epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Сіняя птушка

 

 

На провадзе электралініі сярод лугавіны, за якой пачынаецца сасняк, сядзіць прыгожая птушка.

Галава, шыя і ўвесь ніз у гэтай птушкі блакітна-сіняга колеру з зеленаватым адценнем. Спіна — карычневая, крылы — цёмна-сінія. Велічынёю яна з галку.

Я падыходжу бліжэй.

Сіняя птушка выразна вырысоўваецца на фоне светлага неба.

Гэта — сіваграк. Яго называюць часам сіваваронкай.

Маляўнічая афарбоўка сіваграка надае яму незвычайны, нетутэйшы выгляд. Здаецца, што ён прыляцеў сюды як выпадковы госць з далёкіх паўднёвых краін, — так не адпавядае пейзажу наднарачанскіх узгоркаў яркі колер яго апярэння.

І гэта зусім не дзіўна, бо сіваграк, таксама як і ўдод, івалга, зімародак і залацістая шчурка, ці пчалаед, якія вылучаюцца ў нашых лясах і палях сваім бліскучым убраннем, з’яўляецца далёкім патомкам трапічных птушак.

Нерухома сядзіць сіваграк на провадзе, выставіўшы наперад моцную, цёмную, крыху загнутую дзюбу. Яго шчыльнае, бліскучае, нібы з металу, апярэнне зіхаціць на сонцы.

У траве красуюцца чырвоныя галоўкі канюшыны, жоўтыя адуванчыкі, белыя рамонкі, сінее чабор. Над кветкамі пырхаюць матылькі. У небе звініць жаваранак.

Цярпліва пільнуе сіваграк здабычу, каб кінуцца раптам з вышыні свайго назіральнага пункта і схапіць у траве коніка, саранчу ці мядзведку.

У нашых лясах сіваграк жыве адасобленымі парамі, на даволі вялікай адлегласці адна ад другой. Трымаецца ён звычайна там, дзе лес мяжуе з полем. Больш характэрны гэты птах для Украіны, для паўднёвых абласцей, дзе пераважае стэп, але і ў нас ён сустракаецца нярэдка.

Жыву я недалёка ад таго месца, дзе першы раз убачыў сіваграка.

Невялікую нашу хатку абступіў з усіх бакоў стары лес.

Перад вокнамі высяцца сосны.

Вось ужо некалькі разоў будзіць мяне на світанні нейкі рэзкі, адрывісты і хрыплы крык, якога я раней ніколі не чуў. Мне здавалася, што гэта крычыць вялізны птах.

Кожны раз я ўставаў і выходзіў з дому, каб дазнацца, каму належыць такі моцны голас, але варта было мне адчыніць дзверы, як крык адразу змаўкаў і я нікога не бачыў.

Праз некалькі дзён незнаёмы крык, на гэты раз асабліва гучны, пачуўся каля самага дома. Ён напоўніў сабою ўвесь пакой.

— Рэк... рэк... рэк... рэк...— гучала ў лясным паветры, парушаючы ранішнюю цішыню.

Я высунуўся ў акно.

Крык часова спыніўся, потым пачуўся з новаю сілай. У тую ж хвіліну з бліжэйшай ад дома сасны пераляцела на далёкую яліну блакітна-сіняя птушка.

Вось яно што! Ды гэта ж сіваграк! Можа, той самы, якога я бачыў на провадзе. Гэта ён крычыць так моцна! І адкуль толькі бярэцца ў параўнальна невялікай птушкі такі рэзкі голас?

Крыкнуўшы яшчэ раз, сіваграк узняўся ў паветра. Ён кружыў высока ў небе, а потым, робячы складаныя піруэты, кідаўся штопарам уніз. Ён нібы купаўся ў ясным прасторы.

З-пад кроны высокай сасны вылецеў насустрач яму другі сіваграк і далучыўся да паветраных практыкаванняў.

Абедзве птушкі пачалі ганяцца адна за адной, куляючыся ў паветры. Яны знікалі часам у зеляніне дрэў і выляталі зноў на адкрытую пляцоўку перад домам.

Цяпер можна было заўважыць, што сіне-зялёныя крылы птушкі маюць знізу яшчэ і белы колер.

З цікавасцю сачыў я за гульнямі сівагракаў.

З гэтага дня я вырашыў больш уважліва прыглядацца да іх палётаў. Мне хацелася даведацца, дзе выводзяць яны сваіх птушанят.

Знайсці гняздо сіваграка нялёгка.

Сіняя птушка — вельмі асцярожная. Яна гадуе сваіх дзяцей у глухіх і маладаступных месцах і паводзіць сябе так, каб нікому не знайсці яе дом.

Я ведаў, што сівагракі гняздзяцца ў дуплах старых дрэў. Яйкі з’яўляюцца ў гняздзе сіваграка ў пачатку чэрвеня. Птушаняты вырастаюць і пакідаюць гняздо праз дваццаць шэсць — дваццаць восем дзён.

Быў канец чэрвеня. Значыць, птушаняты ўжо даволі вялікія. Неўзабаве яны пачнуць лятаць.

Трэба спяшацца!

Між тым надышоў ліпень, а пошукі гнязда ўсё яшчэ не давалі вынікаў.

Выпадак дапамог мне.

За вёскай Урлікі я ўбачыў на ўзлессі падорліка. Ён лунаў над высокімі ялінамі.

Раптам аднекуль збоку вылецеў з рэзкім крыкам сіваграк.

Сіняя птушка наляцела на падорліка і ўдарыла яго, як таран. Не даўшы падорліку апамятацца, сіваграк узняўся вышэй і кінуўся на драпежніка зверху, збіваючы яго з курсу і адганяючы ад ялін.

Дзіўна, што падорлік нават і не спрабаваў абараняцца. А сіваграк не спыняў сваіх заўзятых атак. Ён нападаў на падорліка то зверху, то збоку, кожны раз адлятаючы для разгону.

Падорлік рабіў шырокія кругі, узнімаючыся ўсё вышэй і вышэй у сіняе бяздоннае неба, пакуль сіваграк не адступіўся ад яго.

Падорлік знік удалечыні, а ўсхваляваны сіваграк абляцеў яшчэ раз усю лугавінку перад лесам і з крыкам сеў на вершаліну сасны. У той жа момант побач з ім апынуўся другі сіваграк.

«Недзе тут і трэба шукаць іх гняздо», — падумаў я і расказаў пра сутычку сіваграка з падорлікам студэнту-арнітолагу Лёню.

І тут высветлілася, што Лёня ведае, дзе знаходзіцца гняздо сіваграка.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан