epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Край лясоў, балот і казак

 

Мы ляцім на самалёце ў Пінск.

Пад намі рассцілаецца непаўторны пейзаж Беларускага Палесся.

Прыгледзьцеся да яго ўважлівей! Такога краявіду вы не знойдзеце бадай што нідзе на ўсёй тэрыторыі Еўропы. Ляцім мы даволі нізка, і нам добра відаць амаль усе яго дэталі.

Зялёныя масівы лясоў, бясконцыя балоты з густой, высокай травой і хмызнякамі, блакітныя люстэркі азёр, малых і вялікіх. Звілістыя рэкі, рэчкі і рачулкі прабіваюцца вузкімі стужкамі скрозь зараснікі вербалозу, трысця і чароту. Яны то знікаюць у балоце, то раптам з’яўляюцца зноў і часам так пераплятаюцца, што нялёгка разабрацца, дзе канчаецца адна рэчка і дзе пачынаецца другая.

Павольна расплываюцца яны між балоцістых лугоў, ствараюць шырокія плёсы і затокі з жоўтымі гарлачыкамі і белымі лілеямі ў цёмнай вадзе.

Берагі ў палескіх рэк нізкія, топкія. Назвы — старажытныя, казачныя, летапісныя — Ясельда, Цна, Случ, Лань, Пціч, Арэса, Славечна, Смердзь...

Ад вялікай колькасці такіх рэк і рэчак з непрыкметнай, нібы соннай, плынню бярэ свой пачатак вялікая і паўнаводная Прыпяць, галоўная рака Палесся. Шырокай светлай паласой серабрыцца яна перад намі на даляглядзе.

Бачыце гэтыя светла-жоўтыя, амаль белыя, часам даволі вялікія выспы сярод зялёных пералескаў, лугоў і балот? Вы, напэўна, і самі іх заўважылі. Вось яшчэ адна, вось другая, крыху меншая. Вось і трэцяя...

Так, гэта пяскі. Гэта выдмы, ці дзюны. Іх на Палессі нямала. Дзе няма вады, там амаль заўсёды пясок. А часам бывае і так, што на адкрытым месцы балота хаваецца пад верхнім пластом навеянага ветрам пяску. Ідзе чалавек па пяску, ісці цяжка, ногі вязнуць, але ўсё ж такі ідзе, бо трэба. Вось ён выходзіць на роўнае месца паміж дзюн і раптам адчувае, што ногі страцілі цвёрдую апору. З кожным крокам усё глыбей пагружаюцца яны ў пясок. Спачатку па калені, потым яшчэ вышэй. Чалавек пачынае тануць у зыбучым пяску. Вось пясок ужо яму па грудзі. Бяда, калі не здолее падарожнік выбрацца, павярнуўшы своечасова назад...

Лес, балота, пясок. Добрай глебы мала. Зямля ўсюды скупая, няўдзячная, неўрадлівая. Таму і хлеба на Палессі ў старыя часы заўсёды не хапала. Мясцовыя жыхары часта дамешвалі да жытняй мукі кару дрэў, сухія травы, мох і розныя карэнні. Памяць аб гэтых нядобрых часах захавалася ў такіх красамоўных назвах палескіх вёсак, як Караеды і Махаеды. Удумайцеся ў сэнс гэтых слоў!..

Прыслухайцеся і да такіх назваў палескіх сёл, як Белая Лужа, Жоўты Бераг, Ставок, Прудок, Бродніца, Парэчча, Макрэц, Гліна, Пяскі, Замошша, Рагозна, Арэхава, Бярозцы, Сосны, Вярбовічы. У гэтых назвах трапна і выразна адлюстраваны прыродныя асаблівасці нізіннага, лясістага, балоцістага і пясчанага краю...

Раней Палессе справядліва лічылася ўвасабленнем беднасці, адсталасці, патрыярхальшчыны. Скажа хто-небудзь: «Палессе», і адразу ўяўляюцца вільготныя і змрочныя лясы, непраходная дрыгва, нізенькія хаткі, як старыя, гнілыя грыбы пад саламянымі, замшэлымі стрэхамі, зрэбныя доўгія кашулі і лыкавыя лапці, прыгнёт і пакорлівасць, цемра і непісьменнасць, прымхі і забабоны, знахары і шаптухі, балотныя ліхаманкі. І зразумела, нячэсаныя валасы, збітыя ў каўтун.

Пра гаротнае жыццё палешукоў дарэвалюцыйнага часу так пісаў Янка Купала:

 

Пад шум бесканечны

Бярозаў і соснаў

Сахой недарэчнай

Аруць пясок млосна.

 

Іх розум балота

Трымае палонна,

Красуе цямнота,

Растуць забабоны.

 

Легенды і казкі

Прыгонных законаў

Паўзуць мохам вязкім,

Багуннем зялёным.

 

Праз леты і зімы

Паданне йшло ў векі:

— Палешукі мы,

А не чалавекі!

 

Так вось і жылі ў той, не такі ўжо і далёкі час палешукі. Так здабывалі цяжкі свой хлеб людзі дарэвалюцыйнага Палесся. Такім яно паўстае ў казках і паданнях, у творах літаратуры. Такім яго помняць яшчэ старыя людзі.

Цяпер ад былога Палесся засталіся толькі асаблівасці прыроды. Але і прырода змяняецца пад уздзеяннем чалавека. Значная частка адвечных балот Палескай нізіны асушана. Там, дзе была топкая дрыгва, каласуецца жыта, ячмень і пшаніца, цвіце сінявокі лён, расце бульба і буракі, квітнеюць маладыя сады.

Толькі палескія дзюны пакуль яшчэ не адолены. Але і зыбучым пяскам засталося тут панаваць нядоўга. Усё настойлівей праводзяцца работы па пераўтварэнню бясплодных пясчаных глеб пры дапамозе торфу ва ўрадлівыя землі.

Даўно ліквідавана непісьменнасць. Усюды ў раёнах школы, бальніцы, бібліятэкі, кінатэатры, лазні. Адышлі ў нябыт, зрабіліся здабыткам фальклорных зборнікаў старадаўнія казкі пра злых чараўнікоў і варажбітоў, пра лесуноў, вадзянікоў і балацянікаў, пра чарцей, русалак і іншую балотную нечысць, пагалоскі пра розныя страшныя выпадкі і незвычайныя здарэнні. А пра каўтун маладыя пакаленні нават і не чулі.

Край старадаўніх казак і паданняў, край тугі і галечы, край лясоў і балот змяняецца з кожным днём. Жыць і працаваць на Палессі цяпер і радасна, і перспектыўна.

Паляшук выпрастаў спіну, зірнуў навокал. Шырока раскрыліся яго вочы. Смела глядзіць ён наперад, бо адвечныя туманы развеяліся. І зразумеў паляшук, што зусім не беднае яго Палессе, а багатае. Дый сам ён, зразумела, зусім не той. Ён адчуў, што можа падпарадкаваць і пераўтварыць неспрыяльную прыроду свайго краю. І Палессе пачынае аддаваць чалавеку свае незлічоныя, раней схаваныя скарбы.

1964-1966

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com