epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Чорны бусел

 

 

Мы падышлі да старога дуба пасярод невялікай палянкі.

Вакол дуба расце высокая ярка-зялёная трава, вільготная і мяккая.

— Гэтаму дубу больш за дзвесце пяцьдзесят гадоў, — гаворыць Аляшкевіч.

Дуб сапраўды стары. У вышыню — не менш трыццаці метраў. Шырынёй — тры-чатыры абхваты. Усе суседнія дрэвы ў параўнанні з гэтым волатам здаюцца нізкімі, малымі, нязначнымі.

Ніжняя частка магутнага ствала гладкая і зусім голая, без кары і сучча, нібы адпаліраваная.

Метраў за дванаццаць ад зямлі на засохлым суку знаходзіцца гняздо чорнага бусла. Яно складзена з сучча і палак, змацаваных зямлёй і глінай.

— Унутры яно неглыбокае і выслана трысцём, мохам, шэрсцю і пер’ем, — гаворыць Аляшкевіч.

З цікавасцю разглядаю я рэдкую знаходку.

Гняздо чорнага бусла знайсці не лёгка. Птушка гэтая дзікая і вельмі асцярожная.

Хто не ведае звычайнага белага бусла! Ён здаецца нам неад’емнай часткай беларускага сельскага пейзажу, нашых балот і лугоў. А чорнага бусла рэдка хто калі бачыў. Галава, шыя, спіна і крылы ў яго бліскучага чорнага колеру, з залаціста-зялёным і сінім адлівам, грудзі і жывот белыя, дзюба чырвоная.

Белы бусел не баіцца людзей і гняздзіцца звычайна каля чалавечага жылля, часта нават на даху вясковых будынкаў, а чорны бусел трымаецца глухіх, дзікіх лясоў і балоцістых нізін, якія густа зараслі хмызняком. Гняздзіцца ён на высокіх старых дрэвах, у такім непраходным гушчары, куды чалавеку цяжка дабрацца.

— Лясны птах, дзікун, — гаворыць Аляшкевіч.

Кожная пара чорных буслоў мае свой участак. У межы гэтага ўчастка яны не дапускаюць другіх буслоў. Гняздо іх знаходзіцца на вялікай адлегласці ад іншых гнёздаў. Гэта і зразумела, бо ўсе буслы вельмі пражэрлівыя. Калі б яны жылі блізка адзін ад аднаго, ім не хапіла б корму. Чорны бусел маўклівы, ён вельмі рэдка клякоча.

— Я знайшоў гэтае гняздо ў 1935 годзе, — хваліцца егер. — З таго часу чорны бусел штогод выводзіць у ім трох-чатырох буслянят. Перад гэтым кожную вясну ён рамантуе гняздо.

Малыя чорныя бусляняты пакідаюць гняздо ў першай палове ліпеня і да восені жывуць у сваім раёне разам з бацькамі. Чорныя буслы не збіраюцца ў вялікія чароды, як белыя. З надыходам восені яны трымаюцца асобнымі сем’ямі, не больш пяці-шасці птушак разам. З выраю чорны бусел прылятае на некалькі дзён пазней белага.

Вакол дуба з гняздом растуць яліны, вольхі, асіны і ясені. У падлеску — ляшчына, клён, лаза, чаромха і маліна. Зямля завалена бураломам. Глеба вязкая, балоцістая, пакрытая травой і зялёным мохам.

— Вясной і летам тут сустракаюцца дзікі і казулі, — гаворыць Аляшкевіч, — а ласі ходзяць увесь год.

Зялёны колер розных адценняў пануе тут над усім. Гэта проста нейкае зялёнае мора! Нават паветра ў прасветах між дрэў здаецца зеленаватым.

Пра гэтае цікавае месца яшчэ раней расказваў мне Леанід Васільевіч. Ён гаварыў, што бачыў тут чорнага бусла летам, у яркі сонечны дзень. Бусел стаяў пасярод гнязда. Бліскучая афарбоўка яго чорнага пер’я зіхацела і пералівалася ў сонечных праменнях, якія прабіваліся скрозь густую зеляніну лісця, рознымі адценнямі залацістага, бронзавага, сіняга, зялёнага і фіялетавага колераў.

— Уся абстаноўка, — казаў Леанід Васільевіч, — нагадвала трапічныя джунглі.

1947—1948

 


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан