epub
 
падключыць
слоўнікі

Вінцэсь Мудроў

Дарога ў дваццаць крокаў

І

 

- Месца - дакладна тое? - крыкнуў Мікола, выціраючы чупрыну калашыньнем спартовых штаноў.

- Тое, - адгукнуўся дзед Трахім, - якраз насупраць камня. Тады ён на паверхні быў, а цяпер во... у зямлю ўехаў, - дзед прысеў на камень, выцягнуў пачак «беламору».

- Можа далей адплывем? - падаў голас Гасюта, зірнуў на дзеда і той, чыркнуўшы запалкай, страсянуў галавой: - Самазвал на паўкола ў ваду ўехаў, як скідваў. Так што - шукайце. Дзесьці там і ляжыць.

Мікола памыляў сьсінелымі ад холаду вуснамі, зморана ўздыхнуў і, пастаяўшы, як той скакун на вышцы, на носе лодкі, сігануў у ваду. Гэтым разам ён прабыў пад вадой як ніколі доўга: Гасюта нават сьцягнуў з галавы кашулю, зьбіраючыся ратаваць сябра, ды тут Мікола вылецеў, па самы пояс, з вады і з панікай у голасе выдыхнуў:

- Ёсьць!

Пару хвілінаў Мікола аддзімаўся, трымаючыся за вясло, потым насунуў на плячук зашмаргу, нырцануў пад лодку і з такой рашучасцю адштурхнуўся нагамі ад днішча, што Гасюта, які стаяў у поўны рост і разблытваў вяроўку, ледзь не кульнуўся за борт.

Першыя, а таму самыя гострыя сонечныя промні працялі небасхіл і рака з серабрыстай ператварылася ў ружовую.

- Глеем зацягнула... ледзь адшукаў, - прамармытаў Мікола, выбраўшыся на бераг: небараку даймалі дрыжыкі, ён увесь сьсінеў, зуб паганяў зуба і Гасюта, перш, чым пачапіць да трактара канец вяроўкі, палез у кабінку, выцягнуў адтуль пачатую пляшку.

Мальцы глынулі на поўную губу, працягнулі пляшку дзеду Трахіму, але дзед піць адмовіўся.

Праз пару хвілін гасютавы «беларус» залескатаў на высокіх абаротах, вяроўка напялася і струной засьпявала ў паветры. Дагэтуль дзед Трахім паглядаў на сьвет зь лёгкай ўсьмешкаю, а ўгледзеўшы напятую вяроўку, ураз пасур'ёзьнеў, прыхапіўся на ногі і застыў, з прыгаслай папяроскай у зубах.

Трактар натужліва завуркатаў, зямля здрыганулася і з вады ўзьнялося штосьці зялёнае і круглявае. Напачатку цяжка было ўгледзець у бясформеннай камлызе чалавечыя відарысы і толькі калі камлыга прапаўзла па пясочку, а затым успарола берагавы дзірван, пакінуўшы на ім пасму зялёнай твані, сталі праглядацца няўклюдная галава і шырокая грудзіна.

- Някволы бюсьцік... чатыры тоны пацягне! - выдыхнуў Мікола, з натхненьнем выкручваючы свае шырозныя, у «сэканд-хэндзе» куплёныя трусы.

Сябрук у адказ задаволена крэкнуў, перакінуў з рукі на руку пакарабачаную манціроўку і міжволі прыпыніў крок, рахуючы - колькі «зялёных» ім адваляць за бронзавага балвана.

Манціроўка ляснула тупым канцом па балвану і гук ад удару атрымаўся глухім і няўцямным.

- Цэмэнт, - прамовіў дзед Трахім, а ўнук, пасьпеўшы нацягнуць трусы толькі на левую кумпячыну, перахапіў манціроўку і з амонаўскім натхненьнем стукнуў балвана па няўклюднай галаве.

- Цэмэнт, - уголас прашапталі хлопцы і разам паглядзелі на дзеда.

- Ну што, дзядуля... дзе твая бронза? - голас Міколавы дрыжэў, як авечы хвост, - папёрліся... зь цёмнага рана... по-омнік... бро-онзавы... - унук мацюкнуўся, падцягнуў трусы і рушыў да «беларуса» - дапіваць рэшткі гарэлкі.

Добрых поўгадзіны хлопцы моўчкі ляжалі на траве, смалілі цыгарэты, нарэшце, Гасюта падняўся на ногі і, кіўнуўшы ў бок камлыгі, запытаў:

- Дык што, адвязваем?

- Ды не-е... - прыспана прамовіў Мікола, - цягні да дзедавай хаты. Будзе ведаць, як народу мазгі дурыць.

- Ты што, ашалеў? Навошта мне гэтая халера! - крыкнуў дзед Трахім, але Гасюта тым часам ужо залез у кабінку, паддаў газу і цэмэнтавая гаргара, пакідаючы па сабе глыбокую баразну, папаўзла па беразе.

 

Унук Мікола ўжо трэці тыдзень гасьцяваў у дзедавай хаце. Адранку глушыў рыбу на рачных затоках, удзень непрабудна спаў, а ўвечары хадзіў у мясцовы клюб, альбо піў гарэлку на пару зь дзедавым суседам - трыццацігадовым мэханізатарам Гасютам. Вось і пазаўчора, узяўшы пляшку, унук выправіўся да суседа, але неўзабаве вярнуўся, цягнучы на плячы двухвядзёрны, зьзелянелы ад часу самавар.

- У Гасюты, на гарышчы знайшлі, - патлумачыў унук, а калі дзед з усьмешкай спытаў - навошта ён прыпёр гэтае ламачча? - безнадзейна махнуў рукой і падаўся з хаты.

Наступным ранкам Мікола спаў даўжэй звычайнага, а прачнуўшыся, працягнуў няскончаную размову.

- Гэта, дзеду, не ламачча, а каляровы мэтал. Мне за яго пяць тваіх пэнсіяў дадуць, - унук спружна пацягнуўся, вохнуў і пачухаў абедзьвума рукамі свае пакусаныя камарамі і парэпаныя аб рачныя карчажыны ногі.

Словы такія пакрыўдзілі дзеда.

- Мне маёй пэнсіі хапае. І табе даю... на пляшку, - буркнуў стары, пайшоў да дзьвярэй, і ўжо з парогу дадаў: - Тут, непадалёку, гэтага мэталу цэлая тона ляжыць.

Сказаў гэта дзед не падумаўшы, а калі падумаў, унук ужо стаяў на ганку і дапытліва чухаў голае чэрава.

- Ты што, сапраўды ведаеш, дзе медзь прыхавана?

Стары дастаў «беламорыну», скамечыў яе ў гармонік, потым выцягнуў запалкі і ўнук, перарахапіўшы карабок, паднёс запаленую сярнічку да дзедавага носу.

- У рацэ ляжыць, - выдыхнуў, разам з папяросным дымам, дзед Трахім, прысеў на край ганку і, пасьля глыбокай зацяжкі, ад якой нават пацямнела ўваччу, распавёў унуку гісторыю саракагадовай даўніны.

... Аднойчы, золкай восеньскай ноччу, Трахім пайшоў на раку ставіць донкі, і нечакана з прырэчных кустоў насустрач яму выйшаў міліцыянт у плашч-накідцы. Зыркнуўшы з-пад насунутага на вочы капюшону, міліцыянт загадаў тэрмінова пакінуць бераг, бо тут мусяць адбыцца вайсковыя вучэньні.

«Ці не пантонны мост наводзяць?»- падумаў Трахім, адышоў мэтраў на дзьвесьце і залёг за купінай - вырашыў паглядзець, як там усё будзе. Ляжаў доўга, скалеў увесь, хацеў быў ужо да хаты падацца, ды тут на бераг - з натужлівым выцьцём - выехаў самазвал і, даўшы задам, заехаў у ваду. Месца, куды заехаў самазвал, было адметным: там, непадалёку ад берага, круціў хлапякі белай пены глыбокі вір - у віры, адразу па вайне, знайшлі тапельца, а таму тутэйшыя рыбакі ніколі не закідвалі там вуды.

У цемры пачуліся галасы, мільгнулі жарынкі цыгарак, самазвал загуў - цяпер ужо із страшнай натугай - і ў вір, узьняўшы нябачныя пырскі, бухнулася штосьці цёмнае і важкае.

Раніцою, як толькі разьвіднела, Трахім пабег на раку і нагнаў па дарозе Сяргейчыка - аднаногага інваліда, які таксама быў зацятым рыбаком і хата якога стаяла на другім баку вуліцы.

- Чуў? - стоена вымавіў Сяргейчык, калі яны парукаліся.

Трахім таргануў галавой і сусед, секануўшы паветра бамбукавым вудзільнам, прамармытаў:

- Сталіна скінулі.

- Як скінулі? Куды? - гукнуў было Трахім, прыцішыў крок, а пачуўшы пра бюст, што стаяў у парку, шпарка пайшоў, прыладжваючы крок да мернага рыпеньня салавейчыкавага пратэзу...

 

- І што... сапраўды з бронзы? - запытаўся ўнук, не даслухаўшы дзедавага аповеду.

- Ну так... жоўты такі стаяў, - дзед павёў рукамі, малюючы ў паветры відарыс сталінскага бюсту і Мікола чародным разам пачухаў ніз жывата.

- Гіпс, відаць... Пафарбавалі пад бронзу.

- Ды не-э... Гіпс бы ў вадзе разваліўся, а ён цалюткі, - Трахім вытрымаў паўзу і з разважнасьцю патлумачыў: - У семдзесят другім годзе, як рака абмялела, макаўка паказалася. Мальцы яшчэ там нырца давалі...

Стары ўздыхнуў, пацёр даланямі санлівыя вочы, а калі зноў зірнуў на сьвет, унук ужо бег са двара і на пытаньне: - Куды ты паляцеў? - коротка азваўся: - Да Гасюты!

 

ІІ

 

Зялёная ад твані, спрэс залепленая куклянкамі камлыга не пасьпела як сьлед прасохнуць, як на яе ўзьбіўся гурт мясцовых падшыванцаў. Падшыванцы пры гэтым бязладна гарлалі, сьпіхвалі адно другога з бэтоннай камлыжыны, а неўзабаве й пачалі стукаць па ёй нечым жалезным.

- Во йоп... - вылаяўся Мікола, пачуўшы скрозь ранішні сон мэталёвае бразганьне. Сёрбнуўшы на хаду збружэлага квасу, ён выйшаў да весьніц.

- А ну, салагі, прэч адсюль! - пагрозьліва гукнуў Мікола, але голас пасьля купаньня дарэшты асіп і падшыванцы працягвалі валтузіцца на помніку.

- Каму сказаў... - Мікола выдзер з паркану збуцьвелую штыкеціну і гэта дапамагло: дзятва сыпанула ўбокі, але далёка не адбегла.

- А гэта што - помнік? - запытаўся адзін з падшыванцаў - малец грыз нясьпелы яблык і пры гэтым гучна чвякаў.

- Помнік... помнік, йоп вашу... - буркнуў Мікола, перакрывіўся і сплюнуў пракіслую сьліну.

Пасьля недасыпу і выпітай гарэлкі галава Міколава балела, настрой быў паганы, а таму зь языка зьляталі мацюгі і глытку вярэдзілі глухія ўздыхі. Аднак, абышоўшы помнік, Мікола пажвавеў і, маракуючы пра штосьці сваё, павадзіў рукамі ў паветры, нібыта ён - у думках - укараноўваў сьнежную бабу важкай галавою.

- Ну і што ты будзеш рабіць з гэтай халерай? - гукнуў, перабіваючы думкі, дзед Трахім: дзед стаяў ля весьніц і пыхкаў беламорынай.

- Як што? Адрэстаўруем. Выставім на продаж, - унук выцяў бэтоннага балвана мыском чаравіка. - Думаю, пару тысячаў баксаў возьмем.

- Эгэ-э, Міколка... Каму ён трэба? - стары папярхнуўся дымам, здушана закашляў. - Вунь і нос адбіты... і ў дзірах увесь...

- Кавэрны замажам, нос прылепім... пафарбуем. Карацей, будзе правадыр як навюткі... Ты вось што, дзеду... - унук азірнуўся, увабраў голаў у плечы, - трэба хлопцам... з пільні... пару пляшак паставіць... Пазыч да вечару... Гасюта прыедзе - аддасьць.

Стары нічога не сказаў і толькі зварухнуў пальцамі, рахуючы - колькі яшчэ дзён унук прабудзе на пагасьцінах.

 

Па абедзе Трахім прылёг на тапчан, адразу ж заснуў і неўзабаве быў абуджаны лескатаньнем гасютавага трактару. Трактар ехаў па вуліцы і ззаду за ім, уздымаючы пылюку, валачылася на тросе таўшчэзная калода.

- Божухна, і калі гэта ўсё скончыцца? - прашаптаў стары і з вохканьнем выйшаў на ганак.

Ля Трахімавай хаты тым часам ужо зьбіраўся народ.

- Чаго вылупіліся? - гыркаў Гасюта на цётак, што йшлі ў краму, ды спыніліся паглядзець - што мальцы будуць рабіць з цурбаном ды бэтоннай камлыгай. Цёткі паправілі хусткі на галовах, стоена зашапталіся, а Гасюта падхапіў з-пад плоту даўгую жардзіну, загнаў тонкі канец пад цурбан і яны ўдвох зь Міколам пакацілі яловы кругляк да весьніц. Усё было б нішто, ды надарылася неспадзеўка: жардзіна з трэскам абламілася, стукнула Міколу па карку, і кампаньён, пачуўшы сьмех грамады, са злосьцю выдыхнуў:

- Г'анд-доны...

Працаваць у атачэньні натоўпу не выпадала, а таму, падкаціўшы калоду да весьніц, Гасюта абабіў перапэцканыя ў яловую жывіцу рукі і голасна, каб чула грамада, абвясьціў:

- На сёньня ўсё!

«І тузанулі ж мяне за язык, - падумаў Трахім, правёўшы даланёй па няголеным падбародзьдзі, - ляжаў бы сабе на дне, пакуль не рассыпаўся, дык не... выцягнулі нячысьціка...» - стары ўздыхнуў, падаўся ў хату і сьледам за ім, заглушыўшы трактар і абмацюкаўшы грамаду, рушылі Мікола з Гасютам.

- Ну што за людзі! Паўгорада зьбеглася, нібыта яны калоды ня бачылі... - ад парога гукнуў зьнерваваны ўнук, а дзед, пазяхнуўшы ў далонь, лёг на тапчан і змучана аддзьмуўся.

На кухні рыпнула падлога і Гасюта - з воклічам «Обана!» - грукнуў аб стол чымсьці цьвярдым і булькатлівым.

- Вось гэта лоўка! - акрыялым голасам азваўся Мікола.

- Хопіць ім і адной... Летась пілавіньне грузіў - ніхера не паставілі... - растлумачыў Гасюта, а Мікола ўдарыў у ладкі і кінуўся ў прысенак, дзе стаяла газавая пліта.

- Зараз, бляха, яечню згламэздаем.

Пакуль Мікола завіхаўся з патэльняй, Гасюта, падобна, адкаркоўваў пляшку, потым бразнуў шклянкамі і нягучна прамовіў:

- Увечары яму выкапаеш... Сантымэтраў на семдзесят, глыбей ня трэба. Заўтра ад ранку калоду паставім, а ў абед Сівоха кран падгоніць.

У шклянцы - стоена, але разам з тым упэўнена - зацурчэла гарэлка і пад тыя чароўныя гукі Трахім заплюшчыў павекі.

 

На наступны дзень, ад самага ранку, ва ўтульнай Трахімавай хаце грукалі дзьверы, бразгалі шклянкі і лілася п'яная гамонка. Першымі завіталі два хлопцы з піларамы і Мікола бегаў да мясцовых цыганаў па самагонку. Бліжэй да абеду ў хату ўваліліся Гасюта з вадзілам аўтакрану, усе разам дапілі цыганскі трунак і, трымаючы пад пахі аднаго з пільшчыкаў, пайшлі ўздымаць правадыра на «п'едэстал».

Дзед Трахім зроду не хрысьціўся, а тут, пабачыўшы, як п'яны ўнук убіўся пад бэтонную камлыгу, што завісла, як той вісельнік, у паветры, тыцнуў самлелымі пальцамі ў лоб, жывот і ў левае плячо. Схоплены за шыю сталёвай зашмаргай, правадыр крутнуўся спачатку ў адзін бок, потым у другі, нарэшце спыніўся, Мікола абхапіў правадыра цыбатымі рукамі і той паволі асунуўся на калоду.

Хвілін празь дзесяць, пабачыўшы ў дзьвярох унука - цэлага і жывога - стары яшчэ раз перахрысьціўся і, без шкадаваньня, аддаў Міколу сто тысяч адной паперкай - апошнія грошы, якія былі ў хаце.

Вечарам у хату завітаў яшчэ адзін госьць - Данік Крываблоцкі. Данік той, немалады ўжо, сівагаловы мужчына, працаваў у цэху шырспажыву. Вырабляў помнікі з мармуровай крошкі, ляпіў барэльефы памерлых адстаўнікоў і, вядома ж, убачыўшы бюст з адбітым носам, тут жа зайшоў у хату, каб прапанаваць свае паслугі.

... За вокнамі ўжо сьвятлела, а на кухні ўсё яшчэ гаманілі і здушана мацюкаліся.

- Калян... ты хоць ведаеш... з кім маеш справу? - п'яным голасам пытаўся Данік Крываблоцкі і, пасьля страшэнна працяглай паўзы, адказваў: - Ты маеш справу з прафэсійным скульптарам.

Калян доўга і неразборліва мыкаў, потым чхнуў - ды так хвацка, што абудзіў Гасюту; Гасюта ў сваю чаргу таксама мыкнуў, але тут жа суняўся й на кухні чарговым разам бразнулі шклянкі.

- У Гасюты.. і галава не трымаецца... на стол падае, - прабубнеў Крываблоцкі і ўжо ўцямным голасам працягваў: - Карабейнікаву помнік бачыў?.. За дзень зьляпіў... Зяць карабейнікавы прыехаў, паглядзеў - даў стольнік і яшчэ пяць «зялёных» наверх... Кажа: - Кідай усё, прыяжджай да нас у Піцер - табе цаны ня будзе... - на кухні зацурчэла гарэлка і Мікола, расьцягваючы зыкі, прасіпеў: - А но-ос?

- Алебастравы прыляплю... Будзе лепей, чым твой... - выгукнуў Крываблоцкі, хлопцы чокнуліся і ў гэты момант штосьці масыўнае і важкае абрынулася на падлогу.

Дзед Трахім адсунуў фіранку. На падлозе, нязграбна раскінуўшы рукі, ляжаў упіты Гасюта.

- Каб вас парвала ад той гарэлкі, - азваўся стары і з вохканьнем кульнуўся на левую бачыну.

 

Пад самую раніцу хата напоўнілася нялюдзкім храпам. На кухні, падклаўшы пад голаў палена, хроп Гасюта, а ў сьвятліцы дзерлі тхара Мікола з Крываблоцкім. Данік зь Міколам спалі ніжнікам, пры гэтым унук часьцяком падбрыкваў правай нагой, біў Крываблоцкаму пяткай у лабешнік; скульптар на кароткі міг аціхаў, мыляў вуснамі і пачынаў храпці зь яшчэ большым натхненьнем. І вось, калі Данік схрапянуў ужо зусім ашалела, і дзед Трахім панурыў руку пад тапчан, шукаючы - чым запусьціць у храпуна, на падворку пачуліся крокі і нехта дробна пастукаў у шыбу.

- Ці ў вас мая п'янтосіна? - крыкнула гасютава жонка і ад таго крыку забрахаў суседзкі сабака, а Данік з унукам пакінулі храпці і зморана застагналі.

Падняла мужа Гасюціха даволі хутка: плюснула зь вядра халоднай вады, а потым, мацюкнуўшыся, агрэла небараку паленам. Удар атрымаўся глухім, але хвацкім. Дзед Трахім, лежачы за фіранкай, уражана залыпаў вачыма, а Данік зь Міколам стаілі дых і з жаласьлівым гукам выпусьцілі паветра.

Гасючысіны праклёны заціхлі на другім канцы вуліцы, навакольныя сабакі збрахаліся да сіпу, залезьлі ў будкі, і змучаную дзедаву душу падхапіў і панёс па сваіх цёмных лябірынтах доўгачаканы, а таму чуйны і замарачны сон.

Прысьніліся дзеду паховіны Сталіна. Спачатку ў сьвядомасьці нарадзіліся зыкі: гуд золкага ветру ў разьбітых вокнах дэпо, лясканьне жалобных сьцягоў над галавою, галасісты, з засопленым прыдыханьнем, плач дырэктаравай жонкі. Трахім страсянуў ува сьне галавою і тут жа ўбачыў стрыжаныя патыліцы, чорную зеўру гучнагаварыльніка і заплаканую начальніцкую жонку.

- Міканор... як жа мы цяпер... безь яго?.. - здушана галасіла кабеціна, уткнуўшыся лобам у пагон мужавага шыняля.

- Капа, нам усім цяжка... - мармытаў начальнік дэпо, неадрыўна пазіраючы ўгору - туды, дзе завіхаліся ўвішныя вераб'і і дзе вісеў бляшаны рупар гучнагаварыльніка.

Трахім аглядзеў краем вока натоўп і зьнерухомеў ад нечаканасьці. Праваруч, у атачэньні паравозьнікаў, стаялі Мікола з Гасютам. Абое былі на ладным падпітку, абое смалілі папяросы і задаволена пасьміхаліся, падставіўшы золкаму ветру свае - Мікола малочна-белыя, а Гасюта пракурана-пажоўклыя - зубы.

«Божухна, заберуць!»- мільганула падспудная думка і ў гэты момант бляшаны рупар крактануў, вераб'і разам узьняліся ў паветра і навакольле напоўніў хрыпучы левітанаўскі голас:

- Пайшоў з жыцьця прадаўжальнік вялікай справы Леніна, друг і настаўнік працоўных усяго сьвету... - Левітан зрабіў паўзу, за сьпінай - раней часу - загуў ды асекся паравозны гудок і чыйсьці знаёмы голас пакутліва выдыхнуў: - Фу, бляць, як цяжка...

Стары разьмежыў павекі. Уваччу паплыла, а потым замёрла на месцы квяцістая фіранка.

- Ой, бляць, як цяжка! - застагнаў Данік Крываблоцкі і Трахім адхінуў фіранку.

Гадзіньнік на кухні паказваў палову дзесятай.

- Паміраю... сэрца спыняецца... - чародным разам выдыхнуў Данік і з вохканьнем скінуў на падлогу нягнуткія ногі.

Сэрца ў Крываблоцкага, відаць, і сапраўды спынялася, бо Данік быў белым як палатно, а ніжняя сківіца безупынку калацілася.

«Каб не памёр, халера на яго», - падумаў стары і, апанаваны трывожнымі думкамі, палез пад тапчан, дзе яшчэ з пазалеташніх Калядаў была прыхаваная пляшка «чарніла».

... Данік піў «Водар мяты» нагбом, з рыльца, а выпіўшы поўбутэлькі задаволена адрыгнуў і гукнуў праз плячук: - Гасюта!

- Сышоў... яшчэ зранку, - гукнуў дзед Трахім і, сьцішыўшы голас, дадаў: - П'юць, пакуль на падлогу ня зваляцца.

 

ІІІ

 

Дзесьці праз гадзіну, а мо й раней Данік ізноў уваліўся ў хату.

- Дай... - неакрэсьлена выдыхнуў госьць, зь нецярплівасьцю страсянуўшы рукамі.

- Чаго табе даць? - не зразумеў Трахім.

- Ну гэты, як яго?.. - Краваблоцкі скрывіў гімору, крутнуў пальцамі - гэткім рухам звычайна ўкручваюць лямпачкі - і з шумам увабраў паветра, згадваючы - як называецца тое, што яму трэба. - Ну гэты... во, - госьць тыцнуў пальцам у кут і дзед Трахім уражана крутнуў галавою.

- Табурэт табе трэба, ці што?

- А во-во... табурэт, - прасьвятлеў з твару Крываблоцкі.

Данік падхапіў табурэтку, зірнуў на Міколу, які й дагэтуль ляжаў на канапе, пакутуючы з пахмельля, і выкуліўся з хаты.

- Зусім мазгі прапіў, - уздыхнуў стары. Ня ведаючы - чым заняць рукі, Трахім спачатку схапіўся за венік, потым запіхнуў у торбу пустыя бутэлькі, нарэшце, адчыніў вакно і ўпусьціў у пракураную хату сьвежае паветра.

На двары з ашалелай зацятасьцю цвыркалі вераб'і, на суседняй вуліцы гарлалі пеўні, непадалёку ляскатаў трактар - няйначай, гасютавы, - і да ўсіх тых суладных зыкаў далучалася звонкае і разам з тым непрыемнае шаргаценьне. Гэта Данік, узьбіўшыся на табурэт, раскеўзваў кельняй па камлызе нейкую шэрую гліну.

«І што з усяго гэтага будзе?»- падумаў Трахім, вынес у сенцы торбу з бутэлькамі, а калі ізноў зірнуў у вакно, дык убачыў нейкага дарэшты апухлага мальца, які стаяў за Данікавай сьпінай і паціраў даланёю пляшывую макаўку.

- Хто гэта цябе так? - запытаўся Крываблоцкі і стары пазнаў у апухлым мальцы свайго суседа Гасюту.

- Ваўчыца... хто ж яшчэ... - Гасюта ўздыхнуў, зацкавана паглядзеў на камлыгу: - Алебастрам мажаш, ці як?

- Алебастрам, - незадаволена выгукнуў Крываблоцкі, а замазаўшы чарговую дзірку, прамармытаў: - Ідзі... пакінулі там табе... на апахмелку.

Стары адышоў ад вакна, пазяхнуў наастачу і падаўся на тапчан.

- Калян! Ты там жывы? - грымнуў праз пару хвілін сіпаты гасютавы голас, але стары не пачуў тых слоў - Трахім салодка спаў і квяцістая фіранка ледзь прыкметна варушылася ў такт ягонаму дыханьню.

 

У суботу дзед Трахім напаліў лазьню. Мыўся цэлых дзьве гадзіны, да змору схвастаў сябе дубовым венікам і, відаць, схвастаў бы да сьмерці, калі б у прымыльніку не загрукацеў вёдрамі ўнук Мікола.

- Увесь дух выпусьціў, - крыкнуў унук, расчыніўшы дзьверы, шухнуў вады на камні і тут жа, сеўшы на палок, стаў шараваць кавалкам пемзы свае перапэцканыя белай хварбай далоні.

... З лазьні дзед выкуліўся на ватных нагах і, перш чым ісьці да хаты, доўга зьбіраўся зь сіламі, трымаючыся за дзьвярны вушак. Сэрца парывіста тахкала, слых поўніўся звонам, а ў нос лез нейкі незнаёмы пах, які нагадваў водар чаромхі. Ён, гэты пах, хаця й ня быў ачомна-рэзкім, але вярнуў да жыцьця. Трахім удыхнуў праз нос п'янкога паветра і ў той жа міг галава прасьвятлела, звон увушшу суціх і зьнямелыя ногі наліліся гарачай крывёю.

Пакуль ішоў гародам, увесь час маракаваў: чым гэта пахне? - і ўжо ля самай хаты, згадаўшы перапэцканыя Міколавы рукі, задыхана прашаптаў: - Хварбай засьмярдзела.

 

Толькі што сэрца хваравіта замірала і гатовае было спыніцца, а тут ёкнула і спужанай птушкай забілася ў грудзіне. Стары ўбачыў СТАЛІНА!

У першае імгненьне нават здалося, што правадыр жывы - стаіць, бялюсенькі, краем вока зазіраючы ў ягоны, Трахімавы, агарод. Трахім і так быў мокры пасьля лазьні, а тут нават уваччу засьвярбела ад поту. Стары падхапіў дрыжачай рукой прыпол кашулі, хацеў выцерці твар, ды пачуў раптам ломкі хлапечы голас:

- Дзядуля, а хто гэта такі?

Падшыванцы, як заўсёды, сядзелі на плоце і хрумкалі недасьпелыя яблыкі.

- Гэта, мальцы, Сталін! - крэкнуў Трахім, выціраючы мокры лоб.

- А хто ён такі? - падаў голас усё той жа сьветлавалосы малец.

Трахім уважліва паглядзеў на падшыванца: ці не пасьмейваецца пракуда над старым чалавекам. Але вочы хлапечыя сьвяціліся непадкупнай цікавасьцю і стары кашлянуў у далонь.

- Ну, гэта... - сказаўшы так, Трахім задумаўся, засяроджана пачухаў кадык: - Ну, карацей, яго ўсе баяліся. Пры ім парадак быў - о-го-го! У нас у дэпо адзін на працу спазьніўся, дык два гады далі... з правам перапіскі.

- А вы, дзядуля, таксама Сталіна баяліся?

- Анягож... і я баяўся.

- А ён кім быў? Тэрмінатарам? - русявы падшыванец з такой асалодай куснуў яблык, што нават сок пацёк па падбародзьдзі.

- Цябе як завуць? - запытаўся Трахім, неадрыўна казелячы вокам то на падшыванца, то на бацьку-Сталіна.

- Пецькам, - адказаў падшыванец і зь невядомай прычыны пакутліва ўздыхнуў.

«І чым толькі ў іх галовы забітыя?» - падумаў дзед Трахім, патупаў да хаты і, пакуль дайшоў да крыльца, тры разы азірнуўся, каб паглядзець на правадыра.

 

Увесь вечар ля бюсту тоўпіліся людзі.

«Як жывы, як жывы...»- наўзахваткі шапталі старыя цёткі і ўнук Мікола, слухаючы праз адчыненае вакно людзкую гаману, задаволена паціраў рукі і раз-пораз гукаў:

- Чуеш, дзеду?! Здаю бюст за пяць тысяч баксаў! І ні цэнта меней...

- Эгэ-э... Міколка... Каму ён патрэбны? - абзываўся з тапчана стары Трахім, - у людзей грошаў на хлеб не хапае, а яны табе будуць нейкія бюсты купляць.

- Гэта ў цябе не хапае, а ў «крутых» грошаў як гразі... - Мікола ўкінуў у рот цыгарэціну, пстрыкнуў запальнічкай і нападворку хтосьці зусім па-дурному загарлаў:

 

Сталин наша слава боевая-а...

Сталин нашей юности полё-от...

 

Трахім падхапіўся зь ляжанкі, на дзіва борзда падбег да вакна і незадаволена вылаяўся: на падворку, узяўшы пад руку Юстына Капітонавіча Дуба - былога ваенкома - стаяла і гарлала на ўсе застаўкі Аўгіньня Міканораўна Кароткая - актывістка раённага савету вэтэранаў вайны.

- Прынес нячысьцік, - буркнуў Трахім і, прычакаўшы, калі Аўгіньня прасьпявае апошні радок: - Наш народ за Сталиным идио-от! - зачыніў вакно адразу на дзьве просвы.

Аўгіньня Кароткая падчас вайны мыла штаны партызанскаму камандзіру, а цяпер, начапіўшы мэдальку, цягалася па горадзе і, сустрэўшы Трахіма, кожны раз апавядала - як яны адбіваліся ад карнікаў, як яе ледзь не забіла асколкам гранаты, а ўздыхнуўшы абавязкова прамаўляла: - Вам хоць добра было, вы ў тыле сядзелі.

- Пасядзела б ты, корга лупатая, у тыле... пад нямецкімі бомбамі, - суцішна казаў усьлед актывістцы Трахім і доўга потым хадзіў не ў гуморы.

... Дзьве галавы - сівая ваенкамаўская ды чарнявая Аўгіньніна - праплылі міма вокнаў і Трахім, пятым разам згадаўшы нячысьціка, патупаў да дзьвярэй.

Ён сустрэў гасьцей на ганку. Выставіў чэрава, абапёрся рукой на вушак і тым самым даў зразумець, што ў хату нікога не запрашае.

- Ну, Трафім Пятровіч, ня ведаю - як цябе і дзячыць! - прамовіў былы ваенком, ціснучы Трахімаву руку. - Гэта, скажу табе, вялікі патрыятычны ўчынак.

- Я нават прасьлязілася, як Іосіфа Вісарыёнавіча пабачыла, - уставіла слова Аўгіньня Кароткая, плаксіва шморгнула носам і палезла ў кішэнь па насоўку.

- Сёньня ж патэлефаную ў цэка партыі і пашлю ліста Генадзю Андрэевічу Зюганаву. Пра такую падзею павінен ведаць увесь сьвет, - Юстын Капітонавіч кашлянуў у жменю, крыху суцішыў голас. - Вось толькі месца для помніка няўдалае. Трэба яго ў цэнтар перанесьці - туды, дзе стаяў...

- Каб дзятва нос адбіла? - весела крыкнуў з кухні Мікола.

Юстына Капітонавіча такая заўвага прыкметна азадачыла. Ён ускудлаціў сівыя валасы на патыліцы, з разважнасьцю ў голасе прамармытаў: - У Савеце паставім. А там пабачым.

- Мы, як яго выцягвалі, дзесяць літраў саляркі спалілі, дзьве бляшанкі нітрафарбы скарысталі і скульптару за працу трыццаць даляраў заплацілі. Так што задарма не аддадзім, - крыкнуў Мікола, і госьць, выцягнуўшы шыю, запытаўся: - Дык колькі вы хочаце?

- Дзьве скрыні гарэлкі! - гракнуў Мікола.

Госьць пасьля такіх слоў нават хітнуўся - задужа высокай паказалася цана. Цётка Аўгіньня падхапіла яго пад руку, павяла да весьніц і на разьвітаньне гукнула праз плячо:

- Мы ў Савеце падумаем.

- Падумайце... добра падумайце... - прасіпеў усьлед гасьцям Трахім і з грукатам - аж парахня пасыпалася са столі - зачыніў дзьверы.

- Дык што ж ты... То пяць тысяч хацеў, то на дзьве скрыні пагадзіўся, - прамовіў Трахім, забіраючыся на тапчан.

- Ды пажартаваў я... - адказаў унук, стамлёна зяхнуўшы ў далонь, - у гэтых сталінскіх пацукоў грошаў і на скрыню ня знойдзецца.

Мікола пстрыкнуў выключальнікам і потым доўга мармытаў у цемры, услых прыкідваючы - колькі «бабак» застанецца ў яго, колькі ў Гасюты, і колькі давядзецца «кінуць» дзеду.

 

ІV

 

Наступнага дня, ад самай раніцы, пачаў сеяць дакучлівы дождж. Трахім, запаліўшы ў печы, салодка пазяхнуў, зь ціхай радасьцю падумаў, што гасьцей такім часам ня будзе і тут жа ўгледзеў, як у мокрым вакне мільгануў пакамечаны капялюш. Яшчэ празь імгненьне ў прысенку грымотна затупалі і на парозе паўстаў карэспандэнт раённай газэты Аркадзь Нічыпарук. Карэспандэнт зьняў капялюш, страсянуў, зьбіваючы дажджавыя кроплі і мутнаватымі, яшчэ дарэшты не працьверазелымі вачыма агледзеў хату.

Аркашка Нічыпарук даводзіўся Трахіму сваяком: быў жанаты на дзедавай пляменьніцы, і хаця пасьля таго зьмяніў яшчэ двух жонак, крэўных сувязяў не перарываў - зрэдзьчасу забягаў у хату, куляў чарку, і раз на год - звычайна, на Вялікдзень - прывозіў на рэдакцыйным «масквічы» мех крадзенага камбікорму.

Кіўнуўшы сваяку, Аркашка зазірнуў у сьвятліцу, а ўбачыўшы брудныя Міколавы пяткі, што тырчэлі з-пад коўдры, грымотна скамандаваў:

- Гвардыя, падйо-ом!

- Інтэрвію прыйшоў узяць, - патлумачыў Аркашка, выцягваючы з нутраной кішэні плашчу пляшку «чарніла» і зашмальцаваны блякнот.

Хвілін праз пяць, глынуўшы віна, Нічыпарук стаў распытваць Міколу - зь якіх віроў быў выцягнуты сталінскі бюст - а дзед Трахім, якому да млосьці абрыдлі п'янкі, ціхенька высьлізнуў з хаты. Стары сеў на ганку і стаў слухаць - як ціўкаюць з капяжу рэдкія кроплі, як квокча ў хляву, наракаючы на дождж, стары певень і як на кухні, наракаючы на зладзюгу-рэдактара, бубніў Аркашка Нічыпарук:

- Немагчыма стала працаваць - рэжа ўсё пад корань. Пры камуністах і то лягчэй было...

Пазяхнуўшы, стары налёг сьпінаю на дзьверы, заплюшчыў вочы і калі - праз поўгадзіны - сваяк выходзіў з хаты, кульнуўся таму пад ногі. Сваяк ад начаканасьці падскочыў, выпусьціў з роту папяросіну і, дапамагаючы Трахіму падняцца, прамармытаў:

- Ну, Пятровіч, у цябе і жарцікі...

Потым карэспандэнт доўга шнарыў рукой па падлозе, шукаючы згубленую папяросіну, нарэшце знайшоў, прыпаліў ад падстаўленай Міколам запальнічкі:

- Карацей, даю два матар'ялы - адзін у сваю газэту, другі ў «Праўду». У Маскве такія рэчы любяць.

- І аб'яву... - нясьмела заўважыў Мікола.

- За аб'яву не хвалюйся. Сёньня ж патэлефаную Хаміцкаму. Надрукуюць у лепшым камэрцыйным выданьні. Як там напісаць? «Прадаецца бацька-Сталін»?

Сваяк зь Міколам яшчэ трохі гаманілі - Мікола ўсё бедаваў, што помнік надта цяжкі і гэта можа адпудзіць пакупнікоў, - дзед Трахім той парой прыбраў на стале, сасмажыў яечню і з палёгкай уздыхнуў, калі пакамечаны капялюш таргатліва паплыў міма вокнаў. Ля весьніц, аднак, капялюш крутнуўся вакол сваёй восі і Аркашка, увабраўшы голаў у плечы, пабег у адваротным накірунку.

«Ці не ў прыбіральню пабег?» - падумалася Трахіму; у гэты момант да помніка падкаціла шэрая «волга» і зь яе нутра вылез, цяжка аддзімаючыся, старшыня райвыканкаму Ганчарук і яшчэ нейкі, вайсковай выпраўкі чалавек, на носе якога віселі сонечныя акуляры. Агледзеўшы помнік, Ганчарук пачухаў патыліцу, сказаў штосьці напарніку, тыцнуўшы пры гэтым пальцам угору і сьпехам падаўся да машыны.

 

Наступныя два дні выдаліся спакойнымі: у хату ніхто не завітваў, да весьніц ніхто не пад'яжджаў, і ўзрадаваныя дзедавы куры ізноў пачалі поркацца ў зямлі на сваім ўлюбёным месцы - пад помнікам правадыру. Але на трэці дзень да хаты пад'ехаў даўжэзны белы фургон, зь яго выскачылі маладыя хлопцы ў рознакаляровых кепурках; хлопцы тут жа пачалі раскручваць нейкія шнуры і ўнук Мікола, зірнуўшы ў вакно, каротка патлумачыў:

- Тэлебачаньне.

І дзед і ўнук зьлёгку захваляваліся - а раптам паклічуць штосьці сказаць у камэру. Але хваляваньне было дарэмным. У хату ніхто не заходзіў, а неўзабаве да весьніц падруліў «казялок», у запыленай шыбе якога мільгануў азызлы твар Юстына Капітонавіча Дуба.

- А гэты чаго тут? - уразіўся дзед Трахім.

- Эх, дзядуля... На тэлебачаньні слова даюць толькі надзейным людзям, - з уздыхам прамовіў Мікола. Унук адсунуў непадатныя просвы, разнасьцежыў вакно. - Пазнаеш, дзед, вунь тую стрыжаную сучку? «Панараму» вядзе.

Кабеціна, пра якую казаў Мікола, падвяла былога ваянкома да помніка, махнула нейкаму хлопцу і лагодным голасам прасьпявала:

- Вы, Юстын Капітонавіч, толькі не хвалюйцеся. І глядзіце не на мяне, а ў аб'ектыў тэлекамэры.

Кабета ізноўку махнула рукой, састроіла лагодную ўсьмешку, натхнёна загаварыла ў мікрафон на чысьцюткай беларускай мове:

- Гісторыя не бывае добрай ці дрэннай. Гісторыя такая, якая яна ёсьць - зь яе ўзьлётамі і перамогамі, пякучым болем і трагедыямі. І як бы ні сіліліся сёньняшнія абвяргальнікі, гісторыя нашага народу заўсёды з намі, яна вяртаецца да нас і яскравы таму прыклад - вось гэты помнік, які стаіць за маёю сьпінаю. Імя Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна і дагэтуль выклікае шмат спрэчак. Але спытаем - як ставяцца да гэтага імя тыя, хто праліваў кроў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, хто з імем Сталіна на вуснах ішоў у сьмяротны бой...

- У які бой!? - вырвалася з Трахімавай грудзіны, - знайшлі ваяку... у сорак шостым румынаў вартаваў, а потым штаны ў ваенкамаце праседжваў, - Трахім сказаў яшчэ пару слоў на адрас Дуба, а ўнук, з адчаем зірнуўшы на сонца, чхнуў, ды так гучна, што кабеціна азірнулася і ўжо на чыстай расейшчыне гукнула хлопцу з тэлекамэрай:

- Лёша, давай сначала...

 

Рэшту дня - аж да самага вечару - Трахім праседзеў у Сяргейчыка - аднаногага інваліда, які жыў па суседзтву. Сяргейчык, з-за хваробы, ужо год як не выходзіў з хаты, а таму страшэнна ўзрадваўся, пабачыўшы суседа. З такой нагоды інвалід нават дастаў пляшку самаробнай наліўкі і хаця Трахім быў чалавекам непітушчым, але гэтым разам прапусьціў чарку. Балазе, і нагода была адпаведная: у гэты дзень, пяцьдзесят пяць гадоў таму, Сяргейчык застаўся без нагі.

- Ляжалі ў кукурузе, а тут ён як джвагне зь мінамёту, дык мяне нават з акопу выкінула, - слухаў Трахім нетаропкі суседавы аповед і з уздыхам прыгадваў як і яго аднойчы, пад час бамбёжкі, выкінула з паравозу. І ўваччу на кароткае імгненьне паўстаў разьвернуты бомбаю тэндэр, ахопленыя полымем цяплушкі санітарнага цягніка і перакошаная шыльда з надпісам «Вязьма» на будынку вакзалу. Трахім спахмурнеў, кульнуў чарку, закашляўся - наліўка патрапіла ў нос - і Сяргейчык задаволена паляпаў яго па сьпіне.

Калі стары вярнуўся дахаты, тэлевізійнікаў пад вокнамі ўжо не было, але затое ўпоперак вуліцы - адзнака таго, што кіроўца быў не ў гуморы - стаяў гасютавы «беларус».

Зрэшты, не ў гуморы быў і ўнук Мікола: з адчыненай форткі вырываўся на прасьцяг ягоны гарачлівы голас:

- Цэлы месяц важдаліся... і атрымалі... пендаля пад зад...

Адчыніўшы дзьверы і пабачыўшы самлелы Міколавы твар і панылага Гасюту, стары зразумеў: нешта здарылася.

- А можа дадуць якую кампэнсацыю? - нясьмела перапытаў Гасюта: трактарыст сядзеў за кухонным сталом, утаропіўшы вочы ў нейкую паперчыну.

- Як жа... дадуць! Дручком спаміж вушэй, - азваўся са сьвятліцы ўнук і брыдка вылаяўся.

Трахім моўчкі кіўнуў Гасюту і той, у сваю чаргу, кіўнуў на паперчыну, што трымаў у руках.

- Во... прыслалі заказным лістом... «Бюст І.В.Сталіна работы скульптара Леапольда Кангалевіча зьяўляецца ўласнасьцю дзяржавы і мусіць быць перададзены ў фонд Дзяржаўнага мастацкага музэю...»

- Не, ну якія казлы... Сорак гадоў у рацэ адваляўся... - выгукнуў Мікола, але фразы ня скончыў - выбег на кухню і зацкавана прамармытаў:

- Пітонавіч...

- Што - Пітонавіч? - не зразумеў Гасюта.

- Што-што... Сплавім вэтэранам за дзьве скрыні гарэлкі, а там хай разьбіраюцца - чыя гэта ўласнасьць.

Яшчэ імгненьне - і Гасюта зь Міколам, нібыта падхопленыя віхурай, кінуліся да дзьвярэй і, піхаючы адно другога, вылецелі на падворак.

 

V

 

І вось ён, насьпеў той хвалюючы момант, калі Мікола ўнёс у хату скрыню гарэлкі, паставіў яе на табурэт і з удумлівай разважнасьцю аддзьмуўся. Сьледам за ім, цягнучы другую скрыню, увайшоў Гасюта, а праз хвілю - з трыма пляшкамі мінэральнай вады пад пахамі - з цёмнага прысенку выплыў Данік Крываблоцкі.

- Карацей, тры дні да яго зь Міколам хадзілі - грошаў так і ня выбілі, - прамаўляў, зьвяртаючыся да Крываблоцкага, Гасюта. - А сёньня, бляха, заходжу з кувалдай у руках. Пітонавіч тут і ўсхваляваўся. «Прыяжджай па абедзе, - кажа - атрымаеш грошы пад распіску».

- А што, бюст ужо ўцягнулі? - запытаўся Данік дрыжачым ад захапленьня голасам.

- Мальцы з пільні на кругляках укацілі. Цяпер вось будуць падымаць неяк. Трыма дамкратамі.

- Дарма пупы рвуць, - уключыўся ў размову Мікола, - у Пітонавіча грошаў больш няма ні капейкі, - Мікола задаволена крэкнуў і, нібыта той цыркач, падкінуў на далоні пляшку гарэлкі.

Дзед Трахім выйшаў з хаты, падышоў да весьніц, і, аблашчыўшы поглядам кола сьвежай зямлі - месца, дзе стаяў правадыр, зморана перавёў дых. Стары мерыўся пайсьці да Сяргейчыка - трэба ж было недзе пераседзець п'янку, ды яшчэ хацеў пазычыць грошаў, бо не было за што купіць ні хлеба, ні папяросаў - але ногі зусім ня йшлі і Трахім прысеў на лаўку.

Ён доўга сядзеў з заплюшчанымі вачыма і слухаў няўцямную гаману, якая лілася з адчыненых вокнаў хаты. Час ад часу гамонка перарывалася бразгатам шклянак, здаволенай керханінай, Данік Крываблоцкі раз за разам спрабаваў зацягнуць нейкую песьню, нарэшце зацягнуў - ды так гучна, што на двары сярдзіта заенчыў певень, але нечакана аціх і дзесьці непадалёку абудзіліся сутаргавыя ўсхліпы.

Трахім разьмежыў вочы і ўбачыў русявага Пецьку. Падшыванец ішоў па вуліцы і перарывіста плакаў.

- Гэй, пакрыўдзіў хто? - крыкнуў дзед Трахім, але падшыванец не азваўся.

- Пакрыўдзіў хто? - давялося паўтарыць старому і Пецька скрозь сьлёзы праенчыў:

- Татку... праціснула... у больніцу адвезьлі.

- Як прыціснула?! Чым?! - выдыхнуў Трахім, паспрабаваў устаць, але тут жа ізноў плюхнуўся на лаўку.

- Бацька твой на пільні робіць? - гукнуў ён усьлед падшыванцу, але той не адказаў - пайшоў, пацепваючы ад плачу худымі плечукамі.

«Божухна, усё з-за мяне», - бязгучна прашаптаў Трахім і твар ягоны апаліла задушлівая гарачыня. Полымя вырывалася з паравознай топкі і краналася русявых валасой качагара. Пецька ляжаў дагары тварам і зыркія вогнікі замарачна мітусіліся ў шырока расплюшчаных вачах.

- Пеця, ты што?! - гукнуў ён, не пазнаўшы ўласнага галасу.

Ён адцягнуў качагара ад топкі, павіс на парэнчах, зьбіраючыся клікнуць санітара, ды ня клікнуў, бо з вышыні, са страшным гудам, на яго падаў нямецкі самалёт. Ад самалётнага чэрава адарвалася штосьці падаўгаватае і ў апошняе імгненьнем перад выбухам ён убачыў за самалётным штурвалам бэтонную галаву бацькі-Сталіна.

Трахіму часьцяком мроілася тая страшная бамбёжка, мроілася ахопленая полымем станцыя Вязьма, да вушэй даляталі крыкі раненых і нос казытаў саладжавы пах паленага людзкога мяса, і ў сьвядомасьці кожнага разу мільгцеў невыразны твар нямецкага лётчыка, якога ён угледзеў за імгненьне да выбуху. І вось, нарэшце, ён убачыў - хто кінуў бомбу.

З вохканьнем Трахім узьняўся на ватных нагах, пайшоў, хістаючыся, да гасютавага трактара, зь цяжкасьцю расчыніў непадатныя дзьверцы. Млявая рука пашнарыла пад сядзеньнем, намацала ліпучае дзяржальна кувалды. З апошніх сіл Трахім ўзваліў кувалду на плячук, стоена прашаптаў: - Толькі б дайсьці! - і рушыў па дарозе, у канцы якой - у дваццаці кроках ад трактара - яго чакалі боская цішыня і вечны спакой душы.


2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая