epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Дзядзька Вінцук і яго буслы

 

 

Над намі праляцеў бусел.

Вялікія крылы яго шырока распасцёрты, дзюба выцягнута, чырвоныя ногі адкінуты назад.

Мы правялі бусла вачыма.

— На лугавіну за Антонісбергам падаўся, — гаворыць дзядзька Вінцук.

— Адкуль вы ведаеце?

— Гэта наш бусел, з Варанцоў. Ён жыве на маім двары.

— Значыць, сусед?

— Сусед.

Размова набывае новы кірунак.

— Даўно ён у вас пасяліўся? — пытаюся я.

— Гадоў з пятнаццаць. Усцягнуў я тады на старую алешыну, што расце на маім двары, барану. Няхай, думаю, буслы жывуць. Яны і пабудавалі на ёй гняздо з дубцоў ды палак. Будавалі дзён дваццаць, калі не больш. Панацягалі ў гняздо розных лахманоў, анучак, сена, саломы. А ў сценках вялікага буслінага гнязда пасяліліся дробныя птушкі. З таго часу буслы і выводзяць на маёй алешыне сваіх буслянятак. Ніколі яшчэ гняздо не пуставала. Сёлета гадуюць трох.

Твар старога пастуха набыў нейкі добры выраз. Пра буслоў ён гаворыць з яўным замілаваннем.

— Заўсёды трох? — спытаў я.

— Як калі, — адказаў дзядзька Вінцук. — Здараецца часам, што бусел выкіне з гнязда лішняе яйка ці малое бусляня. Людзі кажуць, што ён выкідвае чацвёртага, калі ёсць. Толькі я не ведаю, ці гэта праўда, бо гады тры назад буслы выгадавалі аж пяцёра малых і нікога не скінулі. Яшчэ ў нас гавораць, быццам, калі бусел выкінуў яйка, то гэта на ўраджай, а калі бусляня, то на недарод. Але я так думаю, што бусел выкідвае з гнязда малое — няўдалае ці хворае, якому ўсё роўна не жыць, а яйка — пустое. Сёлета якраз выкінуў яйка.

— А навошта вы паклалі на вольху барану? Хіба вам гэтак патрэбны ўжо буслы на двары?

— А чаму не? — здзівіўся дзядзька Вінцук. — Хай жывуць. Калі пасяліўся бусел каля хаты, то гэта на шчасце. Так у нас лічыцца. Ды і весялей з ім.

— Але ж ён прыносіць на двор жывых змей. І пахне ад гнязда нядобра. І кураня на двары можа падхапіць. Ці ж не так?

— На двары ён нічога не чапае, бо корміцца на лугах ды балотах. Змеі часам і падаюць з гнязда. Але што ты зробіш? Усё роўна бусла чапаць няможна. Бусел, як і голуб, — добры птах, друг чалавека, — упэўнена сцвярджае дзядзька Вінцук.

— А ў чым гэта выяўляецца?

— Як гэта ў чым? — У голасе дзядзькі гучыць нездавальненне. — Бусел знішчае мышэй, гадзюк, пацукоў, вусеняў, жукоў і ўсякую нечысць. Чаго ж яшчэ? І наогул... такі ўжо звычай: не крыўдзіць бусла, і ўсё. Трэба з ім жыць у згодзе, у добрым суседстве. Так ужо здаўна вядзецца ад нашых дзядоў і прадзедаў. І, мусіць, нездарма, — падкрэсліў ён павучальна.

— За гэтыя пятнаццаць гадоў вы, мабыць, блізка з бусламі пазнаёміліся? Ведаеце ўсе іхнія звычкі?

— А як жа! Мы да іх прывыклі, а яны да нас. Вядомая рэч, столькі часу жывуць на маім двары. Усё іхняе жыццё на маіх вачах праходзіць. Чаго толькі не ўбачыш!

— Калі ж яны вяртаюцца з выраю?

— Звычайна ў красавіку. Спачатку прыляціць адзін гаспадар і стаіць сабе пасярод гнязда цэлы дзень, як на варце. Чужога бусла і блізка не падпусціць. Вось неяк гляджу, прыляцеў мой бацянок, стаіць на гняздзе, пільнуе свой участак. Аж тут да яго чужы падсунуўся. Гаспадар яго не пускае, а той лезе. Такая бойка між імі тады пачалася! Хацеў я свайму буслу дапамагчы, ды дзе там, не ведаю як. Хіба тут разбярэш у бойцы, хто свой, а хто чужы? Мільгацяць толькі белыя спіны, чорныя крылы ды хвасты, чырвоныя дзюбы ды ногі. Толькі пер’е ляціць у паветры. Ну што ты зробіш! Нарэшце наш бусел перамог, а чужы адступіўся, паляцеў прэч. Вядома, хто свой кут бароніць, той заўсёды смялейшы. І адкуль толькі адвага бярэцца! А той, хто чужое хоча захапіць, не такі рашучы, бо адчувае, што праўда не на яго баку. Так і тут. Гаспадар перамог, а праз два дні прыляцела і яго бусліха. Тады яны разам узяліся рамантаваць гняздо, чысціць яго, пашыраць. Гняздо з кожным годам робіцца ў іх усё большае, расце і ўгору, і ўшыркі. Потым бусліха кладзе яйкі і разам з буслам, па чарзе, сядзіць на іх цэлы месяц.

— Няўжо ўсё тыя самыя буслы гняздзяцца ў вас? — пытаюся я. — А можа, кожны год прылятаюць новыя?

— Мне здаецца, што тыя самыя, — упэўнена адказвае пастух. — Я свайго бусла заўсёды пазнаю. Маладыя буслы, мабыць, будуюць сабе гнёзды дзе-небудзь далей, бо паблізу іншых гнёздаў у нас тут няма. Наогул, буслы гняздзяцца асобнымі парамі, далёка адна ад адной. Участак нашых буслоў каля кіламетра ва ўсе бакі ад гнязда. Калі б яны жылі па некалькі сем’яў разам, то ім не хапіла б корму. Надта ж яны ненажэрныя, асабліва бусляняты.

Дзядзька Вінцук змоўк і пачаў скручваць цыгарку.

З кніг мне было вядома, што бусел абзаводзіцца сям’ёй толькі на чацвёртым-пятым годзе жыцця. Да гэтага часу маладыя буслы бадзяюцца паміж месцам зімоўкі і месцам, дзе нарадзіліся. Некаторыя з іх прылятаюць часам і на радзіму, але значна пазней дарослых. Калі ж надыходзіць час заводзіць сям’ю, малады бусел шукае вольнага гнязда ці будуе сабе новае ў той мясцовасці, дзе ён сам з’явіўся на свет.

Пакуль мы размаўлялі пра буслоў, каровы адышлі ад нас даволі далёка.

Дзядзька Вінцук падняўся.

— Прыходзьце да нас у нядзелю паглядзець на маіх кватарантаў, — сказаў ён мне на развітанне і пайшоў даганяць статак.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан