epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Шкодная ці карысная чайка?

 

 

З такім пытаннем звярнуўся я да Міхала Роліча.

Рыбак падумаў і сказаў:

— Чайкі не шкодныя. Рыбу яны бяруць мала. Бяруць больш хворую, якая трымаецца на паверхні, ці здохлую. Адной, дзвюх маленькіх рыбак чайцы хапае на цэлы дзень.

— А як яна ловіць рыбу?

Рыбак растлумачыў і гэта.

— Чайка бярэ рыбу дзюбай, — гаворыць ён, — і таму толькі дробную. Буйнейшую яна не можа схапіць, як гэта робяць арланы і каршуны, бо тыя бяруць рыбу не дзюбай, а кіпцюрамі сваіх дужых лап. Нам, рыбакам, чайка не шкодзіць. Наадварот, яна працуе як санітар.

Чайка не нырае і таму не можа ганяцца за рыбай пад вадою. Яна можа ўзяць з налёту, з паветра толькі тое, што плавае на паверхні. Злавіць здаровую рыбіну пад вадою ці перашкодзіць ходу рыбных касякоў чайкі не могуць. Чайкі і крачкі нам, рыбакам, нават дапамагаюць, бо паказваюць ход сялявы пад вадою. Яны звычайна ляцяць за касяком сялявы. Па паводзінах чаек мы мяркуем аб надвор’і. Калі чайкі адлятаюць ад нас за Кабыльнік, на возера Швакшты, то будзе надвор’е дрэннае, вецер будзе і дождж. Калі ж чайкі прылятаюць сюды, на Нарач, то, значыць, будзе добрая пагода. Чайкі прылятаюць да нас у добры час. Чаму яны так робяць, не ведаю, толькі ведаю, што гэта так.

Гняздзяцца чайкі і тут, і там, але больш на возеры Швакшты. Знаходзіцца гэтае возера кіламетраў за сем ад Купы, за Кабыльнікам. Ісці трэба на Глыбокі ручай.

— Гэта, я чуў, былы хутар?

— Так, раней гэта быў хутар. Там, за панскай уладай, жыў карчмар. Прадаваў гарэлку, скупляў рыбу. Цяпер гэтае месца разбудавалася.

— Як трэба правільна гаварыць: Швакшты ці Швакшта? — пытаюся я, бо чуў, як адна дзяўчына ў Кабыльніку казала: «На Швакшце».

— Трэба казаць — Швакшты, — удакладніў Роліч. — У нас гавораць: «Паехаў на Швакшты» ці «Вярнуўся з Швакштаў». Яшчэ кажуць: «Швакшцянскае возера», але найбольш проста — Швакшты. Вось як.

— Адкуль жа ўзялася такая назва? Што яна азначае?

— Не ведаю. Мусіць, ад вёскі. Там, між Кабыльнікам і Глыбокім ручаём, ёсць вёска Швакшты. То, мусіць, ад яе. Ёсць непадалёку другое возера, называецца Папоўцы. Мусіць, ад вёскі Папоўцы і возера так называецца. Возера Мядзель называюць часам Слуцкое возера, бо там ёсць вёска Слукі. Так і кажуць: «Паехалі на Слуцкое», гэта значыць, на возера Мядзель.

Пасля гэтага невялікага філалагічнага адступлення мы вярнуліся зноў да пытання аб чайках.

— А некаторыя лічаць, быццам чайкі знішчаюць многа рыбы, — сказаў я.

— Гэта няпраўда. — Роліч памаўчаў. — Не, — пераканана паўтарыў ён. — Чайкі не шкодныя. Яны карысныя і для рыбнай лоўлі, і для сельскай гаспадаркі.

З тым жа пытаннем я звярнуўся потым і да Лёні. Студэнт пацвердзіў думку старога рыбака.

— Даследаванне, — сказаў ён, — паказвае, што чайка знішчае шмат насякомых, шкодных для сельскай гаспадаркі, а таксама і мышэй. Чайка любіць разнастайны корм. Сваіх птушанят яна выкормлівае такімі насякомымі, як майскія жукі, конікі, мядзведкі, хлебныя жужаліцы, чарапашкі, соўкі, якіх яна знаходзіць на палях. Пры гэтым чайка раскопвае часам зямлю. На гняздоўі чаек знаходзілі часта ў вялікай колькасці хіцінавыя абалонкі майскіх жукоў. З вадзяных насякомых чайка знішчае плывунцоў, вадалюбаў і вадамераў.

Праз некаторы час пасля гутаркі з Ролічам і Лёнем мне давялося пазнаёміцца з навуковымі матэрыяламі Чарнаморскага запаведніка на Украіне, у вусці Дняпра, з якіх відаць, што чайкі сапраўды знішчаюць у вялікай колькасці насякомых, шкодных для сельскай і лясной гаспадаркі. Назіранні ў запаведніку, дзе чайкі і крачкі складаюць каля паловы ўсіх птушак, паказалі, што яны выкормліваюць сваіх малых амаль выключна гэтымі насякомымі. За чатыры месяцы чайкі і крачкі знішчаюць на ўзбярэжжы, плошчаю каля чатырох тысяч квадратных кіламетраў, да тысячы чатырохсот тон насякомых.

Ёсць адзін вельмі шкодны жук са смешнай назвай — кузька. На працягу двух тыдняў у перыяд малочнай і васковай спеласці жыта кожны такі жук з’ядае да васьмі грамаў збожжа. Але якраз у гэты час чайкі знішчаюць да васьмісот мільёнаў штук гэтых небяспечных для сельскай гаспадаркі жукоў. З прыведзеных лічбаў відаць, якую вялікую карысць прыносяць чайкі ў справе аховы ўраджаю.

На чайку, праслаўленую паэтамі белакрылую птушку блакітных водных прастораў, я пачаў цяпер глядзець зусім другімі вачыма — як на памочніка чалавека.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан