epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Навальніца

 

 

Надвор’е на возеры няўстойлівае. Яно часта змяняецца.

То цёпла, то холадна. То свеціць сонца, то пахмурна. То ціха, то рэзкі вецер.

І ў адпаведнасці з надвор’ем, гэтак жа часта, змяняе свой колер і возера.

То яно блакітнае, то цёмна-сіняе, то зялёнае, то шэрае, сярдзітае і непрыгляднае.

Сёння з раніцы свяціла сонца. Усё, здавалася, прадказвала добрую, устойлівую пагоду да самага вечара, і я вырашыў паплыць да вялікага абрыву за Сцепянёва.

Байдарка ціха пагойдваецца на блакітнай спакойнай вадзе.

Раптам у ясным небе з’явіліся белыя воблачкі. Іх становіцца ўсё больш.

Сярод белых воблачкаў можна цяпер заўважыць і цёмна-шэрыя.

Сонца схавалася.

Дзесьці ўдалечыні пачуліся глухія раскаты грому. Неўзабаве яны наблізіліся, зрабіліся больш гучныя і працяглыя.

Птушкі недзе пахаваліся. Няма над возерам ні ластавак, ні чаек.

Аб тым, каб плыць куды-небудзь, не варта і думаць. Я выцягнуў байдарку на бераг і схаваў яе ў пуні.

Неба тым часам зусім пацямнела, завалаклося цяжкімі і змрочнымі хмарамі. Яны праглынулі апошні невялікі прасвет і цяпер непадзельна пануюць над возерам.

У паветры павеяў аднекуль лёгкі струменьчык холаду.

Дрэвы зашамацелі.

Наляцеў нечакана шалёны парыў ветру.

Сосны пахіснуліся і застагналі. Па зямлі імкліва пакаціліся, абганяючы адна адну, сасновыя шышкі.

Суціхнуўшы на хвіліну, вецер накідваецца на дрэвы з новаю сілай, яшчэ больш злосна і непрымірыма.

Пайшоў дождж, спачатку быццам неахвотна, невялікі і рэдкі, асобнымі кроплямі. Потым усё часцей і мацней.

І раптам страшэнны ўдар скалануў неба і зямлю.

Змрок згусціўся.

Цёмнае неба над возерам прарэзала ад краю да краю доўгая і няроўная агністая лінія маланкі. За ёю бліснула другая, трэцяя.

Гром грымеў амаль безупынна, не змаўкаючы ні на хвіліну.

Дождж перайшоў у лівень.

Нядаўна яшчэ лагоднае, блакітнае возера зрабілася змрочным, цёмна-шызым, пакрылася высокімі, сярдзітымі хвалямі, якія бясконцымі радамі, з шумам і грукатам кідалі і кідалі на бераг свае белыя пеністыя грабяні.

Шумелі патокі вады, якія ліліся цяпер з неба суцэльнай заслонай. Шумеў лес, шумела возера. Хісталіся, гнуліся і скрыпелі сосны.

Парывы ветру, адзін аднаго мацней, зрывалі лісце з кустоў і дрэў, то ярасна падкідаючы яго высока ўгору, то гонячы між ствалоў па мокрай зямлі. Уся дарога ўздоўж берага была ўсыпана зламаным голлем.

Над хвалямі змагалася з ветрам адзінокая чайка, але вось і яна знікла кудысьці.

З жудасным трэскам і грукатам грымнула на пясок вялікая разгалістая сасна, што расла на самым беразе. Навальніца вырвала яе з карэннем, і вось ужо цераз вершаліну паваленага старога дрэва перакочваюцца хвалі.

«Якраз у такую буру з навальніцай і ловяць вугроў, — падумаў я, — ды не днём, а ноччу. Нялёгкая гэта справа!»

Тым часам ярасць ветру пачала слабець.

Праз гадзіну вецер суціх, гром змоўк, маланкі перасталі разрываць цёмнае неба.

З правага боку выступілі з-пад шэрай заслоны дажджу абрысы касы. Потым заслона перамясцілася на сярэдзіну возера, пасунулася ўлева. І адразу сталі відаць узгоркі за рыбгасам.

Цяпер і сярэдзіна возера вызвалілася ад заслоны, і вада зазіхацела серабрыстай рабізной.

Выглянула сонца, неба ачысцілася ад хмар.

Над возерам перакінула сваё каляровае каромысла радуга, але вясёлы, бліскучы грыбны дожджык усё яшчэ ішоў.

Нарэшце і ён спыніўся.

Возера зноў зрабілася ціхае і спакойнае, а вада чыстая і празрыстая.

Пацяплела, хоць у паветры ўсё яшчэ крыху адчуваўся халадок. Улагодненыя берагі дыхалі свежасцю.

Вечар непрыкметна перайшоў у ноч.

На цёмна-сінім, амаль чорным небе ярка свяціў поўны месяц. На такой жа цёмна-сіняй, як і неба, вадзе струменіла серабрыстая дарожка халоднага святла. Над возерам панавала цішыня.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан