epub
 
падключыць
слоўнікі

Вінцэсь Мудроў

Гісторыя аднаго злачынства

Бляшаны рупар на даху аўтастанцыі засіпеў, засьвістаў на высокай ноце, і ў мэталёвых нетрах ягоных нарадзіўся дзявочы голас:

- Валерка, адчапіся!

Праз вузенькае вакно можна было назіраць, як маладая дыспэтчарка замахнулася на Валерку мікрафонам і хлопец, прыхапіўшы пад пахі шыльду з надпісам «Бычкі», зь вясёлым рогатам выбег на падворак.

- Аўтобус на Бычкі зь білетамі на 17-40 адправіцца з другой пляцоўкі. Паўтараем...

Зычны голас сагнаў з рэпрадуктара мух, ўзьняў у паветра чараду галубоў, падняў на ногі бычкоўскіх жанок і бабуль. Жанкі ўскінулі на плечы хатулі з абаранкамі, пабралі за рукі дзяцей і зь непрыхаванаю трывогай паглядзелі ў бок прыстанцыйнага павільёну.

Лапацелі крыламі галубы, плакалі, просячы купіць ім «маножана», дзеці, а ў прыстанцыйным павільёне, вядомым у народзе пад назваю «мардоўня», жыцьцё ішло сваім ладам. Наведнікі «мардоўні» дымілі «Прымаю», гаманілі, уголас мацюкаліся, не зважаючы на абвестку дыспэтчаркі, і толькі надрыўны вокліч: «Каб цябе парвала!» - прымусіў некаторых зь іх схамянуцца і сьпехам дапіць каламутнае, да рыпеньня на зубах збрыжэлае піва. Мужчыны падаліся да выхаду, і самы маладзейшы зь іх, Іван Бянькоў, перад тым як выйсьці з «мардоўні», пранізьліва ікнуў.

- Што, Ваня, душа з Богам размаўляе? - гукнулі з натоўпу, і Ваня ікнуў другім разам, адчайна страсянуўшы плечукамі.

 

Убіўшыся ў аўтобус, Іван заняў месца ля прачыненага вакна, з палёгкаю аддзьмуўся і пільным вокам зірнуў на цётку Авадзіху.

- Во лезуць. І заціснуць, калі хочаш, - казала старая, лезучы па праходзе з двума мяхамі камбікорму.

Авадзіха даводзілася Івану роднаю цёткай: мінулым заездам ён сьцягнуў у сваячкі тры літры самаробнага віна і цяпер хваляваўся, ня ведаючы, што скажа на гэта Авадзіха. Але старая, нічога такога не сказаўшы, плюхнулася поруч, задаволена ўскудлаціла пляменьніку чупрыну, і той, чарговым разам аддзьмуўшыся, зірнуў у вакно.

Каля аўтобуса стаялі тыя, каму не хапіла білетаў. Перад Іванавым носам варушыліся потныя патыліцы, бліскалі на сонцы плехі, матляліся на ветры ражкі капронавых хустак, і над усім гэтым людзкім шматгалоўем лунаў, драпежна разявіўшы ляпу, блакітнавокі сіямскі кот.

- Разарваць можа, - крыкнуў Іван бялявай дзяўчыне, якая трымала ката на ўзьнятых руках, пасьля чаго кот разьюшана сыкнуў, а дзяўчына, праціснуўшыся бліжэй да аўтобуса, кволым голасам пралепятала:

- Калі ласка, перадайце Маркіза маме.

«Якой маме?» - хацеў спытацца Іван, ды ў гэты момант кот сігануў у вакно і, правёўшы хвастом па Іванавым носе, зьнік пад сядзеньнем.

- Во халера! - выгукнуў Іван і нечакана зноў ікнуў, уражаны страшэнным лямантам за сьпінай.

- Ай! Ай! Хто гэта там лезе?! - немым голасам крычала завуч Бычкоўскай васьмігодкі Марковіч. Антаніна Пятроўна пашнарыла рукой пад сядзеньнем, схапіла «сіямца» за шкірку, і кот, пакінуўшы чырвоны пісяг на носе бібліятэкаркі Забаронькі, узьбіўся на голаў нейкаму падпітаму дзядзьку.

- А людцы мае добрыя, а што ж гэта робіцца? - залямантавала старая Авадзіха, калі падпіты дзядзька, ня сьцяміўшы, што да чаго, брыкнуў нагой цётчынага заця, разамлелага мэханізатара Бадунова. Бадуноў не застаўся ў даўгу: заехаў крыўдзіцелю ў лоб, але на гэтым усё і скончылася. Дэбашыраў разьнялі, расьцягнулі ў розныя бакі.

- Паскуда. Увесь нос абдзёр, - усхліпнула за Іванавай сьпінай Ніна Забаронька.

- Духамі прыпячы, - прараіла бібліятэкарцы завуч Марковіч. Крутнуўшы галавой, Антаніна Пятроўна керханула і голасам рэвалюцыйнай камісаршы запыталася:

- Таварышы, чый гэта кот?

Завішчэла сьвінчо ў торбе, Ніна Забаронька шморгнула носам, а дзябёлая кабета, што выцірала абрыўкамі «Ленінградзкай праўды» запыленае сядзеньне, коратка прамовіла:

- Мой!

- Кацька... Зь Ленінграду... - прашаптала за Іванавай сьпінай Ніна Забаронька. - Летась з мужыком разьвялася.

Іван наструніў слых, мерачыся пачуць яшчэ тое-сёе, але ў гэты момант загуў матор і аўтобус паехаў.

- А далібог, пашалелі гэтыя курортнікі. З катамі ў аўтобус лезуць, - гукнула Авадзіха і словы гэтыя былі апошнія, якія пачуў Іван. Празь імгненьне ён ужо спаў, паклаўшы голаў на нікеляванае біла сядзеньня.

 

За чыгуначным пераездам аўтобус зварочвае з шашы, нейкі час едзе па асфальце, а даехаўшы да пахілага шчыта з надпісам «Калгас «Шлях камунізму», страсянаецца на выбоінах усімі сваімі бляхамі і жалезкамі. Іван стукаецца лобам у нікеляванае біла, асавела паводзіць вачыма і неўзабаве зноў засынае, тулячыся вухам да цётчынага плечука.

- Во як у чужыць людзях. І галава не трымаецца, - мармыча Авадзіха і, каб пляменьніку ямчэй было спаць, хіліць плячук долу.

 

Ваня Бянькоў нарадзіўся на станцыі Назарбай Цалінаградзкай вобласьці. Увесну пяцьдзесят чацьвертага маці ягоная, Ларыса Пятроўна, пазычыўшы сто рублёў у суседкі, набыла фанэрную валізу і ад'ехала на асваеньне цаліннай і абложнай зямлі.

На цаліне Ларыса Бянькова спачатку завашывела, потым зацяжарала і ў лютым наступнага году, на восьмым месяцы цяжарнасьці, падалася дадому, зь вялікай цяжкасьцю ўбіўшыся ў таварна-пасажырскі цягнік.

Дзесьці пад Акмолінскам Ларысе стала блага, яе зьнялі зь цягніка, занесьлі на станцыю, і там, у дзяжурным пакоі чыгуначнай станцыі Назарбай, Іван і зьявіўся на сьвет, прывітаўшы залівістым енкам бяскрайні цалінны абшар.

Бацьку свайго Іван бачыў толькі на фотаздымку - маленькім, пацьмянелым ад часу здымку, які і дагэтуль вісіць над матчыным ложкам і на якім калі і можна што ўгледзець, дык гэта тое, што бацька быў вусатым.

Маці наагул любіла вусатых мужыкоў. Вунь і дзядзька Коля, кватарант іхны, таксама вусы насіў. Добры быў дзядзька. Дзьве зімы ў іх кватараваў, аж пакуль маці яго ня выгнала. Даведалася, што кватарант жонку з двума сынамі кінуў і ад алімэнтаў хаваўся. Зьехаў дзядзька Коля, нават валізу не прыхапіўшы. А ў валізе «Памятка дэсантніку» ляжала. Маленькая такая кніжачка. На вокладцы нумар напісаны і грыф адпаведны: «За пределы части не выносить!» Памятку тую Іван прачытаў разоў мо дваццаць і так захварэў на парашутызм, што з хаты ўсе прасьціны павыносіў. Парашуты зь іх майстраваў: да ражкоў аборкі прывязваў ды скакаў з суседзкай пуні. Вышыня было, вядома, непаважная... нейкіх пару мэтраў. Але аднаго разу давялося Івану зьдзейсьніць скачок, перад якім самлеў бы і сапраўдны парашутыст-выпрабавальнік, пагатоў скакаць давялося не з парашутам, а з падзертым парасонам. Пад'юдзілі яго на гэта ленінградзкія хлопцы, якія ў вёсцы гасьцявалі. Яны і парасон далі...

«Скочыш, - сказалі, - скрыню ліманаду паставім».

А скакаць трэба было зь сіласнай вежы.

... Ад сьмерці Івана ўратавала куча ссохлага гною, што ляжала пад вежаю, - яна і зьмягчыла ўдар. Толькі нагу і зламаў. Хірург пасьля апэрацыі распытваць узяўся. Маўляў, што ды як. Ці самохаць зь вежы сігануў, ці піхнуў хто, а распытаўшы, яшчэ нейкага прывёў. Сівога такога, з круглявым люстэркам на лобе.

- Вось, - кажа, - Аркадзь Барысавіч, цяжкі выпадак. Парашут у хлопца не раскрыўся.

Аркадзь Барысавіч Івану ў вочы глядзеў, штосьці па-замежнаму мармытаў, а нахіліўшыся да Іванавага вуха, запытаўся:

- Прыпадкі былі?

Прыпадкаў у Івана, дзякаваць Богу, не было, на мэнінгіт ён не хварэў, у пасьцель не мачыўся, але пасьля такіх роспытаў насельнікі палаты сталі глядзець на яго з насьцярогаю і спачуваньнем, а цёткі на мыліцах, што раз-пораз зазіралі ў палату, цокалі языкамі і напаўголасу прамаўлялі:

- Гэта ж трэба... такі малады, а ўжо чокнуўся.

Першыя тры дні ложак Іванаў стаяў усутыч да ложка дзеда Яўхіма, і ад таго суседзтва Іван і папраўдзе быў блізкі да вар'яцтва. Прычынай таму сталася бясконцая кашляніна і хворыя вантробы восемдзесятгадовага гаротніка. Ратуючыся ад апраметных зыкаў і пахаў, Іван клаў на твар падушку, з галавою ўкручваўся ў коўдру, а ўкруціўшыся, цэлымі гадзінамі пакутваў ад недахопу кіслароду.

На трэція содні дзед Яўхім памёр, і суседні ложак заняў хлопец з пашкоджаным хрыбетнікам. Сусед быў гадоў на пяць старэйшы за Івана і меў надзіва ладную постаць. Атлетычныя цягліцы ягоныя прыкметна пукаціліся пад цяльняшкаю, і гэтыя цяльняшка, а таксама наколка катвігі на левай руцы, наводзілі на думку, што сусед быў зьвязаны з морам.

Паклалі суседа на голыя дошкі, загадалі ляжаць незварушна, але хлопец, пакруціўшыся пару гадзін, зьбег з палаты праз адчыненае вакно і вярнуўся толькі апоўначы.

... Тае начы Івану ня спалася. Ды і як было заснуць, калі ў больнічным садзе сьпяваў салавей, калі пад вокнамі палаты буяла чаромха, а на суседнім ложку ляжаў, пакутуючы на бяссоньне, гэткі ж начны летуценьнік. Яны разгаварыліся, і сусед, які назваўся Станіславам, з горыччу ў голасе паведаміў, што мапэд «Верхавіна» зусім ня слухаецца на спусках і што трэскі ад паркану, у які ён урэзаўся, разьляцеліся па ўсёй вуліцы. Распавёўшы Івану сваю невясёлую гісторыю, сусед абклаў мацюгамі пазванковыя дыскі, якія гэтак недарэчы зрушыліся ў ягонай хрыбціне, і запытаўся:

- А ты што, зь вежы зваліўся?

Крыўднае гэта было пытаньне. У Івана нават шчокі зачырванеліся. Што ж ён, сапраўды, мяшок які, каб зь вежы падаць? Так і сказаў Станіславу, а яшчэ сказаў, што наступным разам парасон алюмініевым дротам змацуе і што... Хацеў і яшчэ нешта сказаць, ды тут Адстаўнік прачнуўся. Зьвяглівы такі дзядзька, у куце ля самых дзьвярэй ляжаў. Ну і, вядома, заенчыў: спаць яму, хвораму чалавеку, не даюць. Але затое наступным днём пагаманілі яны з суседам як мае быць. Гаманіў, праўда, адзін Станіслаў; Іван больш слухаў, а тое-сёе нават занатоўваў. Занатаваў, прыкладам, пару эстонскіх мацюкоў, запісаў рускімі літарамі эстонскі выраз «Куст сааб оста віна?» («Дзе тут можна ўзяць віна?»), а таксама з асаблівай руплівасьцю перамаляваў са Станіслававага нататніка ў свой сэрыю мудрагелістых «камасутраўскіх» паставаў. Слухаючы «караля мараходкі», Іван міжволі сьціскаў кулакі, раз-пораз заплюшчваў вочы, і яму здавалася, што гэта не Станіслаў, а ён, курсант Бянькоў, б'ецца на танцах у клюбе маракоў, што гэта ён раздае аплявухі салагам і гэта на ягоных, Іванавых, грудзях засынаюць зьняможаныя талінскія прыгажуні.

Пасьля Станіслававых аповедаў Іван доўга ня мог заснуць, і адно пытаньне вярэдзіла душу: ці бяруць у мараходку двоечнікаў? Не запытаўся ён пра гэта і наступным ранкам, бо наступным ранкам была нядзеля і Станіслаў адразу пасьля сьняданку некуды зьнік, а калі вярнуўся, дык у палаце ўжо спалі, і толькі бяссонны Адстаўнік, ды ён, Іван, бачылі, як «кароль мараходкі» лез у адчыненае вакно і вокраччу дабіраўся да ложка. А ў панядзелак у палату ўвайшоў галоўурач і загадаў Станіславу зьбіраць рэчы.

- Учора ў чарзе па віно разам стаялі, - патлумачыў «кароль мараходкі», калі за ўрачом зачыніліся дзьверы, і, накінуўшы на плечы марскі бушлат, які прыхоўваў у тумбачцы, працягнуў Івану шырокую пяцярню.

- Трымай краба, дэсантнік, - прамовіў Станіслаў зь ледзь прыкметнай усьмешкай, якая яшчэ раз пераканала Івана, што дэсантура - занятак непаважны, і што толькі надзеўшы марскі бушлат, можна адчуць сябе сапраўдным чалавекам.

Праз два месяцы, апошнім днём жніўня, Ваня Бянькоў шкандыбаў па пыльнай бычкоўскай вуліцы, і ўся вясковая дзятва бегла за ім ад самага аўтобусу. Ваня прыпадаў на левую нагу, але пры гэтым ня траціў годнасьці і штохвілі адмахваўся ад матчыных спробаў падтрымаць яго за рукаво.

- Ну чаго ты адмахваешся, - пакрыўджана ўздыхала Ларыса Пятроўна, выцірала няпрошаную сьлязіну і, усхапіўшыся, дадавала: - Можа хоць цяпер за розум возьмесься?

Пераступіўшы парог роднае хаты, Іван выпіў паўлітры адтопленага малака, узяў з паліцы сшытак, сеў пры стале і запісаў у яго прозьвішчы дзевяці падшыванцаў, што гаманкой чарадою тоўпіліся ў прысенку. Такім чынам у Бычках быў створаны Клюб юных маракоў (скарочана КЮМ), і першай акцыяй клюбу была пабудова плыта на Церахоўскай сажалцы.

Два дні на сажалцы - балазе месьцілася яна непадалёку ад школы - бухалі малаткі, зумкалі пілы, і бычкоўскім настаўніцам даводзілася пасьля кожнай перамены выбягаць на двор і заганяць сваіх вучняў у клясы. А пазьней, гэта ўжо як здарылася непапраўнае і плыт перакуліўся на сярэдзіне вадаёму, давялося настаўніцам і ў ваду лезьці, ратуючы жыцьцё першаклясьніка Бадунова.

Пасьля таго выпадку бацька пацярпелага, мэханізатар Бадуноў, пад'ехаў да сажалкі на трактары, на плыт вядро саляры выліў і, паабяцаўшы адлупцаваць сына, як той ачуняе, чыркнуў запалкай. Прыгожае было відовішча: сінія прыцемкі, цёмная вада - і полымя сярод вады шугала. Іван, праўда, усяго гэтага ня бачыў: стаяў у настаўніцкай, натацыі слухаў, сучкі на падлозе разглядаў ды носам шморгаў. І маці за сьпінаю стаяла, таксама носам шморгала ды сына па патыліцы біла.

Івана потым штомесяц на настаўніцкія прачуханкі выклікалі. Ушчувалі ды дзіцячай калёніяй пужалі, а аднойчы, калі ён на школьным двары самаробную «бомбу» рвануў, і вушы накруцілі. Але затое пасьведчаньне за васьмігодку выдалі зь вялікай радасьцю. Іван нават іспытаў не здаваў. Завуч Марковіч, праўда, абуралася, патрабавала Івана на другі год пакінуць. Ды настаўніцы адно рукамі замахалі. Гэтак ім Ванька Бянькоў надакучыў.

Першыя дні маці кожнага вечару пасьведчаньне з шуфляды даставала, шэптам перачытвала, а прачытаўшы, прамаўляла:

- Можа, у рамеснае якое ўваб'ецца?

Ведала Ларыса Пятроўна, што сын яе пра нейкую мараходку трызьніць, вось і хацела выпытаць, як там, ды што, ды дзе тая мараходка знаходзіцца. Але сын маўчаў і толькі, як тая маці атэстат, штовечару з кішэні нататнік даставаў і на старонцы зь літарай «М» адрас талінскай мараходкі перачытваў. А аднойчы, акурат пад вечар, пачуў Іван, як штосьці загуло знадворку. І надта ж гэты гул яго ўсхваляваў. Надзеў ён зрэбныя штаны, прыхапіў у кішэню скібу хлеба з маслам і на вуліцу падаўся.

- Вярніся! - крыкнула маці праз фортку. - Куды ты супроць ночы пасунуў?

Але Іван матчыных слоў і не пачуў нават, бо іншымі зыкамі поўніліся ягоныя вушы, і пошум сушылкі, які далятаў з супрацьлеглага канца вёскі, здаўся яму пошумам марскога прыбою.

Цэлы месяц адрабіў Іван на зернесушылцы: разгружаў машыны са збожжам, падкідваў збожжа да шнэкаў, а таксама пілаваў з напарнікам дровы для сушыльнай печы. Працаваў звычайна ўночы, а ўдзень адсыпаўся. Даводзілася, праўда, і ўдзень працаваць, па дзьве зьмены запар. Гэта ўжо як зьменшчык на працу не выходзіў.

Зьменшчыкам у Івана быў Лёшка Мандрык. Лёшкава маці бычкоўскім клюбам загадвала ды квіткі ў кіно прадавала. Лёшка яе часьцяком падмяняў, пускаў Івана ў кіно безь білета. Вось і даводзілася Івану за тое па дзьве зьмены адпрацоўваць.

Лёшка Мандрык, да таго як на сушылку патрапіць, цэлы год у Гомелі на кінамэханіка вучыўся. Ужо зьбіраўся нібыта і «корачкі» атрымліваць, але тут неспадзеўка выйшла. Нехта там на гомельскім вакзале латок абрабаваў, а міліцыя, не разабраўшыся, Лёшку прыблытала. Ну і выгналі з вучэльні. Прынамсі, так пра гэта распавядала Лёшкава маці.

Мандрык і да Гомлі быў хлопцам фанабэрыстым, а ўжо як у горадзе пажыў ды на гарадзкіх танцах пакруціўся, дык і ўвогуле нос у неба ўваткнуў. Нават на сушылку ў белых клёшах заяўляўся. Іван на клёшы (трыццаць сантымэтраў на доле, пояс чорным аксамітам аблямаваны) глядзеў з робленай абыякавасьцю. «Нічога, - думаў ён, краем вока на аксамітны пояс пазіраючы, - уладкуюся ў Таліне, пашыю сабе яшчэ шырэйшыя». І калі Лёшка не бяз гонару ў голасе паведаміў аднойчы, што пашыўка мадняцкіх штаноў трыццаць рублёў каштуе, Іван як бы між іншым зазначыў:

- У мараходцы клёшы дармавыя выдаюць.

Пад час размовы яны якраз дровы пілавалі. Лёшка як пра мараходку пачуў, дык нават з твару зьмяніўся і палец пілою параніў. Пабег дадому палец перабінтоўваць, а вярнуўся толькі пад вечар, з пляшкай «Араматызаванага» ў кішэні. Выпілі яны, закусілі кіслымі яблыкамі і па руках ударылі. Вырашылі разам у мараходку паступаць.

І вось прысьпеў дзень, калі Іван, у калгаснай касе пяцьдзесят рублёў атрымаўшы, прыйшоў дахаты, залез пад ложак і выцягнуў адтуль запыленую валізу - тую, што дзядзька Коля пакінуў.

- У Талін еду. У мараходную вучэльню. Разам зь Лёшкам Мандрыкам, - адказаў Іван на запытальны матчын позірк. І Ларыса Пятроўна, якая ня надта добра ўяўляла, дзе той Талін, але затое добра ведала, хто такі Лёшка Мандрык, з усхліпам прамовіла:

- У Латвію... да літоўцаў... з фулюганам гэтым...

Нездарма ўсхліпвала Ларыса Пятроўна, нядобра пра Лёшку Мандрыка згадваючы. Адчувала матчына сэрца, што ўсё гэта дрэнна скончыцца. Так яно, урэшце рэшт, і сталася. Толькі да Віцебску і даехалі Іван зь Лёшкам. У Віцебску трэба было на рыскі цягнік перасаджвацца, а хадзіў цягнік раз на содні. Цэлую ноч сябрукі на вакзале кантаваліся, мулкія лавы праклінаючы, а на золку прапанаваў Лёшка Івану на вулку выйсьці. Выйшлі яны на вулку, дыхнулі начной прахалоды, Лёшка грошы свае пералічыў і ці-іха так прамовіў:

- Я тут адзін шапік прыгледзеў. Пайшлі, пастаіш на шухеры.

У Івана ад такіх слоў калені затрэсьліся і сэрца ў лядзяк ператварылася, але выгляду не падаў - пасунуўся на кісельных нагах за кампаньёнам, перапужанымі вачыма на Лёшкаву сьпіну пазіраючы.

Кампаньён між тым выйшаў на справу не з пустымі рукамі. Былі ў яго адпаведныя прычандалы: ліпучкі гумовыя, што да шыбаў ліплі, і шкларэз з алмазам. З дапамогай тых прычандалаў Лёшка і ўлез у шапік. Выцягнуў адтуль жмутак пажоўклых газэт, трыццаць капеек грошай і тузін наліўных аўтаручак, пры гэтым шыю парэзаўшы і кашулю ў кроў перапэцкаўшы.

Вылаяліся кампаньёны з такога прыбытку, разапхалі самапіскі па кішэнях і ў пачакальню вярнуліся. Праспалі да раніцы, а раніцою Лёшка на пэрон выйшаў, узяўся асадкі прадаваць - бракавала яму грошай да Таліну даехаць. Тут да яго міліцыя і прыгледзелася. Ды і як было не прыгледзецца: на дварэ сёмая гадзіна раніцы, а па пэроне скрываўлены хлопец ходзіць, самапіскі з рук прадае. Давялося Лёшку ў міліцэйскі пакой прайсьці, а неўзабаве туды і Йвана даставілі.

Цэлы тыдзень ў каталажцы адседзелі. Лёшка на допыце ўсю віну на Івана зваліў, маўляў, гэта ён, Іван Бянькоў, у шапік залез. Толькі дзядзька ў цывільным, які дазнаньне праводзіў, таму веры ня даў. Нагадаў Лёшку ягоныя гомельскія штукі і справу пракурору накіраваў. Увосень Лёшку судзілі, а Івана, як саўдзельніка, міліцыя ў Баранавічы накіравала - на фрэзэроўшчыка вучыцца. І вось цёплым летнім адвячоркам, адвучыўшыся год у ПТВ, Іван Бянькоў ехаў дахаты і ў прадчуваньні блізкай сустрэчы з домам шчасна пасьміхаўся спрасонку.

 

- Ну куды?! Куды... вашу маць! - крыкнуў кіроўца, і Йван канчаткова абудзіўся. Шафёр дадаў рухавіку абаротаў, аўтобус скрануўся зь месца, праехаў мэтраў пяць і зноў супыніўся.

- Што, шэф, баісься, каб скаты не згарэлі? - грымнулі ад задніх дзьвярэй мужчыны, і Авадзіха, гідліва павёўшы носам, прашаптала:

- Апівуды няшчасныя!

Пасажыры адзін за адным пачалі выходзіць з аўтобуса, і Йван, якому таксама карцела выйсьці, з прагнасьцю паглядзеў на прыдарожныя кусты.

- Што, Ванька, выспаўся? - запыталася ў Івана цётка Авадзіха.

- Выспаўся, - азваўся той і глыбока ўздыхнуў.

- Саступіў бы месца дзяўчыне, а то зусім гаротніцу заціснулі, - прамовіла Авадзіха і, счакаўшы, дадала: - П'яніцы гэтыя.

Бялявая дзяўчына, якую Іван бачыў на аўтобусным прыпынку, стаяла ўсутыч да цёткі, трымаючы на сваіх плячах дарэшты ахмялелыя галовы.

- Чуеш, Ванька? - цётчын локаць тыцнуў пляменьніка пад бок.

- Ды чую, чую, - незадаволена буркнуў пляменьнік, пералез цераз мяхі з камбікормам і, разьмінаючыся зь дзяўчынай, дакрануўся носам да яе пахкіх кудзерак.

Ад парфумнага паху ў Івана закружылася галава. Ён замружыўся, увабраў у сябе паветра і нечакана з агідаю вякнуў. Гэта мэханізатар Бадуноў, паклаўшы на Іванаў плячук сваю сівую галаву, дыхнуў у твар густым смуродам часныку, гарэлкі і гаруча-змазачных матэрыялаў. Іван тузануў плечуком, галава мэханізатара хітнулася, папаўзла долу і празь імгненьне знайшла сабе прытулак, заклініўшыся між пульхнатых грудзей калгаснай бухгальтаркі Крыштаповіч.

Аўтобус натужна загуў на пад'ёме. Правёўшы сумным позіркам кілямэтровы слуп, які павольна праплыў за вакном, Іван яшчэ больш скурчыўся, і абражаны нюх ягоны зноў адчуў п'янкі парфумны пах: дзявочыя валасы, бязважкія, нібыта аблачынка, панадна сьвяціліся на сонцы. Адна валасінка нават казытнула яму ў носе, і, каб ня чхнуць у такі нязручны момант, ён адвёў нос убок і зь цікаўнасьцю скасіўся на дзявочыя калені. Дзяўчына, відаць, адчула гэты позірк, бо ў наступнае імгненьне калені дзявочыя стуліліся і таропкія пальчыкі пацягнулі долу паркалёвую сукенку.

- Дапаможаш мяхі несьці, - гукнула, як заўсёды ня ў час, цётка Авадзіха, і Йван пасьля такіх слоў густа пачырванеў. Адсунуўшыся на колькі магчама ад бялявай дзяўчыны, ён пацёр твар далоньню і ўжо без ранейшай апантанасьці стаў глядзець у вакно. Аўтобус зьбягаў з гары, за вакном зацятай чарадой ляцелі кусты і дрэвы, а па шкле паўзла, час ад часу шаруючы лапкамі празрыстыя крылцы, маленькая шэрая мушка. Каб не глядзець на дзявочыя калені, Іван зачапіўся вачыма за мушку, але тая, паблукаўшы па шкле, зьнікла зь відавоку.

Аўтобус між тым пад'яжджаў да гатаўскай павароткі. Гатаўцы, жыхары суседняй з Бычкамі вёскі, паўскоквалі зь месцаў, уголас загаманілі, і над Іванавай галавой праплылі да дзьвярэй ганарысты гусак у кашы і вісклівы парсюк у торбе.

- Маша, выходзім! - прагучала сярод людзкой гаманы, і па тым, зь якой заклапочанасьцю бялявая дзяўчына страсянула кудзеркамі, Іван зразумеў, што паклікалі яе. Гатаўскія цёткі, узьняўшы над галовамі хатулі і пакункі, рушылі да выхаду. Прапусьціўшы наперад дзяўчыну, Іван выхапіў з-пад ног сваю пашарпаную валізу, выпрастаўся на поўны рост, і цётка схапіла яго за руку.

- Ванька, куды ты? Дапаможаш мяхі несьці! - рэкнула Авадзіха, ды нябож высьлізнуў зь цётчыных шчымётаў, налёг на сьпіну бухгальтаркі Крыштаповіч, і тая пацягнула яго па салёне, кленучы цісканіну, п'янюгу Бадунова, які засьлініў ёй выхадную кофту, і ўсё сваё непрыгляднае ўдовінае жыцьцё.

 

Уздоўж бальшака шчытнай сьцяною стаяў перасохлы алешнік. Ён суха трашчаў пад нагамі, шамрэў каляным лісьцем, а патрапіўшы за каршэнь, непрыемна казытаў узмакрэлую шыю. Адсюль, з пагорку, зарасьнікі ссохлай вольхі здаваліся адным бязьмежным морам, сярод якога пукатымі выспамі паўставалі чорныя плямы выжарын.

Калісьці тут, на гэтым пагорку, стаяла вёска Гатава. Яшчэ й дасюль можна было ўбачыць сярод дзікатраўя ланцугі заімшэлых валуноў і аскепкі зьзелянелай цэглы. Вёску немцы спалілі за два тыдні да падыходу Чырвонай Арміі. Ужо і савецкія самалёты над галовамі лёталі, і кананада чуваць была, ды не ўратаваліся гатаўцы. Партызаны з брыгады «Няўмольныя» ля пераезду дывэрсію ўчынілі: пусьцілі пад адхон дрызіну з капою саломы. Немцы пасьля таго і вызьверыліся. Уварваліся ў вёску на матацыклах, людзей у кучу пазганялі, а хаты падпалілі. Добра яшчэ, што хоць не стралялі. Адно патрымалі з паўгадзіны, карабіны на баб наставіўшы, пагергеталі па-свойму дый паехалі ўпрочкі. Не было ў немцаў часу стралянінай займацца.

Адразу па вайне гатаўцы ў зямлянках жылі, якія яшчэ партызаны павыкопвалі. Ладныя былі зямлянкі: сухія, двухнакатныя і, галоўнае, непадалёк ад роднага папялішча. Жанкі на папялішча кожны дзень хадзілі - ежу ў печах гатавалі ды на гародчыках поркаліся. Тамака ж, на месцы партызанскай базы, і адбудоўвацца пачалі. Сёньня ў Гатаве дваццаць пяць гаспадароў засталося. Астатнія разьбегліся па белым сьвеце. Хто ў Ленінград зьехаў, хто на лесапавал завэрбаваўся, а большасьць на цаліну падалася, абложную зямлю асвойваць.

І зарасьлі гатаўскія пагоркі палыном ды алешнікам.

А пару месяцаў таму, перад майскімі сьвятамі, над гэтымі мясьцінамі генэрал Карзо пралятаў. Той самы Карзо, які ў вайну «Няўмольнымі» камандаваў. Генэрала перад тым у Вярхоўны Савет абралі, вось ён і паляцеў на вайсковым вэрталёце сваю акругу агледзець. Пабачыў былы партызан, што зямліца, за якую ён кроў праліваў, пустазельлем пазарастала, і нават мацюкнуўся ад абурэньня. А неўзабаве ў небе над Гатавым самалёт зьявіўся. Кукурузьнік сельгасавіяцыі. Цэлы дзень лётаў ды нейкую халеру сыпаў. Ад той халеры зь яблынь квецень асыпалася, камары ды мухі зьвяліся, а ў бухгальтаркі Крыштаповіч сабака акалеў, дохлымі мышамі аб'еўшыся. Але затое і алешнік ляснуўся. Ссох увесь дарэшты - аніводнага зялёнага лісьціка не засталося.

У гэтыя ссохлыя нетры і занурыўся Іван і добрую хвіліну стаяў там у нерухомасьці, скіраваўшы напорлівы струмок на куст перасохлай брызгліны. Высока ў небе сьпявалі птушкі, выў пад гарою аўтобус, шапацела пад напорлівым струмком сухое лісьце, а душа поўнілася спакоем і развагаю. Але новыя зыкі, што нарадзіліся за сьпінаю, прымусілі схамянуцца і таропка зашпіліць нагавіцы. Там, за сьпінаю, затрашчала ламачча, пачуўся дзявочы голас:

- Куды ты пабег, нягоднік? - і Йван, якому зусім не выпадала сустракацца зь дзяўчынаю ў такім нязручным месцы, сьпехам прыхаваўся за куст.

Дзяўчына бегла, спрытна пераскокваючы праз лаўжы, і, відаць, так і не заўважыла б Івана, калі б сам ён не заварушыўся ў кустах, зьбіваючы з лобу пякучых лясных мурашоў.

- А-а... гэта вы... - пралепятала прыгажуня, згледзеўшы скурчаную Іванаву постаць, сарамліва адвяла вочы, пабегла, чапляючыся караценькай спадніцай за альховыя галіны, а Іван, вылезшы з мурашніку, шчыра пашкадаваў, што ня можа праваліцца скрозь зямлю, ратуючыся ад ганьбы.

Ён выцягнуў з кустоў валізу, страсянуў, спраўджваючы, ці не пабіліся купленыя ў Віцебску чатыры пляшкі віна, і ў той самы міг адчуў, як штосьці цёплае і мяккае кранулася пяткі. Гэта кот Маркіз, наставіўшы хвост дудой, цёрся пысай аб ягоны чаравік, прымусіўшы Івана спачатку пудліва падскочыць, потым аддзьмуцца і, нарэшце, падхапіць ката пад пахі і зь вясёлым адчаем рушыць на дарогу.

Дзіўныя рэчы чыніліся з Іванам. Дагэтуль ён аббягаў дзяўчын за кілямэтар, а тут выйшаў на прасёлак, прычакаў, калі прыгажуня выйдзе з кустоў, і, не зьміргнуўшы вокам, уручыў ёй вуркатлівага ўлюбёнца.

Дзяўчына ўзяла ката, кіўком галавы падзякавала Івану, а хлопец, якому праглася новых подзьвігаў, скіраваў хаду да таўшчэзнай сумкі, што стаяла пры дарозе.

- Ой, што вы... Зараз дзядзька Коля прыедзе... Мама з жанчынамі на вёску пайшла... - пралепятала дзяўчына, але Іван быў няўмольным.

Ён падышоў да сумкі, ухапіўся за ручкі і, адарваўшы сумку ад зямлі, пашкадаваў аб сваім учынку. Сумка, якую ён наважыўся паднесьці, важыла ня меней, як два пуды.

- А вы што... у Гатаве жывяце? - запыталася дзяўчына, калі Іван, хістаючыся і керхаючы, зрабіў колькі крокаў.

Крыўднейшае пытаньне цяжка было і прыдумаць. Іван панурыў вочы, выпусьціў з рук сваю пашарпаную валізу, потым сумку і з рашучасьцю ў голасе выдыхнуў:

- У Баранавічах, Берасьцейскай вобласьці. - Пасьля чаго абабіў нагавіцы і акрыялым голасам дадаў: - Хутка вобласьць да нас перанясуць. Берасьце да мяжы блізка.

Ён хацеў яшчэ сказаць, што ў Баранавічах хутка пусьцяць тралейбус, але дзяўчына войкнула і паказала пальцам на валізу. У паветры запахла сьпіртным, а жоўты пясок пад валізаю набрыняў чырвоным віном.

- Усё з-за мяне, - прамовіла дзяўчына, азірнулася і голас ейны набыў адценьне адчаю: - Зьбег, зьбег, нягоднік.

Іван схамянуўся, кінуўся ў той бок, куды паказала дзяўчына, і доўга гойсаў там у пошуках ката, аж пакуль дзяўчына не паклікала яго радасным воклічам:

- Вярнуўся!

- Ведаеце, ён у мяне ў кватэры жыў, - паведаміла спадарожніца, калі Іван вылез з альховых нетраў, - вераб'ёў толькі праз акно бачыў, а тут... - ня скончыўшы фразы, дзяўчына змоўкла, прыслухалася і, кіўнуўшы ў бок Гатава, прамовіла: - Дзядзька Коля едзе.

Дзесьці на вёсцы ажываў, глуха чхаючы маторам, матацыкл калгаснага брыгадзіра Баркоўскага.

«Абавязкова пра шапік спытае, ці яшчэ пра якую халеру», - падумаў Іван і праз імгненьне, не разьвітаўшыся зь дзяўчынай, ужо бег па кустах, цьвелячы навакольле звонам разьбітай бутэлькі.

 

Вось яна, хатняя ежа. Дзьве талеркі гарачай капусты агораў, а ўдосыць не наеўся. Адкінуўшыся на прыслон кухоннага крэсла, Іван выцер далоньню тлустыя вусны, зірнуў у столь.

- Гэта ж трэба. І трусы, і майку запляміў. Паскудствам гэтам. І з парашком не адмыеш, - стоячы ля печы, маці выцягвала з валізы брудныя сынавы мэтлахі і кідала ў выварку.

- Налі яшчэ, - папрасіў Іван, адчуўшы перамену ў матчыным настроі.

Маці ўзяла талерку, выліла з чыгунка рэшткі капусты.

- Схуднеў як. У западнікаў. Адныя вочы бліскаюць, - выдыхнула маці, усьпіраючы выварку на гарачую чарэнь.

Жыхароў Баранавічаў Ларыса Пятроўна недалюблівала і называла не іначай як «западнікамі». І хаця самой ёй бываць у Заходняй Беларусі, а тым больш у Баранавічах, не даводзілася, пад уплывам аповедаў сваёй сястры Авадзіхі, якая езьдзіла па вайне ў Заходнюю мяняць шынялі на крупы, у яе склалася наконт «западнікаў» пэўная думка.

- Лёшку Мандрыка з турмы выпусьцілі, - прамовіла маці, памешваючы палкай у выварцы. - Па амністыі. Страшны стаў - з нажом ходзіць.

Іван адклаў лыжку, рыпнуў крэслам, засяроджана паглядзеў на ліпучку, што вісела пад стольлю. Ліпучка была чорная ад мух і вагалася ад гарачага паветра, якое струменіла ад печы.

- Ты ж глядзі, зь ім не вадзіся.

- З кім? - не зразумеў Іван.

- «З кім, з кім...» Зь Лёшкам Мандрыкам, з п'янтосам гэтым, - маці так імпэтна крутнула палкай, што на чарэнь пралілася вада і хата напоўнілася злавесным сыканьнем.

- І Мандрычыха не адстае. Кожны дзень п'яная, - маці выцерла рукі, падхапіла зь цьвіка цыратавы хвартух і, мармычучы яшчэ нешта пра Мандрычыху, пайшла даіць карову.

Іван даеў трэцюю талерку і зноў утаропіўся на ліпучку. Вось ужо цэлую гадзіну ён спрабаваў узнавіць у памяці аблічча бялявай дзяўчыны, зь якою ехаў у аўтобусе, але ўяўленьне не спрацоўвала.

- Маша! - прамовіў ён нарэшце, заплюшчыў вочы і замест мілага дзявочага тварыка ўявіў перапэцканую крывёю фізіяномію Лёшкі Мандрыка.

- Эх, Маша, Маша, - ужо з адчаем у голасе прашаптаў Іван, устаў з-за стала і пасунуўся ў прысенак шараваць гуталінам выхадныя «коры».

 

Да пачатку кінасэансу заставаліся лічаныя хвіліны, а глядзельная заля была амаль пустая. Толькі на першых радах тырчэла некалькі хлапечых галоў ды колькі дзяўчынёшак сядзелі ля ўваходу, слухаючы бязглуздыя Мандрычышыны аповеды. Мандрычыха, як заўсёды, была на падпітку. На ёй быў той самы пакамечаны пільчак, на пільчаку вісела тая самая мэдалька, і вярзла яна ўсё тую ж самую нісянеціцу.

- Таварышы! Не паверыце! Такі быльнік! Такі быльнік! Вышэй галавы! - прамаўляла загадчыца клюбу, зьвяртаючыся да дзяўчынёшак. Летась Мандрычысе, як работніку культуры, давялі плян - выбраць тры соткі палеглага льну. Выбрала яна яго ці не - невядома, але пра свае пакуты і пра быльнік, які рос з ільном, яна распавядала кожнаму стрэчнаму.

Адвёўшы вочы ад амбразуры, Іван ускудлаціў непаслухмяную чупрыну, ізноў зірнуў у залю. Апрача яго ў кінабудцы былі яшчэ трое: кінамэханік Лябёдка, які спаў на перамотачным стале, і браты Бадуновы - Пецька і Юрка. Старэйшы, Пецька, наладжваў кінапраектар, а маладзейшы, Юрка, той самы, што некалі ледзь не ўтапіўся ў сажалцы, перамотваў стужку.

- Дзе гэта ён? - запытаўся Іван, мяльком кіўнуўшы на Лябёдку.

- Карпачысе ячмень малацілі. Траян на камбайне, а ён снапы кідаў, - растлумачыў Пецька, запраўляючы стужку ў праектар. - Траян п'яны з камбайну зваліўся...

- І жняярку пагнуў, - уставіў слова Юрка, але брат незадаволена махнуў на яго рукою:

- Круці хутчэй! Яшчэ тры часткі перамотваць!

Юрка налёг на корбу, барабан загуў на высокай ноце, але нечакана гудзеньне абарвалася і стужка зь вясёлым шапаценьнем зазьмяілася па падлозе: гэта кінамэханік Лябёдка закінуў спрасоньня нагу на барабан і абарваў стужку.

- Колькі разоў казаць - адразу спыняй! - крыкнуў Пецька, а Іван, адарваўшыся ад амбразуры, параіў:

- Вы яго стрыножце, каб ня брыкаўся.

Заля між тым напаўнялася людам. Мандрычыха, адной рукой адрываючы ад пачка білеты, а другою трымаючы загаслую папяроску, віталася з кожным і п'янаватым голасам прамаўляла:

- Таварышы! Такі быльнік!

Іван пацёр намуляны аб цагліны лоб, уздыхнуў і з горыччу падумаў: «Ня прыйдзе!» Ён зірнуў на Пецьку Бадунова, і Пецька, па-свойму зразумеўшы такі позірк, завёў кінапраектар.

«Візыт савецкай партыйна-ўрадавай дэлегацыі ў Народную Рэспубліку Баўгарыю», - ударылі ў вочы зыркія тытры, Іван заплюшчыў вочы, а калі зноў расплюшчыў і ўбачыў, як Брэжнеў цалуецца зь нейкім лысым, гідліва скрывіўся і выйшаў з кінабудкі.

Надвор'е было што трэба. Павяваў цёплы ветрык, у гародах натхнёна цвыркалі конікі, а паветра поўнілася духмяным пахам скошанай канюшыны. Надвор'е шаптала: пакінь свае турботы, упадзі ў капу маладой саломы, закінь за голаў рукі і глядзі, глядзі, не адрываючы вачэй, на сьветлую вохру захаду, на зыркую Мілавіцу, на сярпок зялёнага маладзіка, каб праз шмат гадоў згадаць гэты вечар і дрыготкай рукою расьцерці па шчацэ старэчую сьлязіну.

Але Іван ня ўпаў у капу. Ды і куды было падаць, калі адзіная капешка, што стаяла наўзбоч Карпачысінага агароду, была занятая камбайнэрам Траянам. Раскінуўшы рукі, Траян скаланаў навакольле магутным храпам, і навакольныя конікі трашчалі напаўсілы, а то й зусім заміралі, калі камбайнэр чухаў нос і ўсчынаў храпці ўжо на зусім жудлівых абэртонах. «Ну і храпе», - падумаў Іван, пералез цераз тын і, прайшоўшыся па жорсткім іржышчы, выйшаў на гатаўскую дарогу. Ён і сам ня мог уцяміць, што яго прывяло сюды, на гэтую затканую туманом праселіцу, і толькі прыслухаўшыся да біцьця ўласнага сэрца, якое трапятала ў прадчуваньні сустрэчы зь дзяўчынай, зразумеў, што гэта яно, сэрца, не давала нагам спакою.

- Сьпіць з дарогі, - прамовіў ён уголас, згадаўшы, што Люську Халімонаву прывёз на матацыкле Сашка Собалеў, а другая гатаўка, Манька Цыкіна, прыехала ў клюб на вэласыпедзе.

Пасьміхнуўшыся сваім думкам, Іван пастаяў з паўгадзіны, паўздыхаў, прагна ўглядаючыся ў канец дарогі, дый пацёгся назад у клюб, апусьціўшы голаў і з дакорам мармычучы сабе пад нос імя ленінградзкай прыгажуні.

Ён ішоў па Карпачышыным агародзе, калі суладзьдзе вечаровых зыкаў парушыў гучны строкат. Намагаючыся ўгледзець, хто гэта там едзе па прасёлку, Іван узьлез на сьцірту саломы, потым, наступіўшы на соннага Траяна, пабег да камбайну і ўжо адтуль, зь верхавіны сьлізкага ад вечаровай расы бункера, убачыў, як матацыкл скаціўся з гары, як падкаціў да клюбу, і ў кволым сьвятле адзінага на ўсю вёску вулічнага ліхтара, угледзеў знаёмую постаць.

... Пецька Бадуноў устаўляў у кінапраектар чацьвертую частку, калі дарэшты закаханы Іван уляцеў у кінабудку.

- Як назва? - запытаўся ён задыханым голасам, і Пецька, не адрываючы вачэй ад стужкі, адказаў:

- «Анёл у цюбецейцы».

У промні праектара плыў тытунёвы туман, а на экране тузін усходніх кабет бегалі адна за адной пад музыку папулярнай песьні «Ты куда, Одиссей?»

- Таварышы! Пакіньце паліць! - крыкнула зь першых радоў Мандрычыха, і новая порцыя дыму турбулентна замітусілася ў промні.

Адчуваньне таго, што Маша недзе тут, у залі, прыемным сьвербам адбівалася пад сэрцам. Іван пачухаў грудзіну, зірнуў на Юрку, які па-ранейшаму круціў корбу, рашуча падышоў да стала. Рукі Іванавы прагнулі работы. Ён адціснуў Юрку ўбок, паклаў руку на корбу і, пераможна крэкнуўшы, з шалёным натхненьнем стаў перамотваць стужку.

 

З адчыненых дзьвярэй вырываўся на начны прастор голас Валерыя Абадзінскага. Песьня, якую сьпяваў Валеры, называлася «Что-то случилось». Пасярэдзіне залі кружыліся пары: бібліятэкарка Забаронька з настаўніцай Кніповіч ды дзьве малалеткі з Зарэчанскай вуліцы. Астатнія дзяўчаты сядзелі ўздоўж сьцен, зачаравана глядзелі на модныя туфлі настаўніцы і, таемна бліскаючы бялкамі вачэй, аб нечым горача шапталіся. Юрка Бадуноў быў адзіным хлопцам, які сядзеў у залі. Кружэлкі з запісамі Абадзінскага зайгралі настолькі, што сьпявак у двух месцах пачынаў заікацца, і Юрка, седзячы ля радыёлы, мусіў няўлоўным рухам перасоўваць іголку.

Хлопцы гуртаваліся на ганку. Усе яны - ад малога Толіка Манькіна да боўдзілы Ваські Бохана - зацята палілі папяросы, жартам валтузіліся і казелілі вочы на дзевак, што сядзелі з залі. Васька Бохан, двухмэтровы дурыла, які прыйшоў на танцы ў пацёхканым камбінэзоне, стаяў у дзьвярной пройме і не выпускаў дзяўчат з клюбу нават па пільнай патрэбе.

- Нінка, хто гэта табе нос падзер? - крыкнуў Васька Бохан бібліятэкарцы Забароньцы, калі Валеры Абадзінскі чарговым разам заікнуўся.

- Хто трэба, той і падзер, - азвалася бібліятэкарка і, прыкрыўшы нос рукою, пасунулася разам з настаўніцай да выхаду.

- «Ты куда-а, Алексей?» - засьпяваў Васька Бохан, блытаючы Адысея з Аляксеем, паспрабаваў ухапіць Забароньку за кофту, але тая, вырваўшыся, стукнула Бохана кулаком па хрыбціне.

Ад таго кухталя ўнутры ў Ваські штосьці бразнула, з вуснаў выпала папяросіна, і ўсе, хто стаяў на ганку, спалохана паглядзелі на небараку. Той вінавата вылаяўся, падняў з-пад ног недакурак і ў наступнае імгненьне ўжо запіхваў у залю дзьвюх малалетак з Зарэчанскай вуліцы, якія таксама хацелі выйсьці на падворак.

Седзячы на прыступках, Іван паліў папяросу, скоса зазіраў у залю і сьцішаным голасам распавядаў вясковай дзятве зьмест кінафільму «Фантамас супраць Скотлянд-ярду». Пачуўшы бразгат у боханаўскім нутры, ён перарваў аповед, паглядзеў на Бохана, і дзятва зь нецярплівасьцю тузанула яго за рукаво:

- Ну, што далей?

Іван пачухаў патыліцу, згадваючы, што там было далей, але ў гэты момант ля могілак чхнуў матацыкл і ўсе гамузам усхапіліся на ногі. Бледнае сьвятло фары кранулася навакольных дрэваў, высьветліла бібліятэкарку Забароньку, якая, здушана войкнуўшы, зьбегла з дарогі, і неўзабаве да клюбных прыступак падкацілі на прапыленым «Каўроўцы» Юрка Гуль з Лёшкам Мандрыкам.

Юрка зь Лёшкам толькі месяц таму вярнуліся з калёніі і цяпер «абмывалі» свабоду, езьдзячы штовечару ў азярышчанскі рэстаран. У адрозьненьне ад Лёшкі, які рабаваў шапікі, Юрка патрапіў за краты, пабіўшыся на танцах з двума віцебскімі студэнтамі.

Заглушыўшы «Каўровец», Юрка першым зьлез з матацыкла, зьняў з галавы танкісцкі шлем і, выхапіўшы з рота ў Толіка Манькіна папяросу і ўпіхнуўшы ў свой, накіраваўся ў клюб.

- Ну, хто тут сёньня ёсьць? - запытаўся Юрка Гуль, стукаючы кулаком па далоні, а Лёшка Мандрык, які ішоў сьледам, спатыкнуўся на прыступках і паваліўся на ганак.

Лёшку паднялі, абабілі ад пылу нагавіцы.Увайшоўшы ў залю, Лёшка з ікаўкай у голасе запытаў:

- Гэта што там за чувіха?

У залі зноў зайграла музыка. Гэтым разам Юрка Бадуноў завёў «Ладу» - улюбёную песьню Юркі Гуля. Падпяваючы сьпеваку Мулярману, Юрка немым голасам гаркнуў: - Л-лада! - і клюбныя шыбы дробна зазьвінелі ад грукату ягоных чаравікаў.

...Усе, хто стаяў на ганку, даўно ўжо былі ў клюбе, і толькі Іван дагэтуль не рашаўся ўвайсьці, а калі нарэшце ступіў на парог, да вушэй ягоных даляцеў адчайны вокліч ленінградкі:

- Адчапіцеся, вы п'яны!

Музыка абарвалася, пачуўся зычны пляскач, і Маша, зачырванелая і ўсхваляваная, зьявілася ля дзьвярэй. На міг яна спыніла свой пагляд на Іване, пагардліва хмыкнула і ўжо нясьпешным крокам пайшла да матацыкла.

Усё гэта доўжылася імгненьне, Іван не адразу і ўцяміў, што, уласна кажучы, адбылося, добрую хвіліну глядзеў усьлед дзяўчыне, аж пакуль яго не піхнулі ў сьпіну. Штуршок быў ніштаваты, але ён устаяў на нагах, затое той, хто штурхаў, чарговым разам зачапіўся за прыступкі і ляснуўся вобзем. Матацыкл чхнуў, Лёшка Мандрык гучна вылаяўся, а Іван зачаравана паглядзеў у цемру.

- Я кароль зоны... - прамармытаў Лёшка Мандрык, калі матацыкл суціх за паваротам.

«Кароль зоны» падняўся на ногі, лізнуў садраную далонь, а ўбачыўшы перад сабой былога кампаньёна, узрадавана выгукнуў:

- Ваня, кораш!

Лёшкавыя скрываўленыя пальцы ўхапіліся за штрыфель пінжака, прабегліся па Іванавай шчацэ, і Йван, піхнуўшы былога кампаньёна ў грудзіну, са злосьцю вылаяўся.

Такое абыходжаньне засмуціла Мандрыка.

- Ты што, казёл, не пазнаеш? А можа западло лічыш, га? - правая, непараненая рука кампаньёна палезла ў кішэню шырокіх штаноў, а Іван, адчуўшы, што Лёшка палез па нож, прыязным голасам вымавіў:

- Я тут віна прывёз... прынясу зараз...

 

Цьмянае месячнае сьвятло высьвечвала няроўны, напалову сьцёрты надпіс: «Посторонним лицам вход воспрещён!» Надпіс гэты зрабіў некалькі гадоў таму кінамэханік Лябёдка, падкрэсьліваючы тым самым, што заходзіць у кінабудку мелі права толькі абраныя асобы. Асобы тыя цэлымі днямі сядзелі ў кінабудцы, гуляючы ў карты, п'ючы гарэлку, а Юрка Гуль зь бібліятэкаркай Забаронькай там і ночы бавілі, выкарыстоўваючы пры гэтым падзерты матрац, што ляжаў у куце.

Перакінуўшы з рукі на руку сетку з «чарнілам», Іван узяўся за ручку дзьвярэй, пацягнуў на сябе, ды нечакана замёр, прыслухоўваючыся да галасоў за дзьвярыма.

- Чувіха - я маўчу... - прамаўляў Лёшка Мандрык, штохвілі чыркаючы запалкамі.

Памаўчаўшы, Лёшка з глухім прысьвістам выпусьціў дым з роту і, мацюкнуўшыся, працягваў:

- Я да яе падыходжу... кладу руку на калена... а яна не варушыцца...

Пасьля гэтых слоў рыпнула крэсла, і кінамэханік Лябёдка сіпла і недаверліва выдыхнуў:

- Ідзі ты!

- Бля буду... - азваўся Лёшка і зноўку чыркнуў запалкай. - Вяду, значыцца, вышэй і раптам чую - у яе панчохі на падвязках.

- Гы-гы-гы, - гамзата рыкнуў Лябёдка й захоплена запытаўся: - А яна?

- Не варушыцца! - гаркнуў апавядальнік. І Йван, усутыч наблізіўшыся да дзьвярэй, з трывогай падумаў: «Пра каго гэта ён?» Пад нагой рыпнула дошка, ён застыў на месцы, а Лёшка Мандрык, з шумам выпусьціўшы дым, прамовіў:

- Калі ўжо гэты фраер прыйдзе?

Кроў хваляй прыліла да твару. Іван пастаяў хвілю, узважваючы Лёшкавы словы, патупаў дзеля прыліку, нясьмела ўвайшоў у кінабудку.

Пілі ўтрох - Іван, Лёшка і кінамэханік Лябёдка, які тым часам ужо праспаўся і прагнуў пахмяліцца. Чакалі яшчэ Юрку Гуля, ды той не прыйшоў - цягаўся, відаць, недзе зь Нінкай Забаронькай.

Лёшку разьвезла пасьля першай шклянкі - балазе ён ужо быў добра падпіты. Вочы Лёшкавы ашклянелі, зь ніжняй губы зьвісла празрыстая нітка сьліны, а галава пачала сутаргава торгацца ў розныя бакі. Такі несамавіты Лёшкаў выгляд надаў Івану сьмеласьці, і ён, як бы між іншым, запытаўся ў былога кампаньёна, навошта той чапляўся да гарадзкой дзяўчыны. У адказ Лёшка ўзьняў на Івана ашклянелыя вочы, з працяглымі паўзамі выдыхнуў:

- Ты што... мяне... за казла лічыш?

Жылаватая Лёшкава рука балюча сьціснула запясьце, і Івану не заставалася нічога іншага, як схапіцца за пляшку. Булькаценьне віна як быццам ацьвярэзіла кампаньёна. Ён утаропіўся на мутны струмень, яшчэ раз згадаў казла, але гэтым разам без усялякае злосьці, і прагнай рукою пацягнуўся па шклянку.

 

«Кароль зоны» ўжо адпачываў, паклаўшы голаў на край перамотачнага стала, калі ў дзьверы загрукалі і знадворку пачуўся зычны лямант Мандрычыхі:

- Лёша, ты тут?

- Ту-ут ён, - азваўся Лябёдка, дапіў «чарніла» і пад роспачны грукат і лямант знадворку пайшоў адчыняць.

- Гэта ты, паразіціна, яго напаіў? - рэкнула Мандрычыха ў Лябёдкавы твар, а згледзеўшы Івана, зьмяніла тон і злавесна прасіпела: - Прыехаў! Ізноў будзеш Лёшу са сьвету зжываць?! - ускінуўшы на карак абмяклую сынаву руку, Мандрычыха напялася, з вохканьнем пацягнула Лёшку да выхаду, пры гэтым з нагі сынавай зваліўся чаравік, а з кішэні штаноў выпаў, гучна бразнуўшыся аб падлогу, бліскучы ножык.

- З нажом ходзіць, - буркнуў Лябёдка, калі маці з сынам выкуліліся на падворак.

Гаспадар кінабудкі падняў ножык, паклаў на стол, потым, падумаўшы, падхапіў згублены Лёшкам чаравік і, разнасьцежыўшы дзьверы, шпурнуў яго ў цёмнае неба.

 

- Лорка! Твая карова за быком пабегла! - крыкнулі на другім канцы вуліцы, і Йван абудзіўся.

Знадворку зарыпеў калаўрот, у калодзеж з глухім плёскатам палілася вада, а маці, бухнуўшы вядром аб край бэтоннай цымбравіны, голасна запытала:

- Міронаўна, ці ёсьць што ў краме?

- Крупы даюць! Па тры кілё на рукі, - адгукнулася суседка Міронаўна, і Йван салодка пацягнуўся.

Тут, на гары роднай хаты, нават сны сьніліся не такія, як у інтэрнаце. Сьнілася штосьці прыемнае, да болю шчымлівае... Іван напружыў памяць, сьцяў павекі, але згадаць мінулы сон яму так і не давялося: на доле бразнула вядро і пачуўся ўсхваляваны матчын голас:

- Ванька, сьпіш?

Сплю! - адказаў Іван і незадаволена кульнуўся на бок.

- Уставай, вяпрук. У краме крупы даюць... Возьмеш тры кілё. А я пабегла карову пераймаць.

Іван пазяхнуў, споўз з капы сьвежага сена (маці ўсьперла на гару першы ўкос канюшыны), штурхануў паддашкавыя дзьверцы.

«Колькі гэта часу?» - падумаў Іван, прыслухоўваючыся да матчыных крокаў, а згледзеўшы сярод бульбоўніку рухавы хвост ката Барыса, зразумеў, што блізіўся час абеду. Кот Барыс заўсёды прыходзіў дахаты разам з кароваю, каб выпіць сподак малака. Зьлезшы з гарышча, Іван зайшоў за хлеў, потым доўга і бязмэтна блукаў па двары, аж пакуль ня ўбачыў на ганку хаты падзертую сумку. «Крупы!» - згадаў ён нарэшце і, закінуўшы сумку за сьпіну, рушыў у краму.

 

Бычкоўская крама ламілася ад народу. Апрача круп давалі яшчэ і «Трайны» адэкалён. Пазалетась адэкалён на вёсцы ўжываў толькі алькаш Гарашчэня, на якога глядзелі як на вар'ята, але, пачынаючы ад мінулага году, сьпіртное пад час уборкі ў краму не завозілі, і мясцовыя п'янчугі пераключыліся на адэкалён.

- Траян! Куды точысься?! - грымелі ля прылаўка жаночыя галасы. - У мяне штучны тавар! - адказваў Траян і Йван, паслухаўшы людзкую гаману, заняў чаргу і выкуліўся з крамы. Трэба было недзе змарнаваць час. Можна было, вядома, пайсьці ў кінабудку, паслухаць кружэлкі, але на слупе, што стаяў ля клюбу, наддзіраўся гучнагаварыльнік - адзнака таго, што ў клюбе сядзела Мандрычыха, а з Мандрычыхай яму сустракацца не хацелася.

Па радыё перадавалі нейкую гутарку. Мужчынскія і жаночыя галасы захоплена распавядалі аб росквіце калгаснага жыцьця, і Іван міжволі прыслухаўся.

- Гарантаваная аплата ў калгасах крута зьмяніла жыцьцё сяльчан, - урачыста барытоніў мужчына.

- Сяльчане ідуць у магазіны, каб набыць тавары працяглага карыстаньня, - падтакваў мужчынскаму голасу жаночы.

- Во, курва, толькі тры штукі дала, - гукаў за Іванавай сьпінай мэханізатар Траян, які таксама выйшаў з крамы. - Скончыўся, кажа... А сама дзьве ўпакоўкі ў падсобцы хавае, - мэханізатар расьпіхаў па кішэнях «Трайны» і, зірнуўшы на Йвана, запытаўся: - Ты, Ванька, дзе зараз?

- У Баранавічах, - адказаў Іван, пазіраючы ў бок гатаўскай праселіцы.

- А-а... Баранавічы... Ведаю. У войску на губе там сядзеў, - згадаўшы пра войска, Траян неяк адразу абмяк, пасуравеў і, памацаўшы ў кішэнях справунак, пасунуўся да камбайну, што стаяў на Карпачышыным агародзе.

 

Цёткі адна за адной выкульваліся з крамы, ціснучы да друзлых грудзей буханкі хлеба і торбы з драблёнай груцай.

- Во як! Летась па пяць кілё давалі, а сёлета толькі тры, - уголас бедавалі жанкі. - І што ўжо будзем курам сыпаць?

Іван сядзеў на скрыні з-пад гаспадарчага мыла, слухаў жаночыя жальбы, і на вуснах ягоных ліпела гіранічная ўсьмешка. «Ну і жывуць людзі. Круп і тых няма. У Баранавічах гэтай груцы хоць заваліся, а тут...» - перапыняючы ўласныя думкі, ён падхапіўся на ногі, зрабіў пару крокаў да крамы і зьнерухомеў на месцы.

На ганку стаяла яна... На ёй былі чорныя шорты, квяцістая кашулька, і ў руцэ яна трымала торбачку з крупамі.

«Як жа я ее не прыкмеціў?» - пасьпеў падумаць Іван перад тым, як мазгі ягоныя канчаткова расплавіліся.

Заўважыўшы знаёмца, дзяўчына адкінула з твару кудзеркі, з гульлівым дакорам прамовіла:

- Што ж вы... Я прыехала, думала з вамі пагаманіць, а вы і ў клюб не зайшлі...

«Я заходзіў», - хацеў сказаць Іван, але язык ягоны заняло ад хваляваньня, і замест гэтых слоў дзяўчына пачула няўцямнае мармытаньне.

- Дзіўны вы нейкі... - прамовіла ленінградка і, перакідваючы з адной рукі на другую торбачку з груцай, пайшла да матацыкла.

- Ну што ты стаіш, скажы хоць што-небудзь! - прашаптаў нутраны голас, і Іван, прытрымліваючы рукой дрыготкую сківіцу, ікліва працадзіў:

- А дзе вы... йік... навучыліся...йік... на матацыкле езьдзіць?

Крамныя дзьверы аглушальна рыпнулі і яшчэ адна група вясковых цётак выйшла зь сельмагу.

- Мікола ж захварэў, дык мяне пляменьніца прывезла. Гойсае на матацыкле - аійо!

Голас брыгадзіравай жонкі, цёткі Грыпіны, прымушаў да дзеі. Іван глынуў паветра, спалохана выдыхнуў:

- Вы сёньня на танцы прыедзеце?

- На танцы? - дзяўчына прыўзьняла брыво, крутнула ключ запальваньня. - Я б прыехала, ды ў вас сябры хамаватыя... Шмат сабе дазваляюць.

- Больш не дазволяць! А дазволяць - павырубаю! - выпаліў Іван і, ратуючыся ад суворага позірку цёткі Грыпіны, кінуўся ў крамы.

 

Загарэлая Лёшкава рука кладзецца на дзявочае калена, паўзе ўгору, дапаўзае да чорных шортаў. Дзяўчына адбіваецца, малітоўна глядзіць на Івана. Ён ідзе да Лёшкі, хапае таго за руку, няўлоўным рухам выкручвае запясьце і, калі Лёшка падае на калені, б'е яго рабром далоні па патыліцы - дакладна так, як рабіў гэта польскі выведнік у пабачаным нядаўна кінафільме. Дзяўчына ўскрыквае, кідаецца яму на шыю, прыціскаецца гарачымі вуснамі, а ў вуха яму, разганяючы шчасьлівыя крозы, тыцкаецца сьцябло канюшыны. Іван пераварочваецца, глядзіць на дзірку ў вільчаку, і галава ягоная ізноў поўніцца невясёлымі думкамі. «Як яго вырубіш, гэтага Лёшку, калі ён на два гады старэйшы і ножык у кішэні носіць? - думаў Іван, неадрыўна пазіраючы на дзірку. - Пырне пад бок - зьбірай тады кішкі з падлогі». Іван уявіў, як ён упадзе з распоратым чэравам, і адбіткі сьвятлявай дзіркі ліхаманкава заскакалі ўваччу. Вочы памутнелі, напоўніліся сьлязамі, але празь імгненьне зноўку бліснулі, і Іван з такою рашучасьцю падхапіўся на ногі, што на момант згубіў арыенціроўку і ляснуўся галавою аб крокву. Гарышча здрыганулася, увушшу бухнулі званы, і матчын голас, які прагучаў знадворку, дарэшты патануў у замарачным звоне.

- Ванька, чуеш? Пасячы крапіву сьвіньням! - крыкнула маці, а Іван, перакрывіўшыся ад болю і памацаўшы пабітую макаўку, пачаў шнарыць па кішэнях у пошуку грошай.

Ня сёньня сказана: усё геніяльнае надзіва проста. І сапраўды, ці варта лезьці ў бойку, падбіраць вантробы з падлогі, калі можна папросту падпаіць «караля зоны» і пакласьці дзе-небудзь пад плотам. Ды і віна шмат ня трэба - ад пляшкі валіцца. Толькі ж дзе яе ўзяць, гэтую пляшку? У Бычках ні віна, ні гарэлкі ўжо другі месяц ня бачылі. Адно каньяк «КВ» прадаюць. Пятнаццаць рублёў бутэлька. Летась Гарашчэня браў пляшку, ад пахмельля ратуючыся, дык казаў - піць няможна, поскудзь такая і сьмярдзіць клапамі. Адзінае, дзе можна было разжыцца пляшкай, гэта ў магазыншчыцы. У Пракопаўны - а жыла яна ў Гатаве - у хаце заўсёды віно было. І Іван, пастукаўшы секачом у карыце, падаўся са двара.

 

Муж магазыншчыцы, дзядзька Хвядос, на шчасьце, быў дома. Дзьверы хаты стаялі прачыненыя, у хаце працаваў тэлевізар і чуўся вясёлы дзядзькаў рогат: паказвалі, відаць, нейкую камэдыю. Іван пастаяў на парозе, крадком увайшоў у прысенак, пастукаў косткамі пальцаў па дзьвярным вушаку. У хаце нешта грукнула, тэлевізар суціх, і наструненую цішу працяў незадаволены воклік:

- Гарашчэня! Па-добраму кажу: ідзі дахаты. А то ж у мяне рука цяжкая. Піхну - і развалісься, - дзядзька Хвядос мацюкнуўся на астачу і тэлевізар зноў ажыў, скалануўшы хату шалёнымі воплескамі.

Гаспадар хаця і рагатаў, але быў не ў гуморы. «Абрыдзеў, відаць, Гарашчэня, вось і ўсхадзіўся», - Іван уздыхнуў, пачухаў азадак і зьбіраўся ўжо сысьці з прысенку, як раптам дзьверы разнасьцежыліся і перад вачыма паўстала магутная постаць дзядзькі Хвядоса.

- Хто тут? Ты, Ванька? - гаспадар выйшаў у прысенак, зачыніў уваходныя дзьверы на ключ, лёгкім штуршком запрасіў Івана заходзіць.

- Алькаш гэты не дае жыцьця. Стаў яму пахмяліцца, і ўсё тут... - дзядзька Хвядос запіхнуў у штаны трыкатажную майку, і вытатуіраваная русалка на ягонай руцэ махнула Івану шырокім хвастом. - Ну, калі прыехаў?

- Учора, - госьць шморгнуў носам, хацеў уздыхнуць, тлумачачы тым самым прычыну прыходу, але гаспадар зразумеў усё і без уздыхаў.

- Што, бутэлька трэба?

- Трэба! - з клёкатам у горле адказаў Іван і, стаіўшы дых, пачуў, як пад нагамі дзядзькі Хвядоса зарыпелі масьніцы.

Дзядзька сышоў у прысенак, доўга бразгаў там нейкім жалезьзем, суцішна мацюкаўся і неўзабаве ўвайшоў у сьвятліцу з пляшкай «вэрмуту» ў левай руцэ і касмылём павуціньня па правым вуху.

- На вось, бяры. Глядзі толькі, каб Гарашчэня ня ўбачыў, - згадаўшы Гарашчэню, гаспадар хаты мацюкнуўся, скоса зірнуў у вакно. - Са сьвету зжывае. Дай пахмяліцца, і ўсё...

- Ня ўбачыць! - ужо ад парога азваўся Іван, вылецеў на двор, і, азірнуўшыся на хату Баркоўскіх, рынуўся гародамі, прыстасоўваючы бег да мернага булькаценьня віна ў бутэльцы.

 

Таго вечару Лябёдка круціў фільм з інтрыгуючай назваю «Памылка Анарэ дэ Бальзака». Ратуючы касавы плян, кінамэханік пусьціў чутку, што ў фільме пакажуць голую бабу, і народу ў клюб набілася як завязаць. Асабліва шмат прыйшло дзятвы. Тыя падшыванцы, што мелі грошы, сядзелі ў залі, астатнія таўкліся на ганку, просячы Мандрычыху пусьціць іх безь білетаў.

- Сёньня не магу. Даўгалёў з праверкай едзе, - казала Мандрычыха, і бычкоўская дзятва, пачуўшы прозьвішча дырэктара раённай кінасеткі, асуджана апускала галовы.

Стоячы разам з падшыванцамі на ганку, Іван прыкметна хваляваўся. Лёшка Мандрык хаця і быў на падпітку, але на нагах трымаўся цьвёрда, і гэта не магло не хваляваць. «Ці хопіць бутэлькі?» - думаў Іван, прыслухоўваючыся да бязладнай Лёшкавай гамонкі. Абкружаны малалеткамі, Лёшка распавядаў ім пра бойкі ў азярышчанскім рэстаране. Доўгія чвэрць гадзіны Іван уважліва слухаў гэтыя аповеды, з насьцярогаю пасьміхаўся, а калі Лёшка, паказваючы, як ён вырубіў нагой азярышчанскага фраера, не ўтрымаўся на нагах і ляснуўся вобзем, з упэўненасьцю ў голасе прашаптаў:

- Хопіць!

 

На пачатку фільма стужка рвалася ледзь ня кожную хвіліну. Пад час замінак ў залі ўключалі сьвятло, і Іван уціскваў голаў у адтуліну, спрабуючы ўгледзець Машу. Маша сядзела ля сьценкі, і праз амбразуру можна было ўбачыць ёйную руку ды абцягнутыя вэльвэтавымі штанамі калені. Гэтыя калені не давалі Івану спакою. Ён круціў галавой у цеснай нішы, пускаў сьліну на падбародзьдзе, а калі Лябёдка зь Пецькам запускалі праектар, стагнаў і пакутліва моршчыўся.

- Лябёдка, адпусьці тормаз! - крыкнулі з залі пад час чарговага парыву.

Лябёдка прыпаў да амбразуры, спрабуючы разгледзець, хто гэта там такі разумны, і ў гэты момант у лоб яму заехалі яблычным агрызкам. Другі агрызак праляцеў ля Іванавага вуха, і кінамэханік, перакрываючы гамэрню, гойкнуў у адтуліну:

- Чаго ўсхадзіліся?! Фільм трэцяй катэгорыі!

Гледачы былі абражаныя: замест францускага фільму пра мушкетэраў ім круцілі нейкую лухту. У залі сьвісталі, тупалі нагамі, а той-сёй з гледачоў, уголас шкадуючы змарнаваных грошай, сунуўся да выхаду.

«Час!» - мільганула ў Іванавай галаве, і ён, адарваўшыся ад адтуліны, крадком сышоў з кінабудкі. У цемры глядзельнай залі ён міжволі зірнуў у той бок, дзе сядзела Маша, потым - на таўстуна, якога паказвалі на экране, і, набраўшы ў грудзіну паветра, прашаптаў:

- Лёха!

- Навошта ён табе?! - азвалася зь цемры Мандрычыха. - Зноў піць будзеце?

- Будзем! - пачулася ад задніх радоў, і кудлатая Лёшкава галава чорным ценем праплыла па экране.

 

Зьдзіраючы зубамі мэталёвую галоўку, Лёшка парэзаў сабе губу, але пры гэтым нават не паморшчыўся і прагна глынуў замяшанае на ўласнай крыві «чарніла». Дакладней, нават не глынуў: віно папросту лілося ў ягоную глотку, і коўцік пры гэтым не варушыўся. Падзівіўшыся такому штукарству, Іван пераняў бутэльку, але піць ня стаў - ашчаджаў пітво для сябра.

- Люблю кірнуць, - прамовіў сябра, выціраючы рукавом крывавую пену з вуснаў, - асабліва пад балдою. - Лёшка ўзьняў вочы, і яркі маладзік сьветлымі кропкамі адбіўся ў ягоных зрэнках.

Балдою сябрук называў месяц. Слоўца гэтае ён прывёз з аршанскай зоны, і яно, як і шмат якіх іншых слоў з таго рэпэртуару, намёртва прыліпла да языкоў бычкоўскай дзятвы.

Лёшка плюхнуўся на траву, задаволена адрыгнуў, дастаў папяросу.

- Слухай, хто гэта ўчора мае коры насунуў? - запытаўся ён у Івана, і той, хаця і ведаў, куды заляцеў Лёшкавы чаравік, страсянуў галавою.

- Ну і ваўчары, - прастагнаў сябрук, ізноў прыклаўся да пляшкі, і неўзабаве панурыўся тварам у быльнік.

 

Танцы, як заўсёды, пачыналіся вальсам, і танчылі яго, як заўсёды, дзьве пары: бібліятэкарка Забаронька са сваім кавалерам Юркам Гулем і настаўніца Кніповіч зь Люськай Халімонавай. Бібліятэкарка вальсавала адмыслова - задзёршы голаў і адкінуўшы назад правую руку, і кавалер ейны, стрымліваючы кружэньне партнэркі, так імпэтна шоргаў чаравікамі, што заглушаў голас Валерыя Абадзінскага. Танчылі, вядома ж, пад «Что-то случилось». У апошнім куплеце сьпявак пачаў заікацца - Юрка Бадуноў, які сядзеў ля радыёлы і павінен быў перасунуць іголку, забавіўся, прапусьціў момант, і кавалер, пад роспачную ікаўку Абадзінскага выгукнуў:

- Юрка... натаўку!

Калі песьня скончылася, бухгальтарка з настаўніцай, а разам зь імі і Люська Халімонава падаліся да выхаду. «Прыдзьвернік» Васька Бохан выпусьціў на двор бібліятэкарку, потым, атрымаўшы грымака, і настаўніцу, а Люську Халімонаву запіхнуў назад у залю.

- Што... што ён табе сказаў? - запыталася настаўніца ў сяброўкі, прабягаючы міма Івана.

- Сказаў, што гатовы хоць сёньня расьпісацца!

Дзяўчаты фыркнулі здушаным сьмехам, пабеглі за клюб, а Іван пасьля такіх слоў зябка перасмыкнуў плячыма. Вечаровы халадок прабіраў да дрыжыкаў, сьцягваў скуру на сьпіне, і, каб нейкім чынам сагрэцца, даводзілася раз за разам прыпальваў папяросу.

- Харэ лівэр ціснуць! Дзеўкі млеюць! - крыкнуў Юрка Гуль, махнуў рукой малому Бадунову, і хлопцы, што гуртаваліся на ганку, пачалі заходзіць у залю. Юрка Бадуноў завёў хуткі музон, а ягоны старэйшы цёзка забухаў чаравікамі, дэманструючы пабачаны ў азярышчанскі рэстаране мадняцкі танец. Тупаў Юрка Гуль так натхнёна, што са столі сыпалася пабелка, а са стэнду «Новае ў жывёлагадоўлі», які вісеў ля сцэны, звалілася некалькі брашураў. Магчыма, і сам стэнд грымнуўся б долу, ды тут у пройме ўваходных дзьвярэй зьявілася Мандрычыха і пагрозьліва загадала:

- Пакіньце мазгатаць!

Загадчыца клюбу прайшла па залі, рашуча вырвала штэпсэль радыёлы. Каб даняць загадчыцу, Юрка Гуль яшчэ хвіліну скакаў бяз музыкі, а калі Мандрычыха, плюнуўшы ў ягоны бок, пайшла да дзявярэй, рушыў за ёю сьледам.

Іван стаяў ля сьцяны і ўсім сваім выглядам паказваў, што памірае ад суму. Ён раз-пораз пазяхаў, крывіўся, кідаў пужлівыя позіркі на Юрку Бадунова і з жахам чакаў, калі Юрка завядзе павольную музыку. І вось Юрка ўключыў радыёлу, паставіў на дыск гнуткую кружэлку, і навакольны сьвет напоўнілі шчымлівыя акорды «Анжэлы». «Анжела, ты на счастье мне судьбой дана-а...» - зацягнуў Абадзінскі, а знадворку, заглушаючы сьпевака, надрыўна гаркнулі:

- За капыты, за капыты бярыце!

З начной цямрэчы выплылі падэшвы зношаных чаравікаў, і ў залю, наперад нагамі, унесьлі Лёшку Мандрыка. «Кароль аршанскай зоны» быў у поўным «вырубоне».

- Цяжкі, халера! - выдыхнуў Юрка Гуль, трымаючы «караля» пад пахі.

Хлопцы занесьлі Лёшку ў канец залі, усьпёрлі на кучу бязладна зваленых крэслаў, і Юрка Гуль, мяльком зірнуўшы на бібліятэкарку, гучна абвясьціў:

- Запрашаюць жанчыны!

- Паскуда! - выдыхнула Забаронька, выбегла з залі, а Юрка Бадуноў чарговым разам уключыў «Анжэлу».

Слухаючы шчымлівую мэлёдыю, Іван заплюшчыў вочы, уяўляючы, што гэта не Абадзінскі, а ён, Іван, сьпявае прачулую песьню, а калі зноў зірнуў на сьвет, дык убачыў, што Маша ўстала з крэсла і ідзе праз залю ў ягоны бок. Стукалі туфлікі па расссохлай падлозе, парывіста білася сэрца, пранікнёна, зь пяшчотным прыдыханьнем сьпяваў Абадзінскі. Яшчэ была спадзеўка, яшчэ была кволая надзея, што Маша ішла запрашаць некага іншага. Іван зірнуў па баках, ступіў крок да дзьвярэй і пачуў раптам такі мілы і такі лагодны голас:

- Вас можна?

Шаснаццаць гадоў пражыў Іван на сьвеце, а на белы танец яго запрашалі ўпершыню. Ды што там танец... ён і сам да дзяўчат бліжэй як на тры мэтры не падыходзіў, а тут адразу такое... Таму і зьмяніўся Іван з твару, і язык ягоны прысох да паднябеньня, і ня здолеў Іван паведаміць прыгажуні, што ён не танцуе.

- Вас можна? - паўтарыла дзяўчына, і нехта, відаць, Васька Бохан, штурхнуў яго ў сьпіну. Ён прайшоў на ватных нагах на сярэдзіну залі, стаў там як укапаны, і Маша паклала яму на плечы свае танклявыя рукі.

 

«Анжела, ты одна, одна на свете,

Анжела, в добрый час тебя я встретил...»

 

Трэба было варушыцца, пераступаць з нагі на нагу, хаця б дзеля таго, каб прыхаваць праклятыя дрыжыкі. Падпарадкоўваючыся Машыным рухам, ён зрабіў крок, наступіў дзяўчыне на туфлік і, спалохана падскочыўшы, ударыў партнэрку нагой ў шчыкалатку. Маша войкнула, адступіла на мэтар, але рук з Іванавых плячэй не зьняла. Разам з апошнімі ўсхліпамі Абадзінскага спакутаваны Іван крутнуўся на абцасах і замест таго, каб правесьці дзяўчыну да месца ці хаця б кіўнуць галавой, неакрэсьлена крэкнуў і выйшаў на падворак.

На падворку было халодна і месячна. Мяккае сьвятло маладзіка высьвечвала кусты ля гатаўскай дарогі, бункер траянаўскага камбайна і нечую пахілую постаць - ці не самога Траяна, - якая краталася між кустоў, то ўзьнікаючы, то зьнікаючы зь відавоку.

Няўдалы танцор сядзеў на ўсходах ля дзьвярэй кінабудкі і, пацепваючыся ад холаду, прыслухоўваўся да галасоў, што даляталі з клюбу. У клюбе між тым скакалі «шэйковіча». Музыкі не было чуваць: адно зумкалі шыбы ды здрыганаліся ад тупату дашчатыя сьцены.

- Ну чаму, чаму я такі? - шаптаў начны летуценьнік, раз-пораз шморгаючы азяблым носам.

У носе сьвярбела. Іван доўга зьбіраўся зь сіламі, каб чхнуць, а калі сабраўся і ўжо затрос галавой, з адчыненых дзьвярэй клюбу вырваўся вясёлы віскат Люські Халімонавай.

- Адчапіся, нам дахаты трэба!

Чхаць не выпадала - трэба было хавацца, і начны летуценьнік, пацёршы далоньню пераносьсе, пабег на нягнуткіх нагах у бліжэйшыя кусты.

Зарагатаў і аціх Васька Бохан, крыкнуў штосьці няўцямнае Юрка Гуль, і па цэмэнтавым ганку дробна застукалі дзявочыя туфлікі.

- Слухай, а хто ён такі? - запыталася Маша, калі яны зь Люськай падышлі да матацыкла.

- Хто, Васька?

- Ды не... Ну той, дзіўны такі...

- А-а! Дэсантнік! - Люська азірнулася, падбегла да кустоў, за якімі хаваўся начны летуценьнік, і, прысеўшы на кукішкі, прамовіла: - У яго ня ўсе дома. Чокнуўся, як зь вежы падаў.

У цемры мільганула дзявочае сьцягно, ірванулася да каленяў палоска белых майтак, і ў Івана, які аглядаў усё гэта, на момант спынілася сэрца. Ён і ня сьцяміў адразу - пра якога гэта дэсантніка вядзе гаворку Люська Халімонава, а калі сьцяміў і абурана глынуў паветра, у носе ягоным зноў засьвярбела, і ён аглушальна чхнуў. Люська войкнула, пабегла ўпрысядкі да матацыкла, на хаду нацягваючы майткі, а Іван, страсянуўшы галавой, чхнуў ёй усьлед чатыры разы запар.

Дахаты ён ішоў, сьціскаючы кулакі і ўголас лаючы Люську Халімонаву.

«Нічога, яшчэ пашкадуе, - супакойваў сябе Іван. Апанаваны ўласнымі фантазіямі, ён уявіў, як роспачна будзе плакаць Люська Халімонава, і нечакана ступіў нагой у каровіну «аладку». Фантазіі выпетрыліся з галавы, і Іван, выціраючы чаравік аб траву, з рашучасьцю, на якую толькі быў здольны, вырашыў не хадзіць болей на танцы.

 

Ноччу яму добра спалася. Ён праспаў да абеду і абудзіўся, як і мінулым днём, ад бразгату вёдраў на доле.

- Слухай, тут жа ў Азярышча Карзо прыяжджаў, - прамаўляла, гучна бразгаючы вёдрамі, суседка Міронаўна, - дык і гэтая папёрлася... Людзі казалі - лезла нейкую кніжку падпісваць, а той на яе і не зірнуў нават.

- А на каго там глядзець? - падтрымала Міронаўну маці. - Пыса як у той рапухі... і куды ўжо лезеш?

Мандрычыха, а гэта яе абгаворвалі жанчыны, пад час вайны была ў партызанскім атрадзе - мыла там бялізну ды з камандзерам спала. І вось за гэтыя подзьвігі Карзо яе па вайне ў райкам уладкаваў, у аддзел прапаганды і агітацыі. Ад тых часін жанкі яе і зьненавідзелі, і абгаворвалі пры кожным зручным выпадку.

Паслухаўшы плёткі, Іван занурыў галаву ў падушку, мерачыся паспаць яшчэ якую гадзіну, але тоўшчу падушкі прарэзаў жаночы лямант:

- Бабы, што скажу!

Лямантавала Карпачыха. Іван скінуў з галавы падушку, прыслухаўся.

- Ляжыць у амбуляторыі... і морда ў крыві, - гукала з суседняга агароду Карпачыха. - Карпачыха бегла па гародзе і пад нагамі ейнымі спалохана шамацела капуснае лісьце.

- Уся морда? - перапытала Міронаўна, а маці, пляснуўшы ў далоні, улякнута выдыхнула:

- У каго?

- У Гарашчэні! У п'янтоса гэтага... Пракопаўна краму адчыняла, а тут ён падбег... кажа: «Чаму Лёшку Мандрыку віно прадаяце, а мне не?» - і Пракопаўну за руку схапіў. А тая доўга ня думала. Разгарнулася ды як лясьне замком па лобе. Так лоб і расьсекла.

Карпачыха змоўкла, пераводзячы дых, і цяпер ужо Міронаўна дала волю сваім лёгкім:

- Ці чула ты? Гарашчэню забілі-і! - крыкнула Міронаўна, праўдападобна, цётцы Авадзісе, і на доле зноў зашамацела капуснае лісьце.

... Сонца адбірала вочы. Іван прымружыўся, паглядзеў з-пад рукі ў бок Авадзішанага агароду, на якім тым часам ўжо сабраўся збой жанчын, і, прыпаліўшы папяросу, усеўся на верхняй папярочцы драбінаў.

На душы было пагана, а на двары пустэльна; нават куры некуды пахаваліся, і толькі певень з паскубаным хвастом стаяў ля дзьвярэй хлеўчука, пазіраючы на Івана круглявым вокам.

«Вунь і певень глядзіць, - падумаў Іван, зацягваючыся пяршывай папяросай. - Відаць, прачуў ужо пра маю ганьбу?» - І, ня ведаючы, чым заняць сьвярблівыя рукі, шпурнуў у пеўня кавалкам бярозавай кары.

Певень падскочыў, залапатаў крыламі, выставіў наперад грудзіну і празь імгненьне прарэзаў сьвет кукарэканьнем, запрашаючы курэй паглядзець на таго, хто так абняславіў сябе на ўчарашніх танцах.

 

Пасьля абеду маці папрасіла схадзіць па хлеб. Ісьці, вядома, не хацелася: сорамна было зьяўляцца на людзях, але што паробіш... Давялося ўсё ж узяць сетку і рушыць у краму.

Ля крамы гаманіў натоўп. Вясковыя цёткі, павесіўшы на рулі сваіх вэласыпедаў торбы з хлебам, на розныя галасы абмяркоўвалі падзеі сёньняшняга ранку, пад час якіх магазыншчыца Пракопаўна разьбіла пысу вартаўніку Гарашчэню.

Іван азірнуўся, шукаючы вачыма Машын матацыкл, ступіў на сельмагаўскі ганак і пачуў, як недзе непадалёку сіплавата зарагатаў Лёшка Мандрык.

Лёшка стаяў сьпінаю да Івана, праваруч ад уваходу, і, махаючы рукамі, распавядаў Міронаўне, вядомай бычкоўскай пляткарцы, як яно ўсё было.

- Гарашчэня да Пракопаўны падышоў і кажа: «У цябе ў прысенку «вэрмут» схаваны. Дзьве скрыні. Не прадаш - ноччу сам вазьму», - і заграбкі Пракопаўну хапануў. - Паказваючы, як Гарашчэня хапаў магазыншчыцу «заграбкі», Лёшка схапіў Міронаўну за рукаў, Міронаўна адкаснулася, плюнула, а Іван, каб не патрапляць Лёшку на вочы, сьпехам шмыгануў у краму.

Крама ў Бычках - самае люднае месца. Калі не прыйдзеш - увесь час народ таўчэцца. Вясковыя цёткі сюды ня столькі па справункі прыходзілі, колькі дзеля таго, каб апранахі перамацаць, якія на паліцах віселі. Прыйдзе якая, грудзямі на прылавак наваліцца і давай носам па баках вадзіць:

- А пакажы ты мне, Пракопаўна, вунь тую кофту... - І Пракопаўна давала, хаця і ведала, што кофту тую браць ня будуць, бо яна ўжо тут дзесяць гадоў вісіць.

Лаючы ў душы цётак і штохвілі ўздрыгваючы ад грукату матацыклаў знадворку - крый Бог, Маша прыедзе, чырваней тады, - Іван болей як гадзіну прастаяў у чарзе, а калі, нарэшце, узваліў на карак сетку зь цёплымі буханкамі і выйшаў з крамы, дарогу яму заступіў Лёшка Мандрык.

- Ваня! Куды хіляем? - рыкнуў Лёшка голасам чалавека, які прагнуў пахмяліцца.

Лёшка зазірнуў Івану за сьпіну, адламаў ад буханкі храбусткі акраец. «Кароль зоны» з асалодаю хруснуў скарынкаю, а Іван, апусьціўшы вочы, падумаў: «І як ад яго адчапіцца?» І не пасьпеў Іван уздыхнуць, як ля крамы загуў бэнзавоз і з кабінкі вытыркнулася галава Юркі Гуля.

- Лёха, давай сюды!

- Навошта? - азваўся «кароль», глынуўшы недажаваную скарынку.

- У Азярышча едзем, па піва! - Юрка выцягнуў з-пад сядзеньня поліэтыленавую каністру, а Лёха, адламаўшы ад бохана ладны кавалак, пабег да машыны.

 

Маці дома не было: на дзьвярах вісеў замок, а за дзьвярною клямкаю тырчэла раённая газэта «Зара камунізму» і аркушык паперы. «Схадзі па камбікорм», - прачытаў Іван на паперцы і пачухаў патыліцу.

Па камбікорм трэба было ісьці да цёткі Авадзіхі. Зяць цётчын рабіў на млынкамбінаце галоўным бухгальтарам. Ну і, вядома, тое-сёе сьпісваў на цешчу. Авадзіха ў горад ледзь не штодня наведвалася - туды бітоны з «дамагай» везла, а назад мяхі з камбікормам перла. «Дамагу» цётка зь яблычнага соку вырабляла - хмельнае віно атрымлівалася. Мінулай восені Іван сьцягнуў у сваячкі тры літры - трэба было Ваську Бохана падпаіць, каб не чапляўся. Авадзіха пасьля той прапажы доўга супакоіцца не магла, нават брата свайго, міліцыянта Міхнова, выклікала. Міхноў тры дні з рулеткай важдаўся, мераў штосьці каля пограбу; выпіў болей, чым укралі, а злодзея так і не знайшоў.

Ачуўшыся ад одуму, Іван разгарнуў раёнку, зірнуў на зводку ўборкі лубіну, і лічба «0,1%», а менавіта столькі лубіну скасілі ў калгасе «Шлях камунізму», прывідна заскакала ўваччу.

... Цётка сядзела ў пограбе і звонку быў бачны ейны шырокі азадак. Іван прайшоўся па двары, разважаючы - з чаго пачаць гаворку, і пакуль ён гэта рабіў, цётка Авадзіха неяк вельмі хутка вылезла з пограбу і гэтак жа хуценька павесіла на прабой амбарны замок.

- Цяпер ня ўлезеце, - крэкнула Авадзіха, перахапіўшы Іванаў пагляд, - разьвялося фулюганьня... ратунку няма.

Пасьля такіх слоў размаўляць пра віно не было сэнсу. Іван сплюнуў цягуткую сьліну, азірнуўся і рашуча запытаў:

- Дзе камбікорм?

- Вунь, ля плоту стаіць, - кіўнула цётка на латаны мех. - Лорцы скажаш, каб грошы прынесла. Шэсьць рублёў.

- Скажу, - буркнуў Іван, узваліў мех на сьпіну і шырокім крокам рушыў па цётчыным агародзе.

- Чаго ты па бураках пайшоў? - крыкнула наўздагон яму цётка, і пляменьнік, перакінуўшы мех цераз плот, скрозь зубы працадзіў:

- Ды пайшла ты... жмінда няшчасная.

 

Хаця й заракаўся Іван не хадзіць у клюб, а згледзеў, седзячы на драбінах, бэнзавозку, што з гораду вярталася, і засьвярбела ў душы жаданьне - зірнуць, ці напіўся Лёшка Мандрык. Бо калі напіўся і не стаіць на нагах, дык і хвалявацца няма чаго - да Машы сёньня чапляцца ня будзе. Іван праводзіў позіркам бэнзавозку, пачакаў яшчэ хвіліну ў тайнай спадзеўцы ўбачыць на дарозе Машын матацыкл, і толькі потым, пацёршы здранцьвелы азадак, спусьціўся па драбінах долу.

Юрка зь Лёшкам сядзелі ў Лябёдкі: з прачыненага вакна кінабудкі вырываліся іхныя галасы і жаласьлівыя ўздыхі.

- Піва, піва... паперліся як фофаны... - гукаў Лёшка Мандрык, футболячы па цэмэнтавай падлозе пустую каністру.

- Хто ж ведаў... учора прадавалі, - апраўдваўся Юрка Гуль, і пустая каністра зь левага кута пераляцела ў правы.

- Прадава-алі, - голас Лёшкаў панік, чаравікі ягоныя зашоргалі ля бліжняй сьценкі і з прачыненага вакна вылецеў сьлінявы недакурак.

- Перапіхнуцца зь якой, ці што? Чуеш, Юрка? - Юрка прамаўчаў, а Лёшка, дзьмухнуўшы ў папяросу, запытаў: - А што гэта за лярва на матацыкле езьдзіць?

- Зь Ленінграду. Баркоўскага пляменьніца, - Юрка пазяхнуў і, выдыхаючы паветра, мацюкнуўся.

Ад такіх слоў ў Івана перахапіла дыханьне. Ён прыціснуўся да сьцяны кінабудкі, наструніў слых, але болей нічога не пачуў, бо Лябёдка завёў сваю перамотку і галасы патанулі ў напорлівым гудзе.

Іван пастаяў яшчэ пару хвілін, а потым пацёгся прэч, асуджана пацепваючы паніклай галавою. І поўныя жаху карціны паўсталі перад вачыма: ён уявіў, як Лёшка будзе цалаваць Машу, як будзе зьдзіраць зь дзяўчыны вопратку, і ў галаве ягонай нарадзілася ідэя. «Перапыніць Машу, перахапіць па дарозе, як на танцы паедзе», - і апанаваны такою думкаю, Іван рушыў на гатаўскую праселіцу.

Сядзець у кустах давялося аж да цёмнага. Ужо і зоркі высыпалі на небе, і кіно пачалося ў клюбе, а Маша ўсё ня ехала, і якраз у той момант, калі Іван хацеў ужо вылезьці са свайго схову, з боку Гатава пачуўся матацыклетны рокат. Рокат мацнеў, убіраўся ў сілу, сухім трэскам рассыпаўся па кустах, і па тым нязладжаным пошчаку можна было зразумець, што па дарозе ехалі два матацыклы. Іван вытыркнуўся з кустоў, наструніўся і ўпалым голасам прашаптаў:

- Сашка Собалеў.

Колькі часу ён сядзеў у непаразуменьні, потым пацёр рукою лоб і, прадзершыся скрозь кусты, пабег насустрач бязладнаму рокату.

«Спыню на павароце, як Сашка праедзе. Самае зручнае месца», - мітусіліся ў галаве адрывістыя думкі, а вусны раз-пораз паўтаралі кагадзе прыдуманую фразу: «Маша, спыніся... у клюбе бойка!»

Каб апраўдаць гэтую вэрсію, ён на хаду расшпіліў кашулю, пацёр кулаком вока, хацеў яшчэ і нос расквасіць, але перадумаў. І вось ужо праляцела міма, дыхнуўшы ў твар халодным пылам, Сашкава «Панонія», і новым строкатам - мерным і басавітым - напоўніліся вушы, і з жахам адчуў Іван, што забыў тую фразу, якую зьбіраўся выгукнуць.

Матацыкл быў ужо зусім блізка, калі Іван, страціўшы надзею згадаць патрэбныя словы, рынуў на дарогу. У вочы ўдарыла сьвятло ад фары, рухавік «Іжа» завыў на фарсажы, і матацыкл са страшным трэскам абрынуўся ў алешнік.

Хвіліну панавала цішыня, і парушыў яе дрыготкі Машын голас:

- Люся, ты жывая?

- Жывая, толькі нагу парэпала.

Зашамацела лісьце, трэснула галіна, і Люська Халімонава спачатку аддзьмулася, а потым натужліва крэкнула. Мяркуючы па ўсім, дзяўчыны выкочвалі матацыкл на дарогу.

- Хто гэта быў? - запыталася Маша, на хаду абабіваючы спадніцу.

- Ванька Бянькоў. Я ж табе казала, што ён ненармальны.

Матацыкл чхнуў... раз... другі, потым завёўся, і сярод перарывістага матацыклетнага рокату Іван яшчэ раз пачуў усхваляваны Машын голас:

- Ідыёт. Ледзь пад колы не патрапіў.

Дахаты ён цягнуўся, не разьбіраючы дарогі, і вочы ягоныя засьцілі сьлёзы. Сьлёзы пякучай крыўды на Лёшку Мандрыка, на Люську Халімонаву, на сябе самога віхлястымі раўчукамі зьбягалі па твары, бліскучымі пацеркамі дрыжэлі на падбародзьдзі; і жоўты маладзік калыхаўся ў небе, як на хвалях бязьмежнага акіяну, і Траянаў камбайн, што стаяў на ўзьмежку Карпачышынага агароду, здаваўся нейкай вялізнай пачварай, якая выплыла на імгненьне з акіянскіх глыбіняў.

Ідучы паўз камбайн, Іван выцер рукавом вочы, усхліпнуў на астачу, і ўсхліп гэты супаў з глухім бразганьнем пад нагамі. Траян вось ужо другі дзень рамантаваў зламанае матавіла, і навакольле было закіданае рознымі жалязякамі. На прамасьленай ватоўцы ляжала кучка шрубных ключоў, стаяла, дзержаком угору, пудовая кувалда, а пасярод іржышча тырчэла, цьмяна бліскаючы ў месяцавым сьвятле, пакарабачаная манціроўка. Іван зладзеявата шморгнуў носам, пужліва агледзеўся. Страшная думка, ад якой зварухнуліся валасы на галаве, уварвалася ў сьвядомасьць, і падуладныя ёй дрыготкія рукі спачатку прылашчылі валасы, а потым падхапілі пакарабачаную манціроўку.

 

Бычкоўскую краму - струхлелую, перабудаваную некалі з кулацкай хаты будыніну, - рабавалі ледзь не штогоду. Балазе рабаваць яе было адно задавальненьне. Торкні пальцам у той жа дах - і праб'еш навылёт: дранка на даху зусім збуцьвела. Дарэчы, Хведзька, брат Ваські Бохана, менавіта праз дах і ўлез. Сто рублёў тады ўзяў і дзесяць пляшак мятнага лікёру. Тры дні піў, у лазьні схаваўшыся, а на чацьверты паехаў у Азярышча пляшкі здаваць - тут яго і злапалі. На судзе прасіўся, каб у Сьвярдлоўскую вобласьць паслалі, туды, дзе раней сядзеў. Казаў, дужа там мясьціны прыгожыя. Хведзька Бохан быў адзіны, хто грошы ўзяў. Усе астатнія рабаўнікі - тыя як людзі... Скрыню віна якога выносілі ды пару бляшанак кансэрваў на закуску. Ноччу рабавалі, а раніцай, працьверазеўшы, грошы прыносілі. Вунь электралінейшчыкі, дык тых і ў турму грэх было садзіць. Жылі, небаракі, у кузьні - у хату ніхто не пускаў, бо яны ў суседняй вёсцы адрыну спалілі па неасьцярожнасьці. Вось і давялося электралінейшчыкам у сярэдзіне лістападу ў кузьні жыць, зубамі ад холаду ляскаць. А на кастрычніцкія сьвяты, канчаткова адубеўшы, у краму ўлезьлі. Усю ноч гарэлкаю грэліся ды на гармоніку гралі, а раніцай да Пракопаўны прыйшлі... з пакаяньнем. Таго ж дня сьвятло ў вёску далі і крамныя дзьверы бляхаю абабілі. Але ўсё адно брыгадзір іхны на «хімію» паехаў - як высьветліліся, ён ужо так чацьверты сельмаг рабаваў. І вось, праз два з паловаю гады пасьля тых падзеяў, прабіў і Іванавы час лезьці ў краму.

«Чарніла», па словах вартаўніка бычкоўскай крамы Гарашчэні, стаяла ў прыбудове. «Вазьму пару пляшак, пакладу дзе-небудзь, каб Лёшка ўбачыў... З ночы нап'ецца, а ўраньні міліцыя абудзіць...» - з гэтымі думкамі Іван і падышоў да Гарашчэневай хаты. У вокнах хаты ліпела кволае сьвятло: лямпачка гарэла дзесьці ў прысенку і гэта сьведчыла за тое, што вартаўнік мог зьявіцца на аб'екце ў любую хвіліну.

Дзіўна, але ён зусім не хваляваўся, і толькі даткнуўшыся плечуком да плоту, адчуў, як да холаду манціроўкі, якую хаваў у рукаве, дадаўся непрыемна-казытлівы халадок у пахвіне.

... Плот быў гэткі ж, як сама крама: дошкі шмат дзе падгнілі, трымаліся на адным цьвіку, і Йван, адсунуўшы адну зь іх, спрытна ўлез у дзірку. Трэснула пад нагою кара, прашапацела над галавою начніца, і халадок, які нарадзіўся ў пахвіне, вомігаў разьліўся па ўсім целе. Тут, у закутку, які ўтваралі збуцьвелы плот і крамная сьцяна, захоўвалі некалі лазовую кару. Яшчэ і Іван памятаў, як маці разам зь іншымі жанчынамі хадзіла ў зарэчныя кусты, дзерла там лазовую кару і потым, высушыўшы на сонцы, несла здаваць у краму. Лазу ўжо даўно ніхто ня дзер, а вось плот ды прысьценак, дзе яе захоўвалі, засталіся і паволі буцьвелі на дажджы і сонцы.

Намацаўшы дрыготкімі пальцамі прабой на дзьвярах прыбудовы, Іван выцягнуў з рукава манціроўку і прыслухаўся. Яму падалося раптам, што дзесьці зусім побач трэснула кара і нехта здушана кашлянуў. Анямелымі рукамі ён упіхнуў манціроўку ў прабой, пацягнуў мэталёвае дзяржальна, і амбарны замок з грукатам зваліўся пад ногі. Ён ступіў у прысьценак, памацаў нагою ў цемры, наткнуўшыся спачатку на пустое вядро, потым на нейкае жалезьзе, і нарэшце да вуха ягонага даляцеў такі лагодны і такі жаданы бразгат напоўненых бутэлек. Сунімаючы дрыготку, Іван разапхаў бутэлькі па кішэнях, піхнуў адну бутэльку за пояс штаноў і, наступіўшы ў поцемках на вядро, пакінуў месца злачынства. Прабіраючыся ўздоўж сьцяны, ён паспрабаваў разгледзець этыкетку на бутэльцы, а прачытаўшы дзіўнае слова «ацэтон», спалохана войкнуў. Нейкая шалёная сіла вывернула руку, прыціснула да зямлі; зямля кульнулася дагары нагамі, і разам са звонам разьбітай бутэлькі пачуў Іван злавесны голас:

- Папаўся, зладзюга!

Тое, што адбывалася потым, успрымалася як нейкі вусьцішны сон. Яму заехалі па шыі, павялі некуды ў бок Зарэчанскай вуліцы, потым стукнулі яшчэ раз, хоць ён і не супраціўляўся, і, узьняўшы за каршэнь у паветра, пасадзілі ў матацыклетны вазок. Ён паспрабаваў устаць, яму заехалі трэцім разам, з калашыньня штаноў выпала бутэлька, і ён, плюхнуўшыся на сядзеньне, суціх да часу, з галавою накрыўшыся каляным брызэнтам. Пасьля кухталёў увушшу натужліва зьвінела. Ён амаль нічога ня чуў, і здавалася, што паветра ў лёгкія паступае праз вушы. У вазку трэсла, ад выхлапной трубы перла задушлівым гарам, і на Івана ўжо на першых кілямэтрах дарогі найшло ачмурэньне...

... Яшчэ ў люльцы яго званітавала. Яму паляпалі па шчоках, пырснулі ў твар вады, пацягнулі, трымаючы пад пахі, па нейкім даўгім калідоры і неўзабаве, абклаўшы незласьлівымі мацюгамі, паклалі на жалезны ляжак. Ён удыхнуў халаднаватае, прапахлае прыбіральняй паветра, злавіў краем вуха нечы магутны храп, і суціх незварушна, разважаючы - што гэта было: жахлівы сон, ці хваравітае трызьненьне?

 

Раніцою яго абудзіў зычны голас:

- Мамедаў, на выхад!

У куце зарыпеў ложак, і той, каго клікалі Мамедавым, усхапіўся на ногі. Сукамэрнік памахаў у паветры рукамі, папрысядаў дзеля разьмінкі і пад незадаволеныя воклічы сяржанта, што стаяў ля ўваходу, выйшаў з камэры.

Іван павярнуўся на другі бок, пацёр зьнямелую шыю - спаць давялося на жалезнай сетцы, - і задумаўся.

«Што рабіць?» - думаў Іван, тупа пазіраючы на брудную сьценку. Ён шмат разоў паўтарыў у думках гэтае пытаньне, але адказу не знайшоў. Адлежаўшы правы бок, ён крутнуўся на правы і ў той жа міг пачуў незадаволены голас каўказца:

- Я патрабую начальніка! Што вы мяне да гэтага хлапчука водзіце?

Потым бразнула завала, і дзьверы з працяглым рыпам адчыніліся. Іван прыўзьняўся на локце, але замест шаргатлівых крокаў пачуў нешта зусім іншае.

- Ну як, званіў? - запытаўся каўказец зьнацку аціхлым голасам.

- Званіў. Ніхто не падымае, - адказалі з калідору, і каўказец, сказаўшы штосьці па-свойму, выцягнуў з кішэні нататнік.

- Пазвані па гэтым, - шапянуў ён, вырываючы аркушык, пасьля чаго дзьверы з бразгатам зачыніліся.

- Эй, ты хто? - выдыхнуў Мамедаў, толькі цяпер заўважыўшы, што ён у камэры не адзін.

- Бянько-оў, - адказаў Іван, ня ў сілах утаймаваць дрыготку ў голасе. У гэты момант ён згадаў Лёшкавы аповеды пра асобаў каўкаскай нацыянальнасьці, якія лютуюць у камэрах, і яму стала не па сабе.

- Што, зарэзаў каго? - запытаўся Мамедаў.

- Ды не... У краму залез, - прашаптаў Іван са свайго кута, намагаючыся не глядзець на каўкасца.

На радасьць Івану, сукамэрнік плюхнуўся на ложак, памаўчаў хвіліну, зь веданьнем справы запытаўся:

- Колькі ўзяў?

- Пя-аць! - усхліпнуў Іван, але пра тое, што ў пляшках было не віно, а ацэтон, прамаўчаў.

- Э-эх! Ці варта было з-за пяці штук рукі пэцкаць? - з запалам вымавіў каўказец і, аглушальна рыпнуўшы спружынамі, кульнуўся на бок.

І сапраўды - ці варта? Думка заварушылася, закружыла ў галаве. Іван уявіў, як роспачна будзе плакаць маці, пачуўшы пра ягоную бяду, і да таго ірэальнага плачу дадаўся зусім рэальны бразгат дзьвярэй.

- Эй ты, шкет! Выходзь! - загадаў, як адрэзаў, сяржант, і Йван, зваліўшыся з ложка, дробна затупаў да выхаду.

Габінэт, у які яго завялі, быў спрэс застаўлены сталамі ды сэйфамі, і за адным з тых сталоў сядзеў, гартаючы нейкія паперы, малады ружовашчокі лейтэнант. Убачыўшы затрыманага, лейтэнант склаў паперы ў стос, мяльком кіўнуў на крэсла, і Йван зразумеў, што гэта ён, ружовашчокі лейтэнант, злапаў яго каля крамы.

- Што, Гарашчэня, даскакаўся? - мэталёвым голасам прамовіў лейтэнант, калі пад Іванам рыпнула крэсла. - Смаркачы пад носам не абсохлі,а ўжо ў краму лезеш...

- Я не Гарашчэня, - выдыхнуў Іван, і ніжняя губа ягоная плаксіва затрэслася.

- Як не Гарашчэня? - зьніякавеў лейтэнант і ўжо зусім лагодным голасам запытаў: - А хто?

Іван удыхнуў паветра, мерачыся сказаць сваё прозьвішча, але ў гэты міг лейтэнант падхапіўся на ногі і абцягнуў мундур.

- Хвацка ты, лейтэнант... За тры дні працы - два затрыманьні, - прамовіў ад дзьвярэй каржакаваты дзядзька ў шэрым гарнітуры, і па той рашучасьці, зь якой лейтэнант падскочыў на ногі, Іван палічыў, што гэта ўвайшоў генэрал.

- Адкуль? - запытаўся генэрал, зь цікаўнасьцю агледзеўшы затрыманага.

- З Бычко-оў... - прабляяў затрыманы, і мыскі генэральскіх чаравікаў задрыжэлі і расплыліся ў ягоных вачах.

- Што, у краму ўлез? - генэрал прысеў на край стала, чакаючы тлумачэньняў, але Іван маўчаў, і генэрал перавёў позірк на лейтэнанта.

- Напярэдадні сыгнал быў. Бычкоўская магазыншчыца тэлефанавала. Сказала, што ўночы зьбіраюцца ў краму залезьці. Ну я і выехаў... прыхаваўся там...

- Зноў Бычкі, - з уздыхам прашаптаў генэрал. - Даўно ўжо трэба было гнаць гэтага Міхнова, генэрал зьлез са стала, выцягнуў з пачка папяросу, ізноў утаропіўся на Івана.

- Як тваё прозьвішча?

- Бянько-оў, - пралепятаў Іван.

- Бянькоў? - генэрал выпусьціў з роту шызы дым, летуценна паглядзеў на столь. - Гэта ня ты ў Віцебску шапік абабраў?

Пасьля такога пытаньня Іван яшчэ больш сьцяўся, і галава ягоная ўбілася ў плечы.

- Ну?! - пагрозьліва гукнуў лейтэнант.

- Я-а-а-а... - другім разам прабляяў Іван і спалохана заплюшчыў вочы. Ён чакаў грымотнага кухталя, але не дачакаўся.

Генэрал кашлянуў, павольнай хадою прайшоўся па габінэту.

- Што ён там сьцягнуў?

- Пяць пляшак ацэтону. Можа і яшчэ што - уначы не разгледзеў.

- Ацэтону? Яны ўжо там ацэтон п'юць? - генэрал узяў Івана за чупрыну, зьлёгку тузануў угору. - А чарняўскую краму ня ты абабраў? - прыкідваючы, ці мог затрыманы абабраць і чарняўскую краму, генэрал разважліва мыкнуў, зьбіраючыся нешта сказаць, ды тут расчыніліся дзьверы і вясёлы дзявочы голас паведаміў:

- Іван Іванавіч, вас да тэлефону!

Іван Іванавіч шпурнуў у адчыненую фортку папяросіну, выйшаў з габінэту, і лейтэнант зь нейкім дзіўным шкадаваньнем паглядзеў яму ўсьлед.

- Дык як, ты кажаш, тваё прозьвішча? Бянькоў? - лейтэнант узяў у рукі самапіску, патрос яе, каб ямчэй пісала, прыклаўся да паперы. Інтанацыя, зь якой ён гэта сказаў, сьведчыла за тое, што ён згубіў да падсьледнага ўсялякую цікавасьць.

- Бянькоў, - буркнуў Іван і, апярэджваючы новыя пытаньні, дадаў: - Іван Васілевіч.

- Дзе і калі нарадзіўся? - лейтэнант ізноў патрос асадку.

- У пяцьдзесят пятым годзе, на станцыі Назарбай...

- Як-як ты кажаш? Назар...

- Назарбай, - па складах прамовіў падсьледны, - Цалінаградзкай вобласьці.

Пёрка асадкі адчайна рыпнула, лейтэнант шпурнуў асадку на падлогу, вылаяўся і абхапіў рукамі голаў. Ён адседзеў у такой паставе хвіліну, а можа, і болей і ачуўся толькі тады, калі пачуў генэральскі голас.

- Анашыст у капэзэ сядзіць? - запытаўся генэрал, прачыніўшы дзьверы.

- У капэзэ, Іван Іванавіч.

- Пратаколы па Мамедаву да мяне занясі. Я ім сам займуся, - генэрал грукнуў дзьвярыма, а лейтэнант, кашлянуўшы ў жменю, паклаў перад Іванам аркуш паперы.

- Сядай вунь за той стол, - лейтэнант азірнуўся, кіўнуў у кут, а пачуўшы таропкія крокі на калідоры, падхапіўся на ногі. Дзьверы зь ціхім рыпеньнем адчыніліся, і ў дзьвярной пройме паўстала кабета ў караценькай форменнай спадніцы.

- Леванід Сяргеевіч, вы каву піць будзеце? - гульлівым голасам запыталася маладзіца, і той, да каго яна зьвярталася, гэтак жа гульліва адказаў:

- Будзем, Валечка, абавязкова будзем. - Хвіліну лейтэнант з замілаваньнем глядзеў на дзьверы, потым абцягнуў мундур, прылашчыў валасы і, прамовіўшы: - Добра, напішаш іншым разам, - загадаў падсьледнаму падняцца.

Набраўшыся страху ў сьледчым габінэце, Іван вяртаўся ў КПЗ, як у родную хату - з усьмешкай на твары. Плюхнуўшыся на ложак, ён закінуў рукі за патыліцу, і ўваччу паўстаў чыгунок з гарачай капустай.

- Яны нас карміць думаюць? - прасіпеў, чытаючы Іванавы думкі, Мамедаў. - Хоць бы чаю якога прынесьлі, шакалы, - сказаўшы так, Мамедаў скасіўся на Івана, чакаючы, што сукамэрнік падтрымае размову, але Іван змаўчаў, і каўказец, нешта буркнуўшы па-свойму, павярнуўся да сьцяны.

КПЗ - цудоўнае месца для одуму. Вось і Івана апанавалі думкі. І думаў ён, глытаючы сьліну, пра хатнюю кілбасу, пра гарачую капусту, пра сопкую бульбу са скваркамі, і, каб пазбыцца дакучлівых думак, жаласьліва ўздыхнуў.

- Што так уздыхаеш? - гукнуў Мамедаў, якому, відаць, таксама мроілася ежа. - Згадваеш, як касу браў?

- Ды я ня ў касу лазіў, - прамовіў Іван, пацягваючыся. - У падсобку. Хацеў віна ўзяць, а ўзяў... - Іван запыніўся, маракуючы, ці варта казаць Мамедаву ўсю праўду, пасьля чаго ізноў уздыхнуў і ціхім голасам скончыў: - ...пяць пляшак ацэтону.

- Каго-каго? Ацэтону? - сукамэрнік бліснуў вачыма, гаўкліва ікнуў і так адчайна зарагатаў, што панцырная сетка пад ім азвалася працяглым гудзеньнем.

- Ну і шакалы, - прамовіў Мамедаў, нарагатаўшыся ўдосыць. - З-за пяці бутэлек чалавека ў гадзючнік уперлі.

Каўказец падняўся з ложку і, змагаючыся з позехам, прасьпяваў:

- А ты сам адкуль?

- З Баранавічаў, - без асаблівай ахвоты адказаў Іван.

- З Баранавічаў? - мяркуючы па голасе, каўказец ведаў, што гэта за горад і дзе ён знаходзяцца.

Мамедаў прайшоўся па камэры, пацёр рукі, акрыялым голасам зазначыў:

- А я зь Ленкарані. Ты Ленкарань ведаеш?

Ленкарані Іван ня ведаў.

- А Сальяны?

Сальянаў Іван ня ведаў таксама.

- У мяне ў Сальянах брат жыве. Алескерам клічуць. Такога ж узросту, як і ты. - Мамедаў зноў упаў на ложак, пазяхнуў і пачаў распавядаць Івану пра брата Алескера, пра Ленкарань, пра нейкія Талыскія горы, дзе яго, Мамедава, аднойчы злавілі памежнікі. Загаварыўшыся, ён стаў балбатаць па-свойму і прыканцы аповеду спытаўся:

- Прозьвішча тваё як?

- Бянькоў, - з пакутаю выдыхнуў Іван.

- Ну дык што, Бянькоў... Калі хочаш выйсьці з гэтага гадзючніку, я табе дапамагу. А ты мне дапаможаш, як выйдзеш на волю. Згода?

Іван у адказ кісла пасьміхнуўся. Ну чым яму мог дапамагчы гэты каўказец, які ляжаў на суседнім ложку і справаю якога зьбіраўся заняцца сам генэрал? І ўсё ж, каб не пакрыўдзіць таварыша па няшчасьці, Іван кіўнуў галавой і ўголас прашаптаў:

- Згода.

Праз пару гадзін Мамедава паклікалі на допыт. Застаўшыся на самоце, Іван доўга хадзіў з кута ў кут, потым доўга ляжаў на ложку, потым зноў хадзіў, лічачы пры гэтым крокі, і акурат ў той момант, калі ён зрабіў семсот сорак трэці крок, дзьверы камэры расчыніліся, і на парозе паўстаў перацягнуты рамянямі сяржант.

- Есьці табе прынёс, - прабурчэў сяржант, несучы алюмініевую талерку і шклянку гарбаты.

Сяржант паставіў талерку і шклянку на адкідны столік, спытаў Івана, ці хоча той у прыбіральню, і, паправіўшы на рукаве павязку дзяжурнага, выйшаў з камэры.

Іван праглынуў ежу і адчуў сябе весялей - нават замармытаў нейкую песьню з рэпэртуару Валерыя Абадзінскага, але нейзабаве зноў зажурыўся. Сядзець адному ў камэры было страшнавата, таму ён і прыслухоўваўся да кожнага калідорнага зыку, чакаючы вяртаньня Мамедава. Але сыходзіў час, усё радзей чуліся на калідоры людзкія крокі, а калі гэтых крокаў зусім ня стала чутна, Іван зразумеў, што Мамедаў ня вернецца.

Ноччу ён ляжаў, закінуўшы рукі за голаў, глядзеў на цьмяную лямпачку, што гарэла над галавой, і думаў пра маці. У начной цішы яму мроіўся матчын голас. Аднойчы ён нават разабраў словы, якія прагучалі знадворку: «Ваня, не пускаюць да цябе!» Пачуўшы гэта, ён падбег да вакенца, ухапіўся рукамі за краты і доўга наструньваў слых у намаганьня ўцяміць, ці гэта сапраўды быў матчын голас, ці гэта толькі здалося.

 

Раніцай наступнага дня сяржант вывеў яго з камэры і павёў па сходах на другі паверх. Яны прайшліся доўгім калідорам, павярнулі направа і спыніліся перад дыхтоўнымі, абабітымі чорным дэрмацінам дзьвярыма. Сяржант адчыніў дзьверы, упіхнуў галаву ў пройму:

- Іван Іванавіч... Бянькоў...

Іван увайшоў у габінэт, і першае, што ўбачыў, - гэта партрэт Леваніда Ільліча Брэжнева, які вісеў на сьцяне. Пад партрэтам сядзеў, апранены ў міліцэйскі мундур, Іван Іванавіч, якога Іван лічыў генэралам і які наяве аказаўся ўсяго толькі маёрам.

Іван Іванавіч акінуў цёзку калючым позіркам і, паказаўшы на крэсла, запытаў:

- На Мамедава даўно працуеш?

Іван прысеў самы на край крэсла і, ня ведаючы, што адказаць, прамармытаў:

- Нядаўна.

- А ты, Бянькоў, артыст. Паглядзець на цябе - дык дурыла дурылам. Ніколі б не падумаў, што ты на гэтую свалату працуеш, - сказаўшы слова «свалату», маёр зрабіў паўзу і кіўнуў у бок брэжнеўскага партрэту.

- Сам хоць гэтую брыдоту ня паліш?

- Якую брыдоту? - не зразумеў Іван.

- Ды анашу... анашу... - грымнуў маёр і падняўся з крэсла. - Глядзі, хлопец... Цяпер ты ў нас вось тут... - цяжкая маёрава рука апусьцілася на стос папераў. - Болей не пападайся. Згнаім! І мая табе парада - завязвай ты з гэтымі анашыстамі. Чуеш?

Маёр узяў Івана за шкірку, падвёў да дзьвярэй, і яшчэ празь імгненьне падсьледны вылецеў з габінэту, атрымаўшы пры гэтым ладнага кухталя і ня меней ладнага высьпятка. Акурат у гэты момант па калідоры ішла знаёмая кабета ў караценькай спадніцы, і Бянькоў, падаючы долу, міжволі схапіў яе за голыя калені.

- Ай, ай, хто гэта? - усклікнула маладзіца, падскочыла на месцы, а маёр, задаволена рагатнуўшы, растлумачыў:

- Гэта яму на разьвітаньне. Каб болей не пападаўся.

Стогнучы і трымаючыся за бакі, Іван выйшаў на двор, дацягнуўся да бліжэйшай лавы і, прысеўшы на левую кумпячыну, перавёў дых. Балела ня толькі ніжэй сьпіны, але і сама сьпіна, і карак, і галава, і суворы міліцыянт з плякату, што вісеў на суседнім будынку, замарачна мітусіўся ўваччу. Ён прымружыўся, пацёр павекі і ўбачыў перад сабою задаволеную фізіяномію Мамедава.

- Паехалі, абмыем свабоду, - прамовіў каўказец і паказаў рукой на шэрую «Волгу», якая стаяла непадалёку...


1992-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая