epub
 
Падключыць
слоўнікі

Вінцэсь Мудроў

Зімовыя сны

- Пошел вон!! - гаркнул вдруг посиневший и затрясшийся генерал.

- Что-с? - спросил шепотом Червяков, млея от ужаса.

- Пошел вон!! - повторил генерал...

А.Чехов. «Смерть чиновника».

 

Промень сонца, што вырваўся з палону ружовай смугі, зрабіў сьнег невыносна бліскучым. Глядзець пад ногі не было як, таму ён прымружыўся, прыкрыў твар рукавіцай. Уваччу паплылі шэрыя плямы, а разам зь імі паплыў, гнаны гарачымі сьлязьмі, размыты відарыс трактара. Трактар стаяў на ўзьлеску і там, відаць, таксама былі забітыя, бо конь увесь час круціў галавой і наструнена пырхаў.

Ён выпусьціў з рук аброць, скінуў з плечука вінтоўку і, уторкнуўшы яе ў гостры грэбень сумёту, папраставаў па цаліку, правальваючыся ў сьнег па самыя сьцёгны.

Па полі зьмяілася дуйка. Дуйка ляцела некуды, вочы чапляліся за канцы віхурыстых пасмаў, і ён зьбіваўся зь кірунку, забіраючы ў той бок, куды дзьмуў вецер.

Калі да трактара заставалася ня болей дваццаці мэтраў, сьнег стаў такім глыбокім, што давялося паўзьці плазам, і гэта адбірала апошнія сілы. Зьнясілены, ён тыцнуўся тварам у сумёт, колькі часу ляжаў нерухома, а ўзьняўшы голаў, правёў рукавом па пераносьсі.

Гусенічны «сталінец» - дакладна такую гаргару прыгналі напярэдадні вайны і ў іх полк, - стаяў, упёршыся носам у вячыстую хвою, на мядзяным стаўбуры якой былі бачныя белыя меціны ад куляў.

«Зязюлі»... Забілі, відаць, трактарыста... Ехаў самапасам, пакуль на дрэва ня ўзьбіўся», - з гэтымі думкамі ён яшчэ раз агледзеў узьлесьсе і, стаўшы вокрач, папоўз да трактара.

Поўз доўга, да поўнай змогі, нават не падымаючы вачэй і спыніўся толькі тады, як стукнуўся галавой аб заінелую трактарную гусеніцу.

Над трактарам, над тым месцам, дзе павінен сядзець трактарыст, высілася паветка, на якой ляжала вялізная гурба сьнегу. Гурба мела даволі дзіўную форму - нагадвала ўзьбітую падушку, таму вочы міжволі затрымаліся на сьнежных пукатасьцях, а калі ён, нарэшце, зірнуў долу, дык убачыў Мікіту Пустасьвята - мэханіка іхнага палка. Так! Таго самага Пустасьвята, які ўвосень скраў з палкавой стайні казённы хамут і які, як казалі, падчас калектывізацыі забіў свайго бацьку-падкулачніка. Галава Мікітава была пакрытая інеем, а шырока расплюшчаныя вочы з жахам і зьдзіўленьнем пазіралі на трактарныя вагары.

Улякнуты, ён ступіў колькі крокаў назад, натыкнуўся на штосьці жалезнае і, плюхаючыся азадкам у сьнег, здагадаўся: наляцеў на сані. Па хрыбціне казытліва зьбягалі кроплі халоднага поту. Давялося зварухнуцца, напяць кашулю, а потым павярнуцца, адчуўшы непрыемны сьверб ля лапаткі. За сьпінаю тырчэла, кранаючыся шыняля, кашчавая рука з паабгрызанымі пальцамі.

Ён адхінуўся, капнуў пры гэтым сьнег і пад азалелай рукавіцай агалілася шчака са знаёмай радзімкай і клок рудых валасоў. Твар нябожчыка быў страшэнна зьнявечаны: ваўкі, а мо й лісы адгрызьлі нос, ад'елі верхнюю губу, але ён пазнаў свайго камандзёра і, правёўшы рукавом па заінелых пятліцах, з халодным спакоем убачыў палкоўніцкія «шпалы».

Дзесьці ўдалечыні стамлёна й цьмяна бухнула гаўбіца і з трактарнай паветкі ценькім раўчуком пасыпаўся сьнег.

«Фінская!» - апаліла сьвядомасьць трывожная думка; ён разьмежыў зьліплыя ад марозу павекі й панурыўся ў цёплую цемру роднае хаты.

Сэрца білася так, як ніколі дагэтуль: сэрца захлыналася гарачай крывёй, гатовае было вырвацца з грудзіны, і Яўхім падумаў было, што памірае, ды нечакана ў горле штосьці булькнула, сэрца сунялася, зрабілася як лядзяк халодным, і ён, глынуўшы паветра, перавёў дых.

На кухні тахкалі ходзікі, пад бокам сапла Агата, і да гэтых суладных гукаў далучаўся яшчэ адзін, глухі і няўцямны, які далятаў знадворку. Гэта біўся рагамі ў сьценку хлява баран Мікіта.

«Так і памерці можна», - падумаў Яўхім, кульнуўся на бок і прыціснуўся схаладнелай грудзінай да цёплай жончынай сьпіны.

Вось ужо каторым разам яму прысьніўся той сонечны марозны дзень, калі ён поўзаў па зьнямелых палях, выцягваючы са сьнежных магіл на дарогу скарчанелыя трупы. Сон гэты яму сьніўся амаль кожнае начы, і кожную ноч ён боўтаўся ў пульхнатым сьнезе, мружыўся на зыркае сонца, крычаў штосьці сваім таварышам, якія засталіся на дарозе.

За сорак гадоў шмат якія падзеі забыліся; вайна сталася чымсьці цьмяным, балючым і шэрым - гэтакім жа шэрым, як столь у сестрарэцкім шпіталі, на якую ён тры месяцы запар глядзеў заплаканымі вачыма, - але ў снах забытыя фарбы й гукі зноў ажывалі, і зноўку бухалі гарматы, і заінелыя елкі адбівалі нябесны блакіт, і вецер гудзеў у хвоях, адпяваючы занесеных сьнегам чырвонаармейцаў. У снах ён нават згадваў мянушку каня, на якім вазілі трупы, але, прачнуўшыся, адразу ж забываў, і рэха гэтага імя блукала ў спратах памяці, цьвелячы сваёй невыразнасьцю...

Паляжаўшы на левым баку, Яўхім лёг на сьпіну, у ходзіках тым часам штосьці стрэльнула й Агата, пакінуўшы сапці, прыспана запыталася:

- Чаго ты?

Яўхім, як заўсёды, прамаўчаў, а жонка з вохканьнем вылезла з-пад коўдры і, прыкрыўшы даланёй зяхлівы рот, няроўнай хадой пайшла на кухню.

- Забіў, відаць, некага на вайне - вось і сьняцца нябожчыкі. Зайшоў бы калі ў царкву, сьвечку паставіў... Яно б і адлягло ад сэрца... - за сьценкаю пачуліся ўздыхі і непрыемны - як да ночы - бразгат лыжкі аб конаўку. Жонка дала яму папіць нейкай саладжавай вады, перахрысьцілася на цёмны кут і спрытна падбілася пад коўдру.

- Мо не паедзеш? А то зноўку сэрца схопіць, - прамовіла Агата, а Яўхім, нічога не сказаўшы, закінуў рукі за патыліцу й пакутліва ўздыхнуў.

Баран Мікіта больш ня бухаў у сьценку, жонка прыціхла й не сапла ля вуха - навокал стала ціха, і толькі ходзікі мерна тахкалі ўпоравень зь біцьцём неспакойнага сэрца.

«А можа сапраўды ня ехаць?» - падумаў Яўхім, але тут жа згадаў пра ўнука ды пра наладаваную салам валізу, другім разам уздыхнуў і, выдыхаючы паветра, варухнуў губамі: - Трэба ехаць.

У ходзіках зноў штосьці стрэльнула, ківач затахкаў часьцей, а разам з ківачом гэтак жа імпэтна забілася сэрца. Неўзабаве тахканьне запаволілася, і Яўхім зь лёгкім спалохам падумаў - што будзе, як гадзіньнік спыніцца? Думка гэтая не давала спакою. Старому прымроілася, што Агата забылася падцягнуць гіру й тая вось-вось кранецца падлогі. Кульнуўшыся колькі разоў са сьпіны на бок і наадварот, ён урэшце пералез цераз жонку і ў адказ на сіплы вокліч: - Куды ты? - незадаволена буркнуў: - На вядро.

Гіра, вядома ж, вісела дзе трэба. Падцягнуўшы яе на пару зьвёнаў, стары бязгучна вылаяўся, пайшоў, абмацваючы цямноцьце, у сені і там, натыкнуўшыся на валізу з салам, ізноў мацюкнуўся - гэтым разам голасна і брыдка.

Да ложку вяртаўся на дыбачках, дакладней, на шасьцёх ацалелых пальцах. У сенцах панаваў холад, і пяткі ўраз скачанелі. Залезшы пад коўдру, ён прытуліўся чэравам да жончынага азадка, і Агата, якой, відаць, абрыдла ягоная бессань, рашуча адсунулася на край пасьцелі.

- Зноў цісьнеш свае сцанікі!

Падштанікі былі, як заўсёды, мокрыя. Яўхім адвярнуўся да сьценкі, падсунуў да жонкі акалелыя пяткі, з крыўдаю ў голасе прамовіў:

- Сьпі ты, халера!

- Засьнеш тут... Пяты раз будзіць... - абурана прашаптала Агата, потым прамармытала яшчэ нешта, але зусім няўцямна і праз пару хвілін ізноў заснула, засопшы як і раней - салодка і аднастайна.

 

На фінскай вайне, якая сьнілася па начах, Яўхім, можна сказаць, ні разу і ня стрэльнуў. Пра тое, чым давялося займацца ў складзе дзеючай арміі, стары ніколі нічога не казаў, а калі хто й пачынаў роспыты, ніякавеў і, адвёўшы ўбок вочы, прамаўляў:

- Ды так... ваявалі...

Нічога не казаў ён і жонцы Агаце. Ды тая, зрэшты, ня надта й цікавілася ягонымі подзьвігамі. Жонка па-свойму тлумачыла такое маўчаньне і кожнага разу пасьмейвалася, калі ён чапляў напярэдадні дня Перамогі жоўтыя медалькі. А аднойчы, калі да іх прыйшла маладая настаўніца, каб запрасіць вэтэрана фінскай вайны на школьную вечарыну, грымнула чыгунамі і жартам заўважыла:

- Знайшлі героя... Сядзеў у балоце, абасраўшыся, пакуль не абмерз увесь.

Што й казаць: крыўдныя былі словы. Але Яўхім і брывом не павёў. У душы нават падзячыў Агату, бо настаўніца неўзабаве разьвіталася й зьбегла з хаты. Выступаць перад школьнікамі ён зусім ня ўмеў, ды і пра што мог расказаць? Як цягаў адубелых нябожчыкаў? Бо менавіта гэтым і давялося займацца на вайне зь белафінамі.

Праўда, была адна падзея на векапомнай фінскай вайне, пра якую ён зрэдзьчасу апавядаў: ці то зяцю, калі прыяжджаў у горад, ці то суседу Андросаву, кульнуўшы зь ім па чарцы. Гэта была нават не падзея, а так - дробны эпізод. Аднак Яўхім казаў пра тое з хваляваньнем у голасе, а на добрым падпітку дык і са сьлязою на вачах. І апавядаў ён пра сустрэчу з камандармам Сямёнам Канстантынавічам Цімашэнкам.

- Выйшаў з машыны... высокі такі... у кажуху - і побач ардынарац...

Глухаваты Андросаў слухаў аповед, не да месца ківаў галавой, а ўпіхнуўшы ў рот жменю кіслай капусты, таропка, нібыта той заяц, варушыў сківіцамі.

Пілі звычайна ў суседавай хаце й кожнага разу, пачуўшы Яўхімавы байкі, на кухні ўсхліпвала старая Андросіха. У старой на фінскай ваяваў родны брат, якому пасьля першага бою ампутавалі абедзьве нагі, і хаця брат застаўся жывым і дагэтуль смуродзіў сьвет недзе на Ўрале, суседка бедавала па ім як па нябожчыку.

- Казаў... выкінулі, бедненькіх, на лёд... Мароз сорак градусаў, а яны ў баціначках. Так і памерзьлі ўсе.

Плаксівы бабскі голас псаваў настрой. Яўхім хітаў галавой, тушыў у кансэрвовай бляшанцы недакурак і панура цягнуўся за бутэлькай.

 

Камандарма Цімашэнку - хаця й здалёк - Яўхіму лёсіла ўбачыць у студзені 1940 года, на ўскраіне Сестрарэцку. У той дзень іх санітарная каманда - дарэшты стамлёная й зьлёгку вашывая, - рушыла, а дакладней кажучы - бегла, бо мароз працінаў да касьцей - у лазьню й нечакана хтосьці зь пярэдніх шыхтоў улякнута прамовіў:

- Камандуючы фронтам!

Усе разам замёрлі, стаілі дыханьне й Яўхім пачуў, як недзе наперадзе загула, а потым суціхла легкавушка. Ён ішоў апошнім, таму нічога ня бачыў, а калі стаў на дыбачкі ды выцягнуў шыю, дык згледзеў фарбаваную ў белае «эмку», што буксавала наўскрай дарогі, па самы бампэр панурыўшыся ў сьнежную кашу. Ля легкавушкі стаялі двое - перацягнуты рамянямі маладзён у бліскучых ботах і яшчэ нехта - мажны, шыракаплечы, які, раскінуўшы крысьсё кажуха, паліваў сьнежны бруствэр узбочыны.

На марозе чуваць далёка, таму да вушэй Яўхімавых даляцеў пошум струменя, які сьвідраваў зьляжалы сьнег, два кароткія выхлапы, якія, зрэшты, прыглушыў рыплівы тупат маладзёна й ягоны нецярплівы вокліч:

- Давай сюды!

Першым ачуўся старшына Дабіжа. Выгукнуўшы прозьвішчы трох чырвонаармейцаў, што стаялі ў першым шыхту, Дабіжа пабег, па-бабску раскідваючы цыбатыя ногі, а сьледам, рупячыся ісьці нага ў нагу, рушыла пакліканая ім тройца. На статутнай адлегласьці старшына прыклаў далонь да скроні, пайшоў парадным крокам, але той, у кажуху, незадаволена таргануў галавой і, зашпіліўшы прарэх, нацягнуў на рукі пальчаткі.

- Цімашэнка! Без аховы... - шапталіся зьлева і справа й Яўхім стаяў, зьбянтэжаны і ачараваны, і рой бязладных думак гарачымі іголкамі калоў патыліцу. «Няўжо гэта той Цімашэнка? Той славуты камандарм першага рангу, пра якога пішуць у газэтах і які прыехаў даць дыхту нахабным белафінам...»

І вось ужо «эмка», піханая санітарамі, выехала на сярэдзіну дарогі, перацягнуты рамянямі маладзён адчыніў дзьверцы, а камандарм, сказаўшы штосьці Дабіжу, падышоў да легкавушкі. Аднак, што было потым, Яўхім ня бачыў. Нехта зь першых шыхтоў зварухнуўся, захінуў відасяг і як ён ні цягнуў шыю, выглядаючы Цімашэнку, анічога болей ня ўбачыў. Пачуў толькі, як легкавушка, стрэльнуўшы выхлапнымі газамі, скранулася зь месца, а потым загула дзесьці праваруч, завярнуўшы, відаць, у завулак.

Да лазьні маршыравалі, ня чуючы пад сабою ног, з паходнай песьняю на вуснах, а датупаўшы да камяніцы, на фасадзе якой вісеў кавалак дыхты з надпісам «санобработка», пачалі, перабіваючы адно другога, дзяліцца ўражаньнямі ад сустрэчы з камандармам.

«Што, што ён вам сказаў?» - пыталіся ўсе чырвонаармейца Сівалапа, якому пашчасьціла піхаць «эмку», і Сівалап, вытрымаўшы паўзу, прамаўляў:

- Спасіба, хлопцы.

«Спасіба, хлопцы», - бязгучна паўтараў Яўхім, і прытоена-шчасьлівая ўсьмешка кранала ягоныя вусны. Ён паўтарыў гэтыя два словы шматкроць: калі здымаў брудныя споднікі, калі, па загаду нейкага акулярыстага здыхлі, змазваў ліпучым квачом пэўныя мясьціны на сваім целе, і потым, калі вадзіў пляскатым змылкам па ўпалай грудзіне. Змылак той, спавіты валасьнёй, дрэнна мыліўся, але ён не заўважаў гэтага, і з твару ягонага не зьнікала анёльская ўсьмешка.

«Гэта ж трэба - самога Цімашэнку пабачыў», - думаў Яўхім, і сьвет брыніў уваччу й зыкі, што даляталі з парыльні: ляскат венікаў, сыканьне распаленых камянёў, лямант чырвонаармейца Сівалапа, які расьціраўся прынесеным знадворку сьнегам, - паволі аддаляліся, ператвараліся ў няўцямны гул, і сэрца ягонае таяла, не раўнуючы, як сьнежны камяк на сівалапавым азадку ад невыказнай любові да камандарма.

Ён і сам ня мог зразумець - чым так ачараваў яго камандарм, але пачуцьцё, якое нарадзілася ў той міг, не мінала, набываючы рысы ціхага шаленства. Праз паўгадзіны, ідучы бадзёрым крокам на станцыю, Яўхім спрабаваў угледзець тое месца, дзе стаяў Цімашэнка, але было ўжо прыцемна, ды і ўзбочыну тую замілаваў ня толькі камандуючы. А яшчэ праз пару тыдняў, патрапіўшы ў шпіталь, ён кожнага дня прасіў медсястру прынесьці яму «Красноармейскую правду» і ў змроку зімовага дня мядзьведзявата гартаў забінтаванымі рукамі газэціну, шукаючы на старонках прозьвішча камандарма. Ну а ў траўні таго ж саракавога году, вяртаючыся пасьля шпіталя дахаты, Яўхім пачуў па радыё паведамленьне аб прызначэньні Цімашэнкі Сямёна Канстантынавіча наркамам абароны й цёплая хваля пачуцьця ізноў падкацілася да сэрца. Было гэта на станцыі Дно.

Яўхім сядзеў на мулкай энкапээсаўскай лаве, глядзеў на чорны квадрат рэпрадуктара й з сардэчным клёкатам у горле казаў бязногаму кавалерысту, што сядзеў на другім канцы лавы:

- Бачыў яго як цябе зараз.

І кавалерыст, які таксама вяртаўся з фінскай кампаніі, ледзь чутна мацюкнуўся ў адказ.

Потым была яшчэ адна вайна, на якую яго не ўзялі па прычыне адсутнасьці трох пальцаў, потым ізноў прыйшлі Саветы і была страшэнная галадуха і акурат у той час, як у Бычках скончылася апошняя бульба, Яўхім надумаў напісаць Сямёну Канстантынавічу ліста. Дзеля гэтай мэты сьцягнуў нават аркуш паперы ў сельсавеце. Але, сеўшы пры стале й тыцнуўшы ручкаю ў каламар, зразумеў: пісаць, уласна кажучы, няма пра што.

У сорак дзевятым маршала Цімашэнку перавялі з Паўднёвага Ўралу на Беларусь - камандаваць акругай. Пачуўшы пра гэта, Яўхім ізноў сеў пісаць ліста, а крыху пазьней стаў садзіць за стол і дачку Анюту. Пыхкаючы цыгаркаю, ён звычайна дыктаваў толькі адну фразу: - Здравствуйте Сямён Канстантинович, - потым змаўкаў, мружыўся на заседжаную мухамі лямпу і зрэшты рэшт асуджана махаў рукою.

А гадоў дзесяць таму, убачыўшы ў «Известиях» маршальскі партрэт у жалобнай асадзе, Яўхім абамлеў і, не апрануты, - а быў самы пачатак красавіка, - пабег у бычкоўскую краму. Гарэлкі ў продажы, вядома ж, не было, але магазыншчыца, пабачыўшы неапранутага наведніка, выдала пляшку з уласнага запасу, а цёткі, што стаялі ля прылаўка, пры гэтым наструнена зашморгалі насамі.

Увесь той день ён адседзеў на кухні, невідушча глядзеў у вакно, за якім мільгалі жаночыя галовы й чулася адно і тое ж пытаньне: - Ці памёр хто? - і напаўголасу сьпяваў «Красноармейскую походную». Увечары, дапіўшы рэшту гарэлкі, Яўхім выцяў з газэты маршальскі партрэт і з дапамогаю мыла прыляпіў над рукамыйнікам.

- Зусім зьдзіцянеў... Чорта лысага лепіць... - прамовіла той хвіляй Агата й ён так зыркнуў на жонку, што старая выпусьціла з рук абярэмак дроў і сьпехам выкулілася з хаты.

І цяпер кожнага ранку, падстаўляючы прыгаршчы пад носік рукамыйніка, Яўхім касіў вока на пажоўклы здымак і толькі пасьля гэтага плюхаў на твар халоднай вады.

 

На вайсковую службу Яўхіма павінны былі ўзяць увосень 1934 года, але ня ўзялі па здароўі. Тры гады хаваўся недалуга Яўхім ад грэблівых дзявочых позіркаў, а ў трыццаць сёмым убіўся на працу ў эмтээсаўскую сталоўку - мыў там талеркі, калоў дровы ды насіў ваду з калодзежа, - ад'еўся на дармавых харчах і неўзабаве быў узяты ў войска. Служыць давялося ў артылерыйскім палку, які стаяў у мястэчку Ідрыца. Да гаўбіц яго, аднак, не падпускалі - тры гады завіхаўся ля коней на палкавой стайні. Ну а ўвосень трыццаць дзевятага, адслужыўшы прызначаны тэрмін, пачаў рыхтавацца да дому: цішком сушыў сухары, прыхаваў на гарышчы стайні чатыры кавалкі цукру, але акурат тым часам фінская ваеншчына ўсчала правакацыі на граніцы й пэўнай начы іхны полк узьнялі па трывозе. Станцыя Ідрыца - маленькая, хаця й вузлавая, - за ўсю сваю гісторыю ня бачыла такога вэрхалу, які панаваў у тую ноч... Цягам некалькіх гадзінаў чырвонаармейцы ўсьпёрлі на пляцформы цяжкія гарматы, загналі ў цяплушкі коней, загрузілі фураж і на трох эшалёнах выехалі ў накірунку Пскова.

У вапошнім вагоне «конскага» эшалёну выправіўся ў далёкі сьвет і чырвонаармеец Яўхім. Цэлыя суткі ляжаў ён на мяхах з аўсом, пацепваўся ад халадэчы і сумнымі вачыма глядзеў на пралом у даху старога пульмана.

У праломе шарэла асьлізлае неба, дрыжэлі цьмяныя зоркі, гарэла ранішняя палымніца, чорны паравозны дым засьціў халодную чырвань, і душа Яўхімава не знаходзіла сабе месца ў стылай грудзіне. Яна, душа, трымцела ў чаканьні невядомага, прагла вырвацца вонкі, і вось, дзесьці пад Ленінградам, калі Яўхім канчаткова зьмерз і ад халадэчы пачаў трызьніць, душа ягоная пакінула грудзіну, сіганула ў пралом і паляцела разам з барвова-чырвоным дымам назад у Ідрыцу. Яўхім убачыў хвост цягніка, убачыў нейкую асьнежаную станцыю, доўгі шыхт пакгаўзаў і салодкае здранцьвеньне - падобнае на тое, якое ён зьведваў у дзяцінстве, калі маці перабірала пальцамі ягоныя валасы на макаўцы, -да краю напоўніла разьняволеную душу. Дзесьці ўдалечыні гучалі людзкія галасы, штосьці грымела і бухала, гуло і стагнала, ён наструніў слых і пачуў, як аднекуль - ці то з бочкі, ці то з таго сьвету прасьцюжана гракнуў старшына Хамук:

- Ты шчо там... вмэр? Выгружай фураж!

Душа вярталася ў цела зь неахвотаю. Яўхім ачуўся, паспрабаваў падняцца, але ня здолеў нават паварушыць спруцянелымі пальцамі. Нейкая магутная сіла страсянула яго, паставіла на ногі, і яшчэ праз імгненьне ён выляцеў з пульману, балюча стукнуўшыся лобам аб край дзьвярнога вушака.

У заінелай галаве гуло і шумела. Усе навакольныя зыкі - конскае ржаньне, надрыўныя паравозныя гудкі, мацюгі старшыны Хамука зьліліся ў адзін працяглы гул, і Яўхім, ужо ўзваліўшы на карак мех з аўсом, аніяк ня мог уцяміць - дзе ён, што зь ім і якая гэта халера ўсьпёрлася яму на сьпіну.

Потым ён, аглухлы й невідушчы, цягаў мяхі з вагона, старшына Хамук біў яго нагой пад зад - каб хутчэй варушыўся, - пасьля шостага ці сёмага высьпятку Яўхім упаў у сьнег, і ў гэты момант слых і зрок дарэшты праясьнелі. Ён пачуў, як недзе непадалёку ўдарылі капыты па сходнях, як ля вуха чхнуў старшына Хамук і як на другім баку эшалёну хтосьці па-хахляцку закрычаў:

- Хлопці, шчо за станція?

- Белавостраў... Белавостраў... - шматкроць паўтарылі навокал, і Яўхім пачуў вокліч, які прымусіў яго схамянуцца і ўстаць на ногі.

- Эй, Хамук, давай сюды трох чалавек, - крыкнуў ад суседняй цяплушкі палкоўнік Хаміцкі.

Палкоўнік стаяў на пагорку - відаць, гэта быў чыгуначны тупік, а побач зь ім завіхаўся, махаючы рукамі, дзядок у белым халаце.

- Раненых трэба вынесьці... - пасьпеў крыкнуць кампалка, перш чым голас ягоны пакрыў сіпучы паравозны гудок. Палкоўнік крычаў яшчэ нешта - вялікая радзімка дрогалася на няголеным твары, - але паравоз гудзеў як ашалелы і ад таго гуду скаланалася зямля пад нагамі.

... Яны беглі ўздоўж доўгага шыхта вагонаў, сьледам трухаў сівы дзядок, і ў сьпіну ім ляцеў ваяўнічы палкоўніцкі лямант:

- Даю трыццаць хвілін! Праз паўгадзіны дарога мусібыць вольнай!

Будынак станцыі быў запоўнены раненымі: яны ляжалі на насілках, ці то проста на падлозе, гучна стагналі, скрыгаталі зубамі; у паветры вісеў пах крыві і карболкі, і ў Яўхіма ад усяго гэтага закружылася галава й халодны камяк падкаціў пад горла. Ванітаваць, на шчасьце, не было чым і не было калі. Ён змучана вякнуў, праглынуў агідны камяк і, ухапіўшыся за ручкі насілак, патупаў да выхаду, утаропіўшыся на сьпіну напарніка - нізенькага каржакаватага санітара.

Праз гадзіну, страшэнна стамлёны, ён праводзіў вачыма санітарны цягнік, у які заносілі раненых, сьледам за ім міма праплылі пляцформы са спавітымі ў брызэнт гарматамі, потым вагоны з конскімі пысамі ў проймах разнасьцежаных дзьвярэй і, нарэшце, з жахам убачыў свой пульман, які шарым прывідам праплыў у вечаровым паўзмроку.

- Што стаіш? Раненых прывезьлі! - крыкнулі за сьпінаю, потым ляпнулі між лапатак, нарэшце далі па карку, а ён усё стаяў, атарапелы, неадрыўна пазіраючы ў той бок, дзе асядаў паравозны дым, дзе тырчэў сэмафор і дзе ляжалі, зваленыя ў кучу, мяхі з фуражом.

Адстаць-адбіцца ад сваіх - справа не жартоўная. Гэта ўсё адно што дэзэртыраваць. У вачох Яўхімавых паўстаў плякат, які вісеў у палкавой сталоўцы й на якім быў намаляваны гэты самы дэзэртыр і левую нагу ягоную апанавалі нэрвовыя дрыжыкі. Праз хвілю-другую магчыма б і ўвесь ён закалаціўся, ды тут напарнік-санітар агрэў яго па сьпіне насілкамі і роблена-бадзёрым голасам выгукнуў:

- Не сумуй, артылерыя... Далёка ня зьедуць. Праз тры кілямэтры граніца.

Там, наперадзе, сапраўды штосьці бухала, зусім па-чалавечы стагнала й рыкала, а прыцемнае неба раз-поразу асьвечвала барвовая палымніца.

Пасьля такой навіны заставалася толькі аддзьмуцца. «Нічога, сёньня пацягаю раненых, а заўтра даганю сваіх», - падумаў тады Яўхім і пабег за напарнікам, на хаду спавіваючы абрыўкам бінта змазоленую руку.

Аднак ні на заўтра, ні ў наступныя дні даганяць сваіх ён так і ня выправіўся. Ад ранку да ночы цягаў раненых - выгружаў іх з вазоў і машын, заносіў у будынак вакзала, адтуль - у санітарны цягнік; спаў па чатыры гадзіны ў суткі, падбіўшыся пад бок якому-небудзь нябожчыку і, нагледзеўшыся людзкіх пакутаў ды наслухаўшыся страхаморлівых аповедаў, зусім ня прагнуў ісьці на штурм лініі Манэргейма.

Неўзабаве грымнулі маразы. Маразы былі такія лютыя, што нават напарнік - сібірак Кармунін - дзівіўся такой халадэчы, - і на станцыю пачалі падвозіць ня толькі раненых, але й абмарожаных. У асноўным, гэта былі чырвонафлётцы, што выправіліся на вайну ў зрэбных бушлатах ды закарэлых чаравіках, і Яўхім, цягаючы абмарожаных балтыйцаў, у душы слаў падзякі сівому дзядку - ваенлекару 2-га ранга Прыбышэўскаму, які ня даў яму памерці на марозе.

Блізу месяца завіхаўся ён каля раненых, а пасьля Новага году, калі на фронце ўсталяваўся зацішак, яго й яшчэ двух санітараў паслалі зьбіраць на абшарах былых баёў трупы забітых чырвонаармейцаў.

На мейсца прызначэньня ехалі ў кодабу інтэнданцкага грузавіка, разам з кажухамі і валёнкамі, а прыехаўшы ў нейкі фінскі пасёлак, атрымалі па пяць сухароў, кудлатага каня-«мангола» і апэратыўны загад: агледзець навакольны лес, выцягнуць адтуль усіх забітых - як нашых, так і фінаў, а выявіўшы сярод трупаў камкора ці палкоўніка, тэрмінова паведаміць пра тое камандаваньню.

Там, на ўзьлесьсі, Яўхім і натыкнуўся на палкоўніка Хаміцкага і ад тае пары палкоўнік, а дакладней, ягоны зьнявечаны лісамі труп прыходзіў у сны, спыняючы на імгненьне збалелае сэрца.

 

Зімовымі ранкамі, калі вочы самі сабою заплюшчваюцца, каб ня бачыць сьвятла, якое цэдзіцца з кухні, адзінае, што лагодзіць пагляд, гэта малінавыя бліскі - адбіткі агню ў печы. Бліскі бягуць па цёмнай столі, дрыжаць і мітусяцца, не раўнуючы як месячнае сьвятло на неспакойнай вадзе і калі доўга глядзець на тое мігценьне, губляецца адчуваньне часу і асавелая галава аніяк ня можа ўцяміць: што на дварэ - позьні вечар, ноч, альбо раніца.

Гэтым разам, аднак, галава была на дзіва сьветлаю й адбіткі агню, што мітусіліся на столі, ня толькі не лагодзілі зрок, але й выклікалі лёгкае раздражненьне. Раздражнялі, зрэшты, ня толькі бліскі, але і тупы боль у сэрцы, трэск асінавых дроў, ды шапатлівыя жаночыя галасы на кухні: апошнім часам суседка Андросіха займела звычку завітваць у хату з цёмнага ранку.

Ён ужо зьбіраўся быў рыпнуць ложкам, даючы зразумець, што прачнуўся, але нечакана перадумаў і, паклаўшы далонь на тое мейсца, дзе білася сэрца, наструніў слых.

- ...У талерку дзьве сталовых лыжкі. Але толькі ў суп. У кашу нельга. Другую лыжку будзе ўліваць - хай перахрысьціцца і скажа: - Спрахні, зельле! Адчапіся, гарэлка праклятая!

- Ці дапаможа? - азвалася на андросішыны словы Агата.

- Дапаможа. Хай толькі кожны дзень дае... У Халімоніхі сын быў зусім сьпіўся. Ужо й на людзей кідаўся. Дык казала: дала два разы, цяпер нават на Новы год ні кроплі ня выпіў.

Хвіліну на кухні было ціха, аж неўзабаве ў печы засіпелі мокрыя дровы й Агата, яшчэ раз уздыхнуўшы, прамовіла:

- Баюся і выпраўляць... Мінулы раз паехаў, дык сэрца схапіла. І цяпер во на сэрца жаліцца... Кульнецца дзе-небудзь... Сёньня й сон дрэнны сьніла. А як пайшла вочы прамываць, дык... ці паверыш... вунь той... лысы з газэціны... нібыта жывы паглядзеў. У мяне нават усё абарвалася.

Слухаць далей гэтую лухту не было як, таму Яўхім кашлянуў у жменю й рашуча кульнуўся на левы бок. Старыя спружыны жаласьліва застагналі, Агата, у сваю чаргу, бразнула засланкаю, а суседка падхапілася на ногі і голасна, каб было чутна яму, Яўхіму, галёкнула:

- Ну дык зьбірайцеся. Васька ўжо запраўляцца паехаў.

Праз пару хвілін, калі жанкі падаліся на падворак, Яўхім падняўся з ложка, няроўнай хадой пайшоў да рукамыйніка. Набраўшы вады ў прыгаршчы, ён па старой завядзёнцы зірнуў на пажоўклы здымак і маршал - гэта было бачна дарэшты выяўна, - хітнуў галавой і па-змоўніцку міргнуў левым вокам.

 

Васілёва малакавозка загула ля весьніц, калі ўжо зусім разьвіднела. Пачуўшы надрыўны сыгнал, Яўхім выйшаў на ганак, нетаропка прывязаў да ручкі валізы канапляную шворку - цягнуць валізу трыма пальцамі не выпадала, таму даводзілася абкручваць вяроўчыну вакол цэўкі рукі і, такім чынам, можна было несьці ня толькі аполец сала зь вянком цыбулі, але й цэлага кабана, - і пад неадчэпнае мармытаньне Агаты: «Ідзі ж ты жвавей... на дызель спозьнішся», рушыў да весьніц.

У кабінку залез з дапамогаю Васіля, а перавёўшы дых, прымасьціў між ног валізу.

- Ды не цягай левай рукой, а то зноў сэрца схопіць... Чуеш?

- Чую! - адмахнуўся ён ад жончыных парадаў і зь нецярплівасьцю кіўнуў Васілю.

- Ваду замоўленую адразу ж і аддай. Ды глядзі каб Хведзька ня бачыў... - пасьпела сказаць Агата, перад тым як Васіль, наваліўшыся яму на калена, ляпнуў дзьверцаю, націснуў на газ і старая, сілячыся перакрычаць гудзеньне рухавіка, бязгучна заварушыла губамі.

Да станцыі яго, як заўсёды, падкідваў андросішын сын Васька, які шторанку вазіў малако ў Азярышча.

Васька быў хлопцам маўклівым і дзікаватым. Меў ужо трыццаць гадоў, але дагэтуль халасьцякаваў, ня піў гарэлкі, не паліў і з тае нагоды быў празваны Баптыстам. З Васькам можна было даехаць да Азярышча, а то й да самога Віцебску, куды зрэдзьчасу ганялі малакавозку і не пачуць ад яго аніводнага слова: сядзіць, маўчыць, круціць руль і панылымі вачамі паглядае на дарогу.

Сама Андросіха тлумачыла сынава маўчаньне і непітушчасьць тым, што падчас радзінаў павітуха цюкнула, па неасьцярожнасьці, немаўля галоўкаю аб край тапчану й дзіцёнак пасьля таго тры дні не смактаў малака й ня плакаў. Андросіха распавядала пра ўсё гэта не бяз гордасьці, шкадуючы, што й астатніх Васілёвых аднагодкаў, якія ўсе чыста сьпіліся, свойчас ня цюкнулі галовамі аб край тапчана.

Праўда, хоць з Ваські Андросава й пасьмейваліся ды называлі Баптыстам, але ўадначас і паважалі: перш ад усяго за лагодны характар. Баптыст нікому не адмаўляў у дапамозе, прычым рабіў людзям дабро моўчкі, зь ледзь прыкметнаю ўсьмешкаю на твары. Вось і цяпер, пад'ехаўшы да клюба, ён спыніў машыну, непаропка вылез з кабіны і пайшоў да клюбных дзьвярэй, ля якіх стаялі бляшанкі з кінастужкай. Бляшанкі тыя трэба было завезьці ў кінапракат, здаць па акту й атрымаць наўзамен новы фільм. Пазіраючы ў люстэрка задняга агляду на Баптыста, які прытарочваў скрыні да борта малакавозкі, Яўхім міжволі згадаў Юрку Раднёнка, зь якім дабіраўся да Азярышча мінулым разам. Юрка - Васьчын зьменшчык і горкі п'янюга, - ледзь не штовечару піячыў у кінабудцы, але ўсё адно, мацуючы скрыні да борта, уголас мацюкаўся, а потым да самых Балбекаў апавядаў - як яму абрыдла важдацца з гэтымі «кінамі».

Убіўшыся ў кабінку, Баптыст працёр анучкаю запацелую шыбу, кінуў анучку ў «бардачок» і толькі тады націснуў понаж газу. Па вясковай вуліцы праехаліся лецьмя, уздымаючы ўгору пульхнаты сьняжок, што выпаў з ночы, а павярнуўшы на азярышчанскі бальшак, паехалі павольней. За шыбаю праплыла хата старой Карпачыхі, закінуты калодзеж з асьверам, прыцярушаныя сьнегам яблыні і калгасная сталоўка, на ганку якой стаяла паварыха Пятроўна і, мяркуючы па ўсім, завіхалася зь непадатным замком.

Натужлівае выцьцё матора нарадзіла ў сэрцы неспакой. Яўхім павярнуў голаў, прыціснуўся шчакой да бакавой шыбы, спрабуючы ўгледзець родную хату, але нічога не ўгледзеў апроч узьнятай коламі завірухі і, уздыхнуўшы, перавёў позірк на дарогу.

Машына тым часам агорала пад'ём, пайшла жвавей; у скронь ударыў струмок халоднага паветра і ён, гэты струмок, выпетрыў з галавы тужлівыя думкі. Галава зьлёгку закружылася, сэрца забілася часьцей, а ля гатаўскай павароткі, калі з-пад колаў выскачыў ашалелы заяц, забілася так імпэтна, што давялося пацерці схаладнелыя грудзі гарачай даланёю. Васька пасыгналіў увасьлед вушастаму дуроніку, а Яўхім, удыхнуўшы паветра, ашчадна кашлянуў у жменю і, зь невядомай прычыны, падняў ды зноўку паставіў ля ног сваю цяжкую валізу.

Дарога ад Бычкоў да Азярышча на дзіва аднастайная: кусты, слупы, рэдкія масты праз ручаіны і на ўсім прасьцягу толькі адна вёска, ды і тая на тры хаты. Адразу за гатаўскай павароткай дарога забірае ўлева, бяжыць уздоўж Гатаўскага возера і змучаныя бясконцым мільгаценьнем кустоў вочы апаноўвае сьнежная роўнядзь. Упоперак белага цаліку віецца працярэбленая рыбакамі сьцяжына. Вочы чапляюцца за яе, потым губляюць, веі паволі зьліпаюцца; у замарачным гудзе малакавозкі Яўхіму чуецца конскае пырханьне і машына, тузануўшыся раз астатні, спыняецца. Ён адчыняе дзьверцы, апускае нагу на прыступку - хвілю стаіць незварушна, а потым скача на сьнег і прастуе па цаліку, мерачыся ўзьбіцца на сьцяжыну.

Ззаду цяжка сапе Рыжык... Ён азіраецца, махае рукой старшыне Дабіжу. Старшына канчаткова выбіўся з сіл: стаіць, ухапіўшыся за дугу і, панурыўшы голаў, пускае густую сьліну.

Яшчэ зранку тут была наежджаная танкеткамі дарога, а пасьля завірухі ад дарогі не засталося й сьледу і яны не маглі даць рады прабіцца на другі бок возера.

Ён яшчэ раз азірнуўся і пачуў як на супрацьлеглым беразе штосьці бабахнула й навакольле напоўнілася злавесным сьвістам. Хваля пругкага паветра ўдарыла ў сьпіну і, падаючы, ён убачыў шэры слуп вады, які ўзьняўся на тым мейсцы, дзе стаяў Дабіжа. Сьнег пад ім набрыняў вадой; ён паспрабаваў устаць і новы выбух узьняў яго ў паветра, убіў тварам у сьнег. Грудзіна ўмэнт узмакрэла - спачатку ад гарачага поту, а потым ад сьцюдзёнай вады і калі апаў сьнежны пыл, вушы напоўніліся шалёным конскім ржаньнем. Небарака Рыжык чабохтаўся пасярод вялікай палонкі, а потым, уськінуўшы ўгору абрубак нагі, зьнік зь відавоку і толькі адна аглобля засталася тырчэць у калыхлівым шарашу, паволі хітаючыся ў бокі.

- Рыжык! - хацеў крыкнуць Яўхім, але ня змог удыхнуць паветра і, ратуючыся ад удушша, стукнуўся галавой у шыбу.

Сэрца шалёна калацілася; ён хапнуў ротам паветра і з сардэчным клёкатам у горле аддзьмуўся.

Малакавозка гула паныла і аднастайна. Васіль запытальна кіўнуў, маўляў - заснуў, ці што? - і Яўхім, нічога не сказаўшы, расшпіліў вільготнымі пальцамі верхнія гузікі кашулі. Потым ён яшчэ раз глыбока ўздыхнуў і, выдыхаючы паветра, бязгучна прамармытаў: - Рыжык.

З-за павароткі выплыў жоўты паказальнік з надпісам «Балбекі» ды чорныя стрэхі хат. Да Азярышча заставалася дванаццаць кілямэтраў.

 

Хаця час і прысьпешваў, але да вакзала ён не паехаў, - вылез ля канторы кінапракату - вырашыў, па старой звычцы, зазірнуць на базар. Прычакаўшы, пакуль Васіль адвяжа бляшаныя скрыні, ён разьвітаўся з вадзілам, выцягнуў з кішэні пачак «Паміру», у якім была адна-адзіная цыгарка, прыпаліў яе на каляным ветры і пайшоў, рассоўваючы як той марак на сушы, адседжаныя ногі.

Наведваньне базару было Яўхімавай жарсьцю. Калі дазваляў час, ён гадзінамі сноўдаўся між базарных радоў, слухаў людзкую гамэрню, дзівіўся на даўжэзны нос каўказца - каўказец узімку і ўлетку прадаваў на азярышчанскім базары гвазьдзікі, - і яму манулася таксама стаць пад паветку, расклаўшы перад сабой сякі-такі вясковы тавар. Аднаго разу ён ня вытрываў - даведаўся, колькі просяць за слоік мёду базарныя цёткі, стаў поруч і прадаў за тры рублі шклянку крупчастага ліпцу, які вёз унуку. Пра той выпадак Яўхім апавядаў потым кожнаму стрэчнаму й кожнага разу сканчваў аповед нязьменнай фразай: «Дык гэта ж мёд, а не брыдота, якую там прадаюць...»

Яшчэ гадоў пяць таму, па суботах і нядзелях, на азярышчанскім базары зьбіралася процьма народу. Хадзілі нават чуткі, што гандлёвы майдан будуць некуды пераносіць, бо людзкая гамана ды парсючыны віскат заміналі рабоце ваенкамату, які месьціўся непадалёку, аднак апошнім часам базар заняпаў. Сяляне цяпер калі й ехалі ў горад, дык не дзеля таго, каб штосьці прадаць, а каб купіць якіх харчоў; парсюкоў сталі прадаваць ля аўтастанцыі, а апусьцелыя гандлёвыя рады апанавалі азярышчанскія п'янтосы. Балазе, крама была побач, а закуску - вялізную карэйскую цыбулю - ім давалі ўвішныя базарныя бабулі, забіраючы ўзамен пустыя пляшкі.

Прымацаваны да шэрай сьцяны ваенкамата гадзіньнік паказваў палову дзесятай. Гарэлачная крама яшчэ не працавала й базар уражваў сваёй пустэльнасьцю: адно ля крайняй паветкі стаяла некалькі чалавек.

Яўхім спыніўся пад аркаю з надпісам «Колхозный рынок», маракуючы - ці ісьці да таго збою, ці адразу рушыць на вакзал і ў гэты момант да ног ягоных падбег лядашчы сабака. Сабака задраў пысу, адчуўшы, відаць, пах сала і зычны голас, што прагучаў непадалёку, прыціснуў цюцьку да зямлі.

- Сэмэчкі! Сэмэчкі бэрытэ! - гракнулі за калонаю, на якой мацавалася арка і яшчэ празь імгненьне перад Яўхімавымі вачыма паўстала дзябёлая баба ў зрэбнай ватоўцы. Ад таго ляманту ў Яўхіма зварухнуліся рэшткі валасоў пад шапкай, а цюцька, сагнуўшыся склюдам, незадаволена брахнуў.

- Ну, шчо трэсэш яйцамы? - азвалася на тое хахлушка, тупнула кірзачом і дарэшты пакрыўджаны цюцька пабег, падкурчыўшы хвост, па базарным пляцы.

... Пад крайняю паветкай сядзелі тры спавітыя ў цёплыя хусткі кабеты: ля першай зь іх стаяў, цьмяна бліскаючы бакамі, вялізны алюміневы бідон, перад другой ляжала пірамідка цыбулін - кабеціна, відаць, чакала п'янтосаў, - а перад трэцяй ляжалі - хвастамі ўгору - два прывялыя буракі.

Уадначас з Яўхімам да паветкі падышла цыбатая цётухна, якая, утаропіўшыся на прывялыя буракі, пагрозьліва запытала: - Пачом ваша свікла?

- Дваццаць капеек, - азвалася кабеціна, лускаючы двума ацалелымі зубамі гарбузовыя семкі.

- А пашалелі людзі, - гукнула цыба, зыркнуўшы на Яўхіма, - дваццаць капеек за бурак!

Сказаўшы так, цыба ўтаропілася на алюміневы бідон, у гэты момант да яе падбег лядашчы сабака і цётка, замахнуўшыся на сабаку пустой сумкай, прасіпела:

- Кыш, паскуда!

Адчуваючы сваю далучанасьць да ўсёй гэтай дзеі, Яўхім муляўся, ня ведаючы як сысьці з базару і, нарэшце, у той момант, калі цыба счапілася з уладальніцай бідону і ўжо ня кідала на яго ястрабіных паглядаў, спачатку паволі, прыстаўным крокам, а потым, як ветрам гнаны, кінуўся да выхаду. Мінаючы арку, ён скасіў вока на хахлушку, а пачуўшы за сьпінаю лаянку цыбатай бабы ды сабачае скавытаньне, увабраў голаў у плечы й выцер рукавом узмакрэлую лабаціну.

Да вакзалу шыбаваў як мае быць - баяўся спазьніцца на «дызель», а калі ўлез у вагон, абамлеў. Сэрца палезла вонкі й захрасла ў горле, уваччу замітусіліся чорныя мятлушкі, увушшу зазьвінела й сьвет перакуліўся потырч нагамі. Яго падхапілі, зьнялі з мокрай галавы шапку, пасадзілі на лаву...

- Храмугу адкрыйця, а то затахленьне! - віскліва крыкнулі над вухам і ён разьмежыў павекі. Людзі, што зьбіліся ля лавы, пачалі разыходзіцца, у тую ж хвіліну цягнік скрануўся зь мейсца й жанчына, якая патрабавала адчыніць фрамугу, узрушана паведаміла: - У нас у Лужасьне вынесьлі аднаго, дык так і памёр на станцыі.

... Па целу разьлілася хваравітая стома: цела зрабілася бязважкім, з галавы выпетрыліся думкі, а сэрца схаладнела і, як яму падалося, пакінула біцца. Павекі зноўку зьмежыліся, скронь лягла на шыбу, адчуўшы прыемны халадок, а яшчэ праз хвілю хтосьці недарэчна крануўся калена.

- С вами всё в порядке?

Сівы, ягоных гадоў мужчына сядзеў насупраць і спачувальна глядзеў яму ў вочы.

- Нармальна, - буркнуў Яўхім, мерачыся ізноў панурыцца ў млявую замарач, але спадарожнік не сунімаўся і другім разам крануўся калена.

- Вам необходимо выпить кофе. У меня хороший, с коньяком... - спадарожнік выцягнуў з сумкі вялізны, размаляваны ў кветкі, тэрмас і, заціснуўшы між ног, спрытна адкруціў плястмасавую накрыўку. Яўхім узяў накрыўку дрыжачаю рукою і толькі тады заўважыў, што ў спадарожніка няма рукі: пустое рукаво, выбіўшыся з-за паса скураной курткі, бездапаможна матлялася ў паветры.

Кава апаліла паднябеньне, хмельнай цеплынёй напоўніла грудзіну. Здавалася, ён піў гарачую гарэлку, але прыемную на смак і такую пахкую, што суседзі па вагону закруцілі насамі, а жанчына з Лужасна, якая сядзела за сьпінаю, уголас запытала:

- І чым эта пахніць такім укусным?

Рэшткі гарачай асалоды Яўхім уліў у глотку й праглынуў, нават не зварухнуўшы коўцікам.

- Ну как? - запытаўся спадарожнік, прымаючы з Яўхімавых рук плястмасавую пасудзіну, і Яўхім замест адказу баднуў галавой ды аблізнуў саладжавыя вусны.

- Последнее время только этим и спасаюсь, - спадарожнік уздыхнуў, наліў сабе духмянага паратунку.

Галава прыемна кружылася, вагон паволі гайдаўся, цётка з Лужасна больш не балбатала за сьпінаю й Яўхім, пазяхнуўшы ў жменю, прымасьціў галаву да шыбы. Сон, аднак, не ішоў. Пасядзеўшы хвіліну з заплюшчанымі вачыма, ён зьлёгку разьмежыў павекі й стаў цішком разглядаць спадарожніка.

Спадарожніку, мяркуючы па ўсім, ужо было за семдзесят і, як вылічыў Яўхім, гэта быў адстаўнік, бо ж толькі адстаўнікі гавораць гарадзкою моваю, ходзяць у лётчыцкіх куртках ды выцьвілых дыяганалевых брыджах. Але што найбольш уражвала ў адстаўніцкім уборы, дык гэта атлясны чорны гальштук, які выбіваўся з-пад шаліка. Дакладней, уражваў ня сам гальштук, а тое - якім чынам аднарукі яго завязвае. Паразважаўшы на гэты конт, Яўхім вырашыў, што гэта робіць жонка, ці, можа, якія ўнукі і, пазяхнуўшы другім разам, разьмежыў павекі.

- Грыбачы... сьледуюшчая Бычыха, - прагучала з дынамікаў і цягнік, колькі разоў тузануўшыся, запаволіў хаду.

- Да-а, - уголас выдыхнуў Яўхім, правакуючы адстаўніка на размову, потым, з той жа мэтаю, керхануў у жменю, але адстаўнік маўчаў, з адсутным выглядам пазіраючы ў вокны.

Яўхіму праглася пагаманіць з гарадзкім чалавекам, але, ня ведаючы, як пачаць размову, доўга круціўся на лаве і, нарэшце, калі цягнік загайдала на стрэлках, набраўся сьмеласьці й, кіўнуўшы на пустое рукаво, запытаў:

- Руку гдзе паціралі?

Адстаўнік ці то не дачуў, ці то не зразумеў пытаньня - матлянуў галавой і Яўхім гучна паўтарыў:

- Руку, гвару, гдзе паціралі?

Адстаўніка такое пытаньне не на жарты ўсхвалявала. Ён ліхаманкавым рухам запіхнуў рукаво за пасак на баку курткі, паправіў гальштук, няўцямна прамармытаў:

- Да так, было дело...

Звычайна Яўхім прыхоўваў ад людзкіх вачэй свае зьнявечаныя рукі, а тут паклаў іх на калені, расчаперыў абрубкі пальцаў і, пазіраючы долу, прамовіў:

- Я вот тожа на фінскай... пяць пальцаў паціраў.

- Были на финской? - ажывіўся спадарожнік.

- Быў, - каротка адказаў Яўхім і, надаўшы моманту элемэнты трагізма, насупіў бровы.

- Да-а... в сороковом холодрыга была о-ё-ёй. Я в то время в Архангельске служил, - шёл на Новый год к товарищу, так, поверите, в кармане бутылка водки от мороза лопнула, - суразмоўца пасьміхнуўся, кашлянуў і прыпаў да вакна, убачыўшы штосьці цікавае.

Такія размовы Яўхіму не спадабаліся. Дый дзіва што: ён пра вайну, пра абмарожаныя пальцы, а яму пра бутэльку гарэлкі. Ён жа не па п'янцы абмарозіўся, а пасьля артабстрэлу. І абстраляла свая ж батарэя... Яўхіму згадаліся шалёныя, налітыя крывёю вочы Рыжыка, калі той правальваўся пад лёд і сэрца ізноў пачало біцца з перабоямі.

- Мужики на переезде... напились - один двоих тащит, - зь вясёлым сьмяшком прамовіў адстаўнік, а заўважыўшы перамену ў Яўхімавым настроі, сумеўся й чарговым разам паправіў гальштук.

Чвэрць гадзіны яны моўчкі паглядалі ў вакно, папераменку ўздыхалі, а акурат у тую хвіліну, калі на даляглядзе зьявіўся комін Бычыхінскага льнозавода, спадарожнік нахіліўся і стоена запытаў:

- Вы там, среди пленных финнов, женщин не встречали?

Такое пытаньне ня толькі зьдзівіла, але і ўсхвалявала. Палонных фінаў ён зроду ня бачыў, таму й замармытаў штосьці няўцямнае, а спадарожнік, наблізіўшыся яшчэ бліжэй, ужо зусім прытоеным голасам паведаміў:

- Я тут недавно книжку прочёл - не у нас изданную, - так там написано, что если молодого финна убивало, то на фронт шла его жена...

- Да-а... ваявалі яны як немцы, - мусіў падтрымаць суразмоўцу Яўхім, - у лініі Маняргейму цэлы месяц стаялі. Эта ўжэ як Цімашэнка прыняў камандаваньне, так пашлі ў наступленьне, - узьбіўшыся на любімую тэму, Яўхім пацёр узмакрэлыя далоні. - Я, знаяця, ево як вас відзеў... Вышаў з машыны...

- Кто вышел? - перапыніў суразмоўнік, імпэтна адкінуўшыся на прыслон лавы. - Тимошенко!? Семён Константинович!? Эта жопа с ушами!? - Яўхім з жахам убачыў, што твар суразмоўніка стаў гэткім жа белым як і валасы.

- В сорок втором... под Харьковом... десять тысяч положили... Командующие сраные...

Ратуючыся, ад такіх слоў, Яўхім сьцяўся, забіўся ў кут, захінуў твар рукамі. Яму падалося, што ўсе навокал аціхлі і паглядзелі ў іхны бок.

«Шпіён!» - працяла сьвядомасьць жахлівая думка, а вочы, у пошуках паратунку, зачапіліся за вялікі мех, які плыў у бок тамбура. Шпег яшчэ штосьці казаў, пырскаў сьлінай, але Яўхім ня чуў аніводнага слова. Рупячыся не глядзець на спадарожніка, ён намацаў зьнямелымі рукамі ручку валізы і, ступаючы па людзкіх нагах, кінуўся сьледам за мехам.

Ён хацеў сысьці тут жа, на станцыі Бычыха, але ногі панесьлі яго ў вагонны пераход, адтуль - у канец цягніка й там, у паўпустым апошнім вагоне, Яўхім сьцішыўся на апошняй лаве, кідаючы спалоханыя погляды на ўваходныя дзьверы. Было такое адчуваньне, што шпег ідзе сюды, каб мучыць ягоную душу і пэўнай хвілінай Яўхім пашкадаваў, што не сышоў зь цягніка. Але аднарукі не зьяўляўся, замест яго ў вагон ўбіліся дзьве кабеціны - адна рабая, што тая рапуха, другая зь ледзь прыкметным сіняком пад вокам; селі насупраць, сьпехам дасталі з хатулёў па яйку і цюкнулі іх аб край вагоннай лавы.

- Клава! - прамовіла, калупаючы шалупайкі й скоса пазіраючы ў вакно, рабая кабета. - Ты йішчо не старая... найдёш сабе чылавека... А эты чорт цібе ў гроб загоніць.

- Кожны ж дзянёчак п'яненькі, - казала, як бы ня чуючы сяброўкі, другая - з падбітым вокам, - учора на палу заснуў і ўвесь чыста абасцаўся.

- Я вот выгнала свайго п'янтоса - ціпер жыву ў сваё удавольсьцьвіе, - рабуха паправіла зьбітую набакір махеравую шапку й дробна, як той Камосін, заварушыла сківіцамі.

Яешны смурод казытнуў у носе, Яўхім паморшчыўся, пакруціў галавою і неўзабаве, працяты цікаўнымі позіркамі кабет, зноўку схапіў валізу ды перабраўся на другі канец вагона.

«Нічога чалавек не баіцца... Цімашэнку лае. Няйначай шпіён нейкі», - з гэткаю думкаю ён уладкаваўся на новым мейсцы, але, паглядзеўшы ў вакно і памазгаваўшы, вырашыў, што на шпега аднарукі не цягне. Бо шпегі - людзі асьцярожныя, лішняга слова ня скажуць, а гэты на ўвесь голас абы-што гарлае.

На новым мейсцы схаладнелая душа ўраз адагрэлася, абмякла, сэрца пачало біцца суладна мернаму грукату колаў; ён ужо не казеліў вочы на дзьверы, а безуважна паглядаў у вакно і толькі на кароткі міг, калі колы раптам затахкалі часьцей, сэрца страпянулася й на белым сьнезе заваконьня яму прымроіўся жаночы твар, прыкрыты пасмамі сьветла-русых валасоў. У наступнае імгненьне відмо незваротна зьнікла і ў густым цеплавозным гудзе, які скалануў імглісты прасьцяг, яму дарэшты выразна пачуліся запытальныя словы аднарукага: - Женщин... случайно... не встречали?

Мароз перахопліваў дыханьне, працінаў да мазгоў; мазгі паволі стыглі, зь іх выпетрыліся думкі й заставалася толькі сядзець нерухома, прыціснуўшыся сьпінай да хваёвага камля, анічога ня бачачы і анічога ня чуючы. Зрэдзьчасу ён спрабаваў паварушыцца, растульваў павекі й аднаго разу, зірнуўшы ўгору, убачыў варон, што ўзьняліся над лесам. Ён ня чуў стрэлу, але вараніны грай сьведчыў за тое, што ў лесе стралялі. Здранцьвелаю рукою ён ссунуў з вуха будзёнаўку й сярод граю і пошуму хвояў пачуў працяжны і, як яму падалося, страшэнна далёкі вокліч старшыны. Скалелы, ён ледзьве перастаўляў ногі, да таго ж ісьці давялося на зламанай лыжыне, якая ўвесь час занурвалася ў сьнег і старшына Дабіжа, выехаўшы насустрач, незадаволена крыкнуў:

- Что ползёшь, как усравшись?!

Старшына лоўка, як бы дэманструючы свой спрыт, павярнуў лыжы ў адваротны бок і яны пайшлі ўздоўж узьлеску.

Ехаць па лыжні было лягчэй; ён рупіўся не адставаць ад Дабіжы і калі той нечакана спыніўся, наехаў мыском зламанай лыжы на дабіжаву пятку.

- Вон, видишь «кукушку»? Третье дерево справа, - старшына нахіліўся, каб падцягнуць на пяткі п'ексы - лямцовыя фінскія апоркі, у якіх надта зручна было хадзіць на лыжах. - Я в него пустил пулю, да зря. Замёрз, гад... вон и карабин на суку болтается.

Хаця ён і наструньваў зрок, але ніякай «зязюлі» ня бачыў і толькі пад'ехаўшы да вілаватай хваіны згледзеў угары, між асьнежанага вецьця, чалавечую фігуру.

- Заснул, наверное, - прамармытаў старшына і, кіўнуўшы на знак таго, што трэба лезьці на дрэва, ледзь чутна дадаў: - х... белофинский.

Хаця мароз і блукаў па скуры, але давялося скінуць шынель і зьняць рукавіцы. Старшына сагнуўся, падставіў плячук; ён папляваў на далоні, усьпёр нагу на дабіжаву сьпіну.

- За сук хватайся, - выдыхнуў пад ім старшына; ён з цяжкасьцю дацягнуўся рукамі да сука і, ушчаперыўшыся ў яго азалелымі пальцамі, матлянуўся ў паветры не раўнуючы як на палкавым турніку.

- Подтягивайся... йоп... - гукнуў старшына, паспрабаваў ухапіць яго за нагу, але, атрымаўшы пяткаю ў лоб, кулём паваліўся ў сьнег.

Трэба было падцягнуцца, але сіл не ставала - елі яны два дні таму, ды і цягліцы канчаткова спруцянелі - і ён цэлых тры хвіліны боўтаўся між небам і зямлёй аж пакуль не згубіў валёнак і толькі тады здолеў уперціся нагой у хваёвы стаўбур і налёг грудзінаю на сук.

- Возьми... привязан небось, - ужо лагодным голасам азваўся старшына, з падскокам перадаўшы яму спачатку фінку, а потым згублены валёнак.

На дрэва ён лез асьцярожна, рупячыся не хістаць стаўбур: баяўся, што адубелы мярцьвяк сарвецца з вышыні ды абрыне на голаў. Але мярцьвяк, дзякуй Богу, сядзеў ціха й нават калі ён перарэзаў сырамятны рэмень, якім фін быў прывязаны да стаўбура, той застаўся сядзець, заціснуты ў вілаваціне, і давялося, зь лёгкай дрыготкай у руках, тузануць нябожчыка за нагу. У той жа міг зь вяршаліны абрынула гурба калючага сьнегу й ён невідушча махнуў рукою, спрабуючы намацаць карабін і сумку, якія віселі на галіне.

Долу злазіў сьпехам, не адчуваючы ні рук, ні ног; яму здавалася, што там, у вышыні, нехта ёсьць, нехта сочыць за ім драпежным вокам. Пальцы ўжо ня слухаліся, таму, перш чым скокнуць на сьнег, ён абхапіў рукамі сук, зірнуў долу, ды так і застаўся вісець, боўтаючы нагамі ў паветры.

На сьнезе, галавой да камля, ляжала маладая жанчына. Вецер шкамутаў яе валасы, гнаў завірушны струмок на твары, варушыў зялёны - у дробны гарошак - шалік на тонкай шыі.

Ад нечаканасьці ён паспрабаваў быў зноўку лезьці на дрэва, але, злавіўшы суворы позірк старшыны, няўклюдна плюхнуўся ў сумёт. Сьнег заляпіў твар. Ён правёў рукавом па пераносьсі, зірнуў левым, незалепленым вокам на Дабіжу. Старшына, гідліва прыкусіўшы вусны, здымаў зь нябожчыцы гадзіньнік.

- Шынель одень. Замёрзнешь н-нах...! - лаянка прагучала глуха й няўцямна: вушы таксама былі залеплены сьнегам. Вокраччу ён падпоўз да шыняля, цяжка падняўся на ногі, не спускаючы вачэй з камлюкаватай дабіжавай сьпіны. Старшына тым часам латашыў трафейную сумку. Вецер вырываў зь ягоных рук дробна сьпісаныя аркушы паперы, шматкі квяцістай матэрыі, раз-пораз Дабіжа штосьці таропка піхаў у кішэні, нарэшце, выцягнуўшы з сумкі нейкую цупкую паперку, замёр на хвіліну й хітнуў галавой.

... У пасінелых дабіжавых пальцах матляўся, спрабуючы вырвацца на волю, маленькі фотаздымак. Ён падышоў бліжэй і прымружыўся: маладая дзяўчына са зьбітымі набакір валасамі, сядзела, прыціснуўшыся скроньню да плечука шырокатварага хлопца й шчасна пасьміхалася.

- С-сука, - здушана працэдзіў Дабіжа, падраў фотаздымак нягнуткімі пальцамі, шпурнуў шматкі ў твар нябожчыцы й яны адразу з далоні былі падхопленыя ветрам.

У гэты момант душа ягоная - ці не ўпершыню ў жыцьці - напоўнілася лютай нянавісьцю. Ён нават памацаў рукою па сьнезе, шукаючы вінтоўку, але натыкнуўся на шынель і, уклаўшы ў тое ўсю моц сваіх зьнямелых цягліцаў, ляснуў казённай апранахай па хваёвым камлі. Сьнежны пыл крануўся твару, насунулася цемра, пыл ізноўку казытнуў лабешнік і дзесьці зусім побач пачуўся жаночы голас:

- Уставай, п'янюга. А то назад зьедзеш.

Нейкая кабета, сёрбнуўшы вады са слоіка, пырснула на падлогу, прыкра зашоргала каляным дзеркачом.

- Ногі падымі... дай падмесьці, - кабета падхапіла крысо свайго чорнага шыняля і стала месьці пад лаўкаю.

З вохканьнем, Яўхім устаў на ногі, няпэўным крокам рушыў па вагону і ўжо ў тамбуры пачуў гаўклівы воклік вагоннай прыбіральшчыцы:

- Чумудан вазьмі, п'янюга!

 

Надвор'е зусім сапсавалася. У паветры вісела імжа, шэрыя хмары плылі над самай галавою, хаваючы ад вачэй кроны высокіх дрэў і дах вакзала, а сам вакзал жоўтай плямай дрыжэў у сутоньні змрочнай каламуці.

Гэткім надвор'ем яму заўсёды блажыла: шчымела патыліца, хвараблівая млосьць апаноўвала цела й сэрца амаль што ня білася. Сёньня ж яно, сэрца, ня білася зусім. Выбіраючыся з чыгуначнага тупіка, ён колькі разоў спыняўся, сядаў на валізу і лез рукою пад кашулю, мацаючы тое мейсца, дзе павінна было грукаць сэрца. Сэрца, аднак ня грукала і Яўхім, расьціраючы на драбах халодныя кроплі поту, што ліліся з-пад пахаў, зь нейкім шалёным спакоем разважаў: ці дабярэцца ён да вакзалу, ці памрэ тут, між вагонаў, тыцнуўшыся носам у чорную дзындру?

Апошнія мэтры ён цягнуў валізу на вяроўчыне, а дацюпаўшы да вакзальнага сквэру, паваліўся на крайнюю, няўтульна-мокрую лаўку. Шапка звалілася з галавы, закацілася ў лужыну і ветрык прыемна ахаладзіў узмакрэлую лысіну. Хвілін дзесяць ён ляжаў, амаль непрытомны, з заплюшчанымі вачыма, а калі, зьлёгку апрытомеўшы, зірнуў на сьвет, дык убачыў у шарым тумане дзьве чорныя плямы - адну нерухомую й адну рухавую: гэта нейкі надта ж гаспадарлівы грак хадзіў вакол шапкі, шкадуючы, відаць, што яе нельга зацягнуць на дрэва й прыстасаваць пад гняздо. Неўзабаве рухавая пляма зьнікла зь відавоку - грак адляцеў упрочкі - і перад вачыма, ужо даволі выразна, паўсталі зьбітыя кірзовыя боты.

- Во напіўся чалавек. І шапка ў лужыне, - зумкнуў ля вуха вісклявы жаночы голас і шапка, узьняўшыся ў паветра, халоднай рэхвай абхапіла патыліцу.

- Піва даюць вуньдзека... Дык яны тут і п'юць, і сьпяць, і сцаць, - азвалася другая, мяркуючы па голасу, больш старая кабета.

Кабета кашлянула, зьбіраючыся, як бачна, яшчэ нешта сказаць, ды тут затрашчалі кусты й да Яўхімавых вушэй даляцеў асіплы мужчынскі вокліч:

- Ой, бля-а...

Пасьля такога воклічу ў вачох канчаткова праясьнела, Яўхім павярнуў голаў і ўбачыў плячыстага здаравілу, які лез па кустох, уадначас глытаючы піва з бутэлькі. Квадратны здаравілавы кадык прагна варушыўся, піва завілым цурком зьбягала з падбародзьдзя й Яўхіму ад такога відовішча стала крыху не па сабе. Спыніўшыся ля лаўкі, чалавек дапіў трунак, пацёр пустой пляшкай па грудзіне і, узьняўшы вочы дагары, ізноў - цяпер ужо прачула й маліцьвенна, - прастагнаў:

- Ой, бля-а...

Ногі Яўхімавы міжволі падкурчыліся. Здаравіла задаволена адрыгнуў, плюхнуўся на край лаўкі і, ляпнуўшы даланёй па дрогкай Яўхімавай галёнцы, запытаў:

- Что, батяня, хоря давим?

Яўхім ня ведаў - што адказаць; яшчэ больш скурчыўся і ў гэты момант за сьпінаю зноўку затрашчалі кусты й да лавы падышлі яшчэ два хлопцы, якія трымалі ў руках тузін піўных пляшак.

- ... Потом, короче, Талян принёс два пузыря, - гракнуў здаравіла, працягваючы, відаць, перарваную размову і, пасунуўшыся на сярэдзіну лаўкі, прымусіў Яўхіма сесьці. - Потом ещё самогоняры замандячили - тут я и в-вырубился н-нах-х... - апошнія зыкі захрасьлі - зашэрхлі ў луджанай глотцы.

Адзін з хлопцаў - той, што быў маладзейшым, - прысеў на кукішкі, а другі - чалавек дарэшты схуднелы і зь лёгкай сівізною ў чарнявых валасах, - зь відочнаю неахвотаю прымасьціўся на другім канцы лавы. Здаравіла зубамі адкаркаваў пляшку, выплюнуў корак, прыпаў губамі да рыльца й Яўхім са зьдзіўленьнем убачыў, што здаравілавы кадык нават не зварухнуўся: піва лілося ў нутро, раз-поразу выбухаючы ў бутэльцы хлапякамі белай пены. Апаражніўшы пляшку, здаравіла каторым разам выгукнуў: - Ой, бля-а... - адкаркаваў новую, але цяпер ужо піў паволі: рабіў пару глыткоў і, ставячы пляшку на калена, зморана аддзімаўся.

Пазіраючы на тройцу, Яўхім адчуў раптам нясьцерпную смагу. Яму - аж да сьвербу ў пятках - закарцела прыпасьці вуснамі да рыльца бутэлькі і, заплюшчыўшы вочы, глытнуць гаючага пітва. Ён пакруціў галавой, выглядаючы - дзе там даюць піва, і сусед па лаўцы, скасіўшы на яго асавелыя буркалы, спачувальна запытаў:

- Что, батяня, тяжко?

Яўхім лыпнуў вачыма й сусед працягнуў яму вільготную пляшку, у якой яшчэ было ладна пітва.

- На, добивай.

... Піва цёплай хваляй разьлілося па целу і Яўхім нават крэкнуў ад асалоды. Паказваючы ўсім сваім выглядам, што яму і сапраўды цяжка пасьля ўчарашняга, ён з робленай цікаўнасьцю слухаў здаравілу, які апавядаў нейкі надта ж доўгі анэкдот і апавядальнік, натхнёны такой увагаю, колькі разоў хапаў яго за руку й захоплена прамаўляў:

- Прорвёмся, батяня-а!

Скончыць показку здаравілу, аднак, не давялося. Маладзён, што сядзеў на кукішках, пачаў раптам ікаць - кожнага разу гучней і залівісьцей, - і здаравіла, перапыніўшы аповед, дакорліва прасіпеў:

- Тебе что, Лёха, по кумполу бутылкой... чтоб полегчало?

Пачуўшы такое, Лёха панурыў долу вочы й пусьціў між ног цягуткую сьліну.

Сусед па лаўцы моўчкі дапіў піва, выцер рукавом вільготныя вусны, пасьля чаго прымірэнча-запытальна выдыхнуў:

- Слышь?! Лёх!

Лёха пакрыўджана перасмыкнуў плячыма, пакруціў галавою, але, перахапіўшы хітраваты погляд старэйшага сябра, наставіў ашклянелыя вочы на чарнявага худабзея.

- Васильевич... Ты как? Сотку возьмешь?

Васілевіч шмыгнуў носам, увабраў голаў у плечы і праз хвілю здушана прамармытаў:

- Базевич...

- Да х...ля нам твой Базевич, - выбухнуў тым часам здаравіла, чыркаючы запалкаю па сьцёртым карабку. - В прошлом месяце по скольку тебе закрывал? По трульнику в день? Да я за такие деньги и срать не сяду...

Худабзей роспачна ўздыхнуў, а здаравіла, выдыхнуўшы тытунёвы дым, ляпнуў таго па сьпіне:

- Да что ты сцышь.. Возьмём пару пузырей. В обед ё...нем. Базевич ни хера и не заметит.

Яшчэ хвіліну худабзей вагаўся, але потым схамянуўся, падняўся з лавы і Лёха, сьпехам выцягнуўшы са штаноў край ліхенькай цяльняшкі, стаў кідаць у прыпол пустыя бутэлькі.

Покуль Лёха здаваў посуд, здаравіла з худабзеям стаялі ў кустох, перакідваліся незласьлівымі мацюгамі, а потым усе трое пашыбавалі па ходніку, матляючы калашыньнем шырокіх штаноў.

Хлопцы ўжо былі далёка й постаці іхныя зьліліся з натоўпам, калі Яўхім, зь дзіўным для сябе імпэтам ускочыў з лаўкі і, ухапіўшыся за канец вяроўкі, закінуў на сьпіну валізу.

«Трэба ж бутэльку ўзяць... Пасядзім зь зяцем... пагамонім...» - гнаны такімі думкамі, Яўхім пашыбаваў па сьнежнай хлюпоце і за сьпінаю ягонай надрыўна і адчайна булькацела замоўленая вада.

Задыханы, ён выбег на сьлізкую маставую, спыніўся, каб прапусьціць трамвай і нечакана абодва трамвайных вагоны з чырвоных зрабіліся шэрымі й дробна заскакалі ўваччу. На шчасьце, ён не паваліўся на мокры асвальт, а толькі хітнуўся; трамвай ізноўку стаў чырвоным і на другім баку вуліцы, сярод людзкой гурмы, мільганулі знаёмыя постаці.

 

У краме, што месьцілася на рагу двух вуліц, давалі «чарвіўку» па руб-дваццаць. Народу тут было як завязаць. Яўхім, змагаючыся з задышкай, паўстаў у дзьвярох, агледзеў натоўп, зьбіраўся быў падацца назад, але, атрымаўшы штурхаля ў сьпіну, мусіў пераступіць парог.

Узяць «чарвіўку» было немагчыма: людзі душыліся ў чарзе, голасна лаяліся, а ў левым куце - там, дзе грувасьціліся скрыні і вісеў вымпел з надпісам «Лучшему продавцу», - дык наогул усчыналася бойка. Дыхнуўшы крамнай задухі, Яўхім зрабіў крок назад да дзьвярэй і ў гэты момант пачуў усхваляваны голас здаравілы:

- Вон, Бурзачила стоит... Сейчас брать будет...

- Где... не вижу! - перакрычаў гамэрню Лёха й Яўхім, узьняўшыся на дыбачкі, угледзеў знаёмую тройцу.

У гэтае імгненьне Лёха выцягнуў шыю, крыкнуў: - Передадите «капусту», - і зьнік у натоўпе.

Ад задухі закружылася галава, балюча зашчымела сэрца, але Яўхім і ня думаў выходзіць з крамы. Яму заманулася пагаманіць з хлопцамі, каб хоць на хвілю-другую далучыцца да іхнага вясёлага й бестурботнага жыцьця. Ён пасунуўся наперад, зачапіў валізай нейкага лысага і той, дыхнуўшы перагарам, злавесна прасіпеў:

- Куды точысьсі?

Яўхім прыціснуў валізу да чэрава, прасунуўся яшчэ на мэтар ды нечакана быў адкінуты ўбок апантана-рашучым маладзёнам. Лёха, адкінуўшы ўбок яшчэ некага, напяў грудзіну, уплішчыўся ў натоўп, а калі той абурана замацюкаўся, выгукнуў:

- ВэДэВэ, блядь! - і збой паволі аціх.

...Здаравіла, расклаўшы на шырокай пяцярні жоўтыя манэты, ліхаманкава лічыў драбязу, няўцямна гугнявячы сабе пад нос:

- Руб-двадцать, руб-тридцать, руб-сорок...

Нейкі час Яўхім стаяў поруч, шмыгаў носам, а потым, асьмялеўшы, няроўным голасам прамармытаў:

- Мальцы, папяроску не дадзіце?

Худабзей, не адрываючы вачэй ад сябруковай далоні, працягнуў пачак і Яўхім доўга ў ім поркаўся, спрабуючы падхапіць папяросіну сваімі зьнявечанымі пальцамі. Урэшце рэшт папяросы пасыпаліся на падлогу й худабзей, мацюкнуўшыся, нагнуўся, каб іх падняць.

- Фу ты, йоп... - незадаволена выдыхнуў здаравіла, зірнуў пад ногі і, страсянуўшы галавой, узяўся лічыць па-новай.

Яўхім стаяў, аслупянелы, у душы праклінаючы сваю няўклюднасьць. Хлопцы, вядома ж, ня ведалі дзе ён абмарозіў пальцы. Яму карцела распавесьці пра лютыя карэльскія маразы, пра адубелую «зязюлю» на дрэве і пра тое, як іх абстраляла свая батарэя.

- Мальцы, я ж на фінскай быў... Цімашэнку во як вас бачыў...

- Тимошенку!? Сашку!? Он же на зоне! - бліснуў вачыма худабзей, а здаравіла, перапыніўшы лік, тыцнуў таго локцем пад драбы й, пырскаючы сьлінай, прасіпеў:

- Ты ещё тут будешь...

Кроў прыліла да твару, балюча загрукала ў скронях.

- Мальцы, ды я ж нічога... У мяне тут зяць на заводзе робіць. Хведзька Ліхаманаў. Можа ведаеце?

- Руб-двадца-ать... руб-тридца-ать, - прасьпяваў, расьцягваючы зыкі, здаравіла, але, забыўшы, відаць, апошнюю лічбу, сьціснуў кулакі й малітоўна заенчыў:

- Ну что его - вырубить н-нах-х...?

- Капусту давайте, йоп... - гукнулі з натоўпу, здаравіла расчаперыў пальцы, зьбіраючыся лічыць тую «капусту», але ў гэты момант хтосьці стукнуў яму па локцю і капейкі з гучным звонам сыпанулі на падлогу.

- Мальцы... ды я ж нічога... - ужо зусім зацкавана пралепятаў Яўхім і здаравіла, утаропіўшы на яго свае налітыя крывёю вочы, страшным голасам прастагнаў:

- Уйди н-нах-х..., казлина старая...

Уваччу ізноў пацямнела. Выпусьціўшы з рук валізу і невідушча матлянуўшы рукамі, Яўхім рушыў да дзьвярэй, ступіў на парог і, губляючы прытомнасьць, налёг сьпінаю на дзьвярны вушак. Хвіліну ён стаяў так, а потым стаў саслізгваць па вушаку, апускаючыся долу, аж пакуль не знайшоў сабе прытулак на асьлізла-халодных прыступках. А яшчэ праз хвілю да яго падышоў малады міліцыянт і, схапіўшы за руку, уладна запытаўся:

- Что... нажрался?

Яўхім разьмежыў павекі і ўбачыў зьнявечаны твар палкоўніка Хаміцкага. Ці то ваўкі, ці то лісы адгрызьлі палкоўніку нос, ад'елі верхнюю губу і палкоўнік, здавалася, пасьміхаўся яму - адтуль, з таго сьвету, - выставіўшы свае пракураныя жоўтыя зубы.

Ён правёў рукавом па заінелых пятліцах, і, замест трох палкоўніцкіх «шпалаў» у вачох паўсталі чатыры рубінавыя ромбы. Страшная здагадка працяла сьвядомасьць. Ён усім целам падаўся назад і ў гэты ж міг адчуў нечы жалезны спохват. Нехта ўшчаперыўся ў руку вышэй локця і Яўхім, з жахам зірнуўшы на сувора-бязьлітасны, колеру пажоўклага газэтнага фотаздымка твар, бязгучна прашаптаў:

- Таварыш камандарм... Сямён Канстантынавіч... пусьціце!

Але клюшня з двума ад'едзенымі пальцамі яшчэ ямчэй ушчаперылася ў руку, навец пасьміхнуўся чорнымі вуснамі й душа Яўхімава, ратуючыся ад той усьмешкі і ад тых жалезных шчымётаў, вылецела, як і сорак гадоў таму з грудзіны і ўзьнялася ў паветра. Хвіліну душа вісела па-над ганкам, потым пакружляла разам са сьняжынкамі па навакольлі і, даўшы разьвітальнага кругаля вакол ускудлачанай галавы здаравілы, які выйшаў з крамы і ляпаў далоньмі па сьцёгнах, шукаючы запалак, паляцела ў шэрае прадоньне - туды, дзе нараджаўся і адкуль падаў долу цёплы беларускі сьнег.

 

1996 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com