epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Паветраныя лайнеры і... кілім-самалёт

Які сёння прыгожы дзень!

Неба высокае, блакітнае. Сонца ззяе на ўсю сілу, і асобныя белыя воблачкі ніколькі яму не замінаюць. Яркія праменні зіхацяць на металічнай паверхні помніка, што стаіць каля Мінскага аэрапорта, нагадваючы крыло самалёта. Палымнеюць чырвоныя кветкі на газонах. Ля ўвахода на ўзлётнае поле цясніцца стракаты, маляўнічы натоўп. Пасажыры развітваюцца з блізкімі, знаёмымі. Апошнія абдымкі, пацалункі, пажаданні, усмешкі. А ўводдалі, на шэрым цэментаваным полі аэрадрома, чакаюць адпраўкі ў палёт магутныя пасажырскія лайнеры. «АН-10» нагадваюць вялікіх, крыху нязграбных стракоз з чырвонай паласой уздоўж светлага тулава, «ТУ-124» больш падобныя на стралу, якая чакае таго моманту, калі туга напятая цеціва дасць ёй штуршок для імклівага ўзлёту. Побач з гэтымі асілкамі паветранага флоту «ІЛы-14» выглядаюць зусім маленькімі, а «АН-2» здаюцца падобнымі на тыя самалёцікі, што стаяць на паліцах дзіцячых магазінаў разам з іншымі цікавымі цацкамі.

Пачалася пасадка ў самалёт на Сімферопаль. Праз дзве гадзіны і дарослыя курортнікі, і піянеры-артэкаўцы з Мінска апынуцца на крымскай зямлі. Вось ужо і апошні пасажыр паднімаецца па трапе і знікае ў чэраве паветранага карабля... Дзверы шчыльна зачынены, трап ад’ехаў, і аўтамашына, якая здаецца мурашкай у параўнанні з лайнерам, вядзе «АН-10» на буксіры да ўзлётнай паласы.

Тым часам прызямліўся другі лайнер. Ён прывёз замежных турыстаў, а праз паўгадзіны зноў узнімецца ў паветра, каб узяць курс на Маскву. Пакуль госці знаёмяцца з Мінскім аэрапортам, аўтамашына-цыстэрна запраўляе самалёт гаручым.

Адны самалёты ўзнімаюцца, другія садзяцца. Нязмоўчна гудуць магутныя маторы і турбіны...

І мне ўспамінаецца, з якім захапленнем глядзелі мы на адзін з першых, недасканалых яшчэ самалётаў. Тады самалёт называўся аэрапланам. Ён выглядаў, як этажэрка, змайстраваная з жэрдак, фанеры і парусіны. Слабенькі матор быў адкрыты. Лётчык, якога называлі ў той час авіятарам, ледзь трымаўся на сваім няпэўным, таксама адкрытым сядзенні. На адважнага рызыканта моўчкі і недаверліва паглядаў нешматлікі натоўп.

І раптам адбыўся цуд.

Матор жудасна затарахцеў, недарэчнае збудаванне страсянулася, пакацілася на невялікіх колах, падскочыла і... апынулася ў паветры. Аэраплан узняўся над дрэвам, пераляцеў цераз двухпавярховы дом і зрабіў над нашымі галовамі круг. Мы, хлапчукі, беглі за ім і крычалі: «Ура!..»

Гэта было платнае відовішча. Каб паглядзець, як лятае аэраплан над іпадромам, дзе раней адбываліся толькі конскія скачкі, трэба было купіць білет. І каштаваў ён вялікія па тым часе грошы — пятнаццаць капеек...

Задуманы як цыркавы атракцыён, той публічны палёт аэраплана ператварыўся на нашых вачах у вялікі трыумф, у сапраўдны цуд навукі і тэхнікі. Падумайце, чалавек здолеў адарвацца ад зямлі і лятае ў паветры, не маючы ад прыроды крылаў. Усе прысутныя былі ўзрушаны.

А сёння нікога не здзіўляе, што за некалькі гадзін можна апынуцца на другім кантыненце. Крылаты лайнер даставіць вас у любую краіну зямнога шара з найвялікшым камфортам і ўсімі выгодамі, як дэкляруюць агенцтвы аэрафлоту. Магчыма, што ў недалёкім часе падарожжа на суседнія планеты будзе такім жа звычайным, як сёння паездка з Мінска ў Маскву. А куды ж мы паляцім?

Для таго незвычайнага падарожжа, у якое я хачу вас запрасіць, лётных рэйсаў, на жаль, няма. І ўся сучасная, высокаразвітая тэхніка не можа нам дапамагчы апынуцца ў мінулым...

Машыны часу, прыдуманай Уэлсам, у нас з вамі няма. Людзі яе пакуль што не вынайшлі. А нам так хочацца паглядзець, як жылі калісьці нашы продкі, далёкія і блізкія.

На чым жа ляцець у мінулае? Як туды трапіць?.. Ці не звярнуцца нам да старога, выпрабаванага спосабу цудоўных падарожжаў — да кіліма-самалёта? Нашы продкі вельмі любілі лятаць на ім у сваіх казках. Нават і само слова «самалёт» мы ўзялі з такіх казак, каб назваць сучасныя паветраныя машыны. А падарожжа ў мінулае вельмі ж падобна на казку. І тэхніка такога палёту зусім не складаная. Замест гаручага — крыху фантазіі. Вось і ўсё!.. Дапусцім, што ў нас ёсць кілім-самалёт.

Што ж, паляцім?

Паляцім!

Білеты і пасадачныя талоны нас зусім не турбуюць. І багаж таксама. Нашто гэта нам? З сабою мы возьмем толькі геаграфічную карту і гістарычны каляндар, каб не заблытацца ў прасторах часу. У календары адзначаны па датах усе падзеі, якія могуць нас цікавіць. Я буду вашым экскурсаводам. Я вам усё растлумачу. Раскажу і пра тое, што вы не зможаце ўбачыць самі.

Кілім-самалёт пададзены. І дыктар абвяшчае па ўсяму аэрадрому:

— Грамадзяне, якія ляцяць у мінулае! Спяшайцеся! Праз хвіліну адпраўленне!

І вось мы ўжо ляцім.

Ляцім... насустрач мінуламу. Вецер свішча ў вушах. Зоркі над намі і зоркі пад намі.

Гады пралятаюць як мінуты.

Што, занадта хутка?

Але ж нам трэба перш за ўсё дабрацца да найбольш далёкай ад сучасных дзён эпохі. Падарожжа наша вялікае — на тысячы год.

І ляцець павольна, і спыняцца ў кожным стагоддзі мы не зможам.

Хай будуць асноўнымі нашымі прыпынкамі толькі найбольш важныя і цікавыя падзеі ў гісторыі нашага краю.


1964-1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан