Сёння — спякотны, па-сапраўднаму летні дзень. З самага рання горача свеціць сонца.
Возера іскрыцца і зіхаціць, нібы нейкі вялізны каштоўны камень з незлічонымі дробнымі гранямі на паверхні. У цёмна-зялёнай аправе лясоў яно нібы ўсміхаецца бліскучай, асляпляльнай усмешкаю.
Пад канец дня я пайшоў па вузкай сцежцы ў лес.
Тут таксама спякотна і душна.
У нагрэтым сонцам паветры несціхана звініць і гудзе рознагалосы хор насякомых.
У такі дзень увесь бязмежны свет найдрабнейшых жыхароў лесу жыве асабліва кіпучым і дзейсным жыццём. Усюды актыўны рух, барацьба, пагоня за здабычай, напад і абарона, радасць існавання.
Па ўсіх напрамках пырхаюць, нібы крылатыя кветкі, рознакаляровыя матылі, звіняць і «таўкуць мак» камары, басавіта гудуць чмялі, пчолы, мухі. Высока лятаюць вялікія блакітна-зялёныя стракозы.
На адным з паваротаў я спыніўся.
Перад маімі вачамі разгортваўся адзін з эпізодаў жыцця ляснога «малога свету».
Вялікая светла-шэрая гадзюка з выразным чорным узорам на спіне гналася па сцежцы за травяной жабай. Змяя разагрэлася на сонцы і была поўная сілы і энергіі. Яна рухалася па зямлі спрытна і імкліва.
Ратуючы сваё жыццё, жаба ўцякала з апошніх сіл, робячы вялікія скачкі. Але гадзюка ўсюды паспявала за ёю. Яна слізгала па сцежцы шпаркімі, звілістымі рухамі. Яна праследавала жабу настойліва, як сама немінучасць, як непазбежная смерць.
Я не захацеў умешвацца.
Няхай падзеі развіваюцца сваім натуральным парадкам.
Мне было цікава паглядзець на паляўнічыя прыёмы гадзюкі, і я моўчкі стаяў на месцы, абапіраючыся на свой кій з ядлоўцу, і не варушыўся. Я ведаў, што змеі бачаць толькі з блізкай адлегласці. Апрача таго, гадзюка была захоплена паляваннем.
Нарэшце сілы пакінулі жабу.
Яна застагнала і залезла пад тоўстую сасновую галіну, што ляжала ўпоперак сцежкі.
У той жа момант змяя апынулася каля жабы. Шпаркі, як маланка, выпад галавой уперад — і жаба перастала рухацца, паралізаваная змяіным ядам.
Гадзюка падпаўзла да яе з другога боку, схапіла жабу за галаву і пачала выцягваць сваю здабычу з-пад галіны. Спачатку ёй гэта не ўдавалася. Звілістымі рухамі змяя падавалася назад, але жаба моцна засела пад галінай.
Нарэшце, рэзкім рыўком гадзюка выцягнула жабу і тут жа пачала глынаць яе з галавы. Хвіліна, другая, і жаба, якая была ў некалькі разоў большая за галаву гадзюкі, знікла ў разяўленай да пачварных памераў пашчы змяі. Проста дзіўна, як шырока можа расцягваць свой рот змяя, якія эластычныя і рухомыя ў яе сківіцы.
Рухі змяі зрабіліся вялыя і павольныя. Ад сытасці яна ледзь варушылася, і цяпер адзінае яе жаданне было адпаўзці куды-небудзь у зацішны куток і заснуць.
Я падышоў бліжэй.
Гадзюка заўважыла мяне і на імгненне застыла ў нерашучасці. Потым пасунулася, адступаючы назад. Зноў спынілася, прыўзняўшы галаву і паглядаючы на мяне сваімі бязлітаснымі, халоднымі жоўтымі і нібыта соннымі вачыма.
Я не рухаўся.
Тады змяя павярнулася і папаўзла прэч. Яшчэ хвіліна, і яна знікла б з маіх вачэй. Але ў той жа момант нешта зашамацела ў сухой траве і на сцежку з-за сасны, вакол якой ляжала шмат галля, выкаціўся, пыхкаючы і шоргаючы сваімі іголкамі, маленькі вожык. Мордачка яго была апушчана да зямлі.
Не звяртаючы на мяне ўвагі, вожык падбег лёгкім трушком да гадзюкі і адразу, з ходу, ухапіў яе за хвост.
Вядома, што вожык лічыць сваёй здабычай усё, што рухаецца і што ён можа злавіць, перамагчы і з’есці, пачынаючы ад жукоў, вусеняў і слімакоў і канчаючы мышамі, жабамі і змеямі. Гадзюк ён не баіцца і заўзята распраўляецца з імі, бо змяіны яд дзейнічае на яго слаба.
Гадзюка засіпела і кінулася на вожыка. Яе раздвоены язычок высунуўся з рота і затрапятаўся. Вожык засоп і скруціўся ў калючы клубок.
Наткнуўшыся на вострыя іголкі, змяя адразу змяніла напрамак. Тады вожык выпрастаўся і пабег побач з ёю. Пры гэтым ён пыхкаў і фукаў, як маленькі паравоз.
Раптам вожык схапіў гадзюку каля галавы. Гадзюка пачала звівацца, але вожык яе не выпускаў. Сваімі вострымі зубкамі калючы звярок адгрыз ёй галаву.
Маленькая трагедыя ў двух актах, якая так нечакана разыгралася на маіх вачах, скончылася.
Вакол панавалі ўрачыстая цішыня і спакой.
На змену цудоўнаму летняму дню, з яго кіпучай мітуснёй, яркім святлом і фарбамі, непрыкметна надышоў мяккі, ясны і цёплы вечар. Залаты дыск сонца на ружовым небе схаваўся за цёмнай сцяною лесу.
Калі я вярнуўся дамоў, было ўжо зусім цёмна.
На зямлі, сярод травы і кустоў, запаліліся бледна-зеленаватыя, казачныя ліхтарыкі шматлікіх светлячкоў.
1957 - 1958