epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Круг над Нясвіжам і прызямленне другое

Пад уладаю польскіх паноў. Замак на востраве. Песня над пожняй. Да родных братоў, на вольныя землі. За гарадской брамай. Чаму ў гэтым доме не спяць?

А наш кілім-самалёт усё ляціць і ляціць...

Цяпер мы трапілі ў эпоху, не такую ўжо далёкую. Шмат чаго адбылося на нашай зямлі за гэтыя гады. Мінулі, адышлі ў нябыт на Вялікай Русі змрочныя часы татара-мангольскага ярма. Паўночна-ўсходнія рускія княствы, аб’яднаныя вакол новай сталіцы — Масквы, ператварыліся ў моцную і незалежную дзяржаву. Князі маскоўскія пачалі называцца царамі.

А Белая Русь?

Разам з Літвой яна ўваходзіць цяпер у склад польскай дзяржавы. Пад уладу польскіх магнатаў трапіла і большасць зямель Малой Русі — Украіны. Усё горш, усё цяжэй жывецца простым людзям — рамеснікам і сялянам. Усё бязлітасней прыгнятаюць народ паны. Адзін за адным пераходзяць мясцовыя памешчыкі ў каталіцкую веру, пераймаюць мову і звычаі польскіх паноў, выракаюцца свайго народа, лічаць простых людзей быдлам.

Чаму ж яны церпяць, простыя людзі? Іх жа больш за паноў. Але на баку прыгнятальнікаў узброеная сіла, наёмнае войска, а царква і касцёл вучаць цярпець, падпарадкавацца пану. Дый не знайшліся яшчэ пакуль сярод сялян і рамеснікаў людзі, якія маглі б згуртаваць усіх прыгнечаных і павесці на барацьбу з заклятым ворагам. Праўда, то ў адным горадзе, то ў другім успыхваюць мяцяжы, узнікаюць хваляванні. Здараецца, што і сяляне пускаюць часам «чырвонага пеўня» — паляць панскія маёнткі. Жорстка распраўляюцца паны з тымі, хто асмеліўся паўстаць супраць іх улады.

Мы пралятаем над невялікім гарадком на беразе возера. На востраве, ад якога ідзе да гарадка шырокая грэбля з вербамі па баках, высіцца замак. Ён акружаны высокай сцяной з чатырма вежамі і безліччу байніц. Тым, хто асмеліўся б падступіцца пад сцены замка, давялося б пераадолець і роў з вадой і высокі абарончы вал. Нялёгка ўзяць такі замак, і ўладары яго адчуваюць сябе ў поўнай бяспецы.

Замак гэты — рэзідэнцыя князёў Радзівілаў, а гарадок — Нясвіж.

На ўскраіне гарадка, якраз супраць замка, будуецца новы касцёл. Колькі народу сагналі сюды княжыя гайдукі! Не на адзін год разлічана будаўніцтва, бо ўсё робіцца ўручную.

Ніякіх механізмаў, якія маглі б палегчыць працу будаўнікоў, няма. Людзі на руках цягнуць па рыштаваннях цяжкія каменныя пліты. Нястомна працуюць над кладкай муляры. Чародамі, адзін за адным, подбегам спяшаюцца па рыштаваннях падносчыкі, несучы на спінах цэглу.

Набожны і пыхлівы князь хоча, каб касцёл выглядаў не так, як усе навакольныя, і архітэктара выпісаў з Італіі. Усё гэта каштуе немалых грошай. Але што князю?! Хіба мала ў яго зямлі? Мала прыгонных?

Адразу за гарадком пачынаюцца палі. Няцяжка здагадацца, дзе панская зямля, дзе сялянская. Панскае поле — шырокае, прасторнае, бязмежнае, нібы вялікае возера ў далёкіх зялёных берагах гаёў і бароў. У пана — найлепшая зямля. А сялянскія палеткі — вузкія палоскі па пясчаных узгорках сярод хмызнякоў і лесу. На іх не відаць ні душы.

Затое на панскім полі кіпіць работа. Нізка згінаюцца жнеі з сярпамі ў руках. Ланцужком ідуць касцы. Павольна адступае перад імі высокая, хвалістая збажына.

Не па сваёй волі працуюць і жнеі, і касцы.

Цяжкая стома налівае іх рукі.

Прыслухайцеся...

Чуеце, як сумна спяваюць жнеі?

 

Сонейка каля е-е-лі,

А мы шчэ нічога не е-е-лі...

Сонейка каля гру-у-шы,

Не шкадуе пан нашы ду-у-шы...

 

На самым досвітку выйшлі яны ў панскае поле і працуюць, не разгінаючы спіны. Нават і сонца стамілася за дзень, схілілася зусім нізка, вось-вось схаваецца за лесам, ляжа на адпачынак, а ім, прыгонным сялянам, і ўночы адпачынку не будзе. Трэба ж і на сваіх палосках управіцца, бо асыплецца жыта. Сядзі потым усю зіму без хлеба. А яго і так штогод да вясны не хапае.

На полі з’явілася некалькі ўзброеных коннікаў. Адразу відаць — панскія гайдукі. Старэйшы з іх, нязграбны мужчына ў карычневым кунтушы з адгорнутымі малінавымі абшлагамі, прыўзняўся на страмёнах і, махаючы бізуном, пракрычаў нешта касцам і жнеям.

Але ж чаму стомленыя сяляне так неахвотна кідаюць абрыдлую работу?

Чаму гайдукі пагналі іх з поля?

Ці не спусціцца нам зноў на зямлю і бліжэй паглядзець, што там робіцца?

Незаўважаныя для людзей мінулых часоў, мы ідзём па калючай пожні. І вось ужо на дарозе даганяем сялян, якія панура брыдуць пад аховай гайдукоў.

— Але ж і нарабіў гэты Янук бяды, — нездаволена скардзіцца адзін з касцоў. — Цяпер бацька за яго ў адказе, ды і нам усім можа не паздаровіцца.

— А што? — запярэчыў другі. — Малайчына! Добра штурхануў пана, а сам на панскага каня ды — шукай ветру ў полі. Хай пан ведае!..

— Можа, ён ужо недзе далёка, можа, за Дняпром, — з надзеяй адгукнулася маладая жняя з бледным, схуднелым тварам.

Адзін з гайдукоў, які прыслухаўся да гутаркі, пагразіў сялянам бізуном.

— Гэй, вы!.. Цішэй!.. Чаго языкі развязалі?.. Вось як дадуць зараз старому Міхалу ў косці, то і скажа, дзе яго сын-валацуга хаваецца.

— Небарака, — уздыхнула пажылая жанчына і махнула безнадзейна рукой. — А чаго дамогся Янук? Сястру ж усё роўна на край свету звезлі...

Гайдук усміхнуўся з-пад абвіслых вусоў, прыцмокнуў языком:

— Добрых выжлаў1 пан за яе ўзяў. Не прагадаў.

Дарога тым часам перайшла ў алею, абсаджаную высокімі густымі ліпамі. У самым канцы алеі відаць драўляны дом з белымі атынкаванымі калонамі пры ўваходзе.

Вядома, мясцовы пан не раўня Радзівілу. Замка ён не мае, але ўлада над прыгоннымі сялянамі ў яго такая ж неабмежаваная, як і ў князя. Што пан захоча, тое і зробіць. Люта можа пан пакараць за непаслушэнства.

На двары панскага дома ўсё падрыхтавана для допыту і пакарання. Стаіць пасярод двара доўгая лаўка, на ёй ляжаць вяроўкі, а побач стаіць цэбар з вадой, каб мачыць дубцы...

Моўчкі стаяць сяляне. Іх прыгналі сюды для таго, каб бачылі, што чакае кожнага, хто праявіць непакорнасць.

Вось ужо вядуць старога Міхала, бацьку непакорнага Янука. Высокі, крыху ссутулены, ён пазірае навокал разгублена, нібы шукаючы спагады ў аднавяскоўцаў. А чым яны могуць яму памагчы? Зараз прывяжуць старога да лаўкі, выйдзе на ганак пан, дасць загад, і пачнецца бязлітаснае, бесчалавечнае пакаранне.

У напружанай, злавеснай цішыні пачуўся раптам прарэзлівы, поўны тугі і роспачы жаночы голас:

— А што ж гэта робіцца?.. Людцы добрыя!.. Дачушку забралі, а цяпер яшчэ і старога майго знявечаць!..

Да Міхала кінулася з натоўпу сівая жанчына, але гайдукі схапілі яе і адцягнулі назад.

Не, не можам мы глядзець! Няма ніякіх сіл прысутнічаць пры гэткім здзеку з людзей. А ўмяшацца, перашкодзіць няма ў нас магчымасці.

Мы ж людзі з іншай эпохі.

Пойдзем хутчэй адгэтуль.

Паглядзім, што робіцца ў гарадку.

Можа, пайсці туды пеша? Добра! Да Нясвіжа не так ужо і далёка.

Як ціха вакол і спакойна!

Усё жывое ў прыродзе змаўкае, спыняе сваю дзейнасць, хіліцца да сну, да адпачынку.

Толькі ластаўкі бясшумна лятаюць перад намі над дарогай, грудкамі сваімі ледзь не дакранаючыся зямлі.

Ад кустоў кладуцца густыя падоўжаныя цені.

У траве скрыпучымі галасамі пераклікаюцца яшчэ дзеркачы. Наладзілі дружны канцэрт конікі. У яго ўключаюцца з захапленнем усё новыя і новыя выканаўцы.

Толькі дзеркачы ды конікі і парушаюць цудоўную вячэрнюю цішыню палёў. Але музыка іх гарманічна зліваецца з усім навакольным пейзажам. Яна цалкам сугучна яму.

Які кантраст паміж лагодным спакоем прыроды і тым, што робіцца на панскім двары!

Вось ужо і зусім сцямнела. Сціхлі паступова апошнія гукі ў полі. Але чаму гэта неба афарбавалася раптам у чырвоны колер? Вячэрняя зара даўно ўжо згасла...

Глядзіце, глядзіце!..

Там, дзе толькі што адбывалася панская расправа над старым селянінам, узнялося полымя. Зарыва пажару асвятляе далягляд.

Відаць, адважны Янук, перш чым падацца ў дзікі стэп, да казакоў, на вольныя землі, здолеў адпомсціць пану за сястру, абмененую на сабак, за збітага бацьку, за матчыны слёзы...

Вось мы ўжо каля гарадской брамы. Яна называецца Слуцкай, бо дарога ідзе ў Нясвіж ад Слуцка.

Брама яшчэ не зачынена, і мы праходзім у горад.

Ноч ясная, месячная. Нам добра ўсё відаць, а вартаўнік, зразумела, нас не бачыць. Ён прыслухаўся да пошчаку нашых крокаў па бруку, пільна агледзеўся і, перакінуўшы алебарду з правай рукі ў левую, спалохана жагнаецца.

Нам смешна, а ён — чалавек мінулых часоў і непахісна верыць у нячыстую сілу. І як яму не баяцца, калі толькі на тым тыдні на плошчы перад ратушай спалілі «ведзьму».

Ціха на вуліцах.

Нідзе ні агеньчыка. Спаць кладуцца рана. Горад нібы вымер.

Паснулі ў горадзе людзі, спяць на возеры лебедзі і качкі. Толькі вокны замка ўсё яшчэ свецяцца, адлюстроўваюцца ў цёмнай паверхні вады.

На востраве гучыць музыка. Гаспадары замка балююць там са сваімі шматлікімі гасцямі.

Мы спыняемся перад двухпавярховай прысадзістай камяніцай, што стаіць на вузкай вуліцы паміж ратушай і касцёлам.

З маленькіх акон першага паверха прасочваецца скрозь аканіцы святло.

Чаму ў гэтым доме не спяць? Што там можа быць? Падыдзем да яго бліжэй.

Нам пашанцавала. Нехта знутры адкінуў аканіцы і расчыніў акно. Відаць, у доме душна ў гэту цёплую, летнюю ноч.

Мы бачым чалавека, які стаіць за высокай канторкай і піша нешта гусіным пяром. На ім шырокае цёмнае адзенне, як і ва ўсіх вучоных сярэдневякоўя. Свечка зусім аплыла і капціць, а ён і не заўважае. Пасярэдзіне пакоя — драўляны станок. Каля станка завіхаецца малады хлопец, які толькі што адчыніў акно. Ён з намаганнем круціць ручку, і станок на нейкі час прыходзіць у рух.

Хлопец бярэ са станка вялікі аркуш тоўстай паперы са свежым адбіткам тэксту. Побач, на дубовым стале, ляжыць цэлы стос такіх жа аркушаў.

— Паглядзіце, пане доктар, — гаворыць хлопец, паказваючы аркуш вучонаму.

Усё зразумела, тут друкарня! А чалавек за канторкай — не хто іншы, як Сымон Будны, адзін з першых друкароў на Беларусі. Хто, акрамя яго, можа друкаваць у Нясвіжы кнігі ў канцы шаснаццатага стагоддзя.

Францішак Скарына, доктар медыцыны і філасофіі, слаўны сын Полацка, жыў раней і першую беларускую кнігу надрукаваў у 1517 годзе ў Празе, а потым заснаваў друкарню ў Вільні.

Сымон Будны — наступнік Скарыны ў справе друкавання кніг і пашырэння асветы сярод народных мас. Ён, адзін з найбольш адукаваных людзей свайго часу, ведае польскую, чэшскую, італьянскую, лацінскую, грэчаскую і старажытнаяўрэйскую мовы. Але больш за ўсё любіць ён сваю родную мову.

Сымон Будны выступае ў сваіх кнігах супраць папоў і ксяндзоў, заклікае шанаваць народную мову, змагаецца за свабоднае развіццё навукі і пашырэнне ведаў сярод простых людзей.

Адначасова з ім за некалькі сот кіламетраў ад Нясвіжа працуе ў сваёй друкарні, заснаванай у фальварку Цяпіна, на Віцебшчыне, яшчэ адзін змагар за народную асвету, аднадумец Буднага — Васіль Цяпінскі.

Ці не да яго, «брата свайго мілага», піша ў гэтую хвіліну ліст вучоны ў Нясвіжы?

Хлопец-памочнік падае Буднаму толькі што зняты са станка аркуш. Вучоны, адарваўшыся нарэшце ад рукапісу, уважліва разглядае надрукаванае. Потым тлумачыць нешта хлопцу і сам ідзе да станка.

Нялёгка прыходзіцца першым асветнікам, пачынальнікам друкарскай справы, змагарам супраць цемры і адсталасці, супраць сярэдневяковай схаластыкі. Іх праследуюць, цкуюць, кідаюць у турмы, часам нават паляць на вогнішчы.

Такія людзі, як Сымон Будны, не могуць доўга жыць на адным месцы. У далейшым ён пакіне Нясвіж, таксама як перад тым пакінуў Клецк, і ўцячэ ў Лоск. Там ён заснуе новую друкарню.

Польскія салдаты, вярнуўшыся з паходу на Маскву, схопяць Буднага і пасля пабояў і здзекаў кінуць у рэчку, каб утапіць вучонага за тое, што ён выступаў супраць цемрашальства ксяндзоў і папоў. Ён выратуецца...

Усё гэта здарыцца ў недалёкім будучым, а пакуль што Сымон Будны жыве і дзейнічае ў Нясвіжы, піша тут і друкуе свае трактаты. Яго яшчэ падтрымлівае гарадскі магістрат.

Карысную справу робяць вучоны і яго вучань. Праз колькі стагоддзяў мы будзем удзячны ім, Францішку Скарыне, Сымону Буднаму, Васілю Цяпінскаму, за тое, што яны першыя на Беларусі пачалі друкаваць кнігі.

1 Выжал — паляўнічы сабака.


1964-1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан