epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Лунь

 

 

На другі дзень я пайшоў берагам возера ў вёску Сцепянёва.

Якая пахмурная раніца! Шэрае неба вісіць над шэраю гладдзю вады. Нізка, над самай вадою, лётаюць ластаўкі. У траве каля берага скачуць і перапырхваюць з месца на месца дразды.

Пясчаны пляж змяніўся абрывам. Хвалі падмываюць высокі бераг, і ён паступова абвальваецца ў возера. Каржакаватыя сосны вісяць над вадою, чапляючыся карэннямі за ненадзейную пясчаную глебу. Далей каля вёскі бераг становіцца нізкі і топкі. Тут многа вольхі. З правага боку цямнее на ўзвышшы зялёная сцяна лесу.

Сцепянёва — вёска маленькая, адзінаццаць хат. Яны выцягнуліся ўздоўж затокі, якую ўтварае тут возера.

Агароды падступаюць да самай вады. Адразу за градкамі пачынаюцца зараснікі трысця, чароту, аеру. На нізкіх плятнях развешаны рыбацкія сеці. Тут жа плешчуцца ў вадзе качкі.

Калі я падышоў да вёскі, пачаўся дождж.

Я зайшоў у двор крайняй хаты і стаў пад страху.

Па двары хадзілі гусі. Яны дзелавіта шлёпалі па лужынах перапончатымі лапамі і весела гагаталі, падстаўляючы пад струмені вады доўгія шыі. На паверхні лужын узнікалі і адразу лопаліся вялікія бурбалкі.

Дождж не сунімаўся.

На парозе хаты з’явілася старая жанчына.

— Чаго ж вам тут стаяць аднаму? — звярнулася яна да мяне, запрашаючы ў хату. — Пасядзіце з намі. Дождж, відаць, скончыцца не хутка.

Я падзякаваў і пайшоў за ёю. У хаце было чыста. На вокнах віселі фіранкі, стаялі вазоны з кветкамі. За сталом, засланым саматканым абрусам, сядзеў гаспадар. У яго ясныя, светла-шэрыя вочы пад густымі бровамі. Галава з шырокім ілбом акаймавана з бакоў і ззаду кучаравымі пасярэбранымі валасамі.

Сёння нядзеля, і гаспадар адпачывае.

У Сцепянёве ўсе жыхары маюць адно прозвішча. Усе яны — Радзевічы, за выключэннем адной сям’і, што жыве наводшыбе. Яна перасялілася сюды аднекуль з другой мясцовасці.

Мой гаспадар таксама Радзевіч.

Франц Антонавіч, так завуць старога, быў раней рыбак. Цяпер ён займаецца толькі прысядзібнай гаспадаркай. Яму ўжо семдзесят два гады, але з выгляду можна даць не больш як пяцьдзесят пяць. Ён ходзіць яшчэ часам у рыбгас, дае парады маладым рыбакам, але сам ужо не ловіць.

— Раматус адольвае, — тлумачыць Франц Антонавіч. — Рукі і ногі баляць. Асабліва, калі такое надвор’е, як сёння.

Да сцяны ў хаце прыбіты светла-шэрыя, амаль белыя крылы палявога луня. Мяне гэта здзівіла, бо палявы лунь — птушка карысная, і стары рыбак напэўна ведае, што забіваць яго не варта.

— Якім чынам трапілі яны сюды? — звярнуўся я да гаспадара, паказваючы на крылы.

— А гэта майго пляменніка Міхалкі, што служыць шафёрам у Паставах, — адказаў Франц Антонавіч. — Ехаў ён нядаўна на сваёй машыне да нас з Кабыльніка і ўбачыў, як нехта падстрэліў гэтую птушку. На яго вачах паранены лунь праляцеў трошкі і апусціўся на зямлю. Тады ён пад’ехаў, падабраў луня і прывёз яго мне. «Трэба, — кажа, — занесці на біястанцыю. Можа, яго там студэнты вылечаць. Няхай, — кажа, потым аддадуць, куды самі ведаюць. Можа, птушка спатрэбіцца для якога музея». Толькі, на жаль, рана была цяжкая, і лунь у той жа дзень загінуў. Дык я і павесіў гэтыя крылы на сцяну для цікавасці. Няхай вісяць, пакуль пляменнік не забярэ. Днямі, мусіць, прыедзе. Ён нас часта наведвае... Шкада, вядома, што падстрэлілі. Палявы лунь — птушка карысная, а вось балотны, той лічыцца ў нас шкодным. На таго забароны няма, таго страляць можна. Ды чалавек, што страляў, мабыць, не разабраўся, — закончыў гаспадар.

— А якая паміж імі розніца? — спытаў я. — І той лунь, і гэты. Чаму адзін карысны, а другі шкодны?

— Розніца вялікая, — адказаў стары. — А шкода і карысць залежаць, як вядома, ад спосабу жыцця. Палявы лунь любіць сухую зямлю і трымаецца на палетках між драбналесся, лётае над палямі і лугамі. Ён гняздзіцца сярод збажыны і ў высокай траве. Корміцца мышамі-палёўкамі і гэтым прыносіць карысць. А балотны лунь знішчае птушак, разбурае гнёзды, губіць птушанят і таму шкодны. Яго часцей можна ўбачыць над трысцём, чаротам і асакою. Балотны лунь, як і шэрая варона, робіць нямала злачынстваў. Сядзіць, скажам, качка ў сваім гняздзе на яйках, а ён наляціць ды заб’е. Качыныя яйкі і прападуць на зямлі без догляду, іх пазносяць зладзейкі-вароны. Ці, скажам, падаб’е балотны лунь качку з малымі качанятамі, з’есць, колькі здолее, пусціць пух па ветры і паляціць сабе прэч, а качаняты застануцца без маткі. Добра, калі натрапіць на іх выпадкова, па суседству, другая качка са сваім вывадкам. Тады качаняты-сіроткі далучацца да гэтага вывадка і пойдуць за прыёмнай маткай. Тая будзе іх даглядаць, як сваіх уласных. А калі застануцца адны, то загубяць іх тыя ж вароны, ці лісіца, ці тхор, ці вадзяныя пацукі.

— Як жа адрозніць шкоднага балотнага луня ад карыснага палявога?

— Адрозніваюцца яны з выгляду, — растлумачыў Франц Антонавіч. — У палявога луня пер’е зверху светла-шэрае, а знізу амаль белае. Нездарма ў народзе гавораць — сівы як лунь. Гэтак і пра мяне можна сказаць.

Гаспадар усміхнуўся і правёў рукою па сваіх сівых кучаравых валасах.

— Балотны лунь, — тлумачыў ён далей, — крыху буйнейшы за палявога, і апярэнне ў яго не светла-шэрае, а бурага колеру. Жыве ён каля рэк і азёр, на купінах, сярод балоцістага лугу. Вось якая паміж імі розніца, а ва ўсім астатнім яны маюць шмат агульнага. Вочы і ў палявога, і ў балотнага луня ярка-жоўтыя. Дзюба цёмная, з блакітным адлівам, ногі жоўтыя, доўгія ды тонкія. Лётаюць і палявы, і балотны луні вельмі добра. Але здабычу сваю бяруць толькі з зямлі.

— А лугавога луня ведаеце? — спытаў я. — Ёсць яшчэ і такі.

— А як жа, ведаю, — адказаў гаспадар. — Ён блізкі да балотнага і жыве ў вільготных нізінах. Корміцца і мышамі, і жабамі. Лётае нізка над лугамі, шукаючы здабычу.

Франц Антонавіч змоўк і зірнуў на крылы.

— Любіць Міхалка птушак, — дадаў ён. — Выкінуць гэтыя крылы няможна, барані бог! Для яго такія рэчы — найлепшая аздоба.

Я паглядзеў яшчэ раз на светлыя крылы і пашкадаваў разам з гаспадаром, што загінуў не балотны лунь, а палявы.

Дождж тым часам скончыўся. Я развітаўся і выйшаў з хаты.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан