epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Урочышча Залазы

 

 

Сёння ўвечары я зноў пайшоў ва ўрочышча Залазы, на гэты раз па правым беразе канала.

Дайшоўшы да трэцяга шлюза — шлюзы на канале называюцца тут «залазамі», адсюль і назва ўрочышча, — я павярнуў управа і апынуўся на паўкруглай градзе, ці касе, якая ў форме маладзіка ўзвышаецца над поймай Бярэзіны.

Града гэтая, ці, як тут кажуць, «грыўка», падобна да штучна зробленага сярод балота насыпу, але створана яна, хутчэй за ўсё, наносамі Бярэзіны ў час паводак. Уся яна густа зарасла высокай травой. На ёй узвышаюцца дубы, і адзінокія, і невялікімі групамі, прасціраючы над касой сваё вузлаватае, кучаравае голле.

З грэблі касы далёка відаць наваколле. На супрацьлеглым беразе звілістай Бярэзіны адзінока высіцца сярод балота стары сухі дуб з вялікім гняздом.

Тут, каля гэтага гнязда, і была падстрэлена егерам самка арлана-белахвоста.

Я спрабую прайсці да бабровай хаткі нумар 147 па беразе Бярэзіны, але прабрацца туды немагчыма. Дажджы, што ішлі некалькі дзён запар, ператварылі балоцісты луг, які цягнецца ад «грыўкі» да берага ракі, у непраходную дрыгву.

Я вяртаюся да канала і пераходжу па шлюзе на левы бераг, а адтуль іду на знаёмы мысок, дзе канал злучаецца з Бярэзінай.

Ледзь толькі заняў я пазіцыю на мыску, як у вадзе з’яўляецца бабёр і плыве ў мой бок.

На гадзінніку 7 гадзін 20 мінут.

Дзіўнае супадзенне! Мабыць, бабёр з хаткі нумар 147, калі гэта той самы, якога я бачыў раней, досыць сталы ў сваіх прывычках. Праўда, датычыцца гэта толькі часу, а не маршруту. На гэты раз бабёр змяніў напрамак сваёй прагулкі. Мінуўшы вусце канала, ён плыве ўніз па рацэ і хутка знікае за бліжэйшым паваротам.

1947—1948

 


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан