epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Верасень

 

 

Ужо верасень.

Ветры-вандроўнікі

Аж праз вокны нясуць халады.

Як шары,

Наліліся антонаўкі

І да долу прыгнулі сады.

 

ПЯТРУСЬ БРОЎКА

Верасень лічыцца па календары першым месяцам восені.

Сады і лясы змяняюць паступова сваю летнюю зялёную вопратку на асенняе ўбранне. Лісце на дрэвах пачынае жаўцець, набываючы розныя колеры і адценні. Сярод цёмных, вечназялёных лапак ялін і сосен зіхаціць залатое лісце бяроз, ліп, клёнаў, вольхі.

У садах паспелі яблыкі, грушы.

У высокім сінім небе не чуваць ужо над полем звонкага спеву жаваранка. Не відаць у садах ні берасцянкі, ні чыжыка, ні шпакоў. Даўно ўжо няма салаўя. Па каменнях каля рэчкі не скачуць жвавыя пліскі. Усе гэтыя птушкі паляцелі на поўдзень, і мы іх не ўбачым да наступнай вясны.

Вада ў рэчках і азёрах празрыстая і халодная.

Мянтуз пакідае сваё летняе сховішча пад берагам і пачынае жыраваць у мелкай вадзе.

Плоткі, акуні, галаўні, язі і іншыя рыбы збіраюцца ў чароды і шукаюць глыбейшых мясцін.

Толькі шчупак па-ранейшаму палюе ў адзіноцтве, але і ён, ратуючыся ад холаду, ідзе ў глыб вадаёмаў.

У пачатку восені рыбы ў рэках і азёрах харчуюцца асабліва ўзмоцнена. Яны назапашваюць тлушч, які дапаможа ім перажыць зіму ў халоднай вадзе пад лёдам. З надыходам халадоў рыбы становяцца ўсё менш рухавымі і паваротлівымі.

Пакінулі свае дазорныя вышкі канюкі, пільныя абаронцы палёў ад шкодных мышэй-палёвак.

На апусцелых нівах палёўкам няма чаго рабіць. Яны перабіраюцца бліжэй да чалавека і да збожжа — у гумны, хлявы, скляпы і стайні. Следам за палёўкамі перасяляюцца сюды на зіму і ласкі. Ад маленькай і спрытнай ласкі палёўкам цяжка схавацца. Маючы доўгае гнуткае тулава на кароткіх ножках, ласка можа пралезці за мышамі ў самую вузкую шчылінку, у самую цесную норку.

Палёўкі застаюцца на зіму ў полі толькі ў тым выпадку, калі яны здолелі на працягу лета назапасіць у норках пад зямлёй дастатковую колькасць збожжа і насення розных раслін.

Перабіраюцца палёўкі і ў лес, калі там хапае арэхаў і жалудоў. Тут іх ловяць лісіцы і барсукі.

Восенню барсукі наведваюць часам агароды, дзе любяць пажывіцца морквай і буракамі.

Адкарміўшыся за лета, яны ў верасні пачынаюць рыхтавацца да халоднай зімы.

Барсукі прыводзяць у парадак нару, выкідваюць з яе рознае смецце, высцілаюць сваё логава лісцем і сухой травой, затыкаюць мохам усе выхады з нары, каб было цяплей. Адначасова яны робяць і харчовыя запасы, якімі жывяцца позняй восенню, калі не выходзяць з нары па некалькі дзён. З надыходам халадоў, звычайна ў сярэдзіне лістапада, тлустыя і лянівыя барсукі засынаюць у сваіх логавах таксама, як і мядзведзі ў бярлогах.

Чародамі збіраюцца на балотах у верасні дзікія качкі і жыруюць, рыхтуючыся да выраю.

Маладыя жоравы таксама збіраюцца разам з бацькамі ў вялікае падарожжа. Яны вучацца лятаць строем, трохкутнікам і, пакінуўшы роднае балота, дзе нарадзіліся і выраслі, робяць для практыкі пробныя палёты над ваколіцамі.

Харчуюцца жоравы цяпер не толькі на балотах, дзе яны ядуць розных чарвякоў, лічынак, жабак і карэнні балотных раслін, але і на палях. У канцы лета і ў пачатку восені яны трымаюцца бліжэй да палеткаў, куды прылятаюць харчавацца на золку. Асабліва любяць яны гарох.

Адлятаюць жоравы ад нас у кастрычніку. Гучным крыкам, нібы баявымі трубамі, абвяшчаюць яны ўсяму свету аб тым, што пачынаюць свой вялікі пералёт у цёплыя краі на зімоўку. Адзін за адным, у стройным парадку, узнімаюцца ў паветра і адразу набіраюць вышыню трохкутнікі жораваў. На чале кожнага кліна ляціць стары вопытны павадыр. Ляцяць яны высока над зямлёй. Першы вялікі прыпынак жоравы робяць у вусці Дуная. Так далятаюць яны да Егіпта.

На чужыне, у час зімоўкі, жоравы трымаюцца разам, вандруючы ўздоўж рэк. Яны дабіраюцца ўверх па Ніле аж да вытокаў яго ў Судане і Эфіопіі. Потым ляцяць назад і з надыходам вясны вяртаюцца на радзіму.

Набліжаючыся да родных мясцін, жоравы разбіваюцца на асобныя групы, а далей — на пары і гняздзяцца на балоце, дзе нарадзіліся, на купінах, каб можна было з вышыні свайго гнязда аглядаць ваколіцы...

У верасні ночы становяцца халоднымі. Раніцой на траве, на лістах хмызняку зіхацяць буйныя кроплі халоднай і чыстай расы. Над балотамі, над паплавамі сцелецца густы туман.

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі В. Месяц за месяцам: каляндар беларускай прыроды: [для малодшага школьнага ўзросту] / Віталь Вольскі; малюнкі Л. Зяневіча і Ул. Піменава. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1975. – 92, [3] с., [4] л. каляр. іл.:іл.
Крыніца: скан