epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Тры кругі над Мінскам

Ці той гэта горад? Козы на княжым дзядзінцы. Конная хеўра. Шлагбаум, будка і коміны. Новыя вуліцы. За Доўгім Бродам. Крумкач крумкачу вока не выдзеўбе. Французы на Саборнай плошчы. Пераправа ля Студзёнкі

А Мінск?

Што зрабілася з ім за гэтыя некалькі стагоддзяў?

Мы падлятаем да знаёмых мясцін.

Робім круг, зніжаемся...

Вось і Свіслач... Якая яна стала вузкая, мелкая. А Няміга зусім знікла. Вуліца ёсць, а рэчкі не відаць. Толькі каля самай Свіслачы невялікім ручаём выбягае яна з-пад драўлянага насцілу.

Апускаемся яшчэ ніжэй...

Вось яна, знаёмая Замкавая гара. Але выгляд у яе зусім не той. Ні замкавай сцяны, ні брамы, ні княжых харомаў. Вал абваліўся. Схілы гары паасыпаліся, і яна выглядае цяпер не такой высокай. Сярод счарнелых бярвенняў былога дзядзінца пасвяцца козы, свінні, гусі.

Стары драўляны мост, перакінуты цераз раку ад замчышча да супрацьлеглай гары, якая называецца Траецкай, стогне і рыпіць. З’езджаныя дошкі насцілу хістаюцца, трашчаць і грукаюць пад коламі рэдкіх павозак. Ціха і непрыкметна плыве сонная, звілістая Свіслач сярод балоцістых лугавін і пустак з кучамі смецця.

Пад гарой жанчыны мыюць у рацэ бялізну. Крыху далей ходзіць па зялёнай лугавінцы бусел.

Ціха вакол, спакойна. Адразу відаць, што месца гэтае абязлюднела, страціла сваё былое абароннае і эканамічнае значэнне.

І сам горад з выгляду бадай ужо і не горад, а глухі закутак, занядбанае мястэчка. Калі б мы з вамі паспрабавалі падлічыць колькасць дамоў у Мінску канца XVIII стагоддзя, а мы знаходзімся над ім якраз у гэты час, то налічылі б не больш за тысячу. І амаль усе яны, як бачыце, драўляныя. Гэта хутчэй хаціны, а не дамы. Толькі некалькі дзесяткаў будынкаў мураваныя.

На плошчы драўляныя столікі з паветкамі сведчаць аб тым, што тут у рыначныя дні ідзе такі-сякі дробны гандаль. Вуліцы не брукаваныя. На некаторых нават расце трава. Нізенькія шэрыя домікі хаваюцца за шэрымі платамі сярод садоў і агародаў.

Вас цікавіць, чым займаюцца жыхары Мінска ў канцы XVIII стагоддзя? Большасць з іх — непісьменныя земляробы. Яны амаль нічым не адрозніваюцца ад сялян. Рамёствы ў горадзе амаль забыты. Насельніцтва збяднела. Некалькі кузняў і чатыры млыны — вось і ўся прамысловасць. Некалькі невялікіх крам — вось і ўвесь гандаль...

Гэта вынік бясконцых войнаў і панскай бязладзіцы. Адна толькі Паўночная вайна, якую вёў рускі цар Пётр Першы з каралём Швецыі Карлам XII цягнулася з 1700-га па 1721 год. А яна ж захапіла тэрыторыю Беларусі, Можаце сабе ўявіць, якія вялізныя страты і разбурэнні прынесла Паўночная вайна беларускаму народу за гэтыя цяжкія дваццаць гадоў!

Але глядзіце ўніз!.. Пакуль мы з вамі гаворым, там нешта здарылася.

Цішыню соннага горада парушае конскі тупат, брэх сабак, п’янае галёканне. З канца ў канец вуліцы імчыцца конная хеўра. Прыгледзьцеся да коннікаў. Рознакаляровыя шляхецкія кунтушы... Зухавата закручаныя вусы... Наперадзе — вяльможны пан з аголенай шабляй. У яго і конь лепшы і адзенне багацейшае. Астатнія — дробная шляхта, якая залежыць ад пана, і гайдукі.

Рэдкія прахожыя кідаюцца ў бакі, хаваюцца за агароджамі, каб не трапіць на вочы раз’юшаным коннікам.

Толькі шыракаплечы гарбар выйшаў з нізкіх дзвярэй сваёй майстэрні. Выцершы дужыя рукі аб скураны фартух, ён з нядобрай усмешкай глядзіць услед панскай хеўры, нібы хоча сказаць: «Пачакайце! Даскачацеся, панкі!..»

Куды ж гэта выправіўся пан са сваімі прыхлёбнікамі? Я магу вам сказаць беспамылкова — у «наезд». Наляціць такая хеўра на суседні маёнтак, абрабуе, спаліць, а зямлю далучыць да ўладанняў свайго пана. Забярэ пан сабе і прыгонных сялян, што застануцца жывыя пасля «наезду».

А тым часам другі пан, яшчэ больш вяльможны і магутны, можа напасці на гэтага...

Краіна даведзена да агульнага заняпаду, а паны ні аб чым не дбаюць, ні аб чым не хочуць задумвацца. Няма мяжы іх самавольству і самаўпраўству.

Калі б мы наведалі зараз іншыя гарады Беларусі, то ўбачылі б тое ж самае. Большасць гарадоў ператварылася ў вёскі.

Акрамя Мінска, толькі сем гарадоў — Брэст, Гродна, Пінск, Мазыр, Ліда, Навагрудак і Ваўкавыск — захавалі права называцца гарадамі. Можа, паглядзець і на іх? Паляцець туды? Але ці варта затрымлівацца доўга ў адным стагоддзі? Нам трэба яшчэ столькі ўсяго паглядзець. І вось наш кілім робіць другі круг над Мінскам...

Ну і кілім-самалёт!..

Нездарма мы яго запазычылі ў казках.

Гэта ж падумаць трэба! Толькі што мы бачылі Мінск у поўным заняпадзе, а цяпер... Зусім як у кіно, дзе кадры, знятыя ў розныя часы, змяняюцца на экране ў некалькі хвілін.

Пад намі як быццам той самы, добра знаёмы краявід. Замкавая гара з рэшткамі драўляных абарончых збудаванняў. Нізінка ля Свіслачы, дзе знаходзіўся калісьці старажытны гарадскі цэнтр са старым рынкам... Але глядзіце, як вырас горад. Як змяніўся яго выгляд. Колькі новых дамоў. І не такія, як раней. Многія ў два паверхі.

Першы — мураваны, а другі — драўляны. Ёсць нават і дамы ў тры паверхі. Гэтыя ўжо цалкам мураваныя. І новыя драўляныя дамы — вялікія, не падобныя на вясковыя хаты.

Новыя гарадскія вуліцы ўзбеглі на бліжэйшыя пагоркі. Адна з іх, самая доўгая, пралегла якраз там, дзе потым вырасце наш цудоўны Ленінскі праспект. З нашага пункту погляду, яна яшчэ даволі вузкая, але шырэйшая і раўнейшая за ўсе іншыя. Канец гэтай новай вуліцы ўпіраецца ў гарадскую заставу з паласатым шлагбаумам і такой жа паласатай будкай, ля якой стаіць вартавы. На ім чорны лакіраваны ківер1, зялёны мундзір і белыя штаны. Такія вартавыя, іх называлі будачнікамі, стаяць ва ўсіх гарадах Расійскай імперыі. Стаяць яны цяпер і ў Мінску.

Месцамі новая вуліца забудавана яшчэ не поўнасцю. Тут цягнуцца ўчасткі густога лесу, а недалёка ад заставы, якраз там, дзе цяпер узнімае свае магутныя зялёныя кроны цэнтральны сквер, знаходзіцца... гарадская звалка. З усяго горада звозяць сюды смецце і розныя адкіды. Затрымлівацца над гэтым месцам не вельмі прыемна...

Адразу за шлагбаумам ідзе круты зялёны спуск уніз, да Свіслачы. На тым беразе ракі раскінуўся гарадскі парк з маладзенькімі лісцвянымі дрэўцамі. Ён з’явіўся тут зусім нядаўна. Потым, больш як праз сто трыццаць гадоў, гэты парк будзе называцца паркам імя Максіма Горкага.

За маладым паркам пачынаецца топкае балота, перасечанае дарогай, якую мясцовыя жыхары называюць Доўгім Бродам.

Цяпер зірніце сюды. Крыху далей, на паўночным усходзе, віднеюцца хаціны невялікага мястэчка. Гэта — Камароўка. Яна пачынаецца адразу за балотам, якое ператворыцца потым у плошчу Якуба Коласа. А пакуль што Камароўка знаходзіцца ў трох вярстах ад горада. З гэтага мястэчка, жыхарам якога ўлетку надта дакучаюць камары, разыходзяцца дзве дарогі. Адна вядзе да Лагойска, а другая — да Барысава і далей аж да самай Масквы.

Другі канец новай вуліцы ў супрацьлеглым баку горада пераходзіць таксама ў дарогу, якая называецца Койданаўскай. Яна вядзе да Брэста і далей да Варшавы.

І на Маскоўскім, і на Лагойскім, і на Койданаўскім трактах даволі ажыўлена. Бачыце, як, вязнучы ў пяску, паўзуць па іх то асобныя фурманкі, то цэлыя абозы з купецкімі таварамі...

А вось імчыць, абганяючы абоз, памешчыцкая карэта з параю белых сытых коней. Фурман на высокіх козлах зухавата пакрыквае, памахваючы ў паветры доўгім гнуткім бізуном...

І на вуліцах горада даволі людна. Усюды крамы, і маленькія, і вялікія. На шматлікіх базарах поўна людзей. Ніхто ўжо, відаць, не баіцца, што наляціць раптам аднекуль конная хеўра панскіх свавольнікаў і наробіць гвалту.

Мінск, нядаўна яшчэ заняпалы, абудзіўся да жыцця. А між тым часу пасля таго, як мы зрабілі свой папярэдні круг над Мінскам, прайшло зусім мала. Усяго якіх дваццаць — дваццаць пяць гадоў!.. Чвэрць стагоддзя!.. Для гісторыі, як і для нас — уладальнікаў кіліма-самалёта, гэта ўсё роўна што адно імгненне. Але здараюцца ў жыцці народаў і краін такія падзеі, якія адразу змяняюць іх далейшы лёс.

Што здарылася з Мінскам за гэты невялікі час? Што адбылося на Беларусі? Зірнём у наш каляндар...

Ну, вядома! У 1795 годзе Беларусь уз’ядналася з Расіяй. Гэта і вывела яе з разрухі і заняпаду. А Мінск апынуўся на адным з асноўных шляхоў гандлю паміж Масквой і Заходняй Еўропай.

Мы бачым першыя вынікі ўз’яднання, бо кружым над горадам у пачатку XIX стагоддзя.

А што гэта за будынкі на ўскраінах горада, незвычайныя для нядаўняга Мінска? Над некаторымі з іх узнімаюцца высокія жалезныя коміны. Гэта ўжо нешта зусім новае. Гэта падобна на фабрыкі...

Так, мы не памыліліся.

Гэта і ёсць фабрыкі, хоць пакуль яшчэ і вельмі маленькія.

Першыя фабрыкі, якія выраслі з асобных малых майстэрняў.

У Мінску растуць не толькі склады гандлёвых тавараў, але і суконныя, гарбарныя, ганчарныя, мылаварныя майстэрні, лесапільныя і цагельныя заводы. Пашырылася яго тэрыторыя, расце колькасць жыхароў. Развіваецца лёгкая і харчовая прамысловасць. Цяпер Мінск — губернскі горад Расійскай імперыі.

Вы ўсміхаецеся?

Зразумела, той, хто ведае сучасны Мінск, не можа не ўсміхнуцца, калі мы называем саматужныя майстэрні і невялікія заводзікі прамысловасцю. Але для таго часу, у якім мы апынуліся, дзякуючы нашаму кіліму, гэта ўжо не малое дасягненне. Асабліва, калі мы ўспомнім тое, што бачылі ў Мінску зусім нядаўна, у канцы XVIII стагоддзя.

Дарэчы, хто гэты чалавек, што выйшаў з невялікага цаглянага будынка? Ці не падобны ён на таго гарбара, якога мы бачылі ў час нашага першага круга над Мінскам? Помніце?

Так, гэта, бясспрэчна, ён. Толькі пасівеў, пастарэў, небарака. А будынак, перад якім ён стаіць, нічым не нагадвае тую пахілую брудную хаціну, у якой ён тады працаваў. Гэта не саматужная гарбарня, а невялікі скураны завод. І працуе на ім не менш двух дзесяткаў чалавек. Выгляд у гарбара стомлены. Нялёгка, напэўна, жывецца старому. Відаць, давялося яму, як і многім іншым дробным саматужнікам, кінуць сваю прымітыўную майстэрню і наняцца працаваць да больш спрытнага і заможнага гаспадара.

Гарбар падышоў да чалавека ў сялянскай світцы, павітаўся. Пра нешта яны гавораць.

Мы нават пачулі некалькі сказаў.

— Вось, — кажа гарбар, — чакалі мы ад новай улады палёгкі...

— Ат, братка, — адказвае селянін, — каму новая ўлада, а нам — усё тая ж. Як быў над намі наш пан, так і застаўся.

— Крумкач крумкачу вока не выдзеўбе, — змрочна згаджаецца гарбар.

Мы ўжо адляцелі і далейшай размовы не чуем. Але чаму — крумкач крумкачу?.. Што мелі на ўвазе гарбар і селянін?

Здагадацца не цяжка.

На чале Расійскай дзяржавы стаяць цар і памешчыкі. Царская ўлада зусім не збіраецца крыўдзіць магнатаў.

Па-ранейшаму забаронена беларуская мова. Па-ранейшаму сяляне застаюцца прыгоннымі. Па-ранейшаму працоўным жывецца вельмі цяжка...

А новыя дамы, што выраслі ў Мінску? Яны належаць царкве, памешчыкам, многія з якіх перабіраюцца на зіму ў горад, купцам, уладальнікам фабрык і заводаў, буйнейшых майстэрняў...

Вось і скончыўся другі наш круг над Мінскам. Пачынаецца трэці...

Але як усхадзіўся раптам вецер. А снегу, снегу... Яшчэ толькі восень па календары — і такая завіруха... Нічога не відаць...

Што ж, паспрабуем апусціцца ніжэй...

Нарэшце замільгалі крыжы на званіцах. Паказалася вежа гарадской ратушы. Мы над Саборнай плошчай — так пачалі называць пасля ўз’яднання з Расіяй былое Высокае месца. Вось і прыгожы двухпавярховы губернатарскі дом, пабудаваны нядаўна каля ратушы і касцёла.

Але чаму на плошчы столькі людзей у вайсковай форме? І форма на іх нейкая незнаёмая! Мільгаюць дзе-нідзе чырвоныя даламаны2і цёмныя шапкі гусараў, бліскучыя каскі кірасіраў, упрыгожаныя чорнымі конскімі хвастамі, зялёныя мундзіры, шэрыя плашчы і чорныя чатырохвуголкі пехацінцаў. Хто гэтыя людзі? Адкуль яны ўзяліся? Усюды гучыць французская мова.

Усё зразумела, гэта — салдаты французскага імператара Напалеона. На гэты раз мы апынуліся над Мінскам восенню 1812 года.

Парадку сярод вайскоўцаў нешта не відаць. На плошчы перамяшаліся салдаты і афіцэры розных родаў войск. І апрануты многія з іх больш чым дзіўна. На плячах у некаторых мы бачым паверх вайсковай формы конскія папоны, цёплыя жаночыя кофты і хусткі, купецкія футры, сялянскія кажушкі, а вунь той хударлявы чарнавусы артылерыст нацягнуў на сябе нават папоўскую расу і грэе рукі ў шырокіх рукавах, а сам калоціцца ад холаду.

Салдаты ўсхваляваны. Змрочныя дайшлі да іх чуткі. Кожны імкнецца праціснуцца наперад. Кожны хоча на ўласныя вушы пачуць, што скажа начальства.

Ці праўда, што Напалеон пакінуў спаленую Маскву і Вялікая армія адступае ў непарадку? Ці праўда, што рускія наблізіліся да Мінска з захаду, адкуль іх ніхто не чакаў? І што атрад, высланы ім насустрач, разбіты пад Койданавам? Што рабіць, каб не трапіць у акружэнне, не апынуцца ў палоне?

Але на балкон губернатарскага дома ніхто не выходзіць. Французскі губернатар, прызначаны Напалеонам, уцёк з усёй сваёй світай...

Неба цямнее. Дзьме халодны вецер. Мокры снег пачынае ісці мацней. На плошчы расце паніка.

Ці не час спыніць нам свой трэці круг над Мінскам? Паглядзім цяпер, што робіцца на дарогах з Масквы на захад.

Вецер суняўся, завея скончылася. У цёмным небе з’явіўся месяц, засвяціліся зоркі. Мы чуем, як патрэскваюць ад марозу дрэвы. Але нам з вамі ніякі мароз не страшны. На сваім кіліме-самалёце мы не адчуваем ні холаду, ні спякоты, ні вільгаці, ні ветру. Такая ў кіліма асаблівасць. На ім і вакол яго трымаецца заўсёды ўстойлівая, нармальная для нас тэмпература, нібы ў кабіне касмічнага карабля.

А ўнізе што робіцца?

Яшчэ лістапад, а дарогі занесены снегам. Толькі бярозы ў шэрані паказваюць, дзе праходзіць так званы Кацярынінскі шлях, пракладзены ад Масквы да Варшавы рукамі прыгонных сялян адразу пасля ўз’яднання Беларусі з Расіяй.

І Бярэзіна недалёка ад Барысава нібы заснула пад покрывам пушыстага снегу.

Паглядзіце ўважлівей на гэтую мясцовасць. Што? Нічога асаблівага? Так, пазнаць яе цяпер нялёгка. А між тым мы з вамі былі ўжо тут раней. Гэта тое самае месца, дзе некалькі дзесяткаў тысячагоддзяў назад мы бачылі статак мамантаў і паселішча нашых вельмі далёкіх продкаў...

А гэта што? Проста з-пад снегу тырчаць печы і коміны. Іх даволі многа. Дзе-нідзе снег не паспеў яшчэ прыцерушыць рэшткі дамоў, хлявоў, пуняў...

Яшчэ нядаўна тут было сяло... Вось яно — на карце... Гэта Студзёнка... Ну, цяпер усё зразумела. Усе хаты ў сяле разабраны французскімі сапёрамі па загаду Напалеона. Бярвенне і дошкі пайшлі на пабудову двух мастоў, каб адступаючая армія магла пераправіцца цераз Бярэзіну.

Вось і сапёры. Адны з іх скончылі сваю працу і грэюць цяпер здубянелыя рукі і ногі. Астатнія, як мурашкі, мітусяцца на другім, не дабудаваным яшчэ мосце.

А на гэтым баку ракі, на Кацярынінскім шляху, цягнецца нейкая бясконцая цёмная стужка.

Гэта брыдуць французскія салдаты. Яны адступаюць ад спаленай Масквы, ад разбуранага Смаленска. Адно ў іх жаданне, адно імкненне — хутчэй пакінуць Расію, хутчэй дабрацца да Францыі. Яшчэ нядаўна, у чэрвені, прайшлі яны праз гэтыя мясціны на ўсход як гордыя і непераможныя заваёўнікі свету, а цяпер брыдуць назад няшчасныя, знясіленыя. Брыдуць па спустошанай імі ж краіне, і цяпер самім няма чаго есці. Яны падаюць ад стомы, пакутуюць ад непрывычнага холаду, ад якога не ратуюць ні коўдры, ні шалі, ні жаночыя хусткі.

Перадавая калона французскіх салдат падыходзіць да Бярэзіны...

Глядзіце, глядзіце, што тут робіцца! Кожны спяшаецца да пераправы, кожны імкнецца хутчэй апынуцца на тым беразе. Ля двух хісткіх мастоў узнікае штурханіна і мітусня. Масты перапоўнены людзьмі, і гэта замаруджвае пераправу.

Але ж дзе рускія войскі? Яны не могуць спазніцца! Хіба могуць яны дапусціць, каб французы пераправіліся цераз Бярэзіну? Мы ж ведаем з гісторыі, што якраз тут, ля Студзёнкі, Напалеон павінен страціць сваю армію...

І вось — бачыце? Нарэшце!

Па заснежаным полі ляціць на французаў конная лавіна. Пагрозна нахілены вострыя пікі, блішчаць клінкі казацкіх шабляў.

З бліжэйшага ляска паказалася тым часам другая група — пешая. Мы заўважаем шмат людзей у звычайным сялянскім адзенні. Замест зброі ў многіх да бляску навостраныя косы і вілы. Гэта мясцовыя сяляне — беларусы. Яны пайшлі ў партызаны і разам з рускімі войскамі гоняць цяпер чужынцаў з роднай зямлі. Паміж іх вылучаецца сваім вайсковым убраннем і сапраўднай зброяй некалькі коннікаў — рускі афіцэр са сваімі гусарамі...

А яшчэ далей узнікаюць раптам на фоне белага снегу дзве вялізныя хмары. Французы яшчэ не бачаць іх, а нам добра відаць, як з двух бакоў пераправы набліжаюцца рускія войскі. Загрымелі гарматы.

Пад агнём рускай артылерыі французы кідаюцца на масты вялікім натоўпам.

Масты — адзіны ратунак.

Заднія нецярпліва націскаюць на пярэдніх. Зробленыя наспех парэнчы не вытрымліваюць. Многія салдаты, коні і павозкі падаюць уніз. Тонкі лёд праламваецца, многія тонуць у халоднай вадзе.

Глядзіце, як угінаюцца пад непамерным цяжарам масты. Трашчаць дошкі, рыпяць бярвенні. І раптам — жудасны крык павісае над ракой. Адзін з мастоў абрушваецца, і ўсе, хто на ім быў, падаюць у ваду...

А сам Напалеон даўно ўжо на тым беразе. Вось ён стаіць на пагорку. Невысокага росту, у зялёным мундзіры і чорнай трохвуголцы. На плечы накінута цёплае футра. Рукі скрыжаваны на грудзях. Пра што думае імператар, гледзячы, як гінуць рэшткі яго непераможнай арміі, ад якой засталіся толькі асобныя разрозненыя групы?

Твар Напалеона пабялеў і стаў нібы высечаны з каменя. Раптам ён паклікаў аднаго з афіцэраў сваёй світы. Нешта яму загадаў. Той спачатку нібы аслупянеў ад нечаканасці, потым схамянуўся і пабег.

І вось — людзі з факеламі ў руках падпальваюць уцалелы мост. Людзі ў французскай форме. Што ж гэта яны робяць?! На тым беразе застаецца большая частка французскіх салдат, застаюцца іх таварышы. Але такі загад Напалеона — спаліць мост, каб перашкодзіць пераправе рускіх. Што яму да салдат, якія не паспелі пераправіцца...

Мы ведаем, што адсюль Напалеон уцячэ ў Смаргонь. А там ён пераапранецца ў форму польскага афіцэра і на самых лепшых конях памчыцца ў Парыж, пакінуўшы сваіх салдат у вялікай бядзе...

Але мы не паляцім за ім. Не паляцім мы зараз і ў іншыя мясціны, дзе адбываліся славутыя падзеі вайны супраць Напалеона. А на Беларусі такіх мясцін нямала. Вялікія бітвы пад Магілёвам, пад Віцебскам, пад Полацкам назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю. На беларускай зямлі французам было гэтак жа нясоладка, як і ў Расіі...

Усё хутчэй і хутчэй імкнецца кілім-самалёт да больш блізкіх нам часоў...

1 Ківер — вайсковы галаўны ўбор з цвёрдай лакіраванай скуры.

2 Даламан — куртка.


1964-1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан