epub
 
падключыць
слоўнікі

Вітаўт Чаропка

Адрачэнне ад цемры

С.Б.

 

Чаго не чакалі гараджане, якія сабраліся на прыстані, дык гэтага. Разам з нешматлікімі воямі, што вярнуліся з вайны, сышоў з карабля на бераг і ён. Яго цыбатую няўклюдную постаць адразу заўважылі сярод магутных і богападобных герояў. Сярод іх ён у паношанай туніцы, з кіфарай у руках здаваўся выпадковым чалавекам. «Гамэр!» Некалькі гадоў таму ён разам з самымі смелымі і моцнымі мужчынамі горада адправіўся на вайну. «Куды табе? Ты і меч не падымеш», - пацяшаліся з Гамэра. Не адзін герой загінуў у бітвах з ворагамі, а вось яго ўсцераглі багі.

Ні багатай здабычы, ні нявольнікаў не прывёз Гамэр. «Глядзіце, а ён з пустымі рукамі вярнуўся, - казалі гараджане. - Дурненькі».

Не прыхільнай была да яго багіня лёсу Цюхэ. Не падняў яго бацька з зямлі на свяце амфідрамі, не абнёс яго вакол свайго дома, не прызнаў за свайго сына. На другую ноч пасля нараджэння вынеслі яго спавітага з бацькоўскага дома і паклалі на прыступках храма Апалона. Стары вартаўнік Сулід, пачуўшы ўначы дзіцячы плач, выйшаў з храма і знайшоў на прыступках каменнага ганка немаўля. Так пачалося жыццё Гамэра. Не зведаў ён дзіцячых радасцяў, не запускаў у нябёсы паветраных змеяў, не спаборнічаў з сябрамі ў бегу, не гуляў з імі ў мяч або жмуркі. Ніхто не сябраваў з тым, каго выракся бацька. Хударлявы, нязграбны, з выцягнутай лапавухай галавою на тонкай шыі Гамэр выклікаў смех у аднагодкаў. Сулід навучыў свайго прыёмнага сына пісаць ды чытаць, а яшчэ навучыў яго іграць на кіфары. Так у адзіноце і вырас Гамэр. У юнацтве верыў ён, што сустрэне дзяўчыну, якая сваім каханнем, сваёй пяшчотаю адбярэ яго ў адзіноты. Гэтай дзяўчыне адкрыў бы ён сваю запаветную мару стаць першым аэдам Грэцыі і спевамі сваімі праславіць сябе і родны горад. Але дзе гэтая дзяўчына? Усе з яго смяяліся. І хаця і кахаў ён потайкі, але так і не мовіў каханай гэтыя словы-закляцці, словы-малітвы: «Я кахаю цябе!» Ды і сапраўды, каму з жанчын ён патрэбны - несамавіты, кволы, бедны? Якая з іх аддасць яму сваё каханне? Так мінула яго юнацтва. Што ён рабіў на вайне? З'ехаў, каб не быць аднаму. Не, ён не ішоў з мячом у бой, не шукаў славы, ён спяваў для воінаў. Усе дзесяць гадоў. І цяпер, калі вярнуўся ў родны горад і заступіў замест памерлага Суліда вартаваць храм Апалона, марыў ён распавесці пра подзвігі слаўных герояў Грэцыі. Як пчала ў соты свае нясе нектар, так і ён слова да слова складаў песні пра дзеянні і подзвігі палымянага Менелая, хітрага Адысея, самалюбівага Агамемнона, магутнага Ахіла, ганарлівага Парыса, самаахвярнага Гектара, пра веліч і гібель Троі. Як упіваўся ён гэтай чароўнай сілай слова, якое ажыўляла мінулае. Ён падобны багам, ён можа вярнуцца ў мінулае! І верыў Гамэр - слава прыйдзе да яго. І самая прыгожая з жанчын Грэцыі зачаруецца сілай яго слова.

Мінула некалькі месяцаў. Аднойчы Гамэр сустрэў тую, якую чакаў столькі гадоў. Гэта яна. Убачыў яе ў храме. Па дзявочы апусціўшы веі, яна слухала казанні жраца Лісія. Усё ў ёй зачароўвала Гамэра: і смуглявасць твару, і прамы прыгожы нос, і чорныя валасы, і стройная постаць, і гэтая дзявочая сарамлівасць, і вабнасць маладосці. Калі б давалі багі яму ўзнагароду за яго песні - ён хацеў бы кахання гэтай дзяўчыны, прывабнай, як Хасіда, чароўнай, як муза, непаўторнай, як багіня. Яна, быццам адчуўшы яго позірк, падняла свае вочы. Імгненне. Водбліск маланкі, што асвяціла начную цемру на яго дарозе. Імгненне, даражэйшае за пражытыя гады. Імгненне - і ніколі так не білася яго сэрца. Імгненне пазіралі яны адно на аднаго. У чорных яе вачах здзіўленне, боязь, цікавасць, - усё, што таіла яна на сэрцы, выдавалі яе вочы. Так глядзяць на зорнае неба са здзіўленнем ад велічы, з бояззю ад таямнічасці, з цікавасцю ад непазнавальнага, з захапленнем перад непаўторнасцю. Дзе маўчаць вусны - мовяць вочы. Для гэтай дзяўчыны ён не чалавек з натоўпу - выпадковы і чужы... І вястун Афрадыты легкакрылы Эрас трапіў сваёй стралой у Гамэрава сэрца.

У той вечар у храме Афрадыты прынес ён багіні кахання ахвяру - ягня. Апусціўся на калені перад алтаром і, як некалі Пігмаліён, узмаліўся, працягваючы рукі да мармуровых выяў багоў.

- О, вялікія і вечныя багі! - усклікнуў Гамэр. - О, залатая Афрадыта! Бязмежная вашая ўлада. Адным словам можаце вы ашчаслівіць смяротнага - пашліце мне каханне гэтай дзяўчыны.

Успыхнула яркае ахвярнае полымя перад выявай багіні Афрадыты. Водбліск агню асвятліў яе мармуровы твар, і нібы ажыў ён, гарачая кроў чырванню выступіла на яе шчоках. Яскравым святлом напоўніўся храм. Цішыню парушылі нечыя крокі. Гамэр азірнуўся. Велічная ў сваёй дзіўнай небнай прыгажосці крочыла да яго сама Афрадыта. Залататканая туніка развілася на ёй. Вянок з кветак, як дыядэма, упрыгожваў яе галаву. Блакітныя вялікія вочы багіні з пяшчотаю паглядалі на Гамэра. Ён падняўся з каленяў.

- Гамэр, я дапамагу табе, - прамовіла лагодна багіня. - Я дарую табе каханне гэтай жанчыны.

- О, вялікая багіня! - усклікнуў ён. - Гэты дар даражэй мне ўсіх багаццяў Фіваў.

- Тваё шчасце ў тваіх руках. Я зраблю цябе прыгожым і багатым, клянуся водамі Сцікса, але за гэта спалі вось на гэтым агні, - Афрадыта паказала рукою на ахвярнік, - кіфару і не складай сваёй песні пра Трою.

Гэта быў гандаль тым, дзеля чаго ён жыў. І вось адмовіцца? Але ўзамен у яго будзе тое, чаго ён пазбаўлены, - каханне любай, а гэта шчасце, пра якое марыў. І ўсё ж дарагі кошт гэтага шчасця.

- Што задумаўся, Гамэр? Ці ты не кахаеш яе?

- Але ты патрабуеш ад мяне немагчымага, - разгублена прамовіў ён.

- Хіба гэта немагчымае? - вусны багіні крануліся ва ўсмешцы. - Кінуць кіфару ў агонь і не мучыць сябе словамі, якія табе не прынеслі ні славы, ні багацця, ні шчасця?

- Але гэта тое самае, што пазбавіцца душы. Як жа без душы?

Афрадыта ўзяла яго за руку. Якая ў яе пяшчотная і цёплая далонь. І цяпло яе далоні, як хмель, расслабляла Гамэра, адымала волю.

- Гамэр, я хачу табе дапамагчы, - казала яна ласкава і павучальна, як маці тлумачыць сыну тыя простыя ісціны, якія вядомыя дарослым, але яшчэ незразумелыя дзецям. - Ты баішся прызнацца, што няма ў цябе ніякага дару аэда і такая далёкая ад цябе мара дзяцінства. Ты стаў нявольнікам гэтай мары, а я цябе вызваляю, я вяртаю табе сапраўднае жыццё пачуццяў, радасці і шчасця. Ты хоць раз абдымаў жанчыну, цалаваў яе, паміраў ад пяшчоты да яе, благавеў перад яе аголеным целам? Ты будзеш мне ўдзячны...

Гамэр апусціў вочы. О, яна ведала, чым спакушаць яго! А калі і сапраўды няма ў яго дару аэда, калі і сапраўды ён нявольнік сваёй самалюбівай мары? І вось дзеля таго, каб пераканацца ў гэтым, ён цяпер павінен адмовіцца ад той, якая прынясе яму шчасце. І калі гэта зразумее, будзе ўжо позна.

- Хаця я цябе разумею. Песня - тваё дзіця, і нялёгка выракацца таго, што народжана табою. Каб не такім пакутлівым быў твой выбар, я даю табе магчымасць сустрэцца з гэтай жанчынай. Яе клічуць Іфігенія. Заўтра вечарам я чакаю твайго адказу.

Багіня адпусціла яго руку, павярнулася, і - постаць яе растварылася ў змроку храма. Асвечаныя ахвярным агнём, моўчкі паглядалі выявы багоў на адзінокага чалавека.

Ужо багіня ночы Нюкта праехала па небе ў калясніцы, запрэжанай чорнымі, як вугаль, коньмі. І кінула на зямлю коўдру, схаваўшы ад людскіх вачэй святло. А за ёй марудныя быкі павезлі па небе ў калясніцы Селену. Яе бляклае святло пранікла праз вокны і ў невялічкі пакой Гамэравай хаткі. Ён, абхапіўшы калені, сядзеў на падлозе і думаў. Вось ужо за трыццаць яму, а ў яго ні сям'і, ні прызнання людзей, ні плёну зробленага, ні сяброў, ні драхмы ў кішэні - ён пасмешышча. А тут... Ці варта адмаўляцца ад таго, чым ён можа ўжо заўтра валодаць, дзеля прывідных мар, якія так і не збываюцца? Ці не ахопліваў яго адчай? Было ж такое, калі не хацеў і жыць, думаў пра смерць як пра збаўленне. Насуперак лёсу прыйшоў ён у гэты свет. Не лёс вызначаў яго жыццё, а выпадак. І гэты свет не для яго. Ён уцякае ад яго. Ён помсціць яму. Так, сваімі песнямі ён помсціць свету, людзям, багам за сваё нікому не патрэбнае жыццё. Ён не пасмешышча - гэта ён смяецца з людской дурноты, сквапнасці і напамінае людзям пра іх мітуслівасць і нікчэмнасць. Але каханне лепш чым нянавісць.

У начной цішы рыпнулі дзверы. Пачулася лопанне птушыных крылаў. І раптам успыхнула яркае святло. Пасярод пакоя стаяла жанчына дзіўнай прыгажосці. Яе стройную постаць абдымала бялюткая шоўкавая туніка, перахопленая на таліі залататканым пасам. Уражвалі яе блакітныя вочы - сумныя і мудрыя. Ён падняўся з падлогі.

- Я Афіна, - павольна і выразна прамовіла жанчына.

- О дачка вялікага Зеўса, што прывяло цябе з высокага Алімпа ў маё беднае жытло? - усклікнуў уражаны Гамэр.

- Ну і кім будзеш ты? - спыталася Афіна і сама адказала: - Уладаром прыгожай жанчыны. Прыйдзе час, і ты зразумееш, што валодаў прахам і няма чаго табе пакінуць пасля сябе. І адчуеш ты, што не хапае табе галоўнага, таго, што дало табе права мовіць: «Я, Гамэр, валодаю неўміручым». Водамі Сцікса клянуся, што так будзе.

- І што ж... - Ён сарамліва прабег позіркам па бедным пакоі, дзе, апроч драўлянага ложка, нічога не стаяла. - Я ведаю, - злосна мовіў ён, - што вось такога, які я перад табою, не будзе болей. Імгненне - вось гэтае таксама - не паўторыцца. Я смяротны і павінен даражыць кожным імгненнем. Я з'явіўся з нічога і ў нішто пайду. І што мае песні? Яны нічога мне не далі. Дык чаму я павінен адмаўляцца ад таго, што хоць неяк ашчаслівіць мяне, суцешыць, абагрэе?

- Адрачыся ад спакус гэтага свету, ад смертаносных яго сіл, далучыся да вечнага і боскага і адолееш цемру. Ёсць Логас, тое, што робіць вас, людзей, людзьмі. Хіба не жадаеш ты спазнаць хоць адну таямніцу Логаса?

- І які сэнс?

- А навошта сэнс? Яго з сабою не возьмеш. Там твой вопыт непатрэбны. Пазнанне Логаса ёсць любоў да багоў, пазнанне Логаса ёсць існаванне ў сабе - брама ў вечнасць. А пошукі сэнсу пакінь самаўлюбёным філосафам, якія пакутуюць ад думкі пра бессэнсоўнасць жыцця. А гэтая жанчына, якой цябе спакушае Афрадыта, не прынясе табе шчасця. Яна надакучыць, і ўсё тваё каханне стане адной мэтай - даказаць, што ты сапраўдны мужчына. І, цалуючы сваю каханую, будзеш марыць хутчэй выканаць свой абавязак. Ты будзеш палохацца свайго расчаравання, пакутаваць ад таго, што яна не так шчыра радуецца табе, або глядзіць на другога мужчыну, або без ахвоты адказвае табе на ласкі. Ды чаго я цябе пераконваю? Ніхто не пазбегне свайго лёсу. І ты таксама. - Афіна мовіла гэта, і адразу пагасла святло, і цемра запанавала ў пакоі. Цішу парушыла лопанне птушыных крылаў. Гамэр зноў застаўся адзін.

 

Быў дзень 19 арцеміція, дзень свята Муз. Па вуліцах Горада крочыў богападобны мужчына. І людзі азіраліся на гэтага стройнага і прыгожага чалавека. Гэта быў Гамэр. Доўга ён не мог заснуць пасля адведзін Афіны. І нічога ён не вырашыў. А раніцай, прачнуўшыся, не пазнаў сябе. Доўгія чорныя валасы падалі на яго плечы. Худыя рукі сталі мускулістымі і моцнымі, як у барацьбіта. Постаць, як у спартанскага воя, - вузкая ў таліі і шырокая ў плячах. Зірнуў у амфару з вадою, а на яго глядзіць нехта іншы - малады і прыгожы. Мужная лінія рота. Задумлівасць у вачах. Гамэр усміхнуўся, і адбітак у вадзе бліснуў белымі зубамі. Афрадыта падарыла яму новы воблік. І, зачараваны, глядзеў ён на свой адбітак, як некалі няшчасны Нарцыс. І доўга ён аглядаў сваё новае цела, згінаў рукі, мацаў цвёрдыя мускулы, любаваўся нагамі. Ён любіў сябе ў новым вобліку. О, цяпер ён падобны на Бога! І прадчуваў здзіўленыя позіркі людзей. Гэта будзе яго помста людзям за свае прыніжэнні. Некалі яны смяяліся з яго нязграбнасці. Ну дык вось, хай цяпер зразумеюць, што ў параўнанні з ім яны самі - убоства і вартыя насмешак. Відаць, ён валодае дарам аэда, калі Афрадыта ператварыла яго вось у такога прыгажуна, толькі б ён выракся свайго дару. Калі багі ведаюць кошт усяму на гэтай зямлі... Яго слова. Яго слова палохаецца багіня. І за яго гатова на дарагую плату... Але ж ён закаханы ў свой новы твар, яму падабаецца яго новае цела і прыемна прымяраць модныя тогі ды тунікі, што прыслала яму Афрадыта. Ніколі не думаў, што валодаць прыгожай рэччу гэтак прыемна. Яна цешыць вока, радуе сэрца, надае ўпэўненасці, прыносіць радасць. І Гамэр радаваўся, як дзіця, і свайму пераўвасабленню, і сваёй прыгажосці, і сустрэчы з Іфігеніяй.

Ён выйшаў з дому апоўдні, калі свята Муз даўно пачалося. Быў спякотны дзень 19 арцеміція. Прамяністы Геліяс на калясніцы, запрэжанай крылатымі коньмі, ужо ўзнёсся да небнага зеніту. І зіхаценне яго вогненнага вянца біла ў вочы Гамэру. Ён перайшоў на другі бок вуліцы пад цень каштанаў. Рэдкія прахожыя паглядалі на невядомага ім богападобнага мужчыну. Як прыемна было лавіць іх позіркі, поўныя захаплення і зачаравання. І ніхто з іх не здагадаецца, што гэта той Гамэр, з якога яны смяяліся. І калі спаліць кіфару, ён застанецца такім, і тады Іфігенія пакахае яго. Значыць, нішто не зменіцца ў гэтым свеце? І па-ранейшаму не будуць дзеці шанаваць бацькоў, а бацькі, як некалі ад яго самога, будуць адракацца ад дзяцей, не будзе кахання паміж людзьмі, і сябар будзе здраджваць сябру, госцю ніхто не ўзрадуецца, і забудуцца людзі пра дабрыню, і няшчасны будзе выклікаць у іх смех, і ўсё болей і болей зла прыбавіцца ў гэтым свеце. А ён жа сваімі песнямі мог хоць неяк бараніць людзей ад зла. Хто скажа чалавеку, што ён чалавек? Гамэр? Кожны асуджаны адказваць за ўсё, што робіцца на свеце, а значыць, не свабодны ў сваіх жаданнях. Людзі забыліся пра гэта, людзі спадзяюцца на багоў і забыліся, што жывуць сярод людзей.

Усё было прадвызначана. Ад свайго лёсу ён не ўцёк. Насустрач ішла Іфігенія. Як забілася трывожна сэрца! Ніколі так не хваляваўся. Да яго ішла яна. Прыгожая і чароўная. Яе чорныя валасы, не ваблівыя вочы, яе прыгожы твар, яе танклявыя рукі, гэтыя выступы грудзей з-пад тунікі - усё гэта можа належаць яму. І яна таксама адорыць яго пяшчотаю і каханнем. І хіба гэта не шчасце? І хіба гэта не вартая ахвяра? Яна параўнялася з Гамэрам. Зірнула на яго. І ў вачах яе, як і тады, убачыў ён сляпое захапленне, трапяткую боязь і дзіцячую цікаўнасць.

- Мір табе, Іфігенія, - мовіў ён, з асалодаю вымаўляючы яе імя. І голас яго не задрыжэў, не сарваўся. І не засаромеўся ён.

Чырванню ўспыхнулі яе шчокі. Дзяўчына спынілася, хуценькім позіркам зірнула ў адзін бок, у другі. Апроч іх дваіх на вуліцы нікога не было.

- Ты ведаеш мяне? - разгублена прамовіла Іфігенія.

- Ведаю.

- А хто ты такі? - Яна чакальна зірнула на яго.

Усё атрымалася само сабою. Гэта падман, гэта гульня з лёсам. Само сабою нарадзілася ў галаве імя, і Гамэр назваў яго.

- Неокл, я прыехаў сюды з Афін. Я бачыў цябе ўчора, і ты спадабалася мне.

- Я многім падабаюся, - з пахвальбою адказала дзяўчына і па-дзіцячы нявінна заміргала веямі.

- Ты спяшаешся? - любуючыся кожнай рыскай яе твару, спытаўся Гамэр.

- А сумна на гэтым свеце, - расчаравана прамовіла Іфігенія, скрывіўшы вусны. - Іду дадому.

- Мне можна правесці цябе?

Хоць яна і не згадзілася, але і не мовіла: «Не».

Яны ішлі па апусцелай вуліцы. Што ж, Афрадыта выканала сваё абяцанне. Вось перад ім тая, якую ён пакахаў. І як яна паглядае на яго. Закахалася. А таго ранейшага Гамэра яна не кахала. І толькі вось за гэтую маску, якую дала яму Афрадыта, яна гатова ахвяраваць сабою. За маску. Не за душу, не за сэрца, не за розум, а за маску...

- Адкуль ты ведаеш мае імя? - парушыла іх маўчанне Іфігенія.

- Мой знаёмы паведаміў, Гамэр, - ён назваў сваё імя не наўмысна, проста яно першае прыйшло на розум.

Іфігенія засмяялася і праз смех выпаліла:

- Гэты дурненькі?

І яна... яна смяялася з яго! І яна такая ж, як усе. Як ён памыліўся!..

- Чаму... ча-му... ты так кажаш? - Словы, як стогн, зляцелі з яго вуснаў.

Яна, не задумваючыся, са смехам адказала:

- А яго дурненькім усе лічаць.

Дурненькі! Вось табе прысуд, Гамэр!

А, зрэшты, чаго ён чакаў? Натоўп і творца. І няма творцу месца ў натоўпе. Ён адзінокі. Дзякуй багам, што яго яшчэ не закідалі камянямі.

- Ён выбраннік Каліопы.

І зноў Іфігенія прыгожа і гучна засмяялася, даводзячы яго гэтым сваім смехам да адчаю.

- Падумаеш, паэзія...

- Ну як жа не любіць яе? - вырвалася ў яго.

- А гэтым пытаннем хай твой Гамэр мучаецца. Лепш бы ажаніўся. Ды толькі - хто за яго пойдзе?

Кожнае яе слова крала ў яго той вобраз, які ён прыдумаў для сябе. З кожным словам губляў ён чароўную, узнёслую і паэтычную Іфігенію.

- Я думаў, што ты зусім не такая, - з сумам і расчараваннем мовіў ён.

Яна спынілася. Веі яе чорных вачэй задрыжэлі.

- Якая ёсць, такая і ёсць, - капрызна адрэзала дзяўчына і, ускінуўшы галаву, вытанчаным рухам правяла рукой па сваіх валасах.

Ну і што - ён кахае яе і такую. Ён прымае яе такой. Яна дзіця гэтага свету з усімі яго прымхамі і нечаканасця мі. А якой ёй быць?

- Я кахаю цябе, Іфігенія!

І нічога не адбылося незвычайнага. Словы гэтыя былі вымаўлены - і дзяўчына, нібы неаднойчы чула гэтыя словы, спакойна адказала:

- Будзеш мяне забаўляць, катаць на караблі, дарыць падарункі - буду цябе любіць. - Памаўчала і нечакана зусім другім голасам - сумным і даверлівым - мовіла: - Не думай, што ў мяне няма душы і сэрца. Я таксама кахала і пакутавала. І па-ранейшаму кахаю, хоць і безнадзейна. Я мару, каб хто мяне пакахаў і звёз з гэтага горада, каб забыцца пра мінулае.

Яна спынілася і паглядзела на яго. І ў яе вачах - надзея.

- А калі б гэты чалавек быў Гамэр?

Горкая ўсмешка кранула яе вусны.

- Ды што ты ўсё пра яго? Ён сваёй паэзіяй шчаслівы! Не праводзь мяне далей, не трэба.

І яна пайшла далей адна. Вось і ўсё. Імгненне - пачатак і канец іх сустрэчы. З супярэчнасцяў гэтага свету, з яго, Гамэравых, мар з'явілася гэтая дзяўчына і пайшла ў супярэчлівы свет, забраўшы з сабою яго мары. І выбірай.

І што ты выбраў, Гамэр?

Дома яго чакала Афіна, велічная і дзіўная ў сваёй боскай прыгажосці. Але куды ёй да Іфігеніі. Прыгажосць яе не жывая. Яна палохае сваёй халоднасцю і правільнасцю. Прыгажосць мармуровай выявы, а не жывога чалавека.

- І што ты выбраў, Гамэр?

- Не кажы мне пра славу, пра бессмяротнасць, пра служэнне людзям. Чаго гэта варта, калі я дзеля гэтага адмоўлюся дапамагчы чалавеку, якому патрэбна мая дапамога? Хоць аднаму, аднаму чалавеку зрабіць добрае.

- І тысячы асудзіць на пакуты.

- А што мне рабіць, вялікая дачка Зеўса? - у адчаі ўсклікнуў Гамэр.

- Успомні Праметэя, які прынёс вам агонь. А ты нясеш людзям слова, у якім вечны Логас, - спакойна прамовіла багіня.

- Я кахаю яе. І без яе я нічога не здолею зрабіць, - ён уткнуўся тварам у далоні, нібы хацеў схавацца ад гэтага жорсткага свету з яго немінучым выбарам.

- Я вырву з твайго сэрца стралу Эраса. Пакуль рана не загоіцца - яна баліць. Але боль і адчай адкрываюць глыбіню мудрасці. У адзіноце прыйдзе да цябе мудрасць. І ніводзін жаночы погляд не параніць тваё сэрца. І забудзеш ты Іфігенію. І застанецца ў цябе неўміручае слова, тваё слова.

Ён маўчаў доўга, і Афіна цярпліва чакала адказу; пасля падняў твар ад далоняў.

- Ніхто не пазбегне свайго лёсу, - ціха прамовіў Гамэр.

І толькі ён змоўк, як яркае святло асляпіла яго. Ён заплюшчыў вочы. А калі расплюшчыў - начная цемра сустрэла яго.

- Што гэта? Я нічога не бачу, - ён выцягнуў руку і стаў мацаць перад сабою. - Я нічога не бачу. Навошта гэта? Не хачу!

- Памятай, Гамэр, пра тых, дзеля каго ты пасланы багамі. Памятай, што словам сваім ты выхаваеш Эладу.

І багіня змоўкла. Ён не бачыў, як ператварылася яна ў саву, - толькі пачуў, як залопалі птушыныя крылы і як гук іх аціх удалечыні. Гамэр застаўся адзін.

 

Людзі нат з птушынай вышыні здаваліся, як заўсёды, мітуслівымі і неразумнымі. Каля храма Апалона вадзілі яны карагоды. А хор спевакоў славіў музу Каліопу, якая натхняе паэтаў і аэдаў. Якія наіўныя людзі! Ды і што яны ведаюць пра багоў? Тое, што самі багі пажадаюць. Яна пажадала адпомсціць ганарлівай Афрадыце, якой Парыс аддаў залаты яблык як самай «чароўнай». Цяпер даведаюцца і людзі пра гэтую «чароўную», пра яе блуд з грубым Арэсам, пра подзвігі грэкаў, якіх падтрымлівала яна, Афіна, у вайне з улюбёнцамі Афрадыты траянцамі. Пра ўсё гэта і мовіць невідушчы Гамэр.


1990

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая