчуваў. Аднак абараняць ён Пінчука не будзе, гэта вырашыў для сябе даўно. Непрыемна, нават балюча, чытаць пра тое, што ён павінен быў сам заўважыць. Тым больш падазрэнні наконт Пінчука ўзніклі... Прамарудзіў, пакінуў надалей, на той момант, як з’явіцца больш вольнага часу. Глупства, адкуль ён, вольны час, у першага сакратара райкома.

Не падымаючы вачэй ад стала, Казак чакаў, калі загаворыць Фёдар Васільевіч. Ён быў цяпер гатовы спрачацца з ім, даказваць сваю праўду, таму што адказваў за кожную лічбу ў артыкуле, за кожны факт. Памылак не магло быць.

— Я не супраць, каб гэта было надрукавана... — нарэшце вымавіў сакратар райкома, і Віталь зразумеў, як цяжка было яму гэта сказаць. Выгляд у Фёдара Васільевіча стаў яшчэ горшы, чым быў, ён нібыта пастарэў. У вачах застыў такі боль, што журналіст спытаў нерашуча:

— Усе факты дакладныя?..

— Як першы сакратар райкома партыі я не супраць, каб ён быў надрукаваны,— паўтарыў Патоліч.— На ім ёсць мой подпіс. Больш пытанняў няма?

— Няма... Відаць, я буду пісаць сакратару ЦК, таму што рэдактар і Антушкоў супраць публікацыі.

— Глядзіце...

Сакратар райкома падняўся, высокі і сімпатычны, пакрочыў да дзвярэй. Ад парога вярнуўся, паціснуў на развітанне руку Віталю.

Было чуваць праз акно, як ляпнулі дзверцы — Фёдар Васільевіч сеў у машыну, загудзеў рухавік. «Як першы сакратар райкома партыі я не супраць...»

У кабінет зазірнула сакратарка рэдактара:

— Шэф кліча.

Цяпер Віталь ледзь не бег да рэдактара, каб расказаць пра сустрэчу з Патолічам. Райком партыі не супраць публікацыі артыкула ў газеце — ці гэта не важны аргумент? Ён так і сказаў, але рэдактар перапыніў яго:

— Толькі што мне пазванілі: у Антушкова падтрымка там,— ён паказаў рукой на столь..

— А ў мяне там! — Віталь раззлавана кіўнуў галавой уніз.— Урэшце, можна пайсці і да сакратара ЦК...

— Герой, замахнуўся,— іранічна сказаў рэдактар,— чакаюць цябе. Я табе сваю думку выказаў. Ідзі працуй...

Навошта ж ён ездзіў у камандзіроўку, браў з сабой Антона Казіміравіча? Мо няхай і далей махлюе Пінчук, якая яму справа да гэтага, калі рэдактар загадвае плюнуць на ўсё і заняцца іншай работай? Але ж сорамна будзе перад самім сабой, перад Антонам Казіміравічам. Калі не надрукуе гэты артыкул, не варта больш працаваць у газеце...

Увесь абед, зачыніўшыся на ключ, Віталь прасядзеў у кабінеце ў вялікім роздуме. І раптам у галаве нібыта пасвятлела. Так было заўсёды, калі доўга не атрымліваўся матэрыял, а потым, здавалася, пяро самое бегла па паперы:

«Паважаны таварыш першы сакратар Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі.

Звяртаюся да вас не толькі як журналіст, але і як камуніст. Пайсці на гэты крок прымушае мая жыццёвая пазіцыя, якой я прытрымліваюся, працуючы вось ужо дванаццаты год у партыйным органе.

На мінулым Пленуме ЦК Вы гаварылі: «Ашуканства, падман дзяржавы, упрыгожванне сапраўднага становішча спраў амаль самыя небяспечныя і ганебныя з’явы. Гэта зло накшталт іржы, і калі яго не знішчаць у зародку, не выпаліць, як гаворыцца, гарачым жалезам, дык яно можа прынесці вялікую шкоду, змазаць тое станоўчае, што мы маем ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, у справе выхавання людзей. Жорсткую барацьбу супраць тых, хто, хаваючы сваю безгаспадарчасць, становіцца на шлях ашуканства і падману, павінны весці, канечне ж, і нашыя партыйныя газеты. Роля журналістаў у гэтым вялікая».

Менавіта з гэтай прынцыповай пазіцыі я і падышоў пры выкананні рэдакцыйнага задання па калгасе «Маяк» Дзяпраўскага раёна. Зразумеўшы разам са спецыялістам Міністэрства сельскай гаспадаркі таварышам А. К. Картулем, што ў калгасе наўмысна перакручваюць вынікі працы, свядома замазваюць недахопы і ў вышэйстаячыя органы падаюць ліпавыя звесткі і справаздачы, я падрыхтаваў крытычны артыкул. Матэрыял правільна ацэнены першым сакратаром райкома партыі таварышам Патолічам Фёдарам Васільевічам. І, тым не менш, дасюль няма дазволу яго друкаваць. У сувязі з гэтым паўстае пытанне: чаму газета павінна замоўчваць вельмі сур’ёзныя злоўжыванні? Нарэшце, улічваючы заўвагі рэдактара, я магу паправіць тыя мясціны, дзе гаварылася, што «дасягненні» калгаса «Маяк» спрабуюць паказаць некаторыя адказныя таварышы як павучальны і значны вопыт.

Мяркую, што газета, развенчваючы ганебны стыль кіраўніцтва, адыграла б вялікую ролю ў выхаванні нашых кадраў. Інакш будзе зроблена маральная шкода не толькі мне і сааўтару, але і ўсяму журналісцкаму калектыву, бо пра гэты выпадак ведаюць ужо ва ўсіх рэдакцыях.

Мне ўсё-ткі незразумела — чаму не можа быць надрукаваны артыкул? Веру ў справядлівасць і Вашу партыйную прынцыповасць.

З павагай Віталь Казак».

 

Ён прачытаў раз-другі, сам акуратна перадрукаваў пісьмо на машынцы і паклаў у канверт. Адступаць Віталь не збіраўся.

 

6

Кішковіч ехаў без шафёра. Пакінуў яго рамантаваць «Волгу», а сам быў на УАЗ-469: надумаў ён сёння паехаць у Моркавічы. Можа, і не сабраўся б туды, але пасля размовы з першым сакратаром трэба было абавязкова ўбачыцца з Пінчуком. Так, яны былі ў неблагіх адносінах і некалі нават сябравалі, ездзілі разам на паляванне і не адну качку з'елі, седзячы ля вогнішча. Пра гэта шмат хто ведаў у раёне. Аднак Пінчуковаму сяброўству са старшынёй райвыканкома ніхто не зайздросціў. Пінчука не любілі за хітрасць і хцівасць. Але калгас нібыта багаты, на кожнай нарадзе называлі лепшым, заклікалі браць прыклад з Кастуся Арыстархавіча, які, прадаючы суседзям насенне, драў з іх утрая даражэй і пасмейваўся: маўляў, не ўмееце вырошчваць, дык плаціце.

Цяжка сказаць, ці засталіся Кішковіч з Пінчуком сябрамі, але на святы старшыня калгаса падвозіў Уладзіміру Іванавічу, калі браўся прыцемак, то пуд свініны, то бараніны, то ялавічыны. Першы раз старшыня райвыканкома хацеў заплаціць, а потым толькі дзякаваў. Усё з часам робіцца будзённым і звычайным. Калі Фёдар Васільевіч стаў першым сакратаром, Кішковіч адмовіўся браць падарункі, хоць Пінчук усё роўна іх падвозіў, калі дома была толькі жонка. Кастусь Арыстархавіч больш, чым хто іншы, верыў, што першым сакратаром райкома партыі будзе Кішковіч. Можа, таму, што пра гэта яны не раз гаварылі...

Адчуваў Уладзімір Іванавіч: сякія-такія грахі былі ў Пінчука, ды чамусьці думаў, што ўсё гэта драбяза ў параўнанні з заслугамі старшыні, яго аўтарытэтам. Цяпер пачнецца... Са злосцю ўспомніў першага сакратара. Здавалася, што ўсе непрыемнасці пачаліся з яго прыходам у раён. «Кар’ерыст, малакасос, выскачка...»

У канторы Пінчука не было, і, каб даведацца, дзе ён, Кішковіч зайшоў у бухгалтэрыю і здзівіўся: у пакоі нібыта панавала жалоба. На пытанні старшыні райвыканкома ніхто нічога не адказваў. І калі ўзлаваны Кішковіч закрычаў на жанчын, высветлілася, што старшыня калгаса аддаў загад ні з кім чужым не размаўляць, ніякіх даведак не даваць.

Знайшоў Уладзімір Іванавіч Пінчука ў чырвоным кутку на свінакомплексе. У пакоі было вельмі накурана. Старшыня сядзеў, абкладзены з усіх бакоў паперамі. Пачуўшы крокі, падняў галаву. На твары ні здзіўлення, ні радасці, толькі і прамовіў:

— А, ты... Здароў, здароў! Сляды свае падчышчаю...

— Якія сляды? — Кішковіч працягнуў руку, каб узяць паперку, але старшыня адсунуў яе ўбок.

— А шчо, анічога,— сказаў Пінчук.— Заўтра зранку ў мяне камісія будзе. Шнарыць будуць, вывіжоўваць. Бач, Валодзька, не стаў ты першым, дык цяпер і мяне з’ядуць, і табе можа быць хана. Так шчо давай разам думаць, як мне выратавацца. Мо захварэць? — з сумам прагаварыў старшыня.— Ты знаеш, адчуваў, што накрыюць, а ўсё роўна не мог спыніцца, дый не так усё проста, як можа здацца.

— Ну і што? Цяпер паперкі знішчаеш? — здзекліва спытаўся Кішковіч.— Яшчэ горш сабе робіш. Карэспандэнт, пакуль ты недзе плёнтаўся, усю тваю бухгалтэрыю сфатаграфаваў. Вось так. Антушкоў званіў, гаварыў. Яму пра гэта рэдактар далажыў. Здымаць цябе, мусіць, прыйдзецца...

— А ты мне пасаду падрыхтаваў? А мо абыдзецца? Дасце мне чарговую вымову, дый усё. Так яно і будзе.

— Я гэтага не вырашаю,— сказаў Кішковіч.— Не спадабаўся ты першаму, пэўна... Наўрад ці чым памагу табе... Адно магу параіць...

— У бальніцу легчы? — старшыня сабраў паперы, склаў у папкі, а іх палажыў у сакваяж.— Гэта ніколі не позна. Я вось што думаю...— і засмяяўся, паціраючы рукі.— Гляджу, баішся ты моцна, відаць, больш за мяне. Не хочаш ужо вяртацца ў калгас. Прывык быць раённым кіраўніком.— Пашкандыбаў да дзвярэй, нечакана павярнуўся.— А могуць і ў калгас не ўзяць. Іншыя часы, пане браце, цяпер. Памятаеш, Валодзька, як пастухом быў, каровам хвасты круціў?

Кішковіч агледзеў прысадзістую, распаўнелую постаць старшыні з ног да галавы і, адчуваючы, як кроў ударыла ў галаву, прамовіў:

— Які ты старшыня, ты — панок... Правільна, цябе даўно трэба было зняць.

— Ну, ну, не палохай. Мы з табою старыя сябры, і дзяліць няма чаго,— прымірэнча загаварыў Пінчук.— Паеду да Віктара Сямёнавіча Антушкова, ён паможа. Я яшчэ хачу пажыць старшынёй калгаса. Круціць каровам хвасты — не для мяне. Без панікі, Валодзька, а то напалохаўся, ажно твар белы. Не варта баяцца, няхай нас асцерагаюцца.— Памаўчаў, пільна ўглядаючыся ў вочы Кішковіча, і дадаў, як між іншым: — На ўсякі выпадак я сабе забяспечыў тыл. Ёсць куды адступіць. Часова...

Яны выйшлі на вуліцу, пастаялі, і Кішковіч нечакана зразумеў, што Пінчук зусім чужы яму чалавек. Магчыма, нават непрыемны... Быў бы цяпер рады, калі б яго знялі са старшыні. Калі паўстане пытанне аб выключэнні Пінчука з партыі, дык ён першы прагаласуе за гэта. Кастусь Арыстархавіч быў для Кішковіча нечым накшталт каменя, прывязанага да нагі,— ён перашкаджае плыць, і можа пацягнуць на дно. «Навошта я сюды прыехаў?..»

— Мо зойдзем да мяне, пасядзім? — спытаў Пінчук.

— Дзякуй, не сяджу,— адказаў старшыня райвыканкома,— і табе не раю. Дый наогул... Знаеш...— недагаварыў, што думаў. Вырашыў, што не варта. Навошта ж спяшаўся сюды? Спалохаўся, што возьмуць і яго за каршэнь? Хацеў папрасіць Пінчука, каб трымаў язык за зубамі? «Як жа ж ты здрабнеў, Уладзімір Іванавіч, хоць і сядзіш у крэсле старшыні райвыканкома. Спыніся, падумай...» — Кішковіч нерухома стаяў на ганку, крыху разгублена круціў галавой. Аднак цяжка было спыніць сябе. Недзе ў куточку душы заварушылася зноў злосць на першага сакратара. Ох, як цяжка было павярнуць думкі з прывычнага ўжо рэчышча. Мо і не падпарадкаваўся б розуму, а застаўся б адданым тым эмоцыям, што прывялі яго ў Моркавічы, што бунтавалі ў жылах кроў. Часам вялікую ролю іграе страх: Кішковіч спалохаўся, што могуць аднойчы выключыць з партыі — і тады сапраўды будзе ўсё.

— Навошта прыехаў? — спытаў Пінчук. Апіраючыся на кульбаку з чорнага сукаватага дрэва, якую падарыў калісьці на юбілей Кішковіч, ён сышоў на дарогу, не дачакаўшыся адказу. Яго шафёр Васька, хітры і нахабны хлапчыска з раннім для свайго ўзросту жыватом, жвава выскачыў з канторы, расчыніў перад старшынёй дзверцы, а пасля сам нібыта нырнуў у машыну. У Пінчука была новая «Волга» з шыпаванымі коламі. Такой машыны, акрамя першага сакратара райкома партыі, ніхто ў раёне не меў. Аднак калі раней гэта выклікала пачуццё гонару за свайго былога сябра, дык цяпер Кішковіч адчуў толькі раздражненне. Ён незадаволена глядзеў на машыну, з-пад якой ляцелі белыя пырскі.

Яшчэ трохі пастаяўшы ля калгаснай канторы, старшыня райвыканкома таксама сабраўся ў дарогу. Работнікі бухгалтэрыі назіралі за ім праз акно і бачылі, як ён у вялікім роздуме сеў у машыну, доўга праграваў рухавік, а потым паехаў у бок райцэнтра. Кішковіч вырашыў для сябе канчаткова, што абараняць Пінчука не будзе. «Быў бы іншы чалавек на месцы Фёдара Васільевіча, даўно б выжыў мяне з раёна...» — раптам падумаў Кішковіч.

Кіламетры за тры ад райцэнтра старшыня райвыканкома павярнуў управа, потым з’ехаў з асфальту на стары гасцінец і пакіраваў далей па ледзь прыкметнай пад снегам старой прасёлачнай дарозе. Ён не ўзіраўся ўперад і не думаў, куды ехаў, проста хацелася пабыць аднаму і пераварыць у галаве усё, што цяпер не давала спакойна жыць.

Машына паслухмяна бегла сярод стромкага, прыбранага снегам лесу, і нікога не было відаць наперадзе. Уладзімір Іванавіч не заўважыў, як пераязджаў на іншыя лясныя дарожкі, як нарэшце знікла пярэстасць дрэў і вачам адкрылася раўнюткая, нібы адпрасаваная, прастора. Ён толькі паспеў падумаць, куды гэта заехаў, як нешта затрашчала, зароў, захліпваючыся, рухавік, і машына пачала хіліцца на левы бок. Кішковіч ударыўся галавой і страціў прытомнасць...

 

7

— Не чуў, дзе ета прапаў Геша Заяц? — спытаў у Ляксея Капусты Пятро, муж Фросі. Не адгукнуўся галоўны інжынер, углядаючыся ў цёмнае шкло, бачыў, здавалася, толькі яе, Паліну Ігнатаўну.

— Шчо маўчыш? — дапытваўся Пятро.

Ляксей вымушаны быў адазвацца:

— Ты яго сусед, а не я...

— Начальству лепш відаць,— сказаў трактарыст і ўздыхнуў: — Неблагі быў бы хлопец Геша. Я ж яго з дзяцінства ведаю. Лічы, раслі разам. Каб не матка, гэная Марфа Царыца. А ён — хлопец слабавольны...

Яны ехалі на вялізным «Кіраўцы» ажно з Пружанскай райсельгастэхнікі, дзе разжыліся на запчасткі для камбайнаў. Меркавалі завідна быць ужо дома, але спярша доўга шукалі кладаўшчыка, потым ніяк не заводзіўся аўтакран, а час непрыкметна бег. Каб трохі скараціць дарогу, са згоды Ляксея, за Мормажавам Пятро звярнуў з аўтамагістралі, якая ішла аж праз райцэнтр — такі шлях быў даўжэйшым на кіламетраў дзесяць,— на стары лясны гасцінец. Снегу было нямала, але ж ехалі на магутнай тэхніцы: не баяліся, што могуць засесці.

— Ужо заявілі ў міліцыю,— прагаварыў Ляксей і толькі прыплюшчыў вочы, а Паліна Ігнатаўна зноў ласкава глядзіць на яго і смяецца. «Заўтра падыду да яе, абы была адна...» — думае Капуста, калі зручней зайсці да старшыні ў кабінет. Але яшчэ лепш было б паехаць з ёй па гаспадарцы. У машыне ніхто не перашкаджаў бы ім гаварыць.

Пятро ўсё нешта бубніў, і гэта раздражняла Ляксея, але ён не злаваў. Трактарыст быў вельмі цягавіты і сумленны чалавек. І крыўдзіць яго не варта, не заслужыў. Дарога ж доўгая, і, канечне, Пятру надакучыла ехаць моўчкі. Адкуль ён ведае, што ў хлопца зараз у галаве толькі адно...

Яны прамінулі Забараззе, з паўгадзіны рухаліся ўздоўж дамбы каля Галавасекаў і ўжо ўзбіраліся на пагорак, пакідаючы ззаду возера, як Пятро сказаў без усякай увагі:

— Нейкі дурань у возера заехаў...

— Дзе? — гэтак жа абыякава спытаў Ляксей, у галаве ж мільганула: мо чалавек трапіў у бяду — цемрадзь, свету белага не відаць.— Стой! — крыкнуў ён, нібыта прачнуўшыся.

Трактар яшчэ сунуўся па дарозе, а Ляксей ужо нецярпліва адчыніў дзверцы і, адчуваючы, як паліць твар сіверны вецер, скочыў у снег. Калі падняўся на ногі, на возеры нічога не ўбачыў, усё схавалася ў цемры. Збоку прыглушана ракатаў «Кіравец». Вецер адносіў гудзенне рухавіка ў бок лесу, і наўрад ці было яго чуваць на возеры.

— Пятрусь! — гукнуў Ляксей, але трактарыст не пачуў. Тады галоўны інжынер падышоў да адчыненых дзверцаў і рукой паказаў, каб Пятро пасвяціў на возера. Слуп святла выхапіў ледзь прыкметную машыну, неяк дзіўна прыплюснутую, ці то здалося, ці то гэтак было.

Правальваючыся ў снезе, Ляксей подбегам рушыў да возера. Здалёк ён ужо зразумеў, што гэта не грузавік, а ўсюдыход, і хутчэй за ўсё УАЗ, якіх у раёне шмат, нават у іхнім калгасе пяць. «Вот дурань...» — падумаў Ляксей пра вадзіцеля машыны. Трэба было зусім страціць розум, каб заехаць у возера. Якая патрэба прыгнала чалавека?

Спачатку Ляксей крыкнуў, спадзеючыся, што нехта, пачуўшы яго голас, адгукнецца, але ніхто не адазваўся. Тады ён пайшоў да машыны. Сюды ўжо фары трактара не даставалі, і Ляксей, не бачачы, што пад нагамі, ускочыў нібыта ў якуюсь яму. Як кіпнем, абпаліла цела халоднай вадой. Ён з гарачкі ў рэзкім скачку дастаў рукой дзверцы і адначасова націснуў на слізкую ад намёрзлага на ёй лёду ручку. У машыне была вада, але на гэта Ляксей не глядзеў, адразу ўбачыў чалавека, які быццам спаў, палажыўшы галаву на баранку руля. Лоб быў у крыві. Мабыць, ад удару галавой аб баранку.

— Эй, эй, ты шчо! — штурхнуў яго Ляксей, але той не варухнуўся. Тады хлопец пачаў трэсці за плячо. Як прачнуўшыся, чалавек застагнаў. Пэўна, зразумеўшы, што нешта здарылася, рызыкнуў з’ехаць з дарогі Пятро, і «Кіравец» цяпер роў, прабіваючы каляю па снежным цаліку. «Хоць бы не пасадзіў трактар»,— падумаў Ляксей, але праз колькі хвілін моцнае святло фар накрыла машыну і стала добра відаць твар вадзіцеля, які здаўся знаёмым.

Чалавек быў вельмі цяжкі, і інжынер ледзь выцягнуў яго з кабінкі, каб не дапамог Пятро, не ўтрымаў бы, выпусціў бы з рук у чорную ваду, што ўжо шаргацела маладым лёдам. У кабіне трактара дасталі з аптэчкі ёд, вату і бінт, перавязалі чалавеку галаву.

— Дзе ето я яго бачыў? — сказаў Пятро.— Якога хрэна яго сюды занесла?

— Мо заблудзіў...— Ляксей больш уважліва ўгледзеўся ў твар чалавека і праз хвіліну ўжо цвёрда ведаў, хто гэта. Мусіць, свядомасць вярнулася да параненага, таму што ён застагнаў і прыўзняўся на сядзенні. Расплюшчыў вочы і ледзь чутна вымавіў:

— Дзе я? — Агледзеў Пятра, Ляксея.— Дзе машына? — і нібыта паспрабаваў вылезці з кабіны, але яго не пусцілі.

Зноў Ляксей палез у чорную ваду, доўга не мог прычапіць да ўсюдыхода трос, і калі нарэшце выбраўся на бераг, яго калаціла ад холаду. Трактар адным рыўком лёгка выцягнуў з праталіны машыну і пакаціў за сабой на дарогу. Ляксей, у якога зуб на зуб не пападаў ад холаду, бег па каляіне ззаду. Калі трохі сагрэўся, сеў у машыну за руль.

Ляксей ведаў і гаспадара, і машыну. Памылкі не магло быць: яны толькі што выратавалі старшыню райвыканкома Кішковіча, у якога быў на субяседаванні, калі прызначылі галоўным інжынерам. Ляксей запомніў гэты шырокі, з пукатымі скуламі твар, падбародак, быццам разрэзаны на дзве часткі. Хоць размова была тады нядоўгая, але Капусце старшыня райвыканкома спадабаўся.

Калі прыехалі ў вёску, у канторы ўжо, акрамя вартаўніка, нікога не засталі. За дарогу Кішковіч зусім апрытомнеў і адчуваў сябе больш-менш нармальна і настойваў, каб везлі яго дамоў. Ляксей усё ж спыніўся ля дома старшыні калгаса. Паліна як убачыла перавязаную галаву ў Кішковіча, адразу загадала весці яго ў хату. Мужчыны дапамаглі яму вылезці з трактара і, на ўсякі выпадак падтрымліваючы пад рукі, завялі ў гасціную.

Кішковіч спрабаваў усміхнуцца бледнымі вуснамі, не супраціўляўся, калі Ляксей распрануў яго і расцёр задубелыя ногі. Паліна прынесла паўлітровы кубак гарачага чаю з малінавым варэннем.

Старшыня райвыканкома нічога не гаварыў, моўчкі пазіраў на Ляксея, Пятра і Паліну, якія мітусіліся каля яго, і толькі дапіўшы чай, прамовіў:

— Дзякую...— і заплюшчыў вочы.

Паліна махнула рукой мужчынам, каб выйшлі з пакоя. Як зачыніліся за імі дзверы, Кішковіч загаварыў:

— Паліна Ігнатаўна, папрашу вас нікому не казаць, што мяне ў гэткім стане прывезлі сюды. Добра? Гэта зусім выпадкова: ехаў, ехаў і заблудзіўся...

— Але ж, мусіць, трэба жонцы пазваніць, што затрымаецеся?

— Пазваніце... Прыдумайце: дарогу занесла, не прабіцца. А раніцай я змагу ўжо ехаць...

— Добра, добра, Уладзімір Іванавіч, не турбуйцеся. Усё зраблю. Адпачывайце. Мо вы блага сябе адчуваеце? Ой, баюся, чы не трэба ўрача выклікаць альбо адвезці вас у бальніцу ў райцэнтр.

— Нічога, нічога... Заўтра, Паліна Ігнатаўна,— сказаў Кішковіч і павярнуў галаву да сцяны. Паліна выключыла ў пакоі святло і на пальчыках выйшла. Мужчыны чакалі яе на кухні.

— Як ён? — спытаўся Пятро.— Ачуняў?

— Нішто, нішто...— сказала Паліна, агледзела іх абодвух.

— Ты ж мокры, як шчупак! — пляснула яна далонямі і загадала Ляксею: — Ану-тка разувайся. Хуценька! Акалееш у гэтым макроцці.

Ён пачаў аднеквацца, маўляў, дойдзе дахаты і так. Аднак Паліна не цырымонілася з ім.

— Бяры, Пятрусь, яго за нагу!

— Я сам, сам,— Ляксей таропка разуўся, саромеўся сядзець перад старшынёй з босымі нагамі, у мокрых, брудных штанах. Яму здавалася, што ў гэткім выглядзе непрыемны Паліне, таму ўвесь сцяўся, каб не заўважылі разгубленасці. Ляксей паслухмяна нацёр ногі шкіпінарам, надзеў тоўстыя шкарпэткі. Паліна прынесла спартыўныя штаны, і ён пераапрануўся, адчуваючы, як цяплынь пайшла па ўсім целе.

— Мо хай машына стаіць ля вашай хаты? — спытаў Пятро.

— Не, адвязі на машынны двор,— сказала старшыня,— не трэба, каб тут мазоліла вочы.

— Тады я пайшоў...— Пятро падняўся з табурэткі, патаптаўся ля парога, нібыта чагосьці чакаючы, і дадаў: — Ты, хлопец, надта не спяшайся на вуліцу. Мароз бярэцца зноў, прыхопіць, і ўсё — без бальніцы не абыдзецца...

Яны засталіся ўдваіх, дзяцей не было чуваць. Відаць, спалі ўжо. У гасцінай зрэдзь пакашліваў старшыня райвыканкома. Паліна паставіла чайнік на газавую пліту і і прысела з вязаннем ля печы. Валасы ў жанчыны былі прыбраны ў вялікі вузел. Твар ружовы ад цяпла, вочы блішчалі, адбіваючы святло. Прыгожыя рукі спрытна плялі спіцамі, пэўна, якісь світэр сыну альбо дачцэ. І раптам Ляксею захацелася, каб Паліна Ігнатаўна звязала яму таксама што-небудзь, ён насіў бы гэта па святах і, кожны раз апранаючы, нібыта сустракаўся б з ёй.

— Паліна Ігнатаўна...— сказаў Ляксей.

— Што? — яна ўскінула вочы, не перастаючы вязаць.

— Знаеце..,.— не мог вымавіць Ляксей.

Паліна палажыла сваю работу на ўслончык, падышла да гасцінай, паслухала і шчыльна зачыніла дзверы. Скоса паглядзела на Ляксея.

— Чалавек з дарогі, а я сяджу,— сказала яна.— Зараз накармлю цябе...

Яна накрыла стол, паставіла талерку смажанай бульбы з салёным гурком, адрэзала некалькі скібак хлеба і бохан схавала пад ручнік. З вузканосага чайніка наліла вялікі кубак заваранага на травах чаю.

Ляксей еў памалу, асцярожна браў відэльцам скрылікі бульбы. Паліна зноў замільгала спіцамі. З-пад густых веек зрэдку пазірала на хлопца. Хацелася, каб ён сядзеў за сталом і не ішоў дахаты. Яна адганяла ад сябе гэтую думку, якая назойліва круцілася ў галаве. Ляксей жа ўсё роўна як знарок памалу еў і ўвесь час глядзеў на яе. Дапіўшы чай, старанна выцер насоўкай вусны, падзякаваў за вячэру і сказаў, чамусьці трымаючы рукі па швах:

— Паліна Ігнатаўна, я хачу з вамі жаніцца...

— Ты зноў за сваё, Ляксей...

— Канечне, я дарослы чалавек... Я вас кахаю...— Ляксею многа сіл каштавала, каб сказаць гэта, і ён вырашыў не адступаць.— Вы ж свабодны чалавек...

— У мяне двое дзяцей. Я табе ўжо ўсё гаварыла,— нібы ўпікнула хлопца, але словы прагучалі нерашуча, з замінкай. І Ляксей падышоў да яе, зверху глядзеў на пышныя, крыху разбэрсаныя валасы, на белую тонкую шыю, і рукі самі, міжволі, пацягнуліся да жанчыны. Даткнуўшыся да галавы, правёў рукой на мяккіх валасах. Ад яго дотыку Паліна ўся напялася, перастала вязаць, у душы абудзілася нешта салодкае і шчымлівае. Уявіла, як ягоныя рукі зараз абдымуць, прыціснуць да сябе і яна не зможа супраціўляцца.

Цягнуліся хвіліны, і Паліна сказала:

— Ідзі дамоў... Пара.

І тады Ляксей працягнуў рукі, каб абняць яе, але яна адхілілася.

 

Раздзел дзесяты

 

1

У канцы студзеня мароз адпусціў, часцей свяціла сонца, і хоць яно надта не грэла, але на душы ў людзей пацяплела. Можна было спадзявацца, што зіма ўжо не залютуе. Здавалася, лягчэй стала дыхаць. Дзеці апанавалі дзе якія былі горкі і коўзаліся да цемры.

З раніцы сабралася Пятроўна з сяброўкай Зінай у Любавічы. Усё расказала ёй і пра сястру, і пра Апанаса, і пра Марфу Царыцу. І вырашылі пагаварыць з ёй, паглядзець у вочы. Не пакінула Пятроўна думкі знайсці месца, дзе закапалі немцы сястру з дзецьмі. Не магла дачакацца вясны, падбухторыла сяброўку ехаць.

Як паднялася з ложка, так і пачала збірацца ў дарогу. Знервавалася. Супакоілася толькі, калі прыбегла Зіна.

Пакуль ішлі да аўтобуса, усё было зразумела. А як селі ў аўтобус, прыціхлі, пазіраючы адна на адну. «Пра што я буду гаварыць з ёю? — думала Пятроўна.— Сведкаў больш няма, ды і часу мінула — ой колькі... Добра хоць Зіну з сабой узяла, сама не адважылася б...»

— Мы ж з табой, Вера, не вырашылі, як будзем з ёю гаварыць,— сказала цётка Зіна.— Я вот мяркую... мо лепш было сказаць Фёдару Васільевічу альбо якому начальніку міліцыі. Яны ўлада... Ці маем права нешта ў яе дапытваць?

— А мы з табой партызанкі,— сярдзіта сказала Пятроўна. Доўга маўчала. Мо праз хвілін дваццаць прамовіла: — Калі б тваю сястру забілі, паглядзела б я, што ты рабіла б. Навошта сюды Фёдара далучаць ці начальніка міліцыі. Мы ўжо старыя, мне хочацца ёй у вочы паглядзець...— З цяжкасцю дадала: — І паплакаць на Галінай магілцы.

У Любавічах яны выйшлі з аўтобуса адны. Цяпер Пятроўна ішла па вёсцы больш упэўнена, запомніла дарогу, па якой вяла Хрысця. Цётка Зіна адстала, хоць, здаецца, хударлявая. Засаплася.

— Бяжыш, як на пажар,— ледзь вымавіла, хапаючы паветра.— Паспеем.

— Ладна...

Яны ўзяліся пад рукі, так стала лягчэй ісці. На дарозе была слізгата.

Дайшлі жанчыны да сярэдзіны вёскі і ніяк не маглі знайсці хату Марфы Царыцы. Падумалі ўжо спытацца ў людзей, ды нечакана за плотам завыў-заскуголіў сабака. Адчыніліся дзверы ў хаце, выйшла жанчына і, стоячы на ганку, пачала кідаць сабаку косткі.

— Сюды...— пацягнула Пятроўна сяброўку. Як толькі яны апынуліся ў двары, Марфа Царыца ўскочыла ў сенцы і ляпнула дзвярыма.

Прыціснуўшыся да хаты — раптам сабака дастане,— жанчыны падняліся на ганак. Пятроўна націснула на клямку і штурхнула ў дзверы: яны не адчыняліся, відаць, былі на засаўцы. Тады пастукала, але зноў дарэмна.

— Схавалася, не хоча, каб зайшлі ў хату...— цётка Зіна падышла да акна і паспрабавала зазірнуць у хату, але шыбіна замерзла і не было нічога відаць. Нарэшце знайшла ў шкле маленькую кропельку, праз якую ўбачыла водбліскі агню: палілася ў печы.

— Пастукай яшчэ,— папрасіла яна Пятроўну, а сама зноў прыціснулася вокам да кропелькі і быццам напаролася на штосьці: здалося, на яе глядзела чырвонае, як кроў, вока, поўнае нянавісці. Цётка Зіна напалохалася, толькі жаночая цікаўнасць перамагла страх. Прыхілілася да акна, але нічога больш у сваёй кропельцы не ўбачыла.

Жанчыны яшчэ пастаялі на ганку, паляпалі ў дзверы і вырашылі прайсці па вёсцы, перачакаць пакуль; увесь дзень быў наперадзе, і можна не спяшацца. Сабака аж заходзіўся ў злосці. Уздоўж сцяны яны выбраліся на вуліцу.

Усю іх гаману чула Марфа Царыца, сачыла. Усё жыццё чакала Марфа боскага суда за свой грэх: за дзяцей, якія нявінна загінулі. Тое, што расстралялі Апанаса і Галіну па яе заяве, не брала на сваю душу, бо гэта была кара ўсявышняга за іхні грэх. А дзеці — іншае... Але, здавалася, бог літасцівы — даруе і гэты грэх. Малілася, малілася...

Вялікую надзею падарыў ёй той брат, які параіў пасадзіць каго-небудзь з родных у пограб, каб ачысціць душу перад богам. Урэшце зрабіла гэта... Аднак спакой і ўпэўненасць усё роўна знікалі з душы, часта ў думках бачыла тых дзяцей. Ад страху іншы раз сама была гатова залезці ў пограб. І ўжо неаднойчы думала аб тым, што боскі суд далёка, а чалавечы — за сцяной хаты... А раптам даведаюцца аднекуль, што сказала Гжэуцкаму пра Апанаса і Галіну. Па начах прачыналася, узіралася ў цемру старэчымі вачыма і ляжала без сну. Здавалася, не вецер стукае шыферам, а нехта ідзе ў хату па душу гаспадыні...

Зусім спалохалася і разгубілася Марфа, як убачыла ў Хрысці Верку і пазнала яе. У хвіліны, калі трохі святлела ўваччу, яна ўспамінала сваю матку, якая, перад тым як павезлі да белых мядзведзяў, звар’яцела, бегала па выжары з распушчанымі валасамі. І вось зараз Марфа ўбачыла Пятроўну і затрэслася, бо адчула, якое ліха прынесла да яе гэтую жанчыну. Дзякавала богу, што заўважыла няпрошаных гасцей, калі былі яшчэ на вуліцы. Страх закружыў Марфу, пагнаў па хаце. Яна ўпала на калені каля стала, уголас заспявала псалмы. Раптам здалося, што на покуце сядзіць д’ябал з чатырма рагамі і скаліць, скаліць зубы, а з пашчы высунуўся не язык, а агонь, востры, як швайка, і робіцца доўгім і зараз рассячэ яе.

— Злітуйся божа міласцівы, хай твой меч пакарае злыдню, а не мяне! Злітуйся...

Увесь покуць, здавалася, быў у агні, а д’ябал скакаў і рагатаў, круцячы сваімі рагамі. У яго на спіне сядзеў чалавек, абліччам нібыта Апанас. У руках стрэльба, як у немцаў, з кароткай руляй. Твар у яго змрочны, жаўлакі пад скурай ходзяць, на месцы рота — чорная яма.

— Згінь, згінь, сатана! — закрычала Марфа, ускочыла з падлогі і пабегла па хаце. На кухні яе спынілі глухія ўдары, якія чуліся з-пад зямлі. У галаве крыху пасвятлела, яна ўспомніла пра сына. Згарнула з падлогі палавік, адчыніла пограб, з якога патыхнула нясвежым паветрам, з імпэтам спусцілася па драбіне ўніз. Пограб асветлены жоўтым святлом: газнічка чадзіла, кнот быў амаль сухі.

Сын падняў ад падушкі галаву, спытаўся:

— Есці, старая, прынесла?

Яна бегала вачыма па яго твары, шукала падабенства з Апанасам. Аброслы шчаціннем з кудлатай галавой, Геша быў вельмі падобны на бацьку: лупатыя, па яйку, вочы, нос трохі скрыўлены ўлева.

— Дзе кніжка з грашыма? — гаварыў сын.— Нямашака сілы ўжо тутака ляжаць...— Падняўся з нараў, сеў, апусціўшы на зямлю босыя ногі.— Хоць бы Хрысцю ўпусціла сюды, чы шчо?

— Згінь, згінь, сатана! — залямантавала Марфа, бо здалося, што не сын гэта сядзіць, а д’ябал з чатырма рагамі.

— І я ўжо табе сатана,— забурчаў Геша, нешта хацеў сказаць яшчэ, але як мазгоў у галаве не было, нічога не думалася.

Марфа закрыла вочы рукамі, хаваючы твар ад агню, які быў у пашчы ў д’ябала. А д’ябал — ужо Апанас, і на нарах побач з ім сядзіць Гэлька з дзецьмі на каленях. А ў дзяцей нявінныя душы.

— Грэх мой, грэх! — Марфа ўскараскалася па драбіне і з выццём папаўзла з пограба. У хаце было поўна дыму. Здавалася, хвост агню скакаў разам з галавой д’ябла і спаліў, мабыць, усё паветра ў хаце. Кашаль пачаў раздзіраць горла Марфе. Яшчэ не зусім страціўшы свядомасць і розум, яна вобмацкам знайшла клямку ў дзвярах, адчыніла іх і выскачыла ў сенцы. Але і тут дагнаў яе д’ябал з рагамі. Яна зашнарыла па дзвярах, каб выбегчы на вуліцу, толькі ніяк не магла зрушыць з месца засаўку, якую нібы хтось прыбіў да сцяны. Нарэшце Марфа і з гэтым управілася і глынула свежага паветра, ад якога адразу стала быццам п’яная. Яе хіснула ўправа-ўлева, але ўтрымалася на нагах, ухапіўшыся за баляску. Марфа не адчувала марозу, хоць і стаяла ў тапках.

Д’ябал з рагамі знік з вачэй, і толькі хата, дрэвы, зямля былі ў чырвона-белых рысках. Нібыта пафарбавалі за той час, пакуль не выходзіла ў двор. З коміна выляталі іскры, кружыліся, як матылі, і знікалі. Марфа павяла цяжкай галавой, глянула на вуліцу і зноў убачыла дзвюх жанчын. Яны рухаліся не інакш як да яе хаты. Тую жанчыну, што ішла спераду, яна ведала і вельмі баялася. Марфа прабегла некалькі метраў па двары, дзіка закрычала і, шукаючы паратунку ад агню, які апускаўся з неба на нейкай вузлаватай вяроўцы, рынулася назад у хату. А там дыхаць не было чым ад дыму. З пограба чуўся стук, люк аж падскокваў ад удараў. Каб не зашчапка, даўно адчыніўся б. Марфа схапіла цэбар з тоўчанай для свінні бульбай і паставіла на люк, потым — вядро з вадой. На яго палажыла ўверх нагамі ўслон і прыціснула паўмехам мукі. Аднекуль з’явілася ў жанчыны сіла, якой раней не адчувала ў сабе. І, ухапіўшы качаргу, кінулася на д’ябала з рагамі, што ўсплыў з дыму пад столлю. Марфа бегала з качаргой па хаце, махала ёй, крышыла разам з рагачом хатнія рэчы і не магла дагнаць яго. І тады як маланка бліснула ў галаве, падштурхнула да печы. Марфа выхапіла з яе палена з агнём і з гэтай зброяй рушыла на свайго ворага. Ён спрытна ўцякаў, круціўся ўюном, а жанчына ніяк не магла пацэліць у яго галавешкай.

Марфа і не заўважыла, як успыхнулі гардзіны, фіранкі на акне, усхапілася полымем папера на стале. Агонь перакінуўся на сцены, абклееныя шпалерамі. Неўзабаве мора агню пачало акружаць Марфу з усіх бакоў, а д’ябал знік, і толькі тырчалі вострыя рожкі і гэткі ж востры язык.

Калі запякло ў твар, у рукі дый кашаль раздзіраў грудзі, яна з лямантам шыбанула з хаты. Ужо ўзялася гарэць вопратка, і, мусіць, агонь праеў кофту на спіне. Здалося, што д’ябал круціць пальцамі скуру. Марфа ўпала на зямлю і пакацілася па снезе, збіваючы з сябе агонь.

Пятроўна і цётка Зіна, убачыўшы, што гарыць хата, узнялі гвалт. Хутка амаль усе Любавічы былі ў двары Марфы Царыцы, якая білася на зямлі з немым крыкам.

Агонь зжыраў хату на вачах. Было зразумела, што ўжо нічога не выратаваць. Затрашчалі кроквы, абрушылася страха. Полымя шугала высока, прагна і імкліва знішчала ўсё, што нажылі гаспадары за шмат гадоў жыцця. Лічы, гэтай хаце было за пяцьдзесят, вайна абмінула... Калі гэта бацька будаваў сваёй Марфачцы жытло...

— Гэта яе бог пакараў,— раптам сказала жанчына ў чорным халаце, апранутым паверх ватоўкі.— Іншым жадала, а сама дачакалася...

Хата ўжо дагарала, як неспадзеўкі ў свінінцы адчыніліся са страшэнным грукатам дзверы і на двор выпаўз чорны, увесь у сажы, чалавек. Ён на карачках адолеў колькі метраў, упаў на зямлю, прапоўз крыху і замёр. Людзі кінуліся да яго, перавярнулі на спіну, і здзіўленне застыла на тварах: на снезе ляжаў Геша Заяц, якога міліцыя шукала другі тыдзень. У апошні момант Геша знайшоў запасны выхад з пограба.

 

2

Машыны раўлі, коламі рабілі кашу са снегу, абкурвалі дымам хаты. Бульдозеру, каб расчысціць гэтую дарогу, было б работы на гадзіны тры-чатыры. «Быццам сам тут не жыве,— з прыкрасцю падумаў Фёдар Васільевіч пра начальніка дарожна-будаўнічага ўпраўлення.— Пакуль пальцам не пакажаш, не зробіць...»

Ён павольна ішоў у райком партыі, заходзіў у магазіны, каб паглядзець, як абслугоўваюць людзей. Мусіць, пра гэта ўжо ведалі, бо ля кожнага гастранома чакалі заўмаг з намеснікам. Раз у тыдзень сакратар райкома абавязкова рабіў гэткія абходы. Але канкрэтнага дня не было. Фёдар Васільевіч абходзіў магазіны нечакана.

Насустрач з ровам каціў, заняўшы амаль усю вуліцу, БелАЗ, з-пад колаў якога ляцелі пырскі мокрага снегу. Фёдар Васільевіч прыціснуўся да плота, схаваў у каўнер паліто твар. Здалося, машына абсыпала снегам з ног да галавы. Абчысціўшы вопратку, сакратар райкома перайшоў на процілеглы бок вуліцы. Праз метраў сто можна было павярнуць у завулак, дзе машыны не хадзілі. На скрыжаванні Фёдар Васільевіч твар у твар сутыкнуўся з невысокім пажылым чалавекам.

Чалавек павітаўся, і ён адказаў, думаючы аб сваім. Адышоўшы ўжо далёка ад скрыжавання, Патоліч звярнуў увагу на тое, што дзядок шпарка шыбуе за ім.. «Нешта прасіць будзе...»

— Таварыш сакратар, таварыш сакратар! — дагнаў пісклявы голас. Чалавек, трымаючыся за сэрца, ужо бег, з цяжкасцю выцягваючы ногі з рыхлага снегу.

Фёдар Васільевіч спыніўся. Ён успомніў, што зваць старога Кузьма Ільіч Магільніцкі, які вёў дасье на ўсіх кіраўнікоў раёна.

— Вот што маладыя ногі,— гаварыў дзядок,— бягуць і бягуць. Бачу, таварыш сакратар шыбуе. Ага, думаю, якраз момант, бо я ўжо збіраўся ў райком. Спярша спытаю, як жыццё-быццё, чы шмат непрыемнасцей. Калі ўсё гладка ў першага сакратара райкома партыі, дык ён ні халеры не робіць.

— Дзякую, хапае,— трохі цішэй ішоў Фёдар Васільевіч, бо старому нялёгка было, мабыць, чыкільгаць нароўні з ім.

— Вот, оно, і е рыхтык так! Але што гэта робіцца, куды глядзіць райком, чы не для гэтага пастаўлены? — стары на хаду расшпіліў паліто, выціраў узмакрэлы лоб насоўкай.— Паехаў надоечы на бацькаўшчыну ў Любавічы і што чую. Старшыня калгаса Палінка, Ігналёвая дачка, з якой вы так і не разабраліся па мужу, што выгнала з хаты, знюхалася з Лёнікам Капустам, І прызначыла яго галоўным інжынерам. Во як рука руку мые! Куды гэта райком партыі глядзіць?! Зноў, напэўна, ніякай рэакцыі не будзе?..

— Райком глядзіць і ўсё ведае,— як мага спакойна адказаў Фёдар Васільевіч.— Але чаму вас гэта так турбуе?

— Мяне? — абурыўся дзядок.— Я — просты народ, а простаму народу — не абы-як, што робяць і чым займаюцца правадыры. Унека знайшлі што ў «Маяку». Гэны качар, старшыня Пінчук, махляр; знайшлі, хоць і хацелі, мусіць, шыла ў мяшку схаваць. Вот як райком зрэагуе на гэта, якія меры пакарання альбо заахвочвання прыме? Не гаворыш!

— Не надакучыла, Кузьма Ільіч, глупствам займацца? — сказаў Фёдар Васільевіч.— Вы ж яшчэ пры сіле, працаваць лепш пайшлі б...

— Ты мяне не вучы,— бурчаў дзядок і не адставаў ні на крок. Патоліч запаволіў хаду, усё роўна не адчэпіцца.— За табой назіраю, дый не толькі я адзін. Бачым, што рупішся аб людзях, не пра кожнага начальніка гэта можна сказаць. Так што пакуль, ентава, не трапіў у мой чорны спіс. Глядзіш на мяне, думаеш, як дагэтуль са мной не разабраліся? Так?

— Так,— прызнаўся Фёдар Васільевіч.

— Эге, а паспрабуй вазьмі мяне — інваліда другой групы працы. Ды пры сацыялістычнай дэмакратыі я нікога наогул не баюся... Праўду дзе хочаш скажу і знайду... За табой буду пільна сачыць, каб ад народа не адарваўся. Калі дзе што, спярша прыйду, выкажу ў вочы. Не паслухаеш — тэрміновую тэлеграму ў Палітбюро. Я, браце, усё ведаю, маёй адукаванасці на гэта хопіць. Бывай, сакратар...— дзядок працягнуў шчуплую руку і, яшчэ штосьці гаворачы, завярнуў у нейчы двор.

 

3

Хоць і была сярэдзіна дня яшчэ, але па вуліцах горада ішло, бегла, ехала многа людзей. Фёдар Васільевіч ледзь прабіўся па тратуары праз натоўп, які віраваў ля ГУМа. Было шмат гарбаносых і чорнагаловых твараў. Здавалася, увесь Каўказ і Сярэдняя Азія прыехалі сюды.

Пасля сустрэчы з Антушковым Фёдар Васільевіч вырашыў трохі прайсці пешшу. Машына чакала яго на выездзе з горада.

Размова ў іх была такая, як ён і думаў. Антушкоў прыняў яго адразу. Выйшаў насустрач, ледзь не абняў, моцна паціснуў руку. Яны прыселі на мяккіх крэслах за маленькім столікам, на які сакратарка паставіла дзве шклянкі чаю з лімонам і талерку з пячэннем.

Віктар Сямёнавіч пачаў здалёк: пра надвор’е, пра Японію, дзе быў у складзе дэлегацыі работнікаў сельскай гаспадаркі.

Ён уважліва пазіраў праз шкельцы акуляраў на субяседніка, мабыць, спрабуючы здагадацца, як той будзе паводзіць сябе пры размове.

Уступ зацягнуўся, і Фёдар Васільевіч нецярпліва заварушыўся, недвухсэнсоўна даючы зразумець, што часу тарабарыць у яго няма. Антушкоў дапіў чай, нетаропка выцер рукі і вусны льняной сурвэткай, склаў яе ў столкі.

— Мусіць, вы здзіўляецеся, чаму гэтак упарта абараняю Пінчука? Проста я абараняю свой гонар. Разумееце маю думку? Хто заўважыў перадавы вопыт калгаса «Маяк», далажыў пра гэта сакратару ЦК і атрымаў санкцыю на распаўсюджанне гэтага вопыту па рэспубліцы? Віктар Сямёнавіч Антушкоў... Гэта значыць я. Вы павінны зразумець адно. Уся краіна цяпер змагаецца за выкананне Харчовай праграмы.

— Гэта мне зразумела...— сказаў Патоліч.— Але...

— Вось-вось... У нас ёсць дасягненні, і немалыя, але мы не ўмеем іх распаўсюдзіць, паказаць усім, як трэба працаваць сёння. Менавіта таму я прааналізаваў поспехі калгаса «Маяк» і лічу, што тут сапраўды яны атрыманы за кошт выкарыстання аптымальнага рэжыму ўтрымання кароў і свіней, рацыянальнага харчавання, селекцыйнай навукі і гэтак далей.

— Наконт гэтага...— зноў хацеў сказаць сакратар райкома, але Антушкоў перапыніў. Здавалася, ён чуе толькі сябе.

— Усё поўнасцю навукова абгрунтавана. Як спецыяліст, вучоны і вопытны работнік, які ўсё жыццё прысвяціў сельскагаспадарчай навуцы, я гэта гарантую. Можаце даверыцца мне. Ці ж могуць так ацаніць, прааналізаваць факты, як я, нейкі там супрацоўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі і карэспандэнт? Яны знаходзяцца вельмі далёка ад магістральных шляхоў развіцця сельскай гаспадаркі, ад перадавога вопыту сусветнай сельскагаспадарчай навукі. І галоўнае. Гэтыя карэспандэнты паказалі сябе недысцыплінаванымі людзьмі: замест станоўчага артыкула напісалі крытычны. Гэта адзін момант. Яны не пазнаёмілі з вынікамі сваёй работы вас, першага сакратара райкома партыі, кіраўніка раёна. Вас гэта не здзіўляе? Не абражае. Можа, штосьці Пінчук і нахімічыў, але яго заслугі дазваляюць закрыць на гэта вочы... Хацелася б, каб райком партыі падтрымаў Пінчука. Разумееце?

— Так, але ж яны для рэспубліканскай газеты падрыхтавалі ўжо крытычны артыкул...

— Гэта дробязь,— пасміхнуўся Антушкоў,— я перагаварыў з рэдактарам. Друкаваць артыкул не будуць. Мяркую, што вам, як маладому сакратару райкома, было б лепш правесці семінар у «Маяку», а не турбавацца аб артыкуле. А недахопы, яны не такія ўжо і сур’ёзныя, дапамажыце Пінчуку выправіць. Ну вымову аб’явіце яму на бюро, а кармы падзяліце па-іншаму. Невядома, як аднесліся б у ЦК да вас пасля гэтага артыкула...

Фёдар Васільевіч слухаў і думаў аб сваім: што дарэмна зайшоў сюды, трэба было ехаць адразу ў раён, дзе яго чакаюць і дзе ён многім патрэбен. Мяркуючы па часе, пісьмо Казака ўжо ў ЦК, мо нават у сакратара. У ім напісана, што раённы камітэт поўнасцю падтрымлівае газету і лічыць неабходным надрукаваць артыкул аб калгасе «Маяк». Цяпер ужо размова з Антушковым не мае ніякага сэнсу. І Фёдар Васільевіч не вытрымаў, сказаў:

— Я ведаю пра гэты артыкул. І становішча ў «Маяку», і ўся справа больш складаная і сур’ёзная, чым уяўляецца па артыкуле... Аднак усё, што ў ім напісана, правільна. Я лічу, што артыкул патрэбен, ён павінен убачыць свет. Таму я даў згоду друкаваць артыкул. Як першы сакратар райкома партыі...

Антушкоў зняў акуляры, заплюскаў вачыма, потым пачаў хусцінкай праціраць шкельцы. У яго на твары было не здзіўленне, а разгубленасць. Аднак Віктар Сямёнавіч няблага валодаў сабой: ён павольна надзеў акуляры, правёў рукой па лобе, нібыта разганяючы непатрэбныя думкі.

— Шкада, шкада... Мусіць, добра не падумалі? У першую ж чаргу вас пакараюць. Паверце майму вопыту кіраўніка. Я старэйшы за вас і першым сакратаром райкома быў пятнаццаць год назад. У мяне былі свае мінусы, але такіх не было... І, урэшце, вывады па гэтым артыкуле буду рабіць і я... Ці вы лічыце, што толькі займаю гэтае крэсла? Не, прабачце!

— Вы хацелі сустрэцца са мной, каб гэта сказаць? — спытаў Фёдар Васільевіч.— А чаму б нам не пагаварыць аб тым, што раёну край як трэба канцэнтраты, кармаўборачная тэхніка, што не адчуваецца ў жывёлагадоўлі ніякага ўплыву сельскагаспадарчай навукі? Чаму не хапае спецадзення, будаўнічых матэрыялаў, угнаенняў? Дзе яны?.. Прабачце, але па-рознаму мы з вамі разумеем, што такое партыйнасць... і справядлівасць.— Патоліч падняўся, падзякаваў за чай, ветліва развітаўся і пайшоў. Віктар Сямёнавіч маўчаў. На яго твары можна было прачытаць: навошта наогул размаўляў з гэтым чалавекам...

Застаўшыся адзін у кабінеце, Антушкоў загадаў сакратарцы гаварыць усім, хто прыйдзе на прыём, што яго няма. Знешне, здавалася, ён быў спакойны, вочы глядзелі холадна і бясстрасна, як звычайна, але ў душы ажно грукатала бура. Ніколі ў жыцці не даруе Патолічу, што не паслухаў, пайшоў супраць ягонай думкі. Няхай ён памыляецца, хоць, урэшце, гэта проста немагчыма ўявіць: Антушкоў і памыляецца. Не, такое дараваць нельга. Рана Патолічу кіраваць раёнам, не дарос яшчэ. Яго месца найбольш у калгасе, і то — не старшынёй, а якім-небудзь загадчыкам рамонтнай майстэрні. Удумалі жартаваць з Антушковым. Не, даражэнькія, яшчэ не прыйшоў ваш час, каб павучаць мяне. Пакуль я вучу і буду вучыць...» — пагрозліва думаў Антушкоў. У галаве спеў план, які трэба было ажыццявіць неадкладна.

Некалькі дзён таму назад Віктара Сямёнавіча папрасілі даць матэрыял у даклад першаму сакратару ЦК.

Тэрмінова рыхтаваўся Пленум па праблемах інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі. Яшчэ ўчора Антушкоў вагаўся, якія адмоўныя факты па рэспубліцы прапанаваць у даклад, каб прагучалі важка, каб было відаць, што яго пазіцыя прынцыповая. Цяпер адразу ўсё стала на сваё месца. Большая частка адмоўнага матэрыялу пойдзе з Дзяпраўскага раёна.

І ўрэшце, чорт з ім, з Пінчуком, ён упіша ў даклад і калгас «Маяк», але ўся адказнасць будзе ўскладзена на Патоліча. Не захацеў егіпецкі мудрэц па-добраму, няхай будзе па-ліхому. Нічога, што адпрацаваў толькі паўгода ў раёне, у партыйных органах даўно. Хопіць хавацца за чужымі спінамі, час ужо і самому адказваць па вялікім рахунку. «Так, будзе вам, таварыш Патоліч, вялікі рахунак»,— пасміхнуўся Антушкоў.

А крытыка з трыбуны Пленума не пашкодзіць Пінчуку, наадварот — усе ўбачаць, які ён прадпрымальны гаспадар. А хто такі Патоліч? Сёння — першы сакратар, а заўтра... заўтра загадчык рамонтнай майстэрні ў калгасе. Крытыку аформім так, каб яе агонь быў скіраваны толькі на першага сакратара райкома, які не валодае сітуацыяй у раёне, шальмуе лепшых людзей. І за гэтыя пралікі трэба спытацца...

Гэта будзе добры ўрок кожнаму, хто ўздумае шкодзіць Антушкову, а значыць, партыі і дзяржаве.

Віктар Сямёнавіч ледзь не спяваў, твар яго проста ззяў шчасцем. Каб хто з падначаленых зараз убачыў яго, не паверыў бы сваім вачам: такім вясёлым Антушкоў ні разу яшчэ не быў. Прынамсі, ніхто не помніў.

У галаве Антушкова поўнасцю ўжо склаўся ўвесь матэрыял па Дзяпраўскім раёне.

Яшчэ трохі падумаўшы, Віктар Сямёнавіч паклікаў сакратарку. Амаль не робячы паўз, прадыктаваў ёй і праз паўгадзіны меў чатыры старонкі машынапіснага тэксту, чыстага, без паправак і памылак.

Антушкоў перачытаў матэрыял раз-другі, здаецца, якраз тое, што трэба. Мо хіба дадаць яшчэ такое: кіраўнікі раёна (не Патоліч, а няхай лепш так, бо ўсё роўна ён адказвае за раён), менавіта кіраўнікі адарваліся ад рэальнага жыцця, сталі пудзіламі для старшынь калгасаў...

Трохі ўзмацніў тэкст Антушкоў і ў самым пачатку, уставіўшы некалькі з’едлівых слоў.

Быў упэўнены, што ў такім выглядзе і пойдзе ў даклад.

Сакратар ЦК давяраў Віктару Сямёнавічу, верыў яму і лічыў найбольшым аўтарытэтам па сельскай гаспадарцы ў рэспубліцы.

Зноў перадрукавала сакратарка тэкст. Віктар Сямёнавіч хадзіў па кабінеце, насвістваў вясёлую мелодыю, якую пачуў раніцай па радыё. «Пабачым, што скажаш мне праз месяц»,— з усмешкай думаў ён пра Патоліча...

Неба было змрочнае, у хмарах. Сыпаў дробны, як пыл, снег. Дзьмуў наравісты калючы вецер. Мароз шчыпаў вушы, але Патоліч нават не падняў каўнер паліто.

Людзі беглі, хаваючыся ад холаду, але раптам яны прыпынілі сваю таропкую хаду. Разам з усімі Фёдар Васільевіч убачыў, як недзе там, дзе канчаўся горад, над шэрымі дамамі, шэрымі вуліцамі, над шэрымі воблакамі запалілася, нібы агромністая лямпа, сонца. Здалося, яно свяціла так ярка, што на зямлі пацяплела. Гэта цягнулася нядоўга, а пасля сонца зноў знікла ў шэрым акіяне хмар.




Тэкст падаецца паводле выдання: Супрунчук В. Жывеш толькі раз: Раман. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 254 с.