epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Смелы звярок

 

 

Я цярпліва чакаў.

Зрабіўшы вакол байдаркі круг, а потым і другі, андатра нырнула і апынулася пад вадою каля карчагі.

З вады высунуўся нос, потым паказалася круглая мокрая галава. Маленькія лапкі-ручкі трымаюцца за слізкі, аброслы зялёнай цінай край карчагі.

Праз хвіліну, пераканаўшыся, што ёй нішто не пагражае, андатра вылезла з вады і апынулася на вясле. З невялікага, прыплюснутага з бакоў хваста сцякае вада.

Андатра села на лопасць вясла, як на зручную пляцоўку, не вельмі шырокую, але роўную і гладкую. Вочкі звярка, круглыя і бліскучыя, дапытліва паглядаюць на мяне з-пад мокрай карычневай поўсці.

Я сяджу па-ранейшаму нерухома.

Андатра ўзнялася слупком, склаўшы пярэднія лапкі і прыціснуўшы іх да грудзей. Галава ў яе выцягнулася наперад. Носік увесь час безупынна варушыцца, а доўгія вусы тапырацца. Велічынёю звярок быў з маладую кошку.

Мне ўспомнілася, што расказваў пра андатру Мікалай Антонавіч.

— Андатра, — казаў настаўнік, — зусім не палахлівая. Пры малейшай пагрозе яна смела кідаецца, не чакаючы нападу, і на чалавека, і на сабаку, хоць і гіне пры гэтым заўсёды.

У тым, што андатра мала баіцца чалавека, я цяпер і сам мог пераканацца. Праяўляць да андатры варожыя намеры ў мяне не было ніякай патрэбы.

Я не крануўся з месца, і гэта супакоіла звярка. Ён перастаў звяртаць на мяне ўвагу і заняўся сваім туалетам. Седзячы на задніх лапках, ён пярэднімі, як рукамі, прыгладжваў мокрую поўсць на схіленай галаве, на шчоках, на патыліцы і на шыі, ачышчаў грудзі і брушка ад наліплых ціны, раскі і водарасцей.

Нюх у андатры слабы і зрок таксама не з лепшых. Я для яе больш не існаваў, хоць і знаходзіўся вельмі блізка. Цяпер я для андатры, мабыць, проста нейкая нерухомая рэч, частка байдаркі і ўсяго навакольнага свету. Але слых у звярка неблагі. Час ад часу ён спыняе свае заняткі, прыўзнімае галаву і ўважліва прыслухоўваецца да ўсяго, што робіцца навокал, потым зноў бярэцца за свае ўборы.

Андатра ўмывалася амаль як чалавек. Пры гэтым яна моршчылася і пазяхала. Пярэднія лапкі ў яе нагадвалі маленькія чалавечыя рукі, толькі пальцаў на іх было не пяць, а чатыры. Вось яна чухае і скрабе праваю пярэдняй лапкай левае плячо, а потым абедзвюма лапкамі чысціць вушы, перабірае поўсць на жываце.

Наглядаючы за туалетам андатры, я зноў міжвольна ўспомніў бабра. І ён чысціцца і мыецца гэтаксама, калі вылазіць з вады на бераг.

Цікава было назіраць смешныя выхадкі і забаўныя паводзіны звярка, але мне надакучыла сядзець нерухома. Я ўжо збіраўся пацягнуць вясло да сябе, каб паглядзець, як будзе рэагаваць на гэта андатра, але яна сама спыніла свае заняткі і слізганула ў ваду.

У вячэрнім паветры пачуўся ціхі ўсплёск, па вадзе разышліся кругі. Андатра вынырнула і шпарка паплыла да зараснікаў трысця.

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан