epub
 
Падключыць
слоўнікі

Вінцэсь Мудроў

Дзень міру

З прачыненых дзьвярэй струменіць няўтульная жоўтая яснасьць. На кухні рыпаюць масьніцы, і маці, чыркнуўшы запалкаю, зь лёгкім грукатам ставіць на пліту патэльню і чайнік.

Так пачынаецца кожная раніца.

Маша прыўзьнімае голаў, мружыцца на гадзіньнік і, кульнуўшыся на правы бок, зьмежвае павекі.

- Учора ў гарнізонным цюль давалі, - прамаўляе маці прыспаным голасам, - чарга была - аійё! Нават міліцыю выклікалі.

- Ты ж ці ўзяла? - пытаецца суседка, цётка Тацяна.

Кухня поўніцца гучным ляскатам і штосьці пляскатае - ці то пантофель, ці то яшчэ нешта, падае на падлогу.

- Няма ратунку ад прусакоў. Усе тэпці зьбіла, - гукае маці, штосьці пытаецца ў цёткі Тацяны і голас ейны заглушае густое сіпеньне чайніка.

На гадзіньніку палова сёмай. Пара ўставаць, але ўставаць неахвота, і Маша стоена чакае, калі маці здыме з пліты чайнік і, разьліваючы кіпень па шклянках, голасна клікне: - Уставайце, соні!

І вось сіпеньне аціхае, у шклянкі з глухім булькаценьнем ліецца кіпень, і цётчын голас, які нараджаецца недзе ў прысенку, прымушае расплюшчыць вочы і прыслухацца.

- Ці не памёр ужо? Не чуваць штосьці...

За сьценкай, дзе жыве дзед Базыль, пануе ціша.

- Пайсьці, паглядзець? - шапоча цётка Тацяна.

Маці маўчыць, стойвае дых, а пачуўшы дзедаву керханіну, грукае табурэтам і з палёгкаю выдыхае:

- Уставайце, соні!

Люська матчынага воклічу як і ня чуе: ляжыць, убіўшы нос у падушку, і ледзь чутна пасопвае.

- Уставай, чуеш? - Маша сядае на ложку, пацепвае спрасоньня плечукамі, ускудлачвае непаслухмяныя Люсьчыны кудзеркі.

За тонкай перабойкаю гучна керхае і брынкае начным вядром дзед Базыль. Маша прыслухоўваецца да гэтых зыкаў і міжволі ўяўляе, як стары сноўдаецца па пакоі, трымаючыся адною рукою за сьцяну, а другою паціраючы мокрае месца на сподках.

Дзед пасьля хваробы зусім акволеў - ані ў краму схадзіць, ані абеду сабе згатаваць ня можа. Учора бульбу чысьціў, у ложку лежачы...

Маша падхопліваецца, нацягвае калготы, а кінуўшы позірк на белы хвартух, які вісіць на дзьвярной ручцы, згадвае, што сёньня сьвята - Дзень міру.

 

- Ты ж глядзі, Люську ўхутвай! - крычыць маці ад парогу, завязваючы шалік на Люсьчынай шыі.

На вулцы і папраўдзе холадна. Учора цэлы дзень церусіў дождж, і тэрмомэтар паказваў плюс восем, а сёньня пад нагамі парыпвае лядок і ядранае паветра перахоплівае дыханьне, асабліва, калі глытаць яго на поўную губу. Усё навокал пакрытае шэраньню. Шэрань на дрэвах, на кустах, на ганку, зь якога яны зьбеглі, пакінуўшы на пасярэбраных дошках цёмныя паскі сьлядоў.

- Ой, як прыгожа! - выдыхае Люська, задзіраючы ўгору свой кірпаты, усыпаны ластаўчыньнем нос. Маша таксама глядзіць угору, сьлізгае вачыма па верхах заінелых таполяў, па бляшаных дахах, якія бліскаюць усімі колерамі вясёлкі, і міжволі прымружвае вейкі, ратуючыся ад калючага зіхценьня.

- Праўда, наш дом прыгожы? - пытаецца Люська, і Маша, нічога не адказаўшы, моўчкі ідзе па сьцяжыне.

Дом, у якім яны жывуць, пабудаваны перад самай вайною. Калі даваць веры дзеду Базылю, пабудаваў яго, а разам зь ім і яшчэ пяць гэткіх жа дамоў-баракаў, нейкі Лазар Майсеевіч. Хто ён такі, гэты Лазар Майсеевіч, Маша і цяпер дакладна ня ведае, але будаўніком ён быў, відаць, добрым. Нездарма дзед Базыль яго ўвесь час хваліць і нават партрэт на кухні павесіў...

Дашчатыя дамкі стаяць ля самай чыгуначнай лініі, пазіраючы на сьвет сваімі памутнелымі ад паравознага дыму вокнамі. Там, за чыгункай, куды глядзяць памутнелыя вокны, віднеюцца шматпавярховыя будынкі, гудуць машыны, мітусяцца людзі, а тут, на Залінейнай вуліцы, пустэльна, ціха, і толькі недзе ў хлеўчуку рохкае галоднае сьвінчо ды сакоча, наракаючы на халадэчу, азалелая курыца.

Маша ненавідзіць свой дом, ненавідзіць гэтую ўсыпаную шурпатым жужалем вуліцу і, калі хто пытаецца - дзе яна жыве? - дзяўчына заўсёды чырванее і, схіліўшы голаў, шапоча: - За лініяй.

 

На пераезьдзе, як заўсёды, стаіць таварняк. Хвост цягніка ня бачны - губляецца ў ружовай смузе, а сам цеплавоз гудзе недзе на станцыі. Ісьці на пераходны мост, вядома ж, неахвота, дый часу бракуе.

- Глядзі, не запэцкайся! - гукае Маша, пераскокваючы праз рэйкі. Мінулым разам, пралазячы пад вагонамі, Люська запэцкала паліто каланіцаю, і маці дала ім добрую прачуханку.

- А што... дзядуля хутка памрэ? - пытаецца Люська, даючы нырца пад вагоннае чэрава. - Пытаньне настолькі нечаканае, што Маша, пралазячы пад вагонам, спатыкаецца і б'ецца лобам аб нейкую жалезіну.

- Як памрэ? Што ты вярзеш!

- Учора лекарка прыходзіла. З мамаю на кухні размаўляла, а я падслухала. - Люська абабівае спадніцу, зладзеявата шморгае носам, чакаючы сястрыных дакораў - нельга ж падслухоўваць дарослыя размовы, але сястра маўчыць і, пацёршы насоўкаю лоб, пытаецца:

- Як у мяне... чыста?

- Чыста! - адказвае Люська, падхоплівае зь зямлі партфэль, і сёстры ідуць, панурыўшы галовы, на аўтобусны прыпынак.

 

Людзей на прыпынку - што тых вераб'ёў на кірмашы. Гамоняць, штурхаюцца, цягнуць шыі, выглядаючы аўтобус, але аўтобусаў не відно: не ідуць з прычыны галалёду.

Плыткія лужы, якімі быў заліты асфальт, наскрозь прамерзьлі, пакрыліся намаразьзю, прыхаваўшы ў сваёй празрыстай глыбіні бліскучыя гузікі, прабітыя талёны, піўныя коркі і недакуркі.

Люська ідзе па ходніку, сьцірае падэшвамі боцікаў шэрую намаразь, зь цікаўнасьцю пазірае пад ногі.

- Ой, Маша, глядзі, што знайшла! - крычыць Люська аднекуль з супрацьлеглага канца прыпынку, і Маша, апошнім разам зірнуўшы на далягляд, выбіраецца з натоўпу.

- Пайшлі пехатою, - Маша бярэ сястру за руку і, зірнуўшы краем вока на цёмны лапік лёду, нерухомее. Там, ля мыска Люсьчынага бота, чырванее, улітаванае ў ледзяную тоўшчу, навюткая дзясятка.

- Грошы! - выдыхае Люська, а Маша, тузануўшы Люську за рукаво, спалохана азіраецца.

Дзядзькі за сьпінаю смаляць папяросы, лускаюць семкі, лаяць нейкага Саладуху, які не пасыпаў пяском дарогу і, на шчасьце, не зьвяртаюць на іх зь Люськаю ўвагі. Маша прыпадае на калена, мацае лядок чуйнымі пальцамі. Лёд даволі тоўсты, рукою не растопіш... «Тут вар патрэбны», - і з гэтаю думкаю дзяўчына хапае сястру за спадніцу, прымушае стаць на тое месца, дзе ляжыць чырвонец і, падымаючыся на ногі, лапоча:

- Бяры мой партфэль... стой тут і ня рухайся. Я зараз!

Маша бяжыць па ходніку, коўзаецца і раз-пораз азіраецца назад, махаючы рукамі для раўнавагі. Ля чыгункі, дарэшты выбіўшыся зь сіл, дзяўчына на хвілю прыпыняецца і далей ідзе змораным крокам. Сьпяшацца няма сэнсу - на першы ўрок, беларускую літаратуру, яна ўжо не пасьпявае. Учора цэлы дзень вучыла верш «Камуністы», а аказалася, што дарма. Перавёўшы дых, Маша рухаецца жвавей, дэклямуючы ў такт хадзе «Камуністаў», і шэрхлы жужаль мерна рыпае пад ейнымі нагамі.

 

Дома, дзякаваць Богу, нікога няма: маці пайшла на працу, а суседка, цётка Тацяна, зь якой яны мелі агульную кухню, выпрывілася, відаць, у краму. Запаліўшы на газавай пліце ўсе чатыры фаеркі, Маша ставіць на адну зь іх яшчэ цёплы чайнік, зь нецярплівасьцю пацірае рукі. Чайнік закіпае на дзіва павольна. Дзяўчына перастаўляе яго з аднае фаеркі на другую, грэе накрыўку чайніка рукою і задыхана паўтарае:

- Камуністы... гэта слова, як са сталі... Камуністы... гэта слова, як з агню... Маркс і Энгельс нам імя такое далі... Сто гадоў таму назад упершыню...

Нарэшце, калі верш «Камуністы» быў прачытаны пятым разам, чайнік гучна засіпеў і з крывога носіка ягонага ўдарыў парны струмень.

Ручка чайніка пячэ далонь. Маша нацягвае на далонь рукаво сукенкі і, выляцеўшы на ганак, сутыкаецца зь цёткай Тацянай.

- Машка! Куды ты?! Раджае хто?! - крычыць суседка, хапае Машу за паліто, але тая вырываецца і бяжыць, брынкаючы накрыўкай чайніка, па надворку.

Суседка выпускае з рук сумку.

- Зь Люськай што?! Язык прымарозіла?!

«Які язык?» - думае Маша, перакідваючы з рукі на руку гарачы чайнік, і толькі тады згадвае, як Люська прыклала аднойчы язык да зьмерзлай клямкі і як потым яе ратавалі, паліваючы на клямку гарачай вадою.

... Народу на прыпынку паменела. Дзядзькі, што грызьлі семкі і лаялі Саладуху, некуды зьніклі - пайшлі, відаць, пехатою. Замест іх за Люсьчынай сьпінай мітусяцца хлопцы ў чыгуначнай форме; скачуць на адной назе, штурхаюць адно другога ў плячук і з рогатам бягуць за фуражкамі, калі тыя валяцца з галоў ды коцяцца па ходніку.

Люська зусім скарчанела, нават нос сьсінеў ад холаду.

- Пагрэйся, - выдыхае Маша, і Люсьчыны рукі абхопліваюць гарачы чайнік.

Напорлівы струмень з цурчэньнем ліецца долу. Укленчыўшы на абедзьве нагі, Маша паглядае з-пад ілба на лямцовыя буркі, на бліскучыя жаночыя боты, на зьбітыя мужчынскія чаравікі, якія шчыльным кальцом атачаюць яе з усіх бакоў.

- Што яны там робяць? - пытаецца дзядзька ў лямцовых бурках, і звонкі жаночы голас паведамляе:

- Ня бачыце - дзеўкі грошы знайшлі. Згубіў нейкі п'янюга.

- Зусім ужо звар'яцела. У кожным нармальным чалавеку п'янюгу бачыш, - адзываецца сіплы мужчынскі голас, і кабета, счакаўшы хвілю, злавесна сыкае: - Маўчы, алкаш няшчасны!

Вада ліецца на лёд, пальцы сьлізгаюць па гладкай паверхні і неўзабаве натыкаюцца на ражок змакрэлай дзясяткі.

- Мандарынаў купяць, - гукае хтосьці з каўкаскім акцэнтам, а ўладальнік лямцовых буркаў тупае на лёдзе і незадаволена крахтае:

- Ніякіх мандарынаў! Знайшлі на вуліцы - трэба здаць у Фонд міру.

Дзесьці за пераездам натужліва завывае аўтобус, і шчыльнае кола з чувякоў, чаравікоў і аблямаваных скуранымі паскамі буркаў рассыпаецца.

- Едзь! - крычыць Маша сястры, - я пазьней прыеду, - і плюхае на лёд рэшткі гарачай вады.

 

Дома Маша высушыла на прасе мокры чырвонец, потым пабегла да тэлефоннай будкі - дзеду зрабілася блага і цётка Тацяна загадала выклікаць «хуткую», - і ў школу пасьпела толькі на трэці ўрок.

Зазірнуўшы па дарозе ў I «В», дзе вучыцца Люська, дзяўчына ўзьбягае на свой паверх і супыняецца перад прачыненымі дзьвярыма. У клясе стаіць гамана. Надзея Іванаўна - немаладая ўжо, глухаватая на адно вуха настаўніца, гугнявіць штосьці, павярнуўшыся да мапы, і Маша, незаўважаная нікім, апроч сяброўкі Леры, прасьлізвае ў клясу й займае сваё месца за першай партай. Лера тыцкае яе локцем, маўляў - распавядай, дзе была, але Маша адмахваецца і зморана выпроствае ногі.

Нудны голас Надзеі Іванаўны абрываецца, настаўніца акідвае вучняў суворым позіркам, патрабуючы цішыні, але гамана не сьціхае, і Надзея Іванаўна, пачухаўшы пальцам пераносьсе, працягвае:

- ... Але па-сапраўднаму вывучаць нетры пачалі толькі пры Савецкай уладзе...

- Дзе ты была? - шапоча Лера і, не дачакаўшыся адказу, пакрыўджана адварочваецца.

Хвіліну сяброўка сядзіць нерухома, потым дастае з партфэля сшытак бяз вокладкі, адгортвае старонкі, занурваецца ў чытаньне. Сшытак той вядомы ўсёй клясе: Лерка запісвае ў яго розныя «любошчы», - і Лёшка Тозік, які сядзіць за Лерчынай сьпінай, вось ужо другі тыдзень спрабуе тым сшыткам завалодаць. Лёшка і зараз цягне голаў, і Лера, убачыўшы гэта, б'е Тозіка сшыткам па галаве.

- Суседу «хуткую» выклікала, - шапоча Маша, - таму і спазьнілася.

- Каму? Таму дзеду? - перапытвае сяброўка і, азірнуўшыся, стоена дадае: - Такую рэч перапісала!

- Дасталі сшыткі! Усе дасталі сшыткі! - гукае настаўніца, але ніхто нічога не дастае, і толькі Лерка, яшчэ раз азірнуўшыся, кладзе перад сабою «любоўны» сшытак.

- Хочаш пачытаць? - пытаецца Лерка, і геаграфічка, падвысіўшы голас, гукае:

- Алехнік! Колькі можна балбатаць?!

Лерка аціхае, утульвае голаў у плечы, уважліва глядзіць на настаўніцу і тая, узяўшы са стала ўказку, ідзе да мапы.

- Запішыце асноўныя каменнавугальныя басэйны, - указка сьлізгае па мапе і спыняецца на Далёкім Усходзе. Маша мружыць вочы, разглядаючы чорны квадрацік у раёне Ўладзівастока, і адно пытаньне не дае спакою: ці варта казаць Лерцы пра знойдзеныя грошы? Маша падсоўвае да сябе «любоўны» сшытак, скоса глядзіць на завушніцы, якія цьмяным золатам бліскаюць у Лерчыных вушах, і ўздыхае. «Што ёй дзясятка... У яе гэтых дзясятак у кожнай кішэні панапіхана», - думае Маша і ўнурвае позірк ў сшытак. На старонцы, упрыгожанай партрэтам нейкага замежнага сьпевака і малюнкам прыгажуні ў сінім купальніку, няроўнымі літарамі напісана: «Каханьне дзесяціклясьніка і сяміклясьніцы».

«Куплю, відаць, торт. Люська даўно прасіла», - мітусяцца ў галаве бязладныя думкі, І Маша, чытаючы аповед, аніяк ня можа дапяць да ягонага сэнсу.

... Нейкі дзесяціклясьнік... убачыў на пляжы сяміклясьніцу, якая выкручвала ў кустах мокры купальнік...

- Ну, як? - пытаецца сяброўка, і ў гэты момант за сьпінамі іхнымі штосьці бабахае, а над галовамі ўздымаецца жоўты дым.

- Тозік! Зноў страляеш?! - голас Надзеі Іванаўны зрываецца на крык, настаўніца сядае ў крэсла і, пасьля паўзы, сьцішана прамаўляе: - Каму не цікава - могуць выйсьці зь клясы.

З клясы, вядома ж, ніхто не ідзе, і Надзея Іванаўна, уздыхнуўшы, падымаецца на ногі.

- Вось тут пачытай, тыцкаецца ў сшытак наманікюраны Лерчын палец, - тут самае цікавае. Далей ужо ня так...

І Маша, зь цяжкасьцю разьбіраючы Лерчыну пісаніну, чытае: «Ён падышоў да сяміклясьніцы, паклаў ёй на грудзі сваю гарачую руку і запалым ад хваляваньня голасам прамовіў...»

- Запасаў вугалю, як сьцьвярджаюць вучоныя, хопіць яшчэ на тры тысячы гадоў, - грыміць над Машыным вухам, і доўгачаканы званок заглушае гэтыя прарочыя словы.

Ля Тозікавай парты адразу ж зьбіраецца натоўп: хлопцы рагочуць, ляпаюць Лёшку па сьпіне.

- Бэрталетава соль ірванула, - не бяз гонару паведамляе Лёшка Тозік, выцягваючы з партфэля абгарэлыя падручнікі.

У паветры пахне нейкай брыдотай, і Маша зь Лерай выходзяць у калідор.

- Ведаеш, аб чым я мару? - пытаецца Лера, страляючы вачыма налева і направа.

- Ну!

Лера хіліцца да Машы, кранаецца вільготнымі вуснамі мочкі вуха:

- Каб мяне пацалаваў дзесяціклясьнік!

Дзяўчыны пырскаюць сьмехам, а пачуўшы воклік кляснай кіраўнічкі, разам азіраюцца. Арына Радзівонаўна, падфарбаваная, апраненая ў прыталены жакет зь зялёнага джэрсі, рашучым крокам ідзе па калідоры. На нагах у кляснай кіраўнічкі імпартныя «лодачкі».

Сяброўкі пераглядваюцца, падміргваюць адна адной, і гэта азначае, што Арына Радзівонаўна прыбралася нездарма. Пра яе дачыненьні з Алегам Кузьмічом - новым выкладчыкам фізкультуры - балбоча ўся школа.

- Што, Тозік зноў нешта выбухнуў? - пытаецца Арына Радзівонаўна, прабіраючыся скрозь вірлівы натоўп.

- Выбухнуў, ківае галавой Лера, - ад дыму не прадыхнуць.

Клясная абурана крывіцца, а зірнуўшы на Машу, ускідвае ўгору падмаляванае брыво.

- А дзе гэта ты сёньня была?

- У яе сусед захварэў. «Хуткую дапамогу» выклікала, - тлумачыць Лера, але Арына Радзівонаўна, азірнуўшыся на бокі, перабівае:

- Лера, я пытаюся ў Машы.

Маша апускае голаў і моўчкі торгае плечукамі, даючы зразумець, што дадаць да сказанага няма чаго.

- Ну, добра... - Арына Радзівонаўна папраўляе прычоску, ізноў глядзіць на бокі, а ўбачыўшы ў канцы калідору Алега Кузьміча, сьвятлее з твару.

- Скажыце, што геамэтрыі ня будзе. Хай усе ідуць у залю, - на хаду прамаўляе Арына Радзівонаўна, і сяброўкі, пасьміхнуўшыся, бягуць у клясу.

 

Школьная заля ўпрыгожаная папяровымі галубамі, сьцягамі саюзных рэспублік і вялізным лёзунгам: «Не дамо ўзарваць сьвет!», які вісіць над сцэнаю.

Ад гэтага лёзунгу Тозіку няма спакою. Лёшку тузаюць за пінжак, тыцкаюць пальцамі пад драбы, з усіх бакоў гукаюць: - Не дамо! - а ён толькі пасьміхаецца ды пакрыўджана лыпае абпаленымі вейкамі. Што зробіш - даводзіцца трываць жарцікі, пагатоў Арына Радзівонаўна ўважліва сочыць за кожным ягоным рухам.

Мінулым месяцам Лёшка праз тыя выбухі траха не разьвітаўся са школай. Даведаліся настаўнікі, што гэта ён, Лёшка Тозік, з габінэту хіміі рэактывы сьпёр і ў бэтонамяшалку самаробную «бомбу» ўкінуў. Бэтонамяшалка якраз на школьным двары стаяла - рабочыя спартзалю рамантавалі. Ну і выбухнула тая «бомба»: шыбы ва ўсім навакольлі здрыгануліся, а брыгадзірка маляроў зь перапуду ў начоўкі з рошчынай упала і доўга там плюхалася.

Лёшка сядзіць на трэцім радзе, акурат перад Машай, захінаючы нямытымі кудламі сівога вэтэрана, які стаіць ля моўніцы і ганіць па пісаным падкопы вашынгтонскай адміністрацыі. Лера тым часам не знаходзіць сабе месца: у клясе Тозік за ейнай сьпінаю сядзіць, пальцам між лапатак тыцкае, а тут яны месцамі памяняліся, трэба ж зь Лёшкам паквітацца! Пракудліва азірнуўшыся, Лёрка кладзе на Лёшкаву сьпіну аркуш паперы з надпісам «тэрарыст», спрабуе прымацаваць аркушык іголкаю, і Лёшка, рэзка павярнуўшыся, хапае пракуду за руку. Лерка войкае, вэтэран перапыняе прамову, а Арына Радзівонаўна злавесна сыкае:

- Тозік! Зараз жа ідзі сюды!

Клясная тузае Лёшку за плячук, садзіць поруч з сабой, а вэтэран, кашлянуўшы, падвышае голас:

- Няўжо заходнія маньякі не разумеюць, што сваімі агрэсіўнымі плянамі яны ставяць на карту жыцьці мільёнаў людзей?..

Лёшкавы сябры, абураныя такімі падзеямі, рыпаюць крэсламі, аб нечым шэпчацца, а пашаптаўшыся, разам аціхаюць.

- Мы, савецкія людзі, цалкам падтрымліваем і адабраем курс нашай партыі на ўмацаваньне абароназдольнасьці краіны, - прамаўляе вэтэран, і здушаны Лерчын вокліч прымушае прамоўцу ізноў перарвацца і прыўзьняць акуляры.

- Алехнік, што там у цябе? - гукае Арына Радзівонаўна ўжо зусім пераселым голасам, і Лера, паціраючы азадак, плаксіва выдыхае:

- Колюцца... дурні гэтыя.

- Ну што, абрыдла слухаць? - пытаецца вэтэран, на што заля адказвае дружным «Не-а!», а Лерка, глытаючы сьлёзы, гугнявіць: - Зараз... Рыжая ўскочыць.

У залі аціхае водгульле, і выдатніца Людка Беглік, ускочыўшы з крэсла і страсянуўшы капою рудых валасоў, завучана прамаўляе:

- Іван Пятровіч, раскажыце, калі ласка, пра які-небудзь баявы эпізод.

Зірнуўшы на столь, Іван Пятровіч апавядае вучням пра начны бой у раёне Касторнай, у якім ён зьнішчыў трыццаць гітлераўцаў, і Лера з Машай, пераглянуўшыся, захоплена б'юць у ладкі. Мінулым разам, згадваючы той эпізод, Іван Пятровіч казаў пра дваццаць зьнішчаных немцаў: страты ворага растуць, і гэта ня можа ня радаваць.

На сцэну ўзьнімаюцца першаклясьніца зь першаклясьнікам. Дзяўчынка ўручае вэтэрану кветкі, хлапчына - тоўстую кнігу, і ўсьлед за імі на сцэну ідуць удзельнікі літмантажу. Хвіліну ўдзельнікі бегаюць па сцэне: сьцягваюць долу моўніцу, расстаўляюць крэслы; нарэшце, дзяўчаты, дапамагаючы адна адной, узлазяць на крэслы, а хлопцы становяцца паўколам.

- Каб ня грымнуцца, - заўважае Лерка, якой выпала крэсла хісткае і рассохлае. Лерка хітаецца, махае рукамі, а канчаткова згубіўшы раўнавагу, хапаецца за першае, што трапляе пад руку: за Лёшкавы кудлы.

- Адчапіся, падла! - рыкае Тозік, і ў гэты момант з-за кулісаў далятае пагрозьлівы вокліч Арыны Радзівонаўны:

- Алехнік! Стань роўна!

Літмантаж, як заўсёды, пачынае Людка Беглік. Выдатніца пранізьлівым голасам чытае «Рэквіем» Раждзественскага, потым свой уласны верш, потым яшчэ нейкую нісянеціну і, пасьля словаў: «Утверждать на земле коммунизм!», якія Людка дэклямуе з асаблівым натхненьнем, усе сьпяваюць «Марш коммунистических бригад».

- Бу-дет лю-дям сча-астье, сча-стье на ве-ка-а... - цягнуць Маша зь Лераю, кідаючы позіркі то на рухавы Людчын нос, то на Арыну Радзівонаўну, якая дырыгуе хорам з-за кулісаў. Людчын нос торгаецца ў такт песьні, і сяброўкі з тае праявы душацца ад сьмеху. Пасьля трэцяга куплету сьпяваць ужо няма сілы і Лерка, каб зусім не разрагатацца, прыкусвае зубамі палец.

І вось марш прасьпяваны, нехта з хлопцаў чхае, і заля зноў скаланаецца ад суворага голасу выдатніцы:

- Они сегодня думают о том, чтобы людей побольше уничтожить...

- А мы... за домом... строим новый дом... и те дома... хотим ещё умножить! - гукае Маша, а яе сяброўка, глынуўшы паветра, голасам ня менш суворым, чым у выдатніцы, падхоплівае:

- Они готовят новую войну, и бомбой атомной грозят народам... - Лерцы карціць выдаць усю фразу; словы ўжо гатовыя сарвацца зь языка, але яна свойчас спыняецца і штурхае Лёшку Тозіка.

- Тозік, чуеш, твае чарга! - шапоча з-за кулісаў Арына Радзівонаўна.

- А мы... растём... - падказвае Лерка, але Лёшка маўчыць, сапе ў дзьве дзіркі ды тупа пазірае на падлогу.

Заля аціхае. Першаклясьнікі паўскаквалі зь месцаў, умольна глядзяць на сцэну, удзельнікі літмантажу разам анямелі, нават убелены сівізной вэтэран падняўся на ногі і з хваляваньнем перакідвае з рукі на руку падораную вучнямі кнігу, але Лёшка маўчыць, і Арына Радзівонаўна, знэрваваная такім маўчаньнем, з роспаччу ў голасе выкрыквае:

- А мы... растём спокойно в вышину, под нашим мирным, светлым небосводом!

Выгукнуўшы гэта, клясная пераводзіць дых і ледзь чутна дадае:

- Звар'яцець можна!

 

Пасьля задухі, што панавала ў школьнай залі, паветра здаецца салодкім, і ад тае слодычы сэрца робіцца бязважкім, і зьлёгку кружыцца галава. Ад ранішняга лядку няма і сьледу - пад нагамі хлюпае слата, імжа казыча шчокі, а ў засені згалелых таполяў пахне вільгацьцю і прэлым лісьцем.

Сёстры спыняюцца пад дрэвам, з насалодаю ўдыхаюць паветра.

- А што такое «фонд міру»? - пытаецца Люська, засяроджана калупнуўшы ў носе.

- Палец зломіш, - абзываецца Маша і чухае за вухам, разважаючы - дзе гэта Люська пачула такое, а згадаўшы дзядзьку ў лямцовых бурках, з усьмешкай прамаўляе:

- Разумееш, у капіталістычных краінах ёсьць людзі, якім няма чаго есьці, - Маша цытуе па памяці словы Арыны Радзівонаўны пра дапамогу амэрыканскім абяздоленым, але Люська перабівае:

- А чаму ж яны дзеду Базылю не дапамагаюць?

- Дзед жа не ў Нью-Ёрку жыве, - ужо без ранейшай усьмешкі кажа Маша, прыкусвае губу і, махнуўшы рукой, шыбуе па ходніку.

 

... Учора ўвечары ізноў давялося пісаць лісты. У міністэрства шляхоў зносін і ў абкам прафсаюзаў. Дзед Базыль ужо і асадку трымаць ня можа - вось і даводзіцца ёй, Машы, да незнаёмых дзядзькоў ды цётак зьвяртацца, каб яны дзеду Базылю даваенны стаж залічылі ды пэнсію дабавілі. Дзед жа яшчэ да вайны памочнікам машыніста працаваў - спачатку вадзіў таварнякі, а перад вайной яго, маладога стаханаўца, на пасажырскі пасадзілі. Якраз тады Ленінград-Марыюпаль па новай дарозе пусьцілі. Дзед Базыль ня першы год лісты піша, просячы пэнсію дабавіць, але дзядзькі-цёткі выпіску з працоўнай кніжкі патрабуюць, ці сьведкаў якіх, зь якімі разам паравоз вадзіў. Але дзе іх возьмеш? Працоўная кніжка, разам з астатнімі дакумэнтамі, у сорак першым годзе згарэла, сьведкаў на вайне пазабівала, ды і сама чыгунка - Полацак - Пскоў, - па якой ён цягнікі вадзіў, толькі на старых мапах засталася; немцы з партызанамі яе так разьдзяўблі, што потым і аднаўляць не ўзяліся.

Дзеда наагул цікава паслухаць. Шмат чаго пабачыў. Асабліва цікава пра вайну распавядае. Пра тое, як немец у першы ж дзень дваццаты разьезд разбамбіў, і яны зь цягніком пад Ідрыцай захрасьлі. Двое содняў потым на дрызіне ехалі - ён з машыністам, ды два камандзіры з валізамі. Дзеда, як толькі да дому дабраўся, у Вязьму адправілі, у распараджэньне камандаваньня. Паехалі яны з Іванам Пятровічам - гэта з машыністам, значыцца, - у Вязьму, а даехалі толькі да Смаленска. Нямецкія самалёты на эшалён наляцелі. Цэлую гадзіну бомбы кідалі ды з кулямётаў стралялі. Там жа машыніста і забіла. Беглі яны да лесу, ад бамбёжкі ратуючыся, - Іван Пятровіч стары ўжо быў, зь сіл выбіўся. Убачыў пад нагамі вядро, паваліўся і галаву ў тое вядро ўціснуў: схаваўся нібыта. Так яго, ляжачага, кулі і прашылі. Дзед яго сам і пахаваў. Тычку ў грудок уваткнуў ды фуражку чыгуначную павесіў - каб знак застаўся.

Пра ўсё гэта Маша ў лісьце і напісала. Хто ведае, можа і расчуляцца тыя дзядзькі ды цёткі й дабавяць дзеду пэнсію. А то ж на семдзесят рублёў ня надта разжывесься.

Скрозь вулічны шум прарываецца зычны Люсьчын голас:

- Маша, купі...

Люська стаіць на супрацьлеглым баку вуліцы, паказвае рукою на ятку з марозівам. Машы й самой маніцца паласавацца марозівам, але ласавацца на вуліцы не выпадае: у Люські пашыраныя завалкі - ураз захварэе.

- Пайшлі ў гастраном. Марозіва ў кавярні возьмем... з сочывам! - крычыць яна сястры і, зірнуўшы на бокі, перабягае вуліцу.

 

У гастраноме цёмна ад народу. Даюць жывую рыбу. Сёстры прыўзьнімаюцца на дыбачкі, глядзяць паўзьверх людзкіх галоў, а пачуўшы воклік: - Болей не займайце! - ідуць у кандытарскі аддзел.

- Ну што, вунь той возьмем? - пытаецца Маша, ківаючы на квадратны пяцірублёвы торт, але Люська зачаравана глядзіць на круглы, васьмірублёвы, з надпісам «С днём рождения!» і вялізнай крэмавай ружай пасярэдзіне.

Восем рублёў за торт - гэта, вядома ж, задорага. А яшчэ зьбіраліся шкарпэткі купіць і шпільку для валасоў.

- Давай гэты, - выдыхае Люська, - ніколі такога ня елі. І маму зь днём нараджэньня павіншуем.

- Зь якім яшчэ днём нараджэньня? У яе ўжо быў, - мармыча Маша і пунсавее з твару. «І сапраўды. Чаго скупендзіцца. Хоць раз маму павіншуем па-сапраўднаму, а то дорым увесь час нейкую лухту», - і з гэтаю думкаю яна лезе ў кішэнь па грошы.

Прадаўшчыца, дзябёлая цётка ў брудным халаце, нешта жуе, глядзіць на Машу, запытальна торгае галавой.

- Нам вось гэты, за восем рублёў, - лапоча Маша, і прадаўшчыца, павярнуўшыся ў бок адчыненых дзьвярэй, гукае:

- Пятроўна! Ты торт браць будзеш?

- Не-э! - даносіцца аднекуль з крамных лёхаў, і цётка, падхапіўшы торт, спрытна пакуе яго ў кардонку.

Дахаты ідуць прыцемкам, пацепваючыся ад золкага ветру. Люська зусім адубела; кашляе, сморкаецца, і халодная кропля вісіць пад носам.

«Дарма столькі марозіва дала. Чаго добрага - захварэе», - бядуе Маша і на хаду выцірае мокрую Люсьчыну кірпаўку.

Ля дрывотні, нябачныя ў цемры цётка Тацяна і яшчэ нейкая кабета, грукаюць дровамі, суцішна перамаўляюцца.

- Спачатку ж у чыгуначную павезьлі, а потым, як агледзеліся, дык у абласную, - выдыхае цётка ўпалым голасам. - Дарма толькі мучылі чалавека.

- Гэтыя ўрачы... ні чорта ня знаюць... - уключаецца ў размову кабета, і голас ейны заглушае гуд маняўровага цеплавоза.

Дзьверы дзедавай кватэры адчыненыя, і сноп сьвятла, што цэдзіцца зь дзьвярэй, асьвятляе разьлеглую лужу пад ганкам. Маша ступае на ганак, зазірае ў прысенак, расшпільвае, а потым зноў зашпільвае гузікі паліто.

У пакоі гуляе вецер. Гойдаюцца фіранкі на вокнах, калыхаюцца канцы абруса на стале і нават рукаво старога шыняля, што вісіць ля ўваходу, зьлёгку варушыцца ад проймы. Пад нагамі здрыганаецца падлога і дзесьці непадалёку стамлёна ўздыхае цеплавоз.

- Ну, як там Іванавіч? - крычаць зь цеплавоза, і цётка Тацяна, грукнуўшы паленьнем, плаксіва прамаўляе:

- Памёр Іванавіч.

Маша глядзіць на акуратна прыбраную пасьцель, на расьціснутага прусака пад нагамі і ніяк ня можа дапяць да сэнсу цётчыных словаў.

- Дзядуля, а мы торт прынесьлі, - усхліпвае дзяўчына, уціраючы сьлёзы рукавом дзедавага шыняля, - хацелі цябе пачаставаць.

Зумкаюць шыбы, дрыжыць падлога. Цеплавоз кранаецца зь месца, гудзе на ўсю сваю моц - раз, потым другі, і рэха сіплага гуду зьліваецца з пошумам халоднага ветру знадворку.




Беларуская Палічка: http://knihi.com