epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Круг над знаёмымі рэкамі

Праз тысячагоддзі. Паселішчы на ўзвышшах. Людзі, якія жывуць на дрыгве. Патомкі Радзіма. Сваякі па крыві

 

Не спыняючыся, ляцім мы адразу праз тысячагоддзі. Паглядзім, што робіцца цяпер на той зямлі, якую мы толькі што бачылі.

Тыя ж рэкі, балоты. Дрымучыя лясы пакрываюць амаль усю краіну. Няма ні канца ні краю бярозавым гаям, дубровам, сасновым і яловым барам.

Клімат пакуль што яшчэ даволі суровы, але ўсё ж крыху пацяплеў.

Зямля падсохла.

Нідзе ўжо няма белых плям нерасталага лёду. Зніклі канчаткова апошнія сляды ледавіка, калі не лічыць шматлікіх азёр, балот і тых вялікіх камянёў-валуноў, якія захаваліся і да нашага часу на палях паўночнай часткі Беларусі.

Сярод суцэльнага зялёнага акіяна непраходных лясоў з’явіліся асобнымі астраўкамі палі, пакуль яшчэ, праўда, не вельмі вялікія.

Па цячэнню рэк мы бачым на ўзвышшах умацаваныя паселішчы. Сустракаюцца яны не часта. Іх нават не лёгка заўважыць сярод густой зеляніны лясных масіваў.

Людзі, якія тут жывуць, займаюцца не толькі паляваннем і рыбнай лоўляй, але і земляробствам, і жывёлагадоўляй. Земляробства зрабілася ў іх галоўным заняткам, асновай іх існавання. Зямлю яны апрацоўваюць матыкай, сахой і бараной. Яны навучыліся лавіць і прыручаць дзікіх коней.

Узброены гэтыя людзі лукамі і стрэламі, коп’ямі, мячамі і шчытамі. І зброя ў іх ужо не з каменя і косці, а з жалеза. І жывуць яны не ў зямлянках-буданах, а ў хатах, пабудаваных з бярвенняў.

Хто ж гэтыя людзі, якія будуюць вёскі і ўзводзяць гарады, адваёўваюць у дзікага лесу ўчасткі зямлі пад ворыва, выпальваюць, выкарчоўваюць і аруць цаліну, каб пасеяць жыта, авёс, ячмень, проса?

Гэта — усходнія славяне, непасрэдныя продкі сучасных рускіх, украінцаў і беларусаў.

Пазнаёмімся з імі бліжэй.

Паляцім спачатку над Прыпяццю, прытокам Дняпра, ад вярхоўяў яе да вусця.

Павольна цячэ Прыпяць па вялікай нізіне, якая называецца з даўніх часоў Палессем.

Тут, сярод дзікіх лясоў па берагах Прыпяці, а таксама Бярэзіны і іншых рэчак, раскінуліся між глыбокіх азёр і дрыгвяных балот аж да вытокаў Нёмана паселішчы племені дрыгавічоў. Адсюль, з зямлі дрыгавічоў, сіні Нёман цячэ ў землі літоўскіх плямён.

Дрыгавічы маюць такія гарады, як Пінск, Мазыр, Брэст, Слуцк, Рэчыца, Рагачоў. Галоўны ж над усімі дрыгавіцкімі гарадамі — Тураў, цэнтр княства Тураўскага.

Зразумела, гарады гэтыя зусім не такія, якімі мы ведаем іх сёння. Вы самі бачыце з нашай вышыні, што няма тут ні мураваных дамоў, ні шырокіх вуліц. Гэта проста невялікія пасёлкі — дзесяткі, часам сотні звычайных вясковых хат, пабудаваных на беразе ракі, на схілах узвышша. Пасярод узвышша — умацаваны дзядзінец1 з вежай, абкружаны высокім частаколам з завостраных дубовых бярвенняў. Тут жыве князь у сваіх таксама драўляных харомах разам з сям’ёй, дружыннікамі і слугамі.

Рэкі зямлі дрыгавічоў паўнаводныя і глыбокія. Спакойна, задумліва цякуць яны ў нізкіх топкіх берагах з густой высокай расліннасцю. Шматлікія звілістыя рэчкі з непрыкметнай плынню губляюцца ў трысці, асацэ і чароце, у густых зарасніках асіны і вербалозу.

Нялёгка прабірацца дрыгавічу скрозь калючыя хмызнякі. У лясным гушчары часта трапляюцца глыбокія яміны з цёмнай вадой. Асцярожна ходзіць дрыгавіч па сваёй зямлі, каб не праваліцца ў балотнае бяздонне, каб не загрузнуць у дрыгве.

Вільготная і вязкая глеба, пакрытая мохам, варушыцца пры кожным кроку. Вось чаму жыхары Палесся звычайна пераязджаюць з месца на месца па вадзе ў чаўнах, вычасаных ці выпаленых з калоды. Ад балоцістай мясцовасці яны і атрымалі сваё імя. Дрыгавічы, гэта значыць — людзі, якія жывуць на дрыгве.

Цяпер мы ляцім над Сожам.

Па яго берагах жыве племя радзімічаў. Паводле старадаўніх паданняў, назва племені паходзіць ад родапачынальніка Радзіма. Племя радзімічаў значна меншае за племя дрыгавічоў. Свайго ўласнага княства яно не мае. Не відаць на зямлі радзімічаў і гарадоў. Там, дзе цяпер гарады Гомель, Чэрыкаў, Чачэрск, Слаўгарад, мы бачым са сваёй вышыні толькі невялікія вёскі сярод дрымучых лясоў. Па некаторых паданнях, цэнтрам радзімічаў было сяло Радомля.

Шырокай светлай паласою нясе свае воды Дняпро — любімая рака ўсходніх славян. Нездарма называюць яго «бацькам» і беларусы, і ўкраінцы.

Дняпро Славуцічу...

Так здаўна з вялікай пашанай і любоўю звяртаецца да Дняпра беларускі народ у сваіх песнях, казках і паданнях, якія дасталіся яму ў спадчыну ад далёкіх продкаў.

Пакінем магутны Дняпро і накіруемся адсюль на паўночны захад. Там жывуць крывічы — самае магутнае і шматлікае з усходнеславянскіх плямён. Назва іх паходзіць, мабыць, ад слова «кроў». Крывічы — сваякі па крыві.

Паселішчы крывічоў раскіданы ў прыгожай і маляўнічай мясцовасці па ўзвышаных берагах Заходняй Дзвіны і па верхнім цячэнні Дняпра. Зямля тут не такая вільготная і балоцістая, як на Палессі, і таму заселена больш густа. Жывецца крывічам лягчэй, чым дрыгавічам і радзімічам.

Галоўны цэнтр крывічоў — вялікі і слаўны горад Полацк. Таму і княства сваё яны называюць княствам Полацкім. Сябе полацкія крывічы называюць палачанамі, бо першыя іх паселішчы ўзніклі на рацэ Палаце, прытоку Дзвіны.

Шмат гарадоў у Полацкім княстве. Вось Віцебск, малодшы брат Полацка, таксама на беразе Дзвіны. Вось і Барысаў, Лагойск, Орша. Усе яны лічацца прыгарадамі Полацка, бо залежаць ад яго.

Крывічы-палачане, дрыгавічы і радзімічы — непасрэдныя продкі беларусаў. З гэтых трох усходнеславянскіх плямён, якія спакон веку жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і склаўся ў працэсе далейшага гістарычнага развіцця беларускі народ.

З іншых усходнеславянскіх плямён узніклі братнія рускі і ўкраінскі народы.

1 Дзядзінец — двор вакол замка.


1964-1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан