epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Перад школай

 

 

Мне сказалі, што ў Браславе андатру доўга шукаць не трэба. Звяркоў тут развялося так многа, што яны жывуць нават у самім горадзе.

— Іх можна бачыць на маленькім азярку перад школай, — так мне сказалі ў рэдакцыі раённай газеты.

Я ішоў і любаваўся маляўнічым гарадком. Вуліцы з плітачнымі тратуарамі, з прыгожымі домікамі ў густой зеляніне садоў віюцца між узгоркаў. У садах квітнеюць яблыні, ігрушы, вішні. Усюды пахне бэзам і язмінам. Усюды ліпы, клёны і сосны.

Сярэднюю школу № І я знайшоў даволі хутка. Знаходзіцца яна ў самым канцы пясчанай Чырвонаармейскай вуліцы, на ўзгорку пад маладымі соснамі.

Вакол драўлянага будынка школы квітнее сад. Сярод дрэў стаяць вуллі з пчоламі. На двары, пад соснамі, — сталы і лаўкі для заняткаў на свежым паветры.

Перад школай зіхаціць у нізінцы невялікае азярко. З усіх бакоў наступае на вадзяное люстра густая зялёная расліннасць. Пройдзе яшчэ некаторы час, і азярко ператворыцца ў балота.

Я падыходжу да вады.

Бераг азярка тарфяністы. У ярка-зялёнай сакавітай траве жаўцеюць адуванчыкі. Каля вады бялеюць ландышы. З супрацьлеглага боку азярко ледзь не да паловы зарасло рагозам. Дзе-нідзе высяцца сцяблы чароту.

Пасярод азярка я заўважыў некалькі хатак андатры. Яны ўзвышаюцца над вадою як маленькія астраўкі. Пакрытыя жоўтымі сухімі сцябламі рагозу, яны з выгляду вельмі падобныя на бабровыя хаткі, толькі значна меншыя памерам. Па хатках весела скачуць шпакі. Нізка над вадою лятаюць ластаўкі.

Каля самага азярка стаяць на пясчаным узгорку дамы. Агароды спускаюцца па схілах ледзь не да самай вады.

Каля кладкі плёскаюцца ў вадзе белыя качкі. Тут жа пасвіцца на беразе стрыножаны конь.

Такое блізкае суседства з чалавечым жыллём, з хатняй жывёлай і птушкай андатру, відаць, зусім не трывожыць. На азярку можна ўсюды заўважыць сляды яе дзейнасці. Пянькамі тырчаць сцяблы рагозу, як нажом зрэзаныя вострымі зубамі андатры крыху вышэй паверхні вады. Зараснікі рагозу няроўныя — у адным месцы яны густыя, а ў другім нібы выстрыжаны.

З дома, каля якога я стаю, выскачыў хлопчык гадоў трынаццаці. Ён падыходзіць і з цікаўнасцю глядзіць на мяне.

— Што гэта такое? — пытаюся я і паказваю, нібы нічога не ведаючы, на хаткі андатры.

Хлопчык ажывіўся.

— Андатравыя хаткі, — адказвае ён і, не чакаючы далейшых пытанняў, тлумачыць мне, што гэта за звярок і адкуль ён узяўся.

— А сам ты бачыў андатру?

Хлопчык смяецца, паціскае плячамі. Пытанне здаецца яму недарэчнае:

— Кожны дзень!.. Пад вечар яны заўсёды вылазяць з хатак і плаваюць. Тады іх можна бачыць.

— А людзей хіба не баяцца?

— Не. Іх тут ніхто не чапае, вось яны і не баяцца.

— А на агародах не шкодзяць?

— Што вы, — здзівіўся хлопчык. — Яны кормяцца толькі тым, што расце ў возеры. Калі якая і выйдзе на бераг, то ад вады далёка не адыходзіць. Па зямлі яны хутка рухацца не могуць. Не тое, што ў вадзе. Летась адна андатра выйшла на бераг, тады яшчэ лёд не ўсюды сышоў, дык яе наш сабака злавіў. Я кінуўся, хацеў адняць, толькі не паспеў. Сабака яе задушыў.

— Дзе ж ты яе падзеў?

— Мы з хлопцамі аднеслі мёртвую андатру ў школу, і настаўнік Мікалай Антонавіч зняў з яе шкурку. Яна і зараз захоўваецца.

— Ці даўно жывуць андатры на гэтым азярку?

— Трэці год, — адказаў хлопчык. — Як прывезлі іх аднекуль, каб выпусціць у возера Цно, то нейкі дзядзька ўзяў самца і самку ды пусціў іх сюды, перад нашаю школай, каб паглядзець, што з гэтага будзе, а яны тут і прыжыліся. Спачатку была ў іх на азярку адна хатка, а цяпер аж дзевяць. Адсюль не ўсе відаць, але я вам магу і з таго боку паказаць. Нават падлічыце, калі захочаце.

Хатак сапраўды дзевяць.

Хлопчык задаволены.

— Іх тут усюды многа, на ўсіх азёрах, — гаворыць ён, і шчырая радасць гучыць у яго словах, — але больш за ўсё на Друйцы, каля Заборных гумнаў.

— Заборныя гумны? — перапытаў я. — Што ж гэта такое і як туды трапіць?

— Так называецца ў нас ускраіна горада, у самым канцы Ленінскай вуліцы, — удакладніў мой субяседнік.

Ён паказаў мне напрамак і дадаў:

— Калі вы так цікавіцеся, то трэба вам пагаварыць з настаўнікам. Мікалай Антонавіч усё пра іх ведае.

— Дзе ж яго знайсці?

— Ён жыве ў канцы Савецкай вуліцы, у фінскім доміку, каля аптэкі.

Сёння нядзеля, школа закрыта, і знайсці Мікалая Антонавіча можна было толькі дома. Я хутка адшукаў яго па адрасу, які мне даў Уладзік.

Гэта быў жывы і гаваркі чалавек гадоў каля трыццаці пяці.

Скончыўшы Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, ён вярнуўся ў свой родны горад і выкладае прыродазнаўства ў той самай сярэдняй школе, каля маленькага азярка, у якой вучыўся некалі і сам.

Мікалай Антонавіч вельмі любіць Браслаў і яго ваколіцы. Адразу і нават ахвотна згадзіўся ён паехаць са мною на рэчку Друйку і паказаць месцы, заселеныя андатрай.

Мы выйшлі з доміка, у якім ён жыве, і паехалі ў самы канец горада. Апошнія хаты ўскраіны засталіся ззаду.

— Вось гэта і ёсць Заборныя гумны, — сказаў Мікалай Антонавіч. — Мой вучань даў вам правільны арыенцір.

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан