epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Зімні лоў

 

 

Неўзабаве неба зноў пацямнела, пайшоў дождж.

Мастак неахвотна адклаў пэндзлі. Пачухаўшы патыліцу і паглядзеўшы на хмары, ён перанёс свае прылады ў пуню. За ім пайшлі і мы, каб пераседзець там дождж.

— Хіба гэта лета? — бурчыць мастак. — Кожны дзень холад, кожны дзень вецер і дождж. І адкуль толькі бярэцца столькі вады?

Сапраўды, лета надзвычай халоднае і дажджлівае. Гэтак жа было і ў мінулым годзе.

— Па радыё зноў перадавалі дрэнны прагноз, — безнадзейным тонам сказаў мастак.

Ён зірнуў на неба, уздыхнуў, падняў каўнер і ніжэй насунуў на лоб свой высокі злінялы капялюш.

Роліч усміхнуўся:

— Прагноз дрэнны, дык ліха з ім, абы пагода добрая!

— Калі ж будзе пагода? — пацікавіўся я.

— Яшчэ дзён шэсць будзе дождж, — упэўнена адказаў стары. — Потым установіцца сухое, яснае надвор’е.

— Адкуль вы ведаеце?

— Па зіме можна меркаваць. Колькі было снежных дзён зімою, столькі ж будзе дажджлівых дзён улетку. Колькі было сухіх марозных дзён зімою, столькі будзе ўлетку сухіх гарачых дзён. Нам трэба ведаць надвор’е і ўлетку, і ўзімку.

— Хіба вы зімою таксама ловіце?

— А як жа? І не толькі на Нарачы. Мы рыбачым на усіх навакольных азёрах. Я і на Свіры лавіў, і на Глыбокім. На Свіры цяпер два гады ўжо як не ловім. Там цяпер у нас перадышка, каб рыба не перавялася, а тады зноў нападзём, як тыя «грачуны».

Расказвае Роліч не спяшаючыся, і я, седзячы на бервяне ў пуні, запісваю тое, што ён кажа, амаль даслоўна.

— На Глыбокім сёлета зіма была для нас вельмі цяжкая. Многа выпала снегу. Калі снег растаў, лёд апынуўся пад вадою. Я там з брыгадай лавіў рыбу. Без коней проста не было сілы цягнуць тоню. Прыехаў з нашага рыбгаса прыёмшчык, а рыбы няма. Тады прыёмшчык пайшоў у радзільны дом, ён тут паблізу, прасіць коней, там іх два было. Загадчыца яму адмовіла, бо ён неяк раней машыны ёй не даў. Што рабіць? Думаю, пайду сам. Пайшоў да дакторкі. «Прыйшоў, — кажу, — па ратунак». А яна гаворыць: «Вы мне машыны не далі, я вам коней не дам». Я кажу: «Я — рыбак нарачанскі. Да прыёмшчыка і да яго з вамі спраў я дачынення не маю». Яна сваё: «Чаго вам, Роліч, трэба? У мяне коней няма». Тады я пытаюся: «Вам трэба для хворых рыбкі?» Даў ёй дзесяць кіло ляшчоў. «Калі лоў скончым, — кажу, — яшчэ дам». Яна мне коней дала. Я наняў яшчэ дзесяць чалавек. Нас, нарачанцаў, чацвёра і нанятых дзесяць. Узяліся за тоню. А тут як даў халодны дождж і снег! Нас усіх да апошняй ніткі прамачыла. Мала мы не кончылі абсякаць, знаеш, як распагодзілася пад вечар, калі сонца заходзіла. Мы цягнем ды цягнем, але ж нічога няма. Няма рыбы. Стаў я смутны. Коней узяў, людзей наняў, і ўсё, выходзіць, дарма... Засталося ў вадзе якіх дзесяць сажняў невада, не болей. Тут і пайшла рыба. Выцягнулі мы тон шэсць. Гэта з адной тоні, ляшчоў! Аплаціў я і коней, і людзей. Тут якраз і дырэктар прыехаў. «Добра, — кажа, — зрабіў!» Добра, думаю, што вылавіў!

— А чаму спачатку рыбы не было? — спытаў я.

— Там быў камень, — адказаў Роліч. — Камень невад і парваў. Ляшчы, што былі зверху, уцяклі. Каб не гэты камень, узялі б мы яшчэ тоны тры.

Рыбак задумаўся.

— Вельмі цяжка нам было, — казаў ён далей. — Лёд грубы, зверху вада, трэба нам плюхацца ў халоднай вадзе. Рукі і ногі нямеюць.

— Нялёгкая справа рыбацкая, — паспачуваў я.

— Нялёгкая, — пацвердзіў рыбак, — але я не прамяняю яе ні на якую іншую!

Ён усміхнуўся і дадаў:

— Ды і наогул лёгкіх спраў, сам знаеш, няма. Калі справа сур’ёзная ды патрэбная, ды калі ты яе любіш, то яна здаецца табе не такая ўжо і цяжкая.

Пакуль Роліч расказваў пра зімні лоў на возеры Глыбокім, дождж перастаў. Мы выйшлі з пуні.

З’явілася сонца.

— У Глыбокім найбольш ляшчы, — закончыў Роліч. — Лешч тлусты, але васцяваты. Часта бываюць ляшчы па пяць-шэсць кіло.

Мастак хацеў узяцца зноў за свае пэндзлі і фарбы, але тут прыйшоў баркас.

Мы развіталіся з Міхалам Рыгоравічам і селі ў лодку.

На возеры была моцная гайданка.

Вялікія хвалі з шумам біліся ў барты баркаса.

Калі з’яўлялася на хвіліну сонца, вада рабілася сіняя. Неўзабаве сонца знікла зусім, і вада стала цёмна-свінцовая, нібы густая і непранікальная.

Шэрае неба нізка вісела над змрочным і пеністым возерам.

Нам усё ж такі пашанцавала.

Пакуль мы плылі на баркасе, неба хоць і хмурылася, але дажджу не было.

Калі ж мы прыплылі ў пасёлак і былі ўжо каля самага дому, пайшоў моцны дождж.

Бура разбушавалася, калі мы былі ўжо дома.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан