epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Прызямленне першае

Замак над Свіслаччу. Мы ідзём у горад. Хто тут жыве? Княжыя харомы. Купецкія судны. Два рынкі. Зноў на кіліме. Бітва на Нямізе. Пачатак гістарычнага жыцця

 

Мінула яшчэ адно-два стагоддзі. Унізе пад намі серабрыцца рака. Не такая шырокая, як Дняпро ці Сож, але караблі і па ёй плывуць.

З гэтай ракой зліваецца другая рэчка, вузкая і звілістая. А на тым месцы, дзе абедзве рэчкі злучаюцца, мы бачым драўляны горад, абнесены высокай сцяною з дубовых бярвенняў.

Паміж плынямі рэк выступае як мыс насыпаная гара, а на ёй узвышаецца драўляны замак, абнесены сцяной з вежамі.

Які ж гэта горад?

Давайце зірнем на карту. Мы ж яе ўзялі з сабой.

Э, ды гэта ж Мінск! Старажытны Мінск!

Шырэйшая рака — Свіслач, а вузкая — Няміга.

Так, гэта Мінск.

Але як цяжка яго пазнаць! Як непадобны ён на сучасную сталіцу Беларусі, вялікую і прыгожую!

Пакуль гэта яшчэ зусім невялікі гарадок нават і для тых часоў. Адзін з многіх прыгарадаў Полацка, ён не мае яшчэ самастойнага значэння, служыць умацаваннем на самай мяжы зямлі крывічоў з дрыгавічамі, Полацкага княства з Тураўскім. Гарадок не большы, калі не меншы, за Ізяслаўль і Лагойск, такія ж умацаваныя суседнія гарады, якія ўзніклі раней.

Населены старажытны Мінск патомкамі дрыгавічоў, але з’яўляецца фарпостам Полацка на паўднёвай граніцы яго ўладанняў.

Ці не пахадзіць нам па вуліцах старажытнага Мінска? Для гэтага трэба прызямліцца. Вось і зручная лясная палянка. Якая тут свежая, ярка-зялёная трава! Цяпер трэба наш кілім скруціць і схаваць у кустах.

Вось і ўсё. Мы ідзём у горад.

А што рабіць з адзеннем? Нельга ж хадзіць па горадзе адзінаццатага стагоддзя ў сучаснай вопратцы.

Але для нас гэта вельмі проста.

Мы ж дамовіліся з вамі яшчэ раней, што будзем дзейнічаць, як у казцы, будзем карыстацца ў сваім падарожжы казачнымі сродкамі. Вось цяпер і надышоў выпадак, калі мы можам звярнуцца да аднаго з тых казачных прыёмаў, якіх у нас так многа ў запасе. Варта нам толькі павярнуць шапкі спераду назад, і ніхто з людзей мінулага не зможа нас убачыць. Мы зробімся невідзімкамі, будзем смела хадзіць сярод іх і спакойна разглядаць усё, што захочам, без ніякіх непаразуменняў.

Няроўная, зрэзаная глыбокімі каляінамі дарога, па якой мы ідзём, прыводзіць нас з лесу да гарадской брамы. Мы падышлі да горада з поўдня. З поўначы дарогі няма. Праз некаторы час горад будзе мець некалькі ўваходаў, і гэты, паўднёвы, перад якім мы стаім, зробіцца галоўным з іх, а пакуль што, у адзінаццатым стагоддзі, ён з’яўляецца адзіным.

Сюды, да Замкавай брамы, сыходзяцца з усіх бакоў лясныя дарогі. Потым яны ператворацца ў асноўныя вуліцы Мінска, забудаваныя за межамі першапачатковай, умацаванай часткі горада.

На плошчы перад Замкавай брамай — шумны і людны рынак. Цяпер гэта — плошча 8 Сакавіка, а ў тыя часы яна называлася проста Нізкі рынак. Сюды выходзіць і адна з самых старых вуліц Мінска — Гандлёвая, якая захавала сваю назву да нашых дзён. Раней яна называлася Зыбіцкай, можа, таму, што глеба, па якой яна праходзіла, была зыбкая, балоцістая. У назвах вуліц адлюстраваліся асаблівасці гістарычнага жыцця горада.

А вось і Няміга, пакуль яшчэ не вуліца, а рэчка, абодва берагі якой забудаваны ў межах горада дамамі.

Некаторыя з прасёлачных дарог ужо і цяпер лічацца вуліцамі. Ад Нямігі ўзбягае на пагорак вуліца, якая цяпер называецца вуліцай Астроўскага. Далей яна збочвае на поўнач і ператвараецца ў дарогу, што вядзе ў Ракаў. Таму яна і называлася раней Ракаўскай вуліцай. Каля самага горада дамы на гэтай вуліцы пабудаваны шчыльна, а далей мы бачым толькі асобныя хаты, раскіданыя сярод агародаў, палёў і пералескаў.

Вуліцы ў гэтай частцы горада незабрукаваныя, пыльныя. Тут жывуць кавалі, бондары, ганчары, гарбары, рэзчыкі па косці, дрэваапрацоўшчыкі, ювеліры. З крыкам гойсаюць у вулічным пыле босыя дзеці ў адных зрэбных кашулях.

Старажытны Мінск — горад рамеснікаў. Але ёсць сярод яго жыхароў і нямала земляробаў, рыбакоў. Амаль усе мінчане гадуюць свіней, кароў і коз. Кожны дом — асобная невялікая сядзіба з садам і агародам.

Уся тэрыторыя горада падзелена на асобныя ўчасткі з такімі сядзібамі. Кожная мае некалькі жылых і гаспадарчых будынкаў. Кожная аддзелена ад суседняй сядзібы і ад вуліцы высокім частаколам з варотамі.

Адразу відаць, хто ў якім доме жыве.

Заглянем хаця б вось у гэтую, бліжэйшую да нас сядзібу.

У заднім кутку двара, каля агарода, працуе ў кузні гаспадар сядзібы — каваль. Тут стаіць пад паветкай кавадла і вялікі цэбар з вадой. Левай рукою каваль трымае доўгімі абцугамі распалены дабяла кавалак жалеза і паварочвае яго то адным, то другім бокам, спрытна падстаўляючы пад удары цяжкага молата. Памочнік каваля, малады хлопец з доўгімі бялявымі валасамі, відаць, яго сын, узнімае молат і праз роўныя прамежкі часу абрушвае на кавадла. А майстар паспявае паміж рытмічнымі ўдарамі вялікага молата зрабіць некалькі дробных удараў маленькім малатком, які трымае ў правай руцэ.

Паслухайце, як зладжана і раўнамерна ідзе ў іх праца:

— Бум!.. так... так... так!.. Бум!.. так... так!..

Кавалак жалеза спачатку выцягваецца ў даўжыню, сплюскваецца з аднаго боку, набываючы пэўную форму, патрэбную для каваля.

Цяжка сказаць, што атрымаецца з гэтага кавалка, якая карысная рэч выйдзе з-пад умелых рук майстра, бо каваль кідае жалеза ў халодную ваду Як зашыпела вада ў цэбры! Воблачка пары ўзнялося ў паветра. Работа яшчэ далёка не скончана. І хлопец мяхамі з казінай шкуры ўзяўся раздзімаць агонь у горне.

Ляцяць іскры, успыхваюць чырвона-сінімі агеньчыкамі вугалі і асвятляюць твар юнака, цёмны ад дыму і сажы.

На абодвух кавалях скураныя фартухі. Ільняныя прадымленыя кашулі расшпілены, рукавы закасаны. Валасы на галаве перацягнуты вузкімі раменьчыкамі, каб не падалі на вочы.

Праца каваля не лёгкая, але вясёлы і лагодны выраз не пакідае загарэлага твару старога майстра з шырокай цёмнай барадой і высокім ілбом, на якім блішчаць дробныя кропелькі поту.

Па блакітным небе павольна плывуць над Мінскам белыя воблачкі. Свеціць сонца. У садзе за хатай каваля спяваюць берасцянкі, свішчуць шпакі. Каля маленькіх дзвярэй ляжыць кудлаты сабака.

Дзверы адчынены, і мы можам зазірнуць у дом. Толькі адзін невялікі пакой мае гэтая хата пад саламянай страхой, як і амаль усе хаты простых людзей у горадзе. Па выглядзе яны нічым не адрозніваюцца ад сялянскіх хат у тагачаснай вёсцы.

Падлога ў хаце каваля драўляная, добра вышараваная, але не фарбаваная. З правага боку — печ. Акенцы зусім маленькія, а замест шкла ўстаўлена тоўстая, напалову празрыстая слюда.

Гэты гарадскі каваль, відаць, добры майстар, які ведае сваю справу. З вёскі прывозяць яму ў горад жалеза, здабытае з балотнай і лугавой руды, а ён вырабляе з гэтага жалеза не толькі зброю — мячы, наканечнікі коп’яў і стрэл — і розныя сельскагаспадарчыя прылады, але і такія дробныя рэчы хатняга ўжытку, як іголкі, шылы, шпількі, гузікі і засцежкі для адзення.

Каля майстра стаяць два чалавекі і з пашанай паглядаюць на яго работу. Гэта, мабыць, заказчыкі ці пакупнікі. Яны цярпліва чакаюць, калі гаспадар скончыць сваю працу.

Абодва — гарадскія жыхары.

На абодвух кароткія льняныя кашулі, падпяразаныя поясам. На поясе вісяць нож, крэсіва, ключы. На адным кашуля зашпілена меднымі гузікамі, круглымі, як шар. На другім — драўлянымі. У аднаго штаны запраўлены ў шарсцяныя шкарпэткі, у другога абмотаны ўнізе льнянымі анучамі і абвязаны тонкімі скуранымі раменьчыкамі. На нагах у абодвух скураныя лапці. Гэта — адзенне простага мінчаніна тых часоў.

Мы з вамі ідзём далей, але доўга яшчэ чуем грукат цяжкага молата аб кавадла...

Ходзім мы па вуліцах пасада, той часткі горада, якая знаходзіцца па-за сценамі замка. Называюць яго яшчэ і Вакольным горадам. Ён акружаны Пасадскім валам, які прымыкае да Замкавага.

Паглядзім цяпер на драўляны замак, да якога мы падышлі. Потым, праз многа стагоддзяў, гэтае месца будзе вядома пад назвай Замчышча.

Над валам са светлага жвіру ўзвышаюцца магутныя сцены з дубовых бярвенняў. Перад намі высокая драўляная брама з дзвюма вежамі па баках.

Ад брамы дзядзінец перасякае вуліца, якая пазней будзе вядома пад назвай Стара-Мясніцкая. На захад ідзе Замкавая вуліца — самая доўгая і галоўная вуліца дзядзінца. Яна пакрыта насцілам з дубовых бярвенняў, як і ўсе вуліцы ў цэнтры старажытнага Мінска.

Большасць прахожых апранута вельмі проста, нават бедна. Некаторыя ходзяць у лахманах, але нож вісіць на поясе ў кожнага гарадскога жыхара.

Адкуль жа ўзяліся ўсе гэтыя людзі?

З навакольных вёсак прыходзяць у пасад сяляне, наймаюцца на работу, авалодваюць рамёствамі, будуюцца і застаюцца ў горадзе назаўсёды. Адны з іх становяцца самастойнымі майстрамі-рамеснікамі, другія — гандлярамі, трэція працуюць да канца жыцця чаляднікамі, слугамі і работнікамі ў заможных гараджан.

Усё шырэй і шырэй рассоўваюцца межы пасада. З году ў год расце і шырыцца старажытны Мінск. Усё даўжэй і даўжэй робяцца гарадскія вуліцы, паглынаючы навакольныя дарогі.

Мы праходзім пад брамай па драўляным насціле. Здалёку відаць высокі двухпавярховы дом у самым цэнтры ўмацаванага горада. Ён драўляны, як і ўсе дамы ў Мінску, але як адрозніваецца сваім выглядам і памерам ад усіх астатніх, маленькіх, нічым не прыкметных хатак гарадскіх жыхароў. Паглядзіце, з якіх бярвенняў ён складзены! Дубовыя, тоўстыя, адно ў адно. І ўпрыгожаны дом асабліва маляўніча. На дзвярах, на аканіцах, на высокім ганку — усюды майстэрская разьба, пафарбаваная ў розныя колеры.

У гэтым вялікім і прыгожым гмаху жыве князь.

Насупраць харомаў князя, пасярод прасторнага двара з зялёнай травой, стаіць недабудаваная царква. Гэта — першы мураваны будынак, які ўзводзіцца ў драўляным Мінску адзінаццатага стагоддзя.

Так гэтая замкавая царква і засталася недабудаваная. Чаму? Нам гэта невядома. Пазней у падмурку недабудаванай царквы пачнуць хаваць памёршых членаў княжай сям’і.

Каля харомаў размешчаны ў розных канцах двара гаспадарчыя будынкі і хаты, у якіх жывуць княжыя людзі — поп з сям’ёй, дружыннікі, цівуны і слугі. На вежах замка, які пануе са свайго ўзвышша над ваколіцамі, і ўдзень і ўночы стаяць воіны ў бліскучых шаломах і кальчугах, узброеныя лукамі і стрэламі. Пільна паглядаюць яны ўдалечыню. Ці не плыве па рацэ судна з таварамі?

Па сігнале з вежы княжыя людзі адразу прымусяць такое судна спыніцца і спагоняць з купцоў выкуп ці падатак за права праезду. Ніводнага не прапусцяць.

Плывуць па шырокай і паўнаводнай Свіслачы плыты, чаўны і судны з заморскімі таварамі, а таксама з хлебам, мёдам, воскам, скурай і футрамі. Купцы спыняюцца ў пэўныя, загадзя вызначаныя дні каля мінскага замка. Князю яны плацяць і за права гандлю на гэтым месцы. Да купцоў прыходзяць на рынак ля гарадскіх сцен людзі з навакольных, часам даволі далёкіх селішчаў.

Можа, ад гэтага і пайшла назва горада, які ў тыя часы называўся не Мінск, як цяпер, а Менеск, ці Менск, як сказана ў летапісах. Ёсць меркаванне, што назва гэтая паходзіць ад слова «мена». Менск — гэта значыць месца, дзе мяняюць тавары.

Да замкавай брамы спакойна і паважна ідзе багата апранутая жанчына. На ёй доўгае адзенне, падпяразанае шарсцяным вышытым поясам з бронзавай спражкай. На нагах мяккія скураныя пантофлі, упрыгожаныя вышыўкай. Валасы заплецены ў дзве касы, укладзеныя вакол галавы. На лбе шырокая стужка, да якой падвешаны розныя ўпрыгожанні. На шыі — шкляныя пацеркі, на руках бранзалеты. Такія бранзалеты чорнага, сіняга і блакітнага колеру мы бачым на руках у многіх жанчын, якія сустракаюцца нам на вуліцах горада.

Дзяўчына, апранутая па-вясковаму, нясе за багатай жанчынай кошык, сплецены з лазовых дубцоў. Абедзве, гаспадыня і служанка, выходзяць за браму. Яны ідуць, мабыць, на рынак.

Пойдзем і мы за імі.

На плошчы перад брамай, на Нізкім рынку, а таксама і на суседнім узвышшы недалёка ад замка і берага ракі ідзе ажыўлены гандаль. Тут і прадаюць, і мяняюць розныя рэчы.

Каля самага замка выстаўлены найбольш дарагія і рэдкія тавары. Мы бачым тут і адзенне з заморскай парчы, і саф’янавыя боты з тонкай і мяккай чырвонай, зялёнай, жоўтай скуры, упрыгожаныя мудрагелістымі ўзорамі. Вісяць рознакаляровыя кашулі з шоўку Немалы шлях прайшоў гэты шоўк, пакуль трапіў на плошчу перад мінскім замкам. З Сярэдняй Азіі, а можа, і з яшчэ больш далёкіх краін.

А вось і здабыча адважных і спрытных паляўнічых. Мядзведжыя і воўчыя шкуры навалены кучай, адна на адну, а над імі — вязкі шкурак баброў, куніц, лісіц, вавёрак.

Недалёка ад брамы стаіць стары манах з сівой барадой. У яго даволі бойка ідзе гандаль жоўтымі васковымі свечкамі і крыжыкамі — сярэбранымі і меднымі. Сівому манаху памагае малады, з рэдкай русай бародкай. За свой дробны тавар, які ляжыць перад імі на зямлі на даматканай пасцілцы, манахі бяруць у пакупнікоў і лён, і воўну, і яйкі, і сала, і розныя іншыя прадукты. Абодва манахі ў белых палатняных падрасніках і ў чорных шапках-скуфейках. Яны паўтараюць нараспеў завучаныя набожныя сказы.

Жанчына, за якой мы ідзём, не звяртае ўвагі ні на свечкі, ні на крыжыкі, хоць манахі і кланяюцца ёй нізка. Шпарка праходзіць яна міма.

Багатую мінчанку зацікавіла нешта іншае. Бачыце, як заблішчэлі яе вочы, калі яна спынілася перад паветкай ювеліра?

На цёмным абрусе стаяць перад ёю сярэбраныя каўшы, кубкі і чаркі, ляжаць залатыя пярсцёнкі з каштоўнымі каменьчыкамі, завушніцы, каралі і пацеркі, бісерныя павязкі.

Тавар дарагі, але, відаць, такі прывабны, што нават і служанка не можа адвесці ад яго вачэй, як і яе гаспадыня. Неахвотна адыходзяць яны ад спакусы.

Цяпер жанчыны накіроўваюцца да рыбнага рада. Зялёным і светла-жоўтым колерам зіхацяць перад імі вялікія, нядаўна выцягнутыя з вады шчупакі. Серабрацца луской ліні і язі. Свежую рыбу прынёс сюды рыбак, што жыве на беразе, недалёка ад замка. Да яго і падышла жанчына са служанкай.

Пакінем іх выбіраць рыбу, узважваць яе на руцэ, правяраць чырвоную свежасць шчэлепаў.

Пойдзем лепш па дарозе ўгару, на суседняе ўзвышша, куды паскакалі, абганяючы вазы на рыпучых колах, два коннікі, узброеныя мячамі.

Следам за імі паднімаемся на ўзгорак і мы. Перад намі шырокая паляна з вытаптанай травой, акаймаваная цёмна-зялёнай сцяною лесу.

Пазналі, дзе мы знаходзімся?

Не?

Зразумела, цяжка пазнаць.

Нічым не нагадвае гэта паляна за горадам плошчу Свабоды ў сучасным Мінску, якую мы з вамі так добра ведаем.

Паглядзіце навокал.

Адсюль добра відаць і ўвесь горад унізе, каля Замкавай гары, і лукавіна ракі. Мінчане старажытных часоў называлі гэтую паляну Высокім месцам. Потым, праз некалькі стагоддзяў, узвышша насупраць замка забудуецца і ўвойдзе ў межы горада, а яшчэ пазней нават стане яго новым цэнтрам.

Але колькі тут народу! Глядзіце, што тут робіцца! Тавары на паляне прасцейшыя за тыя, што каля замкавай брамы. Пераважаюць вырабы тутэйшых майстроў, мясцовыя багацці, дары мінскай зямлі, але народу на ўзвышшы больш, чым унізе, каля замка.

Вось мёд у драўляных кадушках і воск. Скруткі даматканага палатна і сукна. Драўлянае начынне — бочкі, кадкі, цабэркі, балеі. Мяхі са збожжам, мукой і крупамі. Сушаныя грыбы. Сала і каўбасы. Вэнджаныя ў дыме ядлоўцу кумпякі хатніх свіней і лясных дзікоў.

Простых людзей цікавяць сярпы, сякеры і косы, нажы, наканечнікі стрэл і коп’яў, медныя конаўкі, розныя гаспадарчыя прылады. Вабіць іх салёная і сушаная рыба.

Перш чым набыць патрэбную рэч, пакупнікі доўга вагаюцца ў нерашучасці, усебакова абмяркоўваюць, радзяцца між сабой, настойліва таргуюцца з прадаўцом.

Тут, у гэтым тлуме, трэба нам ісці асцярожна. Хоць нас ніхто не бачыць, але штурхацца ці дакранацца да людзей не варта. Гэта можа выклікаць зусім непажаданыя для нас нечаканасці і ўскладненні. Ці мала што можа здацца старажытнаму чалавеку, калі ён пачуе, як датыкнулася да яго нешта жывое, але нябачнае?

Асабліва людна каля ганчара, які расставіў на траве свае разнастайныя гліняныя вырабы.

Тут многа жанчын. Яны перабіраюць збаны, гаршкі і міскі, паварочваюць іх на ўсе бакі, стукаюць па іх пальцамі, прыслухоўваючыся, ці добра звініць, перастаўляюць з месца на месца. То яны прыглядаюцца да збаноў і місак з адлегласці, то зблізу.

Пажылы ганчар у белай кашулі, з валасамі і вусамі светлымі і мяккімі, як лён, цярпліва тлумачыць пакупнікам усе выгоды і добрыя якасці свайго тавару. Яму памагае жонка. Яна паказвае прысутным усё новыя і новыя збаны і міскі. Гучны голас ганчарыхі не змаўкае ні на хвіліну.

Каля ганчара круціцца вёрткая чародка дзяцей у доўгіх зрэбных кашульках. Яны шчабечуць, як птушкі, з захапленнем паглядаючы на гліняныя цацкі-свісцёлкі. То адзін, то другі хлапчук вытыркаецца наперад, але дакрануцца да цацкі рукамі ніхто не адважваецца. Як добра свішчуць глазураваныя пеўнікі і качкі, зробленыя ўмелаю рукою добрага майстра...

Усюды рух, мітусня, гоман, крыкі, жвавая гаворка. Раптам пачуліся над шумным рынкам гукі нейкага велічнага і сумнага спеву. Панура брыдуць сляпцы.

Чарадою, адзін за адным. Першы з іх, высока ўзняўшы галаву, намацвае дарогу вялікім кіем. Ветрык варушыць сівыя валасы на непакрытай галаве. Песня, якую спяваюць сляпцы, поўная тугі і нейкай вялікай унутранай сілы, робіць моцнае ўражанне. Моўчкі расступаецца перад імі натоўп.

Цікава глядзець на жыццё старажытнага Мінска, але нам нельга затрымлівацца надоўга.

Паглядзім яшчэ толькі, што сталася з Мінскам праз некалькі гадоў.

Хутчэй на лясную палянку за горадам, дзе чакае нас слаўны і верны, надзейна схаваны ў кустах кілім-самалёт!

І вось мы зноў над Мінскам, які належыць цяпер полацкаму князю Усяславу Чарадзею.

Вялікай славай карыстаецца гэты князь сярод сваіх сучаснікаў. Жыццё Усяслава, поўнае прыгод і подзвігаў, натхняе паэтаў. Розум, энергія і знаходлівасць, з якой ён абараняе сваё княства, яго ўменне знайсці выхад з самых цяжкіх і складаных абставін здзіўляюць людзей, робяць моцнае ўражанне нават на ворагаў. Поспехі Усяслава, яго спрытнасць і рашучасць, людзі лічаць чараўніцтвам. У народзе ходзяць чуткі, быццам князь Усяслаў умее абярнуцца ў рысь ці ваўка і блукае ўначы па дарогах. Кажуць, быццам ён можа ператварыцца ў туман і знікнуць у адным месцы, каб апынуцца непрыкметна ў другім, дзе яго зусім не чакаюць.

Гэта пра Усяслава вобразна гаворыць невядомы аўтар «Слова аб палку Ігаравым»: «Ён на кані памчаў да горада Кіева і дакрануўся кап’ём да залатога пасада Кіеўскага. Скочыў ад іх лютым зверам1. Апоўначы з Белгарада ахінуўся сіняй імглой, а на раніцу, узняўшыся, адчыніў браму ў Ноўгарадзе, разбіў славу Яраслава і скочыў воўкам да Нямігі з Дудутак... Усяслаў князь людзям суд судзіў, князям гарады дзяліў, а сам уначы воўкам блукаў. З Кіева да пеўняў дасягаў Тмутаракані... Яму ў Полацку рана званы пазванілі ў Сафіі святой, а ён у Кіеве звон чуе».

Часта даводзіцца Усяславу трапляць у цяжкае і як быццам бязвыхаднае становішча. Вось і сёння бязрадасны дзень для Чарадзея. Халодны сакавіцкі дзень 1067 года. Усяляк намагаецца Усяслаў захаваць незалежнасць Полацкай зямлі ад вялікіх князёў Кіеўскіх, але сілы няроўныя. Вялікі князь кіеўскі Ізяслаў рушыў з двума братамі на Полацкую зямлю і падступіў да Мінска.

Мінчане замкнуліся ў горадзе. Яны ўпарта супраціўляліся спачатку на вале і сценах, потым у вузкіх вуліцах пасада. Але кіеўскія воіны ўзялі Мінск.

Бушуе агонь над хатамі рамеснікаў. Гараць і княжыя харомы, а на берагах Нямігі ўсё яшчэ ідзе жорсткі бой кіеўскага войска з полацкім. Змагаюцца яшчэ і на плошчы пасярод дзядзінца, у кожным доме.

На вуліцах, асветленых пажарам, воіны Ізяслава рабуюць і забіваюць жыхароў. Мінчане абараняюцца хто чым можа — каламі, нажамі, сякерамі, але нялёгка ім супрацьстаяць добра ўзброеным воінам кіеўскага князя.

Гарыць і хата знаёмага нам каваля. Вунь і сам ён ляжыць на спіне пасярод свайго двара. Шырока раскінуты дужыя рукі, з грудзей тырчыць варожая страла. Побач з кавалём ляжыць яго верны молат. Ім каваль працаваў, ім і абараняўся ў гэты апошні дзень свайго жыцця.

Па ўсім двары раскіданы дробныя рэчы. Яны, відаць, не спатрэбіліся рабаўнікам.

Усюды крыкі, лямант, стогны і плач, просьбы аб літасці. Усюды ляжаць трупы.

Па агародах, па загуменні прабіраюцца тыя нямногія жыхары, якія здолелі выратавацца ад лютай разні.

Абарваныя і знясіленыя, счарнелыя ад дыму, шукаюць яны прытулку ад бязлітасных стрэл, ад мячоў і коп’яў ворагаў у навакольных лясах, якія абступілі Мінск з усіх бакоў.

Глядзіце, хто гэта брыдзе, кульгаючы, сярод няшчасных людзей?

Гэта ж сын каваля!

Мы адразу яго пазналі, хоць ён і вырас прыкметна, узмужнеў за гэты час. Адна рука яго вісіць бездапаможна. За другую чапляецца пажылая, змарнелая ад раптоўнага гора жанчына. Гэта, мабыць, яго маці.

На брудным расшпіленым кажушку хлапца сляды крыві. На твары — таксама, але яго не пакідае выраз гневу, смутку і рашучасці. Юнак часта аглядаецца назад, на горад, які палае нібы адно вялізнае вогнішча.

Як высока шугае полымя!

Рушацца з трэскам будынкі. А зверху, з шэрага, пахмурнага неба густа падае мокры снег.

Далей, далей ад гэтага сумнага відовішча... Потым, праз колькі год, аўтар «Слова аб палку Ігаравым» скажа пра гэтыя падзеі: «На Нямізе снапы сцеляць галовамі, малоцяць цапамі булатнымі, жыццё кладуць на таку, душу веюць ад цела. Нямігі бо крывавыя берагі не дабром засеяны, засеяны касцямі сыноў рускіх».

У сувязі з бітвай на берагах Нямігі ўпершыню трапіў Мінск на старонкі гісторыі. Пад 1067 годам упершыню было ўпамянута яго імя ў летапісе.

Таму гэты год, такі няшчасны для маладога Мінска, год руйнавання, і лічыцца пачаткам яго гістарычнага жыцця.

Пад знакам вайны і разбурэння ўвайшоў наш горад у гісторыю, у літаратуру. З гэтага часу ён усё часцей упамінаецца ў гістарычных дакументах, і кожны раз зноў і зноў у сувязі з войнамі, бітвамі, пажарамі і няшчасцямі.

Такі быў яго лёс.

Такі быў лёс усёй нашай краіны. Яго вызначыла геаграфічнае становішча зямлі, якую потым пачалі называць беларускай — на скрыжаванні вялікіх дарог між Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем, у самым цэнтры Еўропы.

1 Лютым зверам называлі ў тыя часы рысь.


1964-1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан