epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Прызямленне трэцяе

Казакі ў Пінску. Абарона горада. Нават жанчыны змагаюцца. Бывай, непакорны Пінск!

Ад Нясвіжа мы скіроўваем свой кілім-самалёт на поўдзень. Разам з кіламетрамі мінаюць і дзесяцігоддзі.

Пад намі — балоцістая нізіна, кранутая фарбамі восені. Нізіну перасякаюць шматлікія рэчкі, якія віюцца сярод балот, лугоў, лясоў і пералескаў. Гэта ж тут жылі калісьці старажытныя дрыгавічы!

Вось і Піна, буйнейшы прыток Прыпяці. Ад Піны і ўзяў сваю назву горад, што раскінуўся на яе левым беразе.

Чым бліжэй да Пінска, тым усё больш войска бачым мы на пыльных дарогах. Тут і шматлікія коннікі, і пешыя жаўнеры, і цяжкія гарматы на непаваротлівых, рыпучых колах. Дужыя коні натужна цягнуць іх па выбітай дарозе.

І ўсё гэта рушыць у адным напрамку — туды, дзе ў восеньскай смузе віднеецца Пінск. Там даўно ўжо чуваць страляніна, грымяць гарматы. І да свежага ранішняга ветрыку, які дзьме з таго боку, выразна прымешваецца гаркаваты пах дыму.

Высокая гарадская сцяна падковаю ахапіла горад з трох бакоў, а канцы гэтай падковы ўпіраюцца ў Піну. Толькі тут, з боку ракі, Пінск не абложаны ворагамі. Многія дамы, і драўляныя, і мураваныя, ахоплены полымем. Сцены цэркваў з круглымі купаламі і касцёлаў са спічастымі вежамі званіц пашарпаны кулямі, пашчэрблены ядрамі. Цэнтр горада, плошча і рынак, што знаходзяцца на самым беразе, абязлюднелі.

Тут мы і зможам прызямліцца і агледзецца, разабрацца ў падзеях. Схаваўшы кілім-самалёт пад ніцай вярбой, мы ідзём па адной з вуліц, якія веерам разыходзяцца ад плошчы ля берага Піны.

Усё бліжэй і бліжэй чуваць гукі бою.

Мы бачым гараджан, узброеных самымі рознымі стрэльбамі, сякерамі і самаробнымі пікамі. Сярод іх няцяжка пазнаць па адзенні і сялян-паўстанцаў з навакольных вёсак. Некаторыя, не маючы добрай зброі, цягнуць камяні і бярвенні. Яны спяшаюцца да гарадскіх сцен, каб памагчы абаронцам адбіць чарговы наступ панскага войска.

Каля галоўнай гарадской брамы сабраўся вялікі атрад коннікаў у папахах, у яркім каляровым адзенні і шырокіх шараварах. Гэта — казакі, якія прыйшлі сюды з суседняй Украіны. Нямала спешаных казакоў і на сцяне. Разам з гараджанамі і сялянамі яны не даюць панскім салдатам уварвацца ў горад.

Вы цяпер і самі зразумелі, што трапілі мы ў Пінск у кастрычніку 1648 года. Казакоў прывёў сюды з Украіны па заданні гетмана Багдана Хмяльніцкага палкоўнік Антон Нябаба.

Жыхары Пінска самі пусцілі ў горад казакоў, да якіх далучыліся і мясцовыя сяляне. Вось ужо трэці дзень абараняюць яны горад ад войск князя Януша Радзівіла, які павінен быў, па загаду польскага караля, прайсці праз Беларусь на Украіну і ўдарыць у тыл арміі Хмяльніцкага.

Трэці дзень не спыняецца заўзяты бой. Князь Радзівіл пасылае пад сцены Пінска ўсё новыя і новыя сілы. А казакам і пінчанам няма адкуль чакаць дапамогі. На сценах застаецца ўсё менш і менш абаронцаў горада, але ніхто і не думае здавацца на літасць ворагу. На змену забітым ідуць жанчыны. Тут жа на вуліцах распальваюць яны вогнішчы і грэюць ваду і смалу. Потым усцягваюць катлы на сцены і выкульваюць іх на галовы панскіх салдат. Іншыя скачваюць уніз бярвенні, кідаюць вялікія камяні...

А горад гарыць ужо з усіх бакоў. І тушыць пажары няма каму. Гараць нават плывучыя млыны на Піне...

Раптам чуюцца страшэнны трэск і скрогат. Гарадская брама падалася націску варожых салдат і расчынілася. Панскае войска ўварвалася ў горад...

Разам з апошнімі абаронцамі, нікім не заўважаныя, адыходзім мы да плошчы ля ракі. Казакі і пінчане змагаюцца да апошняй магчымасці. Прарвацца яны не могуць, адступаць няма куды.

Некаторыя з абаронцаў горада спрабуюць пераплысці на той бераг, але кулі насцігаюць іх і ў вадзе.

І тым, хто застаўся ў горадзе, таксама няма ратунку. Лютуюць панскія салдаты. Яны хапаюць людзей, сякуць іх шаблямі, кідаюць у полымя. Не шкадуюць ні малых, ні старых, ні жанчын, ні хворых.

Са смуткам глядзім мы на зруйнаваны і спалены Пінск. Зноў, і ў каторы ўжо раз, прыходзіцца нам шкадаваць, што не можам мы ні змяніць, ні спыніць ход падзей, якія адбыліся ў мінулым.

Як добра было б, калі б мы змаглі ўзяць з сабой на кілім-самалёт хаця б вунь таго мужнага казака ў чорнай папасе з чырвоным верхам, які з дзесяткам коннікаў прабіўся скрозь рады ворагаў... Гэта ж сам Антон Нябаба!

Вось імчыцца ён на кані, з шабляй у руцэ па зялёным лузе за горадам. Але луг пераходзіць неўзабаве ў балота. Коні грузнуць у дрыгве. І атаман паварочвае свайго каня проста насустрач ворагам...

Дорага аддаў сваё жыццё Антон Нябаба. На тры дні затрымалі яго атрады панскае войска. Так і не ўдасца князю Янушу Радзівілу прарвацца знянацку на Украіну. Яго войскам давядзецца яшчэ змагацца на Беларусі і з атрадамі паўстанцаў Гаркушы, Хвеські, Крывашапкі...

Хутка ўжо Украіна аб’яднаецца з Масквой, і на дапамогу паўстанцам выступіць рускае войска. Потым цар падпіша мірны дагавор з Польшчай, па якім польскі кароль аддасць Маскве смаленскую зямлю і Украіну з Кіевам. Але беларускія землі застануцца яшчэ пад уладаю польскіх паноў.

Я расказаў вам пра гэта таму, што мы не можам затрымлівацца больш у семнаццатым стагоддзі. Бывай, спалены і зруйнаваны, але непакорны Пінск!

Кілім-самалёт імчыць нас насустрач новым часам і новым падзеям.


1964-1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан