epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Возера Цно

 

 

На другі дзень, пад вечар, я паплыў на возера Цно.

Гэта шырокае, але не глыбокае, травяністае возера — найменш прыгожае з усіх, якія я тут бачыў.

Надвор’е ціхае, і вада, здавалася, заснула. Возера выглядала, нібы светлае люстэрка ў цёмнай аправе берагоў. Ледзь чутна перашэптвалася трысцё.

Байдарка бясшумна слізгала па ціхай вадзе, сярод даволі аднастайнага пейзажу. З правага боку высілася зялёная сцяна трысця і рагозу, злева рассцілалася адкрытая паверхня возера. У вільготным паветры адчуваўся гаркавы пах балотных раслін.

Наперадзе я ўбачыў хатку андатры.

Байдарка рассунула сваім вострым носам сцяблы трысця, падмінаючы іх бартамі, разагнала маленькіх рыбак, якія плавалі між раслін, і спынілася каля хаткі.

Цяпер я мог разгледзець жыллё андатры з усіх бакоў.

Хатка ўзвышалася над вадою метра на паўтара, а ў аснове сваёй мела ў дыяметры, мабыць, каля чатырох метраў. З выгляду гэта — невялікі стажок, складзены з тонкіх галінак лазы, карнявішчаў гарлачыкаў, сцяблоў трысця, чароту, асакі і рагозу.

У такой хатцы андатра жыве і зімою. Пад гэтым дахам яна хаваецца са сваім сямействам ад халодных вятроў, ад снегу, сцюжы і маразоў у цёплым гняздзе, якое знаходзіцца ў хатцы над узроўнем вады. З гнязда зроблены выхад у ваду. Зімою андатры плаваюць у вадзе пад лёдам і здабываюць сабе корм з дна возера. Яны могуць грызці і зразаць сцяблы раслін пад вадою, не раскрываючы рота. Вусны ў андатры пад вадою сціснуты, бо вострыя пярэднія зубы-разцы настолькі высунуты наперад, што звярок дзейнічае імі і з закрытым ротам. Інакш андатра захлынулася б пад вадою. Есць андатра не ў самой хатцы, а на кармавой пляцоўцы непадалёку, летам — на беразе, зімою — на лёдзе.

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан