epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Азёрны край

 

 

Наш невялікі самалёт запоўнены. Ні аднаго вольнага месца.

Мо таму, што дарога нядоўгая, паміж пасажырамі хутка завязваецца размова.

— Я, — кажа адзін, — упершыню ў гэтыя мясціны... Пуцёўку атрымаў... у санаторый...

— А мы ў дом адпачынку, — абзываецца адна з дзяўчат, што сядзяць насупраць.

— У які? — цікавіцца іх сусед, пажылы чалавек.

— У прафсаюзны...

— Гэта трошкі далей ад берага ,— тлумачыць пажылы, — у сасновым лесе. Але нічога... Месца цудоўнае... Сумаваць не будзеце. Цэлы гарадок там вырас. Дамы — як у Мінску.

— А мне ці далёка ісці? — пытаецца першы.

— Ваш санаторый — на самым беразе... Дый што там! Хто тут хоць аднойчы пабываў, той яшчэ раз прыехаць захоча. Я тут штогод адпачываю. У друкарні працую, наборшчык... У нас свой дом адпачынку — «Звязда»... Раней то на поўдзень, то на Рыжскае ўзмор’е ездзіў. А як пабыў на возеры... Шчыра скажу вам, няма лепшых мясцін. А рыбалка якая! Апошні раз вось такога шчупака выцягнуў...

Наборшчык ажывіўся яшчэ больш. Умяшаліся ў размову і іншыя пасажыры, многія з якіх таксама былі на славутым возеры і прыахвоціліся да рыбнай лоўлі.

Пайшлі расказы пра самыя незвычайныя рыбацкія здарэнні і прыгоды.

Цікава слухаць, праўда?.. Вы ўсміхаецеся... Не дужа, мусіць, верыце ўспамінам заўзятых рыбакоў?..

Заўважыла гэта і маладая чарнявая жанчына з маленькім хлопчыкам на руках.

— А вы не думайце, што ўсё гэта выдумкі, — гаворыць яна, звяртаючыся да нас. — Я сама неяк паехала з мужам акунёў лавіць. І, хоць верце, хоць не, ладнага шчупака выцягнула. Пялёхаецца ён на дне чаўна, прыгожы, як вясёлка, а я і вачам сваім не веру...

— Вы, прабачце, нетутэйшая? — звярнуўся да жанчыны наборшчык.

Жанчына і сапраўды крыху падобна з твару на татарку ці ўзбечку.

— Родам я з Ташкента, — адказвае яна, — а цяпер у Мінску жыву... І таксама лічу, што няма для адпачынку месца лепшага за Нарач...

У гэты момант суседка жанчыны радасна закрычала на ўвесь самалёт:

— Глядзіце!.. Глядзіце!.. Возера!..

І ўсе адразу прыніклі да ілюмінатараў.

Пад крыламі самалёта раскінулася вялікая водная прастора. Мы пралятаем над паўднёва-заходнім берагам. Тут шчыльна да вады падступае густы лес. Толькі ў адным месцы сосны крыху расступіліся, утварыўшы пры самым беразе даволі прасторную паляну. На ёй віднеюцца шэрыя дахі дашчаных домікаў і палаткі. Там размясціўся піянерска-камсамольскі турысцкі лагер...

Доўгая і вузкая каса з пясчанымі адхонамі дзеліць возера амаль на роўныя часткі. Лесу на касе няма. Сярод палеткаў віднеюцца толькі асобныя дрэвы. А на самым носе пясчанай касы прытулілася невялікая вёска. Яна так і называецца — Наносы.

Прыгледзьцеся ўважлівей і вы ўбачыце, што з вышыні вада ў возеры здаецца размаляванай у розныя колеры. І межы колераў вызначаны даволі выразна.

Уздоўж берага працягнулася шырокая жоўтая паласа. Тут неглыбока, і скрозь празрыстую ваду прасвечвае пясчанае дно. Крыху далей паверхня возера робіцца зеленаватая. Там — сапраўдныя джунглі з водарасцей, прытулак жыхароў падводнага царства. Чым далей ад берага, тым цямнейшая і гусцейшая здаецца вада. Месцамі яна цёмна-сіняя, амаль чорная. Тут — самыя вялікія глыбіні, вадзяная тоўшча дасягае пяцідзесяці метраў Але і побач з імі віднеюцца жаўтаватыя палосы і плямы. Гэта водмелі, падводныя косы, ці, як гавораць мясцовыя рыбакі, «пагуркі».

Самалёт крыху нахіліўся набок і пайшоў на пасадку. Цяпер да нас імкліва набліжаецца паўночна-ўсходні бераг. Пад крылом прамільгнулі два вялікія карпусы санаторыя з асфальтаванай набярэжнай, з каменнымі прыступкамі, якія спускаюцца да вады, з шырокім пляжам, а далей — бляшаныя і чарапічныя, дашчаныя і нават саламяныя стрэхі — вуліца вялікай вёскі ў зелені шматгадовых ліп і таполяў.

І раптам — зноў лес і поле...

Самалёт заскакаў па няроўнай пляцоўцы і спыніўся.

Вялізная пляцоўка расчышчана ад лесу і хмызняку, засеяна травой, абмежавана спецыяльнымі знакамі — і ўсё. На ўзмежку пляцоўкі сохнуць рэшткі вывернутых бярозак, ялінак і хмызоў. Грэюць на сонцы свае шырокія спіны вялізныя каменні-валуны. А далей — вясёлыя бярозкі па ўзлесках, празрыстыя і сонечныя сасновыя бары, змрочныя яловыя лясы.

Валуны пакінуў тут каля трыццаці тысяч гадоў назад ледавік, які пакрываў амаль усю тэрыторыю Еўропы. І самі азёры — вынік дзейнасці ледавіка.

Паміж полем і невялікім мураваным домікам, вакол якога размясціліся метэаралагічныя ўстаноўкі і радыёстанцыя, пралегла пясчаная прасёлачная дарога. У адзін бок яна вядзе да мястэчка, а ў другі — да сяла. Сяло гэтае размясцілася на самым беразе возера. Туды мы з вамі і накіруемся.

Між іншым, па плану мястэчка і вёска ў бліжэйшыя гады павінны зліцца ў адзін курортны гарадок.

Мы перасякаем высокі насып, па якім зусім нядаўна пракладзена шырокая шаша. Будаўніцтва яшчэ не закончана. Неўзабаве гэтая шаша апярэжа возера і звяжа паміж сабой усе санаторыі, дамы адпачынку, турысцкія базы, лагеры і населеныя пункты, якія ёсць і якія яшчэ вырастуць на берагах возера.

1964-1966

 


1964-1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан