epub
 
падключыць
слоўнікі

Вінцэсь Мудроў

Калодзеж

1

 

У шыбу пастукалі і на падворку натужна кашлянуў Канавальчык.

- Гэй, Матруна, памёрла, ці што?

Спрасонку вочы не адразу ўгледзелі - колькі часу, а калі ўгледзелі, дык нават сэрца ёкнула і самлелыя вусны бязгучна прашапталі: «Божухна, што ж гэта я...»

Такога яшчэ не было, каб Матруна праспала і не падаіла сваёй карміліцы. А пятай гадзіне - і ўзімку і ўлетку - яна прыхоплівалася з ложку, апраналася й бегла да Зьвяздохі - рудой, зь белай плямай на пакатым лобе каровы. І пакуль іншыя гаспадыні яшчэ сядзелі ў ложках і невідушча вадзілі рукамі, шукаючы вопратку, з Матрунчынага хлява ўжо вырываліся на прасьцяг зычныя цыркі ды воклічы: «Стой ты, халера!» А цяпер во... на ходзіках палова шостай, Канавальчык стукае ў шыбу, Зьвяздоха рыкае ў хляву, кот Базыль дзярэ палена, счакаўшыся сырадою, а яна сьпіць, як сьветам загавеўшы.

Раніца дыхнула ў твар волкай прахалодай і пахам парфумы, што непрыемна казытнуў у носе.

- Хто пасьвіць? - крыкнула Матруна, падхапіўшы з паркану даёнку.

- Карпачыха зь зяцем, - азваўся сусед і Матруна на хаду ўздыхнула: карпачысінага зяця - вядомага ў навакольлі п'янчугу - зранку было не абудзіць, а таму статак, відаць, яшчэ не пагналі.

«Уходае мяне гэты малец», - нарадзілася ў галаве падступная думка і першыя, самыя гучныя цыркі, скаланулі даёнку.

Вось ужо тыдзень, як Матруне няма жыцьця з-за пляменьніка. Лёшка, васемнаццацігадовы бэйбус, прыехаў на пагасьціны зь Ленінграду і ў першы ж вечар пабіўся ў клюбе зь Пецькам Халімонавым. Пецька, казалі, ударыў пляменьніка пад дых, зваліў з ног, а пляменьнік, дзіўным чынам крутнуўшыся, заехаў крыўдзіцелю пяткай у лабешнік. Увесь наступны дзень гарадзкі бэйбус ляжаў на гарышчы, гучна аддзімаўся, за ўвесь дзень выпіў толькі конаўку сырадою, а ўвечары пад вокнамі хаты заляскатаў Пецькавы матацыкал. Матруна тады зьнямела, думала зноў біцца будуць, а калі выбегла з хаты, дык убачыла, што мальцы прыязна адно другому пасьміхаюцца і пляменьнік частуе вясковага бандзюка прывезенымі зь Ленінграду цыгарэтамі. «Хто будзе бочкі каціць - адразу паведамляй, - даляцеў да вушэй сіплы Пецькавы голас, - я хутка разьбяруся». Матруна пасьля таго перавяла дых, а пляменьнік, прыхапіўшы грошы, скочыў на матацыкал і вярнуўся дахаты толькі на наступны дзень. Халімоніха апавядала - у Вазярышча езьдзілі, гулялі ў рэстаране, а потым у разьвядзёнкі начавалі.

- Пецю дваццаць гадочкаў усяго, а зблытаўся з трыццацігадовай, - сьлёзна пажалілася прыканцы размовы Халімоніха. - Далібог, паеду ў Азярышча і аблію тую шалахвостку варам.

З таго дня пляменьнік дзень да ночы гойсаў зь Пецькам на матацыкле і Матруна, пачуўшы на золку шалёнае матацыклетнае ляскатаньне, доўга потым не магла заснуць.

Учора, праўда, матацыкал сярод ночы не ляскатаў. Дзесьці а першай гадзіне рыпнулі весьніцы і па стоеным шорганьні падэшваў Матруна зразумела, што пляменьнік заявіўся не адзін. Звычайна Лёшка спаў на хаце, дзе ляжала леташняе сена, цяпер жа крокі суціхлі ля адрыны і кот Базыль, які ўзьнік на тле цёмна-шэрага вакна, стаў біць нягнуткім хвастом па падваконьні.

Гадзіну, а можа і дзьве Матруна ляжала з шырока расплюшчанымі вачыма, слухала начныя зыкі і зьмежыла вочы толькі тады, як у прастакутніку прасьвятлелага вакна праплылі дзьве кудлатыя галавы і кот, бязгучна вякнуўшы, скочыў на падлогу. І адразу ж цяжкая, ліпучая замарач лягла на павекі і прысьніўся малады Каравайчык са стрэльбаю ў руках і яшчэ нехта - мяккі, хмельны, цёплы, чыё аблічча забылася да часу, і калі раніцою, падаіўшы карову, Матруна згадала сон, вочы ейныя паланіла пенная бель сырадою і адтуль, з глыбіні даёнкі, усплыла разьвітальная ўсмешка таго самага немца.

...Зьвяздоха, цяжка аддзімаючыся, пайшла да весьніц, а паколькі яна мела звычай класьці ляпехі пасярод двара, гаспадыня рушыла сьледам, прыціскаючы да верху каровінага хваста палку-рагулю.

- Пагналі ўжо, - дакорліва выдыхнуў Канавальчык, - недзе ў Зарэччы рыкаюць, цяпер і не дагоніш, - і ў падтрымку такіх словаў за сьпінай суседавай па-блазенску голасна азвалася авечка: - М-м-еее...

Хаты іхныя стаялі наводшыбе і кожнай раніцы даводзілася гнаць Зьвяздоху і канавальчыкаву Машку - глумлівую, на дзіва галасістую авечку - да клюба, дзе зьбіраўся статак. На гэтым тыдні радоўку адбываў Канавальчык - таму стары псюк і крывіў гімору - маўляў, праспала, а мне гані, і Матруна, не ўздымаючы вачэй, ляснула палкай па халяве гумовага бота й голасна крыкнула: -Пайшлі ў поле!

Зьвяздоха паважна ішла пасярод вуліцы, поруч бегла авечка, трэсла закручаным хвастом; хвост, здавалася, зьвінеў званочкам і галава поўнілася мілагучным звонам - як гэта заўсёды бывае з недасыпу. Паганяючы скацінку, Матруна чухала пальцам то ў адным, то ў другім вусе, пару разоў страсянула галавою, а дайшоўшы да павароткі азірнулася і з палёгкай перавяла дых. Стары псюк, які звычайна любіў стаяць на дарозе і паглядаць ёй усьлед, на гэты раз падаўся да хаты.

Сорак гадоў, лічы, жывуць яны поруч, а ня горнецца душа да суседа... ня горнецца. Пасьля жончынай сьмерці Канавальчык увесь сьсівеў, схуднеў і галава ўехала ў плечы, але Матруна, як чуе ягоны голас, і дагэтуль уяўляе суседа высокім кудлатым вахлаком, і шторазу пакутліва ўздыхае.

Шмат што ў жыцьці забылася, адляцела ў невараць, а тая, іх першая сустрэча, нібыта ўчора надарылася. Матруна нават запомніла колер ніткі, якой была зацыравана канавальчыкава пілётка. Пад час адступленьня - а калі ж яшчэ - з пілёткі выдралі зорку і рваную дзірку няўмела зацыравалі зялёнаю ніткай.

 

...Яны зь сястрой абіралі бульбу, калі на двары штосьці зашамацела і ў вакне цёмным ценем праплыла нечая вялізная, пазначаная руляй карабіну, постаць. Празь імгненьне ў прысенку цяжка затупалі, закерхалі і Соня, выпусьціўшы бульбіну, зьбялелымі вуснамі прашаптала: «Немцы!»

На парозе, аднак, паўстаў цыганаваты мужчына ў куртатым нямецкім шынялі і ў выцьвілай рускай пілётцы. Мужчына моўчкі кіўнуў, зьняў з плечука карабін, пачэрпнуў вады зь вядра і доўга піў, казелячы вокам на аголенае Соньчына калена.

- Дзе Таўпіла? - запытаўся, нарэшце, няпрошаны госьць, паставіўшы ў кут сваю пукалку.

Таўпіла жыў у хаце насупраць. Надоечы яго прызначылі старастам і Соня, зыркнуўшы ў кут, дрогкім голасам прамовіла:

- Сын ягоны ў Чырвонай Арміі.

- Ведаем, - буркнуў госьць, таргануў галавою, патрабуючы адказу на сваё пытаньне, а пачуўшы, што немцы пагналі Таўпілу пілаваць дровы, неяк адразу змарнеў, папрасіў пяток бульбін і пайшоў з хаты.

Праз тыдзень мужчына завітаў ізноў. І не адзін, а зь Міцькам Дзенісенкам - акружэнцам, які два гады жыў прымаком у суседняй вёсцы, а ўлетку 43-га, прыхапіўшы з сабой цэлы воз майна, падаўся ў Гатаўскі лес. Гэтым разам госьця як падмянілі. Падлабуньваючыся да Міцькі Дзенісенкі - свайго камандзіра - ён загадаў сабраць вячэру, падраў на бінты дзьве прасьціны, прырэзаў штыхом ярку - апошняе, што было ў гаспадарцы, і пры гэтым шторазу пытаўся: «Дзе сястра?». Потым госьці пілі самагонку, якую выгнаў Таўпіла, а Соня той парой сядзела бяз духу ў адрыне: хавалася ад партызанскага камандзіра, які чапляўся да яе, яшчэ як жыў у прымах.

 

- Захварэла, ці што?! - працяў паветра натужны голас і Матруна ачулася.

Насустрач ёй, махаючы кароткай пугай, трухала Карпачыха.

- А мы пагналі ўжо, ды бачу - Зьвяздохі няма. Пайшла вось напярэймы. Думала, захварэла...

- Праспала, - з уздыхам прамовіла Матруна і Карпачыха, вомігам зразумеўшы, што да чаго, даверліва-суцішным голасам засакатала: - Твой жа ўчора зь лябёдкавай падчаркай сышоўся. Пасьля кіна да Траяна ў сад лазілі, а потым, у абдымачку, у ваш бок пайшлі... Глядзі, зьвядзе твайго мальца... Заўчора іду, гляджу, сядзіць на бярвеньні, лыткамі сьвеціць і з піпіроска ў зубах... Агут-ту, п-паскуда... - выдала Карпачыха і тут жа кінулася, тупаючы вялізнымі кірзачамі, спаганяць гнеў на канавальчыкавай авечцы.

- Ці з Казікам пасьвіш? - крыкнула Матруна наўздагон і сяброўка, ужо з ладнай адлегласьці, пракрычала: - Анягож... зь ім, западэнцам праклятым... Учора Мар'і ячмень малацілі, дык толькі раніцой і прытоўкся... з мокрымі штанамі. Ці то ўжо ў лужыне спаў, ці то абасцаўся... халера яго знае.

 

Звон у вушах не даваў пакою і пакуль яна ўзышла на пагорак, дзе стаяла хата, увушшу пачалі біць званы - маркотна, глуха, цьмяна - і страшэнная стома авалодала целам. Трымаючыся за парканьне, Матруна дапяла да весьніц, пастаяла крыху, зьбіраючы сілы, а адчуўшы, што сілаў не прыбывае, бязвольна апусьцілася на мяккую, перакапаную курамі зямлю. «Ад недасыпу», - падумала Матруна, падпаўзла да лаўкі і, паглядзеўшы - ці ня бачыць яе Канавальчык, прытуліла да лаўкі сьсівелую скронь.

Звон паволі аціх, душа і цела зрабіліся лёгкімі, салодкая дрымота падняла Матруну ў паветра, панесла праз мроіва гадоў і апусьціла на зямлю дакладна на тое ж самае месца, ля збуцьвелага паркану. «Гэта ад нэрваў... зараз пройдзе», - прагучаў над вухам таўпілавы голас і штосьці халоднае кранулася вуснаў. «Выпей, адразу палягчэе». Зубы стукнулі аб край конаўкі і разам з халоднай вадой грудзі напоўніліся гнятлівай тугою: ёй да млосьці, да сардэчнага болю закарцела кінуцца ў калодзеж. Яна паспрабавала ўстаць, але Таўпіла схапіў за руку, правёў шурпатай даланёй па валасах, здушана прамовіў: «Ну чаго ты?.. ну супакойся... цяпер нам немцы не страшныя... зараз пяску наверх насыпем... я яшчэ самасаду нацярушу... у іхных аўчарак ад самасаду нюх зусім губляецца...» Голас таўпілавы гучаў глуха, усё адно як з-пад зямлі, потым зусім ачах і Матруна разьмежыла павекі. Малады цыбаты певень нетаропка хадзіў каля лаўкі, поруч, у цяньку, дзьве рабыя курыцы купаліся ў пяску, кудлаты суседавы цюцька ганяўся за вераб'ямі, а кот Базыль, які й дагэтуль не пакаштаваў сырадою, адчайна дзёр кіпцюрамі камель старой ліпы. «Авохці мне... я ж малако не працадзіла!» - падхапілася Матруна і хаця ляжаць давялося кароткую хвілю, званы больш ня білі ўвушшу і гарачыя голкі не калолі грудзіну. Жанчына вынесла з прысенку даёнку, плюснула кату сырадою - абліла пры гэтым кашэчую галаву - і, спыніўшы пагляд на высокім быльніку, які кусьціўся ля дарогі, пакутліва ўздыхнула. - Толькі што скасіла - ізноў падняўся, - прашапталі вусны і слых ізноўку напоўніўся ценькім аднастайным гудам.

 

Была раная раніца, калі знадворку зарыпелі калёсы і пракурана закашляў стары Таўпіла. На ўскрайку вёскі, за могілкамі, немцы зрабілі лесасеку і сусед шторанку вазіў у Вазярышча бярозавыя пацурбалкі. Праяжджаючы міма, ён кожнага разу кідаў некалькі цурбакоў у прыдарожную крапіву і ехаў далей. Цяпер жа Таўпіла спыніў каня і цяжка затупаў пад вокнамі.

- Вось, дзеўкі, немцы выдалі за працу, - прамовіў стары, убіўшыся ў хату і паклаўшы на стол акраец бохана. - Калі паварушыцеся, будзеце есьці хлеба ўдосыць.

Сусед сьцярожка ляпнуў па кішэні, пасля чаго, гэтак жа сьцярожка, выцягнуў адтуль мяшэчак самасаду і зьлёгку патрушчаны грыб. Грыбоў такіх расло процьма ў навакольлі і вяскоўцы лічылі іх паганкамі.

- Кухар нямецкі на чыгуначнай станцыі за кош маладых паганак поўбоханы дае. Так што хапайце кашы і бяжыце ў поле, зьбіраць гэтыя самыя шампіньзе, ці як іх там немцы называюць... Можа атруцяцца, паскуды!

...Яны ішлі па полі і сястра, якая ішла першай, нечакана войкнула і заскакала, схапіўшыся за пятку: пад яе нагамі, у чэзлай траве, спруцянелай вужакай выгінаўся калючы дрот. Соня выціснула з пяткі кроплю чорнай крыві, перакрывілася ад болю і тут жа падабрала з-пад ног дзьве крамяныя паганкі. Зьбіралі грыбы да самага вечара - Соня скакала па полі, прыпадаючы на правую ногу, - а як прысьпела пара ісьці да дому, села на купіну і са стогнам прамовіла:

- Не магу ступіць... пятка апухла.

Спачатку Соня скакала поруч, абапіраючыся на плячук, потым давялося цягнуць небараку на сабе; сястра сьціскала рукамі ейную шыю, здушана плакала і гарачыя Соньчыны сьлязіны казытліва падалі за каршэнь.

- Зараз, Соня, пацярпі... прыдзем - напаю цябе чаем зь зёлкамі, - супакойвала яна сястру і вечаровая палымніца, што дагарала на захадзе, барвовай плямай расплывалася ўваччу.

Ноччу Соні стала дрэнна. Прабітая пятка пасінела, нага пачала пухнуць і да Соньчынага лобу немагчыма было дакрануцца, такі ён быў гарачы. Яна прыклала да ранкі лісьцік трыпутніку, потым альяс, напаіла сястру адварам зьверабою, але нічога не дапамагала: сястра марнела на вачах і дзед Таўпіла, якога яна паклікала ранішнім дасьвецьцем, ледзь чутна прашаптаў:

- Лекі патрэбныя... можа быць заражэньне крыві.

«Якія лекі? Пра што ён кажа? Яшчэ летась усё да апошняга парашку аддалі партызанам», - падумала яна ў тую хвіліну, а сусед, падхапіўшы з падлогі кошык з грыбамі, раструшчыў абвялымі пальцамі крохкую паганку і дадаў:

- На лесасеку немец прыяжджае... пагаманю зь ім.

Таўпіла падаўся з хаты, яна вышла следам, села, сьцепанаючыся ад ранішняга халадку, на ганак і заплакала. Сонца з урачыстай павольнасьцю ўзнялося над небакраем, доўгі цень ад калодзежнага асьверу прапоўз ад адрыны да паркану, а яна, ужо бяз сьлёз, усё сядзела на ганку, невідушча глядзела ў бок Дабранскай гары і страшныя думкі кроілі сьвядомасць: яна з падступнай злараднасьцю думала пра тое, што Міцька Дзянісенка так і не дамогся Соні. А з Дабранскай гары тым часам увішным мурашом спаўзала цёмная фігурка - нехта ехаў на веласіпедзе.

Пазбылася одуму толькі тады, як пачула бразгат веласіпеднага званку: ля весьніц стаяў малады немец і махаў рукою.

- Зоніа? - запытаўся нечаканы госць і яна кіўнула ў адказ.

Немец неяк дзіўна павёў вачыма, перапытаў: - Ты ест Зоніа? - і толькі тады яна канчаткова ачулася, тыцнула пальцам у бок хаты, дрогкім голасам паведаміла:

- Соня там... хворая.

Яна даўно ўжо запрыкмеціла гэтага немца - ён часьцяком праяжджаў на веласіпедзе міма іхнай хаты, кіруючыся з Азярышча на лесасеку - і заўсёды дзівілася - як гэта фрыц не баіцца ехаць цёмным лесам. Іншы раз яна сустракала веласіпедзіста, стоячы пасярод двара, той вітаў яе бразгатлівым званком, махаў рукою, аднак ніколі не спыняўся. І вось сёньня спыніўся і змучаная бяссоньнем галава не адразу ўцяміла - адкуль малады фрыц ведае сестрына імя.

Калі яна ўскочыла на ганак і расчыніла дзьверы, немец, які дагэтуль ішоў сьледам, нечакана спыніўся й пагрозліва запытаў: - Тыфус?

- Найн, найн... Сястра нагу прабіла, трэція содні ляжыць, - і, каб было больш зразумела, яна паказала пальцам на голую пятку.

У цёмным прысенку яе апанавала дзіўнае насланьнё - на кароткую хвілю здалося, што немец крануўся ейных клубаў і ад таго насланьня зашумела ўвушшу і сьцягнула скуру на цемі.

Соня ляжала незварушна, з заплюшчанымі вачыма. Немец крануўся краем пальцаў Соньчынага лобу, уражана зацокаў языком, потым зірнуў на пасінелую ногу, зацокаў зь яшчэ большай апантанасьцю, а яна стаяла, утрапёная, пасярод хаты, баючыся зварухнуцца і пазбыцца таго салодкага здранцьвеньня, што авалодала целам. І нават калі за госьцем зачыніліся дзьверы і Соня кволам голасам запытала: «Хто гэта быў?» - не скранулася зь месца і нічога не адказала.

Больш у той дзень сястра не прамовіла ні слова. А калі ўвечары яна ўкленчыла перад ложкам і малітоўна прашаптала: «Соня, не маўчы, скажы хоць што-небудзь», - сястра расплюшчыла вочы і зварухнула сасьмяглымі вуснамі: «Павукі, два страшных павукі... паўзуць да нашай хаты...» Соня трызьніла і халодны жах зірнуў з усіх цёмных кутоў і яна, ратуючыся ад страшных павукоў, падбілася пад коўдру і абхапіла рукамі гарачае Соньчына цела.

На золку ў шыбу пастукаў Таўпіла.

- Быў? - запытаўся сусед.

- Быў, - гукнула яна пераселым ад плачу голасам.

- Добры немец, Бэртрамам завуць. Казаў, сын у яго нарадзіўся. Можа, на радасьцях, знойдзе якіх лекаў, - Таўпіла закашляўся і неўпрыкмет, нібыта чухаючы пераносьсе, змахнуў са шчакі слязіну.

...Толькі на поўгадзінкі і выбегла яна з хаты - бегала на вёску за жарынкай, каб запаліць у печы, а калі вярнулася, дык убачыла медніцу ля ложку, а на стале бохан хлеба ды купку зялёных таблетак.

- Дзьве ўжо выпіла... - са стогнам прамовіла Соня і ўпершыню за апошнія дні пасьміхнулася.

Адвячоркам Соні стала зусім кепска, гаротніца нават спаўзла ў беспамяцьці з ложку, але неўзабаве суціхла і нараніцу ляжала, працятая халодным потам, і штохвілі прасіла піць.

- Нічога ня памятаю, а вось немца запомніла, - казала Соня, сёрбаючы адвар зьверабою, - выцягнуў з-пад лаўкі медніцу і піхае ў яе нагу - паказвае, як трэба парыць. Была б здаровая - зарагатала...

Сястра яшчэ нешта казала, але яна ня слухала: дрыготкая рука сыпала ў медніцу прынесены немцам парашок, бліскучыя драбочкі фарбавалі ваду ў бурачковы колер і ў глыбіні сьветлай барвы прывідна калыхаўся ўсьмешлівы твар маладога немца.

А дзесьці праз тыдзень - ад самага ранку - да іх завітаў Таўпіла і ўпалым голасам паведаміў:

- Усё, дзеўкі, апошні раз вязу дровы. Немчура партызан баіцца, будуць лес пілаваць у іншым месцы, бліжэй да Азярышча.

Словы такія ўсхвалявалі: яна і сама не магла зразумець - чаму абмёрла сэрца, - і толькі калі за Таўпілам зачыніліся дзьверы і пад вокнамі зашаргацелі і аціхлі дзедавы крокі, згадала пра немца. Бэртрам па-ранейшаму штодня езьдзіў на лесасеку і яна кожнага разу з хмельным сумам у вачах паглядала на хлопца, мружылася ад сонечных бліскаў, што йгралі на веласіпедных колах і гулкае сэрца кожны раз абмірала, сьціснутае, як здавалася, нечымі цёплымі далонямі. Сэрца абмёрла і цяпер, і сасьмяглыя вусны ледзь чутна прашапталі: - Немцу падзячыць трэба... - і сястра Соня, ступіўшы левай нагой на падлогу, згаджальна кіўнула галавой.

 

Перад тым, як панурыцца ў лес, бальшак добры кілямэтар пнуўся пад гару, густа парослай алешнікам і там, у кустах, яна й вырашыла дачакацца Бэртрама. Чакаць давялося нядоўга, бо не пасьпела яна ўбіцца ў алешнік, як на дарозе суха зашамацелі веласіпедныя скаты і пачулася таропкае шамаценьне - гэта білася аб лістоту руля Бэртрамавай стрэльбы. У першае імгненьне яна не магла зварухнуцца ад хваляваньня, а калі, нарэшце, зварухнулася і выкулілася з кустоў, дык ледзь ня зьбіла немца з ног і той, крутнуўшы руль, заехаў пярэднім колам у прыдарожную канаву. Пакуль небарака выцягваў веласіпед на дарогу і папраўляў зьбітую набакір пілётку, яна блытана распавяла, што сястра, дзякуючы лекам, амаль ачуняла, ступае на хворую ногу і просіць шаноўнага пана сёньня ж зайсьці ў адведкі. Тлумачэньне давялося паўтарыць, яна нават прайшлася, прыпадаючы на левую ногу, дэманструючы, як ачунялая Соня ўпраўляецца па гаспадарцы і немец, гойкнуўшы: - Зоніа! - махнуў рукой спачатку ў бок лесасекі, а потым, дробна перабіраючы пальцамі, у бок вёскі.

Дахаты яна бегла нацянькі, спатыкаючыся на кожным кроку і маракуючы - чым яшчэ можна пачаставаць госьця. Стол быў падрыхтаваны ад ранку - на стале, у вадзінай ацалелай талерцы, грувасьціліся кіславатыя папяроўкі, на сурвэціне ляжаў парэзаны тонкімі лустамі хлеб - Таўпіла прынёс поўбоханы за сабраныя паганкі, - а ў печы смажылася цэлая патэльня сьвінога сала, якое яна выменяла падчас Соньчынай хваробы на бацькавы шынель. Але чагосці ўсё ж такі не хапала і вось, чарговым разам спатыкнуўшыся, яна ўгледзела цэлую плойму летніх апенек, якія кусьціліся на пні і сьпехам стала зьбіраць іх у хвартух.

...Грыбы сквірчэлі і стралялі тлушчам, калі ля весьніц бзынкнуў веласіпедны званок. Яны з Соняй разам падхапіліся, пачалі выхопліваць адна ў адной ашкалёпак люстэрка, абцягнулі гаматныя, прапахлыя цьвільлю сукенкі, нарэшце паправілі валасы на скронях і застылі ў нерухомасьці.

Немец увайшоў не адразу: доўга тупаў у прысенку, зь лёккім шоргатам пашнарыў рукою па сьценцы, шукаючы дзьверы, нарэшце адчыніў іх і таксама зьнерухомеў.

Першай ачулася Соня. - Праходзьце, праходзьце, - гукнула яна госьцю, госьць пераступіў парог, паставіў у кут карабін і, ня ведаючы - чым заняць рукі, стаў расшпільваць, а потым зноў зашпільваць верхні гузік мундура.

Ім бы адразу пайсьці да стала, тым больш, што немец павёў носам і прыклаў далонь да вуха, жартаўліва прыслухоўваючыся да сквірчэньня тлушчу на патэльні, але замест таго ўсе трое паселі ў кухні і Соня пачала звонкім голасам апавядаць як яна ляжала, ледзь жывая, а Бэртрам, задзершы калашыну, паказваў - як трэба парыць ногу.

- Іа, іа, - задаволена ківаў немец, штохвілі паціраючы рукі і калі сястра заскакала на левай назе, ляпнуў у далоні і гучна прамовіў: - Брава, Зоніа!

Госьць гаманіў зь сястрою, абодва весела сьмяяліся і сьмех гэты казытліва адбіваўся пад пахамі. Яна сядзела ў здранцьвеньні, ня ведаючы - як уплішчыцца ў размову, а калі сабралася з духам і хацела запытацца - ці сапраўды прычыняюць лесасеку, азалелы язык пралепятаў нешта зусім іншае: - Сына як назвалі?

Немец спачатку не зразумеў, але Соня хуценька растлумачыла, паказаўшы рукамі - як маці гушкае дзіця.

- Ага-а... Как назфалі... Лётар, - прамовіў госць, прасьвятлеўшы з твару, палез у нутраны кішэнь, зьбіраючыся нешта паказаць, ды так і застыў з прыціснутай да грудзіны рукою.

Знадворку грукнула, хтосьці ўваліўся ў прысенак і на парозе, наваліўшыся плячом на вушак, паўстаў Міцька Дзенісенка. Імгненьне Міцька стаяў, утаропіўшыся на пакатую Бэртрамаву сьпіну, а што было потым - яна ня бачыла: захінула твар даланямі. І адразу ж цяжка здрыганулася падлога, пранізьліва крыкнула Соня, страшна вылаяўся Міцька.

- О-от с-сука, на нашых дзевак галішся? Зараз, б-ля, зьвяжам ды ў сральні ўтопім... Канавальчык... вяроўку!

На кароткі міг яна адарвала ад вачэй сапрэлыя далоні: Бэртрам ляжаў тварам долу, а Міцька Дзянісенка тыцкаў яму ў патыліцу рулей карабіну.

- Што ён вам зрабіў? Адчапіцеся ад яго! - крыкнула скрозь сьлёзы Соня і тут жа віскнула, атрымаўшы кухталя.

- Сала смажыце, п-посьцілкі нямецкія... Нас дык салам ніколі не частавалі!

Каб ня чуць мацюгоў, яна заціснула вялікімі пальцамі вушы і затрэслася ад бязгучнага плачу. У той міг яна прагла аднаго: згінуць, зьнікнуць, праваліцца ў апраметную.

Хоць і заціскала вушы, але пачула, як хтосьці грукнуў у шыбу і здушана крыкнуў: - Немцы ў вёсцы!

Толькі краем вока глянула на сьвет, уражаная гэтым крыкам, і потым усё жыцьцё дакарала сябе, што не схавала ў той момант вачэй. Бэртрам разьвітаўся зь ёю дакорлівай усьмешкай. Проста пасьміхнуўся аднымі вуснамі і зьнік у прысенку, атрымаўшы прыкладам у сьпіну. У прысенку пасыпаліся долу гліняныя глякі, парахня сыпанула з гарышча, і валацуга Міцька, стукнуўшыся плячом аб вушак, азірнуўся і здушана прагугнеў:

- А з вамі яшчэ разбярэмся.

Сьціснуўшы даланямі прыадкрыты рот, яна з жахам глядзела ў вакно. Па таўпілавым гародзе, у бок лесу, беглі трое: Канавальчык з трафэйным веласіпедам на карку, Міцька Дзенісенка з двума стрэльбамі ў руках і Бэртрам з узьнятымі да гары рукамі.

- Падумаў, што гэта мы яго... зацягнулі ў пастку, - заплакана прастагнала сястра і ўсе гукі зямныя аддаліліся, ператварыліся ў аднастайны шум і малады немец ізноў пасміхнуўся ёй аднымі вуснамі, але ня зьнік у прысенку, а так і застыў, нерухомы і штосьці халоднае кранулася твару і дзесьці над самым вухам прагучэў асіплы таўпілавы голас: «Матруна, чуеш, уставай...» Яна разьмежыла павекі і ў твар ёй пырснулі халоднай вады.

- Падымайся, хутчэй... схаваць трэба, пакуль ніхто ня бачыў...

Яна паспрабавала ўстаць, але здолела толькі падпаўзьці да парога.

- Забілі... забілі, сволачы... на маім агародзе. Пабеглі, дачушка, пакуль ніхто ня бачыў. А то ж спаляць вёску.

Дзед Таўпіла схапіў за плечы, падняў на ногі, і яна, не ўтрымаўшыся на ватных нагах, ізноў асунулася на падлогу.

- Уставай, йо... адзін не сьцягну! - нягучна, але страшна выдыхнуў сусед і гэта вярнула сілы.

... Немец ляжаў тварам да неба, раскінуўшы рукі, і здавалася, што ён прылёг адпачыць на ўзьмежку таўпілавага гароду.

- Ну, дачушка, дапамагай, пацягнем да калодзежу, - сусед падхапіў немца пад пахі, працягнуў пару мэтраў, упаў на калені.

- Можа жывы? - пралепятала яна не сваім голасам.

- Як жа, жывы... мазгі толькі цякуць, - буркнуў сусед і кіўком галавы загадаў цягнуць немца да калодзежу: - Давай, пакуль немцы не наляцелі!

Бэртрамава рука была цёплай і млявай. Не азіраючыся, яна пацягнула немца па ўтравелых разорах і зусім ня чула, што ёй казаў дзед Таўпіла.

- Усё з-за мяне, - задыхана бубнеў Таўпіла, цягнучы немца за другую руку. - Крыкнуў... думаў - зьбягуць... а яно во як атрымалася...

Ля самага калодзежу яна ўпала на траву і зайшлася ад млосных курчаў. Ванітаваць не было чым; шлункі, здавалася, лезьлі з жывата і пры гэтым страшэнна балела пад дыхніцай. Штосьці невымерна цяжкое абрынула ў нетры зямныя; зямля здрыганулася, нібыта ад далёкага грому, самотная кропля гучна ціўкнула ў калодзежным прадоньні і слых напоўніўся замарачным звонам.

- Бяжы, дачушка, шукай які мех... Будзем пясок насіць.

Яна зь цяжкасьцю паднялася на ногі, пайшла, не разьбіраючы дарогі, да хаты; з кожным крокам шум у вушах мацнеў, хата плыла ўваччу і, перад тым, як абрынуцца ў чорную зеўру калодзежу, Матруна ўхапілася рукой за паркан...

 

Пляменьнік зьлез з гарышча блізу абеду. Азызлы, пакамечаны, з жмутком саломы ў валасах, ён доўга піў ваду - з таго вядра, дзе піла Зьвяздоха, потым сеў на ганак і змучана ўздыхнуў. Бычкоўскія п'янтосы і дзеўкі ўходалі ленінградца і на зьдзеклівае пытаньне - ці пойдзе ён сёньня ў клюб? - небарака страсянуў ускудлачанай галавой. Ад абеду пляменьнік напачатку адмовіўся, а паблукаўшы па двары, убіўся ў кухню і сіплым голасам паведаміў:

- Чаго-небудзь гарачага, можа, і зьем.

Матруна наліла пляменьніку міску гарачай капусты, накроіла хлеба і, зірнуўшы на выгнутую Лёшкаву сьпіну, падумала: «Кастрамская парода».

Соньчын мужык быў якраз з той самай Кастрамы. Толькі раз і прыяжджаў на пагасьціны - гадоў дзесяць таму. Хадзіў па двары, зазіраў у кожную шчыліну, штосьці мармытаў сабе пад нос, а калі раскрываў рот, дык прамаўляў нейкай дзіўнай мовай: «А яблоки у вас быва-ат?» І за абедзеным сталом сядзеў як бяз рук, чакаючы - калі яму нальюць капусты ды накрояць хлеба. Вось і Лёшка такі: поўдня будзе сядзець, а чыгунка зь печы не дастане.

Пляменьнік між тым агораў адну міску, потым другую, умалоў яечню з патэльні, запіў усё конаўкай сырадою і падаўся на падворак.

- Вось каму жыцьцё, - аднымі вуснамі прашаптала Матруна, таксама вышла з хаты і слых ейны крануў непрыемны шоргат: Лёшка, седзячы на кукішках, шараваў пяском старую нямецкую каску. Каска здавёнчасу валялася на двары і кожнай вясны Матруна карміла зь яе маладых гусей.

- І навошта яна табе? Насіць будзеш, ці што? - запыталася Матруна, узяўшы рукі ў бокі.

- Ну так, насуну і пайду па Лігаўцы, - з усьмешкаю прамовіў пляменьнік, і ўжо сур'ёзна дадаў: - На Ленфільме прымаюць. Па два чырвонцы за штуку.

Матруна таму не дала веры. «Відаць, жартуе, - падумала, змахнуўшы пот з упрэлай лабаціны, - ці ж можа гэта быць, каб за жалезіну давалі два чырвонцы?»

Пляменьнік ізноўку ўзяўся шараваць каску і шоргат нэрвовым сьвербам прайшоўся па целе.

- А што, немцы ў вас былі? - выдыхнуў Лёха, падхапіўшы ў далонь жменю вільготнай жарствы.

- Былі, каб на іх немач.

- І што, лютавалі?

- Ды ўсякае было, - Матруна цяжка ўздыхнула, - і немцы лютавалі, і партызаны. Ужо ж нацярпеліся мы з тваёй мамай страху - ня дай Бог... Але і немцы розныя былі, - голас Матрунін міжволі здрыгануўся, - адзін нават лекі прынёс, калі твая мама нагу прабіла.

- Што ж вы, з акупантамі зналіся? - запытаўся пляменьнік, не перапыняючы шараваньня.

- Ды хто зь імі знаўся... - выдыхнула Матруна, - прыйшоў чалавек ды прынёс лекі... Яго потым партызаны застрэлілі. Вунь там, на суседзкім агародзе.

Лёшка пакінуў шараваць і задаў пытаньне, ад якога ў Матруны на момант спынілася сэрца.

- А дзе яго пахавалі?

Напачатку яна прамармытала штосьці няўцямнае, а потым стоена выдыхнула:

- У калодзеж укінулі.

Словы зьляцелі з вуснаў, і душа, пазбыўшыся путаў, страпянулася ў грудзіне. Пляменьнік кінуў шараваць каску, падхапіўся на ногі, пачаў задаваць бязглуздыя пытаньні: дзе месьціўся той калодзеж, якое ў немца было званьне, ці віселі на мундуры мэдалі? Матруна сядзела, ачмурэлая, штосьці бубнела ў адказ і толькі калі Лёшка пабег са двара і крыкнуў, убіўшыся ў быльнік: - Ці тут? - ачулася і моўчкі махнула рукой.

Увесь дзень Матруна хадзіла прыгаломшаная; у грудзях пасяліўся лёгкі халадок, сэрца парывіста білася, усё валілася з рук і адно пытаньне не давала пакою: «Ці варта было казаць Лёшку пра магілу?» Увечары, падаіўшы Зьвяздоху, яна выправілася да Карпачыхі - хацелася пагаманіць з якой жывой душой, - ды мусіла вярнуцца: сьвятла ў карпачысінай хаце не было і на шыбах трымцела вечаровая барва. Барва трымцела на рэдкіх лужынах, на кроне старой ліпы, на высокім быльніку, трывожыла сэрца й займала дух. Матруне карцела некуды бегчы, карцела нешта рабіць і, падуладная такому п'янкому пачуцьцю, яна зьняла з-пад страхі касу і шпарка, амаль подбегам, рушыла ў бок канавальчыкавай хаты.

Кусьцісты быльнік лёг пад ногі, паветра напоўнілася гаркавым пахам, галава зьлёгку закружылася, крылатая душа сунялася ў грудзях, і барвовая палымніца рухавымі бліскамі адбілася ўваччу. Абапёршыся на касільна, Матруна ўтрапёна зірнула пад ногі і ёй здалося, што там, глыбока пад зямлёй, хтосьці цяжка і змучана ўздыхнуў. Яна міжволі азірнулася і ўбачыла суседа Канавальчыка. Сусед стаяў за сьпінаю, з крывой усмешкай на твары разьдзьмухваў прыгаслую цыгарку.

- Што гэта ты проці ночы касіць узялася?

Тытунёвы дым казытнуў у носе, пальцы сьціснулі касільна і Матруне раптам да сьвербу ў пахвіне закарцела махнуць касой ды зьнесьці з плеч пляшывую канавальчыкаву галаву. Яна ступіла крок назад, каб замахнуцца, але тут жа сунялася і сьціжма халодных іголак кальнула патыліцу.

- Давай пастаім, пагамонім, - гукнуў Канавальчык, але Матруна, улякнута перавёўшы дых, ускінула касу на плячук і ціха прамовіла: - Позна ўжо.

Можа таму, што была глухаватая, Матруна ніколі не магла дачуцца суседавых крокаў. І кожны раз, калі сусед нячутна падыходзіў і дыхаў у сьпіну, яе апаноўвала злосьць. Гэтым разам злосьць шуганула праз край, увушшу зноў зазьвінела і, зайшоўшы ў хату, яна перш-наперш сёрбнула квасу, вымыла твар халоднай вадой, а потым доўга сядзела, не запаляючы сьвятла, і слухала, як гулка тахкала ў грудзіне надарванае сэрца. Ачулася ўжо сярод ночы, калі пад вокнамі заляскатаў матацыкал і Пецька Халімонаў штосьці крыкнуў пляменьніку на адвітаньне.

Ноччу Матруна кепска спала - сон толькі на золку змарыў вочы і быў ён замарачным, мулкім, неадчэпным. Прысьнілася, як яны зь сястрой цягалі мяхі зь пяском, сыпалі той пясок у калодзеж і дзесьці зусім непадалёку - так ёй здалося ў сьне - бязладна брахалі нямецкія аўчаркі. Можа таму, што мяхі былі цяжкімі, на раніцу балелі рукі, ламіла паясьніцу і яна доўга не магла ўсесьціся на зэдліку, каб падаіць Зьвяздоху.

Як ні дзіўна, Лёшка таго дня падняўся а сёмай гадзіне. Раней спаў да абеду, а тут зьлез з гарышча, змачыў твар у каровіным вядры і падаўся ў вёску.

- Ты ж хоць малака папі, - гукнула ўсьлед Матруна, але пляменьнік нават не азірнуўся.

... У хаце мерна тахкалі ходзікі, ля ног, скруціўшыся абаранкам, спаў кот Базыль, сонная дрымота цьвеліла павекі і Матруна ўжо кульнулася на бок, каб паспаць якую гадзінку, ды тут на вулцы залапатаў трактар і сон зьляцеў з павекаў. «Каго там чэрці прыгналі?» - падумала Матруна, зірнуўшы ў вакно. Па вуліцы, уздымаючы пыл і матляючы прымацаваным да заду каўшом, ехаў пецькавы «беларус».

- Лётае як шалёны, паратунку няма, - выдыхнула Матруна, ізноў кульнулася на бок, але вачэй не заплюшчыла, стала цікаваць левым - чуйным вухам - куды паехаў трактар.

«Беларус» між тым лапатнуў наастачу і загуў лагодна і суцішна, спыніўшыся дзесьці ля канавальчыкавай хаты. Пачуліся няўцямныя галасы, ляснула жалезьзе і трактар ізноў завуркатаў натужна і перарывіста. Матруна скацілася з ложку, абарвала ў сьпешцы фіранку, што вісела на дзьвярах сьвятліцы і так, з фіранкай на плячы, і выбегла з хаты. Пецькавы трактар падхапіў каўшом груд зямлі, падняў угору і з каўша ценькім струмком пасыпаўся той самы пясочак. Яна хацела крыкнуць, але для крыку не хапіла паветра.

- А што ж... а што ж гэта робіцца? - выдыхнула Матруна, шыбуючы да трактара, і сусед Канавальчык, які стаяў на дарозе і дыміў цыгаркай, патлумачыў: - А то ня бачыш? Мальцы калодзеж рыюць.

- Яшчэ тры каўшы - і хопіць... Далей рыдлёўкай, - крыкнуў пляменьнік Пецьку Халімонаву і гэта былі апошнія словы, пачутыя Матрунай. Увушшу зазьвінела, потым зашумела, нарэшце, загуло, зямля кульнулася пад нагамі і душу Матруніну спавіла зьнямоглая ціша.

 

2

 

Сакратарка Ія - элегантная саракагадовая кабета з выскубенымі брывамі і з моднай «хіміяй» на галаве - набрала нумар дарожнага ўчастку, прыціснула да вуха слухаўку.

Участак доўга не абзываўся, нарэшце азваўся залівістым дзявочым голасам: - Алё-о...

- Прыміце тэлефанаграму, - прамовіла сакратарка і, не чакаючы, пакуль дзяўчына схопіць асадку, прадыктавала: - Таварышу Даўбешку Эл Пэ зьявіцца на закрытае паседжаньне Бюро райкаму. Пачатак а шаснаццатай гадзіне.

- На закрытае? - перапыталіся на ўчастку, і змучаная такімі пытаньнямі сакратарка па складах паўтарыла: - За-кры-та-е.

Ія выцягнула з шуфляды стала люстэрка, мелькам паправіла кудзеркі на лобе і ў гэты момант у прыёмную вужакай прасьлізнуў старшыня спорткамітэту Мурленя.

Мурленя прайшоўся, як гэта ён заўсёды рабіў, уздоўж сьцяны, спыніўся пад партрэтам правадыра, запытальна кіўнуў у бок абабітых дэрмацінавым матрацам дзьвярэй.

- Рыхтуецца да паседжаньня Бюро. Прасіў нікога не пускаць, - паведаміла Ія, не адрываючы вачэй ад люстэрка.

- А што... закрытае? - стоена запытаўся Мурленя.

У вадказ сакратарка роблена ўздыхнула, замутніўшы люстэрка, і старшыня спорткамітэту, гэткім жа чынам - уздоўж сьцяны - падаўся ўпрочкі. Дзьверы прыёмнай ціхенька рыпнулі і абудзілі тэлефон нутраной сувязі. Тэлефанавала Шура Неўмывакіна з прамысловага аддзелу.

- Іечка... Бюро закрытае?

- Закрытае, - прастагнала сакратарка.

- А па якім пытаньні?

- Не дакладваў! - слухаўка высьлізнула з рукі, ляснулася на вагар, ды так хвацка, што з носу сакратарчынага пасыпалася пудра.

Ія і сапраўды ня ведала - пра што будуць гаманіць на паседжаньні, таму і нэрвавалася. Інтрыгу надавала і тое, што з вобласьці мусіў прыехаць супрацоўнік абласной управы КГБ. Раніцай, калі шэф узяў яе руку і, па старой звычцы, правёў языком між пальцаў, яна запыталася - на якую халеру едзе чэкіст і шэф, паправіўшы гальштук, паўжартам адказаў: «Ія, сакрэты ёсьць ня толькі ў жанчын, але і ў партыйных работнікаў».

«Божухна, у яго яшчэ ёсьць нейкія сакрэты, - падумала Ія, згадаўшы ранішнюю размову, - гэты ёлупень думае, што й практыкаваньні на зялёным стале - вялікі сакрэт. А пра іх ужо ведае апошні сабака ў Азярышчы». Сакратарка згадала, што акурат учора ёй давялося заціраць анучкай тое месца на стале, дзе звычайна сядзеў старшыня райвыканкаму Кабяк і, страсянуўшы кудлатай «хіміяй», стала набіраць нумар апошняга запрошанага на паседжаньне - дырэктара райхарчпрамгандлю Ванзовіча.

 

А тым часам у Матрунінай хаце, расклаўшы на двух табурэтах мэдычнае прычандальле, маладзенькая фэльчарка Ніна набірала ў шпрыц вадкія лекі.

- Я ж, дачушка, ужо і сама магу прыйсьці. І карову даю, і канюшыну ўчора дакасіла, - прамаўляла цётка Матруна, казелячы вокам на шпрыц.

- Навошта ж вам хадзіць? Амбуляторыя на другім канцы вёскі. А мне прайсьціся - адно задавальненьне... Кашулю падыміце... - Ніна толькі сёлета скончыла мэдвучэльню і таму рабіла ўсё, як мае быць: паляпала па пэўнай мясьціне, працёрла ледзь ня ўвесь азадак прасьпіртаванай ватай, нарэшце замружыла вочы і ўбіла іголку крыху ніжэй хвастца.

Цётка Матруна хварэла. Цэлы месяц адлежала ў пасьцелі і толькі сёньня, адчуўшы палёгку, стала на ногі: падаіла раніцою карову, потым рушыла касіць канюшыну, і Карпачысе, якая апекавала яе пад час хваробы, давялося з крыкам і гвалтам адбіраць касу.

- А што ж ты мне, дачушка, колеш? - запыталася Матруна, абцягнуўшы кашулю. - Ужо ж надта пякучыя, усё адно як жарынка заляцела...

- Спазмалітычны сродак. Зьніжае крывяны ціск, - фэльчарка зьняла з твару марлевую маску, з палёгкаю ўздыхнула. - Вам, Матрона Іванаўна, яшчэ паляжаць трэба пару дзён. І ніякай цяжкой працы. Адно лёгкія прагулкі, - фэльчарка закрыла валізу і наструніла слых: да хаты з вуркатлівым гудам набліжалася легкавушка.

Яшчэ хвіліна - і ля весьніц, узьняўшы пылюку, спынілася шэрая «волга». Легкавушка вуркатнула наастачу, суціхла і зь яе вылез мужчына ў даўжэзным, мышастага колеру, плашчы і ў гэткай жа шэрай кепурцы. Мужчына ляснуў дзьверкай, нюхнуў паветра, зірнуў на гадзіннік.

- Госьці да вас, Матрона Іванаўна, - пралепятала фельчарка Ніна, а цётка Матруна, прыўзьняўшыся на локці, ўсхвалявана пралепятала: - І хто ж гэта сунецца?

У прысенку грукнулі дзьверы, ляснула вядро, пачуліся стрыманыя мацюгі, потым мяккі шоргат - мужчына шукаў у цемры дзьвярную клямку, і фельчарка, пачуўшы такое, кінулася да дзьвярэй.

Сьпехам апранаючыся, Матруна чула, як госьць штосьці прабубнеў, стоячы на ганку, Ніна штосьці адказала, пасьля чаго мужчына кашлянуў і цяжкой ступою ўвайшоў у сьвятліцу. Не сказаўшы ні слова, госьць прайшоўся ад дзьвярэй да стала, потым ад стала да дзьвярэй, нарэшце тупнуў нагой па падлозе і толькі тады адрэкамэндаваўся:

- Я з аддзела сацзабесьпячэньня. Дасьледуем умовы пражываньня пэнсіянэраў.

У наступную хвіліну госьць аблашчыў позіркам фэльчарку Ніну, якая прайшлася пад вокнамі і з задуменнай разважлівасьцю прамармытаў:

- Масьніцы... гуляюць. Могуць і абламіцца.

- Гуляюць, добры чалавек. Хату ж яшчэ мой прадзед ставіў, царства яму нябеснае, - паведаміла Матруна асіплым ад хваляваньня голасам.

Госьць спахмурнеў, прысеў на табурэт, з роспачным уздыхам прамовіў:

- Мала... мала ўвагі мы надаем пэнсіянэрам!

Матруна кіўнула на знак згоды, выцерла ражком хусткі здранцьвелыя вусны, а госьць, дастаўшы з кішэні блякнот, прымасьціў яго на касьцістым калене.

- Тэлевізара ў вас, гляжу, няма...

- Няма, добры чалавек... Да суседкі хаджу на целевізер. Зімой дык кожны вечар хадзіла. Паказвалі, памятаю, гэтага... як яго... ну, прыгожы такі мужчына... у нямецкай форме...

- Шцірліц, можа? - незадаволена буркнуў госьць.

- А во-во... Шцірліц... ён самы, - усхапілася Матруна, а госьць, зірнуўшы на столь, прамовіў кароткае слова «люстра» і стаў пісаць у блякноце.

- У вас сваякоў паблізу няма? - запытаў госьць, не перарываючы пісаніны.

- Сястра ў мяне. У Ленінградзе жыве, - суцішна прамовіла Матруна, спрабуючы ўцяміць - навошта чалавек пра гэта пытаецца.

- Ленінград, на жаль, далёка, - мужчына падняўся на ногі, паправіў на галаве кепку, валюхаста пайшоў да дзьвярэй, а сьледам за ім дробна затупала цётка Матруна.

На падворку госьць хітнуў рукой плот і, зірнуўшы ў бок хлява, неўцямна прамармытаў: - А дзе тут у вас... гэты самы... - чалавек крутнуў у паветры абедзьвума рукамі і Матруна залыпала вачанятамі. - Ну, разумееце? - чалавек ізноў крутнуў рукамі, потым крутнуў галавой, але цётка Матруна не зразумела і чалавек, махнуўшы рукой, пашыбаваў да машыны.

Па дарозе госьця пераняў Канавальчык.

- Шофэр кажа, што вы з райсабесу, дасьледуеце бытавыя ўмовы.

- Ну, - незадаволена выдыхнуў райсабешчык.

- Дык, можа, вы б і маю хату паглядзелі? Жыць нема як... страха цячэ, - заенчыў Канавальчык, а райсабешчык, адчыніўшы дзьверцы, каротка прамармытаў: - Другім разам.

Калі машына, скрыгатнуўшы счэпам, кранулася зь месца і накрыла Канавальчыка пыльнай аблачынай, той сплюнуў рыплівую сьліну і са злосьцю прасіпеў: - Нямецкіх падсьцілак дасьледуюць, а на нас х... паклалі, с-сукі.

І хаця Матруна была глухаватая, словы гэтыя даляцелі да вушэй і ачунялае было сэрца ізноў заныла і попельна-шэрая зямля паволі паплыла пад нагамі.

 

Ранейшым часам паседжаньні Бюро райкама заўсёды пачыналіся са спазненьнем. Цяпер жа, не пасьпеў масыўны гадзіньнік, што стаяў у куце, бомкнуць чатыры разы, як гаспадар габінэту падняўся з-за стала, абцягнуў, як гэта робяць вайскоўцы, пінжак і непракерхана прамовіў:

- Таварышы!

У дальнім канцы стала начальнік дарожна-будаўнічага ўчастка Даўбешка рыпнуў крэслам і дрыжачымі рукамі разгарнуў блякнот.

- Сёньняшняе паседжаньне закрытае, таму папрашу не рабіць ніякіх запісаў, - прамоўца кашлянуў, а Даўбешка, схапіўшы са стала блякнот, выпусьціў яго з рук і зашоргаў нагамі, падганяючы блякнот бліжэй да крэсла: у мінулы панядзелак Даўбешка завёз самасвал асвальту на лецішча генэрала Карзо, быў схоплены абэкаэсьнікамі* і цяпер хваляваўся, чакаючы разгляду сваёй пэрсанальнай справы.

* Супрацоўнікі АБКС - аддзела барацьбы з крадзяжом сацыялістычнай уласьнасці і спэкуляцыяй.

- Павінен адразу сказаць, што справа, якую мы сёньня разглядаем, знаходзіцца на кантролі абласнога камітэта партыі, таму і стаўленьне да яе мусіць быць адпаведным.

Даўбешка ізноў заварушыўся і старшыня райвыканкаму Кабяк пастукаў алоўкам па графіну.

- У двух словах сутнасьць справы можна сфармуляваць так: да нас едзе заходнегерманскі журналіст.

Такую вестку прысутныя стрэлі шоргатам ног і дружнай кашлянінай.

Гаспадар габінэту вытрымаў паўзу, таксама кашлянуў і працягваў: - Што сабой уяўляе шпрынгераўскі друк і ў якім сьвятле падаецца там зьнешняя і нутраная палітыка нашай дзяржавы, казаць ня буду. Вы, таварышы, ведаеце пра тое ня горш ад мяне. І таму наша задача сёньня - выявіць палітычную пільнасць і паказаць заходняму госьцю ўсё лепшае, што маем. Задача, скажу вам, даволі складаная, бо заходні госьць мерыцца наведаць калгас «Шлях камунізму» - ня самы моцны ў раёне.

Прамоўца пашукаў вачыма Бамбізу - старшыню памянёнага калгасу, у гэты момант дзьверы габінэту прачыніліся і з проймы вытыркнулася кудлатая жаночая галава.

- Мірон Пятровіч! - выгукнула сакратарка і прамоўца рушыў да тэлефону.

- Слухаю, Мірон Пятровіч! - гаспадар габінэту павярнуўся тварам да прысутных, шматзначна кіўнуў галавой. - У нас зараз партбюро па гэтым пытаньні. Так, Мірон Пятровіч, я іх папярэдзіў - поўная канфідэнцыйнасьць...

- З абкаму званілі, - патлумачыў гаспадар габінэту, скончыўшы размову, і Кабяку ізноў давялося стукаць алоўкам па графіне, каб суняць бязладны шэпт і шоргат.

- А хто яго сюды запрашаў? - гукнуў з дальняга канца стала Даўбешка.

Сябры Бюро ізноў загаманілі і цяпер ужо гаспадару габінэта давялося стукаць алоўкам спачатку па графіне, а потым па стале, дамагаючыся цішыні.

- Таварышы, вытрымка - перш за ўсё. Пытаньні будзем задаваць прыканцы паседжаньня. А зараз я даю слова Івану Пятровічу Газіну - супрацоўніку абласнога ўпраўленьня Камітэта дзяржбясьпекі. Ён і распавядзе - што за гусь ляціць на нашыя палеткі.

Іван Пятровіч Газін, немалады ўжо чарнавалосы мужчына, нетаропка падняўся з-за стала, гэтак жа нетаропка перагарнуў старонкі таўшчэзнага нататніку.

- Пачну без прэамбул, - прамовіў Іван Пятровіч, мелькам зірнуў на прысутных і ў габінэце запанавала мёртвая цішыня. - Да нас едзе нехта Лётар Бомбах, супрацоўнік крайне правай, бульварнай газэткі «Більд-цайтунг», якую выдае славуты Аксэль Шпрынгер. Вас, вядома ж, цікавіць пытаньне: «Навошта ён едзе і чаму менавіта ў вёску Бычкі?» Паводле афіцыйнай вэрсіі гэты візытэр, нібыта, хоча наведаць мясьціны, дзе пад час вайны знайшоў сваю бясслаўную сьмерць ягоны бацька, Бэртрам Бомбах. Мы, зразумела, паднялі адпаведныя дакумэнты і высьветлілі, што яфрэйтар Бомбах і сапраўды знаходзіўся ў складзе 286-га ахоўнага палка і ў жніўні 43-га, падчас начнога бою, быў зьнішчаны партызанскай групай атрада імя Панамарэнкі. Па сьведчаньні Зьміцера Нікандравіча Дзенісенкі - былога камандзіра атрада, ён асабіста застрэліў фашыста на ўскрайку вёскі Бычкі. Пра тое ж сьведчаць і паказаньні здрадніка Радзімы Рыгора Таўпілы, які бачыў труп забітага фашыста.

Чэкіст на хвілю перапыніўся і, лізнуўшы палец, перагарнуў старонку.

- Узьнікае яшчэ адно пытаньне: «Чаму гэта шпрынгераўскі пісака сорак гадоў сядзеў у сваім Гамбургу, а цяпер выправіўся ў Бычкі шукаць магілку свайго бацькі? І ці ня ёсьць усё гэта прадуманай палітычнай правакацыяй?» Мы высьветлілі і гэта пытаньне і мусім канстатаваць, што ў гэтай справе, на вялікі жаль, замяшаныя і нашыя савецкія людзі. А менавіта: навучэнец 49-й ленінградзкай вучэльні мэталістаў Аляксей Клячкін. Знаходзячыся на адпачынку ў сваёй цёткі, жыхаркі вёскі Бычкі Матроны Апалонік, гэты дзяяч знайшоў на гародзе жэтон забітага немца і, прыехаўшы ў Ленінград, занёс яго ў нямецкі кансулят. Заўважу, таварышы, што зрабіў ён гэта далёка не з гуманных пачуцьцяў: за такія жэтоны немцы плацяць добрыя грошы, прычым валютаю.

Пачуўшы пра валюту, грамада разам загаманіла, зарыпела крэсламі, а дырэктар райхарчпрамгандлю Ванзовіч ад хваляваньня нават укінуў у рот цыгарэту, ды згадаўшы, што ідзе паседжаньне Бюро, піхнуў цыгарэту ў нагрудную кішэнь.

- У размове з работнікам кансуляту Аляксей Клячкін паведаміў таксама, што ягоная цётка асабіста ведала забітага немца і гэтую вэрсію мы цяпер спраўджваем.

- А хто яму дазволіў цягацца па кансулятах? - гукнуў з канца стала няўрымсьлівы Даўбешка.

- Мы задалі гэтае пытаньне ленінградзкім таварышам... Як мы зразумелі з адказу, у паўночнай сталіцы ў гэтым пляне пануе лібэралізм. Калі б заходнегерманскі кансулят месьціўся ў нас, розныя шпанюкі там бы не цягаліся.

Пасьля такіх слоў члены Бюро ўхвальна загаманілі, Даўбешка - той быў узрадаваны, што яго не разьбіралі, таму і лез з пытаньнямі - гукнуў: - Што зь сябе ўяўляюць нямецкія жэтоны? - але чэкіст ня стаў адказваць, кіўнуў гаспадару габінэта і гэтак жа павольна, як і ўставаў, апусьціўся на крэсла.

Члены Бюро яшчэ пару хвілінаў перамаўлялася, потым суціхлі і наставілі вочы на гаспадара габінэту. Гаспадар сядзеў у задуменнай паставе, мерна стукаў асадкай па стале. Невядома - колькі доўжылася гэтае напружанае маўчаньне. Хвіліну, дзьве, а можа і ўсе тры. І вось, нарэшце, гаспадар габінэту налёг грудзінаю на стол і здушана прамовіў:

- Мы, таварышы, ня можам прымусіць заходняга візытэра напісаць пра нашыя дасягненьні. І, магчыма, плёнам ягонага візыту стане фотаздымак якой-небудзь вясковай прыбіральні на старонцы нямецкай газэты. І ўсё ж сустрэць госьця мы мусім належным чынам, прадэманстраваўшы нашыя здабыткі і шчодрасьць славянскай душы. Гэта не мае словы, а дырэктыва абласнога камітэта партыі, - прамоўца зрабіў кароткую паўзу і з партыйнай рашучасьцю ў голасе прамовіў: - Слова мае Куксёнак Тарзан Пятровіч.

Загадчык сельгасаддзелу спружна падхапіўся, правёў даланёй па плеху.

- Я, таварышы, толькі што з Бычкоў... Назад ехалі, сьпяшаліся і ў выніку райкамаўская «волга» стала на рамонт, - загадчык сельгасаддзелу зірнуў на Даўбешку і кудлатая даўбешкава галава ўехала ў плечы, не раўнуючы як сьлімачыная галава ў ракавіну. - Да Балбекаў яшчэ неяк можна ехаць, а потым - калдабан на калдабане, - Тарзан Пятровіч перавёў дых, дастаў з кішэні пашарпаны блякноцік. - Хата, у якой жыве Матрона Апалонік, пабудаваная за царом Гарохам. Масьнічыны гнілыя, ганак зусім праваліўся. У хаце няма нават тэлевізара...

- Вашыя прапановы, - перабіў Куксёнка гаспадар габінэту і той, ні хвілі не раздумваючы, выпаліў: - Сустрэнем немца ў доме Сьцяпана Міканоравіча... старшыні калгаса. Дом з мансардай, паркет, санвузел... - Тарзан Пятровіч мерыўся далей разьвіваць сваю думку, але, угледзеўшы незадаволенасьць на шэфавым твары, прыкусіў ніжнюю вусну і дробна залыпаў вачамі.

Шэф стукнуў асадкай па стале, керхануў у далонь і гэта азначала, што ён зьбіраўся некага паўшчуваць.

- Таварыш Даўбешка, - шэф хітнуўся ў бок, спрабуючы сустрэцца вачыма з начальнікам участку, - дагэтуль вы нам задавалі пытаньні, настала пара і нам запытацца: «Калі будзе атрамантаваная бычкоўская дарога?» Вы што, чакаеце аргвывадаў? Мы трэці год запісваем у плян сацыяльна-эканамічнага развіцьця пункт: «Асвальтаваньне дарогі Балбекі - Бычкі» і за гэтыя тры гады там нават грэйдзер не праехаўся...

- Эдуард Альфонсавіч... вы ж ведаеце... - пралепятаў Даўбешка, але шэф як і ня чуў таго лепятаньня. - Раённы камітэт партыі дае вам два тыдні... Усе людзі, уся наяўная тэхніка мусіць быць кінутая на аб'ект. Не хапае тэхнікі - пазычайце ў суседзяў, ганіце каткі і грэйдзеры з Нэвеля, Віцебску - адкуль хочаце. І ведайце - за гэтую дарогу вы адказваеце партбілетам.

Эдуард Альфонсавіч выцер насоўкаю халодны пот з лобу, перавёў позірк на загадчыка сельгасаддзела.

- Сядайце, Тарзан Пятровіч... Вы нас сваёй прапановай, шчыра кажучы, зьдзівілі, - шэф ляснуў асадкай па стале. - Ну, сустрэнем мы госьця ў старшынёўскай хаце... А што на гэта скажуць людзі? Вы пра гэта, Тарзан Пятровіч, падумалі? Каго мы хочам ашукаць - немца, ці саміх сябе?

У паветры завісла гнятлівая цішыня, якую праз пару хвілін парушыў загадчык сельгасаддзела, плаксіва шморгнуўшы носам.

- Думаю, давесьці да ладу вясковую хату ня так і цяжка. І тэлевізар можна знайсьці... у часовае карыстаньне... - ужо лагодным голасам прамовіў гаспадар габінэту, зірнуў на старшыню райвыканкаму Кабяка і той згаджальна страсянуў чупрынай.

 

Раніцой наступнага дня цётка Матруна ўжо не ўставала з пасцелі і фэльчарка Ніна, зрабіўшы ўколы, узялася парадкаваць у хаце: памыла посуд, падмяла падлогу, згатавала кампот з антонавак, нарэшце, прысела на табурэт і стала чытаць уголас мясцовую газэту.

- Во, Матрона Іванаўна, паслухайце. Тут пра нашыя Бычкі пішуць.

«Новае ў жывёлагадоўлі» - так называецца стэнд тэматычнай літаратуры, устаноўлены днямі ў памяшканьні Бычкоўскага сельскага клюба. На стэндзе дэманструюцца матэрыялы Красавіцкага пленума ЦК КПСС, кніжныя навінкі выдавецтва «Ураджай», у тым ліку брашура нашага земляка, знатнага жывёлавода Э.Дымагарнага «Грамадзкаму статку - клопат і ўвагу». Кніжны стэнд карыстаецца вялікай увагай сяльчан».

- І хто ж гэта піша? - пацікавілася цётка Матруна і наструніла слых.

Пад вокнамі загула, а потым лагодна завуркатала бліскучая чорная «волга».

- Божухна, і што яны ўнадзіліся... - прастагнала цётка Матруна, а фэльчарка Ніна, убачыўшы праз вакно чарговага цётчынага госьця - падхорцістага дзядзьку ў шэрым капелюшы, падхапіла валізку і падалася на двор.

Чарговы госьць увайшоў у хату нячутна - бяз рыпу, амаль бяз груку і тым самым напужаў гаспадыню. Паўстаўшы пасярод хаты, госьць злавесна пасьміхнуўся, выцягнуў з кішэні нейкую кніжачку, а цётка Матруна, самлеўшы, схапілася рукой за фіранку, што вісела ля ложка, і плюхнулася на пярыну.

- Дарма так хвалюецеся, Матрона Іванаўна... і занавескі дарма абрываеце, - госьць дапамог гаспадыні сьцягнуць з галавы абарваную фіранку, спрытна прысеў на край табурэту. - Тым больш, мы ня маем да вас ніякіх прэтэнзій.

Госьць кінуў на стол капялюш, дастаў з нутраной кішэні нататнік.

- Толькі два пытаньні, Матрона Іванаўна... Ці ведалі вы такога Бэртрама Бомбаха?

Цётка Матруна залыпала вачанятамі, зацкавана страсянула галавой.

- А вы, Матрона Іванаўна, не сьпяшайцеся... Згадайце вайну. Успомніце - хто зь нямецкіх салдат да вас заходзіў, як вы іх сустракалі, - чакаючы адказу, госьць паляпаў нататнікам па сьцягне...

- Дзіўна, - госьць засмучана ўздыхнуў, насупіў кусьцістыя бровы, - а нам казалі, што вы гэтага ваяку добра ведалі, што ён часьцяком завітваў у вашую хату.

Замарачны звон у вушах ператварыўся ў бязладны шум і Матруна зусім ня чула - што кажа няпрошаны госьць і зрэдзьчасу, зусім не да месца ківала альбо трэсла галавою. І ўсё-такі тузін словаў дапяў да вушэй.

-... Цалкам верагодна, што немец будзе даваць грошы. Возьміце вы іх, ці не - вашая асабістая справа, але мы б не рэкамэндавалі гэтага рабіць...

Пасьля таго цётка Матруна ціха войкнула, закаціла вочы, кульнулася на падушкі. У першае імгненьне госьць падумаў, што цётка фліртуе, але потым ачуўся: пабег на кухню, сёрбнуў вады з вядра, пырснуў у твар зьнямоглай кабеціне і калі тая расплюшчыла вочы, схапіў капялюш і палахлівым ценем высьлізнуў з хаты.

У абед, разам з каровай, што вярнулася з поля, у Матрунчын двор завітала Карпачыха. Суседка доўга навязвала наравістую Зьвяздоху, грукала даёнкай, нарэшце ўбілася ў хату.

- Ну, як ты тут? Ці палягчэла? - гукнула Карпачыха і тут жа дадала: - Я яго шукаю, падлюгу, а ён у кінабудцы сядзіць, гарэлкай заліваецца. Другім разам, далібог, падапру калом, ды падпалю гэтую кінабудку разам з п'янтосамі.

Карпачыха яшчэ пару хвілін лаяла цесьця і сунялася толькі тады, як Матруна войкнула і папрасіла зьбегаць па фэльчарку.

- У больніцу трэба - хай бы падлячылі, - уздыхнула суседка і ўжо адчыніўшы дзьверы, крыкнула: - Унука пашлю, а то ж каровы стаяць нядоеныя...

Дзьверы стрымана грукнулі і - дзіўная рэч - Матруне адразу ж палягчэла. Сэрца ўжо не рвалося з грудзіны, увушшу не шумела і Матруна нават пачула, як білася ў шыбу зумклівая восеньская муха. Звон у вушах заўсёды зьнікаў, калі яна згадвала пра больніцу - гэтае, ва ўяўленні Матруны, страшнае месца, дзе яна за сваё жыцьцё так ніколі і не пабывала і дзе, па чутках, людзей рэзалі, поркаліся ў нутры, а потым зноў сшывалі.

У хляву рыкнула нядоеная Зьвяздоха, муха стукнулася ў шыбу і пачала кружляць над галавою, а ў самой галаве сталі кружляць беспакойныя думкі. «І чаго яны да мяне прычапіліся?» - падумала Матруна, згадаўшы нязваных гасьцей. Асабліва яе ўстрывожыў мужчына ў капелюшы, які пытаўся пра немца. - Ці не Канавальчык што набрахаў? - прашаптала Матруна і тут жа супакоіла сябе на думцы, што мужчына, відаць, яе з кімсьці пераблытаў. Муха ізноў стукнулася ў шыбу, а на двары пачуліся шаргатлівыя крокі. Прычым ішлі відавочна не Карпачыха з фэльчаркай, бо знадворку кашлянулі, мацюкнуліся, грукнулі дзьвярыма, ды так, што парахня пасыпалася са столі і нехта сіплым голасам прамовіў: «Ня ўлезе, давядзецца пілаваць». Другі мужчына гойкнуў: «Улезе!», а Матруна спалохана перахрысьцілася і прашаптала:

- Каго там яшчэ прынесла?

Мужчыны доўга валтузіліся ў прысенку, нарэшце ўваліліся на кухню і Матруна з жахам убачыла, як у сьвятліцу, падчапіўшы квяцістую фіранку, уехала тоўстае габляванае бервяно.

- А божухна, - выдыхнула Матруна і ў той жа міг ўгледзела барвовы твар карпачысінага зяця: Казік трымаў цяжкое бервяно і зморана аддзімаўся.

- Прыйшлі, цётка Матруна, падлогу табе замацаваць, - засоплена і не зусім цьвяроза прабубнеў «западэнец», прымасьціўшы бервяно на калена, - так што выбачай - патурбоцім.

Хлопцы - а разам з Казікам у хату ўваліліся Васька Халімонаў ды Пецька Траян - паклалі бервяно, зморана ўздыхнулі і ў хаце запахла гарэлкай.

- З раёну званілі. Загадалі ўмацаваць падлогу, - патлумачыў Казік. - І ганак паправіць, - гукнуў праз Казікава плячо Халімонаў - немалады ўжо мужчына, якога летась пазбавілі шофэрскіх правоў і перавялі ў цесьлі.

Казік раскрыў рот, каб яшчэ нешта сказаць, ды тут у хату ўбілася цешча.

- Вы што! - гракнула Карпачыха ад парога, - зусім ад гарэлкі пашалелі? Зь бервяном у хату лезуць!

- Старшыня паслаў, - уставіў слова Пецька Халімонаў, - загадаў падлогу ўмацаваць, як ветэрану працы.

- Дык што ж вы, будзеце мазгатаць хворай жанчыне над вухам? - не сунімалася Карпачыха і зяць, адвёўшы вочы, плаксіва прамармытаў: - А можа яе да нас? Хай пажыве пару дзён, пакуль мы ўправімся.

Цешча неяк дзіўна паглядзела на зяця і, ці не ўпершыню ў жыцьці, пагадзілася зь зяцевай прапановай.

- А й сапраўды, Іванаўна... Фэльчарка ў раён зьехала, дык чаго ты тут будзеш ляжаць? Пайшлі да нас, а то ж не дадуць гэтыя п'янтосы жыцьця.

І Йванаўна, шморгнуўшы носам, асуджана ўздыхнула ў адказ.

Да сяброўчынай хаты ішлі моўчкі і гэтае маўчаньне муляла карпачысіну душу. Карпачыха ўвесь час мерылася штосьці спытаць - керхала, набірала ў грудзіну паветра, але тут жа стульвала вусны і з шумам аддзімалася. Нарэшце, абмінуўшы зялёную каровіну ляпеху, яна чародным разам керханула і запыталася:

- А што за чалавек да цябе прыяжджаў?

Матруна зьлёгку сьцепанулася, паправіла хусцінку на скроні.

- А я й сама яго ня ведаю. Прыйшоў... у капелюшы, не выпіўшы, дастаў нейкую кніжачку і пачаў пра нейкага Бомбуха пытацца. Пытаецца, а ў мяне мятлікі ўваччу. Так і самлела. Ачулася, а яго ўжо і ў хаце няма.

- Хто ж такі, гэты Бомбух? -задуменна выдыхнула Карпачыха, - ці не траянавы гэта швагра, што летась краму абрабаваў?

Сяброўка прымружыла вочы, згадваючы прозьвішча траянава швагра і, не згадаўшы, стоена прашаптала:

- Гэта ж я сёньня ў сяльпе была, дык там Халімоніха байкі баяла. Казала: пільнуйце, бабы, калодзежы, бо нейкі немец едзе - хоча ваду патруціць.

Матруна, аднак, ня чула тых слоў, бо душа ейная на кароткае імгненьне вырвалася з грудзіны і адляцела ў мінулае. І на Матруну ізноў зірнуў малады немец і ў прысенку ізноў брудна вылаяўся Міцька Дзенісенка. І Матруна ўцяміла, нарэшце - хто едзе ў адведкі і бяскроўныя вусны бязгучна прашапталі: «Божухна, няўжо гэта ягоны сын?»

- Ты, Іванаўна, балбатню тую да сэрца не бяры, - засакатала Карпачыха, пабачыўшы, што Матруна зьмянілася з твару. - Халімоніха ж вядомая балаболка. Памятаеш, казала на Тройцу, што на Бычкі міцярыт зваліцца.

... За цэлы дзень Матруна не прамовіла ні слова - ляжала на ложку, глядзела ў столь, маркотна ўздыхала і ад уздыхаў варушылася сівая павуцінка, што вісела над галавой. Увечары сяброўка паставіла на стол чыгунок парнай бульбы, паклікала есьці і калі Матруна адмовілася, сілком зацягнула да стала.

- Паеш ты, далібог, а то памрэш з галадухі.

Есьці і сапраўды не хацелася: Матруна распалавініла бульбіну, каўтнула малака, наставіла на сяброўку сумныя вочы і сяброўка, адсунуўшы ўбок талеркі, падхапілася на ногі.

- Давай пагадаю. Уведаеш, што будзе - адразу палягчэе.

Карпачыха дастала з шафы калоду карт, ператасавала, расклала на стале, засяроджана пачухала гузаваты нос.

- Вось гэты стары псюк табе й не дае спакою, - сяброўка тыцнула пальцам у піковага караля і ўздыхнула - глыбака і трывожна. - Чакаюць цябе нейкія згрызоты, нейкія размовы, а ўсё скончыцца... - Карпачыха перагарнула дагары тварам крайнюю карту, сумелася і ў гэты момант праз парог - з глухой кашлянінай і тупаценьнем - кульнуўся зяць Казімер.

- Хату ці зачынілі? - запыталася цешча, і зяць, пачэрпнуўшы вады зь вядра, стомлена выдыхнуў: - Зачынілі...

- За вас дужа не бярыся, п'янтосы няшчасныя, - прамовіла Карпачыха і з такім імпэтам узялася тасаваць карты, што яны высьлізнулі з рук і пасыпаліся на падлогу.

 

Наступным ранкам, а восьмай гадзіне, Казімер рушыў на працу, але неўзабаве вярнуўся і задыхана паведаміў: - Цётка Матруна! Там да вас прыехалі... Тэлевізар прывезьлі, і ўсё такое...

- Які целевізе-ер, - усхвалявана прасьпявала Матруна і, апранаючыся, доўга не магла патрапіць у рукаво кацавейкі.

Яны выбеглі з Карпачыхай на падворак і ў канцы вуліцы ўгледзелі крытую машыну, а поруч зь ёю Канавальчыка ды нейкага незнаёмага мужчыну.

- Хто з вас Апалонік? - гукнуў незнаёмец, калі жанчыны падышлі бліжэй.

- Я-а, - дрогкім голасам азвалася Матруна, зачапіўшы нагой сьвежую каровіну ляпеху.

- Расьпішыцеся ў атрыманьні... - мужчына расправіў на жываце скамечаную паперку, - тэлевізара, люстры, паласа і журнальнага століка.

- А калі мне што-небудзь дадуць? - пакрыўджана выдыхнуў Канавальчык. - Я, між іншым, ветэран вайны, маю тры баявых мэдалі.

- Наступным разам, дзед, - буркнуў мужчына і з кіслай мінай на твары працягнуў Матруне пакамечаную паперку.

На ганак уласнай хаты Матруна ступіла, ня чуючы пад сабой ног, а пабачыўшы квяцісты кілім на падлозе, маленькі стол на крывых нагах і чалавека, які стаяў на стале і ўкручваў лямпачкі ў люстра, нават ікнула ад хваляваньня.

- Усё, цёткі, прымайце работу! - чалавек скочыў са стала, пстрыкнуў уключальнікам і Карпачыха, што стаяла за сьпінаю, зачаравана прашаптала: - Як у царкве.

 

Дзень згасаў ужо ад ранку і мяккі змрок, нібыта дым ад бульбоўніку, плыў у вокны, кволіўся ў вісюлінах казённай люстры, няроўным прастакутнікам ляжаў на паверхні журнальнага століка і ў нетрах прастакутніка цёмнай плямай вымалёўвалася нерухомая жаночая пастаць. Матруна сядзела ля вакна - дробненькая, скурчаная, лядашчая і летуценна паглядала спачатку на грэйдзер, што сноўдаў па вясковай вуліцы, а потым на пакрэсьленае згалелым вецьцем неба.

«Сустракайце, Матрона Іванаўна, госьця. І не забывайце - пра што мы з вамі гаманілі», - паведаміў учора мужчына ў капелюшы і душу Матруніну працяў халадок трывожнага чаканьня. Адвячоркам, калі яны з Карпачыхаю мясілі цеста для пірагоў, Матруну пачалі біць дрыжыкі, ноччу яе апанавала нэрвовая ліхаманка, але раніцою ільдзінка непакою ў душы растала і цела чарговым разам апанавала хваравітая немач. Матруна прысела на хвілю да вакна і, няздольная зварухнуць аніводнай сваёй цягліцай, так і застыла ў няёмкай паставе, пазіраючы на няўтульны, колеру цьмянага волава сьвітанак. Яна сядзела так гадзіну, а можа і дзьве, і калі неба канчаткова праясьнела, у яго прадоньні сталі нараджацца напаўзабытыя абліччы: гайдалася ў паветры няголеная пыса Міцькі Дзенісенкі; таўпілавы сын Мікола сарамліва пасьміхаўся ёй, блытаючыся ў вецьці; і сам Таўпіла, акалелы, пакрыты бухматым інеем, наблізіўся да вакна і тут жа растаў, зьліўшыся зь бязрадасным небам. Там, за вакном, нараджаліся напаўзабытыя галасы, гучалі няўцямныя зыкі: Міцькава лаянка, сіплы таўпілавы кашаль, вясёлы воклік «Брава, Зоніа!», ад якога шумела ўвушшу і абуджалася прыспанае сэрца і, апанаваная ўсёй гэтай замараччу, Матруна не адразу ўцяміла - ці то папраўдзе за шыбай паўстала Карпачыха, ці тое ёй прымроілася.

- Едуць! - гукнула сяброўка і ад вокліка ейнага здрыгануўся і апаў долу апошні ліст з яблыневага вецьця.

Да весьніц Матруна ішла як не на сваіх нагах, а ўбачыўшы жанчын, што стаялі ля канавальчыкавай хаты, і зусім зьніякавела. «Едуць, едуць», - загаманілі жанкі і з-за павароткі выехала спачатку шэрая «волга», а потым зялёны старшынёўскі «казёл». Цяжка гудучы на няўежджанай дарозе, машыны ўзьехалі на пагорак, спыніліся і з «волгі» вылез нетутэйшага выгляду мужчына й маладая кабета ў бялюткім як сьнег палітоне.

«Жонка, жонка» - зашапталіся ў натоўпе і той жа міг сэрца Матруніна сьцялася - яна ізноў убачыла Бэртрама. Шалёная радасьць палыхнула, апаліла шчокі й згасла ад усьведамленьня, што гэта быў не Бэртрам, а ягоны сын.

-... Заработная плата сяльчанаў вырасла ў параўнаньні з 1965-м годам у 1,7 раза. Вёска Бычкі, паводле генэральнага пляна, ператвараецца ў пасёлак з усімі камунальнымі выгодамі, - грымеў на ўсю вулку зычны голас калгаснага старшыні - Сьцяпана Міканоравіча Бамбізы. Сьцяпан Міканоравіч шыбаваў поруч з гасьцямі, а сьледам за імі, на невялічкай адлегласьці, сунуўся той самы мужчына ў шэрым капелюшы.

- Ну вось, - прамовіў старшыня, падышоўшы да весьніц, - гэта і ёсьць тая самая Матрона Іванаўна Апалонік, зь якой вы хацелі пазнаёміцца.

Не ўздымаючы вачэй, Матруна паціснула спачатку шырокую і цёплую мужчынскую далонь, а потым халодную й далікатную жаночую долоньку.

- Как ваше здорофйе, Матрйона Іванофна? - запытаўся немец, дыхнуўшы саладжавым пахам мяты.

Матруна неакрэслена кіўнула і, змагаючыся з нэрвовай дрыготкай, пачала перабіраць пальцамі ражкі навюткай, па выпадку павязанай хусткі.

Немец стрымана кашлянуў, расшпіліў, потым зноў зашпіліў верхні гузік палітону: - Я ест сын Бэртрама Бомбаха, который тут погіб. Вы же его зналі, Матрйона Іванофна?

Матруна ізноў кіўнула, узьняла вочы і, натыкнуўшыся на суворы пагляд з-пад шэрага капелюша, страсянула галавой.

- Может, Матрйона Іванофна, вы знаете - где он был похоронен?

- Вы ведаеце, дзе быў пахаваны спадар Бомбах? - перапытаў праз хвілю шэры капялюш, але Матруна маўчала, з хваравітай зацятасьцю пазіраючы пад ногі.

Немец яшчэ штосьці пытаўся, выцягнуў з кішэні мэталёвую блямбу, згадаў Лёшку Клячкіна, нарэшце асуджана ўздыхнуў і жонка - бялявая й вастраносая кабета - тузанула яго за рукаво. Немка штосьці прамовіла па-свойму, пайшла да машыны і сьледам за ёю, цяжка шоргаючы падэшвамі чаравікоў, пайшоў і сын Бэртрама Бомбаха.

- Гендэ хох! - гукнуў з-за плоту Канавальчык. Канавальчык зірнуў на жанчын, спадзяючыся, што тыя ацэняць ягоны жарт, але жанчыны абурана зашыкалі, а Карпачыха крутнула пальцам ля скроні і мацюкнулася.

- Адзін гарлае абы-што, другая маўчыць як статуёвіна, - ледзь чутна прасіпеў Бамбіза, махнуў рукой і лёгкім трухам пабег да свайго «казла».

Неўзабаве машыны зьніклі за павароткай, і жанкі, пастаяўшы хвілінку, пачалі разыходзіцца. Ніхто зь іх не падышоў да Матруны, ніхто нічога не сказаў, нават Карпачыха сарамліва адвяла вочы, і толькі Канавальчык штосьці крыкнуў у ейны бок, ды словы ягоныя заглушыла вуркатанне грэйдзеру, які выяжджаў з прыдарожных кустоў. Матруна села на лаўку, насунулася сьпінаю на плот і з дзіўным спакоем падумала, што так і памрэ тут, пад плотам, ня ў сілах падняцца на ногі.

У абед прыгналі статак - быў канец кастрычніку і скаціну пасьвілі толькі да абеду. Зьвяздоха доўга рыкала пад гарою, клічучы гаспадыню, нарэшце прыйшла да хаты, пастаяла ля паркану і, лізнуўшы шупатым языком вільготныя ноздры, пасунулася ў хлеў. Па абедзе - ужо ў вечаровым сутоньні - з-за павароткі выехала крытая машына, пад'ехала да хаты і з кабінкі выкуліўся той самы мужчына, што прывозіў тэлевізар ды іншыя рэчы. Мужчына штосьці запытаў, Матруна кіўнула і праз колькі хвілінаў госьць вынес з хаты спачатку тэлевізар, потым згорнуты ў трубку кілім, нарэшце, журнальны столік і люстру, якая суцішна зазьвінела на ветры.

- А ты думала, што табе далі назаўсёды? - гукнуў ад сваёй хаты Канавальчык, калі машына ад'ехала.

Матруна нават не зірнула ў суседавы бок і Канавальчык, абражаны такімі абыходзінамі, падцягнуў зацухмоленае галіфэ, жвавым трухам перабег дарогу.

- Гэта сынок таго фрыца прыехаў, якога мы шлёпнулі? - сусед вытрымаў паўзу, чакаючы, што Матруна абзавецца хоць словам, але тая маўчала. - Тут да мяне чалавек прыходзіў... з Камітэту... - Канавальчык вытрымаў яшчэ адну паўзу, - між іншым, пра цябе пытаўся... Я яму ўсё і распавёў. Як мы таго немца вялі, як той немец жыць прасіўся. Гэта ж я яго і шлёпнуў, а Міцька Дзянісенка на сябе запісаў... Хітры быў, хахляра, таму і выбіўся ў людзі.

Нейкая дзіўная сіла падняла Матруну на ногі і яна, зьлёгку хітаючыся ўбокі, пасунулася дадому. Убіўшыся ў хату, Матруна глынула збружэлага квасу, няўмела перахрысьцілася і, не распрануўшыся, лягла на ложак. Жанчына цяжка ўздыхнула, зьмежыла павекі, а калі зноўку расплюшчыла вочы, дык убачыла ў пройме прачыненых дзвярэй Бэртрама. Бэртрам пасьміхнуўся ёй аднымі вуснамі, паставіў у кут стрэльбу і, ня ведаючы - чым заняць рукі, стаў расшпільваць, а потым зноў зашпільваць верхні гузік мундура.

- Сын твой прыяжджаў, мы яго ўсёй вёскай сустракалі, - прамовіла Матруна і, прыкусіўшы дрыготкую вусну, скрозь сьлёзы прашаптала: - Замуж я так і ня выйшла.

- Ведаю, - азваўся Бэртрам і голас ягоны прагучаў гулка, няўцямна, нібыта з калодзежу.

Згадка пра калодзеж на кароткае імгненьне абудзіла Матруну; жанчына страпянулася, памкнулася разьвязаць хусьцінку, якая душыла яе, ды нечакана скацілася з ложку і паляцела ў халоднае і сырое прадоньне, на дне якога плюскала вада і хтосьці голасна гукаў ейнае імя.

 

Імжыстым ранкам ў шыбу пастукалі і на падворку прастуджана кашлянуў Канавальчык.

- Гэй, Матруна, выганяй карову!

Канавальчык кашлянуў другім разам, прыпаў тварам да шыбы і на вільготным шкле - у тым месцы, куды тыцнуўся канавальчыкавы нос, утварылася буйная кропля. Хвіліну яна нявыплаканай сьлязінай трымцела на ветры, а потым сарвалася долу, не пакінуўшы па сабе ніякага сьледу.


2000-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая