epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

У знатнага рыбака

 

 

Роліча мы засталі дома.

Ён сядзіць у сенцах і вяжа сець. У сенцах цемнавата, але ён, нягледзячы на свае восемдзесят тры гады, працуе без акуляраў.

Роліч устае з лаўкі, і мы бачым, што гэта — чалавек высокага росту, хударлявы і жылісты. У яго невялікая сівая барада, але валасы на галаве цёмныя. Зоркія і разумныя светла-карыя вочы глядзяць спакойна і ясна. Рыбачыць Міхал Рыгоравіч з маленства.

— Бацька памёр, калі мне было адзінаццаць гадоў, — гаворыць Роліч. — Да таго часу я дапамагаў яму, а пасля смерці бацькі пачаў працаваць самастойна. Бацька, дзед мой і прадзед таксама былі з маленства рыбакі.

— Вы, мусіць, добра плаваеце? — пытаюся я з павагай .

— Як тапор, — смяецца Роліч. — Пражыў усё жыццё на возеры, а плаваць не навучыўся. Часу не было.

У 1937 годзе, у часы панскай улады, Міхал Роліч быў завадатарам забастоўкі рыбакоў на возеры Нарач. Яго арыштавалі і пасадзілі ў турму як небяспечнага бунтаўшчыка, але пад уздзеяннем народнага руху і пратэсту суд у Паставах вымушаны быў апраўдаць старога рыбака, і Роліч зноў вярнуўся да сваёй любімай справы. У гады гітлераўскай акупацыі Роліч дапамагаў партызанам. Да апошняга часу ён быў брыгадзірам у рыбгасе. Цяпер на яго месцы працуе сын Антон, які заўсёды раіцца з бацькам.

— Сам я не надта пісьменны, — тлумачыць стары рыбак, — а брыгадзіру трэба мець справу з рознымі паперкамі.

Нядаўна стары майстар рыбнай лоўлі пайшоў на пенсію, але па-ранейшаму дапамагае рыбакам сваімі парадамі.

Міхал Роліч жыве то ў аднаго сына, то ў другога. Другі яго сын — Сымон — працуе ў калгасе. Раней бацька жыў у Антона, а цяпер у Сымона, у хаце якога яго і засталі.

Мы выйшлі з хаты. Надвор’е тым часам палепшылася.

Мастак выбраў зручнае месца каля пуні, устанавіў свой мальберт, разлажыў на мокрай траве раскрыты эцюднік з фарбамі і пэндзлямі.

Роліч стаіць на фоне возера ў гумавых ботах і ў жоўтай цыратовай куртцы, у позе, вызначанай мастаком.

На галаве ў яго традыцыйны рыбацкі капялюш-зюйдвестка. У адной руцэ ён трымае сець, у другую мастак сунуў яму люльку.

— Я ж не куру, — мякка ўсміхаецца Роліч.

— Няважна, — гаворыць мастак аўтарытэтным тонам, які не дапускае пярэчанняў. — Люлька патрэбна для каларыту.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан