Вітаўт Чаропка

Архангел святой Ганны

(Мова твора стылізавана пад старабеларускую)

 

Калі ўсе справы на свеце сплываюць з памяці людской у забыццё, а на пісьме аб'яснены будуць для ведама нашчадкам і на патомныя часы грунтоўна захаваны будуць, таму і пішу гэтую споведзь к паслузе людской. Няхай будзе яна табе, уважны чытацелю, навукай. На сусклонні апошніх дзён маіх трэба мне спавядацца, бо ўсё таемнае становіцца яўным. Пан Бог міласцівы мне суддзя і паляцаю душу сваю Пану Богу і Яго Божай Маці, і ўсім святым.

Я, Міхайла Асташавіч, герба Грыф, нарадзіўся ў месцы Берасцейскім у лета тысяча пяцьсот дваццаць пятае. Пан айцец мой, Тальваш Асташавіч, быў на ўрадзе віжа берасцейскага, верную і пільную службу правіў. Быў ён чалавекам добрага і пачэснага жыцця. Маці мая, Аляксандра з Горскіх, была лагоднай і богалюбівай кабетай. Ад набожных бацькоў маіх змалку навучыўся я пачцівасці, добразычлівасці, страху Божыя і іншых добрых нораваў. Навуку школьную вывучаў я ў айцоў аўгусцінаў, якія мелі кляштар у нашым месцы. Пасля навучання айцец мой дабрадзей узяў мяне да сябе на ўрад, на агляданні ўсякіх шкод па судовых пастановах. Праз колькі гадоў ад паноў шляхты берасцейскай быў я выбраны віжам. Даў я прысягу на той урад, абы тое, што буду бачыць або чуці, то ўсё справядліва сазнаваці і ўсё іншае па службе справаваці. Пачцівасць да мяне памножылася, як я ўбойцаў паймаў па гарачай крыві. Сам пан, на Аліцы і Нясвіжы княжаці, маршалак земскі, канцлер Вялікага княства Літоўскага, ваявода віленскі, пан староста берасцейскі і кобрынскі, яго міласць Мікалай Радзівіл, зычлівую прыязь да мяне выказваў. І велцэ я абрадаваўся, калі прыйшоў ліст ад міласцівага пана майго дабрадзея прыехаць у места Віленскае сталечнае. Яго вяльможная міласць з ласкі сваёй рачыў абраць мяне да пільных паслуг. Сталася тое ў лета Божага нараджэння тясяча пяцьсот пяцьдзесят другое.

Безвалочна выехаў я, жадаючы патрапіць свята хфалебнае Пакроваў у сталечным месцы. Жэбы ведаў я, што чакае мяне там, то, пэўнае, сказаўся заняўздоленым, але па якой яшчэ прыгодзе застаўся дома. Ды адкуль мне было ведаць? Што Пан Бог наканаваў, таго ніколі не мінеш.

Конь у мяне быў добры інаходнік. У байкаслоўе пра разбойнікаў, якія падарожных абдзіраюць, я не верыў і была мне вольна дарога да Вільні. Начаваў я або ў стадолах, або ў заездах. Да места сталечнага я дабраўся на трэці дзень, позняй ноччу. Варта ўпусціла мяне ў места, калі я паказаў ліст кглейтаваны пана ваяводы. Каня пакінуў я ў кардыгардзе і пайшоў на ўсеначную. Яшчэ і цяпер памятаю першае сваё ўражанне. Па вузкай вуліцы насустрач мне крочыў гурм сялянак з торбамі за спінамі, пэўне, вярталіся з касцёла. Ведаў я, што ў гэтым краі жыве жамойць, якая выводзіла сябе з роду рымскага, вось і хацелася пачуць мне іх рымскую мову. А пачуў сваю родную, нашу ўласную. Сялянка, якая ішла наперадзе, спынілася і, азірнуўшыся, усяголасна сказала: «А дзе ж вы там сунецеся, як нежывыя! Хутчэй! Каб вас пралётная падганяла!»

У касцёле праслухаў я набажэнства да рання. Пад раніцу пачалі збірацца людзі. Саступіў я месца на лаве старой пачцівай кабеце. Але ў касцёл набілася столькі народу, што было не прадыхнуць. Мяне прыціснулі да гожай белагаловай, велцэ пазорыстага выгляду. Грэшна казаць, але было прыемна адчуваць яе маладое цела. Так і прастаяў я ўсю службу, прытуліўшыся да яе, і са скрухай наракаў на сваю долю, што няма ў мяне такой мілай і каханай белагаловай.

Пасля імшы, забраўшы ў кардыгардзе інаходніка, адправіўся я да гасподы яго міласці пана ваяводы, што была на Лукішках каля Закруцця. Яго міласць пан ваявода, мой дабрадзей, прыняў мяне неадкладна. Слуга правёў мяне ў прасторную залю, па сценах якой віселі карціны. Сярод іх убачыў я абраз нябожчыцы каралевы Барбары з роду Радзівілаў. Вымалевана яна была веле цудна і аздобна. Пекнасцю сваёю парсуны вачам замілаванне прыносіла. Зразумеў я, чаму гэтак збытачна мілаваў Барбару яго міласць кароль Жыгімонт Аўгуст. Дагэтуль мала даваў веры ў яго незвычайную любоў да Барбары. Жэбы ў наш жорсткі век кароль з-за белагаловай мог пайсці на зваду з сваімі бацькамі, гатовы быў ваяваць з сваімі падданымі і нават адмовіцца ад кароны, абы ў апошняй кашулі застацца са сваёй малжонкай. Наш век не ведаў такога кахання. Тады мне нялёгка было ўявіць, што кароль, як кожны чалавек, хоча быць шчаслівым, бо ён таксама чалавек. Няма дзіва, думаў я, гледзячы на абраз, што такая прыгажуня змагла сваімі павабамі і пяшчотамі зачараваць каралёва сэрца.

За гэтымі думкамі і застаў мяне пан ваявода, як увайшоў ён у залю. Быў ён у кармазынавым кунтушы паверх белага жупана. Пан ваявода паздаровіў мяне вельмі ласкава: «Мой пане Міхайла, вітаю вас, здароўя і ўсяго добрага ад Пана Бога верна вашай міласці зычу як сабе самаму». Гэтак жа ласкава і зычліва павітаў і я да мяне велцэ прыязнага пана дабрадзея майго.

Ласкавы чытэльнік, дазволь апісаць гэтага слаўнага мужа, якім застаўся ён у маёй памяці. Быў ён уроды пекнай, вачэй жывых і прыемнага погляду. Мовіў хутка і любіў паўтараць словы, ад чаго здавалася, што ён заікаецца. За вялікую чорную бараду званы быў пан ваявода Чорны.

Рознае казалі пра пана ваяводу, што дбае ён толькі пра свой род, што з улады прыдбаў сабе значныя выгоды, што гвалт ад яго людзям паспалітым чыніцца, што д'ябальскім чараваннем авалодаў ён воляй караля. А я памятаю яго добразычлівым да нас, шляхты, пачцівым і мудрым чалавекам. Любіў ён пахваліцца сваімі продкамі - Нарымунтам і Ліздзейкам, а праз тое лічыў сябе годным пасада і бачыў сябе вышэйшым над усімі. Але не было тады роўнага яму - першаму дыгнітару нашага Панства. Сам яго міласць кароль нічога не рабіў без яго слова.

Пан ваявода ўлюблёна паглядаў на карціны. Кожнага з продкаў менаваў па лініі рожаю аж да пачынальніка роду Радзівілаўскага Ліздзейкі, які радзіў Гедзіміну паставіць места сталечнае Вільню, калі гаспадар убачыў дзіўны сон аб жалезным ваўку, унутры якога раўло так, як бы сто ваўкоў выла. Ківаючы рукою на абраз Ліздзейкі, казаў пан ваявода: «Ліздзейка, сын Нарымунтаў князя вялікага, рэк Гедзіміну, што гэтае места мае быць слаўне і сталіца Літвы тут будзе, і пашырыцца слава яго і голас па цэлым свеце. А што радзіў Вільню выставіць, назваў Гедзімін Ліздзейку Радзівілам». Мовіўшы тыя словы, пан ваявода няўзорна паглядзеў на мяне сваімі чорнымі вачыма, што адчуў я сябе ніякавата, і рэк: «Па пільнай справе выклікаў я вас, мой пане». Я адпавядаў яму: «Заўжды вашай міласці да паслуг гатовы». Тады пан ваявода паведаў мне наступнае: «Неўзабаве ў Вільню прыедзе яго міласць гаспадар на сойм, а тут што дзеецца? Гэты Чортавы Бацька! Места вялікім страхам устрывожна. Людзі паспалітыя не маюць добрай бяспечнасці. Рэч нечуваная. Не маючы боязі Божыя і бачнасці правае, нехта Чортавы Бацька цэрквы святыя рабуе. Не ведаю, такі гвалт ад каго стаўся. Чорт гэтага Бацьку ведае. На гарачым учынку ён не злоўлены. Знікае, як камень на дно, і ніякіх слядоў, як вецер іх заносіць. Ніякай прасокаю і падсадамі яго не вылавіць. Але - тое яму не мінецца. Кім ён ні быў бы, але трапіць да мяне і паводле права будзе ён караны горлам. Не веру ў яго чортаву сілу. Пэўна, нехта папярэджвае яго аб падсадах. Таму не давяраю сваім віжам. Выклікаў я з другіх мест віжаў, бо іх тут не ведаюць. Мой пане, вы чалавек сумлення пабожнага, прысяглы і спраўны і на вас спадзяюся. Вы гатовы ісці на след і да аблічча Чортавага Бацькі?» Быў я ўзрадаваны, што пан ваявода, першы слуга панства Літоўскага даверыў мне такую адказную справу і хацеў я чыну даказаць, а сабе славы прыдбаць. А таму ў адказ я рэк: «Верне і пажытачна буду служыць вашай міласці». Пан ваявода спавядаў, што я павінен чыніць. Трэба было пасяліцца ў гасцінным доме, хадзіць па корчмах і прыслухоўвацца да размоў. Можа, дасць Бог, натраплю на след разбойніка. Але надзей на гэта мала. Таму пан ваявода задумаў наступнае. Павінен я цераз ноч на змену з другім віжам несці варту ў касцёле святога Мікалая. Гэты касцёл Чортавы Бацька яшчэ не рабаваў, то некалі ж ён з'явіцца і туды. «Дзейнічай, як сам найлепей разумееш», - параіў пан ваявода і даў мне пісталет валошскі, а таксама грошай, і пажадаў скутку. Разумеў я, што скутак залежыць часам ад выпадку, але і выпадак можа быць наканаванасцю.

Пасяліўся я ў доме гасцінным на Зарэччы на Рускай палавіцы. У той жа дзень, паабедаўшы і трохі адпачыўшы, я агледзеў места. Па вуліцах прагульваліся ўбраныя ў святочныя шаты месцічы і пацяшаліся забавамі скамарохаў і іх ігрой на дудах і скрыпіцах. Падняўся я на гару Гедзімінаву і адтуль любаваўся на муры велцэ красныя і храмы прыгожа аздобленыя і дзіўным майстэрствам робленыя. Збылося прароцтва Ліздзейкі - разгаласілася і пашырылася вялікаю славаю сваёю па ўсіх краінах свету места Гедзімінава - места прэзацнае, места прэслаўнае. Радаваўся душой, што такое хараство рукамі людскімі створана ў хвалу Божую.

Першую ноч маёй варты ў касцёле пужаў мяне кожны гук. Мала перад усходам зары, прысеўшы на лаву, заснуў і ўбачыў сон. Як бы ўвайшоў у касцёл нейкі чалавек з ручніцай у руках і вымярае на мяне з яе, а пасля і стрэліў. Гелт лучыў у абраз святой Панны. Я стрэліў у адказ з пісталета, але мужчына памахаў мне кулаком і выбег з касцёла. Паглядзеў я на абраз, а па ім кроў цячэ. Ад страху невыказанага я прачнуўся, у руцэ трымаю пісталет. Прыняў я гэтага чалавека за Чортавага Бацьку, а то быў нядобры знак. Ледзьве дачакаўся, калі паўночы мінула і прыйшоў айцец Рафал. Спытаў я ў ксяндза, як жа той разбойнік не баіцца Божага гневу. Айцец Рафал рэк мне ў адказ: «Калі ён і прыйдзе да страху Божага, то жалем сэрца. Будзе каяцца, ды звароту не будзе». А былі тыя словы прарочыя.

Па некаторым часе абжыўся я ў месцы Віленскім, прызвычаіўся і да сваёй старожы ў касцёле. Даведаўся я, што ёсць у месце гара Бакшта Субоцкая. У лонні яе чарадзейкі і д'яблы суботкі свае выпраўляюць. Базылішкі* там загняздзіліся, якія людзей, што туды ходзяць, забіваюць. Паслалі аднаго разу туды чалавека адважнага, а быў то забойца, прысуджаны на кару. Далі яму паходню. Але, дайшоўшы да месца, дзе быў базылішак, завыў ад жаху і здох. Зацікавіўся я Бакштай Субоцкай, можа, у ёй хаваўся Чортавы Бацька. Не хапіла мне духу ісці ў падзямелле, як над маёй галавой залёталі нетапыры** такія вялікія, як галубы. Выбег я на свет. На карані гары сустрэў я вяльможнага пана. Быў ён стану зрослага, плячэй шырокіх, аблічча чарнявага, барады густой і пасівелай, вачэй чорных у паглядзе агонь маючы, паходу гордага і гадоў яшчэ не старых, але і не маладых - узросту квітнеючага яшчэ. Смеючыся з майго страху, прамаўляў ён тыя словы: «Пан шукае скарбы, што сцерагуць базылішкі, заклятая панна, пёс і когут. Людзі на жывыя вочы бачылі пса і чулі когута і плач панны. Ды, пэўна, мужнасці недастала». Я вазьмі адкажы: «Можа, сляды Чортавага Бацькі шукаю. Павінен жа ён свае скарбы некуды хаваць. А базылішкі і ведзьмы добрая яму хэўра». Пан, смеючыся, прапанаваў мне: «Ну то давай, пане мілы, разам пашукаем. Удвох не так страшна». І я пагадзіўся, бо няёмка было пачуваць сябе баязліўцам. Мы, распаліўшы свечку, увайшлі ў пячору. Устрывожаныя кажаны залёталі над намі. Ніякіх ведзьмаў, базылішкаў, панны, пса і когута ў пячоры не было, толькі ўбачылі мы косткі няшчаснага злодзея. Пан паказаў на іх і рэк: «Не базылішак яго забіў, а страх перад ім. Людзі напрыдумвалі сабе хімераў, ці то пакланяюцца ім, ці то баяцца іх. Вось і Чортавага Бацьку прыдумалі. Яго няма, а ўсе вераць, што ён ёсць. Няма і самаго чорта. Калі Бог не павінны ў зле свету гэтага, то зло ад чорта. Але, калі чорт створаны Богам, віна за яго справы - на Богу. Паколькі не можа быць такое, то чорт - нараджэнне нябыту, а сам ён небыццё». Што я мог адказаць яму? Калі для яго не было д'ябла, то значыць, і Пана Бога не было.

* Васіліскі.

** Кажаны.

Так здарылася, што праз нейкі час я зноў сустрэў гэтага пана. На гэты раз на дышпуце. У той час у места прыехаў яго міласць наш гаспадар Жыгімонт Аўгуст. Месцічы выйшлі сустракаць яго. Наперадзе ехалі конна трубачы, за імі ішоў гуф надворных драбаў, у святочныя барвы прыбраныя, маючыя пасяродку вялікую харугву. Далей на чале рыцарства земскага ішлі паны дыгнітары. Наступныя ішлі магістрат места з войтам і выдатнейшымі дастойнікамі горада. Яго міласць кароль ішоў за біскупам віленскім, акружоны высокім рыцарствам. Быў ён апрануты ў чорнае ўбранне - знак жалобы па малжонцы сваёй нябожчыцы каралеве Барбары. Выгляд яго быў сумны і стомлены. Разышлася пагалоска, што ў Кралеўцы яго міласць ледзьве не загінуў. Адно з ядраў, якімі стралялі з гармат у яго гонар, праляцела побач з ім і патрапіла ў жаўнера - ажно апырскала гаспадара расцярушанымі мазгамі. Кароль быў вельмі смутны з такога выпадку. Таму першыя дні не даваў ён ні банкетаў, ні іншых баляванняў. Аднак яго сакратар і канонік кракаўскі наладзіў дышпут паміж рымскімі і грэчаскімі святарамі. Ад грэчаскай веры выступаў вучоны манах з манастыра святога Духа, што ў месце сталечным знаходзіцца.

Пішу пра той дышпут не дзеля таго, абы прывесці довады абодвух бакоў, а толькі таму, што сустрэў там таго вяльможнага пана. Ён, пабачыўшы мяне, прыязна ўсміхнуўся і павітаўся. Селі мы побач. Раз-пораз ён ціха выказаў свае заўвагі на довады дышпутантаў. Я ж, як руплівы шкаляр, запісваў тыя довады, а таму магу некаторыя з іх і назваць.

Канонік рэк: «Калі Айцец мае Духа, а Сын не мае яго, то значыць, сутнае ў Айца не ёсць у Сына. Значыць, Айцец і Сын не адно і тое».

Манах адпавёў: «Усё, што мае Айцец, мае і Сын, апроч радзіцельства. Айцец мае Духа, і Сын яго мае, але прыемле Яго ад Айца».

Канонік рэк: «Хто колвек не верыць, абы Сын меў таксама дыханне Духа Святога, кожны такі ёсць арыянін і новакрышчэнец».

Манах адпавядаў: «Калі Дух Святы і ад Сына, як ад Айца, дык вы прымаеце два пачаткі ў Божастве, а тое ерась Македаніанская».

На што мой пан знаёмец насмешліва мовіў: «І тое ерась, і гэта ерась. А лічаць сябе свяцейшымі за Бога».

Канонік рэк: «Але калі Айцец і Сын адзіны суць, то ў іх адзіная моц і воля, а значыць, адно ісхаждзенне Духа».

Манах адпавядаў: «Але калі вы ў такім сэнсе прымаеце адзінства Святой Тройцы, то можаце адсюль вывесці, што і Дух Святы родзіць Сына».

Не буду, ласкавы чытэльнік, табе пераказваць дышпут, бо вядома, як упарта трымаецца народ рускі веры грэчаскай у сцыме права замацярэлага. На слушныя довады каноніка манах зрабіў выснову: «Мы стаім на тэкстах Святога Пісання, а не прыбягаем да хітрасцяў красамоўства».

Пасля дышпуту пан знаёмец пайшоў са мной і прамаўляў мне: «Многа бязлепіцы нагаварылі нам. А мяне цікавіць простая ісціна. Пан Бог міласцівы ратуе людзей па іх малітве тым, што дае ім сілу пераадолець зло і пакуты. Але, калі Бог міласцівы і ўсемагутны не выправіць зла свету гэтага, то тое не літасць, а ліцамерства. А калі ён усёведаючы, то ведаў бы злыя думкі людзей, гатовых да граху. Тады за ўсе іх дзеянні павінен адказваць Ён, а не людзі, якія толькі спраўцы». Блюзнерства на Пана Бога ератычнае ўзводзіў. Не падабаўся мне гэты пан. Добраму чалавеку не гадзіцца ліха гаварыць аб пачцівым. Калі ён папытаў мяне, якія я маю кансідэрацыі*, я шчыра адпавядаў: «Не ведаючы грунту існасці, самое ганіце яе. А гэта грахоўнае высакамоўе». Ён не адказаў, бо адбылася неспадзяваная прыгода. Да нас падышоў гурт п'яных жаўнераў. Пад хмяльным трункам яны пачувалі сябе смелымі. Прысталі яны да нас, рэкучы: «А што, паны яснавяльможныя, не пачастуеце мужоў валечных аквавітай»**. Пры тым лаяліся яны сарамлівымі словамі. У адказ пан рэк гнеўна: «Не, хлопы смярдзючыя, залепей вам будзе заплаціць нам за аблуду вашу». Дастаў ён з пошваў шабліцу карабелю і пісталет. Тое, што ён пасячэ жаўнераў у дробну драбніцу не было сумніву, бо меў ён аблічча вельмі грознае. Жаўнеры прымірэнча мовілі: «Яснавяльможныя паны, нічога благога супраць вас не маем». На тое пан золка рэк: «Без тумулту расплаціцеся за знявагу». Усе чатыры жаўнеры падалі мне капшук з пенязямі. «А зараз бегма бягом адсюль!» - крыкнуў пан. Жаўнеры прудкім бегам, адзін другога выперажаючы, пабеглі з нашых вачэй. Разабраўся гэты пан з імі, як ліс з куранятамі. Рагатаў ён ім наўздагон: «Вось дык мужы валечныя! Бягуць, як маскавіты пад Воршай!» Раіў ён мне такое: «Пане, памятай адно, ніколі не схіляйся перад сілай. Сіла слабее перад годнасцю. Бяры, шляхціч, гэтыя пенязі і выпі за маю навуку». Я адпавядаў, што мне не патрэбныя гэтыя грошы. На мае словы пан засмяяўся і рэк: «Грошы патрэбны ўсім. А мы гэтых ваякаў павучылі, вось за навуку і плату далі. Раз не хочаш плату браць, то прап'ем пенязі за наша здароўе».

* Развагі, думкі.

** Назва гарэлкі.

Мы зайшлі ў піўніцу, і пан замовіў гарэлкі анышовай* і тое-сёе перакусіць. Мы выпілі. Аднак неспадеўна пачуў я імя Чортавы Бацька. То размаўлялі за суседнім сталом пахмеленыя пітвом купецкія людзі. «Як свет светам, як Бог Богам - такога не было. Разбойнік ён. Каб на яго сурок найшоў». - «Ды які ён разбойнік - нязбожнік ён. Вы пра Машэку чулі. Я сам з места Магілёўскага, дык у нас да гэтай пары помняць Машэку, ён таксама разбоем бавіўся. Не за нашу памяць тое было - давён-даўно. Кажуць, што ў яго была такая сіла, што адной рукой спыняў каня. Адзін супраць усіх выходзіў. Нікога не баяўся, а яго баяліся, як Перуна. Давалі ўсё, што захоча, абы толькі пакінуў душу ў целе». - «Усё гэта старэчыя байкі». - «Не верыце. Ды ў нас і магіла яго стаіць. Гэта цяпер народ здрабнеў, вырадкі, а раней людзі былі волатамі і не ведалі куды сілу дзець. Волат быў, ды з-за белагаловай загінуў. Упадабаў ён дзеўку, а тая, калі ён спаў, перарэзала яму горла». - «Жаноцкія псоты многіх зводзяць з розуму, бывае, і людзей мудрых, а бывае, і святых». - «Добра, што нас, грэшных, к ліху не прывялі». Вось такое казалі людзі купецкія. Я і падумаў, можа, што-небудзь і даведаюся ад іх пра Чортава Бацьку, таму і рэк ім: «Вы кажаце пра Чортава Бацьку. А хто ён такі ёсць?» Адказалі мне купецкія людзі такімі словамі: «Хто ён ні быў бы, шляхціч, купец або подлай кандыцыі людзіна, але ён негадзь, злыдзень, машкара, баязлівец, каб на яго звод. Сустрэўся б ён нам, то горлам пакаралі б». На што я мовіў: «Ён злодзей, але не баязлівец. Калі ён не баіцца Бога, то і людзей не баіцца. Для яго няма Бога. Ён хоча атрымаць сваё ў гэтым свеце. Мне яны сказалі: «Бачым, што чалавек пачцівы і з павагі да цябе слоў збытных не кажам, але не балазе ты думаеш. Хто што заслужыць, то яму і заплата такая будзе. Быць яму ў пекле».

* Анісавай.

Пан уважліва слухаў іх словы. Пасля ён спытаў мяне, хто я такі ёсць. Я назваўся і паведаў, што прыехаў у места сталечнае, абы на дварэ яго міласці гаспадара нашага служачы, цвічыцца рыцарскіх учынкаў. Пан пасмяяўся з мяне, мовячы: «На сытныя пірагі прыбёг. Ласкі яго міласці даслугоўваюць не гэтак. Пахлебствам на двары смярдзіць. А ты рыцарскай годнасці чалавек, і галавой сваёй думаеш. А каму ты там такі патрэбны збоку прыпёку? Калі хочаш служыць з правага сэрца, паслужы мне». Я адпавядаў у адказ: «Веле зычліваму да мяне яснавяльможнаму пану гатовы верна і пажытачна з пільнаю дбайнасцю ўслугоўваць. Але як майго пана дабрадзея завуць?» Пан нахіліўся да мяне і шэптам рэк на вуха: «Чортавы Бацька». Падумаў я, што насміхаецца ён з мяне, а таму не паверыў яму. Як сыходзіў ён з піўніцы, то мовіў купецкім людзям: «Не бойцеся за Чортавага Бацьку. Калі і будзе ён у пекле, але не адзін, а з вялікім гуфам і будзець яму там весела».

На двары пан папытаў мяне: «А ты, шляхціч, хочаш сваё ўзяць?» Я адпавядаў яму: «Што, як Чортавы Бацька, рабаваннем жыць? Ад людзей кляцьба, а калі выкрыюць, то горлам заплаціш. Некалі і Чортавага Бацьку выкрыюць. Усё тайнае стане яўным. Не ўсё так добра канчаецца, як пачынаецца». Пан мне адказаў: «Гэта яшчэ баба надвое варажыла: быў бы панам, быў бы, а не быў. Тады тое будзе, калі гэта збудзецца. А людзі. Што людзі? Няхай клянуць ды сабе бяруць. А пра тайнае моўлю табе так. Ёсць тое, што Бог не адкрывае людзям, бо гэта мусіць парушыць іх уяўленне аб Божае справядлівасці. Праўда горкая, а падман салодкі. Нельга людзям ведаць тайнае. Тайнае заўсёды тайнае. Запомні, пане, хто будзе ягнём, таго з'есць воўк. Вось гэта ісціна яўная. Бяры тое, што табе трэба, а то не дастанецца». На развітанне пан пацікавіўся, дзе я жыву, і паабяцаў прыслаць па мяне. Ён хацеў правесці мяне да гасціннага двара, але я спазняўся на старожу ў касцёл і мовіў, што іду на набажэнства. Пан засмяяўся і рэк: «Імша ёсць амерзлы Богу абрадак, з якім папы другі раз Хрыста крыжуюць».

Хто ён такі? Нічога пэўнага пра яго я не ведаў. Я не верыў, што ён і ёсць Чортавы Бацька. Пэўне, ён лютаранін, думаў я, вось і блюзнерыць з святога. Зверху з'яўляецца людзям пачцівым, а ўнутры ёсць поўны ліцамерства і аблуды.

Зранку пасля старожы наведаў я пана ваяводу і паведаў яму пра гэтага пана. «Для лепшае пэўнасці ідзі да яго на службу», - загадаў мне пан ваявода. Спытаў я, ці сумленна будзе падманваць яго. Пан ваявода адпавядаў: «Іншая рэч мана, а іншая патрэбнае ўтайванне. Можна зманіць, але не адмяніць праўду ў няпраўду. А твая мана на карысць паспалітую». Пасля пан ваявода запрасіў мяне на сняданак. І хоць была пятніца, на стол падалі мяса і віно. «Што, мой пане Міхал, дзівішся? Думаеш, я ерэтык? Не, ерэтыкі папежнікі. За Хрыста вырашылі як жыць, як маліцца, што людзям і калі есці і піць. А калі Хрыстос казаў, што ў пятніцу нельга есці мяса і піць віно? Уся гэта папежская святасць напаказ. А не той хрысціянін, хто напаказ, а хто ў душы хрысціянін», - казаў пан ваявода. Не паблазніў ён мяне сваёй баламутняй. Ды і як я мог асуджаць заўсёды да мяне зычлівага майго пана дабрадзея, калі сам Хрыстос рэк, абы не судзілі. Пэўне, пан ваявода зразумеў, што я не хачу спрачацца з ім, і гучна засмяяўся, і мовіў сваю любімую прымаўку: «Жыць абы жыць, чым ніяк быць».

Днём да мяне ў гасціны двор прыйшоў пасланец ад пана, называнага Чортавым Бацькам. Мы прыйшлі на падвор'е на Луцэ подле Веллі. Нам адчыніў чалавек вельмі падобны на пасланца, пэўне, яны былі братамі. Па прыступках мы спусціліся ўніз у лёхі, ліхтарамі асветленыя. Трывога сцяла маё сэрца. Мяне папыталі: «Пане, што вы ведаеце пра Чортавага Бацьку?» Адпавядаў я ім, што не атрымліваў позву ў суд і толькі перад судом буду адказваць. Яны, смеючыся, рэклі: «У нас свой суд і свая расплата. Без дай прычыны вы сюды не трапілі б. Не хочаце, пане, па сваёй волі спавядаць, зробіце па нашай. Ці ведаеце Чортавага Бацьку?» Спярша вырашыў я, што тое віжы, па тым злодзеі дайзрэнне вядучыя, але засумняваўся. Будуць выпытваць, вымагаючы, хоць і мучаць, але буду рымсціць да пары, вырашыў я. Хто яны такія, не ведаў я і праўду пра сябе, што віж, нельга было ім раскрыць. Адказаў я: «Чорт яго ведае, хто ён такі». Мне рэклі: «Вы з ім учора былі. Бедных жаўнераў абрабавалі». Пачаў я думаць, што сапраўдныя віжы яны і ўчора цікавалі за намі. Каб яны прызналіся ў тым, я прызнаўся ў сваім віжоўстве. А так яны не называліся, і я адмаўляўся ад знаёмства з Чортавым Бацькам і ў рабаванні жаўнераў. Яны ажно схапілі мяне за рукі і прыціснулі да сцяны, жадаючы сілай вырваць у мяне праўду. «Кажны за сваю прычыну пакутуець», - рэклі мне тыя гіцлі.

Адбылося тое, чаго ніяк я не чакаў. Адчыніліся дзверы, і ў камору ўвайшоў той самы вяльможны пан, якога ўчора бачыў. Як заўсёды, насмешліва загучаў яго голас: «Жыццё наша роўна камедыі». Па кіўку яго рукі гіцлі адпусцілі мяне. У працяг пан рэк: «Даруй, пане, што мучыў і губіў цябе бязвінна, абы пазнаць пачцівасць тваю. Удзячлівы табе, што не выдаў мяне. Мне патрэбны верныя таварышы. А ты паслужыш не толькі мне, але Айчызне - панству Літоўскаму, славу і зацнасць сабе прыдбаеш». Я папытаў: «Пане, каму я ўдзячны зычлівасцю?» І ён спавядаў імя сваё: «Я, князь Валіхвер, княжа Гедройцкі». Вось ён хто такі - князь са старажытнага і слаўнага рожаю Кітаўрасаў. Паведаў мне князь, мовячы: «Не буду патрабаваць, жэбы ты мне заруку даў на вернасць. Калі маеш годнасць рыцарскую ў сябе, то спрыязліва, верне і статэчным сэрцам будзеш стаяць са мной. Чалавек я падзячлівы і за вернасць будзеш мець ад мяне вялікую ласку». Такімі выбавамі князь мяне да сябе ў таварышы намовіў. Дзіву даваўся я, што здомыслу ў князя наўме да мяне, адкуль такі давер?

Калі ён і ёсць разбойнік Чортавы Бацька, чаму на той час я мала верыў, то павінен я не голымі словамі давесці яго віну, а ўзяць яго на гарачым учынку і паставіць перад судом на довад сведкаў. Так ставарышаўся я з князем Валіхверам Гедройцкім.

Князь шчодра пачаставаў мяне абедам. Яго людзі прыслугоўвалі нам, таму я зразумеў іх чорнага роду паходжанне. Захмялеўшы, князь пачаў ганебна блюзніці маестат Божы: «Папеж ёсць то антыхрыст белы: горш, бо той пеклам, а гэты на ўстыд нам цэркаў справуе». Пэўне, князь словамі богамерзкімі да сваёй фальшывай навукі хацеў мяне намовіць. Рэк я ў адказ: «Такімі словамі, вы князь, паніжаеце не толькі маестат святога папежа, але і самога Пана Бога. А хто паніжае Пана Бога, панізіць яго Пан Бог самога». Князь пасмейваўся з маіх слоў: «Мы так, а Бог інак. Дык нашто таму Богу маліцца, які суперак нас?» Мовіў я тое слова: «Хто з Богам, то й Бог з ім». Але князь смяяўся з таго слова: «Дзякуй Богу за Бога, што Бог з ім». Успомніў я, што перлы, то ёсць таямніцы Божыя, не маюць быць прад свіннямі кіданы, і не пажадаў болей дышкутаваць з князем.

Тым жа днём паспол з двума пахолкамі і мы з князем прыехалі ў яго замак пад Вільняй. Замак быў невялікі, але трудны к дабыццю. Замак стаяў на гары паміж рэчкамі Веллей і Жэймянай і быў роблены з добрага дрэва а чатырох вежах з вокнамі да абароны. Па ўзводзе*, на ланцугах узводных вісеўшым над ровам, мы праз браму ўехалі ў замак. Па правым баку гародні стаяў аздобны гмах, гонтамі пакрыты. Вось тады я і ўбачыў княжну Ганну. Яна выбегла з палаца на ганак. Дзіўна зачараваны, паглядаў я на яе. Цудная ў сваім харастве, была княжна веле пекнай асобы. Князь звітна зсеў з каня і па ўсходках падняўся на ганак. Ён абняў лагодна дачку і пацалаваў яе. Я таксама пакінуў сядло. Калі я падышоў да князя, ён менаваў мяне: «Шляхціч Міхайла Асташавіч, мой ласкавы таварыш». Упяў я гарачы позірк княгінін. Мовіў я, пакланіўшыся: «Кланяюся пачцівай панне і зычу здароўя і ўсяго добрага ад Пана Бога». Княжна такжа пакланілася мне і зачырванелася, як рожа чырвоная. Князь назваў яе: «Гануся мая любая. Выхоўваў яе, як какош дзіця пад скрыдлом сваім». Сваю любоў да дачкі князь не хаваў. Як пайшла яна ў палац, з гонарам мовіў: «Пекная, як пацерачка, прыгожая, як красачка». Шчыра я пагадзіўся з ім: «Хараства невымоўнага панна». Словы мае спадабаліся князю, і ён паэтычна казаў: «Пастройнае аблічча, парсуна бела-румяная, як рожа, шчокі, як макавы цвет, вочкі, як зоркі, броўкі, як падкоўкі, губкі, як малінкі, валасы руністыя, як шоўк, а персі краснейшыя за віно. Глядзець на яе вельмі пахмельна, а кахаць вельмі шчасна. Толькі ўсцерагайся, пане, закахацца ў яе. Любоў моцная, яка смерць. Будзь ласкавы да яе. Ты чалавек навучоны, гісторыю нашу старадаўнюю ведаеш?» Адпавядаў я, што чытаў нашы хронікі старадаўнія і хронікі Мехавіты і Вапоўскага. Князь узрадавана рэк: «Будзеш апавядаць княжне пра гісторыю Літвы, хай ведае». Яшчэ болей быў узрадаваны я магчымасці быць з Ганнай.

* Падвесны мост.

Паставілася княжна да мяне прыязна. За абедам яна расказала такую легенду. У залю, дзе быў накрыты стол, убеглі два хорты і медзялянскі пёс. Князь парэзаў скібу хлеба на кавалкі і кінуў іх сабакам. Патлумачыў ён: «Першы кус дай сабацэ, няхай ён з'есць, бо не ведаеш, праз чыю ласку жывеш. Часам мы жывем праз тую долю, што Бог даў сабацы». Княжна Ганна на тыя словы спавядала: «Мы жывем па сабачай і кацінай долі. Людзі прасілі Бога даць хлеба. Вось і былі каласы ад самай зямлі, але людзі наракалі на тое, што трэба жаць колас, малоць і пасля толькі пекчы хлеб. Бог ішоў па полі і бачыў, як людзі нядобра адносяцца да каласоў, і ён стаў сцягваць колас к верху. Тады сабака і кот пачалі прасіць у Бога, а гэта быў Бог, чым мы будзем жыць. І ён не дацёг да верху, аставіў каласок кату і сабацы - гэта ваша доля, сказаў ён. А вось на гэтай долі, што Бог аставіў, і ўсе жывуць на тым. На кацінай і сабачай долі ўвесь свет жыве, што Бог ім аставіў».

Ведала яна шмат паданняў і легендаў, якімі бавяцца хлопы. І часта ў час нашых сустрэч казала пра крыважэрных ваўкалакаў, шкоду чынячых людзям, злых чараўнікоў, у ваўкоў людзей абарачаючых, лясных дзеваў лоймаў, у зман мужчын зводзячых сваімі павабамі, мару ці пошасць на вёскі насылаючых. Шчыра, як дзіця, верыла яна ў тыя гісторыі. Яна і была дзіця, хоць дарасла лет сваіх зупольных: не ведала аблуды, хітрасці і зла і глядзела на свет яснымі вачыма. Душэўнымі дарункамі была аздоблена асаблівае цноты і чыстаты.

З мілым пачуццём і такжа скрухай успамінаю нашу першую прагулку. Быў смарговы пагодны дзень. Дрэвы, аздобныя цветам і барвай, размаістай лісця вочы пацяшалі. Моўчкі крочыў я з ёю. Не даўмеўся, як мне паводзіць сябе з княжнай. А яна гарэзліва мовіла: «Пане, не маўчыце, раскажыце што-небудзь». Ад хвалявання словы мае за язык чапляліся. Казаў я нешта пра сябе, вучобу ў школцы аўгусцінаў, недарэчныя прыгоды з школьнага жыцця. Як княжна нечакана папытала: «Адгадай, пане, загадку. Ляціць конь заморскі, іржэць ён па-польску: хто яго заб'ець, сваю кроў пральець. Ламаў я галаву, але нічога вартага не ўзгадаў. Княжна толькі смяялася з маіх адказаў. Ды смех гэты быў мне веле мілы. Княжна, смеючыся, рэкла: «Ну чаму вас, пане, навучалі? Простае не ведаеце. Камар тое». І я рассмяяўся. І як бы знаёмыя мы былі даўно. Не стала паміж намі чужасці.

На беразе схілам, які спускаўся да ракі Велла, княжна Ганна ўпала на траву і мовіла: «Пане, вы кнігалюбец, а пра каханне гісторыю якую ведаеце?» Я прысеў побач. І хоць добра не памятаў тую повесць, чытаную даўно, але расказаў, як мілавалі адно аднаго Трышчан і Іжота. Заплюшчыўшы вочы, княжна ўважліва слухала. Усміхнулася, як мовіў я, што не мысліў Трышчан нічога, толька а Іжоце, а Іжота а Трышчане, і не было ў іх іное наўме, толька яка бы ў раі былі. Казаў я і наглядзецца не мог на яе пекны твар. Расказаў я, як пакляліся адно аднаму Трышчан і Іжота Богам, абы не аставіў іх да смерці. Княгіня расплюшчыла вочы і папытала: «А вы, пане, любілі б мяне да смерці?» Мовіў я тое, што было ў мяне на сэрцы: «О, мілая панна, кгды мне дазволена была тое, быў бы я самы шчасны чалавек на свеце. Любаваўся б вашым цудным хараством». Тады і мовіла княжна: «Пане, пацалуйце сваім цалаваннем мяне». Я, нахіліўшыся, ласкавым пацалункам пацалаваў яе ў шчочку. Пасля яна засмяялася і паднялася на ногі. Мы пайшлі да замка. Як не хацелася расставацца з княжной. Імгненні раставалі, як снег на далоні, і нельга было іх затрымаць.

Пэўне, сам Пан Бог ласку сваю рачыў. Ласкавы чытэльнік, спавяду пра адну займальную прыгоду і не дзеля пахвальбы. Напаткалі мы мядзведзя, што, нахіліўшыся над вадой, лавіў рыбу. Схаваліся мы за дрэвам і назіралі за ім. На ўсялякі выпадак дастаў я з ольстры* пісталет. Княжна, падумаўшы, што збіраюся я страляць звера, шапнула: «Не трэба, пане». Канечным зданнем мядзведзь выцягнуў з ракі ў кіпцюрах рыбу. Кінуў яе на бераг і зноў схіліўся над вадой. А рыба ўстрапянулася і скокнула ў рэчку. Мы рассмяяліся. Тут і ўбілася мне ў галаву думка. Вецер дзьмуў з супрацьлеглага боку, таму звер не чуў нашага подыху. Спытаў я ў княжны: «Мілая панна, жадаеце пазабавіцца з вясёлай прыгоды?» Яна адпавядала: «Аўжэж не». Перадаў я княжне пісталет і наказаў пры небяспецы страляць у мядзведзя. Княжна рэкла: «Ну то я ўмею. Навучоная айцом». Спрактыкавана вымерала яна пісталет на звера.

* Футляр.

Цішком падкраўся я да мядзведзя і піхнуў яго нагой. Ён плюхнуўся ў ваду, а я імгненна схаваўся за дрэва. Мядзведзь выбраўся на бераг, няўцямна агледзеўся на ўсе бакі і зноўку ўзяўся лавіць рыбу. У другі раз учыніў я тое самае. Цяпер мядзведзь, вылезшы на бераг, доўга круціў галавой, а кгды нахіліўся над вадой, то ўраз аглянуўся назад. Было ўжо небяспечна, але ў сваім неразумстве забыўся я аб небяспецы. Яшчэ раз скінуў я звера ў рэчку. Далася яму тая баламутня, бо, выбраўшыся на бераг, хутка пабег ён у лес. А следам прагучалі россыпы звонкага смеху княжны Ганны.

Радавалася ад душы княжна з той прыгоды. «А вы, пане, ветрагонны», - казала яна. Рэк я ў адказ: «А тое ўчыніў не з-за ветрагонства, а толькі хацеў развесяліць сум панны». Кгды ж браў з яе ручак пісталет, глянулі мы вочы ў вочы. Захмялеў я ад карых яе вачэй болей, ніжлі ад віна. Вельмі ласкава паглядала княжна і думаю, што дамысліла яна тайну маю сардэчную.

Як птушка, яна шчабятала, мовячы пра мясціны, усцяж якіх мы ішлі. Паказала княжна на глыбокую яму і такую гісторыю спавядала. Бог багацця Дзедка, як жабрак з торбачкай, ходзіць па дарогах. Сустрэне няшчаснага чалавека або бедняка і напускае на яго сон, перш чым той убачыць яго. У сне Дзедка паказвае, як можна пазбавіцца ад няшчасця. А кгды ён хоча каму-небудзь паспрыяць, то паказвае яму, дзе схаваны скарб ёсць. З'яўляецца на тым месцы, толькі не ўвесь, але галава з вачыма вогненнымі. Чалавек дасведчаны кідае на тое месца шапку або вырваныя з галавы валасы. Тады скарб далёка не ўходзіць у зямлю. Аднаго разу ўбачыў Дзедку тутэйшы халоп, то кінуў сваю світку, а скарб пайшоў у зямлю, што не выкапаць яго за ўсё жыццё. І колькі не капаў няшчасны бядак, гэтак і не дакапаўся да скарбу і не дакапаецца ніколі.

Ласкавы чытэльнік, даруй за тое, што вольнасці паэтыцкай не пазбег. Выслаўляючы княжну Ганну, я хацеў бы, абы і табе была навука з гэтай гісторыі пра няшчаснага бедака, якога марнай надзеяй падманулі. Спярша хацеў я ўпэўніць княжну, што яе расказы ёсць старэчыя байкі, а пасля зразумеў іх жыццёвую мудрасць і навуку. Падумаў я, што не толька слаўныя звіцязтва нашых герояў, справы велічныя нашых князёў, але і прыгоды простага люду, іх паданні і казкі наша гісторыя. Кожная падзея, памяці вартая на нашай зямлі, павінна запісана быць для нашчадкаў на патомныя часы.

Не буду хаваць ад цябе, ласкавы чытэльнік, і тайны княжны Ганны, абы ведаў ты аб злохітрасцях крываблуднага ворага чалавечага. Адбылося тое так. Спускаліся мы з высокага пагорка. Каля караня пагорка ўлавіў я княжну ў абдымкі, як збегла яна зверху. Не заўважыў, як сціснуў яе далоні. А яна трывала боль і прасіла, абы яшчэ мацней ціснуў. А пачаў цалаваць яе ручкі і ўгледзеў на запясці шнары. Папытаў я, адкуль яны. Адпавядала княжна веле сур'ёзна: «Пане, бывае ў жыцці так нялёгка, што толька боль і дапамагае». Палічыў я, што ўсё гэта ад маладой безрасуднасці, а нішто іншае, і рэк так: «Мілая панна, няўжо вам бывае цяжка, кгды ваша жыццё павінна быць ясным». Княжна нічога не мовіла ў адказ і пайшла ад мяне. Яна села на паваленае бурай дрэва і тады мовіла мне падышоўшаму: «Паверце, пане, ён прыходзіць па начах і цялесна мілуе ў сне мяне. Я баюся яго. І здаецца, тое не сон, а на яве чыніцца са мной. Здаецца, звар'яцею». Уразіла мяне яе прызнанне, ажно сцяло дух. Казала княжна ў працяг: «Ён прыгожы, але сцюжай ад яго вее». Як я мог ёй дапамагчы? Здагадваўся я, што прывід сваю пажадлівасць спаталяе. І адно супраць яго можна было паставіць - адно супраць чаго быў ён бяссільны - каханне.

Вярнуўся я ў замак са смутным цяжарам, нібы нёс на сябе праклён.

А між тым княгіня і выгляду не падавала, што так пакутуе. Весела спавядала яна князю аб нашай прыгодзе з мядзведзем, ажно ён добразычліва пасмейваўся з мяне і такжа называў ветрагонам. «Ці не закахаўся пан Міхайла, што галаву страціў. У кахання ніколі не бывае розуму», - рэк князь смеючыся. Заірдзеў я, як бы злавілі мяне на ганебным учынку. А княжна сарамліва апусціла вочы і выйшла з пакоя. Вечарам князь пайшоў у ложніцу і пакінуў нас адных. Ігралі мы ў шахі. І кожны раз я паддаваўся. Хоць не шахі былі ў мяне наўме. Замілавана любаваўся я пекнасцю княжны. Узяла яна ў ручкі лютню і заіграла цудна, а пасля цудна заспявала песняй:

 

Зара заходзіць, вечар блізенька,

Не з кім гаварыці, бедна галованька.

- Ах, мой спадару, любы, міленькі,

Прыйдзі да мяне, нямаш матонькі.

Ой, прыйдзі, прыйдзі, не чыні жалю,

Ягода моя, дарагі крышталю.

- Размоўлю з табою слоўка вярнэнька,

Ягода моя, красна вішэнька.

 

Глядзеў я на княжну і не мог з яе вачэй звесці і меў вялікую асалоду слухаючы яе. Чуў я мілае і ласкавае сэрца княжны да мяне. І тады я такжа заіграў на лютні і праспяваў:

 

Няволенька ж мая з вамі,

З харошанькамі вочанькамі.

Што мне спаці не даеце,

Тугу сэрцу задаеце.

Я ж не магу ні спатанькі,

Што мне томна да дзеванькі.

Прынясі, Божа, гадзінаю,

Дзяўчынанька харошая.

Будзе на мяне ласкавая.

Любі, харошая дзяўчына,

Не будзе нуднасці прычына.

 

Такім было нашае спавяданне ў любасці сваёй адно да аднаго. Адыходзячы нанач, мовіў я: «Мілая панна, цалую цябе ласкава». Княжна такжа мовіла: «І я цябе цалую, мілы пане». І пацалавала мяне. Шчасным заснуў я.

Назаўтра ездзілі мы вярхом на конях. Як прарваліся жаралы нябёсаў і лінула вада. Мы, зсеўшы з коней, схаваліся пад дрэва. Прытулілася княжна да мяне, а я ахутаў яе шатай. Быў я падзячлівы Пану Богу, які даў людзям любоў, сваім ласкавым бацькам, што на свет Божы пусцілі мяне і княжну, і што кахаю яе. І рэк я з пяшчотаю: «Мілая Гануля, дарачка княжна, ясачка ясная, паванька прыгожая, мілую цябе збытачнаю любоўю. Пацеш мае смутнае сэрца сваёй ласкай, наймілейшая мая любачка, радаванне маё». У адказ княжне, смеючыся, рэкла: «Мілы мой пане, лёстачкамі душу маю вымаеш. Лесьбай салодка лашчыш і да граху пабуждаеш». Я ж ёй рэк: «Панна, паслухай сваё сэрца - яно не зманіць. Люба дзяўчына, веле любіцельна мілую цябе з усяго сэрца. На цябе, сваю галубеньку, не нагляджуся». А яна мовіла: «Ці маю, пане, табе верыць? Ой, пажалься маёй маладосці. Губляю розум ад тваіх слоў». Як бы заквець распусцілася на яе шчочках, і пошаптам мовіла яна. А лагоднасцю мовы сваёй і красамоўнасцю слоў сваіх тое найдаражэйшае для мяне ў жыцці. «Я цябе такжа мілую з сэрца, спадар мой міленькі». - «За шчаслівасць тое сабе маю», - праўду рэк я.

Пацалункамі пяшчотнымі цалаваў я маю каханую і даражэйшую панну. Не меншаю пяшчотнасцю любові мілавала княжна мяне.

Ласкавы чытэльнік, мне трэба было радавацца, але не радасна было мне. Што мне было рабіць, кгды высветліцца, што Чортавы Бацька, той разбойнік, ёсць бацька княжны Ганны. Вось што я думаў па дарозе ў замак. Быць мне пры праўдзе і законе або занядбаць сваю павіннасць дзеля кахання да Ганны. «Чаго ж, пане, смуткуеш?» - спытала княжна, угледзеўшы мой смутак. Адпавядаў я: «Цешыць мяне твая ласка, мая дарачка. Толька вось горкія думкі аб прышласці будучай засмучаюць. Не ведаю, якая доля чакае нас». Княжна весела спавядала: «Доля будзе такой, якая выпала нам. Каму якая трапляецца доля, вось такое яму і шчасце наканавана. Ёсць такія людзі, што, раззлаваныя на сваю долю, ходзяць па свеце і шукаюць яе. А калі знаходзяць, дык б'юць яе за тое, што занядбала павіннасць сваю. Так што на свеце толька той шчасце мае, каму доля спрыяе, або хто сваю долю ды ў руках трымае. Бо без ушчунку й ад долі няма ратунку». Мовіў тады я: «Значыць, я знайшоў сваю долю, цябе мая дарачка».

Дні, падараваныя мне панам Богам быць з Ганнай, самыя шчасныя ў маім жыцці. Успамінаю пра іх са светласцю і тугой на сэрцы. Яны былі ў мяне, і я ўдзячлівы Пану Богу, няхай і адплату за іх атрымаў пакутлівую.

Яе незямное хараство палюбіў я па-зямному жарстка, пажадна, пахмельна, пяшчотна. Яе зямное хараство палюбіў я па-незямному бласлаўлённа, падзячліва, шчасна - даспатолі і да веку, сэрцам і душой. Ад гэтага часу сэрца, душа і мыслі мае не былі а нідзе, толькі пры ёй. Гатовы быў я ўсё, штоколвек бы шчасце прынясе, мужне знасіць.

Мешкаў я ў гасподзе князёвай колькі дзён, яка ва ўласным доме сваём засвоіўся. Даваў я ўрокі княжне Ганне, навучаў гісторыі. Што сам памятаў, што браў з Мехавіты, друкаваная кніжка якога, хроніка палякаў, была ў князя. Я перакладаў хроніку з лаціны і чытаў княжне. Па вечарах я чытаў князю ўголас Біблію Рускую, вылажаную доктарам Францыскам Скарыной із слаўнага града Полацка, або іграў з ім у шахі, або вёў з ім размаітыя размовы. Шкада мне было, што дзеля марнае раскошы і для пажытку сягосветнага, каторы як цень міма ідзе, забыў князь Бога і павіннасці свае хрысціянскія і сваё, і людское сумленне зводзіць на грэх. Як добра было б, абы прыслухаўся ён да Божай ісціны: «Не збірай сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчыць і дзе злодзеі падкопываюць і крадуць». На тыя словы князь адпавядаў: «Не скарбы я збіраю, а хачу вярнуць славу і веліч нашаму рожаю. Некалі ўся Літва Завілейская была пад уладаю майго прадзеда князя Кгедруса. Быў ён братам вялікага князя Нарымонта і зарубіў горад, і назваў яго імем сваім Кгедройты, і празваўся князем Кгедройцкім. Сын Кгедруса Гінвіл меўся ўступіць на вялікае княжанне правам дзедзічным, але яму ў тым маладосць веку перашкодзіла, іж з парады сына Нарымонта Лаўрыша мніха быў вынесены на сталец літоўскі Віценец Эрагольчык. А Гінвіл выйшаў з апекі Кгедзіміна, панаваў у сваім удзеле Кгедройцкім. Нарадзіў ён сыноў Гурду, Бінойне, Бубету. Гурда слаўны быў у справах рыцарскіх за Кестутам. Меў сына Даўмонта, які вольна сабе мешкаў на сваім княстве пры Вітаўце і быў князем з князёў, але забягаў Вітаўта. Ані на яго двор не прыязджаў, ані яго ўлады не прызнаваў. Усю шляхту завілейскую хлебам быў зголдаваў, іж пры ім елі і пілі, бавіліся. Тое, убачыўшы Вітаўт, спытаў прыяцелей сваіх, чаму Даўмонт, княжа Кгедройцкі, пры ім не бавіўся. Адпавядалі яму, іж Даўмонт з Русі мае веле мёдаў, каторы ў яго доме п'юць, праве ўсю Літву Завілейскую пры сабе бавіць і вялікі гуф людзей каля сябе заўсёды трымае, невядома навошта, трэба з яго аброк браць. Вітаўт даўно мысліў зло Даўмонту, з усіх дзяржаў Рускіх і Завілейкіх выжыць хацеў безпраўне. Вітаўт, не дбаючы нічога на прысягу сваю, катораю абавязаваўся не ламаці правоў князёў Кгедройцкіх, пазбавіў Даўмонта яго вотчыны. З таго можна не праўду і лукаўства яго ўзнаці і разсудзіці. Толькі ўдзел Бубеты заставіў, на якім і сядзяць нашчадкі Кгедрусавы - Гынвідавічы, Міцкевічы, Ждановічы. А Даўмонт, будучы з усяго безвінне выжыты, з вялікага і слушнага гневу, які, аднак, без сілы да помсты дарэмны быў, высек сабе кол дубовы. І, вышадшы на поле, убіў кол у зямлю, рэкучы: «Ты, коле, стаіш, аднак згінеш, а зямля будзе вечна зямлёй». А тым падобна на Вітаўта прамаўляў, які быў падобны колаві ў чужую зямлю ўбітаму, які, аднак, будзе смяротны, бо нявечна меў панаваць. Потым з фрасунку вялікага памёр, заставіўшы двух сыноў маладых Войткаса і Петраша. З тых часоў і заняпаў наш род. Але я вярну былую магутнасць роду Кітаўрасаў. Сам гаспадар, яго міласць кароль, запрасіў мяне на каляцыю».

Па некаторым часе паехалі мы ў Вільню на калясе каванай парай коней - я, князь і княжна Ганна. Перад гаспадарскім палацам стаялі драбы ў барвах* з ручніцамі. Нас сустрэў гаспадарскі дваранін і правёў у залю, дзе сабраліся вяльможныя паны і высокае рыцарства. Усе чакалі выхаду яго міласці караля. Не хачу ў тым доўга чытэльніка бавіці. Скажу, што гаспадар абрачыў вочы на княжну Ганну і любезліва рэк: «Вялебная панна, будзь дзякавана, што радуеш нас сваім хараством». На банкеце князя і княжну пасадзілі насупраць гаспадара, а тое было вялікім гонарам. Пачуў я, як нехта мовіў: «Упадабаў кароль белагаловую, дужа ж прынадная».

* Параднае адзенне.

Пад гукі труб падавалі на стол размаітыя яствы і стравы, налівалі піццё. Гралі на дудах, бубнах, лютнях і гуслях музыкі, а блазны весялілі каралеўскіх гасцей. Яны пілі да найяснейшага і міласцівага караля. І ён такжа піў да верных сваіх слуг і зычыў ім здароўя і шчаснасці. Падняў ён келіх і за княгіню Ганну, панну з усіх паннаў.

Пасля банкеты быў баль. Танчылі ў той час модныя альгарду і пасіанез. Сам яго міласць кароль адзін танец танцаваў з княжной Ганнай. А я пачуваў сябе, яка робачак малы. Што значылі мае пачуцці перад гаспадарскай воляй? Водле гэтай волі пазбаўляўся я любові да маёй панны. І свет быў мне не мілы.

У той вечар князь на радасцях неслушне і неподлуг меры піў і быў шчырым у размове. «Змілаваў кароль Ганну. Ой, не зможа ён здзяржаць прыражонае хцівасці свае к белым галовам». Не веручы ў намер князя, я спытаў: «Княжа, вы хочаце абы ваша дачка была палюбоўніцай караля?» Князь рэк: «Сёння палюбоўніца, а пасля каралева, як Барбара. Ён і яе зрабіў каралевай, пажадлівасці сваёй дагаджаючы. А дзеля гэтага не пашкадую розных прац і накладаў. Няпроста было на каляцыю да гаспадара трапіць, а я трапіў і дачку прадставіў яму. Грошы адчыняюць любыя дзверы. Паведалі мне, што кароль ладзіць турнай і пажадаў на чэсць да мяне ў замак прыехаць. Будзе ў мяне ўлада ў Літве, а не ў Радзівілаў-Здрадзівілаў. Fors juvat audentes»*.

* Лёс дапамагае смелым (лац.).

І як ён рахуецца з сумненнем сваім? Успомніўшы на Хрыста Збавіцеля нашага, каторы мовіў: «Што за пажытак чалавеку, хаця бы ўвесь свет сабе пазыскаў, а кгды ж душы сваёй які ўшчэрбак учыніць і якую ж адмену дасць за душу сваю?», мовіў я тое князю. Ён разлавана ўдарыў рукой па стале і рэк: «Пане, ты маёй душой не апякайся. Я сам ведаю слова евангельскае: «Бо хто хоча ўсцерагчы душу сваю, згубе яе». І пра якую святасць кажаш? Благаверныя ўчэцеля нашы за пенязі на сваі сцепені ўступаюць і ў Божых дамах трымаюць гарэлку і шынкуюць. Чэрнцы пабясіліся: пакінуўшы клобук, у саболіх футрах ходзяць, а іншыя жоны займелі. Жыццё наша зароўна камедыі. А на свае грахі індульгенцыю вазьму. Буду бязгрэшным». Князь жоўць апсідную з нутра свайго выліваў. Ён ненавідзеў сам Божы Свет. Увесь умысел князя быў неразважлівасцю. Абы прадаць пекнасць і цноту сваёй дачкі за марнасць улады, улашчыць пажадлівасць гаспадара ці праява тое вялікага розуму? Вырашыў я не дапусціць таму стацца.

Дакончыўшы мовы, князь, пераможаны бахусаўскім духам, адправіўся спаць. Потайкі пакінуў я праз аконіцу гасподу князя і паначы адправіўся да пана ваяводы Мікалая Радзівіла. Стража дамавая пусціла мяне ў ваяводскі палац. Пан ваявода яшчэ не клаўся нанач і ўзычыў мне часу. Я спавядаў яму: «Пан ваявода, прычына майго прыйсця адно тая, што справа пільная прымусіла. Я знайшоў разбойніка Чортавага Бацьку. Вы можаце не даць веры, але тое князь Валіхвер, княжа Кгедройцкі». У такое было цяжка паверыць і пану ваяводзе. «Ад веку такога не было і не можа быць». Я адпавядаў: «Вашай міласці моўлю праўду. Не маю перад судом на таго гвалтоўніка папрысягнуці, бо на гарачым учынку не злоўлены. Але тое, што ён ёсць Чортавы Бацька, да праўды болей стасуецца». Пан ваявода быў веле ўсхваляваны. «Спавядай усё па раду», - загадаў ён. Я спавядаў пра лукавы ўмысел князя зрабіць сваю дачку суложніцай караля, абы дасталася яму ўлада на Літве. Рэк пан ваявода: «Не ўспеў і агледзецца, як на табе: ізноў ліха. Наш гаспадар прыслухоўваецца толькі свайго сэрца і хто ім валодае, мае ўладу над каралём. Мілаваў ён збытачна сястру маю Барбару. Разумелі ляхі, што не будзе Жыгімонт з імі, пакуль каралева літвінка, таму і атруцілі яе. Ён патрэбны ім бязвольны і слабы, абы кіраваць ім. Абы Літву прывесці праз унію ў кабалу. Тады будзе ў нас, як у рускіх панствах, якія ляхі паабсядалі, іх звычаем, іх мовай, іх навукай будзем жыць. Дык, можа, і добра, што закахаўся ён у літвінку. Яго можна выбавіць ад польскіх пут толькі любоўю. Каморная хэўра пастаўляе яму суложніц, і ён залежыць ад гэтых прайдзісветаў. І кгды яго міласць улюбіўся ў княжну, то няхай любіць. А пра Чортавага Бацьку, пане, забудзь і нікому не кажы. Князь ёсць вялікі пан і веле хвалебны, з старажытнага і зацнага рожаю. Як жа нам абвалаці на ўвесь свет аб яго разбойстве? Гедройцы славаю продкаў сваіх конна і збройна служаць яго міласці гаспадару і нашаму гаспадарству, а тут такая няслава. Заставайся пры князю, без мешкання нам знаці давай а яго ўмыслах і ўчынках, абы мы пэўную ведамасць мелі». А я быў не рады, што Пан Бог зычыў мне такую прыгоду. Я, дробная асоба, быў уцягнуты ў інтрыгі вялікіх паноў. Але прыняў я тое бярэмя на сябе.

Дні, як рыхтаваліся ў князевым замку да прыёму яго міласці караля, быў я смутны. Княжна Ганна праводзіла час у сваім пакоі. Са скрухай сардэчнай цераз увесь дзень чакаў яе. Прышло мне нуджэнне на сэрца, горай за мелянколію. Заледзьве цярпеў яе, хоць з сэрцам яе вырві. Не было ніякай немачы. І так дзень у дзень безадхланна. Губляў я па княжне дух. Толькі прыглядам бачыў яе і слоўцам не абмовіўся.

Мне ўсё ж выпала пабыць з Ганнай. Адправілася яна пешкам да касцёла ў бліжэйшую вёску. Князь прасіў суправадзіць яе. Маўчаннем адпавядала яна на мае словы. Думаў я, што аблашчаная гаспадарскай міласцю яна размілавала мяне і знелюбіла, і стаў я для яе агорклым. І зразумеў я адно, кгды Пан Бог хоча каго пакараць, то карае любоўю. Гэта невыносная пакута любіці, кгды цябе знелюбілі. Тады пачынаеш ажно ненавідзець сябе самаго, не вартага любові. Такім нікчэмным сябе ўяўляеш.

Княжна Ганна вялікі час горача прамаўляла пацеры перад маестатам Божым. А я прасіў Пана Бога даць мне моцы перажыць гэтую муку. Павінен быў я выракчыся свайго кахання да княжны Ганны.

Вяртаючыся да замку, княгіня Ганна спынілася на тым месцы, дзе калісьці хаваліся мы ад дажджу і дзе мілавалі адно аднаго, і самотна мовіла: «Як неспадзявана ўсё адбылося. А я верыла ў шчаснасць будучую». І такжа самотна рэк я ў адказ: «Панна мая мілая, была б ты мне любай жонкай. Сэрца маё прыстала да цябе, ды не ў маёй волі змяніць наканаванае. Такая, пэўне, нам дасталася доля». Княжна адпавядала: «Тое нядоля. Што ж, што Бог прызнача, таго ніхто не перайнача». Ледзьве не плакала княжна, такі скрушны від яна мела.

Турнай адбыўся на лузе непадалёк ад князёва замка. Яго міласць гаспадар апроч сябе меў асоб розных многа з паноў, княжат, шляхты і слуг дваравых. Былі з імі княжаці Кгедройцкі, а такжа ясневяльможны княжа на Дубінках і Біржах, яго міласць пан гетман Мікалай Радзівіл, празваны Рудым. Суправаджаў гаспадара гуф жаўнераў у шатах ядвабных, на конях і ў зброі. Народу многа сабралася. Яго міласць кароль сеў пад шаўковы намёт, а поруч з ім князь Валіхвер і княжна Ганна. Меўся і я паказаць знакі мужства на турнаю. Гаспадарскія лоўчыя прывезлі мядзведзя, абы на забаву цкаваць яго сабакамі. Прасіў я князя выйсці супраць звера на бой, бо хацеў адвагай сваёй заслужыць увагу княжны Ганны. Князь спавядаў яго міласці аб жаданні яго слугі, будучага велмі хутлівага да славы, мужства свайго славу паказаць. На што і атрымаў дазвол.

Пачаўся пацешны бой убранай у зброі вядомай віленскай любадзеіцы Сафіі Доўгай з панам Гербуртам. Як належыць шляхетнаму кавалеру, пан Гербурт саступіў белагаловай. Падчашы каралеўскі Лігенз веле добра біўся на коп'ях. З коней мужне кап'ём высадзіў двух рыцараў. Пасля былі двубоі рыцараў на мячах. Біліся і гуф на гуф, яка ў сечы вялікай, і чуўся конскі віск, чалавечы крык, лязгат шабліц, ламанне копій. Як бліскавіцы блішчалі шаблі. З вялікім кгвалтам і смеласцю біліся рыцары, заслужыўшы пахвалу гледачоў. Але ўсе чакалі бою з мядзведзем. Хоць і стараўся я быць спакойным, але не збавіўся ад трывогі. Ведаў, што неасцярожны рух або марудлівасць небяспечныя смерцю.

І вось канечным зданнем надышоў і мой час. Затрубілі трубы, ударылі ў бубны.Быў я пры рагаціне і шабліцы, убраны ў кальчугу і гелм. Пакланіўся я яго міласці каралю. Угледзеў, як княжна аж з твару сышла, і даўмеў, што перажывае яна за мяне. Мядзведзя выпусцілі з клеткі ў загон. Услед лоўчыя спусцілі хортаў. Мядзведзь гучна зароў, ажно зазвінела ў вушах. Пэўне, не ў аднаго мяне халадок прабёг па спіне. Звер, разявіўшы пашчу, рынуўся на мяне. Аднак ззаду на яго накінуліся хорты і пасадзілі на зямлю. Ударам лапы мядзведзь зваліў аднаго сабаку. Не разгубіўся я, падбёг да звера і ўдарыў яго рагацінай у грудзі. Уздражаны ранай, рыкнуў ён і ўпаў у лютасць. Адным махам магутнай лапы пераламаў ён цаўё рагаціны і ўзняўся на дыбкі. Сэрца закалацілася ў мяне. Прама перад сабой бачыў я лютыя звярыныя вочкі. У тое імгненне, якое аддзяляла нас, паспеў я выхапіць з пошваў шабліцу і рубануць мядзведзя між вачэй па галаве. Лінула цурком крывя. Мядзведзь, вышчараўшы зяўру, як куль, паваліўся на зямлю.

Не хачу хваліцца той перамогай, бо не мужства свайго знакі паказаў, але безрасудства сваё ад любові да княжны Ганны ўзнікшае. Яго міласць кароль узнагародзіў быў мяне залатым пярсцёнкам са самаргдам. Ледзьве не кожны з яго світы хваліў мяне. Але тое было мне прыемна, кгды паглядала на мяне княжна Ганна.

Пасля турнаю князь запрасіў да сябе на чэсць яго міласць гаспадара ўважыць хлеба-солі. Госці за князем прайшлі ў святліцу, дзе стаялі сталы з стравамі, што найлепшымі былі, ды смакавітымі напоямі - патрысамент, секту, лякгонскае, венгерскае, мушкетэлы, мальвазыя, кестрына, аквавіта, піва, мяды. Тая шчодрасць і хлебасольства каштавалі князю багата, але ведаў я кошт іх - на свеце з лупежства ён жыў. Частаваў гасцей хлебам нечасцівым і віном беззаконным, за стол безслаўны пасадзіў.

Князь сядзеў па правую руку ад гаспадара, а княжна - па левую. Прыслугоўваў ім падстолій літоўскі пан вялебны Павел Пац і каралеўскі падчашы Лігенз. Госці пажывалі стравы і яствы, пілі за здароўе і маестат яго міласці караля, за гаспадара дома і за яго прыгажуню дачку, панну з паннаў. Слугі налівалі ў келіхі і падносілі новыя стравы. А кгды падхмялелі, дык музыкі зайгралі, а спевакі заспявалі песню:

 

Ідзе Вітаўт па вуліцы,

За ім нясуць дзве шабліцы.

Слаўны князь Вітаўт,

Слаўны гаспадару,

Слаўна наша гаспадарства!

 

Не ведаю, ці да спадобы была тая песня князю Валіхверу, але выгляду не паказваў. Яго міласць кароль маркотна, абапёршыся галавой на далонь, слухаў песню. Тую песню пеялі на яго патаемным вяселлі з Барбарай Радзівіл. І, можа, ён і ўспомніў сваю любую каралеву. Спеў крануў чуллівыя сэрцы паноў, і яны ўсегалосна падпявалі:

 

Слаўны князь Вітаўт,

Слаўны гаспадару,

Слаўна наша гаспадарства!

 

Такжа і я расчуліўся. Слава вялікага Вітаўта поўніла сэрца гонарам за нашу Літву. І што значылі мае любоўныя пачуцці да княжны Ганны, гды, можа, нарадзілася яна быць каралевай і прадоўжыць слаўны род Кгедзімінавічаў. Дзеля таго гатовы я забыцца на сваю любоў да яе, але гатовы быў любіць яе, як каралеву, і як сваёй панне верне і зычліва служыці. У тое імгненне шчыра зычыў княжне таго.

Кгды песню праспявалі, падняўся сам яго міласць гаспадар з келіхам віна ў руках і пазычыў: «Слаўна наша гаспадарства! Слаўна Айчызна Літва!» Усе як адзін узняліся і голас у голас гукнулі тройчы: «Слаўна! Слаўна! Слаўна!». Так велічна прагучала, ажно сцяла дух. Міла было чуць тое «Слаўна» нашай Айчызне.

Па просьбе гасцей заспявала цудна княжна Ганна. Сумнай была яе песня:

 

Сэрца мае ручыць, хоця і час разлучыць,

Без жаданага труду любіць цябе буду.

Буду ж я цябе так крэпка любіці,

Усім сэрцам, пакуль буду жыці.

Хоць ідзі за горы, хоць плыві за моры,

Цябе не пакіну, за мора покліну.

 

Думаў я, што княжна спявае для мяне, спавядае жаль свайго сэрца і ад таго шчымам шчымела маё няшчаснае сэрца. Было мне шкада сябе і яе - княжну Ганну, маю любую панну.

Не разумеў я тады, што адбывалася са мной. Толькі цяпер на скону столькіх рокаў я спрабую неяк тое растлумачыць, ды й тое, думаю, не растлумачу.

Прамеж таго паклікалі мяне на двор і паведалі, што чакае мяне клябан яго міласці караля Ожскі князь Клім. Ён чакаў мяне ў грыдзёнцы і волен быў ад забаў сяго свету. Мовіў ён мне так: «Чада маё мілае, калі ўчыніш тое, што я паведаю, то Пан Бог у ласцы сваёй павялічыць цябе». Адпавядаў яму я: «Кгды тое ў маёй моцы, то я гатовы служыць святой цэркве». Адказам маім ён быў задаволены і прыязна ўсміхнуўся мне, але нешта было лукавае ў яго ўсмешцы. Рэк ён: «Пане, ты верны сын нашай маці - святой каталіцкай царквы, і з надзеяй звяртаемся да цябе і спадзяёмся на тваю дапамогу. Мы ўсе павінны дбаць аб пажытку нашай Рэчы Паспалітай і нашай царквы. На жаль, яго міласць кароль, гаспадар наш, забываецца на тое. Белагаловыя, як д'ябальская спакуса для яго. Павінен ён, як і кожны, сцерагчыся вшэлякае саромнасці цялеснай і неўчцівасці не толькі ва ўчынках, але і ў слове і ўмысле, яка Пан Бог у дзесяці запаведзях указывае. Забыўся ён, што сэрца караля ў руцэ Бога, як патокі вод: куды захоча, напраўляе туды. Аднак цялесная пажадлівасць амрачыла розум яго міласці. З-за сваёй пажадлівасці патаемна ад падданых і ад Божага касцёла ўзяў ён шлюб з княжной Радзівіл. А з-за гэтага нефартуннага шлюбу ледзьве не пралілася хрысціянская кроў. А колькі было звадаў і парушэння спакою паспалітага. Радзівілы, карыстаючыся сваяцтвам з гаспадаром, узялі ўладу ў Літве і людзей хрысціянскіх ад святой каталіцкай веры і ад хвалы Божай на свае праклятыя ерасі наварачуюць, выліваюць на іх труцізну ератычную. Вось і цяпер яго міласць не ўсмірыў афект пажадлівасці і пажадаў цялесна княжну Кгедройцкую. Д'ябальскім прываротам зачаравала яна сэрца караля. Не дай Божа (клябан пры гэтых словах перакрыжаваў сябе) ажэніцца з ёй. Баюся, каб не было разлівання крыві і знішчэння панства. Кароль павінен быць чыстым і ясным у цнотах, а ён пра любасці з княжной Гедройцавай мысліць. Так, любоў святы дар Божы, але гаспадар павінен любіць сваіх падданых. Пане, я табе не казаў бы ўсяго гэтага, каб гаспадар не спавядаўся мне ў міласці да Гедройцавай княжны і сам не прасіў усцерагчы ад спакусы. Ведай жа, пане, цяпер ідуць перамовы з імператарам аб шлюбе яго пляменніцы з нашым гаспадаром. А саюз з імператарам вельмі патрэбны. А тут няслава пойдзе па свеце аб яго любасцях з белагаловай. Ведай і то, што з ласкі і надзеі імператара маскоўскі князь Іван просіць у яго каралеўскага тытулу, а тое значыць, землі адсечаныя ў нас, застануцца за Масквой. Толькі шлюб Жыгімонта Аўгуста з Катаржынай пазбавіць нас ад маскоўскіх злакозняў. Павінны мы думаць і аб святой царкве. Князь Кгедройц належыць да самай нязбожнай секты арыянаў - гэтых сейбітаў хулы. Якой жа моццу завалодаюць ерытыкі ў краі, калі княжна Гедройцкая завалодае сэрцам нашага гаспадара. Можа, яна сама спавядае герась арыянскую? Які корань, такія і парасткі. А кароль яшчэ не ўмацніўся ў веры. Ці даўно прылашчываў у сябе ератычных казнадзеяў. Вялікую паслугу зробіш усяму гаспадарству, сыне мой, калі дапаможаш нам усцерагчы караля ад пажадлівасці да княжны». Клябан не спавёў, як мне было дапамагчы, і я папытаў. Канонік не мовіў як, але рэк: «Ведаю, жалуе княжна цябе любезліва. Але на слова біблейскае не забывай: не давай любадзеіцам жывата сваяго ні ў чым, абы не пагубіў сябе і айчызны твоея. Забудзь на жаль да княжны. Прызнайся нам, ці не бачыў ты, як княжна зелле нагаварывала чароўнымі паганскімі словамі ці яшчэ якія бясоўскія чары чыніла». Здагадаўся я пра ўмысел клябана абвініць княжну ў чараўніцтве, што мысліла яна зле супраць яго міласці караля і чарамі агонь пажадлівасці распаліла ў яго, стаяла на яго здароўе. А ўжо, кгды трапіла б яна ў рукі інквізіцыі, то пад мукамі паведзіла: іж яна да чараў прычыну і пэўнасць бярэ. Мовіў я водпаведзь, што не бачыў і не ведаю нічога аб чараванні княжны, а паважаю яе за шчырую каталічку. На тое канонік мовіў: «Значыць, трэба падумаць пра выратаванне яе душы. Міласцівы Божа з радасцю забярэ яе да сябе. А ты, сын мой, выканаеш яго волю. Вось вазьмі. Княжна без болю і мук пакіне наш грэшны свет». Клябан працягнуў мне невялічкі скураны капшук. У мяне скура сшэрхла на спіне. Мне прапаноўвалі атруціць княжну Ганну. Я не ўзяў капшук і рэк: «Вялікі грэх смерцю ўмарыць чалавека». Убачыў я погляд вачэй клябана і зніякавеў: тое быў погляд сатанінскіх вачэй - працінаючы, халодны і жорсткі. Чытаў я іх, кгды не зраблю я, то іншы за мяне тое зробіць. Прысуд княжне быў вынесены, і нельга было яе ўратаваць. Клябан мне і патлумачыў: «Зжалься на ёю. Ці думаеш, лепей для яе, калі спаляць на агні, як ведзьму, што стаіць на здароўе яго каралеўскай міласці. А так без болю і нэндзы прама на неба. І шлюб яго міласці не стане перашкаджаць». Клябан замоўк, як бы даваў мне падумаць. Але мне не думалася. Што ж мне было рабіць? Праз неўдасціп свой сам таго дайсці не мог. Канонік загаварыў: «Нічога не паробіш, суровая неабходнасць. У нас вялікая мэта. Мэта апраўдвае сродкі. А граху не бойся, ад самаго папежа абсалюцыю* прымеш. Павяршай дзела, як знаеш». Не ведаў, што чыніці меў, аж размысліў: за лепей будзе даць фальшывую згоду ў надзеі на лепшае, можа, і ўратую любую. А то ж, кгды я не пагаджуся, то хто іншы ўморыць княжну, а то і сапраўды абвесцяць яе ведзьмай і тады нічым не дапаможаш ёй. Апавядаў я, што іж так учыніць прыстала і патрэба была, то я гатовы тое ўчыніць, як найлепей разумею. Не буду спавядаць, мілы чытэльнік, што тварылася ў маёй душы, як пакутаваў і што перадумаў я. Богу тое вядома.

* Адпушчэнне грахоў.

Яго міласць кароль пакінуў замак пад вечар. На развітанне ён ласкава размаўляў з княжной Ганнай і пажадаў бачыць яе пры двары. На што Ганна пачціва адпавядала: «Вялікую радасць маю з таго і дзякую вашай каралеўскай міласці, што з ласкі сваёй панскай пажадалі абраць мяне за верную служэбніцу».

Князь Валіхвер быў веле задаволены і пахваляўся мне: «Сталася так, як я хацеў. Рачыў чэсць майму дому гаспадар. Моцны і волен кароль, але сэрца яго належыць маёй Ганне. Не мыслю я ганебныя рэчы, адно добрае жаданне на дабро гаспадару, дачцэ маёй. Бачу, чуеце вы з Ганнай пацягу сэрцаў адно да аднаго. Аднак не для цябе яна. Пане, Міхайла, ты мне, яка сын дарагі». Князь ласкава абняў мяне за плячо, а ў вачах яго ўбачыў я смутак. У працяг рэк ён: «Прашу цябе, што б ні здарылася з Ганнай, не пакідай яе. Будзь ёй братам, сябрам і слугой». Расчуліў князь мяне сваім прызнаннем. І цяпер кляну сябе, што не спаведаў яму аб намерах злых клябана каралеўскага. Абараніў бы ён яе, не шкадуючы сябе. Аднак сумняваўся тады я, ці не нашкоджу княжне. Думаў я, што ён мог зрабіць? Як мог давесці злы ўмысел клябана? Хто б прыслухаўся да маіх сведчанняў супраць клябана? Хто ён, а хто я - дробная асоба, і мае сведчанні былі б чорнымі намовамі на гэтага набожнага мужа, духоўнай мудрасці поўнага. Тут трэба было дзейнічаць абачліва.

Рашэнне прыйшло да мяне назаўтра. Кгды тое дзеелася, у сталечным месцы адбываўся сойм. З'язджаліся ў Вільню паны і шляхта з набітымі грашыма капшукамі. Князь такой спажывы ніяк не мог упусціць. Даведаўся ён, што едзе ў места каадзьютар архіепіскапіі Полацкай, і надумаў абрабавацаь яго, спадзеючыся на багаты луп. Мовіў князь да мяне: «Знікчэмнелі мы лежачы на баку. Збірайся, пане, возьмем сваё, бо яно павінна быць нашым». Здагадаўся я аб умыслу князя - на рабаванне сабраўся. Тады я і напісаў цэдулу, у якой менаваў разбойнікам Чортавым Бацькам князя Валіхвера Кгедройца. Хацеў пакінуць цэдулу на месцы разбою, абы яе знайшлі і аднеслі ў суд. Спадзяваўся я абняславіць князя на ўсё гаспадарства, а пасля такой няславы і сам гаспадар адрачэцца ад сваёй ласкі да дачкі разбойніка. І не будзе патрэбы зводзіць яе з сяго свету, застанецца яна жывая. Той умысел здаваўся мне слушным.

Напалі мы на карчму за колькі міляў ад князёва замка. Апроч нас з князем, было яшчэ тры пахолкі конна і ў зброі. Мы завязалі твары чорнымі павязкамі і ўварваліся ў карчму. Карчміта адразу павалілі з ног і звязалі паўрозамі. Каадзьютар з сваімі таварышамі вячэралі ў шынку, кгды мы туды ўварваліся з шабліцамі і ручніцамі напагатове. Князь рэк да папоў: «Прашу ў вашае святоблівасці прабачэння. Вялебныя атцы, падзяліцеся дарамі Божымі». Падняўся з-за стала сівабароды каадзьютар, высокай паставы і годнага віду і рэк: «Цьмою срэбралюбія вы памрачыліся. Дай Гасподзь Бог каяту на вас. Пакайцеся шчыра,можа, Бог і змажа гэты грэх ад вас». Ён паклаў на стол капшук з грашыма. Забіраючы яго, князь са смехам казаў: «Ад бяручага ў цябе верхню шату і сподняй не барані». За тымі словамі сарваў ён з шыі папа залаты крыж. Пасівеўшыя ў набожнасці святары ўкленчылі і маліліся за нашыя грэшныя душы. А пахолкі рыліся ў іхніх спратах, забіраючы ўсё каштоўнае. Непрыкметна кінуў я цэдулу пад стол.

Аднак напярод сталася нам нефартунна. Карчміт вызваліўся з паўрозаў і падняў на кгвалт людзей. Мы выйшлі з карчмы, як здалёка ўбачылі ў вечаровых поцемках бягучы да карчмы немалы кгмін людзей з паходнямі агністымі і лучніцамі. Ускочылі мы на коней і пусцілі іх наўскоч. Насустрач нам паляцелі стрэлы з лукаў. Пахолку Петрашу прыйшла страла ў грудзі, і ўпаў ён з каня амаль мёртвы. Князь спыніў каня і зле рэк да мяне: «Сцяй яму шыю, ён не выратуецца, але выдасць нас на мясныя яткі». Брат пахолка слёзна ўзмаліўся: «Пашкадуйце. Я сам вынесу яго». Князь і не чуў яго, рэк зле мне: «Не думай». Адмовіўся я: «Не прымусіш гэтага зрабіць. Ён жа чалавек, пашкадуй яго». - «Чалавек падобны подыху, і дні яго, як хісткія цені», - з тымі словамі князь дастаў з пошваў карабелю. Пахолак з цяжкасцю прахрыпеў: «Я знаў, што Бог пакарае мяне». Князь бязбожным тыранскім чынам адсек пахолку галаву. Брат яго зсеў з каня і ўзяў адсечаную галаву. Мы пусцілі каней наўзавадзь, страляючы з ручніц у неба, абы разагнаць людзей.

Як д'ябальская кавальда, імчаліся мы ўначы. Тупат конскіх капытоў разгалосіўся ў цемры. Толькі, кгды стаміліся коні, мы спыніліся на адпачынак. Князь рэк брату забітага пахолка: «Няма чаго жалець. Тут так - пан, або прапаў. Нельга было яго пакідаць, абы не выдаў нас». Ён даў яму капшук з грашыма - вось колькі каштавала жыццё чалавека.

Дома князь за келіхам віна пераконваў мяне ў сваёй праўдзе. «Я не магу іначай. І каторы па евангельскаму слову можа камень кінуці ў мяне? Хто бязгрэшны? Чалавек ёсць свет і цьма, грэх і святасць, неба і зямля, ангел і звер. А ты, пане, паверх лесу гледзячы жывеш. Узяў цябе на гэты разбой, абы праверыць цябе. Надзейны сябар пазнаецца ў ненадзейнай справе. Цяпер і ты разбоем бавішся. Ты можаш выдаць мяне аблудлівым чынам, але і сам будзеш караны, яка забойца і лупёзца. Лепей не пачынаць, чым спыніцца на палове шляху. А мне позна спыняцца, свой шлях я дайду да апошняга парога». Ён хацеў зрабіць мяне такім жа, як і ён, і тым апраўдаць сваё злачынства, і апраўдаць сябе самога перад самім сабой. Вось для чаго патрэбны быў я князю. Кгды адзін чалавек гатовы з-за золата вырачыся хрысціянскіх запаведзяў і прадаць душу лукаваму сатане, то і другі, і трэці, і кожны можа тое зрабіць. Вы не спакушаліся не таму, што не спакусіліся, а таму, што вас не спакушалі.

На ранку прыйшоў пад замак гуф людзей, усе на добрых конях і ў зупольных зброях. Абступілі яны замак конна і збройна. Водца іх, пад'ехаўшы блізка да брамы, валаў да варотнага, клікаючы князя. Варотны паведаў тое князю. Вялеў ён у рог трубіці, а сам убраўся ў зброю і ўзлажыў гелм на галаву. Падняліся мы на вежу ўездную і ўбачылі мужэй валечных, абступіўшых замак. Але і князевы слугі выйшлі са зброямі на гародні, наводзілі мардзеры спіжаныя, запальвалі каноплі з сераю і смалою, гатуючыся да прышлае бітвы. Здагадаўся я, што па маёй цэдуле прыйшлі пад князеў замак.

Князь з вежы велеголасна завалаў да водцы гуфа: «З чым прыйшоў, што скажаш?» Водца адпавядаў такжа велеголасна: «Я, маршалак Ян Кміта, абычаем здаўна звыклым заву цябе, князь Валіхвер Кгедройц, на суд копны і ўчынім вобыск на разбой у карчме. Людзей нявінных, правам паспалітым узбезпячоных, змардаваў і парабаваў!» Князь насміхаўся на тыя словы і, кгды маршалак дамовіў, рэк: «Пане, кладзеш на мяне тое, што і ў памышленню маём не было». Маршалак адпавядаючы рэк да князя: «Князь, па гарачым следзе за табой прышлі. Выходзь, справядлівасць учынім на капе». Князь у запале выгукнуў злосна: «Не гань мяне бязвінна. Я вольнасць маю і не можаш мяне зваць на капу». Але ж маршалак не адступаў: «Дык я цябе князь, вочы на вочы пастаўлю перад сведкамі на судзе». Князю, пэўне, абрыдла ўпартасць маршалка, бо ён гнеўна закрычаў: «А дзе ж віж, абы тое разбойства сведчыў? Сам безпраўне чыніш». Маршалак адпавядаў: «Ёсць і віж. Вось цэдула яго прызнання. На цябе князь указвае, што той разбой ты ўчыніў». Маршалак дастаў маю цэдулу і паказаў яе. Князь засмяяўся на тое: «Не веру таму віжу, яка збродліваму сабаку!» Тады маршалак выклікаў князя на вальку: «Кгды маеш годнасць рыцарскую ў сабе, вазьмі зброю і станем на яўным судзе хрысціянскім». Як іскра ўпала на князя, ён успыхнуў лютым агнём. «Дазнаеш майго мужства і маю шаблю незвыцяжную». Маршалак, дастаўшы шаблю, рэк: «Будзем вальчыць і праз меч дазнаем, каторы з нас гаднейшы добрасці рыцарскае».

Па загадзе князя апусцілі ўзвод і адчынілі браму. Князь выехаў на інаходніку з замка і скочыў вельмі прудка проціў маршалка. І пачалі яны ганяціся па полю адзін на другога, наскакаючы і рубячы адзін другога вялікі час вельмі моцна і часта. І пачаў маршалак браці поле, як абарваліся ў сядла маршалкава папругі і пан маршалак паляцеў к зямлі. Скочыў з каня князь і хацеў пана маршалка душы ізбавіці, але ён прасіў літасці. Пакінуў князь пану маршалку жывот, нахіліўся над ім і забраў у яго цэдулу, мною напісаную. То была проціў мяне ўліка.

Кгды па некаторым часе гуф адступіў ад замка, князь паклікаў мяне ў гасподу. Ведаў я, дзеля чаго. Князь зле ўцяміў вочы на мяне і рэк: «За добрага і вернага таварыша цябе ўважаў. Паважаўся ты майго хлеба-солі. Паневаж цябе шафам тайнаў сваіх учыніў. А ты прырачонае слова сваё забыўся - верна служыць мне. Ліха на мяне мысліў». Князь дастаў маю цэдулу і паклаў яе на стол. «Пазнаю тваю руку. Ты пісаў. Зелжывы патварца. Падмануў мяне, яка чорт добрую душу. Пад здрадаю хадзіў, мяне на мясныя яткі выдаць умысліў», - гнеўна казаў князь. Годна адпавядаў яму я: «Не пачуваю за сабой тое віны. Будучы прысягаю і клятваю абавязаны, я ўрад свой віжа справавую. Пан ваявода віленскі даручыў мне патворства тваё шырэй вызнаць». Князь злавесна ўсміхнуўся і рэк: «Што ж, у жывыя вочы таго Чортава Бацьку ўпільнаваў. Але клін клінам выбіваюць, а здраду здрадай. Усажу цябе да вязення, пакуль не адмовішся ад свайго сведчання». На загад князя ў залю ўвабеглі пахолкі і скруцілі мяне за рукі. Хацеў я на разумнае навесці князя: «Несправядлівасць чыніш безпраўне. Ведаеш, князь, што, хто гаспадарскага віжа насмерць забіў, такавы з права горлам караны будзе». Аднак князь не прыслухаўся да тых слоў. «Тут я сваё права праўлю», - адказаў ён.

Усадзіў мяне князь у вязніцу. Адчай быў узяў мяне. Ніякага ратунку не бачылася мне. Князь, пэўне, не выпусціць мяне з гэтай магілы. Заплакаў я горка і жаласліва, наракаючы на сваю долю. Але дух мой не пакінуў мяне, і ўзмаліўся я да Пана Бога, просячы яго міласэрнасці.

Сталася так, што быў я выбаўлены з вязення. Дзверы ў склеп расчыніліся. Асветленая ліхтаром да мяне ўвайшла княжна Ганна. Не было часу на размовы. Княжна Ганна вывела мяне з лёха. Праз фортку ў вежы спусціліся мы да Вяллі. Ужо былі вечаровыя прыцемкі, і вартавыя на гароднях нас не заўважылі. Настаў час развітання. Марудзіў я сказаць ёй апошняе «бывай». Узяў яе за ручкі і моўчкі стаяў. І тое маўчанне было красамоўне за словы: успамін аб нашых шчасных днях, смутак кгвалтоўнага расстання і боль нашых разлучаных сэрцаў хавала тое маўчанне. Княжна першая мовіла: «Пара, пане. А ўжо Вечарніцу* Пярун паслаў аглядаць зямлю, пакуль наступіць цемень ночы. Бывай». Сэрца надзею цешыла, што не скончылася наша любоў. Рэк я: «Галубка мая, саколка мая, любка мая, цалаванне маё, мілую і мілаваць цябе буду. Кгды будзеш чакаць мяне, вярнуся, абы быць з табой, маё сэрца». Княжна Ганна выслабаніла рукі з маіх далоняў і халодна мовіла: «Не вяртайся. Пара прыходзіць па шчасцю тужыць. І што я каму вінавата, за што гіну?» Яна раптам залілася слязамі і, выціраючы іх, пытаў я: «Не плач. Што такое? Чаго смутнае тваё сэрца?» Праз плач казала княжна: «Ты разам з імі, прыслугоўваеш ім. Не магла ўпрасіць айца маего, абы не запярэчыў мне дарогі шчасця і долі. Ён адпавядаў, што, калі я буду ўмець заслугоўваць ласкі яго каралеўскай міласці, то шчасце, слава, дабро на мяне сыдзе. Квет маладосці маёй яму аддаць, абы яго пажадлівай хуці павольна была. Вось як я павінна гаспадарскую ласку заслугоўваць - быць яго любадзеіцай. Лепшэй мне ўмерці, ніжлі жыву быці на вечны свой устыд. Я хацела шчасця і любові, а не брыдкасць граху, не прэлюбы, хай і з каралём. Што бы за трохі ўцехі марнай хвалы помпы сяго свету прадаваці вечную радасць. Вось праўду кажуць: не радзіся краснай, а шчаснай. Айцец прадае маю красу, а ты - шчасце». Адчай вялікі мяне апанаваў, ажно голасна завалаў: «Ануся, родная мая дарачка. Будзь да мяне ласкавая. Люблю цябе з шчырага сэрца. Нікому цябе не аддам. На ўсё згодны, абы быць з табой». Абняў я княжну і пацалункамі гарачымі цалаваў. А яна мовіла: «Улюбёнец мой насласнейшы, як галубка, з табою хачу па жыцці бавіцца, калі Пан Бог пахоча зычыці». З шчырага сэрца адпавядаў княжне: «Ануся, Анулька, Ганначка мая, любіць і служыць, і навекі быць з табой зычу. Памятаеш, казала ты пра долю. Давай адшукаем нашу долю-нядолю і возьмем у яе наша шчасце». Княжна папытала як. І я прапанаваў тое, што яшчэ імгненне раней не асмеліўся б: «Ануся, красачка мая, свет гэты вялікі і, кгды нам тут няма месца, то знойдзем сабе іншы край. Давай пададзімся да немцаў у Ліфлянты». Княжна горка ўздыхнула і мовіла: «О, мой спадару, не магу я пайсці за табой. Не магу пакінуць айца, выпеставаў ён мяне, выгадаваў, як кветачку ў садочку, а я пакіну яго аднаго на старасці год». Горача я пачаў пераконваць Ганначку: «Праўду табе ўсю спавядаю. Не айцу твайму я служу, а пану ваяводзе. Гэта па яго волі паступіў я на службу да князя. Віж я, і маю довад слушны, што князь разбойнік, якога Чортавым Бацькам называюць». Княжна адхінулася ад мяне і з недаверам папытала: «Як жа так?» - «Павер мне, ён нязбожнік і разбойнік. На маіх вачах абрабаваў святых айцоў і забіў свайго пахолка. Вось і цябе хоча прывесці да ганьбы, зрабіць падложніцай гаспадара», - казаў я. Княжна мовіла: «Жахліва. Але ж ён мой тата. Пана Бога прашу, абы адпусціў яму тое», - мовячы тыя словы, княжна паклала на сябе знак крыжа. Тады і прызнаўся я ў злым умысле каралеўскага клябана. «Тое не самае жахлівае. Цябе хочуць умарыць. Клябан каралеўскі прапанаваў мне гэта. Замінаеш ты шлюбу гаспадара з імператарскай пляменніцай. Баяцца, што гаспадар, учараваны тваімі павабамі, не захоча браць з ёй шлюб». І абы пераканаць княжну Ганну ў праўдзівасці маіх слоў, дастаў я капшук з смяротнай труцізнай. «Вось і труцізну даў. Ніякім досціпам не мог я ўцяміць, як мне чыніць. Вось і выдаў твайго айца, абы пра яго разбойства стала вядома свету. Думаў, што пасля такой няславы кароль не стане заляцацца да цябе. А цябе пакінуць у спакоі. Толькі вось што з гэтага атрымалася». Княжна ўзяла з маіх рук капшук з труцізнаю і горача мовіла: «Калі так, калі няма нам шчасця... Я атручу айца, і не будзе ён няволіць мяне, а я змагу з табой пабрацца шлюбам». Тое зло на свайго айца мысліла княжна, любячы мяне, але не мог я прыняць яе ахвяры. Таму і казаў ёй: «І не думай пра тое. Не будзем мы шчасныя ніколі, кгды звядзем зладзейскім чынам твайго айца. Не будзе нам ніякага апраўдання. Сэрца сваё ад пачатку аж да канца ўставічна захаваць трэба». Княжна прытулілася да мяне і спытала, зазіраючы ў вочы: «А што ж нам рабіць?» Болей у мяне не было што казаць, і адно я мог мовіць: «Покі буду жывы, іншага не хачу, як да веку толькі быць з табою жадаю. Не дам цябе нікому і ні ў чым крыўдзіці». Затоена чакаў я адказу княжны. Кгды яна паслана мне Панам Богам, то чаму д'ябальская злахітрасць павінна нас разлучыць? Кгды я люблю яе, то чаму Статут з артыкуламі законаў прымушае мяне адмовіцца ад любай? Пытанні, на якія не меў я што адказаць раней, а цяпер гатовы быў парушыць прысягу і вернасць гаспадару, з'ехаць з мілай Айчызны і хоць на краю свету быць з паннай майго сэрца. Што такое прысяга? А што такое любоў? І няма нічога найдаражэйшага за любоў. І Бог мне даруе за любоў.

* Зорка Венера.

Княжна мовіла мне ў адказ: «І я цябе мілую з усяго сэрца, пане мой і спадар. Я твая да веку, калі хочаш, буду служэбніцай тваёй, яка раба». І ўсклікнула яна горача: «Цалаванне маё, міленькі, мы сваю долю знойдзем і будзем з табой адно з адным». Я цалаваў яе і казаў: «Шчасна прымаць тваю вялікую ласку, княжна мая заручная, панна майго сэрца». Ганна апамяталася і вызвалілася з маіх абдымкаў. Мовіла яна так: «А ўжо Вечарніца рассыпала расу і рассцяліла ложак Сонцу. А ў нас далёкая дарога, трэба спяшацца. Пачакай мяне на ростанях каля дубочка. Не варта нам жабракамі выпраўляцца ў свет».

Княжна вярнулася ў замак, а я нецярпліва чакаў яе. Верыў і не верыў у яе прыйсце. І чым болей доўжылася тое чаканне, тым болей мацнела мая вера. Яна прыйдзе, яна не можа не прыйсці. Шаптаў я замову: «Мілая, дарагая, прыроджаная мая, пачуй сум майго сэрца, пачуй кліч маёй душы, я адзін марнею без цябе. Ну, дзе ты мая галубка, прыляці да мяне». І кгды ўначы разгаласіўся пошчак конскіх капытоў, то сэрца маё закалацілася ў трывозе і радасці. Імгненне, кгды мяне чакала ці скрушнае расстанне і безнадзейнасць, або шчасце і вялікая любоў. З цемры начной выступілі двое коней. На адным нехта сядзеў. І пача райскага спеву быў звонкі голас княжны: «Міхайла, вось і я да цябе прыйшла». І саладзей мёду на ўстах яе мілае імя: «Ануся, дзяўчынка мая боская. Ты не ведаеш, якое шчасце быць з табой». Яна прывяла майго каня, і не толькі - падала маю шаблю. «Чым жа, мой спадару, будзеш мяне ад злодзеяў бараніці? Пахвалі мяне, добрай буду табе жонкай. Я ж і падмацавацца ўзяла, ты ж прагаладаўся ў лёхах, і віна, абы выпіць за наша шчасце. А тое нам на жыццё. Тата не пабяднее». Княжна паказала суму, туга набітую, і выцягнула адтуль некалькі залатых талераў. Якімі яе словамі было хваліць? «Самае дарагое, тое ты, мая зорачка. Мая Вечарніца! А што злота? Ты залацей за ўсё золата». Яна рассмяялася: «Ой, пане, зноў лёстачкамі мяне спакушаеш. Вечарніца? А ты маё сонейка і пасцель табе буду рассцілаць, і вечаровай расой твае ясныя вочы вымываць. Толькі мілуй мяне збытачна, мілуй, як я цябе, і мне болей нічога не трэба, толькі ты, мой архангел, мой спадару і абаронца».

І пусціліся мы ў шлях. Нябесныя зоры ззяннем увесялілі неба і асвятлялі начную цямрэчу. Коні нашы ішлі так порстка, ажно дых занімала. Да Ліфлянскай мяжы было два дні шляху, а там нас ніхто не разлучыць. Князь, пэўне, вышле за намі пагоню, але ў нас была перавага ў некалькі гадзін. Мы праехалі вялікі час, і княжна змарнела. Таму і спыніліся мы ў першым заездзе. Пенязі адчынілі нам дзверы карчмы, стары жыд упусціў нас. Пры святле свечак убачыў я, што княжна ўбралася, як мужчына, а даўгія руністыя валасы схавала пад кучму. Падобна яна была на юнака. У карчме не было людзей і пазбеглі мы цікаўных позіркаў. Начаваць карчміт паклаў нас у пакойчыку з адным ложкам.

 

Застаўшыся адны, мы павячэралі прыхопленай княжной ежай. Свечка асвятляла ўбогае жытло, але яно было нам даражэйшым за палац. Гэтыя сцены абаранялі нас ад усяго свету, у гэтых сценах мы належалі толькі адно аднаму, былі адно з адным, былі адным. А што нам трэба было яшчэ? Нічога. Як мала трэба для шчасця. А мы пачувалі сябе самымі шчаснымі людзьмі на зямлі. І слухалі мы сваё маўчанне, тайну нашага пачуцця, трапяткога, як той агеньчык на свечцы.

Пасля вячэры выйшаў я з пакоя, абы княжна легла спаць. Кгды я вярнуўся праз якісь час, яна, здавалася, спала, накрыўшыся коўдрай. Не распранаючыся, я лёг на мядзведжай шкуры подле ложка. І радасць, і смутак, і надзеі, і трывога, і слодыч, і горкасць былі на маім сэрцы. Не спалася мне. Не пра будучыню прышлую думалася. Проста ляжаць, адчуваючы блізкасць любай, аберагаць яе сон і думаць пра яе. Я раскрыў вочы і разгледзеў праз цемень, як, прыўзняўшыся на лакаток, пазірае княжна на мяне. «Мілая і пажаданая», - ласкава шапнуў я і пяшчотна пагладзіў яе валасы. І дараваў Пан Бог самы шчасны час майго жыцця. Княжна саскочыла са свайго ложа да мяне. І былі нашы любасці пахмельнейшыя ніжлі пахмельнае віно, а яе пацалункі былі саладзейшымі за саладзейшы мёд. Спазналі мы цялесную сласць чыстаю любоўю. І нічога іншага не адчувалі мы, толькі шчаснасць, як бы былі мы ў раі. Як цудна было чуць словы Ганны, што ад шчасця яна шаптала. «Лепатна ўсім ты ў мяне», - казаў я. І тады прапанавала яна, абы мы, як Трышчан і Іжота, адно аднаму пакляліся Панам Богам, абы не аставілі адно аднаго да смерці. І тое зрабілі мы, пакляліся Богам.

Ранкам прачнуўся я ад кгвалту на двары - брахалі сабакі, іржалі коні і гучна крычалі людзі. Зірнуў я ў акеніца і абамлеў. На двор уварваліся конна і ў зброях князевы пахолкі. І самаго князя ўбачыў я. Прывялі пагоню па нашых слядах хорты. Буду бараніцца, не дамся і не аддам маю любую панну, вырашыў я.

Пабудзіў я княжну. Яна ласкава ўсміхнулася мне і мовіла: «Мілы Міхалка. Якая я шчасная». Рэк я ёй: «Ануся, княгінюшка мая, бяда. Твой айцец высачыў нас. Ты можаш вярнуцца да яго». Без жаднае звалокі княжна паднялася з ложка і ўвабралася. «Нікуды я не пайду ад цябе. Без цябе няма жыцця, бо тое без любові, а якое тады жыццё? Адно пакута». І тады я рэк: «Я не выдам цябе, лепей мне загінуць, ніжлі страціць цябе на век». Яна сумна ўсміхнулася і мовіла: «Памятай на нашу прысягу. Прыйшоў хтось, узяў штось: ганіся за ім - нямаведама за кім. Тое і ёсць смерць, якой няма». Я пацалаваў яе і выйшаў з пакоя насустрач князёвай зграі. Кінуліся на мяне лютыя хорты, але вокліч князя асадзіў іх. Сам ён пакрочыў да мяне і зле рэк: «Шляхціч, калі дачка з табой, то выдай яе, і я дарую табе, што зганіў мяне і на чэсць маю стаў». Дабыў я шабліцу з пошваў і заступіў яму дарогу, мовячы: «Перад Панам Богам пакляліся мы, што будзем адно з адным да смерці. Не забараняй, князь, ёй малжэнства нашага». Князь гучна рассмяяўся і мовіў: «Чаго ты просіш? Ці разумееш? Не для вераб'я горліца. Каб я табе дачку аддаў у малжэнства, тое ніколі не будзе. Гэтую сарамоту крывёю тваёю зацяру». Дастаўшы шабліцу, ён торгнуўся на мяне. «За мала многа просіш. За сваё жыццё хочаш маю дачку», - казаў князь. Адпавядаў я: «Ні многа ані мала. Сваё прашу. Як вы, князь, і навучалі. Бяры тое, што табе належыць».

Пачалі мы вальчыць. Не саступалі мы адзін другому і доўга бадзіліся. Аднак аслабелі мае ўдары, і я адступіў. Князь рубаў, і ледзь адбіваўся я. Казаў князь: «Як жа ты будзеш глядзець малжонку, калі сам абараніцца не здатны?» Адпавядаў я: «За зласцівыя ўчынкі чакае цябе, князь, справядлівы суд Божы. Адумайся, пакайся, Бог не прудкі на гневе, але справядлівы і лучны». Бараніўся я ад князевых удараў, як сілы стае. Казаў ён у працяг: «Зацнасць і слава чакала цябе, а так згінеш, як збродлівы пёс». Ударыў ён моцна, колькі мог, і выбіў у мяне шабліцу з рук. Зле ўсміхнуўся князь: «Acta est fabula»*. Выратавала мяне княжна. Падбегла яна да князя і, з пакораю падаючы да ног, завалала: «Тата, тата, прашу вас, напрамілы Бог прашу вашай чуйнасці. Дзеля мяне прашу, тата, не пускайцеся на мсту». Князь апусціў шабліцу. А дачка слёзна прасіла за мяне. «Калі ён павінны перад вамі, дык хай тую віну на суд вынясуць, калі не вінен, дык хай будзе вольны. Па сваёй добрай волі пайшла я з панам Міхайлам. Мілшага і любезнейшага за яго мець не хачу. Ён ёсць адзін мой любімейшы». Гэтая мальба гнеў князя ўблажыла, рэк ён мне: «Адпускаю табе тое». А дачцэ ён рэк так: «Безразумнае сэрца тваё заблудзіла, як каза ў лесе. Не пра любоў думай, а пра славу і дабро, пра ласку гаспадарскую. Што ён табе дасць, гэты недалужны прасцяк? А гаспадар дасць табе ўсё. Калі не каранаванай гаспадарынай будзеш, то будзеш некаранаванай. А пра гэтага збродня забудзь».

* П'еса сыграна (лац.).

Пахолкі паднялі княжну за рукі і павялі да дзвярэй. Яна азірнулася на мяне і роспачна валала: «Міхалка!» Ірвануўся я да любай, толькі пахолкі моцным ударам збілі мяне з ног. Заплакаў я ад сваёй бездапаможнасці і бяссілля. Не прабіць галавою мура.

Гды з'ехаў князь са сваёй зграяй, карчміт наліў мне віна. Прычытаў ён: «Ай, ай, што за людзі, як ваўкі крыважадлівыя. А панна така пекная, а бацька яе монструм ёсць. Шчасцю замінае дачцэ. Што за жыццё з нялюбым? Ай, ай...» Словы яго яшчэ болей скрушалі маё сэрца. Думаў я, што мне чыніць. І прыйшло мне на вум такое. Папрашу я клябана каралеўскага, абы спрыяў мне шлюбу з княжной. А кгды і ён не дапаможа, то да самаго яго міласці караля звярнуся, а ён учыніць, што будзець слушна яму. З такім рашэннем выправіўся я ў шлях да сталечнага места.

Каня майго забралі, а такжа і шаблю. Я не здзівіўся гэтаму. Князь гатовы быў на любое злачынства. Але не мінуцца яму слёзы, пралітыя па яго віне. Мяне шкадаваў, лепей самаго сябе пашкадуе. Стане ён перад правам, і пастаўлю яго я.

Спыніў мяне пошчак конскіх капытоў. Аглянуўся я і ўбачыў на кані пахолка. Я ажно абрадаваўся, сэрца пацешыла сляпая надзея: а можа, яго паслала княжна што перадаць мне. Пахолак спыніў каня і мовіў: «Князь не спускае табе віны за твой злы ўчынак і загадаў цябе забіць насмерць». Лепей ужо смерць, ніжлі цярпець несправядлівасць такога жыцця. Без боязі рэк я: «Кожны ёсць блізшы смерці, ніжлі ён думае». Наскочыў на мяне пахолак і секануў шабліцай у галаву. Засціўся свет у маіх вачах, і гарачая кроў струменем палілася па твары. Асеў я на зямлю. Пахолак падняў шабліцу, абы дабіць мяне. Мовіў я: «Не бяры на душу яшчэ граха. Я гаспадарскі віж. Імем яго міласці гаспадара загадваю табе падначаліцца закону». Не чакаў я такога. Пахолак зсеў з каня і ўпаў на калені. Завалаў ён: «Пане, міласць вашу заўдзячна прыму. Не сваёй воляй, а князь прызволіў той разбой чыніць. Рад не рад, ды мусіш. Не магу я жыці так. Ад пекла адарваўся й да раю недастаўся. Князь загубіў майго брата, загубіць і мяне. І княгіньку загубіць. Вунь яна ўся ў слязах. Ліца няма. Пастаўце яго перад правам, хай і ён помсту возьме. Каяту на сябе вазьму, абы грахі адпусціць». Стрымліваючы далонню крывю, праз пальцы цякучую, адказаў я: «Не ты вінаваты, а твой пан. Водле Статута слугі паноў сваіх за памочнікаў не могуць быці разумеці. Рабі, як ведаеш, але памятай, што не мінуці Божыя кары, кгды не павярнеш да праўдзівай дарогі».

Пахолак дапамог мне дабрацца да карчмы. Карчміт абмыў рану і перавязаў галаву. Сілы пакідалі мяне. Застаўся я ў карчме. Пахолак узяў мой акрываўлены кунтуш паказаць яго князю, абы засведчана была мая смерць. Здалося мне тое за слушны довад. О, каб я ведаў, да чаго гэта давядзе. Каб я ведаў.

Некалькі дзён праляжаў я зранены ў карчме ў тым самым пакойчыку, дзе начавалі мы з княжной. На сэрцы было, як са свету сходзячы. Як толькі падняўся я на ногі, то сабраўся я ў места. Аднак напаследак хацелася пабачыць княжну, і вырашыў я наведаць замак і перадаць княжне цэдулу, абы не смуткавала яе сэрца. Запрэг карчміт каня ў вазок, і паехалі мы ў князёвы замак. Па дарозе карчміт усё наракаў на глупоту маладосці: «Дай сэрцу волю, завядзе ў няволю. Ай, ай... Любоў пройдзе, а жыць трэба. Ай, ай... Сёння яна прыгажуня, паставы годнай. Глядзець не наглядзецца. Кавалеры пачцівыя з-за яе мучаюцца. Але прыгажосць мінае. І тады няма на што глядзець і за што было мучыцца?» Не слухаў я гаворкі старога, бо што ён мог разумець. Ці сам калі любіў?

Каля касцёла, які наведвала княжна, загадаў я карчміту спыніцца, а сам пайшоў да ксяндза, абы перадаў ён маю цэдулу княжне Ганне. Ксяндза не было. Малады служка патлумачыў мне, што ксёндз цяпер у замку подле княжны, якая памірае. Словы ўдарылі мяне прама ў сэрца. Ад вялікага жалю я самлеў. Не памятаю, што здарылася са мной, што ў роспачы валаў я. Карчміт суцяшаў мяне, але словы яго не даходзілі да мяне, я не чуў яго. Кінуўся я бегчы да замка. Было мне ўсё роўна: памілуе мяне князь або ў гневе сваім загадае забіць смерццю, абы пабачыць каханую.

Не хацелі мяне ўпускаць у замак, але роспачна валаў я, каб расчынілі браму. Паслухаліся мяне. Выйшаў да мяне пахолак, той, які меўся забіць мяне, і рэк: «Пане, лепей не паказвайцеся князю на вочы. Плача ён горкім плачам, клянучы дзень раджэння свайго. Памірае княгінька. А ўсяму вы павінны. Як убачыла ваш кунтуш акрываўлены, то і падумала аб вашай смерці, прыняла труцізну. Не выратаваць яе, адыходзіць». Адстараніў я пахолка і рашуча ўвайшоў у замак. Ніхто не асмеліўся спыніць мяне. Кожны ў замку плакаў і жаласна наракаў смерці гаспадаравай дачкі.

Яна была яшчэ жывая, але ў бяспамяцтве. Моўчкі стаялі каля яе ложка князь, лекар, ксёндз. Свайго віду не меў князь, яка здань з таго свету быў ён. Няўцямным поглядам зірнуў на мяне і нібыта не пазнаў. Апусціўся я на калені перад ложкам і, абхапіўшы цела мілай княжны, слёзна валаў яе імя. Перад самай смерцю Ганна апрытомнела. У яе цьмяных вачах успыхнула жывая іскарка. Княжна працягнула мне руку і з цяжкасцю мовіла: «Міхалка, даглядзі свайго шчасця, мой мілы. Памятай на мяне. Пацалуй пацалункам сваім». То былі яе апошнія словы, апошняе жаданне. Смяротная сутарга прабеглася па целе, і адышла княжна Ганна ад нас назаўсёды. Роспачна заплакаў я, цалуючы яе. Горка загаласіў князь: «Дзетачка мая міленькая, цурачка мая любенькая! А ты ж у мяне адна была! Як ружа ў садзе цвіла! Адцвіла ты, мая кветачка! Ай, мая ж ты донечка, я ж на цябе не нагледзеўся, не пацешыўся! Гора мне беднаму, бяда мне няшчаснаму! Ах, ахце мне, злое пакаранне мне». А ў мяне сэрца палыном гарэла. Як п'яны выйшаў я з пакоя і пайшоў да брамы. Было мне не па сабе. Спынілі мяне пахолкі і мовілі, што князь загадаў не выпускаць мяне з замка. Прывялі мяне ў святлочцу. Як убачыў я стол, за якім ігралі мы ў шахі, то ізноў лінулі слёзы з вачэй. Апусцеў гэты дом без князевай дачкі, апусцеў гэты свет без яе. Не хацелася мне жыць і адно жадалася мне - смерці.

Князь прыйшоў да мяне і рэк: «Уваскрос, яка Хрыстос на трэці дзень. А мая кветачка ўжо не красуе». Ён голасна завалаў, хапаючыся за галаву: «Ты! Ты! За цябе яна труцізну прыняла. Тваім імем трызніла. Ты звёў яе! Хто ж такі ты?» Князь па-вар'яцку глянуў на мяне, ззяючы вогненнай вільгаццю слёзных вачэй, і разрагатаўся: «Ведаю, хто! Міхайла! Ты архангел у паставе чалавечай! Ты архангел, пасланы Богам перамагчы мяне». Жаласна было глядзець на яго. Нібыта ён з гора ад розуму адышоў. Сеў ён на лаву і абхапіў рукамі галаву. Маўчаў ён многа, нічога не мовячы, толькі плакаў. А наканец падняў галаву і мовіў: «Узвысіўся я гонарам і фанабэрыяй. Грэх так аблытваў мяне, ведаці і знаці не мог таго. Яка д'ябал у ангела светласці перамяняўся, яка воўк у шкуру авечую аблакаўся. Не згінаў калена прэд маестатам Божым. Вось і пасланы быў ты мне на пакаранне. І пакараў. Любоўю пакараў. З-за любові да цябе памрачыўся розум у маёй цуркі. Забраў ты яе ў мяне. Забраў маю надзею, маю сілу - усё, дзеля чаго душу сваю д'яблу ў закланне аддаў. Радуйся, цешся з майго гора - пераможаны я, паніжаны, бяссільны, душа мая мёртвая, а я ёсць гнюсная грахоўная афяра. Лепей ты мяне забіў бы ў вальцы. Што мне жыццё, калі ў нэндзе застаўся да смерці й маёй жальбе суцяшэння няма».

Лепей было не бачыць, да якой скрухі дайшоў гэты чалавек, але не суцяшаў яго я, а мовіў горкія словы: «Гэта вы ўтрох забілі княжну Ганну. Вы самі, гаспадар дзяржавы, клябан каралеўскі, які ў вядзьмарстве хацеў яе абвініць і прапаноўваў мне труцізнай яе ўмарыць. Заместа любові далі вы ёй любадзейства, заместа шчасця - няшчасце, заместа славы - няславу, заместа волі - няволю. Выратаваць хацеў я яе, але вы, князь, перашкодзілі. Мы былі адно з адным, а вы разлучылі нас. Адно без аднаго не можа быць. Мала таго, што разлучылі нас, дык вы і забіць мяне мыслілі. Не мяне забіць, а памяць яе і надзею хацелі. Не змагла яна жыць з вамі, аблудлівымі, безлітасцівымі і нязбожнымі. Вынік зароўна прычыне. Можа, я і архангел у паставе чалавечай. Мшчэнне вам, князь, Божае ад мяне сталася, але за што такая мука? Няма мне жыцця без панны майго сэрца». Панура слухаў князь мяне, абхапіўшы рукамі галаву, і папытаў ён мяне: «Ты любіў яе?» - «Без яе быці не мог і не магу, навекі любіў», - адказаў я. Князь падняў галаву, унікліва глянуўшы на мяне, рэк: «Што ж ты без яе? Збыў з сэрца?» Ён наліў у келіх віна, дастаў з жупана капшук з труцізнаю і сыпануў туды яе, працягнуў чашу атрутнага піцця мне і рэк: «Выпі і будзеш з ёй. Там цябе ніхто з ёй не разлучыць». Узяў я келіх і ўжо паднёс труцізну да вуснаў, як князь падскочыў да мяне і выбіў смяротную чашу з маіх рук, завалаўшы: «Што ты чыніш? Годзе мне яе смерці! Я жадаю, абы ты жыў дзеля яе, абы захоўваў у сэрцы яе любоў і памяць. Пайшлі».

Князь павёў мяне ў свой кабінет. Уразіла мноства кніг на паліцах альмарыі*. Князь кнігалюбец быў вялікі і кнігачэй. Пэўна, таму і высокамысленнем узнёсся. Адчыніў ён дзверы, схаваныя за дываном, і пры свечках мы спусціліся па сходах у лёхі. Трапіў я, нібы ў скарбніцу Крэза. У скрынях і куфэрках ляжала князева багацце, здабытае разбоем і лупезствам - залатыя і срэбныя паціры, мастранцы, рэлікварыі і іншыя рэчы да службы Божай належныя, зіхацелі россыпы грошай, карункаў ды перлаў. Князь скрушна мовіў: «Гэты прах мне ўжо не патрэбны. Збіраў яго разбоем, думаў, што славу і зацнасць ён мне прынясе. А цяпер гэта прах. Цяпер ты гаспадар, бяры яго. Жадаю я, абы ты ў памяць пра маю дачку аднавіў касцёл святой Ганны, што ў месцы сталечным Вільні, абы быў ён самы красны. Былі мы з ёй некалі ў Гданьску і спадабаўся ёй там храм Тройцы, ты такі пабудуй, але лепшы, прыгажэйшы ў гонар Ганны. Гэта ўсё тваё. Бяры на фундацыю касцёла. Ты павінен тое зрабіць». Даў я князю сваё прырачэнне: «Дзеля памяці княжны Ганны я зраблю тое. Неправедна нажыты гэтыя скарбы, дык хай вернуцца яны да Бога і людзям на паслугу. Аднак, князь, гды вы раскаяліся, то можаце і самі фундаваць храм. Занадта грэшны я для такой святой справы». Князь горка рэк: «Не магу. З тваёй ласкі даведаліся, што я Чортавы Бацька. Мандатам пазваны я на каралеўскі суд. Што ж, дзе справа зачатак узяла, там і скончыцца павінна. А ты мне, яка сын быў, і табе па праве ўсё перадаю». Не ведаў я тады, што на ўме ў князя, але здагадаўся, што нешта страшнае задумаў ён.

* Шафа.

Аднак пажадаў князь яшчэ некаторай маёй паслугі. У габінеце напісаў ён тастамент на ўвядзенне мяне спадкаемцам яго спадчыны, а такжа замка і зямлі. «А для мяне зробіш вось што», - мовіў князь і дастаў з паліцы кніжку, адкрыў засцежкі і разгарнуў яе, казаў далей: «Кніжыца мною пісаная. Герасю сваёю, яшчэ неслыханую, хацеў чалавека паблазніць, абы кніжыцы гэтай баламутнай лепей, ніжлі Евангеллю паверыў, абы сябе вышэй за Бога вынасіў. А запраўды кукалем зла, пыхі, аблуды ўсеяў межы пшаніцы. Не такія кніжыцы чалавеку патрэбны». Пасля тых слоў князь кінуў кнігу ў агонь каміна і моўчкі глядзеў, як гіне яна ў полымі. Загаварыў ён зноў: «Прашу цябе, напішы пра Чортавага Бацьку, абы людзі на патомныя часы ведалі, да чаго прывяло мяне высакамысленне і фанабэрыя. Няхай будзе навука людзям. Напішы пра вашу любоў - яна вартая памяці навекі». І на гэта даў я слова прырачонае.

Пахавалі княжну Ганну ў родавым склепе. Не вярнуўся я ў замак, хоць князь і прасіў. Кожная рэч там напамінала мне пра мілую Ганну і павялічвала мой боль. Князь даў мне каня і рэк, што знойдзе мяне ў месцы, абы ўчынілі мы ліст на ўвядзенне мяне на яго спадчыну. Адправіўся я ў места. Быў цудны пагодны дзень, сонечны і ясны. І ад гэтага яшчэ болей здавалася несправядлівым, што не можа ўжо княжна парадавацца хараству жыцця, што няма яе на гэтым свеце. Чым жа яна правінілася перад намі, што звялі яе ў магілу? Тым, што хацела любіць па сваёй волі, хацела шчасця? Слёзы выступалі на маіх вачах. А гды праязджаў я каля месца, дзе мілавалі мы адно аднаго, то зсеў з каня і ад гора заплакаў, упаўшы на зямлю. То ўзносіў да нябёс яе найдаражэйшае імя, то прасіў дараваць мяне, што недаглядзеў нашага шчасця і не ўсцярог яе ад загубы, то кляў гадзіну тую, у каторую радзіўся сам. Слёзы ліліся з маіх вачэй і не прыносілі мне палёгкі. Не ведаў я і не мог уявіць, яка перажыву гэткі боль.

Спыніўся я ў месце ў тым жа гасцінным двары. Ляжаў неўцямна на ложку і хацеў напіцца хмяльнога піцця, абы забыцца доўгім сном. Замовіў я моцнай аквавіты і гарнец выпіў яе. Размаўляў я сам з сабой, занядбаўшы розуму. Знясілены і ап'янелы ўпаў я ў ложак і заснуў. І прыснілася мне княжна. Цераз сон адчуваў я незбытачную радасць - мая панна жывая, бо не магла яна памерці. Але вось абудзіўся я, радасны, ад сну, і такая скруха чакала мяне. Гэта быў толькі сон. Княжанькі маёй няма. Тое было жахліва ўсвядамляць, але гэта было так. І тут прыключылася тое, што ў адчыненае акенца ў мой пакой уляцела птушка сінічка. Лётала тая птушачка пад столлю. А я паглядаў на яе і думаў, што тое душа любачкі маёй прыляцела да мяне. Гэта не так, княжна Ганна, мая любая панна не памерла, таму што гэта не можа быць так.

У той вечар, занядбаўшы розуму, ганебна напіўся я ў карчме. Не памятаю, з кім і як піў я, што казаў. Прачнуўся я ў нейкай падваротні пасярод начы. Твар пабіты і акрываўлены, а сам я абрабаваны і без кунтуша. Успрыняў я тое, як кару з Божага дапушчэння за грахі мае. Зразумеў я, што напраўду слязамі гору не паможаш. Толькі скруху душэўную прыносяць яны, а там і спакуса д'ябальская забыцца на гора, развесяліць душу, а толькі смутак свой памнажаеш.

Цераз дзень прыслаў князь да мяне пахолка з запрашэннем на кандыцыю яго міласці гаспадара. Кароль міласціва прыняў князя, а ён паведаў аб сваім горы: «Найяснейшы каролю, найміласцівейшы пане гаспадар, прыйшоў я да вас, абы скараціць канец бяды маёй. Гора мне няшчаснаму. Завяла мая кветачка. Няма болей дачкі маёй княжны Ганны. Атрутай умарыла сябе яна. Жаль свайго сэрца вам выказваю». Змяніўся з твару кароль, а ўчыніўся блед на ім. Горка рэк гаспадар: «З вялікім плачам душы чую я гэтую навіну. Але ж як тое сталася?» Тады я і мовіў: «Ваша міласць, тое я труцізну даў княжне». Кароль спытаў мяне: «Апавядзі, для чаго ўчыніць тое мусіў?» Адпавядаў я: «Мы любіцельна мілавалі адно аднаго, я княжну, а яна мяне. Ды аднялі ў нас права любіціся межы сабою. Пакляліся мы не расставацца да смерці. А ў нас забралі права на любоў. Да вялікай роспачы прыйшла княжна Ганна і смерць сабе задаць умысліла. Труцізну тую мне ваш клябан даў, абы атруціў я княжну, баяліся, што вы, ваша міласць, упадабалі яе і не адбудзецца ваш шлюб з імператарскай пляменніцай. Прасіў я княжну ўцячы ў Ліфлянты, абы захаваць яе жыццё. Каб паверыла яна мне, паказаў я труцізну клябанаву. Не мысліў злога супраць княжны, а ўзяла тую труцізну, абы смерцю сваёю пайсці. Іншай прычыны таго няма, адно гэтая. Міласцівейшы кароль, да вашага справядлівага змыслу апелюю. Калі вінен я, то ўчыніце мне, яка віннаму».

Доўга моўчкі мысліў кароль. У той справе Пан Бог рачыў яму зрабіць як найлепей. Рэк ён: «Любоў пакрывае множства грахоў. Мы, з ласкі нашае, паразумеўшы слушную прычыну, вызваляем цябе, пане, ад усякай віны». Казаў ён пасля князю: «Князь, маеце жальбу сваю суду атэнтаваць». Князь адпавядаў: «Найсвятлейшы кароль, учынілі вы скутачную расправу. Не маю я злое на сэрцы да шляхціча, катораму штокольвек маю, усё адпісую. Але хачу вочы ў вочы глянуць вашаму клябану». Яго міласць гаспадар сумна мовіў: «Каб не было ведлуг слова псалмісты: з вечара плач, а на раніцу радасць». Князь ганарліва падняў галаву і дзёрска мовіў: «Наплачамся яшчэ. Чорнае белым зваць не магу. Хачу канфрантаваці з вашым клябанам. Хай спавядае аб злых сваіх умыслах проціў маёе дачкі».

Пакуль мы чакалі прыходу клябана, яго міласць кароль устаў са стальца і цяжкім крокам прайшоўся па зале мовячы: «Ці можа такое быць?» Пэўне, і яго мучыла навіна аб смерці княжны і ўдзелу ў тым клябана.

Клябан, як угледзеў мяне з князем, змяніўся з твару, збляднеў і апусціў вочы. Ён не прызнаваў свайго злога намыслу: «То ёсць рэч незвычайная ані прыстойная для мяне, слугі Божага, абы я ліха мысліў на такую зацную паненку. Шляхціч намову на мяне чыніць. А князь ад гора ўпаў у неразумнасць, то самі ваша міласць бачыце».

Тады князь папрасіў прынесці два келіхі з віном, што і зрабілі слугі. Князь дастаў капшук і сыпануў з яго труцізнуў у келіхі. «Тую труцізну даў шляхцічу Міхайле, абы зжыць маю дачку. Гды ж тое не труцізна, то не бойся выпіць са мной. Няхай не міне цябе гэтая чаша», - рэк князь і падняў келіх. Клябан завалаў да караля: «Найяснейшы кароль, рачце загадаць князю, абы гвалтам не падступаў да мяне. Імем святой каталіцкай веры ад цэрквы адлучаем яго і анафема яму. Бясконцых і пякельных мук заслужыў ён, бо ён і ёсць разбойнік, празваны Чортавы Бацька». Адпавядаў яму князь: «Усе мы нявольнікі грахоў нашых. А я чалавек. Святло і цьма, неба і зямля, ангел і звер». Тут князь засмяяўся і пачаў блюзнерыць: «Гэта вы звялі маю дачку са свету! О, мая даражэнькя цурачка! З-за цябе я кляты і пракляты ў сей век і буду. То няхай і вы за яе мукі і смерць будзеце кляты і пракляты ў сей век і будучы».

Князь павярнуўся да караля і ў гневе рэк яму: «Давядзеш ты Літву да загубы. Пажадлівасць табою правіць». Кароль, будучы нямала засмучоны, адпавядаючы, рэк: «Не буду я караці вас, князь, за зганьбаванне нашага маестату. Уперад Пан Бог ведае, ніжлі чалавек мае мысліць. Памрачнеў твой розум, і кажаш ты няслушна. Пакінь наш палац».

Але князь не паслухаўся караля і мовіў да клябана: «Баішся чашу сваю прыняць? Сустрэнемся ў пекле». Клябан разгублена завалаў да караля: «Ваша міласць, нямаведама дзеля каторае прычыны ён намову чыніць на мяне. Бачыць Бог маю бязвіннасць».

Не вытрымаў я: «Айцец, пабойцеся Бога, кгды не баіцеся справы рук сваіх». А тым часам князь падняў келіх з атрутай і рэк: «Не магу з жаласцю жыці. Выканайце, найяснейшы кароль, маю апошнюю волю, прызнайце гэтага шляхціча маім спадкаемцам. Усяго, што мне засталося, дык вось гэтая чаша, і я вып'ю яе да дна». Мовіўшы гэта, князь выпіў келіх з атрутным напоем. Тут жа ў каралеўскім палацы ён пад вечар памёр, не дапамаглі нават каралеўскія лекары. Пэўне, яму такая смерць была прызначана.

За дзвярамі каралеўскіх пакояў чакаў мяне пан ваявода, і перадаў ён просьбу яго міласці, абы я ніколі і нікому не спавядаў пра прыгоду з князем Валіхверам Гедройцам і пра тайну смерці яго дачкі. Павінен быў я паклясціся захоўваць тую тайну. І захоўваў яе да скону свайго веку. Але цяпер выконваю просьбу князя і пішу, як ён хацеў, пра злахітрасць Чортавага Бацькі, пра яго трагедыю.

У памяць княжны фундаваў я касцёл у сталечным месцы Віленскім. Ездзіў я ў Гданьск і на свае вочы пабачыў касцёл св. Тройцы, некалі ўпадабаны дачкой князя. Там жа наняў я нямецкіх дойлідаў. На годы задоўжылася будаўніцтва касцёла. Скончыліся князёвы скарбы, і я прадаў яго зямлю і замак. Гды ж і грошы за іх выручаныя пайшлі на фундацыю, звярнуўся я да самаго яго міласці гаспадара. Спавядаў я гісторыю князя Валіхвера і пра яго апошнюю просьбу мовіў - пабудаваць у памяць дачкі касцёл св. Ганны. Яго міласць гаспадар зычліва паставіўся да мяне і дапамог у фундацыі храма. Паўстаў ён, аздоблены ўзорамі размаітымі з пяццю высокімі вежамі, што паднялі ў неба вострыя шпілі. Сам яго міласць кароль упадабаў цуднае хараство храма і ў тастаменце запаветаваў пахаваць яго ў касцёле новым св. Ганны, гды памрэ ён на Айчызне ў мілай нашай Літве. Заўсёды памятаў я на княжну Ганну. Не відзеў аблічнасці яе, то прасіў я з картына вобраз Божай Маці намаляваць і даць сэрцу маему суцяшэнне. Як будаваўся касцёл, то абраз гэты быў у капліцы над Вострай Брамай. І ўсякі, прыходзячы і сыходзячы з места сталечнага Віленскага, на той абраз маліўся і праслыў ён цудадзейным. Казалі людзі, што выбражэнне Маткі Боскай нечым нагадвае каралеву Барбару. Запраўды так яно і ёсць. Зразумеў тады я, чаму кароль упадабаў княжну, - нагадвала яна яму любую малжонку.

Адпусціўшы марнасць сяго свету, у святым законе жывот свой канчаю. Зразумеў я мудрасць старадаўнюю... Infelicissimum genus infortunii est fuisse felicem*. У сэрцы маім яна са мной, у памяці са мной. І гэта маё, і гэта са мной.

* Найвялікшае няшчасце - гэта ўспамінаць аб былым шчасці (лац.).

Надыдзе час. Ці засмуціцца і заплача анёл вартаўнічы маёй душы, гды прыйдзе па яе, бо д'ябал, прыйшоўшы, абрадуецца і пакажа спісы грэшных спраў яе, ці ўзыдзе яна з анёлам маім на неба і прадстане перад Панам Богам? Веру ў спатканне наша вечнае. Любоў пакрывае множства грахоў. Я любіў, а значыць, тым і бязгрэшны. У імя Божае, амінь!

Пісана ў месцы сталечным Віленскім, лета Божае нарожэння тысяча шасцьсот першым.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com