Калі мы вярталіся ад гнязда чорнага бусла, Аляшкевіч, які ішоў наперадзе, раптам спыніўся.
Перад намі ў невялікім прасвеце між зараснікаў быў відаць бераг канала з пясчаным спускам да цёмнай, чырванаватай вады.
Дождж перастаў, праглянула сонца. Паветра было чыстае і свежае. Жоўты пясок ярка вылучаўся сярод зялёнага фону травы і хмызняку.
Справа, недалёка ад нас, затрашчала галлё. Нехта прадзіраўся скрозь зараснікі.
Аляшкевіч зрабіў знак, каб я маўчаў і не варушыўся. Вочы ў яго заблішчалі, на твары з’явілася ўсмешка.
У тую ж хвіліну на бераг канала выйшаў з лесу мядзведзь. Ён ішоў, прыпадаючы на ўсю ступню і перастаўляючы па чарзе то абедзве левыя, то абедзве правыя нагі разам. Цела яго перавальвалася з аднаго боку на другі.
Схіліўшы галаву ўніз, нібы разглядаючы нешта на зямлі сваімі маленькімі вочкамі, мядзведзь павольна спусціўся па пясчаным схіле ўніз да вады. Там ён пастаяў крыху, потым увайшоў у ваду па бруха, зрабіў некалькі глыткоў і паплыў да супрацьлеглага берага. Плыў ён даволі шпарка, хоць і не рабіў у вадзе ніякіх рэзкіх рухаў. На паверхні была толькі яго вялікая галава з круглымі вушамі і верхняя частка спіны.
Калі ён выходзіў з канала на тым беразе, вада серабрыстымі кроплямі зіхацела на яго густой цёмна-бурай поўсці, струменьчыкамі збягала на пясок з жывата і бакоў. Выбраўшыся з вады, мядзведзь адразу накіраваўся ў лес і знік у кустах.
Пачакаўшы крыху, мы падышлі да таго месца, дзе ён увайшоў у ваду. Сляды мядзведзя выразна адбіліся на мокрым пяску каля берага.
Аляшкевіч выняў з кішэні складны сталёвы метр і змераў след.
— Даўжыня — дваццаць сантыметраў, шырыня — трынаццаць, пятка — восем, — абвясціў ён урачыста. — Той самы. Ён часта на другі бок перабіраецца. Ведае сваю сілу і нікога тут не баіцца. Чулі, як ён ішоў напралом, сапучы, з шумам, трэскам, не асцерагаючыся? А калі трэба, ён можа прайсці скрозь густы падлесак так ціха і непрыкметна, што ніхто яго не пачуе і не заўважыць. Гэты мядзведзь даўся нам у знакі. Пачаў ён з пасекі на падсобнай гаспадарцы вуллі красці. Ды гэтак спрытна: падбярэцца, як злодзей, уночы, — і няма вулея. Тады стары бухгалтар, што жыў на Вялікай Рацэ, прымацаваў вулей да хаты калючым дротам, аж і гэта не дапамагло. Ноччу мядзведзь падабраўся пад самую хату, адарваў дрот і занёс вулей у лес. Там ён яго разламаў і з’еў увесь мёд. А летась ён у мяне сабаку ледзь не задраў. Пёсік у мяне быў хоць і малы, але смелы. Мядзведзь падышоў ноччу пад агарод, а сабака на яго ззаду накінуўся. Пасля гэтай сустрэчы хварэў пёс тыдні з тры. Я яго пасля ў Барысаў аддаў, знаёмым. Дырэктар забараніў сабаку трымаць, каб дзічыну ў лесе не ганяў...
У лясах Бярэзінскага запаведніка мядзведзі трымаюцца вясной на балотах, дзе кормяцца журавінамі, і ў сасновых барах. Летам, калі выспяваюць чарніцы, суніцы, брусніцы і маліна, мядзведзь пераходзіць у мясціны, дзе многа ягад. Сляды яго дзейнасці можна ўбачыць і ў ельніку-чарнічніку, і ў змешаным лесе з густым маліннікам.
У канцы лета мядзведзь наведвае ноччу пасевы аўса. Пад восень ён, як і дзік, пераходзіць пераважна на жалуды і крушыну, якая расце ў вялікай колькасці па берагах лясных рэчак. Збіраючы жалуды, мядзведзь абламвае нярэдка тоўстыя дубовыя сукі.
Кусты крушыны, аб’едзеныя мядзведзем, асабліва часта сустракаюцца ў верасні месяцы на берагах лясной рэчкі Вялікай і яе прытокаў.
Пра ўсё гэта расказаў мне Аляшкевіч каля мядзведжай пераправы.
Мы развіталіся. Я накіраваўся ў Крайцы, а егер вярнуўся дадому.
Прайшоўшы з паўкіламетра, я ўбачыў з левага краю дарогі, ля кустоў, якія растуць уздоўж берага, вялікага зайца. Ён падпусціў мяне крокаў на трыццаць, потым адбег па дарозе крокаў дзесяць наперад, прысеў, падняўшы вушы, і павярнуў галаву ў мой бок. Калі я наблізіўся, зайчына зноў адбег крокаў на дзесяць і сеў у той жа позе. Гэтак ён рабіў некалькі разоў. Потым, не спяшаючыся, перайшоў дарогу і знік у зарасніках справа.
Дождж тым часам пачаў ліць з новаю сілай. У пасёлак я прыйшоў пад вечар, мокры з галавы да ног.
На дзвярах вісеў замок.
Вартаўніца, старая Семянкевічыха, замкнула дзверы і пайшла ў вёску да пляменніцы. Увайсці ў памяшканне і абсушыцца не было як.
Вось нібыта і «спраўдзілася» старая прыкмета: заяц дарогу перабег.
1947—1948