epub
 
падключыць
слоўнікі

Вінцэсь Мудроў

Ліст з Асьвеі

Тры гады таму ў Бычках працавалі электралінейшчыкі - мянялі драўляныя слупы на жалезабэтонныя. Вясёлыя былі часіны. Бычкоўцы цэлы месяц без электрыкі сядзелі ды дэпутату свайму, генэралу Карзо, абураныя лісты пісалі. Але як там ні было, а справу сваю электралінейшчыкі зрабілі. Паставілі новыя слупы, а старыя да Церахоўскай сажалкі сьцягнулі ды там і пакінулі. Паспрабавалі былі вяскоўцы іх на дровы пусьціць, ды ледзь не ўчадзелі потым. Дрэва было нейкай халерай насычанае і гарэла з такім едкім дымам, што хоць з хаты бяжы.

Вось гэтыя слупы і прыгледзеў Ваня Бянькоў, вырашыўшы зь іх плыт пабудаваць і на тым плыце ў плаваньне пусьціцца. Балазе, Церахоўская сажалка ўдоўжкі мэтраў трыста мела - было дзе разгарнуцца. Ды і месьцілася непадалёку ад школы.

І вось, папрасіўшы ў суседа тузін цьвікоў і двухручную пілу, выправіўся Іван будаваць вадаплаў. Вядома, аднаму зь пілой невыкрутка, трэба памагаты, і пакуль ён ішоў да сажалкі, гэтых памагатых набралася чалавек дваццаць. Нават васьміклясьнікі са школы прыбеглі, якія ў другую зьмену займаліся.

Цэлы дзень на беразе Церахоўскай сажалкі зьвінела піла, грукацелі малаткі, голасна крычалі настаўніцы, вучняў у клясы заганяючы, а блізу ночы плыт быў гатовы. Падцягнулі яго да вады, адзін край нават у ваду ўпіхнулі, але выпрабаваць на плыву не пасьпелі. Бацька першаклясьніка Бадунова прыбег, разагнаў усіх па хатах, а Юрку, сына свайго, папругай хвастануў і паабяцаў плыт спаліць, калі Юрка не паразумнее.

Наступнае раніцы Іван сядзеў на ўроку і з трывогаю паглядаў у вакно. Там, за вакном, у ранішнім тумане, што вісеў над сажалкай, завіхаліся два падшыванцы. Падшыванцы поўзалі вакол плыта, спрабуючы сьпіхнуць яго ў ваду, і гэта непакоіла Івана. Хлопец сядзеў як на іголках, а калі ўбачыў, што плыт вось-вось паплыве, схапіўся за жывот і папрасіўся на надворак.

Іван прагнуў першым ступіць на вадаплаў, а таму, адламаўшы ад школьнай агароджы даўжэзную жардзіну, кінуўся да сажалкі, адчуваючы на сваёй сьпіне зацікаўленыя позіркі аднаклясьнікаў.

Плыт атрымаўся дыхтоўны - толькі на паўбервяна і занурыўся ў ваду пад Іванавым цяжарам. Іван пахадзіў па плыце, паскакаў дзеля ўпэўненасьці і, перавёўшы дых, адштурхнуўся жардзінай ад берага. Плыт павольна і ўрачыста выплыў на водны прасьцяг, і Бычкоўская васьмігодка, уражаная такою праявай, вітала яго званком і бязладнымі хлапечымі галасамі.

- Ванька, дай мне паплаваць! - гучней ад астатніх крычаў Васька Серада, які бег паперадзе аднаклясьнікаў, і Іван, убіўшы жардзіну ў глейкае дно, без асаблівай ахвоты скіраваў да берага.

Пакуль вырашалі, каму плыць, пакуль зганялі з плыта нахабную Люську Халімонаву, празьвінеў званок на ўрок і Йван, з імпэтам, на які толькі быў здольны, налёг на жардзіну. На плыт узьбілася пяць чалавек, таму, панурыўшыся ў ваду па самыя дошкі, вадаплаў крутнуўся вакол сваёй восі, выплыў на сярэдзіну сажалкі і, відаць, шчасьліва даплыў бы да супрацьлеглага берага, калі б ня Юрка Бадуноў. На сярэдзіне сажалкі Юрка падскочыў ад захапленьня, наступіў кедам на гостры цьвік і, прабіўшы нагу, нема загарлаў. Дарэшты перапужаны Іван выдзер з глею жардзіну, выцяў другім канцом у лоб Ваську Сераду, і той, падаючы ў ваду, схапіў Івана за чупрыну...

Глынуўшы вады, Іван усплыў на паверхню і першае, што ўбачыў, гэта русічку Марковіч, якая бегла да вады, скідваючы на хаду спадніцу. Па-сабачаму перабіраючы рукамі, Іван азірнуўся, а згледзеўшы першаклясьніка Бадунова, які чабохтаўся ў вадзе за мэтар ад плыта, немым голасам крыкнуў:

- За плыт, за плыт хапайся!

Ён крыкнуў і яшчэ нешта, але Васька Серада, які ня ўмеў плаваць і адчайна біў рукамі па вадзе, схапіў Івана за вуха і крык Іванавы ператварыўся ў няўцямнае булькаценьне...

Увечары таго ж дня Юрчын бацька, мэханізатар Бадуноў, пад'ехаў на трактары да сажалкі, шухнуў на плыт вядро саляры і чыркнуў запалкай. Іван, праўда, гэтага ня бачыў, бо цэлы вечар, разам з маці, прастаяў ў настаўніцкай.

- Ну, Бадуноў першаклясьнік... а вы зь Серадою... трынаццацігадовыя бэйбусы... - упікала Івана русічка Марковіч, штохвілі смаркаючыся ў хустку. - Вы ж маглі патапіцца.

Іван стаяў, панурыўшы вочы, і галава ягоная торгалася ад матчыных аплявух.

Нагаманіўшыся ўдосыць, Марковіч змоўкла, ляснула далоньню па клясным журнале, і ў размову ўключылася дырэктарка школы Хлябовіч.

- Ты, Бянькоў, кніжкі чытаеш?

Іван перамаўчаў, пракудліва ўсхліпнуў, і маці, якая стаяла за сьпінаю, тузанула сына за рукаво.

- Адказвай, калі цябе пытаюць!

- Вы яго і самі чытаць прымушайце, - прамовіла дырэктарка, зьвяртаючыся да маці. - Хай у бібліятэку запішацца... літаратуру пачытае, а то хутка і літары забудзе...

- Ты чуеш? - гукнула маці, - заўтра ж у бібліятэку пойдзеш! - і Іван, кіўнуўшы галавой на знак згоды, зірнуў на цёмныя вокны. На вокнах блукалі водбліскі барвовай палымніцы. З хвіліну ён зачаравана глядзеў на рухавую барву, а зразумеўшы, што гэта гарыць на сажалцы ягоны плыт, уздыхнуў і змахнуў са шчакі няпрошаную сьлязіну.

На другі дзень русічка Марковіч захварэла. Іван вярнуўся са школы раней звычайнага, выпіў шклянку малака і зьбіраўся ўжо шмыгнуць на вуліцу, але маці рашуча загадала:

- Ідзі ў бібліятэку.

Ісьці не хацелася. Іван пачухаў патыліцу, паваліўся на ложак, і калі маці, падаіўшы карову, вярнулася ў хату, паведаміў:

- Штосьці ў мяне галава разбалелася.

- Ідзі, я табе сказала! - крыкнула маці, і Йвану давялося падымацца на ногі й нацубліваць на вочы сваю паношаную кепурку.

Бібліятэкаркай у Бычках працавала сьціплая дзяўчына Люся. Люсю прыслалі з гораду: мела яна зграбныя ногі, ладную постаць і таму ня дзіва, што ў бібліятэцы ад ранку да вечара таўкліся мясцовыя кавалеры. Вось і цяпер ля бібліятэчнага ганку стаяў мапэд кінамэханіка Лябёдкі, і Іван, пасьміхнуўшыся з тае нагоды, адчыніў дзьверы.

- Адпусьці... чуеш? А то лясну! - сустрэў Івана дзявочы голас, і ён міжволі прыслухаўся.

За стэлажамі войкнулі, адзін з стэлажоў захітаўся, зь яго звалілася кардонная таблічка з надпісам «Квітней, Беларусь!» і, нарэшце, з кніжных нетраў выплыў, паціраючы шчаку, кінамэханік Лябёдка.

- Што, Ваня, раманамі цікавісься? - рагатнуў Лябёдка, шаргатнуў кірзачамі і выйшаў зь бібліятэкі.

За стэлажамі плакалі: роспачна, здушана, з усхліпамі. Іван пастаяў на парозе, кашлянуў у кулак і, ня ведаючы, як паводзіць сябе ў такой сытуацыі, нясьмела выдыхнуў:

- Кніжкі ўзяць можна?

Плач аціх, бібліятэкарка ўсхліпнула раз астатні, дрогкім голасам запыталася:

- Вы запісаныя?

- Не-а, - адказаў Іван і, прыслухаўшыся да рокату мапэда знадворку, падняў з-пад ног кардонную таблічку.

 

Дахаты Іван вяртаўся, трымаючы па пахаю зачытанага «Рабінзона Круза» і навюткага «Паўку-камуніста», якога яму ўперлі ў нагрузку. Паваліўшыся на ложак, Іван прагледзеў малюнкі, пазяхнуў, гартаючы «Паўку-камуніста», хацеў быў кульнуцца на бок, але, прачытаўшы старонку «Рабінзона», так захапіўся, што маці давялося ўставаць сярод ночы, каб выключыць у хаце сьвятло.

Назаўтра была нядзеля. Іван цэлы дзень правёў з кнігаю, а перагарнуўшы апошнюю старонку, доўга ляжаў нерухома і думаў. «Як было б добра, - думаў Іван, - зьбегчы на такі самы востраў, паляваць там на дзікіх зьвяроў, лавіць рыбу нератам і ня бачыць гэтай абрыдлай русічкі Марковіч».

У панядзелак, адразу пасьля школы, Іван выправіўся мяняць кніжкі. Гэтым разам ля бібліятэкі, апрача мапэду, стаяла калгасная малакавозка, а ў самой бібліятэцы ці то біліся, ці то танцавалі, бо шыбы ў будынку дробна дзынкалі, а дашчатыя сьцены прыкметна здрыганаліся. Іван патупаў ля парога, разважаючы - ці адчыняць яму дзьверы, ці пачакаць, і пакуль ён так разважаў, дзьверы расчыніліся самі і зь іх выкуліўся кінамэханік Лябёдка. Памацаўшы лабешнік, Лябёдка мацюкнуўся, падбег да мапэду, разагнаў яго па ўтравелай сьцяжыне і неўзабаве зьнік за павароткай.

У бібліятэцы панаваў вэрхал. Крэслы валяліся дагары нагамі, адзін з стэлажоў стаяў, прыхінуты да сьцяны, а бібліятэкарка Люся з малакавозьнікам Раднёнкам поўзалі па падлозе, падбіраючы кнігі.

- Што стаіш? Давай дапамагай! - крыкнуў Івану Мішка Раднёнак, і Іван, азірнуўшыся і ўбачыўшы, што мапа Беларускай ССР вісіць на адным цьвіку, падышоў і наткнуў ражок на цьвік.

- Яшчэ раз сунецца, я гэтаму кіншчыку галаву адарву, - гукаў Раднёнак, поўзаючы вакол Івана.

Каб не замінаць, Іван узьлез на крэсла і стаў вывучаць мапу. Палец ягоны крануўся Віцебску, папоўз у бок Полацка, потым павярнуў на поўнач і спыніўся на кружляку з кароткім надпісам «Бычкі». Іван задаволена аддзьмуўся, зірнуў угору і замёр, ня выпусьціўшы ўсяго паветра зь лёгкіх. На мапе, у левым яе куце, сінела пляма возера, а пасярод гэтай плямы месьцілася яшчэ адна, зялёная і круглявая.

- Ты што, Ваня, прусака ўбачыў? - рагатнуў за сьпінаю Раднёнак, а Іван, кіўнуўшы на мапу, прашаптаў:

- Ненаселены востраў...

- Вось, Бянькоў... начытаўся «Рабінзонаў» - цяпер ненаселеныя астравы мрояцца, - пажартавала бібліятэкарка Люся.

Люся падышла да Івана, і той тыцнуў пальцам у мапу.

- Вунь, на Асьвейскім возеры.

- Цяпер ненаселеных астравоў няма. Усе населеныя. У мяне брат на Шпіцбэрген хадзіў. Казаў - голыя скалы, мароз сорак градусаў, і зь ежы толькі макароны. А жывуць людзі...

- Ці населены, ці не, гэта лёгка спраўдзіць, - прамовіла Люся, узьняўшы на Івана падфарбаваныя вейкі. - Трэба ў Асьвейскую школу ліста напісаць. Маўляў, так і так... просім паведаміць - што гэта за востраў, хто на ім жыве і як на яго патрапіць... Га, Бянькоў?

Прапанова была цікаваю, але лістоў Іван пісаць не любіў і ня ўмеў, і гэтая акалічнасьць яскрава адбілася на ягоным твары.

- Ну, хочаш, Бянькоў, я сама напішу? - запыталася бібліятэкарка, і Бянькоў, скочыўшы з крэсла, кіўнуў галавою.

 

Востраў на Асьвейскім возеры дарэшты паланіў душу і нават сьніўся па начах.

Іван зьезьдзіў у Азярышча, набыў там мапу Беларускай ССР і, правёўшы чырвоную рысу паміж Асьвеяй і Бычкамі, павесіў мапу над ложкам. Рыхтуючыся да выправы на востраў, ён стаў зьбіраць грошы, цягаючы іх з матчыных кішэняў, вечарамі плёў з алюмюніевага дроту нерат і за ўсімі гэтымі турботамі зусім забыўся на кнігі, якія прынёс зь бібліятэкі.

Кніжкі пыліліся на шафе, і невядома, якім слоем пылу яны б там пакрыліся, калі б маці не паведаміла аднойчы:

- Бібліятэкарка ў горад зьяжджае, зайсьці прасіла. - І Іван, укруціўшы кніжкі ў газэту, доўга стаяў у непаразуменьні, маракуючы - ці напісала бібліятэкарка ліста ў Асьвею, а прашаптаўшы: - Не напісала, - выйшаў з хаты.

Быў канец кастрычніка. На суседзкім агародзе палілі бульбоўнік, у паветры вісела імжа, і таму Іван не адразу разгледзеў - што гэта там стаіць ля бібліятэкі, а калі падышоў бліжэй і ўбачыў матацыкл з вазком, супыніўся і пачухаў патыліцу. У Бычках на такім матацыкле езьдзіў толькі ўчастковы Міхноў, але Міхнову было даўно за сорак, і Іван падзівіўся такому залётніку.

Газэта, у якую былі загорнутыя кнігі, распаўзлася ад імжакі. Іван закінуў у лужу газэтныя ашмёткі, прыхаваў кнігі за пазухай і ўжо зьбіраўся ступіць на ганак, як раптам бібліятэчныя дзьверы расчыніліся і перад Іванам паўстаў прысадзісты хлопец з валізай ў руках.

- Да Сьветкі заяжджаць будзем? - крыкнуў хлопец, зьбягаючы па прыступках, і тая, да якой ён зьвяртаўся, азвалася зь бібліятэчных глыбіняў:

- Якая там Сьветка... Да яе цяпер і на трактары не заедзеш.

Неўзабаве Люся выбегла на ганак, мяльком зірнула на Івана і, счакаўшы хвіліну, навесіла замок на прабой.

- Кніжкі, Бянькоў, можаш сабе пакінуць. Яны ўжо сьпісаныя, - прамовіла Люся, уздыхнула на астачу і, прыціснуўшыся лбом да дзьвярэй, малітоўна прашаптала: - Божухна, няўжо вырвалася?

Празь імгненьне яна пабегла аддаваць некаму ключы, а хлопец, паклаўшы ў вазок перахопленую рамянём валізу і накрыўшы яе брызэнтавай апонай, прыпаліў папяросу.

...Матацыкл ужо праехаў добрую сотню мэтраў, калі бібліятэкарка, ляпнуўшы хлопца па плячы, прымусіла таго спыніцца і, азірнуўшыся, крыкнула:

- Бянькоў, бяжы сюды... ліст табе аддам, - і Іван, пакінуўшы кніжкі на ганку, подбежкам кінуўся да матацыкла.

Ліст быў з Асьвеі, ад дзевяціклясьніцы Аляўціны Івановай. Зь невядомай прычыны дзевяціклясьніца размалявала ліст пунсовымі кветачкамі, і Іван, пабачыўшы такое, пагардліва пасьміхнуўся.

«Добры дзень, Люся, - пісала Аляўціна раўнюткім почыркам. - Ты пытаесься - ці населены востраў, і я табе адказваю: населены, і я сама на ім жыву. Вёска нашая невялічкая, усяго дзесяць двароў, але ходзяць чуткі, што нас хутка пераселяць у Асьвею. Хутчэй бы! А то жыцьця ня стала праз тых цялятаў. Іх да нас зь вясны завозяць, і яны тут да восені пасьвяцца...» - не дачытаўшы старонкі, Іван зірнуў на адваротны бок і прачытаў наступнае:

«Люся, напішы мне - ці ёсьць у цябе хлопец... У мяне дык няма... Наагул хлопцаў у Асьвеі шмат, але яны мне не падабаюцца. Вось і на мінулых танцах да мяне чапляўся Шаблоўскі, але я яго адшыла...»

Гразкая дарога, шэрыя лужы, мокрая варона на слупе - усё задрыжэла, забрыніла ўваччу, зрабілася яшчэ больш шэрым і брудным. Іван падзер ліст на дробныя шматкі, шпурнуў шматкі ў імжыстае неба, і яны сьнежнай замецьцю закружыліся над галавою.

«Хутчэй бы зіма... - падумаў Іван, у задуменьні боўтаючы нагой у лужыне. - Зімой добра... сьнег... мароз... можна будзе катацца на лыжах», - і з гэтаю думкаю ён яшчэ раз азірнуўся і, кінуўшы разьвітальны пагляд на кніжкі, што ляжалі на бібліятэчным ганку, рушыў дадому.


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая