epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Дзень добры, Бяроза!

У лясах над Бярозай
  Паездка ў запаведнік
  Размова з дырэктарам
  Бабраня на двары
  Арлан-белахвост
  Па дарозе ў Нешкава
  Бабровая хатка
  Рачныя будаўнікі
  Бабры ў Бярэзіне
  Урочышча «Залазы»
  Перад ад’ездам
  Знаёмым шляхам
  Аднаўленне фермы
  Сергучоўскі канал
  Егерава жонка
  Рэчка Сергуч
  Добрыя суседзі
  Беларуская тайга
  Чорны бусел
  Спатканне з мядзведзем
  На Бузянцы
  Урочышча «Вокны»
  «Лейзарава піпка»
  Домжарыцкае возера
  Бабры за работай
  Ласіныя Ямы
  Лясная трагедыя
  Садок і аблава
  Развітанне
Па запаведных мясцінах
  Дзень добры, Бяроза!
  Горад, а не сядзіба
  Вялікая розніца
  Сустрэча з ветэранам
  Бабкі шукаюць звера
  Сустрэча з норкай
  Навала
  «Хатні злодзей»
Мядзведзі
  Пушчык, які ездзіў у Прагу
  Музычныя практыкаванні
  Мядзведзіца і лайка
  Яшчэ крыху пра мядзведзяў
  Вось якія яны, гэтыя нашы так званыя «мішкі»
Пра янотаў-паласкуноў і ўсурыйскіх янотападобных сабак
  Янот і чапля
  Паласкуны не прыжыліся
  Перасяленцы з Далёкага Ўсходу
Што такое біясферны запаведнік?
  З нядаўняга мінулага
  Нарэшце агледзеліся
  Задачы i перспектьівы
Гадавальнік лясных звяроў
  Блізкае суседства
  Шчаслівая сямейка
  Непрыемнае здарэнне
Ваўкі
  Інга
  Першыя ўцёкі
  Другія уцёкі
  Чынгіз
  Думкі наконт лёсу ваўкоў
У лясным інкубатары
  Выратаванне глушца
  Трэба ратаваць і шэрых курапатак
Людзі і змеі
  Гадзюка
  Здарэнне з вужом
  Прыкрае непаразуменне
  Без прычыны змяя не нападзе...
  Беспадстаўныя пагалоскі
  Заклінальнікі змей
  Трывалая дружба
  Надзейны вартаўнік
  Карысны лекавы сродак
  Змяя пад аховай дзяржавы
  Самаадданая праца
  Няхай змеі жывуць
Вясна на Бярэзіне
  Праз тры гады
  На разліве
  Жоравы
  Баявы распарадак
  Няўдалая спроба
  Жнівеньскім досвіткам
  Ажыццяўленне мары
  Ранішні канцэрт
  Жураўліная школа
  Дарога на Белы Лясок
  На правым беразе
  Глушцы такуюць...
  Навасёл
  Клара
  Бабры
  Начныя візіты
  Мядзведзь на пасецы
  Рысь рэабілітавана
  Заолаг на вайне
  Любімая прафесія
  Ворагі прыроды
Бярэзінскія зубры
  А што з зубрамі?
  Блуканні скончыліся
  Адзінокія вандроўнікі
  Зубрыца Мона
  Зусім не Мона, а Гайна
  Зубраняты растуць, статак павялічваецца
  Зубр Момант
  Суседзі не нападаюць
  Канфлікт
  Лёс зуброў
  Гутарка ў лесе. бык застаўся жывы
  Сустрэча з зубрыным статкам
  На варце
  Паланёны асілак
  Цудоўны майстар слова
  Палявы зубр
  Заключныя радкі


 

У лясах над Бярозай

 

Паездка ў запаведнік

У пачатку чэрвеня 1947 года, у ясны сонечны дзень выехалі мы на машыне з Мінска ў Беларускі дзяржаўны запаведнік на рацэ Бярэзіне.

У шырокім кузаве грузавіка размясціліся дырэктар запаведніка, яго намеснік па навуковай частцы і некалькі супрацоўнікаў. Усе яны вяртаюцца дамоў з камандзіроўкі. Вязуць з сабой прэпараты, лабараторнае абсталяванне і ўсялякія прыпасы, неабходныя для жыцця і працы ў лясах запаведніка.

Машына ідзе па Лагойскім тракце. Абапал раскінуліся бяскрайнія калгасныя палеткі.

Не спыняючыся, мінулі мы Астрашыцкі Гарадок, размешчаны на ўзвышанай мясцовасці, непадалёку ад невялікага прыгожага возера.

Потым праехалі летапісны Лагойск, дзе да гэтага часу захаваўся яшчэ высокі насып старадаўняга замчышча, і Плешчаніцы.

За Бягомлем, па дарозе на Лепель, усё часцей сустракаюцца лясы і пералескі. Адсюль недалёка ўжо і да запаведніка. Яго лясныя масівы, што раскінуліся на плошчы ў 70 тысяч гектараў, віднеюцца цёмнай зубчастай сцяной на гарызонце. Перасечаныя вялікімі балотамі і азёрамі, яны цягнуцца паласой з поўначы на поўдзень па верхнім цячэнні ракі Бярэзіны і яе шматлікіх прытокаў.

Гадзін пасля шасці вечара мы праязджаем цераз сяло Домжарыцы, цэнтр Домжарыцкага сельсавета.

Недалёка ад сяла віднеецца возера. Мы знаходзімся ў межах запаведніка.

Машына ідзе берагам Сергучоўскага канала. Яна спыняецца перад старой, пахілай хацінкай.

Тут, каля самай вады, жыве егер Аляшкевіч, які ехаў з намі. Ён працуе егерам і адначасова вартаўніком пры шлюзе на канале. Гэта — здаровы, дужы дзядзька, гадоў пад пяцьдзесят, які любіць пагаварыць, пажартаваць і пасмяяцца. Усю дарогу ён расказваў розныя адмысловыя гісторыі і сам заўзята рагатаў, сам шчыра з іх цешыўся.

— Ну, Юрый Ігнатавіч, вылазь! Прыехаў! — гаворыць яму дырэктар.

Егер спрытна выскаквае з машыны, а за ім таксама і мы, каб размяць крыху ногі.

З хаты выходзіць жонка егера, жанчына невысокага росту, але гэткая ж дужая, зграбная і здаровая з выгляду, як і муж.

Яна бачыць, што гаспадар вярнуўся з пустымі рукамі, і пачынае праяўляць выразныя адзнакі нездавальнення.

— Няўжо нічога з горада не прывёз? — пытаецца яна коратка.

— Як гэта нічога? А вабік для рабчыкаў? А другі для качак? А патроны для стрэльбы?

— Згары ты са сваімі патронамі! Цьфу!.. Людзі стараюцца, дбаюць, працуюць, а ён сабе бадзяецца па лесе ды ваду пільнуе! Хіба гэта работа? Адна назва! Дырэктару трэба ў Мінск, тыц — і ён туды ж! І ён ужо начальнік, — торбу за плечы ды за ім. Вялікую справу робіць! А каб чаго ў дом, дык аб гэтым і клопату няма! Я яго выправіла як чалавека, і сала, і хлеба дала, і грошай, а ён...

Раззлаваная, не знаходзячы слоў ад крыўды, жанчына павярнулася, каб ісці дахаты.

Егер тым часам выцягнуў з машыны стары шынель.

— А гэта што? Глядзі, на базары купіў! — сказаў ён крыху няўпэўнена.

— Купіў?.. Гэта?.. — У голасе жонкі загучала невыказная знявага.— Людзі насіць не хочуць, з плеч даўно паскідалі, а ён падхапіў!..

Яна вырвала з рук мужа злашчасны шынель, шпарка падбегла да канала і кінула ў ваду. Потым моўчкі, не аглядаючыся, рушыла ў хату.

— А на зіму штаны з чаго будзеш шыць? — заўважыў ёй наўздагон Аляшкевіч.

Пачухаўшы збянтэжана патыліцу, ён узяў жэрдку і выцягнуў шынель з канала.

Калгасны вартаўнік, якога мы ўзялі ў машыну, каб падвезці да сяла Кветча, уважліва і зацікаўлена сачыў за гэтай сцэнай.

— Бачылі? — сказаў ён, хаваючы ўсмешку ў вусы.— Не дай бог, што вырабляе! Гэта ж перад усёй публікай у ваду кінула! Ціятр! Добра, што чалавек спакойны. Другі б адразу ў развод! Ці ж няпраўда?

Аляшкевіч нездаволена глянуў на вартаўніка.

— Стары чалавек, а няправільна гаворыце! — заўважыў ён стрымана. І, звярнуўшыся да нас, растлумачыў з філасофскай развагай:

— Усе яны гэткія. Яшчэ невядома, што дырэктарава жонка скажа, ён жа таксама нічога не прывёз.

А пасля невялікай паўзы дадаў зусім іншым тонам, нібы суцешыў сам сябе:

— Пагодзімся!

Яму было, відаць, непрыемна, што гэты маленькі інцыдэнт адбыўся на нашых вачах. Ён адчуваў сябе крыху няёмка.

Мы развіталіся з Аляшкевічам і паехалі далей.

Праз некалькі кіламетраў машына павярнула ўправа і спынілася. Перад намі — вялікая пясчаная паляна, агароджаная з боку канала частаколам. На гэтай паляне, акружанай сасновым лесам, высяцца сярод агародаў, на прыстойнай адлегласці адзін ад аднаго, некалькі новых драўляных будынкаў.

Гэта пасёлак Крайцы, сядзіба запаведніка.

У адным з невялікіх, бярвенчатых, з прыемным сасновым пахам, дамоў размясцілася дырэкцыя. У астатніх жывуць навуковыя супрацоўнікі.

Пачынае церушыць дробны дожджык.

Машыну акружаюць сем’і прыехаўшых. Чуюцца радасныя воклічы дзяцей, узаемныя прывітанні, абмен навінамі.

Дождж тым часам мацнее. Да мяне падыходзіць дырэктар.

— Прыйдзецца вам спыніцца ў нас, — гаворыць ён.

 

Размова з дырэктарам

Мы сядзім за сталом.

У вокны б’е дождж. Кроплі яго струменьчыкамі збягаюць па шкле.

На стале перад намі карта.

Дырэктар расказвае пра прыродныя багацці запаведніка, пра баброў і ласёў у дрымучых лясах, пра партызанскую вайну ў гэтай мясцовасці, пра вялікія страты ад акупацыі і пра перспектывы далейшай работы.

— Запаведнік на рацэ Бярэзіне, — кажа ён, — быў створаны па ўказу савецкага ўрада ў 1925 годзе. І трэба сказаць, што мерапрыемства гэтае цалкам сябе апраўдала. Тутэйшыя мясціны самой прыродай прызначаны для запаведнасці. Топкія, непраходныя балоты і рэчкі, вялікія і дрымучыя лясы з’яўляюцца надзейным прытулкам для рэдкіх і каштоўных звяроў.

— Якія ж звяры тут вядуцца? — спытаўся я.

— У нас тут шмат ласёў, мядзведзяў і дзікіх свіней. Ёсць і рысі, касулі, выдры, куніцы, барсукі, лісіцы, норкі, гарнастаі, вавёркі, зайцы і процьма рознай драбязы, — адказаў дырэктар, — усіх не пералічыш.

— А птушкі?

— Птушак таксама хапае, асабліва вадзяных. Рака Бяроза з яе шырокімі паплавамі, звілістай плынню, шматлікімі прытокамі, рукавамі і старыцамі, паўнаводны Сергучоўскі канал і лясныя азёры вабяць сюды з году ў год вялікае мноства пералётных вадаплаўных птушак. Шмат гняздуе тут і баравой дзічыны. Нашы лясы багаты на цецерукоў, глушцоў, рабчыкаў, курапатак. Рэкі і азёры поўныя рыбы. Але сапраўдным багаццем і гонарам запаведніка з’яўляюцца бабры. Для аховы і развядзення гэтага рэдкага, каштоўнага і цікавага звярка і быў, уласна кажучы, у першую чаргу створаны Бярэзінскі запаведнік.

— Ці многа было тут баброў, — пытаюся я, — і наколькі павялічыўся іх лік пасля стварэння запаведніка?

— Бабры захаваліся тут у натуральных умовах з незапомных часоў, — адказаў дырэктар. — Калісьці яны былі на Беларусі вельмі распаўсюджаны. Вялікія паселішчы баброў сустракаліся па ўсёй краіне. Аб гэтым сведчаць і шматлікія геаграфічныя назвы, якія паходзяць ад слова «бабёр»: рака Бабёр, горад Бабруйск, вёска Бабровічы, сяло Бобрыкі, Баброўшчына і іншыя.

У канцы XVIII стагоддзя бабры былі амаль зусім знішчаны. Занадта вялікі быў попыт на іх дарагое футра, якое цэніцца і цяпер вельмі высока. Гэта тлумачыцца не толькі рэдкасцю звярка, але і добрымі якасцямі футра — яго трываласцю, мяккасцю і прыгажосцю. У табліцы трываласці футраў бабёр займае другое месца. Першае месца належыць выдры, але шкурка яе не такая мяккая.

На Беларусі да 1917 года баброў больш за ўсё было ў нашай мясцовасці, у лясах па верхняму цячэнню Бярэзіны. Зрэдку сустракаліся бабры і ў пойме ракі Сож, на яго левых прытоках Іпуці і Беседзі. Трэба сказаць, што ад бярэзінскіх баброў паходзяць і бабры вядомага Варонежскага запаведніка. Справа ў тым, што яшчэ ў 1886 годзе на раку Варонеж былі прывезены з Мінскай губерні і выпушчаны на волю пяць баброў. Патомства гэтых баброў рассялілася па рэчцы Варонеж і перабралася на раку Усманку. На тэрыторыі паміж гэтымі рэкамі і быў створаны ў далейшым Варонежскі бабровы запаведнік.

На тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка, да яго арганізацыі ў 1925 годзе, бабровыя паселішчы захаваліся толькі па цячэнню глухіх забалочаных рэк Пясчанка і Гурбянка ды на возеры Асінка, — дырэктар паказаў на карту, — вось у гэтых недаступных мясцінах, куды нага чалавечая магла пранікнуць толькі лютай зімой, калі моцныя маразы скоўвалі балотную дрыгву. Зрэдку, хіба ў вялікую паводку, заплываў сюды часам рыбачы прасмолены човен.

У той час налічвалася тут усяго толькі дзесяць бабровых хатак, а ў 1935 годзе іх было ўжо сто трыццаць дзевяць. У 1940 годзе колькасць баброў, па прыблізнаму падліку, дасягнула васьмісот шасцідзесяці галоў. Адсюль, пад аховай закона, бабры распаўсюдзіліся і па іншых сумежных вадаёмах, асабліва па верхняму цячэнню Бярэзіны. Цяпер бабровыя паселішчы пачалі з’яўляцца далёка за межамі запаведніка, у басейнах Дняпра, Нёмана і Заходняй Дзвіны.

Савецкая дзяржава зацікаўлена ў захаванні і безупынным павелічэнні колькасці баброў. Паляванне на баброў у Савецкім Саюзе забаронена. Знішчэнне баброў раўназначна знішчэнню дзяржаўнай маёмасці і сурова караецца законам.

— Задача нашых работнікаў, — сказаў дырэктар, — дамагчыся, каб у недалёкім будучым бабёр зрабіўся зноў прамысловай жывёлай і заняў на нашым футравым рынку належнае месца.

Але Бярэзінскі запаведнік з’яўляецца не толькі гадавальнікам для захавання і развядзення баброў.

Недатыкальнасць яго лясных масіваў вельмі станоўча ўплывае на захаванне нармальнага воднага рэжыму ракі Бярэзіны і яе прытокаў. Дзікія і глухія лясы ў гэтым раёне забяспечваюць сярэдняе і ніжняе цячэнне Бярэзіны ад паніжэння ўзроўню вады і абмялення, а гэта мае значэнне як для земляробства, так і для сплаву, для суднаходства, для гідратэхнічных і меліяратыўных пабудоў. Калі б лясы запаведніка былі высечаны, рака Бяроза перасохла б, а навакольныя палеткі страцілі б сваю ўрадлівасць, былі б засыпаны пяскамі, зараслі б пустазеллем, зрабіліся б непрыгоднымі для пасеву.

 

Бабраня на двары

З учарашняга вечара ўсю ноч і ўвесь дзень ідзе безупынны дождж. Таму азнаямленне з запаведнікам прыходзіцца сёння абмежаваць толькі тэрыторыяй сядзібы.

У пуні, каля дома дырэкцыі, жыве ў клетцы малое бабраня. Яму ўсяго паўтара месяца. Яно вельмі дабрадушнае і лагоднае. Калі да яго падыходзяць, яно падымаецца на заднія лапы і цягнецца насустрач, стогнучы пры гэтым, як дзіця.

Чорнымі пярэднімі лапкамі бабраня бярэ, нібы рукамі, лазінку і, спрытна яе паварочваючы, хутка абгрызае з усіх бакоў зялёную кару. Кормяць яго таксама малаком, хлебам і лісцямі іван-чаю.

Трапіла яно сюды выпадкова. Два тыдні назад яго злавілі на Бярэзіне. Ляснічы Церах плыў па рацэ ў чоўне міма адной з бабровых хатак. На паверхні вады, недалёка ад хаткі, з’явілася бабраня. Яно пераплывала раку, накіроўваючыся ад хаткі да супрацьлеглага берага. Убачыўшы лодку, бабраня змяніла напрамак і паплыло побач з чоўнам, з цікавасцю паглядаючы на Цераха сваімі чорнымі вочкамі.

Ляснічы апусціў руку за борт, схапіў бабраня за хвост і выцягнуў яго з вады ў човен. Бабраня па-дзіцячаму свайму неразуменню і даверлівасці не спрабавала ні ўцякаць, ні супраціўляцца. Яго прынеслі ў дырэкцыю запаведніка, і вось яно жыве цяпер у пуні.

Мы выпускаем бабраня з клеткі. Няхай крыху пагуляе. Па зямлі яно рухаецца не вельмі спрытна. Забаўна шлёпаючы сваімі вялікімі заднімі лапамі з шырокімі плавальнымі перапонкамі паміж пальцаў, згорбіўшыся і смешна перавальваючыся з боку на бок, яно шпарка і нязграбна спяшаецца між градак агарода.

Апынуўшыся на двары і агледзеўшыся, бабраня адразу і беспамылкова вызначае правільны напрамак. Чуццё падказвае яму, што вада знаходзіцца параўнальна недалёка, і яно імкліва накіроўваецца ў бок канала, да якога адсюль будзе, мабыць, з паўкіламетра.

Даўшы бабраняці як след пагуляць, яго праз некаторы час зноў садзяць у клетку.

Гэта — першы, пасля вайны адлоўлены ў рацэ, бабёр, які знаходзіцца пад навуковым наглядам. Да 1941 года ў запаведніку праводзіліся доследы па развядзенню баброў у клетках і вальерах.

Ад мінулага абсталявання фермы захаваўся толькі цэментаваны басейн, у якім трымаліся паддоследныя бабры. На дне, засыпаным зямлёй і пяском, густа растуць бур’ян і крапіва.

— Работы тут непачаты край, — гаворыць, падышоўшы да нас, дырэктар, — але больш за ўсё прыходзіцца цяпер будаўніцтвам займацца. Да вайны запаведнік меў для навуковай работы дастатковую колькасць вытворчых, жылых і гаспадарчых памяшканняў. У Крайцах былі чатыры жылыя дамы, двухпавярховыя катэджы для супрацоўнікаў, добра абсталяваная лабараторыя, клуб, бібліятэка, заалагічны музей і вялікая падсобная гаспадарка. Ад усяго гэтага засталіся толькі абвугленыя руіны. Усё знішчана, спалена, разбурана. Усё трэба будаваць нанова, усім трэба абзаводзіцца з самага пачатку.

 

Арлан-белахвост

На другі дзень праяснела.

Ад самай раніцы гучна кукуюць у лесе зязюлі. Меладычна свішча івалга. З-за сосен паказалася сонца.

Учора, недалёка ад пасёлка, егер Аляшкевіч застрэліў арла. Забітага драпежніка прынеслі сёння ў дырэкцыю.

Гэта — самка арлана-белахвоста.

З цікавасцю разглядаем мы вялізную і магутную птушку. У яе вялікая, моцная і вострая, загнутая ўніз дзюба, такія ж светла-жоўтыя, магутныя лапы з доўгімі, бязлітаснымі кіпцюрамі і халодныя светла-жоўтыя вочы. Галава і шыя святлейшага колеру, хвост белы, а тулава і крыллі цёмна-бурыя.

Спачатку мы вымяраем тулава птаха. Даўжыня кожнага яго крыла ў размаху дасягае аднаго метра. Даўжыня тулава ад галавы да хваста — 90 сантыметраў.

Потым, тут жа на двары, каля канторы, пад адкрытым небам, Леанід Васільевіч Колбін, намеснік дырэктара па навуковай частцы, і Антон Цярэнцьевіч Хацкевіч, прэпаратар, прыступаюць да ўскрыцця забітага арлана.

Вынікі ўскрыцця вельмі цікавыя. У валлі і страўніку птаха знаходзяцца неператраўленыя рэшткі дзікай качкі, голуба, бусла і шкарлупка качыных яек. Старая разбойніца з’ела, відавочна, качку, якая сядзела ў сваім гняздзе, разам з яйкамі.

Буслам, голубам і качкай самка арлана-белахвоста карміла, мабыць, сваіх птушанят і пры гэтым сама адрывала кавалкі здабычы, каштуючы ад кожнага.

Егер Аляшкевіч, які забіў арлана, прысутнічае пры ўскрыцці.

Ён кажа, што застрэліў гэтага грознага і пражэрнага птаха недалёка ад гнязда. Вялізнае па сваіх памерах, гняздо арлана знаходзіцца на вяршыні старога двухсотгадовага дуба. Шырынёй яно, паводле слоў егера, каля двух метраў, а ў вышыню не менш аднаго метра.

Усё гэта з’явілася для мяне нечаканасцю. Я думаў, што арлан-белахвост, вялікі драпежны птах, характэрны для марскога ўзбярэжжа паўночных краін, — нездарма называюць яго часам марскім арлом, — быў тут забіты выпадкова, у час нейкага свайго далёкага падарожжа, а ён, выходзіць, гняздзіцца і ў нас на Беларусі. У запаведніку жыве недалёка ад вады, у вялікіх лясах каля Бярэзіны і азёр.

Егер кажа, што яму даводзілася бачыць, як у пагоні за буйной рыбай арлан-белахвост кідаўся, склаўшы крылы, з палёту ў ваду і даваў нырца.

— Я некалькі разоў бачыў арлана на возеры, — гаворыць егер. — Ён кожны дзень прылятаў туды раніцой, ледзь толькі сонца ўзыдзе, на адно і тое ж месца, недалёка ад гнязда. Усе іншыя птушкі яго баяцца. Чайкі, качкі, кнігаўкі адразу знікаюць, як толькі арлан-белахвост з’явіцца на беразе ці над вадой. А ён не звяртае на іх ніякай увагі. Падляціць цяжкім павольным палётам да пясчанага плёсу і апусціцца проста ў ваду, на мелкім, зразумела, месцы. Любіць ён купацца цёплай летняй раніцай, не баіцца «штаны» замачыць. Ідзе па пясчаным дне, пакуль вада не падступіць яму пад самае бруха. Тады ён акунецца некалькі разоў з галавою, не зыходзячы з месца, страсянецца, натапырыўшы крылы, і выйдзе на бераг. А вакол даўно ўжо нікога няма — ні качак, ні чаек, ні кулікоў, ні варон, — усе адступіліся ад сваіх заняткаў, ад рыбнай лоўлі, пакінулі яму ўвесь бераг, пахаваліся ў чароце. А я сяджу сабе ціха ў кустах на ўзгорку ды назіраю за арланам з якую гадзіну ці, можа, болей. Па зямлі ён ідзе марудна, цяжка, з намаганнем, шырока перастаўляючы магутныя лапы з вялізнымі кіпцюрамі і нібы перавальваючыся з боку на бок. Пасядзіць на беразе, пачысціць пер’е і пачне лавіць рыбу. Потым узнімецца ў паветра і, узмахваючы крыламі, павольна ляціць над вадой. А як убачыць у возеры добрую рыбіну, дык каменем падае ўніз, толькі срэбныя пырскі ляцяць. Схопіць рыбу кіпцюрамі, узнімецца ўгору і ляціць з ёю да гнязда на старым адзінокім дубе. І гэтак робіць арлан некалькі разоў, пакуль не накорміць сваіх ненажэрных птушанят. Панацягае малым у гняздо ўсялякага корму ў запас, сам пад’есць і тады зноў садзіцца на беразе, п’е ваду і чысціць пер’е. Даўно я за ім сачыў, але падстрэліць удалося не яго, а самку.

Рыба для арлана-белахвоста з’яўляецца асноўным кормам. Аднак на поўначы гэты дужы і смелы птах палюе ў моры не толькі на рыбу, але і на маладых цюленяў.

У Бярэзінскім запаведніку не адмаўляецца ён і ад качак, а пры выпадку падбівае нават і такую буйную птушку, як бусел, у чым мы самі маглі пераканацца.

Зімой, калі рыбу здабыць нялёгка, арлан-белахвост ловіць варон, галак, зайцоў, лісіц і, паводле слоў егера, баброў. Часам, калі ўдасца, ён не супраць таго, каб падхапіць і курыцу, і парася.

— Што ж цяпер будзе з птушанятамі арлана? — пытаюся я. — Загінуць, напэўна, без маткі?

— За іх можаце не турбавацца, — адказвае Леанід Васільевіч, працуючы пінцэтам і скальпелем. — Калі самка загінула, самец будзе іх даглядаць. Ён іх і выкарміць. Бацькі яны клапатлівыя. Калі нават каторае з птушанят вываліцца з гнязда на зямлю, бацька ўсё роўна будзе яму асобна прыносіць корм у больш чым дастатковай колькасці.

— Гэта правільна, — адазваўся егер, — корму ў іх столькі ў гняздо панацягана, што малым усяго і не з’есці.

Ускрыццё тым часам было закончана, і арлан-белахвост перайшоў у поўнае распараджэнне прэпаратара Антона Цярэнцьевіча. Чучала арла папоўніць калекцыі нанова створанага заалагічнага музея запаведніка.

 

Па дарозе ў Нешкава

У дзве гадзіны дня мы выехалі з дырэктарам у падсобную гаспадарку Нешкава, якая знаходзіцца за 18 кіламетраў ад пасёлка Крайцы, на ўсходняй ускраіне запаведніка. З намі едуць ветэрынарны фельчар, ляснік, егер Аляшкевіч і двое рабочых з падсобнай гаспадаркі.

Зноў цярушыць дробны дожджык. Глеба тут вязкая і багністая. Што ні крок — ямы, калдобіны, глыбокія лужыны. Машына спыняецца кожную хвіліну. Колы буксуюць у гразі. Прыходзіцца часта вылазіць і дружнымі намаганнямі штурхаць яе наперад, падкладаючы галлё пад непаслухмяныя колы.

Часам і гэта не дапамагае. Тады ідуць у ход сякеры. Нашы спадарожнікі хутка і спрактыкавана сякуць бярозы, ялінкі і асіны, распілоўваюць іх на некалькі частак і кладуць пад колы стваламі ўздоўж каляіны.

Абапал дарогі цягнецца вільготны і балоцісты лес.

Высяцца стройныя бярозы, вялізныя вольхі, цёмныя яліны.

Духмяная чаромха шырока раскінула свае цяністыя галіны.

Гнуткія маладыя ясені стромка ўзвышаюцца над грудамі буралому. Усюды прабіваюцца кусты арэшніку і каліны, павялічваючы яшчэ больш гушчыню і непраходнасць лесу. Чым далей на ўсход, у глыб запаведніка, тым усё часцей і гусцей, суцэльнай сцяной, стаяць старыя дрэвы-волаты. Тут пануе вільгаць і змрок.

Зрэдку толькі прабяжыць у вяршалінах і зашуміць ненадоўга ветрык, і зноў пануе цішыня.

У гэтым камарыным царстве, у гэтых глухіх і балоцістых лясах дзейнічалі ў час вайны партызаны.

— Тут, — кажа дырэктар, — распачаўся партызанскі рух. У лясах каля Нешкава быў сфарміраваны першы партызанскі атрад «Раманава», у далейшым рэарганізаваны ў брыгаду «Жалязняк». Адсюль народныя мсціўцы рабілі набегі і грамілі варожыя гарнізоны ў Бягомлі і ў навакольных раёнах. У лясах і балотах паўднёвай часткі запаведніка дзейнічалі восем партызанскіх брыгад. Прыгожы ліставы лес урочышча Старыны з яго зялёнымі лугамі служыў базай забеспячэння для партызанскай брыгады імя Кірава. Тут знаходзіўся штаб, які трымаў непасрэдную сувязь з Масквой. Транспартныя самалёты скідвалі на паляны ўрочышча боепрыпасы, узбраенне, медыкаменты і харчаванне для ўсіх партызан, якія дзейнічалі ў гэтай мясцовасці. У дрымучых лясах урочышчаў Нешкава і Вялікая рака размяшчаліся штабы і базы партызанскіх атрадаў Леонава і Нарчукова. Будзеніцкая дача была базай для партызанскай брыгады «дзядзі Колі». На тэрыторыі запаведніка дзейнічалі партызанскія злучэнні Героя Савецкага Саюза Лінькова, вядомага пад імем «Баці», а таксама брыгады «Смерць фашызму», «Першая Беларуская», «Воранава», «Дубава». У 1943 годзе Бярэзінскі запаведнік ператварыўся ў суцэльны партызанскі край.

— У брыгадзе Кірава я быў праваднік, разведчык ды яшчэ і збройны майстар, — адазваўся з супрацьлеглага кутка машыны егер Аляшкевіч.

— А я быў у «Жалезняка», — сказаў ляснік.

— А мы ў Баці, — заявілі абодва рабочыя.

— Правільна, — пацвердзіў дырэктар, — усе яны служылі ў лясных салдатах, і нядрэнна служылі. Амаль усе нашы супрацоўнікі, якія ўсё жыццё пражылі ў гэтых лясах, пайшлі ў партызаны. Яны былі вопытныя праваднікі і бясстрашныя разведчыкі. Іх веданне лесу і роднай прыроды вельмі спатрэбілася ў барацьбе з захопнікамі. Дзікія лясы запаведніка з яго балотамі, азёрамі і рэчкамі саслужылі партызанам добрую службу. Яны былі надзейным прытулкам для іх і непераадольнай перашкодай для ворага. У сваю чаргу і партызаны зрабілі запаведніку вялікую паслугу. За час вайны пагалоўе баброў не толькі не зменшылася, а, наадварот, значна павялічылася. Дзякуючы партызанам, каштоўныя звяркі не былі знішчаны акупантамі, бо гітлераўскім захопнікам так і не ўдалося прабрацца ў глыбіню запаведніка. Лясы над ракой Бярозай засталіся для іх запаведнымі ў поўным сэнсе гэтага слова. Гітлераўцы лічылі наш запаведнік самым небяспечным месцам на Беларусі. Яны трымалі вакол запаведніка ўзмоцненыя вайсковыя гарнізоны і буйныя паліцэйскія часці. З нялюдскай жорсткасцю спаганялі фашысты сваю злосць на мясцовым насельніцтве, палілі вёскі на межах запаведніка, расстрэльвалі і вешалі людзей. Усе масты і пераправы цераз Бярэзіну і яе прытокі былі спалены і разбураны. Асобныя ўчасткі запаведніка ператварыліся ў астравы, пазбаўленыя пад’язных шляхоў і перапраў. Уся сетка грунтавых дарог была прыведзена ў непрыгоднасць. Вось таму мы сёння і пакутуем на гэтай дарозе, — уздыхнуў дырэктар. І адразу ж дадаў з глыбокай упэўненасцю: — Нічога, мы яе хутка ўпарадкуем.

У Нешкаве, куды мы дабраліся праз некалькі гадзін пакутлівай язды, надакучліва звіняць над намі ваяўнічыя полчышчы камароў.

Пакуль ветфельчар правярае стан мясцовых кароў і коней, мы аглядаем палі і агароды гаспадаркі. Тут — самыя нізкія і вільготныя мясціны ў запаведніку. Зямля тут тлустая, урадлівая.

 

Бабровая хатка

На зваротным шляху, не даязджаючы вёскі Пастрэжжа, машына наша стала, не вытрымаўшы цяжкай дарогі.

Абапал гаці, на якой стаіць машына, раскінулася балота. Да Крайцаў адсюль засталося яшчэ восем кіламетраў.

Стомлены, апырсканы гразёю, шафёр вылез з кабінкі і, ссунуўшы шапку на патыліцу, безнадзейна махнуў рукой:

— Прыйдзецца пастаяць, — кажа ён. — Нічога не папішаш, паломка здарылася.

Дождж тым часам ідзе ды ідзе. Што рабіць?

Я рашыў выкарыстаць вымушаны прыпынак і наведаць бабровую хатку на канаве сярод балота. Усё роўна мокнуць!

Ляснік Сідар Аўтушка, які ехаў з намі, узяўся мяне праводзіць.

— Хатка адсюль недалёка, — сказаў ён, — з паўкіламетра, не болей, калі ісці наўпрост па балоце.

Мы сышлі з бярвенчатага насцілу гаці і адразу праваліліся ў ваду па калена.

Сідар Аўтушка, высокі і моцны дзядзька ў летняй вайсковай гімнасцёрцы і скураных лапцях, шпарка і лёгка ідзе наперадзе. Я спяшаюся за ім, задыхаючыся, блытаюся нагамі ў балотных раслінах, адстаю і часта правальваюся ў ваду.

Дождж цярушыць па-ранейшаму. На кожным кроку джаляць камары.

Мы ідзём уздоўж нешырокай, але паўнаводнай і глыбокай рэчкі, ці, правільней, канавы з павольнай і непрыкметнай плынню. Яна губляецца сярод аднастайнай балотнай раўніны, якая дзе-нідзе парасла кустамі ніцых лоз.

Аб рэчышчы гэтай канавы можна меркаваць толькі па доўгаму раду маладых нізкарослых бярозак, якія растуць рэдкім ланцугом па абодвух яе топкіх, балоцістых берагах.

Высокі і хударлявы ляснік крочыць па дрыгве, нібы бусел. Спрытна і беспамылкова знаходзіць ён зыбкі пункт апоры для нагі, каб адразу пераскочыць на другі, гэткі ж часовы і ненадзейны.

Я ледзь паспяваю за ім. Мне горача, нягледзячы на халаднаваты вечар і дождж. Ногі ў вялізных, поўных халоднай вады, гумавых ботах, атрыманых мною ад дырэктара, вязнуць у дрыгве.

Мне здаецца, што на нагах у мяне не гумавыя боты, а цяжкія вёдры з вадой. Вадзяныя расліны чапляюцца за ногі і перашкаджаюць рухацца. Здрадніцкія купіны, ледзь толькі ступіш на іх, адразу пагружаюцца ў ваду і знікаюць кудысьці, выслізнуўшы з-пад нагі.

Некалькі разоў, шагнуўшы крыху ў бок ад следу, пакінутага лесніком, я правальваюся ў ваду да пояса і вылажу, трымаючыся рукамі за гнуткае галлё маладых бярозак.

— Для нашых балот няма лепшага абутку, як лапці, — спачувальна кажа, аглядаючыся на мяне, Аўтушка. — Лёгка і зручна, і нага не вязне. Прыйдзецца вам тут імі абзавесціся, не іначай.

На кожным кроку відаць цяпер па краях рэчкі сляды дзейнасці баброў. Усюды сустракаюцца паваленыя бярозкі, зрэзаныя палкі, абгрызеныя і паламаныя галінкі лазняку.

Зверху нас усё яшчэ палівае дождж. Ад камароў не выратоўвае і цыратовая палатка, накінутая на галаву.

Прайшоўшы па балоту з паўкіламетра, мы спыняемся нарэшце перад бабровай хаткай.

Знаходзіцца яна ў вадзе, бліжэй да супрацьлеглага берага. Па знадворнаму выгляду — гэта вялікая куча ўсялякага абы-як накіданага ламачча, якая ўзвышаецца над вадой каля двух метраў увышыню. У дыяметры, каля самай вады, хатка дасягае, мабыць, метраў чатырох.

Зверху ляжаць свежыя, нядаўна зрэзаныя палкі.

Ад супрацьлеглага берага хатку аддзяляе прарыты бабрамі абводны канал.

Аўтушка ўзлазіць на бабровую хатку і тупае па ёй нагамі.

— Хатка жылая, — гаворыць ён, — з гаспадарамі. Бачыце, якая трывалая?

Сапраўды, хатка пабудавана так моцна, што спакойна можа трымаць чалавека. Бабры — руплівыя гаспадары. Уважліва сочаць яны за станам свайго жылля, заўсёды ўмацоўваючы яго і рамантуючы. На хатку, пакінутую бабрамі, нагамі не станеш, яна адразу праваліцца.

— Гэта толькі збоку здаецца, што палкі накіданы абы-як, — гаворыць Аўтушка, злазячы з хаткі.

Знізу і знутры бабровыя хаткі моцна сцэментаваны глеем. Нялёгка прабрацца ў такую хатку. У ёй бабёр адчувае сябе ў поўнай бяспецы. Іншы раз воўк, пачуўшы бабра, спрабуе кіпцюрамі разбурыць яго хатку. Але ніколі яму гэта не ўдаецца, так моцна яна зроблена. Мядзведзь, а іх у запаведніку шмат, таксама не супраць таго, каб паласавацца тлустым бабровым мясам, асабліва ранняй вясной, калі ён галодны і худы пасля зімняй спячкі і калі яму прыходзіцца абмяжоўвацца ў асноўным толькі леташнімі журавінамі на балоце. Мядзведзь, зразумела, дужэйшы за ваўка, ён можа разбурыць бабровы дом, але да гаспадароў яму ніколі не дабрацца, таксама, як і ваўку. Пакуль ён будзе старацца над хаткай, бабёр здолее своечасова выбрацца праз падводны ход і адплысці куды-небудзь далей.

Звычайна бабёр выбірае месца для пабудовы хаткі між каранёў старой вольхі. На балоце вольха расце кустом. З густа пераплеценых каранёў узнімаецца некалькі ствалоў і маладых парасткаў. Прамежкі паміж імі запоўнены леташнімі лісцямі, сухімі галінкамі і наноснай зямлёй, якая засталася тут пасля паводкі. Зверху ўсё гэта зарастае мохам. У такім вось месцы бабёр і будуе часцей за ўсё сваю хатку. Вырыўшы пасярод узгорка, між ствалоў вольхі, ямку, стварае дно і сценкі логава. А зверху кладзе тоўстыя, ачышчаныя ад кары палкі, робячы над логавам скляпенне. На гэтыя бэлькі ён кладзе лягчэйшую насцілку з больш тонкіх і неачышчаных палак і галін. Калі столь над логавам узведзена, бабёр будуе вакол яго галерэю. Для гэтай мэты ён кладзе на верхнюю насцілку логава доўгія галіны, камлямі ўгору. Тонкія канцы гэтых галін упіраюцца ў зямлю. Вакол усёй пабудовы робіцца такім чынам галерэя, якую бабёр пакрывае зверху глеем і зямлёй. На галіны, якія ўтвараюць галерэю, ён кладзе наступныя рады галін і палак, таксама пакрываючы іх зверху глеем і зямлёй.

Будуе хатку галоўным чынам бабрыха. Гэта яна абкладвае логава палкамі, абмазвае іх глеем і глінай: кладзе зверху новыя рады палак. Бабёр тым часам рыхтуе будаўнічы матэрыял. Ён валіць маладыя дрэўцы, ачышчае іх ад сучча, разгрызае ствалы на роўныя часткі і па вадзе дастаўляе іх да месца будоўлі. Бабрыха час ад часу нырае ў ваду, залазіць у хатку і там пярэднімі лапамі, як сапраўдны тынкоўшчык, абмазвае столь сваёй кватэры глеем. Унутры хаткі часам бывае некалькі пакояў і некалькі выхадаў пад ваду. Логава, ці гняздо ў хатцы, знаходзіцца заўсёды над узроўнем вады.

Хатка, ля якой мы стаім, была пабудавана відаць, на беразе, на карнявішчы старога пня, а потым аддзелена ад берага, нібы старадаўні замак, штучным каналам і цяпер знаходзіцца на астраўку.

Старыя бабровыя хаткі, у якіх бабры жывуць з пакалення ў пакаленне, штогод іх пашыраючы і павялічваючы, дасягаюць часам вялізных памераў.

— У адной такой хатцы, — кажа Аўтушка, — тры партызаны ад карнікаў хаваліся. Было гэта ў 1943 годзе, ва ўрочышчы Доўгае, у час блакады запаведніка. Трое партызан забраліся ў вялікую бабровую хатку, падкапаўшы яе знізу, з-пад вады, і прабылі там усю ноч. А на беразе гітлераўцы размясціліся на начлег і сядзелі ля вогнішчаў, не падазраючы, што за дваццаць крокаў ад іх хаваюцца ў бабровай хатцы партызанскія разведчыкі.

Мы стаім пад дажджом і аглядаем хатку. Каля яе тырчыць з балота высокі слупок з папярочнай шыльдачкай. На ёй намаляваны густыя чорныя лічбы: 213.

— Мая работа, — усміхаецца Аўтушка. — Я знайшоў гэтую хатку вясной на сваім участку, — мясцовасць гэтая называецца ў нас урочышча Смолінка, — і паставіў кол з парадкавым нумарам. Пад гэтым нумарам хатка зарэгістравана ў канторы.

Для таго каб падлічыць, хаця б прыблізна, агульную колькасць баброў, якія засталіся пасля вайны, дырэкцыя дала заданне егерам і леснікам выявіць і зарэгістраваць усе хаткі і норы баброў на кожным участку.

Бабры жывуць сем’ямі. Кожная сям’я мае пэўны ўчастак, больш ці менш аддалены ад іншых сем’яў. Бабровае жыллё з усімі падсобнымі пабудовамі, — норамі, каналамі і плацінамі, пабудаванымі адной сям’ёй, якая жыве асобна, называецца бабровым паселішчам.

Часам некалькі хатак знаходзяцца блізка адна ад адной, на адлегласці ад 10 да 15 метраў. Яны пабудаваны маладымі бабрамі, якія дасягнулі двухгадовага ўзросту і аддзяліліся ад бацькоў, пасяліўшыся па суседству. Такія групы блізкіх паселішчаў называюцца бабровымі калоніямі.

Самка бабра прыносіць у год звычайна двух малых. Такім чынам, кожная сям’я складаецца з двух дарослых баброў, двух малых бабранят, якія нарадзіліся ў гэтым годзе, і двух маладых леташніх.

Работнікі запаведніка, дзе на лодцы, а дзе і пеша па балоце, добрасумленна абследавалі ўсе патаемныя куткі, усе аблюбаваныя бабрамі ўгоддзі.

Жылыя хаткі і норы баброў былі зарэгістраваны і пад адпаведным нумарам занесены ў спіс бабровых паселішчаў, які заведзены дырэкцыяй у пачатку гэтага года.

Каля кожнай хаткі, на бліжэйшым дрэве ці на слупку, пастаўленым сярод балота, была прымацавана шыльдачка з нумарам. Пад гэтым жа нумарам кожная хатка адзначана і на спецыяльнай карце, складзенай навуковымі супрацоўнікамі. У спіс на карту трапіла і выяўленая Сідарам Аўтушкам хатка нумар 213 ва ўрочышчы Смолінка, каля якой мы стаім, мокрыя з галавы да ног.

 

Рачныя будаўнікі

Агледзеўшы хатку, мы падышлі да нізкай земляной плаціны, якая напалову перагароджвае канаву недалёка ад бабровага жылля.

— Хіба гэта плаціна? — кажа Аўтушка. — Аб вялікім майстэрстве баброў па гэтай плаціне меркаваць нельга, — яны надзвычайныя будаўнікі! Здаецца, невялікі звярок бабёр, а якія дзівосныя па сваёй велічыні і трываласці пабудовы ён можа ўзводзіць! Трэба яму падняць узровень вады ў вузкім і плыткім месцы, каб забяспечыць сваё жыллё ад ворагаў ці наблізіць харчовыя ўгоддзі. Калі ласка! Ён адразу бярэцца за працу і перагароджвае рэчышча плацінай. Ды працуе як мае быць, не горш за чалавека.

Я пачаў распытваць Аўтушку, якім чынам будуюць бабры плаціну. Ляснік ахвотна падзяліўся са мной сваімі ведамі.

— Спачатку, — сказаў ён, — бабёр валіць упоперак рэчкі дрэвы, утыкае ў дно колле, умацоўвае іх глеем ды глінай, кладзе зверху палкі, дзёран, зямлю, гразь, награмаджае ўсё гэта і будуе вал. Узровень вады пачынае падымацца. Вада выходзіць з берагоў і затапляе прыбярэжныя кусты і дрэвы. Тады бабёр умацоўвае сваю пабудову глеем ды зямлёй, накладваючы яе і на вяршыню плаціны і на схіл. Потым ён падоўжвае канцы плаціны ў абодва бакі, пакуль яна не зробіцца дастаткова высокая, доўгая і моцная, каб трымаць ваду на патрэбным яму ўзроўні. Такую плаціну і чалавеку пабудаваць нялёгка. Вось гэта будаўнік дык будаўнік! — заканчвае Аўтушка сваю прамову, і ў голасе яго чуецца цяпер шчырая павага да будаўнічага майстэрства баброў.

Працуючы над складанымі пабудовамі і ўмела рэгулюючы ўзровень вады, бабёр кіруецца не розумам, а прыроджаным інстынктам. Маладыя бабры, якія выраслі ў няволі і былі потым выпушчаны ў раку, адразу пачынаюць будаваць сабе дом, рыць каналы і ўзводзіць плаціны з не меншым майстэрствам, чым старыя, вопытныя бабры. Між тым, выхаваныя ў няволі, яны ж не мелі магчымасці пераняць вопыт сваіх старэйшых сяброў. Ніхто іх не вучыў будаўнічаму майстэрству. Яно перайшло да бабра ў спадчыну ад незлічоных пакаленняў продкаў — нястомных рачных будаўнікоў.

Я кажу пра гэта лесніку, але ён, здаецца, не вельмі са мною згодзен.

— Усё-такі, ведаеце, надта ж разумны гэты звярок, — гаворыць ён з перакананнем. — Нашы людзі бабра паважаюць.

Скончыўшы агляд плаціны, мы тым жа спосабам прабіраемся па балоце назад.

Машыну мы не знаходзім на месцы і пад праліўным дажджом ідзём па дарозе ў вёску Пастрэжжа. Дождж нам цяпер, пасля купання ў балоце, зусім не страшны. На нас і так сухой ніткі няма.

Мы падыходзім да вёскі. Наперадзе, каля крайняй хаты, чарнее машына. Мы заходзім у хату Сідара Аўтушкі. Там ужо сядзяць і чакаюць нас астатнія падарожнікі.

Перад тым як увайсці ў дом, я разуваюся і выліваю ваду з гумавых ботаў, нібы з вёдраў.

Праз некалькі хвілін мы садзімся ў машыну і едзем у Крайцы. Дождж перастаў, але дзьме моцны вецер. Холадна ў мокрым адзенні і абутку.

У Крайцы мы дабіраемся ноччу, каля першай гадзіны.

 

Бабры ў Бярэзіне

На другі дзень вечарам мы пайшлі з Леанідам Васільевічам, намеснікам дырэктара па навуковай частцы, па левым беразе Сергучоўскага канала ва ўрочышча Залазы.

Незадоўга перад Вялікай Айчыннай вайной Леанід Васільевіч скончыў адзіную ў свеце спецыяльную вышэйшую навучальную ўстанову — факультэт паляўнічай гаспадаркі Пушна-футравага інстытута ў Маскве. На вайне ён быў афіцэрам, удзельнічаў ва ўзяцці Берліна, а пасля дэмабілізацыі вярнуўся да сваёй любімай справы.

Працуючы ў запаведніку, Леанід Васільевіч збірае матэрыялы аб жыцці і звычках выдры. Мяне цікавяць галоўным чынам бабры, але паколькі бабёр і выдра жывуць у аднолькавых прыродных умовах, маршруты нашы заўсёды супадаюць.

Па абодвух баках канала ліставы лес. Асіны і вольхі, пераплеценыя знізу лазой, задумліва глядзяцца ў ціхія, цёмныя воды канала.

Па ўсім густа заросшым беразе часта сустракаюцца старыя, разбураныя норы баброў.

Там, дзе берагі сухія і высокія, бабёр не будуе сабе хаткі. Ён выкопвае глыбокую нару. Уваход у яе з-пад вады ідзе ўгору і заканчваецца недалёка ад паверхні зямлі пашырэннем, так званым гняздом, высланым травой і галінкамі.

У нізкіх і балоцістых мясцінах, якія пераважаюць у запаведніку, усюды сустракаюцца, як правіла, хаткі.

На ўзвышаным беразе канала трапляюцца часта бабровыя норы з некалькімі падземнымі разгалінаваннямі і выхадамі на паверхню зямлі. Норы служаць бабрам толькі часовым прытулкам у тых месцах, дзе яны кормяцца. У час небяспекі бабёр, які корміцца на зямлі, можа схавацца ў адну з такіх нор і цераз падводны ход уцячы ў ваду.

— У самім канале бабры не жывуць, — гаворыць Леанід Васільевіч, — тут для іх занадта неспакойна. Людзі ходзяць, на конях ездзяць, каровы пасуцца. Бабры заплываюць сюды па начах з Бярозы карміцца.

На берагах канала відны шматлікія месцы, дзе бабры вылазяць на зямлю. Вось перад намі на супрацьлеглым беразе «сталовая». Гэта — гладкая, слізкая земляная пляцоўка са схілам у ваду пад навіслай над вадою ракітай. На беразе каля пляцоўкі валяюцца аб’едзеныя карнявішчы жоўтых гарлачыкаў. Такія ж карнявішчы, падобныя на катахі кукурузы, плаваюць у цёмнай вадзе.

Бабёр вылазіць, каб адпачыць на зямлі, пад’есці і паляжаць пад старой ракітай.

Мы ідзём далей.

Чым бліжэй да Бярэзіны, тым усё радзейшы робіцца балоцісты лес па берагах канала, тым усё больш і гусцей расце лазняк. Не відаць ужо ні ясеня, ні ліпы. Затое часцей сустракаюцца беластвольныя бярозы. Лес пераходзіць у балота.

Прайшоўшы каля трох кіламетраў, мы падыходзім да месца, дзе Сергучоўскі канал злучаецца з Бярэзінай.

Адсюль Бярэзіна цячэ далей, значна пашырыўшыся і ўзбагаціўшыся за кошт ціхіх і цьмяных вод канала.

Берагі яе нізкія, балоцістыя. Рака цячэ ў шырокіх лугавых поймах. Ля самай вады і ў вадзе расце малады лазняк і асіннік — любімы корм баброў.

Мы ідзём левым берагам Бярэзіны ўніз па плыні. На тарфяністай глебе балота выразна відаць сляды лісіцы, качак, казуль.

Над галавой пралятае чырок.

З супрацьлеглага берага даносіцца працяглы жаласны крык кнігаўкі.

Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохлым балоце, уважліва разглядаючы сляды.

Я вяртаюся на месца, дзе канал злучаецца з Бярэзінай, і спыняюся на невялікім мыску, створаным берагам ракі і берагам канала. Адсюль адкрываецца далёкая перспектыва ўверх і ўніз па плыні.

Нізкія берагі Бярэзіны дзе-нідзе акаймаваны кустамі лазы.

За імі далёка навокал цягнецца балоцістая раўніна, якая густа зарасла рагозам, сітам і лотаццю.

На гарызонце віднеецца цёмная паласа лясоў.

У паветры ціха і ясна. Сонца блізіцца да небасхілу.

Ля левага берага Бярэзіны, крыху вышэй канала, нешта плюхнулася ў ваду. Пайшлі вялікія кругі.

Я гляджу ў той бок.

Ніжэй гэтага месца паказалася з вады круглая і цёмная галава бабра.

Я не адводжу ад яго вачэй, — гэта першы бабёр, якога я бачу на волі.

Бабёр плыве ў спакойнай вадзе Бярозы, асветленай мяккімі праменнямі заходзячага сонца і злёгку кранутай срабрыстай рабізной.

Ветрык гоніць па бледным небе цёмныя хмаркі.

З майго ўзвышанага месца добра відаць кожны рух бабра.

Адштурхоўваючыся, як вёсламі, сваімі вялікімі заднімі лапамі, ён хутка і бясшумна плыве ўніз па Бярозе да вусця канала.

Усё тулава яго схавана пад вадой. На паверхні відаць толькі круглая галава і цьмяны абрыс спіны. Шырокія кругі разыходзяцца ад яго па вадзе.

Вось, затрымліваючы паступова ход, ён падплывае да нізкага лугавога берага ў самым вусці насупраць мяне. Спыняецца на хвіліну, падняўшы галаву з вады, і, лёгка павярнуўшыся навакол, аглядаецца ва ўсе бакі і прыслухоўваецца. Нос у яго варушыцца, нібы ў пацука ці зайца.

У вадзе чуваць усплёск і булькатанне.

Пераканаўшыся ў цішыні і бяспецы, бабёр, не спяшаючыся, асцярожна вылазіць з вады на бераг.

Павольна і нязграбна, цяжка перавальваючыся на кожным кроку, пасоўваецца бабёр па зямлі, прабіраючыся скрозь узбярэжныя зараснікі рагозу. Шырокі і пляскаты хвост яго цягнецца па зямлі.

Вось ён набліжаецца да маладой асіны. Сеўшы на заднія лапы, выгнуўшы спіну і абапіраючыся на хвост, бабёр лёгка перагрызае асінавую галіну. Потым, узяўшы яе пярэднімі лапамі, хутка аб’ядае кару. Усімі рухамі сваімі, асабліва калі не відаць яго характэрны хвост, схаваны ў траве, ён нагадвае цяпер нейкага вялізнага пацука.

Праходзіць некаторы час. Падсілкаваўшыся, бабёр пачынае займацца сваім туалетам. Седзячы на задніх лапах, ён пярэднімі мыецца і прыгладжвае сабе морду. Потым зноў падыходзіць да берага і кідаецца ў канал. Спакойная гладзь соннай, нібы застылай вады ўскалыхнулася.

Бабёр плыве ўздоўж берага, пакуль не знікае ў зарасніках рагозу.

Я гляджу на гадзіннік: 7 гадзін 15 мінут.

Да мяне падыходзіць Леанід Васільевіч, які скончыў свае доследы на балоце.

Я паказваю яму, дзе праплыў бабёр, дзе ён вылазіў на бераг і ў якім напрамку знік.

— Бабры ў нас не вельмі палахлівыя, — гаворыць ён. — Падпускаюць да сябе даволі блізка. Пад вечар іх часта можна бачыць.

— А днём? — пытаюся я.

— Амаль ніколі. Бабры не выносяць гарачыні і не любяць яркага сонца. Уся дзейнасць іх праходзіць пераважна ўначы. Бабёр, якога вы наглядалі, жыве, мабыць, у хатцы нумар 147, недалёка адсюль. Увесь дзень ён адпачываў, як і ўсе прыстойныя бабры, у сябе дома. Пад канец дня, перад захадам сонца, ён вынырнуў з хаткі, паплаваў некаторы час каля жылля, асвяжаючыся ў халаднаватай вадзе, закусіў, прывёў у парадак свой туалет і цяпер паплыў у канал на працяглую начную жыроўку. Раніцой ён вернецца дамоў адпачываць.

— Хацелася б мне паглядзець, як валяць бабры дрэвы, — заўважыў я.

— Зараз яны гэтым не займаюцца, — адказаў Леанід Васільевіч. — Для таго каб убачыць баброў за работай, за будаўніцтвам хатак і плацін, за нарыхтоўкай харчовых запасаў, трэба вам прыехаць сюды ўвосень. Будаўнічы сезон пачынаецца ў іх у верасні. Улетку яны толькі жыруюць.

— Што ж, — кажу я, — нічога не зробіш. Прыйдзецца пачакаць восені і прыехаць сюды яшчэ раз.

Мы стаім некалькі хвілін на мыску.

Цёплы летні вечар павольна і непрыкметна апускаецца над ракой.

Мы вяртаемся тым жа шляхам, па левым беразе канала, у Крайцы і прыходзім дадому ў дзесяць гадзін вечара.

 

Урочышча «Залазы»

Сёння ўвечары я зноў пайшоў ва ўрочышча «Залазы», на гэты раз па правым беразе канала.

Дайшоўшы да трэцяга шлюза, якому ўрочышча і абавязана сваім імем — бо шлюзы на канале называюцца тут «залазамі», — я павярнуў управа і апынуўся на паўкруглай градзе, ці касе, якая ў форме маладзіка ўзвышаецца над поймай Бярэзіны.

Града гэтая, ці, як тут кажуць, «грыўка», падобна да штучна зробленага сярод балота насыпу, але створана яна, хутчэй за ўсё, наносамі Бярэзіны ў час паводак. Уся яна густа зарасла высокай травой. На ёй узвышаюцца дубы, і адзінокія, і невялікімі групамі, прасціраючы над касой сваё вузлаватае, кучаравае галлё.

З грэблі касы далёка відаць наваколле. На супрацьлеглым беразе звілістай Бярэзіны адзінока высіцца сярод балота стары, сухі дуб з вялікім гняздом.

Тут, каля гэтага гнязда, і была падстрэлена егерам самка арлана-белахвоста.

Я спрабую прайсці да бабровай хаткі нумар 147 па беразе Бярэзіны, але прабрацца туды немагчыма. Дажджы, што ішлі некалькі дзён запар, ператварылі балоцісты луг, які цягнецца ад «грыўкі» да берага ракі, у непраходную дрыгву.

Я вяртаюся да канала і пераходжу па шлюзе на левы бераг, а адтуль іду на знаёмы мысок, дзе канал злучаецца з Бярэзінай.

Ледзь толькі заняў я пазіцыю на мыску, як у вадзе з’яўляецца бабёр і плыве ў мой бок.

На гадзінніку 7 гадзін 20 мінут.

Дзіўнае супадзенне! Мабыць, бабёр з хаткі нумар 147, калі гэта той самы, якога я бачыў раней, досыць сталы ў сваіх прывычках. Праўда, датычыцца гэта толькі часу, а не маршруту. На гэты раз бабёр змяніў напрамак сваёй прагулкі. Мінуўшы вусце канала, ён плыве ўніз па рацэ і хутка знікае за бліжэйшым яе паваротам.

 

Перад ад’ездам

Заўтра мне трэба вяртацца дамоў. Перад ад'ездам я вырашыў паглядзець яшчэ раз на Бярэзіну.

Гадзіны ў дзве я выйшаў з канторы запаведніка і пайшоў у бок ракі цераз сухі сасновы бор, які акружае сядзібу.

Дарога вядзе між пясчаных узгоркаў з рэдкімі, але высокімі соснамі і кустамі ядлоўцу.

Прайшоўшы кіламетры тры сасновым борам, я выходжу да ракі.

Лес тут раптоўна абрываецца, дарога ідзе ўніз. Сосны змяняюцца групай маладых бярозак, вольхай і лазняком.

Мінуўшы невялікі балоцісты луг, я прабіраюся да Бярэзіны. Яна тут значна вузей, чым Свіслач у Мінску, але гэткая ж, калі не больш, звілістая. Павольна цячэ яна сярод заліўных лугоў, ствараючы шырокія плёсы з жоўтымі і белымі гарлачыкамі і шматлікія затокі — прытулак дзікіх качак.

Ля самай вады растуць кустамі лаза і вольха.

На зялёных лугах цвіце жоўтымі плямамі курыная слепата. Дзе-нідзе чырванее конскае шчаўе.

На тым беразе ходзіць бусел.

З высокай травы ўзлятаюць качкі.

На гарызонце сінеюць лясы. Вясной, у час паводкі, уся гэтая балоцістая раўніна зліваецца з Бярэзінай у адно суцэльнае мора.

З гэтага боку лесу бялеюць тонкія і стройныя бярозкі. Можа, ім абавязана Бярэзіна, ці, як кажуць заўсёды мясцовыя жыхары, Бяроза, сваім імем?

Ёсць у народзе паданне, быццам яна бярэ свой пачатак з маленькай крыніцы, якая выцякае з-пад каранёў старой бярозы ў балоцістым бярэзніку. Таму рака і называецца — Бяроза, ці Бярэзіна.

Можа, гэта і сапраўды так?..

Ціхі, мірны пейзаж.

На супрацьлеглым беразе віднеецца вёска Брод. Злева тырчаць рэшткі ўзарванага і разбуранага ў час вайны моста. На той бераг можна цяпер пераправіцца толькі на лодцы.

Над разбураным мостам ляціць у шэрым небе шуляк.

«Добра яму, — падумаў я, — маючы крылы». Калі б гэты мост быў цэлы, рушыў бы я адсюль адразу на мястэчка Мсціж — да яго ж усяго пятнаццаць кіламетраў ад Брода. А так прыходзіцца ехаць у абход цераз Бягомль, робячы лішнія семдзесят кіламетраў.

Паглядзеўшы ўслед шуляку, які пераляцеў цераз Бярэзіну і знік за вёскай, я пайшоў назад, у Крайцы.

На другі дзень, развітаўшыся з дырэктарам і работнікамі запаведніка, я выехаў цераз Бягомль, Мсціж і Зембін у Барысаў, а адтуль, цягніком, у Мінск, з цвёрдым намерам вярнуцца сюды восенню, каб паглядзець, як валяць бабры дрэвы, як будуюць яны сабе хаткі і як рыхтуюць харчовыя запасы на ўсю доўгую і суровую зіму.

 

Знаёмым шляхам

Пабываць ізноў у Бярэзінскім запаведніку мне давялося толькі праз год.

Неяк пад вечар, у пачатку верасня 1948 года, я выехаў на машыне знаёмым шляхам па Лагойскім тракце.

У вячэрнім змроку хвалямі разбягаюцца невысокія ўзгоркі, цьмяна пабліскваюць у нізінах шматлікія звілістыя рэчкі.

Хутка надыходзіць ноч, па-восеньску халодная і вільготная.

Між Плешчаніцамі і Бягомлем у яркім святле нашых фар апынуўся заяц. Замест таго каб кінуцца адразу ўбок, ён імчыць па дарозе наперад. Заяц намагаецца ўцячы ад машыны па простай лініі. З неймавернай хуткасцю, як страла, ляціць ён па светлавой дарожцы, атуленай цемрай, нібы між двух чорных сцен.

Некалькі хвілін цягнецца гэтая шалёная, але няроўная гонка. Дзе ж там вытрымаць заечаму сэрцу і доўгім нагам супроць машыны! Вось ён ужо амаль пад самымі коламі. Але апошнім намаганнем заяц высока падскочыў убок, зрабіў дугу і, апынуўшыся ў цемры, выратаваўся ад немінучай пагібелі.

Недалёка ад Бягомля на змену яму з’явіўся ў асветленай паласе перад машынай другі заяц. Гэты ўсё бяжыць і бяжыць па дарозе ва ўсю сваю моц, а скокнуць убок не здагадваецца.

Машына дагнала яго і падбіла шынай. Касавокі небарака застаўся ляжаць на дарозе, забіты на месцы, без якіх-небудзь знешніх пашкоджанняў.

Шафёр спыніў машыну, падняў зайца і паклаў яго ў кузаў.

— Заўтра нядзеля, — сказаў ён. — Добры абед будзе.

Узышоў месяц. У нізінах, над рэчкамі, над паплавамі павольна ўзнімаецца туман.

Абапал дарогі вырас цёмны лес.

— Чаму заяц бяжыць па асветленай паласе заўсёды толькі наперад? — спытаўся ў мяне шафёр.

Ён лічыць, відавочна, сваім абавязкам растлумачыць мне паводзіны зайца, бо сам адразу і адказвае:

— Яго асляпляе святло машыны. Ён бачыць перад сабой толькі светлую паласу дарогі, нібы калідор між двух чорных сцен, і думае, што яму можна бегчы толькі ў адным напрамку — далей па калідоры, што ў гэтым яго адзіны ратунак. Вось і бяжыць ён усё наперад, пакуль сілы хопіць.

— А першы заяц? — спытаўся я, каб падтрымаць размову.

— Першаму зайцу пашанцавала выпадкова, — адказаў шафёр. — Ён бег каля самага краю, перад правым колам. Ратуючыся з-пад машыны, ён скокнуў, не гледзячы куды, і незнарок апынуўся па-за межамі светлай паласы. Тут да яго адразу вярнуўся і нармальны зрок і ўсе пачуцці.

Ад месяца ўсё навокал пасвятлела. Мільгаюць па баках прыдарожныя слупы.

За Бягомлем на дарогу перад намі выйшаў воўк.

Характэрная постаць яго аддзялілася раптам ад цёмнай заслоны лесу і апынулася ў светлай паласе дарогі. Звер спыніўся і глянуў у наш бок. Вочы яго ўспыхнулі зялёным агнём. Ён павярнуўся ўсім тулавам і павольна перайшоў дарогу.

— Каб яго ваўкі! — вылаяўся шафёр. — Жыцця няма ад гэтых шэрых разбойнікаў. Надта яны шкодзяць. Каб не месяц, можа, і ён кінуўся б ад нас па дарозе? От каб яго дагнаць і падбіць, як таго зайца!

На 124 кіламетры ад Мінска мы павярнулі з тракту ўправа.

Серабрыстае, халоднае святло месяца льецца над высокімі змрочнымі ялінамі. Ад цёмнай вады канала патыхае вільгаццю. Узнімаецца густы малочна-белы туман.

 

Аднаўленне фермы

Пераначаваўшы на канапе ў дырэктарскім кабінеце, я выходжу раніцою з канторы.

Сонца даўно ўжо разагнала туман і цяпер, пасля халоднай ночы, свеціць асабліва ярка і лагодна.

У сасновым бары стукаюць дзятлы.

Па гонтавым даху дырэктарскага дома жвава скачуць вясёлыя пліскі.

Зігзагамі прарэзваюць паветра стрыжы і ластаўкі.

Шмат чаго змянілася за гэты час у запаведніку. Выраслі новыя будынкі, багата папоўніўся экспанатамі адноўлены заалагічны музей.

Леанід Васільевіч, які выконвае цяпер абавязкі дырэктара, паказвае мне гадавальнік, што будуецца для ласёў.

У сасновым бары, каля самай сядзібы запаведніка, выдзелены для гэтай мэты ўчастак зямлі, памерам у адзін гектар. На ўчастку растуць і старыя высокія хвоі, і густы малады падлесак. Глеба тут сухая, пакрытая белым мохам, верасам і брусніцай.

Вакол участка, адзначанага слупамі, будуецца паркан з сасновых бярвенняў, дастаткова моцны і трывалы, каб ласі не маглі яго паваліць, і дастаткова высокі, каб яны не маглі цераз яго пераскочыць.

У цёплым сонечным паветры пахне верасам і жывіцай.

— У наступным годзе, — гаворыць Леанід Васільевіч, — ласіная ферма будзе ў нас цалкам адноўлена. Вясной мы адловім некалькі маладых ласёў і будзем іх трымаць у гэтым гадавальніку, хоць і за парканам, але ва ўмовах, вельмі блізкіх да прыродных. Доследы па прыручэнню ласёў, паспяхова распачатыя да вайны, будуць намі працягвацца. Пра гэтыя доследы вам можа расказаць шмат цікавага наш заатэхнік Вадзім Аляксандравіч. Ён займаецца вывучэннем парнакапытных жывёл і наглядае за пабудовай фермы.

Размаўляючы, мы абышлі амаль усю тэрыторыю будучага загону. На супрацьлеглым баку стаіць невялікая група людзей.

— Вадзім Аляксандравіч, хадзіце сюды! — паклікаў Леанід Васільевіч.

Да нас падышоў пажылы хударлявы чалавек у акулярах, які гаварыў аб нечым з рабочымі, аглядаючы прывезеныя бярвенні.

— Калі была створана ўпершыню ласіная ферма? — спытаўся ў яго Леанід Васільевіч.— Мяне ў той час тут не было.

Вадзім Аляксандравіч дакладна і падрабязна растлумачыў усё, што было яму вядома з практыкі яго работы.

— Доследы па прыручэнню ласёў, — сказаў ён, — пачаліся ў нашым запаведніку задоўга да вайны. У лютым 1936 года, у раёне Вялікай ракі, былі злоўлены ў загон, памерам у дзесяць гектараў, два ласі ва ўзросце дзесяці месяцаў. Але першыя спробы прыручыць гэтых ласёў скончыліся няўдачай. На такім вялікім участку яны заставаліся дзікімі, як і на волі. У маі 1937 года злавілі двух другіх ласянят, самца і самку, а ў ліпені яшчэ аднаго самца. Трымалі іх на спецыяльна для гэтага пабудаванай ферме, дзе яны ўвесь час знаходзіліся пад наглядам людзей. У красавіку і маі 1938 года да іх далучылі чатырох новых ласёў. У 1939 годзе адлавілі для фермы яшчэ двух, а ў 1940 годзе шэсць ласянят. Некаторыя з іх былі яшчэ зусім малыя. Іх знайшлі ў лесе адразу пасля ацёлу, слабых, даверлівых і бездапаможных. Яны яшчэ толькі ледзь хадзілі, няўпэўнена, нібы на хадулях, перастаўляючы свае высокія ногі, калі іх падштурхоўвалі ззаду.

— Як знайшлі іх у лесе? — зацікавіўся я. — Гэта ж, напэўна, нялёгка?

— Але і не так ужо цяжка, як здаецца з першага погляду, — адказаў Вадзім Аляксандравіч. — Трэба толькі добра ведаць мясцовасць, дзе ходзяць ласі. Калі ласіха народзіць вясной, звычайна ў канцы красавіка ці ў пачатку мая, малога, яна пакідае яго аднаго дзе-небудзь у нізінцы, у густым асінніку, у высокай траве ці ў кустах, а сама адыходзіць убок, каб не прыцягнуць да яго ўвагі ворагаў. Час ад часу ласіха падыходзіць да малога, корміць яго сваім малаком, а потым зноў пакідае аднаго. Яна трымаецца на некаторай адлегласці, абрываючы свежае зялёнае лісце і маладыя галінкі бярозы, асіны і ясеня, безупынна нюхаючы паветра і прыслухоўваючыся да кожнага шолаху. Егеру, які хоча знайсці ласяня, трэба падпільнаваць ласіху. Заўважыўшы чалавека, яна не будзе ўцякаць, як заўсёды, а, наадварот, выйдзе наперад, пакажацца яму на вочы і пастараецца адцягнуць увагу ад таго месца, дзе яна схавала сваё дзіця. Для гэтага яна пабяжыць у супрацьлеглы ад ласяняці бок, але пабяжыць павольна, трымаючыся адкрытых месц і скоса паглядаючы назад, каб упэўніцца, што чалавек убачыў яе і ідзе за ёю следам. Час ад часу ласіха будзе спыняцца, каб падпусціць чалавека бліжэй і заахвоціць яго да далейшай пагоні. Такімі хітрыкамі яна стараецца адвесці чалавека далей ад свайго дзіцяці. Вопытны егер ведае, што ласяня трэба шукаць якраз там, дзе ласіха паказалася яму на вочы, у напрамку, супрацьлеглым таму, куды яна пабегла. Па слядах егер хутка знойдзе месца, дзе ляжыць ці стаіць ласяня. Цяпер трэба пачаставаць ласяня малаком з бутэлькі, якую егер павінен мець пры сабе. Пасмактаўшы соску, ласянятка само пойдзе за чалавекам.

— Хіба не спрабуе ласіха абараніць малога? — пытаюся я.

— Звычайна ўсё абыходзіцца добра, — гаворыць Вадзім Аляксандравіч. — Але быў у нас аднойчы выпадак, калі ласіха кінулася на егера. Яна ледзь не збіла яго з ног. Ён выратаваўся толькі тым, што паспеў стрэліць у паветра. Гэта спалохала і далёка адагнала ласіху, а егер узяў малога на рукі і выбраўся з лесу. Вострымі капытамі сваіх пярэдніх ног раззлаваны лось можа забіць чалавека насмерць.

— Чым вы кармілі такіх малых?

— На ферме ласянят паілі спачатку каровіным малаком і аўсяным пойлам з надрэзанай соскі, а потым пачалі даваць ім лісце і маладыя галінкі лазы, асіны і бярозы. Давалі яшчэ моркву, буракі і авёс. Ласяняты ў гадавальніку хутка зрабіліся зусім свойскімі. Яны бегалі за агарожай, ганяліся адзін за другім, гулялі. Калі ж да іх набліжаўся знаёмы чалавек, ласяняты падбягалі да яго і тыцкаліся мордамі ў руку, патрабуючы пачастунку. Такім пачастункам з’яўляўся звычайна кавалак хлеба. Тым часам выраслі ласяняты, злоўленыя раней. За тры гады яны ператварыліся ў вялікіх і дужых дарослых ласёў. Кожны з іх быў вышэйшы і дужэйшы за каня. Усе яны прывыклі да людзей, самі падыходзілі да супрацоўнікаў і заўсёды беглі насустрач, калі іх клікалі. Кожны лось у гадавальніку меў сваё імя. Тут былі і «Салавей», і «Перапёлка», і «Ветрык», і «Хлопчык», і «Сняжынка». У маі 1941 года ў нас адбылася радасная падзея — на ферме ўпершыню нарадзіліся ў няволі малыя ласяняткі. Яны былі свойскімі з першых дзён свайго з’яўлення на свет. Такім чынам у гадавальніку стварыўся цэлы статак ласёў розных узростаў, ад трох год і да нованароджаных.

— Ці не спрабавалі злоўленыя ласі ўцячы з гадавальніка?

— Такіх выпадкаў у нашай практыцы не было. Ласёў, якія выраслі на ферме, мы выпускалі пасвіцца на волю, у суседнія лясы, спачатку пад наглядам людзей, а потым адных і на ўвесь дзень. Нашы выхаванцы заўсёды самі прыходзілі пад вечар дамоў на ферму. Калі мы іх клікалі, яны прыбягалі з лесу і днём.

— А якую карысць можа даць развядзенне ласёў?

Вадзім Аляксандравіч ажывіўся. Вочы гэтага звычайна стрыманага чалавека заблішчалі. Мне здалося нават, што ён крыху зазлаваў. Відаць, тэма, якую мы закранулі ў размове, была для яго вельмі блізкай.

— Прыручылі ж людзі ў свой час і аленя ў паўночнай тундры, і даўгавалосага яка ў высакагорных раёнах Кіргізіі, і буйвала ў Закаўказзі, — адказаў Вадзім Аляксандравіч з запалам. — Вы ж ведаеце, якую вялікую карысць прыносіць на поўначы прыручаны алень? На ім ездзяць і ў санях, і верхам. Малако яго п’юць, мяса ядуць. Скура і футра паўночнага аленя ідзе на розныя прамысловыя вырабы, у першую чаргу на адзенне і абутак. Ёсць падставы меркаваць, што і прыручэнне лася, блізкага сваяка аленя, мае ў нашых умовах пэўныя перспектывы.

Лось па свайму характару даволі спакойная жывёліна і лёгка прывыкае да людзей. Вялікі па сваіх памерах і вельмі дужы, ён можа быць выкарыстаны не толькі для перавозкі грузаў, асабліва ў лясістых і балоцістых мясцовасцях, якіх так многа ў Беларусі, але і ў мяса-малочнай гаспадарцы. Малако ласіхі багата на тлушч. Мяса лася смачнае і дабраякаснае. Са скуры лася вырабляюць падэшвы для абутку, а таксама замшу найлепшых гатункаў. Ласі здольны жыць не толькі на поўначы, але і ў розных кліматычных умовах. На корм яны вельмі непераборлівыя. На волі ласі харчуюцца лісцем, парасткамі асіны і сасны, рознымі балотнымі і хмызняковымі раслінамі, травой. На пасевы сельскагаспадарчых культур лось ніколі не выходзіць ні ў дзікім, ні ў прыручаным стане. У гаспадарцы шкоды ад яго няма ніякай. Шляхам далейшага адбору на працягу некалькіх пакаленняў карысныя якасці лася можна ўзмацніць, палепшыць і павялічыць.

— Няўжо гэтую дзікую лясную жывёліну сапраўды можна прывучыць да аглобляў і лейцаў? — пытаюся я.

— Можна, — сцвярджае Вадзім Аляксандравіч. — І з кожным новым пакаленнем ласёў, народжаных і выхаваных на ферме, рабіць гэта будзе ўсё лягчэй. Прывучаць маладых ласёў, злоўленых у лесе, да запрэжкі мы пачалі ў паўтарагадовым узросце. Спачатку надзявалі на іх толькі аброць з засцежкай, а потым, калі яны да яе прывыклі, хамуты і іншую збрую. Вопыт паказаў, што ездзіць на ласях лепш за ўсё зімой. Лось, запрэжаны ў сані, бяжыць вельмі шпарка, роўным і шырокім ходам, хутчэй за самага добрага каня, але не на вялікую адлегласць, бо пасля 20—30 кіламетраў стамляецца. Летам на ласях ездзіць цяжка, бо яны не церпяць спякоты. У гарачую пару летняга дня з ласём не саўладаць, ён не слухаецца лейцаў, усюды шукае ценю і вільгаці. Калі сустрэнецца на дарозе рэчка ці возера, лось можа кінуцца ў ваду разам з павозкай.

— Ці многа ласёў у запаведніку?

— У 1935 годзе на тэрыторыі запаведніка было дзвесце семнаццаць ласёў, а ў 1940 годзе пагалоўе іх вырасла да чатырохсот дваццаці двух. У час вайны шмат ласёў загінула. Прыручаныя ласі, выпушчаныя з гадавальніка на волю, кожны дзень з’яўляліся на двор спаленай фермы і смела падыходзілі да людзей, пакуль не былі ўсе да аднаго перабіты акупантамі. Цяпер ласёў налічваецца ў нас зноў каля двухсот галоў.

Пакуль мы размаўлялі, грузавік прывёз новую партыю бярвенняў для агарожы, і Вадзім Аляксандравіч, скончыўшы свае тлумачэнні, спяшаецца да машыны.

Вакол будучага ласятніка шуміць высокі зялёны бор.

Над грузавіком прарэзліва крычаць сойкі.

Верасы напаўняюць паветра мядовым пахам.

 

Сергучоўскі канал

Халаднаваты, пахмурны ранак. Неба шэрае, паветра вільготнае.

Па беразе Сергучоўскага канала я іду да егера Аляшкевіча з запіскай ад Леаніда Васільевіча.

Высокія змрочныя яліны ўзвышаюцца па берагах канала над вольхамі і бярозамі.

Вада ў канале цёмная і глыбокая. Толькі на пясчаных месцінах яна набывае чырванаваты колер. Гэта — адзнака таго, што ў вадзе ёсць жалезная руда.

Пракладзены яшчэ ў XVIII стагоддзі, Сергучоўскі канал з’яўляецца часткай былой так званай Бярэзінскай воднай сістэмы.

Просты, як лінейка, ён праходзіць па тэрыторыі запаведніка на працягу каля дзевяці кіламетраў.

Праз Сергучоўскі канал Бярэзіна злучаецца з ракой Бузянкай, з ляснымі азёрамі Плаўе, Манец і Ольшыца, з каналам возера Бярэшта, з ракой Бярэштай, Вербскім каналам, ракой Эсай, возерам Проша, Лепельскім каналам, Лепельскім возерам, другім Лепельскім каналам, ракой Улай і Чашніцкім каналам. Апошні злучае раку Улу каля мястэчка Чашнікі з Заходняй Дзвіной.

Бярэзінская водная сістэма была створана паднявольнай працай беларускіх прыгонных сялян у 1798 — 1805 гадах. Па гэтым водным шляху лес з паўночнай лясістай часткі былой Мінскай губерні сплаўляўся ў Рыгу. Па Бярэзінскай сістэме перавозіліся ў баржах і лодках збожжа, соль, крупы.

Значэнне Бярэзінскага воднага шляху зменшылася пасля таго, як былі пракладзены чыгуначныя лініі. Догляд каналаў спыніўся, берагі іх пачалі абвальвацца, а потым зараслі лазой, вольхай і асінай.

Цяпер Сергучоўскі канал, самы вялікі з каналаў Бярэзінскай сістэмы, выкарыстоўваецца толькі для ўнутраных, мясцовых патрэб.

На фоне бледнага шэра-блакітнага неба вылучаюцца белыя ствалы бяроз. Жоўтых лісткоў на іх яшчэ мала.

З рэзкім стракатаннем пераляцела канал сарока. З лазняку ля самай вады з шумам выпырхнула другая.

На траве серабрыцца раса.

На суку, які навіс над вадой, сядзіць невялікая птушка дзіўнага выгляду з яркім, незвычайным апярэннем бліскучага зеленавата-сіняга колеру. Галава ў гэтай птушкі ледзь не з палову ўсяго тулава. Нос доўгі, прамы і востры, а хвост кароткі, як кажуць, куцы.

Яркая афарбоўка птушкі кідаецца адразу ў вочы. Яна здаецца нейкай чужароднай на фоне сціплага, мяккага і спакойнага пейзажу.

Гэта — зімародак.

Сустракаецца ён у нас не так ужо часта.

Ціха, стараючыся не рабіць шуму, апусціўся я на зямлю і пачаў з-за кустоў наглядаць за птушкай.

Нерухома сядзіць зімародак на сваім месцы. Кароткія маленькія чырвоныя ножкі яго моцна ўчапіліся ў кару сука.

Жывуць зімародкі ля багатых рыбай вадаёмаў з густой расліннасцю. Трымаюцца яны адасобленымі парамі, на вялікай адлегласці адна ад другой. Кормяцца пераважна рыбай. Гнёздамі служаць ім норы ў берагавых абрывах над вадой.

Я доўга і цярпліва гляджу на цікавую птушку. Вочы стаміліся, і я ўжо збіраюся ўстаць.

Але вось зімародак выцягнуў шыю, перакуліўся галавой уніз і, як камень, ці, хутчэй, як страла, не раскрыўшы крылаў, упаў у ваду і знік з вачэй.

Праз момант ён з’явіўся зноў на паверхні і ўзляцеў на ранейшае месца на суку.

У дзюбе зімародка зіхаціць срэбрам лускі і трапечацца невялікая рыбка. Зімародак стукнуў яе аб сучок, падкінуў рыбку ўгору і, шырока раскрыўшы дзюбу, праглынуў. Потым страсянуў кроплі вады з пёрцаў, пачысціў іх дзюбай і зноў нібы застыў у сваёй нерухомай паставе.

Я ўстаў і падышоў бліжэй.

Зімародак сарваўся з месца і паляцеў над каналам, шпарка махаючы сваімі кароткімі, закругленымі крыльцамі.

Яркі зеленавата-сіні шматок мільгануў над вадой, ажыўляючы шэры, пахмурны дзень, і з тонкім, працяжным свістам знік у зялёных кустах на тым беразе канала.

 

Егерава жонка

Егера я застаў дома.

Ён сядзеў на ложку, звесіўшы босыя ногі, і курыў самакрутку.

У хаце пахла печаным хлебам.

Аляшкевіч узяў ад мяне запіску і павольна прачытаў яе ўголас. Твар яго ажывіўся, але, зірнуўшы на жонку, якая завіхалася каля печы, егер спахмурнеў і сказаў нібы незадаволена:

— Вось, бачыце, заўсёды так. Ніколі вольнай часіны не маеш. Толькі збярэшся каля хаты патупаць, зрабіць сёе-тое па гаспадарцы, аж тут якраз новае даручэнне. Наважыў я сёння нікуды не ісці, аж вы тут з гэтай пісулькай.

Ён змоўк і зноў скоса зірнуў на жонку.

Тая з ахвотай падхапіла гэтую тэму. Павярнуўшыся да нас расчырванелым тварам і ўпёршыся рукамі ў бокі, яна пачала выказваць сваё незадавальненне і мужам, і ягонай службай. Яна скардзілася на свой лёс у даволі энергічных выразах.

Я паспрабаваў закінуць слова, каб крыху суцішыць струмень разгневанага красамоўства егеравай жонкі ці накіраваць яго ў другі бок. Але нічога з гэтага не выйшла.

— Хіба гэта чалавек? — хвалявалася жанчына. — Яму абы стрэльбу за плечы ды ў лес. Хіба яму абыходзіць, што ў хаце робіцца? Як там хаця выдра ў балоце жыве, вось яго што турбуе! А як тут жонка з малымі дзецьмі, дык гэта ўжо быццам і не ягоная справа!.. Гэта ж проста казаць смешна, перад людзьмі сорамна, — другі месяц у новую хату перабрацца не можам. Каб не было, а то ж ёсць!..

Пакуль кабета давала волю сваім пачуццям, егер моўчкі сядзеў на ложку і спакойна курыў. Разумныя, хітраватыя вочы яго былі прыжмураны.

Я разумеў, што першыя ўступныя словы Аляшкевіча былі не больш як «дыпламатычны» манеўр, што яны былі сказаны толькі дзеля жонкі, а сам ён зусім не супроць таго, каб пайсці ў лес і хоць на час пазбыцца жончыных даручэнняў.

Ледзь толькі гаспадыня скончыла свае скаргі і нараканні, выказаўшы ўсё, што было ў яе на душы, а можа, нават і трошкі болей, і павярнулася зноў тварам да печы, загрымеўшы дэманстратыўна чыгунамі, егер ціхенька ўстаў, узяў кепку, бясшумна зняў са сцяны стрэльбу і, не абуваючыся, моўчкі накіраваўся да дзвярэй, падміргнуўшы мне, каб я ішоў за ім.

Калі мы выйшлі з хаты, ён пачаў хваліць сваю жонку.

— Яна ў мяне кабета неблагая, — запэўняў Аляшкевіч. — Вы не думайце! Усё чыста сама робіць, усюды спраўляецца. Такая ўжо працавітая ды ўвішная! Гэта ж таксама ўлічыць трэба. І ў партызанах яна ў мяне надзейны памочнік была. Вядома, ёй крыўдна. Ёй клопату хапае, нічога не скажаш, але ж і ў мяне служба. Яна думае, вось мужык здаровы, ды гультай. Замест таго каб дома рабіць ці ў калгасе, ён сабе па лесе ходзіць ды каля начальства аціраецца. Нашай работы яна зразумець не хоча. Забывае, што я чалавек службовы. Але сваркі паміж нас ніколі не было, бо я заўсёды перапушчу. Яна часам хоць і лішняе скажа, а сама гэтак зусім і не думае. Абы сказаць. А калі што якое, то заўсёды паспагадае і дапаможа. Толькі слова ёй, канешне, насуперак не кажы. Тады ўсё добра. Такі, бачыце, характар.

Гаворачы пра жонку, Аляшкевіч заўзята шлёпае босымі нагамі па лужынах. На ім ватоўка і зялёныя суконныя штаны, завязаныя знізу.

— Не холадна босаму? — пытаюся я.

— Не, — кажа ён. — Прывык. У ботах ніколі па балоце не хаджу. Не магу. У ботах ногі ўвесь час мокрыя, сціснутыя, пацёртыя, ісці цяжка. А босы — ідзі ўсюды смела, босы толькі выйшаў з вады, ногі адразу і высахлі. У нашай мясцовасці ад ботаў карысці мала.

 

Рэчка Сергуч

Мы падышлі да ўрочышча Прыстань.

Тут бярэ свой пачатак ад ракі Бузянкі не толькі канал, але і Сергуч, ці, як тут яшчэ кажуць часам, — Сергуць.

Гэта — звілістая, забалочаная рэчка з вялікай колькасцю глыбокіх віроў. Яна цячэ паралельна Сергучоўскаму каналу з поўначы на поўдзень і злучаецца, таксама як і канал, з Бярэзінай.

Нізкія, топкія берагі Сергуча зараслі лазняком і азёрным чаротам.

Плынь у гэтай рэчцы слабая, амаль непрыкметная, дно глеістае, але вада чыстая.

— Для выдры і бабра няма лепшага месца, — гаворыць Аляшкевіч. — Для выдры тут і рыбы шмат, і прытулак вельмі зручны, а для бабра раслінная база багатая.

За грэбляй, якая аддзяляе канал ад рэчкі, мы збочылі ўправа, каб ісці ўздоўж рэчышча Сергуча.

Спачатку мы ідзём па высокай мокрай траве, потым прабіраемся скрозь густы лазняк і трысцё, удыхаючы гаркаваты пах балотнага зелля.

Пад каранямі старой бярозы, у трох метрах ад старыцы, Аляшкевіч паказвае мне нару выдры.

— Гэта ў яе запасная нара, — тлумачыць ён, — а вось тут, глядзіце, асноўная.

Ён паказвае другую, шырэйшую адтуліну непадалёку ад першай.

Перад уваходам у нару вытаптана і выраўнена круглая пляцоўка каля аднаго метра ў дыяметры.

— Тут малыя выдраняты гуляюць, — расказвае егер. — Сёлета я іх на гэтай пляцоўцы бачыў. Падкраўся сюды непрыкметна. І вось адсюль, з трох крокаў, убачыў двух малых. Яны ляжалі і грэліся на сонейку: вочкі прыжмурылі, а пярэднія лапкі выставілі насустрач цяплу, растапырыўшы пальцы. Калі я пасунуўся бліжэй, яны мяне заўважылі і адразу назад перакуліліся ў нару.

— Дзе ж яны цяпер? — спытаўся я.

— Цяпер яны выраслі і нару пакінулі. Пачалі жыць самастойна. Плаваюць па суседніх вадаёмах ды ловяць рыбу. А ці ведаеце, чым корміць выдра сваіх малых?

— Мусіць, дробнай рыбай?

— Не, — гаворыць Аляшкевіч. — Не рыбай, а малымі, бяспёрымі птушанятамі. Гэта, мабыць, таму, што ўвесну ёй няцяжка іх здабываць, асабліва малых качанят. Калі ж яны пакрыюцца пер’ем ды стануць на крыло, тады ёй малую качку ніколі не злавіць, хіба толькі знізу, паднырнуўшы з вады. Носіць выдра сваім малым таксама мышэй і жаб. Любіць яна вельмі ракаў. Я часта знаходжу каля гэтай нары ракавыя шкарлупіны.

— Ці многа выдры ў запаведніку? — пытаюся я. — І дзе можна яе часцей убачыць?

— Дзе многа рыбы, там і выдру можна заўсёды знайсці. Выдры ў нас жывуць па ўсіх вадаёмах, толькі ў Пастрэжскім возеры іх няма. А тут, на Сергучы і на Бузянцы, ім асабліва добра. Мясцовасць маладаступная, паляванне і рыбная лоўля забаронены. Рыбы, птушанят, ракаў ды жаб колькі хочаш. Чаму ж ёй тут не жыць? Выдры ў нас налічваецца больш за трыста галоў.

Пастаяўшы каля нары і пагаварыўшы пра выдру, мы пайшлі далей.

— Цяпер трэба і суседа наведаць, — жартуе Аляшкевіч.

 

Добрыя суседзі

Прадзіраючыся скрозь малады алешнік, рассоўваючы рукамі густыя зараснікі, мы падыходзім да бабровай хаткі 106.

Яна знаходзіцца на правым беразе Сергуча, недалёка ад нары выдры і ў ста пяцідзесяці метрах ад грэблі.

Пад нагамі хлюпае вада. Чарот узнімаецца вышэй чалавечага росту, шуміць сваімі мяцёлкамі. Перад вачыма, куды ні глянь, зялёна-жоўтая сцяна сцяблоў, а над галовамі шэрае неба.

Чорны ствол сухой вольхі вытыркаецца з даху бабровай хаткі, як вялізны комін.

Навокал ляжаць абгрызеныя бабром сцяблы парыльніку і маліны. Гэтыя расліны ўваходзяць у летні рацыён бабра, таксама, як і крапіва і шчаўе.

Бабры пратапталі ад хаткі даволі шырокія сцежкі. Калі вада ў рэчцы ўзнімецца, гэтыя сцежкі ператворацца ў каналы.

У пятнаццаці кроках ад хаткі 106 бабры распачалі пабудову другой хаткі. Яны падкапалі карані суседняй вольхі. Скляпенне логава ўжо зроблена. Застаецца ўзвесці вакол яго галерэю і абкласці яе з бакоў і зверху галлём.

Каля распачатай пабудовы нядаўна яшчэ расла высокая яліна. Цяпер яна ляжыць, паваленая бабром. Відаць, яна нечым замінала бабру, і ён яе спілаваў.

Вакол незакончанай хаткі расце чарот, раза ў паўтара вышэй чалавечага росту.

— Адгэтуль уніз па Сергучу жылых бабровых хатак няма на працягу васьмі кіламетраў, — гаворыць Аляшкевіч. — А старых, пакінутых, шэсць. Бабры там усё навокал пагрызлі, паелі і перабраліся ў другую мясцовасць. Тут жа, каля вытокаў, корму для іх хапае, вось яны і будуюць другую хатку.

— А як жа на гэта глядзіць выдра? — пытаюся я. — Ці не пашкодзіць ёй такое блізкае суседства з дзвюма сем’ямі баброў?

— Каму? Выдры? — здзівіўся егер. — Наадварот. Яна любіць жыць каля бабровых хатак. Бабёр і выдра добрыя суседзі. Крыўды паміж імі няма. Бывае часам, што выдра жыве ў бабровай хатцы разам з гаспадарамі як кватарантка. Я сам бачыў выдру, якая жыла сумесна з бабрамі ў хатцы на Бярозе, супроць вусця канала. Бабры жылі на ніжнім паверсе, а выдра на верхнім. Яна часта на бабровай хатцы ела рыбу і адпачывала. А на Бузянцы я бачыў, як чацвёра малых выдранят ляжалі з маткай на бабровай хатцы. Потым яны пачалі гуляць. Слізгаюцца з даху на жыватах у ваду, як на санках, ды зноў наверх лезуць, нібы дзеці на ледзяной горцы. А матка глядзіць і любуецца. Тут яна адчувае сябе ў бяспецы, бо зверху, з даху бабровай хаткі, яна бачыць усё, што навокал робіцца, і ў выпадку трывогі заўсёды можа кінуцца з дзецьмі ў ваду.

— Можа, бабрам гэта не падабаецца?

— Бабры і ўвагі не звяртаюць. У іх з выдрай інтарэс розны. Баброў не цікавіць рыба, якую ловіць выдра, а выдру не цікавяць расліны, якімі кормяцца бабры. Для жылля выдра карыстаецца бабровай хаткай толькі пакуль дзяцей гадуе. Калі ж малыя вырастуць, яна старое жыллё — бабровую хатку ці сваю ўласную нару — усё роўна пакіне ды пойдзе бадзяцца па наваколлі, шукаючы новых мясцін, багатых на рыбу.

Назад мы ідзём уздоўж канала, у бок пасёлка Крайцы, міма сядзібы егера.

Недалёка ад яго зямлянкі высіцца новая хата, толькі вокны яшчэ не зашклёны. Летась яе тут не было.

— Сусед бабёр новую хату ставіць, і я паставіў, — смяецца егер. — Уваходзіны будзем спраўляць разам.

Каля хаты старая купчастая вярба, невялікі агарод і сенажаць. З аднаго боку канал, а з другога высокая цёмная сцяна дрымучага лесу.

— Чаму ж вы не перабіраецеся? — спытаў я. — Яна ж зусім гатовая.

— Ды ўсё, ведаеце, часу няма. З хатай я, праўда, не спяшаўся, але ж затое і атрымалася яна добрая, нічога не скажаш. Не хата, бачыце, а лялька. Пабудавана як мае быць. І суседства ў мяне тут добрае, — пераходзіць ён зноў на жартаўлівы тон. — Да выдры рукой падаць, і ад бабра недалёка.

Ён задаволена паглядзеў на сцены свайго новага дома.

— Дырэкцыя мне дапамагла і калгас. Я калгасу, праўда, сёе-тое рабіў па кавальскай справе, вось і яны мне аддзякавалі чым маглі. Шкло для акон у мяне ёсць, і завесы знойдуцца. Да зімы абавязкова перабяруся, інакш заесць мяне жонка. Ды ўжо і час. У нас цяпер наўкол усё новыя хаты, ніхто ў зямлянках не жыве.

 

Беларуская тайга

Прайшоўшы па канале з паўкіламетра, мы трапілі ў вільготны змешаны лес.

Высяцца вялізныя яліны з сівымі космамі, сустракаюцца часта і бярозы, і асіны, і вольхі.

Імжыць дробны дожджык.

Вакол нас беларуская тайга. Як усё тут дзіка і своеасабліва!

Над галовамі навісае зялёнае скляпенне. Святло ледзь прабіваецца скрозь густое галлё.

Адвечная цішыня. Не чуваць птушынага спеву.

Паўзмрок і вільгаць.

Пах сырой зямлі, прэлага лісця і цвілі.

Мокрыя галіны чапляюцца за адзенне, перашкаджаюць ісці. З намаганнем прадзіраемся мы скрозь густыя зараснікі вольхі, асіны, ліпы, арэшніку і чаромхі.

На кожным кроку ляжаць старыя тоўстыя калоды, пакрытыя зверху зялёным аксамітам моху.

Пад нагамі чорная, тлустая і вязкая глеба, змешаная з перагноем леташняга лісця, высокая папараць.

Часта прыходзіцца пералазіць цераз ствалы паваленых навальніцаю дрэў, абыходзіць вялікія вываратні. На адным з іх пакінула свае сляды куніца.

Некаторыя з паваленых ствалоў цвёрдыя і слізкія, а другія даўно збуцвелі ад старасці. Ступіш нагой на зялёную, пакрытую мохам калоду — і нага, не знайшоўшы цвёрдай апоры, правальваецца ў мяккую труху. Калода толькі звонку захавала сваю форму, а сярэдзіна ў яе даўно ўжо згніла і спарахнела.

 

Чорны бусел

Мы падышлі да старога дуба пасярод невялікай палянкі. Вакол дуба расце высокая ярка-зялёная трава, вільготная і мяккая.

— Гэтаму дубу больш за дзвесце пяцьдзесят гадоў, — гаворыць Аляшкевіч.

Дуб сапраўды стары. У вышыню — не менш трыццаці метраў. Шырынёй — тры-чатыры абхваты. Усе суседнія дрэвы ў параўнанні з гэтым волатам здаюцца нізкімі, малымі, нязначнымі.

Ніжняя частка магутнага ствала гладкая і зусім голая, без кары і сучча, нібы адпаліраваная.

Метраў за дванаццаць ад зямлі, на засохлым суку, знаходзіцца гняздо чорнага бусла. Яно складзена з сучча і палак, змацаваных зямлёй і глінай.

— Унутры яно неглыбокае і выслана трысцём, мохам, шэрсцю і пер’ем, — гаворыць Аляшкевіч.

З цікавасцю разглядаю я рэдкую знаходку.

Гняздо чорнага бусла знайсці не лёгка. Птушка гэта дзікая і вельмі асцярожная.

Хто не ведае звычайнага белага бусла? Ён здаецца нам неад’емнай часткай беларускага сельскага пейзажу, нашых балот і лугоў. А чорнага бусла рэдка хто калі бачыў. Галава, шыя, спіна і крылы ў яго бліскучага чорнага колеру, з залаціста-зялёным і сінім водбліскам, грудзі і жывот белыя, дзюба чырвоная.

Белы бусел не баіцца людзей і гняздзіцца звычайна каля чалавечага жылля, часта нават на даху вясковых будынкаў, а чорны бусел трымаецца глухіх, дзікіх лясоў і балоцістых нізін, якія густа зараслі хмызняком. Гняздзіцца ён на высокіх старых дрэвах, у такім непраходным гушчары, куды чалавеку цяжка дабрацца.

— Лясны птах, дзікун, — гаворыць Аляшкевіч.

Кожная пара чорных буслоў мае свой участак.

У межы гэтага ўчастка яны не дапускаюць другіх буслоў. Гняздо іх знаходзіцца на вялікай адлегласці ад іншых гнёздаў. Гэта і зразумела, бо ўсе буслы вельмі пражэрлівыя. Калі б яны жылі блізка адзін ад аднаго, ім не хапіла б корму. Чорны бусел маўклівы, ён вельмі рэдка клякоча.

— Я знайшоў гэтае гняздо ў 1935 годзе, — хваліцца егер. — З таго часу чорны бусел штогод выводзіць у ім трох-чатырох буслянятак. Перад гэтым, кожную вясну, ён рамантуе гняздо.

Малыя чорныя бусляняты пакідаюць гняздо ў першай палове ліпеня і да восені жывуць у сваім раёне разам з бацькамі. Чорныя буслы не збіраюцца ў вялікія чароды, як белыя. З надыходам восені яны трымаюцца асобнымі сем’ямі, не больш пяці-шасці птушак разам. З выраю чорны бусел прылятае на некалькі дзён пазней белага.

Вакол дуба з гняздом растуць яліны, вольхі, асіны і ясені. У падлеску — ляшчына, клён, лаза, чаромха і маліна. Зямля завалена бураломам. Глеба вязкая, балоцістая, пакрытая травой і зялёным мохам.

— Вясной і летам тут сустракаюцца дзікі і касулі, — гаворыць Аляшкевіч, — а ласі ходзяць увесь год.

Зялёны колер розных адценняў пануе тут над усім. Гэта проста нейкае зялёнае мора! Нават паветра ў прасветах між дрэў здаецца зеленаватым.

Пра гэтае цікавае месца яшчэ раней расказваў мне Леанід Васільевіч. Ён гаварыў, што бачыў тут чорнага бусла летам, у яркі сонечны дзень. Бусел стаяў пасярод гнязда. Бліскучая афарбоўка яго чорнага пер’я зіхацела і пералівалася ў сонечных праменнях, якія прабіваліся скрозь густую зеляніну лісця, рознымі адценнямі залацістага, бронзавага, сіняга, зялёнага і фіялетавага колеру. Абстаноўка, — казаў Леанід Васільевіч, — нагадвала трапічныя джунглі.

 

Спатканне з мядзведзем

Калі мы вярталіся ад гнязда чорнага бусла, Аляшкевіч, які ішоў наперадзе, раптам спыніўся.

Перад намі ў невялікім прасвеце між зараснікаў быў відаць бераг канала з пясчаным спускам да цёмнай чырванаватай вады.

Дождж перастаў, праглянула сонца. Паветра было чыстае і свежае. Жоўты пясок ярка вылучаўся сярод зялёнага колеру травы і хмызняку.

Справа, недалёка ад нас, затрашчала галлё.

Нехта прадзіраўся скрозь зараснікі.

Аляшкевіч зрабіў знак, каб я маўчаў і не варушыўся. Вочы яго заблішчалі, на твары з’явілася ўсмешка.

У тую ж хвіліну на бераг канала выйшаў з лесу мядзведзь. Ён ішоў, прыпадаючы на ўсю ступню і перастаўляючы па чарзе то абедзве левыя, то абедзве правыя нагі разам. Цела яго перавальвалася з аднаго боку на другі.

Схіліўшы галаву ўніз, нібы разглядаючы нешта на зямлі сваімі маленькімі вочкамі, мядзведзь павольна спусціўся па пясчаным схіле ўніз да вады. Там ён пастаяў крыху, потым увайшоў у ваду па бруха, зрабіў некалькі глыткоў і паплыў да супрацьлеглага берага. Плыў ён даволі шпарка, хоць і не рабіў у вадзе ніякіх рэзкіх рухаў. На паверхні была толькі яго вялікая галава з круглымі вушамі і верхняя частка спіны.

Калі ён выходзіў з канала на тым беразе, вада срабрыстымі кроплямі зіхацела на яго густой цёмнабурай поўсці, струменьчыкамі збягала на пясок з жывата і бакоў. Выбраўшыся з вады, мядзведзь адразу накіраваўся ў лес і знік у кустах.

Пачакаўшы крыху, мы падышлі да таго месца, адкуль ён увайшоў у ваду. Сляды мядзведзя выразна адбіліся на мокрым пяску каля берага.

Аляшкевіч выняў з кішэні сталёвы метр і змераў след.

— Даўжыня — дваццаць сантыметраў, шырыня — трынаццаць, пятка — восем, — абвясціў ён урачыста, складваючы метр. — Той самы. Ён часта на той бок перабіраецца. Ведае сваю сілу і нікога тут не баіцца. Чулі, як ён ішоў напралом, сапучы, з шумам, трэскам, не асцерагаючыся. А калі трэба, ён можа прайсці скрозь густы падлесак так ціха і непрыкметна, што ніхто яго не пачуе і не заўважыць. Гэты мядзведзь даўся нам у знакі. Пачаў ён з пасекі на падсобнай гаспадарцы вуллі красці. Ды гэтак спрытна, — падбярэцца, як злодзей, уночы, і няма вулея. Тады стары бухгалтар, што жыў на Вялікай рацэ, прымацаваў вулей да хаты калючым дротам, аж і гэта не дапамагло. Ноччу мядзведзь падабраўся пад самую хату, адарваў дрот і занёс вулей у лес. Там ён яго разламаў і з’еў увесь мёд. А летась ён у мяне сабаку ледзь не задраў. Пёсік у мяне быў хоць і малы, але смелы. Мядзведзь падышоў ноччу пад агарод, а пёс на яго ззаду кінуўся. Пасля гэтай сустрэчы хварэў пёс тыдні з тры. Я яго пасля ў Барысаў аддаў, знаёмым. Дырэктар забараніў сабаку трымаць, каб дзічыну ў лесе не ганяў.

Я пачаў распытваць егера пра звычкі мядзведзя, і ён паведаміў мне ўсё, што ведаў пра гэтага звера.

У лясах Бярэзінскага запаведніка мядзведзі трымаюцца вясной на балотах, дзе кормяцца журавінамі, і ў сасновых барах. Летам, калі выспяваюць чарніцы, суніцы, брусніцы і маліна, мядзведзь пераходзіць у мясціны, дзе многа ягад. Сляды яго дзейнасці можна ўбачыць і ў ельніку-чарнічніку, і ў змешаным лесе з густым маліннікам.

У канцы лета мядзведзь наведвае ноччу пасевы аўса. Пад восень ён, як і дзік, пераходзіць пераважна на жалуды і крушыну, якая расце ў вялікай колькасці па берагах лясных рэчак. Збіраючы жалуды, мядзведзь абламвае нярэдка тоўстыя дубовыя сукі.

Кусты крушыны, аб’едзеныя мядзведзем, асабліва часта сустракаюцца ў верасні месяцы па берагах лясной рэчкі Вялікай і яе прытокаў.

Пра ўсё гэта расказаў мне Аляшкевіч каля мядзведжай пераправы.

Мы развіталіся. Я накіраваўся ў Крайцы, а егер вярнуўся дадому.

Прайшоўшы з паўкіламетра, я ўбачыў з левага краю дарогі, ля кустоў, якія растуць уздоўж берага, вялікага зайца. Ён падпусціў мяне крокаў на трыццаць, потым адбег па дарозе крокаў дзесяць наперад, прысеў, падняўшы вушы, і павярнуў галаву ў мой бок. Калі я наблізіўся, зайчына зноў адбег крокаў на дзесяць і сеў у той жа позе. Гэтак ён рабіў некалькі разоў. Потым, не спяшаючыся, перайшоў дарогу і знік у зарасніках справа.

Дождж тым часам пачаў ліць з новай сілай. У пасёлак я прыйшоў пад вечар, мокры з галавы да ног.

На дзвярах вісеў замок.

Вартаўніца, старая Семянкевічыха, замкнула дзверы і пайшла на вёску да пляменніцы. Увайсці ў памяшканне і абсушыцца не было як.

Вось нібыта і «спраўдзілася» старая прыкмета: заяц дарогу перабег.

 

На Бузянцы

Каля першага шлюза спушчана на ваду новая лодка, зробленая Аляшкевічам. Жалезныя вілкі для вёслаў зрабіў таксама ён ў сваёй кузні.

Леанід Васільевіч садзіцца за руль. Аляшкевіч бярэцца за вёслы.

Мы плывём па рацэ Бузянцы.

Дзень выдаўся ясны, сонечны. Цёпла, нават спякотна, нібы ўлетку.

У спакойнай вадзе адлюстроўваецца і блакітнае неба з белымі нерухомымі воблачкамі, і стагі сена на паплавах, і зялёны нізкі бераг з асакой, чаротам і лазою. Толькі бусла не хапае для паўнаты пейзажу.

— Буслы адсюль яшчэ ў канцы жніўня паляцелі на групоўку ў пойму Бярозы, — гаворыць Аляшкевіч, нібы адгадаўшы мае думкі, — а жоравы пачынаюць групавацца.

У чорным тарфяністым зрэзе берага мы ўбачылі на ўзроўні вады, пад зялёнай скошанай асакой, бабровыя норы.

У лодцы пачынаецца размова пра баброў.

— Бывае так, — кажа Аляшкевіч, — што жывуць бабры доўга ў адной мясцовасці, а потым раптам знікнуць усе разам, нібы па камандзе, кінуўшы свае хаткі ды норы, і з’явяцца нечакана ў другім месцы, дзе іх раней ніколі не было.

— Прычына тут у харчах, — адказвае Леанід Васільевіч. — Бабры пакідаюць свае паселішчы, калі вакол няма чаго есці, калі знішчана кармавая база. Тады яны перасяляюцца ў другія, некранутыя мясціны. Харчовая база аднаўляецца на працягу трох-пяці год. Тым часам знішчаецца расліннасць там, куды яны перасяліліся, і бабры вяртаюцца з новага ўчастка на сваё старое месца, рамантуюць пакінутыя хаткі і жывуць, пакуль не адновіцца харчовая база ў толькі што спустошанай імі мясцовасці. Такі ў іх ідзе кругаварот.

— А чаму, — пытаецца Аляшкевіч, — калі проста скасіць ці высекчы лазняк, ён аднаўляецца на другі год, а пасля баброў увесь чыста пасохне, счарнее і аднавіцца зможа толькі праз некалькі год?

І на гэта знаходзіцца ў Леаніда Васільевіча вычарпальны адказ.

— Косяць ці высякаюць адначасова ўсю плошчу, — гаворыць ён. — Адначасова яна і аднаўляецца. А бабры знішчаюць расліннасць нераўнамерна, паступова і не падрад. Летам яны адкрываюць доступ у разрэджаныя зараснікі сонечным праменням, а зімою — холаду. Лазняк больш сохне, мерзне і гіне, і таму патрэбна больш часу, каб ён мог аднавіцца.

Над рэчкай праляцела пяць качак.

Леанід Васільевіч, узяўшы стрэльбу, вылазіць з лодкі і па балоце ідзе да таго месца, дзе яны апусціліся.

Мы з Аляшкевічам плывём да бабровай хаткі № 101.

Хатка выглядае нібы нейкі звычайны ўзгорак сярод лугу, бо ўся яна густа зарасла зверху маладымі парасткамі лазы і крапівой. Вузкі, але глыбокі канал без вады аддзяляе хатку ад берага. Навокал усюды расце лазняк і альхоўнік.

Ці даўно бачыў я першы раз у сваім жыцці бабровую хатку на Смолінцы?

Тады гэта была для мяне вялікая падзея.

Цяпер я наглядзеўся бабровых хатак як мае быць і на Сергучы, і на Бярэзіне, і на Бузянцы. Цяпер мне хочацца ўбачыць бабра за работай, паглядзець, як ён пілуе і валіць дрэвы, як рамантуе сваё жыллё ці будуе грэблю. Дзеля гэтага, уласна кажучы, я і прыехаў сюды.

Некалькі разоў раней звяртаўся я з гэтым да Леаніда Васільевіча і Аляшкевіча. Але кожны раз яны адказвалі, што яшчэ не час, што трэба пачакаць.

Для таго каб убачыць бабра за працай, неабходна выбраць ноч ціхую, бязветраную і светлую.

Нічога не зробіш, прыходзіцца набрацца цярплівасці.

 

Урочышча «Вокны»

Каля хаткі на тарфяністай зямлі выразныя сляды выдры.

— Раней гэтая хатка была пустая, — гаворыць Аляшкевіч. — У сакавіку 1946 года тут загінуў шасцігадовы дзік. Узлез на хатку, пачаў раскопваць лычам ды і праваліўся ўніз. Назад вылезці не змог і задушыўся. Вядома, цяжкі ды непаваротлівы.

Пачынае прыпякаць. Сонца ззяе і ў небе, і ў гладкім люстры вады.

Каля берага плавае пер’е і пух.

— Качкі ліняюць, — гаворыць егер.

Прычаліўшы да берага, ён паказвае мне нару выдры.

— І тут, бачыце, выдра жыве па суседству з бабром. Мусіць, тая самая, сляды якой засталіся каля хаткі.

Мы вылазім на бераг.

Сярод густых зараснікаў лазняку і чароту перад намі так званае «акно». Гэта — круглы і вельмі глыбокі вадаём з халоднай, як лёд, крынічнай вадой, чыстай і празрыстай.

На дне «акна» можна ўбачыць невялікую цёмную адтуліну. Там бурліць, кіпіць і серабрыцца паветра, нібы нарзан у каптажы.

Выліваючыся з круглага «акна» на паўвостраве, крынічная вада струменіць вузкім, звілістым раўчуком між кустоў нізкарослага лазняку і збягае ў раку, пабліскваючы ў траве. Адсюль папаўняецца вадой Бузянка. Гэтае месца так і называецца — урочышча «Вокны». Непадалёку ёсць яшчэ адно такое «акно».

Леанід Васільевіч далучаецца да нас. Мы садзімся ў лодку і плывём далей.

 

«Лейзарава піпка»

За ўрочышчам «Вокны» рака Бузянка робіць вялікую, амаль закончаную пятлю.

Праплыўшы больш кіламетра, мы апынуліся раптам амаль ля таго самага месца, адкуль адплылі.

Каб прайсці гэтую адлегласць па зямлі, па простай лініі, трэба зрабіць не больш сотні крокаў, але гэтаму перашкаджае топкае балота.

— Ведаеце, як гэтае месца завецца? — пытаецца Аляшкевіч. — «Лейзарава піпка», вось як. Было гэта даўно, яшчэ да першай сусветнай вайны. Жыў тут купец Лейзар, лесам гандляваў. Хацеў быў Лейзар шырокую канаву пракапаць у гэтым месцы, каб выправіць рэчышча і скараціць водны шлях для ляснога сплаву, але ж нічога з гэтага не выйшла. Пахадзіў ён тут з нейкімі людзьмі па балоце, паглядзеў на рэчку, на пятлю гэтую, папыхкаў сваёй піпкай ды так нічога і не вырашыў. Выдаткаў, мабыць, пашкадаваў, ні з чым і вярнуўся, толькі піпку сваю ў балоце згубіў. Вось з таго часу ўрочышча гэтае і называецца «Лейзарава піпка». Шмат тады людзі з гэтай прыгоды смяяліся. Як цяпер паглядзець, то тут асабліва і думаць не было чаго. Колькі тае справы! Цяпер, часам, каб была такая патрэба, абмеркавалі б на сходзе, склалі б план, выйшлі б усёй грамадой і адразу ўсё на свой лад перарабілі б.

Аляшкевіч паглядзеў яшчэ раз на пятлю, якую робіць у гэтым месцы рака, і, узяўшыся за вёслы, дадаў:

— Зрабіць гэта было б зусім і не цяжка. Толькі што патрэбы такой няма. Рэчка запаведная, лес не сплаўляецца, рыбу лавіць забаронена, дык няхай яна сабе цячэ як хоча, як гэта ёй ад прыроды прызначана.

На сухой адзінокай бярозе сярод лазняку сядзіць нерухома падорлік.

— Ён і качку бярэ і зайца, — гаворыць Аляшкевіч.

— Ад цецерукоў таксама не адмаўляецца, — дадае Леанід Васільевіч. — Качкамі ён выкормлівае сваіх малых, гэта для яго найбольш лёгкая і спажыўная здабыча. Падорліка мы часта бачым не толькі тут, каля рэк і азёр, але і ў ліставых, змешаных лясах, і ў сасновых барах, і ў дубровах. Знішчае ён і варон, і гракоў, і галак, і розных дробных птушак, ловіць і рыбу, і мышэй, і жаб. Карысці ад яго мала. Мы лічым яго шкодным драпежнікам, хаця гэтае пытанне яшчэ не вырашана канчаткова.

 

Домжарыцкае возера

Рака Бузянка робіцца ўсё шырэй і паўнаводней.

Мы выплываем на шырокі прастор Домжарыцкага возера.

Па сіняй вадзе ходзяць невялікія хвалі, б’юцца аб борт нашай лодкі.

Домжарыцкае возера мае дзевяць кіламетраў у акружнасці. Супрацьлеглы бераг густа акаймаваны лесам.

Мы падплываем да старой бабровай хаткі. Яна пуставала з 1945 года. Цяпер бабры ўзяліся з вясны за капітальны рамонт. Хатка пакрыта новымі, зрэзанымі нядаўна палкамі. Проста дзіўна, якія вялікія і цяжкія ствалы ўсцягвае бабёр з вады на вяршыню сваёй хаткі.

Нястомны Леанід Васільевіч зноў вылазіць з лодкі і ідзе па балоцістым беразе. Мы з Аляшкевічам плывём на сярэдзіну возера.

Вецер суцішыўся. Вада ў возеры спакойная і гладкая, перламутравага колеру.

Цёмна-сіняя сцяна лясоў адбіваецца ў люстранай паверхні возера. Некалькі пазалочаных воблачкаў бронзавага колеру нерухома вісяць у бяздонным светла-блакітным, нібы акварэльным небе.

Цішыня.

Вада ледзь чутна плюскоча аб лодку, ціха цурчыць каля носа.

Рассякаючы вадзяную люстраную гладзь, наша лодка пакідае за сабою след, які доўга не разыходзіцца.

Па возеры, далёка ад нас, плывуць дзве качкі.

Сонца хіліцца да захаду, афарбоўваючы нерухомую ваду ружовым адценнем.

Мы набліжаемся да сцяны чароту.

З-пад самага носа лодкі з рэзкім краканнем узнялася ў паветра чарада маладых качак.

На паверхню вады выскачыў у срабрыстых пырсках шчупачок.

З чароту ўзнімаецца з дзесятак качак, потым яшчэ каля дваццаці, яшчэ пяць, яшчэ сем.

У чароце чуецца пляск і чвяканне.

— Увесь бераг шапоча, — гаворыць Аляшкевіч. — Іх тут процьма.

Сапраўды, у зарасніках трысця, чароту і асакі гняздзіцца па берагах возера і ў навакольных балотах незлічонае мноства дзікіх качак. Тут можна ўбачыць і звычайную крыжанку, ад якой паходзіць наша хатняя качка, і шэрую качку, і шматлікія віды чыркоў і ныркоў. Восенню яны збіраюцца на Домжарыцкім возеры вялікімі чародамі, да тысячы галоў у кожнай, і трымаюцца так да адлёту, пакуль вада не пачне замярзаць.

Мы высадзіліся на бераг і раскладаем вогнішча. Чакаем Леаніда Васільевіча.

Праз некалькі хвілін з’яўляецца і ён. Моўчкі садзіцца ля агню, разуваецца і сушыць мокры абутак.

З возера даносіцца аднастайны прарэзлівы крык:

— Каў... Каў...

Гэта крычыць шэрая чапля.

Леаніду Васільевічу не сядзіцца. Пакуль сохнуць

шкарпэткі, ён нацягвае мокрыя боты на босыя ногі і знікае ў чароце.

Над возерам згушчаецца змрок.

У вячэрняй цішыні з таго боку, куды пайшоў Леанід Васільевіч, адзін за адным грымнулі два стрэлы.

Рэха разнеслася над соннай вадой, над трысцём і грукоча цяпер далёка, недзе на тым беразе.

У цёмным небе засвяціліся першыя зоркі.

Аляшкевіч расказвае мне пра сваё жыццё.

— Сам я родам з-пад Плешчаніц. Бацька мой адтуль і дзед. Арандавалі мы там зямлю ў пана Жаброўскага. Быў гэты пан немец.

— Немец? — перапытаў я. — У яго ж прозвішча не нямецкае.

— Не з роду немец, але веры нямецкай, — растлумачыў егер. — Ні католік, ні праваслаўны. Таму яго і звалі немцам. Ён не прызнаваў ні святых, ні абразоў. Ад яго і дзед мой набраўся, любіў часам з святых пакпіць, хоць і меў ад іх прыбытак.

— Які ж гэта быў прыбытак?

— Дзед мой выразаў з дрэва розныя рэчы, лыжкі, міскі. Ну і «езусаў» для прыдарожных крыжоў, капліц і могілак, святых для касцёлаў. Сам выразаў, найбольш з бярозы, сам і фарбаваў. Усе яго ведалі і хвалілі. Святыя былі ў яго, як жывыя, на суседзяў падобныя. Зарабляў ён добра, вясёлы быў стары, а падпіўшы, любіў часам спяваць:

Божа, божа,

Ты мяне стварыў,

Я цябе зрабіў;

Прадаць цябе мушу,

Каб пажывіць душу.

Бабка мая вельмі за гэта гневалася на дзеда і крычала: «Ах ты, пэцкаль! Што ты пяеш? Як гэта можна? Ці ж табе не сорамна? Змоўкні!» А ён толькі смяецца. Каб жыў мой дзед у цяперашні час, то, можа, з яго сапраўды які разбяр ці мастак атрымаўся б.

Егер змоўк і задумаўся.

— Даўно вы тут егерам?

— З таго часу, як створан запаведнік, з 1925 года. Раней я кавалём працаваў і слесарам. Пасля ў армію пайшоў. У дваццатым годзе ваяваў з панамі. Служыў у кавалерыйскай часці ў Барысаве. Там быў таксама кавалём. А як дэмабілізаваўся, то ажаніўся, узяў дзяўчыну тутэйшую ды і застаўся ля Кветчы назаўсёды. Не шкадую.

Аляшкевіч разварушыў вогнішча і падкінуў галля. Моўчкі сядзім мы ля агню, які ўспыхнуў з новай сілай, разганяючы навакольны змрок.

Выпала начная раса.

Аднекуль справа пачуўся моцны ўсплеск, затым — хрыплыя стогны, шумная і працяглая тузаніна, нібы два вялікія звяры кінуліся адзін за адным цераз трысцё ў ваду і ўзнялі там валтузню.

— Гэта бабры выйшлі на жыроўку, — гаворыць Аляшкевіч. — Мабыць, нешта не падзялілі. Адзін пагнаўся за другім. Б’юцца яны страшэнна. Сядуць адзін супроць аднаго ў мелкай вадзе на задніх лапах і спачатку толькі штурхаюцца пярэднімі, а потым як схопяцца ў абдымку! Кожны стараецца ўчапіцца за шыю другога і паваліць яго. Тады слабейшы кідаецца наўцёкі, у ваду, дзе глыбей, а другі гоніцца за ім. А стогнуць пры гэтым як жаласна! Пацеха!

Слаба ўспыхвае полымя. Вогнішча дагарае.

Вакол нас згушчаецца цемра, нічога не відаць.

У цемры з’яўляецца постаць Леаніда Васільевіча. У руках у яго дзве чаплі. Адну ён забіў, другая — жывая, параненая.

— Гэта для музея, — тлумачыць Колбін. — У нас чучала чаплі няма.

Параненая чапля ачуняла. Яна стаіць, натапырыўшыся, увабраўшы галаву ў плечы, і глядзіць у вогнішча невідучым позіркам сваіх залаціста-жоўтых вачэй.

Вясной чаплі з’яўляюцца ў лясах верхняга цячэння Бярэзіны ў канцы сакавіка. Гняздзяцца яны на высокіх дрэвах ці ў зарасніках чароту, на зламаных сцяблах. Кормяцца чаплі галоўным чынам рыбай, але ловяць часам і мышэй. Цэлымі гадзінамі стаіць чапля ў вадзе каля берага на адной назе, падкурчыўшы другую. Рыбу яна ловіць моцным, шпаркім і трапным ударам вострай дзюбы. Калі чапля ляціць, яна не выцягвае шыю, як бусел ці жораў, а трымае яе выгнутай, адкінуўшы галаву да спіны. Па гэтай адзнацы яе лёгка адрозніць у палёце.

Леанід Васільевіч падстрэліў чаплю, калі яна села на старую хвою. Ён думаў, што яна забіта, але ў яго руках чапля ажыла.

Цяпер яна стаіць каля нас у зябкай, хваравітай паставе, безудзельная да ўсяго, і не варушыцца.

Вогнішча тым часам пагасла. Мы садзімся ў лодку, узяўшы з сабой і жывую і забітую чаплю.

Над возерам узняўся туман. Амаль вобмацкам знаходзім мы месца, дзе рака Бузянка бярэ свой пачатак з возера.

Холадна і вільготна.

Я змяняю на вёслах Аляшкевіча.

Дзесьці далёка над ракой відаць чырванаваты водбліск. Ён з’яўляецца то злева, то справа ад нас.

— Гэта смалякі паляць, — заўважае Аляшкевіч. — Нехта восцямі рыбу б’е.

Становіцца ўсё святлей. Чуюцца ўдары вёслаў па вадзе.

Перад намі вырысоўваецца ў чырвоным святле чорны абрыс лодкі.

На носе ярка гараць на падвешанай жалезнай рашотцы смалякі. Яны асвятляюць начную цемру і разганяюць туман.

На лодцы два пажылыя дзядзькі. Адзін стаіць з восцямі напагатове, другі трымае вясло і кіруе лодкай.

Рыбак, які стаіць наперадзе, углядаецца ў ваду.

Чырвонае святло смалякоў асвятляе цёмную раку аж да самага дна. У гэтым святле можна ўбачыць, як спіць, трымаючыся на адным месцы, буйная рыбіна.

Тут застыў каля карча ля берага вялізны шчупак, там лінь, яшчэ далей галавень, а ў глыбокім віры ляжыць, як калода, тлусты вусаты сом.

Павольна і ціха плыве лодка.

Леанід Васільевіч аклікнуў рыбакоў. Лодка спыняецца.

Начная цішыня парушана.

Пачынаецца сварка. Леанід Васільевіч злуе, бо лавіць рыбу ў рацэ забаронена.

Голасна дакарае ён рыбакоў. Тыя заўзята пярэчаць.

Пасля кароткай, але энергічнай спрэчкі з парушальнікамі запаведнасці Леанід Васільевіч забірае ў іх восці і запісвае прозвішчы.

— Заўтра з’явіцеся ў кантору, — гаворыць ён сярдзіта.

Мы плывём далей.

Леанід Васільевіч доўга не можа супакоіцца. Яго абурае «несвядомасць» дзядзькоў.

— Калі б яшчэ хлапчукі, — бурчыць ён, — а то пажылыя людзі!

У супрацьлегласць свайму начальніку Аляшкевіч захоўвае філасофскі спакой. У час сваркі з рыбакамі ён дыпламатычна маўчаў. Цяпер, калі Леанід Васільевіч нарэшце змоўк, егер хітравата ўсміхнуўся.

— У ціхую ноч добра біць рыбу восцямі, — гаворыць Аляшкевіч. — Я гэтым калісьці таксама займаўся. Цікавы занятак.

Ён нібы спачувае парушальнікам.

 

Бабры за работай

Сёння я нарэшце ўбачыў баброў за работай.

Яшчэ раніцай мы з Аляшкевічам дамовіліся, што паплывём увечары на лодцы па Бярэзіне, уніз ад Сергучоўскага канала да возера Палік, паглядзець, як працуюць бабры. У падарожжа мы выбраліся каля дзевятай гадзіны вечара.

Дзейнасць баброў пачынаецца, як вядома, пасля захаду сонца. У верасні найбольшую актыўнасць яны праяўляюць з дзевяці гадзін вечара да другой гадзіны ночы.

У свае хаткі бабры вяртаюцца пасля кармёжкі і будаўнічай працы адзін за адным, прыблізна каля пяці-шасці гадзін раніцы.

Ноч абяцала быць ціхая і светлая.

Спачатку мы карысталіся вёсламі, мерна і спакойна веславалі, па аднаму вяслу з кожнага боку. Потым, каб не рабіць лішняга шуму і не палохаць баброў, зусім перасталі веславаць.

Ветру няма. Ля самага берага растуць вольхі і вербы.

Наша лёгкая лодка павольна, ледзь прыкметна пасоўваецца ўніз па плыні ракі. Яна нібы слізгае па чорнай, глыбокай вадзе. Вёслы ляжаць на дне, мы іх не чапаем. Сядзім моўчкі і не варушымся, плывём уздоўж берага.

З левага борту густы лазняк. Справа шырокая балоцістая пойма. Звілістая рака робіць тут паварот.

Аляшкевіч асцярожна схапіўся за чорную галіну, якая вытыркаецца з берага, і бясшумна падцягвае лодку ў невялікую затоку, амаль з усіх бакоў замаскіраваную кустамі лазняку.

Лодка спынілася. Тонкія гнуткія галінкі скрыжоўваюцца над нашымі галовамі.

З-за тоўстага ствала старой вярбы, якая схілілася над вадой, добра відаць даволі шырокі плёс, асветлены месяцам. Плёс знаходзіцца ад нас метрах у пяці-шасці.

Адсюль будзе зручна наглядаць за бабрамі.

Вакол чарнеюць сілуэты дрэў і кустоў.

У пасярэбранай святлом месяца вадзе многа гарлачыкаў.

З боку плёса даносіцца аднастайны характэрны гук, нібы нехта скрабе шпарка і моцна нечым вострым па дрэве. Уражанне такое, быццам штосьці грызе вялікі пацук.

У вільготным начным паветры гэты гук, шоргат ці скрыгат, не ведаю, як яго лепей назваць, далёка разносіцца над ракой. Мы пачулі яго задоўга да таго, як ціха падплылі да свайго сховішча. Цяпер ён на момант спыніўся з тым, каб праз некалькі хвілін аднавіцца з новай сілай.

Якім чароўным і прывабным здаваўся мне гэты дзіўны гук!

Вочы мае паступова прывыклі да рэзкага кантрасту паміж халодным серабрыстым святлом месяца і густымі чорнымі ценямі. Я пачаў выразней разбірацца ў навакольных прадметах, адрозніваць іх, заўважаць асобныя дэталі.

Напружана ўглядаюся ў асветленую месяцам паверхню плёса, у абрысы супрацьлеглага невысокага берага.

Нарэшце я заўважыў цёмную постаць бабра.

— Вось ён!..— ледзь не крыкнуў я, але стрымаўся.

Кульгаючы з боку на бок, бабёр капошыцца каля дрэва. Пляскаты хвост яго валочыцца па траве, паварочваецца ў розныя бакі.

Бабёр узняўся на заднія лапы, абапіраючыся на хвост. Кароткімі пярэднімі лапкамі ён ухапіўся за ствол маладой асіны, і адразу зноў пачуўся характэрны гук пілавання разцамі па дрэве.

Толькі цяпер я заўважыў, што бабёр не адзін. Каля яго заварушылася постаць другога бабра. Ён узяўся за ствол з другога боку.

Прайшло некалькі хвілін.

У начным паветры пачуўся гучны трэск. Дрэва пачало хіліцца ў бок ракі.

Бабры спынілі работу. Прыслухаліся. Трэск паўтарыўся. Абодва бабры адсунуліся ад ствала.

Яшчэ праз хвіліну дрэва захісталася, зашумела галлём і, падмінаючы лазняк і маленькія бярозкі на беразе, рухнула ў ваду.

Сонная рака ўскалыхнулася. Пырскі ляцяць ва ўсе бакі.

Увесь гэты шум нібы спалохаў баброў. А можа, яны пачулі Аляшкевіча, які кашлянуў у гэты момант.

Першы з баброў цяжка і нязграбна заскакаў у бок берага. Ля самай вады ён азірнуўся па баках, засіпеў і кінуўся ў раку галавою ўніз. Хвост яго мільгануў над берагам і з сілай пляснуў па вадзе. Гук ад адару разнёсся далёка па наваколлі.

Бабёр знік пад вадой, і адразу на паверхні ракі з’явілася і хутка разышлася серабрыстая дарожка дробных бурбалак. Гэта было паветра, якое бабёр выдыхнуў з лёгкіх, плывучы пад вадой.

Дзе падзеўся другі бабёр, я заўважыць не паспеў, але і яго на беразе ўжо не было. Мне здалося, што ён знік у траве, каля самай вады.

Хавацца нам цяпер не было патрэбы.

— Яны вылезуць на бераг не так яшчэ скора, — голасна сказаў Аляшкевіч.

Пень асіны бялее ўначы сваёй завостранай, абламанай і расшчэпленай верхавінай.

Мы выходзім з лодкі і аглядаем спілаванае бабрамі дрэва.

У ствале асіны бабры выгрызлі кальцо ў выглядзе кліна, накіраванага ўнутр дрэва.

— Чыстая работка! — смяецца Аляшкевіч.

Ён бярэцца за свой стальны метр і, прыклаўшы яго да зрэзу, абвяшчае:

— Дваццаць тры сантыметры ў папярочніку!.. Але гэта што! Глупства! На Жартайцы бабры спілавалі некалькі дрэў, якія мелі па пяцьдзесят сантыметраў. Быў нават выпадак, калі яны звалілі старую вярбу крыху больш метра ў дыяметры. А з гэтай асінай яны справіліся, мусіць, за адзін прыём. Хаця, можа, і ўчора яшчэ пачалі, хто іх ведае! Бывае часам, што яны пачнуць грызці дрэва і кінуць, а потым, праз колькі дзён, зноў возьмуцца і паваляць. Цяпер, калі мы ад’едзем і ўсё вакол супакоіцца, бабры вылезуць з вады і перш за ўсё ачысцяць ствол ад галля і сучча. Лісце і кару з маладых галінак тут жа і з’ядуць, пакуль яны свежыя. Усё астатняе пойдзе ў кладоўку, у запас, на зіму.

Мы вывелі лодку з затокі і паплылі назад. Яркі месяц па-ранейшаму асвятляе раку.

У лодцы я распытваю Аляшкевіча аб тым, як робяць бабры свае харчовыя запасы на зімовы час і дзе яны іх хаваюць.

Пакуль мы даплылі ўверх па рацэ да вусця Сергуча, егер мне ўсё як след растлумачыў:

— Рыхтаваць сабе корм на зіму, — гаворыць ён, — бабры пачынаюць у канцы верасня ці ў пачатку кастрычніка і займаюцца нарыхтоўкамі на працягу ўсяго лістапада. Запасы гэтыя складаюцца з асіны, лазы, бярозы і часам чаромхі. Але больш за ўсё любіць бабёр асіну. Калі няма асіны, ён корміцца лазой. Калі ж і лазы не хапае, бярэцца за бярозу.

— Дзе ж ён робіць сабе кладоўку?

— Нарыхтаванае і ачышчанае вецце бабры апускаюць у ваду, недалёка ад хатак, у глыбокім месцы, дзе няма плыні. Зрэзаныя палкі і галінкі яны ўтыкаюць завостраным канцом у зямлю пад берагам. Калі вада замерзне, бабёр, выплываючы з падводнай адтуліны сваёй хаткі, можа карміцца гэтым запасам пад лёдам, не вылазячы на паверхню.

Сказанае Аляшкевічам пацвердзіў пасля і Леанід Васільевіч, якому я расказаў аб выніках нашай экспедыцыі.

— Трэба яшчэ дадаць, — сказаў ён, — што перад лістападам пажыўныя рэчывы з лісця пераходзяць у ствол і галлё асін і адкладваюцца ў кары і драўніне. Дрэвы, зрэзаныя бабрамі ўвосень, больш пажыўныя.

 

Ласіныя Ямы

На другі дзень да мяне падышоў заатэхнік Вадзім Аляксандравіч.

— Заўтра я іду па месцах ласінага рэву, — сказаў ён. — Калі хочаце, пойдзем разам.

Я, зразумела, згадзіўся.

Раніцай, абуўшы гумавыя боты, мы пайшлі спачатку на Пастрэжжа, а потым, перабраўшыся цераз Чорны ручай, рушылі ва ўрочышча Ласіныя Ямы.

Надвор’е яснае і сонечнае. Паветра чыстае і празрыстае, але халоднае. Адчуваецца восень.

Высокае неба зіхаціць яркаю сінню.

Бярозы красуюцца ў пазалоце, асіны ў чырвані.

У лесе мы бачым зямлю, парытую дзікам.

Пакрытая мохам, яна ўсюды ўзарана пластамі. Дзік рые неглыбока. Сваім лычам ён узрывае толькі верхні пласт моху, шукаючы пад ім лічынкі жукоў і дажджавых чарвякоў.

Дзікі былі тут нядаўна.

Вадзім Аляксандравіч рукамі прыўзнімае мох, не крануты свіннямі.

— Дзік, — гаворыць ён, — чуе носам, дзе знаходзіцца пад зямлёй многа чарвякоў. Таму ён і рые не падрад, а паасобнымі ўчасткамі.

Сапраўды, пад не кранутым дзікам пластам моху чарвей і лічынак не відаць.

Мы пайшлі далей.

Лес хутка скончыўся. Перад намі тарфяное балота.

Мы ідзём вадзяной сцежкай, пратаптанай дзікімі свіннямі.

— А вось і ванна дзіка, — гаворыць Вадзім Аляксандравіч і паказвае на паглыбленне ў баку ад сцежкі. — У такіх ваннах шчаціністы ягамосць з доўгім лычам любіць песціцца ўлетку. Ляжыць сабе ў цёплай бруднай вадзе ды рохкае ад вялікай асалоды.

Чорная вада даходзіць нам да каленяў. Шлях па вадзяной сцежцы цераз балота доўгі і цяжкі.

Нарэшце мы выбіраемся на ўзвышша, якое густа зарасло лесам. Такія лясныя ўзвышшы сярод балот называюцца тут астравамі.

Вясной на гэтых астравах з яловым і змешаным шыракаліставым лесам, у якім пераважаюць сярод іншых дрэў дуб, ясень і клён, заўсёды сустракаюцца дзікія свінні. Летам яны кормяцца галоўным чынам белакрыльнікам, ці, як тут яго называюць, «бабоўнікам», які расце ў пойме лясных рэчак, і таму пераходзяць з лясістых узвышшаў у балоцістыя нізіны.

З надыходам восені дзікі перабіраюцца зноў у лясы, адкуль робяць часам начныя налёты на вясковыя палеткі. Калі выспяваюць жалуды, дзікія свінні трымаюцца каля дубоў, асобныя групы якіх сустракаюцца ўсюды ў пойме Бярэзіны. Многа шыракалістых дубоў і ў цэнтральнай частцы запаведніка.

Схілы ўзвышша, на якое мы выйшлі з балота, пакрыты верасам. Знізу, каля вады, расце багун. Сярод зялёнага моху ўсюды чырванеюць буйныя спелыя брусніцы. На нізкарослых бярозах залаціцца жоўтае лісце.

Адпачыўшы крыху на востраве, мы ідзём далей па сцежцы, пратаптанай дзікамі. Ісці ўсё цяжэй і цяжэй.

Высокі балотны мох-сфагнум перашкаджае ісці па вадзе. На балоце растуць дробныя, прыгнечаныя сасонкі і карлікавыя бярозкі.

Вось перад намі новы востраў, на гэты раз значна большы.

Мы выбіраемся на сухую, цвёрдую зямлю.

Пасярэдзіне вострава расце некалькі вялізных старых ялін. Пад адной з іх нара барсука з некалькімі запаснымі адноркамі.

Непадалёку ад барсуковай нары стаіць стары будан з яловых бярвенняў, жэрдак, сучча і кары.

— Тут, — гаворыць Вадзім Аляксандравіч, — хаваліся нашы супрацоўнікі з сем’ямі ў час блакады.

Мы распалілі вогнішча і адпачываем пасля цяжкага пераходу цераз балота. Сушым на агні мокрае адзенне і абутак.

Набраўшыся сілы, мы робім яшчэ адзін пераход цераз балота, прадзіраючыся на гэты раз скрозь дробны, але густы асіннік.

Уваходзім у вільготны яловы бор, завалены бураломам. Вакол ляжаць сукастыя голыя ствалы.

Перад намі лёжка дзіка. Недалёка ад яе мы натрапілі на адбіткі раздвоеных капытоў, па форме і памеру яны падобныя на сляды каровы.

Гэта лось.

Мы ідзём па следзе, і ён прыводзіць нас да «забою».

Так называюць у навакольных вёсках месца, дзе лось стаіць у час гону і, ярасна тупаючы пярэднімі нагамі, выклікае на бой праціўнікаў.

Пярэднімі вострымі капытамі лось выбіў тут даволі глыбокую яміну.

Гон у ласёў адбываецца з канца жніўня і да канца верасня. Ласі збіраюцца на «рэў» пасля захаду сонца, у гадзін дзевяць-дзесяць вечара. Заканчваецца «рэў» у дзесяць-адзінаццаць гадзін. Равуць ласі не больш адной гадзіны. У гэты час каля месца «забою» збіраецца ад двух да чатырох ласёў. Паміж імі адбываюцца часам паядынкі. На «рэў» ласі ходзяць з году ў год заўсёды на адно і тое ж месца.

Перад намі адна з такіх аблюбаваных ласямі мясцін.

— Гэта і ёсць урочышча Ласіныя Ямы, — гаворыць Вадзім Аляксандравіч. — А ўвесь востраў называецца Бацянова.

Мы аглядаем месца, дзе любяць збірацца ласі ўвосень. Гэта — узвышаная мясцовасць з даволі роўным рэльефам. Сярод высокіх ялін часта сустракаюцца дубы, ліпы, асіны, рабіны.

Вясною лось трымаецца звычайна нізін з густым асіннікам і бярэзнікам. Ён скубе лісце асіны, бярозы, лазы, вольхі. Тоўстай верхняй губой лось зрывае вецце. Маладыя дрэўцы ён нагінае да зямлі, наступаючы на іх грудзьмі, каб дабрацца да вершаліны. У маі — чэрвені ў ласіх нараджаюцца малыя.

Летам ласі пераходзяць у поймы рэк, у забалочаныя альховыя лясы, у балоты, дзе многа травы і кустоў, а восенню перабіраюцца на астравы.

Зімой яны кормяцца карой і галінкамі дрэў. Часта ласі абдзіраюць кару з асін, спілаваных бабрамі восенню.

У студзені — лютым ласі скідваюць старыя рогі. Новыя, буйнейшыя, вырастаюць у іх да ліпеня.

У маладога лася рогі пачынаюць расці пасля першага года жыцця. Яны маюць выгляд гладкай і вострай спіцы. У наступным годзе спіцы гэтыя скідваюцца, і замест іх вырастаюць новыя рогі, раздвоеныя на канцах. На трэцім і чацвёртым годзе жыцця рогі лася маюць тры адросткі. З кожным годам яны робяцца ўсё больш вялікія і важкія. Аснова адросткаў — паляўнічыя называюць яе «лапатай» — становіцца ўсё шырэйшай. Рогі растуць нармальна і развіваюцца як след ва ўмовах добрага харчавання, спакойнага і прывольнага жыцця. Калі лася часта непакояць і палохаюць, калі ён харчуецца недастаткова, рогі ў яго растуць слаба і замаруджана. Ласіха рагоў не мае.

Ідучы па слядах лася, мы падыходзім да яго лёжкі. Прымятая трава захавала адбітак цела буйной жывёліны.

Сляды лася вядуць нас далей. Справа — яшчэ адна нара барсука. Затым зноў ванна дзіка з чорнай граззю. Каля ванны сляды лісіцы. Яна частавалася тут чарніцамі.

З шумам сарваўся з высокай асіны глушэц і, лопаючы цяжкімі крыламі, праляцеў над нашымі галовамі.

 

Лясная трагедыя

Мы выходзім на амаль чатырохкутную паляну. Прыблізныя памеры паляны — пяцьдзесят квадратных метраў.

Дарогу пераляцеў рабчык. Рэзка крычыць чорны дзяцел. Над намі кружаць і жаласна пераклікаюцца два маладыя канюкі.

Трава на краю паляны прымята лёжкамі трох буйных жывёл.

Хто тут ляжаў? Ласі? Так, напэўна, яны, бо памеры лёжак адпавядаюць велічыні цела лася.

Недалёка ад лёжак сляды ваўка і шматкі ласінай шэрсці. Далей трава прымята ў розных мясцінах.

Вадзім Аляксандравіч захваляваўся.

Што ж тут такое здарылася?

У супрацьлеглым канцы паляны мы знаходзім чэрап лася з пазваночным хрыбтом і абгрызеную лапатку.

Чэрап бязрогі. Значыць, гэта была ласіха.

На касцях захавалася засохлая кроў, — яе не паспелі яшчэ аб’есці жукі і мурашкі.

На траве паляны ўсюды сляды ўпартага змагання буйных жывёл.

Тут адбылася заключная сцэна лясной трагедыі, — апошні бой ласіхі за сваё жыццё.

Але з кім жа яна змагалася? Хто яе загубіў?

— Ваўкі? — пытаюся я.

— Мабыць, яны, — адказвае Вадзім Аляксандравіч. — Але трэба ў гэтым разабрацца дакладней.

Мяркуючы па чэрапу, ласіха была маладая. Ваўкі, калі гэта былі яны, часткова з’елі сваю здабычу на месцы, а часткова парасцягалі па логавах.

Мы перасяклі паляну і паглыбіліся ў лес.

Крыху воддаль ад паляны, пад старымі змрочнымі ялінамі, уся зямля ўскапана. У мяккую глебу ўтаптана вялікімі шматкамі ласіная шэрсць. Тут жа ляжыць другая лапатка ласіхі і два рабры.

Ратуючыся ад ворагаў, ласіха кінулася ў гушчар. Пад гэтымі ялінамі яна змаглася і загінула. І тут жа, на месцы забойства, пачалося баляванне.

Галаву і хрыбет нехта са звяроў адцягнуў на паляну. Ад гэтага месца ідуць сляды аднаго з ваўкоў у кусты. Тут ён адпачываў, наеўшыся.

Побач сляды лісіцы. Яна, мусіць, паласавалася тым, што засталося пасля ваўкоў.

Уважліва агледзеўшы сляды на паляне, мы вярнуліся да старых ялін.

Вадзім Аляксандравіч некуды адышоў.

Я стаю адзін пад высокімі дрэвамі.

Раптам перада мною вырасла постаць Аляшкевіча. Ён, як і заўсёды, босы, у сваёй нязменнай ватоўцы і шэрай кепцы. За плячом у яго стрэльба.

— Я вас яшчэ адтуль заўважыў, — гаворыць ён, паказваючы рукою на маю спіну, — але знарок выйшаў з гэтага боку. У лесе нельга да чалавека падыходзіць неспадзявана.

Да нас вярнуўся Вадзім Аляксандравіч, і егер паведаміў яму, што робіць абход свайго ўчастка.

Па яго думцы, ласіха была зарэзана тыдні тры назад. Ёй было, мяркуючы па касцях, гады два.

Вадзім Аляксандравіч выказаў свае меркаванні аб тым, што ласіху зарэзалі ваўкі, і паказаў сляды на паляне.

Аляшкевіч спачатку памаўчаў, падумаў, потым пайшоў аглядаць кусты і падлесак вакол паляны. Па твару яго было відаць, што ён мае наконт гэтага сваю думку, але пакуль што не лічыць патрэбным яе выказваць.

Мы пайшлі за ім.

— Гэтая мясцовасць называецца Валяваты Дуб, — сказаў Аляшкевіч. — Тут быў калісьці лясны хутар. Пасля ссялення хутароў у вёскі пляц гэты зарос травой. І тут, і каля Бацяновага — добрыя мясціны!

Недалёка ад старых ялін я знаходжу капыт лася і паказваю егеру. Той моўчкі ківае галавою. Вадзім Аляксандравіч бярэ капыт і кладзе ў сваю змястоўную сумку. Там ляжыць у яго здохлы крот, памёт лісіцы, шматкі моху, нейкія карэньчыкі і іншыя рэчы, цікавыя толькі для заолага.

Аляшкевіч ідзе наперадзе, рассоўваючы кусты. Метраў за пятнаццаць ад паляны ён спыняецца і паказвае рукой на зямлю.

— Бачыце?..

У голасе Аляшкевіча гучаць урачыстыя, пераможныя ноткі.

Перад намі сляды мядзведзя.

Егер шматзначна зірнуў на Вадзіма Аляксандравіча і ўпэўнена рушыў далей.

Вадзім Аляксандравіч кашлянуў, зняў акуляры, працёр іх, зноў надзеў і моўчкі пайшоў за егерам.

Прайшоўшы метраў дзвесце ад паляны, мы падышлі да лёжкі мядзведзя. Побач ляжыць абгрызены таз ласіхі.

— Я так і думаў, — гаворыць Аляшкевіч. — Мядзведзь спаў на гэтым месцы не адну ноч.

І, звярнуўшыся да мяне, дадае:

— Гэта наш стары знаёмы. Той, якога мы бачылі на канале. Памятаеце?

Лёжка мядзведзя знаходзіцца ў вільготным яловым лесе-чарнічніку, на вялікай мохавай купіне пад ялінай. Яна якраз адпавядае сваёй формай і велічынёй памерам тулава мядзведзя.

Кусты чарніцы вакол лёжкі аб’едзены.

— Пад’еў мяса залішне, а пасля мусіў падлячыцца, — усміхаецца егер. — Гэта з ім часам здараецца.

Аляшкевіч і Вадзім Аляксандравіч пайшлі далей, а я вярнуўся на паляну і распаліў вогнішча.

Праз паўгадзіны вярнуліся і яны.

Папярэднюю версію Вадзіма Аляксандравіча наконт гібелі ласіхі ад ваўкоў Аляшкевіч рашуча адверг. У святле довадаў, прыведзеных і растлумачаных ім вельмі лагічна, узнікла новая версія, больш верагодная.

Па думцы Аляшкевіча, сапраўдным забойцам ласіхі быў мядзведзь, а не ваўкі. Падзеі на паляне адбыліся, паводле расказу егера, у наступнай паслядоўнасці.

Трое ласёў ляжала ў высокай траве на краю паляны, недалёка ад старых ялін. Мядзведзь падкраўся да іх, выскачыў з-за кустоў і ўдарыў лапай бліжэйшую да яго маладую ласіху. Зваліць яе адразу, з першага ўдару, яму не ўдалося. Ласіха вырвалася і пабегла, але адбегчы далёка не здолела. Астатнія ласі, спалоханыя нападам, уцяклі. Мядзведзь дагнаў параненую ласіху пад ялінамі і зламаў ёй хрыбет. Тут жа адразу і пачаў есці, а насыціўшыся, лёг адпачыць. Пакуль мядзведзь распраўляўся з ласіхай, падышлі ваўкі. Яны селі недалёка ад яго і пачалі чакаць, пакуль гаспадар пад’есць. Але ваўкі, вядома, прагныя і цярплівасці ў іх ніколі не хапае. Яны пачалі дакучаць мядзведзю. Тады ён перацягнуў заднюю частку тулава пад дрэва, далей ад ваўкоў. Тыя накінуліся на ўсё, што ён ім пакінуў. На змену ваўкам прыйшла лісіца і пачала чакаць сваёй чаргі, сваёй долі. Ваўкі, калі дарвуцца да такой буйнай здабычы, як лось, жаруць спачатку ўсё, што трапіць на зуб, падрад, не разбіраючыся. Наеўшыся, яны адышлі, каб адпачыць. Адзін малады воўк закапаў костку з кавалкам мяса ў пясок пад кустамі, на запас. Пакуль ваўкі спалі, за рэшткі ласіхі ўзялася лісіца. Калі ваўкі прагаладаліся, яны падышлі да здабычы зноў, але цяпер ужо выбіралі з таго, што засталося, толькі лепшыя кавалкі. На другі ж дзень, калі ўжо не было чаго есці, яны з’елі скуру і разгрызлі буйныя косці. Вось і засталіся ад ласіхі толькі чэрап, хрыбет і лапаткі. Іх паабчысцілі напаследак птушкі, жукі і мурашкі. У лесе нішто не прападзе.

Разважыўшы як след, Вадзім Аляксандравіч згадзіўся з Аляшкевічам і далучыўся да думкі егера. На другі дзень, у канторы, ён склаў аб прычынах гібелі ласіхі акт, у якім усё гэта было даведзена, і даў нам яго падпісаць.

Пасядзеўшы каля вогнішча, мы пайшлі ўсе разам назад у Крайцы.

Зноў пакутлівы пераход па глыбокім і вязкім балоце, скрозь высокія зараснікі трысця. Ногі адмаўляюцца служыць.

І не дзіва — мы прайшлі сёння па лесе і балоце каля дваццаці кіламетраў.

З балота мы выйшлі да бабровай хаткі № 201 на рацэ Сергуч. Гэта — вялікая, старая хатка, самая большая з тых, якія я бачыў. Вышыня хаткі — два метры шэсцьдзесят сантыметраў, шырыня — пяць метраў сорак сантыметраў. Зверху хатка густа зарасла крапівой і мятай і здалёку выглядае, як звычайны зялёны ўзгорак над рэчкай.

Каля хаткі растуць чарот, бярозы і вольхі. Недалёка ад хаткі высіцца бяроза, з усіх бакоў падгрызеная бабрамі, але яшчэ не паваленая.

Пасядзеўшы на хатцы і адпачыўшы, мы прабіраемся далей цераз балоцістую пойму Сергуча.

Два разы пераходзім мы звілісты Сергуч і выбіраемся з топкай дрыгвы на ўзвышанае сухое месца па падводнай кладцы.

Як прыемна апынуцца зноў на цвёрдай зямлі, сярод сосен і верасу! Якім чыстым, сухім і духмяным здаецца паветра сасновага бору!

Адсюль мы выходзім на бераг канала каля трэцяга шлюза. Ледзь толькі мы перайшлі на правы бок, як па лістах арэшніку застукалі першыя сумныя кроплі дажджу. Але мы ўжо недалёка ад дому!

Каля самых Крайцаў з яліны сарвалася сава.

Аляшкевіч ускінуў стрэльбу з пляча і стрэліў, але ў надыходзячым змроку не трапіў.

— Шкада, — гаворыць ён нездаволена, — у музеі няма яшчэ гэтай птушкі!

 

Садок і аблава

Сонечнае, яснае ранне. Над палямі разыходзіцца туман. Сёння ноччу былі першыя замаразкі.

На досвітку ў сасновым бары каля пасёлка Крайцы вылі ваўкі. Сярод высокіх галасоў маладых вылучаўся хрыплаваты бас старога, мацёрага ваўка.

Воўчая зграя з’яўляецца адной сям’ёй. Яна складаецца з самца і самкі, з ваўчанят, якія нарадзіліся сёлета, і з ваўчанят-пераяркаў, якія нарадзіліся ў мінулым годзе.

Пад восень пераяркі, якія жылі і палявалі ў летні час паасобку, далучаюцца да сям'і сваіх бацькоў.

Гэта і ёсць зграя.

Кожная ваўчыная сям’я мае свой уласны паляўнічы ўчастак, радыусам у пятнаццаць і больш кіламетраў ад логава. У межы гэтага ўчастка яны не дапускаюць чужых ваўкоў.

Воўк становіцца дарослым на трэцім годзе свайго жыцця. Ён абзаводзіцца ў гэты час сваёй сям’ёй і сваім участкам для палявання.

Самец і самка жывуць разам на працягу ўсяго жыцця. Калі самка гіне, самец бярэ сабе новую з пераяркаў. У сям’і-зграі бывае часам да чатырнаццаці ваўкоў — бацька, матка, шэсць ваўчанят сёлетніх і шэсць леташніх. Але найчасцей сустракаюцца зграі з шасці-васьмі галоў.

На тэрыторыі запаведніка воўк бязлітасна знішчаецца, як і ўсюды. Яго можна забіваць у любы час года. Адстрэл ваўка з’яўляецца службовым абавязкам егераў, і яны гэта робяць пры кожным зручным выпадку.

Мы паехалі з Леанідам Васільевічам агледзець садок для ваўка, пастаўлены ў лесе каля вёскі Слабада, на паўночнай ускраіне запаведніка.

Мінуўшы знаёмае нам сяло Домжарыцы, мы едзем сасняком па дарозе, якая перасякае тракт Бягомль—Лепель.

Каля вёскі Ствольная ўзвышаецца сярод поля даволі вялікая група старадаўніх курганоў. У гэтай мясцовасці хлапчукі часта знаходзяць чалавечыя косці, стрэлы, нажы і сякеры з каменя.

Праехалі вёскі Слабаду і Федаркі. У дзесяці кіламетрах ад Федаркоў знаходзяцца Пуцілкавічы, радзіма паэта Петруся Броўкі.

За вёскай Бедзін пачынаецца ўзвышаная мясцовасць. Вакол маляўнічыя ўзгоркі.

Вёска Асецішча размясцілася на беразе возера з той жа назвай. На супрацьлеглым беразе цямнее на даляглядзе лес. Там ужо тэрыторыя Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. З гэтага боку ляжыць паміж вёскай і возерам шырокі балоцісты луг. Адсюль дваццаць два кіламетры да Лепеля.

Леанід Васільевіч пайшоў у Асецішча. У яго там нейкая справа да лесніка Агапонькі.

Я чакаю яго на беразе.

З высокай травы ўзлятаюць качкі.

Над вёскай плыве ў небе ястраб.

Адсюль мы едзем у вёску Слабаду. Садок для ваўка ўстаноўлены ў сасновым лесе, за паўтара кіламетра ад вёскі.

Леанід Васільевіч хоча праверыць, ці правільна зроблены садок.

Мы ідзём у лес.

Паветра напоена водарам жывіцы.

Злёгку шумяць вяршаліны высокіх хвой.

Садок мы ўбачылі яшчэ здалёку. Гэта — два кругі з высокіх завостраных і шчыльна пастаўленых адзін да аднаго калоў. Адзін круг, меншы па памерах, знаходзіцца ў другім, большым крузе. З аднаго круга ў другі трапіць немагчыма.

Уваход у знешні круг зроблены так, каб звер мог у яго ўвайсці, але выйсці не мог. Увайшоўшы ў калідор знешняга круга, ён будзе бясконца хадзіць па крузе і не знойдзе ніколі выхада, бо дзверы зроблены так, што кожны раз самі зачыняюцца, калі воўк падыходзіць да гэтага месца. Ён сам іх закрывае сваім тулавам, а назад павярнуцца не можа.

Нанач, каб прывабіць ваўка, садзяць ва ўнутраны круг казляня ці сабаку. Дабрацца да гэтай прынады воўк усё роўна не зможа.

Леанід Васільевіч аглядае садок і гаворыць, што ён зроблены правільна.

— Ці апраўдваюць сябе такія садкі? — пытаюся я.

— Мы пачынаем карыстацца імі ўпершыню, — адказвае Леанід Васільевіч. — Гэты садок — першы. Есць і больш эфектыўныя сродкі, але супраць ваўка трэба змагацца ўсімі спосабамі.

Адным з найбольш дзейсных сродкаў барацьбы з ваўкамі, асабліва ў мясцовасцях з узгоркамі і пералескамі, Леанід Васільевіч лічыць масавыя аблавы. Такія аблавы егеры запаведніка праводзяць у зімовы час пры дапамозе насельніцтва.

Зімой галодныя ваўкі за адну ноч праходзяць у пошуках здабычы некалькі дзесяткаў кіламетраў, але на днёўку вяртаюцца часта ў аблюбаваны імі пералесак.

Для таго каб паспяхова падрыхтаваць аблаву, трэба перш за ўсё даведацца, дзе адпачываюць ваўкі пасля сваёй начной вандроўкі. Гэта можна дакладна ўстанавіць па слядах.

— Уявіце сабе марозны зімовы дзень, — гаворыць Леанід Васільевіч. — Паляўнічыя спыніліся ў бліжэйшым населеным пункце. Адзін з егераў ідзе на лыжах па воўчым следзе. На снезе выразна відаць адбіткі магутнай лапы ваўка. Па свайму рысунку яны падобны на след сабакі, толькі значна шырэйшыя, а наперадзе больш завостраныя, бо кіпцюры ў ваўка даўжэйшыя. Сляды цягнуцца ланцужком, таму што ваўкі ідуць па снезе адзін за адным, нага ў нагу, след у след.

Гэты ланцужок вядзе ў пералесак. Цяпер трэба праверыць, ці няма следу з пералеску. Егер на лыжах асцярожна робіць вакол пералеску круг. След з пералеску не выходзіць. Значыць, звяры знаходзяцца тут. Яны днююць у кустах. Егер адразу паведамляе пра гэта астатнім.

Паляўнічыя абцягваюць участак, дзе знаходзяцца ваўкі, вяроўкай з чырвонымі флажкамі па крузе. Толькі ў адным месцы пакідаецца выхад, «вароты», з акружанай прасторы.

Каля выхада становяцца стральцы. Яны становяцца так, каб вецер дзьмуў на іх, бо інакш ваўкі пачуюць небяспеку, не выйдуць з пералеску і будуць хавацца ў гушчары.

Кожны паляўнічы ведае сваё месца. Яны хаваюцца ў белых халатах за кустамі, за дрэвамі. Стрэльбы ў іх напагатове, бо воўк можа з’явіцца кожную хвіліну. Цяпер трэба стаяць ціха, не курыць, не кашляць, не варушыцца.

Загоншчыкі ідуць тым часам на супрацьлеглы край пералеску і ўваходзяць з таго боку на ўчастак, абцягнуты вяроўкай і флажкамі. Яны пачынаюць шумець, крычаць, стукаць палкамі па дрэвах, голасна пераклікаюцца.

Устрывожаныя і занепакоеныя шумам і крыкамі загоншчыкаў, ваўкі кідаюцца наўцёкі. Але ўсюды яны натыкаюцца на вяроўку з яркімі чырвонымі флажкамі. Перайсці гэтую лінію асцярожныя ваўкі баяцца. Хутка яны знаходзяць адзіны выхад з акружанай плошчы. Тут няма ні вяроўкі, ні страшных флажкоў. Усюды шум і крыкі, а тут ціха і спакойна.

Адзін за адным, крадучыся, выскакваюць ваўкі праз адкрытыя «вароты» і падаюць на снег пад трапнымі стрэламі паляўнічых.

— Такая аблава, старанна падрыхтаваная і правільна праведзеная, заўсёды дае станоўчыя вынікі, — заканчвае свой расказ Леанід Васільевіч.

 

Развітанне

Нядаўна зніклі раптам стрыжы, якія дагэтуль вострымі лініямі рассякалі паветра і цэлы дзень з вясёлым і рэзкім шчэбетам нястомна насіліся каля страхі канторы і над каналам.

Стрыжы прылятаюць сюды вясной толькі ў другой палове мая, пазней за ўсіх іншых птушак, пазней нават за ластавак, а восенню адлятаюць першыя. Праз дзень-другі зніклі і ластаўкі. За імі паляцяць і ўсе іншыя птушкі, якія кормяцца насякомымі. Але пліскі пакуль яшчэ тут.

Стрыжы адлятаюць першыя таму, што кормяцца толькі тымі насякомымі, якіх яны могуць схапіць сваім шырокім ротам у паветры, у час палёту. Стрыжы нібы створаны для таго, каб жыць у паветры. Яны не лятаюць толькі, калі спяць. Хадзіць па зямлі яны не могуць, затое добра лазяць па каменных сценах.

Я выйшаў неяк раніцай з пакоя, і адразу кінулася мне ў вочы адсутнасць гэтых птушак.

Перад тым як пайсці ў лес, я вырашыў наведаць музей, паглядзець на новыя экспанаты. За апошні час калекцыя музея значна папоўнілася.

Прэпаратар, ён жа і загадчык музея, Антон Цярэнцьевіч, маўклівы энтузіяст сваёй справы, працуе, як і заўсёды, у майстэрні. Ён зняў шкуру з забітай чаплі, потым зрабіў з дроту каркас, абкруціў яго ватай і цяпер нацягвае на каркас шкурку.

У новым, пабудаваным нядаўна доміку музея размешчаны зробленыя ім раней чучалы бабра, выдры, зайца, лісы, вавёркі, дзікіх парасят, ваўчанят, глушца, канюка, падорліка і іншых звяроў і птушак, характэрных для гэтай мясцовасці.

Сярод іх стаіць з раскінутымі крыламі стары наш знаёмы арлан-белахвост, застрэлены егерам Аляшкевічам у мінулым годзе.

Мінут праз дваццаць, калі я выйшаў з музея, мне давялося пабачыць, нібы знарок, і жывога арлана. Ён сядзеў на старой бярозе, недалёка ад Крайцаў, у спакойнай, велічнай позе і быў вельмі падобны да свайго родзіча ў музеі.

Галава магутнага птаха была горда прыўзнята. Арлан глядзеў, не адрываючыся, насустрач сонцу. Ён нібы ўпіваўся ясным, чыстым, бліскучым паветрам.

Я падышоў бліжэй і гэтым парушыў яго велічны спакой. Арлан расправіў спачатку адно крыло, потым другое і цяжка, быццам неахвотна, узняўся з дрэва. Рэдка ўзмахваючы магутнымі крыламі, ён паляцеў да ракі, набіраючы паступова вышыню. Чым вышэй ён узнімаўся, тым усё шырэйшымі рабіліся кругі, якія ён вырысоўваў у паветры. Якім прыгожым быў яго палёт, поўны сілы і невыказнай велічы! Ён не рабіў ніводнага лішняга руху. Узняўшыся на патрэбную вышыню, арлан перастаў узмахваць крыламі. Ён плыў высока над зямлёй, у сінім, бяздонным небе, планіруючы ў паветры, як сапраўдны майстар вышэйшага пілатажу.

Праводзіўшы арлана позіркам, я пайшоў на паўночны захад, ва ўрочышча Хімлівае.

У восеньскім лесе спакойна.

Бясконца паўтарае сваю кароткую песеньку сініца. Чуецца часам рэзкі крык сойкі. У свежым паветры даносіцца нават сюды галасісты спеў пеўня ў пасёлку.

Птушкі рыхтуюцца ў вырай. Усюды адбываюцца іх развітальныя зборышчы. Чародкамі перапырхваюць з дрэва на дрэва, з куста на куст берасцянкі, бадзёрыя, ажыўленыя. Па галінках скачуць чубатыя сініцы-грэнадзёркі. Вось праляцела з шумам па-над зямлёй чародка драздоў. Франтаватыя сойкі ў блакітна-сінім убранні сварацца і спрачаюцца між сабой заўзята, з запалам і, як заўсёды, без пэўнай, сур’ёзнай прычыны.

Пералятаючы з лесу ў лес, з лугавінкі на лугавінку, затрымліваючыся на кароткі час то ў адной, то ў другой мясцовасці, шматлікія чародкі берасцянак і драздоў пасоўваюцца паступова, але няўхільна ў адным напрамку — на поўдзень. Тыя, якіх я тут бачу сёння, можа, зусім і не мясцовыя жыхары. Птушкі, якія ўлетку гнездавалі ў гэтых лясах, падаліся, напэўна, ужо значна далей, а гэтыя прыбылі сюды ім на змену аднекуль з больш паўночных мясцін. Яны трымаюцца тут часова, як госці. Гэта адзін з прыпынкаў у іх далёкім штогадовым падарожжы.

Сасновы бор пераходзіць у змешаны, з бярозавым падлескам. Такія мясціны любяць рабчыкі. І, сапраўды, яны тут часта бываюць. Толькі ўбачыць іх нялёгка. Для рабчыкаў абавязкова патрэбны ельнік. Сярод ялін яны хаваюцца і ад ястраба, і ад куніцы — сваіх лютых ворагаў. Рабчыкі — вялікія майстры маскіроўкі, і гэта іх выратоўвае. Праўда, ім вельмі дапамагае хавацца ад варожага вока ахоўная афарбоўка.

Глушцоў тут цяпер няма. Яны кормяцца ў гэты час амаль выключна асінавым лісцем. Пад канец восені глушцы пяройдуць да больш грубых кармоў, а зімой будуць карміцца аднымі шыпулькамі.

На пясчанай сцежцы, якая вядзе ў вёску Пераходцы, свежыя сляды ваўка. Па іх прабегла і знікла ў сухой траве маленькая, спрытная яшчарка.

На галінках маладых сосен сядзяць вялікія сініцы, сініцы-маскоўкі і даўгахвостыя сініцы-апалонаўкі, ці, як іх тут яшчэ называюць, апалоўнікі.

Калі я падыходжу бліжэй да гэтай зборнай кампаніі, вялікія сініцы і сініцы-маскоўкі адразу знікаюць, а даўгахвостыя застаюцца. Гэта — вельмі цікаўныя птушкі. Хіба могуць яны адляцець, не разгледзеўшы як след незнаёмага чалавека?

Адна з апалонавак пераляцела на нізкую асіну мне насустрач. Забаўная птушка! Яна ўважліва аглядае мяне і круціцца на галінцы, пазіраючы сваімі чорнымі, бліскучымі вочкамі-пацеркамі на круглай белай, нібы пуховы шар, галоўцы.

Стараючыся прыцягнуць маю ўвагу, апалонаўка паказвае ўсялякія акрабатычныя фокусы на галінцы. Яна прымае самыя дзівосныя і недарэчныя позы. То яна, як папугай, куляецца ўніз галавой, узняўшы дагары свой доўгі, прамы і вузкі хвост, то, трымаючы яго гарызантальна, скача з мітуслівай паспешнасцю на верхні сучок, каб адразу зноў саскочыць адтуль, уніз і пагойдацца на самай ніжняй, тонкай галінцы, нібы на спружыне. Нарэшце, досыць накуляўшыся і накруціўшыся, апалонаўка піснула і паляцела прэч.

Пакуль рухавая птушка, такая непадобная да іншых сваіх родзічаў-сініц, кулялася і рабіла цыркавыя фокусы, я добра яе разгледзеў. Галава і большая частка тулава ў апалонаўкі белага колеру, толькі бакі і доўгае пер’е хваста — ружова-жоўтыя. Крылы ў яе чорныя, са светлымі палоскамі.

Над верасам гудуць познія пчолы. Ногі мае нячутна ступаюць па сухому, беламу моху. Сонца прасвечвае між ствалоў сосен. Ад гэтага яны здаюцца цёплымі. Вакол узгоркі, пакрытыя белым мохам і ліловым верасам і зялёным сасняком. Усюды суха, светла і радасна.

Сцежка звіваецца, бяжыць з узгорка на ўзгорак, і перад вачыма адкрываюцца ўсё новыя прыгожыя пейзажы. Зямля нібы выслана мяккім, пушыстым, шматкаляровым дываном.

Якое тут цудоўнае спалучэнне фарбаў! Колькі разнастайных адценняў у гэтым ружова-ліловым верасе, белым моху, жоўтай папараці, зялёнай, меднастволай сасне і сінім высокім небе!

Празрыстае паветра пахне духмяным восеньскім водарам, сухім настоем верасу, блёклай травы, жоўтых лісцяў, чабару і хвоі.

З неба даносяцца трубныя гукі. Я ўзнімаю галаву. Над Крайцамі ляцяць, курлыкаючы, жоравы. Яны кружаць над пасёлкам і трубяць, нібы развітваючыся з роднымі мясцінамі перад доўгім і небяспечным падарожжам. Потым кладуцца на курс і няроўным клінам знікаюць на даляглядзе. Бывайце, слаўныя трубачы! У добры пуць, падарожнікі! Да новай, шчаслівай сустрэчы!

Стрыжы і жоравы напомнілі мне аб тым, што тэрмін маёй паездкі скончыўся, што трэба і мне збірацца дадому.

У думках я развітваюся з блізкімі сэрцу мясцінамі. Я адчуваю, колькі радаснай сілы, бадзёрасці і ўпэўненасці далі мне вандроўкі па гэтых лясістых узгорках, балотах і рэчках, назіранні за дзікімі звярамі і птушкамі. Яны ўзбагацілі мяне новымі ведамі роднай прыроды, новымі ўражаннямі.

Шкада расставацца з прывольным лясным жыццём, з чыстым і свежым паветрам, але мяне чакае мая штодзённая праца, прывычныя заняткі, любімыя кнігі.

Наперадзе жыццё ў вялікім горадзе, і мне ўжо не церпіцца вярнуцца ў Мінск і ўзяцца хутчэй за работу.

Бывайце, звяры і птушкі! Бывайце, бабровыя хаткі! Бывайце, лясы над Бярозай!

У наступным годзе я пастараюся ўбачыцца з вамі зноў!

 

Па запаведных мясцінах

 

Дзень добры, Бяроза!

Машына спынілася на мосце.

Я падышоў да парэнчаў.

Не цярпелася павітацца з Бярэзінай, зірнуць на яе вярхоўі хоць мімаходам.

Шматлікія старыцы, цёмныя плёсы з жоўтымі гарлачыкамі і светлыя водмелі.

Лазняк і чарот.

Пратокі і затокі, сярод якіх губляецца асноўная плынь.

Павольна цячэ славутая рака ў сваіх зялёных, нізкіх і звілістых, няпэўных і балоцістых берагах, а далей — суцэльнай сцяной сінеюць з усіх бакоў непраходныя запаведныя лясы.

Сёння дваццатае ліпеня.

Самая сярэдзіна лета, але надвор’е зусім не летняе. Раніца халодная, дажджлівая. Дзьме вільготны паўночна-заходні вецер, і вада ў рацэ — цёмная, неспакойная. І лес шуміць па-восеньску нездаволена. Але нават і ў такое надвор’е гляджу на знаёмыя мясціны з радасным хваляваннем.

Дзень добры, Бяроза!

Дзень добры, лясы над Бярозай!

Трыццаць гадоў прайшло з таго часу, як плыў я на прасмаленай лодцы па гэтых ціхіх водах! І як хутка праляцелі тыя гады, як прамінулі яны непрыкметна!

Часта ўспамінаў я ўсё, што тут бачыў, чаму быў сведкам і ўдзельнікам. Часта думаў пра заолага Леаніда Колбіна, пра егера Юрыя Аляшкевіча. З імі я амаль кожны дзень сустракаўся ў час маіх першых наведванняў Бярэзінскага запаведніка. З Колбіным і Аляшкевічам даводзілася мне блукаць па непраходных чашчобах, наглядаць за жыццём дзікіх звяроў і птушак, плаваць на лодцы па Бярэзіне, па Сергучоўскім канале і па Бузянцы, па сініх хвалях Домжарыцкага возера.

Цудоўныя, незабыўныя дні!

Было гэта, здаецца, зусім нядаўна. Вярнуўшыся ў 1948 годзе з паездкі ў Бярэзінскі запаведнік, я выказаў пажаданне ўбачыцца з лясамі над Бярозай і ў наступным годзе, але надзея гэтая ў той час не спраўдзілася. Сустрэцца з імі зноў давялося мне толькі цяпер, праз... трыццаць гадоў!

З такімі думкамі, з такім настроем набліжаўся я да мэты свайго падарожжа. Хацелася пабачыць хутчэй старых знаёмых, даведацца пра тыя змены, якія адбыліся за гэты час у прыродзе лясоў, у жывёльным свеце, у жыцці людзей запаведніка, пазнаёміцца з новымі маладымі працаўнікамі.

Мушу сказаць, што ў апошні час усё часцей і ўсё мацней агортвае мяне сум па звярах і птушках, па велічных рэках і паэтычных азёрах, па цудоўных краявідах, некранутых яшчэ чалавекам, па ўсёй непераўтворанай прыродзе ў цэлым. І пакуль хопіць у мяне жыццёвай сілы, буду я хадзіць і ездзіць па запаведных мясцінах.

Праўда, з некаторага часу ажыццяўленне такіх намераў пачало рабіцца для мяне кожны раз справай усё больш складанай і нялёгкай. Нават у параўнальна кароткае і недалёкае падарожжа збіраюся цяпер доўга і марудна. Усяму свой час, і трэба лічыцца з тымі магчымасцямі, якія даюць табе і ўзрост, і стан здароўя. На жаль, яны безупынна змяняюцца і прытым зусім не ў лепшы бок.

Даўно вырашыў я наведаць зноў лясы над Бярэзінай, але ўсё не ўдавалася. Жыццё часта высоўвае безліч перашкод на шляху да ажыццяўлення самых лепшых намераў. То праца над чарговай тэмай, якую нельга адкласці, то розныя іншыя непрадбачаныя справы і абставіны. І задуманае падарожжа адкладвалася з году ў год.

Неяк увосені атрымаў я паштоўку ад Леаніда Васільевіча, які ў той час быў дырэктарам музея ў запаведніку. «Учора прывезлі да нас пяць зуброў, — пісаў ён лаканічна. — Запаведнік ужо не такі, якім быў. Лічу, што вам будзе цікава пабываць у нас».

Праз некаторы час прыйшла ад яго яшчэ адна паштоўка: «Дарагі і любімы пісьменнік!.. Вялікі дзякуй за напісанае Вамі пра наш запаведнік! Вельмі хочацца паказаць усё, створанае нанова, расказаць пра перспектывы на будучае. Прыязджайце — будзем рады!»

Напамінак гэты з’явіўся для мяне дадатковым і на гэты раз рашаючым стымулам. Жаданне кінуць усё і ехаць, ехаць неадкладна, цалкам авалодала мною, зрабілася нястрымным. І вось нарэшце халоднай ліпеньскай раніцай 1978 года еду я па Лагойскім тракце на паўночны ўсход ад Мінска.

Пасля моста цераз пойму Бярэзіны ехаць засталося зусім нядоўга.

На сто дваццаць другім кіламетры з’явілася з правага боку невялікая застава. Побач з ёю кінуўся ў вочы выразаны з фанеры чорны сілуэт глушца, прымацаваны да высокай сасны. Глушэц нібы такуе на сасновым суку, а крыху ніжэй прыбіты да ствала дзве белыя дошкі-планкі з надпісам буйнымі літарамі:

БЯРЭЗІНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЗАПАВЕДНІК

Дзяжурны ў форме лясной аховы, з дзвюма скрыжаванымі залацістымі дубовымі галінкамі на зялёнай шапцы, зрабіў знак, каб машына спынілася.

Падышоў да нас і спытаў:

— Куды едзеце? Адкуль? Па якой справе?

Я адказаў коратка, у той жа паслядоўнасці:

— Да дырэктара, з Мінска. Па камандзіроўцы.

Дзяжурны моўчкі махнуў рукой, дазваляючы ехаць. І мы паехалі далей па асфальтаванай дарозе, пракладзенай нядаўна ад Лагойскага тракту направа, на Домжарыцы і Крайцы.

 

Горад, а не сядзіба

Абапал дарогі — вільготны альховы лес. Густыя зараснікі ляшчыны. Дзе-нідзе бярозы і елкі, але ўсюды пераважае вольха.

Паварот налева, і перад намі ўзнікла сярод лесу цэнтральная сядзіба запаведніка. Машына спынілася перад трохпавярховым домам у дзесяць гадзін раніцы, і я адразу пайшоў у дырэкцыю. Аформіў прыезд і адначасова атрымаў паперку на пакой у гасцініцы, дзе жывуць тыя, хто прыязджаюць па справах у запаведнік. Уладкаваўся з прыстанішчам і пайшоў знаёміцца з рэзідэнцыяй, ці, як тут кажуць, з цэнтральнай сядзібай.

Адміністрацыйны і навуковы цэнтр запаведніка ўзнік на голым месцы, дзе расло толькі пустазелле, на закінутай, неўрадлівай зямлі, непрыгоднай для сельскай гаспадаркі. Фактычна гэта і не сядзіба ў нашым звычайным уяўленні. Не сядзіба, а цэлы горад, які ў апошнія гады вырас на пустэчы.

Вакол прасторнай плошчы, забрукаванай вялізнымі гладкімі плітамі, высяцца мураваныя двух- і трохпавярховыя дамы. У адным з іх размясціліся дырэкцыя, бухгалтэрыя, службовыя пакоі навуковых супрацоўнікаў, бібліятэка, музей і лабараторыі. Насупраць — чатырохпавярховы будынак гасцініцы. Далей — жылыя шматпавярховыя дамы і аднапавярховыя, прыгожыя з выгляду катэджы. Усё тут будуецца мэтазгодна, у адпаведнасці з апошнімі дасягненнямі сучаснай архітэктуры. У абліцоўцы — глазураваныя пліткі, кераміка, шкло, метал, камень.

Усюды прасторна.

Дамы пабудаваны на значнай адлегласці адзін ад аднаго. Шмат паветра, шмат зеляніны — маладыя дрэвы, кусты, кветкі. Распланаваны бульвары і скверы з толькі што пасаджанымі ліпкамі, бярозкамі, клёнамі, рабінамі. Зелянеюць свежыя газоны. Упарадкоўваюцца клумбы.

На плошчы — фантан з басейнам, а вакол усёй тэрыторыі — сцяна запаведных лясоў. Яшчэ не ўсе праезды заасфальтаваны, не ўсе тратуары пакрыты плітамі. Пасадка дрэў і кустоў не ўсюды закончана, але знешні выгляд гарадка вырысоўваецца зусім выразна і перспектыва планіроўкі ясная.

На адным з новых двухпавярховых будынкаў вісіць шыльда з залатымі літарамі:

 

ДОМЖАРЫЦКАЕ ШКОЛЬНАЕ ЛЯСНІЦТВА ІМЯ ПРАФ. А. В. ФЯДЗЮШЫНА

Лясніцтва названа ў памяць аб прафесары Беларускага дзяржаўнага універсітэта, вядомым заолагу, па ініцыятыве і намаганнямі якога быў створаны ў 1925 годзе Бярэзінскі запаведнік.

На першым паверсе будынка знаходзіцца бібліятэка для дзяцей. Ля дзвярэй з супрацьлеглага боку яшчэ адна шыльда:

ДОМЖАРЫЦКІ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ СЕЛЬСКАГА САВЕТА НАРОДНЫХ ДЭПУТАТАЎ ЛЕПЕЛЬСКАГА РАЁНА ВІЦЕБСКАЙ ВОБЛАСЦІ

 

Вялікая розніца

Было ўжо больш за 17 гадзін, калі я вярнуўся на плошчу і затрымаўся каля фантана, разглядаючы маладыя, толькі што пасаджаныя дрэўцы.

— Лета нейкае кручанае, — сказаў, зірнуўшы на пахмурнелае неба, адзін з рабочых, якія працавалі над упарадкаваннем участка. — Хіба гэта ліпень?

— I ў мінулым годзе было тое самае, — падтрымаў другі. — Холад, дажджы. Зноў яблыкі пагніюць, не даспеўшы.

— Не толькі яблыкі, — нездаволена ўдакладніў першы.

Да нас наблізіўся высокі светлавалосы чалавек, батанік Рамановіч, намеснік дырэктара па навуковай частцы. Ён ішоў з працы дахаты, у прыгожы катэдж з невялікім садам, што знаходзіўся непадалёку. Убачыўшы мяне, Вадзім Васільевіч спыніўся.

— Мы будаўнікам, як бачыце, наступаем літаральна на пяткі, — сказаў ён. — Будаўнікі не ўсё закончылі, а мы ўжо ідзём па іх слядах. Ачышчаем участкі ад смецця. Угнойваем, дзе можна, зямлю. Засейваем травою, садзім дрэвы. Зірніце сюды! — Батанік паказаў на вялікую незабудаваную прастору налева ад будынка дырэкцыі, распланаваную і падзеленую на асобныя сектары. — Тут, на участку ў чатыры гектары, мы разбіваем парк. Гэта будзе ў натуры жывы музей беларускага расліннага свету. У ім будуць прадстаўлены ўсе расліны, характэрныя для Беларусі.

Непрыкметна надышоў вечар, ціхі і ясны. З'явілася сонца, такое рэдкае ў апошнія дні, і адразу пачало хіліцца да захаду.

Развітаўшыся з рабочымі і намеснікам дырэктара, я вярнуўся ў гасцініцу.

Не без задавальнення агледзеў свой нумар на трэцім паверсе, два добра абсталяваныя пакоі з усімі сучаснымі зручнасцямі.

Усё як мае быць. Жыць можна!

І мне ўспомнілася, як начаваў я калісьці ў канторы дырэкцыі, пасцяліўшы на драўлянай канапе пару старых газет і падклаўшы пад галаву дарожны мяшок.

Падышоў да вялікага і шырокага акна — ледзь не на ўсю сцяну. Перад акном густы бярозавы гай.

А што з другога, супрацьлеглага боку?

Тут вокны гасцініцы глядзяць на плошчу, і пейзаж перад імі чыста гарадскі.

Гляджу на ўсё гэта і думаю, якая вялікая розніца ў параўнанні з тым, што давялося мне бачыць у 1947—48 гадах у пасёлку Крайцы, дзе знаходзілася ў той час дырэкцыя запаведніка. Там было толькі некалькі драўляных хатак вясковага тыпу. Некаторыя з іх выкарыстоўваліся як службовыя памяшканні, у астатніх жылі супрацоўнікі. Такі быў увесь тагачасны адміністратыўны і навуковы цэнтр запаведніка. Такая была ўся яго гаспадарка!

На дзіва вялікія змены адбыліся за гэты час у цэнтральнай сядзібе запаведніка!

 

Сустрэча з ветэранам

На другі дзень іду зноў у дырэкцыю.

Надвор’е, як і ўчора, пахмурнае, халоднае і дажджлівае. Сонца паказваецца зрэдку і ненадоўга. Заходні вецер гоніць па шэрым небе цёмныя хмары.

У зале пасяджэнняў адбываецца абласная нарада дырэктараў музеяў.

Неўзабаве абвясцілі перапынак.

Дэлегаты выйшлі ў калідор.

І тут я нечакана сустрэўся з Колбіным. Пазнаў яго адразу, хоць і змяніўся Леанід Васільевіч за гэты час даволі значна. Худзенькі, сухі, ён і ростам зрабіўся нібыта крыху меншы, але па-ранейшаму спрытны і паваротлівы, а на загарэлым твары свецяцца жывыя, ясныя вочы васільковага колеру.

Ветэран запаведніка ўсё такі ж падцягнуты і акуратны, рухі яго лёгкія, зусім па-маладому. Ён на пенсіі, яму цяпер шэсцьдзесят дзевяты год, але Колбін актыўна ўдзельнічае ў працы запаведніка, дзеліцца з маладымі егерамі, леснікамі і навуковымі супрацоўнікамі сваімі ведамі і вялікім вопытам. Кожны дзень стары біёлаг дае тлумачэнні экскурсантам, чытае лекцыі, часта замяшчае дырэктара музея. Разам з жонкаю, якая загадвае бібліятэкай, жыве ён недалёка ад музея ў адным з двухпавярховых дамоў для супрацоўнікаў.

— На здароўе паскардзіцца не магу, — гаворыць Леанід Васільевіч. — Толькі вось вушы ў мяне пачалі псавацца. Слых не той, што калісьці. Чую горш, — дадае ён, трохі сумеўшыся, нібы адчуваючы сябе ў нечым вінаватым. — Летась ездзіў у Маскву да спецыялістаў. Крыху падлячылі. Памагло, але ж не вельмі.

— А як Аляшкевіч? — пытаюся я.

— Жывы, здаровы. Робіць яшчэ сёе-тое і па кавальскай справе і па слясарнай, але егерам больш не працуе. Выйшаў на пенсію.

— А Хацкевіч?

— І ён на пенсіі.

Мы дамовіліся сустракацца часта.

 

Бабкі шукаюць звера

Вялікая, прасторная і светлая зала музея дэкаратыўна аформлена белымі стваламі бярозак. Тут даволі шырока паказаны жывёльны і птушыны свет запаведніка.

Кожны дзень наведваюць музей шматлікія госці. Бываюць тут і турысты, і ўдзельнікі культпаходаў, і школьнікі з настаўнікамі, і проста асобныя наведвальнікі.

Сёння раніцай прыйшлі ў музей дзве старыя жанчыны.

— Ці не скажаце вы нам, дзядзечка, у каго тут можна спытацца пра звера? — звярнулася адна з іх да Колбіна.

— Так, так, — пацвердзіла другая. — Казалі нам, што тут у вас усё пра звяроў вядома.

— Якім жа зверам вы цікавіцеся?

— А мы і самі не ведаем. Кажы лепей ты, Марыя.

Перабіваючы адна адну, бабулькі расказалі, што бачылі на лузе каля рэчкі, зусім непадалёк ад хаты, нейкага незнаёмага звера і прыйшлі цяпер у музей, каб даведацца ў вучоных людзей, як гэты звер называецца, дзе ён жыве, чым корміцца і ці трэба яго баяцца.

— Як ваш звер выглядае? — спытаўся Колбін.

— Ды як вам сказаць, — пачала ўспамінаць Марыя. — Быў ён нейкі тлусты ды пушысты, не малы, але ж і не надта вялікі. Ростам быццам з лісіцу.

— А рухаўся паволі, нясмела. Мабыць, лянівы, — дадала Алена.

Колбін павёў жанчын да экспанатаў. Паказаў чучалы бабра і выдры, лісы, куніцы і тхара ў вітрынах, у натуральнай абстаноўцы.

Жанчыны разглядалі іх з цікавасцю, але кожны раз адмоўна ківалі галовамі.

— Не, не!.. Зусім не той!..

Калі ж падышлі да норак, то бабулі на іх нават і глянуць не захацелі.

— Ведаем мы гэтых! — зняважліва сказала Марыя. — Нацярпеліся ад іх нямала!

— Такая была тады навала, не дай бог! — дадала Алена.

І рушылі хутчэй да наступнай вітрыны.

Што яны хацелі гэтым сказаць, якая гэта была «навала» і якое дачыненне мелі да яе норкі, я ў той момант не зразумеў, бо не звярнуў увагі на словы жанчыны, сказаныя мімаходам. Мы былі тады заняты пошукамі невядомага звера. Даведаўся я пра значэнне гэтых слоў толькі пазней.

Між тым жанчыны спыніліся яшчэ перад адным экспанатам.

— Вось ён! — ускрыкнула раптам Марыя і схапіла другую за руку. — Глядзі! Якраз такі самы! Гэта ж яго мы бачылі ў той дзень на лузе каля рэчкі. Як жа ён называецца?

— Янотападобны сабака, — адказаў заолаг. — Часам яго называюць яшчэ і японскай лісіцай, і ўсурыйскім янотам, але найбольш правільная назва — усурыйскі янотападобны сабака.

Цікаўныя бабкі былі задаволены. І мы з Колбіным таксама.

Шмат разоў дзякавалі жанчыны Леаніду Васільевічу за тое, што ён не пашкадаваў для іх часу, знайшоў незнаёмага звера, растлумачыў, адкуль ён узяўся і як жыве. Заадно падзякавалі і мне, бо я актыўна ўдзельнічаў у размове і пошуках. Потым старыя папрасілі дазволу паглядзець і ўсе астатнія экспанаты, а Леанід Васільевіч не толькі паказаў ім усё, што выстаўлена ў зале, але і падрабязна расказаў пра кожнага звера, пра кожную птушку.

Марыя і Алена не прапускалі ніводнага слова і толькі вохкалі ад здзіўлення, выяўляючы сваю вялікую зацікаўленасць, сваё шчырае і непасрэднае захапленне ўбачаным і пачутым.

 

Сустрэча з норкай

Праз некалькі дзён пасля гэтага пайшоў я раніцою ў пералесак недалёка ад сядзібы запаведніка.

Неўзабаве ўзвышаная мясцовасць прыкметна знізілася, і я трапіў у густы і вільготны альховы лес. Замест рэдкіх ялін і бярозак усюды цямнелі ствалы старых шматгадовых алешын.

Прайшоў яшчэ трохі і апынуўся каля зараснікаў лазы, якімі пачыналася балотца. З яго выцякаў невялікі і не вельмі шырокі, але даволі глыбокі ручай.

Прысеўшы на нізкі бярозавы пянёк, я задумаўся.

У паветры адчувалася прахалода. Панавала цішыня.

Раптам я адчуў шолах у трысці. Нешта мільганула сярод балотнага зелля, і я заўважыў, як адтуль выскачыў нейкі спрытны звярок і спыніўся каля старой пакрыўленай вярбы, што ляжала перада мною на зялёнай вільготнай траве.

Зазіхацела мокрае карычневае футра на гнуткім зграбным целе ў святле ранішняга сонца, што прабілася праз шэрыя хмары. У зубах звярок трымаў мёртвую вадзяную палёўку, якую людзі часта называюць вадзяным пацуком, не маючы на гэта ніякіх сур’ёзных падстаў. Рухі звярка былі вельмі хуткія, лёгкія і пластычныя. Вочы мае ледзь паспявалі сачыць за ім.

Звярок паклаў сваю здабычу на траву, агледзеўся і прыслухаўся. Нешта яго, мабыць, не задаволіла. Ён схапіў палёўку, перанёс яе крыху далей і паклаў паміж каранёў вольхі. Зноў нервова агледзеўся, насцярожана паварочваючы галаву ва ўсе бакі, і раптам з нейкай прагнай, злоснай паспешлівасцю накінуўся на здабычу і пачаў есці.

Заняты сваёй справай, ён не заўважаў маёй прысутнасці, а я па-ранейшаму сядзеў нерухома на сваім пяньку, замаскіраваны лазняком і назіраў за рухавым, непаседлівым звярком.

Гэта, бясспрэчна, была норка, але я адразу ўбачыў, што яна крыху большая за нашу звычайную норку. І мордачка ў яе зверху цёмная, а знізу — белая. Па гэтых прыкметах я зразумеў, што норка не еўрапейская, якая адвеку вялася і вядзецца на Беларусі, а завезеная ў запаведнік — амерыканская. У нашай норкі і верхняя і ніжняя часткі пысы — аднолькава белыя.

Нешта зноў занепакоіла звярка, і ён з маланкавай хуткасцю знік паміж каранёў вольхі, захапіўшы з сабою рэшткі здабычы. Дзе ён падзеўся, я разгледзець не паспеў, настолькі гэта было імгненна і нечакана.

Я ўжо збіраўся ўстаць і пайсці, але праз некалькі хвілін норка з’явілася зноў каля вольхі гэтак жа раптоўна, як і знікла перад тым. У наступнае імгненне яна апынулася каля ручая, слізганула ў ваду і паплыла.

Цяпер я ўбачыў, як плавае норка. Не так, як андатра ці выдра. Андатра плавае пры дапамозе адных толькі задніх лап і пляскатага з бакоў хваста. Выдра вяслуе ўсімі чатырма лапамі па чарзе, робіць імі такія самыя рухі, як і пры хадзьбе па зямлі, а норка адштурхоўвалася адразу абедзвюма пярэднімі і заднімі лапамі адначасова. Пры гэтым усё цела яе то выцягвалася, то сціскалася, робячы хвалістыя рухі. Плыла яна даволі хутка і неўзабаве знікла за паваротам ручая.

 

Навала

Пасля такой сустрэчы я зацікавіўся акліматызацыяй амерыканскіх норак у Бярэзінскім запаведніку. Вярнуўшыся ў сядзібу, у той жа дзень зайшоў у музей да Колбіна і запытаўся ў яго пра гэта.

— Прыжыліся яны ў нас добра, — паведаміў мне Леанід Васільевіч. — Размножыліся і распаўсюдзіліся не толькі на тэрыторыі запаведніка, але і далёка за яго межамі, ва ўсіх суседніх раёнах. Можна сказаць, што справа гэтая дала вельмі станоўчыя вынікі, хаця пачатак яе быў непрадуманы.

— Непрадуманы? — перапытаў я. — У чым жа гэтая непрадуманасць?

— А вось у чым, — растлумачыў Леанід Васільевіч з уласцівай яму дакладнасцю. — Прывезлі да нас у 1953 годзе сто сорак дзве амерыканскія норкі і выпусцілі на возеры Палік. У наступным годзе туды ж завезлі яшчэ сто дваццаць восем, а затым і яшчэ пяцьдзесят восем амерыканскіх норак.

У гэтым і была непрадуманасць, бо ў вадаёме для такой вялікай колькасці ненасытных звяркоў не хапіла натуральнага корму. Норкі знішчылі неўзабаве ўсіх вадзяных палёвак, якіх было там вельмі многа. Знішчылі ўсё, што можна было з’есці, і разбрыліся шукаць сабе здабычу па бліжэйшых вёсках. Раўнавага ў прыродзе была парушана.

Увішныя і спрытныя звяркі пранікалі ў пошуках ежы ўсюды. Яны забіраліся ў хаты, у хлявы, пуні і перш за ўсё ў куратнікі. Мясцовыя жыхары скардзіліся, што гэта сапраўдная навала.

Пачуў я ад Колбіна знаёмае слова «навала» і адразу ўспомніў цікаўных жанчын. Успомніў, што яны і глянуць не захацелі на чучала норкі. І загадкавыя тады для мяне словы Марыі і Алены — «нацярпеліся ад іх нямала» і «сапраўдная тады была навала» — набылі цяпер канкрэтны сэнс. Вось якую «навалу» мелі жанчыны на ўвазе.

 

«Хатні злодзей»

Успомніўся мне і яшчэ адзін эпізод, запісаны мною ў 1956 годзе.

Адна з норак пасялілася ў хаце настаўніка, але ніхто пра гэта не ведаў. Жонка яго прыгатавала яечню, паставіла талерку на стол і выйшла на двор паклікаць мужа, а сама затрымалася там на некаторы час. Калі настаўнік увайшоў у хату, яечні на стале ўжо не было. Талерка была пустая. І раней да гэтага выпадку ў доме нярэдка знікалі прадукты.

Настаўнік пачаў сачыць і неўзабаве падпільнаваў «хатняга злодзея». Калі ў пакоі панавала цішыня, на непрыбраны пасля абеду стол ускочыў раптам прыгожы, зграбны звярок і спрытна пачаў частавацца.

— Гэта яшчэ што такое? — крыкнуў настаўнік і кінуўся да стала.

Звярок узняў галаву і зірнуў на чалавека ў напружаным чаканні. Калі той наблізіўся, норка саскочыла на падлогу і схавалася пад печкай, дзе знайшла сабе часовы прытулак. Як і ўсе прывезеныя ў запаведнік норкі, яна нарадзілася ў клетцы ў зверасаўгасе, прывыкла атрымоўваць корм ад чалавека і амаль не баялася людзей.

Потым усё ўпарадкавалася.

Норкі рассяліліся па блізкіх і далёкіх вадаёмах, перайшлі на свой звычайны харчовы рэжым. Пачалі карміцца рыбай, жабамі, малюскамі, ракамі, дробнымі грызунамі і птушкамі, землярыйкамі, рознымі насякомымі. Вярнуліся да прывычнага спосабу жыцця.

Лёгка і хутка акліматызаваліся амерыканскія норкі ў вярхоўях Бярэзіны. Яны цяпер жывуць і размнажаюцца не толькі па ўсёй запаведнай тэрыторыі, але і далёка за яе межамі. Сустракаюцца норкі ўсюды — і на Бярэзіне, і на Сергучы, і на Бузянцы, і на ўсіх вялікіх і малых азёрах.

Парушаная ў прыродзе раўнавага аднавілася, і мясцовыя жыхары больш не наракаюць на норак. Пра колішнюю «навалу» пачалі забываць.

Помняць пра яе толькі старыя людзі.

 

Мядзведзі

 

Пушчык, які ездзіў у Прагу

Пра мядзведзяў можна пачуць у Бярэзінскім запаведніку нямала розных гісторый. Адну з іх я запісаў у музеі.

Адначасова са мной наведалі музей студэнты Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, якія праходзілі тут вучэбную практыку.

Маладыя людзі, як толькі ўвайшлі ў залу, адразу спыніліся каля постаці вялізнага мядзведзя. Магутны лясны звер стаяў на задніх лапах, выпрастаўшыся на ўвесь свой рост, ва ўсёй сваёй сіле і велічы.

З пачцівым здзіўленнем моўчкі разглядалі яго студэнты.

— Ніколі не бачыў такога велікана!

Высокі рыжаваты юнак абышоў чучала мядзведзя з усіх бакоў.

— Няўжо ў вас тут сапраўды вядуцца гэткія страшыдлы? — запытаўся ён у Колбіна, які наблізіўся да экскурсантаў.

— Як бачыце, вядуцца, — пацвердзіў не без гонару Леанід Васільевіч. — Згодзен з вамі, рэдка можна сустрэць такога волата сярод мядзведзяў. Экземпляр выдатны.

Заолаг звярнуўся да юнакоў і дзяўчат, якія шчыльна абступілі яго:

— Можа, вы ў свой час бачылі беларускі фільм «Пушчык едзе ў Прагу»? Калі глядзелі, то перад вамі — стары ваш добры знаёмы, бо гэта і ёсць той самы Пушчык.

— Няўжо ён?.. Не можа быць!.. пачуліся здзіўленыя, недаверлівыя галасы.

— Чакайце, чакайце, — запярэчыў рыжаваты студэнт. — Я ж таксама бачыў той фільм, але гэтае чучала на героя фільма зусім непадобна! У фільме Пушчык — медзведзяня, а тут гэткая аграмадзіна!

— Час бярэ сваё, — спакойна растлумачыў Колбін. — Калі здымаўся фільм, а гэта было ў 1964—65 гадах, Пушчык быў яшчэ малы. Фільм здымалі і ў нашых лясах, і ў Чэхаславакіі. Давялося медзведзяняці ездзіць у Прагу на цягніку і лятаць туды на самалёце. Імя Пушчык далі яму кінематаграфісты, і яно засталося за ім да канца жыцця.

Такім невялікім уступам Леанід Васільевіч распачаў свой расказ пра прыгоды мядзведзя, які здымаўся ў кіно. І я, седзячы за столікам экскурсавода каля дзвярэй залы, слухаў тое, што Колбін паведаміў студэнтам.

Пушчык быў любімцам усёй кінастудыі. На жаль, у час здымкаў, калі малады мядзведзь удала выконваў усё, што ад яго патрабавалася, несумленныя людзі частавалі яго не толькі цукеркамі і рознымі іншымі ласункамі, але і гарэлкай. Бедны «акцёр» прывык да згубнай атруты і стараўся здабываць яе, дзе толькі мог. Усюды выпрошваў ён чарку, другую. Не адмаўляўся пры выпадку і ад цэлай бутэлькі. Пасля таго, як Пушчык адыграў сваю ролю ў фільме, яго вярнулі ў запаведнік. За час пасля працы ў кіно, «артыст», бачыце, як вымахаў, які вырас дужы ды вялікі.

Звычайна мядзведзі на волі ўхіляюцца ад сустрэчы з чалавекам, а Пушчык, наадварот, сам імкнуўся да такіх сустрэч. На сваю бяду ён людзей не баяўся. Шукаючы іх, заходзіў часам і ў вёскі. Стараўся падысці да чалавека як мага бліжэй. Спадзяваўся на пачастунак. Ён па-ранейшаму здаваўся нібыта зусім свойскім, але ж мядзведзю, вядома, давяраць цалкам нельга. Гэтаму зверу ўласціва няўстойлівасць, зменлівасць настрою. Цяжка прадбачыць, што можа зрабіць мядзведзь у тым ці іншым выпадку. Калі спалоханы чалавек уцякаў, Пушчыку гэта не падабалася. Ён злаваў, кідаўся за ім, каб дагнаць і затрымаць. Праз гэта ўзнікалі розныя непрыемнасці.

Час ішоў, Пушчык старэў, характар яго псаваўся. З кожным годам мядзведзь рабіўся ўсё больш развязным і нахабным. Шмат каму здавалася, што Пушчык вельмі небяспечны, улічваючы няўстойлівасць характару, вялізную сілу і выключныя памеры. Нямала было гаворак на гэтую тэму. Нарэшце давялося яго застрэліць па загаду кіраўніцтва, і прэпаратар Антон Хацкевіч зрабіў чучала мядзведзя, якое ўпрыгожвае залу музея.

У гэтай якасці Пушчыку давялося яшчэ раз пабываць у Празе на міжнароднай выстаўцы і вярнуцца адтуль назад, на сваё сталае месца ў музеі запаведніка. З таго часу і стаіць ён тут на здзіўленне наведвальнікаў.

Студэнты ўважліва слухалі старога біёлага. У зале панавала цішыня. Гучаў толькі голас Леаніда Васільевіча.

— Вось якая гісторыя адбылася з мядзведзем, якога называлі Пушчык, які здымаўся ў кіно, ездзіў у Прагу і чучала якога стаіць цяпер тут перад вамі, — закончыў ён свой расказ.

У музеі адразу зрабілася шумна і ажыўлена. Экскурсанты з Горак дзякавалі Колбіну за цікавыя і карысныя для іх звесткі.

— Здорава! — усклікнуў раптам рыжаваты юнак, які раней быў настроены крыху скептычна. — Нічога не скажаш, незвычайная біяграфія!

Абменьваючыся думкамі аб пачутым, удзельнікі студэнцкай экскурсіі з яўнай неахвотай пакінулі памяшканне музея, якое пуставала зусім нядоўга.

З цікаўнасцю слухаў і я нястомнага ветэрана запаведніка.

У звычайных размовах Колбін — стрыманы, лаканічны, скупы на словы, а тут, даючы тлумачэнні экскурсантам, нібы пераўвасабляецца. Ахвотна і падрабязна расказвае пра жыццё звяроў і птушак, пра розныя, звязаныя з імі, прыгоды, успамінае асобныя дэталі, робіцца нават красамоўным. Адкуль толькі словы бяруцца ў маўклівага чалавека.

— Хапіла вам сёння работы! — сказаў я, калі апошнія госці выйшлі з залы.

— Так бывае амаль кожны дзень, — лагодна ўсміхнуўся Колбін, замыкаючы дзверы музея.

 

Музычныя практыкаванні

З Леанідам Васільевічам мне давялося ўбачыцца і на другі дзень.

Раніца была пагодлівая. Упершыню за апошні час свяціла ў блакітным небе сонца. Усё прадвяшчала нібыта ўстойлівую пагоду.

Я выйшаў на зялёную лугавіну з асобнымі купамі кучаравых дубоў і накіраваўся ў лес. Калі я наблізіўся па вузкай сцежцы да густых зараснікаў маладых бярозак, асін і елак, з-за павароту з’явіўся раптам Колбін.

Сустрэча была нечаканая.

— Адкуль і куды? — спытаўся я, прывітаўшыся.

— Нару лісы знайшоў, — адказаў ён, як звычайна, сціпла і нават крыху збянтэжана. — Унадзілася хітруха ў наш куратнік. Нара ў яе тут непадалёку. Што далей буду рабіць, падумаю. Вяртаюся цяпер у сядзібу. Дырэктару трэба паведаміць.

Я пайшоў праводзіць Леаніда Васільевіча. Распытваць пра лісу не хацелася. Пасля ўчарашняй гутаркі пра Пушчыка я спадзяваўся пачуць яшчэ што-небудзь цікавае пра мядзведзяў і, карыстаючыся выпадкам, звярнуўся да заолага з некалькімі пытаннямі.

— Мядзведзяў я даўно перастаў баяцца, — сказаў Леанід Васільевіч з яўным ажыўленнем. — Бачыў іх у лесе часта. Не памятаю ўжо нават колькі разоў. І ніколі не было ў мяне з імі ніякіх здарэнняў, ніякіх канфліктаў.

Ішоў я неяк па лесе між Залазамі і Крайцамі. Раптам чую нейкі працяглы гук, рыпучы і жалобны. Потым зноў ціха, але праз хвіліну той жа дзіўны гук паўтарыўся і паступова знік удалечыні.

Спыніўся я, паглядзеў у той бок і ўбачыў мядзведзіцу. Яна сядзела каля расшчэпленага пня і лапамі адцягвала частку яго на сябе, а потым адпускала. Вось і атрымліваўся такі жаласны музычны гук.

Сядзіць мядзведзіца і раз за разам паўтарае гэтае, свайго роду «музычнае» практыкаванне, а я стаю на месцы нібы скамянелы і слухаю, слухаю бясконца. Баюся нават зварухнуцца.

Мне і раней даводзілася чуць ад розных людзей пра музычныя забавы мядзведзяў, але я, прызнаюся, не надаваў гэтым расказам значэння, а цяпер і сам пераканаўся ў верагоднасці такіх фактаў. Сам пабачыў і сам асабіста паслухаў.

Побач з мядзведзіцай гулялі, валтузіліся два малыя медзведзяняткі. «Музыкай» яны мабыць не цікавіліся, а матка іх усё сядзела каля пня і задумліва, засяроджана прыслухоўвалася да тужлівых гукаў. Яны нібы зачаравалі мядзведзіцу. Здавалася, яна забылася аб усім на свеце.

Мне не хацелася перашкаджаць яе музычным заняткам. Я непрыкметна павярнуўся і ціха пайшоў назад. Доўга яшчэ мяне суправаджалі жаласныя гукі расшчэпленага пня, на якім «музіцыравала» мядзведзіца.

 

Мядзведзіца і лайка

Мядзведзіцу гэтую я лічыў сваёй знаёмай, бо мне даводзілася бачыць яе не адзін раз. Успомніўся ў сувязі з гэтым і яшчэ адзін выпадак.

Ішоў я неяк з сынам Васем. Хацеў яму паказаць, як «цягнуць» вальдшнепаў. Іх у народзе называюць слонкамі.

Узяў я з сабою стрэльбу і паклікаў Лайку. Быў у мяне ў той час такі сабачка з пароды лаек. Мы так і звалі яго — Лайка. Ён прывык да гэтага імя і адгукаўся толькі на яго.

Прыйшлі мы на месца, на вырубку, і селі на пянькі.

— Чакаць засталося нядоўга, — кажу я хлопцу. — Слонкі паляцяць, «пацягнуць», як толькі сонца будзе заходзіць. А ты сядзі ціха ды глядзі. Слухай, як яны «хорхаюць», і падлічвай, колькі іх праляцела.

Вася толькі галавою паківаў у знак таго, што ўсё зразумеў і на ўсё згодны.

Вось мы сядзім і чакаем.

Сапраўды, як толькі сонца схілілася долу і ясны небасхіл ахапіла мядзянае полымя вячэрняй зары, пачулася «хорканне» і перад намі з’явіўся самец слонкі. У празрыстым і чыстым паветры ён праляцеў зусім недалёка ад нас. На фоне яснага неба я здолеў разглядзець яго вялікія цёмныя вочы і даўгаватую, тонкую, як шыла, і апушчаную ўніз дзюбу. Я толькі вачамі паказаў на яго сыну, а той і сам убачыў, і паказваць яму не трэба было. Захопленым позіркам праводзіў ён палёт слонкі.

За першай птушкай «пацягнула» другая, а потым і трэцяя. Хлопец глядзеў на вальдшнепаў нібы зачараваны. З твару яго не зыходзіла шчаслівая ўсмешка.

Між тым Лайка пабегла наперад, але хутка вярнулася. Яна не знаходзіла сабе месца. Усё круцілася вакол мяне, быццам нечым занепакоеная. Я загадаў ёй легчы каля маіх ног, і яна зрабіла гэта неахвотна.

Там, адкуль вярнулася Лайка, растуць невялікія бярозкі, не больш метра ў вышыню, і растуць густа. Раптам з таго боку пачуўся трэск.

Сярод нізкарослых бярозак я ўбачыў, як варушыцца там нечая цёмная спіна.

— Глядзі, — сказаў я сыну ціха. — Здаецца, дзік.

Ледзь толькі паспеў я гэта сказаць, як сярод зараснікаў узняўся раптам на заднія лапы мядзведзь і аглядаецца паверх бярозак. Потым апусціўся, выйшаў з бярозавых зараснікаў і наблізіўся ў напрамку да нас метраў на дваццаць. І я адразу пазнаў знаёмую мядзведзіцу. Яна была не адна, з медзведзяняткамі. І я заўважыў, што малыя падраслі за апошні час.

Зразумела, што нам цяпер было не да слонак. Мы пра птушак адразу забылі. Уся наша ўвага засяродзілася на мядзведзіцы. Мы сядзелі на сваіх пнях, моўчкі пазіралі на мядзведжую сямейку і не варушыліся.

Тут Лайка не вытрымала, усхапілася і з нецярплівым залівістым брэхам пабегла мядзведзіцы насустрач. Медзведзяняткі схаваліся за спіною маткі, а яна павярнулася да Лайкі і пачала адмахвацца ад сабакі лапамі, не падпускала да дзяцей. Я клікнуў сабаку назад, але Лайка не слухалася. Вельмі злая была, заядлая. Залівалася роспачным брэхам і наскаквала на мядзведзіцу то з аднаго боку, то з другога.

Нас мядзведзіца ўсё яшчэ не заўважала.

— Ну як, Вася? Не баішся? — ціха спытаў я сына і ўсміхнуўся.

Бачу, што і ён таксама ўсміхаецца:

— Не.

Вельмі гэта мяне ўзрадавала, што малы не спалохаўся. Добра валодаў сабою. Зразумела, ён спадзяваўся на мяне. Ведаў, калі я з ім, яму баяцца няма чаго. Вельмі гэта мяне ўсцешыла. Было тады Васю трынаццаць гадоў.

— Малайчына, — сказаў я, — але ўсё ж такі, кажу, ведаеш што? Давай лепш пойдзем адсюль, бо мядзведзіцы надакучыць адмахвацца ад Лайкі, як ад мухі. Кінецца на яе, а тая да нас пад ногі — ратавацца. Хоць у мяне і стрэльба з сабою, але ўсё ж вялікія могуць быць непрыемнасці.

Перамаўляліся мы ціха, шэптам, ледзь чутна. Усталі і асцярожна, непрыкметна пайшлі. Доўга яшчэ чулі за сабою заядлы задзірысты брэх сабакі. Потым брэх спыніўся, і праз некалькі хвілін Лайка нас дагнала. Бяжыць па-ранейшаму наперадзе, быццам нічога і не здарылася.

Леанід Васільевіч змоўк, спыніўся на хвіліну і нездаволена зірнуў на неба:

— Надвор’е неўзабаве зменіцца.

Мы пайшлі далей, і ён вярнуўся зноў да таго, пра што расказваў:

— Мядзведзя я часта бачыў у лесе і цвёрда ведаю, што ніколі ён сам не нападзе на чалавека. Пры нечаканай сустрэчы абавязкова адыходзіць. Напасці можа, толькі абараняючыся.

Даўно ўжо я заўважыў, што мядзведзі дрэнна бачаць. Куды горш за чалавека. Яны падслепаватыя, як ласі. Слаба адрозніваюць прадметы. Таму і спадзяюцца больш не на зрок, а на нюх і слых. Калі сядзіш ціха, не варушышся і вецер дзьме ад звера, то ніколі цябе мядзведзь не заўважыць.

Я здымаў мядзведзяў з блізкай адлегласці і ніколі не баяўся, што яны нападуць. Мядзведзі не бачылі мяне, але сфатаграфаваць больш аднаго разу ніколі не ўдавалася. Як толькі шчоўкне затвор апарата, мядзведзь адразу пачуе і ўцячэ, — закончыў Колбін.

Сонца тым часам схавалася за хмарамі.

Надвор’е сапраўды пагоршылася. З шэрага неба пачалі падаць буйныя кроплі.

— Так, — паўтарыў Леанід Васільевіч, нібы падагульняючы сказанае.— Даўно перастаў я баяцца мядзведзяў.

У размове час прайшоў непрыкметна.

Мы выйшлі з лесу і апынуліся каля даўгаватага будынка з чырвонай цэглы. Пясчаны ўчастак перад будынкам быў агароджаны драцяной сеткай. Тут, сярод бяроз, ялін і сасонак, на самай ускраіне сядзібы, супрацоўнікі запаведніка трымалі курэй.

Мы развіталіся.

Колбін заспяшаўся ў бок музея, а я пайшоў на пошту ў Домжарыцы.

 

Яшчэ крыху пра мядзведзяў

Паколькі гаворка ішла пра мядзведзяў, я дазволю сабе падзяліцца з вамі некаторымі меркаваннямі наконт гэтага цікавага звера, добра ўсім вядомага, але ўсё яшчэ параўнальна малавывучанага.

Пад вечар аднаго з першых дзён свайго знаходжання ў запаведніку я наведаў недалёка ад цэнтральнай сядзібы гадавальнік лясных звяроў.

Мінуўшы агароджаныя ўчасткі лесу, пайшоў далей і апынуўся ў полі, мякка асветленым вячэрнім сонцам. Неба было блакітнае, чыстае, і ў залацістай чырвані вячэрняй зары ўсё вакол набыло асабліва выразныя абрысы.

У свежым паветры з прыемным пахам палявых траў і кветак я раптам адчуў нейкі жудасны смурод. Ён ішоў ад ускрайку лесу, з-за павароту сцежкі, якая між кустоў павярнула зноў у лясны гушчар.

Што там можа быць?

Незнаёмы пах уразіў мяне.

Я пайшоў па сцежцы далей.

Смурод, іначай яго і не назавеш, з кожным крокам рабіўся ўсё больш моцным і непрыемным. Цяпер я зразумеў, ад каго ішоў такі востры, цяжкі і задушлівы пах. Сцежка прывяла мяне да клеткі, у якой знаходзіўся вялікі мядзведзь. Побач з ім, у суседняй клетцы, жыла мядзведзіца.

Заўважыўшы мяне, асілак падышоў да кратаў і ўзняўся на заднія лапы. Ростам ён быў, можа, крыху меншы за Пушчыка, але такі ж велічны і магутны з выгляду. Важыў, напэўна, больш пяцісот кілаграмаў. Страшнавата было глядзець на яго ў гэтай вячэрняй цішыні сярод лесу, хоць ён і знаходзіўся ў клетцы.

Я сустрэўся позіркам з маленькімі, недаверліва насцярожанымі вочкамі старога мядзведзя і выразна ўявіў сабе тыя пачуцці, якія выклікала ў нашых далёкіх продкаў нечаканая сустрэча з такім лясным страшыдлам на волі. Нездарма лічылі яны мядзведзя гаспадаром лесу і пакланяліся яму, як істоце магутнай, звышнатуральнай, як свайму татэму.

У старажытныя часы людзі гаварылі пра мядзведзя з павагай, баяліся голасна вымаўляць яго імя. Казалі пра мядзведзя — «гаспадар», «бацюхна», «дзядуля», «той, хто ведае мёд». Ніколі не называлі па імені, а толькі давалі зразумець, пра каго ідзе гаворка. Субяседнік сам павінен быў здагадацца.

З цягам часу сапраўднае імя зусім знікла з ужытку і было трывала забыта. Выцесненае апісальным словам «мядзведзь», яно захавалася толькі ў слове «бярлога», гэта значыць — логава «бера», бо такое, відаць, і было першапачатковае імя мядзведзя, якое старажытныя людзі баяліся вымавіць на слых.

Так, мабыць, нашы далёкія продкі звалі гэтага татэмнага звера ў тыя дагістарычныя часы, калі яны лічылі сябе ў кроўным сваяцтве з мядзведзем, бо ад яго, паводле вусных старажытных паданняў, вялі нібыта свой род. Пра гэта захавалася нямала сведчанняў у народных казках, у фальклоры наогул.

Мядзведзю людзі прыпісвалі розныя міфічныя, чароўныя якасці. І пра гэта ў старажытнай вуснай народнай творчасці таксама ёсць нямала казачных сюжэтаў, якія захаваліся да нашых дзён.

У старажытных беларускіх казках мядзведзь — адзін з найбольш папулярных персанажаў. У некаторых казках выразна адчуваюцца сляды міфалагічнага культа мядзведзя.

Такія думкі прыйшлі мне ў галаву, калі я глядзеў на старога казачнага «гаспадара лесу».

 

Вось якія яны, гэтыя нашы так званыя «мішкі»

У межах Бярэзінскага запаведніка жыве, па апошніх звестках, каля 40 дарослых мядзведзяў. Маладыя мядзведзі новых пакаленняў рассяляюцца паступова і далей, за межы запаведнай тэрыторыі.

— Мядзведзь зусім не такі ўжо просты, звычайны звер, як некаторыя думаюць, — сказаў мне неяк Аляшкевіч. — Не, мядзведзь зусім не дурны. Ён ведае шмат з таго, пра што людзі часам і здагадацца не могуць. Праўда, мядзведзі не ўсюды аднолькавыя, як і людзі.

Не на адзін капыл зроблены. Адзін — разумнейшы, другі — дурнейшы. Адзін — здагадлівы, хітры ды кемны, а другі — праставаты, тупаваты. Адзін смелы, цікаўны, лезе напралом, а другі — баязлівы, асцярожны, дзейнічае з аглядкай. Адзін — злы, другі — лагодны. Яны і колерам поўсці і ростам таксама адрозніваюцца. Ёсць і цёмна-бурыя, амаль чорныя, і светла-карычневыя, і рыжаватыя, і шараватыя. Вялікія і малыя.

Стары егер зірнуў на мяне шэрымі разумнымі вачамі, хітравата прыжмурыўся і заключыў трошкі іранічна :

— Вось якія яны, гэтыя нашы так званыя «мішкі».

У запаведніку іх набярэцца прыблізна галоў з трыццаць, калі не больш, а той, каго мы з вамі калісьці бачылі на канале, недзе знік. Даўно яго не відаць і не чуваць. Мусіць, перабраўся куды падалей, паглыбей, дзе жыццё спакайнейшае, бо на Сергучы, каля Крайцаў, у нас цяпер шумнавата для яго, мітусліва.

Аляшкевіч расправіў свае невялікія, але даволі густыя вусы, якія былі, здаецца, зусім яшчэ нядаўна колеру спелага пшанічнага коласа, а не такія сівыя, як цяпер, і дадаў, нібы ўспомніўшы дадатковыя дэталі таго, гаворка пра што ішла раней.

— Так, — паўтарыў ён, — розныя мядзведзі жывуць у лесе, але чалавека кожны з іх баіцца. Самі без прычыны не нападаюць. Асабліва ўлетку, калі мядзведзь — сыты, настроены мірна, лагодна, але асцярога ўсё ж патрэбна. Мушу вам сказаць, што лепш яму ў вочы не лезці. Ніхто ж не ведае, што можа яму прыйсці ў галаву.

У познюю восень ці ў пачатку зімы небяспечны стары мядзведзь, які яшчэ не лёг спаць на зіму. Не знайшоў сабе зручнага месца для спячкі, а мо з якога іншага выпадку. Блукае па лесе без пэўнай мэты, галодны, злы, неўраўнаважаны. Як кажуць, не ў гуморы.

Зімою такі беспрытульны бадзяга гатовы кінуцца на ўсё жывое. На першага сустрэчнага, хоць сабе і на чалавека. Гатовы задраць кожнага, бо згаладалы і на ўсё глядзіць, як на сваю здабычу. А ўвогуле, у звычайных, нармальных умовах, і асабліва ўлетку, мядзведзь — звер не зласлівы, можна сказаць, нават лагодны.

Корміцца ягадамі чарнікі і бруснікі, суніцы і маліны, крушыны і каліны, парэчак, рабіны і журавінамі, сцябламі і каранямі розных палявых і лугавых раслін, гароднінай і садавінай. Асабліва любіць мёд. Але разам з расліннай ежай мае патрэбу і ў мясной. Адным словам, звер ён — усяедны, як скажам, дзік ці, дарэчы, не раўнуючы, і як чалавек. Выпадкова знойдзенай падлы мядзведзю, відаць, недастаткова. Вось ён і нападае часам, калі не хапае мяса, на лася, дзіка, казулю, а таксама і на хатнюю жывёлу — на кароў, коней, авечак, свіней. І цяпер такія выпадкі здараюцца, але, праўда, рэдка, — закончыў Аляшкевіч.

Малады мядзведзь, выхаваны з маленства ў няволі, хутка прывыкае да чалавека і робіцца нібыта зусім свойскі. Але цалкам давяраць яму не варта. Ніколі немагчыма здагадацца, на што здольны мядзведзь, што можа ён зрабіць у тым ці іншым выпадку. Гэта будзе залежыць ад яго настрою ў кожнай канкрэтнай сітуацыі.

Трэба адносіцца да яго асцярожна, бо, адчуўшы сваю вялізную сілу, перастаўшы баяцца чалавека, мядзведзь можа зусім нечакана ператварыцца з дабрадушнага, гультаяватага і, здавалася б, рахманага цельпука ў нахабнага, спрытнага ў руху, патрабавальнага і здрадлівага самадура, небяспечнага драпежніка і шкодніка.

Асабліва характэрна такая неўраўнаважанасць для старых мядзведзяў, якія добра разумеюць сваю магутнасць, сваю фізічную перавагу над усімі іншымі жывымі істотамі ў навакольнай мясцовасці.

Такія вывады зрабіў я для сябе з таго, што чуў пра мядзведзяў. Пра іх я запісаў усё, што мне расказвалі і раней, і цяпер супрацоўнікі запаведніка.

І ў першую чаргу — Колбін і Аляшкевіч.

Вось, здаецца, і ўсё, чым я магу падзяліцца з вамі наконт мядзведзяў. Калі з’явіцца што-небудзь новае, абавязкова паведамлю ў далейшым.

 

Пра янотаў-паласкуноў і ўсурыйскіх янотападобных сабак

 

Янот і чапля

Амаль адразу пасля прыезду ў запаведнік я пацікавіўся, зразумела, і далёкім сваяком мядзведзя — янотам. Пытаўся ў мясцовых людзей, ці прыжыліся завезеныя сюды паласкуны. Ці маюцца звесткі аб іх колькасці па наваколлі, аб рассяленні?

Мяне цікавіла гэта тым больш, што я ў свой час уважліва сачыў за акліматызацыяй янотаў на Палессі. Наведаў у 1972 годзе Прыпяцкі запаведнік і пераканаўся, што яноты, завезеныя ў лясы над Прыпяццю, прыжыліся там добра. Яны размножыліся, рассеяліся далёка ад месца выпуску, папоўнілі мясцовую фауну і зрабіліся відам, характэрным для беларускага Палесся.

А што можна сказаць пра янотаў-паласкуноў у лясах над Бярэзінай? Пра гэта я не атрымаў яшчэ пэўных і дакладных звестак.

Ведаючы маю прыхільнасць да янотаў, Колбін сказаў мне, нібы ўспомніўшы нешта:

— Ёсць у мяне для вас адзін цікавы эпізод...

Ён сабраўся з думкамі і пачаў расказваць:

— Было гэта, калі не памыляюся, у канцы 1955 года, а можа, і трошкі пазней. Ва ўсякім выпадку, пасля таго, як прыехала да нас з Мінска кінаэкспедыцыя, што здымала фільм «Бярэзінскі запаведнік». Можа, памятаеце? Вось калі гэта было. У той час прывезлі да нас і выпусцілі ў лес для акліматызацыі янотаў-паласкуноў. І я ў гэтым удзельнічаў і на экран трапіў, — дадаў Леанід Васільевіч не без задавальнення.

Дык вось адзін ляснік у той мясцовасці, дзе іх выпусцілі, прачнуўся неяк сярод ночы, глянуў у акно і ўбачыў, што на старым дубе недалёка ад хаты спіць чапля. Сухая вяршалінка была ў таго дуба, і на ёй сядзела шэрая чапля. Выбрала сабе гэтае месца для начлегу.

Адначасова ляснік, прозвішча яго Верхаводка, заўважыў, як па ствале і па суках спрытна і лёгка лезе нейкі невялікі звер з пушыстым хвастом. Падбіраецца да чаплі.

Ноч была светлая, месячная. У зверы з паласатым хвастом Верхаводка адразу пазнаў паласкуна.

Ляснік ускочыў з ложка.

Пакуль ён апрануўся і выйшаў з хаты, янот паспеў схапіць сонную чаплю за ногі. Чапля крычала, біла безупынна крыламі, але вызваліцца не змагла.

Не выпускаючы чаплі, янот разам з ёю сарваўся з дрэва і быццам на парашуце спусціўся на зямлю.

Месяц па-ранейшаму холадна і абыякава асвятляў узлесак, на якім толькі што адбылося трагічнае здарэнне.

 

Паласкуны не прыжыліся

Калі Леанід Васільевіч змоўк, я пашкадаваў, што не давялося мне самому ўдзельнічаць у выпуску янотаў, і папрасіў яго расказаць падрабязней пра гэтую цікавую і для мяне, і для яго падзею.

Колбін не адмовіўся і пачаў успамінаць асобныя дэталі.

— Прывезены былі чатыры паласкуны, два самцы і дзве самкі, — паведаміў ён. — Выпусцілі іх у мясцовасці, дзе растуць і сосны, і бярозы, і ліпы, і дубы. Там мы загадзя развесілі для гасцей на дрэвах дзевяць дуплянак на выбар для першага жылля. Клеткі, у якіх былі прывезены яноты, мы шчыльна прыстаўлялі да дуплаў. Такім чынам кожны янот мог трапіць з клеткі адразу ў сваю дуплянку. Усё гэта было зазнята аператарамі для каляровага фільма.

Пры выпуску яноты паводзілі сябе вельмі жвава і актыўна. Яны вылазілі з дуплянак і аглядаліся, спускаліся на зямлю, узнімаліся на суседнія дрэвы, залазілі ў іншыя дуплянкі. Адным словам, вывучалі абставіны. На людзей, што стаялі навокал, звяркі ўвагі не звярталі.

Першы год перасяленцы пражылі добра, перазімавалі без усякіх прыгод. Мясцовасці, дзе былі выпушчаны, яны трымаліся на працягу ўсяго года ў радыусе прыблізна кіламетра ад дуплянак. Да надыходу зімы яноты наведвалі даволі часта леснічоўку, заходзілі нават у калідор будынка.

Здарэнне з чапляй адбылося ў наступным годзе. Яшчэ праз тры гады бачыў я сляды янота каля рэчкі Сергуч, у 474-ым квартале. На працягу некалькіх гадоў распытваў пра янотаў у леснікоў. Ніхто з іх паласкуноў не бачыў, але яны чулі, што аднаго з іх застрэліў нейкі браканьер. Ён быццам не ведаў, што гэта за звер.

Да таго часу звесткі пра янотаў ад егераў і леснікоў паступалі больш-менш рэгулярна. Корму перасяленцам, відаць, хапала. Там працякае рэчка Смолінка, вельмі балоцістая. Шмат у той рэчцы жаб, ёсць і рыба, і малюскі.

— Смолінка? — не ўстрымаўся я, каб не перапыніць Колбіна. — Рэчка гэтая мне знаёмая. Помню, як хадзіў па яе балоцістых берагах і па навакольнай дрыгве. На Смолінцы ўбачыў я першую бабровую хатку ў сваім жыцці. Добра ўяўляю сабе гэтую мясцовасць. Думаю, што корму янотам на Смолінцы хапала.

— Тым не менш, паласкуны там не прыжыліся.

— Чаму?

— Можа, таму, што завезена іх было занадта мала, усяго дзве пары, — падкрэсліў Леанід Васільевіч.

— А можа, усё ж такі і прыродныя ўмовы былі не зусім спрыяльныя? — выказаў я сваё меркаванне. — Паласкунам, як вядома, патрэбны дубовыя лясы з дуплістымі старымі дрэвамі для жылля. У гэтым я пераканаўся, калі быў у Прыпяцкім запаведніку. Там шмат вялікіх старых дубоў. І клімат на Палессі значна цяплейшы. Мабыць і гэта мае значэнне. Там яноты размножыліся і распаўсюдзіліся даволі хутка. У лясах над Прыпяццю асноўным кормам паласкуноў з’яўляюцца малюскі, асабліва ракавінкі-бяззубкі і розныя насякомыя. Праўда, гэта ў летні перыяд. Гісторыя з чапляй, — казаў я далей, — вельмі цікавая, але яна здаецца не характэрнай для янота. Ніколі я не чуў, каб паласкун мог напасці на такога буйнога птаха, як чапля. Гэта — не яго здабыча, бо ён усё ж такі драпежнік дробны. Нават калі янот забіраецца ў куратнік, то і там ён не звяртае ўвагі на спалоханых курэй, а кідаецца адразу шукаць яйкі. Мне здаецца, што ў выпадку з чапляй паводзіны паласкуна былі выкліканы нейкімі незвычайнымі, невядомымі нам абставінамі.

Леанід Васільевіч не пярэчыў.

— Магчыма, — згадзіўся ён лаканічна.

Пасля размовы з Колбіным давялося мне гутарыць на тую ж тэму з ветэрынарным урачом запаведніка, кандыдатам сельскагаспадарчых навук Васілём Фёдаравічам Літвінавым.

— Звестак аб янотах-паласкунах на тэрыторыі запаведніка не было з 1970 года, — паведаміў ён. — Ні разу не знаходзілі мы паласкуноў і сярод мёртвых звяроў, якія загінулі па той ці іншай прычыне. Нам дастаўляюць іх даволі часта для лабараторных даследаванняў.

Такім чынам, давялося мне пераканацца ў тым, што яноты-паласкуны, разумныя, рухавыя і спрытныя звяркі, у Бярэзінскім запаведніку, на жаль, не прыжыліся.

 

Перасяленцы з Далёкага Ўсходу

Затое другі перасяленец, усурыйскі янотападобны сабака, той самы пушысты звер, якога бабкі, Марыя і Алена, бачылі на беразе рэчкі Сергуч, а потым шукалі ў музеі, каб пазнаёміцца бліжэй і разгледзець як след, прыжыўся тут добра, як і ўсюды на Беларусі.

Дарэчы, ніхто яго сюды не перасяляў, ніхто не прывозіў. Ён сам тут пасяліўся, без дазволу і запрашэння. Справа ў тым, што пяцьдзесят восем янотападобных сабак завезлі і выпусцілі ў 1953 годзе ў Зембінскім лясніцтве Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Адсюль і з іншых раёнаў янотападобныя сабакі самі перабраліся на тэрыторыю запаведніка. Яны жывуць і размнажаюцца ва ўсіх яго лясніцтвах.

Мне часта даводзілася чуць ад многіх людзей і асабліва ад паляўнічых вельмі нездаволеныя і нядобразычлівыя выказванні наконт таго, што янотападобны сабака — звер нібыта шкодны і непатрэбны і што акліматызацыя яго ў нашых лясах была памылкай.

Я запытаўся ў Леаніда Васільевіча, якой думкі прытрымліваецца ён у гэтым пытанні.

— Янотападобнага сабаку, — сказаў мне біёлаг, — зусім дарэмна абвінавачваць у тым, што ён нібыта знішчае птушанят і яйкі балотнай і лясной дзічыны. Гэта — няпраўда. Ні птушак, ні яйкі ён не есць. Лавіць птушак янотападобны сабака не можа, бо лапы ў яго кароткія і слабыя, а ў рухах ён марудны і непаваротлівы, ходзіць павольна. Для лясной гаспадаркі зусім няшкодны.

У гэтым я пераканаўся, назіраючы за янотападобнымі сабакамі і ў натуральных умовах, і ў няволі, калі трымаў іх у клетках. Асноўны корм іх — насякомыя, ягады, жабы і мышы. Жабам яны аддаюць перавагу перад мышамі. Мышэй ядуць тады, калі няма жаб. Свежае мяса птушак не ўжываюць. Асабліва любяць мяса, якое ляжала даўно.

— Мабыць, янотападобны сабака любіць жаб таму, што іх лягчэй лавіць, — выказаў я сваю думку, — а птушак не любіць таму, што не можа іх здабыць. Ён жа і па дрэвах лазіць не ўмее, як і ўсе сабакі. Птушкі для яго, слабога і няспрытнага, зусім недаступныя. Вось ён і аддае перавагу жабам, насякомым, ягадам і тухліне.

— Бясспрэчна, — пацвердзіў Колбін. — Часта гавораць яшчэ, быццам там, дзе шмат янотападобных сабак, знікае нібыта баравая дзічына. І гэта няпраўда!

Леанід Васільевіч ажывіўся. Выказванні яго набылі ўсё больш акрэслены, перакананы характар.

— Баравой дзічыны наогул становіцца ўсё менш і менш усюды. Нават і там, дзе янотападобных сабак зусім няма і ніколі не было. Колькі разоў даваў я ім у няволі свежыя яйкі, курыныя і розных іншых птушак, малых і вялікіх. Яны іх не елі, заўсёды ад свежых адмаўляліся. Сумняваюся, каб янотападобныя сабакі для баравой і балотнай дзічыны, для птушак наогул, былі шкодныя, — закончыў Колбін.

На другі дзень я зайшоў у лабараторыю да Літвінава. Ветэрынарны ўрач пацвердзіў выказванні Леаніда Васільевіча і дадаў яшчэ некаторыя звесткі:

— Янотападобныя сабакі размнажаюцца ўсюды вельмі інтэнсіўна, — сказаў ён. — Прыродныя асаблівасці Беларусі звяркам гэтым даспадобы. Яны засяляюць усё новыя і новыя тэрыторыі. Часта займаюць пры гэтым норы барсукоў. Вельмі акуратныя чысцюлі-барсукі адразу пакідаюць свае норы, забруджаныя ўсурыйскімі сабакамі. Амаль усюды янотападобныя сабакі выцясняюць барсукоў з іх ранейшых участкаў. Для лясных і балотных птушак можна іх лічыць няшкоднымі, але ёсць і другі бок справы, — удакладніў вучоны. — Янотападобны сабака — істота неахайная і ўсяедная. Жыве брудна, есць усякія адкіды. Трэба мець на ўвазе, што некаторыя з янотападобных сабак заражаны трыхінелёзам, а ён пераносіцца і на іншых звяроў, і на хатніх свіней, і на чалавека. Сярод янотападобных сабак распаўсюджана шаленства. У нас зарэгістраваны такія факты. У Віцебскай вобласці ад шаленства янотападобных сабак пацярпелі дваццаць дзевяць чалавек.

— У запаведніку, — дадаў Літвінаў, — мы праводзім вакцынацыю пры дапамозе прыманак — яйкі, мяса, рыба. Такія прыманкі з вакцынай мы раскідваем каля нор і па сцежках. Практыка паказала, што гэтыя меры эфектыўныя.

Васіль Фёдаравіч змоўк, зірнуў на мяне праз акуляры і запытаўся:

— Якія можна з гэтага зрабіць вывады?

І сам на сваё пытанне адказаў:

— Колькасць янотападобных сабак трэба рэгуляваць. І мы гэта робім. У сямідзесятых гадах іх у нас адстрэльвалі ў сярэднім па дзвесце ў год...

Між іншым, яны даюць добры пух для цёплых хустак. Жанчыны вельмі любяць такія хусткі.

На гэтым наша гутарка закончылася.

Аб янотападобных сабаках у мяне ў выніку размоў з Колбіным і Літвінавым склалася даволі поўнае ўяўленне, хоць можа і не ва ўсім спрыяльнае для гэтых звяркоў, завезеных з Далёкага Усходу.

 

Што такое біясферны запаведнік?

 

З нядаўняга мінулага

Што гэта за слова такое — біясферны? Яго можна пачуць даволі часта ў спалучэнні са словам «запаведнік».

Так называюць цяпер Бярэзінскі запаведнік, адзін з найстарэйшых у Савецкім Саюзе.

Што гэтая назва азначае? У чым яе сэнс?

Паспрабуем разабрацца, але спачатку ўспомнім яшчэ раз нядаўняе мінулае.

Калі 30 студзеня 1925 года пастановаю Савета Народных Камісараў БССР быў створаны Беларускі дзяржаўны запаведнік на рацэ Бярэзіне, мясцовасць гэтая была вельмі глухая і дзікая.

Прырода яе, амаль не закранутая дзейнасцю чалавека, захавала ў асноўным свой першабытны характар.

Большую частку тэрыторыі, якая была абвешчана запаведнай, займалі лясы таежнага тыпу. Яны ўзвышаліся суцэльнай сцяною ўздоўж шырокай поймы ракі Бярэзіны з яе шматлікімі старыцамі, прытокамі і пратокамі, з вялікімі і непраходнымі балотамі, заліўнымі лугамі і забалочанымі нізінамі.

Па тэрыторыі запаведніка Бярэзіна цячэ на працягу ста дзесяці кіламетраў і на гэтым шляху прымае ў сваё рэчышча каля пяцідзесяці розных рэчак, рачулак і ручаёў.

У гэтай малавядомай і маладаступнай мясцовасці экспедыцыя вядомага заолага, прафесара Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Мінску А. У. Фядзюшына знайшла ў 1924 годзе каля дваццаці паселішчаў рачнога бабра.

Да таго часу лічылася, што на тэрыторыі Беларусі баброў няма, што гэтыя вельмі рэдкія і каштоўныя звяры даўно ўжо зніклі, як і ўсюды ў межах былой Расійскай імперыі і наогул амаль на ўсім белым свеце.

Неабходнасць захавання і размнажэння баброў і з’явілася адной з прычын стварэння ў вярхоўях Бярэзіны дзяржаўнага запаведніка.

Пяцьдзесят восем гадоў прайшло з таго часу. І невялікі паляўнічы запаведнік, адміністратыўны і навуковы штат якога налічваў усяго некалькі адзінак, ператварыўся ў вялікую і добра абсталяваную навукова-даследчую ўстанову сусветнага значэння.

Менавіта цяпер, калі я пачаў наведваць яго часцей і пажыў тут некаторы час, зразумеў я асабліва ясна вялікае значэнне гэтага запаведніка.

Як своечасова быў ён створаны яшчэ ў дваццатых гадах нашага стагоддзя!

Спачатку назвалі яго Беларускім дзяржаўным запаведнікам, бо іншых, акрамя яго, у нашай рэспубліцы яшчэ не было. Ён быў адзіны і лічыўся ўстановай рэспубліканскай. У 1969 годзе ён ужо стаў запаведнікам усесаюзнага значэння, а ў 1979 годзе яму быў прысвоены статус біясфернага запаведніка сусветнага значэння.

З таго часу поўная афіцыйная назва яго гучыць цяпер так: «Беларускі дзяржаўны біясферны запаведнік на рацэ Бярэзіне».

У Савецкім Саюзе біясферных запаведнікаў усяго сем — Бярэзінскі, Каўказскі, Сіхатэ-Алінскі, Прыокска-Тэрасны, Рэпетэкскі, Сара-Чалекскі і Цэнтральна-Чарназёмны, а ва ўсім свеце — сто чатырнаццаць. Дзейнасць такіх біясферных запаведнікаў каардынуецца Міжнародным Саюзам па ахове прыроды.

 

Нарэшце агледзеліся

У эканамічнае жыццё людзей пачалі ў апошні час усё мацней, усё больш інтэнсіўна ўцягвацца асноўныя рэсурсы прыроды, якія здаваліся яшчэ нядаўна невычэрпнымі.

Гаспадарчы кругаварот усё часцей і часцей выклікае вялікія і непажаданыя, часам вельмі шкодныя і непапраўныя змены ў прыродзе нашай планеты. Усё часцей і ўсё больш парушаюцца яе заканамернасці. Усё больш адчуваецца неабходнасць стварыць агульную сістэму мерапрыемстваў, якія спрыялі б і ахове прыроды, і рацыянальнаму, разумнаму выкарыстоўванню яе багаццяў, бо яны часам вычэрпваюцца безадказна і неразумна, знішчаюцца па-драпежніцку і з катастрафічнай хуткасцю.

Людзі нарэшце агледзеліся і прыйшлі да думкі аб неабходнасці стварыць сістэму рэгулярных назіранняў за станам навакольнага асяроддзя. І такая сістэма цяпер арганізуецца.

На гэтую тэму мне давялося размаўляць падрабязна і не адзін раз і з навуковымі супрацоўнікамі запаведніка, і з працаўнікамі Камітэта па ахове прыроды.

Ад іх я даведаўся, што ў розных геаграфічных зонах ствараюцца станцыі комплексных назіранняў, якія будуць даваць дакладную інфармацыю аб сучасным стане прыроды і аб тых зменах, якія ў ёй адбываюцца ў выніку дзейнасці чалавека.

Часткаю такой сістэмы з’явіцца і сець біясферных запаведнікаў. Яны будуць весці назіранні ў трох асноўных напрамках: у напрамку, агульным для ўсіх біясферных запаведнікаў планеты; у напрамку, вызначаным для пэўнай зоны; і ў напрамку, характэрным для кожнага канкрэтнага запаведніка паасобку.

 

Задачы i перспектьівы

У адпаведнасці з гэтымі ўстаноўкамі тэрыторыя Бярэзінскага запаведніка падзелена на чатыры зоны.

Гэта ў першую чаргу — «рэзерват», зона абсалютнай запаведнасці, поўнай недатыкальнасці прыроды. Можна, калі хочаце, назваць яе і зонай абсалютнага спакою. Тут, на плошчы ў трыццаць тысяч гектараў, забаронена ўсякая дзейнасць чалавека, усякае ўмяшальніцтва ў жыццё прыроды. Тут не дапускаецца ні рубка дрэў і кустоў, ні лоўля звяроў, птушак і рыб, ні збіранне раслін, грыбоў і ягад. Катэгарычна забаронена ў «рэзерваце» ўсё, што можа парушыць натуральнае жыццё прыроды. Усё, што можа выклікаць усякае змяненне, павелічэнне ці скарачэнне колькасці ўсіх відаў жывёльнага, птушынага і расліннага свету. Дазваляюцца толькі навуковыя назіранні. Недатыкальная прырода гэтай зоны будзе расці і развівацца па сваім уласным законам без усякага ўздзеяння з боку чалавека і сучаснай цывілізацыі.

Другая зона, зона звычайнага запаведнага рэжыму, займае плошчу ў дваццаць тысяч гектараў. У далейшым яна будзе праз некаторы час далучацца да «рэзервата».

Трэцяя зона, эксперыментальна-запаведная, плошчаю ў семнаццаць тысяч гектараў, знаходзіцца ў паўночнай частцы запаведніка. Тэрыторыя гэтай зоны была найбольш моцна закранута ўздзеяннем з боку чалавека на працягу даволі значнага часу.

І, нарэшце, чацвёртая зона. Зона адпачынку і экскурсій. Па свайму рэжыму і прызначэнню зона гэтая будзе нагадваць прыродны парк. Яна неабходна для таго, каб ратаваць усе тры асноўныя зоны ад непасрэднага сутыкнення з патокам арганізаваных і неарганізаваных турыстаў, якія тысячамі імкнуцца наведваць запаведнік у летні час.

Для таго каб праводзіць неабходныя доследы, біясферныя запаведнікі будуць забяспечаны адзіным комплексам прыбораў і адзінай праграмай назіранняў за развіццём розных біялагічных, геафізічных і хімічных працэсаў, якія адбываюцца ў прыродзе, за жыццём жывёльнага і расліннага свету.

Здабытыя такім чынам звесткі аб стане прыроды ў розных геаграфічных зонах Зямлі будуць апрацоўвацца і абагульняцца ў межах кожнай зоны, кожнай дзяржавы і, нарэшце, усёй нашай планеты ў цэлым.

Вынікі такіх сістэматычных і шматгадовых даследаванняў і назіранняў дапамогуць зразумець напрамкі і масштабы змен, якія адбываюцца ў біясферы Зямлі. Яны дапамогуць вызначыць усё неабходнае для найбольш рацыянальнага выкарыстоўвання скарбаў прыроды, іх аховы і ўзнаўлення.

Да ўсяго, аб чым мы гаварылі, можна яшчэ дадаць, што адной з вельмі важных задач Бярэзінскага запаведніка, як і ўсіх, з’яўляецца распаўсюджванне ў народзе ведаў аб навакольным асяроддзі, аб біясферы Зямлі, і прапаганда ідэй аховы прыроды.

Вось які вялікі змест і які глыбокі сэнс хаваюцца ў двух гэтых словах — біясферны запаведнік.

Вось што яны азначаюць.

 

Гадавальнік лясных звяроў

 

Блізкае суседства

Жыццё звяроў і птушак цікавіць мяне па-ранейшаму больш за ўсё іншае.

Недалёка ад цэнтральнай сядзібы, дзе я жыву, знаходзіцца тэрыторыя так званага «Гадавальніка лясных звяроў».

Зусім, можна сказаць, блізкае суседства! І мне вельмі прыемна і зручна, што я магу ў кожны час, як толькі захачу, прыйсці сюды, каб зірнуць яшчэ раз на каго-небудзь з маіх добрых знаёмых — на зубра з зубрыцай і маленькім светла-рыжым зубранём, на лася і ласіху з ласяняткам, на ваўкоў, на мядзведзяў і дзікоў.

Я магу наведваць іх хоць кожны дзень.

І я раблю гэта, як толькі з’явіцца такая патрэба. Я магу доўга глядзець на таго ці іншага звера.

Магу праверыць кожную дэталь яго знешняга выгляду, выраз вачэй, асаблівасці руху, і калі ён бяжыць, і калі знаходзіцца ў стане спакою, і калі звер спіць ці проста адпачывае, калі ён даглядае і корміць малых, калі ён у добрым настроі ці ў злым, у гневе і ярасці, у стане пагрозы ці ў стане прыязні.

Вось і сёння прыйшоў я сюды пасля полудня, каб адпачыць ад работы, асвяжыцца прыемнымі ўражаннямі, настроіцца на добры лад.

Раніца, як і ўчора, пахмурная і халодная. У нізкім шэрым небе то з’яўляюцца невялікія бледна-блакітныя прасвецінкі, то пачынае церушыць дробны, ледзь прыкметны дожджык.

У густым і вільготным альховым лесе жывуць на прасторных агароджаных участках звяры, характэрныя для Бярэзінскага запаведніка.

Гэта нешта накшталт натуральнага заапарка.

Лясныя звяры адчуваюць сябе тут зусім вольна. Яны жывуць сваім звычайным жыццём, у прывычных умовах. Кормам яны забяспечаны. Ніхто іх не турбуе, і яны не баяцца людзей. Давяраюць людзям, прывыклі да іх і не звяртаюць увагі на рэдкіх наведвальнікаў, бо цалкам заняты, як на волі, сваімі штодзённымі сямейнымі справамі.

На вачах у людзей звяры жывуць гэтак жа вольна і непрымусова, як і ў дзікім неагароджаным лесе. Асабліва характэрна гэта для маладняку, які нарадзіўся і вырас у гадавальніку.

Тут можна падоўгу глядзець на дзікіх звяроў з блізкай адлегласці. Назіраць за іх жыццём, вывучаць іх паводзіны, звычкі, норавы.

 

Шчаслівая сямейка

У гадавальніку лясных звяроў я часта затрымліваюся каля ўчастка, на якім жыве цэлая чарада дзікоў.

Падоўгу назіраю за іх паводзінамі.

Дзіўлюся, якія яны спрытныя і паваротлівыя. Якія імклівыя ў руху, асабліва маладыя. Бягуць трусцой шпарка і лёгка, а ногі ў іх хударлявыя, даўгаватыя.

Бярэзінскія дзікі — вельмі буйныя. Куды буйнейшыя за тых, што вядуцца ва ўсіх іншых мясцовасцях нашай краіны. Мне казалі, што тут, у запаведніку, сустракаюцца асобныя вяпры, вага якіх дасягае трохсот і нават болей кілаграмаў. Яны проста здзіўляюць сваімі вялізнымі памерамі.

Вось, дарэчы, адзін з такіх. Стаіць недалёка ад мяне, нібы на выстаўцы.

Які ён прыгожы, зграбны!

Такіх не ўбачыш нават і ў Белавежскай пушчы.

Падышоў да старой алешыны, спыніўся і цяпер чухаецца то адным бокам, то другім, рохкаючы ад асалоды.

Рухі яго імпэтныя, нястрымныя. Здаецца, што тоўсты адпаліраваны ствол старога дрэва не вытрымае такога моцнага напору і вось-вось паваліцца.

Серабрыстае шчыльнае шчацінне на дужым целе дзіка льсніцца і зіхаціць чарнёным срэбрам. Лыч у яго даўгаваты, выцягнуты наперад і ўніз, нібы хобат. З абодвух бакоў пашчы бялеюць вострыя, загнутыя іклы — грозная і надзейная зброя кожнага дарослага вепра. Усе асаблівасці яго знешняга выгляду і паводзін сведчаць выразна аб энергіі, сіле і здароўі, аб упэўненай самаздаволенасці гэтага шасцігадовага секача. Відаць, адчувае ён сябе вельмі добра, бо лепшага месца і не ведае. Прывык і да людзей, і да ўчастка, бо быў узяты сюды ў маладым узросце.

Цяпер сякач — гаспадар усяго ўчастка, старэйшы і дужэйшы за ўсіх і таму ўзначальвае ўсю чараду, ці, правільней кажучы, усё гэтае вялікае сямейства. Маткі, а таксама і маладзейшыя пакаленні — свінкі, падсвінкі і парасяты розных узростаў — паслухмяна падпарадкоўваюцца яму.

Крыху далей ад бацькі-секача ляжыць на зямлі адна з матак. Дрэмле, заплюшчыўшы вочы, выпрастаўшы ногі і падставіўшы тоўсты бок пад праменні сонца. Другая разлеглася ў вялікай лужыне. Прымае цёплую «гразевую ванну» і таксама рохкае часам ад вялікага задавальнення.

Вакол гэтых прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў снуюць між алешын спрытныя стракаценькія парасяткі. Мітуслівыя і паваротлівыя, бураватага колеру, з цёмнымі прадольнымі палоскамі па спіне і баках, з тонкімі ножкамі і смешна закручанымі кароткімі хвосцікамі, яны лётаюць па ўсяму вялікаму ўчастку і ўсюды шукаюць сабе спажыву. Цалкам занятыя сваімі справамі і гульнямі, парасяты не звяртаюць на мяне ніякай увагі.

Я для іх не існую.

Можна гадзінамі наглядаць за імі. Трэба толькі не шумець і не рабіць лішніх рухаў. Яны людзей не баяцца, калі тыя не лезуць ім у вочы.

Прывыклі да людзей і дарослыя дзікі. І яны не звяртаюць увагі на наведвальніка, які глядзіць на іх, паводзячы сябе ціха і не праяўляе назойлівасці.

Колькі ж тут малых?

Падлічваю некалькі разоў, бо часта збіваюся з ліку. Надта ж яны жвавыя, паваротлівыя, рухавыя і непаседлівыя.

Нарэшце падлічыў дакладна. Адзінаццаць!

На волі дзікія свінні таксама жывуць асобнымі чародамі і трымаюцца заўсёды пэўнага ўчастка, хоць ён і нічым не агароджаны. Як і шмат якія іншыя звяры, не любяць яны выходзіць за межы свайго ўчастка.

Для сямейкі, на якую я гляджу, агароджаны драцяной сеткай участак вільготнага лесу з’яўляецца прывычным месцажыхарствам. Ён для іх — родны дом.

Асабліва адчуваюць гэта парасяты, бо тут яны ўсе нарадзіліся. Іншага месца парасяты не ведаюць і ведаць не хочуць, бо і прасторы, і корму ім тут хапае, а гэта для іх — самае галоўнае.

На волі дзікі — вельмі асцярожныя і недаверлівыя. Заўважыўшы чалавека ў лесе, яны ўцякаюць ад яго як мага хутчэй, але пры нечаканай сустрэчы з ім на сваёй тэрыторыі могуць часам праявіць і злосную агрэсіўнасць.

Асабліва небяспечны дзік, калі ўбачыць чалавека ў непасрэднай блізкасці да парасят. Але ўзятыя яшчэ малымі, дзікія свінні хутка і лёгка прывыкаюць да людзей.

У лясным гадавальніку ўчастак для дзікоў найбольш вялікі ў параўнанні з усімі астатнімі. Тут ёсць усё, што ім патрэбна для нармальнага жыцця на волі. Розніца толькі ў тым, што ў дадатак да розных дароў прыроды, якія дзікі шукаюць і знаходзяць на сваім участку, яны забяспечаны яшчэ і падкормкай, якую дае ім чалавек.

Разам з натуральным кормам дзікі ў гадавальніку атрымоўваюць рэгулярна і такія пачастункі, як бульба і бульбяныя ачысткі, мука, гародніна і розныя харчовыя адходы.

Жывецца ім тут, відаць, няблага.

Адным словам, шчаслівая сямейка!

 

Непрыемнае здарэнне

Калі я вяртаўся ад участка дзікоў, сустрэлася мне Святлана Чычыкіна, кандыдат біялагічных навук, супрацоўніца запаведніка, і я падзяліўся з ёю сваімі назіраннямі і ўражаннямі.

Малады вучоны выслухала мяне ўважліва і расказала пра адно непрыемнае здарэнне, якое адбылося тут нядаўна.

— Аднойчы была я на тэрыторыі гадавальніка адна, — паведаміла Святлана Мікалаеўна. — Вакол было ціха і спакойна. Раптам пачула гукі транзістара. Мяне гэта ўстрывожыла. Я пайшла ў той бок і ўбачыла, як «вясёлая» кампанія вылезла з «Волгі», якая толькі што пад’ехала да брамы. Адзін з «гасцей», п’яны больш за іншых, вырашыў, як відаць, пазабавіцца на свой лад. Ён пералез цераз агарожу і наблізіўся да зуброў, дэманстратыўна размахваючы кіем. Зубр і зубрыца глядзелі на яго насцярожана, у напружаным чаканні схіліўшы галовы.

Астатнія пасажыры прыціхлі. Адзін за адным яны паступова адышлі ад участка і непрыкметна вярнуліся да машыны.

Я падбегла да агарожы і патрабавала, каб п’яны неадкладна вярнуўся. Ён неахвотна павярнуў назад. Трохі павагаўшыся, пералез цераз агарожу і, змрочна пазіраючы на мяне, нездаволена прабурчаў сабе нешта пад нос.

Калі я пачала яго дакараць, даводзячы ўсю недарэчнасць, небяспечнасць і нават злачыннасць такіх паводзін, ён аглянуўся па баках. Пераканаўшыся ў тым, што яго спадарожнікі стаяць каля машыны і што мы засталіся адны, «госць» замахнуўся на мяне кіем...

Лаючыся на кожным кроку, але стараючыся не траціць раўнавагі і трымацца роўна, ён неахвотна пайшоў да сваіх прыяцеляў.

— Ці часта здараюцца такія эксцэсы? — запытаўся я, не хаваючы свайго абурэння.

— На жаль, не вельмі рэдка, — адказала Чычыкіна. — Трэба сказаць, што «героямі» агідных учынкаў з’яўляюцца звычайна выпадковыя, праезджыя «наведвальнікі». Тутэйшыя людзі, а таксама жыхары наваколля, удзельнікі экскурсій у большасці сваёй праяўляюць да мясцовай фауны добразычлівую зацікаўленасць. Даўно я пераканаўся ў тым, што блізкасць да жывой прыроды, сяброўства з жывёльным светам ачышчае душу чалавека ад усяго лішняга, шкоднага, непатрэбнага, робіць яго добрым, справядлівым, сумленным.

Наведвальнік можа тут набыць першыя агульныя звесткі па заалогіі, неабходныя кожнаму чалавеку, і даросламу, і падлетку, і малому дзіцяці. Ён можа тут набыць пэўнае ўяўленне аб прадстаўніках жывёльнага свету Беларусі, можа пазнаёміцца з імі непасрэдна, магчыма, першы раз у сваім жыцці.

На жаль, не ўсе гэта разумеюць, не ўсім уласціва такое адчуванне. Сустракаюцца часам сярод наведвальнікаў і такія, хто паводзіць сябе не як сябар прыроды, не як чалавек удумлівы і прагны да ведаў, а як невук, дзікун і злачынца.

 

Ваўкі

 

Інга

Я падышоў да ўчастка, дзе жывуць ваўкі.

Убачыўшы мяне, ваўчыца падбегла да сеткі і завіляла хвастом. У поглядзе яе залаціста-жоўтых вачэй свяціўся выраз добразычлівай лагоды.

— Якая ж ты харошая! — сказаў я ласкавым тонам. — Як цябе завуць?

У адказ яна завіляла хвастом яшчэ мацней.

— Можа, ты Маша?.. Машка?..

Назваў я гэтае імя наўздагад, але, відаць, памыліўся.

Ваўчыца глядзела на мяне па-ранейшаму лагодна. Яна прыхільна віляла хвастом, але асаблівага ўзрушэння не праяўляла. Выразныя вочы пазіралі прыязна, але не зусім упэўнена. Яна схіліла галаву набок, насцярожыла вострыя вушы.

Уся пастава яе сведчыла, што ваўчыца намагаецца зразумець, што мне трэба, што я хачу сказаць.

Ну, як яшчэ можа называцца ваўчыца?

У майго сына Артура была калісьці сука пароды «баксёр», лютая і грозная з выгляду, але добрая і рахманая, Інга.

Па звычцы, па нейкай раптоўнай асацыяцыі, я паклікаў :

— Інга!.. Інга! Інгуля!..

Вы не можаце сабе ўявіць, што тут здарылася з ваўчыцай. Яна завішчала ад вялікага задавальнення, закруцілася на месцы і пачала качацца па зямлі. Потым ускочыла, узнялася на заднія лапы і абаперлася пярэднімі ў сетку вальеры.

Я прыклаў руку да сеткі, і ваўчыца аблізнула мне далонь. Усімі сваімі паводзінамі яна нагадвала сабаку, вялікага і добрага сабаку.

У той жа дзень я даведаўся, што не памыліўся, калі выпадкова назваў ваўчыцу Інгай. Якраз так яе і звалі. І яна добра ведала сваё імя, ахвотна адгукалася на яго і бурна радавалася, калі хто-небудзь звяртаўся да яе, называючы па імені.

Мне сказалі, што Інга была набыта ў чэрвені 1976 года за сто рублёў у гаспадара, які прывёз яе ў запаведнік на легкавой машыне пад выглядам сабакі.

Нарадзілася Інга ў 1974 годзе і жыла ў гаспадара два гады. Было ёй там, відаць, не надта добра. Расла яна ў неспрыяльных умовах з недастатковым харчаваннем, бо экстэр’ер у Інгі быў слабаваты, не зусім нармальны.

Ростам яна невялікая, меншая за звычайную ваўчыцу аднаго з ёй узросту. Але характар у Інгі, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы жыцця і нядобрае выхаванне, — дружалюбны, ласкавы.

Інга любіць вадзіцца з людзьмі.

Радуецца, калі да яе падыходзяць, калі звяртаюць на яе ўвагу, калі гавораць з ёю. Так было і сёння, у дзень нашага першага знаёмства. Але Інга адносіцца прыхільна толькі да людзей дарослых.

Дзяцей яна не любіць, асабліва падлеткаў. Напэўна, нацярпелася ад іх у свой час нямала. Можа, дзеці дражнілі яе, крыўдзілі, дакучалі.

Аб тым, што раней абыходзіліся з ёю нядобра, сведчыць і тое, што ваўчыца забыла свайго гаспадара адразу, як толькі ён пакінуў яе ў вальеры адну і пайшоў, не развітаўшыся, назаўсёды.

Інга па ім не сумавала, не чакала яго і не шукала сярод людзей, што наведвалі гадавальнік. Была яна спачатку вельмі схуднелая і заўсёды галодная. У першыя дні прагна з’ядала па некалькі вялікіх місак мясных адкідаў за адзін раз, пакуль не падкармілася, не паправілася прыкметна.

 

Першыя ўцёкі

У ліпені 1976 года, праз месяц, пасля таго як яна пачала сваё новае жыццё на ўчастку ваўкоў за агарожай, Інга падкапала сетку і ўцякла.

Вакол далёка раскінуўся вялікі запаведнік, надзейны прытулак для кожнага дзікага звера. Было куды ўцячы, было дзе схавацца.

І яна пайшла...

Куды? У лес?

Не! Інга і не думала аб тым, каб знікнуць як мага хутчэй у лясным гушчары. Ёй было сумна без людзей. І яна не схавалася ў лесе, а спакойна пайшла па роўным асфальце дарогі ў цэнтральную сядзібу запаведніка.

На плошчы ваўчыца спынілася перад будынкам гасцініцы і стала ў нерашучасці каля ўвахода. Было гэта ў час перапынку на абед.

Да будынка падышлі навуковыя супрацоўніцы Святлана Чычыкіна і Таццяна Паўлюшчык. Абедзве яшчэ не мелі кватэр, жылі часова ў гасцініцы і працавалі ў гадавальніку дзікіх лясных птушак, пра які я раскажу вам крыху пазней.

Жанчыны наблізіліся да ваўчыцы.

Людзей вакол не было. Перапынак на абед толькі што пачаўся. Інга ўбачыла іх і кінулася насустрач. Пачала скакаць вакол жанчын і качацца па зямлі каля іх ног.

На Святлане Мікалаеўне была чырвоная сукенка, і жанчынам здалося, што Інга можа спалохацца чырвонага колеру і не захоча з імі пайсці. Яны ведалі, што ваўкі, як і шмат якія іншыя звяры, не любяць гэты колер, баяцца яго. Таму Чычыкіна папрасіла Таццяну адвесці Інгу ў свой нумар, а сама пайшла пераапрануцца і прынесці нашыйнік з павадком.

Таццяна пагладзіла Інгу па галаве і паклікала ісці за сабою. Ваўчыца паслухалася і пайшла з ёю ў гасцініцу. На шчасце, ніхто ім на лесвіцы не сустрэўся.

Інга ахвотна паднялася на другі паверх і ўвайшла ў пакой. Там яна хутка ўсё агледзела і абнюхала, ускочыла на ложак і адразу на ім разлеглася, выяўляючы ўсім сваім выглядам поўнае задавальненне. Абстаноўка ёй, відаць, спадабалася.

Тым часам прыйшла ў нумар і Святлана Мікалаеўна, пераапранутая ў светлае адзенне, і прынесла нашыйнік з павадком. Яна прылашчыла ваўчыцу, але хвалюючыся і спяшаючыся, назвала яе некалькі разоў не Інгай, а чамусьці Ірмай. Ваўчыца як быццам не рэагавала на такую «няўважлівасць» і дазволіла надзець на сябе нашыйнік.

Гладзячы яе па галаве і гаворачы з ёй пяшчотна, па-сяброўску, жанчыны намагаліся, каб Інга выйшла з памяшкання, але ваўчыца ніяк не згаджалася пакінуць ложак. Вельмі ёй падабалася ляжаць на цёплым і мяккім месцы, з такім знаёмым і прыемным для яе пахам. Яна адмаўлялася злезці, а калі жанчыны ўсё ж такі сцягнулі яе на падлогу, Інга спрытна схавалася пад ложкам. Нарэшце ім удалося ўгаварыць яе вылезці з-пад ложка і пайсці разам з імі.

З гасцініцы жанчыны павялі ваўчыцу ў гадавальнік. Па дарозе Святлана Мікалаеўна раптам назвала яе правільнае імя — Інга.

Пачуўшы яго, ваўчыца зноў бурна ўзрадавалася, кінулася жанчыне на грудзі і лізнула ў твар. Ад нечаканасці тая ўпала, але павадка з рукі не выпусціла, і Інга аблізала ёй увесь твар.

Да гадавальніка яны зайшлі без прыгод і здарэнняў, нікога не сустрэўшы. Інга спакойна, у лагодным настроі ўвайшла на ўчастак ваўкоў, а пашкоджанне ў агарожы было адразу выпраўлена.

 

Другія уцёкі

Другім разам Інга ўцякла з вальеры незадоўга перад маім прыездам, у чэрвені 1978 года, увечары, але ад свайго ўчастка далёка не адышла.

Здарылася так, што Чычыкіна была яшчэ на тэрыторыі гадавальніка.

Інга пазнала яе і выскачыла з-за дрэў на алею.

Спынілася на хвіліну, узняла галаву, пацягнула носам паветра і штосілы кінулася да блізкага ёй чалавека.

— Радасна скакала ваўчыца вакол мяне, — успамінала потым Святлана Мікалаеўна. — Ледзь не збіла мяне з ног.

У гэты момант па алеі ішоў нейкі незнаёмы мужчына ў гімнасцёрцы.

Убачыўшы такую сцэнку, ён спыніўся ў нерашучасці.

Выгляд у яго быў разгублены. Ён, мабыць, не ведаў, што рабіць. Ці ратаваць жанчыну ад дзікага звера, ці ўцякаць, ці клікаць на дапамогу.

Чычыкіна заўважыла, што гімнасцёрка на ім была падперазана шырокім скураным рэмнем. Яна ўсміхнулася і сказала як мага спакайней:

— Непакоіцца няма прычын. Пазычце мне, калі ласка, ваш рэмень на некалькі мінут, і ўсё будзе добра. Незнаёмы зразумеў, што небяспека нікому не пагражае. Ён зняў рэмень, падышоў бліжэй і даў яго мне. Тады я надзела рэмень на шыю Інгі і папрасіла чалавека патрымаць ваўчыцу, пакуль я адамкну замок і адкрыю ўваход у вальеру. Наведвальнік зноў згадзіўся, хоць на гэты раз і не без вагання. Ён узяўся за рэмень, паглядаючы на Інгу з некаторай апаскай, але тая не пярэчыла. Стаяла побач з ім спакойна, трымалася паслухмяна, і я адкрыла вальеру. Разам са мною ўвайшла туды і Інга.

Калі я зняла з Інгі рэмень, выйшла з вальеры і замкнула яе зноў, ваўчыца пачала хвалявацца. Сваё нездавальненне яна праяўляла сярдзітым бурчаннем.

Я аддала рэмень наведвальніку, падзякавала і папрасіла яго пайсці, а сама засталася на некаторы час каля сеткі, каб супакоіць Інгу. Ласкавым тонам угаварвала ваўчыцу не злаваць, не крыўдзіцца на мяне.

І яна супакоілася.

Пачала лізаць маю руку цераз сетку.

 

Чынгіз

Сёння ўвесь дзень пахмурна і халаднавата.

Зрэдку з’яўляецца сонца і адразу хаваецца ў нізкіх, цёмных хмарах. Дзьме халодны паўночны вецер.

Усю першую палову дня сядзеў за сталом і працаваў над сабранымі перад тым матэрыяламі.

Калі стаміўся, вырашыў пайсці ў гадавальнік і наведаць Інгу.

Ваўчыца сустрэла мяне гэтак жа радасна, як і ў першы раз. Кінулася да сеткі і замахала хвастом.

Недалёка ад Інгі ляжаў пад старой алешынай вялікі воўк. Убачыўшы, што я падышоў бліжэй, ён не варухнуўся. Толькі прыўзняў галаву з шырокім ілбом і ўважліва зірнуў на мяне разумнымі, коса пастаўленымі вачамі.

Пакуль Інга частавалася тым, што было мною прынесена, воўк спакойна ляжаў, глядзеў на яе і не рабіў ніякіх спроб далучыцца да ваўчыцы ці прысвоіць сабе тое, што яна атрымала. Ён паводзіў сябе, як сапраўдны добра выхаваны «джэнтльмен» ці, правільней кажучы, як сапраўдны прадстаўнік сямейства сабак, бо сабака, як і воўк, ніколі не адбірае ад самкі тое, што яна есць. Наадварот, калі ён сам есць і самка наблізіцца да яго, ён звычайна адыходзіць убок і аддае ёй тое, чым частаваўся.

Толькі цяпер я прачытаў надпіс на агарожы, на які раней чамусьці не звярнуў увагі.

На шыльдачцы было сказана: «Воўк Чынгіз, 1971 года нараджэння. Выхаваны ў хатніх умовах». Надпіс мяне зацікавіў.

Што гэта за Чынгіз?

Як ён сюды трапіў?

Дзе жыў раней?

Неўзабаве высветлілася, што Чынгіза выхаваў з маленства ў хатніх умовах Фёдар Рэўзін, мастак-канструктар Мінскага аўтазавода, а потым аддаў яго ў запаведнік.

Пра складанае жыццё і нялёгкі лёс свайго гадаванца, пра яго розум, кемлівасць і здольнасці Рэўзін напісаў цікавую кніжку пад назвай «Чынгіз — шэры воўк».

У гэтай кніжцы, якая выйшла ў свет у 1975 годзе, аўтар паведаміў нямала каштоўных фактаў і назіранняў, звязаных з псіхалогіяй не толькі ваўка, але і сабак, лісы, крумкача і розных іншых звяроў і птушак, якія ў яго жылі.

 

Думкі наконт лёсу ваўкоў

Даведаўшыся пра ранейшае жыццё Чынгіза, я пачаў прыглядацца да яго з асаблівай цікавасцю.

Гэта быў буйны, магутны і вельмі прыгожы сямігадовы воўк у поўным росквіце жыццёвай сілы. У рухах яго адчувалася спакойная ўпэўненасць. Вочы свяціліся розумам, адвагай і адначасова добразычлівасцю.

Інгу і Чынгіза я наведваў кожны раз, калі бываў у гадавальніку. У суседняй вальеры побач з імі жыла яшчэ адна пара ваўкоў — Джымі і яго сястра без імені, але яны нешта мне не прыглянуліся.

Не было ў іх тых індывідуальных асаблівасцей, якімі яны маглі б адрознівацца ад іншых ваўкоў. Адсутнічалі тыя рысы, якія маглі б мяне зацікавіць.

Джымі і яго сястра былі маладыя ваўкі. Здаваліся яны нейкімі невыразнымі, нічым не вылучаліся, а Інга і Чынгіз кідаліся адразу ў вочы, як «асобы» з больш высокім, ясна выяўленым інтэлектам.

Праўда, яны былі старэйшыя па ўзросту, больш вопытныя і развітыя ў параўнанні з маладымі ваўкамі, але, ва ўсякім выпадку, нязменна прыцягвалі маю ўвагу як самастойныя індывідуальнасці.

Перад ад’ездам я ў апошні раз падышоў да ўчастка ваўкоў. Убачыўшы мяне, Інга забегала, як заўсёды, уздоўж сеткі і завіляла хвастом, стараючыся прыцягнуць да сябе маю ўвагу, а Чынгіз ляжаў нерухома пад сваёй вольхай і задумліва наглядаў за ўсім, што робіцца навокал.

Пра што думае цяпер гэтая галава з шырокім ілбом і спакойным позіркам разумных, уважлівых і назіральных залаціста-жоўтых вачэй?

Паглядзеў я на ляснога звера з такой нядобрай і несправядлівай славай, на злашчаснага героя старадаўніх казак і паданняў, а таксама і сучасных папулярных мультфільмаў і сам міжвольна задумаўся.

Своеасабліва склалася жыццё Чынгіза і яго сяброўкі Інгі. А які будзе далейшы лёс усіх ваўкоў наогул? Як будзе вырашана так званая «воўчая праблема»?

У апошні час усё часцей і часцей пачалі з’яўляцца ў друку выказванні адносна таго, што ваўкоў трэба знішчыць. Бязлітасна знішчыць усіх і ўсюды без выключэння. Думкі гэтыя выказваюцца часам даволі катэгарычна і патрабавальна. Ці можна з такімі патрабаваннямі пагадзіцца?

Звычайна прыводзяцца звесткі аб тым, што ваўкі знішчаюць больш ласёў і дзікоў, чым гэта робяць браканьеры, што ад ваўкоў церпіць вялікія страты не толькі паляўнічая гаспадарка, але і жывёлагадоўля.

Усё гэта, магчыма, і адпавядае сапраўднасці, але трэба спачатку добра разабрацца, ці можна лічыць аднолькава шкодным таго ці іншага звера альбо птушку пры ўсіх умовах і ва ўсіх мясцовасцях?

Звяроў і птушак, абсалютна шкодных ці абсалютна карысных усюды і пры ўсіх абставінах, у прыродзе наогул няма. Адзін від больш карысны ў пэўных канкрэтных геаграфічных і эканамічных умовах, а другі больш шкодны, і наадварот.

У адной мясцовасці існаванне ваўка можа быць з’явай сапраўды непажаданай, а ў другой — карыснай, спрыяльнай для аздараўлення папуляцыі дзікіх капытных жывёл, для натуральнай «выбракоўкі» пагалоўя ад слабых, хворых і непрыстасаваных да жыцця асобін, бо ахвярамі ваўкоў з’яўляюцца ў першую чаргу жывёлы з дэфектамі зроку, слыху і нюху, недастаткова дужыя, спрытныя і паваротлівыя.

Для таго, каб знайсці раўнавагу і ў тым і ў другім выпадку, трэба сістэматычна рэгуляваць колькасць ваўкоў там, дзе яны размножыліся праз меру.

У мясцовасцях, дзе іх асабліва многа, можна ствараць спецыяльныя брыгады паляўнічых ваўчатнікаў, сістэматычна праводзіць аблавы, арганізоўваць розныя іншыя мерапрыемствы, каб размнажэнне ваўкоў трымаць пад кантролем.

Нездарма ж паляванне на ваўкоў дазволена ў нас на працягу ўсяго года. Больш таго, за кожнага забітага ваўка выплачваецца грашовая прэмія. Адстрэл ваўкоў праводзіцца ўсюды без абмежавання.

Тут варта прыгадаць, што ў Швецыі, дзе ваўкі даўно знішчаны, пагалоўе ласёў дасягнула цяпер трохсот — чатырохсот тысяч, нягледзячы на тое, што паляўнічыя адстрэльваюць там па ліцэнзіях да ста сарака тысяч ласёў штогод. Ласі часта з’яўляюцца на вуліцах Стакгольма і іншых гарадоў.

Мы ведаем з друку, што ласі, апынуўшыся ў горадзе, перашкаджаюць вулічнаму руху. У 1979 годзе ў Швецыі былі зарэгістраваны тры тысячы пяцьсот аварый, выкліканых сутыкненнямі ласёў з аўтамашынамі, у выніку чаго загінулі дваццаць чалавек, а пяцьсот былі паранены. У Швецыі цяпер часта можна пачуць скаргі на тое, што няма ў краіне ваўкоў. Яны дапамаглі б рэгуліраваць колькасць ласёў, якая штогод павялічваецца ў два разы.

Характэрна, што браканьераў, якія не жадаюць прызнаваць ні законаў, ні тэрмінаў палявання, ніколькі не вабіць магчымасць без абмежаванняў паляваць на ваўкоў. Здавалася б, тут адкрыты для іх такія шырокія перспектывы беспакаранай, актыўнай дзейнасці ў вызначаным напрамку.

Сапраўды, знішчай гэтых звяроў колькі хочаш, дзе хочаш і калі хочаш.

Зрабі ласку!

Але браканьеры чамусьці зусім не спяшаюцца выкарыстаць дазволеныя магчымасці.

Іх не цікавіць паляванне, звязанае з пэўнай затратай часу, з напружанай працай, з цярплівым пераадольваннем цяжкасцей. Паляванне, якое не прыносіць вялікай і хуткай матэрыяльнай выгоды, дзеля якой варта было б рызыкаваць. Куды лягчэй і зручней цішком забіць даверлівага лася ці казулю. Аднаго свежага мяса колькі! І скура, зразумела, таксама чагосьці варта!

Да таго ж вядома, што браканьерства караецца не так ужо і сурова. На браканьераў прадстаўнікі мясцовых органаў улады часта глядзяць скрозь пальцы. Прыцягваюць да адказнасці фармальна, неахвотна, марудна. Часам нават спачуваюць браканьерам. Стараюцца знайсці для віноўных, злачынства якіх даказана, розныя «змякчаючыя віну акалічнасці».

Дарэчы, мясцовыя звесткі аб стратах, якія церпіць жывёлагадоўля і лясная гаспадарка ад ваўкоў, не заўсёды можна лічыць сапраўднымі.

Ці ўсюды вінаваты ў стратах толькі ваўкі?

Часам прыпісваюцца ім злачынствы, якія робяць самі людзі. І не толькі браканьеры, якія знішчаюць лясных звяроў і птушак, але і тыя, што любяць паласавацца мясам хатніх жывёл.

Чаму не ўзваліць сваю ўласную віну на «шэрага разбойніка» і дакументальна не аформіць страту як чарговую яго ахвяру, карыстаючыся тым, што воўк ніколі не здолее рэабілітавацца. Ніяк і нічым не зможа ён абвергнуць узведзены на яго паклёп.

Цікава, на каго ж аматары такой практыкі будуць спісваць незаконна з’едзеных імі, ці прададзеных, ці падораных каму-небудзь, ці проста загубленых па сваёй уласнай нядбайнасці і безгаспадарлівасці парасят, авечак і цялят тады, калі ваўкі будуць знішчаны поўнасцю, як гэтыя аматары самі таго настойліва патрабуюць?

Воўк — звер разумны, адважны і высокаарганізаваны. Ён здольны прыстасоўвацца да складаных абставін, да розных умоў існавання. Здольны знаходзіць кожны раз адзіна правільны выхад з цяжкай і складанай сітуацыі.

Гэтым і тлумачыцца тое, што воўк да нашага часу захаваўся і выжыў, нягледзячы на бязлітасную барацьбу з ім чалавека, які карыстаўся і карыстаецца цэлым арсеналам вельмі жорсткіх і ўдасканаленых тэхнічных сродкаў у мэтах суцэльнага знішчэння звера, якога ён спачатку лічыў сваім саюзнікам і сябрам у супольнай барацьбе за існаванне, а цяпер лічыць сваім лютым ворагам.

Быў час, калі старажытны чалавек паляваў на капытных жывёл разам з ваўком, калі ён навучыўся прыручаць асобных ваўкоў і выхоўваць з іх надзейных для сябе памочнікаў і адданых сяброў, якія з цягам часу ператвараліся потым у сабак.

Вось некаторыя і лічаць, што паколькі ў людзей ёсць сабакі, ніякай патрэбы ў існаванні ваўка няма. Яго роля на гэтым і скончылася. Ён нібыта выканаў сваю гістарычную задачу быць родапачынальнікам сабакі і цяпер ужо быццам страціў права на жыццё і павінен загінуць як від, нікому непатрэбны і пры ўсіх умовах абсалютна шкодны.

Мне здаецца, што варта добра падумаць, перш чым выносіць і тым больш выконваць такі канчатковы і безапеляцыйны прысуд.

Трэба не траціць пачуцця меры і не забываць, што ў прыродзе і ваўкі не толькі патрэбны, але, можа, нават і неабходны чалавеку.

З такімі думкамі пакінуў я тэрыторыю гадавальніка дзікіх лясных звяроў.

 

У лясным інкубатары

 

Выратаванне глушца

Не магу адвесці вачэй ад дзікага ляснога пеўня. Які ён прывабны, калі глядзіш на яго зблізку! Сапраўдны прыгажун! Стройны, гладкі, дужы, добра складзены. Ярка вылучаюцца чырвоныя бровы над цёмнымі вачамі. Моцная, загнутая ўніз дзюба нібы адлівае сіняватым водбліскам.

Цудоўны птах!

Сучаснік маманта, шарсцістага насарога, зубра і першабытнага чалавека. Прадстаўнік дзікай прыроды халоднага каменнага веку, далёкіх часоў дагістарычнага свету.

Гляджу на чорна-бурага глушца, і мне ўяўляецца вільготная, золкая сакавіцкая раніца, і шэры туман, і пачарнелы снег, і мокрыя ствалы высокіх соснаў, і цёмны абрыс буйнага птаха на вузлаватым сасновым суку.

Вось патаптаўся ён на адным месцы, распусціў крылы, звесіў іх уніз, натапырыў веерам хвост, адкінуў галаву назад, і ў халодным вільготным паветры пачуліся рэзкія, своеасаблівыя, ні з чым не параўнаныя гукі глушцовага такавання.

Успомнілася мне і тое, што казаў мне калісьці егер Дзямід, чалавек сур’ёзны і вопытны, да выказванняў якога я заўсёды прыслухоўваўся з увагай. Было гэта некалькі дзесяткаў гадоў назад у Белавежскай пушчы.

— Вы не думайце, — сказаў Дзямід, — што глушэц спявае. Ні ў якім разе. Не можа ён спяваць, бо не даў яму бог языка. І гукі ў час такавання робіць ён не языком, а толькі дзюбай, накшталт бусла. Б’е верхняй паловай дзюбы аб ніжнюю і скрыгоча імі то рэдка, то часта, а языка няма ў яго, дый годзе!

Сцвярджаў гэта стары егер упэўнена, а мне не верылася.

Няўжо сапраўды існуе на свеце птах, у якога няма языка?

Не можа таго быць!

Каб разабрацца ў гэтым дакладна, давялося мне заглянуць у адзін з тамоў Брэма. І тут высветлілася, што Дзямід памыляўся. Гэта было непаразуменне, распаўсюджанае даволі шырока.

Славуты заолаг пісаў, што «спеў» глушца сапраўды складаецца з гукаў, якія ён робіць, удараючы верхняй паловай дзюбы аб ніжнюю, але язык у яго ўсё ж такі ёсць. Справа ў тым, што дыхальнае горла глушца на адну трэць даўжэй за шыю і ўтварае каля валляка пятлю, а язык так няшчыльна прымацаваны да ротавай поласці доўгімі звязкамі і тонкімі мышцамі, што пасля смерці птаха западае глыбока ў горла. Таму і з’явілася памылковае меркаванне, быццам у ляснога пеўня зусім адсутнічае язык.

Глушца, на якога я гляджу, аддзяляюць ад мяне тры-чатыры метры. Бліжэй падысці нельга. Лясны прыгажун можа спалохацца. Паспрабуе ўзляцець, пачне кідацца на драцяную сетку, папсуе сабе крылы.

Не верыцца, што ён, як і ўсе трыццаць восем глушцоў і глушыц, якія знаходзяцца ў лясным гадавальніку баравой дзічыны, нарадзіліся не ў прыродных умовах, не на волі, а ў ...інкубатары. Так, усе яны выведзены з яек, знойдзеных у лесе, узятых з гнязда і прывезеных сюды ў гадавальнік. Няма ў гадавальніку глушца, які б нарадзіўся і вырас на волі.

Клеткі зроблены ў форме палаткі. Такую клетку тут так і называюць — «палатка». Падлога ў клетках-палатках была таксама з драцянай сеткі.

Мяне гэта здзівіла.

— Няўжо глушцам не перашкаджае такая падлога? — пытаюся я ў навуковай супрацоўніцы Таццяны Паўлюшчык, якая займаецца развядзеннем глушцоў у няволі.

— Не, — адказала маладая жанчына. — Ніколькі. Іншай падлогі яны і не ведаюць. Не ведаюць, і што такое зямля пад нагамі. Лапы ў іх не траўмуюцца нават і зімою.

— А навошта патрэбна менавіта драцяная падлога ў клетках, а не якая іншая?

— Такая падлога заўсёды чыстая. Драцяное, як мы кажам, дно патрэбна з гігіенічных меркаванняў. Памёт не затрымліваецца на такой падлозе. Скрозь ячэйкі сеткі ён правальваецца на зямлю. Гэта вельмі важна, бо выратоўвае птушак ад інфекцыі.

Узнікла ў мяне і яшчэ адно пытанне.

Ці не занадта цесна глушцам і глушыцам у клетках-палатках? На маю думку, такому вялікаму птаху, як глушэц, патрэбна для нармальнага існавання большая прастора. Яму патрэбны рух, а ў невялікай і цеснай драцяной клетцы ён такой магчымасці не мае. Увесь час мусіць ён сядзець у клетцы нерухома.

Праўда, глушэц — лятун не першакласны, але і ён не можа абысціся без частага перасоўвання не толькі па зямлі, але і ў паветры, хаця б на невялікія адлегласці. Ці не адбіваецца ўсё гэта адмоўна на здароўі і на самім існаванні птаха?

Для нармальнага развіцця глушца неабходна даць яму магчымасць не толькі рухацца, але і лятаць. Пазбаўленыя такой магчымасці на працягу значнага часу і выпушчаныя потым на волю, птахі нярэдка гінуць ад разрыву сэрца пры першай жа спробе ўзляцець.

Мне вядомы такі выпадак на станцыі юных натуралістаў у Мінску. Там знаходзіўся ў клетцы на працягу некалькіх год малады падорлік. Калі яго вырашылі выпусціць на волю і аднеслі ў поле, падорлік імкліва ўзняўся ў неба.

Хлапчукі і дзяўчынкі з цікавасцю сачылі, як падорлік набірае вышыню, але радаснае ажыўленне змянілася раптам сумам. Птушка страціла каардынацыю рухаў, перакулілася цераз галаву і ўпала на зямлю без дыхання. Не вытрымала птушынае сэрца напружання, якое зрабілася непрывычным за час знаходжання падорліка ў клетцы без руху, без неабходных для яго штодзённых практыкаванняў у лёце.

На жаль, меркаванні, якімі я падзяліўся з працаўнікамі гадавальніка лясных птушак, засталіся без адказу.

З далейшай гутаркі я даведаўся, што цікавыя вопыты па развядзенню і размнажэнню дзікіх лясных птушак-глушцоў, рабчыкаў і курапатак пры дапамозе інкубацыі праводзяцца ў запаведніку на працягу апошніх пяці гадоў. І гэтыя вопыты гадоўлі баравой дзічыны ў няволі даюць паспяховыя вынікі.

— У прыродзе, — гаворыць Таццяна Яўгеньеўна, — глушыца прыносіць звычайна ад васьмі да дзесяці яек, а тут, у нашым гадавальніку, адна глушыца знесла васемнаццаць яек.

Нармальны жыццёвы цыкл глушцоў не парушаецца.

У сакавіку, з надыходам вясны, можна тут пачуць славутыя глушцовыя «спевы».

Глушцы ў гадавальніку такуюць не горш за сваіх вольных братоў у лясным гушчары. Гэтак жа заўзята і самааддана, з такім жа захапленнем.

У адпаведны час, вызначаны прыродай, глушыцы ў гадавальніку нясуць і выседжваюць яйкі, гадуюць птушанят. Птушаняты розных узростаў выкормліваюцца тымі ж кармамі, якія ўжываюцца ў звычайнай птушкагадоўлі для курэй і індычак адпаведных узростаў, але з дадаткам хвойнай мукі. Ад дзесяці глушыц у клетках было атрымана дзевяноста шэсць яек.

Гадавальнік для лясных птушак — асобная гаспадарка за парканам. Аднапавярховы драўляны дом для навуковай работы, а вакол яго, — клеткі-палаткі для птушак. З аднаго боку падступае да тэрыторыі гадавальніка лес, з другога — неабсяжнае поле. Уваход на тэрыторыю ляснога інкубатара ахоўвае аўчарка.

— Інкубатар наш даволі прымітыўны, — гаворыць Таццяна Паўлюшчык, — але ж гэта толькі першыя крокі, першыя спробы.

Перад тым як пакінуць гадавальнік, я спыніўся яшчэ раз каля таго глушца, які прыцягнуў маю ўвагу.

— Шкада мне бачыць цябе не ў лесе, а тут, у клетцы, за драцяной сеткай, — звярнуўся я ў думках да вялізнага птаха, які насцярожана пазіраў на мяне сваімі круглымі і чорнымі, як парэчкі, вачамі. — Але што ты, братка, зробіш? Занадта ўжо мала засталося вас на волі, і колькасць ваша на зямлі ўсё зменшваецца. Як выратаваць глушцоў ад блізкай і немінучай пагрозы знікнення? Сам разумееш, нялёгкая гэта задача!

І мне здалося, быццам глушэц бліснуў сваім цёмным вокам і схіліў барадатую галаву ў знак разумення і згоды.

Хто ведае, можа, сапраўды штучнае развядзенне ў вальерах і ёсць у нашых умовах адзіны правільны шлях выратавання глушца, адзіны спосаб захаваць на свеце як від гэтага, цяпер ужо рэдкага птаха?

Такой думкі цвёрда прытрымліваюцца навуковыя супрацоўнікі, занятыя практычным вырашэннем гэтай праблемы ў Бярэзінскім запаведніку. Яны вераць ў станоўчыя вынікі сваіх цярплівых настойлівых намаганняў.

І мне таксама хочацца ў гэта верыць!

 

Трэба ратаваць і шэрых курапатак

У клетках-палатках у такіх жа ўмовах выводзяцца, вырастаюць і размнажаюцца ў гадавальніку і шэрыя курапаткі.

Калі я да іх падышоў, мне адразу ўспомніўся той пахмурны восеньскі дзень, калі я ўбачыў курапатак на волі ўпершыню ў сваім жыцці.

Кастрычніцкай раніцай ішоў я ўздоўж невялікага балота на ўскрайку лесу. Зямля ноччу крыху падмерзла. Зялёныя ўсходы азімай руні на суседнім полі серабрыліся інеем. У бледным блакітна-шэрым небе цьмяна святлела сонца.

Я падышоў да берага балота з нізкарослымі сасонкамі і бярозкамі, з кустамі лазы, каб паглядзець, ці плавае пад тонкай кромкай лядка дробная вадзяная жыўнасць — і гладышы і плывунцы, ці поўзаюць яшчэ па дне шыцікі. Спыніўся на хвіліну каля старой вярбы.

Аднекуль, недалёка ад мяне, пачулася пад сухімі сцябламі сухазелля нягучнае, але настойлівае:

— Кірыць... кірыць...

З зямлі, з-пад кучы хворасту, над жоўтымі і чырвонымі лістамі бярозак і асін, узляцела раптам цэлая чародка курапатак. Іх было не менш дзесяці. Гэта быў сёлетні вывадак.

Маладыя курапаткі былі ўжо дарослыя, але трымаліся ўсё яшчэ разам. Ад маткі яны не адрозніваліся ні велічынёю, ні знешнім выглядам, але па-ранейшаму падпарадкоўваліся ёй, слухалі яе загады.

У апярэнні курапатак пераважаў шэра-бураваты колер. Толькі галава ў іх была карычневатая. Хвасты пры ўзлёце нагадвалі кароткія рыжыя вееры. З шумам знікла ўся чародка ў кустах. Дружная сямейка прывабных птушак на фоне характэрнага пейзажу позняй восені да гэтага часу стаіць перад маімі вачамі.

Неўзабаве я даведаўся, што ў Чэхаславакіі збіраюць вясною ў палях яйкі курапатак і выводзяць птушанят у інкубатарах. Потым трымаюць іх некаторы час на двары пад наглядам прыручанай дарослай курапаткі. Калі малыя пройдуць увесь патрэбны «курс навучання», іх выпускаюць на волю. Частку птушанят пакідаюць на фермах.

Зімою ў час вялікіх маразоў і снегападу, калі курапаткам цяжка здабываць сабе корм з-пад глыбокага снегу, а таксама пасля адлігі і галалёду, іх сістэматычна падкормліваюць. У выніку такіх мерапрыемстваў курапатка зрабілася ў Чэхаславакіі распаўсюджанай прамысловай птушкай. Жывыя курапаткі экспартуюцца нават у іншыя краіны.

Усё гэта зрабіла на мяне моцнае ўражанне. Адразу ўзнікла думка: можа, варта рабіць гэтак і нам?

І вось цяпер з вялікім задавальненнем знаёмлюся з працай па інкубацыйнаму вырошчванню курапатак, якая праводзіцца ў Бярэзінскім запаведніку. З прыхільнасцю гляджу на сціплых птушак. Тут я магу стаяць перад імі непасрэдна. Магу разглядзець іх ва ўсіх дэталях. Яны не праяўляюць ніякіх адзнак трывогі ці неспакою, калі знаходзішся так блізка.

Невялікія, клапатлівыя і даверлівыя птушкі рупліва займаюцца на вачах у чалавека сваімі няхітрымі і нескладанымі справамі.

Нечым нагадваюць яны маленькіх курачак. Добра бегаюць, лапкамі спрытна разграбаюць зямлю, шукаючы сабе корм у траве, сярод хмызняку і пустазелля, ляжаць у цёплым пяску, адпачываюць і грэюцца на сонцы. Узлятаюць шумна і хутка, але невысока і ляцяць на невялікую адлегласць.

Наведаць курапатак я прыйшоў не адзін, а разам са Святланай Чычыкінай. Яна загадвала ў той час усім птушыным гадавальнікам у цэлым і адначасова займалася сваёй непасрэднай навуковай працай — развядзеннем курапатак у штучных умовах.

У клетках было трыццаць курапатак. Усе яны выведзены інкубацыйным спосабам з яек аднаго гнязда.

— У натуральных умовах, — сказала Святлана Мікалаеўна, — прырост не бывае больш чым два птушаняці, а штучным развядзеннем можна атрымаць ад адной курапаткі сорак — шэсцьдзесят яек і выгадаваць трыццаць — сорак птушанят.

У Бярэзінскім запаведніку вопыты па штучнаму развядзенню шэрых курапатак пачаліся ў 1979 годзе. Курапаткі ўсіх узростаў харчуюцца тут, як і глушцы, камбінаваным кормам па рэцэптах, распрацаваных для курэй прадпрыемствамі птушкагадоўлі. Практыка паказала, што корм гэты цалкам падыходзіць і для курапатак.

Колькасць гэтых прыемных і карысных птушак у прыродзе робіцца ўсё меншай і меншай. Значна знізілася яна і на тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка.

Чаму?

На гэта ёсць шмат сур’ёзных прычын.

Наша сельская гаспадарка набывае з кожным годам усё больш інтэнсіўны характар. Усюды пашыраюцца пасяўныя плошчы, усюды ідзе выкарчоўка пералескаў і зараснікаў хмызняку, усюды знішчаюцца межы з пустазеллем уздоўж дарог, а гэта значыць, што курапаткі застаюцца без сваёй асноўнай харчовай базы.

На неўзараных участках пасвяць жывёлу, і часам у даволі вялікай колькасці, а гэта пазбаўляе курапатак магчымасці наседжваць яйкі і гадаваць птушанят у прывычных прыродных умовах.

Шмат курапатак гіне і ад розных атрутных хімікатаў, і ад уборачных машын, і ад усякай іншай тэхнікі, якая ўсё шырэй і шырэй выкарыстоўваецца ў сучаснай сельскай гаспадарцы. Усё гэта разам і выклікае рэзкае зніжэнне колькасці курапатак не толькі ў нас, але і ва ўсім свеце.

Асабліва цяжка жывецца курапаткам у час марознай і снежнай зімы і ў час суровай бяскорміцы. Ратуючыся ад смерці, галодныя і знясіленыя, птушкі звяртаюцца за падтрымкай і дапамогай да чалавека. Яны перастаюць баяцца людзей.

Зімой курапатак можна ўбачыць на праезджых дарогах, у садах і парках, каля вёсак, пасёлкаў і нават на ўскраінах вялікіх гарадоў.

Курапатак бачылі не адзін раз на асобных вуліцах Мінска.

Здарыўся такі выпадак. Халоднай сакавіцкай раніцай знайшлі курапатку ў... тунелі Мінскага метро. Яна ўспырхнула раптам з-пад ног рабочага, які прыйшоў на працу. Спачатку птушка паляцела, а потым пабегла далей, у глыбіню тунеля, асветленага ліхтарамі дзённага святла. Курапатку злавілі, вынеслі з тунеля і выпусцілі ў парк Чалюскінцаў.

Падумайце толькі, на будаўніцтве метро ў вялікім і шумным горадзе, у тунелі падземнай станцыі шукала сабе прытулак дзікая птушка лясных і палявых прастораў!

Тут варта ўспомніць, што парк Чалюскінцаў знаходзіцца ў непасрэдным суседстве з Батанічным садам, тэрыторыю якога курапаткі з нядаўняга часу пачалі асвойваць як трывалае месца свайго жыхарства ў Мінску.

У Батанічным садзе іх падкармліваюць зімою. Увогуле ж, і гэта трэба яшчэ раз падкрэсліць, курапатка зрабілася ў нас птушкай рэдкай.

Існаванне курапаткі знаходзіцца пад пагрозай, а яна ж вельмі карысная для сельскай і для лясной гаспадаркі.

Курапаткі знішчаюць вялізную колькасць розных шкодных насякомых — чарапашак, даўганосікаў і, што асабліва важна, каларадскіх жукоў.

Вядома, што з усіх птушак ядуць каларадскіх жукоў толькі фазаны і курапаткі. Яны застаюцца пакуль што адзінымі «санітарамі» бульбяных палёў. Але ж на Беларусі фазаны на волі не жывуць. Яны вядуцца ў натуральных умовах толькі на поўдні: на Кубані, у Закаўказзі і Сярэдняй Азіі, а курапатка ў нас — птушка свая, мясцовая, арганічна звязаная ўсім сваім жыццём з нашай прыродай, нашым геаграфічным асяроддзем.

Трэба толькі праяўляць да яе ўважлівасць і зацікаўленасць, ствараць ёй спрыяльныя ўмовы для нармальнага існавання і размнажэння.

У падзяку за гэта мы будзем заўсёды, як і раней, мець ад курапатак вялікую карысць у справе барацьбы супраць шкоднікаў сельскагаспадарчых культур, у справе забеспячэння добрых ураджаяў.

Курапатка лёгка прывыкае да жыцця ў блізкім суседстве з чалавекам. Яна — птушка пладавітая і ўстойлівая супроць розных захворванняў.

Вось пра што я даведаўся ў запаведніку, і вось чаму трэба ратаваць і курапатку.

Трэба захаваць за курапаткай трывалае і арганічнае месца сярод сучаснага сельскагаспадарчага краявіду, нягледзячы на ўсе яго змены і пераўтварэнні!

 

Людзі і змеі

 

Гадзюка

Калі я вяртаўся з лесу, перада мною перапаўзла пясчаную дарогу тоўстая гадзюка. На светла-шэрым фоне спіны ад галавы да хваста выразна вылучалася цёмная, падобная на зігзаг паласа.

З рота змяі часта высоўваўся доўгі і вузкі язычок. Раздвоены на канцы ў выглядзе трапяткіх вілачак, ён безупынна варушыўся, нібы абмацваў паветра.

Людзі часам думаюць памылкова, быццам гэта і ёсць тое самае казачнае «змяінае джала», якім гадзюка джаліць і атручвае сваю ахвяру. Так, прынамсі, пісалі калісьці паэты ў вершах, і дзеці завучвалі іх са школьных падручнікаў на ўсё сваё жыццё.

Між тым у сапраўднасці ніякага «вострага джала» ў гадзюкі няма, а трапяткі язычок служыць ёй толькі для арыентацыі ў навакольным свеце. Ён у змяі адначасова і орган нюху, і орган дотыку. Языком змяя ўспрымае пахі. Ім яна адчувае цеплыню, вільгаць і сухасць. Магчыма, успрымае і гукі, бо ёсць такое меркаванне, што змеі пазбаўлены слыху. Зрок у іх таксама слабы. Таму гадзюка, калі паўзе, увесь час высоўвае язык, які дапамагае ёй разбірацца ў тым, што яе акружае.

Змяінага раздвоенага і рухавага язычка можаце не баяцца. Адзіная зброя гадзюкі — два атрутныя зубы на пярэдняй частцы верхняй сківіцы, але яна карыстаецца імі толькі ў самым крайнім выпадку.

Павольна, хвалістымі рухамі паўзла змяя па зямлі. Нібы працякла, праструменіла ў двух кроках ад мяне і знікла ў траве.

Знаёмая з маленства карціна!

Колькі разоў даводзілася мне бачыць і малых, і вялікіх гадзюк. І светлых з чорнай паласою, як гэтая, і цёмных з вішнёвым адценнем, і карычневых, а часам нават і зусім чорных.

Паглядзеў я на гадзюку, і ўспомнілася мне ўсё, што мела дачыненне да змей у маім ранейшым жыцці.

 

Здарэнне з вужом

На дугі дзень адбылася ў мяне гутарка пра змей з кандыдатам біялагічных навук Святланай Чычыкінай. У той час яна загадвала лясным інкубатарам і гадавала ў штучных умовах курапатак, а раней была герпетолагам, змеязнаўцам. Займалася вывучэннем змей і працавала нейкі час у лабараторыі над змяіным ядам.

Святлана Мікалаеўна прыгадала адзін з тых характэрных выпадкаў, якія здараюцца, на жаль, даволі часта.

Неяк у жніўні ехала яна на машыне па тракце з Плешчаніц у Лепель. Дзень быў цёплы, пахмурны, парны.

Раптам жанчына ўбачыла наперадзе невялікую купку людзей.

У галаве мільганула трывожная думка: ці не здарылася якое няшчасце? Можа, аварыя?

Пад’ехала бліжэй.

Ля абочыны стаяла машына. Узбуджаныя мужчыны разглядалі нешта на асфальце. Твары пахмурныя, рашучыя, засяроджаныя. У руках палкі. Позіркі скіраваны ўніз.

— Гляджу, — гаворыць Святлана Мікалаеўна, — і вачам сваім не веру. У цэнтры ўвагі — вялікі вуж. Ён марна спрабуе выбрацца з акружэння, у якое трапіў знянацку. З усіх бакоў пільнуюць яго людзі. Усюды натыкаецца ён на палкі, якія пакуль што не пушчаны ў ход, бо ніхто не адважваецца ўдарыць змяю першы.

«Загіне вуж, — падумала я. — Заб’юць яго, абавязкова заб’юць».

Выскачыла з машыны, схапіла вужа і аднесла з дарогі ў лес. Ніхто, праўда, не пратэставаў, не пярэчыў, але калі я вярталася да машыны, то пачула за спіною гучны смех.

Няўдалыя «паляўнічыя» кінулі сваю «зброю» і з іранічнай цікаўнасцю пазіралі то на мяне, то на хмызняк, у якім схаваўся вуж.

Эпізод, пра які расказала Святлана Чычыкіна, з’ява вельмі звычайная. Такія здарэнні сустракаюцца часта, бо змеі выклікаюць у пераважнай большасці людзей толькі адно пачуццё — страху і бязмежнай агіды.

Убачыць чалавек змяю і, калі ён не баязлівы, абавязкова пастараецца забіць «небяспечнага ворага».

Пры гэтым гінуць і зусім бяскрыўдныя вужы, карысныя тым, што знішчаюць мышэй і розных шкодных насякомых, і маленькія, спрытныя вераценніцы, хоць яны і не змеі, а ўсяго толькі бязногія яшчаркі.

Прычыны такіх здарэнняў у тым, што большасць людзей нічога не ведае пра змей. Не ўмее іх адрозніць і не разумее, як трэба сябе паводзіць пры нечаканай сустрэчы з імі.

 

Прыкрае непаразуменне

Выслухаў я Святлану Мікалаеўну і з жалем падумаў, як няправільна сам рабіў калісьці, забіваючы гадзюк пры кожным зручным выпадку. Быў я тады малады і шмат чаго не разумеў. Але добра ведаў, што ў нас, на Беларусі, існуюць толькі два віды змей — вужы і гадзюкі.

Ведаў, якія цяжкія вынікі выклікае ўкус гадзюкі, адзінай атрутнай змяі ў нашых краях. Памятаў, што тулава ў гадзюкі мае форму верацяна, што яно крыху таўсцейшае ў сярэдзіне, а вуж — нібы шнурок. У яго аднолькава роўная таўшчыня — ад галавы і да хваста. Ёсць і яшчэ адна розніца між вужам і гадзюкай — у вачах. Зрэнкі ў вужа — круглыя, а ў гадзюкі нібы вузкія чорныя шчылінкі, пастаўленыя вертыкальна.

Нарэшце, можна ўспомніць і тое, што гадзюка нараджае жывых малых гадзючак, якія адразу, як толькі з’явяцца на свет, пачынаюць самастойнае актыўнае жыццё, а самка вужа прыносіць яйкі, з якіх вылупліваюцца малыя вужаняты.

Усё гэта я даўно зразумеў і засвоіў.

Ведаў таксама і тое, што вужы не атрутныя і наогул не кусаюцца, што іх няможна крыўдзіць. Заўсёды я адносіўся да вужоў ашчадна. Нават прыручаў, трымаў у сябе ў доме, а вось да гадзюк быў несправядлівы. Часта забіваў і прыносіў мёртвых з лесу, каб паказаць дзецям, каго ім трэба баяцца, каго неабходна сцерагчыся.

Прыносіў часам і жывую, злоўленую гадзюку, таксама паказваў дзецям, а потым забіваў і кідаў у мурашнік. Мітуслівыя і спрытныя мурашкі так старанна аб’ядалі змяю, што касцяк яе заставаўся зусім чысты, нібы адпаліраваны. Хоць ты яго адразу кладзі пад шкло і выстаўляй у вітрыне школьнага музея як наглядны навучальны дапаможнік па прыродазнаўству!

Навошта я іх забіваў?

Мне здавалася ў той час, што гадзюка — стварэнне вельмі небяспечнае, злое, шкоднае і што, забіваючы гадзюк, я нібыта раблю нейкую карысную, патрэбную справу.

Якое ж гэта было прыкрае непаразуменне!

Вельмі я цяпер шкадую, што так нядобра рабіў.

Мне сорамна за гэтыя свае недарэчныя ўчынкі.

Праўда, у той час ніхто яшчэ не чуў і не ведаў пра лекавыя асаблівасці змяінага яду. І наогул мала хто ведаў што-небудзь дакладнае пра жыццё і норавы змей.

Тут мне хочацца зрабіць адступленне і пагаварыць з вамі пра змей і, у прыватнасці, пра гадзюк крыху падрабязней.

 

Без прычыны змяя не нападзе...

Улетку змеі любяць грэцца на адкрытых месцах, добра асветленых сонцам. Яны выпаўзаюць на сцежкі, каб паляжаць на цёплай, прагрэтай зямлі. Скручваюцца ў клубок і «загараюць» часам на нізкіх пяньках.

Ідзеш па вузкай, звілістай сцежцы і раптам бачыш перад сабою змяю. Падыдзеш, а яна толькі галоўку ўзніме, гляне на цябе халодным, загадкавым позіркам і засіпіць. Гэта азначае, што яна цябе папярэдзіла:

— Спыніся! Бліжэй не падыходзь і да мяне не дакранайся! Памятай, што я — змяя атрутная.

Калі я спыняўся на месцы і далей не ішоў, гадзюка заўсёды адпаўзала ўбок і знікала непрыкметна. Толькі трава злёгку варушылася і асобныя сцяблінкі хіліліся долу там, дзе яна прапаўзала.

Без прычыны гадзюка першая не нападзе.

У гэтым я даўно пераканаўся. Гадзюка можа ўкусіць толькі ў мэтах самаабароны, калі ёй адрэзалі шлях да адступлення. Тады можа кінуцца наперад і ўкусіць.

Звычайна людзі церпяць ад змей толькі праз сваю ўласную неасцярожнасць і недасведчанасць.

 

Беспадстаўныя пагалоскі

Раней меркавалі, быццам змеі абсалютна пазбаўлены якіх бы там ні было праяў інтэлекту. На працягу стагоддзяў расказвалася і пісалася пра змей нямала ўсякіх недарэчных выдумак, узнікла цэлая плойма розных прымхаў і забабонаў.

Цяпер, калі людзі пачалі больш цікавіцца змеямі, больш уважліва, сур’ёзна і дакладна вывучаць іх паводзіны, асаблівасці жыцця і месца ў прыродзе, змрочны туман беспадстаўных пагалосак крыху развеяўся.

Высветлілася, што ў сапраўднасці ўсё далёка не так. Шмат канкрэтных прыкладаў сведчаць аб тым, што старыя ўяўленні былі няправільныя, памылковыя.

Змеі, што жывуць у няволі і штодзённа маюць дачыненне да людзей, прывыкаюць да чалавека, які корміць іх і даглядае. Такога чалавека змеі адрозніваюць ад усіх іншых. Дазваляюць яму дакранацца да іх, браць рукамі, праяўляюць нават адзнакі прыязні і адданасці. Такія паводзіны змей наглядаліся не толькі ў адносінах да людзей, але і да асобных жывёл.

Часта можна пачуць фантастычныя небыліцы аб тым, быццам змеі — істоты вельмі здрадлівыя і агрэсіўныя, быццам яны непрыкметна падпаўзаюць да чалавека, каб напасці на яго знянацку і атруціць сваім ядам.

Усё гэта — няпраўда.

Змяя кусае толькі тады, калі хто схопіць яе незнарок рукою, збіраючы ягады ці грыбы, альбо наступіць на яе нагою ці ўдарыць палкай.

Не ведаю я такіх выпадкаў, калі б чалавек уцякаў ад змяі, а яна кінулася б за ім наўздагон. Наадварот, яна імкнецца пазбегнуць непажаданай сустрэчы. Калі ж такая сустрэча ўсё ж такі адбылася, змяя спрабуе ўцячы і схавацца. Яна кусае толькі тады, калі іншага выйсця няма.

Калі ж чалавек не праявіць варожых намераў, змяя адпаўзе ўбок і паспрабуе знікнуць як мага хутчэй.

 

Заклінальнікі змей

Мне давялося ў свой час бачыць працу заклінальнікаў змей у Марока. Давялося цікавіцца іх жыццём і побытам. Гэтыя людзі складаюць там нібы асобную касту.

Вопыт утаймавання змей, сакрэты гэтай прафесіі перадаюцца з пакалення ў пакаленне, пераходзяць ад бацькі да сына. Сярод насельніцтва заклінальнікі змей карыстаюцца пашанай. Іх называюць хакімамі — народнымі лекарамі, бо яны ўмеюць лячыць ад змяіных укусаў.

Дзеці ўтаймавальнікаў з маленства маюць справу са змеямі, прывыкаюць да іх з калыскі і ведаюць, як трэба з імі абыходзіцца. Зусім яшчэ малыя дзеці гуляюць са змеямі, сябруюць з імі, нібы з сабакамі.

У сваю чаргу і змеі з’яўляюцца нібы членамі сям’і свайго гаспадара і жывуць у хаце побач з людзьмі. Калі гаспадар куды-небудзь пайшоў і з членаў сям’і ніхто ў памяшканні не застаўся, змеі ахоўваюць хату ад чужых людзей не горш за сабаку.

Заадно яны пільна ачышчаюць жыллё ад мышэй, пацукоў і розных насякомых.

 

Трывалая дружба

У апошні час у друку пачалі з’яўляцца ўсё больш і больш цікавыя факты з жыцця і паводзін змей.

Людзі пачынаюць разумець сваю арганічную і непасрэдную сувязь з прыродай, сваю кроўную прыналежнасць да ўсяго навакольнага свету, ясней усведамляюць, што ім неабходна берагчы і шанаваць прыроду, рупліва клапаціцца аб яе захаванні, удасканаленні і нармальным развіцці. І ў людзей усё больш абуджаецца цікавасць да прыроды, асабліва да назірання за жыццём жывёл і птушак, нават і змей, якія раней заставаліся амаль зусім па-за нашай увагай.

Усё часцей даведваемся мы цяпер пра новыя і новыя факты і эпізоды, якія раней былі невядомыя і вывучэнне якіх дасць нам магчымасць лепш разумець паводзіны і жыццёвыя асаблівасці загадкавых для нас істот — змей.

Гадоў каля дзесяці назад у друку паведамлялася пра цікавы выпадак доўгай і трывалай дружбы змяі з сабакам. Здарылася гэта ў Азербайджане, на паўночным захадзе Апшаронскага паўвострава.

Чабан пасвіў авечак на паляне ў ваколіцах Сумгаіта. Яму дапамагала маладая, буйная і дужая каўказская аўчарка. Вакол паляны рос густы лісцяны лес.

Пастух прыкмеціў, што кожны дзень у адзін і той жа час аўчарка, замест таго каб спакойна адпачываць на месцы, збягае ў лес і вяртаецца адтуль не раней як праз гадзіну.

Даручыўшы прыглядаць за авечкамі свайму старэйшаму брату, які прыйшоў яго наведаць, чабан пайшоў следам за сабакам.

Неўзабаве ён пачуў радасны віск.

Рассунуўшы зараснікі, здзіўлены чабан убачыў, што аўчарка ляжыць на траве каля старога дуплаватага дуба, а па яе калматай спіне коўзаецца, звіваючыся, тоўстая шэрая змяя з бурымі плямамі.

— «Што ж гэта такое?» — здзіўлена сказаў сам сабе чабан.

Калі ён прыгледзеўся ўважлівей, то ледзь не закрычаў на ўвесь голас: «О, ала!.. Гэта ж гюрза!.. Самая небяспечная, самая атрутная, самая страшная з усіх нашых змей!»

Здранцвелы, пастух не мог варухнуцца з месца. «Сабака гуляе са смерцю! Кожную хвіліну змяя можа яго ўкусіць, і ён тут жа сканае!»

Тым часам аўчарка нічым не выяўляла, што яна баіцца.

Весела і бесклапотна гуляла яна з гюрзой, зусім не адчуваючы вялікай небяспекі.

Змяя скручвалася ў кольцы вакол шыі сабакі, а той ускокваў і падкідваў яе лапамі. Потым зноў валіўся на траву, а змяя поўзала па яго густой шэрсці.

Нагуляўшыся, аўчарка пабегла, як заўсёды, назад, а змяя запаўзла ў дупло старога дуба каля самай зямлі.

Узрушаны, чабан вярнуўся таксама да авечага гурту.

Аўчарка спакойна ляжала ў цяньку.

Калі чабан паведаміў пра ўсё брату, той ніколькі не здзівіўся.

— Ведаю я пра гэтыя забавы, — сказаў ён, усміхнуўшыся. — Калі я сам пасвіў тут гады два назад авечак, то сабака гэты быў яшчэ малы, неразумны шчанюк. У самую спёку ён залазіў у дупло старога дуба і доўга там спаў. У тое ж дупло запаўзло неяк малое, неразумнае змеяня і ўладкавалася на цёплай і мяккай шэрсці шчанюка. З таго часу яны і пасябравалі...

Выраслі абое, але сяброўства іх не спынялася. Аўчарка па-ранейшаму кожны дзень прыбягала ў адзін і той жа час да старога дуплаватага дуба, каб сустрэцца і пагуляць з вялікай і атрутнай змяёй — сябрам свайго дзяцінства.

 

Надзейны вартаўнік

Вядомы яшчэ і такі факт.

Двухметровая кобра больш як за шэсць гадоў жыла пад прыступкамі палявога дома Келіфскага стэпавага заказніка ў Туркменістане.

Змяя пільна ахоўвала хату ад незнаёмых наведвальнікаў. Калі егер, які там жыў, выходзіў з дому, змяя запаўзала ў жылое памяшканне, лажылася на канапу і нікога не пускала ў пакой. Калі хто-небудзь чужы спрабаваў увайсці, кобра ўзнімала галаву і грозна, папераджальна сіпела. Аматараў парушыць гэтую забарону не знаходзілася.

Калі жыхары дома вярталіся, змяя зноў запаўзала пад прыступкі. Як надзейны вартаўнік, ахоўвала кобра памяшканне не толькі ад чужых людзей, але і ад грызуноў.

Калі я азнаёміўся з гэтымі і яшчэ некаторымі іншымі фактамі і прыкладамі з жыцця змей, мяне цалкам пакінулі колішнія сумненні. Ёсць, падумаў я, усё ж такі і ў змей тое, што мы прывыклі называць інтэлектам, ці нешта падобнае на яго.

Не можа быць, каб у іх адсутнічала якая-небудзь сістэма, якая выконвала б функцыі мозгу. Паводзіны змей сведчаць аб тым, што яны зусім не такія няўцямныя стварэнні, як уяўлялі іх сабе людзі яшчэ не так даўно, а некаторыя нават яшчэ і цяпер.

У нас, на Беларусі, няма ні кобры, ні гюрзы, але сказанае пра гэтых дзвюх атрутных змей, як мне здаецца, стасуецца і да гадзюкі.

На жаль, пра яе такіх фактаў, звязаных з практычным вопытам, у нас яшчэ няма.

 

Карысны лекавы сродак

Змеі прыносяць людзям вялікую карысць. У медыцыне ўсё шырэй выкарыстоўваюць лекавыя прэпараты, у якія ўваходзіць змяіны яд. Ён ужываецца цяпер для лячэння такіх сур’ёзных захворванняў, як поліартрыт, радыкуліт, язва страўніка і шмат якіх іншых.

Дзівосныя асаблівасці ў змяінага яда. У адным выпадку ён забівае, а ў другім вылечвае.

З сваёй уласнай жыццёвай практыкі я даўно пераканаўся ў тым, як добра памагаюць гэтыя прэпараты, калі апанаваў цябе радыкуліт, калі парушаны кровазварот, калі баляць мышцы і косці, калі ногі проста стаміліся праз меру.

Сучасныя вучоныя працуюць над праблемай выкарыстоўвання змяінага яду для лячэння анкалагічных хвароб. Праводзяцца вопыты па выкарыстанню яду кобры для абязбольвання і яду гюрзы для папярэджання крывацёку з буйных сасудаў пры складаных хірургічных аперацыях. Але гэта яшчэ толькі першыя крокі ў справе вывучэння ўсіх цудоўных якасцей змяінага яду.

Нездарма ў часы далёкай старажытнасці змяя з’яўлялася сімвалам мудрасці наогул і медыцынскіх ведаў у прыватнасці. І ў нашы часы афіцыйным знакам медыцынскай службы з’яўляецца змяя, што абвілася вакол чары з лекавым сродкам.

Попыт на змяіны яд у лекавых мэтах і для навукова-даследчай працы расце з кожным днём. Ён патрэбны ў вялікай колькасці, а колькасць змей у свеце катастрафічна змяншаецца.

У нашай краіне існуюць спецыяльныя лабараторыі, дзе адлоўленых змей трымаюць пад наглядам у клетках ці вальерах і штомесяц атрымліваюць ад іх яд.

 

Змяя пад аховай дзяржавы

На гэтую тэму адбылася ў мяне яшчэ адна гутарка з навуковым супрацоўнікам Святланай Чычыкінай.

— Такія невялікія змеі, як нашы звычайныя гадзюкі, — сказала яна, — даюць толькі маленькую кроплю яду, а каб набраць яго адзін грам, трэба мець пад рукой дзвесце пяцьдзесят — трыста змей, бо яд пасля высушвання важыць у некалькі разоў менш, чым у натуральным стане. Таму і каштуе ён вельмі дорага — 1400 рублёў за адзін грам. Кошт адной жывой кобры — трыццаць, а гюрзы — дваццаць рублёў.

Бескантрольны адлоў і знішчэнне змей стварылі ў асобных мясцовасцях, галоўным чынам у Сярэдняй Азіі, спрыяльныя ўмовы для размнажэння шкоднікаў сельскай гаспадаркі — саранчы і розных грызуноў. Усе яны з’яўляюцца, як вядома, і пераносчыкамі небяспечных інфекцый. Гэтым і былі выкліканы меры, прадугледжаныя законам. У некаторых савецкіх рэспубліках змеі ўзяты пад ахову дзяржавы. З вінаватых у знішчэнні змей спаганяецца штраф.

Адлоў змей для лабараторый у той ці іншай мясцовасці рэгулюецца. Праводзіцца ён толькі па спецыяльных дазволах, па ліцэнзіях пад кіраўніцтвам вопытных лаўцоў-прафесіяналаў.

 

Самаадданая праца

На жаль, працяглая праца ў лабараторыях над змяіным ядам шкодзіць здароўю людзей, якія прысвяцілі сябе гэтай патрэбнай і карыснай дзейнасці.

— Я сама пераканалася ў гэтым асабіста, калі жыла ў Фрунзе і працавала ў такой лабараторыі, — сказала мне Святлана Мікалаеўна. — Праз некаторы час пачала адчуваць сябе вельмі нядобра. З’явіўся кашаль, і знешні выгляд мой змяніўся. Твар збялеў. Доўга не магла я здагадацца аб прычыне свайго хваравітага стану.

— А ўрачы? — пацікавіўся я. — Што казалі ўрачы?

Святлана Мікалаеўна паціснула плячамі.

— І ўрачы не маглі дакладна вызначыць, у чым справа. Яны не ведалі, што гэта за хвароба. Падазравалі туберкулёз. Я мусіла з лабараторыяй развітацца.

Калі ж кінула гэтую працу, то самаадчуванне мае неўзабаве палепшылася. Кашаль прайшоў. Невядомая хвароба раптам сама ад мяне адступіла. Тады я зразумела, што прычынай хваробы была мая штодзённая праца над змяіным ядам.

— А што, на вашу думку, магло непасрэдна выклікаць хваробу? — спытаўся я.

— Напэўна, паветра, — адказала Чычыкіна. — Паветра, якім мы дыхалі ўвесь час у лабараторыі. Яно было насычана выпарэннямі яду. У гэтым, як мне здаецца, і заключалася прычына хваравітых з’яў — і не толькі ў мяне адной. Загадчыку нашай лабараторыі было пяцьдзесят гадоў, а з выгляду яму можна было даць гадоў на дваццаць больш.

Падагульняючы сказанае, Святлана Мікалаеўна дадала:

— Вытворчасць лекавых сродкаў на змяіным ядзе — справа вельмі карысная для людзей, але шкодная для здароўя тых, хто працяглы час заняты ёю ў лабараторыях.

У выніку нашых гутарак я атрымаў цікавыя звесткі пра тую карысць, якую змеі прыносяць людзям, і пра нялёгкую, самаадданую і небяспечную працу, якую абралі для сябе і лаўцы змей, і даследчыкі змяінага яду ў лабараторыях.

Пакуль мы размаўлялі, ішоў дождж, які неўзабаве ператварыўся ў лівень. Цяпер ён перастаў. Неба дзе-нідзе праяснілася.

Нават выглянула ненадоўга вячэрняе сонца.

У паветры прыемна пахла вільготнай свежасцю маладой травы, мокрых ліп і клёнаў. Зямля была пакрыта лужамі.

Калі я пайшоў дахаты, было ўжо даволі позна.

«Дзіўная рэч, — думалася мне па дарозе, — чаму лаўцы змей ніколі не хварэюць?»

І сам сабе адказаў: «Мусіць, таму, што яны маюць справу з жывымі змеямі».

Сапраўды, калі лабараторны працаўнік з дня ў дзень знаходзіцца пад непасрэдным уздзеяннем змяінага яду, сядзіць над ім доўгі час нерухома, схіліўшы галаву, і дыхае ў закрытым памяшканні паветрам, насычаным шкоднымі выпарэннямі, то здароўе яго ад гэтага паступова і няўхільна псуецца, а змеялоў ніякага дачынення да яду не мае.

Ён заўсёды на свежым і чыстым паветры — у лесе, у полі, на прыродзе. І таму здаровы.

Для лаўца існуе толькі адна небяспека — укус змяі. Але гэта здараецца даволі рэдка.

У нялёгкай рабоце лаўца ўсё залежыць ад вопыту, ад вытрымкі, цярплівасці, назіральнасці, ад фізічнай загартоўкі, ад ведання звычак і паводзін змей, ад умення з імі абыходзіцца, а таксама, вядома, і ад прыродных умоў, у якіх лавец працуе.

З такімі думкамі вярнуўся я ў свой пакой.

 

Няхай змеі жывуць

Мінула некалькі дзесяткаў гадоў з таго дня, калі я апошні раз забіў гадзюку.

І за ўвесь гэты немалы час я заўсёды лічыў і лічу сваім абавязкам растлумачваць людзям — і дзецям, і дарослым, што няможна знішчаць змей, што кожнае забойства змяі — справа нядобрая, шкодная, непатрэбная.

Змеі заслугоўваюць разумных і справядлівых адносін.

Змей неабходна ахоўваць, бо іх становіцца ўсё менш і менш. Калі змеі знікнуць з твару зямлі, гэта будзе няшчасце і для людзей, і для ўсёй прыроды ў цэлым.

Мне хочацца сказаць кожнаму з вас, дарагія мае чытачы:

Не чапайце змей!

Пакіньце змей у спакоі!

Няхай змеі жывуць!

 

Вясна на Бярэзіне

 

Праз тры гады

Пасля маёй апошняй паездкі ў запаведныя мясціны над Бярозай час прайшоў як быццам зусім невялікі, усяго няпоўныя тры гады. Неадкладныя справы выклікалі мяне тады ў Мінск, і я мусіў вярнуцца дахаты раней вызначанага тэрміну, але мяне не пакідала жаданне прыехаць сюды зноў. Такая магчымасць з’явілася ў канцы 1981 года. І вось я зноў на Бярэзіне. Зноў любуюся цудоўнымі краявідамі паўночнай Беларусі.

Так, час прайшоў невялікі, але шмат што змянілася ў Бярэзінскім запаведніку. Святлана Чычыкіна перайшла на работу ў Варонежскую вобласць РСФСР, у Хапёрскі запаведнік. Займаецца хахулямі. Яны там захаваліся яшчэ на волі і жывуць у натуральных умовах.

Таццяна Паўлюшчык вось ужо два гады знаходзіцца ў Афрыцы, у Сьера-Леонэ, адкуль павінна неўзабаве вярнуцца.

У сувязі з такімі зменамі глушцы і курапаткі ў лясным гадавальніку перайшлі пад нагляд Надзеі Малюцінай, якая раней займалася толькі рабчыкамі, а цяпер — усімі трыма відамі дзікіх лясных птушак з сямейства курыных — і глушцамі, і курапаткамі, і рабчыкамі.

Зуброў у Бярэзінскім запаведніку цяпер ужо не дзесяць, як было ў 1978 годзе, а пятнаццаць, і займаецца імі па-ранейшаму, як і ўсімі іншымі ляснымі капытнымі жывёламі — ласямі, аленямі, казулямі і дзікімі свіннямі, кандыдат біялагічных навук Міхаіл Аляксандравіч Лаваў.

Але не будзем забягаць наперад. Пра ўсё гэта я раскажу вам крыху пазней, калі надыдзе час, а цяпер пачну з першага дня, у той паслядоўнасці, у якой адбываліся эпізоды маёй апошняй, чацвёртай паездкі ў лясы над ракою Бярэзінай.

 

На разліве

Прывёз мяне сюды Артур 31 сакавіка 1981 года. У той жа дзень пад вечар мы паехалі з ім на машыне па новай асфальтаванай дарозе ў сядзібу Крайцы, дзе калісьці знаходзілася дырэкцыя запаведніка. Вельмі хацелася мне наведаць гэтыя мясціны. Калі я жыў тут у 1947 і 1948 гадах, у Крайцах было ўсяго пяць-шэсць вясковых хатак на пяску сярод сасновага лесу. Цяпер гэта даволі вялікі і добраўпарадкаваны пасёлак з аптэкай, поштай, магазінам, з некалькімі дзесяткамі мураваных і драўляных дамоў — цэнтр Крайцаўскага лясніцтва. Пасярод пасёлка — малады сквер з помнікам партызанам.

Замест колішняга прымітыўнага старадаўняга шлюза з драўляным пераходам на супрацьлеглы бераг Сергучоўскага канала — новы бетаніраваны трывалы мост, па якім мы пераехалі на левы бераг. Тады гэтае месца называлася проста «Другія залазы», што азначае «Другі шлюз».

Мы паехалі па левым беразе да таго месца, дзе Сергучоўскі канал уліваецца ў Бярэзіну. Вакол цудоўная карціна веснавога разліву. Рака разлілася неабсяжна і шчодра затапіла ўсю сваю шырокую пойму.

Вялізны водны прастор!

У шэрым небе над шэрай вадой праляцелі дзве качкі-крыжанкі.

Чыстае, свежае і вільготнае паветра. Прыемна гучыць у ім бадзёрае, ажыўленае краканне качак. Дьме ў твар халаднаваты вецер.

Раптам пачулася гучнае і адрывістае:

— Крунк... крунк... крунк!..

Над намі праляцела парачка жораваў.

Усюды пераважае светла-шэры акварэльны колер. Шэрае неба, шэрыя прасторы вады, шэрая зямля, шэрыя жоравы. Толькі дзе-нідзе захаваліся яшчэ асобныя белыя плямкі снегу ды цёмнымі сілуэтамі вырысоўваюцца на шэрым фоне голыя ствалы і сучча мокрых асін і бяроз, пакуль усё яшчэ не жывых, усё яшчэ цёмных, пазбаўленых лістоты.

Дарога робіцца ўсё больш вузейшай, топкай і няроўнай. Ехаць цяжка. Мы пакідаем машыну, ідзём пешшу.

У навакольным пейзажы ўсюды пераважае вада. Толькі каля нізкіх берагоў яна яшчэ не вызвалілася цалкам ад лёду.

Далей ісці зусім немагчыма.

Мы спыніліся.

Стаім і моўчкі любуемся шырокім, бязмежным прасторам. Цьмянае чырванаватае сонца набліжаецца да захаду.

Злева за разлівам, на балоце, загрымелі трубы жораваў. Моцнымі фанфарнымі гукамі жоравы праводзяць на адпачынак дзённае свяціла. Заўтра на досвітку яны сустрэнуць яго гэтак жа ўрачыста.

Крычаць каля нас качкі-крыжанкі. І ў жораваў, і ў дзікіх качак пачаўся шлюбны перыяд, час гнездавання і сямейнага жыцця. Час наседжвання яек і гадоўлі птушанят.

Надыходзіць вячэрні змрок, але дзе-нідзе гучаць яшчэ, цяпер ужо толькі асобныя і не вельмі гучныя, нібы прыглушаныя, галасы жораваў і качак.

Мы селі ў машыну. Трэба вяртацца ў Домжарыцы.

Пра тое, як нам выбрацца адсюль і вярнуцца ў Цэнтральную сядзібу запаведніка, мы загадзя не падумалі, бо праз меру былі захоплены тым, што бачылі і чулі. А дарога па нізкай зямлянай дамбе — вузкая і топкая. Глеба вільготная. Колы машыны буксуюць. З абодвух бакоў блізка падступае вада.

Няма як павярнуць машыну, каб ехаць назад. Давялося павольна пасоўвацца задам наперад.

Цямнець пачынае ўсё прыкметней.

Вось нарэшце месца крыху шырэйшае, хоць і няроўнае, бугрыстае. Тут, здаецца, можна разгарнуцца, каб ехаць далей нармальна.

Трэба паспрабаваць.

Раз!.. І машына загрузла трывала. Колы круцяцца, аж дым ідзе. Матор надрываецца, а машына зрушыць з месца не можа. Заднія колы па той бок бугра, днішча ляжыць на бугры, а пярэднія колы ў калдобіне.

Збіраем рознае ламачча, бярозавае і альховае галлё. Кладзём пад колы ўсялякія абрубкі, плахі. Падкопваем зямлю пад брухам машыны, прыўзнімаем дамкратам то адзін бок, то другі.

І ўсё марна.

Машыну не зрушыць з месца.

Тым часам цалкам запанаваў навокал змрок. Густы, непраглядны змрок. Нічога не відаць. Захаладнела. Пайшоў мокры снег. Не чуваць больш ні жораваў, ні качак.

На гадзінніку — дваццаць тры. Неўзабаве поўнач. Холад і вільгаць павялічваюцца.

Што рабіць? Трэба начаваць.

Мы лезем у машыну. Спачатку размаўляем, чакаючы світання. Потым пачынаем драмаць.

Прачнуліся ў 5 гадзін раніцы. Вылазім з машыны і здзіўляемся. Пейзаж змяніўся за ноч непазнавальна.

Пад нагамі ў нас зямля, белая ад снегу. Над галавою — шэры туман.

Недалёка ад машыны бачу на чыстым снезе выразныя сляды янотападобнага сабакі, нібы нарысаваныя з дзівоснай дакладнасцю нейкім невядомым мастаком на чыстым аркушы белай паперы. Кожны маленькі кіпцік вырасаваны тонка, акуратна.

А вось і яшчэ адзін не менш выразны рысунак. Сляды бабра на чыстым белым снезе, што пакрывае тонкім і роўным пластам лядовую кромку каля вады. Адсюль бабёр нырнуў у ваду канала.

Бяромся зноў за работу. Настрой у нас ранішні, бадзёры і працуецца лягчэй. Галоўнае, што цяпер мы бачым і тое, што робім, і ўсё наваколле.

Праз гадзіну пасля начнога перапынку пачуліся зноў галасы жораваў і качак. Спачатку асобныя і нягучныя. Потым дружнейшыя, мацнейшыя. Да іх далучыўся аднекуль здалёку і крык шэрай чаплі.

Апошняе намаганне... і машына рушыла з месца. Мы едзем па чыстай белай парошы, але па-ранейшаму павольна і задам наперад.

Неўзабаве зноў нечаканы прыпынак.

Задняе кола трапіла ў адтуліну старой, пакінутай бабром нары. Уздоўж Сергучоўскага канала бабры нярэдка падкопваюць дарогу, якая ідзе каля самай вады. І гэта з’яўлялася часам прычынай аварый. Добра, што цяпер амаль ніхто тут не ездзіць. Нарэшце і гэтая апошняя перашкода пераадолена, і мы вяртаемся ў Домжарыцы ў адзінаццаць гадзін, прабыўшы на разліве ледзь не цэлыя суткі.

Хоць і стаміліся як мае быць, але настрой у нас прыўзняты, і ў вушах усё яшчэ гучаць сярэбраныя трубы жораваў.

Машына пад’ехала да будынка дырэкцыі, і я зайшоў у кабінет намесніка дырэктара па навуцы Міхаіла Васільевіча Кудзіна дакладна ў адзінаццаць гадзін І красавіка, як было дамоўлена ўчора раніцай.

 

Жоравы

Вярнуліся жоравы з цёплых краін яшчэ не ўсе.

Калі я выйшаў з будынка дырэкцыі, над Цэнтральнай сядзібай запаведніка з курлыканнем праляцеў у блакітным небе невялікі клін з дзевяці жораваў. Яны ляцелі даволі нізка над намі.

Следам за павадыром, які трымаўся ў кліне першым, пракладаючы напрамак, ляцелі на адным баку два жоравы, а на другім — шэсць. Чым можна тлумачыць менавіта такую няроўнасць у пастраенні кліна? Напэўна, ніхто гэтага не ведае.

Кожная сустрэча з жоравамі прыносіць мне радасць і душэўнае задавальненне. Нават калі я проста бачу іх у небе і чую так добра знаёмае, любае з маленства курлыканне.

Вось і цяпер успомніліся мне тыя далёкія, даўно мінулыя гады, калі ўпершыню давялося ўбачыць ранішнія танцы жораваў і пачуць чароўныя гукі іх сярэбраных труб.

Было гэта, праўда, не ранняй вясною, як зараз, а познім летам, і не ў Бярэзінскім запаведніку, а ў Белавежскай пушчы, але гэта не мае значэння. Я ахвотна падзялюся з вамі тагачаснымі сваімі ўражаннямі, бо яны звязаны з птахамі, якія заўсёды былі мне вельмі блізкія.

Так, жораваў я любіў з маленства.

Штогод праляталі яны над той ускраінай старога Пецярбурга, якая называлася Новай Дзярэўняй. Незлічоныя пакаленні жораваў ляцелі па гэтай нязменнай трасе на працягу тысячагоддзяў.

Змянілася з таго часу прырода, змяніўся выгляд усёй тэрыторыі. Зніклі непраходныя лясы на амаль бязлюдных берагах шырокай і паўнаводнай ракі, на берагах яе шматлікіх рукавоў і прытокаў. На месцы былых лясоў і балот вырас вялізны горад, які паглынуў навакольныя рэдкія і невялікія пасёлкі.

Памяць пра іх захавалася толькі ў назвах асобных гарадскіх раёнаў — Старая Дзярэўня, Новая Дзярэўня, Охта, Пяскі, Аўтава, — раёнаў з сучаснымі гмахамі на шумных і людных вуліцах з трамваямі і аўтобусамі, з метро і тралейбусамі, з безупынным рухам легкавых машын, а жоравы ўсё не змянялі свой старадаўні курс на поўдзень і назад на поўнач. Кожную вясну і кожную восень ляцяць яны і сёння над той жа мясцовасцю. Толькі не над лясамі, як калісьці, а над высокімі гарадскімі будынкамі, над паркамі і палацамі, гістарычнымі помнікамі старадаўняй архітэктуры і над шматлікімі фабрыкамі і заводамі, волатамі сучаснай прамысловасці.

Калі я быў малы, праляталі жоравы і над Языкавым завулкам, і над маёй ціхай Сердабольскай вуліцай з яе вялізнымі агародамі, і далей — над Выбаргскай стараной, а я стаяў у нямым захапленні і глядзеў ім услед.

У той халодны восеньскі дзень, калі я ўбачыў іх упершыню, з’явіліся над нашым домам адзін за адным тры няроўныя кліны.

Строй іх часам хістаўся, доўгая лінія хвалявалася, рабілася няроўнай, але жоравы няўхільна кіраваліся на поўдзень, уздоўж Ляснога праспекта.

— Курлы... курлы... — трубілі жоравы.

У светла-шэрым небе з блакітнымі прасветамі з’явілася сонца і асвятліла іх сваімі праменнямі, і ад гэтага цудоўныя птахі зрабіліся яшчэ больш прывабнымі. Яны здаваліся цяпер сярэбранымі, а крылы — нібыта празрыстымі.

Я не мог адарваць ад іх позірку. Радасна было мне глядзець на жораваў і адначасова сумна ад таго, што яны адлятаюць.

Высока ў светлым небе гучаў іх развітальны крык:

— Курлы... курлы... курлы...

Баявымі, бадзёрымі здаваліся мне гэтыя трубныя гукі, але адначасова адчувалася ў іх і нейкая невыказная, затоеная туга. Жоравы сумавалі, што пакідаюць радзіму.

Я бег за імі колькі мог, махаў шапкай і ўсміхаўся, бясконца шчаслівы. Гарадскі хлапчук не траціў надзеі, што, можа, і ў наступным годзе яму пашанцуе і ён яшчэ раз убачыць блізкіх сэрцу птахаў.

І сапраўды, вясною жоравы ляцелі зноў над тымі ж мясцінамі, але цяпер ужо назад. Яны ляцелі імкліва і хутка, бо вярталіся з далёкага падарожжа дамоў, на балоты Поўначы, для аднаўлення сямейнага жыцця, для таго, каб будаваць гнёзды на купінах, выводзіць і гадаваць птушанят.

Урачыстыя гукі іх баявых фанфар у веснавым паветры выклікалі ў мяне заўсёды лагодны, радасны настрой.

 

Баявы распарадак

У далейшым я даведаўся падрабязна пра жыццё і звычкі жораваў, пра іх дбайную падрыхтоўку да пералёту на зіму ў Афрыку, пра дакладны баявы распарадак у жураўліных трыкутніках.

Усё ў калектыўным палёце жораваў рацыянальна і мэтазгодна, усё — калі можна так сказаць — прадумана, прадугледжана і размеркавана да дробязей, нібы ў сапраўдным паходным баявым страі.

Кожны трыкутнік узначальвае вопытны павадыр. Ён ляціць першым, месца яго — на самай вяршыні, на самай вастрыні кліна. Адразу за ім ляцяць з абодвух бакоў два самыя дужыя пасля яго і самыя трывалыя птахі. У канцы кожнага ключа — маладыя, нявопытныя і слабыя.

Часта ўяўлялася мне, як прагучаў над балотамі сігнал павадыра і як дружна падхапілі яго дзесяткі іншых баявых фанфар, і вось ужо першы трыкутнік адарваўся ад зямлі. З разбегу, падскочыўшы два-тры разы, узнімаюцца птахі ў паветра і, не парушаючы строю, па чарзе ўзлятаюць над купінамі балоцістай лугавіны. Спачатку ляцяць яны нізка над лазняком і бярэзнікам, паступова набіраючы вышыню, і вось першы трыкутнік узняўся ў восеньскае неба над высокімі ялінамі, а за ім і другі, і трэці, і ўсе яны ляцяць у адным напрамку — на поўдзень. Ляцяць спакойна і роўна, не мітусяцца, не спяшаюцца. Рытмічна ўзмахваюць вялікімі, моцнымі крыламі. Цела ў кожнага жорава выцягнута ў адну лінію з тонкай шыяй, з прамой і вострай дзюбай, з адкінутымі назад доўгімі нагамі. Увесь ён як страла, што нястрымна імкнецца наперад.

Кожны жораў стараецца не парушыць строю, не збіцца з курсу, з нябачнай сцежкі ў паветры, якую пракладвае той, што ляціць перад ім. Калі пярэднія стамляюцца, то па чарзе, адзін за адным, пакідаюць сваё месца ў пачатку трыкутніка і прыстройваюцца ззаду — там ляцець лягчэй. Адпачыўшы, зноў займаюць сваё ранейшае месца наперадзе. Так яны чаргуюцца на працягу ўсяго доўгага і цяжкага падарожжа.

У час пералёту жоравы ляцяць і ўдзень і ўначы. Прыпынкі робяць вельмі рэдкія і кароткія ў месцах, загадзя вызначаных для кармёжкі і адпачынку. Перад тым як прызямліцца, пасылаюць наперад разведчыкаў.

 

Няўдалая спроба

Вельмі хацелася мне ўбачыць жораваў не толькі высока ў небе, але і на зямлі, на балоце, на гняздоўі. Першая такая спроба адбылася больш за шэсцьдзесят гадоў назад. Нават і не верыцца, што так даўно гэта было!

Белай чэрвеньскай ноччу блукаў я да самай раніцы па балоце ля возера Каўгала-Ярві, на Карэльскім перашыйку. Спадзяваўся знайсці гняздоўе жораваў, паглядзець на іх зблізку.

На Поўначы летнія ночы светлыя. Усё было добра відаць, нібы ўдзень, але першая спроба не ўдалася. Праблукаў я ўсю ноч, а жораваў так і не знайшоў, так і не ўбачыў.

Да непасрэднага знаёмства з пільнымі і асцярожнымі птахамі быў я тады яшчэ недастаткова падрыхтаваны. Аднаго палкага жадання, аднаго нястрымнага імкнення было мала, патрэбны былі яшчэ і вопыт і належныя веды. І гэта я тады добра зразумеў. У той час мне не было і шаснаццаці гадоў. Усё было яшчэ наперадзе. Але неўзабаве з’явіліся іншыя інтарэсы — жыццёвыя, уладныя, няўхільныя.

Жоравы, як і ўсё іншае, звязанае з вывучэннем прыроды, з непасрэднай блізкасцю да яе, адышлі на задні план, але не зніклі зусім. Яны вабілі мяне па-ранейшаму, але ўжо не так моцна, як калісьці. Мары пра іх ператварыліся ў нейкі душэўны адпачынак пасля больш важных і неадкладных, надзённых і першапачатковых спраў і абавязкаў.

Толькі ў канцы жніўня 1940 года, калі я ўпершыню наведаў Белавежскую пушчу, з’явілася ў мяне рэальная магчымасць ажыццявіць даўнюю мару.

 

Жнівеньскім досвіткам

Усё гэта прыгадалася мне, калі я ляжаў на сене ў прасторнай пуні Дзяміда Улезла і думаў пра сустрэчу з жоравамі, якая павінна была адбыцца раніцай.

— Заўтра пойдзем, паслухаем іх на балоце, — паабяцаў надоечы Дзямід. — Згода?

— Згода! — адказаў я з найвялікшай ахвотай, ледзь стрымліваючы радаснае хваляванне.

Думкі пра гэта не давалі мне спакою, і я доўга не мог заснуць, нецярпліва чакаючы світання...

Калі я нарэшце задрамаў, у пуню ўвайшоў Дзямід.

— Добрай раніцы! — сказаў ён бадзёра. — Чацвёртая гадзіна! Самы час ісці на балота.

Я ўсхапіўся і рушыў за старым егерам.

У хату мы не зайшлі. Селі адразу на фурманку і паехалі па дарозе на лясніцтва Ясень.

Неўзабаве сасновы бор змяніўся драбналессем.

Ад’ехаўшы кіламетраў каля пяці, Дзямід спыніў каня і прывязаў яго да высокай сасны. Далей трэба было ісці па вузкай і няроўнай, ледзь прыкметнай сцежцы, якая звівалася і выкручвалася між густога хмызняку. Высокая трава была пакрыта халоднай расой, і ногі нашы хутка прамоклі да каленяў.

Ішлі мы даволі доўга.

Жнівеньскія ночы цёмныя і працяглыя. Вакол усё яшчэ панавала цемра, ісці было нялёгка, але мяне падтрымлівала тое, што набліжаецца ажыццяўленне адной з маіх даўніх мар. Да таго ж я быў цяпер не адзін. Са мною вопытны праваднік, і гэта надавала ўпэўненасці. Таму я не вельмі стаміўся, калі мы з Дзямідам, пераскокваючы з купіны на купіну, дабраліся праз нейкую гадзіну да вызначанага ім месца.

Толькі тут і ёсць больш ці менш зручны подступ да лугавіны, дзе збіраюцца жоравы. З краю расце невысокі бярэзнік. Крыху далей — невялікая пясчаная выспа. Там можна нават і паляжаць на сухой глебе, як растлумачыў мне яшчэ раней Дзямід, і панаглядаць за асцярожнымі птахамі, схаваўшыся ў кустах.

Сюды мы і накіраваліся.

Вады тут менш, яна не вельмі глыбокая, і глеба не такая грузкая, а большыя памерам купіны можна лічыць параўнальна надзейнымі. Тут можна часцей знайсці трывалую апору для нагі, хапаючыся за нізкарослыя бярозкі.

 

Ажыццяўленне мары

Дабраўшыся да выспы, мы залеглі каля старой падгнілай вярбы, што ляжала на вільготнай зямлі, і, рассунуўшы даволі густыя зараснікі лазы, пачалі глядзець на лугавіну, на якой збіраюцца жоравы для сустрэчы ранішняга сонца.

Перад намі рассцілалася бясконцая роўнядзь, над якой вісеў белы туман. Дзе-нідзе паблісквала між купін вада. Зялёныя лугавінкі перамяжоўваліся з невялікімі светлымі лужынамі.

Дзікі Нікар, балотны масіў, дзе гняздуюць жоравы, раскінуўся на прасторы ў некалькі кіламетраў. Здавалася, не было яму ні канца ні краю. З цікавасцю аглядаў я прывабную для мяне мясцовасць.

Кожную вясну прадбачлівыя птахі кладуць у гнёзды на купінах зялёна-бурыя яйкі з карычневымі плямкамі, звычайна па два яйкі ў кожным гняздзе. Цяжка дабрацца да іх і лісе, і тхару — лютым ворагам і яек і птушанят, — бо гнёзды знаходзяцца далёка ад сухой зямлі. З усіх бакоў акружаюць іх вада і топкая дрыгва.

Пакуль мы аглядаліся, неяк нечакана і непрыкметна з’явілася быццам з-пад зямлі круглае чырвонае сонца. Падобнае на вялізную спелую журавіну, яно адарвалася раптам ад балота, на хвіліну павісла над травою, над купінамі і пачало ўзнімацца вышэй, над лазняком і бярозкамі.

Белы туман развеяўся, і ўсё навокал пасвятлела, праяснілася, пачало выходзіць з паўзмроку. Выступілі з туману няясныя, цьмяныя дагэтуль абрысы дрэў і кустоў, падобныя ў смузе на прывіды. Выразныя формы і колер набылі беластволыя бярозкі ў лёгкай пазалоце, невысокія зялёныя елкі і шапатлівыя асіны з трапяткой лістотай, якую прыкметна ўжо кранула чырвань, адзнака недалёкай восені.

У вільготным паветры крыху пацяплела. Рэшткі туману развеяліся амаль канчаткова. Толькі асобныя шматкі яго трымаліся яшчэ ў нізінах, але навокал усё было добра відаць.

 

Ранішні канцэрт

Раптам пачуўся шум вялікіх крылаў, і мы ўбачылі цудоўнае відовішча. На зялёную траву, упрыгожаную асобнымі познімі кветкамі, жоўтымі, белымі і чырвонымі, прыляцеў шэры жораў з пышным султанам чорнага хваста. Ён выставіў наперад чорныя ногі і з лёту апусціўся на лугавіну. Агледзеўся, страсянуўся, расправіў крылы і, прытанцоўваючы, зрабіў некалькі крокаў.

Які гэта быў цудоўны птах!

Рухі ў яго былі лёгкія і грацыёзныя, нібы ў выпрабаванага танцора. Усё, здаецца, было ў ім дасканала. Ён спыніўся, агледзеўся яшчэ раз, адкінуў галаву назад і... нібы медны горан, прарэзаў свежае паветра.

Прагрымеў першы сігнал, першы заклік і змоўк. І адразу адгукнуліся на яго яшчэ некалькі галасоў з розных бакоў.

— Затрубілі, — ледзь чутна шапнуў Дзямід, і на яго дробным, хударлявым твары з’явілася спагадлівая ўсмешка.

Прыляцелі і прызямліліся адзін за адным, амаль разам, яшчэ чатыры жоравы. За імі яшчэ некалькі. Неўзабаве на лугавіне было іх каля трох дзесяткаў.

І над сонным яшчэ балотам загрымеў трубны аркестр, разрываючы ранішнюю цішыню мажорнымі, урачыстымі гукамі.

На ўсю сілу ігралі, звінелі дзівосныя сярэбраныя і медныя трубы, а можа — фанфары ці горны? Я не ведаў, як назваць, з чым параўнаць чароўныя галасы — інструменты, якія ўдзельнічалі ў гэтым своеасаблівым канцэрце. Яны гучалі настолькі моцна, настолькі выразна, што іх, здавалася, можна было пачуць на некалькі кіламетраў.

Я быў захоплены, узрушаны гэтай цудоўнай сімфоніяй, гэтым вялікасным шматгалосым харалам, якім жоравы віталі ўсход сонца.

Забыўшыся пра ўсё на свеце, я ўважліва разглядаў іх з нашага надзейнага сховішча. Цяпер яны бегалі ў розных напрамках па невысокай, але густой, вільготнай і ярка-зялёнай траве, на якой дыяментамі зіхацелі буйныя кроплі расы. Прыгожыя, зграбныя птахі гучна крычалі і махалі крыламі.

Старых жораваў няцяжка было адрозніць ад маладых. Дарослыя былі цямнейшыя з выгляду. У маладых афарбоўка была крыху святлейшая, шаравата-дымчатая, і постаці ў іх не такога моцнага складу, не з такім гладкім і шчыльным апярэннем. Добра бачыў я ў бінокль і выразныя чырвоныя плямкі на галовах ў дарослых.

Фотаапарата ў мяне з сабою не было, і добра здымаць я ў той час яшчэ не ўмеў, але калі б я і мог, то ўсё роўна нічога б не здолеў зрабіць, бо святла было яшчэ недастаткова. Цудоўнае відовішча захавалася толькі ў маёй памяці.

Далікатныя і стройныя птахі лёгка падскоквалі, грацыёзна кланяліся адзін аднаму, закідвалі назад галовы, узмахвалі крыламі, рабілі нейкія смешныя, жартаўлівыя рухі.

— Цікава? — з яўным задавальненнем спытаў Дзямід. Сапраўдны балет! От, можна сказаць, дзівакі гэтыя птушкі! Трэба ж быць такімі комікамі!

У голасе Дзяміда гучалі цёплыя душэўныя ноткі. І я зразумеў, з якім вялікім замілаваннем любуецца стары егер жураўлінымі гульнямі, якія былі яму даўно і добра вядомы і якія ён бачыў не адзін раз.

Я нічога не адказаў. Толькі моўчкі кіўнуў галавою. Сам не мог адвесці вачэй ад прывабных танцораў. Не мог глядзець на іх без радаснага хвалявання. Нарэшце давялося мне ўбачыць з недалёкай адлегласці любімых птахаў, такіх цікавых, прыемных і цяпер, на жаль, даволі ўжо рэдкіх. Я наглядаў за іх паводзінамі, забаўнымі выхадкамі, і асалода была невыказная.

 

Жураўліная школа

Праз паўгадзіны спектакль на балоце закончыўся гэтак жа раптоўна, як і пачаўся. Усе жоравы нібы па камандзе ўзляцелі ў паветра.

Над лугавінай запанавала цішыня.

Цяпер мы смела можам варушыцца, гаварыць, абменьвацца ўражаннямі.

— Вось так яны і жывуць, — сказаў Дзямід, чамусьці ўздыхнуўшы. — Ладзяць тут на купінах гнёзды, выводзяць птушанят, а гнёзды ў іх простыя, нескладаныя. Стаіць жораў на сваёй купіне каля гнязда, як вартавы, і аглядае наваколле. Ногі ў яго, вядома, доўгія ды і шыя таксама не з кароткіх, а позірк востры, бачыць ён далёка. З купіны вельмі зручна яму наглядаць за ўсім, што робіцца на балоце. У выпадку якой небяспекі ён адразу, як толькі заўважыць нешта падазронае, дае сігнал трывогі, а голас у яго — дай божа! Чулі, які гучны? Не голас, а труба ерыхонская!..

Дзямід усміхнуўся, задаволены параўнаннем, і ўзяўся за скураны капшук з хатнім тытунём. Пасля невялікай паўзы, неабходнай для таго, каб набіць самасадам і запаліць кароткую люльку-насагрэйку, Дзямід узяўся зноў за свае тлумачэнні.

— Цяпер птушаняты ў іх выраслі, — сказаў ён далей, — прайшлі пачатковую школу выхавання. Засвоілі ўсё тое, што маладому жораву трэба ведаць у першую чаргу.

— А што яны павінны ведаць? — спытаў я.

— Перш за ўсё, як здабываць сабе самастойна корм. Потым, як ратавацца ад ворагаў. Бацькі пачынаюць іх вучыць, калі яны зусім яшчэ малыя. Паказваюць, дзе і што можна есці, як трэба знаходзіць сабе харчаванне. Вучаць малых шукаць чарвякоў пад мохам, лавіць у вадзе і ў траве жабак, есці ягады і розныя расліны. Вучаць іх бегаць, хавацца, рабіцца непрыкметнымі, пераскокваць з купіны на купіну, узлятаць у паветра. Я не адзін раз бачыў, як бацькі на гэтай лугавіне штурхалі малых дзюбамі, падганялі іх, прымушалі рухацца хутчэй, паваротлівей. Потым, калі ў маладых адраслі крылы, вучылі іх махаць імі, падскокваць і пералятаць з месца на месца.

Слухаючы Дзяміда, я неадступна гляджу ў неба.

Сонца ўвайшло ў сілу і пачало прыпякаць, хоць і хавалася час ад часу за белымі аблокамі. У паветры каля нас ляталі, нібы маленькія парашутысты, маладыя павучкі-вандроўнікі, а там, у далёкай вышыні, у халаднаватым паднябессі, планіруюць жоравы.

Шырока распластаўшы нерухомыя крылы, яны робяць у пэўным парадку вялікія кругі, нібы гуляюць у нейкім рытмічным паветраным карагодзе.

Мы сочым за іх рухамі. Уражанне такое, быццам імі кіруе нябачны майстар вышэйшага пілатажу.

— Гэта не гульні, — тлумачыць Дзямід. — Гэта жоравы пачалі сваю штодзённую трэніроўку. З кожным днём яны лятаюць усё больш і ўсё вышэй. Нядаўна пачалі практыкавацца на дальнасць палёту. Лятаюць кожны дзень пад кіраўніцтвам старых вопытных птахаў, выпрабоўваюць сілу і моц сваіх маладых крылаў. Вучацца лятаць строем у пэўным парадку, робяць розныя манеўры, нечаканыя крутыя павароты то ў адзін, то ў другі бок, выконваюць загады старэйшых. Рыхтуюцца да самай цяжкай і самай для іх адказнай жыццёвай задачы, да першага свайго выраю, да першага пералёту на зімоўку ў цёплыя краі. Пад вечар вернуцца да роднага гняздоўя, а раніцай сустрэнуць, як і сёння, усе разам усход сонца, а тады зноў возьмуцца за вучобу.

Уважліва слухаючы добразычлівыя разважанні старога егера, я адначасова з няменшай увагай назіраю за лётнымі практыкаваннямі маладых жораваў.

Адляцелі кудысьці клопаты і турботы, прывезеныя з горада. Лагодны спакой агарнуў душу. Здавалася, нічога няма на свеце, акрамя гэтага бясконцага балота і жораваў у сінім бяздонні.

«Вучыцеся, трэніруйцеся, набірайцеся сілы, — падумалася мне. — Далёкае вас чакае падарожжа. Далёкае і небяспечнае. І немалыя выпрабаванні давядзецца вам вытрымаць, шмат чаго перацярпець на шляху цераз Чорнае і Эгейскае моры. А потым і яшчэ далей, уверх па вялікай афрыканскай рацэ аж да вытокаў яе ў Эфіопіі. І, нарэшце, з надыходам вясны, паляціце вы зноў, тым жа шляхам, цяпер ужо ўніз па Ніле і далей, далей — назад, на радзіму, на балота Дзікі Нікар у Белавежскай пушчы. Вучыцеся, пакуль не позна, — хацелася мне сказаць маладым жоравам. — Пераймайце вопыт старэйшых! Ён вам неўзабаве спатрэбіцца. Можа, і не ўсе з вас вернуцца з першага вашага падарожжа. Толькі дужым і трывалым, цярплівым і смелым пад сілу такі вялікі пералёт. Толькі яны змогуць вярнуцца вясною ў родныя краі. Рыхтуйцеся да выраю! Удалай вам вучобы і шчаслівай дарогі!»

 

Дарога на Белы Лясок

Жоравы ў небе зніклі з вачэй. Адзін за адным адляцелі кудысьці за цёмную сцяну лесу на даляглядзе.

Думкі мае перапыніў голас Дзяміда, які вярнуў мяне зноў да канкрэтнай рэальнасці.

— Вось і ўсё, — сказаў ён і дадаў запытальна: — Ну, як? Можна, здаецца, і дахаты?

Мы падняліся і пакінулі наша часовае сховішча сярод лазняку на выспе.

За цікавай размовай знаёмая сцежка праз балоцістае драбналессе здалася пры дзённым святле зусім не такой ужо цяжкай і нязручнай, як нядаўна, калі мы прабіраліся па ёй вобмацкам у перадранішнім змроку.

Неўзабаве мы апынуліся там, дзе пакінулі фурманку, дзе нас цярпліва чакаў конь, прывязаны да старой сасны.

Калі мы выехалі на пясчаную дарогу з глыбокімі каляінамі, што вядзе ў Белы Лясок, надвор’е, дагэтуль такое спрыяльнае, раптам змянілася. З’явіліся аднекуль густыя і нізкія, па-восеньску цёмныя хмары, завалаклі ўсё неба і надоўга паглынулі сонца. Насустрач лінуў дождж, і нам нічога не засталося, як спыніць каня і перачакаць пад ялінамі, пакуль дождж не сунімецца.

Мы ўсё яшчэ размаўлялі пра адлёты і прылёты жораваў.

І мне прыйшлі на памяць паэтычныя радкі Адама Міцкевіча:

Когда пролетных птиц несутся вереницы

От зимних бурь и вьюг и стонут в вышине,

Не осуждай их, друг! Весной вернутся птицы

Знакомым им путем к желанной стороне.

У хату Дзяміда мы вярнуліся мокрыя і галодныя, з вялікім спазненнем, але я адчуваў сябе нібы адноўленым. Увесь час не пакідаў мяне добры, вясёлы настрой. Я быў глыбока задаволены і ўдалай сустрэчай з жоравамі на балоце, і цудоўным ранішнім канцэртам, і цікавымі гутаркамі з белавежскім егерам.

Даруйце мне міжвольнае адхіленне ад нашай асноўнай тэмы. Змест яго, як вы самі бачыце, меў непасрэднае дачыненне да папярэдняга раздзела. Вельмі хацелася мне падзяліцца з вамі тымі ўражаннямі, якія зрабіла на мяне першая мая сустрэча з шэрымі жоравамі, цяпер ужо амаль казачнымі птахамі.

Спадзяюся, што нікому гэта не пашкодзіла. А зараз вернемся зноў да галоўнай тэмы, да Бярэзінскага запаведніка.

 

На правым беразе

Праз некалькі дзён захацелася мне паглядзець яшчэ раз на разліў Бярэзіны. На тое месца, дзе Сергучоўскі канал зліваецца з ракою ва ўрочышчы Трэція залазы.

Ці ўсё яшчэ вада такая ж вялікая? Ці, можа, паменшала паводка? Ці скончылася зусім?

Якраз тады прыехаў з Мінска наведаць мяне Артур, і мы накіраваліся з ім восьмага красавіка на машыне зноў у Крайцы.

Навучаныя папярэднім вопытам, паехалі туды не пад вечар, а раніцай і машыну пакінулі на правым беразе канала.

Калісьці гэта добра знаёмае мне месца называлася Другія залазы. Там, дзе цяпер бетаніраваны мост, быў у той час стары драўляны шлюз, а ў трох кіламетрах вышэй па тым жа беразе быў такі ж самы шлюз — Першыя залазы. Пры ім служыў па сумяшчальніцтву вартаўніком егер Аляшкевіч. Тут жа, на беразе канала, стаяла і яго хаціна.

Шлюзы гэтыя даўно ўжо знялі і раскідалі, хоць і варта было б захаваць іх тут як гістарычныя выдатнасці XVIII стагоддзя, як помнікі гісторыі канала. Можна было б паказваць іх экскурсантам, якія часта прыязджаюць сюды.

Ад моста мы ідзём па правым беразе.

Уздоўж Сергучоўскага канала праходзіць граніца зоны абсалютнай запаведнасці, ці, як часцей кажуць, зоны абсалютнага спакою. Увесь левы бераг уваходзіць у гэтую зону. Пасёлак Крайцы ў яе не ўваходзіць, як і ўвесь правы бераг, па якім мы ідзём ад моста ўніз па плыні канала балоцістым лесам. Густа разросся ён за апошнія гады! Усюды высокія бярозы, асіны, яліны, чорныя вольхі, лазняк. Крыху вышэй — арэшнік, ясень. Там, дзе сушэй, — ліпы і асобныя дубы.

На беразе каля вады часта сустракаюцца шматлікія бабровыя норы з падземнымі разгаліненнямі, з выхадамі і на паверхню зямлі і ў ваду. Баброў цяпер на Сергучоўскім канале значна больш, чым было іх тут гадоў трыццаць назад.

Падыходзім да серабрыстага ручая, які ціха струменіць у канал. Недалёка ад канала ручай перагароджаны бабровай плацінай.

Мы спыніліся перад гэтым «архітэктурным» збудаваннем і здзіўляемся вялікаму майстэрству рачных баброў. Яны пабудавалі плаціну не горш, чым гэта зрабілі б людзі. Прытым без адзінага цвіка і без усякіх інструментаў, аднымі толькі зубамі і лапамі!

Па бабровай плаціне мы перабраліся на другі бок ручая. На зямлі ўсё часцей кідаецца ў вочы цёмна-зялёны памёт лася і свежы, і пасохлы. Відаць, ласёў тут нямала. У адным месцы сустрэўся памёт казулі.

Трашчаць на ўсю сілу сіваваронкі.

Даўно не чуў я гэтых «трашчотак»! Даўно не бачыў іх шлюбных гульняў у красавіку, калі «сінія птушкі» штопарам кружацца ў паветры, імкліва несучыся з паднябесся ўніз да зямлі і трашчаць, трашчаць гучна і безупынна.

На высокай бярозе сядзіць і свішча шпак.

Пры нашым набліжэнні з шумам, плёскатам і крыкам сарвалася з зараснікаў ля вады качка-крыжанка і нізка паляцела перад намі ўздоўж дарогі, спалохана лопаючы крыламі. Мабыць, наседжвае тут яйкі, а нізка паляцела перад намі, для таго каб ашукаць нас і адвесці як мага далей убок, каб мы не знайшлі гнязда. Ведаем мы гэтыя штукі!

Некалькі разоў праляталі над намі жоравы і дзікія качкі.

Паветра проста ап’яняе сваёй непрывычнай вільготнай свежасцю.

Цудоўны пейзаж — лес, вада і неба. Чым бліжэй да Бярэзіны, тым радзейшым, ніжэйшым і балоцістым становіцца лес.

З дзесяці гадзін свеціць у блакітным небе сонца і грэе ўсё мацней і мацней. Зямля на ўзвышаным беразе сухая, бо падмерзла ноччу. Цяпер пад сонечнымі праменнямі яна робіцца мякчэйшай і цяплейшай. І пахне прыемна.

Нізка над зямлёю пырхае лімонна-жоўты матылёк — крушыннік. Першы, якога я бачу сёлета.

Бадзёра і радасна спяваюць берасцянкі ледзь не на кожным дрэве. З’явілася парачка шэрых плісак.

Цудоўны час ранняй вясны!

Шамацяць пад нагамі сухія леташнія лісты. Акрамя елак, нічога зялёнага ў лесе яшчэ няма. Але вось з-пад апалай лістоты, якая тоўстым дываном пакрывае зямлю, зелянеюць нейкія маленькія свежанькія парасткі.

Падыходжу бліжэй. Гэта ж лісточкі суніцы! А вось і яшчэ адзін, і яшчэ... Іх тут многа! Маладзенькія, свежанькія і зялёненькія, яны прабіліся скрозь тоўсты пласт апалай лістоты і цяпер так цешаць наша вока! Так ярка вылучаюцца на фоне леташніх шэрых, жоўтых, карычневых і чорных апалых лістоў, як зялёныя зоркі, як сімвал непераможнага жыцця, якое штогод аднаўляецца адвечна...

Вось нарэшце і Трэція залазы. Назва ўрочышча вельмі ўмоўная, бо няма тут ужо даўно ніякіх шлюзаў, ніякіх «залазаў». І воды Сергучоўскага канала вольна злучаюцца з водамі Бярэзіны і цякуць далей разам. Узбагачаная імі, рака робіцца адсюль шырэйшай і больш паўнаводнай.

Паводка яшчэ не скончана.

Рака ператварылася нібы ў сапраўднае мора, хіба толькі што не салёнае.

Стаю і любуюся ў каторы ўжо раз вясною на Бярэзіне. Не відаць ні канца ні краю светлай воднай роўнядзі, неабсяжным водным прасторам!

Не думаў я, не гадаў, што толькі праз трыццаць тры гады давядзецца мне зноў пабываць у гэтай прывабнай мясцовасці, пахадзіць па гэтым беразе, па гэтай грыўцы, падыхаць гэтым чыстым паветрам!

 

Глушцы такуюць...

Скажу вам па шчырасці, што прыехаў я ў Бярэзінскі запаведнік не столькі для таго, каб сустрэць надыход вясны, але ў першую чаргу, каб паслухаць такаванне глушцоў.

Сёння я гэты свой намер ажыццявіў. Пайшоў да іх, у гадавальнік лясных птушак.

Амаль усе яны такуюць.

Адусюль нясецца:

— Тэк... тэк... тэк...

Набліжаюся да аднаго з лясных пеўняў.

Заўважыўшы чалавека, глушэц ідзе мне насустрач.

Спыніўся зусім блізка. Выцягнуў наперад шыю, узняў галаву. Глянуў мне ў твар бліскучымі чорнымі вачамі і... затакаваў.

Глушцовы спеў зусім не такі гучны, як мне ўяўлялася раней.

Песня гучала за песняй з кароткімі перапынкамі. Калена за каленам у звычайнай паслядоўнасці, па ўсіх правілах глушцовага вакальнага майстэрства і паводле няўхільнага этыкету такавання.

Дзіўная рэч! У гэтую мінуту глушэц глядзеў на мяне, як і на кожнага чалавека, на кожную жывёлу, на кожную птушку, на кожную жывую істоту, што да яго набліжаецца, як на свайго магчымага саперніка. Песня яго была адначасова і баявым выклікам ворагу, з якім ён быў гатовы да змагання, да спаборніцтва, і любоўным заклікам да глушыцы.

Грудка глушца пералівалася бліскучым цёмна-зялёным колерам. Ніжняя частка спіны і крылы — карычневыя. Цёмна-шэрая, амаль чорная шыя выцягнута наперад і ўверх. Такая ж цёмная і знешняя паверхня хваста, распушчанага ў час такавання веерам. З унутранага боку хвост упрыгожаны белымі круглымі плямкамі, размешчанымі роўна і сіметрычна адна за другой па цёмным фоне. Адным словам, хвост у глушца з ніжняга боку — у гарохах, як кажуць жанчыны пра такую афарбоўку адзення. Канцамі натапыраных крылаў глушэц крэсліў зямлю.

Спяваў глушэц з вялікім напружаннем усёй сваёй жыццёвай сілы. Чаргаванне дзіўных гукаў, якое бадай што і не адпавядае слову «спеў» у яго звычайным, прывычным для нас уяўленні, адбывалася ў хуткім тэмпе. Цяжка было перадаць на паперы літарамі з поўнай дакладнасцю і гукі глушцовай песні, і паслядоўнасць яе асобных каленаў. Гэта можна зрабіць толькі прыблізна, умоўна. І ўсё ж такі я спрабую запісваць іх у дакладнай паслядоўнасці, пазіраючы ўвесь час на гадзіннік.

Цярпліва і ўважліва слухаю зноў і зноў, звяраючы кожнае калена з запісамі, зробленымі мною раней.

Зафіксаваў, наколькі было магчыма, усе калены глушцовай песні.

Вось адзін з такіх запісаў:

— Тэк... тэк... тэк...

Спачатку адрывіста, рэдка, з паўзамі.

Глушэц нібы настройваецца на спеў, аглядаецца вакол. Прыслухоўваецца да кожнага гуку і нібы выпрабоўвае, правярае свой голас. Потым пачынае «тэкаць» усё часцей і часцей.

Тэмп «тэкання» павялічваецца. Песня пераходзіць у шпаркі і нястрымны пошчак. Глушца нібы панясло. Ён так захапіўся сваім спевам, так зачасціў, што забыўся аб усім на свеце. Гукі «тэкання» перайшлі ў скірчэнне ці скрогат, быццам нехта точыць адзін нож аб другі. Гэта глушэц заскрыгатаў дзюбай, а перад тым ён стукаў верхняй яе палавінкай аб ніжнюю. Потым пачулася нейкае мармытанне і бульканне — два, тры гукі, падобныя на тое, быццам нехта адкаркоўвае бутэлькі.

Пасля невялікай паўзы спеў паўтараецца спачатку.

— Тэк... тэк... тэк... тэке-тэке-тэке-тэке...

І гэтак зноў і зноў, ад раніцы і да вечара.

У час «скірчэння» глушэц нічога не чуе.

З прычыны такой асаблівасці лясны птах і атрымаў сваю назву глушэц.

Калена «тачэнне» мела калісьці асаблівае значэнне ў паляўнічай практыцы, бо захоплены спевам глушэц нічога не чуе менавіта ў той момант, калі «точыць» ці «скірчыць». У гэтыя лічаныя хвіліны паляўнічы мусіў зрабіць тры хуткія крокі, каб глушэц не пачуў, і спыніцца ў патрэбны час на адпаведным месцы. У калене «тэканне» слых вяртаецца да птаха, і паляўнічаму трэба зноў не варушыцца і чакаць наступнага «тачэння», каб паспець пасунуцца яшчэ крокі на два ці тры наперад і застрэліць ляснога пеўня ў час яго найвялікшага экстазу і поўнай безабароннасці.

Цяпер, калі паляванне на глушца ўсюды забаронена, усё гэта, зразумела, не мае ніякага значэння. Але старыя, вопытныя паляўнічыя любяць яшчэ часам з захапленнем расказваць фантастычныя байкі пра сваё ўменне «здабываць» глушца, карыстаючыся менавіта такім спосабам падкрадвацца да яго і падпільноўваць зручны момант, каб паслаць смяротны кавалачак свінца ў сэрца апантанага спевака.

Стаю, слухаю і запісваю, паглядаючы на гадзіннік. Песня глушца, усе тры калены — «тэканне», «тачэнне» і «адкаркоўванне», працягвалася ад чатырох да сямі хвілін, з якіх на долю «тачэння» прыходзілася хвіліны тры, і пасля невялікай паўзы пачыналася зноў.

Наслухаўся я гэтых песень уволю.

Потым параўнаў свае запісы на паперы з запісамі глушцовага такавання на плёнцы фанографа Надзеі Уладзіміраўны. Яны амаль нічым не адрозніваліся ад іх, амаль поўнасцю адпавядалі ім.

Такаванне глушцоў у гадавальніку не спынялася ў красавіку на працягу ўсяго светлавога часу сутак. Спяваць яны пачыналі кожную раніцу ў пяць ці ў пяць гадзін трыццаць мінут, а заканчвалі такаванне вечарам у дваццаць адну гадзіну і трыццаць ці трыццаць пяць мінут. Адным словам, такавалі ўвесь дзень ад святла да начнога змроку без перапынку.

Гэта ў гадавальніку, дзе глушцам не трэба здабываць сабе корм. А як на волі, у лясным гушчары?

— На волі, — сказала мне Надзея Малюціна, — глушцы пачынаюць такаваць звычайна ў канцы сакавіка кожны дзень з чатырох да дзевяці гадзін раніцы. Потым разлятаюцца ва ўсе бакі па сваіх жыццёвых патрэбах. Вяртаюцца на месца позна ўвечары. Прылятаюць сюды, каб пераначаваць на бліжэйшых дрэвах і на досвітку адразу своечасова, без спазнення ўзяцца за справу і распачаць такаванне.

Лясны гадавальнік я наведваў часта, амаль кожны дзень. Наглядаў за жыццём глушцоў, слухаў іх такаванне і гутарыў з Надзеяй Уладзіміраўнай.

З кожным днём усё прыкметней адчуваўся надыход вясны. На рададэндране, па-мясцоваму — багульнік, з’явіліся ўчора першыя зялёныя лісты, даволі вялікія, даўгаватыя. Формай сваёй яны нагадваюць лісты лаўра. І на другім кусце рададэндрана даурскага з’явіліся сёння зялёныя лісточкі, даўгаватыя, але маленькія, пакуль што яшчэ малапрыкметныя.

Нізка над зямлёю пырхае чорны матылёк-жалобнік. Бачу яго ўпершыню ў гэтым годзе, таксама як і двух белых матылькоў-капуснікаў, якія з’явіліся раптам аднекуль і мітусліва пырхаюць непадалёку ад жалобніку.

З-пад маіх ног спрытна выскачыла вёрткая яшчарка і знікла ў сухой траве. Ад раніцы свеціць яркае сонца ў блакітным небе і пачынае нават трошкі прыпякаць, хаця амаль безупынна дзьме халодны паўночна-заходні вецер і тэрмометр паказвае ўсяго чатыры градусы цеплыні.

Стары мой знаёмы глушэц адышоў ад кармушкі, з якой падмацоўваўся ў час кароткага перапынку, прыўзняў крылы, распусціў хвост і выцягнуў шыю. З крыху прыадкрытай, загнутай і моцнай дзюбы з сіняватым металічным водбліскам зноў пачуліся магічныя дзіўныя гукі, якія не могуць не хваляваць кожнага, у каго не згасла пачуццё замілавання да жывой прыроды. Я не магу адвесці ад спевака вачэй.

Наглядаць за глушцамі трэба асцярожна. Набліжацца да іх ціха, не рабіць рэзкіх рухаў, бо глушцы ўзбуджаюцца вельмі лёгка. Пра гэта я помню заўсёды.

Нават тыя з іх, што былі выгадаваны ў няволі, знаходзяцца часта ў стане крайняй трывогі, здавалася б, зусім беспадстаўнай, выкліканай зусім нязначнай прычынай. Асабліва здараецца гэта з імі чамусьці пад канец лета і ў пачатку восені.

Выпадковы крык птушкі, рыпенне дрэва, кожны незнаёмы і нечаканы гук можа выклікаць у глушца ці глушыцы бязмежную паніку. Яны зрываюцца раптам з месца, рэзка ўзлятаюць, мітусяцца і кідаюцца па вальеры, натыкаючыся на сетку. Адзін толькі выгляд сабакі ці гук сабачага брэху прыводзяць глушцоў у невыказны жах і роспач.

Адна глушыца загінула, перапалоханая здзічэлымі бяздомнымі сабакамі, якія гналі аленя недалёка ад гадавальніка. Яна рэзка ўзляцела і разбіла сабе галаву, ударыўшыся аб слуп у вальеры. Адначасова з ёю зламала сабе крыло з той жа прычыны яшчэ адна глухарка. Паляванне бяздомных сабак выклікала тады неверагодную паніку сярод усіх глушцоў у гадавальніку.

Глушэц, якога я слухаю, найменш палахлівы з усіх. Ён падпускае да сябе зусім блізка і не праяўляе ніякіх адзнак трывогі.

З хаты, дзе вядзецца лабараторная работа, выйшла Надзея Малюціна.

— Ці мяркуецца выпускаць у прыроду глушцоў, што нарадзіліся і выраслі ў гадавальніку? — запытаўся я. — І наогул, ці доўга яны жывуць у няволі?

— Глушцоў, якія нарадзіліся і выраслі ў вальерах ці ў клетках, мы на волю пакуль што яшчэ не выпускалі, — адказала маладая вучоная. — Яны застаюцца падвопытнымі. Глушэц, якога вы так часта слухаеце, жыве ў нас ужо восьмы год. Нічым не хварэе, увесь час здаровы. Выгляд у яго, як вы самі бачыце, добры.

— А якім спосабам здабываеце вы яйкі для інкубатара? Як знаходзіце ў лесе гнёзды глушцоў?

— Пра яйкі глушцоў, курапатак і рабчыкаў нам паведамляюць звычайна пастухі. Яны знаходзяць гнёзды, калі пасвяць жывёлу. Атрымаўшы такое паведамленне, — гаворыць Надзея Уладзіміраўна, — мы адразу накіроўваемся да таго месца, дзе выяўлена гняздо, і забіраем яйкі. Ёсць у нас для гэтага спецыяльны тэрмас, каб яйкі не страцілі ў дарозе цеплыню і не загінулі.

— Ці ахвотна паведамляюць пастухі пра знойдзеныя гнёзды?

— Ахвотна. Яны ў гэтым зацікаўлены матэрыяльна, бо таму, хто знайшоў гняздо, не крануў яго і адразу нам паведаміў, мы плацім грашовую ўзнагароду. Самім браць яйкі ім забаронена. Мы абавязкова павінны пабачыць на свае ўласныя вочы тое месца, дзе было знойдзена гняздо. Бяром яйкі толькі з такога гнязда, якое знаходзіцца пад непасрэднай пагрозай, у неспрыяльных умовах, блізка ад дарогі ці там, дзе асабліва часта ходзяць каровы і дзе яйкі могуць загінуць немінуча.

У далейшым я даведаўся, што глушцовыя гнёзды, якім пагражала небяспека, знаходзіліся ў розных, часам зусім нечаканых мясцінах. Адно гняздо было на купіне паміж сасной і двумя бярозамі. Ляжала ў ім дзевяць яек на пасцілцы з ігліцы і тонкіх сасновых галінак, з дробных пёрак і пуху глушыцы. Другое гняздо было выяўлена пад кустом ядлоўцу. Ляжала ў ім восем яек, а будаўнічы матэрыял быў такі самы, што і ў першым. Трэцяе гняздо было ля ствала сасны. Тут пад прыкрыццем нізкарослай рабіны ляжалі таксама дзевяць яек. Былі гнёзды і пад нахілам ствала крывой сасны, і пад высокай, стромкай сасной, зусім адкрытае, у трыццаці метрах ад дарогі. І ў ім было дзевяць яек. Наогул колькасць яек у гняздзе глушыцы звычайна бывае не больш дзевяці і не менш шасці. Усе гэтыя гнёзды знаходзіліся блізка ад выпасу, у непасрэдным суседстве з пастухамі, сабакамі і статкамі кароў.

Далей Малюціна паведаміла мне, што праца па штучнаму развядзенню глушцоў у Бярэзінскім запаведніку пачалася ў 1972 годзе. Былі ў той час выпрабаваны спосабы ўтрымання іх у клетках і вальерах. У 1975 годзе атрыманы першыя птушаняты ад глушыц, выгадаваных у няволі. Ёсць ужо трэцяе пакаленне глушцоў, якія нарадзіліся ў інкубатары, якія выраслі і жывуць у гадавальніку.

Яшчэ сказала мне Надзея Уладзіміраўна, што за гэты час былі атрыманы патрэбныя даныя па рэжыму штучнай інкубацыі яек, засваенню птушанятамі розных кармоў, па размнажэнню глушцоў у няволі, па марфалогіі і біяхімічнаму саставу яек, па лячэнню і прафілактыцы розных птушыных захворванняў. Даказана, што смела можна выключыць з рацыёну глушыц усіх узростаў без усякай шкоды для іх здароўя такія дарагія і цяжкадаступныя кармы, як розныя лясныя ягады, дробныя насякомыя, кукалкі лясных мурашак, якіх глушцы знаходзяць сабе на волі.

— Штучнае развядзенне глушцоў справа новая, нялёгкая, — закончыла свае тлумачэнні Надзея Уладзіміраўна. — Яно патрабуе вялікага цярпення, увагі і настойлівасці, але вопыты, якія праводзяцца ў запаведніку, дазваляюць нам глядзець на перспектывы нашай працы аптымістычна.

Пакуль мы размаўлялі, надвор’е пад канец дня пагоршылася.

Пайшоў мокры снег.

Густа падае ён з цёмных нізкіх хмар вялікімі хлоп’ямі. Быццам зіма спрабуе зноў вярнуцца, каб аднавіць сваю ўладу над прыродай, але ёй гэта, зразумела, не ўдаецца, нягледзячы на ўсе намаганні. Хоць зімовы пейзаж амаль поўнасцю і адноўлены, але гэта толькі на некаторы і прытым нязначны час. Няма на зямлі ні маладой травінкі, ні зялёных лісточкаў на кустах і дрэвах, але яны хутка з’явяцца, і ўсё ізноў будзе добра.

На раптоўнае пагоршанне надвор’я глушцы не звярнулі ніякай увагі. Не існавалі для іх як быццам ні мокры снег, ні халодны вецер. Лясныя пеўні не спынялі свайго спеву і такавалі па-ранейшаму з вялікім уздымам і натхненнем.

Я пакінуў тэрыторыю гадавальніка і пайшоў у Цэнтральную сядзібу, а ззаду ўсё яшчэ гучала непераможнае, заўзятае, баявое:

— Тэк... тэк... тэк... тэке-тэке-тэке-тэке!..

Глушцы такавалі насуперак усяму на свеце...

 

Навасёл

У гадавальніку з’явіўся наваселец.

Малады чорны бусел.

Ногі ў яго бруднавата-зеленаватыя і такога ж колеру дзюба. Гэта таму, што ён — малады. У далейшым і ногі, і дзюба будуць чырвоныя, як і ў кожнага прыстойнага бусла. Усё роўна белага ці чорнага. Ніз у яго белы. Верхняе апярэнне — шыя, спіна, крылы, хвост — чорнае, бліскучае, шчыльнае, пераліваецца зялёным, сінім і фіялетавым водбліскам.

Бусел падыходзіць да мяне і ціхенька шапоча, шчоўкае дзюбай. Я прыслухоўваюся да хуткіх і частых гукаў, якія ён выдае, амаль не адкрываючы дзюбы, нібы нешта мармыча. Дапытліва і адначасова даверліва пазірае на мяне. І мне здаецца, што ён звяртаецца да чалавека з нейкімі нявырашанымі пытаннямі, пра якія не хоча гаварыць голасна.

Чорны бусел прывык да людзей, падыходзіць да іх блізка, глядзіць запытальна і шэпча, і мармыча, мармыча безупынна.

Усё гэта ніяк не стасуецца з прывычным уяўленнем аб чорным бусле як аб палахлівым і асцярожным дзікуне, які хаваецца ў лясным гушчары, каб не трапіць людзям на вочы.

Я пацікавіўся, як трапіў бусел у гадавальнік.

Высветлілася, што нарадзіўся ён не ў гадавальніку, а на волі. Недзе шафёры знайшлі яго з пакалечаным крылом і аддалі на Віцебскую станцыю юных натуралістаў. Там вырашылі, што трэба адвезці бусла ў запаведнік, бо на станцыі цяжка будзе яго выкарміць. І вось 4 лістапада 1980 года, як сказана ў «Летапісе», што вядзецца ў запаведніку з году ў год, шафёр з Віцебска прывёз маладога чорнага бусла ў Домжарыцы і здаў яго ў гадавальнік.

Наваселец знаходзіцца пакуль што ў закрытым памяшканні, але неўзабаве яму пабудуюць асобную вальеру і ён будзе жыць на свежым паветры.

Жыць на волі ён не зможа.

Зламанае крыло зраслося ў яго няправільна, як заключыў ветэрынарны ўрач запаведніка. Лятаць ён ніколі не будзе. Яму патрэбна дапамога з боку людзей.

І гэтую дапамогу чорны бусел знайшоў.

 

Клара

У сутарэнні шматкватэрнага дома жыве бабёр.

Дакладней кажучы, не бабёр, а маладая самка бабра.

Завуць яе Клара.

У сутарэнні адгароджана і адпаведным чынам абсталявана даволі прасторнае памяшканне пад жыллё для Клары. Уваход асобны. На тоўстых дзвярах вісіць надзейны замок. Адна з унутраных сцен уся з тоўстага вітрыннага шкла. Праз гэтае шкло можна наглядаць за жыццём Клары. Электрычная лямпачка ў столі асвятляе ўсё памяшканне.

Ключ ад замка знаходзіцца ў Надзеі Малюцінай, якая жыве ў кватэры на першым паверсе дома. Штодзень яна па некалькі разоў наведвае бабрыху, корміць яе і даглядае.

Разам з Надзеяй Уладзіміраўнай я наведаў яе гадаванку.

З цікавасцю гляджу на звярка.

Футра ў Клары чорнае, гладкае, прыгожае. Яна ведае сваё імя і адгукаецца на яго, а можа, і не на само гэтае слова, а на гукі знаёмага голасу.

Калі Малюціна бярэ Клару на рукі і гладзіць па чорнай спіне, тая ласкава туліцца да сваёй апякункі, пазірае на яго чорнымі і бліскучымі вочкамі, круглымі, як гузікі, трымаецца чорнымі маленькімі лапкамі-ручкамі за рукаў жанчыны і выдае ціхія пяшчотныя гукі:

— М-м-м-м...

Такімі гукамі бабрыха выяўляе сімпатыю, адданасць, дружалюбную прыхільнасць да блізкай істоты, пачуццё прыязні і жаданне ўстанавіць кантакт.

Калі Клара чым-небудзь нездаволена ці спалохана, яна гучна шыпіць, з шумам выпускаючы паветра:

— Шу-шу-шу-шу...

Альбо:

— Ш-ш-ш-ш-ш...

З галля, якое ёй сюды прынеслі, Клара сама сабе пабудавала хатку-будан. Сваім знешнім выглядам пабудова гэтая вельмі нагадвае звычайную бабровую хатку, якіх я ў свой час так многа бачыў і на Бярэзіне, і на Сергучы, і на Смолінцы, і на Бузянцы, і на іншых рэчках запаведніка.

Не задаволіўшыся хаткай, бабрыха выкапала сабе яшчэ і нару ў кутку памяшкання, дзе ляжала зямля. Але спіць яна ўсё ж такі не ў хатцы, і не ў нары, а ў... картоннай скрынцы. Купаецца Клара ў ванне, напоўненай свежай вадою.

— Чорная яна не таму, што маладая, — сказала мне Надзея Уладзіміраўна. — Чорная будзе яна заўсёды. У каштанавых бацькоў і маленькія бабраняты каштанавыя, у рыжых — рыжыя, а ў чорных — чорныя. Клара належыць да рэдкай у нас папуляцыі чорных баброў.

Прыемна назіраць за Кларай.

Гэта вельмі рахманая, дружалюбная, прыхільная звярушка. Мець з ёю справу — радасць.

Як жа трапіла сюды чорная бабрыца? Адкуль яна ўзялася?

Прывезлі яе ў запаведнік, як я даведаўся, з Полацка. Там яна, будучы яшчэ зусім маленькім бабранём, жыла і вырасла ў людзей на гарадской кватэры.

Здарылася гэта так.

Сям’я аднаго служачага, які і цяпер жыве ў Полацку, прыехала ў пачатку мая 1980 года адпачыць у вёску Богушава Полацкага раёна. Там, на беразе невялікай рэчкі, дзеці служачага знайшлі зусім яшчэ малое і бездапаможнае бабраня. Было яно ў вельмі дрэнным стане. Піяўкі віселі на ім з усіх бакоў у вялікай колькасці. Прысмакталіся да яго трывала. Усё бабраня было аблытана водарасцямі і ледзьве дыхала. Асуджана было, відаць, на пагібель. І дзеці, якія знайшлі бабраня, і бацькі пашкадавалі яго. Ачысцілі няшчаснае стварэнне ад піявак і водарасцей, узялі з сабою ў Полацк. Нарадзілася бабраня, па ўсім адзнакам, у красавіку 1980 года.

Спачатку ўся гэтая прыгода здавалася ім вельмі забаўнай і, можа, нават прэстыжнай. Людзі часта трымаюць у хаце і сабак, і кошак, і птушак, і хамячкоў, і рыбак. А ў каго ёсць на кватэры жывы, сапраўдны бабёр ды яшчэ і не які-небудзь звычайны, каштанавы ці рыжы, а рэдкі, чорны? Усе знаёмыя здзіўляліся, захапляліся, а некаторыя нават і зайздросцілі.

Калі ж Клара вырасла, узніклі непрадбачаныя ўскладненні і цяжкасці. У Клары раслі зубы, і ёй абавязкова трэба было грызці што-небудзь. У першуючаргу яна ўзялася за мэблю. Грызла вострымі зубамі ножкі сталоў, крэслаў, шафаў і ложкаў, грызла дзверы і падаконнікі. Прычым рабіла ўсё гэта вельмі рупліва, дбайна, настойліва і паспяхова. Так, як гэта ўмеюць рабіць толькі бабры, нястомныя будаўнікі, выдатныя майстры па апрацоўцы дрэва.

Гаспадарам такая дзейнасць Клары, якая набывала з кожным днём усё больш актыўны і сістэматычны характар, вельмі не падабалася. Яны ведалі, што сама Клара тут ні пры чым. Ніякай віны з яе боку няма, бо не грызці дрэва яна не можа. Інакш зубы ў яе, як і ў кожнага бабра і наогул у кожнага грызуна, будуць расці без меры, без абмежавання, і звярушка можа загінуць. Усё гэта гаспадары бабрыцы ведалі, але трымаць яе на кватэры было больш ніяк немагчыма.

Як часта здараецца, што мы ахвотна бяромся трымаць і выхоўваць у сваёй гарадской кватэры розных зверанят, узятых з прыроды, але нічога не ведаем пра іх жыццёвыя патрэбы, не разумеем іх псіхалогію, матывы іх паводзін і ўчынкаў. З гэтай прычыны ўзнікае шмат непажаданых канфліктаў, розных перажыванняў, якія заканчваюцца часам трагічна і для звяроў і для людзей.

Параіўшыся, гаспадары адвезлі Клару да сваякоў, якія жылі ў Домжарыцах. Зрабілі яны гэта не без шкадавання, бо былі добрыя людзі і любілі сімпатычную звярушку, якая вырасла ў іх на вачах. Калі яны вярнуліся ў Полацк, сваякі аддалі бабрыху ў гадавальнік. Гэта і вызначыла далейшы лёс Клары.

Працаўнікі гадавальніка задумаліся.

Што рабіць з чорнай бабрыхай? Выпусціць яе на волю ніяк немагчыма. Яна адразу загіне, бо прывыкла да людзей і зусім не баіцца іх. Прывыкла, што людзі кормяць яе, клапоцяцца аб ёй.

Выстаўляць яе ў адкрытай вальеры ў гадавальніку таксама няможна. Браканьеры паквапяцца на яе цудоўнае, рэдкае і дарагое чорнае футра. Яны могуць забіць Клару ці выкрасці яе ноччу жывой.

Вырашылі пабудаваць ёй спецыяльную закрытую вальеру. А пакуль што няхай Клара пажыве яшчэ некаторы час у падвале дома, дзе корміць яе і клапоціцца аб ёй Надзея Малюціна.

 

Бабры

Адчуваю, што хочацца вам пачуць што-небудзь яшчэ пра баброў. Вас, мусіць, цікавіць, як жылося нашым маленькім братам увесь гэты час і як жывецца ім цяпер?

Магу задаволіць ваша жаданне.

Адразу адкажу вам з поўнай гатоўнасцю і вялікай ахвотай: з бабрамі ўсё добра. Усё як мае быць! Бабровыя справы ідуць на лад!

Пагалоўе бярэзінскіх баброў за гэты час павялічылася і нязменна павялічваецца. І прытым даволі значна.

Бабры распаўсюдзіліся паступова па ўсіх азёрах і рэчках запаведніка, а з цягам часу выйшлі і далёка за яго межы. Яны засвоілі амаль усе асноўныя вадаёмы рэспублікі, спрыяльныя для іх існавання па сваім прыродным асаблівасцям.

З тэрыторыі запаведніка бабры рассяліліся спачатку па суседніх раёнах і абласцях Беларусі, а потым з’явіліся і па-за межамі рэспублікі. Усё больш цесна становіцца ім у родных мясцінах. Вось і пакідаюць іх маладыя пакаленні баброў. З кожнай вясновай паводкай рассяляюцца яны ўсё далей і далей. Цяпер на Беларусі налічваецца больш трыццаці тысяч баброў. На тэрыторыі запаведніка баброў жыве заўсёды ў сярэднім каля пяцісот галоў. Адсюль іх увесь час вывозілі і вывозяць у значнай колькасці для рассялення па ўсім Савецкім Саюзе. Для аднаўлення іх там, дзе яны калісьці вяліся, паводле гістарычных звестак, а таксама і там, дзе прыродныя ўмовы адпавядаюць іх жыццёвым патрэбам, могуць спрыяць іх існаванню і размнажэнню.

Тысячы баброў з вярхоўяў Бярэзіны былі адлоўлены, прывезены і выпушчаны ў розных мясцінах еўрапейскай і азіяцкай частак Савецкага Саюза.

Неўзабаве пасля майго першага знаёмства з Кларай давялося мне пагутарыць і пра яе, і пра бярэзінскіх баброў наогул з навуковым працаўніком Стаброўскім, які займаецца вывучэннем гэтых запаведных звяркоў. Я падзяліўся з ім некаторымі сваімі думкамі і атрымаў ад яго звесткі, якія мяне цікавілі.

— У 1924 годзе, — сказаў Змітро Змітравіч, — на сучаснай тэрыторыі запаведніка прафесар Беларускага дзяржаўнага універсітэта А. В. Фядзюшын выявіў у маладаступнай мясцовасці дваццаць селішчаў бабра, якога лічылі поўнасцю вынішчаным не толькі на Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе і Азіі. Праз пятнаццаць гадоў пасля стварэння ў 1925 годзе Бярэзінскага запаведніка колькасць бабровых селішчаў павялічылася ў дзевяць разоў. З 1953 года пачалося рассяленне баброў бярэзінскай папуляцыі па ўсім Савецкім Саюзе.

На сцяне насупраць мяне вісіць табліца, дзе буйнымі літарамі пералічаны мясцовасці за межамі Беларусі, куды былі завезены і пераселены бабры з Бярэзінскага запаведніка.

Чытаю і запісваю ў свой сшытак:

Бранская, Валгаградская, Калінінская, Калінінградская, Кастрамская, Наўгародская, Новасібірская, Омская, Пермская, Тамбоўская, Томская, Цюменская вобласці, Краснаярскі і Хабараўскі краі, Комі, Татарская, Тувінская і Удмуртская аўтаномныя рэспублікі РСФСР, Кіеўская вобласць УССР.

За апошнія дваццаць пяць гадоў было вывезена і расселена за межамі Беларусі дваццаць пяць тысяч бярэзінскіх баброў. Гэтая канкрэтная задача, пастаўленая перад Бярэзінскім запаведнікам пры яго арганізацыі, як адна з самых асноўных, была паспяхова выканана.

Бярэзінскі запаведнік цалкам спраўдзіў сваё прызначэнне як асноўнай базы для аднаўлення спачатку рэдкага звера, які амаль зусім ужо знік, а потым і для бесперашкоднага размнажэння і рассялення яго па ўсім наваколлі і па іншых мясцовасцях, блізкіх і далёкіх.

— Агульная колькасць баброў у нашым запаведніку, — сказаў далей Стаброўскі, — была, паводле справаздачы за мінулы, 1980 год, у чатырыста восемдзесят галоў. На ўліку было сто дваццаць бабровых селішчаў. У норах жыло чатырнаццаць сямей, а ў хатках — сто шэсць.

— Ці былі сярод іх і чорныя бабры? — пацікавіўся я. — Ці сустракаюцца яны на Бярэзіне?

— Не, — адказаў вучоны. — Як вядома, афарбоўка футра ў еўрапейскіх баброў бывае розная — ад светла-бурай да цёмна-бурай і чорнай. Характэрнай рысай бярэзінскіх баброў з’яўляецца аднолькавасць іх афарбоўкі. У нас усе бабры светла-бурыя. Чорныя не сустракаюцца.

— Ці вялікія страты прычыняюць бабрам браканьеры?

— Браканьерства ў запаведніку звязана для злачынцаў, парушальнікаў закона аб ахове прыроды, з вялікай рызыкай, — адказаў навуковы супрацоўнік. — Але наогул браканьерства, у тым ліку і па бабру, развіта ў нас, на жаль, даволі шырока.

 

Начныя візіты

Па знешняму свайму выгляду Цэнтральная сядзіба запаведніка нагадвае сапраўдны сучасны горад, але мне расказалі, што мінулай зімою ўнадзіўся прыходзіць сюды, пад гасцініцу, воўк. Прывабіў яго сметнік за сталовай. Там ён падбіраў кухонныя адходы і недаедкі.

«Вось табе і сучасны горад, — падумаў я. — Вялізны будынак з усімі зручнасцямі цывілізацыі, і раптам пад вокнамі гасцініцы бадзяюцца — ваўкі!..»

Пра гэтую прыгоду я запытаўся ў Колбіна, і ён пацвердзіў тое, што я чуў ад людзей.

— Сапраўды, было такое здарэнне, — сказаў Леанід Васільевіч. — Зімою, у пачатку гэтага года, прыходзіў воўк рэгулярна карміцца на сметніку за будынкам гасцініцы. Спачатку прыходзіў адзін, а праз пару дзён прывёў з сабою яшчэ двух. Цяпер ужо трое ваўкоў пачалі наведваць сметнік за гасцініцай — стары воўк, ваўчыца і пераярак.

— Адкуль гэта вядома?

— Па слядах, — растлумачыў Леанід Васільевіч. — Паклікалі мяне, каб я паглядзеў на ваўчыныя сляды і вызначыў, колькі іх там ходзіць. Думалі, што ваўкоў многа, бо лясныя госці круціліся і тапталіся па снезе нямала. Пакінулі шмат пераблытаных слядоў. Разабрацца ў іх было для мяне задачай не вельмі складанай. Пайшоў і прачытаў па слядах, што ваўкоў было трое, — бацька, маці і малады. Прыходзілі яны кожную ноч на працягу студзеня і лютага. Падчышчалі ўсё, што ўдзень выкідвалася з кухні. Працавалі, як руплівыя санітары. Ніхто іх не бачыў. Пры набліжэнні чалавека яны хаваліся за дрэвамі, за соснамі і ялінамі, у густым маладым падлеску.

Колбін змоўк, задумаўся на хвіліну і дадаў:

— Багата ў нас ваўкоў, дужа багата. Для нашай фауны, асабліва для дзікіх капытных, ваўкі ў запаведніку вельмі шкодныя. Асновай харчавання ваўкоў трэба лічыць дзікіх капытных. Найбольш часта ваўкі здабываюць ласей. На працягу ўсяго года палююць на аленяў. Рэгулярна здабываюць маладых дзікоў. Вось вам некаторыя лічбы.

Леанід Васільевіч устаў, падышоў да шафы, палістаў свае запісы і дадаў:

— У 1979 годзе ад ваўкоў загінулі дваццаць два ласі. На тэрыторыі запаведніка ў сакавіку 1979 года ласёў было семсот сорак сем, аленяў — семдзесят, а ваўкоў у тым жа месяцы налічвалася сто семнаццаць.

— Няўжо адстрэлы не дапамагаюць?

— Адстрэлы ваўкоў праводзяцца, але толькі не ў зоне абсалютнага спакою.

Ён усміхнуўся, як заўсёды, крыху збянтэжана і закончыў:

— На сваім вяку я застрэліў сорак восем ваўкоў. Шкадую, што не болей. Лічу, што колькасць іх трэба рэгуліраваць актыўна і сістэматычна.

На гэтым гаворка наша пра начныя візіты спынілася. Зацікаўлены пачутым, я пайшоў паглядзець на ваўчыную «кармушку» пры гасцініцы.

Гэта была даволі глыбокая і шырокая яма, выкапаная ў жоўтым пясчаным грунце паміж высокімі соснамі, метрах у дваццаці ад чатырохпавярховага будынка. Двара фактычна не было. Кухня выходзіла вокнамі і чорным ходам проста ў лес, які падступае з задняга боку непасрэдна да гасцініцы.

Ваўкам было вельмі зручна падбірацца да сметніка непрыкметна. Тут, паміж соснамі і ялінамі, у густым маладым падлеску, ім было вельмі лёгка хавацца ад нечаканых сустрэч з людзьмі.

 

Мядзведзь на пасецы

Я думаў, што тэма пра мядзведзяў у Бярэзінскім запаведніку поўнасцю вычарпана раней, у папярэдніх раздзелах кнігі, але тут раптам з’явілася нешта новае. Спяшаюся, як абяцаў, паведаміць вам пра гэта.

Сметнікам цікавіліся не толькі ваўкі.

Мядзведзь таксама падыходзіў да гасцініцы. Абследваў яму з адкідамі кухні, але, відаць, не знайшоў для сябе нічога вартага.

Затое сур’ёзную ўвагу звярнуў на пладовы сад з пасекай, які знаходзіцца недалёка ад гасцініцы, каля дарогі на Крайцы.

Мінулая восень была неўраджайная на лясныя ягады, і мядзведзі пачалі наведваць пладовыя сады, пачалі там падбіраць яблыкі, грушы, слівы.

Гэты мядзведзь аблюбаваў сабе пасеку. У час першага свайго наведвання ён абхапіў у моцныя абдымкі адзін з вулляў, падняў яго і кінуў аб зямлю. Разбіў, разламаў і спустошыў. З’еў увесь мёд разам з пчоламі. На другую ноч і на трэцюю адбылося тое самае. Кожны раз яму патрэбны быў адзін вулей. За тры ночы мядзведзь разламаў і спустошыў тры вуллі. Страты даволі значныя. Што рабіць з гэтым начным злодзеем?

На пасецы ноччу не было святла. Каб адпудзіць звера, устанавілі пражэктары, якія асвятлялі сад і пасеку. Можа, гэта ўздзейнічае на мядзведзя і ён пакіне нарэшце пасеку ў спакоі?

Сапраўды, спачатку мядзведзю гэта не спадабалася. Ён не адважыўся разбіць вулей і паласавацца мёдам пры моцным электрычным святле. Вярнуўся ў лес ні з чым. Але ў наступную ноч асвоіўся, мабыць, з новымі абставінамі. Не паглядзеў на святло і знішчыў яшчэ адзін вулей.

Спрабавалі страляць у мядзведзя шротам, крычалі, шумелі, узнімалі мітусню, каб адагнаць яго, але ж і гэта не дапамагло.

Пасецы пагражала поўнае разбурэнне. Нарэшце давялося ўжыць апошнюю самую крайнюю меру, і прычым непажаданую, на якую быў атрыманы дазвол адпаведных інстанцый.

Начны наведвальнік быў застрэлены.

І тады высветлілася, што гэта быў не мядзведзь, а мядзведзіца.

Чучала мядзведзіцы паслалі ў якасці экспаната ў Сафію, на сусветную паляўнічую выстаўку, якая неўзабаве адбылася ў Балгарыі.

 

Рысь рэабілітавана

Раней рысей адстрэльвалі, як і ваўкоў. Я ведаў, што адстрэльвалі іх усюды і заўсёды, нават у запаведніках.

На знішчэнне рысі не было ніякіх абмежаванняў. Кожны мог яе забіць як і чым умеў. Але ў апошні час адносіны чалавека да гэтага цікавага, прыгожага і цяпер ужо рэдкага звера карэнным чынам змяніліся. Рысь занесена ў Чырвоную кнігу і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Пра гэта ў мяне адбылася гутарка з Колбіным, які праявіў сябе, як перакананы і паслядоўны абаронца рысі.

— Ці многа іх у запаведніку? — спытаў я.

— Хапае, — усміхнуўся Колбін. — Думаю, што набярэцца прыблізна штук дваццаць ці дваццаць пяць. Між іншым, рысь у нас цяпер не тая, зусім не тая, якой мы да апошняга часу прывыклі сабе ўяўляць. Мушу вам сказаць, што яна зусім не такое ўжо драпежнае, шкоднае і небяспечнае стварэнне, як мы лічылі раней, — сказаў Леанід Васільевіч. — Можа, рысі калісьці сапраўды былі не такія, як цяпер, бо ўмовы іх існавання былі іншыя, ці па якой другой прычыне, але ў нашы дні рысь зусім не тая, як пра яе пісалі і расказвалі.

Мяне гэта, зразумела, зацікавіла.

— На падставе чаго з’явілася ў вас такая думка? — перапыніў я Колбіна.

— На падставе рэальнага жыцця, — адказаў ён. — На падставе ўсёй маёй уласнай практыкі. Я магу сцвярджаць гэта катэгарычна, бо шмат часу прысвяціў вывучэнню рысі. Думка мая абгрунтавана фактамі і доказамі. Я магу іх вам пералічыць.

Леанід Васільевіч ажывіўся.

Закранутая тэма была яму, відаць, блізкая. Стары заолаг выказваўся з яўным захапленнем, і я ўважліва слухаў яго меркаванні.

— Рысь няшкодная таму, — сказаў ён далей, — што палюе перш за ўсё на зайцоў, а іх у нас вельмі многа. Размнажаюцца зайцы надзвычай хутка. Ад перанаселенасці сярод іх узнікаюць перыядычныя эпізаотыі. Прырода сама рэгулюе колькасць зайцоў у той ці іншай мясцовасці. Пасля эпізаотыі застаецца іх толькі некалькі штук. Потым усё паўтараецца спачатку. Масавае размнажэнне, эпізаотыя, амаль поўнае знікненне і зноў хуткае размнажэнне. У гэтым натуральным працэсе актыўная роля належыць і рысі. Яна дапамагае рэгуляваць колькасць зайцоў. Калі ёсць рысі, эпізаотыі сярод зайцоў спыняюцца і колькасць іх не перавышае нормы.

Раней часта казалі, што рысь нібыта кідаецца на сваю ахвяру з дрэва. Мне такія факты невядомы. На дрэва яна лезе, толькі ратуючыся ад сабак. Лезе для таго, каб схавацца ад пагоні. З дрэва рысь ні на каго не кідаецца. Ні на аленя, ні на лася, ні на чалавека. Усё гэта не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Такія эпізоды даўно страцілі рэальнасць. Яны існуюць толькі ў казках, у старадаўніх паданнях.

У «Летапісах» запаведніка, якія вядуцца за кожны год, не зарэгістравана ні аднаго выпадку смерці лася ці аленя ад рысі.

Колькі рысей давялося мне сцягваць з дрэва рукою за каўнер, нібы хатнюю кошку! Не чужую кошку, заўважце! Не суседскую, а сваю ўласную! Яна толькі рычыць, выскаляе зубы, бурчыць, фыркае, а ўкусіць ці драпнуць чалавека кіпцюрамі не адважваецца. Ніколі не было такога выпадку, каб рысь мяне ўкусіла ці падрапала. Я і маладых егераў навучыў браць рысь, калі трэба, рукамі.

Калі падыдзеш да рысі нечакана, яна пачынае калаціцца, як ад электрычнага току. Дранцвее ад спалоху, траціць здольнасць рухацца і супраціўляцца.

Колбін змоўк. Ён устаў з месца, прайшоўся па пакоі, спыніўся перада мною і раптам спытаў:

— Ці бачылі вы калі-небудзь у цырку, у мінскім, у маскоўскім ці ў якім іншым, дрэсіраваную рысь?

— Не, — адказаў я.

— Вы не бачылі, і я не бачыў, і ніхто ніколі не бачыў, — задаволена канстатаваў мой субяседнік. — Ні ў адным цырку няма і не было дрэсіраваных рысей. Дрэсіруюць у цырку львоў, тыграў, леапардаў, а рысь ніколі. Чаму? Не паддаецца рысь дрэсіроўцы, бо праз меру баіцца чалавека. Загоняць сабакі рысь на дрэва, можна яе браць голымі рукамі. Смела магу сказаць, што рысь для чалавека — звер абсалютна бяспечны.

Яшчэ раз магу пацвердзіць, што і на аленя рысь не кідаецца. І на ласёў таксама не палюе. Хіба толькі падлу можа з’есці, калі выпадкова знойдзе на зямлі тушу мёртвага аленя ці лася. Заяц — вось галоўная здабыча рысі. Асабліва — бяляк. Ён драбнейшы за русака. Яго лягчэй злавіць. Бяжыць і скача бяляк не так хутка і спрытна, як русак. Рысь, як кошка, бярэ зайца крадком. Падкрадзецца і кінецца на яго з ходу. Калі ўпусціць, не схопіць адразу, то даганяць не будзе. Гэта не яе справа. Будзе шукаць другога. Падпільнуе, падкрадзецца, кінецца і схопіць. Без зайца ёй ніяк не абысціся. Дзе няма зайцоў, там няма і рысі. Той, хто часта меў справу з рысямі, ведае, што не такія ўжо яны лютыя і шкодныя, як думалі і малявалі іх калісьці. Яшчэ нядаўна знішчалі рысей усюды і пры ўсіх умовах. Абароны для іх не было нават і ў запаведніках. Добра, што нарэшце агледзеліся і рысь цяпер рэабілітавана. Паляванне на яе забаронена ўсюды, — закончыў з задавальненнем Леанід Васільевіч.

 

Заолаг на вайне

Раніцай узняўся на даляглядзе за лесам ярка-малінавы дыск сонца і амаль адразу яго паглынула шэравата-бэзавая заслона, якая зацягнула ўсё неба. Але праз пару гадзін неба ачысцілася. Сонца вызвалілася поўнасцю, ярка заззяла і нястрымна свяціла ўвесь дзень у цяпер ужо сінім, чыстым і высокім небе.

Пад вечар прыйшоў Колбін і запрасіў да сябе ў хату. Учора я нікуды не выходзіў, бо адчуваў сябе дрэнна. Сёння мне палепшыла, і я вырашыў пайсці з Леанідам Васільевічам.

— У хаце не ўсё ў парадку, — папярэдзіў гаспадар, мабыць для перастрахоўкі, бо ўсё было чыста і акуратна ў пакоі, сцены якога сціпла ўпрыгожвалі некалькі лясных пейзажаў, рогі лася, чучалы глушца і цецерука.

— Трошкі запушчана, — паясніў Колбін. — Не звяртайце ўвагі. Паехала мая Аляксандра Васільеўна да сына. Вось ужо два тыдні, як знаходзіцца ў Падмаскоўі.

Гаспадар непрыкметна ўздыхнуў.

— Я спадзяваўся, што будзе Вася заолагам, пойдзе па слядах бацькі, застанецца ў запаведніку. Рыхтаваў яго да гэтага з маленства, а ён не захацеў. Паехаў вучыцца ў Маскву, ажаніўся. Працуе там цяпер інжынерам.

У словах Колбіна адчуўся лёгкі смутак.

Учора ён адсвяткаваў свой дзень нараджэння. Яму цяпер семдзесят адзін год, і ў сувязі з гэтым гутарка наша пайшла пра мінулае і сучаснае, пра хуткі і няўхільны бег жыцця. Пра тое, што давялося перажыць і ў далёкія гады, і нядаўна.

Доўга сядзелі мы за пельменямі і грыбамі, за хатнім напіткам з суніц, трускалак, агрэсту, чорных парэчак і чорнай рабіны, вельмі смачным, карысным, безалкагольным, прыгатаваным самім гаспадаром паводле ўласнага рэцэпту.

Гутарылі на блізкія нам тэмы.

Гаспадар расказваў пра сваё жыццё, пра сваю працу. Упершыню падзяліўся ён са мною сваімі ўспамінамі. Спачатку гаворка яго цякла павольна і спакойна, як ціхі лясны ручай, а потым набыла характар шырокай і глыбокай, хвалістай і струменістай ракі.

— Жыццё маё, — пачаў Леанід Васільевіч, — было не з лёгкіх, але я ім задаволены. І калі б давялося мне жыць яшчэ раз з самага пачатку, то яно, мабыць, пайшло б ізноў тым самым шляхам. Я — заолаг. І такім заставаўся ўвесь час, за выключэннем толькі чатырох гадоў, якія паглынула вайна.

— Дзе вы атрымалі адукацыю? — спытаў я. — Дзе вучыліся?

— Інстытут, у якім я вучыўся, — удакладніў Леанід Васільевіч, — называўся Усесаюзны пушна-футравы інстытут Міністэрства знешняга гандлю. Калі я перайшоў на трэці курс, ён быў перайменаваны ва Усесаюзны заатэхнічны інстытут Міністэрства сельскай гаспадаркі. Любімым маім настаўнікам быў прафесар Пётр Аляксандравіч Мантэйфель. Яго кансультацыямі я карыстаўся заўсёды. На першы курс інстытута я паступіў у 1935 годзе. Паступіў не выпадкова, не куды давялося, а па свядомаму выбару, бо хацеў вучыцца толькі тут. Гэта было маё жаданне, маё нястрымнае імкненне, мая запаветная і, як мне тады здавалася, амаль недасяжная мара яшчэ з маленства. Закончыў я інстытут з дыпломам біёлага-паляўніцтвазнаўцы і заатэхніка-зверавода вышэйшай кваліфікацыі. Быў накіраваны на Алтай, у адзін з аймакаў Айроцкай аўтаномнай вобласці. Там з захапленнем займаўся вывучэннем і рассяленнем вавёркі-целяуткі. Яна лічыцца самай буйной і самай лепшай з усіх вавёрак у Савецкім Саюзе. Зімою ў яе самае пышнае, цёплае і прыгожае светла-шызае футра. Працаваў і па акліматызацыі на Алтаі баргузінскага собаля. Ён там добра прыжыўся, бо на Алтаі шмат кедравых арэшкаў, а собалю яны якраз і патрэбны. Вось такімі справамі я займаўся на Алтаі да самай вайны.

Мабілізавалі мяне 24 чэрвеня, і з таго дня — увесь час на перадавой. Ваяваў на Заходнім фронце ў 1941 годзе, на Сталінградскім у 1942 годзе, на далёкіх подступах да Масквы ў 1943-м. Потым — пад Варшавай, пад Кёнігсбергам, пад Берлінам, увесь час у баях. Пасля 1943 года заўсёды ў добраахвотных разведвальных і штурмавых групах.

На вайне заўсёды мне дапамагала веданне прыроды, уменне прыстасавацца да кожнай канкрэтнай мясцовасці, выкарыстаць асаблівасці ландшафту, усе яго найдрабнейшыя дэталі. Тут кусцік, там узгорачак, а далей — ямка, невялікае паглыбленне, а за ямкай дрэва, далей рэчка. Усё мне было да патрэбы, як таму зайчыку ці лісіцы. Усё я бачыў, усё заўважаў. Дзе можна прытаіцца, схавацца часова, дзе зручна адкрыць раптоўны агонь, дзе зрабіць перабежку, дзе пасунуцца трывала наперад. Вельмі мне былі тут дарэчы мае навыкі прыродазнаўцы, заолага. Здольнасць нічога не прапусціць міма вачэй і вушэй. Здольнасць прыкмеціць і ацаніць кожную дробязь.

Камандаваў я тады ротай. Меў званне старшага лейтэнанта. І начальства мяне хваліла за тое, што заўсёды ў час баявых дзеянняў пры добрых выніках былі ў мяне найменшыя страты сярод байцоў. Але ўсё, як кажуць, да пары да часу. Усё мае свой канец.

Восем разоў быў я паранены і адзін раз забіты, — жартуе стары ветэран. — Было гэта пад Сталінградам. Мы ішлі ў наступленне. Нас суправаджалі шэсць «кацюш». Варожы агонь быў знішчальным, пякельным, іншага слова і не падбярэш. Раптам я адчуў, быццам нейкая нябачная сіла падкінула мяне ў паветра. Мне здалося, быццам я ўзляцеў метраў на пятнаццаць вышэй ад зямлі. Паспеў толькі падумаць: «Гэта ж я забіты!» — і адразу страціў прытомнасць, апынуўся ў небыцці, нібы праваліўся ў нейкае бяздонне. Трое сутак я праляжаў у непрытомнасці. Потым высветлілася, што мяне падабралі на адну з «кацюш». Век не забуду гэтага.

Здалі мяне, непрытомнага, у нейкі палявы шпіталь. Там здолелі мяне вылечыць. Дзе трэба, падцыравалі, дзе трэба, падзалаталі. Адным словам, адрамантавалі і паставілі на ногі. Тым часам у маім палку, які пасунуўся далёка наперад, палічылі, што няма мяне больш на белым свеце. Маці мая атрымала «пахаронку» з паведамленнем аб тым, што я загінуў геройскай смерцю, а я ўжо зноў ваяваў на перадавой, але ў другой стралковай часці.

Пасля заканчэння вайны, пасля перамогі, захацелі мяне накіраваць на вучобу ў ваенную акадэмію, але я адмовіўся. Заставацца ў арміі, быць кадравым вайскоўцам я не меў намеру.

Была вайна, я ваяваў. Трэба было абараняць Радзіму. І я абараняў, не шкадуючы жыцця. Ваяваў з уменнем, аддаючы гэтай цяжкай працы ўсе свае сілы, усе свае здольнасці і веды. Гэта было неабходна. Гэта быў мой доўг, мой абавязак, і я выконваў яго з усёй шчырасцю і адданасцю. Калі ж вайна скончылася, я не хацеў заставацца ў арміі. У мірны час я павінен працаваць па сваёй любімай прафесіі. Я зразумеў, што трэба цяпер усімі сваімі сіламі, усімі сваімі спецыяльнымі ведамі дапамагаць народнай гаспадарцы.

 

Любімая прафесія

І яшчэ паведаміў мне Колбін.

— Любоў да прыроды, гэта ўсё роўна як любоў да дзяўчыны. Яна авалодвае табою цалкам. Захоплівае цябе ўсяго. Ты можаш не есці і не спаць. Ты нікога і нічога не баішся. І ў імя гэтай любові гатовы пераадольваць усякія цяжкасці і нягоды, нічога не патрабуючы ўзамен. І гэта — на ўсё жыццё.

Сказаў так Леанід Васільевіч, і я здзівіўся, наколькі яго выказванні блізкія мне самому. І я заўсёды адчуваў і адчуваю тое самае на працягу ўсяго жыцця. Прырода і мне дапамагала жыць, падтрымлівала мяне ў цяжкія мінуты, прысутнічала ў маіх творах, надавала новую сілу ў змаганні і ў пераадольванні нягод. Яна ўвесь час заставалася для мяне нязменным, надзейным прытулкам. Прырода вылечвала мае самыя цяжкія душэўныя раны.

Я слухаў ветэрана запаведніка з неаслабнай увагай і спачуваннем. Кожнае яго слова знаходзіла ў маёй душы жывы водгук і выклікала шчырае хваляванне.

— Так, — сказаў Колбін пасля невялікай паўзы, — жыццём сваім я задаволены! Як яно склалася, так і добра. Усё ішло ў асноўным, як я хацеў. Яшчэ юнаком я даў сабе клятву, што не дакрануся да дзяўчыны, пакуль сапраўды не палюблю яе і не ажанюся. Клятву гэтую я стрымаў, нягледзячы на вайну і на розныя спакусы. Лічу, што і тут мне пашанцавала, бо жонка мая сапраўдны анёл. Нікога і ніколі я не любіў, акрамя яе. Ва ўсім астатнім я ў першую чаргу — заолаг, спецыяліст-паляўніцтвазнаўца і заўсёды працаваў і буду працаваць толькі ў гэтай галіне. Гэта — маё прызванне, мэта ўсяго майго жыцця. Так я думаў у маладыя гады, так думаў заўсёды, так думаю і цяпер, на схіле сваіх гадоў.

Леанід Васільевіч задумаўся і пасля невялікай паўзы дадаў:

— Дэмабілізаваўшыся, я адразу пайшоў ва Упраўленне аховы прыроды, запаведнікаў і паляўнічых гаспадарак. Атрымаў прызначэнне ў Бярэзінскі запаведнік. Тут і працаваў увесь час, пакуль не выйшаў на пенсію. Тут і застануся да канца жыцця.

Смела магу сказаць, што нікога я не крыўдзіў, нікому не рабіў зла. Звяры і птушкі нязменна прыцягвалі ўсю маю ўвагу. У запаведніку я вывучаў асаблівасці жыцця і паводзін выдры, потым — янотападобнага сабакі і, нарэшце, рысі. Шмат сабраў пра іх розных цікавых матэрыялаў. Шмат назіранняў запісаў у сваіх палявых дзённіках, якія вёў увесь час. Дзённікі свае я пакіну сыну. Хай робіць з імі што хоча.

 

Ворагі прыроды

— Ёсць у Бярэзінскім запаведніку лясы, якія ніколі не ведалі і не ведаюць, што такое сякера, — сказаў далей Колбін. — Абсалютна некранутыя лясы. Я шчаслівы, што дапамог іх захаваць. Абараняў іх раслінны і жывёльны свет. Дзеля гэтага ніколі не лічыўся са сваімі асабістымі інтарэсамі. Не шкадаваў ні часу, ні здароўя, рызыкаваў жыццём.

— Нават жыццём?

— Так, і жыццём. Ці мала чаго было? Ці мала з якімі нягоднымі людзьмі, і дурнямі, і злоснымі драпежнікамі, і нахабнымі прайдзісветамі, і ўвішнымі раскрадальнікамі багаццяў прыроды даводзілася мець справу і цярпець ад іх розныя бядоты? Я ніколі не адступаў ад сумлення і справядлівасці, ад прынцыповасці. Ніколі не ішоў на кампрамісы.

Колбін сказаў гэта мякка, далікатна, нібы просячы прабачэння за сваю просталінейнасць, але адначасова рашуча і непахісна.

— Не адзін раз пагражалі расправіцца са мной браканьеры, але ж гэта нялёгкая справа... І вопыт вайны ў мяне вялікі, і вопыт паляўніцтвазнаўцы. Няма як падступіцца!

Леанід Васільевіч усміхнуўся лагодна, але адначасова і з пачуццём уласнай годнасці. Твар яго зноў набыў сур’ёзны, засяроджаны выраз: — Ды ці варта пра ўсё гэта ўспамінаць? Часам пытаюцца ў мяне, як гэта не страшна мне па некалькі сутак блукаць аднаму ў дзікай лясной чашчобе? А каго мне там баяцца? Ваўкоў? Яны могуць быць небяспечнымі толькі ў студзені ці ў лютым, калі ў час зімовай бяскорміцы бадзяюцца зграямі, галодныя і злыя. Мядзведзя я даўно перастаў баяцца. Рысь навучыўся браць, калі трэба, голымі рукамі. Дык каго ж мне баяцца ў лесе?

Ён паглядзеў на мяне і сам адказаў:

— Толькі злачынных людзей, браканьераў! Яны сапраўды ўсюды і заўсёды могуць быць небяспечныя. Але ж я не рысь! Да таго ж у лесе пры мне заўсёды стрэльба, а з ёю мне ніякі браканьер не страшны. Гэта ж яны, ліхія людзі, павінны мяне баяцца, а не я іх, бо на маім баку і праўда і закон. Думкі пра гэта заўсёды мяне падтрымлівалі і супакойвалі, давалі мне вялікае задавальненне. Заўсёды мая работа была маім прызваннем. Яна была для мяне вышэй за ўсё астатняе.

— А як з браканьерамі цяпер? — спытаў я.

— Цяпер толькі за адно парушэнне запаведнасці, за пранікненне ў забароненую зону без дазволу — штраф у пяцьдзесят рублёў. Не кожнаму хочацца плаціць.

Колбін усміхнуўся і дадаў не без іроніі:

— Але ўсё ж бываюць яшчэ часам і такія выпадкі, што прыедуць ноччу на машыне невядомыя людзі, аслепяць звера фарамі і б’юць, бездапаможнага. Не паляўнічыя, а забойцы! З такімі змагацца нялёгка.

У голасе Леаніда Васільевіча пачуліся нядобрыя ноткі, поўныя справядлівага абурэння.

Тое, што я пачуў ад ветэрана запаведніка, не было для мяне навіною. Я ведаў нямала розных сумных эпізодаў, якія выклікалі і гнеў, і абурэнне. Шматлікія канкрэтныя і, на жаль, вельмі характэрныя эпізоды парушэнняў закона аб ахове прыроды яшчэ больш пераконвалі ў тым, што асноўнай бядой, асноўнай небяспекай у высакароднай справе аховы прыроды з’яўляюцца браканьеры — «ліхія людзі», як кажа Колбін, злачынцы, ворагі, з якімі неабходна весці самую суровую, самую непрымірымую, паслядоўную і сістэматычную барацьбу.

За гутаркай час ляцеў хутка.

Было далёка за поўнач, калі я развітаўся і выйшаў з катэджа, у якім жыў Колбін.

 

Бярэзінскія зубры

 

А што з зубрамі?

Вярнуўся я з чарговай вылазкі ў лес і задумаўся.

А што з зубрамі?

Ёсць жа цяпер зубры не толькі ў Белавежскай пушчы, але і ў Бярэзінскім запаведніку!

Як адчуваюць сябе на новым месцы пушчанскія волаты, прывезеныя сюды і выпушчаныя тут на волю?

Як прыжыліся зубры ў лясах над Бярэзінай?

Трэба ж цяпер пацікавіцца і імі.

Перш за ўсё неабходна даведацца пра гісторыю з’яўлення зуброў у запаведніку, пагутарыць з навуковымі работнікамі і леснікамі, азнаёміцца з хронікай іх назіранняў. Трэба пабачыцца і з самімі зубрамі.

Прыступіць да ажыццяўлення задуманага я вырашыў неадкладна.

На лаўца, як кажуць, і звер бяжыць. Нібы знарок сустрэўся я выпадкова каля гасцініцы ў той жа дзень увечары і пазнаёміўся з чалавекам спартыўнага выгляду, у кепцы, скураной тужурцы і джынсах.

Гэта быў кандыдат біялагічных навук Лаваў.

У Бярэзінскім запаведніку ён працуе чатыры гады. Вывучае капытных жывёл, у тым ліку і зуброў.

Адразу пра іх і пачалася ў нас размова.

Міхаіл Аляксандравіч сказаў мне, што першыя пяць зуброў былі прывезены сюды ў 1974 годзе. Другую партыю, у колькасці васьмі галоў, завезлі ў 1976 годзе.

Неўзабаве жыццё паказала, што прыродныя асаблівасці запаведных лясоў у вярхоўях Бярэзіны не цалкам адпавядалі нармальным умовам існавання зуброў. Лясы ў Бярэзінскім запаведніку — таежнага тыпу. Занадта многа тут і вялікіх балот, і вільготных нізін, а зубры любяць мясцовасць сухую, узвышаную, з лясамі, у якіх пераважаюць дуб, граб, клён, ясень.

Балотную расліннасць яны не любяць. Ім патрэбны травы лугавыя і лясныя.

Не могуць зубры жыць і без кары. Ім неабходна, каб у склад харчавання абавязкова ўваходзіла кара розных ліставых дрэў і асабліва кара граба.

Зубр — жывёла вельмі дужая, магутная і важкая, імклівая і напорыстая. Ён мае патрэбу ў руху. Прайсці за дзень якія сто кіламетраў для яго — справа вельмі лёгкая. Бегчы зубры могуць імкліва і шпарка, як лавіна.

Выявілася, што тэрыторыя Бярэзінскага запаведніка з яго шматлікімі балотамі, рэчкамі, азёрамі і вільготнымі нізінамі — нязручная для перасоўвання зуброў. Паводле сваіх прыродных асаблівасцей, яна не можа поўнасцю задаволіць жыццёвыя патрэбы зуброў не толькі ў сэнсе нармальнага харчавання, але і перасоўвання.

Мы ведаем, што і ў старажытныя часы зубры вяліся на Беларусі не ўсюды, а толькі ў мясцовасцях з памяркоўным кліматам, сярод вялікіх шыракаліставых лясоў. Там, дзе асаблівасці прыроды цалкам адпавядалі іх жыццёвым патрэбам.

 

Блуканні скончыліся

Апынуўшыся ў нязведаных лясах, зубры пачалі блукаць па наваколлі, знаёміцца з мясцовасцю, вывучаць абставіны.

У пошуках лепшых участкаў яны выйшлі за межы запаведнай тэрыторыі. Безупынна вандравалі з месца на месца. Нідзе не затрымліваліся.

Нарэшце аблюбавалі сабе як найбольш зручнае месца для сталага жыхарства ўзвышаную мясцовасць з шыракаліставымі лясамі на паўднёвым усходзе ад Бярэзінскага запаведніка і спыніліся там надоўга.

Блуканні зуброў скончыліся. Яны знайшлі сабе тое, што было ім патрэбна.

— Дзе знаходзіцца тая мясцовасць? — запытаўся я. — Ці далёка гэта ад запаведнай тэрыторыі?

— За межы запаведніка зубры выйшлі кіламетраў на трыццаць — сорак за вёску Броды ў бок Барысава, — удакладніў Лаваў. — Пераплылі Бярэзіну і жывуць цяпер на землях, якія належаць калгасу «Камінтэрн». Выбралі сабе для кармёжкі некалькі лясоў і пералескаў сярод палёў, лугоў і пладовых садоў. Там яны і трымаюцца адным статкам. Без сур’ёзных, жыццёва важных прычын мясцовасць сваю не пакідаюць.

Статак мае свой пэўны ўчастак, памерам каля дзесяці кіламетраў у дыяметры. На чале зубрынага статка знаходзіцца звычайна старэйшая па ўзросту зубрыца, найбольш вопытная і дужая. Складаецца статак з маладзейшых зубрыц і зубранят. Самец трымаецца асобна ад зубрыц да надыходу шлюбнага перыяду, гону, які адбываецца ў жніўні-верасні. Увесь гэты час зубр знаходзіцца пры статку. Пасля сканчэння гону самец пакідае зубрыц з зубранятамі і пасвіцца адзін непадалёку.

 

Адзінокія вандроўнікі

Здараецца і так, што адзінокі зубр адыходзіць ад статка на даволі далёкую адлегласць, але праз некаторы час вяртаецца зноў да сваіх родзічаў і ходзіць недзе паблізу.

У пачатку зімы 1977 года адзін такі зубр з’явіўся раптам аж на беразе возера Нарач, у ваколіцах вёскі Баравое, у людным курортным месцы. Там яго частавалі хлебам рабочыя, якія працавалі на будаўніцтве дзіцячага санаторыя.

Другога зубра бачылі ў Смаргонскім раёне. Ён падыходзіў два разы да лесніковай хаты каля вёскі Белькаўшчына. Ляснік змайстраваў для госця кармушку і паклаў туды сена. Зубру спадабаўся пачастунак. На другі дзень ён ізноў прыйшоў да кармушкі, якую ляснік на гэты раз напоўніў кармавымі буракамі.

З таго часу зубр пачаў наведвацца сюды кожны дзень, у адну і тую ж гадзіну. Пад’еўшы, вяртаўся ў лес, але аднойчы бачылі яго людзі ў полі, дзе ён пасвіўся побач з калгаснымі каровамі.

Праз некаторы час зубр знік, таксама як і той, што перад тым гасцяваў на Нарачы. Мабыць, вярнуўся да месца свайго сталага жыхарства.

Ці прыйшлі, бадзягі, і зубр на беразе Нарачы, і зубр у Смаргонскім раёне, з Бярэзінскага запаведніка?

Невядома.

А можа, не было двух асобных зуброў, а быў адзін і той жа зубр, які наведваў то адну, то другую мясцовасць?

Таксама невядома.

Можна толькі цвёрда сказаць, што пры сустрэчах з людзьмі ў час сваіх далёкіх вандровак адзінокія зубры не праяўляюць ні страху перад чалавекам, ні варожых да яго намераў.

 

Зубрыца Мона

Леснікі і егеры назіраюць за такімі перасоўваннямі адзінокіх зуброў наколькі гэта магчыма, бо ў сваёй службовай дзейнасці яны абмежаваны тэрыторыяй запаведніка, а для вольнага зубра законы, вядома, не пісаны. Зубр можа ісці, куды захоча. Граніцы для яго не існуюць. У сваіх перасоўваннях, у пошуках зручнага месца для сталага жыхарства, зубр кіруецца толькі наяўнасцю ў дастатковай колькасці тых ці іншых раслін — дрэў, траў, кустоў, неабходных для харчавання. Вялікія адлегласці зубра не палохаюць.

У адным з дзённікаў, якія вядуць леснікі і егеры, запісана, што зубрыца Мона ўзімку 1976 года прыйшла ў зверасаўгас «Беларускі», а знаходзіцца гэты саўгас у Людзінаве на Вілейшчыне, за сто кіламетраў ад граніцы запаведніка.

Што ёй там спадабалася, чаму яна прыйшла менавіта сюды, чаму вырашыла застацца ў гэтай мясцовасці, ніхто не ведаў і ведаць, напэўна, ніколі не будзе. Была яна ў вельмі нядобрым стане — схуднелая, зняможаная. Нялёгка ж такому буйнаму стварэнню перажыць зімовую бяскорміцу ў заснежаным лесе! Апрача ўсіх іншых бядот у зубрыцы быў яшчэ і пашкоджаны рог. З яго быў здзёрты рагавы чахол, і пашкоджанне гэтае яшчэ не загаілася.

Па просьбе дырэкцыі саўгаса і школы зубрыцу пакінулі на агароджаным участку фермы, у гадавальніку дзікіх звяроў, арганізаваным пры цэнтральнай сядзібе саўгаса.

Тут у маі 1977 года на ўчастку, выбраным пры ўдзеле супрацоўнікаў запаведніка сярод бяроз і ялін, пабудавалі для зубрыцы асобны загон плошчаю ў паўтара гектара, агароджаны металічнай сеткай. Забяспечылі зубрыцу ўсім патрэбным ёй харчам, і так званая Мона хутка паправілася. Пад канец года яна набыла нармальны, здаровы і ўкормлены, выгляд.

Утрыманне зубрыцы ў зверасаўгасе праходзіла пад наглядам супрацоўнікаў запаведніка.

Цяпер адзіны яе абавязак — быць жывым наглядным экспанатам для тых, хто наведвае зверасаўгас.

 

Зусім не Мона, а Гайна

Мяне зацікавіла, якім чынам трапіла зубрыца Мона ў зверасаўгас «Беларускі»? Звычайна ў далёкія падарожжы ідуць адзінокія зубры, а тут чамусьці — зубрыца! Што прымусіла Мону пакінуць свой статак і пайсці ўпрочкі так далёка, аж у Вілейскі раён?

Хто ж яна такая?

Трэба праверыць!

З афіцыйных дакументаў я даведаўся, што нарадзілася белавежская зубрыца Мона ў 1970 годзе. У запаведнік яе прывезлі 20 сакавіка 1974 года разам з яе аднагодкай зубрыцай Монстрай. Незадоўга перад тым, 10 лютага, у тое ж месца былі прывезены і выпушчаны ў лес зубрыцы Маніста, таксама 1970 года нараджэння, і Матыжка, 1971 года, а яшчэ праз пяць дзён прывезлі і белавежскага зубра Моманта, які нарадзіўся ў 1969 годзе. Усе яны разам, адзін зубр і чатыры зубрыцы, і склалі першую групу зуброў-перасяленцаў, завезеных для жыцця і размнажэння на волі, на тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка.

Група гэтая была падабрана ўдала і ў далейшым з’явілася асновай усяго пагалоўя бярэзінскіх зуброў.

Мона ўвесь час знаходзілася ў сваім статку, які ўзначальваў зубр Момант. Здавалася спачатку, што ўсё ясна. Але неўзабаве высветлілася, што Мона ў зверасаўгасе зусім не Мона.

Справа ў тым, што 7 кастрычніка 1976 года з апошняй групай зуброў, прывезеных у запаведнік, павінны былі быць дастаўлены зубрыцы Малдаванка і яшчэ адна Мона, маладзейшая за тую першую Мону, пра якую ў нас толькі што ішла гаворка. Замест Малдаванкі памылкова была завезена белавежская чыстапародная зубрыца Гайна.

Не даязджаючы сарака кіламетраў да месца выпуску, недалёка ад знаёмага мне сяла Нешкава, адбылося нечаканае здарэнне. Пазней казалі, што ў лесе, каля самай дарогі, зароў мядзведзь. Зубрыца Гайна спалохалася, разламала транспартную клетку, у якой яе везлі, выскачыла з машыны і ўцякла. Пры гэтым яна пашкодзіла сабе рог. З яго быў здзёрты рагавы чахол. Праз некалькі хвілін Гайна знікла ў супрацьлеглым баку лесу. Той, хто суправаджаў зубрыц, сказаў, што ўцякла нібыта Мона. І гэта зноў была памылка. Новую Мону без прыгод давезлі да месца выпуску, дзе яе прынялі як Гайну.

Тым часам зубрыца з пашкоджаным рогам апынулася ў цэнтральнай частцы запаведніка. На другі дзень бачылі яе каля вёсак Пераходцы і Крайцы. Потым сляды яе былі згублены і пра далейшы лёс зубрыцы нічога не было вядома, пакуль у дырэкцыю запаведніка не прыйшло ў снежні 1976 года паведамленне аб тым, што ў зверасаўгас «Беларускі» з’явілася невядома адкуль зубрыца з пашкоджаным рогам.

Відаць, гэта і была Гайна, якую памылкова палічылі спачатку за Мону.

Што датычыцца сапраўднай Моны, той Моны, якая была завезена сюды ў 1974 годзе з першай групай зуброў, то яна свайго статка не пакідала. Але яе напаткаў трагічны лёс. Разам са сваёй аднагодкай і сяброўкай Маністай яна была забіта браканьерамі, каб іх зямля не насіла! Было гэта прыблізна ў той час, калі Гайна блукала недалёка ад зверасаўгаса, шукаючы прытулку ад зімовай сцюжы і голаду.

Пра смерць Моны і Маністы я прачытаў у афіцыйнай даведцы: «4 лістапада 1976 года каля вёскі Новае Сяло ў Зембінскім лясніцтве Барысаўскай лясной гаспадаркі былі знойдзены дзве забітыя зубрыцы, адна з якіх была падсоснай. Зубрыцы былі па-зверску расстраляны браканьерамі з машыны. Даследаваннем злачынства займаўся РАУС Барысаўскага райвыканкома. Звесткі аб выніках следства ў запаведнік не паступалі і да гэтага часу (да сакавіка 1978 года, калі была напісана даведка. — В. В.). Паколькі зубрыцы не мелі пэўных адзнак, імёны іх былі вызначаны прыблізна — Мона і Маніста».

Такім чынам, сапраўдная Мона загінула.

Тым не менш Гайну і да гэтага часу называюць Монай. Цяпер гэта, вядома, не мае значэння, паколькі сапраўдная Мона не жыве.

І наогул справа не ў імёнах.

 

Зубраняты растуць, статак павялічваецца

На гэтую тэму таксама адбылася ў мяне гутарка з Лававым.

— Цяжка адрозніць аднаго зубра ад другога, калі ў іх няма выразных знешніх адзнак ці прыкмет, — сказаў Міхаіл Аляксандравіч, калі я звярнуўся да яго, каб разабрацца ў гэтай блытаніне з імёнамі. — Нумар жа на іх не паставіш! Асабліва калі зубры выйшлі за межы запаведнай тэрыторыі, жывуць і размнажаюцца дзе хочуць.

Праўда, падумаў я, нумар на зубра не паставіш. І не заўсёды знойдзеш адразу малое зубраня, якое з’явілася на свет у далёкім лясным гушчары і хаваецца там пад наглядам зубрыцы, а растуць зубраняты хутка.

Проста дзіву даешся, як непрыкметна яны набіраюць і рост, і сілу на расліннай ежы, на адной толькі траве і лістоце.

Гэта заўважыў яшчэ Мікола Гусоўскі. І мне ўспомніліся радкі з яго «Песні пра зубра»:

Леташкі-цёлкі, бычкі-аднагодкі ў чародах —

Люба глядзець: скакункі, забіякі, задзіры.

То пачынаюць басціся, то, быццам у зыку,

Шумна гарцуюць, пужаючы гулямі статак.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . цяляты

З першага ж дня пераймаюць паводзіны матак:

Назіркам дыбаюць за чарадой і на пашы

Нешта ўжо пыскай вышукваюць...

Так на выгодзе лясной, у няспынным змаганні

За кудзярок лугавога кіпрэю, з бычка-зубраняці

Зубр вырастае, магутны прысадзісты волат.

Дзіву даешся: ні сну ж, ні спачыну не знае,

А набіраецца сілы...

 

Так, справа не ў імёнах.

Галоўнае, што нараджаюцца і растуць зубраняты і што колькасць бярэзінскіх зуброў не зменшылася за гэты час, а павялічваецца, нягледзячы на тое, што пяць перасяленцаў загінула: дзве зубрыцы забіты браканьерамі, адзін зубр знік невядома дзе, два зубры атруціліся. Пасвіліся яны ў полі і пад’елі залішне травы, атручанай хімікатамі. Праз гэта і загінулі. Ускрыцце цела аднаго з іх паказала, што ён, пасля таго як атруціўся, хварэў яшчэ тры тыдні, змагаючыся са смерцю. Шматлікія небяспекі, якіх раней не ведалі ніколі дзікія жыхары нашых лясоў, падпільноўваюць сучаснага зубра на кожным кроку.

У 1975 годзе нарадзіліся два зубраняці, абое — самкі. У 1976 годзе з’явіліся на свет яшчэ тры зубраняці — дзве самкі і адзін самец, а ў 1977 годзе — адно зубраня. Агульны статак, нягледзячы на страты, складаўся ў той час з дзевяці галоў, у тым ліку дарослы зубр Момант і дзве дарослыя зубрыцы — Матыжка і Монстра.

На лістапад 1980 года колькасць зуброў і дарослых і малых, у вольным статку каля паўднёвай граніцы запаведніка, на тэрыторыі Барысаўскай лясной гаспадаркі за шэсць гадоў вырасла да пятнаццаці галоў.

Белавежскія зубры ў прыбярэзінскіх лясах, відаць, прыжыліся.

І гэта вельмі радуе!

 

Зубр Момант

У 1976 годзе да статка далучыліся два маладыя зубры, прывезеныя з Белавежскай пушчы. Адзін з іх пачаў прэтэндаваць на першае месца ў статку. З некаторага часу паміж ім і Момантам усё часцей і часцей пачалі адбывацца сутычкі. Нарэшце маладому зубру ўдалося перамагчы старога на вачах усіх зубрыц і зубранят.

Стары адышоў убок, пастаяў крыху, апусціўшы галаву, і пайшоў прэч, затаіўшы крыўду. Ён пабрыў у бліжэйшы лясок, а потым усё далей і далей ад статка.

З гэтага часу Момант зрабіўся адзінцом. Ён не паказваўся больш на вочы статка і блукаў адзін на значнай адлегласці ад усіх іншых зуброў. У зімні перыяд года Момант трымаўся на тэрыторыі Лепельскай лясной гаспадаркі, дзе яму была арганізавана падкормка.

Калі надышла вясна і снег пачаў раставаць, зубр пакінуў гэты ўчастак. На працягу вясны, лета і восені Моманта і яго сляды бачылі не адзін раз у раёне рэчкі Вялікай. Ён карміўся рознымі травамі на палянах, а з дрэў і кустоў еў кару і маладыя парасткі дуба, асіны, рабіны, вярбы, крушыны, вольхі, ляшчыны. Восенню частаваўся жалудамі дуба.

Потым зубр знік кудысьці на працяглы час. Відаць, пайшоў некуды далёка.

Ёсць звесткі, што ён хадзіў ледзь не па ўсіх раёнах паўночна-заходняй Беларусі. Можа, гэта ён менавіта быў тым зубрам, што наведаў возера Нарач і якога бачылі не адзін раз у ваколіцах Смаргоні? Ва ўсялякім выпадку, Момант вярнуўся зноў да свайго статка. Зімою 1979—80 гадоў з’явіўся аднекуль здалёку і наблізіўся да малочна-таварнай фермы «Будзёніцкая Рудня» ў дванаццаці кіламетрах ад мясцовасці, дзе знаходзіўся зубрыны статак.

Рабочыя ўбачылі, што ён схуднеў і выглядае няважна. Яны пашкадавалі старога зубра і пачалі яго падкармліваць рэшткамі фуражу. У тых месцах, дзе Момант хадзіў, куды найчасцей наведваўся, яны клалі яму бульбу, кармавыя буракі, авёс і сена. І стары Момант, родапачынальнік бярэзінскага статка зуброў, пад восень паправіўся, набраўся сілы, падбадзёрыўся і ў пачатку чарговага гону наблізіўся да статка.

У новай сутычцы, якая адбылася адразу, як ён з’явіўся, Момант перамог прэтэндэнта.

Малады зубр яму падпарадкаваўся, прызнаў перамогу старога, і той зноў заняў сваё ранейшае месца ў статку.

Невядома толькі, ці надоўга?

 

Суседзі не нападаюць

Цікава, што ў той мясцовасці, дзе трымаўся Момант у першы год свайго вымушанага адзіноцтва, ляснік часта бачыў на працягу вясны і ўсяго лета сляды пары ваўкоў, а пад восень да іх далучыліся яшчэ і сляды ваўчанят.

Воўк і ваўчыца забілі каля вадапою маладую самку лася. Той жа вадапой наведваў і Момант. Жыла ў гэтым раёне і мядзведзіца з двума малымі медзведзянятамі.

Ляснік, які вёў назіранні, мяркуе, што зубр у поўнай бяспецы пражыў спакойна амаль цэлы год адзін у непасрэдным суседстве на адным участку з такімі буйнымі драпежнікамі, як мядзведзіца і ваўкі. Мабыць, лічыў, што гэтае суседства нічым яму не пагражае.

Ваўкі, пры ўсім сваім паляўнічым спрыце, умельстве, розуму і арганізаванасці, напасці на дарослага зубра не адважваюцца. Мядзведзі таксама ўстрымліваюцца ад таго, каб глядзець на зубра, як на сваю магчымую здабычу.

Ваўкі і мядзведзі стараюцца абмінаць зуброў, не лезці ім у вочы, наогул не сустракацца з імі. У сваю чаргу і зубры быццам не заўважаюць драпежных суседзяў. Яны для зубра быццам не існуюць.

Можна лічыць, што небяспечных для зубра ворагаў у нашай прыродзе наогул няма. Зубр сам гэта добра ведае і разумее. Нікога не баіцца, ні перад кім не адступае.

Раней адзіным і самым страшным ворагам зубра быў чалавек. Калісьці незлічоныя статкі зуброў вяліся амаль па ўсёй нашай зямлі. У тыя часы яны, таксама як раней і маманты, служылі для чалавека адной з асноўных крыніц існавання. Людзі бязлітасна і безаглядна знішчалі зуброў дзеля мяса, тлушчу, скуры і касцей.

Зуброў чакаў лёс мамантаў, якія былі знішчаны чалавекам дзеля задавальнення сваіх штодзённых жыццёвых патрэб яшчэ ў вельмі далёкія ад нас, дагістарычныя часы.

Так было калісьці, але цяпер, калі засталіся на свеце толькі лічаныя адзінкі зуброў, чалавек агледзеўся. Цяпер і ён на зуброў не нападае. З лютага ворага чалавек ператварыўся ў іхняга сябра і заступніка.

 

Канфлікт

На землях калгаса «Камінтэрн» зубры жывуць ужо больш сямі гадоў. Там з’явілася ў іх некалькі зубранят. Значыць, мясцовасць гэтая ім спадабалася і пакідаць яе зубры не збіраюцца.

Палёў яны не вытоптваюць, але... аб’елі некалькі гектараў пладовых дрэў.

У выніку такіх «несвядомых» паводзін узнік канфлікт.

Калгас падаў на дырэкцыю запаведніка ў суд за страты, прычыненыя гаспадарцы зубрамі, але іск, пададзены кіраўніцтвам калгаса, суд не задаволіў.

Справа разбіралася два разы.

Суд прызнаў, што запаведнік тут ні пры чым, бо страта была стыхійная.

Ніхто невінаваты.

Калгас пацярпеў ад дзікіх звяроў, а не ад свойскай жывёлы, якая належала б установе, ці арганізацыі, ці якім-небудзь прыватным асобам.

Наконт гэтай канфліктнай сітуацыі Лаваў выказаў такую катэгарычную думку:

— Ніякага інцыдэнта наогул не было б, калі б сады былі агароджаны, — сказаў ён упэўнена. — Зубры не любяць парушаць агароджаныя мясціны. Якія б ні былі агарожы, хай сабе нават самыя лёгкія і нетрывалыя, самыя «сімвалічныя», зубры іх не разбураць і граніцу не пяройдуць. І наогул, — дадаў Міхаіл Аляксандравіч, — гэта ж вялікае шчасце, што зубры жывуць сёння побач з намі. Няўжо мы ўсе разам, і працаўнікі запаведніка, і адміністрацыя Барысаўскага лясгаса, і кіраўніцтва калгаса, тэрыторыю якіх аблюбавалі сабе зубры як месца свайго жыхарства на волі, нічым не зможам дапамагчы гэтым вельмі рэдкім жывёлам, якія захаваліся да нашых дзён толькі дзякуючы нястомным клопатам і настойлівым намаганням не толькі вучоных, але і самых розных людзей у розных краінах?

Уважліва выслухаў я вучонага і цалкам з ім пагадзіўся. Выказванні Міхаіла Аляксандравіча заслугоўвалі поўнай падтрымкі.

Сапраўды, падумаў я, зубры знаходзяцца пад спецыяльнай аховай дзяржавы ўсюды, дзе б яны ні жылі, ці на агароджаным участку, ці на волі, ці ў Бярэзінскім запаведніку, ці на землях Барысаўскага лясгаса і калгаса «Камінтэрн».

Зубры — наш агульны ўсенародны набытак, наш нацыянальны гонар. Яны запісаны як унікальныя жывёліны ў міжнародную Чырвоную кнігу. У гэтай кнізе пералічаны ўсе самыя рэдкія віды звяроў і птушак, якіх засталося вельмі мала на свеце. Ім пагражае знікненне з твару Зямлі, і яны, згодна міжнароднай дагаворанасці, павінны знаходзіцца пад пільнай аховай той дзяржавы, на тэрыторыі якой пакуль яшчэ вядуцца. Першае месца займаюць зубры і ў Чырвонай кнізе БССР, якая нядаўна выйшла з друку.

За існаванне зуброў мы нясём высокую адказнасць перад усім светам, і ўсякія нараканні і скаргі на лішнія страты, усякія фармальныя адгаворкі і спасылкі на ведамасныя інтарэсы здаюцца ў гэтай справе нікчэмнымі, недарэчнымі і безадказнымі.

 

Лёс зуброў

Што будзе з зубрамі далей?

З белавежскімі, бярэзінскімі, з усімі зубрамі наогул?

Зуброў трэба трымаць на волі.

Гэта неабходна для поўнага аднаўлення віду.

Захаванне і размнажэнне зуброў магчыма толькі ў тых натуральных, прыродных умовах, у якіх на працягу соцень тысяч, а можа, і мільёнаў гадоў жылі, размнажаліся і ўвесь час удасканальваліся іх блізкія і далёкія продкі.

Няхай бярэзінскія зубры жывуць там, дзе ім зручней і выгадней, дзе ім больш падабаецца!

Гэта — агульная думка працаўнікоў запаведніка, ад якіх я атрымаў даволі поўныя звесткі па гісторыі з’яўлення зуброў у лясах над Бярэзінай.

Асноўны статак чыстакроўных зуброў у Савецкім Саюзе знаходзіцца ў Белавежскай пушчы, дзе ў 1946 годзе быў адноўлены першы гадавальнік зуброў, разбураны ў час вайны гітлераўцамі.

Следам за ім узнік новы — Цэнтральны зубровы гадавальнік. Знаходзіцца ён у Прыокска-Тэрасным запаведніку, недалёка ад горада Серпухава Маскоўскай вобласці. Тут сканцэнтравана цяпер уся асноўная навукова-даследчая праца па вывучэнню і аднаўленню зубра.

Па меры таго як накапліваюцца там зубры ў дастатковай колькасці, іх паступова развозяць у тыя мясцовасці Савецкага Саюза, дзе яны калісьці існавалі, паводле гістарычных звестак.

Для гэтай мэты распрацаваны план, які сістэматычна ажыццяўляецца ў вызначанай паслядоўнасці.

Зубры завезены ў Прыбалтыку, на Каўказ, у Кіргізію, на Украіну. Згодна плана, былі завезены зубры і ў Бярэзінскі запаведнік.

Планам аднаўлення зуброў у Савецкім Саюзе прадугледжана стварэнне новых гадавальнікаў у розных запаведніках краіны.

У высакароднай і нялёгкай справе аднаўлення на зямлі зубра, як віду, які амаль цалкам загінуў, дасягнуты пэўныя поспехі.

У наш час на ўсім свеце жыве больш за адну тысячу шасцісот зуброў. На волі зубры жывуць толькі ў Савецкім Саюзе і Польшчы.

Гэта — вялікая перамога заолагаў нашай краіны, заолагаў Польшчы і ўсяго свету.

 

Гутарка ў лесе. бык застаўся жывы

Сонца ззяла ў высокім сінім небе, але адначасова дзьмуў сухі і халодны вецер, калі я пайшоў раніцай у лес і сустрэўся там выпадкова з Лававым. Была нядзеля, выхадны дзень, і ён гуляў са сваім дзевяцігадовым сынам. Спачатку я не пазнаў Міхаіла Аляксандравіча. У спартыўнай куртцы, лыжных штанах і вязаным каўпаку на галаве ён быў непадобны на сябе. Такім я не бачыў яго раней.

У размове выяснілася, што гадоў трыццаць назад, будучы студэнтам, Лаваў праходзіў вучэбную практыку ў Крайцах, звязаную з вывучэннем ваўкоў. Шукаць іх далёка не было патрэбы. Па начах ваўкі часта самі заходзілі ў пасёлак. Колбін быў тады намеснікам дырэктара па навуцы. Пагаварылі мы, вядома, і пра зуброў.

— Усе нашы зубры, усе пятнаццаць галоў, трымаюцца адзіным статкам, — сказаў мне Лаваў. — Пасвяцца ўсе разам ці на невялікай адлегласці адзін ад аднаго і летам і зімою. Зубрыца расце да сямі гадоў, а зубр — гадоў да дзесяці. Практыка паказала, што жыць у вярхоўях Бярэзіны зубр можа. Летам ён харчуецца натуральным кормам — рознымі ляснымі і лугавымі травамі, парасткамі, лістамі і карою дуба, ясеня, вольхі, каліны і крушыны і шмат якіх іншых дрэў і кустоў, а зімою патрэбна яму падкормка.

Акрамя статка ў пятнаццаць галоў блукаюць яшчэ па лясах і адзіночкі, якія цяжка паддаюцца ўліку, бо перасоўваюцца далёка за межамі запаведніка і яго бліжэйшых ваколіц. На людзей бярэзінскія зубры не нападаюць. Наогул яны не праяўляюць агрэсіўнасці.

Вядомы толькі адзін выпадак сутычкі зубра з быком, — паведаміў Міхаіл Аляксандравіч, — прычым агрэсарам, які напаў на зубра Моманта, быў свойскі бык. Калі ён напаў, зубр прыняў бой, але асаблівай ярасці не праявіў. Зразумела, зубр зусім іншай канстытуцыі, ён значна дужэйшы і мацнейшы. Момант хутка адкінуў быка. Перакуліў, але ж не забіў. Рагамі не прапароў. Адышоў і пакінуў быка ў спакоі. Бык застаўся жывы, хоць і пакалечаны парадкам.

Размаўляючы, мы наблізіліся да сядзібы.

Міхаіл Аляксандравіч пайшоў з сынам дахаты, а я вярнуўся ў лес.

Перад тым як развітацца, я напомніў Лававу, што трэба цяпер і мне пабываць у той мясцовасці, дзе жывуць зубры.

 

Сустрэча з зубрыным статкам

Белавежскіх зуброў я ведаю. Надышла чарга пазнаёміцца бліжэй і з бярэзінскімі. Трэба паглядзець на зубрыны статак на волі, на землях калгаса «Камінтэрн». Так падумаў я і праз некалькі дзён ажыццявіў свой намер.

Зноў перада мною зубры. Не белавежскія, а бярэзінскія!

На шырокай паляне каля змешанага ляска адпачывае група зуброў.

Невялікі статак.

На траве ляжаць у розных паставах маладыя і дарослыя зубрыцы. На фоне зялёнай паляны і блакітнага неба яны вылучаюцца нібы нейкія цёмна-карычневыя гурбы. Постаці, так добра мне знаёмыя па старых успамінах!

Выгляд у зубрыц спакойны, лагодны, флегматычны. Ляжаць яны так, каб кожнай з іх можна было добра наглядаць за ўсім, што робіцца навокал.

Адна зубрыца ляжыць галавою на поўдзень. Другая — спіною да яе, а галавою на поўнач. Іншыя размясціліся галовамі на ўсход, а некаторыя — на захад. Такім чынам, яны сумесна могуць аглядаць усю навакольную мясцовасць, бачыць усё, што іх акружае з усіх бакоў адначасова. Калі дзе ўзнікне небяспека, яны адразу заўважаць.

Малыя зубраняты трымаюцца ў сярэдзіне паляны, сваім асобным маленькім статкам. Яны цалкам заняты гульнямі, нібы ў нейкім дзіцячым садзе, і бесклапотна ганяюцца адно за адным, гойсаюць па паляне, брыкаюцца і бадаюцца. Але варта толькі зубрыцы-матцы паклікаць сваё малое, як тое адразу кідаецца да яе што сілы. Ніколі не памыліцца, заўсёды пазнае матку, знойдзе яе сярод іншых зубрыц.

 

На варце

На некаторай адлегласці ад зубрыц і зубранят стаіць сярод хмызняку на ўзлессі дарослы зубр-самец.

Глянуў я на яго, і мне адразу ўспомніўся стары Борус, з якім я сустракаўся ў 1940 годзе.

Мне здалося, што бярэзінскі зубр такі ж вялізны і магутны, як і той, гістарычны, цяпер ужо можна сказаць, легендарны родапачынальнік амаль усяго сучаснага зубрынага пагалоўя Белавежскай пушчы, а цяпер Бярэзінскага запаведніка.

Такі ж высокі карак, такія ж дужыя, хоць і караткаватыя, пярэднія ногі, мускулістыя, гладкія бакі, грыва з нібыта шматкамі ўскудлачанага лямца, буйная галава з цёмнымі вачамі, крута загнутымі рагамі і чорнай барадой. І важыць ён, напэўна, не менш за тону.

Нерухома стаіць ён на варце і пазірае на нас уважліва, але спакойна. І мне ўспомніліся зноў радкі з паэмы Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» :

Лютасцю больш небяспечны, чым люты драпежнік,

Зубр для людзей не страшны: не чапай — не зачэпіць,

Будзе стаяць як укопаны — пастыр на варце,

Не страпянецца, а позіркам пасціць няспынна

І чараду, і сям’ю ў чарадзе на папасе,

Ды і любую пагрозу уласнай бяспецы.

 

Ні зубр, ні зубрыцы з зубранятамі амаль не баяцца людзей, але трымаюцца ўсё ж насцярожана. Пільнасці не трацяць.

Зразумела, часы цяпер зусім не тыя, што калісьці.

І ўмовы існавання зуброў на свеце змяніліся непазнавальна. Нават самы найстарэйшы з іх па ўзросту нарадзіўся і вырас ва ўмовах поўнай запаведнасці. Ніхто і нішто ім цяпер не пагражае. Ніхто з іх ніколі не бачыў, як чалавек забівае зубра.

Не ведаюць яны, што такое аблава і масавае забойства зуброў дзеля крывавай забавы на вачах у раскошна апранутых і перанасычаных гледачоў, паважных паноў і прыгожых паненак, якія з надзейнай вышыні памосту з дубовых бярвёнаў любуюцца пакутлівай смерцю лясных звяроў.

Страх перад чалавекам, гнеў і ярасць пры адным толькі позірку на яго знікаюць у свядомасці зуброў усё больш і больш з кожным новым пакаленнем, народжаным ва ўмовах поўнай запаведнасці.

На змену старому, як свет, спадчыннаму ўяўленню аб чалавеку, як аб самым лютым і бязлітасным адвечным ворагу, з’явілася цяпер новае ўяўленне аб ім, як аб надзейным сябры, які прыходзіць на дапамогу капытным лясным жыхарам, калі яны церпяць ад зімовай сцюжы і бяскорміцы, ад розных стыхійных бядот.

Зубры прывыкаюць шукаць і знаходзяць сабе харчаванне ў тых пэўных месцах, куды людзі прывозяць і пакідаюць для іх бульбу, сена, гародніну і розную іншую неабходную падкормку.

 

Паланёны асілак

Уважліва гляджу на зубрыны статак.

І мне здаецца, быццам нейкая чароўная сіла, магічная сіла ўяўлення перанесла мяне раптам гадоў на пяцьсот назад у мінулае. Перада мною ўзнікла карціна далёкіх ад нас часоў...

І зубры тыя самыя і пейзаж.

Гэтак жа мог адпачываць на паляне перад лесам такі самы статак зуброў.

І раптам...

Нешта спалохала зубрыц з зубранятамі.

Адна за адной узняліся яны з травы разам з малымі і кінуліся ратавацца ў блізкі лес.

З шумам і трэскам прабіраюцца зубрыцы ўсё далей і далей, як мага глыбей, у самы гушчар.

Праз некалькі хвілін зубрыцы з зубранятамі зніклі ў зарасніках. На паляне нікога няма.

Застаўся адзін толькі зубр.

Узняў сваю вялізную, цяжкую галаву з тоўстымі і кароткімі рагамі. З шумам уцягнуў паветра.

Ён не схаваўся, калі пачуў залівісты брэх сабачай гайні і ўбачыў адначасова ўзброеных людзей на конях, а потым і пешых, якія з’явіліся раптам на паляне і стараюцца цяпер акружыць асілка, адрэзаць яму шлях да лесу.

Гэта ім неўзабаве ўдаецца, бо зубр не хоча ўцякаць. Ён імкнецца затрымаць ворагаў, а гэта якраз і адпавядае намерам людзей. Яны і не думаюць гнацца за статкам. Зубрыцы з зубранятамі іх не цікавяць. Ім патрэбны ён сам, магутны асілак. Задача паляўнічых — узяць зубра жывым.

З усіх бакоў ляцяць у яго стрэлы і лёгкія дроцікі.

Паглядзіце ж на яго няшчасце!

Зубр стаміўся. Страціў апошнія сілы.

Кроў струменіць з ран, але паляўнічыя не хочуць яго забіць.

Ён патрэбен ім жывы.

Зубр ужо не можа ні нападаць на ворагаў, ні абараняцца, ні ўцякаць. Вочы яго памутнелі, страцілі бляск і выразнасць. Дыханне з шумам вырываецца з магутных грудзей.

Ён спатыкаецца.

Тады спрытныя лаўцы зверху накідваюць яму пятлю на шыю і путы на ногі. Цяпер ён стрыножаны, а заднія ногі звязаны з пярэднімі.

І вось яго вядуць.

Знясіленага, паланёнага, закілзанага волата вядуць, нібы нейкую звычайную паслухмяную свойскую карову:

...Палонны асілак,

Пену пускаючы з пашчы — аж бурбаляць храпы, —

Пнецца назад, але ўсё-такі крочыць наперад...

Лесам вядуць цераз ляды, па вуліцах вёсак,

Дзе праз шпалеры цікаўных зусім не героем

Мусіць палонны прайсці, і нарэшце — у лагер.

Тут, развязаўшы вяроўкі, з супоняй у пысе

У чыстае поле пускаюць — бяжы, спатыкайся

І паслужы ездакам бегавою мішэнню.

А ездакі з кавалерыі княжскай тым часам,

Лукі і коп’і прыўзняўшы, чакаюць атакі.

Гучна ражок затрубіў — і пайшла адшліфоўка

Трапнай стральбы і бяспромашных закідаў коп’яў...

Самай высокай адзнакай таго адзначалі,

Хто, шыбануўшы кап’ё або дроцік, смяротна

Раніў жывёліну. Драпін у бойцы не лічаць.

 

Цудоўны майстар слова

Усё гэта адбылося, зразумела, толькі ў маім уяўленні, бо перад маім разумовым зрокам паўсталі, нібы ў яснай яве, эпізоды далёкага мінулага, навеяныя паэмай Міколы Гусоўскага.

Мне ўспомніліся каларытныя, гістарычна дакладныя і ў дэталях і ў цэлым, поўныя рэалізму і жывой мастацкай вобразнасці радкі, у якіх ён апісвае, як вясковыя людзі, сучаснікі паэта, злавілі зубра і прывялі яго, паланёнага, але жывога ў замак, каб падарыць князю.

Наканавана было таму зубру паслужыць жывою мішэнню для баявога ігрышча княжых коннікаў у трапным стрэле з луку, у сіле ўдару, у смеласці і спрыце воінаў-паляўнічых.

Крывавыя бойні, масавыя забойствы, якія называліся паляваннем на зубра, таксама як і баявыя практыкаванні над жывым паланёным асілкам пушчы — былі любімай забавай, любімай гульнёй магнатаў у час, вольны ад вайны, ад бязглуздых міжусобіц і пышных баляванняў.

Так было калісьці.

Мудрыя і адукаваныя, перадавыя людзі тых далёкіх ад нас часоў, такія, як вялікі паэт і філосаф беларускага народа Мікола Гусоўскі, яшчэ тады разумелі ўсю агіднасць злачынных, драпежніцкіх адносін да жывой прыроды і да яе каштоўных, але зусім не такіх невычэрпных, як здавалася, багаццяў. З гневам і смуткам абураўся ён бяздумным знішчэннем лясоў і жывёльнага свету.

У паэтычных вобразах, выразных, яркіх і даступных для чытача розных узроўняў культуры і развіцця, выказваў ён свае думкі, ідэі, меркаванні і пераконанні, абуджаў імкненні да ведаў, да правільнага разумення навакольнага свету, гістарычнага лёсу народа і месца чалавека ў прыродзе.

Мікола Гусоўскі стараўся абудзіць у людзей любоў да роднага краю, гнеў і абурэнне супроць чужаземных захопнікаў і супроць несправядлівасці ўладароў зямлі — паноў, магнатаў і ўсяго феадальнага ладу ў цэлым.

Не магу ўстрымацца, каб не сказаць, які гэта быў цудоўны майстар слова, вялікі знаўца і прыроды сваёй радзімы, і жыцця свайго народа!

Але адчуваю, што адхіліўся ад асноўнай тэмы нашай размовы.

Трэба зноў вярнуцца непасрэдна да яе.

 

Палявы зубр

Перад маімі вачамі ўсё той жа мірны зубрыны статак, а на некаторай адлегласці ад яго пасвіцца на адкрытым месцы ўсё той жа магутны зубр.

Спакойна і нібы абыякава пазірае ён на нас, але адначасова не пакідае без пільнага нагляду і ўсё наваколле.

Мяне вывеў з задумлівасці голас Міхаіла Аляксандравіча :

— Мне здаецца, — сказаў ён, — што ў далёкім мінулым у нас існавалі два падвіды зуброў, лясны і палявы. Лясны быў поўнасцю знішчаны, а палявы захаваўся толькі ў Белавежскай пушчы, бо жыў ён у мясцовасці, дзе лясы перамяжоўваліся з палямі, дзе былі замкі, дзе панскія ўгоддзі ахоўваліся і магчымасці вольнага палявання былі абмежаваны, бо рэгуляваліся феадальнымі ўладамі. А ў гушчары некранутых лясоў простыя людзі маглі бесперашкодна і неабмежавана здабываць зубра для сваіх жыццёвых патрэб колькі хацелі, бо паляванне на яго было справай, не звязанай з вялікімі цяжкасцямі. Вось і захаваўся ў асноўным толькі падвід палявога зубра.

Супроць такіх меркаванняў вучонага я не пярэчыў.

— Ніхто, зразумела, не ведае гэтага дакладна, але магчыма, — сказаў я. — Магчыма, што так яно і было ў сапраўднасці.

 

Заключныя радкі

Вось, здаецца, і ўсё, чым я мог падзяліцца з вамі.

Расказаў дакладна пра тое, што бачыў і чуў, што назіраў і адчуваў, аб чым думаў у час сваіх вандровак па лясах у вярхоўях Бярэзіны.

Якія ўражанні засталіся ў мяне ад неаднаразовых наведванняў Бярэзінскага запаведніка?

Я ўпэўніўся яшчэ раз у тым, якая гэта вялікая справа — існаванне запаведных тэрыторый, буйных участкаў недатыкальнай прыроды, дзе поўнасцю забаронена паляванне на звяроў і птушак, лоўля рыбы, рубка дрэў і наогул усякае іншае ўмяшальніцтва ў жыццё прыроды, дзе яна жыве сваім натуральным, непарушным жыццём і развіваецца нармальна.

Мы можам ганарыцца тым, што маем у нашай рэспубліцы тры запаведнікі вялізнага сусветнага значэння. Гэта — гістарычна славутая запаведна-паляўнічая гаспадарка «Белавежская Пушча», Беларускі дзяржаўны біясферны запаведнік на рацэ Бярэзіне і Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік — выдатныя цэнтры навукова-даследчай дзейнасці ў галіне аховы і ўдасканалення прыроды.

Як добра, што яны ў нас ёсць!

І разам з гэтым радасным усведамленнем узнікла і ўзмацнілася ў мяне глыбокае пераконанне ў тым, што праблема актыўнай і паслядоўнай барацьбы з браканьерамі набывае ўсё больш вострае дзяржаўнае і грамадскае значэнне. Браканьерства не можа быць цярпіма ні ў якім разе!

Кажуць часам, быццам браканьерства ўсяго толькі незаконнае паляванне, не такая ўжо, як быццам, вялікая правіннасць.

Няўжо гэта так?

Падумайце самі!

Пагоня на машыне са змененым нумарам ці зусім без нумара, з максімальнай хуткасцю, з высока ўдасканаленымі стрэльбамі за некалькімі няшчаснымі, загнанымі і безабароннымі казулямі альбо завезенымі ў гэтую мясцовасць з затратаю немалых дзяржаўных сродкаў аленяў, якія выбіліся з сілы і ледзьве дыхаюць ад стомы, але ўсё яшчэ бягуць і бягуць па простай лініі, аслепленыя моцным святлом аўтамабільных фар, хіба гэта паляванне?

Не паляванне, а механізаванае, аўтаматызаванае, супрацьзаконнае забойства, пазбаўленае ўсякіх элементаў высакароднай рызыкі, змагання, спартыўнасці. Забойства, якое прыносіць вялікія і непапраўныя страты дзяржаве, грамадству і ўсёй прыродзе ў цэлым.

Вось што такое браканьерства, не гаворачы ўжо аб тым, якую шкоду прыносіць яно, як прыклад бязлітаснай жорсткасці, прагнасці і парушэння законаў. Прыклад ашуканства, крывадушнай маны і хлусні, амаральных паводзін для моладзі і дзяцей у сем’ях браканьераў, бо дзеці бачаць, як бацькі парушаюць закон. Дзеці пачынаюць глядзець на злачынную дзейнасць сваіх бацькоў і блізкіх іхнімі вачамі. Прывыкаюць да яе з маленства, часам і самі актыўна дапамагаюць бацькам хлусіць, маніць, выкручвацца, ашукваць людзей і дзяржаву, хаваць незаконна прыдбаную здабычу, замятаць сляды злачынства. Часам нават ганарацца сваімі ганебнымі ўчынкамі, надаюць ім рамантычнае асвятленне, хваляцца імі перад сябрамі.

Хіба не так?

Браканьер разбурае, нішчыць і забівае ўсё жывое ў прыродзе. Яму, хціваму драпежніку без гонару і сумлення, напляваць на дзяржаўныя законы і забарону. Дзеля сваёй нажывы ён нічога і нікога не пашкадуе.

Браканьер не хоча лічыцца ні з якімі маральнымі і этычнымі нормамі. Ён не спыніцца і перад забойствам чалавека, бо пабаіцца, што той зможа яму перашкодзіць, затрымаць на месцы злачынства, выкрыць перад людзьмі і дзяржаўнымі органамі. Такія выпадкі былі і бываюць.

Змагацца з браканьерамі цяжка яшчэ і таму, што сярод іх існуе кругавая парука, адзін дапамагае другому і што сведкі злачынстваў часам баяцца даваць праўдзівыя паказанні, а следчыя органы часам глядзяць на браканьераў скрозь пальцы. Суд нярэдка выносіць злоўленым браканьерам па магчымасці найбольш мяккі прыгавор. Прыкладаў такіх з’яў нямала. Пра іх паведамляюць газеты — цэнтральныя і рэспубліканскія, абласныя і раённыя. Нам вядомы шматлікія прыкрыя эпізоды браканьерскіх злачынстваў, а таксама і няменш частыя факты патурання браканьерам з боку асобных прадстаўнікоў улады.

Ад таго, што даводзіцца чуць ад егераў, леснікоў, навуковых супрацоўнікаў і проста ад розных людзей з розных устаноў, можна зрабіць вывад, што злачынная і часам беспакараная дзейнасць браканьераў не зменшылася.

Спадзяюся, што гэтую бяду, гэтую небяспеку мы ўсё ж такі пераможам.

Справа і малых і дарослых, і юных і старых — усяляк перашкаджаць браканьерам, ворагам прыроды, у іх агідных злачынствах.

На тым і закончу кнігу пра Бярэзінскі запаведнік.

Усё, здаецца, зроблена. Можна ехаць дахаты.

І вось я ад’язджаю. Пакідаю лясы над Бярэзінай. Гляджу на ціхую серабрыстую плынь. На яліны і сосны, што высокай, няроўнай і цёмнай сцяною абступілі і шырокую пойму Бярэзіны, і ўвесь кругагляд. Застаецца толькі развітацца з імі і з самой ракой.

Развітацца?

Не хочацца мне развітвацца!

Замест развітання імкнуся я бясконца вітаць яе — славутую і сціплую прыгажуню, адвечна спакойную, лагодную, задумлівую.

Хочацца мне паўтараць, як і тады, калі сустрэўся з ёю ўпершыню, паўтараць ад шчырага сэрца:

— Дзень добры табе, Бяроза!.. Дзень добры!.. Няхай ён заўсёды будзе добры і для цябе, і для ўсяго працоўнага люду, сумленнага і шчырага, што жыве на тваіх берагах.

У думках сваіх я звяртаюся адначасова і да вас, дарагія мае чытачы:

— Я буду вельмі шчаслівы, калі тое, што вы толькі што прачыталі, прынясе вам карысць. Можа, праз гэта пашырацца вашы веды. Можа, абудзяцца і ўзмацняцца ў вашых сэрцах добрыя пачуцці і вы зразумееце, што такое любоў да роднай прыроды, да яе людзей, жывёл і раслін. І вам нястрымна захочацца шанаваць яе, ахоўваць і абараняць. І вы адчуеце сваё кроўнае, арганічнае адзінства з ёю, блізкай і роднай, як Маці, бо гэта — амаль тое самае. Абараняючы прыроду, вы будзеце абараняць і Радзіму, і ўсё вам дарагое, усё жывое і добрае, што існуе на гэтай Зямлі.

Да наступнай сустрэчы!

Спадзяюся, што яна адбудзецца!

І можа — неўзабаве!




Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі В. Дзень добры, Бяроза!: Апавяданні [Для ст. шк. узросту/ Мастак Я.А.Ігнацьеў.] Мн.: Юнацтва, 1984. - 207 с., 6 л. іл.