epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

На біялагічнай станцыі

 

 

Сюды прыйшла група піянераў з Маладзечна. Хлапчукі і дзяўчынкі знаёмяцца з экспанатамі невялікага заалагічнага музея.

У шкляных шафах захоўваюцца чучалы амаль усіх відаў птушак, якія жывуць на берагах возера і ў яго аколіцах. У слоіках заспіртаваны ўсе віды рыб, што вядуцца ў Нарачы.

Гасцям дае тлумачэнні студэнт Лёня, які праходзіць на станцыі летнюю практыку.

— Біялагічная станцыя на возеры Нарач, — гаворыць Лёня, — створана Беларускім дзяржаўным універсітэтам для летняй практыкі студэнтаў-біёлагаў у прыродных умовах. Кожнае лета на станцыі праходзяць практыку студэнты першага курса. Студэнты-выпускнікі працуюць тут над сваімі дыпломнымі работамі, звязанымі з гідрабіялогіяй, навуковай асновай рыбнай гаспадаркі. На станцыі вывучаюцца рыбы і птушкі, вадзяныя расліны, планктон — жывёльны свет тоўшчы вады, і бентас — жывёльны свет дна. Назіранні вядуцца на ўсіх азёрах Нарачанскай групы... А цяпер паглядзіце на гэтых прыгожых птушак,— закончыў Лёня свой уступ.

Ён падышоў да першай шафы і паказаў рукой на экспанаты пад шклом:

— Тут вы бачыце чаек, якія жывуць на возеры. Вось гэта — звычайная рачная чайка. Такіх чаек на азёрах Нарачанскай групы многа. Яны тут гняздзяцца і таму сустракаюцца часта. Гэта — малая чайка, гэта — шызая чайка, а вось гэта — клуша. Абедзве апошнія чайкі, і шызая, і клуша, прылятаюць на возера Нарач як госці. Яны — марскія чайкі, жывуць і гняздзяцца на берагах Балтыйскага мора.

Лёня перайшоў да другой шафы.

— Далей ідуць крачкі. Яны значна меншыя за чаек, а канцамі сваіх крылаў і хвастом нагадваюць ластавак. Вось перад вамі чорная крачка, а гэтая, светлая, — рачная крачка.

Піянеры ціснуцца бліжэй да вітрыны. Яны з захапленнем слухаюць студэнта, а ён захоплены не менш сваіх слухачоў. Пра птушак Лёня можа гаварыць і гаварыць без канца.

Ён падыходзіць да чарговай шафы — з каршунамі, сокаламі, падорлікамі, канюкамі. Піянеры спяшаюцца за ім. Кожны імкнецца заняць месца бліжэй да экспанатаў.

Лёню я ведаю даўно. Пра яго мне расказваў у Мінску Віктар Фёдаравіч, кіраўнік заалагічнага гуртка Цэнтральнай станцыі юных натуралістаў. Яшчэ вучнем сярэдняй школы Лёня на працягу васьмі гадоў наведваў станцыю юннатаў. Маці яго выкладала прыродазнаўства ў сярэдняй школе. Хлапчук з маленства цікавіўся птушкамі і ўвесь свой вольны час прысвячаў назіранням за крылатымі сябрамі. Ён рабіў і развешваў шпакоўні, зімою трымаў дома чыжоў, берасцянак і шчыглоў, а вясною выпускаў іх на волю. Пасля заканчэння сярэдняй школы Лёня паступіў на біялагічны факультэт універсітэта і пачаў спецыялізавацца ў сваёй любімай навуцы пра птушак — арніталогіі. З Цэнтральнай станцыяй юных натуралістаў ён падтрымлівае сувязь і цяпер.

Расказаўшы піянерам пра птушак, Лёня павёў гасцей у пакой, дзе вядуцца лабараторныя заняткі.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан