epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Ласіныя ямы

 

На другі дзень да мяне падышоў заатэхнік Вадзім Аляксандравіч.

— Заўтра я іду па месцах ласінага рэву, — сказаў ён мне. — Калі хочаце, пойдзем разам.

Я, зразумела, згадзіўся.

Раніцай, абуўшы гумавыя боты, мы пайшлі спачатку на Пастрэжжа, а потым, перабраўшыся цераз Чорны ручай, рушылі на ўрочышча Ласіныя Ямы.

Надвор’е яснае і сонечнае. Паветра чыстае і празрыстае, але халоднае. Адчуваецца восень.

Высокае неба зіхаціць яркаю сінню.

Бярозы красуюцца ў пазалоце, асіны — у чырвані.

У лесе мы бачым зямлю, парытую дзікам.

Пакрытая мохам, яна ўсюды ўзарана пластамі. Дзік рые неглыбока. Сваім лычам ён узрывае толькі верхні пласт моху, шукаючы пад ім лічынкі жукоў і дажджавых чарвякоў.

Дзікі былі тут нядаўна.

Вадзім Аляксандравіч рукамі прыўзнімае мох, не крануты свіннямі.

— Дзік, — гаворыць ён, — чуе носам, дзе знаходзіцца пад зямлёй многа чарвякоў. Таму ён і рые не падрад, а паасобнымі ўчасткамі.

Сапраўды, пад не кранутымі дзікам пластамі моху чарвей і лічынак не відаць.

Мы пайшлі далей.

Лес хутка скончыўся. Перад намі тарфяное балота.

Мы ідзём вадзяною сцежкай, пратаптанай дзікімі свіннямі.

— А вось і ванна дзіка, — гаворыць Вадзім Аляксандравіч і паказвае на паглыбленне ў баку ад сцежкі. — У такіх ваннах шчаціністы ягамосць з доўгім лычам любіць песціцца ўлетку. Ляжыць сабе ў цёплай вадзе ды рохкае ад асалоды.

Чорная вада даходзіць нам да каленяў. Шлях па вадзяной сцежцы цераз балота доўгі і цяжкі.

Нарэшце мы выбіраемся на ўзвышша, якое густа зарасло лесам. Такія лясныя ўзвышшы сярод балот называюцца тут астравамі.

Вясной на гэтых астравах з яловым і змешаным шыракаліставым лесам, у якім пераважаюць сярод іншых дрэў дуб, ясень і клён, заўсёды сустракаюцца дзікія свінні. Летам яны кормяцца галоўным чынам белакрыльнікам, ці, як тут яго называюць, бабоўнікам, што расце ў поймах лясных рэчак, і таму пераходзяць з лясістых узвышшаў у балоцістыя нізіны.

З надыходам восені дзікі перабіраюцца зноў у лясы, адкуль робяць часам начныя налёты на вясковыя палеткі. Калі выспяваюць жалуды, дзікія свінні трымаюцца каля дубоў, асобныя групы якіх сустракаюцца ўсюды ў пойме Бярэзіны. Многа дубоў і ў цэнтральнай частцы запаведніка.

Схілы ўзвышша, на якое мы выйшлі з балота, пакрыты верасам. Знізу, каля вады, расце багун. Сярод зялёнага моху ўсюды чырванеюць буйныя спелыя брусніцы. На нізкарослых бярозах залаціцца жоўтае лісце.

Адпачыўшы крыху на востраве, мы ідзём далей па сцежцы, пратаптанай дзікамі. Ісці ўсё цяжэй і цяжэй.

Высокі балотны мох-сфагнум перашкаджае ісці па вадзе. На балоце растуць дробныя, чэзлыя сасонкі і карлікавыя бярозкі.

Вось перад намі новы востраў, на гэты раз значна большы.

Мы выбіраемся на сухую, цвёрдую зямлю.

Пасярэдзіне вострава расце некалькі вялізных старых ялін. Пад адной з іх нара барсука з запаснымі адноркамі.

Непадалёку ад барсуковай нары стаіць стары будан з яловых бярвенняў, жэрдак, сучча і кары.

— Тут, — гаворыць Вадзім Аляксандравіч, — хаваліся нашы супрацоўнікі з сем’ямі ў час блакады.

Мы распалілі вогнішча і адпачываем пасля цяжкага пераходу цераз балота. Сушым на агні мокрае адзенне і абутак.

Набраўшыся сілы, робім яшчэ адзін пераход, прадзіраемся на гэты раз скрозь дробны, але густы асіннік.

Уваходзім у вільготны яловы бор, завалены бураломам. Вакол ляжаць сукаватыя голыя ствалы.

Перад намі — лёжка дзіка. Недалёка ад яе мы натрапілі на адбіткі раздвоеных капытоў, па форме і памеры яны падобныя на сляды каровы.

Гэта — лось.

Мы ідзём па следзе, і ён прыводзіць нас да «забою».

Так называюць у навакольных вёсках месца, дзе лось стаіць у час гону і, ярасна тупаючы пярэднімі нагамі, выклікае на бой праціўнікаў.

Вострымі капытамі лось выбіў тут даволі глыбокую яміну.

Гон у ласёў адбываецца з канца жніўня і да канца верасня. Ласі збіраюцца на «рэў» пасля захаду сонца, у гадзін дзевяць-дзесяць вечара. Заканчваецца «рэў» у дзесяць-адзінаццаць гадзін. Равуць ласі на працягу не больш адной гадзіны. У гэты час каля месца «забою» збіраецца ад двух да чатырох ласёў. Паміж імі адбываюцца часам паядынкі. На «рэў» ласі ходзяць з году ў год заўсёды на адно і тое ж месца.

Перад намі адна з такіх аблюбаваных ласямі мясцін.

— Гэта і ёсць урочышча Ласіныя Ямы, — гаворыць Вадзім Аляксандравіч. — А ўвесь востраў называецца Бацянова.

Мы аглядаем месца, дзе любяць збірацца ласі ўвосень. Гэта — узвышаная мясцовасць з даволі роўным рэльефам. Сярод высокіх ялін часта сустракаюцца дубы, ліпы, асіны, рабіны.

Вясною лось трымаецца звычайна нізін з густым асіннікам і бярэзнікам. Ён скубе лісце асіны, бярозы, лазы, вольхі. Тоўстай верхняй губой лось зрывае вецце. Маладыя дрэўцы ён нагінае да зямлі, наступаючы на іх грудзьмі, каб дабрацца да вершаліны. У маі — чэрвені ў ласіх нараджаюцца малыя.

Летам ласі пераходзяць у поймы рэк, у забалочаныя альховыя лясы, у балоты, дзе многа травы і кустоў, а восенню перабіраюцца на астравы.

Зімой яны кормяцца карой і галінкамі дрэў. Часта ласі абдзіраюць кару з асін, спілаваных бабрамі ўвосень.

У студзені — лютым ласі скідваюць старыя рогі. Новыя, буйнейшыя, вырастаюць у іх да ліпеня.

У маладога лася рогі пачынаюць расці пасля першага года жыцця. Яны маюць выгляд гладкай і вострай спіцы. У наступным годзе спіцы гэтыя скідваюцца, і замест іх вырастаюць новыя рогі, раздвоеныя на канцах. На трэцім і чацвёртым гадах жыцця рогі лася маюць тры адгаліненні. З кожным годам яны робяцца ўсё больш вялікія і важкія. Аснова адгаліненняў — паляўнічыя называюць яе «лапатай» — становіцца ўсё шырэйшая. Рогі растуць нармальна і развіваюцца як след ва ўмовах добрага харчавання, спакойнага і прывольнага жыцця. Калі лася часта непакояць і палохаюць, калі ён харчуецца недастаткова, рогі ў яго растуць слаба і замаруджана. Ласіха рагоў не мае.

Ідучы па слядах лася, мы прыходзім да яго лёжкі. Прымятая трава захавала адбітак цела вялікай жывёліны.

Сляды лася вядуць нас далей. Справа — яшчэ адна нара барсука. Затым зноў ванна дзіка з чорнай граззю. Каля ванны сляды лісіцы. Яна частавалася тут чарніцамі.

З шумам сарваўся з высокай асіны глушэц і, лопаючы цяжкімі крыламі, праляцеў над нашымі галовамі.

1947—1948

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com