epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Круг над старажытнымі лясамі

Дзіўны пейзаж. Добрыя знаёмыя. Маманты купаюцца ў Бярэзіне. Што ўстрывожыла мамантаў? Хаціна з мамантавых костак

 

Кілім-самалёт ідзе на зніжэнне.

Ранішні туман развеяўся, і ўнізе ўсё добра відаць. Што гэта?

Глядзіце, які дзіўны, незвычайны пейзаж!

Няўжо мы на Беларусі?

Так, гэта Беларусь. Але такая, якой яна была дзесяткі тысяч год назад. І характар мясцовасці пад намі мала нагадвае прывычныя абрысы, знаёмыя нам па сучасных картах.

Але прыгледзьцеся добра.

Далёка ўнізе працягнуліся светлымі стужкамі рэкі. Вы пазнаяце іх?

Вось Дняпро і Прыпяць, Бярэзіна і Сож. А вось і Нёман, і Заходняя Дзвіна. Яны цякуць у тых жа напрамках, што і цяпер. Дняпро нясе свае воды ў Чорнае мора, Нёман і Дзвіна ў Балтыйскае. У параўнанні з Дняпром і Прыпяццю гэта яшчэ зусім маладыя рэкі. Але ўсе яны, і старыя, і маладыя, выглядаюць значна шырэй і магутней за цяперашнія.

Рэкі, гэтыя шырокія, блакітныя дарогі, стануць у далейшым асноўнымі сродкамі зносін паміж рознымі плямёнамі і народамі. На берагах гэтых рэк адбудуцца потым вялікія гістарычныя падзеі. Рэкі будуць абвеяны славаю гэтых падзей. Пра іх будуць складаць паданні, спяваць песні. На гэтых берагах вырастуць вялікія і шумныя гарады з заводамі і фабрыкамі, з высокімі мастамі, з бясконцымі лініямі чыгунак і асфальтавых дарог.

Паплывуць па рачных хвалях спачатку толькі чаўны і плыты, потым судны на вёслах і ветразях, з людзьмі і таварамі, а пазней — параходы і цеплаходы. Усё гэта будзе праз тысячы год. А пакуль — спакойна цякуць паўнаводныя рэкі, безыменныя і невядомыя, цякуць між дзікіх і бязлюдных берагоў у нязведаную даль.

Калісьці, да ледавіка, клімат тут быў вельмі цёплы. Прыблізна такі, як цяпер у Афрыцы. Побач з соснамі, ялінамі, бярозамі, дубамі і клёнамі раслі пальмы і фікусы, лаўры і ліяны, нібы ў афрыканскіх джунглях.

Калі клімат змяніўся, трапічныя расліны не вытрымалі пахаладання і паступова зніклі. Ім не хапала цяпла, а сучасныя нашы дрэвы здолелі прыстасавацца да новых, суровых умоў існавання. Яны сталі характэрнымі для прыроды Беларусі. Без іх, таксама як і без хвалістага рэльефу мясцовасці, без лясістых узгоркаў і нізін з палямі і лугамі, шматлікімі рэчкамі, азёрамі і балотамі, немагчыма ўявіць сабе беларускі краявід.

Клімат і расліннасць, якія ўласцівы Беларусі ў сучасныя дні, устанавіліся тут каля дваццаці тысяч год назад.

А што гэта за белыя гурбы дзе-нідзе ў нізінах сярод зялёных узгоркаў? Зямля не так даўно вызвалілася з-пад апошняга ледавіка, які пакрываў яе тоўстым пластом. Відаць, яшчэ не ўвесь лёд сышоў. Рэшткі яго засталіся асобнымі астраўкамі, як сумёты пасля суровай снежнай зімы. Але і гэтыя асобныя астраўкі з кожным годам змяншаюцца.

У нізінах — неабсяжныя прасторы балот. Святлеюць шматлікія люстры азёр. Не відаць ні дарог, ні гарадоў, ні вёсак, ні статкаў хатняй жывёлы на лугах. Толькі дзікія звяры, ідучы на вадапой, пакінулі сляды на вільготнай зямлі.

Чакайце, а гэта хіба не статак?

Вунь на той палянцы сярод лесу пасуцца нейкія буйныя жывёліны.

Зірніце ўважлівей!

Здаецца, яны крыху падобны на кароў? Толькі ж нейкія калматыя. І колер у іх аднолькавы. Усе цёмна-бурыя, каштанавыя.

Спусцімся крыху ніжэй. Трэба ж іх разгледзець як след.

Э, ды гэта ж нашы добрыя знаёмыя! На палянцы пасуцца зубры.

Пазнаяце?

Тут і дарослыя, і маладыя зубры, і падлеткі, і зубрыцы з малымі зубранятамі.

Зусім як у Белавежскай пушчы.

Цяпер вы самі бачыце, што зубры тых далёкіх часоў нічым не адрозніваюцца ад сучасных. Знешні выгляд іх ніколькі не змяніўся за некалькі дзесяткаў тысяч год.

Толькі тут зубры не абмежаваны пэўнай тэрыторыяй. У нашы дні яны жывуць пад наглядам чалавека, у запаведніку, куды прыязджаюць паглядзець на іх, як на гістарычную рэдкасць, шматлікія экскурсанты з розных гарадоў і краін...

А ў пасляледавіковы перыяд зуброў усюды вельмі многа. Незлічонымі статкамі блукаюць яны не толькі па Беларусі, але і па ўсёй Еўропе, ад Атлантычнага акіяна і аж да Уральскага хрыбта.

Жывецца ім тут няблага. Раслінны свет багаты. Корму хапае і ў дзікіх першабытных лясах, якімі пакрыта зямля, і на лугах з высокімі травамі. Таму і выглядаюць зубры так добра. Бачыце, якія яны вялізныя, магутныя, сытыя?!

Вось адзін з зуброў ударыў раптам рагамі ў ствол бярозы.

З вяршаліны дрэва з шумам сарваўся спалоханы глушэц і, лопаючы крыламі, праляцеў над статкам. А малады зубр-гарэзнік адступіў для разгону і зноў ударыў, на гэты раз яшчэ імклівей і мацней. Бяроза нібы жаласна застагнала, затрапятала лісцем і пахіснулася.

Астатнія зубры не звяртаюць ніякай увагі на практыкаванні бейбуса. Шумна дыхаючы, яны скубуць траву пад нагамі і павольна пасоўваюцца ў лясны гушчар.

Адзін толькі малады зубр застаўся на палянцы.

Пакінем яго забаўляцца і паляцім далей. Паглядзім, што робіцца на берагах Бярэзіны. Яна ж адсюль зусім недалёка.

За цёмнай сцяною лесу з’явілася серабрыстая паласа вады. Павольна цячэ рака сярод шырокай лугавой поймы.

Людзей мы пакуль усё яшчэ не бачым, але на берагах Бярэзіны кіпіць жыццё.

Як многа тут птушак! І ўсё гэтыя птушкі нам добра знаёмыя. Тут і розныя кулікі, і гусі, і качкі, і кнігаўкі. Вось праляцелі над вадою два белыя лебедзі. А крыху далей апусцілася на балотныя купіны некалькі шэрых жораваў. З хрыплым карканнем лятаюць над водмеллю вароны. Сярод асін і бяроз узвышаюцца над нізкім зялёным берагам бабровыя хаткі. Крыху далей ад вады пасецца на зялёнай лугавіне табун дзікіх коней. Звонка ржуць і гарэзліва гойсаюць па траве жарабяты.

Якія жвавыя і спрытныя гэтыя цёмна-шэрыя коні! Усе яны невялікага росту, прысадзістыя і дужыя, на кароткіх нагах, з буйной галавой на тоўстай і шырокай шыі, з кароткай і жорсткай грывай, якая тырчыць нібы шчотка. Яны вельмі падобны да таго дзікага каня, які захаваўся да нашых дзён толькі ў далёкіх стэпах Цэнтральнай Азіі і называецца цяпер канём Пржавальскага.

А на тым беразе з’явіліся на ўзвышшы нейкія жывыя цёмныя гурбы. Яны спускаюцца па адхоне ўніз, у пойму Бярэзіны.

Мы падлятаем бліжэй.

Цяпер нам добра відаць, што да ракі спускаецца з узвышша статак мамантаў, вялізных калматых сланоў.

Вы, зразумела, адразу пазналі гэтых карычневых волатаў. Кожны з іх не менш трох з паловаю метраў у вышыню.

Па дарозе да ракі маманты рвуць хобатамі і засоўваюць у рот пучкі густой і высокай травы, абрываюць і перажоўваюць галінкі лазы, маладых елак, асінак і бярозак.

Каля матак мітусяцца нязграбныя малыя. Яны то адбягаюць убок, то адстаюць, то подбегам даганяюць дарослых.

Вось усе маманты падышлі да ракі і п’юць. Некаторыя з іх увайшлі ў ваду па самае бруха. Яны набіраюць ваду ў хобат і паліваюць сабе гарбатыя спіны. Некаторыя купаюцца. З вады тырчаць толькі галовы з вялікімі і доўгімі, загнутымі ўгару біўнямі. Іншыя цяжка кладуцца ў плыткую ваду каля берага і нерухома ляжаць на пясчаным дне. Калматыя, тоўстыя маманціхі мыюць вадой і шаруюць пяском сваіх малых.

Маманты купаюцца ў Бярэзіне! Хіба не дзіўнае відовішча?

Але гэта яшчэ не ўсё.

З высокага трысця каля затокі выходзіць нейкая цёмная валасатая пачвара і спыняецца на адкрытым месцы. Сонца асвятляе звера, такога ж непрывычнага для нас, як і мамант.

Мы можам яго добра разгледзець. Ён стаіць, нібы сонны, апусціўшы галаву і выставіўшы наперад вялікі і востры рог, закручаны ўгару. З верхняй губы, якая завостраным мыском навісла над ніжняй, капаюць серабрыстыя кроплі вады. Відаць, пачвара толькі што напілася ўволю.

Гэта — насарог.

Але не той насарог, што жыве ў трапічных краінах і якога вы ведаеце па малюнках і апісаннях у кніжках, а яго сваяк, паўночны насарог, які жыве на берагах Бярэзіны і Дняпра, Сожа і Прыпяці, на зямлі, якая вызвалілася ад ледавіка. Наш насарог не баіцца холаду, бо пакрыты густой шэрсцю.

Гэта вельмі небяспечнае стварэнне, нястрымнае ў нападзе, але маманты не звяртаюць на яго ўвагі, і насарог на іх не глядзіць. З мамантам ён жыве ў добрым суседстве. Цёмныя насарогі часта пасвяцца вось так, побач з мамантамі, і ніколі не сварацца з імі.

Маманты пераправіліся цераз раку і выйшлі на другі бераг.

Бярэзіна ў гэтым месцы хоць і шырокая, але не вельмі глыбокая, а маманты добра плаваюць.

Цяпер яны ідуць чарадою па сцежцы, пратаптанай у густым хмызняку. Павольна і цяжка ступаюць магутныя ногі, тоўстыя, як слупы, густа пакрытыя доўгімі валасамі. Пагойдваюцца гнуткія хобаты між вялікіх закручаных біўняў. Варушацца вялізныя валасатыя вушы. Да матак ціснуцца малыя. Тут, сярод лесу, яны нікуды не адыходзяць ад маманціх.

Наперадзе выступае стары мамант. Маленькія вочкі яго пільна аглядаюць наваколле. Раптам велікан спыніўся. Нерухома стаіць ён, як гара. Не адрываючыся, глядзіць наперад.

Спынілася і ўся чарада.

Пярэдні мамант падняў угару хобат, з шумам уцягнуў паветра і затрубіў. Потым адразу падаўся ў бок ад сцежкі і рушыў, падмінаючы кусты і маленькія дрэўцы, у лес. За ім паслухмяна пасунуўся ўвесь статак. Неўзабаве маманты зніклі ў лясным гушчары.

Што ўстрывожыла мамантаў?

Паляцім над сцежкай далей.

Сцежка даволі шырокая і цвёрдая. Кусты і дрэвы навокал паламаны. Мабыць, даўно ўжо ходзяць па ёй буйныя жывёліны.

Куды ж прывядзе нас гэтая сцежка?

Глядзіце, яма!

Пасярод сцежкі выкапана глыбокая яма. Вакол ляжаць раскіданае сухое галлё і спарахнелыя калоды, яловыя галіны і шышкі, шматкі травы і моху.

Спынім наш кілім. Ён жа можа вісець у паветры нерухома на патрэбнай вышыні, зусім як сучасны верталёт.

На зямлі каля ямы ляжаць усюды косці, і малыя, і вялікія. Усе яны старанна абгрызены, ачышчаны ад мяса, нібы адпаліраваныя.

На дне ямы тырчыць тоўсты завостраны кол, чорны ад засохлай крыві. Ляжаць рэшткі нейкай вялікай тушы.

Што ж тут адбылося? Хто ж гэта ўваліўся ў яму і загінуў, працяты калом?

А гэта што? Цяпер усё зразумела.

Яму выкапалі людзі. На зямлі відаць сляды іх босых ног.

Вунь і зламанае кап’ё ляжыць — дрэўка з абчасанага кала, наканечнік з каменя.

Людзі выкапалі яму пасярод сцежкі для таго, каб злавіць буйнога звера — маманта, зубра ці насарога. Зверху яны замаскіравалі яму жэрдкамі, галлём, травою і мохам.

Вось нейкая буйная жывёліна і правалілася ў яму, стала здабычай першабытных паляўнічых.

Людзі разабралі тушу і цяпер, мабыць, кормяцца ёю. Яны прыходзяць сюды, да ямы, і бяруць столькі мяса, колькі могуць з’есці. Прыходзяць сюды проста як у сталоўку. Пад’ядуць каля ямы і тут жа прылягуць адпачыць у кустах ці пад дрэвам.

Значыць, людзі жывуць недзе паблізу. Яны пяройдуць на другое месца толькі тады, калі звяры зразумеюць небяспеку і пачнуць абыходзіць пастку, як гэта зрабілі маманты.

Тысячы год жылі побач людзі і маманты. Усе баяліся мамантаў — нават мядзведзі. Баяўся маманта і чалавек. Але з цягам часу чалавек развіўся, паразумнеў.

Розум замяніў яму сілу.

Чалавек навучыўся здабываць агонь. З дрэва, каменя і косці ён навучыўся рабіць сабе зброю і абараняцца ёю ад дзікіх звяроў. Ён навучыўся шыць сабе адзенне з футра, будаваць сабе жыллё.

Чалавек перастаў баяцца маманта. Ён пачаў паляваць на маманта, здабываць для сваіх патрэб яго мяса, шэрсць і косці.

Вялізны і магутны паўночны слон стаў для чалавека не толькі жаданай, але і звычайнай здабычай. Цяпер ужо мамант, нягледзячы на ўсю сваю сілу і магутнасць, пачаў баяцца чалавека.

Статак мамантаў, які ішоў нядаўна па сцежцы, таму і збочыў раптам у лес, што пачуў пах людзей і пах крыві забітага імі звера.

Раней мамантаў тут было вельмі многа. Цяпер, калі клімат значна пацяплеў, іх становіцца ўсё менш і менш. Яны перабіраюцца на Поўнач, следам за ледавіком, які адступае ўсё далей і далей. Маманты шукаюць там мясцін, дзе няма людзей. Разам з мамантамі знікаюць паступова і насарогі.

Хто ведае, можа маманты і здолелі б прыстасавацца да новых умоў, як і шмат якія іншыя звяры, іх сучаснікі. Але паўночныя сланы зрабіліся, на сваю бяду, асноўнай крыніцай існавання чалавека. Гэта, мабыць, і вырашыла іх лёс. На адной стаянцы людзей каменнага веку вучоныя нашых дзён знайшлі косці каля тысячы мамантаў, забітых першабытнымі паляўнічымі. А хіба мала было такіх стаянак? Знішчэнне мамантаў людзьмі набывае ўсё большыя памеры. Вось калматых волатаў і становіцца менш і менш. Надыдзе час, калі маманты знікнуць назаўсёды не толькі ў гэтай мясцовасці, але і наогул з твару зямлі.

Але што гэта за людзі, якіх баіцца нават і мамант?

Дзе яны?

Бачыце, над дрэвамі ўзнімаецца дымок? Хутчэй туды! Хутчэй па слядах нашых самых далёкіх продкаў!

Сярод дрэў зелянеюць нейкія невысокія грудкі, ці ўзгоркі, вышынёй у два-тры метры. Але ж гэта зусім не грудкі! Гэта нейкія напалову зямлянкі, напалову буданы з галля. Гэта — проста норы, выкапаныя ў зямлі і пакрытыя зверху жэрдкамі, палкамі, яловымі галінамі, мохам і зямлёй. Хатамі такія норы ніяк не назавеш. Але ў іх жывуць людзі.

Замест увахода — круглая дзіра наверсе. Увайсці праз яе немагчыма, можна толькі прапаўзці ў зямлянку, спусціўшыся ўніз па сукатым бервяне, якое служыць замест лесвіцы.

Глядзіце, вунь з той, крайняй, зямлянкі спрытна вылез на жываце, нібы яшчарка, голы хлапчук. За ім напалову высунулася жанчына, паглядзела навокал і, пераканаўшыся, што хлапчуку нішто не пагражае, знікла зноў у глыбіні цёмнай адтуліны.

Зямлянкі густа зараслі травой і кустамі. Яны нагадваюць хутчэй бабровыя хаткі, чым жыллё чалавека.

У такіх норах і буданах дагістарычны чалавек хаваецца ад дажджу і туманаў, ад суровых вятроў, ад вільготнай восеньскай сцюжы, ад лютага зімняга марозу. Тут ён спіць на падсцілцы з сухіх лісцяў, травы, моху і звярыных шкур. Тут ён адпачывае, гадуе малых. Усё астатняе яго жыццё праходзіць пад адкрытым небам.

У кожнай такой зямлянцы жыве па некалькі вялікіх сем’яў, якія належаць да аднаго роду. Усе жыхары пасёлка — блізкія сваякі. Усё ў іх агульнае. Разам ім лягчэй жыць, лягчэй знаходзіць корм, абараняцца ад небяспекі.

Дарослыя мужчыны ўсе разам палююць на звяроў, здабываюць мяса для ўсяго пасёлка. Жанчыны робяць харчовыя запасы, скрабуць і ачышчаюць шкуры, шыюць з іх адзенне і абутак, разам з дзецьмі збіраюць карэнні і ягады, грыбы і арэхі, падтрымліваюць безупынна агонь у агульным вогнішчы.

Падлеткі прыносяць птушыныя яйкі і розную дробную здабычу, ловяць рыбу, дапамагаюць чым могуць дарослым. Земляробства гэтым людзям яшчэ невядома.

Зямлянкі знаходзяцца недалёка ад ракі. Першабытныя людзі жывуць заўсёды каля вады. У шырокай рачной затоцы жаўцеюць гарлачыкі, зусім такія ж, як і сёння. Па схіле лясістага ўзгорка чырванеюць суніцы. Вакол зямлянак шуміць і хвалюецца зялёнае мора бязмежнага лесу.

Крыху ў баку ад зямлянак мы бачым нейкае дзіўнае збудаванне. Яно адрозніваецца сваім знешнім выглядам ад усіх астатніх чалавечых нор. Гэта ўжо нешта накшталт невялікай хаціны.

Сцены яе складзены з касцей, каменняў і гліны. Замест слупоў выкарыстаны вялікія бярцовыя косці мамантаў.

Перад хацінай з мамантавых костак гарыць вогнішча. Вакол сядзяць людзі. Каля іх ляжаць вялікія кавалкі сырога мяса.

Гэта, мабыць, мяса насарога, бо побач ляжыць яго вялікая галава з рогам. Людзі падпякаюць мяса над агнём і тут жа яго ядуць.

Стройныя і шыракаплечыя, яны і знешнім выглядам, і ростам, і рысамі твару амаль зусім не адрозніваюцца ад сучасных людзей. Толькі апрануты, зразумела, па-свойму. І адзенне іх цалкам адпавядае ўмовам іх жыцця. На адных мы бачым нешта накшталт безрукаўкі — у воўчай шкуры прарэзаны дзіркі для галавы і рук. У другіх мядзведжыя, воўчыя і конскія шкуры накінуты проста на голыя плечы, як плашчы, а на нагах — штаны, пашытыя таксама са звярыных шкур. Добра вытачаныя пласцінкі з касцей маманта ўпрыгожваюць адзенне. Пласцінкі маюць і прамавугольную, і авальную, і круглую форму. Яны размешчаны вакол каўняра, спускаюцца зверху ўніз па рукавах і, нібы лампасы, па штанах.

Адважнымі і дужымі зрабіла гэтых людзей суровая і безупынная барацьба за існаванне. У іх шырокія грудзі і плечы, мускулістыя рукі. Гэта вельмі моцныя людзі з рашучым і смелым позіркам. Вочы ўважліва паглядаюць з-пад зблытаных над высокім ілбом валасоў. На тварах выраз уласнай годнасці. У мужчын густыя бароды. У жанчын доўгія валасы спускаюцца з галавы ніжэй пояса.

Людзі задаволены.

У іх многа мяса, яго хопіць на некалькі дзён, бо ў яму ўваліўся вялікі насарог. Паляўнічыя разабралі яго і лепшыя часткі тушы прынеслі сюды, да агульнага вялікага вогнішча перад хатай старэйшага ў родзе.

Цяпер можна пад’есці ўволю.

І яны ядуць з асалодаю, у добрым настроі.

Некаторыя ўжо насыціліся і спяць тут жа, на зямлі каля вогнішча. Іншыя пазалазілі ў свае зямлянкі.

На шыях мужчын, жанчын і дзяцей вісяць пацеркі з ракавінак, з зубоў і кіпцюроў мядзведзя, ваўка, лісы. На руках шырокія бранзалеты з біўняў маманта.

Прыемна грэцца каля вогнішча.

Яны ўмеюць здабываць агонь, рабіць сабе прылады і з каменя, і з косці, і з дрэва, ляпіць начынне з гліны. Але ў іх няма яшчэ прыручаных жывёл.

Зусім старых сярод жыхароў пасёлка не відаць. Першабытны чалавек рэдка калі дажывае да пяцідзесяці год. Занадта цяжкае і небяспечнае жыццё ў гэтых нястомных і знаходлівых людзей.

Увесь час мусяць яны змагацца з суровай прыродай. На кожным кроку падпільноўваюць іх розныя нечаканыя небяспекі. Людзі гінуць заўчасна ад холаду, ад дзікіх звяроў, ад хвароб, ад розных няшчасных выпадкаў.

Да стаянкі набліжаецца некалькі маладых людзей. Глядзіце, якія ў іх дакладныя рухі! Як лёгка і спрытна, амаль бясшумна прасоўваюцца гэтыя хлопцы праз зараснікі хмызняку. Часам, абапёршыся з разбегу на кап’ё і адштурхнуўшыся ўсім целам, то той, то другі робіць даволі вялікія скачкі.

Маладыя людзі падышлі да старэйшага і нешта яму сказалі. Той моўчкі кіўнуў галавой. Тады хлопцы паклалі на зямлю свае коп’і з крамянёвымі наканечнікамі і селі каля вогнішча побач з усімі. Відаць, старэйшы пасылаў іх некуды на разведку. Прагна ўзяліся яны цяпер за мяса.

Глядзіце, як ядуць першабытныя людзі.

У адной руцэ яны трымаюць вялікі кавалак мяса, а ў другой — тонкі і востры ашчэпак крэменю. Ухапіўшы мяса зубамі, яны спрытна адразаюць яго каля самых губ. Моцныя зубы рвуць валокны і жылы, перажоўваюць з хрустам храшчы. З асаблівай асалодай разбіваюць яны каменнямі косці і высмоктваюць мозг. Гэта для іх, мабыць, самы любімы ласунак.

Ці не далучыцца і нам да іх бяседы. Ці не пасядзець разам з імі ля вогнішча?

Але нешта не вельмі гаваркія гэтыя людзі. Моўчкі робяць яны сваю справу. Зрэдку толькі абменьваюцца адрывістымі гукамі, часта карыстаюцца замест слова жэстам.

Не, прызямляцца не варта!

Усё роўна мы не зразумеем адзін аднаго. Занадта далёкія ад нас і думкі, і пачуцці, і разуменні першабытных насельнікаў Беларусі, людзей позняга каменнага веку.

Ды і страва ў іх, мабыць, на наш густ, не вельмі смачная. Мяса насарога — напалову сырое. Яно толькі крыху падгарэла зверху і, зразумела, без солі. Хлеба таксама няма.

Паляцім лепш далей, у часы крыху бліжэйшыя. Бывайце, нашы далёкія, першабытныя продкі!


1964-1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан