epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Цыганкоў

Вясковы тупік

Калі нацыя кансервуе і абагаўляе выключна пачатковы этап свайго развіцця, яна рызыкуе застацца на перыферыі гістарычнага працэсу

 

Прадстаўнік МВФ у Беларусі Вільям Мідэлкоап, пакідаючы нашу краіну пасля заканчэння тэрміну сваёй працы, у развітальным інтэрв'ю сказаў: «Ваша цяперашняя вёска выглядае як галандская вёска канца ХІХ стагоддзя».

У масавай свядомасці існуе недарэчны, але ўстойлівы стэрэатып: беларусы - вясковая нацыя. Нягледзячы на знешнюю абсурднасць гэтай фразы, у краіне, дзе ў гарадах жыве звыш 70% насельніцтва, для такога сцвярджэння ёсць шэраг гістарычных прычынаў. Большасць беларусаў паходзіць з вёскі, а многія гараджане і цяпер у душы застаюцца вяскоўцамі. Як гэта адбілася на нацыянальным характары, на палітычным і сацыяльным выбары, які робіць сёння беларускі народ?

«Прыродны розум»

За апошнія сто гадоў чалавецтва зрабіла больш тэхнічных вынаходстваў, чым за ўсе папярэднія часы існавання homo sapiens. Да ХІХ стагоддзя сусвет для пераважнай большасці насельніцтва Зямлі заканчваўся бліжэйшым лесам; новыя пакаленні жылі па тых самых правілах, з тымі самымі тэхнічнымі сродкамі, што і іх бацькі. Аднак у ХІХ гэтае правіла непапраўна разбурылася - вопыт папярэднікаў не заўсёды патрэбны ў новых тэхналагічных умовах. Нават вечныя маральныя ісціны і правілы паводзінаў падточваліся сексуальнай, інфармацыйнай і іншымі рэвалюцыямі.

Прынята лічыць, што менавіта сяляне з'яўляюцца ўвасабленнем народнай мудрасці і нацыянальных традыцый. Аднак сялянскі рацыяналізм, практычнасць павінны вымярацца ў двух зусім розных вымярэннях. З аднаго пункту гледжання, гэтыя рысы выратоўвалі цэлыя пакаленні вясковых жыхароў ад поўнага фізічнага знішчэння падчас пастаянных войнаў і нашэсцяў. Пры любых рэжымах беларускі селянін паважна займаўся сваёй гаспадаркай, час ад часу ўздыхаючы ад ненажэрных пабораў.

З іншага боку, «прыродны розум», уласцівы нашым людзям, па сутнасці становіцца непатрэбным у эпоху гарадской кампутэрнай цывілізацыі. Магчымасць прадказаць па небе надвор'е на заўтра і знаходзіць дарогу ў лесе па мурашоўніках становіцца фальклорным атавізмам для шчымлівых кінафільмаў. «Прыродны розум» патрэбны на прыродзе, а не ў кватэры, не ў краме альбо ў службовым кабінеце. Добра ці кепска тое, што адбываецца з чалавецтвам, - гэта іншая размова, але тэхналагічны прагрэс і яго разнастайныя наступствы спыніць, бадай, немагчыма. Пры далейшым чытанні гэтага артыкула будзем зыходзіць з таго, што мы выступаем за развіццё ў нашай краіне таго, што прынята называць «цывілізацыяй».

Агародны прагматызм

«Здаровы розум» губляе свой сэнс, калі выходзіць за рамкі хаты і агароду. «Здаровы розум» - гэта калі чалавек глядзіць на сонца і канстатуе тое, што бачыць: Сонца рухаецца вакол Зямлі. Для таго, каб ведаць ісціну - «Зямля круціцца вакол Сонца» - здаровага розуму мала - трэба мець веды, адукацыю, абстрактнае мысленне.

Калі я прыязджаў у сваю вёску (я там праводзіў 1-2 месяцы кожны год), асноўнае, чым цікавілася мая бабуля, - гэта ўраджай на нашым менскім лецішчы. Новая праца майго бацькі (г.зн. яе сына) альбо мае школьныя поспехі турбавалі бабулю нашмат менш, чым ураджай бульбы ці буракоў на нашых няшчасных пяці сотках. І гэта зусім нармальна. Інтарэсы чалавека палягаюць у сферы ягонай непасрэднай жыццядзейнасці. Уся праблема, аднак, у тым, што гэтая сфера для беларускіх калгасна-саўгасных сялянаў надзвычай абмежаваная для канца 20-га стагоддзя.

Фермер ужо мысліць па-іншаму. Яму трэба не толькі вырасціць, але і прадаць прадукцыю, арганізаваць сваю вытворчасць. Таму яго інтарэсы сягаюць ужо «далей агароду», яму ўжо карціць разабрацца і ў эканоміцы, і ў палітыцы. Дарэчы, вечны лямант на тэму «на сяле няма людзей, няма каму працаваць» гучыць недарэчна на фоне статыстыкі: у нас у сельскагаспадарчай вытворчасці занятыя 19% насельніцтва, у ЗША - 2,7%, Галандыі - 3,7%.

Як з беларусаў рабілі «мужыкоў»

Пра гэта напісана даволі многа, прычым людзьмі, якія разбіраюцца ў культуры і гісторыі нашмат лепш за мяне. Толькі ў апошнія 10 гадоў мы пачалі вяртаць той вялікі пласт беларускай культуры - ад эпохі Адраджэння да 19-га стагоддзя, які замоўчваўся камуністамі. Толькі пасля набыцця незалежнасці мы пачалі «адбіраць» у расейцаў і палякаў імёны, якія па праву належаць беларусам. Аднак у масавай свядомасці нам яшчэ не ўдалося перамагчы стэрэатып аб пераважна вясковым характары беларускай культуры, і на гэта зноў-такі ёсць свае гістарычныя прычыны.

У нашых школах па-ранейшаму асноўныя аб'ёмы вывучэння літаратуры прыпадаюць на вершы класікаў пачатку 20-га стагоддзя, закліканыя ўзняць беларускае сялянства на нацыянальна- альбо сацыяльна-вызваленчую барацьбу. Гэтыя вызваленчыя матывы ў праграмах пераважаюць, у той час як філасофская і любоўная лірыка (Багдановіч, Арсеннева) да нядаўняга часу, дый сёння, застаюцца на другім плане. Аднак сённяшніх гарадскіх дзяцей мала кранае верш «Я мужык-беларус», а чалавек з вышэйшай адукацыяй не жадае ўспрымаць покліч «людзьмі звацца». У выніку для людзей, якія не разбіраюцца ў тонкасцях культурнага працэсу (а такіх большасць у любым грамадстве), беларуская літаратура прадстае пераважна ў сялянска-сацыяльным выглядзе. Многія пераносяць потым гэтае сваё ўражанне на ўсе беларускія культурныя праявы. Такім своеасаблівым лагічным ланцужком фармуюцца стэрэатыпы пра нацыю.

«Варожасць» горада знаходзіла і знаходзіць сваё адлюстраванне ў шматлікіх творах літаратуры (ад класічнай да сучаснай) і публіцыстыцы сучасных пісьменнікаў. У мастацкіх творах некаторых беларускіх пісьменнікаў (ад «Новай зямлі» Я.Коласа) горад і гараджане звычайна маляваліся негатыўнымі, бяздушнымі, амаральнымі фарбамі, у лепшым выпадку - халоднымі і нейтральнымі. Вясковы ж хлопец надзяляўся ўсімі магчымымі станоўчымі якасцямі, таму яму было цяжка прыжыцца ў гэтым мітуслівым натоўпе. Па сутнасці, пісьменнікі спісвалі сваіх герояў пераважна з уласнага досведу, фармуючы ў нацыі комплекс пэўнай вясковай непаўнавартасці.

Фактычна толькі ў 1980-я гады з'явілася першае пакаленне беларускіх чыста гарадскіх (не па паходжанні, а па духу!) пісьменнікаў (умоўна скажам, «Тутэйшыя»), якія разам з беларускім рокам, новым тэатрам і г.д. фармуюць гэтак званую сучасную гарадскую субкультуру.

Мова

«Але ў вёсцы яшчэ гавораць па-беларуску» - часам можна пачуць у якасці апошняга, але вельмі кранальнага аргумента. Па-першае, само вызначэнне «па-беларуску» патрабуе пэўнага тлумачэння, бо ў большасці раёнаў старыя людзі гавораць на ўласцівых пэўнай мясцовасці дыялектах. Але самае істотнае, што ў дадзеным выпадку беларускамоўнасць амаль ніяк не звязаная з нацыянальнай самасвядомасцю. «Во, як вы прыгожа па-беларуску гутарыце», - гаварылі мясцовыя бабулі «талакоўцам», якія ў канцы 8О-х вандравалі па рэспубліцы ў пазнавальна-этнаграфічных экскурсіях. «Дык і вы ж самі па-беларуску гаворыце», - здзіўлена адказвалі маладыя «адраджэнцы». «Не, мы па-тутэйшаму».

Беларуская мова для большасці нашых сялянаў амаль ніяк не звязаная з нацыянальным самавызначэннем. Людзі гавораць па-беларуску толькі таму, што іх так навучылі бацькі, і па-іншаму яны не ўмеюць. Ніякага свядомага выбару ў гэтым няма, і апынуўшыся ў іншым моўным асяроддзі, большасць з іх без праблем пераходзіць на пануючую там мову.

Бессэнсоўна захапляцца фактам беларускамоўнасці нашай вёскі. Мова сапраўды захоўвалася менавіта ў сялянскім асяроддзі на працягу стагоддзяў, але гэта былі стагоддзі без тэлевізара. Для бальшыні насельнікаў сярэднявечча сусвет, паўтаруся, абмяжоўваўся бліжэйшым лесам, таму мова і традыцыі захоўваліся аўтаматычна, не ўступаючы ў камунікацыі з праявамі іншых культураў. Пры сутыкненні з цывілізацыяй культура, якая не падтрымліваецца дзяржавай, памірае. Перамагае тая мова, якая гучыць па тэлевізары.

Чаму «селянін» не гучыць горда

Увогуле ў паняцці «вясковая нацыя» няма нічога абразлівага. Прыбалты з гонарам падкрэсліваюць сваё вясковае паходжанне, рамантызуючы ўсімі формамі мастацтва ўласнае хутарское жыццё. Аднак іхняя вёска жыла ў незалежнай дзяржаве, дзе сялянская нацыянальная культура падтрымлівалася і развівалася дзяржавай, пераходзячы да больш высокіх формаў.

У Беларусі ж гістарычныя прычыны сфармавалі феномен пэўнай варожасці гарадскога асяроддзя для вясковых беларусаў. Так атрымалася, што на момант бальшавіцкага перавароту 1917 года гарады на тэрыторыі Беларусі былі заселеныя пераважна габрэямі (каля 50%), расейцамі і палякамі. Для большасці сённяшніх беларусаў сацыяльны ўзлёт пачаўся пасля Другой сусветнай вайны, калі яны засяліліся ў гарады і занялі там асноўныя пазіцыі. Для гэтых людзей, былых бедных сялян, якіх называлі «колхозниками» альбо «хлопамі», сацыяльны і маёмасны прагрэс, дасягнуты за гады савецкай улады, аказаўся даволі істотным і бачным. Таму, дарэчы, большасць з іх падтрымлівае прасавецкіх і прарасейскіх палітычных лідараў і не ўспрымае палітыкаў, якія іранізуюць над «калхознасцю» Лукашэнкі.

Падобныя складанасці ў палітычных узаемаадносінах паміж горадам і вёскай мы можам назіраць сёння ў большасці краінаў Усходняй Эўропы, дзе, умоўна кажучы, горад падтрымлівае дэмакратаў, а вёска - сацыялістаў ці камуністаў. Сапраўды, кожная нацыя «паходзіць» з вёскі, але працэс перасялення ў гарады ішоў у Эўропе даволі плаўна. Бадай, толькі ў нас у Беларусі ўрбанізацыя адбывалася не паступова, а рэзка, на працягу жыцця апошніх двух пакаленняў.

Вялікая беларуская антымара

Мысленне беларускага селяніна працягвае заставацца пераважна ў рамках матэрыяльных інтарэсаў сваёй гаспадаркі. Такія паняцці, як «свабода», «незалежнасць», «дамакратыя», «індывідуальнасць», яму не былі знаёмыя ні 100, ні 50, ні 5 гадоў таму. У Цеткі: «Век дваццаты скора, як Хрыстос радзіўся, а й за гэту пару мужык не змяніўся». Сутыкнуўшыся з такой глыбока незразумелай яму працэдурай, як вольнае галасаванне, сялянін выбірае таго, хто гаворыць: «Трэба накарміць народ!». Лозунг, які для годных людзей гучыць абразліва (кормяць жывёлу), у нас становіцца амаль гарантыяй перамогі.

Безумоўна, ва ўсіх краінах палітыкі націскаюць на меркантыльныя інтарэсы выбаршчыкаў, але, здаецца, у нас яны занадта абмежаваныя. Гэткі «агародны прагматызм». Галоўнае, каб было што з'есці, і каб у хатах цёпла («чарка і скварка», «хлеб і да хлеба» і г.д.). «Вялікая беларуская мара» становіцца «антымарай», бо абмяжоўваецца прымітыўнымі паняццямі натуральнай гаспадаркі, у якія не ўваходзяць уласная крама ці падарожжа па Эўропе.

Калі чалавек не марыць пра, умоўна кажучы, уласны дом з басейнам, яму непатрэбныя ні дэмакратычныя партыі, што забяспечаць права прыватнай уласнасці на зямлю, ні бізнес, які забяспечыць краіну будматэрыяламі, ні аўтамабіль, на якім трэба ездзіць дадому. Па вялікім рахунку, чалавеку без спажывецкай мары не патрэбна ні здароўе, ні сям'я, ні дабрабыт. Вясковая прыземленасць і так званы «прагматызм» нараджаюць «простанародных» палітыкаў, якія ў пераломныя гістарычныя моманты абяцаюць весці нацыю назад і дзякуючы гэтаму становяцца прэзідэнтамі.

Лепей быць духоўным і багатым

Мы жывём ва ўрбаністычнай цывілізацыі. Нацыя, якая не жадае прызнаваць гэты бясспрэчны факт, асуджае сябе на перыферыю гістарычнага развіцця, а ў эканамічным сэнсе - на беднасць. Гарадскі тып мыслення мусіць запанаваць у ментальнасці любога народа, калі ён жадае рухацца наперад. Гарадскія цывілізацыйныя індывідуальныя каштоўнасці, элементарныя праявы бытавой і матэрыяльнай культуры павінны ўсталявацца як у горадзе, так і ў вёсцы, што даўно адбылося на Захадзе, дзе жыццё на вёсцы не адрозніваецца ад гарадскога з тымі ж камунальнымі зручнасцямі, кандыцыянерамі, асфальтавымі дарогамі і г.д. А ў нас пакуль адбываецца тое, пра што расказала Святлана Алексіевіч: «чарнобыльцы», якіх перасялілі ў добраўпарадкаваныя катэджы з усімі зручнасцямі, першым чынам пабудавалі ў сваіх дварах прыбіральні - «хіба можна ў хаце мачыцца».

Часам нацыянальная самаідэнтыфікацыя, звязаная з традыцыйнымі сялянскімі каштоўнасцямі, успрынятымі без крытычнага супастаўлення з сучасным жыццём, перашкаджае нацыі зрабіць крок наперад. Тым не менш ніякі народ ніколі не пагадзіцца лічыць сябе слабаразвітым альбо адсталым. Таму, сутыкнуўшыся з фактам сваёй палітычнай і эканамічнай неразвітасці, беднасці, адсталасці - нацыянальныя інтэлектуалы пачынаюць прыдумляць самыя разнастайныя, часам неверагодныя міфы. Напрыклад, у расейцаў гэта гучыць так: «Мы бедные, зато духовные, во всем мире грязь, у нас чистота». Такія ж міфы пра сваю «самасць», унікальнасць назіраюцца і ў балканскіх народаў.

У нас у Беларусі - гэта абагаўленне вясковай чысціні, «шчырасці», матэрыяльнай стрыманасці, духоўнае неўспрыманне гарадской цывілізацыі. Пісьменнікі, якія жывуць у гарадах, з замілаваннем успамінаюць сваю родную вёску, не жадаючы, аднак, туды пераязджаць. Самі ж вяскоўцы, калі чуюць словы пра «адраджэнне вёскі» і сваё цудоўнае жыццё, толькі здзіўляюцца: «дзе вы гэта ўбачылі?»

Аднак, як мне здаецца, сучасная беларуская «формула жыцця» павінна ўключыць у сябе і духоўны і матэрыяльны аспект - вобразна кажучы, «традыцыі і сучаснасць». Нельга зацыклівацца на эпосе нараджэння нацыі, кансерваваць, дзе трэба і не трэба, міфы пра сваю асаблівасць і ўнікальнасць, рызыкуючы застацца ў ХІХ стагоддзі, дзе і знаходзіцца цяпер беларуская вёска. Калі нехта лічыць беларускай «традыцыяй» барацьбу з багаццем, то, па-мойму, такая «традыцыя» нам непатрэбная.

Хопіць жыць ідэямі і лозунгамі пачатку стагоддзя, з настальгіяй успамінаючы «басаногае дзяцінства» - сваё і свайго народа. Варта захоўваць свае маральныя і нацыянальныя каштоўнасці, правілы дачыненняў паміж людзьмі, культурны генатып народа і пры гэтым адкінуць тое, што перашкаджае нам стаць заможнай і паважанай сучаснай нацыяй. Мы можам стаць эўрапейцамі, застаючыся пры гэтым беларусамі.

 


1997?

Тэкст падаецца паводле выдання: газэта «СВАБОДА» No. 23, 04.03.1997
Крыніца: невядомая