epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

На Бузянцы

 

 

Каля першага шлюза спушчана на ваду новая лодка, зробленая Аляшкевічам. Жалезныя вілкі для вёслаў зрабіў таксама ён у сваёй кузні.

Леанід Васільевіч садзіцца за руль, Аляшкевіч бярэцца за вёслы.

Мы плывём па рацэ Бузянцы.

Дзень выдаўся ясны, сонечны. Цёпла, нават спякотна, нібы ўлетку.

У спакойнай вадзе адлюстроўваецца і блакітнае неба з белымі нерухомымі воблачкамі, і стагі сена на паплавах, і зялёны нізкі бераг з асакой, чаротам і лазою. Толькі бусла не хапае для паўнаты пейзажу.

— Буслы адсюль яшчэ ў канцы жніўня паляцелі на групоўку ў пойму Бярозы, — гаворыць Аляшкевіч, нібы адгадаўшы мае думкі, — а жоравы пачынаюць групавацца.

У чорным тарфяністым зрэзе берага мы ўбачылі на ўзроўні вады, пад зялёнай скошанай асакой, бабровыя норы.

У лодцы пачынаецца размова пра баброў.

— Бывае так, — кажа Аляшкевіч, — што жывуць бабры доўга ў адной мясцовасці, а потым раптам знікнуць усе разам, нібы па камандзе, кінуўшы свае хаткі ды норы, і з’явяцца нечакана ў другім месцы, дзе іх раней ніколі не было.

— Прычына тут у харчах, — адказвае Леанід Васільевіч. — Бабры пакідаюць свае паселішчы, калі вакол няма чаго есці, калі знішчана кармавая база. Тады яны перасяляюцца ў другія, некранутыя мясціны. Харчовая база аднаўляецца на працягу трох — пяці гадоў. Тым часам знішчаецца расліннасць там, куды яны перасяліліся, і бабры вяртаюцца з новага ўчастка на сваё старое месца, рамантуюць пакінутыя хаткі і жывуць, пакуль не адновіцца харчовая база ў толькі што спустошанай імі мясцовасці. Такі ў іх ідзе кругаварот.

— А чаму, — пытаецца Аляшкевіч, — калі проста скасіць ці высечы лазняк, ён аднаўляецца на другі год, а пасля баброў увесь чыста пасохне, счарнее і аднавіцца можа толькі праз некалькі гадоў?

І на гэта ў Леаніда Васільевіча знаходзіцца вычарпальны адказ.

— Косяць ці высякаюць адначасова ўсю плошчу, — гаворыць ён. — Адначасова яна ўся і аднаўляецца. А бабры знішчаюць расліннасць нераўнамерна, паступова і не падрад. Летам яны адкрываюць доступ у разрэджаныя зараснікі сонечным праменням, а зімою — холаду. Лазняк больш сохне, мерзне і гіне, і таму патрэбна больш часу, каб ён мог аднавіцца.

Над рэчкай праляцела пяць качак.

Леанід Васільевіч, узяўшы стрэльбу, вылазіць з лодкі і па балоце ідзе да таго месца, дзе яны апусціліся.

Мы з Аляшкевічам плывём да бабровай хаткі № 101.

Хатка выглядае нібы нейкі звычайны ўзгорак сярод лугу, бо ўся яна густа зарасла зверху лазой і крапівой. Вузкі, але глыбокі канал без вады аддзяляе хатку ад берага. Навокал усюды расце лазняк і альхоўнік.

Ці даўно бачыў я першы раз у сваім жыцці бабровую хатку на Смолінцы!

Тады гэта была для мяне вялікая падзея.

Цяпер я наглядзеўся бабровых хатак як мае быць і на Сергучы, і на Бярэзіне, і на Бузянцы. Цяпер мне хочацца ўбачыць бабра за работай, паглядзець, як ён пілуе і валіць дрэвы, як рамантуе сваё жыллё ці будуе грэблю. Дзеля гэтага, уласна кажучы, я і прыехаў сюды.

Некалькі разоў раней звяртаўся я з гэтым да Леаніда Васільевіча і Аляшкевіча. Але кожны раз яны адказвалі, што яшчэ не час, што трэба пачакаць.

Для таго каб убачыць бабра за працай, неабходна выбраць ноч ціхую, бязветраную і светлую.

Нічога не зробіш, прыходзіцца набрацца цярплівасці.

1947—1948

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com