epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Арлан-белахвост

На другі дзень праяснела.

Ад самай раніцы гучна кукуюць у лесе зязюлі. Меладычна свішча івалга. З-за сосен паказалася сонца.

Учора, недалёка ад пасёлка, егер Аляшкевіч застрэліў вялікага арла. Забітага драпежніка прынеслі сёння ў дырэкцыю.

Гэта — самка арлана-белахвоста.

З цікавасцю разглядаем мы вялізную і магутную птушку.

У яе вялікая, моцная і вострая, загнутая ўніз дзюба, такія ж светла-жоўтыя, магутныя лапы з доўгімі, бязлітаснымі кіпцюрамі і халодныя светла-жоўтыя вочы. Галава і шыя святлейшага колеру, хвост белы, а тулава і крылы цёмна-бурыя.

Спачатку мы вымяраем птаха. Даўжыня кожнага яго крыла ў размаху дасягае аднаго метра. Даўжыня тулава ад галавы да хваста — 90 сантыметраў.

Потым, тут жа на двары каля канторы, пад адкрытым небам, Леанід Васільевіч, намеснік дырэктара па навуковай частцы, і Антон Цярэнцевіч, прэпаратар, прыступаюць да ўскрыцця забітага арлана.

Вынікі ўскрыцця вельмі цікавыя. У валлі і страўніку птаха знаходзяцца неператраўленыя рэшткі дзікай качкі, голуба, бусла і шкарлупка качыных яек. Старая разбойніца з’ела, відавочна, качку, якая сядзела ў сваім гняздзе, разам з яйкамі.

Буслам, голубам і качкай самка арлана-белахвоста карміла, мабыць, сваіх птушанят і пры гэтым сама адрывала кавалкі здабычы, каштуючы ад кожнага.

Егер Аляшкевіч, які забіў арлана, прысутнічае пры ўскрыцці.

Ён кажа, што застрэліў гэтую грозную і пражэрлівую птушку недалёка ад яе гнязда. Вялізнае па сваіх памерах гняздо арлана знаходзіцца на верхавіне старога двухсотгадовага дуба. Шырынёй яно, паводле слоў егера, каля двух метраў, а ў вышыню не менш аднаго метра.

Усё гэта з’явілася для мяне нечаканасцю. Я думаў, што арлан-белахвост, вялікі драпежны птах, характэрны для марскога ўзбярэжжа паўночных краін, — нездарма называюць яго часам марскім арлом, — быў тут забіты выпадкова, у час нейкага свайго далёкага падарожжа, а ён, выходзіць, гняздзіцца і ў нас, на Беларусі. У запаведніку ён жыве недалёка ад вады, у вялікіх лясах каля Бярэзіны і азёр.

Егер кажа, што яму даводзілася бачыць, як у пагоні за буйной рыбай арлан-белахвост кідаўся, склаўшы крылы, з лёту ў ваду і даваў нырца.

— Я некалькі разоў бачыў арлана на возеры, — гаворыць егер. — Ён кожны дзень прылятаў туды раніцой, ледзь толькі сонца ўзыдзе, на адно і тое ж месца, недалёка ад гнязда. Усе іншыя птушкі яго баяцца. Чайкі, качкі, кнігаўкі адразу знікаюць, як толькі арлан-белахвост з’явіцца на беразе ці над вадой. А ён не звяртае на іх ніякай увагі. Падляціць цяжкім павольным палётам да пясчанага плёсу і апусціцца проста ў ваду, на мелкім, зразумела, месцы. Любіць ён купацца цёплай летняй раніцай, не баіцца «штаны» замачыць. Ідзе па пясчаным дне, пакуль вада не падступіць яму пад самае бруха. Тады ён акунецца некалькі разоў з галавою, не зыходзячы з месца, страсянецца, натапырыўшы крылы, і выйдзе на бераг. А вакол даўно ўжо нікога няма — ні качак, ні чаек, ні кулікоў, ні варон, — усе адступіліся ад сваіх заняткаў, ад рыбнай лоўлі, пакінулі яму ўвесь бераг, пахаваліся ў чароце. А я сяджу сабе ціха ў кустах на ўзгорку ды назіраю за арланам з якую гадзіну ці, можа, болей. Па зямлі ён ходзіць марудна, цяжка, з намаганнем, шырока перастаўляючы магутныя лапы з вялізнымі кіпцюрамі і нібы перавальваючыся з боку на бок. Пасядзіць на беразе, пачысціць пер’е і пачне лавіць рыбу. Потым узнімецца ў паветра і, узмахваючы крыламі, павольна ляціць над вадой. А як убачыць у возеры добрую рыбіну, дык каменем падае ўніз, толькі срэбныя пырскі ляцяць. Схопіць рыбу кіпцюрамі і ляціць з ёю да гнязда на старым адзінокім дубе. І гэтак робіць арлан некалькі разоў, пакуль не накорміць сваіх ненажэрных птушанят. Панацягае малым у гняздо ўсялякага корму ў запас, сам пад’есць і тады зноў сядзіць на беразе, п’е ваду і чысціць пер’е. Даўно я за ім сачыў, але падстрэліць удалося не яго, а самку.

Рыба для арлана-белахвоста з’яўляецца асноўным кормам. Аднак на поўначы гэты дужы і смелы птах палюе ў моры не толькі на рыбу, але і на маладых цюленяў.

У Бярэзінскім запаведніку не адмаўляецца ён і ад качак, а пры выпадку падбівае нават і такую буйную птушку, як бусел, у чым мы самі маглі пераканацца.

Зімой, калі рыбу здабыць нялёгка, арлан-белахвост ловіць варон, галак, зайцоў, лісіц і, паводле слоў егера, баброў. Часам, калі ўдаецца, ён не супроць таго, каб падхапіць і курыцу, і парася.

— Што ж цяпер будзе з птушанятамі арлана? — пытаюся я. — Загінуць, напэўна, без маткі?

— За іх можаце не турбавацца, — адказвае Леанід Васільевіч, працуючы пінцэтам і скальпелем. — Калі самка загінула, самец будзе іх даглядаць. Ён іх і выкарміць. Бацькі яны клапатлівыя. Калі нават каторае з птушанят вываліцца з гнязда на зямлю, бацька ўсё роўна будзе яму асобна прыносіць корм у больш чым дастатковай колькасці.

— Гэта правільна, — абазваўся егер, — корму ў іх столькі ў гняздо панацягана, што малым усяго і не з’есці...

Ускрыццё тым часам было закончана, і арлан-белахвост перайшоў у поўнае распараджэнне прэпаратара Антона Цярэнцевіча. Чучалам сваім арлан папоўніць калекцыі нанава створанага заалагічнага музея запаведніка.

1947—1948


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан