epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Сергучоўскі канал

 

 

Халаднаваты, пахмурны ранак. Неба шэрае, паветра вільготнае.

Па беразе Сергучоўскага канала я іду да егера Аляшкевіча з запіскай ад Леаніда Васільевіча.

Высокія змрочныя яліны ўзвышаюцца па берагах канала над вольхамі і бярозамі.

Вада ў канале цёмная і глыбокая. Толькі на пясчаных мясцінах яна набывае чырванаваты колер. Гэта — адзнака таго, што ў вадзе ёсць жалезная руда.

Пракладзены яшчэ ў XVIII стагоддзі Сергучоўскі канал з’яўляецца часткай былой так званай Бярэзінскай воднай сістэмы.

Просты, як лінейка, ён праходзіць па тэрыторыі запаведніка на працягу каля дзевяці кіламетраў.

Праз Сергучоўскі канал Бярэзіна злучаецца з ракой Бузянкай, з ляснымі азёрамі Плаўе, Манец і Ольшыца, з каналам возера Бярэшта, з ракой Бярэштай, Вербскім каналам, ракой Эсай, возерам Проша, Лепельскім каналам, Лепельскім возерам, другім Лепельскім каналам, ракой Улай і Чашніцкім каналам. Апошні злучае раку Улу каля мястэчка Чашнікі з Заходняй Дзвіной.

Бярэзінская водная сістэма была створана паднявольнай працай беларускіх прыгонных сялян у 1798—1805 гадах. Па гэтым водным шляху лес з паўночнай лясістай часткі былой Мінскай губерні сплаўляўся ў Рыгу. Па Бярэзінскай сістэме перавозіліся ў баржах і лодках збожжа, соль, крупы.

Значэнне Бярэзінскага воднага шляху зменшылася пасля таго, як былі пракладзены чыгуначныя лініі. Догляд каналаў спыніўся, берагі іх пачалі абвальвацца, а потым зараслі лазой, вольхай і асінай.

Цяпер Сергучоўскі канал, самы вялікі з каналаў Бярэзінскай сістэмы, выкарыстоўваецца толькі для ўнутраных, мясцовых патрэб.

На фоне бледнага шэра-блакітнага неба вылучаюцца белыя ствалы бяроз. Жоўтых лісткоў на іх яшчэ мала.

З рэзкім стракатаннем пераляцела канал сарока. З лазняку ля самай вады з шумам выпырхнула другая.

На траве серабрыцца раса.

На суку, які навіс над вадой, сядзіць невялікая птушка дзіўнага выгляду з яркім, незвычайным апярэннем бліскучага зеленавата-сіняга колеру. Галава ў гэтай птушкі ледзь не з палову ўсяго тулава. Нос доўгі, прамы і востры, а хвост кароткі, як кажуць, куртаты. Яркая афарбоўка птушкі кідаецца адразу ў вочы. Яна здаецца нейкая чужародная на фоне сціплага, мяккага і спакойнага пейзажу.

Гэта — зімародак.

Сустракаецца ён у нас не так ужо часта.

Ціха, стараючыся не рабіць шуму, апусціўся я на зямлю і пачаў з-за кустоў наглядаць за птушкай.

Нерухома сядзіць зімародак на сваім месцы. Кароткія маленькія чырвоныя ножкі яго моцна ўчапіліся ў кару сука.

Жывуць зімародкі ля багатых рыбай вадаёмаў з густой расліннасцю. Трымаюцца яны адасобленымі парамі, на вялікай адлегласці адна ад другой. Кормяцца пераважна рыбай. Гнёздамі служаць ім норы ў берагавых абрывах над вадой.

Я доўга і цярпліва гляджу на цікавую птушку. Вочы стаміліся, і я ўжо збіраюся ўстаць.

Але вось зімародак выцягнуў шыю, перакуліўся галавой уніз і, як камень, ці, хутчэй, як страла, не раскрыўшы крылаў, упаў у ваду і знік з вачэй.

Праз момант ён з’явіўся зноў на паверхні і ўзляцеў на ранейшае сваё месца на суку.

У дзюбе зімародка зіхаціць срэбрам лускі і трапечацца невялікая рыбка. Зімародак стукнуў ёю аб сучок, падкінуў рыбку ўгору і, шырока раскрыўшы дзюбу, праглынуў. Потым страсянуў кроплі вады з пёркаў, пачысціў пер’е дзюбай і зноў нібы застыў у сваёй нерухомай паставе.

Я ўстаў і падышоў бліжэй.

Зімародак сарваўся з месца і паляцеў над каналам, шпарка махаючы сваімі кароткімі, закругленымі крыльцамі.

Яркі зеленавата-сіні шматок мільгануў над вадой і з тонкім, працяжным свістам знік у зялёных кустах на тым беразе канала.

1947—1948

 


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан