epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Чорны дзяцел

 

 

У лясах каля Нарачы многа дзятлаў.

Я часта бачу тут і малога пярэстага, і вялікага пярэстага дзятла, і палахлівага чорнага дзятла — жаўну, якая трымаецца ў лясным гушчары і не любіць паказвацца чалавеку на вочы.

У лесе за Купаю, на ўзвышшы каля самага возера, на кожным кроку відаць сляды дзейнасці дзятлаў.

Вось на адной з сосен уваткнута ў шчыліну між кары вылушчаная сасновая шышка. Недалёка ад яе, у развілцы паміж ствалом і суком, другая шышка. На зямлі пад соснамі ляжыць цэлая куча такіх вылушчаных і растрыбушаных шышак.

Гэта — работа дзятла.

Толькі я падышоў да гэтага месца, як недалёка ад мяне пачулася лёгкае пастукванне.

Я павярнуў асцярожна галаву, стараючыся не варушыцца, і зірнуў у той бок, адкуль пачуўся гук.

Крыху вышэй аднаго метра ад зямлі вялікі пярэсты дзяцел дзяўбаў шышку, заціснутую ў шчыліне ў ствале маладой сасны. Адкідваючы галаву назад і ўчапіўшыся кіпцюрамі ў кару, ён з размаху, метадычна стукаў дзюбай па шышцы, вылушчваючы з яе насенне. Скончыўшы «апрацоўку» шышкі, дзяцел пачаў падымацца па ствале, рухаючыся вакол яго па спіралі.

Калі ён адляцеў з рэзкім і энергічным «кік-кік», скінуўшы мне на памяць сваё цёмнае з зеленаватым адценнем і белай авальнай плямай на канцы пяро, я падышоў да сасны і агледзеў яго «рабочае месца».

Напалову вытрыбушаная шышка была даволі моцна заціснута ў паглыбленні ствала. Пад ёю ляжала між карэнняў дрэва вялікая горка раней вылушчаных шышак.

Гэта — «сталовая» дзятла, ці, як часцей кажуць, яго «кузня», такая ж, як і дзве другія па суседству, якія я толькі што аглядаў. Усе яны належаць, відаць, аднаму і таму ж дзятлу, бо гэтая птушка любіць адзіноту і не церпіць блізка ад сябе суседзяў.

Дзяцел тым часам вярнуўся і цяпер выстукваў над маёй галавою другую высокую сасну, аддзіраючы цэлыя кавалкі кары, якія з шумам падалі ўніз.

Нібы акрабат, лазіць ён па ствале не толькі знізу ўверх, але і вакол ствала, паралельна зямлі. З якой надзвычайнай добрасумленнасцю аглядае дрэва гэтая сур’ёзная птушка! Дзяцел абследуе ствол знізу ўверх па ўсёй яго паверхні. Рухі дзятла шпаркія і рэзкія, але часам ён надоўга затрымліваецца на адным месцы, упарта і настойліва выганяючы з-пад кары і з самой драўніны шкоднікаў, якія хаваюцца ў глыбокіх хадах.

Вось ён з шумам перапырхнуў на суседняе дрэва. Скрозь зеляніну відаць яго чырвоная шапачка і пярэстае, белае з чорным, апярэнне.

Я спусціўся па схіле ўзгорка і падаўся далей.

Характар мясцовасці паступова змяніўся. Малады сасняк перайшоў у густы і вільготны змешаны лес. Тут растуць не толькі сосны, але і высокія, старыя яліны, бярозы і дубы, таполі і асіны. Пад нагамі шмат буралому.

Праменні летняга сонца прабіваюцца скрозь густое лісце, кладучы вакол светлыя няроўныя плямкі.

Гэтыя плямкі ціха рухаюцца па зямлі, нібы жывыя карункі, — адзнака таго, што недзе ўверсе пагойдвае вершаліны лёгкі ветрык, які непрыкметна дзьме з возера. А тут, унізе, пад высокім зялёным скляпеннем, ціха і спакойна.

— Кі-кі-кі-кі-і-і-й... — пачулася раптам у вільготным лясным паветры.

А потым і яшчэ нейкія дзіўныя гукі:

— Пр... пр... пр... пр...

Гэты прарэзлівы, жаласны крык прагучаў як скарга. Так крычыць толькі жаўна, вялікі чорны дзяцел. Гэта ён лямантуе ў лясным гушчары, скардзіцца аб нечым сваёй сяброўцы.

Крык жаўны можна пачуць не толькі ў такі ясны і прыгожы летні дзень, як сёння, але і восеньскім дажджлівым змрокам, і зімою, калі ўсё навокал засыпана снегам, і вясной, калі пачынаюць раскрывацца пупышкі на дрэвах і кустах.

Жаўна — самы буйны з усіх дзятлаў. Трымаецца ён звычайна ў глухіх кутках няходжанага лесу. Убачыць чорнага дзятла можна не так ужо часта.

Усё сваё жыццё жаўна праводзіць на ствалах дрэў і ў дупле, дзе спіць і выводзіць патомства. На зямлю чорны дзяцел спускаецца хіба толькі для таго, каб паласавацца мурашкамі. Ён выпускае з дзюбы свой доўгі і ліпучы язык, тонкі, як шнурок. Калі ўстрывожаныя мурашкі аблепяць яго з усіх бакоў, жаўна ўцягвае язык у дзюбу і глытае мурашак. Так робіць чорны дзяцел некалькі разоў, пакуль не насыціцца.

Рухавы і востры на канцы язык жаўны высоўваецца з дзюбы сантыметраў на восем, і жаўна, як і ўсе іншыя дзятлы, лёгка прасоўвае яго ў шчыліны кары, у хады, прасвідраваныя ў дрэве жучкамі, і выцягвае лічынкі караедаў, пільшчыкаў, даўганосікаў з іх патаемных сховішчаў.

Сваёй вострай і моцнай дзюбаю чорны дзяцел прабівае кару, свідруе драўніну, растрыбушвае шышкі.

У пачатку красавіка самка жаўны робіць сабе гняздо. Яна выбірае старое дрэва, звычайна яліну, і выдзёўбвае дупло, у якое кладзе тры-чатыры бліскучыя яйкі.

Але ж чаго раскрычалася гэтая чорная птушка? Чым яна так устрывожана?

Вось зноў паўтарыўся яе жаласны крык.

Уверсе пачуўся шум, неспакойная мітусня.

Я ўзняў галаву і зірнуў на кроны высокіх дрэў.

Раптам адтуль ні то звалілася, ні то спусцілася на зямлю, чапляючыся за галіны, птушаня чорнага дзятла і апынулася каля маіх ног.

Я накрыў яго шапкай, перш чым яно паспела схавацца ў зарасніках падлеску.

Гэта была, відавочна, яго першая спроба палёту. Лятаць птушаня яшчэ не ўмела, але з выгляду амаль нічым ужо не адрознівалася ад бацькоў.

Я ўзяў маладую жаўну на рукі.

Ростам яна была крыху большая за галку. Апярэнне ў птушаняці такое ж чорнае, цьмянае, як і ў дарослай жаўны. Ярка-чырвоная шапачка на патыліцы сведчыць аб тым, што гэта — самачка, бо ў самца жаўны не толькі патыліца, але і цемя чырвонае. Шыя ў жаўны вельмі рухавая. Чорны дзяцел можа адкінуць галаву далёка назад, каб з усёй сілы, з размаху стукнуць дзюбай па дрэве. Пры гэтым ён моцна трымаецца вострымі і ўчэпістымі кіпцюрамі за кару, абапіраючыся на цвёрды хвост.

Птушаня ўчапілася кіпцюрамі ў мае пальцы. Яно пазірала на мяне светлымі, малочна-блакітнымі вачыма і безупынна раскрывала дзюбу, паварочваючы галаву ва ўсе бакі.

Недзе ўверсе хваляваліся бацькі, але паказацца на вочы не адважваліся.

Добра разгледзеўшы птушаня, я пасадзіў яго на ствол старой яліны. Яно ўчапілася кіпцюрамі за кару і вельмі шпарка пачало ўзбірацца ўгору па процілеглым ад мяне баку дрэва. Хутка яно знікла з вачэй.

Старыя жаўны ўверсе супакоіліся. У лесе зноў запанавала цішыня.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан