epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Егерава жонка

 

Егера я застаў дома.

Ён сядзеў на ложку, звесіўшы босыя ногі, і курыў самакрутку.

У хаце пахла печаным хлебам.

Аляшкевіч узяў ад мяне запіску і павольна прачытаў яе ўголас. Твар у яго ажывіўся, але, зірнуўшы на жонку, якая завіхалася каля печы, егер спахмурнеў і сказаў нібы нездаволена:

— Вось, бачыце, заўсёды так. Ніколі вольнай часіны не маеш. Толькі збярэшся каля хаты патупаць, зрабіць сёе-тое па гаспадарцы, аж тут якраз новае даручэнне. Наважыў я сёння нікуды не ісці, аж вы тут з гэтай пісулькай.

Ён змоўк і зноў скоса зірнуў на жонку.

Тая з ахвотай падхапіла гэтую тэму. Павярнуўшыся да нас расчырванелым тварам і ўпёршыся рукамі ў бокі, яна пачала выказваць сваё незадавальненне і мужам, і ягонай службай. Яна скардзілася на свой лёс у даволі энергічных выразах.

Я паспрабаваў закінуць слова, каб крыху суцішыць струмень разгневанага красамоўства егеравай жонкі ці накіраваць яго ў другі бок. Але нічога з гэтага не выйшла.

— Хіба гэта чалавек? — хвалявалася жанчына. — Яму абы стрэльбу за плечы ды ў лес. Хіба яму абыходзіць, што ў хаце робіцца? Як там хаця выдра ў балоце жыве, вось яго што турбуе! А як тут жонка з малымі дзецьмі, дык гэта ўжо быццам і не ягоная справа!.. Гэта ж проста казаць смешна, перад людзьмі сорамна, — другі месяц у новую хату перабрацца не можам. Каб не было, а то ж ёсць!..

Пакуль кабета давала волю сваім пачуццям, егер моўчкі сядзеў на ложку і спакойна курыў. Разумныя, хітраватыя вочы ў яго былі прыжмураны.

Я разумеў, што першыя ўступныя словы Аляшкевіча былі не больш як «дыпламатычны» манеўр, што яны былі сказаны толькі дзеля жонкі, а сам ён зусім не супраць таго, каб пайсці ў лес і хоць на час пазбыцца жончыных даручэнняў.

Ледзь толькі гаспадыня скончыла свае скаргі і нараканні, выказаўшы ўсё, што было ў яе на душы, а можа, нават і трошкі болей, і павярнулася зноў тварам да печы, загрымеўшы дэманстратыўна чыгунамі, егер ціхенька ўстаў, узяў кепку, бясшумна зняў са сцяны стрэльбу і, не абуваючыся, моўчкі накіраваўся да дзвярэй, падміргнуўшы мне, каб я ішоў за ім.

Калі мы выйшлі з хаты, ён пачаў хваліць сваю жонку.

— Яна ў мяне кабета не благая, — запэўніў Аляшкевіч. — Вы не думайце! Усё чыста сама робіць, усюды ўпраўляецца. Такая працавітая ды ўвішная! Гэта ж таксама ўлічыць трэба. І ў партызанах яна ў мяне надзейны памочнік была. Вядома, ёй крыўдна. Ёй клопату хапае, нічога не скажаш, але ж і ў мяне служба. Яна думае, вось мужык здаровы, ды гультай. Замест таго, каб дома рабіць ці ў калгасе, ён сабе па лесе ходзіць ды каля начальства аціраецца. Нашай работы яна зразумець не хоча. Забывае, што я чалавек службовы. Але сваркі паміж нас ніколі не было, бо я заўсёды перапушчу. Яна часам хоць і лішняе скажа, а сама гэтак зусім і не думае. Абы сказаць. А калі што якое, то заўсёды паспагадае і дапаможа. Толькі слова ёй, канешне, насуперак не кажы. Тады ўсё добра. Такі, бачыце, характар.

Гаворачы пра жонку, Аляшкевіч заўзята шлёпае босымі нагамі па лужынах. На ім ватоўка і зялёныя суконныя штаны, завязаныя знізу.

— Не холадна босаму? — пытаюся я.

— Не, — кажа ён. — Прывык. У ботах ніколі па балоце не хаджу. Не магу. У ботах ногі ўвесь час мокрыя, сціснутыя, пацёртыя, ісці цяжка. А босы — ідзі ўсюды смела, босы толькі выйшаў з вады, ногі адразу і высахлі. У нашай мясцовасці ад ботаў карысці мала.

1947—1948

 


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан