epub
 
Падключыць
слоўнікі

Вінцэсь Мудроў

Восеньскія вакацыі

(З аповедаў пра Ваню Бянькова)

І

 

Першымі днямі лістапада сямнаццацігадовы Ваня Бянькоў прыехаў дадому, у вёску Бычкі Азярышчанскага раёну. Ваня вось ужо трэці год вучыўся ў адным з баранавіцкіх ПТВ і, адпрацаваўшы са сваёй групай два месяцы на ўборцы лёну, зарабіў такім чынам пяць дзён адпачынку.

Убіўшыся ў родную хату, хлопец праспаў цэлыя содні, потым паўдня адваляўся ў ложку і падняўся толькі тады, калі маці, Ларыса Пятроўна, сьцягнула зь яго коўдру і жартам агрэла падушкай па галаве.

- Мандрык тут, ці зьехаў куды? - запытаўся Іван, падліваючы цёплай вады ў рукамыйнік.

Лёшка Мандрык быў вядомы на ўсю вёску бандзюк - улетку Іван з-за яго ледзь не патрапіў у вязьніцу, і Ларыса Пятроўна заўсёды хмурнела, калі чула гэтае прозьвішча.

- Зьнік недзе... Мандрычыха казала - паехаў на трактарыста вучыцца, - маці падхапіла рагач, выцягнула зь печы чыгунок з гарачаю бульбаю, - а можа, дзе ў турме сядзіць - за яго дужа не бярыся.

Абкруціўшы чыгунок анучкаю, Ларыса Пятроўна ўздыхнула, высыпала парную бульбу на талерку.

- На зіму ўсе разьехаліся. Адзін Лябёдка застаўся. У калгасе рабіць ня хоча - гойсае на матацыкле. На Пакровы Бадунісе гусака задушыў. Ехаў п'яны з Азярышча... так шыю і пераехаў. Бадуніха і цяпер бядуе. Зьбіраецца ў суд падаваць. - Ларыса Пятроўна накінула на голаў хустку, мелькам зірнула ў аскепак люстэрка, што стаяў на рукамыўніку, падхапіла зь цьвіка ватоўку. - Ну, сядзі... Я на фэрму. А то ж, пэўна, равуць, нядоеныя, - ужо з парога азвалася маці і, бразнуўшы клямкаю, затупала на падворку.

 

Лябёдка, пра якога згадвала Ларыса Пятроўна, быў гадоў на пяць старэйшы ад Івана і да апошняга часу працаваў у бычкоўскім клюбе кінамэханікам. У жніўні, акурат перад Іванавым ад'ездам на вучобу, з тым Лябёдкам бяда надарылася: заснуў, падпіты, у кінабудцы, а нехта з супольнікаў недапалак у бляшанку кінуў, у якой стужка ляжала. Ну і задыміла, вядома. Дым з вокнаў папёр, людзі зьбегліся, а Мандрычыха, загадчыца клюбу, зь перапуду ў Азярышча патэлефанавала, пажарную машыну выклікала. Пасьля таго выпадку Лябёдку і выкінулі з працы.

...Куснуўшы кіслы гурок, Іван пасьміхнуўся - згадаў, як ачмурэлага ад дыму Лябёдку выносілі з кінабудкі, і, падпёршы рукою рухавыя пашчанкі, зірнуў у вакно.

За вакном, у сутоньні пахмурнага восеньскага дня, хіталася на ветры згалелая яблыня, а на яблыні, на самай высокай яе галінцы, дрыжэй ад холаду самотны яблык. Яблык быў зьмерзлы, зморшчаны, і, пазіраючы на яго, Іван са скрухаю падумаў, што пройдуць тры дні і давядзецца зноўку зьбірацца ў дарогу, каб ехаць у праклятушчыя Баранавічы. Тры дні... і зноўку будзе халодны вагон, зноўку будуць бясконца ляпаць дзьверы, і ён, седзячы на бакавым месцы ля прыбіральні, будзе стукацца патыліцай аб стоп-кран, аж пакуль у вачах хваравітым трызьненьнем не паўстане будынак баранавіцкага вакзалу.

Хлопец уздыхнуў, захрабусьцеў кіслым агурком і адчуў раптам, як штосьці мяккае і цёплае кранулася лыткі. Іван зірнуў пад ногі і ўбачыў ката Барыса. Барыс пацёрся трохі аб ягоную лытку, пацягнуўся, наставіў на Івана круглявыя вочы. Давялося кінуць на падлогу кавалак бульбіны, але Барыс на такі пачастунак нават не глянуў.

- Зажэрся ты, братка! Цябе б, бляха, у Баранавічы, у інтэрнат, - прамовіў Іван, і кот, згаджаючыся з такімі словамі, вякнуў ды паглядзеў на дзьверы.

Іван выпусьціў ката на двор, удыхнуў празь дзьвярную пройму ядранага паветра і вырашыў таксама праветрыцца.

 

Перадзім'ем у Бычках сумна. Прайдзіся празь усю вёску - жывой душы ня стрэнеш. Клюб зачынены, бібліятэка таксама. Вецер пясок са сьнегам круціць ды выцьвілы сьцяжок на шасту матляе. Сьцяжок, як сьведчыць надпіс на кардонцы, у гонар камбайнэра Ф.І.Траяна ўзьняты, які ў жніўні на сваім СК-4 чатырыста тон збожжа намалаціў. Збожжа даўно на станцыю зьвезьлі. Хведзька Траян даўно тыя грошы прапіў, што яму ў прэмію далі, а сьцяжок усё матляўся, і шост гудзеў на ветры, і не было ў сьвеце анічога больш сумнага, чым гэтае матляньне і гэтае панылае гудзеньне.

«І на якую халеру прыехаў?» - падумаў Іван, тузануўшы дзьвярную ручку. Кінабудка была зачыненая і, мяркуючы па той колькасьці пяску, што намяло пад дзьверы, невядома калі адчынялася. Іван прыпаў вокам да шчыліны дзьвярэй, доўга глядзеў на стаптаны чаравік, што ляжаў пасярод кінабудкі, разважаючы - каму той мог належаць - Лябёдку ці Мандрыку? - і гэтыя развагі былі перарваныя матацыклетным рокатам. Рокат чуўся з боку Азярышча: матацыкал змучана чхаў, страляў выхлапнымі газамі, і гэта сьведчыла за тое, што па дарозе ехала Лябёдкава «Панонія».

Зьяжджаючы з Дабранскай гары, матацыкал загуў на фарсажы, а пад'ехаўшы да клюба, заляскатаў парывіста і глуха.

- Ваня! Прыехаў! - выгукнуў кіроўца «Паноніі», задаволена пасьміхнуўся і, зьняўшы крагі, працягнуў Івану сваю перапэцканую машыннай алівай руку. Лябёдку было цяжка пазнаць. Калі раней ён гойсаў на сваёй «Паноніі» ў танкісцкім шлеме, дык цяпер галаву ягоную ўпрыгожваў моташлем з самаробным брылём, і гэты брыль рабіў яго падобным да вялізнай качкі.

- Зь Віцебска еду, ад брата, - растлумачыў Лябёдка, пасьля чаго крутнуў ручку газу і, матлянуўшы галавой, прамовіў: - Адвязвай ды сядай. Газанем, бляха!

За сьпінай былога кінамэханіка месьцілася, прытарочаная да сядзеньня, пашарпаная валіза. Іван паспрабаваў быў разьвязаць аборку рукамі, потым пусьціў у ход зубы і ў рэшце рэшт палез у кішэнь па сьцізорык.

- Асьцярожней толькі, у мяне там радыёлямпы, - мармытнуў Лябёдка і з натхненьнем паддаў газу.

Па тупкай сьцяжыне паехалі з грукатам, зь ветрыкам, а ўзьехаўшы на пясок, матацыкал запаволіў бег і завыў як перад скананьнем.

- Калі прыехаў? - запытаўся Лябёдка.

- Учора, - азваўся Іван; у гэты момант матацыкал стрэліў выхлапнымі газамі, тузануўся і заглух.

- Даканаў мяне гэты пярдун! - Лябёдка грукнуў кулаком па бэнзабаку, і хлопцы, даўшы волю мацюкам, добрых трыста мэтраў - аж да самае сталоўкі - піхалі-разганялі матацыкал, але той так і не завёўся.

У сталоўцы, куды яны ўвайшлі, было пуста, адно за прылаўкам, падпёршы рукамі кучаравую галаву, сядзела дачка загадчыцы Люська Халімонава і з сумам у вачах чытала нейкую кніжку. Зь Люськаю Іван некалі вучыўся ў школе, сядзеў за адной партай, а аднойчы, здаецца, у сёмай клясе, нават пісаў «любоўныя» цыдулкі. І хаця пасьля таго мінула ці мала часу, Іван і цяпер пры стрэчы зь Люськаю чырванеў і наагул пачуваў сябе ніякавата.

Абабіўшы кірзачы, Лябёдка паважнай хадою падышоў да Люські, гульліва пасьміхнуўся, а Люська, не адрываючыся ад чытаньня, памацала рукой пад прылаўкам і выставіла перад наведнікам бутэльку «Стралецкай».

Такія Люсьчыны паводзіны наведніку відочна не спадабаліся. Зьняўшы з галавы моташлем, ён налёг грудзінаю на прылавак, з робленай цікавасьцю зазірнуў у кнігу.

- Што, Мапасана чытаем? - прагугніў Лябёдка, і шырокая пяцярня ягоная паволі легла на Люсьчын азадак.

Люська, відаць, толькі таго і чакала, бо кніжка надта ж імпэтна ўзьнялася ў паветра і гучна ляснула па Лябёдкавай патыліцы.

- Лябёдка! Зноў хулюганіш? - пачулася за перабойкаю, а ў раздатачным вакенцы ўзьнік расчырванелы твар загадчыцы сталоўкі.

- Пятроўна! Цешчы ты мая дарагая! Я ж да вас сватацца прыйшоў! - жартаўліва заенчыў Лябёдка, і адказам яму быў грукат мэталёвага посуду і абураны голас Пятроўны:

- А каб цябе парвала, такога зяця!

Пятроўна выйшла з кухні, паправіла на галаве хустку, а згледзеўшы Івана, які муляўся ля дзьвярэй, з усьмешкаю на вуснах запытала:

- Што, Ваня, прыехаў... будзеце цяпер на пару піячыць? - Пятроўна хацела яшчэ нешта сказаць, аднак Лябёдка, абураны такімі словамі, паставіў «Стралецкую» на бліжэйшы столік і суворым голасам загадаў:

- Абслугоўвайце наведнікаў!

Іван, слухаючы ўсё гэта, гатовы быў скрозь зямлю праваліцца. Ён ужо і ня рады быў, што пацёгся зь Лябёдкам у сталоўку, і, перакідваючы з рукі на руку брынклівую валізу, кідаў дакорлівыя позіркі на шырозную Лябёдкаву сьпіну.

Пятроўна ляснула дзеля прыліку косткамі лічыльнікаў, з усьмешкаю на перакошаным твары прамовіла:

- Два шэсьцьдзесят... наведнікі.

- Дзьве скумбрыны і чатыры хлеба, - усё тым жа афіцыйным тонам прасіпеў Лябёдка, пашнарыў па кішэнях і, зьвяртаючыся да да Івана, прабачальным голасам запытаў: - У цябе пару рваных ня знойдзецца?

 

Іван зь Лябёдкам расьлі бязбацькавічамі. Іван свайго бацьку толькі на фотаздымку бачыў, а Лябёдкаў бацька, калі сын яшчэ і ў школу не хадзіў, завэрбаваўся па аргнаборы ў Карэлію, і яго там, нецьвярозага, забіла на лесапавале. Бязбацькавічы, як вядома - тыя ж браты. Іван мінулым часам цэлымі соднямі прападаў у кінабудцы. У карты граў, кружэлкі круціў на клюбнай радыёле, а вечарамі стужкі перамотваў ды фільмы глядзеў праз адтуліну. Праўда, калі Лябёдка бываў не ў гуморы - з бадуна, ці калі з Мандрычыхай палаецца, - дык мог свайму «брату» і па карку заехаць, а то, згадаўшы саратаўскую вучэбку, у якой служыў у войску, мог загадаць разоў сорак ад падлогі адціснуцца. І вось, сядаючы за стол у куце сталоўкі і адчуваючы, што настрой Лябёдкавы канчаткова сапсаваны, Іван з насьцярогаю пакасіўся на сваю былую аднаклясьніцу.

«Стралецкая» - настойка на дзіва паганая. Яе глытаеш, а яна назад лезе...

Кульнуўшы па першай, хлопцы скрывіліся, пусьцілі пад ногі згуслую сьліну і з драпежным выглядам на тварах сталі зьдзіраць зубамі скуру зь перасохлых рыбін.

Пару хвілінаў яны сядзелі моўчкі, грызьлі каляную рыбу, аж пакуль Лябёдка не пацягнуўся за бутэлькай і, наліваючы па другой, не працадзіў:

- Яны яшчэ пашкадуюць...

Наліў сабе Лябёдка ў два разы болей, чым сябру, і пад пільным Іванавым позіркам трунак уліўся ў ягонае нутро нат не зварухнуўшы коўціка.

- Два разы вымпэл атрымлівалі... Курва гэтая, Мандрычыха, на сэмінары езьдзіла. А безь мяне... раз на тыдзень круцяць, і стужка праз мэтар ірвецца. - Былы кінамэханік выплюнуў на падлогу рыбіну луску, выцягнуў з кішэні пачак «Беламору».

- А хто круціць? - пацікавіўся Іван, мерачыся запусьціць пальцы ў пачак з куравам.

- Як хто - Мандрычыха!

- Мандрычыха?! - а яна ўмее?

Былы кінамэханік чыркнуў запалкаю, паднёс да папяросы, і жоўты вогнік зь вясёлым імпэтам мільгануў у ягоных вачах.

- Мішка Бадуноў круціць. А яна так... ажыцьцяўляе агульнае кіраўніцтва. - Лябёдка зацягнуўся папяросай, з шумам выпусьціў дым, і той паволі паплыў у бок вакенца раздачы.

- Мішка ж непаўналетак, дык яна да Даўгалёва езьдзіла, дамаўлялася. Казалі, пляшку белай ставіла. Ну і дамовілася, старая курва. Палову стаўкі сабе забірае, а палову Бадунісе аддае.

За сьценкаю зноўку штосьці грукнула, палілася вада, і пачуўся зычны голас Пятроўны:

- Хопіць смаліць! Не ў хляве!

Яшчэ празь імгненьне ў пройме раздатачнага вакенца мільгануў раззлаваны твар Пятроўны, вакенца зачынілася, і загадчыца, ужо прыглушаным голасам, дадала:

- Закругляйцеся. Хутка зачыняць буду.

Шызы дым, які дагэтуль плыў у вакенца, папоўз па сьцяне, ахутаў шыльду зь нязграбным надпісам «У нас не курят».

- Задзяўбла, - прашаптаў Лябёдка, затушыў аб нутраны бок стала папяросіну і, падвысіўшы голас, выдыхнуў: - Куды зачыняцца?! Сталоўка да сямі працуе!

- Да дваццаці сямі! - крыкнула за сьценкаю Пятроўна, пасьля чаго Лябёдка хітнуў галавой і пацягнуўся за бутэлькаю.

Рэшткі «Стралецкай» былі разьлітыя пароўну.

- Азярышчанцы казалі - Даўгалёў ня ведае, што й рабіць. Кінамэханікі ж на дарозе не валяюцца! Ня сёньня-заўтра папросіць заяву напісаць. Толькі во яму! - Лябёдка ляпнуў даланёй левай рукі па выстаўленай правай і падняў шклянку.

- Люська! Чаго ты тут мацюкі слухаеш?! Ідзі дахаты! - азвалася за сьценкаю Пятроўна, і Люська, захлопнуўшы кнігу, без асаблівай ахвоты падалася да вешалкі.

- Пятроўна, куды ж яна?! Хай пачакае... я ж папраўдзе жаніцца хачу! - жартаўліва заенчыў Лябёдка, а Люська, зьняўшы зь вешалкі паліто, крутнула пальцам ля скроні.

- У каго, у цябе? - крыкнуў увасьлед дзяўчыне былы кінамэханік, але тая не пачула - выбегла на двор.

Ад дзьвярэй павеяла халадэчай. Ачуўшыся, Іван пацёр лабешнік, п'янавата ўтаропіўся ў супольніка. Ад выпітага кружылася галава, у вушах шумела і ён зусім ня цяміў - пра што вёў гаворку сябра.

- У труне я бачыў гэты кінапракат! - гукаў суразмоўнік, раз-пораз пляскаючы даланёй па валізе. У валізе пры гэтым штосьці бразгала. - Як захачу, дык буду мець болей, чым той Даўгалёў... з усёй яго канторай. - Слова «кантора» былы кінамэханік вымавіў зусім ціха і, увабраўшы голаў у плечы, зірнуў у бок прылаўка.

- Давайце, п'янтосы... зачыняць буду! У мяне карова целіцца, - азвалася з кухонных нетраў Пятроўна, і Лябёдка ад таго воклічу перакрывіўся як ад зубнога болю.

- Каб ты сама ацялілася, - працадзіў скрозь зубы былы кінамэханік, паныла глянуў на пустую пляшку і нечакана для Івана ляпнуў яго па сьпіне. - Ваня-а! Сябрук! Хочаш, заўтра ж паедзем. Пакажу табе, як грошы робяцца. А? Ваня-а!

Іван кісла пасьміхнуўся, узьняў на прыяцеля ашклянелыя вочы.

- Як гэта? - выдыхнуў ён, не даючы веры Лябёдкавым словам.

- Пабачыш... Ва Ўсьвяцкі раён паедзем, у Вялікарусію, - Лябёдка разьвёў рукамі, зьбіраючыся, пэўна, паказаць, як ён будзе зарабляць грошы, і ў гэты момант сталоўка панурылася ў цемру. - Што гэта? - зьдзіўлена прамармытаў Лябёдка, рыпнуўшы крэслам, а зразумеўшы ў чым справа, абурана гаркнуў: - Пятроўна! Харэ барзець! Уключы!

Пятроўна затупала на кухні, потым яе шырокая постаць акрэсьлілася ля прылаўка і, бразнуўшы ключамі, загадчыца сталоўкі коратка і рашуча загадала:

- Усё! Выкульвайцеся!

... На двары было цёмна, над галавой зьзялі зоркі, і Іван, азірнуўшы азоранае неба, шчыра зьдзівіўся: чаму ён ня бачыў гэтых зорак там, у Баранавічах? Дыхнуўшы парай, хлопец абтрэс апошнія кроплі і прыслухаўся. За сьпінаю чулася гучнае цурчэньне.

- Ну, дык як, паедзем? - запытаўся Лябёдка праз хвілю, асьвяціўшы твар агнём запаленай сярнічкі.

Жарынка Лябёдкавай папяросы задрыжэла ў цемры, узьнеслася ўгору, матлянулася некуды ўбок і неўзабаве вярнулася на месца.

- Вушанку толькі вазьмі, а то надзьме, - за рогам бразнула завала, пачулася незадаволенае мармытаньне, і яшчэ празь імгненьне таропкія крокі Пятроўны зьліліся з брэхам бычкоўскіх сабак.

Дапаліўшы папяросы, сябры выкацілі на бальшак Лябёдкаву «Панонію», крэкнулі, рыхтуючыся да разгону, і Лябёдка, тупаючы кірзачамі па дарозе, засоплена выдыхнуў:

- Заўтра... а восьмай... ля сталоўкі.

Апошнім высілкам Іван піхнуў матацыкал, паваліўся на зямлю і падняўся толькі тады, калі пачуў, як «Панонія», ужо недзе пад самай гарой, зь неахвотаю заляскатала маторам.

 

Прыемна ўсё ж такі прачнуцца ў роднай хаце, зірнуць на гадзіньнік і, адчуўшы, што спаць можна колькі ўлезе, кульнуцца на левы бок. У такія хвіліны душу наведвае ціхая радасьць, і сны потым сьняцца прасьветлыя і шчымлівыя.

Прачнуўшыся а сёмай, Ваня Бянькоў памружыўся на сьвятло, што цадзілася з кухні, і ў той самы міг сон зьляцеў з павек і слых напоўніўся да болю знаёмымі зыкамі: гудзеньнем у коміне, тахканьнем старых ходзікаў і лагодным каціным мурканьнем, якое перарывалася за кожным трэскам бярозавых дроў. Паляжаўшы на баку, Іван лёг на сьпіну, зірнуў краем вока на ката Барыса і з насалодаю, аж да хрусту ў каленях, пацягнуўся. «І куды гэта Лябёдка сабраўся?» - падумаў ён, канчаткова абудзіўшыся, і разважаючы над гэтым пытаньнем, казеліў вочы на Барыса. Кот сядзеў на печы, вуркатаў свае песьні і час ад часу ўтрапёна пазіраў на ўваходныя дзьверы. Іван удыхнуў паветра, каб паклікаць Барыса, але ў той жа міг у сенях бразнула даёнка і кот вомігам растварыўся ў шарым запечным паўзмроку.

Маці ціхенька адчыніла дзьверы, і ў хаце запахла сырадоем. Паставіўшы на ўслон даёнку, маці зьняла зь цьвіка марліну, страсянула абедзьвума рукамі, і неўзабаве сырадой ценькім цурком паліўся ў збан. Іван заплюшчыў вочы, прыслухаўся да зыкаў, што даляталі з кухні, і кожны матчын рух яскрава адбіваўся ў ягонай сьвядомасьці. І вось цурчэньне стала больш глухім, маці штосьці прамармытала сама сабе, грукнула вядром ды нечакана спалохана гойкнула:

- А каб ты спрах, кацера ты чортава!

Ну вядома - кот Барыс ізноў напужаў маці. Печ у хаце высокая, і Барыс, сігануўшы зь верхатуры, напачатку скочыў на матчыну сьпіну і толькі потым зьляцеў на падлогу.

- Во халера на маю галаву! І на чорта мне гэты кот?! - бедавала маці, разьліваючы сырадой, а напоўніўшы другі гарлач, плёснула малака ў Барысаву чаропку. Хвіліну Іван слухаў, як роспачна ляпаў языком кот Барыс, пасьля чаго крэкнуў і падняўся на ногі.

- Што, піў учора? - запыталася Ларыса Пятроўна, калі сын, пачэрпнуўшы вады зь вядра, прыпаў да конаўкі.

- Угу! - вымавіў Іван, не перарываючы піцьця, а наталіўшы смагу, выцер вусны і, апярэджваючы матчыны словы, дадаў: - Зь Лябёдкам, п'янтосам гэтым няшчасным.

Ён прабег на цырлах па халоднай падлозе, шмыгнуў у цёплую пасьцель і яшчэ раз, цяпер ужо з райскім задавальненьнем, пацягнуўся.

- Алкаш гэты... узяўся тэлевізары рамантаваць, - азвалася з кухні маці, плюхнуўшы вады ў даёнку. - Авадзісе адрамантаваў, дык, казала, два дні гук быў, а на трэці ня стала. - На кухні ізноўку плюхнула вада, гэтым разам у мядніцу, і маці, адчыніўшы дзьверы, пачала выносіць збаны на холад.

- У нас жа тэлевізараў мала, рамантаваць няма чаго, дык панадзіўся ў Азярышча езьдзіць. Думаў, там яму адваліцца... А людзі, што ў тэлеатэлье працуюць, злавілі ды ў каршэнь натаўклі - во як! - маці крэкнула, падхапіўшы штосьці цяжкое, і выйшла з хаты.

Іван асавела пазяхнуў, зьбіраючыся паспаць яшчэ якую гадзіну, але маці ізноў убілася ў хату і, кінуўшы ля печы абярэмак дроў, недарэчна голасна абвясьціла:

- У Пятроўны карова ацялілася. Цялушачка такая ж, як наша Рагуля. Сама чорная, а на лобе меціна...

Каб ня слухаць матчынай балбатні, Іван утоўк галаву ў падушку, абхапіў яе рукамі і, ашчадна дыхаючы, стаў думаць - ехаць яму зь Лябёдкам ва Ўсьвяцкі раён, ці, мо, застацца дома.

 

Лябёдка, на якога не стамлялася лаяцца Ларыса Пятроўна, быў наагул хлопцам ніштаватым. Піў, вядома, але ж і справу сваю ведаў. Пазалетась ягоны партрэт нават у раённай газэце надрукавалі. «Кінамэханік Бычкоўскага кінастацыянару М. Лебядзько рыхтуецца да чарговага сэансу». Наблытаў, праўда, карэспандэнт у прозьвішчы, але як не наблытаеш, калі яго ад Лябёдкавай кінабудкі да старшынёўскага «казла» ўтрох вялі. Дакладней кажучы, вялі двое - сам Лябёдка ды Лёшка Мандрык, а Іван карэспандэнту ногі перастаўляў - гэтак чалавек напіўся.

Меў былы кінамэханік, апрача гарэлкі, яшчэ адну жарсьць - радыётэхніку. У школе нават марыў у радыётэхнічны інстытут паступаць, а ў восьмай клясе, знайшоўшы ў нейкім часопісе схему, змайстраваў электрагітару. Інструмэнт гэты быў у той час вялікай рэдкасьцю - паглядзець на яго нават з Азярышча прыяжджалі. Лябёдка зь ім на канцэртах выступаў, да клюбнай радыёлы падключыўшы. Ну, а як ужо ў войска ішоў, падараваў гітару Лёшку Мандрыку, сыну загадчыцы клюба. Лёшка таксама на канцэртах брынкаць узяўся, хоць граць і ня ўмеў. Але брынкаў нядоўга - штосьці там у гітары замкнула, і Лёшку падчас канцэрту токам смальнула. Мандрычыха пасьля таго гітару аб клюбны ганак разьбіла і чутку пусьціла, што Лябёдка Лёшку халеру тую падараваў, каб са сьвету зьвесьці.

З войску - а служыць яму давялося ў нейкай дужа сакрэтнай часьці - Лябёдка вярнуўся зь сяржанцкімі лычкамі на пагонах і з «корачкамі» радыёмэханіка ў кішэні. Уладкаваўшыся кінамэханікам, ён першыя паўгоду не вылазіў з кінабудкі: самаробны тэлевізар майстраваў, а змайстраваўшы - у п'янку кінуўся. Аднойчы да таго дапіўся, што сеў на распалены літавальнік і апошнія свае штаны прапаліў. Пасьля таго выпадку больш тэлевізарамі не захапляўся, а ўсё сваё начыньне: літавальнік, лямпы з кандзёрамі і кавалак каніфолі Мішку Бадунову падараваў...

- Ванька, чуеш?! - прашамацела ля вуха, і Іван выцягнуў галаву з падушкі. - Кашу еш, у печы стаіць... Я на фэрму. - На кухні пстрыкнуў выключальнік, нема вякнуў кот Барыс - маці, відаць, наступіла яму на хвост, і Іван, паморшчыўшыся, зноўку ўтоўк галаву ў падушку. Хвілю ён ляжаў, потым усхапіўся на ногі, прабег на кухню і, наставіўшы струмень у памыйную мядніцу, прашаптаў: - Еду.

 

ІІ

 

З Дабранскай гары, на якой стаіць сталоўка, вёска бачная як на далоні. Сёньня нядзеля, людзей не відаць, адно што на Траянчысіным двары завіхалася некалькі постацяў, туркацеў трактар ды чулася бязладная гамонка. Іван прымружыўся, пазіраючы ў бок Траянчысінага двара, і міжволі пасьміхнуўся. Ну, вядома: Хведзька Траян зноўку дзяліў са сваёй сястрой угнаеньні з матчынага сьвінюшніка. Загнаўшы на падворак трактар, Хведзька з жонкаю ўскідвалі на трактарны вазок парсючыны гной, а сястра ягоная, Фроська - ускудлачаная, у квяцістым халаце - стаяла на вазку і скідвала гной долу.

Хведзька з Фроськаю ўжо ня першым разам матчына дабро дзялілі. Летась нават таварыскім судом судзіліся і па пятнаццаць рублёў штрафу атрымалі. Іван на тым судзе якраз за сьведку быў. Яму і цяпер карцела пабегчы на Траянчысін падворак ды паглядзець, як там усё будзе, але ж трэба было чакаць Лябёдку. Пагатоў, жалезны гараж, які стаяў каля Лябёдкавай хаты, быў прачынены, і гэта наводзіла на думку, што сябрук ужо недзе лётаў на сваёй «Паноніі» і мог зьявіцца ў любую хвіліну.

На вясковую вуліцу тым часам пачалі выбягаць кабеты, старая Траянчыха ўголас залямантавала, Іван стаіў дых, чакаючы развязкі, але нічога такога ня здарылася: Фроська нечакана зьлезла з вазка, Хведзька ўлез у кабіну, і трактар, напоўніўшы навакольле белым дымам, паволі выехаў з падворка.

Убачыўшы такое, Іван незадаволена скрывіўся: летась было цікавей. Летась Фроська братавай пад вока ліхтар наставіла і гной на галаву ўскінула. Пятнаццаць рублёў штрафу за тое атрымала. На суд тады ўся вёска сышлася, нават з Гатава папрыходзілі. У дзьвярах стаялі, а загадчыцы клюба Мандрычысе, якая судзьдзёй была, ад задухі і хваляваньня млосна стала.

Прыгадваючы ўсё гэта, Іван агледзеўся, разважаючы, чым бы гэта заняць рукі, а ўбачыўшы на сьцяне сталоўкі пакарабачаную трубку, у якой, па ідэі, павінен быў тырчаць чырвоны сьцяг, стаў накідваць на яе сваю вушанку. Зь пятага ці шостага разу яму гэта ўдалося, Іван задаволена пацёр рукі, агледзеўся, шукаючы якую палку, і ў гэты момант чуйны слых ягоны вылучыў зь бязладнага туркаценьня трактара дробны ляскат Лябёдкавай «Паноніі».

Матацыкал ляскатаў з натугаю, і, што самае дзіўнае, за сьпінаю Лябёдкавай сядзела, загаліўшы белыя сьцёгны, загадчыца сталоўкі Пятроўна.

«Куды гэта яны? Ці не ва Ўсьвяцкі раён?» - падумаў Іван і на ўсялякі выпадак прыхаваўся за рогам сталоўкі.

Лябёдкавы драндулет даехаў толькі да сярэдзіны гары. Чхнуўшы, матацыкал заглух, зьехаў з дарогі і занурыўся пярэднім колам у прыдарожны кювэт.

- Пятроўна, пачакай! - даляцеў да Іванавых вушэй зычны вокліч, але Пятроўна, якая ўжо шыбавала па бальшаку, на той вокліч нават не азірнулася. Датупаўшы да сталоўкі, кабета перавяла дых - было добра чуваць яе нэрвовае дыханьне, - павярнула ключ і кінула на парог грукатлівую завалу.

- Во паразыт няшчасны! - прамовіла Пятроўна, расчыніўшы дзьверы, і ваконныя шыбы палахліва зумкнулі ад грукату ейных ботаў.

Праз пару хвілін ля дзьвярэй сталоўкі цяжка засоп і былы кінамэханік. Падагнаўшы матацыкал да слупа, ён таксама перавёў дых, мацюкнуўся, і шыбы зноўку зумкнулі, цяпер ужо ад надраўнага голасу Пятроўны.

- Забірай сваю халеру! - загадчыца выставіла на ганак валізу, грукнула завалай і прашаптала тое ж нядобрае слова, якое хвілю таму прамовіў Лябёдка.

- Пятроўна... давязу! - крыкнуў быў Лябёдка, калі загадчыца рушыла па дарозе, але тая махнула рукой, сіганула цераз кювэт і неўзабаве зьнікла за прыдарожнымі кустамі.

Іван кашлянуў, выйшаў насустрач сябру.

- А-а! Ваня! - Лябёдкава рука балюча сьціснула пальцы. - Вось, забыліся ўчора, - кіўнуў сябрук у бок валізы і выцягнуў з кішэні пачак «Беламору».

Папяросіны ў пачку былі пустыя. Лябёдка паспрабаваў быў напхаць у адну зь іх тытуню, але хутка кінуў гэты занятак і з уздыхам прысеў на ганак сталоўкі.

- Ну як, чуў? - запытаўся сябрук, падхапіўшы валізу. Размова відочна ішла пра дзяльбу ўгнаеньня. - Зноў за сьведку выступаць будзеш? - рагатнуў Лябёдка, ляснуў чамаданнымі зашчапкамі, а Іван пасьля такіх слоў незадаволена плюнуў.

Летась, падчас таварыскага суда, на якім Фроську Траяніху судзілі, Іван у кінабудцы сядзеў, бо ў зале не было месцаў. І вось, калі Мандрычыха пачала пытацца, хто бачыў бойку, усе, хто сядзеў у клюбе, языкі папрыкусвалі ды вочы ў падлогу панурылі. Хвілін пяць так сядзелі, нават кашляць перасталі. Тут у Івана язык і разьвязаўся. Крыкнуў праз адтуліну, маўляў, ён бачыў і аб усім распавесьці можа. Мандрычыха тады акрыяла, пачала нешта пытацца, а Іван адказваў, у адтуліну гарлаючы.

Пасьля суда маці яго цэлы вечар прабірала, спрабавала нават вушы накруціць. Фроська ж ейнай сяброўкай была, а Іван на тую сяброўку невядома што нагаварыў...

- Во, бляха... - вылаяўся Лябёдка, узьняўшы чамаданнае вечка, - шэсьць е пяць эс... так і знаў, што паб'ецца.

Выкінуўшы з валізы шкляныя аскалёпкі, былы кінамэханік ізноў мацюкнуўся, падняўся на ногі, а Іван, згадаўшы пра шапку, пабег здымаць яе са сьцяны сталоўкі.

 

З Дабранскай гары ляцелі, не адчуваючы пад сабой азадкаў. Вецер пругка біў у твары, душа сьціскалася ў камяк, і рот неяк сам сабою адкрываўся. Івану карцела сьпяваць, крычаць штосьці насустрач ветру, а аднаго разу, калі «Панонія», наехаўшы на грудок, адарвалася ад зямлі, заманулася нават куснуць ад захапленьня Лябёдкаву сьпіну.

Яны ехалі ў Вялікарусію.

Ужо ад самой гэтай назвы павявала нечым патаемным. Гэтае «Р», гэтае «У», гэтае «С» праціналі разам зь ветрам душу, казыталі яе трапяткім халадком. Хоць Івану і раней даводзілася бываць у Вялікарусіі (езьдзілі з маці ў Невель купляць партфэль і чаравікі), але тое было даўно. Ды і езьдзілі яны на рэйсавым аўтобусе. А тут гналі на матацыкле, па прасёлачнай дарозе і ня ў нейкі там Невель, а ў нязнаны і загадкавы Ўсьвяцкі раён.

Праехаўшы кілямэтраў дзесяць-дванаццаць, «Панонія» пайшла з натугаю, зь неахвотаю, аглушальна страляючы выхлапнымі газамі. Гэтая страляніна ўзьняла ў паветра навакольных гракоў, і яны, зьбіўшыся ў кучу, кружлялі ў вышыні, перабіваючы сваім граем матацыклетнае стракаценьне. Ціснучыся да Лябёдкавай сьпіны, Іван зірнуў угору і з усьмешкаю на вуснах згадаў, як маці хрысьцілася аднойчы, пабачыўшы над галавою гэтых чорных птушак.

- Эй, што там у цябе? - гукнуў Лябёдка, таргануўшы правым локцем.

- Дзе? - не зразумеў Іван.

- За пазухай! У сьпіну цісьне...

За пазухай у Івана ляжалі ўкручаныя ў газэціну лусьцікі.

- Хлеб з маслам. Узяў у дарогу, - патлумачыў Іван, а сябар, крутнуўшы галавой, жартам пракрычаў:

- Лепш бы ты бутэльку ўзяў! Хлеба з маслам нам і так дадуць!

На чарговым пад'ёме «Панонія» яшчэ раз стрэльнула - хвацка, напята, раскаціста, і Лябёдка, зьехаўшы на ўзьмежак, заглушыў матор.

- Ну і гакае! Што пугаўём лупіць, - захоплена зазначыў Іван, слухаючы гулкае рэха, а зьлезшы з матацыкла, задаволена пацягнуўся.

Сябар між тым быў нечым устурбаваны. Прыўзьняўшыся на понажах, ён падняў сядзеньне, выцягнуў з-пад яго нейкую брудную анучку, пасьля чаго прыгнуўся і пусьціў сьліну на матацыклетны рухавік.

- На, зьбегай, змачы ў лужыне, - загадаў ён, працягнуўшы анучку, і Іван, ня цямячы, навошта ўсё гэта трэба, пабег выконваць загад.

Пабоўтаўшы анучку ў халоднай вадзе, ён хацеў яе выкруціць, але пачуў воклік: - Ня трэба! - і подбежкам вярнуўся да матацыкла.

- Грэецца, халера, аж нагу пячэ, - Лябёдка пляснуў анучу на распалены рухавік, і галава ягоная схавалася ў аблачыне смуродлівай пары.

- Фу, бляха! - Былы кінамэханік паморшчыўся, паляпаў па сьцёгнах, шукаючы папярос, а згадаўшы, што курыва няма, мацюкнуўся і сеў на край узбочыны.

Мясьціны навокал былі глухія - ані людзей, ані паселішчаў - адно кусты, кусты, ды сям-там пракідваліся пералескі зь цёмнымі елкамі ды беластвольнымі бярозамі. Гулкае бязьлюдзьдзе і асьлізлае неба над галавой нарадзілі ў душы няўцямную трывогу, таму Іван, які таксама ўладкаваўся на ўзбочыне, падсеў бліжэй да сябра.

- Пажаваць чаго, ці што? А, Ваня?

Іван кіўнуў, пагаджаючыся з такімі словамі, памружыўся на сіні далягляд і толькі пасьля таго, зразумеўшы намёк, выцягнуў з-за пазухі пакет з лусьцікамі.

Потым яны елі хлеб з маслам, Лябёдка пры гэтым чытаў раённую газэту, у якую былі загорнутыя лусьцікі, а прачытаўшы ўголас пра візыт Эрыха Хонэкера ў Маскву, абклаў таго мацюкамі і пусьціў газэту па ветры.

- Кілямэтраў пяць яшчэ, - крэкнуў Лябёдка, падымаючыся на ногі. - Вунь, за тым лесам - павернем на бальшак, а там ужо недалёка. - Лябёдка паставіў нагу на понаж, а Іван, перш чым асядлаць «Панонію», паглядзеў на неба. Угары ізноў усхадзіліся гракі. Надрыўна гарлаючы, яны кружлялі вакол «Зары камунізму», якая белай птушкай ўздымалася над зямлёю.

 

Адбіўшы азадкі і ўдосыць наглытаўшыся пылу, яны выехалі на бальшак, павярнулі направа, і неўзабаве з-за пагорка ўсплыў дарожны ўказальнік з надпісам «Чурилово». Іван тыцнуў кампаньёна ў бок, пытаючыся такім чынам, ці ня Ўсьвяцкі гэта раён, і кампаньён сьцьвярджальна кіўнуў галавой.

Па вёсцы пракаціліся з шыкам, з форсам, разганяючы перапуджаных курэй і прымушаючы азірацца чурылаўскіх цётак. Ля сельмага Лябёдка, па старой звычцы, газануў, даў кругаля вакол нейкай кабеты, і спыніўся ў лічаных сантымэтрах ад сельмагаўскага парога.

- Лётаюць як самашэччыя! І калі ўжо сабе галовы скруцяць? - азвалася за сьпінаю кабета, і Іван, злазячы з матацыкла, падзівіўся з таго, што вялікарусы размаўляюць на той жа мове, што і бычкоўцы.

Кабета незадаволена пратупала да крамы, адчыніла рыпучыя дзьверы, а сьледам за ёю ў краму ўвайшоў і Лябёдка. Івану таксама карцела зірнуць на тутэйшыя тавары, але навокал круціліся вясковыя падшывальцы і трэба было сьцерагчы валізу. Ён наваліўся жыватом на сядзеньне, прытуліў да валізы вуха і, мружычыся, не раўнуючы, як той кот Барыс, стаў глядзець на пашарпаныя крамныя дзьверы. Дзьверы доўга не расчыняліся, нарэшце разнасьцежыліся, зь іх выйшла дзябёлая кабета, якая, узяўшы рукі ў бокі, доўга азіралася, а згледзеўшы некага, сіпла галёкнула:

- Манька, ты круп узяла?!

- Анягож! - адгукнулася нябачная Манька, і Іван, паслухаўшы ўсё гэта, пераканаўся, што вялікарусы ва Ўсьвяцкім раёне размаўляюць на чысьцюткай беларускай мове.

Лябёдка выйшаў з крамы хвілін праз пятнаццаць. Стоячы на ганку, сябрук надарваў пачак «Беламору», выцягнуў папяросу, а ўбачыўшы, што да крамы ідзе маладая жанчына, нядбайным рухам кінуў пачак Івану. Іван злавіў яго абедзьвума рукамі, але некалькі беламорын упала на пясок, і эфэкт ад кідка быў змазаны.

- Жывем, Ваня! Працы - на месяц! - прамовіў Лябёдка, зірнуў краем вока на маладуху і, перахапіўшы з Іванавых рук пачак, стоена шапятнуў: - Кабеньчыха. Перадапошняя хата направа.

 

Вёска Чуралава памерамі была - што тыя Бычкі. Двароў восемдзесят-дзевяноста. Але ў адрозьненьне ад Бычкоў хаты тут стаялі ў поўным бязладзьдзі: аніякіх табе вуліц, так што пакуль знайшлі Кабеньчыху, давялося ладна пакруціцца.

Падкаціўшы да патрэбнай хаты, яны зьмерылі вачыма тэлевізійную антэну, што тырчала над страхою, і наструнена пераглянуліся: у глыбіні разьлеглага, парослага жухлай лебядою двара, заходзіўся ад брэху віславухі сабака. Каб не бянтэжыць гаспадароў, Лябёдка зьняў з галавы шлем, прылашчыў валасы і, не рашаючыся ўвайсьці ў двор, зычна кашлянуў. У адным з вакенцаў матлянулася фіранка, і праз хвілю-другую на парозе хаты зьявілася пахілая бабуля.

- Мы па выкліку! Тэлевізары рамантуем! - выгукнуў Лябёдка, але бабуля не пачула.

- Ну до табе, до! - крыкнула гаспадыня на сабаку і, прыбраўшы з вуха хусьцінку, дробна затупала да весьніц.

- Тэлевізары, бабка, рамантуем. Прыехалі во... па выкліку, - Лябёдка страсянуў над галавою валізкай.

Ага! Цілівізеры! А дзеткі ж вы мае, а што ж вы адразу не сказалі? - пляснула рукамі бабуля і таропка адчыніла брамку.

Бабчын віславухі дварняк тым часам ужо асіп і брахаў з падвываньнем.

- Ці сьціхнеш ты, нячыстая сіла?! - прасіпела гаспадыня, падхапіла з-пад ног дубец, і сабака, пакрыўджана скавытнуўшы, сьпехам залез у будку.

- І калі ўжо акалееш? - з гэтымі словамі старая піхнула рукою дзьверы, і яны ўвайшлі ў хату.

У хаце было прыцемна - лямпачка пад стольлю была заседжана мухамі, давала мала сьвятла, таму давялося цягнуць бабчын «Тэмп-6» да вакна і падключацца да разэткі праз падаўжальнік.

Тыцнуўшы ў Іванавы рукі літавальнік, майстар Лябёдка зьняў з тэлевізара заднюю панэль, пахітаў галавою і папрасіў у гаспадыні вільготную анучку - відавочна, каб сьцерці пыл зь лямпаў.

Наступныя дзесяць хвілін майстар торкаў некуды правадкі, сочачы пры гэтым за стрэлкаю прыбора, а згадаўшы пра літавальнік, запытаў:

- Грэецца?

Літавальнік быў халодны. Іван патузаў шнур, паварушыў вілку ў разэтцы, але марна: інструмэнт ня грэўся.

- Эх, Ваня... вучыць цябе яшчэ ды вучыць... Стрыжань у літавальнік не ўпіхнуў, таму і ня грэецца, - уздыхнуўшы, Лябёдка выдзер з тэлевізійных нетраў нейкую зялёную дэтальку, паглядзеў на гаспадыню і ўстурбавана правёў даланёю па твары.

- Кандэнсатар згарэў. Страшэнна дэфіцытная рэч. У мяне, праўда, ёсьць адзін, але гэта для райкамаўскага тэлевізара. Там таксама кандзёр накрыўся.

- Вы ж ужо як-небудзь... - выдыхнула гаспадыня, матлянулася на кухню, і майстар, пачуўшы бразгат шклянак за сьценкаю, падміргнуў кампаньёну і задаволена падкінуў на далоні згарэлы кандэнсатар.

Праз поўгадзіны справа была зроблена. У хаце пахла каніфольлю, пад стольлю луналі пасмы белага дыму, а сьцены хаты аж дрыжэлі ад грому вайсковага параду, які паказвалі па тэлевізары. Узяўшы за працу тры рублі і запытаўшыся, ці патрэбная квітанцыя, Лябёдка зачыніў валізу і зь дзіўнай рашучасьцю накіраваўся да дзьвярэй.

- Можа б, перакусілі чаго? - нясьмела вымавіла ўсьлед яму бабуля.

- Няма часу, бабка. Яшчэ пяць хат абысьці трэба. Праўда... - майстар павярнуўся да напарніка, зьмерыў яго позіркам і з разважлівай заклапочанасьцю прамармытаў: - Іван галодны. Цэлы дзень ня піў, ня еў. Як ты, Ваня, перакусіш? - і не пасьпеў Іван раскрыць рота, як Лябёдка штурхнуў яго да стала і спрытным рухам адкаркаваў бутэльку «Прамяністага».

Яны выпілі па шклянцы, аддзьмуліся, захоплена ўтыркнулі відэльцы ў румяныя шкваркі, якія сквірчэлі і стралялі тлушчам на гарачай патэльні.

- Кантрастнасьць нармальная, толькі сьняжыць крыху, - прамовіў, кульнуўшы другую шклянку, Лябёдка. - Зь Вялікалуцкага рэтрансьлятара сыгнал кволы. Наступным разам пад'едзем - паспрабуем антэну на Віцебск павярнуць.

Гаспадыня заківала галавой, стоена ўздыхнула, і ўся яе пастава выдавала на тое, што ёй карцела нешта сказаць.

Карцела сказаць слова і Івану. Выцершы рукавом сальныя вусны, ён павярнуўся да бабулі і задаў пытаньне, якое даўно ўжо сьпела на языку:

- А вы рускія?

Гэтае пытаньне не на жарты ўсхвалявала бабулю. Старая шморгнула носам, залыпала павекамі і няўпэўнена прашаптала:

- Рускія...

- Рускія, а гамоніце па-нашаму: картошку бульбай называеце...

- А адкуль жа вы? - пацікавілася гаспадыня.

- Зь Неўля мы, з тэлеатэлье, - адказаў за Івана Лябёдка і, храбуснуўшы шкваркай, стукнуў напарніка каленам па назе.

- А мы, дзеткі, і самі ня ведаем - хто мы, - нечакана пажвавела бабуля. - Мой Ляксей, царства яму нябеснае, расказваў... Прыедзем, кажа, у Пскоў, пачнем там гаманіць, а скрабары сьмяюцца, кажуць: - Ізноў пылякі прыехалі! - старая перахрысьцілася на цёмны кут, аблашчыла майстра сьцярожкім паглядам і прыцішаным голасам запытала:

- Можа б вы і маёй сястры цілівізер зрабілі?

Прапанова такая не зьдзівіла майстра. Ён адкінуўся ў крэсьле, змучана аддзьмуўся, выцягнуў з кішэні пачак «Беламору».

- Непадалёку тут жыве, у Берасьцянцы... крайняя хата ад ракі. Туды і дарога добрая.

Старая дапытліва заміргала вачанятамі, а майстар, зірнуўшы на сьпісаны алоўкам пачак, гаротна ўздыхнуў.

- Не магу, бабуля. У мяне тут толькі па Чурылаву пяць выклікаў. Во... глядзі, - майстар тыцнуў пальцам у пачак, - Ліхаманавы, Пракопаўна, Балабайка...

- Балабайку зяць зрабіў. Учора прыехаў, - перапыніла Лябёдку гаспадыня, выбегла ў сені і праз хвілю паўстала ў пройме дзьвярэй з пляшкаю «Прамяністага».

 

З гасьціннай хаты Праскоўі Кабенькі - так звалі гаспадыню - выкульваліся, задаволена адрыгваючы віном і цыбуляй. У паветры кружыліся сьняжынкі, бабчын сабака прыязна махаў хвастом, а сама гаспадыня, якая таксама кульнула чарку, не магла суняць расстайную сьлязіну.

Ідучы да матацыкла, Іван падлічыў у галаве дзённую выручку, якую можна мець ад рамонту тэлевізараў, потым уявіў тую кучу грошай і з захапленьнем паглядзеў на камлюкаватую Лябёдкаву сьпіну.

- Дзядзькі, да нас зайдзіце! У нас таксама тэлевізар зламаўся... І ў мяне зламаўся... - разам загаманіла вясковая дзятва, калі яны падышлі да весьніц. Падшывальцаў сабралася ня меней як тузін; усе яны аглушальна гаманілі, і Лябёдка, насунуўшы на голаў шлем і ўкінуўшы ў рот папяросу, скрозь зубы працадзіў: - Зойдзем, толькі ў Берасьцянку зьлётаем.

Прытарочыўшы да бэнзабаку валізу, майстар вохнуў, паведаміў падшывальцам, што недапіты - гэта горш, чым недабіты, таргануў галавой, і падшывальцы, умомант зразумеўшы той жэст, добрых тры кілямэтры піхалі матацыкал, аж пакуль ён не завёўся.

 

Дарожны паказальнік з надпісам «Берестянка. 2 км» трымаўся на адным цьвіку, паказваючы вострым канцом на прысыпаную рэдкім сьняжком узбочыну. «Ці не на той сьвет паказвае?» - падумаў Іван, згадаў родную хату і ўпершыню пашкадаваў, што выбраўся ў гэтую вандроўку.

Дарога ў Берасьцянку і сапраўды нагадвала дарогу ў пекла. Уся яна была разьбітая коламі «беларусаў», глыбокія каляіны прыхапіла марозам, і ехаць па той праселіцы было папросту немагчыма. Дапамагаючы сабе нагамі, Лябёдка коўзаўся на матацыкле па калдобінах, пругкі алешнік хвастаў яго па твары, і майстар, адплёўваючыся каляным лісьцем, слаў праклёны на «беларусаў», нялюдзкую дарогу і старую Кабеньчыху, якая яго ў тую дарогу выправіла.

Іван шыбаваў сьледам, прыціскаў да грудзей валізку (зьнялі з матацыкла, каб не пабіць радыёлямпы) і п'янавата пасьміхаўся: цяжка было ўтрымацца ад усьмешкі, пазіраючы на Лябёдкавы пакуты.

Да вёскі дабіраліся цэлую гадзіну, пры гэтым два разы спыняліся, каб ахаладзіць рухавік, а выбіўшыся з кустоў на роўнае поле і ўбачыўшы на даляглядзе вясковыя хаты, Лябёдка, а гледзячы на яго і Іван, зморана паваліліся на пасівелую ад марозу траву.

Івана, праўда, дарога ня надта і стаміла: на зямлю ён паваліўся хутчэй з пачуцьця салідарнасьці, а паляжаўшы хвіліну-другую, прыўзьняўся на локці і азірнуў навакольле. Нават такім шэрым днём мясьціны тутэйшыя ўяўляліся даволі маляўнічымі. Роўнае поле, пасярод яго стаяла згалелае дрэва, а леваруч, бліжэй да вёскі, бліскала між кустоў ці то рачулка, ці то азярына.

- Ловаць. Вялікая рака, - выдыхнуў Лябёдка, перахапіўшы Іванавы позірк. - Я тут летась рыбу лавіў.

Колькі часу яны ляжалі моўчкі, смалілі папяросы, аж пакуль Лябёдка не мацюкнуўся і не падхапіўся на ногі.

- Усё! З бальшаку цяпер ні на крок... І грошы буду браць па прэйскуранту! - прамовіў ён, шпурнуўшы недакурак, і гэта азначала, што хмель выпетрыўся зь Лябёдкавай галавы, і настрой з тае нагоды канчаткова сапсаваўся.

...Берасьцянка - невялічкая, ня болей дзесяці хат вёска - упіралася сваім канцом у рачны бераг. Памятаючы словы бабці Параскі, кампаньёны, не пытаючыся дарогі, паехалі да Ловаці, а ўбачыўшы над крайняй хатай шост з пакарабачанай антэнай, рашуча завярнулі ў двор. Лябёдка па-майстэрску дакладна ўпісаўся ў вузенькія весьніцы, узьняў у паветра курэй, загнаў на страху вялізнага чорнага ката і, выклікаючы гаспадароў, да ўпору крутнуў ручку газу. Лябёдка, відаць, добра напужаў гаспадароў, бо яны доўга не высоўваліся, а калі нарэшце дзьверы прачыніліся, дык у дзьвярную пройму можна было ўпіхнуць хіба што нос. Нос, дарэчы, і вытыркнуўся з проймы, і Лябёдка, маракуючы - каму ён мог належаць - мужчыну, ці жанчыне, прыязным голасам вымавіў:

- Вам прывітаньне ад сястры.

Пройма пашырылася, зь цёмных сяней вытыркнулася сьсівелая бабуля, якая зьдзіўлена-плаксівым голасам запытала:

- Якой гэта сястры?

- Якой-якой... Кабеньчыхі, халера старая, - буркнуў Лябёдка, вырваў з Іванавых рук валізку і, бачачы, што гаспадыня па-ранейшаму зь недаверам лыпае вачыма, дадаў: - Зь Неўля мы, з тэлеатэлье. Тэлевізары рамантуем.

Зірнуўшы на Лябёдкавы шлем, гаспадыня паспрабавала прычыніць дзьверы, аднак Лябёдка пасьпеў упіхнуць нагу ў дзьвярную шчыліну і з усёй рашучасьцю ўвайшоў у сені.

- Давай, бабуля, гатуй пачастунак, а то ў нас часу мала, - загрымеў праз хвілю ягоны голас, і Іван, азірнуўшыся на бокі, падаўся ў хату.

У Кабеньчысінай хаце было цёмна, няўтульна, а тут панаваў парадак, пахла нейкімі зёлкамі, а на засланым белым абрусам стале красавалі папяровыя кветкі ў зялёнай вазе. Тэлевізар таксама быў засланы белым абрусам, і Лябёдка, не рашаючыся зьняць яго сваімі бруднымі рукамі, зь нецярплівасьцю паглядзеў на гаспадыню. Бабуля ў сваю чаргу паглядзела на Івана, потым перавяла позірк на валізку, а ўпэўніўшыся, што перад ёю тэлемайстры, увішна падхапіла покрыўку.

- Даччын цілівізер, - паведаміла старая, змахнуўшы пыл з экрана. - Сабе новы ўзяла, а мне ўжо гэты... Прывезьлі зь зяцем, уключылі... Як тут былі, дык рабіў, а як зьехалі, дык зламаўся. - Бабуля ўздыхнула, склала ў дзьве столкі абрус, а ўбачыўшы, што майстар зморана аддзьмуўся, дэманструючы, што такія размовы яму добра-такі надакучылі, ціхенька сышла на кухню.

- Памру зараз, - прасіпеў Лябёдка, паднес штэпсэльную вілку да разэткі, але нечакана сумеўся і страсянуў вілку ля вуха.

- У вас тут мужчыны ёсьць? - крыкнуў, зьвяртаючыся да бабулі, майстар, і голас ягоны сьведчыў за тое, што калі яму зараз жа не нальюць пахмяліцца, ён і папраўдзе памрэ.

Гаспадыня, відаць, адчула настрой тэлемайстра, бо ў тое ж імгненьне на кухні бразнулі шклянкі і аглушальна засквірчэлі яйкі на распаленай патэльні.

- Якія там мужчыны!.. Бабы ды два дзяды... Базылю восемдзесят, а Хамёнку яшчэ больш... Японскую памятае.

Майстар выпусьціў праз нос паветра, варухнуў кадыком і зь нейкай разьюшанай апантанасьцю стаў раскручваць штэпсэльную вілку.

За вакном сутоньвалася. Сьнежныя крупы стукалі па шыбе, у коміне галасіў вятрыска, і ад усіх гэтых зыкаў Івану зрабілася не па сабе.

«І калі ўжо вернемся?» - падумаў ён, панылымі вачыма азіраючы хату. - «Трэба было хоць цыдулку пакінуць, каб маці не хвалявалася».

Іван затрымаў позірк на ходзіках, што цікалі пад стольлю, і з грудзей ягоных вырваўся пакутлівы ўздых. Гадзіньнік паказваў палову трэцяй: акурат гэтым часам маці вярталася зь дзённай дойкі. «Пабачыць, што мяне няма, і да Міронаўны пацягнецца. Тая і скажа, з кім паехаў...» - Іван уявіў, як роспачна будзе лаяцца маці, як яна, зганяючы злосьць, будзе ганяцца з ручніком за катом Барысам, і, заняты сваімі думкамі, не пачуў Лябёдкавага вокліку:

- Эй, Ваня... заснуў?

У сьвятліцы грала музыка, на кухні сквірчэлі шкваркі, а на тэлевізійным экране каласілася жыта, і стройным шыхтом ішлі камбайны.

«Рублёў дзесяць зьдзярэ, і віна вып'е пад самую завязку», - незадаволена падумаў Іван, з дакорам зірнуў на сябра, але той, насуперак ягоным меркаваньням, ад грошай адмовіўся.

- Схавайце свае рублі... - кінуў Лябёдка, згледзеўшы ў бабчыных руках пакамечаны трульнік. - З-за такога рамонту і квітанцыю неахвота выпісваць... Чарку мо вып'ем, калі нальеце.

- Нальем, нальем. А як жа не наліць, - узрадавана замітусілася старая, - ёсьць і чарка, і да чаркі... - і, падхапіўшы па дарозе чапялу, гаспадыня кінулася да печы.

Пілі і елі стоячы, бо расьседжвацца не было часу. Бабця Мар'яна (так сябе назвала гаспадыня) выставіла на стол бутэльку «чарніла», а таксама яешню і саган гарачай бульбы на закуску. Бегаючы за матацыклам, Іван добра-такі выгаладаўся - бульба са шкваркамі проста раставалі ў роце. Згаладнеў і сябра. Налягаючы на бульбу - аж нос угінаўся, - Лябёдка хапаў ротам паветра, варушыў коўцікам і пры гэтым няўцямна мармытаў:

- Думаеш, калі ў мяне брат... у тэлеатэлье працуе... дык мне дэталі дарма даюцца? За адзін трансфарматар... дзьве бутэлькі аддаў...

За лічаныя хвіліны яны выцерабілі саган бульбы, праглынулі яечню, асушылі ад тлушчу патэльню, і ўвесь гэты час гаспадыня стаяла пасярод кухні, пазіраючы на майстра, не раўнуючы, як на Міколу-ўгодніка. Выдавала на тое, што яна хацела нешта сказаць, і майстар, бачачы такую нерашучасьць, запытальна міргнуў левым вокам.

- Дачка ж павінна прыехаць. Трэба ж ёй аполец сала даць, ды нейкіх кілбас... - выдыхнула, нарэшце, гаспадыня і, нібыта спужаўшыся ўласных слоў, заціснула рот ражком паркалёвай хусткі.

Хлопцы счакалі хвіліну, спадзяючыся, што старая скончыць думку, але тая маўчала, і Лябёдка, кіўком галавы ўхваліўшы такія жадункі, разьліў рэшткі віна па шклянках.

- Дапіваем і йдзем, а то матор астыне. Піхай тады... да самага дому, - рука Лябёдкава пацягнулася за шклянкай, ды нечакана замёрла ў паветры.

- Можа б вы мне, мальцы, кабана закалолі? - пудка запыталася гаспадыня, а згледзеўшы на майстравым твары разгубленасьць, нахілілася і выцягнула з тумбачкі вялізную, закаркаваную газэцінай бутлю.

 

ІІІ

 

Спусьцісты, парослы густым лазьняком бераг пачынаўся адразу за хатай. Убіўшыся ў кусты, Іван расшпіліў прарэх, гучна выпусьціў паветра і падуладны нэрвовым дрыжыкам струмень шапатліва ўдарыў па ссохлым лісьці.

Іван хваляваўся. Нават далоні ўспацелі. І хвалявацца было з чаго: кабаноў ён зроду ня рэзаў. Ды што там кабаны... Ён і курыцы засекчы не даваў рады. Летась цюкаў пеўня, дык траха бяз пальцаў не застаўся, і певень, з рук вырваўшыся, наляцеў, безгаловы, на маці і новую спадніцу скрывавіў. Ну, а Лябёдка, хоць і наплёў гаспадыні, што за сваё жыцьцё дванаццаць сьвіней прыкончыў, але ж пры гэтым на бокі азіраўся і вусны прыкусваў. Дзе яму было іх прыкончваць, калі ў Лябёдчыхі ў двары апрача чатырох курэй ды аблезлага ката анічога больш не вялося.

Дзесятым разам уздыхнуўшы, Іван падцягнуў штаны і пачуў, як недзе непадалёку гэтак жа роспачна ўздыхнуў Лябёдка.

- Нічога, Ваня, прарвемся!

Яны вылезьлі з кустоў, і Лябёдка, прысмаліўшы беламорыну, стаў знаёміць Івана са сваім плянам.

- Карацей, заходзім у хлеў, прывязваем да задняй нагі вяроўку і на двор выпускаем. Ты яго за нагу трымаеш, а я... - акінуўшы вачыма навакольле, Лябёдка засяродзіўся на агароджы, што атачала бабчын падворак, - гакну калом між вушэй, а як скапыціцца - нож у горла.

- Бабуля казала, у яе швайка ёсьць. Так што лепш пад левую лапатку. Крыві ня будзе. І надзейней, - падзяліўся сваімі думкамі Іван, і кампаньён, пачухаўшы за вухам, няўпэўнена прамармытаў: - Ты думаеш?

На хаду яны дасмалілі папяросы, паплявалі на рукі і, падышоўшы да агароджы, удваіх сталі расхістваць кол, які на добры мэтар уехаў у зямлю. Рабіў гэта Іван з асаблівым натхненьнем, радуючыся, што калоць кабана давядзецца ўрэшце рэшт не яму, а Лябёдку.

- Эх, Ваня-а! Кусьнем сьвежанінкі, самагонкі сёрбнем... Жыцьцё! - адным духам вымавіў кампаньён, калі кол быў, нарэшце, выцягнуты. Іван лізнуў параненую руку - у калу тырчэлі цьвікі, - перавёў дых і, згадаўшы дом, з маркотаю прамовіў:

- А дахаты калі?

- Заўтра, Ваня, заўтра. У Мар'яны хата вялікая - месца пераспаць будзе, - узваліўшы на карак альховы друк, Лябёдка шырокім крокам рушыў на бабчын падворак.

 

Кабан ляжаў у сваім катуху і ціха рохкаў.

«Пудоў дзесяць будзе», - падумалася Івану, калі ён адчыніў загарадку і ўвайшоў у катух. Тут было душна і цёмна. Агледзеўшыся, ён разблытаў нягнуткімі пальцамі вузельчык на вяроўцы і нечакана пудліва падскочыў: над галавой ягонай, крануўшыся кіпцюром вуха, узьляцела ашалелая курыца. Спорна б'ючы крыламі, хахлатка вылецела на двор, загарлала на ўсю глотку, і бабка Мар'яна, прыструньваючы гэтую вар'ятку, абурана вымавіла: - Кыш, каб цябе парвала! - Празь імгненьне курыны лямант пачуўся дзесьці на другім канцы двара і неўзабаве зьмяшаўся з мэталёвым шоргатам знадворку. Гэта Лябёдка, седзячы на ганку хаты, тачыў нажы і швайку.

Змахнуўшы халодны пот з лоба, Іван зірнуў на дарэшты заседжаную курасадню, памацаў падзертае вуха і, прысеўшы на кукішкі, паклаў далонь на цёплы вепручыны азадак. Вяпрук крыху здрыгануўся, задзёр лыч і гэтак жа, як і ён, Іван, пакутліва ўздыхнуў.

«Ляжыць, уздыхае... пра нешта думае. І пра што, цікава, можа думаць вяпрук?» - Іван прыслухаўся да мэталёвага шоргату, правёў рукавом па мокрым носе і з дрыготкай у голасе прашаптаў:

- Выбачай, брат... скончылася тваё жыцьцё.

- Ну, як там? - пачуўся той хвіляй незадаволены Лябёдкавы воклік.

Іван прыўзьняў вепручыную нагу, таропка накінуў зашмаргу, і кабан, які дагэтуль ляжаў незварушна, нечакана падхапіўся на ногі, рынуўся да адчыненай загарадкі, і давялося клікаць на дапамогу Лябёдку, каб загнаць свавольніка назад у катух.

Зачыніўшы загарадку, Лябёдка рушыў да матацыкла - зьліваць бэнзын для лямпы, а Іван, прывязаўшы канец вяроўкі да ручкі дзьвярэй, падняў з падлогі пабіты марозам яблык.

- Пачастуйся наастачу, - прамовіў Іван, наторкнуўшы яблык на дубец і працягнуўшы вепруку.

Вяпрук схапіў пачастунак, страсянуў вушамі, закідваючы яблык на зуб, а раскусіўшы, замёр на імгненьне. Ён, відаць, разважаў - ці варта есьці тое, што раскусіў, а зразумеўшы, што варта, рохнуў на знак падзякі і з насалодаю зачвякаў шырокай зяпай, пускаючы яблычны сок па адвіслым падбародзьдзі. Кабан чвякаў з такім смакам, з такой асалодай, што ў Івана нават зьвяло сківіцы, і ён, плюнуўшы пракіслай сьлінай у сьвінячы лыч, задуменна прамармытаў:

- І як цябе забіць, халеру?

На двары тым часам усё было гатова. На ганку ляжалі наточаныя нажы, запраўленая бэнзынам лямпа гатовая была вырыгнуць сіняе полымя, там жа, ля ганку, ляжаў абярэмак саломы, а пасярод двара стаялі вялізныя ночвы для трыбухоў.

- Толькі ж... мальцы... каб ён толькі не вішчэў... - падавала голас бабця Мар'яна, якая мыла гарачай вадой эмаліраваную мядніцу. - А то ж у мяне ад таго віскату сэрца абрываецца. - Бабця пабоўтала рукою ў мядніцы, зірнула на майстра: - Увесну мужыкі яго лягчалі, дык я ў хаце хавалася ды падушкай галаву накрывала.

- Будзеце наступным разам лягчаць - мяне клічце! - адказаў на тое Лябёдка, мацаючы пальцам наточаную швайку. - Я іх лягчаю за адну сэкунду. - Лябёдка запіхнуў швайку за халяву кірзачоў, падняўся з парога і, убачыўшы недавер у бабчыных вачах, п'янаватым голасам растлумачыў: - Бяру бочку... кладу прынаду... парсюк туды лезе, я стаўлю бочку стырчма і... - майстар паказаў рукамі, як ён абразае тое, што трэба адрэзаць, як ён кідае тое празь левае плячо, і бабуля, уражаная такім аповедам, плюхнула ваду зь мядніцы на свае апоркі.

... Напачатку ўсё ішло па пляну. Зацягнуўшы пятлю, Іван наматаў на руку канец вяроўкі, пералез цераз загарадку і, усхвалявана перавёўшы дых, адчыніў мыском чаравіка непадатную зашчапку. Кабан толькі гэтага і чакаў. Спатыкаючыся няўклюднымі нагамі аб карыта, ён выйшаў з катуха, вытыркнуў на двор галаву, але далей не пайшоў - захрас у дзьвярах, утароплена пазіраючы то на Лябёдку, то на альховы друк, што ляжак пасярод двара. На вядро з запаркаю, якое Лябёдка трымаў у выцягнутых руках, кабан не зьвяртаў аніякай увагі.

- Цых, цых, цых, - клікала бабуля Мар'яна свайго гадунца.

- Еш, гад! - гукаў Лябёдка, кідаючы едзіва ў парсючыны лыч.

- Пайшоў, падла! - з натугаю выдыхаў Іван, піхаючы кабана нагою ў азадак, але кабан не прасоўваўся ні на крок.

Ці мала часу яны ўгаворвалі парсюка выйсьці з хлява, піхалі яму пад лыч вядро з запаркаю, аж пакуль Лябёдка, згубіўшы ўсялякае цярпеньне, не насунуў тое вядро на парсючыную мазгаўню і, мацюкнуўшыся, ня выцяў нагой па нахабнай пысе. Кабан заенчыў, потым зарохкаў і, панурыўшы сваю палітую калатушай галаву, рушыў насустрач Лябёдку. Ішоў вяпрук з такой рашучасьцю, што ў Івана нават прабеглі мурашкі па сьпіне, а бабця Мар'яна, якая стаяла на парозе хаты, спалохана войкнула.

Лябёдка між тым не губляў прысутнасьці духу. Не спускаючы з кабана вачэй, ён паволі адступаў, шнарачы пры гэтым то адной, то другой нагой у пошуках выратавальнай дубіны.

- Уцякайце, ён кусьлівы! - крыкнула бабуля. Лябёдка падхапіў зь зямлі кол, ступіў крок назад і, зачапіўшыся за ночвы, паваліўся на сьпіну.

- А людцы мае добрыя, а што ж гэта робіцца?! - залямантавала старая. Іван адчайна, аж да сінечы ў руках, нацягнуў вяроўку, а Лябёдка, які ляжаў у ночвах і біў нагамі ў паветры, заезаў віславухаму нагою ў лыч. Вяпрук завішчэў, хапануў крыўдзіцеля за мысок кірзавага бота, і ўжо Лябёдка, выкуліўшыся з начовак, загарлаў што меў моцы, клянучы кабана самымі страшнымі словамі. Паквітаўшыся зь Лябёдкам, кабан пайшоў у свой сьвінушнік, а Іван, убачыўшы гэта, сігануў у катух і зачыніў загарадку.

Альховы кол абрынуўся на вепручыную галаву акурат у той момант, калі кабан падышоў да дзьвярэй. Удар атрымаўся такі хвацкі, што свавольнік нават ня віскнуў, адно толькі страсянуў вушамі і паволі апусьціў галаву на вышчарблены парог хлеўчука. Празь імгненьне ўсё было скончана. Не пасьпеў Іван вылезьці са схову, як Лябёдка, аблаяўшы яго тымі ж словамі, якімі надоечы абклаў вепрука, задзёр кабану пярэднюю нагу і загнаў у парсючынае цела гостра наточаную швайку. Кабан задрыгаў нагамі, затрос адвіслым чэравам, але глядзець на тыя курчы доўга не давялося, бо побач з кабаном заходзіўся ад болю няўдалы разьнік. Скрывіўшы твар, ён скакаў на адной назе вакол ночваў і, махаючы скрываўленай швайкай, пякельна мацюкаўся. Давялося падстаўляць плячук і дапамагаць сябру зьняць з пакусанай нагі скарэлы кірзач. Кірзач не здымаўся, і тады бабця Мар'яна, ачуўшыся ад сполаху, здушана прамовіла:

- У хату зайдзіце, можа, перабінтаваць трэба.

У хаце Іван сьцягнуў зь Лябёдкавай нагі абутак, Лябёдка паварушыў пасінелымі пальцамі і на ўсялякі выпадак змазаў пакусанае месца ёдам з пляшачкі, якую дала бабуля.

- А ўсё ж такі я яго ўмачыў! - зазначыў Лябёдка, зірнуўшы на бутлю самагонкі. У голасе ягоным гучалі пераможныя ноткі. - Зараз абсмалім, разьбяром...

- Вы ж глядзіце, кішку перавяжыце, - незадаволена буркнула бабуля, выкочваючы ў сені кубел пад сала, І Лябёдка, ня надта цямячы - што там трэба перавязаць, падхапіў бутлю і гэтаксама незадаволена адказаў: - Перавяжам.

Яны чокнуліся, і немы лямант, што прагучаў знадворку, супаў са звонам чарак.

- А людцы мае добрыя! А што ж гэта... А куды ж ён падзеўся-а?!

На хаду глытаючы трунак, Лябёдка кінуўся да дзьвярэй, а сьледам, падхапіўшы сябруковы кірзач, рынуўся ў сені й Іван.

- А што ж гэта такоя-а!! А ці ж не цябе я карміла-гадавала-а?!

Яны вылецелі на ганак, ачмурэлымі вачыма паглядзелі спачатку на бабцю Мар'яну, потым на перакуленыя ночвы і на пляму крыві ля дзьвярэй сьвінушніка. Кабана, якога яны зьбіраліся смаліць, на двары не было.

- А куды ж ты зьбег... куды ж ты зьбег, мой парсючо-ок?! - галасіла старая, і ад гэтага ляманту стыла кроў у жылах, сьцягвалася скура на лобе, і гарачыя голкі калолі ў пахвіне.

Тупкая сьцяжына, што вяла са двара да весьніц, была пазначана крывавай пасмай, крывёю былі запырсканы і самі весьніцы, і Лябёдка, перш чым кінуцца за кабаном, сьціснуў кулакі і кляцьвенна выдыхнуў:

- Далёка не ўцячэш!

Іван ляцеў, ня гледзячы ні вока, ні бока, а паперадзе, прыпадаючы на босую нагу, бег, як жару хапіўшы, былы кінамэханік Лябёдка.

Крывавы сьлед кіраваў да берага ракі. Перагнаўшы сябра, Іван першым уляцеў у кусты, спыніўся на імгненьне, каб падняць згубленую вепруком вяроўку, і сябра, наляцеўшы на яго, засоплена вылаяўся:

- Чаго ты тут стаў, як ёлупень...

Іван пацёр пабіты азадак, застагнаў, падхапіў вяроўку і так - зь вяроўчынай у адной руцэ і з кірзачом у другой, - дадыбаў да вады.

- Вунь ён, сука, на дне ляжыць! - не сваім голасам гукаў Лябёдка, апантана ўглядаючыся ў рачную плынь. Яшчэ празь імгненьне сябрук ускочыў на камень, няўклюдна махнуў рукамі і нечакана плазам паляцеў у ваду. Халодныя пырскі ўзьняліся ў халоднае неба, разьляцеліся ва ўсё канцы, крануліся Іванавага твару.

- Сьлізка, халера... лёд пад нагамі... - выгукнуў паміж мацюгамі Лябёдка і вокраччу вылез на бераг. Не падымаючыся з каленяў, ён працягнуў Івану нецярплівую руку, а Іван не зразумеўшы - што трэба напарніку, прапанаваў таму кірзавы бот.

- Вяроўку дай, йоп... - вылаяўся сябрук, схапіў вяроўку і, насунуўшы пятлю на цэўку рукі, зноўку папоўз да вады.

- Трымай, зашмаргу накіну... - Лябёдка чхнуў, страсянуў голай пяткай, і Іван, зразумеўшы такі жэст, ухапіў сябра за ногі. Наперадзе, мэтрах у трох ад берага, і папраўдзе штосьці бялела. Лябёдка ўвайшоў на руках у ваду, замер на імгненьне, усё адно як той кабан, раскусіўшы яблык, потым зноўку чхнуў і паехаў на руках, сьлізгаючы далонямі коўзкім дне. Іван паспрабаваў выцягнуць сябра на бераг, пры гэтым наступіў на вяроўку, і сябра, пусьціўшы бурбалкі, адчаўна ўдарыў яго пяткай у пахвіну. Ад удару пацямнела ўваччу, падкасіліся ногі, і цяпер ужо Іван, пасьлізнуўшыся, з усяго маху абрынуўся ў Ловаць.

Ад ледзяной вады заняло дух, халоднымі шчымётамі сьціснула сэрца. Пачабохтаўшыся ў рацэ, Іван ухапіўся рукой за Лябёдкавы штаны, потым за нейкі кусьцік і, коўзаючыся на каленях па лёдзе, вылез на бераг.

- А навошта ж я цябе карміла-паіла-а! А навошта ж я цябе дала калоць гэтым няўпрочына-ам! - надрывалася ў кустах бабка Мар'яна.

- Ну, што стаіш, як усраўшыся? - адплёўваючыся тваньню, выгукнуў Лябёдка. - Бяжы, цягні якую жардзіну!

Іван памкнуўся бегчы, але ногі амаль ня гнуліся, і давялося шыбаваць на паўсагнутых, ляскаючы зубамі і сьцепанаючыся пасьля кожнага парыву ветру. Выламаўшы жардзіну, Іван згледзеў дзьвюх цётак, якія беглі да ракі і, ня цямячы - хто патануў, заломвалі рукі і гэтак жа, як бабця Мар'яна, галасілі. А д гэтага ляманту Івану нават зрабілася горача, ногі набылі былую гнуткасьць, і ён, узьняўшы жэрдку над галавой, як гэта робяць афрыканскія тубыльцы, на злом галавы кінуўся да берагу.

Лябёдка падхапіў жэрдку, крутнуў яе, перакідваючы з рукі на руку, і пры гэтым заехаў адным канцом у лоб асіплай ад крыку Мар'яне. Бабка аціхла, жордка торкнулася ў ваду, і па тым гуку, які даляцеў з рачных глыбіняў, можна было зразумець, што на дне ляжаў не вяпрук, а вялікі камень.

- Што рабіць будзем? - улякнута запытаўся Іван, калі яны адбеглі мэтраў на дваццаць ніжэй па цячэньні.

- Што-што... Кіпці драць, пакуль нумары ня згледзелі! - Лябёдка шпурнуў жардзіну ў раку, загадаў Івану прыхапіць ягоны бот і, прыгнуўшы голаў, кінуўся, прадзіраючыся скрозь кусты, у бок бабчынай хаты.

 

Іван дагнаў кампаньёна ўжо за вёскаю. Сьвецячы голай пяткай, кампаньён бег, піхаючы матацыкал, на хаду націскаў на понаж, спрабуючы завесьці свой драндулет, і пры гэтым прыкметна накульгваў на левую нагу.

- Аб-буваць... б-будзеш? - гукнуў Іван, махаючы ў паветры кірзачом.

- У кусты заедзем - тады, - кінуў праз плячук кампаньён, не збаўляючы тэмпа. - Давай лепш... падпіхні! - і Іван, ушчаперыўшыся зубамі ў халяву Лябёдкавага кірзача, вызваліў такім чынам рукі і ўпёрся абедзьвюма рукамі ў сядзеньне «Паноніі».

Заехаўшы ў кусты, спыніліся, каб выкруціць мокрую вопратку. Іван выліў ваду з чаравіка, выкруціў кашулю, майку і шкарпэткі. Нагавіцы выкручвалі на пару з Лябёдкам і круцілі іх да тае пары, пакуль штаны не затрашчалі.

- Н-не п-памятаеш, п-пад якую л-лапатку я ям-му ўляпіў? - запытаўся сябра, калі штаны былі выкручаны.

Згадваючы, пад якую лапатку была загнаная швайка, Іван зірнуў угору, страсянуў мокрай чупрынаю і, набіраючы паветра для чыху, вымавіў:

- Пад правую.

- Пра-авую... - перадражніў кампаньён, сморкнуўся ў жменю і, выцягнуўшы з кішэні разьмяклы трульнік, прыляпіў яго на голую лытку.

Іван хацеў сказаць нешта ў сваё апраўданьне, але сківіцы зьвяло ад холаду, Ён зірнуў на дрыжачую Лябёдкаву лытку, чхнуў другім разам і выцер вільготнаю майкай сьсінелыя вусны.

 

Матацыкал аніяк не заводзіўся. Каб яго завесьці, патрэбны быў разгон, роўная дарога. Яны ж лезьлі па такіх калдобінах, што ў Івана ад натугі нават халодны пот выступіў на лобе. Змарыўся і гаспадар «Паноніі». Лябёдка глуха соп, штохвілі пляваўся, клянучы «мадзярскага пердуна» (так ён называў матацыкал), бабчынага кабана і ўсьвяцкіх пылякаў.

Вятрыска, які дзьмуў у сьпіны, праймаў да касьцей, увушшу гуло і зьвінела, уваччу мільгцелі чорныя мятлушкі, і піхаць «пердуна» ўжо не ставала сілы. Нейкая хваравіта-млявая стома разьлілася па целе; Іван ня столькі пхаў матацыкал, колькі абапіраўся на яго, каб лягчэй было ісьці.

- Нічога, Ваня, зараз бальшак будзе... там дарога пакатая... завядзёмся... - мармытаў Лябёдка, і словы гэтыя зморана застывалі ў горле.

Калі да чурылаўскага бальшака заставалася ня болей, чым паўкілямэтры, паперадзе бліснула сьвятло, і натужліва застагнала машына. Каб не трапляць абы-каму на вочы, яны збочылі з праселіцы, прыхаваліся разам з матацыклам за кустамі.

Па прасёлку кратаўся, абмацваючы навакольле сьвятлом фараў, вуркатлівы «ўазік». Лябёдка праводзіў легкавік дапытлівым позіркам, жарынкі фараў ліхаманкава заскакалі ў ягоных вачах, і ён, утуліўшы голаў, ледзь чутна прашаптаў:

- Ці не мянты паехалі?

 

Цяжка сапучы, яны выкацілі «пердуна» на чурылаўскі гасьцінец. Пхнуўшы матацыкал апошнім разам, Іван паваліўся на халодны жвір, заплюшчыў вочы і па шоргату шын адчуў, што Лябёдка павярнуў не направа, у бок Чурылава, а ў супрацьлеглы бок.

- Праз Рамні паедзем. У Чурылаве павязаць могуць. Бачыў, «уазік» паехаў? - Лябёдка таргануў нагою понаж, але матацыкал нават ня чхнуў. - Уставай, Ваня, кілямэтраў празь пяць вёска будзе - там і заначуем.

... Ён ішоў, не адчуваючы пад сабою ног. Колькі разоў яго заносіла ў прыдарожную канаву, ён падаў, хвіліну-другую ляжаў нерухома і, лізнуўшы перасьмяглым языком заінелую травіну, падымаўся і зноўку тупаў па дарозе.

Лябёдка быў недзе далёка наперадзе. Напачатку зь цемры даляталі кароткія мацюгі, а потым усё аціхла, і навакольныя зыкі патанулі ў замарачным шуме, якім поўнілася галава. І ня чуў Іван ні шоргату ўласных крокаў, ні шапаценьня алешніку, ні брэху сабак удалечыні, і замарачны шум, які апанаваў сьвядомасьць, здаваўся яму пошумам вады ў інтэрнатаўскім душы. Ён стаяў пад цёплым дожджыкам, вада лілася на грудзіну, на плечы, казытліва зьбягала па сьпіне, і настылая душа ягоная расьцякалася разам з вадою ў акіяне цеплыні і лагоды. Паваліўшыся ў траву, ён на кароткую хвілю апрытомеў, разьмежыў павекі, але ўжо ў наступнае імгненьне замарач ізноў апанавала сьвядомасьць, і хваравіта-чырвоная імгла ізноў замітусілася ў вачах.

- Ваня, ты што?! - усё адно як як з пустой бочкі прагучаў знаёмы голас. - Падымайся... Недалёка ўжо... агні вунь сьвецяцца.

Яго падхапілі пад пахі, некуды пацягнулі; барвовы туман клубіўся навокал, і гарачкавыя патарочы падымаліся з туману, трывожачы душу сваімі неакрэсьленымі і страшнымі абрысамі.

Сьвядомасьць вярнулася зьнянацку. Ён на дзіва выразна пачуў ракатаньне рухавіка і адрывістыя галасы.

- З моста зваліліся. Мокрыя ўсе... - сіпла гукаў Лябёдка, і ў адказ яму нехта кашлянуў і гэтаксама прастуджана прамовіў: - Ну, дзе дружбан?

- Тут... трызьніць ужо. Два кілямэтры на сабе цягну.

Яго зноўку падхапілі, павялі да машыны, і ён, баючыся страціць прытомнасьць, перастаўляў непаслухмяныя ногі, хілячыся галавою да шырокага Лябёдкавага плечука.

 

IV

 

Прачнуўшыся, Іван акінуў хату няўцямным позіркам і са зьдзіўленьнем адчуў, што цела ягонае зрабілася бязважкім і што ён ня чуе ні рук, ні ног. Адчуваньне гэтае было такім яскравым, што Іван нават баяўся паварушыць чэлясамі: а раптам іх і сапраўды няма. Адарваўшы патыліцу ад падушкі, ён паварушыў нагою, а ўбачыўшы, як варухнулася коўдра, зморана апусьціў галаву на падушку.

У вушах стаяў лёгкі звон. Было такое ўражаньне, што вушы закладзеныя пульхнатай ватаю, і скрозь гэтую вату прарываліся гукі: мернае ціканьне ходзікаў і бязладная матчына гамонка.

- Хрося, бедная, б'ецца... Пятнаццаць кароў доіць, дзяцей даглядае... А гэты... толькі і глядзіць - дзе б хто бутэльку паставіў, - гаманіла на кухні маці, і Іван, прыслухаўшыся, зразумеў, што гаворка ішла пра Хведзьку Траяна.

- Зь сястрой судзіцца... І з-за чаго?!

- З-за гаўна! - пачулася за сьценкаю. Зьвяглівы голас гэты належаў загадчыцы сталовай.

- Колькі ён гэтага гною з фэрмы вывез! Табе, Пятроўна, скажы, дык не паверыш! Нават у Азярышча вазіў - ленінградцам, што хаты пакуплялі. Піў потым цэлы месяц.

- А чаго ня піць? - азвалася Пятроўна. - Карову ня дзержыць...

- Якая там карова! - маці бразнула талеркамі, прайшлася па кухні. - На карову сена трэба накасіць, ды падаіць а пятай раніцы... А жонка ж леная, як палка... Гаўна на лехі - і таго няма. Ад маткі цягнуць.

Сабраўшы сілы, Іван павярнуўся на бок, ложак ціха рыпнуў, і гаворка на кухні аціхла.

- Сьпіць, - шапятнула маці, адгарнуўшы фіранку. - Тры начы гарэў... раніцою толькі тэмпература спала. Пацеў жа - аійо! Не пасьпявала прасьціны мяняць. - Маці ўздыхнула, і голас ейны набыў пагрозьлівае адценьне. - Выправіўся... з п'янюгам гэтым... Лябёдчыха казала - з мосту зваліліся. Дзіва што... Вочы заліўшы, куды хочаш увалішся.

- Гэта ж мая Люська ўчора ў клюб хадзіла, - ледзь чутна прагугніла Пятроўна, падладжваючы свой зьвяглівы голас да матчынага шэпту, дык там Мішка Раднёнак, што на малакавозцы робіць, пра Лябёдку расказваў. Казаў, езьдзілі зь ім аж у Вялікарусію. Лябёдка тамака матацыкал у кустах кінуў. Паўдня шукаў, пакуль знайшоў. А потым мальцу нейкаму гарэлку вазілі.

- Гэта, відаць, шафёру, які іх прывёз, - прамовіла маці, адчыніла дзьверы, і Пятроўна, грукнуўшы ўслонам, запытала: - Ну што, пасунем?

Маці зь Пятроўнай выйшлі з хаты, а Іван, пазяхнуўшы ў жменю, кульнуўся на жывот і ў той жа міг заснуў. Спаў ён нядоўга і абудзіўся ад зыкаў, што даляталі з прысенку.

- Не пушчу! - грымеў, зумкаючы ў даёнках, матчын голас, і ў адказ ёй нехта прасьцюджана і басавіта паўтараў: - Па справе... гасьцінец перадаць... - Хвіліну ў прысенку зацята барукаліся, здушана крахталі, на падлогу звалілася даёнка, і прасьцюджаны бас прасіпеў: - Ды ня зьем я яго, халера!

Дзьверы адчыніліся, пачуўся сіплы кашаль, і толькі па гэтым кашлі пазнаў Іван таго, хто шчаміўся ў хату.

- Ну, падлюка, глядзі... Зараз участковага паклічу! - пакрыўджана вымавіла маці, а яшчэ празь імгненьне падчэпленая брылём моташлема фіранка памкнулася ўглыб сьвятліцы.

- Панавешвала тут, - буркнуў Лябёдка, блытаючыся ў фіранцы, а выблытаўшыся і ўбачыўшы Івана, зьняў з галавы шлем і вінавата пасьміхнуўся. - Ну як ты? - голас Лябёдкавы быў дарэшты зьнявечаны прастудай.

- Нічога, - адказаў Іван, кіўком галавы запрашаючы госьця прысесьці на ложак.

- Ледзь прарваўся, - Лябёдка паглядзеў у бок уваходных дзьвярэй, уздыхнуў і, ссунуўшы коўдру, сьцярожка прысеў на край пасьцелі: - Дык, кажаш, нічога?

- Нічога, - паўтарыў Іван і ў сваю чаргу запытаўся: - Як нага? Баліць?

- На мне, Ваня, як на сабаку - на другі дзень загойваецца. Вось толькі глытка ные, - левая Лябёдкава рука кранулася вафэльнага ручніка, якім была абкручана шыя, а правая скамечыла вушанку, якая ляжала на каленях.

Іван пазнаў сваю шапку.

- Во, шапка твая, - усхапіўся Лябёдка, - забыўся тады ў бабулі. Я ж зь Берасьцянкі еду. Завёз Мар'яне падсьвінка ды сто рублёў грошай даў. Добрая бабуля... Пра цябе спытвала. Даведалася, што хворы, дык забедавала. Во! - сябрук таропка выцягнуў з кішэні слоік з-пад гарчыцы, - мёду табе перадала... лякуйся.

Іван расчулена шморгнуў носам і, памаўчаўшы, запытаў:

- Дык я што... ну там, на дарозе, зусім вырубіўся?

- Вырубіўся, - кіўнуў Лябёдка. - Я цябе два кілямэтры на сабе цягнуў. Цягну, а ты мяне за вуха кусаеш ды просіш гарачую ваду адключыць. Трызьніў, напэўна. Добра яшчэ, невельскія хлопцы на ЗІЛе падвярнуліся. Да самай хаты давезьлі. Мы на заўтра ў Невель езьдзілі. З Раднёнкам. Пару пляшак паставілі, потым яшчэ ўзялі. Думаю во ў Невель падацца... Хлопцы тыя паабяцалі ў тэлеатэлье ўладкаваць. Так што, магчыма, хутка ў горад перабяруся. Хопіць ужо бычкоўскую гразь таўчы.

Лябёдка закашляўся, роспачна чхнуў, выцер нос ражком уціральніка, які спавіваў шыю. Пару хвілін яны маўчалі, потым Лябёдку зноў пачаў біць кашаль, і ён, прыкрыўшы даланёю рот, падняў з падлогі матацыклетны шлем.

- Ну што, Ваня... пайду, - вырвалася зь Лябёдкавай грудзіны, - а то мяне таксама дрыжыкі бяруць.

Калі за Лябёдкам зачыніліся дзьверы, Іван пакруціў у руках слоік і нечакана заплакаў. Ён і сам ня мог зразумець - адкуль зьявіліся гэтыя сьлёзы, што завілымі раўчукамі зьбягалі па скронях, і кот Барыс, які сядзеў на печы, са зьдзіўленьнем пазіраў на яго, сьвецячы ў паўзмроку сваімі зялёнымі вачыма.




Беларуская Палічка: http://knihi.com