epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Студзень

 

 

Зіма, на дварэ мяцеліца вее,

Халодныя песні заводзіць віхор,

Зоркі не свецяць, і сонца не грэе,

Аж вылезці страшна і глянуць на двор.

 

ЯНКА КУПАЛА

Ой, як сцюдзёна на дварэ...

Надышоў самы халодны месяц у годзе. Нездарма называюць яго — студзень.

Трашчыць мароз. Рэкі і азёры скаваны лёдам.

Усё засыпана снегам.

Спяць у лесе, нібы зачараваныя, асілкі-дубы. Згінаюцца пад цяжарам снегу стройныя, тонкія красуні бярозы.

Маладыя пушыстыя елкі ды сосны ажыўляюць навакольную снежную бель сваім вечназялёным убраннем.

Ціха і маўкліва ў заснежаным лесе. Толькі стук дзятла парушае цішыню і спакой марознага дня.

З вяршыні на вяршыню старых ялін пералятаюць белабокія сарокі. Гэта адзнака таго, што мароз будзе трымацца. Перад адлігай сарокі лятаюць нізка.

Нялёгка пракарміцца ў гэты суровы час капытным жыхарам лесу. У самым гушчары пад дубам раскапаны снег. Тут шукалі жалудоў дзікія свінні.

У пошуках корму дзікі ходзяць па лесе чарадой, адзін за адным, пракопваючы ў снезе цэлыя траншэі. Наперадзе ідуць, пракладаючы дарогу, старыя і самыя дужыя дзікі, а за імі спяшаецца маладняк.

Маладыя дзікі часам не могуць выбрацца з глыбокага снегу і выкапаць сабе корм з заснежанай і абледзянелай зямлі. Адстаўшы ад старэйшых, яны выбіваюцца з сіл і гінуць ад холаду і голаду.

Ласі, алені і казулі капытамі выкопваюць сабе з-пад снегу леташнюю траву, мох і карэнні. Яны аб’ядаюць тонкія галінкі кустоў і кару маладых дрэў.

Не турбуюць зімою харчовыя справы мядзведзя. За лета і восень ён адкарміўся на славу, назапасіў тлушчу пад сваёй тоўстай скурай на ўсю зіму і цяпер спіць спакойна ў цёплай бярлозе. Ён не баіцца ні снегу, ні марозу, ні голаду. Бярлога мядзведзя выслана сухім лісцем, травой і мохам. Знаходзіцца яна дзе-небудзь пад старым вываратнем, у глухім, недаступным месцы, сярод паваленых дрэў і буралому.

Барсукі, янотападобныя сабакі і вожыкі таксама спяць у сваіх норах, ямах і норках, засыпаных снегам.

Жыхары нашых рэк і азёр — выдры і бабры — зімою не спяць. Набраўшы запас паветра ў лёгкія, выдры доўга могуць плаваць і лавіць рыбу пад лёдам. Густая поўсць і падскурны тлушч абараняюць іх ад холаду. Нягледзячы на мароз і снег, яны перабіраюцца з месца на месца, з аднаго вадаёма ў другі.

Цікавы выпадак адбыўся ў пачатку студзеня 1950 года ў Мінску. На Свіслачы, у цэнтры горада, у парку імя Горкага, каля пешаходнага моста, які вядзе ў парк з вуліцы Карла Маркса, бачылі днём выдру. Яна сядзела на беразе. Калі да яе наблізіўся чалавек, выдра кінулася ў ваду — зіма ў тым годзе была цёплая. На другі дзень выдру бачылі на тым жа месцы. Яшчэ праз дзень яе заўважылі ў Свіслачы недалёка ад Замчышча.

Гэты выпадак сведчыць аб тым, што выдры і ў зімовы час робяць вельмі далёкія падарожжы па рацэ, заплываюць нават у межы горада.

Бабры зімуюць у сваіх заснежаных хатках. Праз падводны выхад з хаткі яны выплываюць пад лёд і кормяцца тымі запасамі асінавага галля, што нарыхтавалі з восені ў сваіх кладоўках на дне вадаёма. Бабры знаходзяць пад лёдам на дне і ядуць салодкія карэнні гарлачыкаў. Яны рэдка выходзяць зімою з хатак на снег, але часам бываюць выпадкі, калі асобныя бабры з’яўляюцца даволі далёка ад сваіх паселішчаў.

Па лясах, палях і пералесках блукаюць зімою галодныя і злыя ваўкі. За лета і восень падраслі ваўчаняты, і цяпер ваўкі ходзяць сем’ямі. Днём яны адпачываюць у густых зарасніках, а ўночы выходзяць на паляванне.

Зімою воўк есць усё, што трапіць яму на зуб. Выбіраць галоднаму бадзягу не прыходзіцца. У пошуках здабычы ваўкі праходзяць за ноч дзесяткі кіламетраў. Яны палююць зграямі на ласёў, аленяў і казуль, ловяць зайцоў і птушак, шукаюць мышэй, нападаюць на хатнюю жывёлу і сабак, падпільноўваюць адсталых, знясіленых дзікоў. Зімою, асабліва ў канцы студзеня, у час гону, воўк у нашых мясцінах самы небяспечны і дзёрзкі драпежнік.

У лясных гушчарах хаваецца другі буйны і смелы драпежнік — рысь. Гэтая дзікая лясная кошка на высокіх і дужых лапах з вострымі кіпцюрамі, з цёмнымі кутасікамі на вушах і бакенбардамі па абодвух баках морды, у шэра-жоўтым цёплым футры з цёмнымі плямкамі з’яўляецца лютым ворагам ласёў, аленяў, казуль, дзікоў, зайцоў, цецерукоў.

Рысь добра ведае пратаптаныя ў снезе сцежкі, па якіх ходзяць алені. Вось падышла рысь да такой сцежкі, спынілася ля старога, зацярушанага снегам дрэва. Неўзабаве яна ўзбярэцца на гэтае дрэва і ляжа на сук, што звісае над самай сцежкай. Тут яна будзе ляжаць нерухома гадзінамі, цярпліва чакаючы, калі пойдуць па сцежцы алені. Калі алень будзе ісці адзін, рысь адразу кінецца на яго і перагрызе яму горла. Калі ж іх будзе некалькі, яна прапусціць першых і кінецца на апошняга. Толькі здараецца такая ўдача не вельмі часта.

Хоць рысь і спрытная, і дужая, і хітрая, але зімою нялёгка ёй знайсці здабычу. Алені і касулі сустракаюцца рэдка, птушак у заснежаным лесе мала. Часта даводзіцца ёй галадаць. Зімою асноўным кормам рысі з’яўляюцца зайцы, а яны трымаюцца ў гэты час каля садоў і агародаў. Шукаючы зайцоў, рысь падыходзіць часам і да чалавечага жылля.

У студзеньскі вечар адзін рабочы саўгаса пайшоў памыцца ў лазню на сваім двары. Перад тым як пакласці дровы ў печ, ён захацеў выграбці попел. У гэты момант з печы выскачыла рысь і, фыркнуўшы, кінулася ў расчыненыя дзверы. Як жа яна там апынулася? Відаць, захацелася рысі паспаць у цяпле. Прыцемкам яна пракралася ў незачыненую лазню і, як кошка, залезла ў печ, а тут і патурбаваў яе гаспадар. Па загуменню рысь уцякла ў недалёкі пералесак. Здарылася гэта ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці.

Усю доўгую зімовую ноч шукае сабе корм заяц-русак. У полі ён ужо нічога не можа знайсці. Сляды русака можна ўбачыць у гэты час на задворках, каля гумна, і ў садах, каля фруктовых дрэў. Ён абгрызае тут кару маладых яблынь і галінкі кустоў.

Русаку ў зімовы час трэба быць асабліва пільным і асцярожным. Яго бліжэйшаму родзічу, зайцу-беляку, лягчэй хавацца ад ворагаў. Зімою заяц-бяляк змяняе адзенне на белае футра, якое сваім колерам не адрозніваецца ад снегу і дапамагае беляку добра маскіравацца.

У русака такой перавагі няма. На працягу ўсяго года ён застанецца ў сваім нязменным шэра-бурым убранні. Таму і стараецца русак трымацца там, дзе менш снегу, дзе многа дрэў і кустоў, сярод якіх ён не так рэзка вылучаецца сваім колерам. А ворагаў у небаракі шмат. Асабліва трэба яму баяцца ваўка і лісы.

Яркім полымем мільганула ліса на белым снезе. Нячутна крадзецца яна пад зялёнымі лапамі ялін, што навіслі нізка над зямлёй. Вострая хітрая мордачка прынюхваецца да снегу. Лясныя мышы пракапалі сабе пад снегам хады і галерэі да сваіх зімовых кладовак пад карэннямі дрэў. Добры нюх лісы дапамагае ёй знаходзіць і выкопваць мышэй з іх падснежных сховішчаў. Ловіць яна і зайцоў, і птушак, падбіраецца часам і да курэй, але зімою, калі снег глыбокі, мышы асноўны корм лісы.

Хай сабе мышкуе на здароўе рыжая красуня! За гэта можна ёй толькі падзякаваць, бо вялікую карысць прыносіць нам ліса, знішчаючы шкодных грызуноў. Улетку ловіць яна таксама і нямала насякомых, шкодных для сельскай гаспадаркі,— конікаў і розных жукоў, асабліва хрушчоў і іх лічынкі.

Мы смела можам лічыць лісу адным з нашых добрых памочнікаў у справе аховы ўраджаю. А цёплае і прыгожае футра, якое ліса дае чалавеку? За ўсё гэта можна дараваць лісе тое, што з’есць яна часам курыцу ці качку на двары, цецерука ці курапатку ў лесе. Карысці ад лісічкі-сястрычкі больш, чым шкоды.

Ліса шукае сабе спажывы пад дрэвамі і кустамі, а на верхніх паверхах лесу гаспадарыць куніца, самы злосны вораг вавёркі. Спрытна і шпарка пераскаквае вавёрка з дрэва на дрэва, з галіны на галіну, але і куніца гоніцца за ёю з няменшай імклівасцю. Часам знойдзе куніца вавёрку, калі тая спіць у сваім цёплым гнязде, у дупле старога дрэва, з’есць гаспадыню і сама ляжа спаць на яе месца.

Бывае і так, што вавёрка адчуе небяспеку, выскачыць з гнязда і памчыцца па заснежаных дрэвах, па самых вяршалінах, а куніца за ёю. Канец для вавёркі заўсёды адзін, бо куніца ўмее лазіць і бегаць па дрэвах не горш за яе.

Футра куніцы, мяккае, цёплае і пушыстае, высока цэніцца і мае прамысловае значэнне.

Можа, вы бачылі на сваім двары ці на вуліцы шэра-бурых чубатых птушак з тонкай і вострай дзюбкай і шпорамі на нагах? Яны пералятаюць з месца на месца невялікімі чародкамі разам з вераб’ямі.

Гэта — чубатыя жаваранкі.

Зімою яны прылятаюць у гарады і сёлы падкарміцца, пашукаць зярнят аўса ў вулічным снезе, а вясной заспяваюць першымі ў небе над полем.

Холадна і марозна ў студзені, але дзень ужо трошкі павялічыўся. Чым далей, дзень будзе рабіцца ўсё даўжэйшым, а ноч карацейшай.

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі В. Месяц за месяцам: каляндар беларускай прыроды: [для малодшага школьнага ўзросту] / Віталь Вольскі; малюнкі Л. Зяневіча і Ул. Піменава. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1975. – 92, [3] с., [4] л. каляр. іл.:іл.
Крыніца: скан