epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Карысны звярок

 

 

Але што ж гэта за звярок — андатра? І якім чынам апынуўся ён на Беларусі? Ці варта ім цікавіцца? І чаму, каб яго ўбачыць, трэба ехаць у Браслаў?

На гэтыя пытанні, якія могуць узнікнуць у чытача, я пастараюся адказаць падрабязна.

Андатра належыць да грызуноў. Яна жыве і корміцца ў вадзе, у азёрах і балоцістых мясцовасцях. Часам яе называюць яшчэ і мускусным пацуком, але гэтая назва няправільная. З пацукамі андатра не мае нічога агульнага, апрача некаторага знешняга падабенства. Сваім жыццём, сваімі звычкамі яна вельмі нагадвае бабра. Яшчэ называюць яе часам балотным зайцам, ці балотным трусікам. І гэтыя назвы таксама няправільныя.

Радзіма андатры — Канада і Злучаныя Штаты Паўночнай Амерыкі. Не так даўно яна вялася толькі там і больш нідзе. Індзейцы палявалі на андатру задоўга да з’яўлення ў Амерыцы еўрапейцаў. У далейшым промыславае здабыванне андатравых шкурак набыло вельмі шырокі характар. Спецыялісты падлічылі, што па колькасці шкурак, здабытых на працягу года, андатра займае сярод усіх іншых пушных звяроў трэцяе месца ў свеце.

У пачатку ХХ стагоддзя ўзнікла зацікаўленасць да андатры як да промыславага звярка і ў еўрапейскіх краінах.

У пяцідзесятых гадах пачалося планавае засяленне андатраю вадаёмаў Беларусі. Умовы для яе тут вельмі спрыяльныя. Асабліва добра прыжыліся андатры ў азёрах Браслаўшчыны. Па волі чалавека жывёльны свет Беларусі ўзбагаціўся яшчэ адным новым дзікім пушным звярком, карысным для гаспадаркі.

Вось што такое андатра, вось чаму яна варта ўвагі і вось чаму я паехаў у Браслаў.

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан