epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Чэрвень

 

 

На пашы рыжыя чмялі

Загаспадарылі між кветак.

З маленькіх гладышоў пілі

Пахучы мёд — ласунак лета.

 

ПІМЕН ПАНЧАНКА

Адцвілі фруктовыя сады, асыпаліся ружова-белыя пялёсткі яблынь. У чэрвені — першым летнім месяцы — каласуе жыта, пачынаюць чырванець суніцы. Пахне мёдам канюшына.

Змаўкаюць птушыныя спевы.

У большасці лясных птушак вывеліся птушаняты. Клапатлівыя бацькі носяць у гнёзды чарвякоў, вусеняў, слімакоў, матылькоў, мушак. Нялёгка ім накарміць сваіх дзяцей. Сядзяць малыя ў гняздзе, шырока разявіўшы рот, і наперабой просяць есці. Толькі давай і давай! Падляціць маці, суне ў разяўленую дзюбу чарвяка і зноў ляціць па здабычу. А тут, следам за ёю, з’яўляецца бацька і таксама частуе малога жучком ці вусенем. Хапае бацькам работы!

Летні дзень вялікі, а птушаняты ўвесь час хочуць есці. Падлічана, што адна сям’я шпакоў знішчае за дзень каля чатырохсот шкодных садовых слімакоў. А колькі яны знішчаюць вусеняў, матылькоў, жучкоў!

Вялікае значэнне мае і тое, што птушкі разносяць насенне дрэў і розных раслін. Гэтым яны дапамагаюць росту і развіццю лясоў, распаўсюджанню ягад.

Шанаваць і абараняць птушак, нашых маленькіх вясёлых сяброў і памочнікаў,— абавязак усіх юных натуралістаў і краязнаўцаў, піянераў і школьнікаў, хлапчукоў і дзяўчынак.

Трэба не толькі будаваць для птушак хаткі, але ахоўваць іх, не даваць нікому разбураць гнёзды і крыўдзіць птушанят.

Трэба ўсім тлумачыць, што птушкі не толькі цешаць сваім прывабным выглядам і цудоўнымі спевамі, але і дапамагаюць забяспечыць добры ўраджай.

У лесе, асабліва раніцаю, часта можна пачуць гучнае, вам, напэўна, вядомае:

— Ку-ку... ку-ку... ку-ку...

Гэта кукуе самец зязюлі, буйная шэрая птушка, з выгляду падобная крыху на ястраба.

У зязюлі дзіўныя звычкі, якімі яна адрозніваецца ад усіх птушак. Зязюля не мае ўласнага гнязда і не гадуе дзяцей.

Свае яйкі самка зязюлі падкідвае па аднаму ў гнёзды іншых птушак. Падпільнуе, калі птушка адляціць, і знясе сваё яйка ў чужое гняздо. Так і гадуюць дробныя птушкі вялікіх ненажэрных дзяцей зязюлі, як сваіх уласных.

Калі зязюляня падрасце, яму робіцца цесна ў гняздзе малой птушкі, якая яго выседзела. Тады яно выкідае з гнязда на зямлю аднаго за адным усіх птушанят сваіх прыёмных бацькоў. Цяпер яму аднаму дастаецца ўвесь корм. Калі б зязюляня не выкінула птушанят, малыя птушкі не здолелі б яго выгадаваць.

Для чалавека нават і бяздомніцы-зязюлі прыносяць вялікую карысць. Адна зязюля з’ядае за летні дзень каля двух тысяч шкодных валасатых вусеняў, якіх не могуць есці малыя птушкі.

Усе птушкі падзяляюцца на птушанятных і вывадкавых.

Зязюлі, шпакі, берасцянкі, чыжы, дразды, сініцы, ластаўкі, стрыжы, шчыглы і многія іншыя птушкі, у тым ліку і ўсе драпежныя, належаць да птушанятных.

Птушаняты ў гэтых птушак нараджаюцца слабыя, голыя, бездапаможныя. Яны маюць патрэбу ў гняздзе і ў доглядзе, пакуль не вырастуць і не навучацца лятаць. Увесь гэты час бацькі кормяць іх, даглядаюць і ахоўваюць.

Птушанятныя птушкі будуюць гнёзды звычайна над зямлёй, на дрэвах і кустах. Гнёзды ў іх — трывалыя, надзейныя, цёплыя, зробленыя часам па-майстэрску.

Да вывадкавых птушак належаць лясныя птушкі з сямейства курыных — глушцы, цецерукі, курапаткі, рабчыкі, вадаплаўныя птушкі — качкі, гусі і многія іншыя. Яны не маюць патрэбы ў трывалым гняздзе. Іх птушаняты з дня нараджэння бегаюць усюды за маткай і вучацца самі здабываць корм і хавацца ад небяспекі.

Гняздо вывадкавым птушкам неабходна толькі для выседжвання яек. Ледзь толькі птушаняты з’явяцца на свет, патрэба ў гняздзе адпадае. Таму гнёзды ў вывадкавых птушак простыя, нескладаныя. Знаходзяцца яны на зямлі, у невялікіх ямках між травы, пад кустамі, на лузе, у полі, на балоце.

У палях, калі пачынае каласаваць жыта, разводзіцца шмат мышэй-палёвак. На гэтых шкоднікаў палююць днём канюкі і сокалы-пустальгі, а ноччу совы.

Канюка часта можна ўбачыць на шасце ці на сухім адзінокім дрэве сярод поля. Нерухома сядзіць ён, уцягнуўшы галаву з загнутай уніз дзюбай, і нібыта спіць. Але гэта толькі здаецца. Пільна сочыць канюк сваім жоўтым вокам за тым, што робіцца ў траве. Убачыўшы палёўку, ён імкліва кідаецца ўніз і, схапіўшы кіпцюрамі шкодніка, вяртаецца на свой дазорны пункт. За дзень гэтая птушка знішчае ў сярэднім трыццаць мышэй. Ловіць яна таксама і гадзюк.

Знішчаюць палёвак і маленькія злыя ласкі — спрытныя звяркі з доўгім тулавам на кароткіх лапках, рыжай спінкай і белым брушкам. У летні час ласкі часта жывуць у збажыне, пад кучамі каменняў, у разорах ля межаў — бліжэй да палёвак.

У ціхі летні вечар, калі заходзіць сонца, з’яўляюцца ў паветры кажаны. Няроўны, бясшумны палёт кажаноў часам палохае людзей, якія не ведаюць, што гэта сябры чалавека, што іх не трэба баяцца.

Кажаны не горш за птушак знішчаюць шкодных насякомых. За адну ноч кажан з’ядае больш трыццаці хрушчоў. Днём кажаны спяць у дуплах дрэў, пад страхою будынкаў. Яны вісяць уніз галавой, зачапіўшыся кіпцюрамі задніх лапак за які-небудзь выступ і захутаўшыся, нібы ў плашч, у перапончатыя крылы. З надыходам змроку кажаны пакідаюць сваё сховішча і да раніцы ганяюцца за насякомымі.

Лятаюць яны так хутка, што часам іх нялёгка і заўважыць у паветры.

А вось паўзе між градак у агародзе, ляніва адштурхваючыся заднімі лапамі, яшчэ адзін наш сябар — тоўстая непаваротлівая рапуха.

Далёка ёй да жвавай і лёгкай на скок жабы!

Лапы ў рапухі значна карацейшыя і слабейшыя, чым у жабы, таму і пасоўваецца яна марудна і скача цяжка і невысока.

Скура ў рапухі не гладкая, як у жабы, а пакрытая бугаркамі. Днём рапуха хаваецца ў цёмных і вільготных месцах — у ямах, скляпах і сутарэннях, пад мохам, між карэннямі дрэў, а вечарам, калі сцямнее, вылазіць і палюе на насякомых.

Некаторыя людзі баяцца рапух, выдумляюць пра іх розныя недарэчныя байкі, але мы з вамі добра ведаем, што непрыгожая з выгляду рапуха не толькі зусім бяскрыўднае, але і вельмі карыснае стварэнне. Яна надзейны памочнік кожнага садавода і агародніка. Дзе рапуха, там няма жыцця слімакам і вусеням. Дзе шмат рапух, там у агародзе добры ўраджай.

Рапуха жыве на зямлі, але размнажаецца, як і жаба, у вадзе. Яна кладзе сваю ікру ў невялікіх вадаёмах, і маленькія рапухі вырастаюць, як і жабкі, з апалонікаў.

Спачатку апалонік — адна толькі галава і хвост. Паступова хвосцік пачынае змяншацца, вырастаюць заднія лапкі, потым з’яўляюцца пярэднія. Нарэшце хвосцік адпадае. Апалонік ператвараецца ў маленькую жабку. Цяпер гэта жабка дыхае не жабрамі, як раней, а лёгкімі.

За апалонікамі ганяюцца дзікія качаняты. Яны, ледзь толькі вылупяцца з яйка, адразу ж пачынаюць хадзіць за маткай. На другі дзень пасля нараджэння качаняты ідуць у ваду, плаваюць між трысця, асакі і чароту, куляюцца дагары нагамі і самі здабываюць сабе корм з дна вадаёма. Качаняты ядуць і зялёную траву, і карэнні вадзяных раслін, і чарвякоў, і жабак.

У лясных і палявых птушак з сямейства курыных — глушцоў, цецерукоў, курапатак, перапёлак — птушаняты, як мы ўжо ведаем, таксама з першага дня ўсюды ходзяць за маткай, вучацца лавіць жукоў і чарвякоў, разграбаць лапкамі зямлю, збіраць зярняткі і ягады, а ў выпадку небяспекі хавацца ў траве і пад леташнім лісцем, між каменняў і камякоў сухой зямлі.

У рэках і азёрах не скончаны яшчэ нераст у плоткі і ляшча, а карась і карп у чэрвені толькі пачалі адкладаць ікру, таксама як і сом.

 

22 чэрвеня — самы вялікі дзень у годзе і самая кароткая ноч. Даўжыня ночы толькі чатыры гадзіны. Сонца ў гэты дзень знаходзіцца на самым вышэйшым за ўвесь год пункце неба.

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі В. Месяц за месяцам: каляндар беларускай прыроды: [для малодшага школьнага ўзросту] / Віталь Вольскі; малюнкі Л. Зяневіча і Ул. Піменава. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1975. – 92, [3] с., [4] л. каляр. іл.:іл.
Крыніца: скан