epub
 
падключыць
слоўнікі

Вінцэсь Мудроў

Іду на таран!

Амаль што дакумэнтальны аповед

На трэйція суткі палёту ў небе зьявіліся аблокі. Бухматыя, крутабокія, яны нагадвалі сонных мядзьведзяў, і карантышкі, пазіраючы на іх, міжволі сьцепаналіся, прагна глыталі халоднае паветра і стоена пераводзілі дых, не раўнуючы, як пасьля доўгай беганіны. Белыя аграмады праплывалі міма - непадалёку ад шара, - і аднаго разу зямля зьнікла зь відавоку й навакольле панурылася ў шэры і волкі ці то дым, ці то туман.

- Што гэта? - закрычалі ўсе. - Адкуль гэты дым?

- Гэта ня дым, - адказаў Знайка, - гэта воблака. Мы падняліся да аблокаў і зараз ляцім у аблачыне.

- Ну ты прыдумаў, - выгукнуў Нязнайка. - Воблака - яно вадкае, як жур, а гэта нейкі туман.

- А з чаго, ты думаеш, зроблена воблака? - запытаўся Знайка. - З таго ж самага туману. Гэта толькі здаецца, што яно шчыльнае.

Знайка прыкусіў верхнюю губу, сеў на лаўку й, дастаўшы з пляншэту мапу, расклаў яе на каленях.

Карантышкі з дакорам паглядзелі на Нязнайку, а потым - з надзеяй у вачох - на свайго камандзёра.

- Нас увесь час нясе на паўночны ўсход, - прамармытаў Знайка; у гэты момант шар вырваўся з аблачыны й сонца вясёлкава зайграла на шкельцах знайкавых акуляраў.

Карантышкі ўважліва сачылі за камандзёрам і калі той пачаў раптам ліхаманкава папраўляць шкельцы на носе, зразумелі, што здарылася штосьці непапраўнае. Хвіліну Знайка сядзеў нерухома, а потым, пашнарыўшы рукою пад лаўкай, роспачна прасіпеў:

- Ратуймася, хлопцы! Нас нясе на Беларусь!

Яшчэ празь імгненьне ён выцягнуў з-пад лаўкі парашут і, насунуўшы на плечы сырамятныя лямкі, выгукнуў:

- Скачам па чарзе... Усе за мной! Пайшлі!

Знайка скочыў першым. За ім пайшоў Тарапыжка, але тут надарылася неспадзеўка. Замест таго, каб скокнуць, а потым раскрыць парашут, Тарапыжка спачатку раскрыў парашут, а потым скокнуў і ў выніку той зачапіўся за край каша. Тарапыжка заблытаўся ў стропах і павіс дагары нагамі.

- Браткі! - закрычаў доктар Пілюлькін. - Калі парашут адчэпіцца, Тарапыжка грымнецца галавой аб зямлю.

Карантышкі ўчапіліся рукамі за парашут, уцягнулі Тарапыжку назад у кош і ў гэты самы момант Нязнайка, які не чытаў газэтаў і ніколі ня чуў пра Беларусь, загарлаў:

- Стойце! Нікому больш скакаць ня трэба!

- А што Знайка будзе бяз нас рабіць? - запытаўся ў сваю чаргу Пончык. Стаўшы каленямі на лаўку, Пончык зьвесіў долу кучаравую галаву.

Усе, хто быў у кашы, таксама зьвесілі галовы, назіраючы за белым дзьмухаўцом знайкавага парашута. Нават сабачка Булька, які дагэтуль увесь час сядзеў у куце, ускочыў на лаву і, убіўшыся паміж гаспадаром - паляўнічым Пулькам - і Нязнайкам, глянуў на зямлю. Булька акінуў уважлівым поглядам навакольле, патрабавальна нюхнуў паветра, а потым, адчуўшы ва ўсім гэтым штосьці нядобрае, голасна заскавытаў. Ад гэтых зыкаў у Нязнайкі заварушыліся валасы на галаве, капялюш наехаў на патыліцу й давялося хапаць яго абедзьвума рукамі і зь сілаю насоўваць на самыя бровы.

 

I

 

Палкоўнік Бурзачыла стаяў ля вакна і, упіхнуўшы рукі ў кішэні форменных штаноў, задуменна перабіраў ядры. Краявід за вакном лашчыў вока: неба было пазначанае ранішняй ружавізною, па небу плылі лёгкія аблачынкі, а ля самай шыбы гайдалася квітучая галінка вішні, на якой шумліва завіхаліся маладыя вераб'і. Гледзячы на ўсё гэта, які-небудзь японскі сузіральнік відочна стоіў бы дых і, ачараваны, пачаў бы дэклямаваць вершы Такасі Нагацукі ці Акіка Ёсаны, але палкоўнік быў не японскім сузіральнікам, а штабным афіцэрам, а таму глядзеў не на ўвішных вераб'ёў і не на ружовыя аблокі, а на буфэтчыцу Тосю, што стаяла на доле й лічыла скрынкі, якія выгружалі з машыны два дарэшты схуднелых шарагоўцы.

Порсткі ветрык даймаў карацельку-спадніцу, агаляў белыя сьцёгны, з кожным парывам ветру палкоўнік хітаўся, налягаючы на пяткі, і хромавыя палкоўніцкія боты поўнілі габінэт прыемным рыпам.

І вось, калі шарагоўцы зьнялі з кодабу апошнюю скрыню, гарэза-ветрык задзёр караценькую спадніцу да самых да зялёных трусікаў, палкоўнік хітнуўся зь небясьпечнай для сябе амплітудай, і хромавікі рыпнулі з такой рашучасьцю, зь якой здольныя рыпець толькі боты кадравых штабных афіцэраў. Палкоўнік пасьміхнуўся, падцягнуў матню форменных штаноў і ў гэты момант за сьпінаю ягонай азваўся тэлефон апэратыўнай сувязі. Юрлівыя крозы выпетрыліся з галавы, палкоўнік счакаў хвіліну, у спадзеўцы, што тэлефон аціхне, але той не аціхаў, і таму давялося ісьці да апарата.

Тэлефанавалі аднекуль здалёк: у слухаўцы спачатку штосьці рыпала, потым узбуджана вохкала, потым задаволена аддзімалася і, нарэшце, у тэлефонных глыбінях узьнік залівісты голас нейкага маладзёна.

- Таварыш палкоўнік... Дакладвае лейтэнант Пашкоў...

- Ну, што там у вас, - палкоўнік мацюкнуўся, прыціснуў слухаўку да вуха, але на другім канцы провада ізноў узбуджана завохкалі, нейкая кабета - відаць, тэлефаністка - рашуча загадала: - Канчайце! - і толькі пасьля гэтага залівісты лейтэнантавы голас скалануў мэмбрану:

- Засеклі... Ляціць на паўночны ўсход...

- Хто ляціць!? Каго засеклі!? - выдыхнуў палкоўнік, праводзячы рукой ніжэй сьпіны.

- Аб'ект... Шар дыямэтрам тры мэтры. Вышыня тысяча васемсот. Хуткасьць адзін мэтар у хвілю...

- Каардынаты! - гукнуў палкоўнік, ікнуўшы на апошняй літары «а».

- Квадрат 3-62... - лейтэнант хацеў сказаць яшчэ нешта, але ў тэлефоне чарговым разам штосьці загуло і нейкая кабета, дыхнуўшы ў слухаўку, летуценна запыталася: - Ты часнык пасадзіла?

Палкоўнік канчаткова страціў раўнавагу. Ён удыхнуў паветра, зьбіраючыся годна адказаць на такое пытаньне, але не пасьпеў: лейтэнантавы голас зноў казытнуў сапрэлае вуха.

- Там у яго штосьці боўтаецца...

- У каго? - перапытаў палкоўнік, хапаючыся за матню.

- У шара...

- Можа, радыёзонд? - нясьмела запытаўся палкоўнік пасьля хвіліны маўчаньня.

- Ды не, на зонд не падобна, - адказаў лейтэнант, і ўсё тая ж кабета - гэтым разам керхануўшы ў трубку - з крыўдаю ў голасе паведаміла: - Майго ж учора прынесьлі... і штаны паабсцываныя.

- Йоп... Лейтэнант! Ты адкуль звоніш? - гракнуў палкоўнік ужо зусім вар'яцкім голасам.

- Ды тут... з сельсавета, таварыш палкоўнік. Наша станцыя ляснулася. Хтосьці скраў медныя кантакты... - сказаўшы так, лейтэнант уздыхнуў, і слухаўка азвалася кароткімі гудкамі.

Хвіліну-другую палкоўнік усьвядомліваў пачутае, задуменна чухаючы слухаўкаю за вухам, а потым, кінуўшы гудзёлку на вагар, спружнай хадой падышоў да мапы. Закарузлы палец тыцнуўся ў населены пункт Гракаў, папоўз угору, потым долу і, нарэшце, засяродзіўся на квадраце 3-62.

- Адзін мэтар у хвілю... Тры з паловаю кэмэ ў гадзіну... - прамармытаў палкоўнік, палец ягоны нэрвова папоўз на паўночны ўсход, а наехаўшы на чырвоны трохкутнік з надпісам «Казловічы», міжволі здрыгануўся: праз тры, максымум чатыры гадзіны паветраны балён, пра які паведаміў лейтэнант, павінен быў праляцець над «Казловічамі» - звышсакрэтнай базай ваенна-касьмічных сіл.

- Што ж там, бляха, ляціць? - уголас запытаўся палкоўнік, дастаючы з кішэні форменных штаноў зашмальцаваную насоўку. Выцершы потную лабаціну, палкоўнік супакоіў сябе на думцы, што гэта ўсё ж такі радыёзонд і нават з палёгкаю аддзьмуўся, але, пахадзіўшы вакол стала, ізноў задумаўся й скасіў вока на тэлефон з надпісам «Масква» на маціцовым дыску. «А можа, гэта праверка? Запусьцілі пузыр з фотакамэрай... Здымуць тыя ж «Казловічы», а потым пачнуць... здымкамі пад носам трэсьці. Ад маскоўскіх падлюк можна ўсяго чакаць...» - з гэтымі думкамі палкоўнік падняў слухаўку і з сардэчным клёкатам у горле перавёў дых.

Масква не прымусіла доўга чакаць і адгукнулася барытоніста і непракерхана:

- Прапаршчык Сапрыкін слухае.

- Гэта зь Беларускай акругі турбуюць... Палкоўнік Бурзачыла. Зьвяжыце мяне, калі ласка, з генэрал-маёрам Затуліным, - пралепятаў палкоўнік, утаймоўваючы прыкрую дрыготку ў голасе.

- Генэрал у камандзіроўцы, - адказаў прапаршчык і адкерхаўся.

- Мы тут аб'ект засеклі... Шар дыямэтрам тры мэтры, - пачаў быў палкоўнік, але прапаршчык зноўку пачаў керхаць, а потым злавесным голасам загадаў:

- Дзейнічайце згодна інструкцыі. Праз гадзіну дакладзеце абстаноўку.

- Слухаюся, таварыш прапаршчык! - гукнуў палкоўнік, канчаткова зразумеўшы, што пузыр над «Казловічамі» - гэта затулінскія штукі.

 

Вядомы авантурыст Шцірліц, як сьведчаць показкі, у хвіліны непакою меў звычку поркацца ў штанах, мацаў пры гэтым набрынялыя ад шматгадовага ўстрыманьня ядры і, казелячы вокам на Леваніда Бранявога, з халоднай разважнасьцю прамаўляў:

- А гэта канец...

Пасьля размовы з прапаршчыкам палкоўніка Бурзачылу таксама апанаваў непакой. Ён піхнуў рукі ў кішэні штаноў, крутнуў, па прыкладу штандартэнфюрэра левую ядрыну, спрабуючы такім чынам настроіць мазгі на працоўны лад, але мазгі канчаткова растапіліся, ніякіх канструктыўных ідэй у іх не нараджалася, і палкоўнік, прамовіўшы штосьці дарэшты пэсымістычнае й сугучнае слову «канец», плюхнуўся ў крэсла.

Сытуацыя вымалёўвалася - горай не прыдумаеш. Баявая авіяцыя стаяла ў ангарах бяз паліва - акурат на мінулым тыдні ўвесь яе аварыйны запас - чатырнаццаць бэнзавозаў - загналі лабусам; мабільныя зэніткі яшчэ ў 1991 годзе прадалі армянам, а ўсе шрубалёты ад нядаўніх часін перайшлі на балянс Адміністрацыі і за іхнюю арэнду трэба было выкладваць шалёныя грошы.

Зрэшты, пра тое, што бэнзавозы пайшлі ў Жамойць, ведалі, апроч яго, яшчэ два чалавекі: міністар абароны ды маёр Кукарэка з ваенна-паветранай базы ў Мачульніках. Тавар яны здалі са спакойнай душой: у сераду павінны былі прыйсьці эшалоны з авіяцыйнай газай. Фірма «Хрэнойл» набыла дзеля свайго офіса будынак штабу Чырвонасьцяжнай ваеннай акругі і цяпер разьлічвалася натурай. У войску, вядома ж, кралі і не такое. І кожны раз усё ішло ціха-ціхенька. І раптам гэты званок...

«Зьядуць і не падавяцца. Спачатку шэфа, а потым нас з Кукарэкам», - падумаў той хвіляй палкоўнік, пацёр даланёю па драбах, расьціраючы казытлівыя кроплі поту і ў душы пажадаў генэралу Затуліну ды ягонаму швагру - старлею Підуце, які мерыўся заняць міністэрскае крэсла, падавіцца хаця б адной сваёй рабрынай.

Хвілін пятнаццаць, а мо й болей палкоўнік сядзеў, раскінуўшыся ў крэсьле, ачмурэла пазіраў на ківач старога гадзіньніка, што стаяў у супрацьлеглым куце габінэту й ачуўся толькі тады, калі ўнутры масыўнай шафы штосьці рыпнула, а потым надзіва гучна бомкнула. Гадзіньнік пачаў адбіваць час: з кожным новым ударам палкоўніцкая галава пудліва ўбівалася ў плечы, пасьля дзевятага ўдару ўбілася па самыя вушы, а разам зь дзесятым ударам дзьверы габінэту расчыніліся і ў пройме дзьвярэй паўстаў маёр Кукарэка. Мундур маёравы быў расшпілены, фуражка зьехала на вуха, а з прарэху штаноў тырчэў ражок кашулі.

- Чуў? - выдыхнуў Кукарэка не зусім цьвярозым голасам і да палкоўніцкага носа даляцеў пах армянскага каньяку.

«Трахаўся, відаць, са сваёй тэлефаністкай. Нават прарэх не зашпіліў, скаціна», - палкоўнік сашчапіў пальцы рук на патыліцы, зь непрыхаванай пагардай паглядзеў на кампаньёна.

- Ну што, так і будзеш сядзець? - запытаўся маёр, зьняўшы фуражку й прамакнуўшы рукавом узмакрэлую лысіну. - Аб'ект у шасьці кэмэ ад Казловічаў, а яму ні ў галаве, ні ў пяце. Чуеш? Што рабіць будзем?

- А ты што, ня ведаеш? Едзь у Мачульнікі, падымай свае МіГі... - прамовіў, нарэшце, палкоўнік з блазнаватай усьмешкай на твары, і Кукарэка пасьля такіх слоў канчаткова працьверазеў.

- Зьдзекваесься? А мо забыўся, куды мы авіягазу сплавілі? - выгукнуў ацьверазелы маёр, і палкоўніку, каб суняць балбатуна, давялося папераджальна кашлянуць ды кіўнуць галавой у бок тэлефона ўрадавай сувязі.

Маёр пакасіўся на тэлефонны апарат і ў працяг няскончанай фразы ледзь чутна дадаў:

- Нават з бакаў зьлілі.

Хвіліну яны маўчалі, наструнена глядзелі адно другому ў вочы, пасьля чаго маёр, ухапіўшыся рукамі за штрыфелі мундура, нэрвовым крокам прайшоўся ад стала да гадзіньніка, потым ад гадзіньніка да стала і, нарэшце, падбег да апэратыўнай мапы.

«Бегае, як той Ленін у васемнаццатым годзе», - адзначыў пра сябе палкоўнік, з падступным задавальненьнем пазіраючы на ўсхваляванага маёра. Маёр тым часам уторкнуў нос у раён мяркуемага месцазнаходжаньня аб'екта й заклапочана прамармытаў:

- Падлятае да Гракава.

«Гракаў... Ракаў... Акаў», - шматкроць адбілася ў палкоўніцкіх мазгах, і лёгкае хваляваньне халоднай мурашкай казытнула апрэлыя ядры. Пальцы машынальна крануліся скроняў, гадзіньнік у куце адбіў палову адзінаццатай, і ў той жа міг нейкая страшная сіла падняла палкоўніка на ногі. Пад'ём быў такім імпэтным, што Кукарэка сагнуў ногі ў каленях, чакаючы, што Бурзачыла кінецца на яго з кулакамі, але той і ня думаў біцца. Палкоўнік абцягнуў мундур, стрымана кашлянуў і, скіраваўшы погляд на тэлефон урадавай сувязі, урачыстым голасам прамовіў:

- Хтосьці вырашыў прамацаць нашу супрацьпаветраную абарону... Дык мы гэтыя мацакі падкарацім!

Яшчэ імгненьне, і палкоўнік, нацубіўшы на вочы фуражку, рушыў да дзьвярэй, а сьледам за ім кінуўся агаломшаны маёр Кукарэка.

 

Яны ішлі бясконцым калідорам - маёр нячутна ступаў па ходніку, раз-пораз азіраючыся; палкоўнік ішоў ля сьцяны, грукаючы абцасамі аб падлогу й грукат трывожным рэхам блукаў пад скляпеньнямі. Гэта была хада Камандора.

Маёр тым часам ня толькі азіраўся але й керхаў у жменю - відочна, хацеў штосьці спытаць, ды не рашаўся й загаварыў толькі тады, калі яны павярнулі на лесьвіцу.

- Што, падслухоўваюць? - дрогкім голасам запытаўся маёр, але спадарожнік нічога не адказаў - адно дакорліва хітнуў галавою.

Другое маёрава пытаньне было яшчэ больш ляканічным.

- Палякі? - запытаў маёр, спрабуючы ісьці ўпоравень са спадарожнікам і запабежліва пазіраючы таму ў левае вуха.

- Якія палякі? - выдыхнуў спадарожнік, спыніўшыся на пляцоўцы паміж першым і другім паверхам.

- Ну гэта... кажу... палякі пузыр запусьцілі? - усё тым жа ўсхвалявана-гугнявым голасам запытаўся маёр, намаляваўшы ў паветры вялікае кола.

Палкоўнік дастаў пачак «Данхілу», укінуў у рот цыгарэту, наструніўся, слухаючы - ці таўчэцца хто на сходах і ў гэты момант маёр, папярэдне ляпнуўшы па кішэнях, тыцнуў яму пад нос сваю запальнічку.

- Ты, Кукарэка, як маёрам стаў, дык зусім здурнеў... - прамовіў палкоўнік, не адрываючы вачэй ад кампаньёна. - Ім што, больш рабіць не хер, як толькі пузыры пускаць?

Словы гучалі пераканаўча й Кукарэка, стоячы з зацепленай запальнічкай як са сьвечкай, стоена прашаптаў:

- НАТА?

Палкоўнік зморана ўздыхнуў: паветра, што вырвалася зь ягонай грудзіны затушыла запальнічку й данесла да маёравых вушэй шматзначнае пытаньне:

- Старлея Підуту ведаеш?

- Швагра... - маёр не дагаварыў: на доле бразнулі дзьверы й кампаньёны міжволі наструніліся. Дзесьці на першым паверсе загаманілі, чхнулі, потым мацюкнуліся і неўзабаве ўсё аціхла.

- Затулін?.. - зьбялелымі вуснамі прашаптаў Кукарэка, а ягоны суразмоўца, ступіўшы колькі крокаў па сходах, кінуў цераз плячук фразу, якую любіў казаць падначаленаму ў часіны душэўнага ўздыму:

- Пайшлі, што стаў, як певень пасьля кукарэку...

 

Дыхтоўныя, абабітыя масянжовымі паскамі дзьверы з натугаю падаліся і ў вочы пырснула гарачае сонечнае сьвятло. Усё навокал цвыркала, плыло, цьвіло і гаманіла. Цвыркалі вераб'і на даху, плылі аблокі ў небе, цьвіла вішня ля ўваходу, а за сьпінаю палкоўніцкай гаманіў, штохвілі шморгаючы носам, маёр Кукарэка.

- Я што... я чалавек маленькі... Мне загадалі - я й зьліў паліва. А куды яно пайшло - ня ведаю й ведаць не жадаю.

Палкоўнік быў заняты сваімі думкамі й ня надта слухаў Кукарэку, а калі прыслухаўся, дык пальцы рук ягоных сьціснуліся ў кулакі, а на шчоках прабілася нездаровая чырвань.

Маёр Кукарэка - гэты зацяты хапуга, які краў нават лыжкі ў жаўнерскай ядальні, меў здольнасьць пераўвасабляцца ў бязьвінную авечку. Маёра колькі разоў хапалі на гарачым, аднаго разу - калі з палкавога складу зьнікла чатыры тоны масла - на яго нават завялі крымінальную справу, аднак - дзіўная рэч! - маёр, дзякуючы гэтаму самаму пераўвасабленьню заўсёды выходзіў сухім з вады, і з пасадаў, а то й з войску выляталі ягоныя падзельнікі.

Летась палкоўнік і сам ледзь не зьляцеў з пасады, таму, пачуўшы кукарэкава бляяньне, счырванеў як гіпэртонік. Ён хацеў адразу заехаць маёру між вачэй, ды, угледзеўшы бакавым зрокам двух шарагоўцаў, што сядзелі на лаве, аддзьмуўся, перакінуў з аднаго кутка вуснаў у другі прытухлую цыгарку і гэтым самым утаймаваў свае нэрвы.

- Кулямёт ёсьць? - запытаўся палкоўнік, папераменку пазіраючы то на маёравы ўазік, то на двух схуднелых шарагоўцаў, якія сядзелі ў цяньку і штосьці жэрлі.

- Які кулямёт? - не зразумеў маёр.

- Буйнакалібэрны, йоп... - вылаяўся палкоўнік, нэрвова смактануўшы амаль што затухлую цыгарку.

- Ёсьць... у Мачульніках... - Кукарэка шморгнуў носам і два разы запар спатыкнуўся на роўным асвальце.

- У Мачу-у-ульніках, - перадражніў палкоўнік. Засяродзіўшы вочы на канцы цыгарэты, ён яшчэ пару разоў смактануў і палез у кішэнь за сярнічкамі. - Да Мачульнікаў сорак кэмэ, а ў нас кожная хвіліна на ўліку.

- Ёсьць яшчэ на лецішчы, у Ждановічах. Думалі ж на дзікоў ехаць...

Шарагоўцы - з выгляду салагі-першагодкі - сядзелі на лаве і, не зважаючы на афіцэраў, елі гарачыя пончыкі.

«Тося пачаставала», - падумаў палкоўнік, увабраўшы носам агідны пах алею й яблычнага павідла.

За колькі мэтраў ад лаўкі афіцэры запаволілі крок, чакаючы, што шарагоўцы падхопяцца на ногі, але тыя й ня думалі падхоплівацца і палкоўнік, з астатніх сіл утаймоўваючы лютасьць, павадзіў рукамі ў паветры, мадэлюючы той рух, якім дырыгенты падымаць аркестры, а штабныя афіцэры ўзважваюць тугія жаночыя грудзі. Шарагоўцы адарвалі ад лаўкі схуднелыя азадкі, выпрасталіся, прыціснулі далоні да сьцёгнаў, але жаваць не перасталі і, як тыя хамякі, варушылі пашчэнкамі.

- Чаго расьселіся?! - грымнуў маёр Кукарэка, пырснуўшы сьлінаю на палкоўніцкую шыю.

Адзін з шарагоўцаў - маленькі, чарнявы, з падбітым левым вокам, - пачаў штосьці казаць, глытаючы ежу і з усяго ім сказанага ўцямна прагучала толькі слова «выгружалі».

- А чаму жарэце як не ў сабе? - гукнуў у сваю чаргу палкоўнік, зірнуўшы на пончыкі, што грудком ляжалі на газэце.

- Два дні ня елі, таварыш старшы лейтэнант, - прамовіў, ужо больш уцямна, чарнявы шараговец і палкоўнік, губляючы раўнавагу, тузануў плечуком:

- Разуй буркалы, с-салага!

Такой абразы гвардыі палкоўнік Бурзачыла ня зьведваў за ўвесь час служэньня ў войску. Палкоўнік яшчэ больш пачырванеў, потым спалатнеў, зубы ягоныя зайгралі польку, але доўжылася гэта кароткую хвілю: ужо празь імгненьне ён зацягнуўся цыгарэцінай і злавесным голасам запытаў:

- Зь якой часткі?

Чарнявы салага панік, скурчыўся, увабраў голаў у плечы і зацкавана паглядзеў на сябра - бялявага салагу з падбітым правым вокам.

- Гэта мае... тэхнары з Мачульнікаў, - працэдзіў маёр, панурыўшы вочы, - прадукты ў буфэт прывезьлі.

Словы тыя як зь неба ўпалі. Ну вядома з Мачульнікаў... Дзе ж яшчэ жаўнеры ходзяць някормленыя?.. Душа палкоўніцкая адтаяла, цела зрабілася лёгкім, і палкоўнік, зыркнуўшы на маёра, ужо лагодным голасам загадаў шарагоўцам бегчы да ўазіка. Зацягнуўшыся цыгарэтай, палкоўнік Бурзачыла пашукаў вачыма сьметніцу, а згледзеўшы яе на другім канцы ходніка, пстрыкнуў пальцам па сьлінявым недапалку. Недапалак праляцеў ня меней дваццаці мэтраў і дакладна лёг у цэль.

- Вучыся! - цяпер ужо акрыялым голасам сказаў палкоўнік маёру і дыхнуў таму ў твар разрэджаным цыгарэтным дымам.

 

II

 

Адразу за Гракавам - пыльным мястэчкам з тузінам старых камяніц і сотняй вясковых хат, - ляжыць агромістае поле. Свойчас усходні, дальні ад мястэчка клін, перааралі «кіраўцамі» - зьбіраліся, відаць, нешта пасеяць, але нічога не пасеялі; ральля зь цягам часу ўзялася дзірванам і нагадвала цяпер пральную дошку. Па гэтым кліне - ачайна бразгаючы ўсім сваім жалезным начыньнем і плаксіва скуголячы рухавіком - і кратаўся вайсковы ўазік. Унутры яго сядзелі чатыры вайскоўцы: палкоўнік, маёр - ён круціў «абаранак», - а таксама два шарагоўцы, якія калаціліся на заднем сядзеньні, раз-пораз кранаючыся галовамі брызэнтавага верха.

Маёр, штохвіліны мацюкаючыся, з шумам выпускаў паветра праз стуленыя вусны, гэтым самым як бы дапамагаючы ўазіку пераадольваць утравелыя калдобіны; а вось палкоўнік лаяўся зрэдзьчасу - толькі тады, калі руля буйнакалібэрнай зброі, якую трымаў адзін з шарагоўцаў, стукала па карку. Пасьля кожнага такога ўдару палкоўнік прамаўляў няўцямнае: - Йоп..., - шараговец адводзіў зброю ўбок, руля біла па карку маёра і той дагаворваў пачатую палкоўнікам фразу да канца.

Праехаўшы па ральлі паўтара кілямэтры, машына выбілася на роўнае й маёр, прытапіўшы понаж газу, зморана выдыхнуў:

- Фу, бляць...

Уазік аб'ехаў высахлую балацявіну, абмінуў купку чэзлага вербалозу і за брудным ветравым шклом задрыжэлі відарысы серабрыстага элінгу і двухкрылага, падобнага да вялікай страказы, «кукурузьніка». Пабачыўшы самалёт, афіцэры шматзначна пераглянуліся: палкоўнік палез у кішэнь па цыгарэты, а маёр, адпусьціўшы на хвілю руль, задаволена пацёр узмакрэлыя далоні.

Месца, куды яны прыехалі, цяжка было назваць лётнішчам. Тут стаяў усяго адзін самалёт, а з аэрадромных пабудоў, апрача дзіравага элінгу, стаяла жалезная бочка ды тырчэў шост з драцянай рэхвай на вершаку.

Зьмерыўшы вокам шост, палкоўнік глыбокай зацяжкай дапаліў цыгарэту да фільтра і, абцягнуўшы мундур, пайшоў да бабулі, якая даіла на ўскрайку поля рабую казу.

Бабуля, відаць, была глухаватая, бо не пачула крокаў, таму палкоўніку давялося другім разам абцягваць мундур і напаўжартам галёкнуць:

- Прывітаньне казаводам!

Пасьля такіх слоў бабуля падхапілася, абцёрла рукі аб спадніцу, а каза, стукнуўшы капытом аб даёнку, рушыла насустрач палкоўніку.

Бабуліна жывёліна была жывым увасабленьнем чорта: такая ж рабая, рагатая, з жаўтлявымі, не раўнуючы як у ката, вачыма. Адно што ў ката - як адцеміў палкоўнік, - шчыліны зрэнак вэртыкальныя, а ў казы яны былі гарызантальныя.

Спыніўшыся непадалёку, каза мэкнула, зь недаверам крутнула галавой, і палкоўнік, каб убіцца ў давер, павабіў жывёліну пальцам і ласкава залапатаў языком:

- Цып-цып-цып...

У вадказ каза пагрозьліва страсянула галавой, бабуля сьпехам падхапіла даёнку, а палкоўнік, зразумеўшы, што зрабіў штосьці ня тое, кашлянуў у далонь і задаў пытаньне, якое даўно сьпела на канцы языка.

- А што, самалёт лётае, ці як?

- Лётае, каб на яго немарач, - жвава адгукнулася бабуля. - Дзесяць гадкоў няма спакою... Дзень да ночы лётае... і ўсё над маёй хатай. Пазалетась дык нейкай халерай абсыпаў. У мяне потым гусак акалеў. Я ж ужо куды толькі не хадзіла, куды толькі не пісала...

Бабуля, мяркуючы па ўсім, была балбатліваю. Палкоўнік зірнуў на гадзіньнік, па старой звычцы кашлянуў у далонь, але гэта не дапамагло.

- Каб яму сьлепакі павылазілі, паскудніку гэтаму... Дусю надоечы так напужаў, што тры дні малака не было.

- А Дуся - гэта хто? - перабіў палкоўнік.

- А во... козачка... карміліца мая, - прамовіла бабуля, падышла да казы і з палёгкаю ў голасе дадала: - Ад нядзелі, праўда, ня лётае. Штосьці ў яго там зламалася.

Такая навіна прымусіла палкоўніка наструніцца і бязгучна мацюкнуцца.

- Учора сабраў п'яніц - Толіка Манькіна, Фарзуна з Кабздохам - дык ужо хвост жардзінай падымалі ды нешта там поркаліся. Потым у краму бегалі. Міронаўна казала - чатыры белых бралі, а ўвечары да Андросіхі за самагонкай цягаліся...

- Ну, а дзе ён жыве? - запытаўся палкоўнік, дэманстратыўна зірнуўшы на гадзіньнік.

- Зь вясны ў Рапухі жыў. П'яніца ў нас тут такая... Біліся кожнага вечару. Проці ночы нап'юцца, тады ён яе ганяе, а з ранку ўжо, - у гэтым месцы апавядальніца сьцішыла голас да шэпту, - ідуць у магазін пад ручку...

- Ну а дзе ён зараз жыве? - амаль што з адчаем выдыхнуў палкоўнік.

- Да Райкі Мандрыкавай прыбіўся. Да Рапухі ж мужык прыехаў. Жыў недзе ў Архангельску, ці дзе там... на пасяленьні. Потым тамака ажаніўся...

- Райка дзе жыве, йоп...!? - гракнуў канчаткова здэнэрваваны палкоўнік, ды так гучна, што бабуля выпусьціла з рук вядро, а каза Дуся ўбрыкнула заднімі нагамі. Калі ж палкоўнік, плюнуўшы са злосьці, пабег да сваіх, Дуся рынула сьледам, парываючыся зжаваць канцы палкоўніцкага мундура.

- Шэф званіў, - гукнуў Кукарэка, калі палкоўнік падбег да машыны. Зірнуўшы на шарагоўцаў, маёр выцер рукавом узмакрэлую лысіну. - Загадаў зьбіты аб'ект везьці ў расейскую амбасаду. Там ужо чакаюць.

Палкоўнік прычакаў хвілю, усьведамляючы пачутае, потым зацкавана глянуў на хвост «кукурузьніка», потым на свае «камандзёрскія», потым мацюкнуўся - цяпер ужо ўголас - і, сядаючы ў машыну, прамармытаў:

- Паедзем шукаць Райку.

 

Райчыну хату знайшлі даволі хутка. Стаяла яна на ўзгорку, непадалёку ад лётнішча - звычайная цагляная будыніна з разнымі шалёўкамі на вокнах. Ступіўшы на шырокі двор, палкоўнік адразу ж зьвярнуў увагу на тыя шалёўчыны. Ён правёў рукою па шурпатай ліштве й вусны палкоўніцкія кранула ўсьмешка: калісьці, у далёкім дзяцінстве, бацька зрабіў такія ж ліштвы і ўся вёска хадзіла глядзець на вокны іхнай хаты.

Хвілінны одум разьвеяў маёр, тузануўшы за рукаво й паказаўшы пальцам углыб двара. Там, куды паказаў Кукарэка, стаяла прысадзістая адрына, з прачыненых дзьвярэй якой вырывалася на дваровы прасьцяг сіплаватае храпеньне.

...Пасьля зыркага сьвятла вочы апанавала цемра. Уваччу паплылі вясёлкавыя кулі, паўсталі нейкія шэрыя патарочы, якія празь імгненьне ператварыліся ў кучу плеценых кашоў, старыя начоўкі й капу зьляжалай леташняй саломы. Там, на версе капы і нараджалася немае храпеньне, а чэзлая яснасьць, што цэдзілася з незашклёнага, захінутага маладой лістотай, паддашкавага вакна, вырывала з паўзмроку нечыя голыя пяткі.

- Гучней храпіць толькі мая цешча, - зазначыў маёр Кукарэка, выцяўшы нагой па вялізным кашы. Маёр памружыўся на голыя пяткі і, насьледуючы галасам мачульнікаўскіх днявальных, загарлаў:

- Ротэ-э... пад'ём!

На верху тарпы са смакам схрапянулі, штосьці прамармыталі й захроплі з ранейшым імпэтам.

Маёр падхапіў з-пад ног кашолку, пусьціў яе ў храпуна, але той працягваў храпець, нават не зьмяніўшы танальнасьці.

Кукарэка агледзеўся, шукаючы чаго больш важкага, але нічога такога не ўгледзеў і палез на капу.

- Уставай, б-бляха, - маёр схапіў храпуна за нагу, пацягнуў долу й храпун, мацюкнуўшыся спрасонку, заехаў маёру пяткай у лабешнік. Кукарэка скаціўся з тарпы, патрапіўшы галавой у кош і з тым кашом ён і паўстаў перад палкоўнікам, які ўжо ня мог трымацца на нагах і курчыўся ад сьмеху, поўзаючы па земляной падлозе й пазначаючы калені форменных штаноў бела-зялёнымі плямамі курынага памёту.

Кукарэка выбег з адрыны, цяжка затупаў па цэмэнтавым ходніку, ляпнуў дзьверцамі ўазіка і неўзабаве ізноў паўстаў перад палкоўнікам - цяпер ужо з буйнакалібэрным кулямётам у руках. Такі паварот усхваляваў Бурзачылу. Палкоўнік спалатнеў, памкнуўся схапіць маёра за мундур, але той, высьлізнуўшы з-пад рукі, спужаным катом узьбіўся на капу. Там ён кляцнуў затворам, наблізіў зброю да храпуна і, наставіўшы рулю ў незашклёнае вакно, гваздануў адзіночным. У куце з адчайным лямантам узьляцела курыца, знадворку загарлаў певень, а храпун, глынуўшы парахавога дыму чхнуў, няўцямна мацюкнуўся і яшчэ празь імгненьне ўскудлачаная галава ягоная вытыркнулася з-за краю тарпы.

Маёр тым часам споўз, лежачы на жываце, долу і, наставіўшы на храпуна кулямёт, сувора прасіпеў:

- Імя... Прозьвішча...

Храпун узьняў рукі, прыхапіўся, грымнуўся галавой аб крокву й палкоўнік адчуў на сваёй узмакрэлай шыі казытлівую парахню, якая сыпанула з даху.

- Кудзёлка... Аляксей... - прамовіў храпун, зьвёўшы вочы да кулямётнага дула.

- І хто такі? - ужо больш лагодна запытаўся маёр.

- Ды тут... працую... пілётам сельгасавіяцыі.

- Злазь, ты нам патрэбны, - падаў голас палкоўнік, зь відочным хваляваньнем закідваючы ў рот чарговую цыгарэціну.

Пілёта таксама апанавала хваляваньне. Яму нават мову заняло: ніжняя сківіца пілётава дробна задрыжэла й сунялася толькі тады, калі маёр апусьціў кулямёт долу.

- Ды ў мяне паліва... на пяць хвілін лёту, - выдыхнуў пілёт пераселым ад хваляваньня голасам, - нават да Менску не дацягнем.

- Нам у Менск і ня трэба. Акурат за пяць хвілін і ўправімся.

Пілёта такія словы зьбянтэжылі. Ён апусьціў рукі, пацёр далоньмі па сподніках, а ўцяміўшы, што піраты прыехалі на бэнзавозе, змучана шморгнуў носам.

- Кола задняе зьняў. Трэба новая ўтулка.

Запанавала ціша. Нават певень кінуў кудактаць і цяпер ужо палкоўніку прысьпела пара шморгнуць носам і пачухаць прыцярушаную парахнёй патыліцу.

 

Пілёт ішоў да машыны як бальшавік на расстрэл - у кальсонах, прыпадаючы на левую нагу, пазіраючы праз плячук на кулямётную рулю, - а калі выходзіў зь весьніц, аднекуль з суседняга агарода даляцеў помсьлівы голас знаёмай бабулі:

- Таварышы, ён і Лукашэнку лаяў!

...Да лётнішча ехалі што духу: разганяючы курэй і стукаючыся скронямі аб кулямётную рулю. Маёр наўмысна пасадзіў пілёта на задняе сядзеньне і даў у рукі зброю. Такія захады мусілі пераканаць небараку, што перад ім не паветраныя піраты, а абаронцы мірнага неба Садружнасьці.

Між тым выгляд пілётавы прагнуў спагады: ніжняя сківіца дробна дрыжэла, вочы заплылі, у валасы ўбілася саламяная пацяруха, а спусьцісты лоб баранавалі кроплі хвараблівага поту, якія, зрываючыся, цёмнымі плямамі пакрывалі падштанікі. Пілёта даймала пахмельле.

Гледзячы на небараку, палкоўніку манулася дапамагчы хлопцу, падтрымаць шчырым словам, але словы такія не прыходзілі ў галаву - палкоўнік маўчаў і толькі ля самага лётнішча, згадаўшы пра бабулю, пранікнёна запытаўся:

- Што гэта за порхаўка... казу пасе?

- Сазоніха, - буркнуў пілёт, зірнуўшы ў вакенца, - жыве ў крайняй хаце. Зьвягня, якіх сьвет ня бачыў.

Пілёт змоўк, а палкоўнік, узбадзёраны такім адказам, тыцнуў пальцам у шыбу.

- А гэта што там за шост з абручом?

Не павярнуўшы галавы, пілёт уздыхнуў, перакрывіўся як ад зубнога болю.

- «Каўбаса» была, ды ветрам падрала.

Уазік абмінуў рабую казу, праехаўся па полі і загамаваў у двух мэтрах ад «кукурузьніка», ля якога завіхаліся два шарагоўцы: чарнявы выціраў анучкаю перапэцканыя салідолам пальцы, а бялявы сядзеў на траве і смаліў цыгарэту.

У самалёта й сапраўды адсутнічала задняе кола - хвост стаяў на калодзе, а пад хвастом, у поўным бязладзьдзі ляжалі падшыпнікі, патрубкі, кувалда з манціроўкаю, зашмальцаваная ватоўка, прыціснутая да зямлі бліскучым валам; апрача таго да хваста быў прыхінуты мэталёвы брус, цень ад якога перакрыжоўваў увесь гэты натурморт, а разам зь ім і ўсе палкоўніцкія надзеі ды спадзяваньні.

Палкоўнік паклаў рукі на цёплую абшыўку самалёта, прыціснуўся да абшыўкі лобам і заплюшчыў павекі.

Апэрацыя была правалена, але ў душы палкоўніцкай не было ні жалю, ні роспачы, ні хваляваньня. На душы было лёгка, прасьветлена і чыста. Палкоўнік уявіў, як ён прыйдзе заўтра ў свой габінэт, падцягне па старой звычцы гіру старога гадзіньніка, потым нетаропка сядзе за стол і, ускудлаціўшы непаслухмяныя кучары, размашыстым почыркам напіша рапарт. Потым ён прысмаліць цыгарку, падыйдзе да вакна і, глянуўшы долу, убачыць буфэтчыцу Тосю. Тося адорыць яго белазубай усьмешкай, сарамліва абцягне спадніцу і тут жа крутнецца на высокіх абцасіках, падступна агаліўшы крамяныя сьцёгны.

Палкоўнік уздыхнуў, сьлізгануў даланёй па вільготных павеках і пачуў раптам бадзёры голас чарнявага шарагоўца.

- Утулка паляцела.

- Цяміш, - адгукнуўся на тое пілёт, з балесным вохканьнем выдыхнуўшы паветра.

- У прынцыпе, можна ўзьляцець і бяз кола, - ізноў падаў голас шараговец, - трэба які кавалак дрэва прымацаваць - зьняць кару, змазаць салідолам...

Палкоўнік страпянуўся, ляпнуў даланёй па абшыўцы, умольна зірнуў на пілёта. Пілёт стаяў, як кол пракаўтнуўшы: лыпаў буркаламі, церабіў падштанікі і невядома колькі б усё гэта доўжылася, ды тут палкоўнік ляпнуў пальцамі па шыі, зганяючы казытлівую кузурку й пілёт, па-свойму зразумеўшы такі жэст, нясьмела прамармытаў:

- Можна паспрабаваць.

«Канешне можна!» - хацеў было крыкнуць палкоўнік, але стрымаўся, адно захоплена пацёр далоняй аб далонь, а калі хлопцы кінуліся да элінгу - за пілой і сякерай, - воплескамі прысьпешыў іхны бег.

У нябесным прыціне заліваліся жаўрукі, пад нагамі гулі чмялі і восы, жоўтае дзьмухаўцовае поле лашчыла пагляд, але палкоўнік нічога ня чуў і ня бачыў. Ён утрапёна хадзіў вакол самалёта, мармытаў сабе пад нос штосьці дарэшты няўцямнае, вадзіў рукамі ў паветры, мадэлюючы дзеяньні на зьнішчэньні паветранага шара й маёру давялося гучна гвіздаць - у два, а потым у чатыры пальцы, перш чым палкоўнік ачуўся і зірнуў у бок легкавушкі. Маёр тыцнуў пальцам у неба, паказваючы, што тэлефануе шэф і палкоўнік у вадказ рашуча махнуў рукою: размаўляць з шэфам такой парой яму ніяк не выпадала.

... Мядовы ветрык даносіў да вушэй абрыўкі фраз:

- ... Ажыцьцяўляем сачэньне... на перахоп паднятая эскадрыля зьнішчальнікаў... зьнішчыць цэль загадана экіпажу самалёта... - галава маёрава на кароткае імгненьне вытыркнулася з кабінкі, - ... з бартавым нумарам ноль-дваццаць чатыры... Будзем рупіцца, таварыш генэрал...

«Як мянташкай лупіць», - прашаптаў палкоўнік ды, ці не ўпершыню за ўвесь час знаёмства з маёрам, падумаў, што Кукарэка наогул някепскі малец.

- Квадрат чатыры-дванаццаць. Падлятае да базы, - крыкнуў тым часам Кукарэка, ляпнуў дзьверцамі ўазіка, а згледзеўшы шарагоўцаў, якія цягнулі тоўстую лазовую крывуліну, пабег ім насустрач.

«Як Ленін на суботніку», - адзначыў палкоўнік, пабачыўшы, што маёр падставіў плячо пад тонкі канец крывуліны і, цыкнуўшы сьлінай, рушыў да пілёта, які цягнуў два тросы, скрутак дроту і яшчэ нейкае прычандальле.

 

Крывуліну прымацоўвалі ўсёй грамадой. Напачатку палкоўнік ня мог дабраць ладу: як гэта можна прымацаваць гладкае бервяно да шпяня, на якім сядзела кола. А хвілін праз дзесяць, калі, з дапамогаю кувалды, манціроўкі і троса, крывуліна была прымацаваная, ляпнуў Кудзёлку па плячы і захоплена выдыхнуў:

- Зь мяне вядро гарэлкі!

Потым яны ўтрох - палкоўнік з аднаго канца, два шарагоўцы з другога - прыўзьнялі самалётны хвост на жалезным брусу, Кукарэка наехаў бампэрам уазіка на калоду, выпхнуў яе з-пад хваста, і пілёт Кудзёлка, абабіўшы кальсоны, задыхана мовіў:

- Трэба выкінуць усё лішняе.

Праз пару хвілін з разнасьцежаных дзьвярэй «кукурузьніка» паляцелі мяхі з калійнымі ўгнаеньнямі, падраная раскладушка, два магільных жалезных крыжы ды іншае ламачча. Пакуль шарагоўцы выкідвалі хломазд, пілёт з маёрам наладжвалі радыёсувязь.

- Паліва зусім мала. Можам не ўзьляцець, - зумкнуў у дынаміку кудзёлкавы голас, калі сувязь была наладжаная.

- А ў бочцы ці ёсьць што? - запытаўся палкоўнік, перахапіўшы з маёравых рук слухаўку.

Палкоўнік наструніў слых, але сувязь перарвалася.

- Дзесьці тут было, - гукнуў Кудзёлка, цяпер ужо з самалётнага нутра і неўзабаве на паляну са страшэнным бразгатам выкацілася пакарабачанае вядро.

 

З аграмаднай бочкі, што стаяла на ўзьмежку лётнага поля, нацэдзілі чатыры вядры, пры гэтым шмат паліва пралілі. Ня бачылі, як поўнілася вядро, бо ў восем рук, крахтаючы і выпускаючы паветра, прызьнімалі бочку з дапамогаю ўсё таго ж жалезнага бруса.

І вось яна насьпела, тая шчымліва-трывожная хвіліна, калі Кукарэка ўскінуў на плячук кулямёт, шырокім крокам пайшоў да самалёта, а сьледам, спрабуючы ісьці ў ногу з маёрам, рушыў чарнявы шараговец.

- З богам! - прашаптаў усьлед ім палкоўнік, залез у машыну і, стоіўшы дых, утаропіўся на нерухомы крыж прапэлера.

У нутры «кукурузьніка» штосьці загуло, заляскатала, прапэлер зварухнуўся, зрабіўся нябачным і пыльная віхура, узьнятая самалётам, прымусіла прыкрыць даланёю вочы. Калі ж палкоўнік растуліў пальцы й зірнуў адным вокам на сьвет божы, самалёт з шалёным выцьцём бег па полю, не даючы рады ўзьняцца ў паветра, і з-пад лазовай крывуліны, здавалася, сыпаліся іскры.

Палкоўнік ізноўку зьвёў пальцы, а калі чарговым разам расплючыў вока, дык убачыў, што самалёт адарваўся ад зямлі і, заваліўшыся на левае крыло, пачаў набіраць вышыню. Палкоўнік налёг сьпінаю на прыслон сядзеньня, сашчапіў за патыліцай пальцы рук, з палёгкаю ўздыхнуў, але празь імгненьне прыхапіўся і акруглымі вачыма глянуў на хвост «кукурузьніка». Прытарочаная да хваста крывуліна нечакана адарвалася, матлянулася на тросе й паляцела долу - акурат на хату, дзе жыла Сазоніха. Назіраючы такое, палкоўнік ссунуўся на край сядзеньня, спрабуючы такім чынам зьмяніць траекторыю палёту й яму гэта ўдалося: крывуліна грымнулася дзесьці ў двары і, мяркуючы па тым, што ў неба ўзьняліся куры й аблачына парахні, патрапіла ў бабчын хляўчук.

Самалётны гуд паволі аціх, над галавою ізноў засьпявалі птушкі, а ў мястэчку натужна забрахалі сабакі, устрывожаныя падзеньнем бервяна.

Палкоўнік вылез з машыны, стаў ля задняга кола і з такім шумам выпусьціў паветра, што гракаўскія сабакі разам аціхлі, а потым забрахалі яшчэ больш зацята - з піліпаўскім падвываньнем. Зашпіліўшы прарэх, палкоўнік агледзеўся, клікнуў бялявага шарагоўца і калі той падбег, камандзёрскім голасам загадаў:

- Шыбуй у краму, вазьмі скрыню гарэлкі... і што-небудзь на зуб... - сказаўшы слова «зуб», палкоўнік задаволена крэкнуў, выпусьціў з адчайдушнай натугай рэшткі паветра і толькі тады працягнуў шарагоўцу пачак паперак з выяваю гераічнай Берасьцейскай цьвердзі.

 

Борт 0-24 адгукнуўся празь сем хвілін пасьля ўзьлёту.

- Цэль выявілі. Пачынаю аблёт, - прасіпеў у дынаміку зьнявечаны радыёшумамі кудзёлкавы голас і пакуль палкоўнік убіваўся ў кабінку і хапаў трубку, борт адключыўся.

Справа, можна сказаць, была зроблена. Заставалася толькі прыцэліцца ды націснуць на спускавы кручок. Аднак штосьці непакоіла, штосьці цьвеліла душу і халадок затоенай трывогі блукаў па целу - ад пахаў да самага нізу жывата. Каб нечым заняць сьвярблівыя рукі, палкоўнік уключыў і выключыў «дворнікі», шчоўкнуў тумблерам вэнтылятара, нарэшце, падхапіў з-пад ног абрывак газэты, у які былі загорнутыя пончыкі ды пачаў чытаць артыкул пра пастаноўку опэры «Залатыя агні ў вокнах Адміністрацыі» і нечакана дынамік ізноўку ачуўся, і эфір апанаваў ашалелы голас маёра Кукарэкі.

- Увесь дыск выпусьціў... Хоць парвіся... Ляціць, сука... Можа гэта і ня шар зусім...

- Не вырубай рацыю! - гракнуў палкоўнік і, разабраўшы сярод шуму словы «батарэі селі», спруцянелымі пальцамі расшпіліў верхнія гузікі на кашулі.

«Што ж там ляліць, бляха!? І што будзе, як «Казловічы» ўзьнімуцца ў паветра?» - палкоўнік уявіў, зь якім імпэтам гакнуць усе дванаццаць балістычнах ракетаў, змарнеў з твару і спалохана прыхапіўся, пачуўшы натужлівы шум у дынаміку.

- Казлы драныя! Халастыя ўпёрлі... А я й не дагледзеў... - галёкнуў сярод шуму маёр Кукарэка, замармытаў штосьці пра паляваньне на дзікоў і палкоўнік, баючыся, што сувязь адключыцца, умольным голасам запытаў:

- Што рабіць будзем?

- Іду на таран! - гойкнуў у вадказ пілёт Кудзёлка, потым гойкнуў яшчэ нешта, ды голас ягоны зьмяшаўся з бязладным шумам.

- Аляксей! Алёша! - палкоўнік падхапіўся на ногі, упёрся макаўкай у пругкі брызэнт, а калі сувязь адключылася, бязвольна плюхнуўся на сядзеньне.

У тую хвілю галава палкоўніцкая стала дарэшты пустой, а таму й лёгкай. Такою лёгкай, што паспрабавала адарвацца ад тулава й палкоўнік, прашаптаўшы: - А што ж гэта дзеецца! - абхапіў голаў далоньмі.

Так ён і сядзеў, сьціснуўшы вушы - аглухлы, невідушчы й нават зумэр мабільнага тэлефону, які раней прымушаў спалохана схамянуцца, гэтым разам ня здолеў разьвеяць хваравітай замарачы. Калі ж ён, зрэшты рэшт, зьняў слухаўку, тэлефонны зумэр пачынаў ужо сіпець.

- Бурзачыла?! Ты?! - шэфавы голас скалануў эфір, змусіў задрыжэць тэлефонную мэмбрану.

- Я-а... таварыш генэрал-палко...о... - прастагнаў Бурзачыла і з флегматычнай разважлівасьцю шморгнуў носам.

- Што там у вас? Чаму не выходзіш на сувязь?

Палкоўнік ачуўся, парывіста ўздыхнуў, пацёр рукою пераносьсе.

-Экіпаж самалёта - бартавы нумар 0-24, - расстраляўшы ўвесь боезапас, пайшоў на таран... - слова «таран» захрасла ў горле; даўкі, памерам з ладную агрэсьціну, камяк перацяў дыханьне, ніжняя сківіца тарганулася і ў мораку падступных сьлёз палкоўніку прымроіўся раптам сьветлы воблік маёра Кукарэкі.

Эфір напоўніўся злавесным сіпеньнем, аднекуль здалёк пачуліся акорды шапэнаўскага вальса і толькі праз пару хвілін шэфавы голас - памужнелы і рахманы, - ізноў зварухнуў мэмбрану.

- Абвясьціце ва ўсіх эскадрылях: экіпаж зьнішчальніка - бартавы нумар ноль-дваццаць чатыры, - узнагароджваецца пераходным Чырвоным сьцягам Адміністрацыі... - злавесную паўзу запоўнілі акорды шапэнаўскага вальса, а яшчэ празь імгненьне слухаўка высьлізнула з потнай рукі і бездапаможна матлянулася на дроце. Слухаўка яшчэ штосьці зумкала, клікала палкоўніка, але сам палкоўнік ужо нічога гэтага ня чуў, бо слых ягоны апанавалі іншыя зыкі - перарывісты рокат самалёта і залівісты брэх навакольных сабак.

- Жывыя! - вырвалася з млявай грудзіны і ў доказ гэтай высновы з-за сазоньчынай хаты выплыў, зьбіваючы коламі шпакоўні, гераічны зьнішчальнік. Пераляцеўшы хату, зьнішчальнік рэзка пайшоў долу, паваліў плот, апошнім разам рыкнуў маторам і, накруціўшы на вінт бялізну, якая сушылася на вяроўцы, спынілася ў колькіх мэтрах ад бабчынай казы.

 

З самалёта вылазілі нетаропка: спачатку вылезьлі Кукарэка з шарагоўцам, потым пілёт Кудзёлка. Кудзёлка доўга абабіваў падштанікі, запраўляў кашулю і штосьці казаў пры гэтым, ківаючы галавой у бок сазоньчынай хаты. Нарэшце ўсе трое сталі шыхтом і, не раўнуючы як касманаўты па касмадрому, рушылі па полі, са стрыманай мужнасьцю бухаючы чаравікамі па ўтравелай сьцяжыне. Сьледам за імі пайшла й каза Дуся, ды неўзабаве мусіла спыніцца, бо была прывязана вяроўкай да калка. У трох мэтрах ад палкоўніка тройца бухнула чаравікамі астатнім разам, зьнерухомела й Кукарэка, паправіўшы на плячы кулямёт, прыклаў далонь да сьсівелай скроні.

- Таварыш палкоўнік! Загад камандаваньня... - маёр глытнуў паветра, каб скончыць фразу, але палкоўнік з воклічам: - Усё ведаю! - рынуў да сябра, абхапіў таго за шыю, смачна плюснуў у няголеную шчаку. Потым ён сьціснуў мазолістую кудзёлкаву руку, але рука раптам спалохана тарганулася і пілёт з жахам у голасе прашаптаў:

- Сазоніха...

- А людцы мае добрыя! А што ж гэта робіцца-а! - скалануў прасьцяг жаночы лямант і ўсе павярнулі галовы.

Сазоніха бегла па полі - ускудлачаная, расхлістаная, падабраўшы доўгую спадніцу і з рагачом ва ўзьнятай руцэ.

- Канец! - вылаяўся Кудзёлка, матлянуўся некуды ўбок, потым спыніўся, падцягнуў кальсоны і віхлястым алюрам пабег да самалёта.

Пілёт хацеў, відаць, схавацца ў самалётным нутры, але Сазоніха пайшла напярэймы; яны двойчы аббеглі самалёт, Кудзёлка на хаду садраў зь вінта палінялыя трусы, кінуў іх у твар ашалелай бабы і змораным подбегам кінуўся ў адваротным накірунку.

Тым часам у пагоню за пілётам кінулася й каза Дуся. Яна сарвалася зь вяроўкі, дагнала Кудзёлку і спрабавала ўжо падчапіць таго рагамі, ды тут маёр Кукарэка, зразумеўшы, што трэба канчаць усю гэтую камэдыю, даў чаргу з кулямёту. Кудзёлка спачатку не зразумеў - што да чаго, а калі маёр, прыцэліўшыся, ізноў націснуў на кручок, паваліўся і застыў у нерухомасьці. Убачыўшы ўсё гэта, Сазоніха аслупянела, выпусьціла з рук рагач, а потым, задраўшы спадніцу да азызлых сьцёгнаў, пабегла да сваёй хаты.

- Забілі-і... Кудзёлку забілі-і! - залямантава старая, ды такім страшным голасам, што Кудзёлка падхапіўся на ногі, штосьці закрычаў ёй усьлед, а палкоўнік, цыркнуўшы сьлінай, незадаволена прамармытаў:

- Увесь Гракаў падыме, корга дурная.

 

III

 

- Вунь там паглядзі, у кустох!

Маёр азірнуўся, пачухаў карак, без асаблівай ахвоты палез у кусты. Пад нагой маёравай затрашчаў сушняк, плюхнула вада і з кустоў, шалёна лопаючы крыламі, вылецела нейкая драпежная птушка.

Прыслухоўваючыся да зыкаў, што даляталі з хмызьняку, палкоўнік прыпаліў цыгарэту, мелькам зірнуў на гадзіньнік.

Час ішоў. Ужо больш як гадзіну яны лазілі па кустах у пошуках рэшткаў балёну, але нічога не знаходзілі. Дый цяжка было штосьці знайсьці ў гэтых хмызах. Тут, як на добры лад, трэба было кідаць роту жаўнераў на прачэсваньне, а яны нават двух сваіх шарагоўцаў пакінулі ў Гракаве - ставіць плот ды рамантаваць куратнік.

Палкоўнік захлынуўся тытунёвым дымам, але, адчуўшы пяршэньне ў горле, кінуў недапалак пад ногі.

Кукарэка вылез з кустоў хвілін празь дзесяць: увесь абсыпаны леташнім лісьцем і ў мокрых чаравіках - уваліўся, відаць, у ручай. Правую руку гвардыі маёр трымаў неяк дзіўна: стваралася ўражаньне, што ён злавіў нейкага жука і сьціскаў ў жмені, але, калі Кукарэка падышоў бліжэй, палкоўнік угледзеў на ягонай далоні маленькае блакітнае колца.

- Зьняў з дрэва, над ручаём, - патлумачыў маёр, падкінуў знаходку ў паветра, а палкоўнік, спрытна перахапіўшы, нацубіў колца на палец правай рукі.

Дакладней, гэта было ня колца, а мініятурны, пафарбаваны блакітнай фарбай капялюшык, з жоўтым кутасікам на макаўцы.

- Ад нейкай лялькі... Занесла ветрам, - буркнуў маёр, скінуў чаравік і, сеўшы на траву, стаў выкручваць шкарпэтку.

Такая знаходка палкоўніка ня надта ўзрадавала. Ён скамечыў капялюшык, яшчэ раз агледзеў навакольле.

- Дакладна ведаеш, што гэта тое месца?

- Тое, - адгукнуўся Кукарэка, - вунь фэрма стаіць з вадавежай, а вунь каровы пасьвяцца.

Маёр нацягнуў шкарпэтку, памацаў жоўты пазногаць, які вылез вонкі і пакутліва ўздыхнуў.

...Перш, чым плюхнуцца на сядзеньне, палкоўнік выцягнуў з «бардачка» пляшку гарэлкі, адкаркаваў зубамі.

- Ну, дык што павязем у амбасаду?

Пытаньне гэтае ніяк не адбілася на кукарэкавым твары: нават жаўлакі не зварухнуліся на шчоках.

- Думай! - выгукнуў палкоўнік, сёрбнуў на поўную губу і, наваліўшыся каркам на сьпінку сядзеньня, заплюшчыў вочы.

Скрозь дрымоту палкоўнік чуў, як маёр гаманіў па тэлефону, крыючы некага мацюкамі, потым усе гукі аддаліліся, сталі невыразнымі, палкоўнік храпянуў, не раўнуючы як Кудзёлка, ды нечакана прачнуўся, абуджаны лёгкім тыцкам пад рэбры.

- Які лепей - з апорнай рамкай, ці безь яе? - запытаўся маёр, чухаючы слухаўкай лабешнік.

Палкоўнік наставіў на сябра няўцямныя вочы.

- Аэрафотаапарат, кажу, з рамкай, ці безь яе? Хлопцы пытаюцца...

Палкоўнік страсянуў галавой, цямячы - пра што гаворка, а ўцяміўшы, у думках пахваліў маёра за прыродную кемлівасьць і, змагаючыся з позехам, выгукнуў:

- З рамкай.

 

Усю дарогу ён спаў, прыхінуўшыся скроньню да шыбы і прачнуўся толькі тады, калі ўазік, чхнуўшы маторам, спыніўся ля будынку інтэнданцкага ўпраўленьня, на пятым паверсе якога месьціліся ваенныя тапографы.

На душы і ў роце было пагана; балела галава і кожны зык - нават тупат маёравых ног па ганку ўпраўленьня балюча адбіваўся ў патыліцы. Палкоўнік прыпаў да бутэлькі, дапіў рэшту, заплюшчыў вочы, у спадзеўцы панурыцца ў дрымоту, ды тут на ганку ізноў затупалі: маёр бег да машыны, трымаючы ў руках падаўгаватую шэрую скрыню.

- Во, апошняя мадэль... З двума аб'ектывамі. Хлопцы й плёнку ўкруцілі, - маёр націснуў кнопку на бакавой панэлі й на палкоўніка зірнулі два шкляных круглявых вока.

- Навюткі... аніводнай драпіны.

Палкоўнік узважыў аэрафотаапарат на далоні, таксама націснуў кнопку.

- Гэта й дрэнна, што бяз драпіны, - палкоўнік глянуў з-пад лоба на верхнія паверхі ўпраўленьня, загадна матлянуў галавой. - Падыміся як мага вышэй і скінь... вунь на той кветнік, - сказаўшы так, палкоўнік абхапіў рукамі скроні, зьмежыў павекі і застыў у нерухомасьці. Ён доўга сядзеў так, не мяняючы паставы і не зварухнуўся нават тады, калі маёр плюхнуўся поруч і завёў рухавік. І толькі ля самай амбасады, нібы згадаўшы пра штосьці, палкоўнік схамянуўся, ліхаманкавым рухам адчыніў «бардачок» і, адшукаўшы там пагнуты цьвік, надрапаў на бакавой панэлі аэрафотаапарата няроўныя літары: «Made in USA».

1996-1997


1996-1997

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая