epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

На баркасе

 

 

На другі дзень, у восем гадзін раніцы, я пайшоў у пасёлак рыбнай гаспадаркі, каб адтуль на маторным баркасе паехаць у вёску Наносы.

Неба пахмурнае. З возера дзьме вецер, імжыць дробны дожджык. Баркас на якары спакойна пагойдваецца на шэрых хвалях недалёка ад берага.

Неўзабаве з’явіўся матарыст з вёскі Купы.

Да баркаса трэба дабірацца на лодцы. Матарыст узяўся за вёслы, і праз некалькі хвілін лодка стукнулася ў борт баркаса, на якім чорнымі літарамі выведзен надпіс: «Нарач». Мы пералазім на баркас, а пустую лодку бяром на буксір.

Матарыст падымае якар.

З намі едзе мастак з Мінска і пяцёра дзяўчат. Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі. Ён хоча намаляваць з натуры партрэт старога знатнага рыбака Міхала Роліча, які жыве ў Наносах.

Дзяўчат, работніц з рыбгаса, матарысту трэба пераправіць на супрацьлеглы бераг возера на ўборку сена. Вяртаючыся назад, матарыст заедзе па нас у Наносы.

Баркас хутка аддаляецца ад берага. Хаты пасёлка пад соснамі робяцца ўсё меншыя.

Раўнамерна стукае матор. Хвалі плёскаюцца аб борт, і халодныя пырскі ляцяць нам у твар.

Вада ў возеры цёмная, змрочная, а над цёмнай вадою куляюцца ў шэрым небе белыя чайкі.

Не зважаючы на халодны вецер і пахмурнае надвор’е, дзяўчаты спяваюць, прытуліўшыся адна да адной і хаваючы твары ад ветру. Усе яны цёпла апрануты, у высокіх гумавых ботах.

Вецер нясе над возерам вясёлыя словы прыпевак, а баркас шпарка ляціць па высокіх хвалях, пакідаючы на цёмнай вадзе бурлівую баразну белай пены.

Гадзіны праз дзве мы набліжаемся да вузкай і доўгай пясчанай касы. Яна цягнецца з поўначы амаль да сярэдзіны возера, утвараючы дзве глыбокія затокі.

Усё вышэйшыя робяцца дрэвы на касе, усё больш выразна і ясна вырысоўваецца бераг.

1957 - 1958

 


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан